epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Мой Колас

Да мяне, як і да іншых даваенных школьнікаў, Якуб Колас прыйшоў праз падручнікі і хрэстаматыі. У тагачасных дапаможніках па літаратуры, надрукаваных на дрэннай шорсткай паперы, мала змяшчалася матэрыялу пра пісьменнікаў, яшчэ менш было крытычнага разгляду іх твораў. Усё залежала ад густу настаўніка, яго ўмення, здольнасці раскрыць таямніцы чароўнай сілы, якой валодалі змешчаныя ў чытанках, хрэстаматыях вершы, апавяданні, урыўкі з паэм.

З беларускай паэзіі найбольшае ўздзеянне на мяне рабілі вершы Якуба Коласа. Думаю, што без асаблівага майстэрства настаўнікаў мы, вучні, адчувалі прыцягальную сілу коласаўскіх вобразаў, уваходзілі ў іх прывабны шматфарбны, вельмі чалавечны свет.

Сапраўды, якое асаблівае тлумачэнне трэба было да вершаў Якуба Коласа «Зіма» («Надышлі марозы, рэчкі закавалі...»), «Адлёт жураўлёў», «Доля батрачкі», «У школу», «Савось-распуснік», «Першы заработак» або да апавяданняў «У старых дубах», «Страшнае спатканне», якія змяшчаліся ў чытанках для пачатковых класаў.

Пачуццё радасці, здзіўленне, нават захапленне выклікалася якраз тым, што ў вершах беларускага паэта ўсё было вельмі знаёмае, роднае, блізкае. Хіба мы, шкаляры, самі не бачылі, як надыходзіць, напрыклад, зіма, веюць вятры, засыпаючы гурбамі снегу панадворкі і вуліцы, або як у сумную асеннюю пару аднастайна шасціць па дахах надакучлівы дождж. Можна, аказваецца, апісваць тое, што ляжыць навакол, што можа ўбачыць самы звычайны чалавек, і з гэтага могуць атрымацца звонкія, незабыўныя радкі.

Сярод Коласавых вершаў былі і такія, якія нараджалі ў душы незразумелы смутак, жаданне вырвацца за межы звычайнага, далучыцца да чагосьці невядомага, вялікага, загадкавага. Мяне яшчэ ў дзяцінстве ўразілі наступныя радкі:

 

У бязмежным небе

Роўненькім шнурочкам

Жураўлі на вырай

Мкнуцца над лясочкам.

Меншыцца шнурочак,

У паднеб’і тае,

Вось ледзь-ледзь чарнее,

Міг — і прападае...

 

Сапраўды, вершы, апавяданні Коласа перагукваліся з перажываннямі, пачуццямі, якія назапасіліся ў дзіцячай душы. Усё, чым адкрываецца раніца чалавечага жыцця, было ў гэтых вершах, апавяданнях, і яны ў значнай меры задавольвалі прагу пазнаць навакольны свет, ацаніць яго вартасці, адхінуць заслону невядомасці над таемнымі далямі жыцця.

Першай кнігай Якуба Коласа, якая трапіла да мяне ў рукі, былі «Казкі жыцця» — выданне 20-х гадоў — з намаляваным на вокладцы даўганогім буслам. Нават ад не надта даступных дзіцячаму ўспрыманню апавяданняў-алегорый таксама патыхала родным, блізкім, бо ўсе без выключэння вобразы былі знаёмыя: дуб, лес, крыніца, балота, гусі, той жа бусел, рэчка, купальскія светлякі.

З захапленнем прачытаў я аповесць «На прасторах жыцця». Як яна імпанавала хлопцам і дзяўчатам майго пакалення! Пісьменнік нібы ўгадаў нашы імкненні, духоўныя сяганні, жаданне далучыцца да велізарнай работы па будаўніцтву новага жыцця, якое ішло ў Савецкай краіне.

Найбольш папулярнай кнігай беларускай моладзі трыццатых гадоў была коласаўская «Дрыгва». У той час былі яшчэ вельмі яркімі непасрэдныя водсветы Кастрычніка, водгукі боек грамадзянскай вайны. Моладзь жыла рамантыкай нядаўняй жорсткай барацьбы, прагнула пабольш ведаць аб героях, якія змагаліся за новы свет. Іменна ў той атмасферы нарадзіліся славутыя кінастужкі «Браняносец «Пацёмкін», а трохі пазней «Чапаеў».

Дастаць у нашай школьнай ці сельсавецкай бібліятэцы «Дрыгву» было немагчыма. Колькі я ні хадзіў туды, колькі ні ўпрошваў бібліятэкарак запісаць хоць у чаргу на кнігу, нічога не атрымлівалася. Старшакласнікі, якія карысталіся прыхільнасцю дзяўчат-бібліятэкарак, нібы пабраліся за рукі і не выпускалі «Дрыгву» са сваёй аблады.

Прачытаў я «Дрыгву», здаецца, толькі пры з’яўленні трэцяга выдання. Прыйшоў у сельсавецкую бібліятэку і вачам не паверыў — ляжыць стосік новых кніг, на белай вокладцы дарагі надпіс — «Дрыгва». Кнігі былі яшчэ не зарэгістраваны, без пячатак і нумароў, але я так баяўся ўпусціць шчасце, што рашыў не адступаць.

Я прасіў, маліў бібліятэкарку даць мне «Дрыгву», але яна не згаджалася. Нарэшце я ўзяў кнігу самавольна, выбег з бібліятэкі, прачытаў і вечарам таго ж дня прынёс назад.

У свае школьныя гады з вялікай асалодай двойчы перачытаў я «Выбраныя творы» Якуба Коласа, якія выйшлі да трыццацігоддзя яго літаратурнай дзейнасці.

На вялікі жаль, да вайны не ўдалося прачытаць «У палескай глушы», «У глыбі Палесся», «Сымона-музыку», а таксама поўнасцю «Новую зямлю». У нашым мястэчку нельга было атрымаць гэтыя кнігі ні ў адной з бібліятэк ці купіць іх у кніжнай краме.

Восенню сорак шостага года я ўпершыню ўбачыў Якуба Коласа. У цеснаватай зале фізіка-матэматычнага факультэта БДУ сабралася некалькі соцень студэнтаў. Адзначалася саракагоддзе творчай дзейнасці паэта. Колас выглядаў стомленым, гаварыў няшмат. Запомніў яго словы аб тым, што ён, выдатны паэт, зайздросціць нам, бедным студэнтам, бо наперадзе ў нас маладосць і будучыня.

Яшчэ пры жыцці Якуба Коласа я напісаў некалькі невялікіх артыкулаў аб яго творчасці. Адзін з іх — аб прататыпах трылогіі «На ростанях», якія жылі ў мястэчку Пінкавічы, ён чытаў сам, праз тагачаснага свайго сакратара паэта Максіма Лужаніна зрабіў мне некаторыя заўвагі.

Якуб Колас, калі можна сказаць так, вельмі выхаваўчы школьны пісьменнік. Яго творы нібы выпраменьваюць душэўную цеплыню, дабрату, вялікую чалавечую мудрасць. Свет Коласа — свет прыгожы, ясны, гарманічны. На яго творах, як і раней, будуць выхоўвацца новыя і новыя пакаленні школьнікаў, моладзі, будаўнікоў камуністычнага грамадства, каму і адрасуецца гэта кніга.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 494-497
Крыніца: скан