epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

На подступах да рабочай тэмы

У «Новай зямлі» Якуба Коласа ёсць эпізадычны, але запамінальны вобраз Доніса Дракі, вакзальнага стоража ў Стоўбцах. Пра гэтага чалавека ўспамінае дзядзька Антось, калі збіраецца ў Вільню, у зямельны банк. Як мы памятаем, героі коласаўскай паэмы, апынуўшыся па волі няўдзячнага сялянскага лёсу ў становішчы панскіх службоўцаў, праз усё жыццё праносяць мару ўзбіцца на зямлю і дзякуючы ёй стаць вольнымі і незалежнымі. Мэце гэтай — «купіць зямлю, прыдбаць свой кут» — падпарадкаваны ўсе іх душэўныя сілы, іх будзённыя і святочныя сяганні, іх, калі можна сказаць так, жыццёвая тактыка і стратэгія.

А тым часам Доніс Драка як сацыяльны тып — штосьці супрацьлеглае Міхалу і Антосю. Ён адыходнік, уладкаваўся на службу на чыгунцы і, відаць па ўсім, пра зварот на зямлю нават думкі не дапускае. Яму добра на ягонай службе, ён не ўспамінае пра зямлю, і гэта дае падставу дзядзьку Антосю іранічна глядзець на нядаўняга сябра. Прывядзём цытату з паэмы, якая ў гумарыстычным святле паказвае побыт Доніса Дракі, чалавека, што запісаўся ў службовае несялянскае саслоўе:

 

У дзядзькі ў Стоўбцах быў дружака,

Вакзальны стораж, Доніс Драка;

Ён машыністаў знаў каротка,

Кандуктарчыха — яго цётка,

А з качагарам жыў, як з братам,

І быў канторшчык яго сватам;

З тэлеграфістамі ён знаўся,

А з дзядзькам летась сябраваўся,

Падумаць толькі — чуць не шышка!

І з аднаго яны кілішка

У цёткі Гені выпівалі

І разам восі яны кралі.

 

Чым выславілася цётка Геня, якія восі прыйшлося незаконным шляхам здабываць дзядзьку Антосю і яго нядаўняму дружбаку, мы не ведаем, але Доніс Драка нават з тых нямногіх радкоў, якія прысвечаны яго асобе, паўстае абыходлівым, добрасардэчным, шчырым чалавекам. Успомнім — дзядзька Антось хоча «зайцам» праехаць на цягніку, і Доніс ахвотна яму ў гэтым памагае. Вось ён, гэты службовец, які «газы пах нясе з сабою», з першай хвіліны разгадвае дзядзькавы намеры, не паскупіўшыся, частуе яго півам і зноў жа без ніякага ліхвярства садзіць Антося ў будку да машыніста. І Антось «на паравозе без білета чхаў да Баранавіч дасвета».

Адкуль жа, дзе, у чым у такім разе вытокі Антосевай іроніі ў дачыненні да Доніса Дракі? Тут якраз і вынікае цікавая акалічнасць. Як чалавека «вакзальнага стоража» дзядзька Антось адчувае вельмі добра, між імі не ўзнікае ніякіх перашкод ва ўзаемаразуменні. Іншая справа, што Антосю, хлебаробу, патомнаму селяніну, які прывык жыць сам-насам з прыродай, полем, лесам, незразумелае і, можна нават сказаць, чужое асяроддзе, у якое трапіў Доніс Драка. Яно здаецца яму непрыгожым, неэстэтычным, калі будзе дазволена выкарыстаць такія тэрміны ў адносінах да адчуванняў простага, не надта пісьменнага селяніна.

Не будзем забываць, што падзеі, апісаныя ў «Новай зямлі», адносяцца да канца XIX стагоддзя і, скажам, Стоўбцы ў той час былі не такім ужо буйным індустрыяльным цэнтрам. Але вось як бачыць станцыю дзядзька Антось:

 

Ўсё там кіпіць, бы ў час разрухі,

Снуюць служачыя, як мухі,

Гудуць, шумяць, бы ў вуллі пчолы,

І ходзяць шумна балаголы,

Каменяцёсы з малаткамі,

Гандляркі бегаюць з кашамі,

У ліхтарах агні трапечуць!

А гандляры крычаць, шчабечуць

І б’юць у грудзі кулакамі...

 

Вось гэтыя тлум, мітусня, «раявы» спосаб чалавечага жыцця не даспадобы дзядзьку Антосю, дзе б ён на яго ні натрапіў — ці то на вакзале ў Стоўбцах («У гэты момант лютым змеем ляціць кур’ерскі. Задрыжалі ўсе шыбы ў вокнах на вакзале, і ўвесь народ ураз мятнуўся, і дзядзька наш не аглянуўся, як і яго людская хваля нясла, бы шчэпку ў перавале»), ці прыехаўшы ў значна большую па абсягах і размаху гарадскога жыцця Вільню («Такое пекла — шум страшэнны, застой паветра і дух дрэнны; народ таўчэцца каля конкі, па бруку б’юць падковы звонка, грымяць павозкі, буды, колы, аж проста глушаць балаголы — і гэта процьма ўсякіх зыкаў злілася ў гул адзін вялікі, дзе з непрывычкі вуху цяжка, дзе б’юць па сэрцы яны важка»).

Хоць і празмернае цытаванне, але без яго напачатку не абысціся: наперадзе гаворка пра мастацкае асваенне сучаснай беларускай літаратурай тэмы горада, рабочага класа, навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, і таму неабходна кінуць хоць кароткі позірк на тое, як складвалася падобная традыцыя ў нашай літаратуры.

Беларуская літаратура XIX і пачатку ХХ стагоддзя ні ў якой меры не ідэалізавала вёску, не стварала ідылій аб шчаслівым бытаванні сялян на ўлонні прыроды. Якраз наадварот: сялянскае жыццё яна паказвала ў шэрых, цёмных фарбах, падчас настолькі згушчаных, што ў гэтым жыцці не відаць было ніякай прасветліны; пратэст, рэвалюцыйны заклік да рашучай ломкі саміх асноў несправядлівага грамадскага ладу быў лейтматывам беларускай літаратуры, якая доўгі час глядзела на свет вачамі занядбанага, прыгнечанага селяніна, што з-за сваёй сацыяльнай бяды нічога прывабнага ў навакольным свеце не заўважаў.

У апошняй чвэрці мінулага стагоддзя і ў пачатку нашага Беларусь трапляе, калі мераць тагачаснымі маштабамі, у паласу даволі імклівага прамысловага будаўніцтва: пасля адмены прыгону тут, як і ў іншых частках Расіі, шпаркімі тэмпамі развіваецца капіталізм. Дастаткова сказаць, што большасць чыгунак, якія з усходу на захад і з поўначы на поўдзень даволі густа перасякаюць тэрыторыю рэспублікі, была пабудавана менавіта тады.

Чыгуначнікі, падобна Донісу Драку з «Новай зямлі», вербаваліся з навакольнага сялянства, яны былі значнай часткай тагачаснага пралетарыяту і ў часіны рэвалюцыйнага ўздыму паводзілі сябе адпаведным чынам. Варта ўспомніць у гэтай сувязі маляўнічую карціну з другой кнігі коласаўскай трылогіі, у якой выразна адчуваецца водгалас Усерасійскай стачкі, што дакаціўся і да такога «мядзведжага» кутка, якім было дарэвалюцыйнае Палессе. Дакаціўся перш за ўсё дзякуючы чыгунцы, гораду, выклікаў адпаведны рэзананс у вёсцы Выганы, дзе сяляне, навучаныя рэвалюцыйна настроеным настаўнікам Лабановічам, пішуць петыцыю памешчыку Скірмунту, патрабуючы большых зямельных правоў.

