epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Месячная ноч

Гэта было дзіўна, але гэта было так: праз тры дні пасля вызвалення мястэчка ад немцаў на нашай невялікай станцыі спыніўся першы эшалон. Пры адступленні спецыяльныя нямецкія каманды рвалі і шкуматалі чыгунку як маглі — пусцілі ў паветра ўсе масткі, нялюдскім прыстасаваннем, прычэпленым ззаду поезда, рэзалі напалам шпалы, крамсалі рэйкі. Таму цяжка было паверыць, што ўшчэнт знявечаную чыгунку магчыма за такі кароткі тэрмін аднавіць.

Але яе аднавілі. Жывым пацверджаннем гэтаму быў не толькі эшалон, састаўлены з цяплушак, кожная з якіх пускала ў чыстае асенняе паветра шызыя слупкі дыму, але і нямецкія самалёты, што ў той жа дзень наляцелі на станцыю. Увогуле, нашай беднай станцыі за вайну дасталося. Бамбілі яе немцы ў сорак першым годзе, бамбілі нашы ў сорак трэцім, а цяпер вось зноў немцы. Фронт спыніўся за якіх-небудзь дзесяць вёрст ад мястэчка, і бамбёжка, відаць, мусіла стаць справай штодзённай.

Я ў тыя дні жыў у незвычайным узбуджэнні. Мястэчка стала нашым, па яго вуліцах хадзілі самыя сапраўдныя савецкія салдаты з медалямі на гімнасцёрках, з непрывычнымі пагонамі на шынялях, але ўсё адно тое, што адбылося, успрымалася як сон. Яшчэ тыдзень назад зводкі, якія штовечар запісваліся з голасу дыктара ля партызанскага прыёмніка ў пяць рук, паведамлялі пра баі на Дняпры, пра вызваленне Кіева, а тут нечаканы рывок — і немцы прыціснуты да Прыпяці.

Дывізія, якая выгнала немцаў з мястэчка, прыйшла аж з далёкіх прыволжскіх стэпаў. Пра яе нялёгкі шлях сведчыла самае разнастайнае цягло, запрэжанае ў вайсковыя фурманкі: нябачаныя ў нашай мясцовасці маленькія конікі, рагатыя ўкраінскія валы і нават вярблюд, які, здаецца, звысака і пагардліва пазіраў на шэрыя палескія хаты.

Партызаны пайшлі на фронт, адразу папоўніўшы вайсковыя часці. Але маладзейшыя, каму толькі споўнілася па васемнаццаць гадоў, мусілі прызывацца праз ваенкамат.

У адзін з тых дзён мяне і маіх сяброў-местачкоўцаў Івана Пятрушку і Васіля Рабчыка выклікаў да сябе камісар партызанскай брыгады Грэк, які цяпер ужо быў сакратаром райкома.

— Пойдзеце, хлопцы, на станцыю і выступіце перад калектывам ваенізавана-чыгуначнага атрада, — сказаў ён. — Настойліва прасілі. Гераічныя дзяўчаты ў тым атрадзе. Гэта яны нам чыгунку аднавілі. Раскажыце ім, адным словам, пра нашы справы...

Перад вайной я скончыў дзевяць класаў, і, калі не лічыць адказаў на ўроку, мне ніколі ні перад кім не прыходзілася выступаць. Было трохі ніякавата і страшнавата. Але, з другога боку, страшэнна вабілі да сябе людзі, якія гэтыя два з лішкам гады вайны былі па той бок фронту, не ведалі немцаў, не жылі, як мы, без газет і радыё. Вельмі хацелася дазнацца, як адчувалі сябе яны ўсе гэтыя цяжкія месяцы, што і як думалі. Я ўжо, колькі мог, прыставаў з роспытамі да байцоў і камандзіраў, што стаялі ў нашай хаце і ў хатах маіх сяброў, але цікаўнасць была далёка не задаволена.

І вось мы ўтрох пайшлі на станцыю. Быў лістападаўскі вечар. Восень да апошняга часу стаяла на дзіва цёплая, і толькі з учарашняга дня ўзяло на прымаразак, зямля стала грудам. Эшалон пасля бамбёжкі загналі на тупіковыя пуці, пад цень шэрых складскіх памяшканняў.

Мы прайшлі ўздоўж цяплушак, вярнуліся назад і пастукалі ў дзверы самага доўгага вагона, праз шчыліны акон якога прабіваліся палоскі святла. А яшчэ праз хвіліну мы сядзелі ў самім вагоне, паблізу ад разагрэтай дачырвана жалезнай печачкі, на якой дыхалі парай кацялкі і чайнікі. З нараў, пастаўленых у вагоне ў два ярусы і блякла асветленых святлом некалькіх каганцоў, на нас пазіралі два ці тры дзесяткі цікаўных дзявочых вачэй. Апрануты дзяўчаты хто ў што: звычайныя кофтачкі суседнічаюць з вайсковымі, але без пагонаў гімнасцёркамі, ватныя штаны — са звычайнымі картовымі спаднічкамі.

