epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Мост

І
ІІ
ІІІ


І

Пяхотнае вучылішча эвакуіравалі на шосты дзень вайны. У Оршы, на забітай вагонамі станцыі, эшалон без руху прастаяў тры дні.

За гэты час на станцыю некалькі разоў наляталі немцы. Яны былі вельмі нахабныя, на агонь зенітак, ружэйна-кулямётную траскатню з нашага боку ўвагі амаль не звярталі, зніжаючыся ледзь не да самых комінаў. Былі добра відаць крыжы з белымі разводамі на крылах і на фюзеляжы, а таксама галовы лётчыкаў ў чорных шлемах.

Траплялі ў цэль немцы слаба. Большасць бомбаў падала на ўзбочыны чыгункі і на пустыры. Было дзіўна бачыць вялізныя, з пластамі вывернутага, не чапанага чалавекам глею варонкі, а побач абсыпаныя зямлёй вагоны, нават не скінутыя выбуховай хваляй з рэек...

На станцыі панаваў беспарадак, мітусня. Дзесяткі эшалонаў з бежанцамі, з заводскім абсталяваннем, з трактарамі і машынамі прасілі дарогі на ўсход. Не хапала паравозаў. У горадзе сям-там дымілі пажары. З паведамленняў, якія некалькі разоў на дзень грымелі з рэпрадуктара, павешанага пры ўваходзе ў памяшканне вакзала, было цяжка зразумець, дзе фронт, але па словах бежанцаў, немцы паспелі захапіць Мінск і Бабруйск. Было трывожна і смутна.

Эшалон вучылішча крануўся, але праз некалькі станцый зноў надоўга стаў. Ноччу было відаць зарыва, якое вісела над Оршай. Курсанты па чарзе хадзілі ў галаўны вагон, насілі рапарты з патрабаваннем неадкладна накіраваць на фронт. Маўклівы сівы падпалкоўнік, начальнік вучылішча, складваў іх не чытаючы ў цынкавую скрынку з-пад патронаў.

У адну з тых начэй здарылася ЧП. Восем курсантаў самавольна зніклі. Назаўтра раніцай у вагон начальніка вучылішча нехта падкінуў пакет, у які быў укладзен калектыўны рапарт васьмярых уцекачоў. Яны пісалі, што іначай зрабіць не могуць і самі ідуць на фронт, бо іх першыя рапарты пакінуты без увагі...

Вучылішча выстраілі на тупіковых пуцях у доўгую шарэнгу, уцекачоў зганьбілі, хоць яны былі выдатнікамі баявой і палітычнай падрыхтоўкі. Начальнік вучылішча хадзіў на станцыю, некуды званіў. У наступную ноч ля вагонаў прыбавілася пастоў...

 

ІІ

У бок Оршы кіраваў эшалон, у якім ехала на фронт кавалерыйская часць. З праёмаў вагонных дзвярэй высоўвалі разумныя морды коні, чуйна стрыглі вушамі. Звінючы вёдрамі, бегалі ўзбоч эшалона кавалерысты. Адкрытая платформа была загружана цюкамі спрасаванага сена, яе ніхто не ахоўваў. Усе васьмёра лёгка ўскочылі на платформу, а калі эшалон крануўся, перасунулі некалькі цюкоў, зрабіўшы сабе надзейнае сховішча.

Платформа, прыспешваючы бег, грукала на стыках. Станцыя, на якой стаяў эшалон вучылішча, асталася ззаду. Курсанты напаўголаса загаварылі.

— Можа, мы зрабілі глупства,— сказаў Валодзя Галубовіч,— але я не каюся. Іначай не магу. І вы, хлопцы, павінны сказаць... Яшчэ не позна. Можна вярнуцца. Каб пасля не было ніякіх нараканняў...

— Я іначай не магу! — сказаў Саша Варанцоў з Разані.

— І я не магу,— хрыпла прамовіў Грыша-грузін.

— І я...

Гэтак жа выказаліся ўсе восем.

— У кавалерыі нам рабіць няма чаго,— пасля працяглага маўчання сказаў Саша з Разані.

— Галоўнае, хлопцы, каб нас не палічылі нямецкімі парашутыстамі. Дакументаў ніякіх. І справак не навядзеш.

— Галоўнае палучыць вінтоўку,— зноў загаварыў Валодзя Галубовіч.— Калі я палучу яе, то буду страляць. Буду добра цэліцца. Пакуль мяне не заб’юць.

Эшалон з ходу праскочыў наступную станцыю.