Беларуская літаратура, якая ў канцы мінулага і пачатку новага стагоддзя завяршала шлях нацыянальнага станаўлення, не абмінула ўвагай працэс нараджэння новых адносін паміж горадам і вёскай, рэвалюцыянізуючую ролю горада, хоць, з другога боку, падобныя матывы не набылі ў ёй значнага пашырэння. На гэта былі свае прычыны.

Але, так ці інакш, тое новае, што прыходзіла ў жыццё, прыходзіла, зрэшты, і ў літаратуру. Ужо ў Багушэвіча мужык «усю зіму возам цягне да вакзалу розна збожжа», мужычай працай «горы паразрыты, а чыгункай свет абвіты».

Янка Лучына, інжынер-чыгуначнік па прафесіі, свае сацыяльныя ідэалы звязвае не толькі з перамогай народаўладдзя, але і з пераможным шэсцем навукі і тэхнікі:

 

Свет ідзе к прагрэсу, чыніць дзіў за дзівам,

Пад вурчанне фабрык, візг лакаматываў,

Свет ганцом абойдзе телеграф у хвілю,

Электрычнасць з сонцам пазмагацца ў сіле,—

І прадбачыць цяжка, куды нас загоніць

Моц навук, падпёртых мазалём далоні!

 

У сваёй эпічнай паэме «Стары ляснік», адкуль узяты прыведзеныя радкі, паэт дае «права голасу» і іншым героям, у прыватнасці, прыводзіць па-сялянску трапны маналог палешука Грышкі:

 

Толькі каб маланкай пярун па іх ляснуў —

Па парадках панскіх, па хвалёным ладзе!

Чуў, чыгунку будуць весці ў Чорным Лядзе,—

Ну і лясне пушча! Гандляроў наедзе,

Нажывуцца мышы, аб’ядуць — не згледзіш!

 

Развядуць шальмоўства, нібы псы аблазяць

Ад Цяпроў ад нашых да Возера-Князя.

З паграбішчаў пойдзе каляя на Муты,

А з ёй пойдзе вызыск, здзірства, пот і путы.

                                                                            (Пераклад з польскай мовы М. Клімковіча)

 

Стары ляснік Грышка баіцца чыгункі, бачыць у ёй узмацненне панскай улады. Яго вуснамі гаворыць адсталая патрыярхальная вёска. Гэта, бадай, адзіны ў дарэвалюцыйнай беларускай літаратуры мастацкі матыў прамога, несхаванага непрыняцця прамысловага развіцця краю. А ў цэлым дарэвалюцыйная беларуская літаратура, сялянская па тэматыцы, па светаадчуванні, не выказала варожасці да тэхнічнага прагрэсу, развіцця гарадоў, прамысловасці і з гэтага даводзіцца толькі здзіўляцца. Славянафільскія ідэі не знайшлі выразнага ўвасаблення нават у творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча, які адмаўляў капіталістычныя парадкі і, шукаючы апоры сваім ідэалам, іншы раз звяртаўся да мінуўшчыны і патрыярхальшчыны.

У дарэвалюцыйнай паэзіі Купалы, Коласа, Багдановіча мы неаднаразова сустракаемся з матывамі захаплення, схілення перад геніем чалавечага розуму здольнага разгадаць таямніцы прыроды, паставіць магутныя сілы прагрэсу на службу грамадству. Вось радкі з коласаўскага верша «Чыгунка», напісанага ў 1908 годзе:

 

Ў два рады між палёў

Роўна рэйкі ляглі,

Рэжуць нетры лясоў,

Точаць грудзі зямлі.

 

Эх, і быстры ж той гон!

Толькі пыхкае дым,

За вагонам вагон

Мчыцца змеем ліхім.

 

Мчыцца ўночку і ўдзень,

Толькі поле дрыжыць,

Так ні конь, ні алень,

Ні арол не ляціць.

 

Увогуле чыгунцы ў беларускай літаратуры пашанцавала. Можа, таму, што яна пралягала па абсягах усяго краю, зрабілася прыкметным фактарам жыцця некалькіх пакаленняў, яе вобраз даўно замацаваўся ў літаратуры, а калі гаварыць пра адлюстраванне тэмы рабочага класа, то найбольш поўна і выразна паказаны ў нашых кнігах рабочы-чыгуначнік.

«Сялянская» беларуская літаратура яшчэ ў дарэвалюцыйную пару свайго развіцця даволі арганічна ўбірала ў сябе новыя з’явы жыцця, звязаныя з развіццём гарадоў, прамысловасці, з узнікненнем новых прафесій, далёкіх ад спрадвечнага сялянскага занятку. Тут узнікае адна цікавая акалічнасць. Вытокі таго невымернага грамадзянскага смутку, якім прасякнуты паэзія Багушэвіча, дарэвалюцыйная лірыка Купалы, Коласа, вынікаюць з разумення выдатнымі беларускімі паэтамі антыгуманных, нечалавечых умоў жыцця, у якія была пастаўлена вёска. Сацыяльная бяспраўнасць, праца да знямогі, напаўгалоднае існаванне ў пахілай хаціне, дзе пануюць цемра, забітасць, адсталасць, бескультур’е,— вось сялянскія нягоды, з якімі не могуць змірыцца паэты. Цяпер на хвіліну задумаемся: а дзе, уласна кажучы, гэтыя «мужычыя прарокі», якія самі выйшлі з-пад саламянай страхі, маглі бачыць лепшае жыццё, каб з такой мастацкай сілай і непрымірымасцю адмаўляць векавечнае вясковае зло?

У горадзе, вядома. Так, у горадзе, бо, перш чым стаць паэтамі, выразнікамі інтарэсаў галоднай, халоднай вёскі, Багушэвіч, Купала, Колас добра-такі павандравалі па розных жыццёвых дарогах, атрымалі пэўную адукацыю, сталі шырэй глядзець на свет. Яны не маглі ідэалізаваць побыт гарадскога пралетарыя, які жыў можа, нават горш за селяніна, але тое, што святло прагрэсу ідзе з горада, адчувалі добра.

Вось што гаворыць тыповы сялянскі інтэлігент Лабановіч, адказваючы палешуку-фурману на яго сумную заўвагу, што апошнім часам «і лес нішчыцца, і звер зводзіцца»: «Так, дзядзька Сцяпан, жыццё не стаіць на месцы, і ўсё на свеце змяняецца. Вось у вас чыгунку правялі, заработкаў прыбавілася, гандаль шпарчэй пайшоў, новыя людзі з’явіліся. Яшчэ тры гады таму назад у вас і школкі не было, цяпер пабудавалі школу, вашы дзеці вучыцца будуць, граматнымі стануць, будуць кнігі, часопісы чытаць, навучацца, як лепей каля зямлі хадзіць, каб карысці з яе болей было, бо ўсё ж паляпшэнне ў жыцці ад навукі ідзе...»

«Новыя людзі» — настаўнік, каморнік, фельчар — сталі героямі ўжо дарэвалюцыйных беларускіх твораў. І колькі знаходзім мы горычы ў Коласа, Бядулі, Максіма Гарэцкага дый у іншых пісьменнікаў, якія шчыра смуткуюць, што многія з гэтых «новых людзей», якія выйшлі з сялянскага асяроддзя, ад селяніна адварочваюцца, дбаюць выключна пра ўласны дабрабыт, папаўняючы шэрагі мяшчан і абывацеляў.

Магчыма, пагарда да мяшчанскага свету з яго закаснелым побытам, абмежаванымі духоўнымі інтарэсамі, запатрабаваннямі паслужыла для Коласа вытокам той ледзь улоўнай іроніі, што амаль нязменна суправаджае яго «местачковыя» малюнкі або карціны жыцця гарадскога прадмесця.