Першы пачаў гаварыць я. У вагоне панаваў паўзмрок, і можа, таму я не надта хваляваўся. Не мудрагелячы, расказаў, як мы з хлопцамі яшчэ ў першыя месяцы акупацыі наладжвалі радыёпрыёмнік, як збіралі зброю, наладжвалі сувязі з партызанамі, як дваіх нашых яшчэ ў сорак другім годзе фашысты арыштавалі і расстралялі, як па заданню парашутыстаў-дэсантнікаў на гэтай самай станцыі мы лічылі нямецкія эшалоны, як, нарэшце, пайшлі ў партызаны і што там рабілі.

Увесь той час, пакуль я расказваў, у вагоне стаяла мёртвая цішыня. Дзяўчаты, якія пад нямецкімі бамбёжкамі праклалі, можа, сотні кіламетраў рэек і шпал, глядзелі на нас, звычайных местачковых хлопцаў, як на герояў.

Потым пасыпаліся пытанні. На іх прыйшлося адказваць і мне, і маім сябрам. Мы гаварылі, гаварылі і ніяк не маглі нагаварыцца. А далей — зусім неверагоднае. Нас, у каго ў мястэчку ўсё-такі былі хаты, маткі, бульба, гэтыя дзяўчаты, якія па году ці два не бачылі родных і блізкіх, пачалі частаваць гарохавым супам, салодкім, з сапраўдным цукрам, чаем, сухарамі...

Выйшлі з вагона апоўначы. Ва ўсё неба над станцыяй вісеў круглы шар месяца-поўні. На захадзе некалькі разоў грымнула: азвалася нямецкая, а затым наша гармата. Купка дзяўчат рушыла нас праводзіць. Спачатку вандравалі па рэйках гуртам, а потым неяк зусім непрыкметна разбіліся на пары.

Я апынуўся разам са сваёй равесніцай масквічкай Галяй, па-дзявочаму стройнай нават у ватоўцы, у зімовай салдацкай шапцы, з-пад якой выбіваліся русыя завіткі валасоў, глядзеў прыгожы, прадаўгаваты твар і задуменныя, здаецца, шэрыя вочы.

Я заўсёды любіў сваю станцыю, любіў разложыстыя стогадовыя таполі, якія яе ахінаюць, а тут яшчэ дзіўная месячная ноч і гэтая масквічка, якая скончыла не дзевяць, а дзесяць класаў, вучылася паўгода ва універсітэце, але ставіцца да мяне як да роўнага. Хіба ж магла быць лепшая ўзнагарода за два гады няпэўнасці, згрызот, надзей і чаканняў, якія выпалі на пару майго яшчэ зусім не сталага юнацтва.

Я гаварыў пра кнігі, пра тое, што пасля вайны абавязкова паступлю на літаратурны факультэт, дзе вучылася і Галя, дэкламаваў вершы — усё, што ведаў, з Пушкіна, з Блока, з Янкі Купалы і Максіма Багдановіча.

— Ты пойдзеш на фронт? — нечакана для мяне спытала студэнтка. У яе нізкаватым, грудным голасе пачулася як бы трывога.

— Гэтымі днямі нас прызавуць.

— У цябе ёсць дзяўчына? Ну, якая будзе цябе чакаць...

— Няма.

— Хочаш, будзем перапісвацца. У мяне быў друг. Студэнт. Вельмі падобны да цябе. Зусім, зусім такі, як ты. Восенню сорак другога загінуў. Ужо цэлы год няма. Я не хачу, каб ты загінуў. Чуеш? Не хачу!..

Яна на імгненне абхапіла мой твар рукамі, ушчыльную прыблізіла да свайго. Я ўбачыў прыгожыя, як бы спалоханыя вочы, адчуў дотык пасмачкі валасоў, гарачыню яе шчакі...

Мяне прызвалі праз тры дні. Я, вядома, мог за гэтыя дні наведацца да эшалона, выклікаць з цяплушкі сваю студэнтку, запісаць на ўсякі выпадак яе маскоўскі адрас. Але цяпер ужо саромеўся ўласнага нехлямяжага выгляду, разлезлых чаравікаў, перашытага з нямецкага шыняля лапсердака. Мог напісаць адразу з запаснога палка. Але хацелася — з фронту. А потым пісаў, пісаў да самага канца вайны і не атрымліваў адказу. На нейкай з бясконцых прыфрантавых чыгунак загубіўся эшалон чыгуначнага атрада, у якім служыла студэнтка Галя, адзіная з дзяўчат, што сказала мне такія дарагія і такія патрэбныя для вайны словы.

 

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 240-243
Крыніца: скан