Хлопцы пачувалі сябе трывожна. І, можа, ад трывогі ў самым небяспечным месцы — пры пад’ездзе да Оршы — яны адзін за другім паснулі і ўвесь той час, калі эшалон грукаў па рэйках, моцна і соладка спалі.

Раніцай, як толькі эшалон спыніўся, уцекачоў выкрылі. Іх выратаванню спрыяла тое, што фронт быў блізка. Яны самі не ведалі, што ён так блізка.

Пад канвоем высокага панурага старшыні, які загадваў фуражом, і двух байцоў гаспадарчага ўзвода, якія трымалі карабіны наперавес, іх прывялі да куста, ля якога стаяў немалады маёр, па абліччы кіргіз ці казах.

— Хто такія? — спытаў ён з моцным нярускім вымаўленнем.

— Курсанты ваеннага вучылішча. Наш эшалон разбамбілі,— за ўсіх адказаў Валодзя Галубовіч.

— І гдзе разбамбілі?

— Пад Оршай.

— А куды ехала эшалон, на фронт ці ў тыл?

— У тыл.

— А чаму вы ехалі ў сена?

— Хацелі трапіць на фронт,— прызнаўся Валодзя.

Яны сталі перад крываногім маёрам усе восем — маладыя, стройныя, чарнявыя і русявыя, з адкрытымі хлапечымі тварамі, і ён, мудры чалавек стэпаў, адразу зразумеў, што яны не хлусяць.

— Дурны, зялёны башка! — сказаў маёр.— На вайне таксама ёсць закон. Мог бы быць лейтэнант, вясці людзі ў бой, а будзеш чысціць коням хвост...

Маёр загадаў залічыць курсантаў у гаспадарчы ўзвод.

 

ІІІ

Кавалерыйскі полк з ходу выступаў на фронт. Калі маёр гаварыў пра законы, якія ёсць і на вайне, то ён не хлусіў. У той жа час курсанты бачылі, што вышэйшае ваеннае начальства, накіраваўшы кавалерыю ў гэтае месца, не лічылася з ваеннымі законамі. Вакол лясы, кустоўе, балоты. Кавалерыі разгарнуцца тут цяжка.

Надвор’е між тым сапсавалася. Над лесам павісла шчыльная дажджавая сетка. Дарога, па якой рухаліся эскадроны, вузкая, лясная, і строй адразу парушыўся. Ехалі па лесе доўгім, вузкім ланцугом, чвякала пад конскімі нагамі гразь. Кавалерысты ў накінутых плашч-палатках, з капюшонамі на галаве былі падобны на сярэдневяковых рыцараў.

Мінулі адну лясную вёсачку, другую, трэцюю. Чарнела мокрае дрэва хат. З двароў трывожна глядзелі на коннікаў вясковыя кабеты.

Выбліснуў прагал — лугавіна. Наперадзе пятляла даволі шырокая рэчка, а за ёй зноў сцяна сасновага і лісцвянага лесу. Дарога ў гэтым месцы крута паварочвала ўлева.

Мост цераз рэчку — новы, драўляны, на тоўстых бярвеннях-палях — быў на бальшаку, за паўвярсты ад лясной, прасёлкавай дарогі. Ён добра праглядваўся. Да яго рушылі ар’ергарды разведкі. Для ўсіх астатніх быў прывал.

Курсантам выдалі карабіны, па трыццаць патронаў. Недзе зусім блізка грукала...

Эскадроны праз паўгадзіны рушылі на бальшак, на мост, на другі бераг рэчкі. Службы ОВС, ПФС і боезабеспячэння — уся абозная гаспадарка — пакідаліся на месцы. Ім было загадана падацца глыбей у лес, акапацца.

Курсанты капалі акопы. Яны не бачылі, як пачаў свой бой з немцамі кавалерыйскі полк. А другой палове дня на тым беразе яшчэ мацней, яшчэ бліжэй загрукала. Хлопцы напружвалі слых, стараючыся разгадаць калібры гармат. Аднак нічога разабраць не ўдавалася.

Абозныя коні трывожна стрыглі вушамі. Капала з дрэў. Дымы кухань слаліся па самай зямлі.

Нягледзячы на гарматны гул, у лесе пераклікаліся птушкі. Адлічвала некаму доўгія гады зязюля.

Пад вечар бязладным пошчакам затрашчалі кавалерыйскія СВТ каля самай рэчкі.

Раптам пачалося нешта зусім нечаканае: па насцілу моста, як бы спрабуючы яго моц, павольна пасунуўся танк. Перабраўшыся на гэты бераг, ён рыгнуў агнём — раз, другі, трэці. Снарады рваліся недзе на бальшаку. За першым танкам на мост узабраліся адразу два. Яны таксама стралялі на хаду. На бартах танка былі крыжы з разводамі.