Нярэдка героі Коласа, Гарэцкага, Бядулі, трапіўшы ў дарэвалюцыйны горад, адчуваюць сябе ў ім, нібы ў «каменным мяшку», ім тут нязвычна, цесна, няўтульна. Варта ў гэтай сувязі ўспомніць прыгоды дзядзькі Антося ў Вільні. Але той жа Антось, узабраўшыся на Замкавую гару, аддае належнае прыгожай, разумнай забудове горада, любуецца ёю:

 

Агромны горад, цесна збіты,

Ўвесь блескам сонейка заліты,

Займаў узгоркі і нізіны;

Дамы стаялі, як віціны,

То ўдоўж, то ўпоперак радамі,

То закрываліся садамі...

 

Паспрабуем разабрацца, чаму дзядзька Антось (як і іншыя «сялянскія» героі беларускіх пісьменнікаў) адчувае сябе чужым у шматлюдным мітуслівым горадзе. Пытанне не такое простае, як на першы погляд здаецца. Ёсць у ім аспекты сацыяльныя, псіхалагічныя, эстэтычныя і г. д.

Селянін, якім паказалі яго нам Купала, Колас, Гарэцкі,— чалавек выключна працавіты і працалюбны. Яго працоўны дзень не вымяраецца гадзінамі, а цягнецца ад цямна да цямна, а зімой і ноч прыхоплівае. На гэтым трымаюцца штодзённы сялянскі побыт, яго старасвецкія, патрыярхальныя асновы, што праглядваюцца на стагоддзі. Не будзем забываць, што цывілізацыя, развіццё прамысловасці мала кранулі нават таго селяніна, які паўстае перад намі ў творы навейшага часу — «Новай зямлі» Коласа. Усё патрэбнае для жыцця селянін вырабляе сам — забяспечвае сябе харчам, прадзе лён і воўну, тчэ палотны і сукны, вырабляе скуры, майструе драўляныя бочкі, дзежкі, міскі, лыжкі і безліч іншых прылад, без якіх у гаспадарцы не абысціся. Купляе хіба толькі жалезныя вырабы, газу, соль і сярнічкі. Няцяжка ўявіць, колькі часу патрэбна, каб не толькі ўправіцца з гаспадаркай — вывезці гной, узараць, засеяць поле, сабраць ураджай, накасіць сена, дагледзець жывёлу,— але яшчэ займацца і гэтай надакучлівай хатняй «індустрыяй». Памочнікаў у селяніна няшмат: конь, плуг, каса, серп, сякера, долата — вось, бадай, і ўся механізацыя.

Шматгранны, разнастайны ў сваіх разгалінаваннях сялянскі побыт нараджаў сапраўдных умельцаў, людзей з залатымі рукамі. Менавіта такім і выступае ў «Новай зямлі» дзядзька Антось — найлепшы, найпаўнейшы мастацкі тып у галерэі сялянскіх вобразаў, створаных беларускай літаратурай. Антось хвіліны не можа пасядзець без працы, яна — першая, святая запаведзь яго жыцця. Ён усё ўмее, да ўсяго можа дайсці, навакольны свет нібы і існуе толькі для таго, каб прыносіць Антосю свае бясконцыя дары. Заўважым: Антось настолькі заняты, што памаліцца не мае часу і «творыць» абеднюю малітву на хаду, вяртаючыся з поля.

Вось гэтая занятасць, пастаянная заклапочанасць справай нараджае своеасаблівы маральны пратэст у адносінах да чалавека, які проста так пахаджвае, нічога ў дадзеную хвіліну не робячы, або па-святочнаму апранаецца ў будзённы дзень. На такога чалавека селянін глядзіць са знявагай. Не будзем здзіўляцца, што іменна з такой меркай падыходзіць дзядзька Антось да свайго нядаўняга сябра, вакзальнага стоража Доніса Дракі: для яго ён проста «вёрткі» чалавек, які шукае лёгкага хлеба. У тым і парадокс, што, як бачым, нават да рабочага чалавека коласаўскі селянін ставіцца з пэўнай доляй іроніі: ты, маўляў, працуеш па гадзінах, маеш час на адпачынак і не раўня нам, шэрай сярмязе.

Ёсць у Антося насцярога да гарадскога люду і па іншай прычыне: вельмі ўжо зухаваты, порсткі гэты люд, пальца ў рот нікому не кладзі — адкусіць:

 

І дзядзька наш стаў прыглядацца,

Ў каго б дарогі запытацца,

Бо ён зрабіў адну ўжо спробу,

Спытаў чумазую асобу,

Дык тая так яму сказала,

Што лепш бы ёй няхай зарвала!

 

Сваёй простай сялянскай душою Антось адразу адчуў раз’яднанасць буржуазнага горада, дзе кожны заняты толькі самім сабою, дзе ў людскіх вачах «няма... прывету, як бы не рады сонцу, свету».

Вядома, і ў «Новай зямлі» ў пэўнай ступені прысутнічае ідэя, якая яшчэ з часоў Русо знаходзіць увасабленне ў літаратуры: аб чыстых, несапсутых норавах, гарманічным чалавеку, выхаванню якога найбольш спрыяе ўлонне прыроды, дзе чалавечая асоба астаецца як бы сам-насам з некранутай прыгажосцю свету.

 

Быў дзядзька ў пушчах, у барох

І расчытаць іх голас мог,

І з старасвецкімі дубамі

Каротка знаўся, як з сябрамі.

А тут — адзін, бо ўсе чужыя,

Не знаеш, хто яны такія,

І сам для іх ты чужаніца.

На камяніцы камяніца,

Не згледзіш неба край за імі

І ціснуць сценамі сваімі.

 

У новых умовах гістарычнага развіцця, калі беларуская літаратура станавілася літаратурай нацыянальнай, пытанне аб адносінах чалавека да прыроды набывае дадатковы сэнс. Селянін, вёска ў дарэвалюцыйную пару былі носьбітамі ідэі народнасці, і, мабыць, у гэтым найпершая прычына таго, што з вобразам селяніна літаратура ў многім звязвае свае этычныя і эстэтычныя ідэалы. Адсюль некаторая ідэалізацыя селяніна, асяроддзя, дзе ён жыве, працуе, якую бачым і ў «Новай зямлі», і ў паэме Я. Купалы «Яна і я», і ў шэрагу іншых твораў беларускай літаратуры.

Асяроддзе сялянскага жыцця вядомае: прырода — поле, лес, рэчка, луг. Дый сама праца селяніна — працэс узаемадзеяння чалавека з прыродай: ад таго, якое стаіць надвор’е, ідзе дождж ці свеціць сонца, шмат залежыць у працы.

Мабыць, адсюль бярэ вытокі філасофская тэма сэнсу жыцця, ролі, месца чалавека ў свеце, бо, як гэта выдатна паказана ў «Новай зямлі», селянін сапраўды жыве пад вечным небам і зоркамі.

Але пры ўсіх акалічнасцях нават дарэвалюцыйную беларускую літаратуру нельга назваць літаратурай тыпова сялянскай. Тое, што селянін быў галоўным яе героем, справы не мяняе. Стваралася беларуская літаратура інтэлігентамі і апладнялася актыўным уздзеяннем братніх літаратур — рускай, украінскай, польскай, і, самае галоўнае, яе погляд на свет, яе эстэтычныя, маральныя, сацыяльна-класавыя ацэнкі асноўных вартасцей жыцця вынікалі з патрабаванняў часу, умоў грамадскага развіцця, рэвалюцыйных задач сацыяльнага і нацыянальнага разняволення працоўнага народа.

Наша літаратура яшчэ да Кастрычніка арганічна ўбірала ў сябе духоўныя, эстэтычныя каштоўнасці, створаныя агульначалавечай культурай, папярэднімі эпохамі. Яна вызначалася глыбокім гуманістычным пафасам, пільнай увагай да жыцця народных нізоў, сапраўдным дэмакратызмам.

