epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

На пераломе жалеза і песень...

Сямідзесяцігоддзе Максіма Танка супала з святкаваннем стогадовых юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Вечары, канферэнцыі, урачыстыя сходы, прысвечаныя памяці класікаў беларускай літаратуры, не засланілі аднак юбілея Максіма Танка. Бо ён таксама выдатная з’ява беларускай літаратуры, калі можна сказаць так, жывы класік.

Максім Танк прыйшоў у літаратуру, калі валадары беларускага Парнаса былі ў росквіце творчых сіл. Для маладога паэта яны былі настаўнікамі, ён вучыўся ў іх, засвойваў іх урокі, і можна нават сказаць, што Максім Танк, як і другія нашы найбольш выдатныя паэты, з рук Купалы і Коласа пераняў творчую эстафету, панёс яе далей, пракладваючы ў новых гістарычных умовах прынцыпова новыя шляхі і пуцявіны развіцця мастацкага беларускага слова.

Пяцьдзесят год назад раздаўся бадзёры і звонкі голас Максіма Танка, калі пад гэтым прозвішчам 7 красавіка 1932 года легальна выдадзеная ў Львове заходнебеларускімі камуністамі газета-аднадзёнка «Беларускае жыццё» надрукавала яго верш «Заштрайкавалі гіганты-каміны».

Максім Танк прыйшоў у беларускую літаратуру як паэт рэвалюцыі, як найбольш таленавіты і яркі выразнік ідэалаў барацьбы працоўных мас былой Заходняй Беларусі за сваё сацыяльнае і нацыянальнае разняволенне з-пад ярма пілсудчыны. Рэвалюцыянер-прафесіянал, вязень польскіх турмаў, які стаў лірычным героем многіх давераснёўскіх вершаў Максіма Танка, быў у пэўнай меры двайніком паэта, бо сам паэт быў камсамольскім і партыйным работнікам, па заданню Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі выконваў прапагандысцкія і іншыя даручэнні, за сваю падпольную рэвалюцыйную дзейнасць сядзеў у панскіх турмах.

Ужо ранняя лірыка Танка, у якой нібы адбіваецца водблеск рэвалюцыйнага пажару, які ахапіў «крэсы ўсходнія», вельмі чалавечныя па зместу. Задуменная, па-філасофску разважлівая, у вытоках сваіх блізкая да народнай песні і казкі, лірыка гэтая пераконвае нас, што нават ва ўмовах барыкаднай барацьбы, у класавых паядынках, якія канчаюцца турмамі, шыбеніцамі, этапнымі дарогамі для тых, каму прыйшлося жыць «на пераломе жалеза і песень», няма ананімнага безаблічнага чалавека, а ёсць чалавек жывы, індывідуальны з непаўторным светам пачуццяў, імкненняў, жаданняў. Чалавек гэты цвёрды, як крэмень, як маналіт, калі гаварыць аб яго палітычных перакананнях, аб якасцях барацьбіта за ідэю, і ў той жа час — гэта багатая, шырокая натура, у якой знаходзіць водгук прыгажосць навакольнага свету, радасць яднання з прыродай, ён умее глыбока, шчыра кахаць, самаахвярны ў дружбе, разумее чужую бяду, адным словам, нішто чалавечае для яго не чужое. (Вершы «Да дня», «Спатканне», «Песня кулікоў» і г. д.)

Да памятнага верасня тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятага года, калі беларускі народ уз’яднаўся ў адзінай савецкай рэспубліцы, Максім Танк працаваў па той бок мяжы, ва ўмовах буржуазнай рэчаіснасці. Але духоўны свет героя ягонай паэзіі, па сутнасці, не адрозніваецца ад светаразумення, светаадчування той новай асобы, якую паказвала савецкая літаратура. Гэта таму, што нараджалася гэта паэзія пад чырвонымі сцягамі рэвалюцыйнай барацьбы і натхнялася сацыялістычнымі ідэаламі.

Паэзія Максіма Танка арганічна ўвайшла ў савецкую літаратуру. Яна мужнела, набіралася моцы на цяжкіх, пакутлівых дарогах Айчыннай вайны, у буднях пасляваеннага аднаўлення, няўхільна пашыраючы, паглыбляючы свае грамадзянскія, чалавечыя абсягі. Этапамі не толькі творчай біяграфіі Максіма Танка, а развіцця, станаўлення ўсёй беларускай паэзіі сталі шырока вядомыя зборнікі «Каб ведалі», «На камні, жалезе і золаце», «След бліскавіцы», «Мой хлеб надзённы», «Глыток вады», «Ключ жураўліны», «Дарога, закалыханая жытам», «Прайсці праз вернасць». Светаразуменне героя паэзіі Танка грунтуецца на глыбокай арганічнай перакананасці ў вызваленчую місію сацыялізма і камунізма, у тое, што шчасце кожнага асобна ўзятага чалавека, магчыма, толькі на шляхах сацыяльнага, грамадскага пераўтварэння жыцця; вызначальная станоўчая якасць героя — самаахвярнае служэнне рэвалюцыйнаму ідэалу, дабру, чалавечнасці, прыгажосці.

