epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

На строме часу

Пакаленне, якое ў юнацкім узросце сустрэла Вялікую Айчынную вайну і ад імя якога так хораша, звонка, на поўныя грудзі загаварыў Іван Пятровіч Шамякін, мы неяк прызвычаіліся лічыць маладым. Можа, ішло гэта ад таго, што людзі, якія прымалі ўдзел у вайне і, прайшоўшы вогненныя віхуры, засталіся жывымі, псіхалагічна былі як бы прыкаваны да гэтай агромністай падзеі, вярталіся да яе зноў і зноў і як бы нанава праходзілі сцежкамі маладосці.

Жыццёвы і творчы шлях Івана Пятровіча Шамякіна вельмі тыповы для яго пакалення. Нарадзіўся ён 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма, што ў Добрушскім раёне на Гомельшчыне. Бацька служыў лесніком, і яго часта пераводзілі з месца на месца. Для будучага пісьменніка, відаць, немалаважнымі з’яўляліся мясціны, якія ён бачыў перад сабою ў раннім узросце. Дзяцінства — непаўторная пара самых моцных і яркіх уражанняў, калі душа як бы наросхрыст раскрыта для прыгожага, адметнага, незабыўнага. Шамякін у свае маладыя гады нямала пабачыў лясоў, раздольных краявідаў поўдня Гомельшчыны, і, думаецца, мяккая акварэльнасць яго пісьма, лірызм, светлыя эмацыянальныя фарбы ў немалой ступені бяруць вытокі з перажытага ў дзяцінстве.

Некалі Аляксандр Фадзееў, раздумваючы аб духоўным вобліку пакалення маладагвардзейцаў, сказаў, што яно рамантычнае і практычнае адначасова. Перадваенная моладзь, у шэрагах якой рос і выхоўваўся Іван Шамякін, вызначалася абвостранай увагай да рамантыкі подзвігу, яна як бы прадчувала, што хутка і на яе плечы ляжа цяжар суровых выпрабаванняў і нягод. Моладзь гэта рана ўступала ў жыццё, ірвалася да практычных спраў.

Пасля сямігодкі Шамякін паступае ў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. У гэтай, здавалася б, нават залішне празаічнай установе здольны юнак піша вершы, некаторыя з іх надрукавала газета «Гомельская праўда».

Затым — лічаныя тыдні на пасадзе тэхніка райпрамкамбіната ў Беластоку і прызыў у армію. Хлопцы шамякінскага ўзросту ішлі ў армію пад гармонікі. Палыхала ўжо другая сусветная вайна, а ў асобе чырвонаармейца нашы людзі заўсёды бачылі свайго абаронцу.

У кожнага пісьменніка ёсць любімая кніга. У Шамякіна — гэта «Трывожнае шчасце». Аповесці «Непаўторная вясна», «Агонь і снег», «Мост», якія выдзяляюцца ў пенталогіі высокім мастацкім узроўнем, мяккім лірызмам, глыбокім псіхалагізмам, у значнай меры творы аўтабіяграфічныя. Тут пісьменніку, нягледзячы на шчаслівую здольнасць лятаць на крылах фантазіі, здаецца, прыйшлося выдумваць не так ужо многа. Аповесці гэтыя — добрая, пранікнёная споведзь пакалення, да якога належыць сам пісьменнік. Тут ёсць цудоўная рамантыка маладосці, першага кахання, юнацкіх роздумаў аб жыцці. Пахне тут прасторамі Прыдняпроўя, нібы зрокава паўстаюць перад намі краявіды Поўначы.

Пра герояў названых аповесцей можна сказаць, што яны дзеці рэвалюцыі і дзеці вайны. З малаком маці ўспрынялі яны ідэалы Савецкай улады, якая расчыніла перад імі жыццёвыя дарогі, далягляды, дала магчымасць выявіць свае здольнасці. Усё гэта юнакі і дзяўчаты былі гатовы абараняць цаной уласнага жыцця. Менавіта тут вытокі таго бяспрыкладнага ў гісторыі гераізму, які праявіў савецкі народ у Вялікай Айчыннай вайне. Забягаючы наперад, варта сказаць, што, панёсшы велізарныя страты, ахвяраваўшы мільёнамі жыццяў, адолеўшы пасляваенныя нягоды, савецкая моладзь мінулай вайны ў сваім светаўспрыманні нават аддалена не нагадвала «згубленае пакаленне» першай сусветнай вайны, апетае Рэмаркам.

У час вайны Іван Шамякін служыў артылерыстам-зенітчыкам на Поўначы, пад Мурманскам. Потым, на заключным этапе схваткі з ворагам, былі новыя ваенныя дарогі — Польшча, Германія.

Калі пасля вайны Іван Шамякін стаў працаваць у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна настаўнікам у сямігодцы і сакратаром тэрытарыяльнай партарганізацыі, яго ўладна пацягнула да сябе літаратура. Яму было пра што расказаць. За плячамі была вайна, ды і тое мірнае жыццё, якое разгортвалася навокал, ён добра бачыў і актыўна ў ім удзельнічаў.

Першае яго апавяданне «У снежнай пустыні» надрукавана яшчэ ў 1945 годзе ў часопісе «Полымя». Яно — пра баі з фашыстамі на Крайняй Поўначы, пра хараство, веліч душы савецкага салдата. Гэта ж тэма і ў аповесці «Помста».