І ўсё ж толькі савецкая эпоха зрабіла беларускую літаратуру багатай, шматграннай у сэнсе даследавання самых разнастайных пластоў народнага жыцця, надзвычайна паглыбіла яе сацыяльны зрок, пашырыла тэматычную геаграфію. Горад, завод, фабрыка як жыццёвае асяроддзе, людзі самых розных прафесій, заняткаў і ў першую чаргу рабочы, інтэлігент як паўнакроўныя героі прыйшлі ў беларускую літаратуру ў савецкі час.

Калі гаварыць пра эпічную прозу, то ля вытокаў яе — раман Цішкі Гартнага «Сокі цаліны», у якім пісьменнік ставіць задачу намаляваць вобраз перадавога рабочага, свядомага ўдзельніка рэвалюцыйнага змагання. Раман пераносіць нас у насычаную вогненнымі ўспышкамі атмасферу першай рускай рэвалюцыі, нарастання новай рэвалюцыйнай хвалі, нарэшце, у атмасферу тых падзей, што сталі пярэдаднем Кастрычніка. Рыгор Нязвычны, як паказвае яго Цішка Гартны, «напаўселянін, напаўрабочы», нібы яднае сваёй асобай беларускае мястэчка Сілцы з рэвалюцыйнай Рыгай, Пецярбургам, у яго вобразе пісьменнік паказвае працэс свядомага, ідэйна-палітычнага росту нядаўняга селяніна.

Праўда, пісьменнік найменш звяртае ўвагу на ўмовы вытворчага жыцця, працы героя. Мы пераважна бачым Рыгора Нязвычнага ў палітычных спрэчках, дыскусіях, у якасці рэвалюцыйнага арганізатара і прапагандыста. Але застаецца фактам — і гэта Цішка Гартны здолеў пераканаўча давесці,— што ўчарашні местачковец, фактычна селянін, даволі лёгка ўваходзіць у атмасферу гарадскога жыцця, становячыся ў ім сваім, засвойваючы яго норавы і звычкі.

Зрэшты, пераход селяніна ў новае сацыяльнае асяроддзе так ці інакш адлюстроўвала беларуская літаратура. Адны пісьменнікі малявалі працэс як супярэчлівы, балючы, пакутлівы (М. Гарэцкі. У лазні»; З. Бядуля. «На каляды к сыну»), другія, глыбей усведамляючы, што прагрэс ідзе менавіта ў гэтым напрамку, у большай ступені скіроўвалі ўвагу на адзінства інтарэсаў горада і вёскі (Я. Колас. «На прасторах жыцця», «На ростанях»).

Беларуская літаратура яшчэ ў дваццатыя гады, непасрэдна азораныя подыхам Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, угадала ці, праўдзівей, адчула той напрамак, у рэчышчы якога пойдзе будучае савецкае жыццё. Асабліва гэта датычыць паэзіі. Няхай сабе без арганічнай глыбіні, пераважна ў плане маладнякоўскіх дэкларацый, але беларуская паэзія прайшла праз захапленне «планетарызмам», «машынізмам». У гады першай пяцігодкі даніну захаплення «індустрыяльнай» тэме аддалі большасць паэтаў, не выключаючы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Маладзейшыя, менш вопытныя паэты нават наўмысна ламалі вершы, звярталіся да гучных, прамоўніцкіх, утрыраваных інтанацый, каб выразней, як яны лічылі, перадаць дух часу, калі «бетоннымі нагамі ступае гордая эпоха» (П. Броўка).

Будучая індустрыяльная «эра» бачылася падчас як нейкі райскі сад, як этап жыцця, пасля наступлення якога знікнуць згрызоты, цяжкасці, канфлікты. Як зачараваны, глядзеў у гэтую зменлівую, ружовую даль шчыры, пранікнёны паэт камсамольскага пакалення Паўлюк Трус:

 

Край легенд,

адвечных песень-казак,

край паэм —

бальзам жывых крыніц...

Край балот,

тугі азёраў наскіх,

край цішы

і громаў-навальніц...

Край лясоў,

мінулых дзён паўстання,

край нізін —

прастораў дальніх шыр...

Край палёў...

О край,—

калі ж ты станеш

краем фабрык дымных і машын?

 

Адгукаючыся на падзеі часу, у 1929 годзе Купала напісаў выдатны верш «Сыходзіш, вёска, з яснай явы...». Ён дарагі для нас і сёння той непадробнай усхваляванай радасцю, з якой паэт развітваецца не толькі са старой вёскай, прытулкам сялянскай галечы, нэндзы, беспрасветнасці, а і з вёскай, што была на працягу ўсёй яго творчасці асяродкам прыгожага, стваральніцай і ахоўніцай казак, паданняў, легенд. Наступае эпоха «новай долі, новай славы »: «Гарбы тваіх нямых курганаў, дзе спяць нявольнікі і князі, парэжа сталь, як нож баранаў... »

Цяжка пераацаніць гэты верш. Ён выяўляе глыбокае разуменне наступальнага характару новай эпохі з яе ўладай тэхнікі, індустрыі, што не пакіне каменя на камені ад сівой патрыярхальшчыны, ад аднаасобнага ладу жыцця з яго забабонамі, цемрай, з беспрасветнай да знямогі працай. Паэт вітае глыбокі гуманізм рэвалюцыйных пераўтварэнняў у вёсцы.

Адсюль гімн «электрыцы», трактару, аўтамабілю, «з жалеза прасніцы», «радыёваму гоману», фабрычным гудкам, што перамогуць «звон збянтэжаных званіцаў», бо наступленне машыны, тэхнікі бачыцца як вызваленне чалавека ад галечы, бескультур’я, як найвялікшы гуманістычны акт («А сейбіт твой, адсюль самотны... пад крыж не пойдзе енчыць квола; твая дзяўчына пры кудзелі сляпіць не будзе ясных вочак»).

«Індустрыяльным», пераўтваральным пафасам прасякнута і «балотная» купалаўская эпапея — паэма «Над ракой Арэсай» (1933). У канкрэтным факце будаўніцтва камуны, саўгаса на непраходных балотах паэт убачыў тыповую прыкмету сацыялістычнай эпохі, яе рэвалюцыйны, наступальны дух. На творы як бы ляжыць водбліск суровага аскетызму тых гадоў: камунары не прывыклі да раскошы, да «пуховае пасцелі», яны працуюць «у вадзе па пахі», але на цяжкасці, перашкоды не скардзяцца. Так яно і было ў жыцці, бо не толькі канавы, калектары капалі камунары ўручную — заводы, фабрыкі, закліканыя палегчыць працу чалавека, памножыць яго сілы, таксама вырасталі з пераважнай апорай на фізічную, мускульную сілу, на тапор, пілу, звычайную кельму, патрабуючы ад людзей сапраўды гераічных намаганняў.

З усіх нашых паэтаў, пісьменнікаў настроенасць часу на гераічны лад, рамантычную прывабнасць даляў, якую адкрывае маладым пакаленням сацыялістычная, індустрыяльная эпоха, найлепей адчуў немалады ўжо і ў тыя, сёння далёкія для нас трыццатыя гады Купала. Ён быў як бы паэтычным прарокам і, бадай, першы зразумеў, што моладзь ірванецца з вёсак у гарады, з незвычайнай прагнасцю будзе авалодваць новымі прафесіямі, увальецца ў новы гарадскі побыт і назад, пад саламяную страху, ніколі не вернецца.

Вобраз Алесі з аднайменнага верша, рамантычнай, мэтаімкнёнай дзяўчыны, якая да «прасніцы» ўжо «не зляціць з-пад сонца»,— найвялікшае дасягненне ўсёй беларускай паэзіі трыццатых гадоў. Гэтым вобразам Купала ўгадаў штосьці надзвычай істотнае, калі не эпахальнае, у жыцці сваёй рэспублікі, краіны, даў яму назву, вызначыў вытокі. За вясковай дзяўчынай, што «самалётавым крыллем воблакі калыша», як бы паўстае вобраз цэлага пакалення, мужнага, авеянага рамантычным парываннем, пакалення, што стала спадчыннікам рэвалюцыйнай славы бацькоў і пазней, у Айчынную вайну, усклала на свае плечы цяжар найвялікшых нягод і выпрабаванняў.

