epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Непаўторная пара дзяцінства

Творы Якуба Коласа, прысвечаныя дзецям, як бы маюць на мэце пазнаёміць свайго ўдзячнага чытача перш за ўсё са светам прыроды, вялікім, прыгожым і мнагалучным. На працягу ўсяго свайго творчага шляху ажыццяўляў пісьменнік гэту высакародную мэту.

Якуб Колас — пісьменнік-настаўнік. Многія гады свайго жыцця аддаў ён школе. Добра ведаў асаблівасці дзіцячай псіхалогіі, духоўныя запатрабаванні дзяцей. Пісьменнік разумеў, наколькі важна прывіць малому грамадзяніну, які толькі ўступае ў жыццё, цікавасць да навакольнага свету, да прыроды, бо менавіта гэта цікавасць абуджае прагу да набыцця новых ведаў.

Прырода зараджае ў душы чалавека пачуццё прыгожага, выклікае яго захапленне, радасць, смутак, узбагачае яго асобу, робіць чалавека дабрэйшым. Чалавек, які не разбурыць птушынага гнязда, не зломіць верхавінку маладога дрэўца, вудзячы рыбу, не стане знішчаць малькоў,— такі чалавек, як вынікае з педагагічных поглядаў Якуба Коласа, і ў жыцці грамадскім выявіць свае станоўчыя якасці.

У 1909 годзе ў Пецярбургу выйшла чытанка, складзеная Коласам, «Другое чытанне для дзяцей беларусаў»1. Гэта кніга, у якой большасць матэрыялаў належыць пяру самога пісьменніка, дае яскравае ўяўленне пра тое значэнне, якое ён надаваў азнаямленню вучняў з праявамі роднай прыроды.

У гэтай кнізе ўжо ішла гаворка пра пейзажную лірыку Якуба Коласа. Да сказанага варта яшчэ дадаць, што прырода ў вершах, апавяданнях Якуба Коласа вельмі часта бачыцца вачамі дзяцей.

Якуб Колас стварыў нямала твораў, якія, дзякуючы таму, што мы прачыталі іх яшчэ ў школе, запомніліся на ўсё жыццё. Уражанні дзяцінства, юнацтва — самыя моцныя, трывалыя ў чалавечым жыцці. Паэт, які правёў дзіцячыя гады на ўлонні прыроды, у лясах Наднямоння, у многіх сваіх вершах, апавяданнях нібы правёў нас сцежкамі свайго дзяцінства.

Можна сказаць, што наіўныя, чыстыя, празрыстыя, як крынічная вада, адчуванні дзяцей пакладзены ў аснову шмат якіх вершаў Якуба Коласа, прысвечаных прыродзе. Для дзяцей прыгожае тое, што адначасна і добрае. Хораша, прыгожа летам, бо цёпла, бо можа радавацца жыццю кожная істота. Нешта зусім іншае прыносіць зіма — у першую чаргу заміранне жыцця. Іменна на выяўленні гэтых адчуванняў пабудаваны верш «Зіма».

Коласавы творы, прысвечаныя дзецям, нясуць у сабе значныя моманты павучальнасці, нават дыдактычнасці. Але гэта не халодная дыдактыка, а вельмі жывая, зацікаўленая, па-мастацку яркая размова пра месца чалавека ў грамадстве і прыродзе, пра асноўныя вартасці жыцця, з якіх зноў жа прырода займае, бадай, найпершае месца.

Калі Якуб Колас пісаў свае дзіцячыя творы, ён быў ужо вядомым пісьменнікам і гарадскім чалавекам. Але вялікі мастак на працягу ўсяго свайго жыцця пільна дбаў аб тым, каб раскрыць перад маладымі пакаленнямі глыбокі сэнс яднання чалавека з прыродай, тую ісціну, што сам чалавек — часцінка прыроды.

Якуб Колас у вершах, апавяданнях гаворыць пра дружбу свайго маладога героя з катом, сабакам, нязменна са шчырай зацікаўленасцю, нават захапленнем расказвае пра коней, кароў, авечак, свіней, курэй, качак, дзікіх звяроў і птушак — ваўка, мядзведзя, лісіцу, зайца, тхара, варону, бусла, каршуна, вераб’я, голуба, сініцу, салаўя, нагадвае пра звычкі рыб у рэчцы, пра дрэвы, кветкі, травы, ягады, грыбы.

