epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Мой сябар Пятрусь

І
II
III
IV
V
* * *


Аповесць

 

 

І

 

У мяне быў сябар, Пятрусь Цімашэнка, — самы лепшы сябар, якога можна займець толькі ў гады юнацтва, калі сэрца адкрыта насцеж усяму прыгожаму і цудоўнаму, што ёсць на зямлі.

Успамінаю нашу ціхую школу, наш дзевяты клас. Школа, атуленая навіссю старых клёнаў і бяроз, стаяла на самым ускрайку мястэчка. Паблізу была кузня, у ёй працаваў стары каваль Вавіла. За доўгія гады, праведзеныя ў школе, мы дасканала вывучылі і характар Вавілы, і нават прыёмы яго кавальскага майстэрства. Стары каваль ніколі не біў сваім молатам па жалезе болей сямі раз. Седзячы ў класе на ўроках і зачуўшы гукі, якія несліся з кузні, мы лічылі ўдары і ніколі не памыляліся. Мы ўжо ведалі, што пасля сёмага ўзмаху молата Вавіла або кідае кавалак жалеза ў горан, або, прыхінуўшыся да сцяны старой, згорбленай кузні, адпачывае... Далей за школай, калі мінуць засыпаны жаўтапёсам і зарослы горкім палыном пустыр, былі могілкі. На вялікім перапынку мы бегалі туды дурэць. На могілках раслі разложыстыя хвоі і заўсёды панавала ўрачыстая цішыня. Гэтую цішыню парушалі мы, ніколькі не турбуючыся, што трывожым вечны спакой сваіх продкаў. У тыя далёкія школьныя часы ніхто з нас яшчэ не думаў аб смерці.

Школьныя гады... Можна забыць многае ў жыцці — сустрэчы і расставанні, гора і радасць. Але ніколі не забудзеш свайго першага і апошняга — школьных гадоў. Прыходзіш ты ў школу малым, жаўтаротым варанём і пакідаеш яе чалавекам, які ўжо шмат чаго ведае і яшчэ болей — хоча. Той год нашага навучання ў дзевятым класе быў апошнім школьным годам.

Старэйшыя класы, ад сёмага да дзесятага, займаліся ў той год у другую змену. У восем гадзін вечара заняткі канчаліся і пачыналася, уласна кажучы, самае цікавае. Наша школа лічылася ўзорнай, і ўсе мы — і настаўнікі, і вучні — высока трымалі яе прэстыж. Вечарамі разгортвалі сваю чыннасць шматлікія гурткі, рэдкалегіі і сходы. Клас стараўся перад класам навыперадкі. Насценгазетамі была завешана ўся сцяна ў доўгім, вечарамі паўзмрочным калідоры. Спрачаліся гурткоўцы, рэпеціраваліся новыя п’есы, праводзіліся сходы — гэтым быў запоўнены амаль кожны школьны вечар.

Успамінаю незабыўныя вечары ў нашым клубе. Клубам законна ганарылася школа. Дзеля таго каб мець такое цудоўнае памяшканне, прыйшлося ахвяраваць двума сумежнымі класамі. Разабралі сцяну, якая падзяляла класы, і атрымаўся выдатны клуб, які рэдка калі пуставаў па вечарах. Я ўжо казаў, што наша школа была ўзорнай, а гэта да многага абавязвала. Мы не прапускалі ніводнай каляндарнай даты, не адзначыўшы яе сходам, дакладам, дыспутам і вельмі часта — паказам мастацкай самадзейнасці.

Калі я сёння ўспамінаю школу, у маіх вачах паўстае вобраз майго сябра Петруся. Ён быў тады маім богам і маім сумленнем, і — не буду таіцца — я часамі быў закаханы ў яго. У гэтым рухавым, невысокім і не надта дужым на выгляд хлопцу таілася нейкая магутная энергія. Пятрусь быў нашым нязменным дакладчыкам, арганізатарам, застрэльшчыкам. Яго хапала на ўсё: на тое, каб выступіць у дыспуце, сыграць галоўную ролю ў аднаактоўцы, уцягнуць у асаавіяхімаўскі гурток новых членаў. Ён сёння мог зрабіць самае шырокае паведамленне аб сінтэзе штучнага бялка, а заўтра прачытаць даклад аб матывах рэвалюцыі ў паэзіі Блока. Ён быў вельмі здольны, Пятрусь Цімашэнка, і, безумоўна, ведаў аб гэтым сам. У той час і настаўнікі, і мы, яго сябры, прарочылі Петрусю вялікую будучыню.

Нас было чацвёра дружбакоў, як у рамане французскага пісьменніка Дзюма пра мушкецёраў. Петруся мы называлі Атосам. Яго праніклівы розум даваў поўную падставу для такога прозвішча. Рослы і добры характарам, Грыша Паяльнік быў аднадушна прызнаны Партосам. Ён зусім не займаўся фізкультурай, але быў намнога дужэйшы за кожнага з нас. Мікола Забалоцкі і я па чарзе называліся то д’Артаньянам, то Арамісам. Што датычыць мяне, то я не валодаў ні бясстрашшам і адвагай д’Артаньяна, ні хітрасцю Араміса. Найбольш хітрым з нашай чацвёркі быў, вядома, Мікола Забалоцкі. Ён заўсёды трымаўся крыху наводшыбе і акрамя нас меў яшчэ многа сяброў.

Называлі мы сябе мушкецёрамі, калі вучыліся ў шостым класе, а калі былі вучнямі дзевятага, то ўжо злёгку пакеплівалі са свайго былога мушкецёрства. Вернымі Петрусю засталіся Грыша Паяльнік і я. Мы давалі адзін аднаму ўсе рэдкія кнігі, якія хто-небудзь з нас даставаў, не мелі адзін перад другім ніякіх сакрэтаў. Мікола Забалоцкі хоць і не рваў з намі сяброўства, але часта гуляў у хованкі. Ён мог цішком ад нас прачытаць якую-небудзь кнігу і прызнацца ў гэтым праз месяц, мог па цэлым тыдні не прыходзіць да Петруся. Яшчэ ў дзевятым класе Мікола пачаў увіхацца за дзяўчатамі. Вучыўся ён горш за кожнага з нас, але на заляцанні быў вельмі дасціпны. З яго жартаў смяяліся нават тыя дзяўчаты, якіх мы лічылі вельмі разумнымі і гордымі. Міколу мы за вочы асуджалі і пасмейваліся з яго заляцанняў.

Калі гаварыць пра нас, чатырох, то ніхто, акрамя Петруся, не можа быць сапраўдным героем гэтага апавядання. Мы ўтрох не мелі нават палавіны тых якасцей, якімі валодаў наш сябар, і, мабыць, па гэтай прычыне мы так моцна цягнуліся да яго.

Успамінаючы тыя далёкія дні, я часта думаю пра майго сябра як пра чалавека. Якія сілы бушавалі ў яго сэрцы, якой пуцяводнай зоркай кіраваўся ён у жыцці? Мне цяжка адказаць цяпер на гэта, ніколькі не паграшыўшы супраць праўды. У адным толькі я пераконаны цалкам і поўнасцю: Пятрусь не быў верхаглядам, хвальком або выскачкай. Прырода ў збытку адпусціла яму энергіі і здольнасцей, а гэта, узятае разам, як нельга лепш пасавалася да нашага шумлівага школьнага жыцця. Пятрусь быў нашым школьным кумірам, і быў ён ім па праву...

На першамайскай і кастрычніцкай дэманстрацыях Пятрусь нёс сцяг нашай дзесяцігодкі, а ад імя вучняў ён выступаў з трыбуны перад усім мястэчкам. Там, на трыбуне, ён стаяў побач з сакратаром райкома, старшынёй райвыканкома і дырэктарам шпаларэзнага завода. Петруся ніколькі не палохала, што на яго глядзяць сотні цікаўных, дапытлівых вачэй. Сябар смела трымаў сваю звонкую прамову і заўжды ва ўзнагароду атрымліваў самыя дружныя апладысменты. Ні Грыша Паяльнік, ні я, ні тым болей Мікола Забалоцкі такога б ніколі не змаглі.

І яшчэ адна маленькая дэталь, без якой партрэт Петруся, здаецца, будзе не поўны. У нашым мястэчку было тры бібліятэкі, і мой сябар запісаўся ў кожную з іх. Ён многа чытаў, нават вельмі многа. Проста цяжка было ўявіць, калі ён паспявае рыхтавацца да ўрокаў, шматлікіх дакладаў, дыспутаў і адначасова столькі чытаць. Пятрусь вёў падрабязны канспект прачытаных кніг. Я не раз трымаў гэты канспект у руках — таўшчэзны самаробны сшытак у цвёрдай вокладцы. У ім, калі не памыляюся, было запісана пяцьсот ці шэсцьсот назваў розных кніг. Не ведаю чаму, але гэты канспект мне не падабаўся. Хачу быць шчырым: я не зайздросціў Петрусю, хоць сам прачытаў значна менш за яго. Мой таварыш запісваў у свой тоўсты сшытак кароткі змест кожнай кнігі, падкрэсліваючы чырвонай рыскай самае галоўнае. Вось гэтае падкрэсліванне мне, мабыць, і не падабалася. Сам я не вельмі памятаў герояў з тых кніг, якія давялося прачытаць, забываў іншы раз нават прозвішча аўтара. Але з кожнай добрай кнігі мне нешта запаміналася. І тое, што я памятаў, іншы раз нават цяжка было выказаць словамі — гэта было толькі пачуццё, якое валодала мной у час чытання кнігі. Пра свае ж пачуцці Пятрусь ніколі не пісаў у тоўстым сшытку з цвёрдымі кардоннымі вокладкамі.

Мы, Петрусёвы сябры, амаль штодня бывалі ў доме Цімашэнкаў. Іхняя хата стаяла недалёка ад маёй: звычайная сялянская хата, пабудаваная ўжо ў савецкі час, таму прасторная і прыветлівая. За Петрусёвым агародам пачыналася сенажаць, а далей — сасновы бор, самае любімае месца нашага дзяцінства. У лес мы хадзілі па ягады і па грыбы. Калі яшчэ не было грыбоў, часта блукалі па бары проста так — ганялі вавёрак і кідаліся сасновымі шышкамі. Петрусёў бацька працаваў у калгасе старшым конюхам, і жылі Цімашэнкі добра, нягледзячы на тое, што ў іх была вялікая сям’я і едакоў хапала. Як цяпер бачу Ігната Дзянісавіча, Петрусёвага бацьку. Ён быў дужы і рослы і меў надзвычай вясёлы нораў. Стары Цімашэнка вельмі ганарыўся сваім Петрусём.

— У каго ён пайшоў, проста розуму не дабяру, — гаварыў ён пра сына. — Здаецца, у нашай радні нікога такога галавастага не было. Можа, хіба ў дзядзьку Кузьму ўдаўся: той яшчэ за царом выбіўся ў валасныя пісары. Башкавіты быў чалавек.

Пра царскага пісара дзядзьку Кузьму Пятрусь слухаць не хацеў і заўсёды перабіваў бацькаву гаворку.

Мы любілі хадзіць да Цімашэнкаў. У іх хаце заўсёды панаваў вясёлы тлум, і сумаваць там не прыходзілася. Пятрусь сапраўды быў выключэннем у сям’і. Ён ведаў адно: кнігу і свае грамадскія абавязкі, якіх у яго было вельмі многа.