Дарэчы таксама ўспомніць шматлікія апавяданні Міхася Лынькова, Міхася Зарэцкага, Рыгора Мурашкі, Платона Галавача, Кузьмы Чорнага, аповесць Лукаша Калюгі «Ні госць, ні гаспадар», аповесці Хведара Шынклера. Велізарныя сацыяльныя пераўтварэнні, якія адбыліся ў рэспубліцы, карэнная перабудова побыту як вясковага, так і гарадскога, магутная плынь новых прафесій, якая зноў жа закранула як горад, так і вёску, міграцыя вясковага насельніцтва ў горад — усё гэта, вядома, адбілася, адлюстравалася ў літаратуры. У канцы дваццатых і, бадай, на працягу ўсіх трыццатых гадоў тэма індустрыялізацыі, з’яўленне новай тэхнікі ўспрымалася літаратурай, найперш паэзіяй, са шчырым, можна нават сказаць, святым захапленнем. Эра індустрыялізацыі, якая мусіла наступіць, некаторымі паэтамі ўяўлялася нібы прыход нейкага новага месіі, які, з’явіўшыся, ліквідуе ўсе супярэчнасці, канфлікты, аздобіць жыццё зіхатлівымі бляскамі і колерамі. Індустрыя, яе ўкараненне, пашырэнне, нараджала вялікія рамантычныя сяганні. Трактарыстам, як пазней лётчыкам, танкістам, прысвячаліся нават песні, людзі гэтыя паўставалі ў арэоле нязвычнасці і выключнасці.

Праз беларускую паэзію трыццатых гадоў выразна праходзіць матыў сягання ўзброенага тэхнікай чалавека ў паднебныя высі, матыў незвычайнай сілы і магутнасці гэтага чалавека. Гутарка, вядома, не толькі пра тое, што паэты, зачараваныя нязвычнасцю спраў сваіх сучаснікаў, складалі ў іх гонар оды і гімны. За гэтым бачыўся і сацыяльны рубеж, які пераадольвала краіна і разам з ёю чалавек, яе насельнік і гаспадар. Як гаварылася ў адным з тагачасных твораў:

 

Адважна і пільна ўзлятае высока,

Краіну сваю аглядае штодня,

І цешыцца сэрца, і цешыцца вока:

Якое раздолле, прастор, шырыня!..

 

Новыя далі, што адкрываліся чалавеку ў змененым рэвалюцыяй свеце, арганічна вынікалі з ролі, якую сталі адыгрываць у жыцці тэхніка, машына і звязаныя з ёй новыя прафесіі. Янка Купала, як ужо падкрэслівалася, першы ў беларускай літаратуры адчуў, угадаў надыход псіхалагічных, маральных перамен, якія наступяць у выніку валадарання чалавека над тэхнікай. Яшчэ раз успомнім у гэтай сувязі вобраз мэтаімкнёнай дзяўчыны Алесі, дзяўчыны, якая, адарваўшыся ад матчынай прасніцы, паляцела ў неба і «самалётавым крыллем воблакі калыша». Неба кліча ў свае бязмежныя абсягі і хлопчыка, якому «стукнула ўжо сем год» («Хлопчык і лётчык» Купалы), і шмат якіх іншых, лірычных герояў беларускай паэзіі трыццатых гадоў.

У тагачаснай прозе іншы раз таксама сустракаем рамантычныя інтанацыі, колеры, калі гутарка заходзіць пра чалавека, які ўладарыць над тэхнікай («Андрэй Лятун» М. Лынькова). Але ў цэлым у прозе няма такога пафаснага ўслаўлення тэхнікі, як у паэзіі. Жанравая прырода апавядання ці аповесці патрабавала іншага кута гледжання, другога падыходу да тэмы.

Беларускай прозе можна нават кінуць дакор за тое, што яна нібы праспала эпоху першых пяцігодак, не стварыўшы ніводнага больш-менш прыкметнага вобраза сталявара, кранаўшчыка, арматуршчыка ці хоць бы трактарыста, экскаватаршчыка. Але, відаць, безапеляцыйна выстаўляць такія рахункі літаратуры нельга.

Трактарысты, шафёры, экскаватаршчыкі сапраўды прысутнічаюць у многіх творах хутчэй як эпізадычныя фігуры. Але гэта справы не мяняе. Погляд рабочага чалавека на свет, дынаміка адчування ім асноўных вартасцей жыцця заўсёды былі моцныя ў беларускай прозе. Не складаюць выключэння творы трыццатых гадоў. Перамены ў сацыяльным, духоўным клімаце, новыя маральныя зрухі, уяўленні проза фіксавала актыўна, зацікаўлена, і, зрэшты, не мае істотнага значэння той факт, на «гарадскім» ці на «вясковым» матэрыяле яна гэта рабіла. Раманы К. Чорнага «Трэцяе пакаленне», М. Зарэцкага «Вязьмо», апавяданні, аповесці М. Лынькова, П. Галавача, Э. Самуйлёнка, М. Гарэцкага востра дыскутавалі праблемы новых маральных каштоўнасцей у сувязі з суцэльнай калектывізацыяй і індустрыялізацыяй краіны. Варта сказаць і аб тым, што трыццатыя гады неслі ў сваёй гарачай ад класавай барацьбы атмасферы можа не меншы «інфармацыйны выбух», чым сённяшні час. Паток інфармацыі, колькасць тэхнічных вынаходніцтваў, адкрыццяў сёння намнога большыя, чым у трыццатыя гады. Але, мабыць, такія паняцці, як «пяцігодка», «суцэльная калектывізацыя», «індустрыялізацыя», якія ўкараняліся не толькі ў свядомасці, але мянялі сацыяльнае становішча мільёнаў людзей, былі чымсьці не менш значным, чым сённяшнія паняцці «сінхрафазатрон», «касмічныя палёты», «звышгукавы лайнер».

Тагачасная паэзія, у пэўнай меры і проза нават, аказаліся ў палоне ілюзій. Вера ў тое, што размах будаўніцтва, індустрыялізацыя здымуць калі не ўсе, то асноўныя грамадскія супярэчнасці, «ачысцяць» самога чалавека ад сацыяльных заган, якія дасталіся яму ў спадчыну ад старога свету, была настолькі моцная, што яе нават падзяляў такі праніклівы, удумлівы пісьменнік-псіхолаг, як Кузьма Чорны. Сёння выразна відаць, што выдатны пісьменнік паспяшаўся «перавыхаваць» закаранелага ўласніка Міхала Тварыцкага, героя рамана «Трэцяе пакаленне».

Вядома, Тварыцкі, папрацаваўшы на будоўлі, няхай сабе ў зняволенні, прыгледзеўшыся да імклівых перамен у навакольным жыцці, мог ад некаторых прывычак, нават перакананняў цалкам або часткова адмовіцца. Не будзем, аднак, забываць, што раман сваёй мастацка-вобразнай структурай нясе значную долю ўмоўнасці, і той факт, што Тварыцкі прыносіць дачцэ золата і без асаблівых угавораў згаджаецца перадаць яго «куды самі ведаеце», азначае не што іншае, як канчатковае перавыхаванне героя.