Які агромністы сэнс ва ўсім гэтым! Бо калі мы задумаемся над шматлікімі мастацкімі гісторыямі, героямі якіх, акрамя дзяцей, з’яўляюцца сабакі, каты, зайцы, звяры і птушкі, то даволі лёгка пераканаемся, што выдатны беларускі пісьменнік перш за ўсё вучыць любіць усё жывое, шанаваць прыроду, паважаць працу.

У адносінах чалавека да прыроды, пісаў Карл Маркс, чалавек выступае як прырода, а прырода як чалавек. Сапраўды, гуманны, выхаваны чалавек не будзе без патрэбы ламаць дрэўцы, таптаць траву, знішчаць птушак. Бо гэта жывое асяроддзе, з якім чалавек непарыўна звязаны.

«Сейце разумнае, добрае, вечнае!» —звяртаўся некалі М. А. Някрасаў да настаўнікаў, абяцаючы ім за гэта павагу і ўдзячнасць народа. Якуб Колас заслугоўвае самай высокай і глыбокай павагі і ўдзячнасці, бо ён адзін з самых выхаваўчых нашых пісьменнікаў, без яго вершаў, апавяданняў нельга сёння ўявіць ні адну школьную хрэстаматыю, бадай, ці не для кожнага з дзесяці школьных класаў.

Вось, скажам, расказанае вершам, поўнае гумару, добрага павучання апавяданне «Савось-распуснік». На ўсё жыццё запомніць Савося школьнік, які чытаў Коласава апавяданне. Бо дзяцінства — тая пара ў жыцці, калі хочацца незвычайных прыгод і цікава пра такія прыгоды чытаць.

У «Савосю-распусніку» гаворка ідзе пра хлопчыка, здольнага на выдумку, з задаткамі моцнай натуры, але эгаістычнага, самазакаханага і, зрэшты, злоснага і нядобрага. Толькі самога сябе любіць Савось. Жаданне выдзеліцца, выславіцца, няхай сабе прыніжэннем іншага, кіруе яго ўчынкамі.

Поўная адных толькі адмоўных якасцей дадзена характарыстыка Савосю:

 

Зачэпіць старога,

Пакрыўдзіць малога,—

Такі ўжо нягоднік,

Ды гэтакі шкоднік!

Бегаў загуменнямі,

Кідаўся каменнямі,

Пападаў у шыбы,—

Хоць гані з сялібы!.. (3, 161)

 

Пярэсценькі «каток, выхаванец Паўла-дзеда», наадварот, выступае ў Коласавым апавяданні як увасабленне толькі добрага і прыгожага. Сапраўды, не шмат знойдзеш нават у сусветнай літаратуры такіх пранікнёных радкоў, якія гэтак славяць у чымсьці гультаяватага, за многія стагоддзі сужыцця з чалавекам «распанелага» ката:

 

Нос чарнявы,

Хвост бялявы,

Задзірасценькі;

Кіпцік-шчыпчык

Заграбасценькі;

Лапкі-драпкі

Машастовыя,

А шарсціначкі

Шаўковыя. (3, 162)

 

Гісторыя пра тое, як нягодны Савось разам са сваім сябрам Антосем злавілі прыгожага ката, кінулі яго ў мяшок і панеслі ў чыстае поле цкаваць сабакам Рудзькам і што з гэтага атрымалася, расказана так па-народнаму дасціпна, пераканаўча, маляўніча, што павучанне, дыдактыка не патрэбны. Так, відаць, заўсёды бывае, калі за павучальныя гісторыі бярэцца вялікі мастак.