Чамусьці ўспамінаецца адзін выпадак. Неяк вечарам у нядзельны зімовы дзень мы з Грышам сядзелі ў Петрусёвай хаце і гулялі ў шашкі. Пятрусь, абклаўшыся газетамі і часопісамі, пісаў даклад: меціўся нейкі чарговы дыспут. У хату раптам зайшоў Ігнат Дзянісавіч і ў нерашучасці спыніўся перад сталом.

— Параконку я захваціў, ледзь упрасіў старшыню, — нейкім вінаватым голасам сказаў ён. — Можа б, ты трохі падсабіў, Пеця. Сена ж выйшла зусім, карова сцены грызе.

Ехаць па сена Пятрусь згадзіўся. Але ён захапіў з сабой і кнігу.

— Навошта яна табе? — здзівіўся бацька.

— Буду чытаць па дарозе. Заўтра ж дыспут...

Калі гаварыць праўду, то я крыху зайздросціў Петрусю: бацька не толькі любіў яго, а і паважаў. Вечарамі на лавачцы, перад Петрусёвай хатай часта збіраліся мужчыны, і Ігнат Дзянісавіч расказваў пра сына на людзях. Вочы яго ззялі пры гэтым непаддзельным бацькоўскім гонарам. Стары каваль Вавіла, які жыў паблізу ад нас і дзеці якога даўно паразляталіся з роднага гнязда, пераадольваючы зацяты кашаль, у такія хвіліны гаварыў:

— Дзеці дзецьмі і застануцца, у іх свая дарога. За іх душой хварэеш, корміш, а як падрастуць, то бацька болей не трэба. Напіша ліст, і за тое дзякуй. Цяперашнія дзеці на бацькоў не глядзяць і такога жыцця, як было наша, не хочуць...

Петрусёў бацька не згаджаўся са старым Вавілам. Ён менавіта тым і ганарыўся, што яго Пятрусь не падобны на яго самога. Не раз даводзілася чуць, як, жартуючы, вызначаў ён жыццёвую дарогу сваіх дзяцей.

— Алёшу я перадам сваю пугу і лейцы, — падміргваючы, гаварыў Ігнат Дзянісавіч. — Да навукі ён не вельмі здатны, але конюху лішняя навука і непатрэбна. Ведай сабе «тпру» ды «но», і хопіць...

— Я на шафёра навучуся, — заяўляў пакрыўджаны Алёша. — Вашых коней хутка не будзе, адны машыны застануцца...

— У шафёры цябе не прымуць, — падколваў меншага сына бацька. — Каб шафёрам стаць, трэба хоць сямігодку скончыць. А ты хіба яе скончыш? У трэцім класе два гады сядзеў, у чацвёртым зноў другагоднік. Да сівых валасоў можа і скончыш сем класаў. Пятрусь толькі на тры гады старэй за цябе, а ўжо, бачыш, у дзевятым...

Пакрыўджаны Алёша, шморгаючы носам, адыходзіў убок. Ён не раз меў такія праборкі ад бацькі, але яго поспехі ў вучобе ад гэтага не паляпшаліся. У тым, што шафёру трэба абавязкова скончыць сем класаў, меншы Петрусёў брат, відаць, моцна сумняваўся і пагэтаму на навуку асабліва не налягаў.

Янку і Стасі, якія разам хадзілі ў другі клас і сваіх сімпатый да будучых прафесій яшчэ цалкам не выявілі, Ігнат Дзянісавіч таксама прадугледзеў жыццёвы занятак.

— Янка ў мяне будзе садоўнікам, — атэставаў трэцяга сына Ігнат Дзянісавіч. — Ён вельмі любіць яблыкі. Праўда, ён іх цяпер пакуль што крадзе, але як вырасце, то красці перастане і будзе есці свае. Праўда, Янка?

Белагаловы Янка, якога аднойчы злавіў у сваім садзе каваль Вавіла, ад такой характарыстыкі ледзь не плакаў. Той выпадак, калі хлопец залез у сад старога каваля, можна было даўно забыць: тады ж Янка яшчэ зусім не хадзіў у школу. Але бацька аб гэтым не забываў...

Стасі Ігнат Дзянісавіч прарочыў быць настаўніцай, і дзяўчынка аж чырванела ад задавальнення. Яна, паміж іншым, вучылася ў адным класе з Янкам і заўсёды дакладвала бацьку аб усіх выбрыках брата.

Пяцігадовая Ліда наконт будучай прафесіі наводзіла спраўкі сама. Перавальваючыся на сваіх ножках, якія былі выгнуты, як абады, яна падыходзіла да бацькі, узлазіла яму на калені і пыталася:

— А кім я буду, тата?

— Цябе я аддам замуж, донька, — гаварыў бацька, цалуючы дачку. — Будзеш глядзець нас з маці, калі мы састарымся...

— Я хачу за Сялгея.

— Можна і за Сяргея, ён кавалер хвацкі...

Сяргея, сына Цімашэнкавых суседзяў, часцей за ўсё можна было бачыць у канаве ля хаты, дзе ён разам з Лідай ляпіў з зямлі аладкі і блінцы. Характар у гэтага хлопца быў, відаць, памяркоўны, бо ён ні разу не падняў рукі на Ліду, нягледзячы на сваю мужчынскую перавагу. Быў, праўда, у хлопца адзін хіб: ён дужа не любіў сваёй ніжняй адзежыны і выбягаў у летнія дні на вуліцу у адной доўгай сарочцы.

Гаворка пра будучыя жыццёвыя дарогі пітомцаў Ігната Дзянісавіча звычайна канчалася на Петрусю. Яго шанавалі ў сям’і не толькі бацька і маці, але і меншыя Петрусёвы браты і сёстры. Ён ішоў нейкім сваім адменным шляхам, упарта адстойваючы сваю незалежнасць ад розных будзённых спраў. З гэтым усе прымірыліся, бо Пятрусь не быў гультаём. Ён ні разу за ўсе гады вучобы не прынёс у дзённіку не тое што двойкі, а нават звычайнай тройкі і сваім аўтарытэтам проста абяззбройваў меншых шкаляроў, для якіх суцэльныя пяцёркі былі чымсьці недасягальным. Петруся і ў сям’і лічылі героем. Стася, шчаслівая ад таго, што бацька наканаваў ёй быць настаўніцай, пыталася:

— А наш Пятрусь кім будзе, тата?

— Наш Пятрусь будзе там. — І Ігнат Дзянісавіч уздымаў палец угору, паказваючы гэтым самым, што яго сын дасягне нейкіх незвычайных жыццёвых вышынь.

Ён ганарыўся Петрусём, гэты просты, працавіты чалавек, які еў хлеб са сваіх мазольных рук.

Быў у сям’і Цімашэнкаў яшчэ адзін чалавек, пра якога ніколі не ўспаміналі, калі ішла няхай сабе паўжартаўлівая гаворка пра тое, хто кім будзе. У вузкім прамежку паміж грубкай і сцяной стаяла плеценая калыска. У ёй, не ўстаючы ад нараджэння, ляжала самая меншая дачка — трохгадовая Сцёпа. У Сцёпкі былі ясныя, як нябесны блакіт, вочы, надзвычай прыгожы твар і непамерна вялікая, недзіцячая галава. Дзіцё нарадзілася з хваробай, якую ніхто не мог вылечыць...

Перабіраючы ў памяці ўсё, што мела хоць якое-небудзь дачыненне да майго сябра, не магу не расказаць пра адзін выпадак з тых далёкіх, авеяных подыхам ранняга юнацтва дзён. У камсамол мы ўступілі яшчэ ў восьмым класе, а калі ўжо былі ў дзевятым, райком камсамола даваў нам іншы раз даручэнні не толькі па школьнай лініі. Памятаю, той апошняй перадваеннай зімой нас паслалі наладзіць выпуск насценгазеты ў нашым калгасе. У брыгаду, накіраваную на помач калгаснаму актыву, уваходзілі два дзесяцікласнікі і мы з Петрусём. Старшым у брыгадзе быў Пятрусь. Газету мы выпусцілі добрую: з малюнкамі, карыкатурамі і нават вершамі. Мы пастараліся паказаць дасягненні калгаса, не абмінулі недахопаў. Пятрусь жорстка раскрытыкаваў парадкі з выкарыстаннем цяглавай сілы. Ён не паглядзеў на тое, што старшым конюхам працаваў яго бацька. У той заметцы, якую Пятрусь напісаў сам, Ігнату Цімашэнку папала, бадай, болей, чым каму-небудзь другому...

Ігнат Дзянісавіч пасля гэтага доўга жартаваў.

— І гэта называецца сын, — гаварыў ён, стараючыся надаць свайму голасу суровасць. — З роднага бацькі пры ўсім народзе зняў штаны і адсцябаў. Во, які цяпер свет пайшоў. Чакай ад дзяцей дабра.

Пры гэтым вочы Петрусёвага бацькі ззялі непаддзельным гонарам і захапленнем. Усё-такі толькі ў яго аднаго быў такі адметны, такі разумны і смелы сын...

 

 

II

 

Той чэрвеньскі дзень запаў мне ў памяць на ўсё жыццё. Я і сёння памятаю яго да малюткіх дробязей. Ён быў сонечны, ціхі, лагодны, гэты звычайны чэрвеньскі дзень. Зранку на кірмаш, які заўсёды бываў у нашым мястэчку па нядзелях, цягнуліся падводы з навакольных калгасаў. Вішчалі на вазах звязаныя парсюкі, гергеталі гусі. З сенажаці несла церпкім водарам скіданага ў копы мурагу. З каміноў хат, не спяшаючыся, падымаліся шызаватыя дымкі і нябачна раставалі ў сінім, бязвоблачным небе.

Заняткі ў нас скончыліся. Мы былі пераведзены ўжо ў дзесяты клас, і ад гэтага на душы было і радасна, і трывожна. Вучыцца заставалася адзін толькі год.

А там — бывай, родная школа, зялёная местачковая вуліца, цёплая бацькоўская хата! Новы, невядомы свет, у які нам трэба было ступіць, вабіў сваімі таямнічымі, неакрэсленымі далямі і сваімі неразгаданымі радасцямі. Вабіў і трошкі палохаў. Як стрэне гарадское, інстытуцкае жыццё нас, простых местачковых хлопцаў?..

Пятрусь ужо зрабіў свой выбар. Ён збіраўся паступаць толькі ва універсітэт, на гістарычны факультэт. Ён любіў разважаць філасофскімі катэгорыямі, тасуючы цэлыя стагоддзі і эпохі, нібы спрытны ігрок калоду карт. Я адчуваў, што Пятрусь абраў свой шлях правільна. Яго натура не мірылася з дробязным, звычайным, будзённым, ён заўсёды разважаў так, нібы ад яго аднаго залежаў будучы лёс усяго чалавецтва.

Грыша Паяльнік наважыў падавацца ў політэхнічны інстытут. Яго нахіл да тэхнікі праявіўся цалкам. Маўклівы па натуры, ён мог цэлы дзень корпацца ў механізме гадзінніка або перакладваць з месца на месца розныя гаечкі і вінцікі. Мікола Забалоцкі хітрыў і ніколі не гаварыў, куды ён думае прабівацца.

Мае сімпатыі да будучай прафесіі яшчэ цалкам не акрэсліліся. Іншы раз мне хацелася вывучыцца на ляснічага, садзіць сосны і бярозы, слухаць спеў звонкіх лясных птушак. На другі дзень я ўжо аддаваў перавагу вандроўнаму занятку геолагаў, і яны мне здаваліся самымі значнымі людзьмі на зямлі. Гэтая супярэчнасць нараджала ў душы пякельны неспакой, таму я ніколі нікому не прызнаваўся ў сваіх намерах адносна будучай вучобы.

