epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Наш Купала

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI


І

 

Янка Купала па характару, таленту — паэт маштабнага мыслення, струны яго душы найбольш чула адгукваліся на ўсё вялікае, значнае, яркае і выключнае ў жыцці. Вядома, што такі талент ва ўсю моц можа праявіцца толькі ў тым выпадку, калі ў самім жыцці ёсць спрыяльныя ўмовы для гэтага, калі ява нараджае масавы гераізм, калі ідзе барацьба за высокія грамадскія ідэалы. Не прыходзіцца даказваць, што эпоха першай рускай рэвалюцыі на Беларусі была іменна такім часам — бурліла, кіпела вёска, патрабуючы «зямлі і волі», гарэлі падпаленыя сялянамі памешчыцкія маёнткі, сяляне захоплівалі панскія землі, самаўпраўна секлі лес, на «ўціхамірванне» вёскі ўлады пасылалі казацкія атрады.

Рух сацыяльны, аграрны супаў з нацыянальна-вызваленчым. Час нібы трубіў у гераічныя трубы.

Купала прыйшоў у літаратуру з высокімі патрабаваннямі да жыцця, з ідэалам чалавека вялікаснага, моцнага, гарманічнага, прыгожага ва ўсіх варунках сваёй жыццядзейнасці.

 

Пад уладай сваёй будзе маці

Як ёсць усё чыста на свеце:

Ён будзе ўсіх чыста дужэй,

Ён будзе ўсіх чыста мудрэй...

Так будзе ён царом прыроды,

Сам найдасканальшага роду,

І будзе цар гэты навек

Названне насіць — чалавек.

 

Вось гэты ўзвышаны, па сутнасці сваёй рамантычны ідэал сутыкнуўся з явай непрыгляднай, змрочнай, «нізкай», якая з ідэалам паэта не мела нічога агульнага.

Сотні малюнкаў вясковага побыту, працы разгорне перад намі паэт, многа раз паўстане ў вобліку свайго ўлюбёнага героя — селяніна-бедняка, не абміне ніводнай больш-менш значнай праявы ў тыпова сялянскім жыцці, няшчасці, бядзе.

Паэзія Купалы сацыяльная наскрозь, яна ўся набрыняла сялянскім потам, слязамі, беларускім горам-бядою, і не зважаючы на крытыкаў, якія не раз папракалі паэта за аднастайнасць матываў яго паэзіі, ён мужна, з тытанічнай настойлівасцю працягвае сваю работу. Беззямелле, страшэнная неўладкаванасць сялянскага жыцця, прыніжаная чалавечая годнасць селяніна-беларуса і трагедыя народа, якому адмаўляюць у праве называцца народам,— вось той фокус, тое кола ідэй, вакол якога засяроджаны думкі і пачуцці Купалавай лірыкі.

Аголеныя да пракламацыйнага гучання думкі аб сялянскай, народнай волі пераходзяць з верша ў верш. Матывы знаёмыя — яны як бы перавандравалі з паэзіі Багушэвіча: чалавек жыве горш за скаціну, не бачыць ён ніякай прасветліны ў сваім жыцці, свет як бы згаварыўся супраць селяніна, пасылаючы яму адны толькі пакуты і трагічныя выпрабаванні.

Але калі б Купала пісаў толькі пра беднае, занядбанае жыццё селяніна, пра яго шматлікія патрэбы, неўладкаванасць побыту, калі б падымаўся нават да пратэсту супраць сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, то нічым істотна ад сваіх пабрацімаў па пяру ён бы не адрозніваўся, бо і яны пісалі аб гэтым самым, пісалі часам нядрэнна (сотні такіх вершаў раскіданы па старонках «Нашай нівы» і іншых газет, дарэвалюцыйных зборнікаў, календароў). Яго паэзія па свайму значэнню наўрад ці выйшла б за межы мясцовага, нацыянальнага жыцця.

