epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Мішаў калейдаскоп

Мішу Болбуту далі падрыхтоўку на лета адразу па двух прадметах — па рускай і беларускай мовах. Лета было ўжо на зыходзе, ужо і школу адрамантавалі для новых заняткаў, а за граматыкі Міша ўсё яшчэ не браўся. Ды не вельмі і возьмешся, калі ў садзе, у дзеда Анісіма, так рана паспелі сёлета бэры і жытнікі. Ясі — ледзь язык не праглынеш!

Нялёгка было ўлезці да калгаснага садавода ў давер’е: спачатку дзед сустрэў Мішу не надта ветліва.

— Дык, кажаш, дапамагаць хочаш, на садавода думаеш падавацца? — прыжмурыўшы вока, перапытаў ён.— А я чуў, што пераэкзаменоўку табе далі. Мусіць, лайдачыць любіш...

— Ды не, дзедка!.. Граматыку я даўно... назубок вывучыў. Спытайце, калі не верыце, у Галіны Мікалаеўны.

Адным словам, Міша трапіў у часовыя памочнікі да калгаснага садоўніка. Невялікая работа вынесці з саду колькі вязанак сухога вецця, якое зразае на дрэвах крывым нажом дзед Анісім, затое яблыкаў можна есці — хоць расперажыся. Але яблыкі яблыкамі, а два экзамены на восень — не жартачкі! З’еш хоць мільён яблыкаў, але ад гэтага ў галаву табе не ўлезе, дзе ставіць коскі, а дзе — працяжнікі. Галіна Мікалаеўна не дзед Анісім, яе не ашукаеш!.. Хіба толькі што-небудзь такое прыдумаць, каб Мішаў аўтарытэт адразу вырас. А калі доўга над чым думаеш, дык абавязкова дадумаешся...

Аднаго разу Мішу напаткала шчаслівая ідэя. «Што, калі напісаць верш дый паслаць яго ў рэдакцыю? Пашанцуе, дык надрукуюць... Тады Галіна Мікалаеўна адразу ўбачыць, што Міша Болбут можа дамагчыся значна большага, чым расставіць у дыктанце коскі і працяжнікі».

Жывое пацверджанне свайму намеру Міша бачыў у асобе Ціхона Салавейчыка, іхняга ж хлапца, які ўжо зрабіўся паэтам. Не шмат гэты Ціхон і вучыўся: закончыў толькі сямігодку. Але адзін надрукаваны яго верш Міша сам бачыў. Акрамя гэтага, Ціхон меў яшчэ цэлы жмут новых вершаў і, можа, з сотню адказаў з рэдакцый. А калі з чалавекам размаўляюць,— значыць, ён варты таго!

Цэлы дзень Міша хадзіў задуменны, нават не пайшоў у сад да дзеда Анісіма. Ён вырашыў апісаць свой калгас. З гэтай прычыны схадзіў ён на поле, паглядзеў, як працуе там камбайн, пабываў і на сенажаці. А вечарам, калі сеў пісаць, пачало яго нават трэсці як у ліхаманцы, што лічыў ён амаль абавязковым для сапраўднага паэта. Міша адчуваў, што верш у яго атрымліваецца і атрымліваецца выдатна. «Дружная праца» — размашыста напісаў Міша загаловак. І далей з-пад яго пяра пацякло:

 

Мы працуям смела

Мы працуям дбайна

Песній зазвінела

Праца на камбайні

Йдзе машын размова

Што аж стогнуць нетры

Пасвяцца каровы,

На свежым паветры,

А на сенакосі

Гоман, шум вясёлы

Звоняць песню косы

Для нашай жывёлы.

 

Калі Міша скончыў пісаць і, набраўшы поўныя грудзі паветра, голасна прачытаў верш, то прыйшоў к вываду, што апісаў амаль усё, што робіцца ў іхнім калгасе. І напісаў не горш за таго самага Салавейчыка, надрукаваны верш якога ён добра памятае. Дрэнна хіба толькі з коскамі і працяжнікамі. Але ў рэдакцыі разбяруцца... Самае галоўнае, каб быў верш...