Можна сказаць, што, пачынаючы з «Помсты», вызначыўся напрамак творчых пошукаў пісьменніка. Івана Шамякіна найбольш цікавіць станаўленне характару, духоўнага вобліку яго сучасніка. У маёра Раманенкі, героя аповесці «Помста», фашысты знішчылі сям’ю — жонку і дзяцей. Поўны пачуцця святой нянавісці, маёр прыходзіць у Германію. Здараецца так, што ён знаходзіць сям’ю вылюдка, вінаватага ў смерці родных. Але ён не помсціць. Раманенка — савецкі воін і чалавек — прыйшоў у фашысцкае котлішча, каб вызваліць саміх немцаў ад засілля карычневай чумы.

Вясной 1948 года быў закончан раман «Глыбокая плынь». Дзеля таго каб напісаць гэтую кнігу, Шамякін многа папрацаваў. Ён, як ужо гаварылася, працаваў настаўнікам, сакратаром партарганізацыі, вольнага часу меў мала. Тым не меней ён абышоў пехатой ледзь не ўсё Гомельскае Прыдняпроўе, пагаварыў з дзесяткамі людзей і ўражанняў меў столькі, што яны далёка не ўмясціліся ў «Глыбокую плынь».

Поспех рамана быў незвычайным. Яго перакладалі на многія мовы, і ў хуткім часе трыццацігадовы Шамякін — лаўрэат саюзнай Дзяржаўнай прэміі.

Што абумовіла такі вялікі поспех рамана? Сёння, дзякуючы значнай дыстанцыі ў часе, мы, здаецца, яшчэ яскравей, чым тады, можам зразумець гэтыя прычыны. «Глыбокая плынь» — твор выразна рамантычны. У абмалёўцы сваіх герояў пісьменнік яшчэ не ведае паўтонаў, шамякінскія героі — носьбіты пераважна адной страсці, адной ідэі. Яны, калі добрыя, прыгожыя, то да канца, да апошняй клетачкі сваёй істоты. І наадварот, адмоўныя героі — суцэльна чорныя. Супярэчнасць ёсць, бадай, толькі ў вобразе Карпа Маеўскага. Чалавек ён харошы, нават выдатны, а вось неяк патрапіў звязацца з нягоднай Пелагеяй. Зрэшты, і гэтую супярэчнасць пісьменнік з поспехам ліквідуе.

Пакаленне, якое выносіла прысуд раману, прымала самы актыўны ўдзел у нядаўняй вайне, было таксама рамантычным. Яно мысліла «высока», гэтае пакаленне пераможцаў, нават у пасляваенных нягодах жывучы нядаўнімі велічнымі падзеямі. Пісьменнік тонка ўгадаў усеагульную настроенасць на высокае, сказаўшы патрэбнае слова ў патрэбны час.

У Таццяне Маеўскай маглі пазнаць сябе сотні маладых падпольшчыц, партызанак, як і ў Карпе Маеўскім, яе бацьку, старэйшае пакаленне — партызан, учарашніх калгаснікаў. Такімі ж жыццёва праўдзівымі былі вобразы камісара партызанскага атрада Лясніцкага, маладога партызана Жэнькі Лубяна. Сярод усіх гэтых вельмі «звычайных» герояў выдзяляецца хіба толькі разведчык Андрэй Буйскі, чалавек выключна смелых учынкаў, майстар пераўвасабленняў, дыверсій, якія ляжаць на мяжы магчымага і фантастычнага. Варта сказаць, што партызанская ява давала і такіх герояў. Другая справа, што пісьменнік выкарыстаў не ўсе фарбы і мастацкія сродкі, каб з псіхалагічнага боку паўней раскрыць гэты абаяльны, рамантычны вобраз.

Фашысты-акупанты ў асобе Візэнера, Рэдара пададзены ў гратэскавым, шаржыраваным плане. Яны паўстаюць перад чытачом у сваім непрыхаваным людаедскім абліччы. Гэта і сёння не пярэчыць гістарычнай праўдзе, бо менавіта такімі па сваёй сутнасці і былі фашысцкія захопнікі, якія грабілі, расстрэльвалі, вешалі, палілі жывымі савецкіх людзей, устанаўліваючы «новы парадак».

Творы, якія ўзніклі па гарачых слядах вайны або ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, як бы мелі на мэце паказаць перш за ўсё гераічны бок вайны, мужнасць, стойкасць, вышыню подзвігу савецкага чалавека. «Глыбокая плынь» Івана Шамякіна з ліку гэтых твораў. Раман напісан востра, займальна, дзеянне яго сканцэнтравана ў адным ёмістым фокусе. Пісьменнік з першых літаратурных крокаў заявіў аб сабе як аб умелым майстры стройнага сюжэта, цэласнай кампазіцыі.

Уражанне ад «Глыбокай плыні» было надзвычай чыстае, светлае, тое, аб чым расказваў пісьменнік, супадала з агульнымі для многіх думкамі і назіраннямі. Я, напрыклад, падумаў, што Іван Шамякін сам быў у партызанах, таму здолеў так хораша і пераканаўча намаляваць карціну народнай барацьбы. Пазней высветлілася, што пісьменнік знаходзіўся далёка ад прыдняпроўскіх мясцін, ваяваў на Поўначы, аж пад Мурманскам, і гэта толькі ўзмацніла да яго павагу.

Пісьменнік малюе ўзаемадачыненні звычайнай беларускай вёскі і партызанскага атрада. Гэта было і тыпова, і праўдзіва. І герояў выключных Іван Шамякін не выбірае, а паказвае людзей самых звычайных, прыгожых сваімі імкненнямі і справамі.