Купала ўзышоў да вышынь паэзіі дзякуючы менавіта таму, што сваю горкую беларускую бяду ён узняў на паказ усяму свету, што, малюючы саламяную вёску, яе побыт, яе жыхара-селяніна, ён думаў адначасна пра ўвесь народ, пра чалавека наогул, пра сэнс яго жыцця. Такога рамантычнага размаху страсцей, такой глыбіні грамадзянскага смутку, што пераходзіць у невыносны, «зубны боль» па чалавеку (Горкі), такіх пераходаў, узлётаў ад крайняга песімізму, трагізму да светлага, высокага аптымізму ні ў якога другога беларускага пісьменніка, апрача Купалы, мы не ўбачым.

 

ІІ

З першых крокаў творчай работы Купалу вызначае шырокае паэтычнае мысленне, невымерны палёт думкі, фантазіі, і ўсё гэта, зрэшты, накладвае адбітак на стыль яго твораў — інтанацыю, рытм, параўнанні, тропы, асацыяцыі. Ужо Багдановіч адзначаў, што буйны, шырокі купалаўскі рытм «падмывае, захоплівае чытача, не дае апамятацца, затрымацца і нясе яго ўсё далей і далей... Каб задаволіць яго разгон, канцы строк аж звіняць, з’яўляюцца рыфмы і пасярэдзіне верша, нават словы да яго падбіраюцца зычныя, моцныя; а калі ў мове сталеццямі гнуўшагася беларускага народа не хватае іх, дык Купала ўжывае новыя, выкаваныя ім самім: ні ў аднаго нашага паэта няма такога багатага славара, як у Купалы».

Купала як паэт вельмі даражыць музычнасцю сваёй паэзіі, добра адчуваючы, якое магутнае ўздзеянне мае гэта на чытача. У багатай спадчыне паэта не знойдзеш і двух вершаў, цалкам падобных па рытміка-інтанацыйнаму малюнку. Было б, вядома, наіўным выводзіць незвычайнае багацце купалаўскай рытмікі, мелодыкі, інтанацыйнага гучання з адной толькі беларускай народнай песні. З народнай песняй паэзія Купалы сутыкаецца ў шматлікіх сваіх момантах, яна па гучанню, па мелодыцы вельмі беларуская, але ў той жа час і не беларуская, калі мець на ўвазе традыцыйны народны мелас. Рэвалюцыйная ява, паэтам якой выступаў Купала, патрабавала новых песень — баявых, наступальных, песень «высокага» гераічнага гучання, і паэт ствараў іх, абапіраючыся на вопыт сусветнай паэзіі, на мелодыку не толькі традыцыйна-народнай беларускай песні.

Паэзія для Купалы пачынаецца з музыкі. Першым ва ўсёй беларускай літаратуры паэт адчуў, што кожная з’ява быцця — пейзажны малюнак, бытавы прадмет, рух інтымнага пачуцця — маюць сваю непаўторную музыку, якую трэба ўлавіць, выявіць яе найтанчэйшыя нюансы, каб, узнавіўшы на струнах уласнай душы, сплавіць з вершаваным словам. Менавіта музычны, а не жывапісны, не пластычны бок з’явы, прадмета, малюнка перш за ўсё цікавіць паэта. Такіх майстроў, як Купала, які ўмеў даць дакладны тэмбр, голас для гукавой характарыстыкі кожнага прадмета, у сусветнай паэзіі няшмат. Вельмі поліфанічная паэзія Пушкіна, Тараса Шаўчэнкі, Блока, Тычыны. У беларускай літаратуры вяршыня такой паэзіі — Купала.

«Музычнасць», напеўнасць паэзіі Купалы цесна, непасрэдна сплаўлена з гучаннем ёмістага, што пахне сівой мінуўшчынай, і адначасна надзвычай свежага беларускага слова з яго багаццем трапных ідыёматычных выразаў, прымавак, пагаворак. Купала, бадай, у аднолькавай ступені з Коласам адчуў, што ў мове народа — яго душа, адметнасць бачання ім свету, тое непаўторнае, што выдзяляе яго сярод іншых народаў. Беларуская мова, доўгі час пазбаўленая кніжнай апрацоўкі, уражвала паэта яўнымі адмецінамі першароднай славянскай даўнасці, напаўзабытых міфалагічных павер’яў. Мова як нельга лепш выяўляла характар народа — цярплівага, працалюбівага, здольнага на сябе самога глядзець з мяккай паблажлівай усмешкай. Багацце мовы і песні, меласу — вось што найбольш цікавіла паэта з культурнай народнай спадчыны, вельмі рана ён адчуў, што ў скарбах мовы і песні як бы ўвасобіўся рухомы гістарычны лёс народа, яго псіхалагічны склад.