У той памятны дзень мы пайшлі з Петрусём на кірмаш. Чаму іменна на кірмаш, пра гэта я не магу сказаць пэўна нават сёння. Купляць мы нічога не збіраліся. Парсюкі, кадкі, гліняныя гаршкі, якімі гандлявалі там у нядзельны дзень, нас зусім не цікавілі. Проста, мабыць, хацелася пацерціся між людзей, паслухаць пявучую вясковую гаворку, ад якой мы пачалі ўжо парадкам адвыкаць за дзевяць гадоў навучання ў школе. Пасля мы збіраліся наведаць Грышу Паяльніка, які жыў ля станцыі.

На кірмашы мы спыніліся ля лерніка. Сляпы стары круціў ручку свайго немудрашчага інструмента і пад аднастайны акампанемент леры нечакана звонкім, маладым голасам спяваў старадаўнюю песню. Памятаю, што гэтая песня была зусім не сумнай. Вакол старца сабраўся натоўп. У музыкаву шапку з цвёрдым мікалаеўскім казырком расчуленыя кабеты раз-пораз кідалі медзякі і грыўні, нейкі вайсковец асцярожна паклаў, нагнуўшыся, скамечаную ў потных руках пяцёрку, а сляпы ў расхрыстанай шэрай світцы, не зважаючы на гэтыя шчодрыя дары, круціў ручку сваёй леры і спяваў на дзіва прыгожым голасам.

І раптам шматгалосы кірмаш анямеў. З рэпрадуктара, падвешанага на высокім слупе, які стаяў пасярэдзіне пыльнай кірмашовай плошчы, пачуліся нязвычныя сваёй суровасцю і важкасцю словы. Не ўсе яшчэ дайшлі да сэнсу гэтых слоў, але агульны гіпноз за якія-небудзь лічаныя хвіліны ахапіў усю шырокую кірмашовую плошчу. І толькі цягучыя гукі леры і звонкі голас сляпога музыкі яшчэ некалькі імгненняў панавалі над прыціхшым натоўпам. Але хутка і яны сціхлі.

А з рэпрадуктара на галовы людзей падалі важкія, нібы каменні, словы...

Мы з Петрусём стаялі поруч і, затаіўшы дыханне, слухалі радыё. У маёй галаве не было ніякіх думак. Толькі недзе ў глыбіні душы нарастала трывожнае, неасвядомленае пачуццё. Твар майго сябра быў засяроджаны і суровы. Здавалася, што ў гэтую хвіліну ён рашае нейкую цяжкую задачу. Голасна, з надрывам, залямантавала жанчына, на другім канцы кірмаша адгукнулася другая, і натоўп заварушыўся. Я бачыў, як малады лейтэнант раптам пачаў абмацваць нагрудныя кішэні і, выцягнуўшы з правай нейкую паперку, локцямі расштурхаў натоўп і подбегам пашыбаваў па вуліцы.

— Вайна, — сказаў мне Пятрусь. — Цяпер фашызм будзе знішчаны. Пайшлі ў райком.

— Можа, зойдзем па Грышу, — прапанаваў я.

— Некалі, — адмовіўся Пятрусь. — Ды ён, такое цялё, пакуль усё абдумае...

Людзі разыходзіліся з кірмаша. Мужчын вялі пад рукі жанчыны, якія плакалі і, здаецца, хацелі замарудзіць крок. На самым ускрайку кірмашовай плошчы, там, дзе расставілі свой тавар ганчары, мы ўбачылі нешта незвычайнае. Малады, высокі ганчар, які толькі што прадаваў гаршкі, макітры і гладышкі, выцягнуўшы з воза аглоблю, малаціў ёю сваю гліняную прадукцыю.

Нехта смяяўся, нехта пляскаў будучаму воіну ў далоні...

Пятрусь быў цяпер ва ўзбуджаным, прыўзнятым настроі. Ён маляваў мне карціны вайсковых аперацый, выказваў смелыя стратэгічныя прагнозы, і я толькі дзівіўся: адкуль ён усё гэта ведае?

У райкоме камсамола стаяў шматгалосы тлум. Невялічкі пакой райкома быў шчыльна забіты моладдзю.

— Без панікі, таварышы! — крычаў сакратар, нядаўні брыгадзір трактарнай брыгады, з медалём «За працоўную доблесць» на лацкане пінжака. — Ніякіх дырэктыў пакуль што няма. Значкісты ППХА — у райсавет Асаавіяхіма, там арганізоўваюцца супрацьхімічныя дружыны...

Зазваніў тэлефон, і сакратар падняў трубку.

— Ваенкамат просіць дзесяць чалавек пісаць і разносіць позвы, — сказаў ён і, заўважыўшы Петруся, загадаў: — Цімашэнка, набірай каманду! Пад тваю асабістую адказнасць...

У сваю каманду Пятрусь, вядома, залічыў і мяне. Мы, пастроіўшыся па два, рушылі ў ваенкамат. Мы ішлі гордыя і рашучыя, бо выконвалі, па сутнасці, вайсковае заданне. Па дарозе Пятрусь мне шапнуў:

— Можа, упросім ваенкома, каб запісаў добраахвотнікамі. Скажам, што нам па семнаццаць гадоў.

Але ні ўпрошваць ваенкома, ні нават выпісваць позвы нам не прыйшлося. За сталамі ваенкамата ўжо сядзелі другія людзі і пісалі гэтыя самыя позвы. Нам загадалі пачакаць, і мы, можа, цэлую гадзіну ляжалі ў садку на мураве, наглядаючы, як імкліва папаўняецца ваенкаматаўскі двор тымі, хто прыйшоў на прызыў.

— У самой Германіі падымецца рабочы клас, — разважаў Пятрусь. — Хіба ж нямецкія рабочыя пойдуць ваяваць супраць нашых рабочых? Ніколі не пойдуць. Там жа, у Германіі, нарадзіліся Маркс і Энгельс...

Пятрусь гаварыў хораша і складна. Я шчыра ганарыўся перад хлопцамі, якія ляжалі разам з намі ў садку, што ў мяне такі разумны і баявы сябар. Водбліск Петрусёвага розуму і дасціпнасці клаўся і на мяне, бо хлопцы ведалі, што Цімашэнка са мной дружыць.

Мне на ўсё жыццё запомніўся той ваенкаматаўскі садок. Мірна і ціха шасцелі лісцем старыя яблыні, на якіх паявілася ўжо завязь, у траве бесклапотна скакалі конікі, па-звычайнаму ціўкалі кашлатыя вераб’і, а недзе там, ля Брэста, ішла вайна. Яе подых адчуўся з першага дня і тут, у нашым мястэчку. На плошчы перад райвыканкомам грымеў рэпрадуктар: па радыё перадавалі маршы і ваенныя песні. Сюды, на ваенкаматаўскі двор, валам валілі людзі з куфэркамі, з торбамі за плячамі. Захліпаўся гармонік, і, заглушаючы яго далікатны голас, надрываліся ў песнях прызыўнікі. Мне іх песні не здаліся вясёлымі. І, можа, таму, пасля першых гадзін узбуджэння, на душы ў мяне стала трывожна і маркотна. Я прачытаў многа кніг пра розныя войны, і мне падабалася ўсё, што там пісалася. Але, мабыць, чытаў я гэтыя кнігі з затоенай надзеяй, што на маім вяку войнаў не будзе...

Пад вечар ужо нізенькі маёр паклікаў нас у адзін з ваенкаматаўскіх кабінетаў і, спытаўшыся, хто з якой вуліцы, выдаў пад распіску па стосе позваў. У Петрусёвым пачку была позва на яго бацьку.

Майму бацьку не трэба было ісці на вайну, ён не належаў ужо да прызыўнога ўзросту, і я назаўтра падаўся да Петруся, каб правесці на фронт яго бацьку. Там я ўбачыў малюнак, пра які цяжка расказаць. Цімашэнкава сям’я плакала, не плакалі толькі Пятрусь і маці. Ігнат Дзянісавіч ужо сабраўся, напакаваная торба ляжала на табурэтцы, але ў яго, відаць, не ставала сілы развітацца з сям’ёю.

Белагаловая Ліда цёрлася аб бацькавы калені і, відаць, зусім не думаючы пра развітанне, нешта канючыла сваім тонкім дзіцячым галаском. Трынаццацігадовы Алёша глытаў буйныя, як у бабра, слёзы, а Янка і Стася лямантавалі на ўвесь голас. Сцёпа плакала таксама. Яе плеценую калыску выцягнулі з-за печкі і, абклаўшы падушкамі, пасадзілі між імі дзяўчынку, каб яна бачыла бацьку. На вялікую недзіцячую галаву Сцёпкі, у яе затуманеныя слязамі вочы цяжка было глядзець.

Пятрусь трымаўся мужна, выраз яго твару быў суровы і нават злосны. А маці моўчкі прышывала гузік на сарочцы Ігната Дзянісавіча. Яна, мабыць, выплакала свае слёзы за ноч, і вочы яе былі сухія і страшныя... Я памятаю, як страшна, па-жаночаму, загаласіў Ігнат Дзянісавіч, адрываючы ад сябе Янку, Стасю і Ліду, як кінулася яму на шыю Петрусёва маці, як Пятрусь, не вытрымаўшы, выскачыў з хаты... Нібы цяпер бачу Петрусёвага бацьку на станцыі, дзе ён, ужо спакойны і разважлівы, развітаўся са старэйшым сынам, які адзін з усёй сям’і праводзіў яго.

— Глядзі дзяцей і маці, сынок, — сказаў Ігнат Дзянісавіч, пацалаваўшы Петруся. — Перарвалася твая вучоба, але вайна, можа, доўга не працягнецца. Ты старэйшы, на цябе ўвесь клопат ляжа...

На станцыю падагналі эшалон, раздалася зычная каманда садзіцца па вагонах.

 

 

III

 

Петрусёў бацька паехаў ваяваць. У мястэчку арганізаваўся знішчальны батальён, і мы дамагліся, каб у яго залічылі і нас з Петрусём. Грышу Паяльніка ў батальён не залічылі, хоць ён і хадзіў у райком. Мікола Забалоцкі на нейкі час зусім знік з нашых вачэй. Казармы батальёна размяшчаліся ў школе, дзе мы вучыліся.

Ішоў першы тыдзень вайны. Весткі з фронту былі нярадасныя. Пятрусь быў то задуменны і маўклівы, то раптам на яго нападала нейкая нервовая ўзбуджанасць.

— Не разумею, чаму нашы не затрымаюць гэтых фашыстаў? — гаварыў мой сябар, і па яго твары ў такую хвіліну прабягаў цень пакуты. — Сілы ў нас мала, ці што?

Праз якую-небудзь гадзіну ці дзве Пятрусь раскладваў перада мной карту, вырваную са школьнага атласа, і горача пачынаў даводзіць, што нашы рыхтуюць фашыстам самую звычайную лавушку, што мы іх заціснем паміж Дняпром і Бярэзінай і знішчым нямецкія танкавыя кліны. Вельмі моцна хацелася верыць у Петрусёвы стратэгічныя прагнозы...