Сучаснай літаратуры, у тым ліку творам, якія непасрэдна прысвячаюцца праблемам НТР, прыходзіцца, на жаль, сутыкацца з заганамі прыватна-ўласніцкай псіхалогіі, магчыма, іншымі па форме, але блізкімі па сутнасці, з якімі сутыкаўся ў свой час Кузьма Чорны. Тулін, герой рамана Д. Граніна «Іду на навальніцу», па сваёй прыродзе той жа ўласнік, што і Тварыцкі, толькі, вядома, больш рафініраваны, выкшталцаваны, з большым наборам прыёмаў сацыяльнай мімікрыі. Тулін — «честолюбец», Тварыцкі — «стяжатель», урвіцель, калі прыгледзецца ўважлівей. Мараль аднаго і другога — драпежніцкая, эгаістычная. Асабісты інтарэс, выгаду яны ставяць вышэй за ўсё астатняе.

Падобную калізію бачым у «Індустрыяльнай баладзе» М. Калеснікава. Як падкрэслівае аўтар, дамінантай паводзін большасці герояў рамана з’яўляецца сцверджанне саміх сябе. Праўдзівей, сцверджанне таго, што звычайна называюць самалюбствам, «честолюбием». «Чаму «честолюбие» лічыцца ледзь не заганай? — разважае адзін з герояў «Індустрыяльнай балады».— Сучаснае «честолюбие» павінна мець надзвычай трывалы і масіўны фундамент з самых новых ведаў: пад ім нечалавечая праца, бяссонныя ночы, нервовае ператамленне».

Сакратар гаркома Ігнатовіч, герой рамана Івана Шамякіна «Атланты і карыятыды», таксама многа працуе, вельмі многа ведае, вызначальнымі момантамі яго паводзін з’яўляюцца кампетэнтнасць, дакладнасць, разлік, рацыянальнасць. Але культуры, высокай маралі ў паводзінах яму якраз не хапае, і мы, відаць, маем падставу задумацца: ці хапае яму прыстойнасці, сумленнасці?

Як бачым, найсучаснейшы тэхнакрат можа пакланяцца богу асабістага поспеху, славе.

Між тым беларуская літаратура, асабліва яе эпічныя жанры, яшчэ не сказалі свайго слова менавіта пра індустрыяльнае жыццё. Часткова гэта можна вытлумачыць той акалічнасцю, што сацыяльныя, маральныя і іншыя пытанні, якія маюць больш-менш істотнае значэнне для сучаснасці, для дадзенага адрэзка сацыяльнай, гістарычнай рэчаіснасці, вырашаюцца на іншым жыццёвым матэрыяле, больш блізкім для духоўнага вопыту пісьменнікаў. Так заўсёды было, бо значныя сацыяльныя, маральна-этычныя зрухі, змены псіхалогіі, якія толькі і цікавяць літаратуру, маюць як бы універсальны характар. Не варта забываць і аб тым яшчэ, што жыццё людзей, і ў першую чаргу заводскіх, фабрычных, адным словам, жыццё ў гарадскіх умовах, набывае ўсё больш дынамічны характар, даходзячы да стрэсу. А музы, як вядома, мітусні не любяць. Мабыць, па гэтай прычыне не прыходзіцца здзіўляцца, што нават маладзейшыя пісьменнікі, вопыт якіх бліжэй да перамен у імклівым жыцці, лічаць за лепшае накіроўваць сваіх герояў на ўлонне прыроды, у вёску, у сельскую цішыню, дзе яны могуць лепей свайго героя разгледзець. Дакараць іх за гэта не варта. «Краіна дзяцінства» таксама дае немалы грунт для найноўшых вывадаў і назіранняў. А літаратура па сваёй мастацкай прыродзе патрабуе пранікнёнага слова, якое можа сказаць толькі той, хто закаханы ў родны кут, у тую мясцінку на зямлі, дзе ён нарадзіўся, рос, дзе распраміў крылле.

Да апошняга часу існавалі спецыфічныя прычыны, якія прыводзілі да таго, што машынная тэхніка збядняла эмацыянальную, эстэтычную сферу ўспрымання прыстаўленага да яе рабочага, у нейкай меры збядняла яго духоўны змест у працэсе працы, бо ён, хочаш не хочаш, быў прыдаткам да машыны. Красамоўна аб гэтым піша акадэмік А. Гершковіч: «Ні пры якой машыннай прамысловасці праца не прыносіць чалавеку задавальнення, паколькі чалавек настолькі спецыялізаваны, што не бачыць вытворчасці ў цэлым. У выніку гэтага праца губляе ўласцівую ёй самамэту, а тым самым і сэнс для чалавека».

Бясспрэчна, што адмоўныя вынікі ўплыву паточнай, канвеернай вытворчасці, капіталістычнай «патагоннай сістэмы» на развіццё асобы рабочага, яго «адчужэнне» ў працэсе працы найбольш непрыглядна адбіліся ва ўмовах буржуазнага ладу з яго пагоняй за прыбыткам, звышпрыбыткам, бязлітаснай эксплуатацыяй. Вядомы амерыканскі капіталіст Форд на сваіх заводах даводзіў метад Тэйлара і мануфактурнае раздзяленне працы да вышэйшай ступені іх эфектыўнасці для капіталу і згубнага ўздзеяння на рабочага. Ён сам неаднаразова прызнаваўся, што галоўнае патрабаванне да паточнай вытворчасці — максімальнае скарачэнне неабходнасці думаць і абмежаванне рухаў рабочых да мінімуму. Рабочы, які, напрыклад, абслугоўваў прэс, тысячу разоў у дзень штампаваў адну і тую ж дэталь, сапраўды ператварыўся ў звычайны прыдатак да машыны.

Сумяшчэнне функцый і прафесій — асноўная тэндэнцыя сучаснага тэхнічнага прагрэсу. НТР, такім чынам, абумовіла карэнны пералом у гэтай справе, бо на працягу ўсёй папярэдняй гісторыі чалавецтва асноўнай тэндэнцый быў працэс дыферэнцыяцыі прафесій у выніку спецыялізацыі працы. У 1937 годзе ў СССР налічвалася прыкладна 2 тысячы прафесій і спецыяльнасцей, у 1958 годзе — ужо звыш 10 тысяч. Затое ў 1960—1961 гадах іх было толькі 5563. У вугальнай прамысловасці, напрыклад, у гэтыя ж гады ў выніку комплекснай механізацыі і аўтаматызацыі колькасць прафесій скарацілася са 150 да 38.

У нашай краіне рабочыя вышэйшых разрадаў (V — VI) у механізаванай вытворчасці складаюць 22,5 працэнта, у аўтаматызаванай — 68,7 працэнта. Доля інжынераў і тэхнікаў у прамысловасці ўжо сёння дасягнула 10 працэнтаў, на найбольш перадавых прадпрыемствах яна ў 2—3 разы вышэй. Па прагнозах на 1980 год у эканамічна развітых краінах на прадпрыемствах хімічнай, нафтаперапрацоўчай, харчовай прамысловасці доля гэтая дойдзе да 50—60 працэнтаў. Як сацыяльны вынік НТР і надалей будзе ўзмацняцца адчувальная ўжо сёння тэндэнцыя перамяшчэння работнікаў са сферы вытворчай у невытворчую. Падлічана, што капіталаўкладанні ў адукацыю ў 6 разоў, а ў асобных выпадках у 9 разоў эфектыўней за капіталаўкладанні ў важныя галіны тэхнічнага развіцця. У ЧССР штогадовы ўклад у нацыянальны даход спецыяліста з вышэйшай адукацыяй прыкладна на 30 тысяч крон вышэй, чым такога ж спецыяліста з сярэдняй адукацыяй.

У рускай прозе паявіўся шэраг твораў, аўтары якіх спрабуюць падступіцца да самых новых тэндэнцый і павеваў, што ўносіць у сучаснае жыццё НТР. Сярод іх вызначаюцца аповесць Б. Бандарэнкі «Цэйнот», у якой расказваецца пра людзей, што робяць і ўкараняюць ЭВМ, аповесць Л. Лондана «Быць інжынерам», М. Калеснікава «Індустрыяльная балада», прысвечаная вострым праблемам кіравання сучаснай будоўляй, прамысловасцю. Пералічаныя аповесці нельга назваць значнымі з’явамі літаратуры, хоць некаторыя моманты сучаснага індустрыяльнага развіцця яны закранаюць.