Грамадзянскасць, партыйнасць паэзіі Максіма Танка шчасліва спалучаецца з непаддзельнай народнасцю, тонкім лірызмам, добрым гумарам, усмешкай. Максім Танк — паэт шырокага дыяпазону. Яго паэзія прасякнута духам сапраўднага інтэрнацыяналізму, многія вершы нараджаліся на дарогах вандровак, падарожжаў паэта па краінах свету, і ў той жа час гэтыя вершы арганічна нацыянальныя, беларускія. Паэзія Максіма Танка можа быць па-бунтарску баявой, бескампраміснай, і адначасна іранічнай і па-сялянску лагоднай, і незласлівай; яна ўмее плакаць і смяяцца, падымацца ў надвоблачныя рамантычныя высі і спускацца, на добра калі знаёмую, родную зямлю.

У наш тэхнічны, касмічны век танкаўская паэзія чуйна ставіцца да народнай песні, казкі, нават да паглыбленай у мінулыя вякі спадчыны народнай самасвядомасці, занатаванай у старажытных павер’ях, міфах. Дух «предания» мае немалаважнае значэнне для кожнага значнага паэта, і паэзія Танка гэта пераканаўча даказвае, нібы пазычаючы ў казкі, міфа іх дзіцячую непасрэднасць, наіўнасць, тую асаблівасць мыслення, калі свет паўстае ў незвычайным, дзівосным спляценні рэчаў, фарбаў, сувязей. У Максіма Танка журавы, якія ляцяць у вырай, могуць пакляваць на небе зоркі, і таму зробіцца навокал цёмна, журавель і чапля бясконца брыдуць адзін да другога сватацца, ніяк не могучы прыйсці да згоды, размаўляюць у ягоных вершах між сабой не толькі дрэвы, расліны, птушкі, звяры, а нават каменні, абымшэлыя пні. Усе гэтыя вобразы, метафары, тропы арганічна ўпісваюцца ў сучаснае паэтычнае мысленне.

Паэзія Максіма Танка наогул вельмі чуйная да праяў сучаснага жыцця, эстэтычных пошукаў савецкай і ўсёй сусветнай паэзіі. Паэт не перастае здзіўляць, радаваць новымі смелымі паэтычнымі пошукамі, формамі, рытмамі, бліскуча даказваючы, што верш іншы раз можа абысціся нават без рыфмы, калі ў ім закладзена глыбокая вобразная думка.

Распрацоўцы разнастайных паэтычных форм верша ў свой час аддаваў вялікую ўвагу Максім Багдановіч, нібы прымерваючы да іх беларускае слова, і мы ведаем, наколькі ўзбагацілася ад гэтага наша паэзія. Цяпер падобную работу робіць Максім Танк.

Пра што б ні пісаў Максім Танк, якія б тэмы не кранаў, у яго творах нязменна гучыць любоў да роднай зямлі, павага да чалавека працы, вера ў пераможнае камуністычнае абнаўленне свету.

Кожная, самая развітая паэзія, можа ганарыцца такімі паэтамі, як Максім Танк. Наша зямля, наш народ, наша партыя далі паэту імпэт для тварэння, палёту, і ён — выхадзец з-пад саламянай сялянскай страхі, інтэлігент у першым пакаленні — здолеў узняцца да вяршынь, якія з’яўляюцца ўзорамі савецкай і сусветнай паэзіі.

Багатая рамантычнымі формамі, вобразамі, лірыка Максіма Танка здзіўляе сваім ідэйным адзінствам.

Лірычны герой ягонай паэзіі характарызуецца вельмі ўстойлівымі псіхалагічнымі, духоўнымі якасцямі. Ён як бы даў клятву на вернасць партыі, рэвалюцыі, радзіме і вернасць сваім ідэалам пранёс праз усё жыццё. Светаразуменне гэтага героя грунтуецца на глыбокай перакананасці ў вызваленчую місію сацыялізма і камунізма, у тое, што шчасце кожнага асобна ўзятага чалавека магчыма толькі на шляхах сацыяльнага пераўтварэння, абнаўлення жыцця.