Увогуле, у Якуба Коласа не шмат павучальных гісторый, падобных да «Савося-распусніка». І ў найменшай ступені героямі гісторый з’яўляюцца непаседлівыя задзірастыя хлапчукі накшталт распуснага Савося. Пісьменнік лічыць за лепшае ставіць у цэнтр дзіцячых апавяданняў, паэм герояў зусім нармальных, як кажуць, станоўчых або непасрэдна сутыкаць сваіх маленькіх чытачоў з той або іншай з’явай прыроды, расказваць пра птушак, звяроў, рыб, пра рэчку, лес і г. д. Межы дабра і зла ў творах Коласа для дзяцей вельмі выразна акрэслены, і нават малому чытачу няцяжка зрабіць той або іншы вывад.

У 4-м томе чатырнаццацітомнага Збору твораў Якуба Коласа (Мн., 1973) у раздзеле «Дадатак» змешчаны шэраг апавяданняў, абразкоў і апрацаваных пісьменнікам народных казак, якія ў свой час уваходзілі ў «Другое чытанне для дзяцей беларусаў».

Кожнае са змешчаных у Коласавай чытанцы апавяданняў расказвае пра тую або іншую з’яву прыроды ў адпаведнасці з гадавым кругаваротам — ад вясны да вясны. Жывых, рэальных герояў у гэтых апавяданнях няма, але тым не меней чытаюцца яны з вялікай цікавасцю. Якуб Колас у сваіх абразках, пакуль мала вядомых шырокаму чытачу, выяўляе сябе пранікнёным майстрам пейзажнага жывапісу, які падглядзеў і перадаў чытачу вельмі многа таямніц навакольнай, роднай нам прыроды. На што б ні кінуў свой позірк паэт, адчуваецца адметнасць, першароднасць убачанага. Нават, здавалася б, звычайныя, паўсядзённыя з’явы жыцця, паказаныя Якубам Коласам, выклікаюць паэтычнае пачуццё, яны цікавыя, займальныя.

Пасля першага апавядання «Вясна» Коласава чытанка расказвае пра прылёт птушак, разліў Нёмана, пра мурашак, ластавак; з праяў лета пісьменнік зверне ўвагу на навальніцу, на малюнак ночы каля возера, на суш, якая часамі надараецца, на лясны пажар, збіранне грыбоў. З дакладным веданнем самых нязначных нюансаў апісвае пісьменнік розныя з’явы прыроды, побыт вёскі восенню і зімой.

Коласавы абразкі, напісаныя сакавітай, дасціпнай мовай, перш-наперш як бы знаёмяць юнага чытача са светам, у якім ён жыве. Свет гэты надзвычай цікавы і мнагалучны. У ім пануюць законы, якія і ад чалавека патрабуюць мэтанакіраванай дзейнасці. Па-другое,— і гэта пісьменнік глыбока адчувае і ўмее перадаць сваім чытачам,— свет прыроды выклікае ў душы чалавека пачуццё прыгожага, здзіўляе бясконцым багаццем сваіх праяў і таямніц.

Прырода — вялікая і выдатная школа. Сэнс чалавечага жыцця ў тым, каб разгадваць таямніцы прыроды і ахоўваць яе, калыску, асяроддзе нашага жыцця. Ідэі гэтыя, якія вынікаюць з апавяданняў і абразкоў «Другога чытання для дзяцей беларусаў», пісьменнік пранясе праз усё жыццё.

Паэма «Міхасёвы прыгоды», напісаная ў 1934 годзе і тады ж надрукаваная ў дзіцячым часопісе «Іскры Ільіча», пабудавана на вельмі звычайным сюжэце прыезду гарадскога хлопца Міхася, якога зімой «захапіла... хвароб чарада», на летні адпачынак і лячэнне ў вёску. Паколькі, паўтараем, Міхась — хлопчык гарадскі, то яго горача цікавяць і захапляюць вясковыя краявіды.

Старонку за старонкай як бы прачытвае Міхась з той найцікавейшай кнігі, якую разгортвае перад ім вясковая прырода. Само сабой зразумела, ён захапіўся рыбацтвам у рачулцы Тальцы, якая проста кішыць рыбай.

Пісьменнік яўна перабольшвае рыбныя багацці Талькі, гэтак жа і ўраджай на ягады і грыбы ў навакольных лясах. Усё гэта дзеля таго, каб паказаць юным чытачам, што іх родны край мае шмат чараў, здольных захапіць самыя гарачыя сэрцы.