Музыка купалаўскага радка — грунт знітаванасці чалавека з навакольным светам, зачаткамі той гармоніі асобы і жыцця, якой паэт будзе шукаць на працягу ўсяго свайго творчага шляху.

Купалаўскі гукапіс — усеабдымны, у гісторыі паэзіі — нават дзіўны незвычайна цесным, арганічным сплавам музыкі і сэнсавай нагрузкі слова — ідзе побач з рамантычным палётам думкі, маштабнасцю паэтычнага мыслення, якое смела збліжае самыя, здавалася б, далёкія паняцці. На стыку музыкі і сэнсу нараджаецца непаўторная купалаўская метафара, незвычайна смелая і экспрэсіўная. Для Купалы метафара, як і рыфма, не дэкаратыўна-паэтычны арнамент, а перш за ўсё надзейны сродак паглыблення ў таямніцы навакольнага жыцця, у яго неразгаданыя глыбіні, у незаўважаныя звычайным чалавечым вокам сувязі, супярэчнасці паміж рэчамі і з’явамі, сродак асацыятыўнага мыслення вобразамі.

 

ІІІ

Шырыня купалаўскага творчага дыяпазону здзіўляючая. Ад трагедыйнай урачыстасці, ад высокай рамантычнай узнёсласці паэт пераходзіць, падчас у адным і тым жа вершы, да інтымнай чалавечай даверлівасці, вокамгненны палёт думкі асвеціць сумнай чалавечай усмешкай; ён можа быць саркастычна гнеўным, насмешлівым і па-сялянску памяркоўным, разважлівым. У паэзіі Купалы знаходзяць адбіццё ўсе праявы навакольнага жыцця, яна поліфанічная ў самым шырокім сэнсе слова; як і ў самім жыцці, у лірыцы паэта суседнічаюць, пераплятаюцца «высокае» і звычайнае, урачыстае і смешнае, голас трыбуна, які заклікае да барацьбы, заве ў новыя далі, і пранікнёны шэпт закаханага, адрасаваны аднаму дзявочаму сэрцу.

Усепаглынальны гуманізм, гарачае, шчырае спачуванне бедным, беззямельным сіротам, шэрай сялянскай масе, якая не бачыць у жыцці прасветліны, адно толькі працуе, лье пот, галадае, пакутуе ад холаду — асноўная тэма гэтай паэзіі, якой вызначаецца яе сацыяльны змест і ўсе астатнія матывы.

Але народжаная, паднятая на грэбень жыцця рэвалюцыйнай эпохай, муза Купалы не толькі плакала, не толькі скардзілася на лёс селяніна. Яна і пратэставала, клікала да смяротнай барацьбы з класавымі прыгнятальнікамі, прарочыла народнай масе вялікую будучыню. Да таго самага занядбанага селяніна звяртаецца паэт:

 

До спаць, паўстаньце

                        грамадою,

Ідзеце ім там памагаць.

Паўстаньце крэпасцю такою,

Каб вораг вас не змог зламаць.

 

Гуманізм Купалы набывае новыя якасці, становіцца рэвалюцыйным па характару. Гэты гуманізм адмаўляе ўсялякае цярпенне, непраціўленне прымусу, хрысціянскія дабрачыннасці пасіўнай спагады да бедных, абяздоленых. Новая рэвалюцыйная этыка, якая вынікае з купалаўскай паэзіі, не баіцца ахвяр і крыві ў імя светлай народнай будучыні. Паэт разумее, што зламаць стары парадак, заснаваны на прыгнёце, прымусе, можна толькі сілай, толькі рэвалюцыйным выбухам народнай нянавісці, якая наспявала, збіралася вякамі. Са слёз, пакут вырастае нянавісць, і яна для паэта святая, бо гэта нянавісць «возмездия», яна заклікана разбурыць «усё злое, усё няшчасце векавое» (Колас).