Гэты герой думкамі, імкненнямі прылучаны да ўсіх трывог планеты, якія праходзяць праз яго ўласнае сэрца. Душа яго шырокая, шматгранная, у ёй знаходзіць водгук прыгажосць навакольнага свету, радасць еднасці з прыродай, ён умее глыбока, шчыра кахаць, самаахвярны ў дружбе, разумее чужую бяду. Высакародную мерку чалавечнасці, як бы прыкладае ён да самых разнастайных праяў жыцця. А найбольш уважлівы герой-змаганнік да таго, як шырыцца на планеце справа рэвалюцыі, вызвалення чалавека з-пад ярма прыгнёту, знявагі, дыскрымінацыі. Верш паэта то грацыёзны, музыкальна адшліфаваны, як напрыклад «Матыль», «Ave Maria», то ў імкненні да дакладнасці, «прадметнасці» перадачы праяў жыцця напаўняюцца празаічнымі, каструбаватымі, на першы погляд, радкамі і інтанацыямі, як гэта мае месца ў паэмах «Журавіны цвет», «Кастусь Каліноўскі», «Нарач», шматлікіх вершах. Што б ні пісаў Максім Танк, якія б тэмы ні кранаў, у яго творах нязменна гучыць любоў да роднай зямлі, павага да чалавека працы, вера ў камуністычнае абнаўленне свету.

Як паэт Максім Танк займае ў беларускай літаратуры адметнае месца. Ён, калі не ўлічваць ранніх, іншы раз яшчэ вучнёўскіх вершаў, настолькі непадобны да другіх нашых паэтаў, нават класікаў, што з гэтага прыходзіцца здзіўляцца.

Так, яшчэ ў пару паэтычнай маладосці Максім Танк шукаў адмысловых слоў, рытмаў, вобразаў, каб перадаць сваё бачанне, адчуванне імклівага, напоўненага рэвалюцыйнымі пераменамі, выбухамі жыцця, акрэсліць сталыя дабрачыннасці, арыенціры дабра і прыгажосці.

Вядома, на Танка ўплывалі польскія паэты-авангардысты, Маякоўскі, Колас і Купала, беларуская песня і казка. Але ўсё гэта складзенае разам яшчэ не дае таго арганічнага, непаўторнага сплаву, якім з’яўляецца танкаўская паэзія. Свой паэтычны стыль Максім Танк знаходзіў і выкоўваў сам.

Мне здаецца, што адметнай асаблівасцю гэтага стылю з’яўляецца, калі можна сказаць так, некаторая парадаксальнасць мыслення. За лірычным героем Максіма Танка даволі часта бачыцца чалавек, які нібы прыйшоў у наш напоўнены грукатам, імклівым рухам, плынню супярэчлівай інфармацыі, навуковых тэхнічных адкрыццяў век з цішыні лясоў, прастору палёў; чалавек з «первозданными», наіўнымі ўяўленнямі пра акаляючы свет. Чалавек гэты як бы зусім не ведае, што малекула вады складаецца з двух атамаў вадароду і аднаго — кіслароду, але затое ён дасканала чуе спеў ручая, можа скласці сотню песень, прыслухоўваючыся да плёскату нарачанскіх хваль, прыглядаючыся да іх дзіўнага, зменлівага малюнку.

Так, у пэўнай меры танкаўскаму герою ўласціва міфалагічнае мысленне, спосаб бачання, адчуванне жыцця, які характарызаваў нашага далёкага продка. Свет для гэтага чалавека быў дзіўнай, зачараванай істотай, містэрыяй. Дык вось паэт як бы сутыкае тое далёкае, міфалагічнае ці напаўміфалагічнае мысленне з нашым сённяшнім, і з гэтага вынікае выдатны паэтычны эфект.

 

Пахнуць пераспелыя суніцы,

Чую подых кожнага лістка,

Чую, як духмяная ігліца

Ападае з голляў сасняка.

 

Чую, як міжзорныя ракеты

Пралятаюць недзе нада мной...

Можа, мы — апошнія паэты,

Што вось так цікавяцца зямлёй.

 

Ціха свішчуць крылы позняй слонкі

Лесавік падпальвае карчы,

З камарынай талакою звонкай

Салаўі спрачаюцца ўначы.

                («Дарогай з сенажаці»)

 

Паэзія Максіма Танка збірае дары з усяго свету. Яна сучасная ў самым непасрэдным значэнні слова. У той жа час яна як бы абвеяна подыхам сівых, далёкіх часоў, калі тварыліся міфы, казкі, легенды, калі наш далёкі продак глядзеў на раку, камень, лес як на жывёл, добрыя або небяспечныя для яго істоты.

У гэтым сэнсе дары, якія нясе паэту родная Пількаўшчына, пачутыя ў дзяцінстве песні, казкі, сходжаныя ў юнацтве сцежкі і дарогі значаць для ягонай лірыкі не меней, а можа, нават болей, чым убачанае, зведанае ў шматлікіх вандроўках па свеце.

1982


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 228-233
Крыніца: скан