Дзеля падмацавання веры ў поспех Міша прачытаў назаўтра свой верш Саўку Гвазду, які зранку аціраўся каля саду, але трымаўся воддаль, бо дзед Анісім меў з ім нейкія рахункі. Апрача таго, Гвозд лічыў сябе памочнікам кінамеханіка, ні разу не купляў білета ў кіно, а таму, на думку Мішы, быў паважнай і сур’ёзнай асобай у вёсцы. Праўда, Саўка не адразу згадзіўся выслухаць верш. Ён спачатку цвыркнуў слінай праз плячо і наважыў было рушыць прэч. Але Міша вынес яму два яблыкі, і тады Гвозд, зрабіўшы сур’ёзны твар, сеў каля плота.

— Па-мойму, здорава! — жуючы яблык, сказаў Саўка, калі Міша скончыў чытаць і чакаў ацэнкі.

У той жа дзень верш быў адасланы ў рэдакцыю. Праз тыдзень Міша наўмысля зайшоў у паштовае аддзяленне, хаваючы ў сэрцы надзею, што верш надрукаваны і работнікі аддзялення ўжо ведаюць пра гэта. Але там яго нават не заўважылі. Заходзіў Міша на пошту і другі раз, і зноў тое ж самае. Ён павесіў было нос і збіраўся з роспачы засесці за граматыку, але вырашыў дзён са тры пачакаць яшчэ.

Нарэшце ліст з рэдакцыі прынеслі. Міша борздзенька разарваў канверт. Там было аж два аркушы, ды яшчэ надрукаваныя на машынцы.

«Паважаны таварыш Болбут! — пісалася ў лісце.— Рэдакцыя атрымала ваш верш. Але ён недасканалы яшчэ ў многіх адносінах: вы не навучыліся яшчэ ўвасабляць свае пачуцці і думкі ў яркіх мастацкіх вобразах; ваша паэтычная інтэрпрэтацыя мае сур’ёзныя хібы — адсутнічае ў вас цэльнасць успрымання навакольных падзей у іх жыццёва-мастацкім адзінстве. Вы пішаце пра «машын размовы» і побач вядзеце гутарку пра кароў, а вядома ж, што каровы не з’яўляюцца тэхнікай... Ваша паэтычная задума не сцэментавана адзінствам ідэі і мастацка-выяўленчых сродкаў. Таму ваш твор уяўляе сабой кангламерат разнастайнай думкі, калейдаскоп шчырых, але слаба выражаных пачуццяў...» «Настойліва вучыцеся паэтычнаму майстэрству,— было ў канцы пісьма.— Чытайце класікаў, бярыце з іх прыклад». Унізе стаяў подпіс: «Літкансультант Аркадзь Варонка».

«Не надрукуюць»,— толькі і зразумеў Міша з ліста. Настрой яго адразу апаў, бо ўперадзе ён не бачыў нічога вясёлага. Перачытаўшы ліст спачатку, Міша запыніў сваю ўвагу на словах «кангламерат» і «калейдаскоп». Што яны азначаюць, ён не ведаў. У Галіны Мікалаеўны таксама не спытаеш. Граматыка не дазваляе...

І Міша наважыў распытаць дзеда Анісіма, хоць і не дужа верыў, што той ведае сэнс гэтых слоў.

Дзед Анісім быў чымсьці якраз нездаволены. Але над Мішавым пытаннем задумаўся.

— Калейдаскоп, кажаш?..— перапытаў ён.— Гэта, мусіць, той струмент, што бацылаў разглядаюць: маленькая падзорная труба, адным словам...

— Эге, не туды загнуў, дзеду,— перабіў яго Міша.— На бацылаў мікраскоп ёсць, а падзорная труба...

— Вось як! Вучыць яшчэ надумаўся!.. Марш з саду! — ускіпеў раптам дзед.— З-за яго мяне настаўніца сароміць: адарваў, моў, вучня ад заняткаў, у яго пераэкзаменоўка, а я яго да саду далучыў... А што ты мне казаў? Хлусіў... Каб духу твайго больш не было тут!.. Ідзі сам перш навучыся, прафесар-садавод...

Дзед сярдзіта адвярнуўся і пакрочыў у глыб саду.

Міша, разгублены, стаяў на месцы.

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 305-308
Крыніца: скан