Разам з намі ў знішчальным батальёне быў і настаўнік з нашай жа школы, Іван Іванавіч Іванюк, якога хлопцы называлі да вайны «Іванам у кубе». Іванюк выкладаў гісторыю ў сёмым класе, і мяне з Петрусём яму прыйшлося вучыць адзін толькі год. Настаўнік быў старэй за нас усяго гады на чатыры, бо ў двухгадовы інстытут, які ён скончыў, прымалі тады з дзевятага класа. Мы памяталі Іванюка яшчэ вучнем, даўгалыгім чорным хлопцам у латаным пінжаку з кароткімі рукавамі. Таму, яшчэ будучы вучнямі, мы трымалі сябе з Іванам Іванавічам без лішняй афіцыйнасці, за што ён, здаецца, зусім не крыўдзіўся. Цяпер жа, лежачы побач з настаўнікам на саломе, мы пераступілі апошнюю мяжу, якая нас падзяляла, і вялі з ім бясконцыя размовы і спрэчкі. Адносна ходу вайны Іванюк ведаў не болей за нас, а ў спрэчках на гэтую тэму верх заўсёды заставаўся за Петрусём.

Наш знішчальны батальён павінен быў лавіць шпіёнаў, дыверсантаў, ракетчыкаў і пераапранутых у чырвонаармейскую форму нямецкіх парашутыстаў. Узбраенне на першым часе нам выдалі проста смешнае: толькі трое байцоў мелі асаавіяхімаўскія дробнакаліберныя вінтоўкі і двое — міліцэйскія наганы. Астатніх узброілі вучэбнымі вінтоўкамі, у якіх былі пазразаныя ўдарнікі і панакручваны вялікія дзіркі над парахавымі камерамі. Маючы такую вінтоўку, можна было колькі хочаш цэліцца, ляскаць затворам, але толькі не страляць.

Але мы носа не вешалі. У «Івана ў кубе» была такая ж вінтоўка, як і ў нас, і мы ўтраіх бясстрашна патрулявалі ноччу па трывожных вуліцах мястэчка, па палатне чыгункі, гатовыя аглушыць любога дыверсанта ляскам нашых заржавелых затвораў.

Аднойчы ўночы, калі мы былі вольныя ад каравульнай службы, увесь батальён паднялі па баявой трывозе. Да школы пад’ехала некалькі грузавікоў з патушанымі фарамі. Пакуль нам тлумачылі баявую задачу і рассаджвалі па машынах, на ўсходзе ледзь-ледзь зашарэла. На гэты раз было сапраўднае баявое заданне. Нам сказалі, што над лесам, на захад ад нашага мястэчка, цэлую ноч гулі самалёты і што там, паводле самых дакладных звестак, скінуты нямецкі парашутны дэсант.

Машыны прагрукаталі соннымі вуліцамі мястэчка і ўзялі кірунак у сасновы бор. Мы з Петрусём ехалі лавіць дыверсантаў у той самы бор, дзе зусім нядаўна збіралі грыбы. Таму зусім не верылася, што ў лесе, дзе нам быў знаёмы кожны пяньчук і лагчынка, могуць прытаіцца нямецкія парашутысты.

Але здарылася іменна нечаканае. Ледзь толькі машыны заехалі ў лес, як дарогу, метрах у трыццаці ад пярэдняга грузавіка, перабег чалавек. Раздалася каманда, машыны спыніліся, і ўсе, хто сядзеў у кузавах, рассыпаліся ў ланцуг. Мяне трэсла, як у ліхаманцы, Пятрусь, які ляжаў у кустах побач са мной, быў таксама неспакойны. Ён ляжаў адпаведна з усімі правіламі баявога статута пяхоты, гатовы ў любое імгненне ўзняцца і кінуцца насустрач ворагу.

Нам загадалі падняцца, і пасля таго як мы прабеглі метраў па дваццаць, нас зноў палажылі на зямлю. Так мы падымаліся, беглі і лажыліся разы тры. Фашысты чамусьці не стралялі. Кустоўе скончылася. Цяпер, нават лежачы на зямлі, мы мелі магчымасць праглядваць ладны кавалак лесу. І на дарозе, і ў лесе было ўсё спакойна.

— Батальён! — раптам раздалася зычная каманда. — Падрыхтавацца к бою!

Мы дружна заляскалі затворамі...

Нечаканае пачалося іменна пасля гэтай каманды. З лесу да нас бег чалавек і махаў белай хустачкай.

— Не страляйце! — крычаў ён на чыстай рускай мове. — Мы свае!

Нехта з тых, хто меў дробнакаліберную вінтоўку, аднак, не вытрымаў і стрэліў.

— Не страляй, сволач! — крыкнуў той, што бег насустрач нашаму ланцугу. — Галаву адкручу...

Чалавека, які прыбег да нас, акружылі і павялі ў кусты. Ён быў у новенькай гімнасцёрцы, у новых ботах і выдатна размаўляў па-руску. Іменна такімі і ўяўляліся нам фашысцкія парашутысты, пераапранутыя ў савецкую форму.

— Мы здаёмся, — хвалюючыся, тлумачыў ён. — Памылкова нас скінулі на сваёй жа тэрыторыі... Памыліўся лётчык...

Чалавек свіснуў, і праз хвіліну з таго самага бору, які мы з Петрусём так выдатна ведалі, пачалі выходзіць людзі. Яны, здаецца, вылазілі з-пад зямлі, саскоквалі з дрэваў, падымаліся з-за пнёў. Трое выбраліся з тых самых кустоў, дзе мы ляжалі некалькі хвілін назад. Яны, выходзіць, маглі ўдарыць нам у тыл.

Гледзячы на нас, гэтыя людзі пасмейваліся, але зброю здавалі ахвотна. У іх былі новенькія аўтаматы, ручныя кулямёты, безліч гранат, напакаваныя нечым скрынкі. У палон мы забралі тады чалавек дваццаць...

Палонных везлі на першых дзвюх машынах. Мы з Петрусём трапілі ў ахову, трымалі ў руках новенькія аўтаматы, і нам зусім не хацелася верыць, што злоўленыя парашутысты — нашы. Мы адчувалі сябе пераможцамі і ніколькі гэтага не хавалі.

У мястэчку парашутыстамі заняліся вайскоўцы, якія аднекуль прыехалі, і праз гадзіну стала ясна, што нашы палонныя не немцы. Толькі цяпер мы зразумелі, чаму так лёгка здаўся дэсант, узброены новенькімі аўтаматамі і кулямётамі. Парашутысты, аказваецца, вельмі хутка ўстанавілі самі, што яны знаходзяцца не на варожай тэрыторыі. Яны паспелі выслаць разведку ледзь не ў самае мястэчка, апыталі двух пуцявых абходчыкаў і лесніка і таму не азваліся ніводным стрэлам у той час, калі мы ляскалі затворамі сваіх вінтовак.

Пятрусь не знаходзіў сабе месца ад абурэння і гневу.

— Гэта ж проста здрада, — гарачыўся ён. — Хто гэта паверыць, што лётчык збіўся з курсу. Сёння ж напішу Варашылаву. Няхай ён разбярэцца, хто вінаваты...

Парашутысты ляжалі на мураве каля нашай школы і вясёлымі вачамі глядзелі на Петруся. Ім, відаць, падабаўся яго імпэт і няўрымслівая натура.

— Паберажы сілы, хлопец, — сказаў адзін з дэсантнікаў, пажылы і задуменны. — Вайна, галубок, толькі пачынаецца, і, можа, табе яе прыйдзецца канчаць. А лётчык збіцца мог, не здзіўляйся. Мы пакуль ляцелі да вас, два разы перасякалі лінію фронту. Пяць разоў нас абстрэльвалі... Ты думаеш, што фронт падобны на школьную лінейку? Ён, брат, так цяпер пятляе і матляе, што сам чорт заблудзіць. Дый ад вашага мястэчка фронт усяго за сорак кіламетраў. Зразумеў?

Пра тое, што фронт так блізка ад нас, мы яшчэ не ведалі. Немцы, праўда, занялі ўжо Смаленск, але па нашых палескіх балотах яны не вельмі прасунуліся і стаялі на адным месцы ўжо ледзь не два месяцы. Апошнія два дні мы, праўда, чулі частыя выбухі, але тлумачылі гэта работамі на аэрадроме. У трыццаці кіламетрах ад мястэчка будаваўся аэрадром, і там яшчэ да вайны рвалі дынамітам пні і карчы.

Вечарам гэтага самага дня нас з Петрусём выключылі са спісаў знішчальнага батальёна. Выключылі не адных нас: хлопцам, якія былі старэй на год, а то і на цэлых два таксама загадалі разысціся па дамах і не з’яўляцца болей у школу. Прычын гэтай нечаканай дэмабілізацыі нам ніхто не тлумачыў. Але мы разумелі самі: рыхтуецца нешта сур’ёзнае.

Вучэбныя вінтоўкі ў тых, хто застаўся ў батальёне, пазабіралі і спалілі, а байцоў узброілі дзесяцізарадкамі і аўтаматамі. «Івана ў кубе» мы з Петрусём сустрэлі пасля гэтага праз дзень, ён стаяў на пераездзе з перавешаным праз шыю аўтаматам. На наша пытанне, што робіцца цяпер у батальёне, ён нічога не адказаў, нібыта мы з ім былі зусім не знаёмыя і яшчэ ўчора раніцай не лавілі разам дэсантнікаў.

Мы болей нічога не дапытваліся ў Іванюка. Ясна было адно: насоўваецца нешта сур’ёзнае, страшнае, невядомае. Ноччу праз мястэчка адыходзілі нашы часці. Днём у небе віселі нямецкія «рамы». Два разы фашысты кідалі на станцыю бомбы. Адна нямецкая бомба не ўзарвалася: мы хадзілі глядзець, як яе адкопвалі чырвонаармейцы. Расказвалі, што ў той бомбе замест толу быў самы звычайны пясок. Пятрусь пасля гэтага выпадку крыху акрыяў.

— Я ж табе гаварыў, — даводзіў ён мне, — што нямецкія рабочыя не будуць ваяваць супраць нас. На фронце адны фашысты. Нашы іх пераб’юць, і тады вайна скончыцца...

Я хацеў верыць Петрусю, але сапраўднасць была больш складанай, заблытанай, чым гэта ўяўлялася нам да вайны. Балюча было чуць нярадасныя франтавыя звесткі. Здараліся хвіліны, калі хацелася забыцца, заснуць на які месяц ці два і прачнуцца, калі ўсё стане ясным і зразумелым.

Той тыдзень, калі, «дэмабілізаваныя» са знішчальнага батальёна, мы блукалі з сябрамі без справы, прайшоў для мяне ў нейкім паўсне. Памятаю, што два ці тры дні я зусім не хадзіў да Петруся. Мне хацелася пабыць аднаму. У кампаніі з сябрам я неяк міжволі падпадаў пад яго ўладу, жыў яго думкамі і настроямі. Сэрцам я, мабыць, адчуваў ужо, што мой сябар мае рацыю не ва ўсім, што ён мысліць залішне катэгарычна, не прымаючы пад увагу вельмі многіх рэчаў, з якіх складаецца жыццё.