Герой аповесці Б. Бандарэнкі, разважаючы аб прафесіі наладчыка ЭВМ, так, напрыклад, выказваецца: «...парадаксальнае жыццё, калі бяздзейнасць лічыцца прыкметай выдатнай работы. Бо працуеш або ты, або машына...»

У аповесці Л. Лондана пастаўлена больш сур’ёзная праблема. Тэхніка, разважае аўтар, бясспрэчна, рухае грамадства наперад, але перш за ўсё праз чалавека, яго адданасць справе, уменне і жаданне працаваць: «...няма мяжы, якая падзяляе жыццё людзей на службовае і асабістае». Л. Лондан, як і Б. Бандарэнка, спявае гімн тэхніцы: «Цяпер дамы збіраюцца самі. Завязі на пляцоўку дэталі, пастаў кран і знікай. Праз тры дні будзе стаяць паверх, а праз два месяцы — дом».

На жаль, будоўля, дзе герой працуе галоўным інжынерам, далёка не выдатная ў сэнсе арганізаванасці, зладжанасці, рытмічнасці працы і часта перавагі, якія дае новая тэхніка, зводзяцца на нішто расхлябанасцю і безадказнасцю людзей: «Тры паверхі губляе трэст у тыдзень з-за парушэння графіка дастаўкі раствору і чатыры паверхі — з-за дрэннай дастаўкі жалезабетонных вырабаў. Выходзіць, мы губляем за адзін тыдзень цэлы дваццаціпавярховы дом».

Савецкая літаратура, відаць, падышла да этапа свайго развіцця, калі патрабуецца мастацкі аналіз складаных, неадназначных з’яў і працэсаў нашага росту, калі на першы план вылучаюцца праблемы фарміравання новай, камуністычнай маралі, заснаванай на высокай свядомасці, пачуцці грамадзянскага абавязку. У свой час вялікі рускі крытык Бялінскі пісаў, што з усіх відаў чалавечага развіцця найвышэйшае — развіццё маральнае, бо іменна яно робіць індывідуум чалавекам. Відаць, не выпадкова найбольш яркімі выразнікамі духу першых пяцігодак былі ў савецкай літаратуры героі дзейсныя, актыўныя. Мастацкімі вехамі таго, сёння ўжо далёкага часу сталі раманы «Узнятая цаліна» М. Шолахава, «Соць» Л. Ляонава, «Цэмент» Ф. Гладкова, а ў беларускай літаратуры раманы і аповесці К. Чорнага, М. Зарэцкага, П. Галавача і іншых, у цэнтры якіх героі актыўнай грамадскай пазіцыі.

У рамане Івана Шамякіна «Атланты і карыятыды» мы сустракаемся як з дзейсным, актыўным героем, на баку якога сімпатыі пісьменніка, так і з так званым «валявым» героем, што паўстае сёння ў абліччы тэхнакрата-рацыяналіста. Герояў актыўнадзейсных Іван Шамякін за сваю творчую практыку намаляваў нямала, і, як мы ведаем, не ўсе яны былі ўвасабленнем станоўчага ідэалу пісьменніка. Часта станоўчае і адмоўнае ў вобліку такіх персанажаў вельмі супярэчліва перапляталася. Успомнім: быў Максім Лескавец з рамана «У добры час», напісанага ў пачатку пяцідзесятых гадоў, быў Арцём Бародка з рамана «Крыніцы», які з’явіўся ў другой палове пяцідзесятых гадоў, Бародку як бы пашыраў, дапаўняў вобраз Гукана з рамана «Сэрца на далоні» (сярэдзіна шасцідзесятых гадоў), нарэшце, на мяжы шасцідзесятых і сямідзесятых гадоў пісьменнік у рамане «Снежныя зімы» даў нам вобраз Антанюка.

У кожнага з персанажаў былі свае маральныя антыподы, лепшыя або горшыя, яны выразней адцянялі добрае або дрэннае ў дамінанце паводзін асноўнага героя.

У эвалюцыі шамякінскага «валявога» героя адбіліся эвалюцыя часу, змены і зрухі ў грамадскай псіхалогіі, нарэшце, пісьменніцкае разуменне прымальных і непрымальных валявых пачаткаў у духоўным вобліку героя. Бародку, Гукана пісьменнік бадай цалкам адмаўляе, валявы пачатак у іх перарадзіўся ў кар’ерызм, эгаізм, самазакаханасць, самалюбаванне, зрабіў іх паводзіны як кіраўнікоў шкоднымі для грамадства.

Антанюк — першы ў шамякінскай галерэі «кіраўнікоў», у характары якога цвёрдасць, моцная воля азначае штосьці іншае — унутраную пераконанасць, прынцыповасць, уменне не паддацца кан’юнктурным павевам, адміністрацыйным загадам, ігнараванне якіх вельмі лёгка можа адбіцца на службовым становішчы.

Дык вось Максім Карнач, герой новага рамана Івана Шамякіна, галоўны архітэктар горада, з аднаго боку як бы працягвае лінію маральнай стойкасці, непадатлівасці, пазначаную ў характары Антанюка, а з другога — ён блізкі да «дзелавых», кампетэнтных людзей, якія даволі шырока прадстаўлены ў сучаснай літаратуры і асабліва ў драматургіі. Гэтым і іншымі вобразамі рамана Шамякін нават палемізуе з характарамі «дзелавых» людзей, з іх, калі можна так сказаць, «адналінейнасцю», маральна-этычнай адназначнасцю. Маючы за плячамі немалы творчы вопыт, Шамякін, відаць, дапускае магчымасць трансфармацыі некаторых рыс Чашкова з п’есы І. Дварэцкага «Чалавек з боку» ў тое, што стала непрымальным для яго як для мастака ў такіх героях, як Бародка і Гукан.

Але патрэба ў валявым чалавеку, энергічным, дзейным, які можа павесці за сабой іншых людзей, не баіцца першым сказаць слова нязгоды, не падпарадкоўваецца агульнай плыні, адстойваючы свае пераконанні, погляды, відаць, аб’ектыўна існуе ў жыцці. У сацыялістычным грамадстве ад кіраўніка, чалавека, які ўзначальвае вялікія калектывы, мае дачыненне да агромністых матэрыяльных і духоўных рэсурсаў, зрэшты, залежыць многае. Мы ведаем, што пастаўленыя на чале калгасаў, прадпрыемстваў, буйных заводаў і фабрык, якія ў нядаўнім мінулым адставалі, разумныя, абачлівыя і разам з тым дзейныя кіраўнікі дамагаліся рашучага пералому. Нездарма вядомы эканаміст А. Бірман, які прыняў удзел у дыскусіі аб п’есе «Чалавек з боку», у артыкуле «За Чашкова супраць яго» піша: «Ён ведае эканоміку, ён любіць і ўмее лічыць грошы. Я думаю, што новае ў Чашкове — яго эканамічны інстынкт (калі так дазволена выказвацца) — і прывяло да таго, што шырокая публіка ўбачыла ў ім вобраз савецкага дзелавога чалавека» («Советская культура», 15 лютага 1973 г.).

Пазіцыя аўтарытэтнага эканаміста, аднак, супярэчлівая. Ён правільна ўгадаў, што рэзананс крытыкі, грамадскасці на Чашкова абумоўлены духам, патрэбамі часу, якія гэты характар увасабляе. Бо Чашкоў сваім з’яўленнем на свет выказвае тэндэнцыю, якая ў грамадстве наспела, носіцца, як кажуць, у паветры, і намаляваны драматургам характар, няхай сабе яшчэ канчаткова не аформлены, не завершаны ў псіхалагічнай, аб’ектыўнай цэласнасці, калі не дае поўнай назвы заканамернай з’яве сучаснасці, то хоць пазначае яе прыблізныя контуры. Чашкоў прымушае думаць, абуджае жаданне спрачацца, дыскутаваць.