Кніга і цяпер жыве, чытаецца, не страціла сваёй цікавасці, асабліва для юнага чытача. Іван Шамякін, няхай сабе ў рамантычнай форме, здолеў данесці да чытача вельмі важную, але адначасна і простую ісціну: партызанскі рух як сіла мог паспяхова існаваць таму, што яго падтрымліваў народ. Была ў рамане і другая думка, роўная мастацкаму адкрыццю: савецкіх людзей вялі ў партызанскі лес не дарогі асабістай крыўды, знявагі, а прычыны больш сур’ёзныя. Хораша, пераканаўча пісьменнік паказаў, што не маглі людзі, выхаваныя савецкім ладам, змірыцца з парадкамі, якія няслі ім фашысцкія акупанты.

Прайшлі пасля «Глыбокай плыні» два-тры гады, у жыцці наспелі новыя вострыя праблемы. Яны патрабавалі свайго мастацкага асэнсавання. Па гарачых слядах падзей нараджаецца наступны раман Івана Шамякіна «У добры час» (1953).

У гэтым рамане — незабыўная атмасфера пасляваеннага калгаснага аднаўлення, шчырая радасць людзей, якія пакідаюць спадчыну фашысцкага ліхалецця — зямлянкі — і перасяляюцца ў новыя мірныя хаты, ладзяць гаспадарку, дамагаюцца нават таго, чаго да вайны не было,— праводзяць электрычнасць. Шамякін і ў гэтай кнізе паўстае ў значнай меры як рамантык. Тут нямала яркіх малюнкаў, трапных дэталей, ад якіх патыхае паэзіяй вясковага жыцця. Ёсць і вобразы, створаныя адпаведна з рамантычнай эстэтыкай,— Васіля Лазавенкі, Машы Кацуба. Але супярэчнасці, якія бачыў пісьменнік у жыцці, ужо не ўкладваліся ў рамкі адналінейна-ідэальнага вобраза. Характар Максіма Лескаўца, учарашняга афіцэра-франтавіка, якога аднасяльчане, памятаючы заслугі яго бацькі, выбіраюць старшынёй калгаса, мае яўны нахіл да псіхалагічнай складанасці, у ім «суіснуюць» самыя процілеглыя пачаткі.

Пісьменнік нібы выхапіў з жыцця гэты вобраз, грунтоўна, у псіхалагічным плане паказаўшы, як мітусіцца ў пасляваенным калгасным жыцці Максім Лескавец, нярэдка робячы і няправільныя крокі. Ёсць шмат прывабнага ў гэтым чалавеку. Ён настойлівы ў дасягненні пастаўленай мэты, імкнецца кіравацца ўласным розумам, не любіць апекі. А яе хоць адбаўляй: разумныя і не надта разумныя парады сыплюцца з усіх бакоў, камандуюць Максімам усе — каму трэба і каму не трэба.

Думаецца, вобразам Максіма Лескаўца пісьменнік паставіў вельмі значную праблему, якую наша крытыка абмінае ледзь не да апошняга часу. Гэта датычыць і ўзаемаадносін героя з каханай дзяўчынай Машай Кацуба. Яна шэсць гадоў чакала яго. Максім жа як бы здрадзіў каханню: вярнуўшыся ў вёску, ён пазбягае сустрэч з Машай, а выпадкова напаткаўшы дзяўчыну на вуліцы, не можа ўтаіць расчаравання.

Хто ж такі Максім Лескавец? Ці сапраўды ён настолькі зазнаўся, паверыў у сябе, што страціў пачуццё рэальнасці і тыя добрыя чалавечыя рысы, якія, бясспрэчна, былі ўласцівы яму ў мінулым? Ён, вядома, самалюбівы, ганарысты, калючы. Але справа, відаць, не толькі ў гэтых асабістых якасцях героя, а ў чымсьці глыбейшым. На вайне, на фронце, наводдаль ад дому, дзе ўсе яго ведалі, Максім вырас. Ён не той, кім быў раней. Яго патрабаванні да жыцця, ідэалы сталі другімі, больш высокімі. Цяга Максіма да Ліды Ладынінай, адукаванай, прывабнай настаўніцы, якраз і сведчыць пра новы ўзровень духоўных імкненняў героя.

Пісьменніку, аднак, не ўдалося адліць вобраз Максіма Лескаўца, як і рамана ў цэлым, у дасканалую мастацкую форму. У другой і асабліва ў трэцяй частцы твора адчуваецца жаданне аўтара «прычасаць» героя, зрэзаць вострыя вуглы, зняць супярэчнасці. Гэта было ў духу патрабаванняў тагачаснай крытыкі, якая шырока прапагандавала тэзіс аб барацьбе «добрага з выдатным» і не выказвала асаблівай прыхільнасці да герояў, што не ўкладваліся сваім супярэчлівым духоўным абліччам у яе нарматыўныя ўяўленні аб станоўчым. Так або інакш, але менавіта з вобраза Максіма Лескаўца пачынаецца ў творчасці Шамякіна галерэя характараў, што прывабяць чытача сваёй сацыяльна-грамадскай значнасцю і псіхалагічнай супярэчлівасцю.

