epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Неспакой

План па бурэнню не дацягнулі. Як заўсёды ў такіх выпадках віна падала на Гармаша. З Хабібуліным, начальнікам аддзела, пасля нарады яны абедалі ў рэстаранчыку рачнога парта.

— Ідзі на пенсію, стары,— сказаў Хабібулін.— Ну, што ты губляеш? Я ўслед за табой. Праз два гады. Будзем рыбу вудзіць...

У мястэчка, вакол якога вядзецца бурэнне, Гармаш прыехаў назаўтра невясёлы. У кантору ісці не хацелася. Гадзіну паспаўшы, інжынер прысеў на лавачку пад таполяй побач са сваім кватэрным гаспадаром Дзянісам Хрыпачом, безбародым, з пасечаным глыбокімі маршчынамі тварам старым, шафёрам у мінулым.

— Паліць,— сказаў Хрыпач.— Выпаліць усё дазвання. Як летась...

Гарачыня сапраўды страшэнная. Сланечнікі ў гародчыку апусцілі прывялае лісце, схавалася ў засень, у цень усё жывое — куры, гусі, свінні. Сабака ляжыць побач з высалапленым языком.

Гармаш другі год кватаруе ў Хрыпача. Буравыя вышкі падняліся раней за ягоны прыезд, бурэнне вакол мястэчка вядзецца гадоў дзесяць. Ёсць дзве ці тры свідравіны, з якіх фантануе нафта. Яна падаецца ў нафтапровад, і на тым месцы, дзе выходзіць наверх, акрамя выгнутых каленчатых труб і залітай мазутам нібы ў паравозным дэпо зямлі, нічога асаблівага не ўбачыш.

Нафта здабываецца даўно, але гэта мала ўплывае на знешні воблік драўлянага, раскіданага мястэчка, на яго дабрабыт. Бурыльшчыкі прыязджаюць з прырэчнага горада, у якім жывуць, Гармаш таксама мае там кватэру. Але ён немалады, адзінокі і яму цяжка штодня трэсціся ў аўтобусе з горада і назад.

— Пайду на пенсію, Дзяніс Сямёнавіч,— гаворыць Гармаш.— Добра было б пад старасць вярнуцца ў Маскву. Толькі як кватэру абмяняеш?

— Дай аб’яву. У газету.

— Ідэя,— сумна згаджаецца Гармаш.— Напішу ў бюро аб’яў.

З двара насупраць выходзіць поўная, мажная, апранутая ў белую, з выразам на грудзях сукенку жанчына. Ад гарачыні трымае над галавой пярэсты парасон. Сказаўшы прыемным пявучым голасам «Добры дзень», жанчына павольна плыве па вуліцы.

Гармаш зрываецца з месца. Высокі, па-спартыўнаму падцягнуты, пераскоквае забрукаваную буйным каменем вуліцу, хуткім, пружыністым крокам даганяе жанчыну. Спрытны, думае пра кватаранта, Хрыпач. Любіць салодкае. Толькі дзіўны чалавек. З яго характарам не знойдзе ён сабе прыстанішча ні ў Маскве, ні ў другім месцы...

За год Дзяніс вывучыў кватаранта. Чалавек бяскрыўдны, абыякавы да грошай, якія зарабляе, да ўмоў, у якіх жыве. Можа за адзін вечар спусціць палучку з незнаёмым чалавекам. Калі такі чалавек чым-небудзь спадабаецца яму.

Хрыпач патроху аберагае пастаяльца. Проста выганяе з хаты прыліпалаў. Але кватарант, бывае, і ў хату не прыходзіць. Лятучы чалавек. Бегае ў сталовую, у чайную, у станцыйны буфет...

Хрыпач даўно заўважыў, што кватарант улягае за суседкай. Але ці не ўсе восемдзесят гадоў Ані Дуброўскай? Дачка Аляксандра пайшла на пенсію. Проста дзіўна, як можа баба сябе зберагчы. Дачка выглядае старэйшай за маці. У маладосці Аня была сапраўднай прыгажуняй. Можа быць, адна такая на ўсё вялікае мястэчка.