Творчасць Янкі Купалы — вянок, найвышэйшы ўзлёт беларускай дэмакратычнай літаратуры, у якім як бы сыходзяцца ўсе ніці, усе дарогі-пуцявіны, пракладзеныя і намечаныя папярэднімі пісьменнікамі. Беларуская дэмакратычная літаратура з першых сваіх крокаў вызначалася радыкалізмам, духам народнасці, класавай непрымірымасцю. Ад шчырага спачування, зацікаўленасці жыццём народных мас яна прыйшла да закліку паўставаць, руйнаваць стары свет, помсціць крыўдзіцелям, віноўнікам народнай бяды. Гэта генеральная лінія развіцця дакастрычніцкай беларускай літаратуры. У цеснай, строгай адпаведнасці з ёю фарміруецца і канцэпцыя чалавека, г. зн. філасофскі, гістарычны, сацыяльны, эстэтычны, этычны погляд на месца і ролю чалавека ў жыцці, на яго сувязь з грамадствам, з гісторыяй, на ролю народных мас у гісторыі, нарэшце, на этычна-эстэтычныя крытэрыі вызначэння станоўчасці ці адмоўнасці літаратурнага героя.

«Эпоха руху саміх мас» патрабавала новых этычна-маральных крытэрыяў у поглядзе на героя жыцця і літаратуры, новы, рэвалюцыйны час не мог задаволіцца толькі гуманізмам спачування да прыгнечаных і абяздоленых, у ім, гуманізме, павінны былі паявіцца новыя грані і якасці. Гуманізм спачування, аплаквання лёсу бяздольных, характэрны і для паэзіі Купалы, перарастае ў яго творчасці і творчасці яго паэтычных пабрацімаў — Коласа, Цёткі, Гартнага — у гуманізм рэвалюцыйнага дзеяння з яго новымі маральна-этычнымі крытэрыямі дабра і зла, новымі эстэтычнымі ацэнкамі. Верш Купалы «А хто там ідзе?», заўважаны Горкім, становіцца гімнам рэвалюцыйнага дзеяння.

Са скарбніцы паэзіі актыўнага рэвалюцыйнага дзеяння, стваральнікамі якой з’явіліся Купала і Колас, будзе чэрпаць і савецкая літаратура. Купала, Колас будзілі, набліжалі рэвалюцыю, і хоць яны былі далёкія ад ідэалаў сацыялістычнага свету, аб’ектыўна служылі яму, прадвяшчаючы яго прыход, яго новыя грамадскія законы, духоўныя каштоўнасці.

 

IV

Вельмі хутка Янка Купала стаў паэтычным важаком, сцягам беларускай савецкай паэзіі. Магутная рака Купалавай лірыкі, перш за ўсё яе рамантычная, рэвалюцыйная плынь, вабіла да сябе маладых паэтаў, усіх тых, хто разагнаўся ў «мяцежную даль» (А. Дудар).

Калі вызначаць накірунак, шлях станаўлення Купалы як паэта савецкага, то відавочнай заканамернасцю на гэтым шляху будзе збліжэнне паняццяў «Радзіма» і «рэвалюцыя». Вершам «На смерць Сцяпана Булата» (1921) паэт пазначыў лінію, якая стане вызначальнай у яго творчасці 20-х гадоў.

Ідэал паэта — чалавек дзейсны, «грамадскі», і менавіта па гэтай прычыне Купала адгукнуўся на смерць камуніста, арганізатара партызанскага руху на Беларусі. Булат змагаўся за «камуну», але ён змагаўся і за Беларусь, бачачы яе будучы росквіт на шляху рэвалюцыйнага абнаўлення жыцця.