Шмат дае для разумення працэсаў, што адбыліся ў беларускай вёсцы першых пасляваенных гадоў, «перыферыя» рамана «У добры час», так званыя вобразы другога і трэцяга планаў, за якімі ўгадваюцца рэальныя чалавечыя тыпы, носьбіты тых або іншых грамадскіх тэндэнцый. Хітры, сквапны да грамадскага дабра былы старшыня калгаса Амяллян Шаройка, старшыня сельсавета Байкоў, сакратар партарганізацыі і вясковы доктар Ладынін, дырэктар школы Мяцельскі, дырэктар МТС Крыловіч, старшыня сельпо Гольдзін, трактарыст Прымак, нізенькая тоўстая Гаша з фермы, бабка Гаўрыліха — усё гэта вобразы, падгледжаныя пісьменнікам у гушчы жыцця і перанесеныя на старонкі кнігі.

У рамане паўстае непаўторная атмасфера вялікіх надзей, якія мелі нашы людзі адразу пасля вайны. Цяжкасці, што ўзнікалі ў разбуранай, спустошанай нашэсцем чужынцаў вёсцы, учарашнім франтавікам, партызанам здаваліся нескладанымі, лёгкімі ў параўнанні з тымі нягодамі, якія ім прыйшлося вынесці на вайне. Пісьменнік з захапленнем паказвае нам будні калгаснага побыту, не мінаючы ніводнай больш-менш значнай праявы ў жыцці тагачаснай вёскі. Не толькі, скажам, будаўніцтва электрастанцыі, перасяленне пагарэльцаў з зямлянак у новыя хаты, як факты па тым часе важныя, цікавяць празаіка, а ўвогуле ўсё, чым вызначаецца цыкл жыцця сельскага раёна: лесанарыхтоўкі, ворыва, сяўба, уборка ўраджаю, дзейнасць МТС, работа звенняў. Для вырашэння маральных і псіхалагічных праблем месца застаецца мала, яны часта падмяняюцца праблемамі надуманымі, якія ў канечным рахунку прыводзяць да стварэння саладжава-сентыментальных вобразаў, як бездакорна чысты старшыня калгаса, антыпод Лескаўца, Васіль Лазавенка. Але, паўтараем, і ў ідэалізаваным, святочна-прыўзнятым па сваёй танальнасці малюнку тагачаснага жыцця шмат знаходак, адкрыццяў, бо гэты малюнак праўдзіва даносіць да нас пафас пасляваенных надзей і ілюзій.

Пройдуць тры-чатыры гады, і ў новым рамане «Крыніцы» (1957) Іван Шамякін зробіць патрэбныя карэктывы, больш сур’ёзна зірне на калгаснае жыццё і на тыя супярэчнасці, якія ў ім наспелі.

Раман «Крыніцы» — буйная ўдача пісьменніка, яго творчы ўзлёт. Ён напісаны сталым, вопытным майстрам, у якога незвычайна востры сацыяльны зрок, уменне выдзеліць у жыцці самае істотнае. Кніга вельмі цэласная сваёй кампазіцыяй, сюжэтнай завершанасцю, Калі ў папярэдніх творах найболей удалымі, яркімі былі галоўныя вобразы, фігуры першага плана, а астатнія пераважна «ўгадваліся», то ў «Крыніцах» поўнае мастацкае грамадзянства набылі персанажы другарадныя і нават эпізадычныя. Майстэрства пісьменніка вырасла па ўсіх лініях: прыхільнік «паэтычнай», эмацыянальна афарбаванай прозы, ён заяўляе сябе тут і глыбокім, тонкім псіхолагам, калі раней яго іншы раз папракалі за недастатковую мастацкую выразнасць мовы, то цяпер усе сышліся на думцы, што ў новым рамане яна стала лепшай.

«Крыніцы» — твор шматпланавы. Ён расказвае аб прыкметах часу, аб крушэнні зазнайства і параднасці, увасабленнем якога выступае дзеяч раённага маштабу Арцём Бародка, аб выхаванні бадзёрай, духоўна здаровай змены, вартай сваіх мужных бацькоў. Дырэктар школы Лемяшэвіч, вучань яго Алёша Касцянок, урач Наталля Пятроўна, калгасны рахункавод Полаз, звеннявая Аксіння Снягір, старшыня райвыканкома, а пазней калгаса Валатовіч — гэта ўсё нявыдуманыя паўнакроўныя характары, кожны са сваёй непаўторнай чалавечай індывідуальнасцю, яны прыйшлі на старонкі кнігі з глыбінь народнага жыцця.

Раман «Крыніцы» таксама народжан сваім часам. Увогуле Івана Шамякіна як пісьменніка вызначае шчаслівае ўменне ўлавіць, увасобіць у мастацкім вобразе тое, што як бы яшчэ носіцца ў паветры, не мае назвы, ляжыць на грані пачуцця і свядомасці. Таму, зрэшты, усе яго кнігі нараджаліся як адказ мастака на вострыя і надзённыя пытанні імклівай явы, угадвалі штосьці вельмі істотнае ў зрухах індывідуальнай псіхалогіі і грамадскай свядомасці. Але вернемся да рамана.

Ён, як і папярэдні, па сваёй тэматыцы пераважна «сельскі». Але ў новым творы пісьменніка найменш цікавяць розныя гаспадарчыя дэкады, месячнікі, кампаніі. Ён ставіць перад сабой высакародную мастацкую задачу больш сур’ёзнага плана: «знутры», сродкамі псіхалагічнага раскрыцця паказаць, кім па сваіх маральна-этычных, грамадскіх якасцях з’яўляюцца вясковыя працаўнікі, інтэлігенты, кіраўнікі раённага звяна, і дамагаецца немалога поспеху. Але і ў гэтым творы ёсць вобразы, намаляваныя пераважна ружовай фарбай. Да іх ліку трэба аднесці настаўніка Данілу Платонавіча Шаблюка, участковага ўрача Наталлю Пятроўну Груздовіч-Марозаву, хоць цалкам адмовіць гэтым вобразам у жыццёвай верагоднасці, праўдзівасці нельга.