У якім напрамку вядзе дыскусію А. Бірман? Бадай, у тым самым, што і Шамякін у рамане «Атланты і карыятыды». Максім Карнач — антыпод Чашкова, хоць ёсць рысы, што збліжаюць абодвух герояў. Карнач таксама бескампрамісны, кіруецца інтарэсамі справы, не падладжваецца пад агульную плынь, парывае з жонкай-мяшчанкай, хоць ведае, што аўтарытэт ягоны як галоўнага архітэктара горада ў сувязі з гэтай прыкрай справай пахіснецца. І ўсё ж Карнач куды большы дыпламат, чым Чашкоў, проста так, без патрэбы «дроў не наломіць», умее, дзе трэба, усміхнуцца сакратарцы, прабрацца ў кабінет да начальніка, ад якога залежыць — даць благаславенне ці «зарэзаць» чарговы праект.

Іван Шамякін паказвае куды большую іерархію залежнасці, з якой проста з-за неабходнасці павінен лічыцца сённяшні «дзелавы» чалавек, кіраўнік. Карнач улічвае «чалавечы фактар вытворчасці», і пра яго не скажаш таго, што сказаў пра Чашкова эканаміст А. Бірман: «...падмяняе патрабавальнасць грубасцю, навучанне і выхаванне — знявагай і санкцыямі... хапаецца за асобныя (няхай і вельмі важныя) меры, не паказаўшы калектыву агульнай стратэгічнай задумы, не падрыхтаваўшы яго да ажыццяўлення такой задумы».

Карнач — не новы вобраз у Шамякіна. Ён як бы сінтэзуе якасці, носьбітамі якіх ужо былі хірург Яраш з рамана «Сэрца на далоні» і прадстаўнік «старой гвардыі», гаспадарчы кіраўнік высокага рангу Іван Васільевіч Антанюк з рамана «Снежныя зімы». Магчыма, па гэтай прычыне крытыка не вельмі актыўна ўхапілася за новы шамякінскі раман, за ўзнятыя ў ім праблемы. Не будзем выдаваць пісьменніку індульгенцыю на мастацкую бездакорнасць яго новага твора. Намаляваным у рамане характарам Шугачова, Карнача ды і многім іншым бракуе той пераканаўчасці, цэласнасці, якая зрабіла б іх псіхалагічна, пластычна завершанымі ў іх індывідуальнай і сацыяльнай сутнасці.

Але бясспрэчна адно: і на гэты раз шамякінскі талент засведчыў, што пісьменнік па-ранейшаму чуйна рэагуе на патрэбы часу, здольны ўлавіць істотнае ў зрухах грамадскай псіхалогіі, у тых яшчэ даволі неакрэсленых тэндэнцыях, якія толькі прабіваюцца на свет.

Што пісьменнік з пэўнай апаскай, насцярожанасцю глядзіць на выдаткі «дзелавога» стылю, якім характарызуецца насычаная тэхнічным прагрэсам сучаснасць, гавораць і вобразы партыйных кіраўнікоў, можна сказаць, стала прапісаныя ў кожным шамякінскім творы.

Але ў апошнім рамане ёсць істотна новы паварот. Перад наяўнасцю новых з’яў, выкліканых іменна «дзелавым», рацыянальным стылем, пісьменнік як бы гатоў нават узяць назад некаторыя з тых «каменьчыкаў», якія дзесяць — пятнаццаць гадоў назад кідаў у агарод такіх кіраўнікоў, як Гукан і Бародка. Успомнім: за што пісьменнік іх асуджаў? Ну вядома ж, за перараджэнне, за кар’ерызм і суб’ектывізм, за валявыя прыёмы, за ігнараванне калектыўнай думкі, за начальніцкае «я». «Я раён цягну на плячах»,— гаворыць Арцём Бародка. Але не толькі за гэта развенчваліся Бародка і Гукан, а яшчэ і за тое, што кіравалі «наогул», не ведалі справы так, як мусіць ведаць ну хоць бы сярэдні спецыяліст сельскай гаспадаркі ці будаўніцтва, спадзяваліся на сілу аўтарытэту, загаду, адміністрацыйнага «прыціску».

Сакратар гаркома Ігнатовіч, як ён паказаны ў рамане «Атланты і карыятыды» — кампетэнтны кіраўнік. Слоў на вецер не кідае, ва ўсім дакладны, строгі, стрыманы, імкнецца да дробязей вывучыць нават тэхнічны бок справы, якая праходзіць праз яго рукі. Але недзе ў паводзінах Ігнатовіча той жа тэхнакратычны вывіх, што і ў Чашкова: ён недаўлічвае іменна «чалавечы фактар вытворчасці». Ва ўсякім выпадку, у дачыненні да Карнача Ігнатовіч робіць яўную памылку. Стараючыся паспрыяць горадабудаўніцтву, схіляючыся перад аўтарытэтамі, ён забывае, аднак, што Карнач — таленавітая, творчая натура і што ўжо адным гэтым прыносіць несумненную карысць гораду. Са здзіўляючай лёгкасцю Ігнатовіч абсякае ніці даўняй дружбы, прыязнасці, якія звязвалі яго з Карначом, і менавіта за гэта яго папраўляе сакратар абкома Сасноўскі, кіраўнік старога гарту, трывалай загартоўкі, які мысліць шырока і маштабна.

І тут Шамякін таксама злавіў наспелую тэндэнцыю часу: пры наяўнасці эрудзіраваных, тэхнічна ўзброеных кіраўнікоў, камандзіраў вытворчасці грамадства мае не меншую патрэбу ў кадрах, што бачаць перспектыву, здольныя заглядваць наперад, па прамым сваім партыйным абавязку выдатна разумеюць, што найскладанейшую справу перш за ўсё вырашаюць людзі. Сасноўскі, мабыць, горш за Ігнатовіча разбіраецца ў дэталях горадабудаўніцтва, у спецыяльных галінах. Ён, як тыя, каго пісьменнік у свой час крытыкаваў, не надта падкаваны, але ён «узяў» іншым: маштабнасцю бачання, адчуваннем жыцця, народным складам натуры і можа яшчэ мудрым разуменнем старой добрай ісціны — наскокам, кавалерыйскай атакай, дзейнічаючы па загадзя разлічанай, але пазбаўленай чалавечага зместу схеме, даможашся няшмат.

Многа цікавых рыс мае сённяшняя беларуская літаратура, якая ўсё актыўней увасабляе тэму горада, рабочага чалавека. Захапленне пісьменнікаў дакументам, фактам, цягай да надзённасці (В. Мыслівец, А. Савіцкі) варта разглядаць як праявы паглыбленай цікавасці да таго новага, істотнага, што нараджаецца ў жыцці. «Вытворчыя» раманы У. Карпава таксама ўзніклі на грунце канкрэтнага вывучэння пісьменнікам мінскіх заводаў. Толькі, відаць, усім нам трэба памятаць, што праўда факта здольная ўзбагаціць мастацтва толькі ў тым выпадку, калі дапамагае спасцігаць сацыяльную, філасофскую, гуманістычную сутнасць з’яў і тэндэнцый сучаснасці. Набыткі нашай літаратуры немалыя. Яны бачацца перш за ўсё ў тым, што сённяшняя беларуская літаратура адпавядае сучасным запатрабаванням чалавека выхаванага, адукаванага. Але не ўзнятых літаратурай жыццёвых пластоў, праблем яшчэ многа. Новыя, маштабныя працэсы адбываюцца ў заводскіх, рабочых калектывах, у вёсцы, і наша літаратура павінна адлюстроўваць гэтыя перамены, дакладна, глыбока даследаваць духоўны, маральны клімат грамадства.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 171-194
Крыніца: скан