Паэзія Купалы ў далягляды савецкай явы імкне на рамантычных крылах. Калі прыгледзецца ўважлівей — яна нічога не адкідвае з ранейшых набыткаў. Паэт яшчэ нават болей, чым раней, даражыць народнай думкай, народнай ацэнкай той ці іншай з’явы. Ён цяпер увесь у фальклорнай стыхіі, яе вобразнасцю прасякнуты кожны твор, якую б, няхай сабе самую сучасную тэму, паэт ні вырашаў. Кожнай праяве жыцця — палітычнай, сацыяльнай, бытавой — паэт будзе шукаць менавіта беларускую лірычную форму, якая мае адпаведную апору ў традыцыях песні, казкі, у танальна-інтанацыйным малюнку — тыпова беларускім. Вядома, ёсць адхіленні ад гэтай бясспрэчнай заканамернасці. Скажам, патэтычная інтанацыя, якая нярэдка сустракаецца ў Купалы, не ўласціва творам беларускага фальклору, паэт у дадзеным выпадку ішоў ад «музыкі» самога жыцця, ад узораў сусветнай паэзіі.

Купала разумеў, наколькі бясцэнныя скарбы народнай творчасці. Яны, па сутнасці, былі не крануты літаратурай, не пайшлі ў «вялікі» свет, а калі і служылі крыніцай для паэзіі, то не для сваёй беларускай. Важнейшая задача для паэта — паказаць суседнім, братнім народам, што і яго народ не адстаў у духоўным развіцці, мае, нягледзячы на неспрыяльныя абставіны гістарычнага жыцця, адмысловы пагляд на свет, багатую песню, казку, у якой выказана філасофія яго бытавання. За гісторыю паэт зачапіцца не можа: мінулае — суцэльная чорная ноч, калі «цары, цараняты нагайкамі няньчылі, паны і паняты паслі бізунамі». Але песня не памерла, яна свяціла і будзе свяціць праз вякі, бо толькі ў ёй ідэал народнага шчасця:

 

Вам у спадчыну ад роду

Засталіся песні,

Каб быць вашай асалодай

У жыцця прадвесні.

 

Паэт як бы нават спяшаецца сыпнуць шчодрай жменяй на паэтычную ніву маладой савецкай паэзіі багаты, разнастайны інтанацыямі, рытмамі, вобразамі засеў песні. Ніколі ў Купалавай творчасці не была такой «напорнай» песенная стыхія: лёгкія, іскрыстыя, празрыста-ажурныя песенныя збудаванні ўзнікаюць адно за адным, чаруюць музыкай, разлівам пачуцця, некранутай першароднай чысцінёй («Песня», «Дзе ты, хмелю, зімаваў?..», «Песня і казка», «Бай», «А зязюлька кукавала...» і інш.).

Крок за крокам роднае, беларускае яднаецца ў паэзіі Купалы з «музыкай рэвалюцыі». Палітычная і сацыяльная тэма як бы пазычае ў песні крылы: напаўняецца яе багатай гукавой інструментоўкай, гармоніяй. Спалучэннем песеннасці і грамадзянскіх матываў паэт нібы хоча падкрэсліць народныя вытокі рэвалюцыі, тую вялікую праўду, што рэвалюцыя тады ўсенародная, калі яна закранае глыбінныя пачуцці працоўных нізоў.

Па характару даравання Купала, бясспрэчна, ярка выражаны лірык. Але менш за ўсё ён напісаў вершаў, якія, карыстаючыся, скажам, тэрміналогіяй Гегеля, можна б было аднесці да «чыстай» лірыкі. Лірычная паэзія, паводле Гегеля, выяўляе суб’ектыўныя пачуцці, кола асабістых перажыванняў, уражанняў, эмоцый, карацей кажучы, свет асобы.

Паэзія Купалы, безумоўна, раскрывае свет асобы, але найменшае месца знаходзяць тут пачуцці асабістыя, вузкаінтымныя, дамінуючае — пачуцці грамадскія. Дарэвалюцыйная творчасць паэта яшчэ ўмяшчала ў сабе плынь лірыкі любоўнай, шматлікія варыяцыі матываў вернасці, здрады ў каханні, вершы пейзажныя, малюнкі настрояў і г. д. У савецкі час такіх вершаў у Купалы мы амаль не знойдзем. Настроенасць яго паэзіі робіцца выключна грамадскай, паэт выяўляе пачуцці асобы эпічнай, г. зн. такой, якая ўсімі асноўнымі праявамі свайго ўнутранага, інтымнага жыцця перш за ўсё звязана са значнымі грамадскімі падзеямі. Чалавек як асоба не існуе па-за грамадскім, сацыяльным, калектыўным.