У цэлым раман населен людзьмі жывымі, адзін на аднаго непадобнымі, дапытлівымі, цікавымі. Пісьменнік значна пашырае кола жыццёвых назіранняў: акрамя калгаса ёсць школа, вучнёўская моладзь, настаўніцкі калектыў, у пэўнай меры дзейнасць райкома і райвыканкома.

Івану Шамякіну належыць у беларускай літаратуры першаадкрыццё такой шкоднай антыграмадскай з’явы, якой з’яўляецца «бародкаўшчына». Арцём Бародка, першы сакратар райкома, па-свойму яркі і прывабны чалавек, не разумее новых павеваў часу, залішне пакладаецца на сілу ўласнага аўтарытэту, адміністрацыйнага загаду і ў канечным рахунку становіцца перашкодай для грамадскага развіцця.

Канфлікт, які ў творы развіваецца, нібы не ляжыць на галоўнай лініі рамана. Дырэктар Крыніцкай дзесяцігодкі Міхась Лемяшэвіч, які толькі-толькі прыехаў на працу, сутыкаецца з Бародкам больш у сферы маральна-этычнай, чым грамадска-сацыяльнай. Але так здаецца толькі на першы погляд.

Менавіта раскрыццё асабістых маральных якасцей Бародкі дапамагае пісьменніку ярка і пераканаўча паказаць грамадскае перараджэнне героя, страту ім сапраўды партыйных пазіцый, яго двудушша і крывадушша. У святле «асабістых» паводзін Арцёма Бародкі робяцца больш адчувальнымі эгаістычныя, выразна адмоўныя ўчынкі завуча школы Арэшкіна, метады кіраўніцтва калгасам яго старшыні, недалёкага, абмежаванага, недаверлівага да людзей Патапа Махнача, і нават тое, як выхоўвае сваю дачку, старшакласніцу Раісу, увогуле разумная і дзейсная звеннявая Аксіння Хвядосаўна Снягір.

Жыццё сельскай школы — як бы цэнтральны вузел рамана. Гэта не азначае, што пісьменнік абмінае іншыя праявы вясковай рэчаіснасці. Не, вёска сярэдзіны пяцідзесятых гадоў з усімі яе клопатамі, супярэчнасцямі, нявырашанымі пытаннямі паўстае ў творы як на далоні, можа быць, дзякуючы іменна таму, што падзеі яе жыцця ўбачаны вачамі адукаваных, шчырых, перадавых людзей свайго часу — настаўніка Лемяшэвіча, старшыні райвыканкома, а затым старшыні Крыніцкага калгаса Валатовіча, вучня Алёшы Касцянка.

Пра моладзь Іван Шамякін заўсёды пісаў многа і ахвотна. Выразная гэта тэма і ў «Крыніцах». Дастаткова ўспомніць вобраз Алёшы Касцянка, дапытлівага старшакласніка, з яго юнацка-просталінейным поглядам на свет, працавітасцю, рашучасцю, чысцінёй паводзін. Характар Алёшы яшчэ канчаткова не склаўся, пісьменнік паказвае свайго героя на тым супярэчлівым псіхалагічным пераломе, калі дзяцінства ўжо скончылася, а сталасць не наступіла. Алёша ў час летніх канікул працуе камбайнерам, кахае аднакласніцу Раісу, на знявагу з боку завуча Арэшкіна адказвае тым, што пакідае школу. З вобразам Алёшы Касцянка пісьменнік звязвае цэлы шэраг праблем выхавання маладой, падрастаючай змены, якая дастойна замяніць бацькоў.

Раман Івана Шамякіна «Сэрца на далоні» (1964) у многім як бы працягвае ўнутраную тэму папярэдняга. І ўсё ж у новым творы пісьменнік паставіў для сябе новую задачу. Раней была вёска, калгас, сельская інтэлігенцыя — адным словам, галіны жыцця, дастаткова вывучаныя беларускай літаратурай. Цяпер перад намі абласны, індустрыяльны горад, бурны, імклівы паток жыцця, людзі горада — партыйныя і савецкія работнікі, урачы, журналісты, рабочыя завода.

Своеасаблівая пабудова рамана: мінулае прысутнічае ў ім як сённяшняе, карціны і эпізоды барацьбы савецкага падполля, якое дзейнічала ў горадзе ў гады фашысцкай акупацыі, цесна пераплецены, звязаны з цяперашняй дзейнасцю амаль усіх асноўных герояў — журналіста Шыковіча, урача Яраша, старшыні гарсавета Гукана, дачкі доктара Савіча Зосі.

Напалавіну забытая справа доктара Савіча, сумленнага савецкага чалавека, які загінуў на патрыятычным пасту ад фашысцкіх рук і якога паспешліва і несправядліва абвінавацілі пасмяротна тыя, хто павінен быў абараняць яго добрае імя,— гэтая «справа» становіцца ўнутранай тэмай рамана, важнай часткай яго задумы. Яна пралівае святло на мінулае і цяперашняе герояў, з’яўляючыся своеасаблівай «лакмусавай паперкай», па якой як бы правяраецца сутнасць характараў.