Мястэчка, напалоханае налётамі варожай авіяцыі, капала бліндажы. Людзі хавалі свой набытак у зямлю, каб уратаваць яго ад агню і грабяжу. Для жывёлы па лясах рабіліся загарадкі. Вечары былі трывожныя ў сваёй маўклівай зацятасці. Ніхто не спяваў песень, нідзе не рыпаў гармонік. Людзі, якія сядзелі на прызбах і лавачках, размаўлялі напаўголасу. Па вуліцах хадзілі маўклівыя патрулі. Толькі неба, яснае жнівеньскае неба, па-ранейшаму было засеяна безліччу зорак, на сваім звычайным месцы была Вялікая Мядзведзіца, сузор’е Арыёна, нізка над гарызонтам вісела чырванаватая планета Марс, якая нагадвала ліхтарык, запалены ў небе.

 

 

IV

 

Нарэшце настаў дзень, калі стала зусім ясна, што ў мястэчка прыйдуць фашысты. Трэба было нешта рабіць. Моцна і ўладна пацягнула мяне да Петруся. Я пайшоў да яго і ўбачыў сябра ў кампаніі з Грышам Паяльнікам і Міколам Забалоцкім.

У Петруся, вядома, быў ужо ясна выпрацаваны план далейшых дзеянняў: гэта мне кінулася ў вочы адразу. Схіліўшыся над картай Савецкага Саюза, дзе такія населеныя пункты, як наша мястэчка, не былі нават адзначаны кропкамі, Пятрусь гаварыў пра неабходнасць адыходу ў глыбінныя раёны краіны. Ён вадзіў пальцам па карце, разасланай на самаробным століку, а хлопцы яго ўважліва слухалі. Мяне ён прывітаў толькі кіўком галавы. Гаворка адбывалася ў садку, і ніхто з дамашніх Петруся не мог яе чуць.

— Пераправімся праз Дняпро, — гаварыў Пятрусь, — і пойдзем праз Украіну. Калі вайна зацягнецца, папрацуем дзе-небудзь у калгасе, а потым возьмуць нас у армію. А тут заставацца нельга. Што нам тут рабіць з фашыстамі?

Мы маўчалі. Пятрусь заўсёды меў перад намі тую перавагу, што ведаў наперад, што рабіць. У кожнага з нас, мабыць, ужо ўзнікала патаемная думка аб тым, якія прыняты захады ў выпадку прыходу немцаў. Аставацца ў мястэчку не выпадала. Нават цяжка было ўявіць, што прыйдзецца жыць пад уладай фашыстаў, адмовіцца ад вучобы, ад тых прывабных, таямнічых даляў, якія абяцала жыццё.

— Пойдзем, — ціха прамовіў Грыша Паяльнік, які заўжды слухаўся Петруся. — Учатырох не прападзём. Толькі трэба трымацца адзін другога...

— А што твая маці скажа, — перабіў Грышу Мікола Забалоцкі. — Можа, яна табе ўжо харчы сабрала?

Гэта было балючае пытанне. Мы ведалі, як нялёгка будзе нашым маткам адпусціць нас у далёкую, ахопленую вайной дарогу, у невядомасць. Мы ведалі пра слёзы, пра ўгаворы, пра той вялікі боль, які аставім ім, калі пойдзем... Але трэба было рабіць выбар.

Рашылі, што пойдзем заўтра раніцай...

— Вось што, хлопцы! — з нейкай дрыготкай у голасе сказаў Пятрусь на развітанне. — Маткі ж такую агітацыю развядуць... Не паддавайцеся. А лепш за ўсё прыходзьце вечарам да мяне. Пераначуем дзе-небудзь на старане.

Мы згадзіліся.

Надвячоркам сабраліся ў Петрусёвым двары. У кожнага за плячамі быў ёмкі клунак, напакаваны харчамі, бялізнай і іншымі прадметамі, неабходнымі для далёкай дарогі. Ніхто нас не праводзіў, гэтага мы самі не хацелі. Па агульнай дамоўленасці мы захапілі з сабой усе дакументы, якія ў нас былі: пасведчанні за дзевяты клас, камсамольскія білеты, кніжкі значкістаў ГПА, ЮВС, ППХА, ГСА, мандаты Асаавіяхіма і Саюза ваяўнічых бязбожнікаў.

Пятрусь выскачыў з хаты з рашучым, насупленым тварам. Следам за ім выйшла маці. Убачыўшы нас, яна перастала плакаць.

— Хоць перахрышчу вас на дарогу, — сказала яна нерашуча. — Такая дарога...

— Не трэба, — адмовіўся Пятрусь. — Пайшлі!..

І мы пайшлі...

Таемна шасцелі лісцем разгалістыя івы, якіх многа ў родным мястэчку, раз-пораз перабягалі дарогу шэрыя і чорныя каты, някормленыя і рашучыя. Вуліца была бязлюднай. Мястэчка рыхтавалася да сустрэчы з невядомасцю, якая насоўвалася з чужога, страшнага Захаду. Зусім не такім нам некалі ўяўляўся адлёт з родных мясцін у далёкі свет. Не было ні вакзала, ні перона, ні дзяўчат, якія вучыліся разам з намі...

Для начлегу абралі нізенькую хацінку амаль на самай ускраіне мястэчка. Гаспадыня, бабулька, якой мы раней, здаецца, ніколі не бачылі ў твар, ахвотна пусціла нас начаваць.

— Усе смерці баяцца, паўцякалі ў лес, — паведаміла яна. — А я не баюся, я свой век пражыла. Вы адкуль жа ідзяце, хлопчыкі, можа, з Ленінграда? Мой жа ўнучак там на сталяра вучыцца. Можа, сустракалі? Сямён Грэчка яго прозвішча. Божа, божа, людскія дадому дабіраюцца, а нашага няма...

Мы не сказалі бабульцы аб тым, што ідзём не дадому, а з дому, і проста не захацелі начаваць гэтую апошнюю ноч пад родным дахам. Не сказалі пра тое, што ведаем яе ўнука Сямёна Грэчку. Ён вучыўся разам з намі да сёмага класа, а потым паехаў у рамеснае вучылішча.

Куль саломы, раскіданы па падлозе, клункі пад галовамі, раўнадушныя зоркі, якія падміргвалі праз акенца з яснага жнівеньскага неба, — наш першы падарожны начлег. Перад тым як легчы спаць, Мікола Забалоцкі папрасіўся дадому. Ён сказаў, што забыў дома компас, і абяцаў яго прынесці праз гадзіну. Міколава просьба нам не спадабалася.

— Абыдземся, — нездаволена прамовіў Пятрусь. — Язык і без компаса да Кіева давядзе...

Мы сапраўды трымалі кірунак на Кіеў. Ісці праз Гомель было ўжо нельга. Яго занялі немцы.

Перад тым як легчы спаць, мы дамовіліся падняцца на світанні. Да Дняпра трэба было прайсці кіламетраў сто з гакам. Пра велічыню гаку можна было толькі здагадвацца, арыентуючыся па карце Еўрапейскай часткі СССР, якую мы захапілі з сабой.

Леглі мы спаць учатырох, а прачнуліся ўтрох. Міколы Забалоцкага не было. Спачатку мы падумалі, што ён проста раней устаў і выйшаў на двор. Але не было і Міколавага пухлага клунка. Усё стала ясна.

— Збег, як самы апошні здраднік, — пагардліва сказаў Пятрусь. — Ён заўсёды віхляў, быў добры і вашым і нашым. Баба з калёс, каню лягчэй...

Мы зганьбілі Міколу і яго паводзіны і, нават не снедаючы, рушылі ў дарогу. Спачатку краявіды былі знаёмыя: сасновыя пасадкі, дзе дрэвы растуць нібы па шнурку, роўнымі радамі, вясёлыя бярэзнікі, проста лес, у якім дружна і міралюбна суседнічаюць альха і рабіна, ясень і дуб. Тут нам прыходзілася бываць. У апошні год навучання ў школе, ранняй вясной, у гэтых самых лясах і пералесках праводзілася вялікая вайсковая гульня, арганізаваная школьным камітэтам Асаавіяхіма. Мы смела тапталі тут верасы, ляскаталі трашчоткамі, якія замянялі кулямёты, пераможна наступалі. Тады мы, вядома, не думалі, што вельмі хутка без ніякага бою нам прыйдзецца пакідаць родныя палі і лясы.

У многіх месцах стаіць нязжатая збажына. На жытнёвым полі каласы пахіліліся долу, асыпаюцца ячмень і пшаніца. А надвор’е — жні, касі, малаці... Свеціць сонца, далячынь заслана лёгкай наміткай смугі, на небе ні хмурынкі. Дажджу не будзе, хлебароб! Але ніхто не косіць і не жне...

Спыніліся на снеданне пад вялікім дубам, адмераўшы кіламетраў дванаццаць. Дзеля гэтага прыйшлося крыху збочыць з прасёлкавай дарогі на ўскраек лесу. У лесе на розныя лады заліваюцца птушкі, якія ўжо вывелі сваіх птушанят. Ім весела, птушкам: дні яшчэ цёплыя і да выраю далёка...

У клунку кожнага з нас пакуль яшчэ ёмкі запас: хопіць самае малае на тыдзень. Ёсць акрамя хлеба і праснакоў сала, вяндліна, яйкі, цыбуля. Грышу маці паклала нават мяшэчак цукру і вялікі кубак — для гарбаты. Ядзім, абагуліўшы прыпас і не саромеючыся адзін другога.

— Колькі ў каго грошай? — падсілкаваўшыся, пытае Пятрусь.

Твар у яго засяроджаны і сур’ёзны: наш камандзір нешта абдумвае.

У мяне чырвоненькая трыццатка, тры рублі срэбрам і на сто рублёў аблігацый. Бацька ўжо з год на пенсіі, вялікіх грошай у доме не было. У Петруся трохі больш, як у мяне, — сорак два рублі, у Грышы — цэлых семдзесят. Але затое ў іх няма аблігацый.

— Хопіць грошай, — гаворыць Пятрусь. — На білеты хопіць. А даедзем да Курска, заробім. Не ўломкі ж...

— У Міколы было аж дзвесце рублёў, — паведамляе Грыша. — Ён сам мне хваліўся...

Мы не хочам слухаць пра Міколу. У яго было грошай болей, чым у нас траіх, і ён усё-такі збег. Хіба немцам трэба яго грошы?

Сонца ўжо досыць высока, цяпер, мабыць, гадзін дванаццаць. Недзе пад самымі аблокамі пачынае нудна гудзець нямецкая «рама». Усе гэтыя дні мы бачылі толькі нямецкія самалёты. Нашых не відаць. Ад гэтага неяк сумна і маркотна. Нашы адступалі пераважна ноччу, мабыць, з-за нямецкіх самалётаў, якія ўладна вартуюць нябесны блакіт. Уперадзе раздаецца некалькі выбухаў. Гэта, напэўна, на шашы. Мы таму і пайшлі прасёлкавай дарогай, каб не трапіць пад бамбёжку.

Мы ідзём, ідзём, ідзём... Уперадзе Пятрусь, за ім — я, апошні Грыша. На нашым шляху трапляюцца вельмі прыгожыя мясціны, але нам некалі імі любавацца: трэба ісці...

Наш другі начлег — проста ў лесе, на сухім грудку. З-пад навісі дрэў блішчаць толькі рэдкія зоркі. Затое вакол нас тысячы маленькіх зорачак-светлячкоў. Мы ніколі не думалі, што іх у лесе так многа. Працягнеш руку — і бяры. Бяскрыўдныя жывыя вугалькі не пякуцца, не кусаюцца, а толькі свецяць. Мы ў чужым, незнаёмым лесе, але засынаем імгненна і спім мёртвым сном. Колькі адсюль да роднага мястэчка? Мабыць, кіламетраў пяцьдзесят...