Узорам паэтызацыі героя калектыўнага, «агульнага», дзе чалавечая індывідуальнасць не праглядвае, дзе нават няма намёку на лірычную «псіхалагізацыю», з’яўляецца верш «Арлянятам» (1923), названы А. Луначарскім гімнам, у якім выказана «сучасная рэвалюцыйная радасць».

Верш прысвечан стварэнню масавай літаратурнай арганізацыі «Маладняк», але ён, па сутнасці, адрасаваны ўсёй абуджанай рэвалюцыяй беларускай моладзі, у асобе якой паэт бачыць самую надзейную сілу ў стварэнні той светлай явы, якая дасць магчымасць «выйсці з мутнай каляіны беларускаму народу».

 

V

Публіцыстычная, прамоўніцка-палітычная лірыка Купалы канца 20 — пачатку 30-х гадоў мае вельмі выразны ўхіл да «ачалавечанасці», да рытмаў, інтанацый, вобразаў, якія б перадавалі трапяткое біццё чалавечага пачуцця, усхваляваную думку. Купала мысліць маштабна, вялікімі сацыяльна-палітычнымі катэгорыямі, але ў адрозненне ад маладых ён умее пераадольваць адлегласць паміж «хадою падзей» і асобна ўзятай чалавечай індывідуальнасцю, яе адносінамі да жыцця. Асоба паэта выступае не толькі ў тых вершах, дзе ёсць лірычнае «я», а і там, дзе гаворка ідзе ад імя «мы», асоба гэтая эпічная ў самым шырокім сэнсе, бо яна выступае як частка агульнасці, арганічна звязаная, з’яднаная з ёй.

Рух гістарычнай «хады падзей», паводле Купалы, няўмольны, ніхто не спыніць пераможнага шэсця «дыктатуры працы», якая адна толькі «ад тайгі да брытанскіх марэй» сапраўдны гаспадар жыцця.

Няўмольна пагібель старога свету, і адказваюць за гэта не асобныя людзі, якія выконваюць прысуд рэвалюцыі, яе волю, не рэвалюцыйныя суддзі, адвакаты, а сам народ, яго шматмільённая, скрыўджаная агульнасць.

Тэма сусветнай рэвалюцыі, якая прасочваецца ў лірыцы Купалы вельмі адчувальна, складае лепшыя старонкі беларускай публіцыстычнай паэзіі. Ні ў кога другога не знойдзем мы такой шчырай, палымянай і, я б сказаў, асабістай зацікаўленасці ходам гістарычных падзей, такога арганічнага зліцця пачуцця і думкі, адухоўленасці, «персаніфікацыі» рэвалюцыйнай барацьбы, як у Купалы. «З угодкавых настояў», «Дыктатура працы», «А ў Вісле плавае тапелец», «Настане такая часіна» — гэтая паэтычная публіцыстыка ў той жа час лірыка самай высокай пробы, бо за кожным вобразам, паваротам рытму, зменай інтанацый, настрою адчуваецца жывое, непаўторнае чалавечае пачуццё. Аб сусветным, вялікім, маштабным Купала ўмее гаварыць вельмі асабіста, зацікаўлена, гаварыць так, што голас паэта адрозніш, выдзеліш у суцэльным хоры паэтычных галасоў.

Вядома, паэтычнае асэнсаванне рэвалюцыі, велічных здзяйсненняў савецкіх людзей як бы вымагала ад паэта «высокага» стылю, одаў, гімнаў («одамі ўславіць наяўнасць жывую»), і паэт піша гэтыя оды і гімны, але, услаўляючы агульнае, усенароднае, не выпускае з поля зроку жывую, трапяткую чалавечую асобу. Паэзія Купалы не ведае разарванасці, дысгармоніі паміж грамадскім і асабістым.