— Немцы!..

Зычны голас каманды кінуў абознікаў у акопы. З-за дрэў узлесся было добра відаць, што рабілася на мосце. Па ім ішлі танкі. Мінуўшы мост, яны зварочвалі з бальшака ў кустоўе. Некаторыя, маскіруючыся, спыняліся проста на лугавіне. Адчыняліся люкі, з машын выскоквалі танкісты.

Курсанты ляжалі ў акопах, наставіўшы ў бок немцаў карабіны. Яны адчувалі свою поўную бездапаможнасць. Здарылася штосьці дзікае: кавалерыйскі полк, больш за тысячу людзей, нібы скрозь зямлю праваліўся. З таго берага не даставілі ніводнага параненага, ніхто не прыязджаў па боепрыпасы, ніхто ні аб чым не папярэдзіў. Ды і як маглі пакінуць немцам неўзарваны мост?

Валодзя Галубовіч ляжаў з пабялелым тварам. Баяўся ўзняць вочы на таварышаў. Ён гарачэй за ўсіх даказваў, што трэба на фронт, трэба браць вінтоўку, страляць і памерці, не сыходзячы з месца. Быў карабін, быў акоп, але страляць не мела ніякага сэнсу. Немцы раздавяць яго, як яечную шкарлупіну. ’

Валодзя адчуваў, што яго ахоплівае безнадзейны, адчайна-панылы настрой, за якім, мабыць, пачынаецца або поўная безуважлівасць, або паніка. Згушчаўся змрок. Дождж перастаў, але неба па-ранейшаму было зацягнута воблакамі. Ля моста трашчалі матацыклы і запальваліся агні. Вогнішчаў было шмат. Немцы як бы наўмысна паказвалі, што яны нічога не баяцца. Ад рэчкі даносіўся вясёлы рогат. Мабыць, нягледзячы на цемень, салдаты купаліся.

Ціха заржаў конь і адразу ж перастаў. Мабыць, яму на морду накінулі торбу. А далей ні зыку, ні шораху. Тут, у лесе, панавала поўная стоенасць.

Валодзю душылі слёзы. Было проста немагчыма ляжаць, глядзець на нямецкія агні, адчуваючы поўнае бяссілле. Такое пачуццё ён ужо спазнаў у Оршы ў час бамбёжак. Але цяпер яно было вастрэйшае, бо тады віну за мітусню, паніку, неразбярыху яны, курсанты, ускладалі на кагосьці другога, а цяпер мусяць адказваць самі. Яны таму і кінуліся насустрач агню, вайне, бо нельга было далей трываць, бачыць бездапаможных бежанцаў, слухаць пра адступленне, лавіць на сабе пагардлівыя позіркі. Тады ў эшалоне Валодзю здавалася, што ўсе, хто носіць вайсковую форму, адчуваюць востры, няўтольны сорам.

Ад ракі рассцілаўся па лугавіне туман. Вогнішчы ля моста бляднелі. Але зыкаў, якія несліся адтуль, стала яшчэ больш. Чуўся смех, выбухі рогату, песні. Нехта іграў на акардэоне. Іграў хораша, суладна. Ад усяго гэтага хацелася выць...

Ля акопаў зашасталі цені. Хтосьці прысеў перад брустверам Валодзевага акопчыка. Сунуў курсанту ў рукі дзве бутэлькі.

— Гаручая вадкасць. Бензін з фосфарам. Супраць танкаў,— пачуў ён голас старшыны, які раніцай іх арыштоўваў.

Старшына матлянуўся далей. Валодзя ўзважыў у руцэ бутэлькі. Звычайная паўлітроўка. Закаркавана сургучом, нібы віно. Ён падумаў аб тым, што такія бутэлькі былі, мабыць, і ў кавалерыстаў, але дапамаглі ім мала.

Марудна цягнуліся хвіліны. Ніякай каманды не было. Шыняля Валодзя, як і яго таварышы, не захапіў. Ён мёрз, час да часу пацепваў плячамі, але, прыхінуўшыся да сценкі акопа, патрошку драмаў. Побач былі акопы астатніх курсантаў, але ніхто з іх да Валодзі не падышоў, не азваўся. Яму таксама ні да кога не хацелася ісці.