Вобраз Гукана некаторымі рысамі нагадвае Бародку з рамана «Крыніцы». Але варта сказаць, што пісьменнік раскрывае характар Гукана з большай псіхалагічнай глыбінёй, пераканаўчасцю, дакапваючыся да яго чыста чалавечых і сацыяльных вытокаў.

Журналіст Кірыла Шыковіч быў калісьці сааўтарам кнігі Сямёна Гукана, у гады вайны камісара партызанскага атрада, а цяпер старшыні гарадскога Савета. Для свайго часу кніга здавалася патрэбнай, праўдзівай: яна ўваскрашала подзвігі тых, хто, не дбаючы аб уласным жыцці, змагаўся за шчасце Радзімы. Але прамінулі гады, з руін падняўся горад, вялікія перамены адбыліся ў грамадскім жыцці, і журналіст Шыковіч пачынае крытычна глядзець на сваю літаратурную працу. Цяпер яму ясна, што ў кнізе шмат недахопаў, белых плям, што ў ёй расказана не ўся праўда пра ўсенародную барацьбу з фашызмам. Сумленне савецкага чалавека і журналіста штурхае Шыковіча на пошукі новых матэрыялаў аб гарадскім падполлі. Ён перакананы, што ў імя Радзімы аддалі свае жыцці тысячы і тысячы безыменных герояў, сціплых, мужных людзей. А безыменных герояў не павінна быць! Іх павінны ведаць, імі павінны ганарыцца сучасныя і наступныя пакаленні. Шыковіч наважваецца пісаць новую дакументальную аповесць аб удзельніках падполля.

Так уваходзіць у раман тэма подзвігу, гераічнага змагання бацькоў.

На шляху Шыковіча паўстаюць двое: удзельнік падполля таленавіты хірург Яраш і старшыня гарсавета Гукан. Іх паводзінамі кіруюць розныя матывы. Калі Яраш напачатку лічыць, што не варта варушыць былыя, напаўзабытыя справы, то толькі таму, што ўспамін аб іх прынясе новы боль тым, каго яны датычаць. Некалі Яраш, не баючыся застацца ў адзіноце, выступіў супраць кнігі Гукана, убачыўшы ў ёй аднабокую, фальшывую карціну падпольнай барацьбы.

Яраш у хуткім часе мяняе погляд на стан рэчаў. Ён з ліку людзей, хто запальваецца ўсёй душой, калі пераконваецца ў справядлівасці той або іншай справы. Напаткаўшы абалганую, скалечаную фізічна і духоўна Зосю Савіч, дзяўчыну, якая выратавала яму ў гады вайны жыццё, Яраш пачынае бескампрамісную барацьбу за аднаўленне добрага імені доктара Савіча.

Справа доктара Савіча — сюжэтны цэнтр, той мастацкі фокус, які «цэментуе» дзеянне, звязвае яго ў адзінае цэлае. Не спалохаўшыся гісторыі, якая знешне нагадвае звычайны дэтэктыў (падпольная барацьба нараджала сотні такіх мяжуючых з фантастыкай гісторый), пісьменнік здолеў насыціць старонкі аб гарадскім падполлі добрым, пераканаўчым псіхалагізмам, данесці да чытага суровую, поўную трагічных нечаканасцей праўду жыцця.

Напаўзабытая справа доктара Савіча, сумленнага савецкага чалавека, патрыёта, які паводле жорсткіх законаў падпольнай барацьбы прыняў знешняе аблічча пасобніка акупантаў, быў імі выкрыт і загінуў ад іх рук, а пазней быў пасмяротна абвінавачаны тымі, хто па абавязку баявога таварыства павінен быў рабіць адваротнае,— «справа» гэта становіцца ўнутранай тэмай рамана, важнай часткай яго ідэйнай сутнасці.

Сямён Гукан супраць перагляду, або, як ён гаворыць, «рэвізіі» дзейнасці гарадскога падполля. Ён непрымірыма і проста такі варожа ставіцца да нябожчыка Савіча і яго дачкі Зосі, якая вярнулася ў горад. Хто ж ён такі, Гукан?

Пісьменнік не закрэслівае некаторых станоўчых рысаў героя. Гукан смела ваяваў, ёсць у яго свае заслугі ў аднаўленні разбуранага вайной горада. Але чытаеш старонку за старонкай твор і ловіш сябе на нядобрым пачуцці да гэтага чалавека, якое расце і ўзмацняецца. Зося, не ведаючы, што расказвае пра Гукана, называе чалавека з халоднымі вачамі, які нават не падзякаваў яе бацьку і ёй за тое, што, рызыкуючы жыццём, яны далі яму прытулак у захопленым фашыстамі горадзе. Нарэшце перагорнута апошняя старонка. Нам вядома пра асабісты ўдзел Гукана ў шальмаванні Зосі, дачкі доктара Савіча, і апошнія ілюзіі развейваюцца. Перад намі чалавек, здольны будаваць уласную кар’еру на няшчасці сумленных людзей, чалавек, які не мае маральнага права называцца кіраўніком. Верны жыццёвай праўдзе, пісьменнік паказвае, як сама наша рэчаіснасць, усё тое новае, што ўвайшло ў яе пасля вядомых рашэнняў партыі, выкідвае за борт кар’ерыстаў, прыстасаванцаў, людзей, што вышэй за ўсё ставяць свой асабісты дабрабыт.