У сувязі з гэтым можна сказаць, што ляўкоўскі цыкл Купалы (1935), у якім перад чытачом паўстае рэальная, жывая асоба калгасніцы, дзяўчыны-лётчыцы, летуценнага хлапчука, паявіўся не выпадкова. Агульнафальклорная паэтыка, у рэчышчы якой ляжаць асноўныя здабыткі савецкай лірыкі паэта, не замінала яму выяўляць індывідуальнае.

 

VI

У беларускай паэзіі 20-х і 30-х гадоў няма ніводнай больш-менш прыкметнай з’явы, якая б не брала вытокаў з творчай практыкі Купалы. Савецкая беларуская лірыка таго часу, як і дарэвалюцыйная,— перш за ўсё лірыка пазаасабовых, «внеличных» каштоўнасцей. Не ў інтымных перажываннях асобы чэрпала яна свой пафас, а ў сацыяльных, грамадскіх падзеях, пачуццях, жыла інтарэсамі, клопатамі народа, на гістарычных перавалах яго жыццядзейнасці. Найвышэйшая вяршыня такой паэзіі — Купала.

Купала бліскуча даказаў, што лірычная паэзія — зусім не абавязкова размова паэта аб самім сабе, што свет лірыкі абдымае незвычайна шырокае кола жыццёвых з’яў, убірае ў сябе тэмы грамадзянскія, сацыяльныя, палітычныя. Лірыка, паводле Купалы, перш за ўсё адносіны і зацікаўленая ацэнка лірычным суб’ектам усяго таго, што робіцца ў вялікім, шырокім свеце, у навакольным жыцці.

Ляўкоўскім цыклам Купала першы намеціў паварот беларускай паэзіі да чалавека рэальнага, «зямнога». Паглыбленне ў свет пачуццяў узятага ў канкрэтных жыццёвых абставінах чалавека не азначала ігнаравання яго «грамадскай» душы, яго высокіх, гераічных намаганняў.

Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка бліскуча працягвалі традыцыю ляўкоўскага цыкла. Раз’яднаныя, скажам, у паэзіі Чарота, сферы грамадскага і асабістага жыцця чалавека, у творчасці паэтаў другой паловы 30-х гадоў маюць яўную тэндэнцыю да зліцця ў адзінстве чалавечай асобы. Імкненні гэтай асобы рамантычныя, гераічныя, але ў той жа час яна характарызуецца прыкметамі звычайнасці. Асабісты лёс, асабістая драма не выключаюцца з галіны назіранняў мастака над героем, а, наадварот, набываюць характаралагічныя якасці. Сфера асабістага жыцця займае сваё месца ў характарыстыцы духоўнага жыцця пакалення. Асабістае, такім чынам, як бы атрымлівае ў паэзіі грамадзянскую прапіску, набывае ідэалагічнае, эстэтычнае значэнне.

Купалаўская асоба, калі гаварыць аб ёй у болей шырокім сэнсе,— гэта актыўны носьбіт нацыянальнай свядомасці, патрыятычнага натхнення. Паняцце Радзімы ў савецкай лірыцы Купалы значна пашыраецца, паэт услаўляе многанацыянальную сям’ю савецкіх народаў, іх братнюю дружбу. Купалаўскі патрыятызм мае сваім працягам інтэрнацыяналізм пачуццяў. Новы ідэйны змест нязменна ўвасабляецца паэтам на шляхах няспынных пошукаў адпаведнай формы, першакрыніца якой — мастацкая свядомасць беларусаў, у першую чаргу фальклорна-песенная.

Дзейсны, актыўны купалаўскі гуманізм, як эстафету прыняло наступнае пакаленне паэтаў. Кардынальнае пытанне аб чалавечай асобе, аб правах, прызначэнні чалавека, аб узаемаадносінах паміж асобай і грамадствам вырашаецца беларускай паэзіяй у адпаведнасці з духам жывой купалаўскай традыцыі.

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 349-360
Крыніца: скан