Паэтызуецца родны край і ў вершаванай казцы Якуба Коласа «Рак-вусач». Але тут пісьменнік ставіць і вырашае некалькі іншую мастацкую задачу. Думка, якая вынікае з Коласавай казкі,— філасофская. Жыццё само па сабе — найвялікшы дар, але самае вялікае шчасце жыць для другіх, нават пераносіць дзеля гэтага згрызоты і пакуты — такі ідэйны змест казкі «Рак-вусач».

Паэт з уласцівым яму гумарам малюе дружнае і шчаслівае жыццё насельнікаў рэчкі і яе бліжэйшых абсягаў.

Але раптам сярод усеагульнай згоды вынікае канфлікт: з невядомай прычыны засумаваў рак-вусач. Стала нямілым жыццё рачному тубыльцу: ляжыць «брусам» на дне ракі і нават да любімага ласунку — «яешні, жабінай ікры» не дакранаецца.

Свае паводзіны рак-вусач тлумачыць так:

 

«Лёс мой,— кажа,— горкі,

Цяжка ў свеце жыць».

 

Насельнікі рэчкі акунь і плотка па чарзе суцяшаюць рака, але гэта не дае выніку. Нарэшце сом, які, відаць, лічыцца правадыром сярод драбнарыбіцы, дае наказ сабраць усеагульны рачны сход, каб даць нейкую раду з ракам. Старастам, які мусіць склікаць сход, прызначаецца шчупак. Вось як ён дзейнічае:

 

Тут шчупак мяльнуў хвастом,

Плотак спудзіў пад кустом,

А маруднага ліна

Выгнаў з саменькага дна.

Усім холаду задаў

І нарэшце загадаў:

— Гэй вы, плоткі-верхаводкі!

Паслужыце справе, цёткі!

Заклікайце рыбу ўсю:

Накажыце карасю,

Няхай вылезе з гразі,

Хай плывуць сюды язі,

Ментузы, яршы, кялбы

І акунь, той гад рабы... (3, 191)

 

Сход нарэшце скліканы. На ім — вядомая справа — выступае з дакладам сом. Прамоўца апавяшчае рыбную грамаду, што рак толькі тады «вылезе з нары і смутак свой пакіне», калі хто-небудзь давядзе, што ён больш, чым рак, пакутуе на свеце, і «добрай воляй, без вагання аддасца раку на сняданне».

Але ахвотнікаў на такую справу не знаходзіцца. Кожны з рачной грамады, нягледзячы на тое што жыццё яго нялёгкае, бо ловяць рыбу на вуды, знішчаюць невадамі, венцярамі, браднікамі, таптухай, знаходзіць у гэтым самым жыцці нямала прыемных прасветлін. Нават карась, якога ўсе лічылі вялікім бедаком, на справе аказваецца найвялікшым жыццялюбам і нават паэтам.

Але рак-вусач не паслухаў не толькі карася, але і чароту, які, шэпчучыся з ветрам, увесь свой кароткі век наракае на лёс, адкінуў довады качкі, што слёзна расказвала пра сваё гора.

Нарэшце да самотнага рака чапля прывяла жыта. І толькі калі жыта расказала, як яно сеецца «ў халодны дол пусценькі», як узыходзіць пад халодным дажджом і ветрам, як днюе і начуе ў адзінокім полі, як ляжыць пад снегам, як яго жнуць, малоцяць, мелюць, пякуць з яго хлеб, каб хлеб гэты лёг цёплым прывабным караваем на спажыву людзям, толькі тады рак-вусач пакінуў смуткаваць і вылез з нары.

Весела канчаецца Коласава казка:

 

Граў на скрыпачцы камар,

На дудачцы — чмель-дудар,

Хрушч узяў басэтлю

Задае там пытлю. (3, 205)

 

Але праз гэту весялосць, досціп смеху, выдумкі, фантазіі праглядвае вялікая думка. Змагацца трэба за тое, каб усім хапала жыццёвага прастору, каб буяла, квітнела жыццё.

1981

1 «Першая чытанне для дзетак-беларусаў» склала Цётка (Пецярбург, 1906).


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 497-503
Крыніца: скан