Увогуле ж раман населен людзьмі добрымі, неспакойнымі, шукальнікамі па натуры, якія, нібы асабістую, успрымаюць чужую бяду і актыўна змагаюцца са злом. Галерэя станоўчых вобразаў, намаляваных Іванам Шамякіным у творы, багатая як грамадска-сацыяльным зместам, так і доляй тых жыццёвых падрабязнасцей, якія робяць гэтыя вобразы непаўторнымі чалавечымі індывідуальнасцямі.

Бадай, лепшы ў рамане вобраз урача Яраша. Пісьменнік знайшоў яркія, пераканаўчыя фарбы, каб намаляваць чалавека дзелавога, энергічнага, бліскучага спецыяліста. Гуманная сама прафесія Яраша: ён хірург, ён вяртае людзям здароўе і жыццё. Але яшчэ больш каштоўныя для нас душэўная чысціня, гарачая самаахвярнасць, гатоўнасць да штодзённага подзвігу — якасці, што складаюць самую сутнасць характару Яраша. Па-свойму арыгінальная асоба Шыковіча, хоць з мастацкага боку ён выпісан слабей за Яраша.

Многія старонкі рамана прысвечаны моладзі, яе справам і імкненням, праблемам выхавання. Уздымаючы гэты так мала крануты нашай прозай пласт, Шамякін сказаў сваё слова аб тых, хто толькі пачынае шлях у вялікае жыццё.

Унутраная тэма рамана, яго перспектыва — брацтва, душэўная блізкасць і яднанне людзей, якія будуюць камунізм. Камунізм, хоча сказаць пісьменнік, пабудуюць не нейкія выключныя людзі, выхаваныя ў аранжарэйных умовах, а самыя звычайныя, «зямныя», з уласцівымі ім недахопамі. Камунізм — не далёкая будучыня, а наша паўсядзённая работа і барацьба, планы і мары, якія становяцца явай,— такі пафас рамана «Сэрца на далоні».

Раман у добрым сэнсе публіцыстычны, завостраны, шырокі па ахопу жыцця. Не ўсё ў ім па-мастацку раўнацэнна. Ёсць нямала старонак, асабліва тых, якія датычаць дачнага побыту, будняў брыгады камуністычнай працы, напісаных без душэўнага напружання і страсці, уласцівых раману.

А вось яшчэ адзін раман Івана Шамякіна «Снежныя зімы». Празаік верны сабе і ў гэтым рамане: вострымі маральна-этычнымі пытаннямі, якія патрабуюць неадкладнага адказу, дыхае кожная яго старонка.

Асноўная задума рамана ўяўляецца такой: намаляваць вобраз аднаго з тых, каго мы сёння называем «старой гвардыяй», вобраз чалавека, які доўгі час займаў у жыцці каманднае становішча, ад якога, зрэшты, залежала нямала на тым участку сацыялістычнага будаўніцтва, за які ён адказваў. Задача, за мастацкае вырашэнне якой узяўся Іван Шамякін, стаіць перад усёй нашай літаратурай. Сацыялістычнае жыццё вылучала і будзе вылучаць людзей, закліканых узначальваць працоўныя масы, кіраваць імі, вучыць іх і вучыцца ў іх. Літаратура проста не зможа паспяхова развівацца, не даўшы адказу на пытанне, кім па сваіх маральных, духоўных якасцях з’яўляецца вось гэты кіраўнік, арганізатар народнай працы і барацьбы. Не будзем забываць, што іменна з такімі вобразамі звязаны бліскучыя поспехі савецкай прозы 20—30-х гадоў. Левінсон з «Разгрому» А. Фадзеева, Чапаеў Д. Фурманава, шматлікія героі твораў Л. Ляонава, К. Федзіна, Ус. Вішнеўскага, Я. Коласа, К. Крапівы, М. Лынькова — людзі, якія вядуць за сабой сотні і тысячы другіх людзей, кіруюць імі, выяўляючы пры гэтым багацце, шматграннасць, высакароднасць сваёй душы.

Іван Васільевіч Антанюк — герой рамана І. Шамякіна — кіраўнік, калі можна сказаць так, у мінулым. Яго знялі з пасады, адправілі на пенсію за тое, што ён супраціўляўся бязглуздым адміністрацыйным загадам. Герой рамана знаходзіцца ў становішчы, вельмі прыдатным для таго, каб азірнуцца, асэнсаваць свой жыццёвы шлях.

Антанюк — чалавек сімпатычны, абаяльны. Працяглае знаходжанне на высокіх кіруючых пасадах не закружыла яму галавы, не прымусіла паверыць у тое, што ён зроблен з іншага цеста, чым астатнія людзі, ва ўсякім выпадку тыя, якія яму падначальваюцца. Ён не бюракрат, не кар'ерыст, не чэрствы эгаіст. І ў той жа час пісьменнік зусім не імкнецца прадставіць свайго героя ідэальным чалавекам. Антанюк, будучы цвёрдым у сваіх маральных перакананнях, у сваіх патрыятычных, партыйных пазіцыях, у той жа час чалавек вельмі звычайны, яго характару ўласцівы пэўныя хібы і слабасці.