Прачынаемся, калі сонца ўжо вісіць над самым лесам. Адзенне крыху макраватае ад расы. Ныюць ногі, плечы, рукі. Гэта толькі першыя пяцьдзесят кіламетраў. Колькі ж іх яшчэ прыйдзецца нам адмераць?..

Снедаем адразу, каб прывал зрабіць у абед. У Грышаў цукар набілася поўна мурашак. Выганяць іх адтуль некалі, няхай ласуюцца. Яшчэ высвятляецца, што Грыша ўзяў з сабой кніжку «Плутонія» акадэміка Обручава вагой з паўкілаграма. Навошта яму «Плутонія»? Сёння мы далёкія ад фантазіі і ведаем, што ў цэнтры Зямлі няма ніякай пустаты. Там самыя цяжкія металы і сплавы. Але раз Грыша ўзяў «Плутонію», няхай нясе...

Лясы, сенажаці, палі, на якіх, як і там, ля роднага мястэчка, асыпаецца збожжа... Арыенцір верны: калі многа поля, то блізка вёска. Яна то вынырне з-за павароткі дарогі, атуленая зелянінай прысад, то рассыплецца хаткамі па беразе невялікай рачулкі, якая спяшаецца да бацькі-Дняпра, то стоіцца пад аховай векавога, шумлівага бору.

Родныя вёскі, лясы, сенажаці і ты, крывая прасёлкавая дарога!.. Калі мы вернемся жывымі з вайны, мы абавязкова пройдзем гэтым самым маршрутам. Пройдзем, як гаспадары, не спяшаючыся, не аглядваючыся. Нап’ёмся вады з кожнага ручайка, пасядзім пад кожнай прыгожай бярозай, якая сама, здаецца, просіць пад свой зваблівы цень. Вашых назваў мы не забудзем, ціхія палескія вёсачкі... Не забудзем хат, ля якіх частаваліся добрым, з хлебнымі скарынкамі, бярозавікам, лавачак пад вішнямі — мясцін кароткага прыпынку, добрых жаночых твараў, на якіх былі адначасна і боль, і спагада...

Вёскі, якімі мы праходзім, амаль бязлюдныя. Сустракаем пераважна жанчын і дзяцей. Калі пытаем, ці займаюць нашы абарону, яны спалохана паглядаюць на нас і паказваюць у бок шашы. У небе гудуць нямецкія самалёты, недзе збоку і спераду разлягаюцца глухія выбухі...

Подых вялікай ракі мы адчулі вечарам, калі сонца схавалася за лес і мяккі жнівеньскі змрок ахутаў зямлю. Лес кончыўся, пайшло кустоўе, вербалозы. У твар патыхнула прыемным вільготным халадком.

Да прыдняпроўскай вёсачкі дабраліся амаль што апоўначы. Яна не спала. З двара ў двор бясшумна, нібы цені, хадзілі людзі, ведучы ціхую, напаўголасу, гаворку. Мы былі стомленыя, знясіленыя дарогай, але трывога вёсачкі перадалася і нам. Хутка мы ведалі прычыну.

— Пераправу немец разбамбіў, — сказала нам немаладая спалоханая кабета. — Восем налётаў было. Народу пагінула, аж страшна. А начаваць, людцы, ідзіце ў царкву, там у нас гэты клуб быў. Там учора і чырвонаармейцы начавалі...

Клуб размяшчаўся якраз пасярэдзіне вёсачкі, у цэнтры невялікай плошчы, і сваім знешнім выглядам сапраўды нагадваў царкву. На ім захаваўся нават круглы, нібы цыбуліна, купал, толькі ўжо без крыжа. Мы неслі ў сваіх кішэнях мандаты Саюза ваяўнічых бязбожнікаў і былі цвёрда пераконаныя ў тым, што бога няма, але начаваць у такім клубе не хацелася. Лепш ужо дзе-небудзь пад кустом або пад чыстым небам. Нават Пятрусь на хвіліну завагаўся. Але адступаць было нельга, адступіць, значыць, спалохацца. Пятрусь першым узышоў на прыступкі вялікай, шэрай у змроку ночы, будыніны.

На падлозе ў клубе саламяная труха, цяжкі, спёрты дух і цемень, хоць выкалі вока. Уражанне такое, нібы мы зайшлі ў цёплы, па-гаспадарску дагледжаны хлеў. Відаць, нямала народу знаходзіла сабе тут начлег і прытулак у гэтыя цяжкія часы. Мы вобмацкам дабраліся да першага ад дзвярэй кутка, награблі саломы і ляглі. Вочы прывыклі ўжо да цемені, і высока на сцяне можна было адрозніць праёмы вузкіх акенцаў. Нам не спалася.

— Заўтра знойдзем лодку і пераправімся на той бераг, — зашаптаў Пятрусь. — Не можа быць, каб не знайшлося лодкі. Ёсць жа ў вёсцы рыбакі.

— Што тут за людзі? — пачуўся раптам хрыпаты, натужны голас.

Мы ўтрох уздрыгнулі і сцішыліся, а на нас насоўвалася высокая чорная постаць. Чалавек спыніўся насупраць кутка, дзе мы стаіліся, і чыркнуў запалкай. На нас пазіраў аднавокі чалавек з шырокім, зарослым чорнай шчацінай тварам.

— Куды гэта вы сабраліся, тэхнікі? — спытаў ён, прымошчваючыся побач з намі ля сцяны. — Дадому прабіваецеся?

— Мы не тэхнікі, — адказаў Пятрусь. — Мы вучыліся ў школе.

— Я-то бачу, што вы яшчэ не інжынеры. А мусіць жа, хацелася імі стаць. Бегалі б з партфельчыкамі, курылі б папяроскі і пісалі б пратакольчыкі. Не паспелі, родненькія, не паспелі...

Чалавек вёў сябе нахабна, і яго размова пачынала нас злаваць.

— Мы ідзём у тыл, — не вельмі дружалюбна прамовіў Пятрусь. — А вы хто такі?

— Дык вось дзе поп закапаў сабаку! — аднавокі зарагатаў. — Можа, вам там булак мамка напякла ў тыле? Цёпленькіх, гарачанькіх, толькі ешце... Вы думаеце, немец да вашага тыла не дабярэцца? Дабярэцца, даражэнькія, не турбуйцеся. Ён-то ведае свой інтарэс, інакш бы і вайны не пачынаў. Канец прыйшоў бальшавічкам, папомніце маё слова...

— Вы гаворыце, як вораг савецкай улады, — усхапіўся Пятрусь. — Вы рады, што фашысты нашу зямлю захопліваюць. Глядзіце, каб за такія словы...

— А дзе ж тая савецкая ўлада? — голас аднавокага стаў едкі і насмешлівы. — На тым беразе Дняпра. Ды там ці доўга ўтрымаецца. Учора такога драла камісары давалі, што толькі гай шумеў. А немцу я не кум і не брат. Але і баяцца мне яго нечага. І вы дарэмна ад матак уцякаеце. Хіба вы дзяўчаты, каб немцаў баяцца. Дзяўчыне трэба сваю чэсць зберагчы, а то яе ніхто замуж не возьме, а вам што? Вы ж камісарамі не былі, партфельчыкамі не махалі... Хто я, пытаеце? Па пашпарту Верабей, а па-сапраўднаму Вішняк. З Чарнігаўшчыны я, і туды цяпер іду. Няхай толькі немец зойме.

— Вы, мабыць, кулак, — жорстка сказаў Пятрусь. — Інакш, чаму б вы не любілі савецкую ўладу?

— Няхай сабе кулак, — згадзіўся аднавокі. — А савецкую ўладу мне і любіць няма за што. Дурная была савецкая ўлада, бо не ведала, на каго апірацца. Ёй бы трэба за гаспадара, за жылістага чалавека трымацца. Гэты б не падвёў. А яна хацела з галечай ды з камісарамі рай на зямлі будаваць. Вось цяпер і кусаюць сябе за локаць на тым беразе таварышы, ды позна...

— А чаму на тым беразе? — нібы здзівіўся Грыша. — Там, ля шашы, мы самі бачылі, можа, цэлая дывізія нашых. Танкаў, гармат — процьма...

Затаіўшы дыханне, чакалі мы, што скажа на гэта кулак, і ў думках дзякавалі Грышу за знаходлівасць.

Аднавокі падхапіўся. Яму нібы заткнулі рот: такі ён стаў адразу маўклівы і ціхі. Ён, відаць, зразумеў, што адкрыўся залішне рана і не перад тымі, перад кім трэба. Праз хвіліну чорная постаць мільганула ў праёме дзвярэй.

— Пайду пакуру, — кінуў нам Вішняк. — Душна тут...

— Контра, — вылаяўся Пятрусь. — Заўтра каму трэба скажам пра гэтага тыпа. Якую агітацыю разводзіць!..

Упершыню ў жыцці мы чулі голас адкрытага ворага. Ён ненавідзеў і пляваў на ўсё тое, што мы лічылі святым і недатыкальным, без чаго не ўяўлялі свайго жыцця. Мы радаваліся, што перахітрылі кулака, і разам з гэтым нас не пакідала трывога. Ніякіх жа нашых гармат і танкаў мы не бачылі... Няўжо мы не перабяромся на той бераг?..

Стома ўзяла сваё, і на нейкую гадзіну мы забыліся пакутлівым, трывожным сном. На світанні ля клуба нешта грымнула, і мы, схапіўшы клункі, ірвануліся да дзвярэй. У ранішнім тумане, які поўз ад ракі, нічога нельга было разгледзець. Разарваўся снарад у адным канцы вёскі, у другім. Загарэлася хата. Білі з таго боку, адкуль мы прыйшлі. Недзе блізка раўлі танкі. Усё стала зразумелым...

Мы пабеглі бульбоўнікам у напрамку да хмызнякоў. Беглі што было сіл, не робячы ніякага перадыху. Вось і кустоўе, пад нагамі хлюпае і чвякае. Не шкадуючы ні рук, ні твараў, мы драліся праз лазу, забіраючыся ўсё глыбей у балота, нібы хацелі паспець на снеданне к самім чарцям. Нарэшце збавіцельная выспачка, А ў вёсцы грыміць, трашчыць, скавыча... Здавалася, з таго кавалачка зямлі, атуленага зялёнымі прысадамі, пачынаецца сканчэнне свету...

Страляніна скончылася гэтак жа раптоўна, як і пачалася. Вёсачка гарэла. За ёй узыходзіла сонца, ахутанае дымам, шэрае... Мы ўпершыню на свае вочы пабачылі, што такое вайна...

— Спазніліся на той бераг, — сумна прамовіў Пятрусь. — Цяпер самае галоўнае — не трапіць у лапы да фашыстаў.

 

 

V

 

У сваё мястэчка, нібы на смех, мы вярнуліся першага верасня. Па вуліцы не пайшлі. Па-першае, сорамна было людскога вока, па-другое, мы наогул не ведалі, што дзеецца ў мястэчку. Нашы клункі за тыдзень падрожжа значна апусцелі і зменшыліся ў сваіх памерах. Былі з’едзены хлеб, сала, яйкі, ва ўсіх траіх заставалася толькі цыбуля. З выгляду мы мала чым адрозніваліся ад валацуг. Апошнія пяць дзён, баючыся напаткаць немцаў, мы туляліся па лясах, ішлі дамоў наўздагад. Начавалі ў лесе або ў стагах сена. Усе трое парадкам абнасіліся, асабліва хапіла чаравікам і штанам. Дарога да роднай хаты аказалася куды цяжэйшай, чым дарога да Дняпра.