У поўнач ён прахапіўся ад нейкага руху. Адубянелае, знямелае цела білі дрыжыкі. Агні ля моста ледзь мільганулі, а смеху і выгукаў зусім не было чуваць. Затое тут у лесе быў незвычайны рух, даносіўся конскі тупат, прыглушаныя выгукі. Валодзя прыгледзеўся і ледзь не крыкнуў ад радасці: з-за рэчкі, з туману групамі вынырвалі цёмныя постаці коннікаў. Іх было многа. Парыпвалі сёдлы, ледзь чутна пабразгвалі цуглі, у змораных коней екаталі селязёнкі.

Коннікі, дасягнуўшы лесу, спешваліся, вялі коней пад вуздэчкі. А новыя постаці ўсё вынырвалі з туману...

Праз паўгадзіны байцоў, што ляжалі ў акопах, пастроілі ў шарэнгу. Падышоў маёр. У бурцы з шырачэзнымі плячамі, ён быў падобен на начнога гнома. Маёр сказаў, што трэба спаліць мост, і пажар на мосце будзе сігналам для атакі на танкі. Маёр выклікаў добраахвотнікаў. Паставіў умову: тыя, хто ішоў на дыверсію, мусілі ўмець плаваць.

— Я,— выйшаў са строю Валодзя Галубовіч.

— Я,— пачуўся голас Сашы-разанца.

— Я,— азваўся Грыша-грузін.

Курсанты вызваліся на дыверсію ўсе. Столькі ж ці болей выйшла кавалерыстаў. Аднак маёр адабраў першых васьмярых: чатырох курсантаў і чатырох абознікаў. Старшым прызначыў знаёмага курсантам старшыну. Яго прозвішча было Хаменка.

Старшына павёў групу да рэчкі. Перабраліся цераз яе з поспехам: была не такая шырокая, як здалося спачатку, і палавіну адлегласці не плылі, а ішлі ўброд. Мокрыя, стараючыся сагрэцца, подбегам за лічаныя хвіліны падабраліся ледзь не да самага бальшака. Заляглі ў кустах.

Хаменка папоўз у разведку.

Вярнуўся ён не вельмі хутка. Трывожна цягнуліся хвіліны. Хаменка падпоўз і натужна засіпеў:

— Нашы спалілі пяць танкаў, а мы спалім мост. Немцы спяць. На мосце два вартавыя. Аднаго я бяру на сябе. Другі, з таго боку, няхай стаіць. Бяжыце па мосце да сярэдзіны і кідайце бутэлькі. Самі — у рэчку. Як кончу вартавога, закрычу савой...

Хаменка зноў рушыў да моста. І адразу ж у начной цемры пранізліва кігікнула сава.

Абдзіраючы рукі і твар аб кусты, Валодзя выскачыў на насып, кінуўся да моста. За ім, цяжка дыхаючы, бег Саша-разанец, тухкалі мокрымі ботамі астатнія. На імгненне ў Валодзевай свядомасці мільганула, што толькі ўчора яны, курсанты, ехалі між цюкоў з сенам, хваляваліся і зусім не ведалі, што з імі будзе...

Два вялізныя асляпляльныя слупы агню адзін за адным выбухнулі амаль на процілеглым краі моста. Кінуў бутэлькі Хаменка. У гэты міг Валодзя ўбачыў купкі нямецкіх палатак на лугавіне і тры ці чатыры танкі з жэрламі гармат, звернутымі на ўсход. Адну за другой туды, бліжэй да полымя, шпурлянуў бутэлькі Валодзя і амаль адначасова з ім астатнія. Полымя было страшэннае. Нават ад адной бутэлькі яно шугала бадай не на вышыню тэлеграфнага слупа...

Кідаючыся праз парэнчы моста ў рэчку, Валодзя ўбачыў ярка асветленую лугавіну і чорную хмару коннікаў, якая ляцела на танкі...

Выбраўся з вады ён не хутка, плыў супраць сячэння, і, калі ступіў на бераг, усё было скончана. Падпаленыя звычайнымі бутэлькамі гаручай сумесі, нібы вялізныя стагі сена, палалі нямецкія танкі...

Гэтую гісторыю я пачуў у вагоне хуткага цягніка «Беларусь», які вёз нас з Мінска ў Маскву. Яе расказваў цывільны чалавек гадоў пад пяцьдзесят, калі мы якраз пад’язджалі да Оршы.

Цягнік «Беларусь» — добры і выгадны. Садзішся вечарам у Мінску, а раніцай — у Маскве.

Пасля апавядання майго спадарожніка я міжволі падумаў аб тым, што немцы ў сорак першым ехалі гэтай дарогай да Масквы ўсё лета і восень. На машынах, танках. Але так і не даехалі.

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 494-501
Крыніца: скан