Антаганістам Антанюка выступае ў рамане Валька Будыка, былы начальнік штаба ў тым партызанскім атрадзе, якім камандаваў Іван Васільевіч. Нешта раздзяляла Антанюка з Будыкам яшчэ тады, у суровыя гады змагання з ворагам, але цяпер, у мірныя дні, калі вайна стала ўспамінам, яны яшчэ больш аддаліліся адзін ад аднаго. Будыка лёгка плыве на хвалях адміністрацыйнага поспеху, не грэбуе магчымасцю далучыцца да навуковай славы, якая яму не належыць. Ён не церпіць ніякай крытыкі, можа пры патрэбе ўгоднічаць, падхалімнічаць, любіць жыццёвы шык, камфорт. Менавіта на глебе такіх розных, па сутнасці, супрацьлеглых адносін да жыцця вынікаюць бясконцыя канфлікты паміж Антанюком і Будыкам. Гэта вельмі важная думка рамана — у жыцці вельмі многае залежыць ад самога чалавека, ад таго, як ён сябе павядзе ў тых ці іншых абставінах. Мы бачым, адчуваем: пры адных і тых жа акалічнасцях Антанюк і Будыка зробяць па-рознаму.

У той жа час пісьменнік імкнецца давесці чытачу, што прорва, якая ўтварылася паміж героямі-антыподамі, пакуль яшчэ не бяздонная, яшчэ магчыма аснова, грунт для збліжэння іх жыццёвых пазіцый. Карацей кажучы, Валянцін Будыка, былы начальнік штаба партызанскага атрада, а цяпер дырэктар навукова-даследчага інстытута, яшчэ не страчаны для грамадства чалавек.

Новы раман Івана Шамякіна, на маю думку, найбольш публіцыстычны з усіх твораў пісьменніка. Пісьменнік свядома паказвае сваіх герояў у будзённай, бытавой абстаноўцы. Малюнкі сямейнага, «звычайнага» побыту чаргуюцца з баявымі эпізодамі партызанскага жыцця — менавіта дзякуючы гэтаму прыёму мы бачым розныя грані характару герояў, лепш адчуваем іх чалавечую сутнасць.

Раман І. Шамякіна дае грунт для роздуму, аб ім хочацца гаварыць, спрачацца. Гэта добра, гэта сведчыць пра творчую ўдачу празаіка. У параўнанні з «Сэрцам на далоні» новы твор значна глыбей паказвае сучасную моладзь, яе запатрабаванні, імкненні. У той жа час у сюжэтнай лініі Антанюк — Надзея Пятроўна — Віта — нямала ад звычайнай «дэтэктыўнай» займальнасці.

 

* * *

 

Тут расказана далёка не пра ўсё, напісанае Іванам Шамякіным.

Даўно, пачынаючы з канца 40-х гадоў, самы шырокі чытач з вострай цікавасцю сочыць за творчасцю Івана Шамякіна. Кожны новы твор гэтага пісьменніка сведчыць аб імкненні адказваць на надзённыя, балючыя пытанні сучаснасці, як бы ўводзіць у атмасферу вострых жыццёвых канфліктаў, барацьбы, настойлівых маральна-этычных пошукаў. Іван Шамякін, як, бадай, ніхто з сучасных беларускіх празаікаў, чулы да пытанняў маральна-этычных. Пісьменніка вызначае ўменне схапіць, увасобіць у мастацкім вобразе тое, што яшчэ толькі нараджаецца ў жыцці, уменне расказаць аб новым, перадавым, самым галоўным. Калі да гэтых вартасцей, якія вызначаюць талент Шамякіна, дадаць яго майстэрства будаваць востры, займальны сюжэт, быць белетрыстам у добрым сэнсе гэтага слова, стане зразумелай папулярнасць твораў пісьменніка.

Кожны твор Івана Шамякіна быў своеасаблівым адкрыццём. Кожны меў буйныя, як бы выхапленыя з жыцця і ўзнятыя на вышыню мастацкага абагульнення вобразы, характары, радасную для чытача навіну пісьменніцкага погляду на жыццё. Увогуле, на маю думку, не можа быць добрага пісьменніка-эпіка без таго, каб ён не маляваў характараў, яркіх і запамінальных, якія ўвасабляюць у сабе тэндэнцыі, супярэчнасці часу, ідэалы і антыпатыі пісьменніка. Бяда некаторых нашых празаічных твораў якраз у тым, што значных характараў у іх няма, што намаляваныя вобразы драбнаватыя, не нясуць аб’ёмнай, глыбокай думкі.

Іван Шамякін пры пэўных іншых хібах свайго майстэрства пра характар дбае нязменна, прычым іменна пра характар, калі хочаце, выключны, які выражае дух, прыкметы часу, сацыяльнага асяроддзя, якое яго нарадзіла, выклікала да жыцця.

Калі ў некалькіх словах сказаць аб самым галоўным у творчасці Івана Шамякіна, то гэтым галоўным будзе тонкае разуменне таго, што вырасла ў светаадчуванні, у душах людзей, выхаваных ва ўмовах савецкай, сацыялістычнай рэчаіснасці.

Адзін з нашых даволі вядомых крытыкаў неяк сказаў, што калі астатнія беларускія празаікі пішуць у формах, прыбліжаных да рэальнага жыцця, то Іван Шамякін аддае перавагу «раманным» формам.

Івану Шамякіну — за пяцьдзесят. Наступіў, калі можна так сказаць, мудры філасофскі ўзрост. Напісана многа, і можна заслужана ганарыцца здзейсненым. Але няхай нараджаюцца новыя раманы, аповесці, сагрэтыя той жыццёвай мудрасцю, якой пісьменнік дасягнуў, і няхай не гасне ў іх тое адчуванне маладосці, радасці жыцця, якое ён прынёс у напісаныя кнігі.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 282-298
Крыніца: скан