Па ваколіцы, якой мы дабіраліся дамоў, слаўся туман. У маўклівым задуменні стаялі местачковыя прысады. Зялёныя шапкі вербаў, таполяў і клёнаў кранула першая асенняя пазалота. З аколіцы была добра відаць наша школа, размешчаная на ўскраі мястэчка. Хто там цяпер? Дзевяць гадоў першае верасня было нашым вялікім святам. Дзень гэты зваў у школу, у навуку, у новае жыццё. Сёння ён не зваў нікуды...

Грыша хутка аддзяліўся ад нас і пайшоў агародамі. Яму заставалася толькі перашмыгнуць вуліцу, і ён дома. Мы з Петрусём пайшлі ўдвух. Першым з местачкоўцаў, хто ўбачыў нас, быў каваль Вавіла. Ён у гэты ранні час касіў атаву.

— Я казаў адразу, што прыблудзіце дадому, — паведаміў каваль. — Позна выйшлі. Назаўтра і немец прыехаў. Бою ў нас, дзякуй богу, не было. Так што ўсе жывыя і здаровыя...

На нашых тварах, мабыць, не было ніякай радасці ад сустрэчы з роднымі мясцінамі, таму стары каваль адразу перамяніў тон.

— Дурненькія вы яшчэ і зялёныя, — зашаптаў ён, наблізіўшыся да нас. — Шкадуеце, што на вайну не трапілі... Гэтая вайна не на месяц і не на два. Яшчэ ўсяго будзе, яшчэ хопіць і вам. Падавіцца немец, папомніце мае словы. Мае тры сыны недзе там. — Голас старога Вавілы задрыжаў.

Цяпер ад каваля мы чулі тыя самыя словы, якія некалі сказаў дэсантнік. Але ўся іх глыбіня раскрылася перад намі значна пазней.

Так мы вярнуліся дамоў. Бясконца радаваліся нашы маткі, падстаўляючы нам самае лепшае з яды, і сумавалі мы самі.

У мястэчку панавала няпэўнасць. Адтуль, з-за Дняпра, яшчэ нейкі час даносіліся глухія раскаты артылерыйскай кананады. Потым і яны сціхлі. Тыдні два не было наогул ніякай улады. Перадавыя нямецкія часці прайшлі, пакінуўшы пасля сябе расчыненыя магазіны і крамы, у якіх салдаты рэквізавалі ўсё, што можна было есці і піць. Пасля немцаў пачалі цягнуць мясцовыя тарбахваты. Цягнулі ўсё, што траплялася пад руку: соль, газу, канторскія сталы, ліставое жалеза і нават гіпсавыя барэльефы рымскага філосафа Сенекі, вялікая партыя якіх перад вайной была заслана ў культмаг. Для тых, у каго вочы завідушчыя і рукі заграбушчыя, наступіла раздолле. Адзін аматар дармаўшчыны, недалёкі Петрусёў сусед, перавалок за вечар у сваю клуню ўвесь набытак парфумнага аддзела з раённага магазіна.

— Думаў, што-небудзь людскае ў тых пачках, — скардзіўся ён пазней. — А там гэты самы зубны парашок. Навошта ён мне. Хіба, можа, баба прыспасобіцца ім хату бяліць?.. Розныя там крэмы і памады не прападуць, усё-такі тлушчы: можна і самому нацерціся, і дзверы змазаць, каб не рыпелі, і калёсам, калі трэба, падмазку даць. Дый зноў жа на абутак. Дзе ж ты таго дзёгцю цяпер дастанеш? А што з гэтым парашком рабіць, проста не ведаю...

Уладальнік раённага прыпасу зубнога парашку чухаў патыліцу і ныў, што самае лепшае пахапалі другія. У яго былі вялікія жоўтыя зубы, якія адвеку не бачылі зубной шчоткі, і ненасытная прага ў маленькіх хцівых вачах. Нечым ён нагадваў таго аднавокага кулака, з якім мы сутыкнуліся ў памятную ноч ля Дняпра. На гэтых людзей было агідна глядзець...

Вечарамі мы збіраліся ў Петруся. Гаварыць не было пра што, і мы сядзелі ў садку і наглядалі, як высыпаюць на небе густыя зоркі ранняй восені. Раз-пораз налятаў пасмялелы вецер, накідваўся на яблыню, і яна, баронячыся, скідала на зямлю пераспелы плод. У нашу кампанію вярнуўся Мікола Забалоцкі. Сваё дэзерцірства ён тлумачыў тым, што, прыйшоўшы дамоў за компасам, застаў хворую маці. Мы не прагналі Міколы, хоць была відавочнай яго хлусня. Самі ж мы таксама нічога не дасягнулі...

Мікола прыходзіў з мандалінай і па вечарах наігрываў мелодыі даваенных песень. Іграў ён хораша, а мы сядзелі, слухалі і маўчалі. Мінулае, школьнае паўставала перад вачамі. Няўжо яно не вернецца, няўжо мы не сядзем за парты апошняга класа, няхай сабе ў сярэдзіне зімы?..

Надзея, мабыць, не пакідала нашых сэрцаў, бо ў хуткім часе мы таксама сталі рабаўнікамі і зладзеямі. Праўда, кралі мы не парфуму і не соль, а кнігі. Мікола Забалоцкі, які заўсёды лепш за нас траіх ведаў аб справах у мястэчку, аднойчы расказаў, што ў бібліятэках парасчынены дзверы і што кнігі цягаюць усе, каму не лень. Гэта быў сігнал да дзеяння.

— Кнігі трэба ратаваць! — рашуча сказаў Пятрусь. — Парасцягваюць, а пасля паспрабуй збяры. Можа нашы да зімы вернуцца, то тады што рабіць? Можа, будзем у бібліятэцы ў шашкі гуляць?..

Мы бачылі ранейшага Петруся — дзейнаснага, уладнага, рашучага. Ён гаварыў аўтарытэтна, пераканаўча, і яму нельга было пярэчыць.

Некалькі вечароў мы вазілі кнігі тачкамі. Складвалі іх у Петруся, у Грышы, у мяне і нават у Міколы Забалоцкага. Цяпер у кожнага з нас была ёмістая бібліятэка, сотні кніг, набыць якія да вайны мы нават не марылі. Сядзі і чытай. Але чамусьці не чыталася...

У мястэчку пачаў усталёўвацца акупацыйны рэжым. Аднекуль прыехаў гебітскамісар — сухі, з шалёнымі вачамі і даўгім носам немец, які сваім абліччам быў вельмі падобны на тыя карыкатуры Гітлера, якія змяшчаліся ў нашых газетах. Гебітскамісар заняў памяшканне райвыканкома, дзе атабарылася і яго ахова. Першы загад новай улады быў, мабыць, цалкам разлічаны на тое, каб запалохаць да мурашак на целе мясцовае насельніцтва. За ўсё смерць. Смяротная кара чакала тых, хто хаваў пераапранутых чырвонаармейцаў, хто асмеліўся абразіць салдат вялікай непераможнай Германіі, хто сабатаваў нямецкія мерапрыемствы і загады...

У якасці першага акта сваёй чыннасці немцы разбурылі помнік Леніну, які стаяў на плошчы перад выканкомам. На гэтай плошчы яшчэ нядаўна шумелі мітынгі, самадзейны аркестр выконваў «Інтэрнацыянал», стаялі местачкоўцы ў сваіх лепшых вопратках. Цяпер тут гаспадарылі немцы ў чужых, зялёна-шэрых шынялях. На ўсё гэта было балюча і крыўдна глядзець.

Канчаўся верасень, першы месяц акупацыі. Пра фронт хадзілі самыя неверагодныя чуткі. Гэтыя чуткі ўшчэнт разбівалі нашу патаемную надзею сесці за школьныя парты хоць у сярэдзіне зімы. Задумлівы парашутыст і каваль Вавіла казалі праўду: вайна толькі разгаралася, і канца яе не было відаць...

Насоўвалася зіма, і трэба было думаць пра тое, як яе перажыць. Нашы бацькі не мелі ні хлеба, ні газы, ні дроў. Становішча Петрусёвай сям’і было самае горшае. Там сем ратоў кожны дзень прасілі есці.

Падзялілі калгасную бульбу, і з паўгектара прыйшлося на долю Цімашэнкаў. Петрусёва дзялянка знаходзілася паблізу ад чыгункі. Мы з Грышам Паяльнікам пайшлі памагаць Петрусю, і нам, траім, у тыя дні было вельмі пакутліва. Па чыгунцы не імчаліся цягнікі, не звінелі рэйкі, не чуваць было далёкіх гудкоў. Толькі зрэдку ўздоўж палатна звілістай сцяжынкай ішлі нейкія людзі ў абшарпанай вопратцы. Па сваёй зямлі яны ішлі, нібы зладзеі, крадучыся і азіраючыся, гатовыя ў любую хвіліну шмыгнуць у кусты. Гледзячы на іх, мы ўспаміналі сваё няўдалае адступленне, і нам было крыўдна да слёз. Хто яны, гэтыя людзі? Куды яны ідуць? Што чакае іх, бяздомных валацуг?

Петрусю было асабліва цяжка. Ён быў старэйшы ў сям’і, і на яго галаву лёг асноўны клопат. Ні Грыша, ні я не неслі на сваіх плячах такога цяжару. Таму мы шчыра імкнуліся дапамагчы сябру і развясельвалі яго як маглі.

У адзін з тых асенніх дзён насупраць Петрусёвай бульбы спынілася дрызіна, і з яе выйшла некалькі немцаў з вінтоўкамі на плячах. Гэтыя немцы адрозніваліся ад тых, якіх мы ўжо бачылі. Яны былі ў чорных шынялях, у чаравіках, і ў іх абліччы не заўважалася нічога вайсковага. Немцы аглядалі чыгуначны масток. Мы хутка пасмялелі і падышлі да іх.

— Арбайтэр? — нечакана спытаў Пятрусь па-нямецку.

Немцы ўзрадаваліся.

— Я, я, арбайтэр, — ахвотна адказаў адзін з іх, тоўсценькі, з добрым жаночым тварам. — Шпрэхен зі дойч?

Гэты тоўсценькі яўна хацеў завязаць гаворку, але ў Петруся прапала ахвота да яе. Я разумеў сябра...

Немцы хутка паехалі, і мы вярнуліся на бульбу.

— Рабочыя, а служаць Гітлеру! — узбуджана гаварыў Пятрусь. — Вінтоўкі пабралі. У каго ж яны будуць страляць, у сваіх братоў рабочых!..

Сапраўднасць разбурала ранейшыя ўяўленні. Яна блытала ў нейкі супярэчлівы клубок нашы думкі і пачуцці, забівала надзеі і сілу.

І вось здарылася...

У адзін з такіх асенніх дзён я з раніцы прыйшоў да Петруся і па яго твары ўбачыў, што адбылося нешта незвычайнае. Сябар быў узбуджаны, рухавы, яго вочы проста гарэлі.

— Выйдзем на двор, — сказаў ён.

Мы выйшлі, і Пятрусь пацягнуў мяне пад паветку.

— Ты ведаеш, хто прыходзіў?

Я нічога не ведаў, але па голасу сябра, па яго нервовых, рэзкіх рухах адчуў, што ён скажа нешта вельмі важнае. Ён расказаў мне амаль усё, утаіўшы толькі тое, аб чым я пакуль што не павінен быў ведаць. Ноччу да Петруся прыходзіў «Іван у кубе», які цяпер у партызанскім атрадзе. Ён прынёс заданне. Партызаны хочуць ведаць пра ўсё, што дзеецца ў мястэчку.

Быў асенні хмуры дзень, у галінах яблынь і груш шастаў неспакойны вецер, імкліва несліся па небе цяжкія шэрыя воблакі. Была перад вачамі тая ж самая вуліца, тыя ж самыя хаты і дрэвы, але нешта ў іх вобліку адразу перамянілася. Здавалася, што хаты глядзяць на свет сваімі вокнамі з нейкай хітрынкай, што ў шораху асенніх лісцяў ёсць нешта таямнічае і шматзначнае, што за кожным подыхам ветру хаваюцца нейкія асцярожныя, прыглушаныя крокі.

— Можа, і Грышу скажам? — нясмела прапанаваў я. — Ён жа свой...

— Пакуль не трэба, — запярэчыў Пятрусь. — Сказалі прыгледзецца. Там далей пабачым.

На Петруся ўскладалася больш, чым на мяне. Ён камандаваў, ён павінен быў дастаўляць звесткі Іванюку, сустракацца з партызанамі. Я ў яго нічога болей не пытаўся.

Тыя два тыдні, якія нам з Петрусём давялося быць партызанскімі разведчыкамі, праляцелі ў нейкім паўсне. Мы неслі на сабе цяжар тайны і па гэтай прычыне пазбягалі сустрэч нават з Грышам Паяльнікам. Цэлыя дні мы швэндаліся па мястэчку, вывіжоўваючы сакрэты немцаў. Праўда, асаблівых сакрэтаў выведаць не ўдалося. Мы маглі паведаміць партызанам толькі тое, аб чым знала ўсё мястэчка. І гэтыя весткі былі найбольш сумныя. Фашысты расстралялі сям’ю ляснічага нібыта за сувязь з партызанамі. Забілі яго самога, жонку і дваіх дзяцей. Гебітскамісар гразіўся паступіць гэтак жа з кожнай сям’ёй, якая будзе выяўлена як партызанская. Фашысты арганізавалі паліцыю. Туды падаўся ўсялякі зброд, і звечара паліцаі ходзяць па мястэчку, патрулююць...

Недахоп чыста вайсковых звестак мы кампенсавалі падрабязным апісаннем розных агіднасцей, якія чынілі фашысты і іх паслугачы. У сваіх зводках мы не шкадавалі едкіх слоў, а часам і проста лаянкі, каб закляйміць дзеянні ворага.

Два разы Пятрусь хадзіў на сувязь з «Іванам у кубе». З апошняй сустрэчы ён вярнуўся хмуры і змрочны. Весткі былі нярадасныя. Партызанскі атрад збіраўся перабірацца на зіму ў другі раён. Аб прычыне Іванюк не сказаў Петрусю нічога. Але мы здагадаліся самі. Па мястэчку ўжо хадзілі настойлівыя чуткі, што ў лесе быў з немцамі бой, які для партызан скончыўся не вельмі ўдала. Фашысты пабілі многа нашых.

Менавіта пасля гэтых звестак усё закружылася, нібы ў шалёным танцы. Пятрусь усе тыя дні хадзіў сам не свой. Ім валодаў панылы, чорны настрой. Ён нерваваўся, злаваўся без прычыны, яму цяжка было патрапіць сказаць слова. У той памятны вечар ён якраз выйшаў ад мяне і на вуліцы трапіў у рукі паліцэйскага патруля...

Каб Пятрусь лепш валодаў сабой, магчыма, усё і абышлося б. Але ён завёў з паліцаямі спрэчку, нагаварыў ім не вельмі прыемных слоў, і яго затрымалі.

Назаўтра Петруся білі. Білі шомпаламі. Аб гэтым ведала ўсё мястэчка, бо на тэлеграфных слупах паліцаі расклеілі загад, дзе выхваляліся сваёй экзекуцыяй.

Назаўтра ж вечарам Пятрусь заявіў мне і Грышу, што ідзе ў партызаны. Петрусёва маці бачыла няўрымслівасць сына і таму не пярэчыла. Пятрусь сказаў нам гэта сам.

Пятрусь пайшоў у лес даганяць нашых партызан, якія перабраліся ў другі раён. Яго сям’я засталася ў мястэчку. У той першы ваенны год яшчэ не было, мабыць, партызанскіх атрадаў, у якія прымалі з сем’ямі.

З месяц сям’ю Цімашэнкаў не чапалі. Фашысты, напэўна, проста не ведалі, што Пятрусь у лесе. Суседзі аб гэтым шапталіся, кідалі спалоханыя позіркі на Петрусёву маці, калі яна выходзіла з двара, але да фашыстаў не дайшло. Вечарамі, асцерагаючыся людскога вока, мы з Грышам іншы раз заходзілі ў Петрусёву хату. Маці, убачыўшы нас, плакала. Мы яе супакойвалі як маглі. Алёша, якому было ўжо трынаццаць гадоў, усё разумеў і трымаўся мужна. Янка і Стася не разумелі нічога і хваліліся, што хутка вернецца з вайны іх татка і прыедзе Пятрусь, які цяпер у дзядзькі купляе хлеб. Па-ранейшаму стаяла ў прамежку паміж сцяной і грубкай плеценая калыска, у якой нерухома ляжала яснавокая Сцёпа, а на печы, згарнуўшыся абаранкам, спала Ліда. Версію аб тым, што Пятрусь пайшоў у суседні раён да дзядзькі купляць хлеб, мы ахвотна падтрымлівалі і па магчымасці пашыралі самі. Ад Петруся вестак не было...

Тое, што зрабіў Пятрусь, для мяне і Грышы Паяльніка значыла вельмі многае. Першы час мы не маглі нават адкрыта глядзець адзін аднаму ў вочы. Пятрусь быў героем, чалавекам з вялікай літары, а мы — нічым. Ён не паглядзеў на сям’ю, на тую небяспеку, якая ёй пагражала, і пайшоў у лес. Мы не пайшлі, не здолелі пайсці. Бывалі хвіліны, калі мы проста абураліся на сваіх бацькоў за тое, што яны жывуць на свеце, думаюць аб розных дробязных справах і зусім не збіраюцца ў лес, у партызаны. Яны звязвалі нам рукі, гэтыя нашы бацькі...

Пасля хвілін узрушэння прыходзіла цвярозасць і разважлівасць. Гаворачы пра Петруся, мы іншы раз нават крытыкавалі яго за гарачы характар і самалюбства.

Цяпер, на адлегласці, якая нас падзяляла, мы, здаецца, бачылі недахопы Петрусёвай натуры. Ён мысліў залішне катэгарычна, не прымаў пад увагу многіх жыццёвых абставін, не ўмеў цярпець. І ўсё-такі ён, Пятрусь Цімашэнка, быў сапраўдным героем, а мы з Грышам Паяльнікам — толькі звычайнымі людзьмі.

У адсутнасць Петруся мы арганізаваліся. У нашу невялікую групку акрамя Грышы Паяльніка і мяне ўвайшло яшчэ трое местачковых хлопцаў, якія разам з намі вучыліся ў школе. З Міколам Забалоцкім ні я, ні Грыша дружбы не рвалі, але і ў групе ён не быў. Міколу правяралі. Наша група ставіла перад сабой сур’ёзныя задачы, і ў ёй не было месца палахліўцам і розным хісткім элементам.

Мы збіралі боепрыпасы, абмяркоўвалі планы наладжвання сувязі з Петрусём, і ў гэты час здарылася няшчасце з сям’ёй Цімашэнкаў. Легенда аб Петрусёвым дзядзьку аказалася ненадзейнай. Яна дайшла да вушэй немцаў, і фашысты ёй не паверылі. Два ці тры разы яны прыходзілі да Цімашэнкаў, патрабавалі звароту Петруся ў мястэчка, пагражалі. Нарэшце Петрусёву сям’ю арыштавалі.

Мабыць, самі фашысты саромеліся таго, што робяць, бо прыехалі арыштоўваць Цімашэнкаў ноччу. На волі яны не пакінулі нікога, нават хворай Сцёпы. У адну з зімовых начэй Цімашэнкаў расстралялі...

 

 

* * *

 

З Петрусём я пабачыўся, бадай што, праз год. Была ранняя восень другога года вайны. Яшчэ шчодра свяціла сонца, у лесе цінькалі бесклапотныя сініцы, магутныя ў сваёй велічы стаялі старыя дубы. У Сталінградзе фашысты рваліся да Волгі, а ў нашым раёне, болей чым за тысячу кіламетраў ад фронту, налічвалася ўжо цэлых дванаццаць вёсак, куды ні немцы, ні паліцэйскія не патыкалі і носа. Гэта былі партызанскія вёскі. Цвёрдая нямецкая ўлада была толькі ў мястэчку. Туды сплылася ўся збынь, выгнаная з партызанскай зоны.

Мы з Грышам Паяльнікам у гэты час былі таксама ў партызанах, толькі не ў тым атрадзе, дзе Пятрусь.

Нашых бацькоў фашысты не расстралялі, бо яны перабраліся ў партызанскую зону. Мікола Забалоцкі ў лес не пайшоў.

Пра Петруся ўжо грымела слава па ўсім раёне. Ён стаў адменным падрыўніком, на яго рахунку было, здаецца, каля дваццаці варожых эшалонаў. Я сустрэўся з Петрусём і, успамінаючы гэтую стрэчу сёння, праз многа год, не магу сказаць, каб яна была вельмі радаснай. Пятрусь выглядаў значна старэй сваіх год, твар яго быў худы, абветраны і нават злосны, калючыя, жорсткія вочы запалі глыбока і пазіралі на свет насцярожана і недаверліва. Мы пагаварылі і разышліся. Пра сям’ю Пятрусь не пытаў, ён усё ведаў.

Другая сустрэча адбылася восенню таго года, у які скончылася вайна. Абодва мы прыехалі ў водпуск з вайсковых часцей. Мы з сябрам схадзілі на могілкі, пастаялі ля жалезнай агароджы, якую паставіў на магіле Петрусёвай сям’і каваль Вавіла. Ён і сам неўзабаве памёр, стары каваль, але ля яго магілы не было яшчэ ніякай агароджы.

Я бачыў: Петрусю цяжка. Ён у гэты дзень быў нейкі мяккі і расслаблены.

— Ведаеш, — сказаў ён ціха. — Вельмі я баяўся сустрэцца з бацькам. Думаў, што скажу яму?.. А цяпер і бацькі няма, астаўся я адзін...

Пра тое, што Петрусёў бацька загінуў на фронце, я ўжо ведаў, але ў мяне не было ніякіх слоў, каб уцешыць сябра. Праўдзівей кажучы, мне належала сказаць Петрусю многа. Сказаць пра тое, што ён паступіў правільна той памятнай восенню сорак першага года. Загінула шасцёра з Петрусёвай сям’і, але хто палічыць, у сэрцах колькіх людзей гэтая смерць абудзіла ненасытную прагу помсты ворагу... Адно наша мястэчка дало бадай цэлую партызанскую роту. Але ў мяне не павярнуўся язык вымавіць гэтыя словы.

Пятрусь прабыў у родным мястэчку толькі адзін дзень. Вечарам ён паехаў назад, у вайсковую часць. Трэба было жыць, берагчы сваю краіну, змагацца.

 

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 55-88
Крыніца: скан