Вечарам, вярнуўшыся са шпацыра, кватарант дапытваецца пра суседку. Але Хрыпач памоўчвае. Па-першае, ён не верыць, што з позніх заляцанняў дзівакаватага пастаяльца выйдзе што-небудзь людскае. Па-другое, наогул у такіх справах лепей трымаць язык за зубамі...

Хрыпач усё ведае пра суседку. Ёсць пагаворка: не радзіся красіваю, а радзіся шчасліваю. Да Ані пагаворка стасуецца цалкам. У першую германскую вайну ў мястэчку стаяў полк, і вакол Ані, маладзенькай тады дзяўчынкі, ахвотна пакручваліся залатапагоннікі. Былі такія, што па ваенным часе гатовы былі нават замуж узяць: вельмі ўжо незвычайнай красой цвіла дзяўчына. Вытанчаны, далікатны твар, гнуткая пастава, доўгая русявая каса...

Грымнула рэвалюцыя, і афіцэрыкі разляцеліся, як камары ў непагадзь.

Аня пайшла замуж за фельчара. Быў у мястэчку адзін такі мяшок з саломай. Ад усіх хвароб выпісваў рыцыну ды нашатырны спірт. Нарадзіўшы дачку, Аня яго пакінула...

Знайшоўся мужчына хват. Аня здорава за ім бегала. Дзіва няма: мужчына быў відны, прыгожы, разумны. Працаваў старшынёй сельсавета. Але вельмі ўжо смела наступаў старшыня некаторым асобам на мазоль, ламаў старыя парадкі. На старшыню напісалі пісулю, і гады за тры да апошняй вайны ён як скрозь зямлю праваліўся...

У вайну Аня прыняла прымака. Нібыта інжынера, якому ўдалося ўцячы з палону. Але інжынер у мястэчку ціха сядзець не хацеў, стаў займацца палітыкай, шкодзіць немцам. Нехта данёс: інжынера схапілі і расстралялі.

Аня ўсё жыццё цягнулася да людзей адукаваных, з інтэлігентнымі прафесіямі, хоць сама граматы невялікай. Кончыла яшчэ за царом, можа, тры ці чатыры класы. Каб ёй адукацыя ды каб жыла ў горадзе, які небудзь генерал ухапіў бы. Царская жанчына...

Хоць, трэба сказаць, Аня сябе берагчы ўмела. Ад каго толькі такую навуку пераняла? Уласны агарод ніколі не ўскапала і на калгасную работу не хадзіла. Неяк ёй удавалася. Палежвала, сачыла за сабой. Калі падрасла дачка, работа лягла на яе. Дачка ў маці не ўдалася. Звычайная з выгляду, невысокая ростам, таўставатая. Калі цяпер паставіць маці і дачку побач, то старэйшай здаецца дачка. Можа, таму, што вельмі ўжо ўлягала ў работу...

У адзін з тых дзён Гармаш пайшоў у госці да Дуброўскай. Стараваты яе дом не страціў фацэтнасці: высокі ганак, трохскатны дах, вокны з аканіцамі. У дома тры ці нават чатыры пакоі, пафарбаваная падлога, на якой разасланы дарожкі, дываны дамашняга вырабу.

Аня накрыла стол. Нажарыла яешні, нарэзала тонкімі скрылікамі вяндліны, сала, памідораў, паставіла графінчыкі з рознымі настойкамі.

Гармаш прынёс бутэльку шампанскага, каробку дарагіх цукерак.

Аня ўвіхалася ля госця. Нечым ён ёй падабаўся.

— Бярыце вяндліну, Анатоль Кузьміч,— прасіла яна сваім пявучым голасам.— Вы чалавек адзінокі, і некаму пра вас паклапаціцца...

Вечар быў харошы. Гармаш выпіў дзве ці тры чарачкі настоек, у галаве хораша, прыемна зашумела. Гаспадыня толькі ледзь-ледзь прыгубіла з чарачкі, але і ад гэтага яе прыгожы, трохі прадаўгаваты твар прыемна паружавеў. Гармаш любуючыся глядзеў на твар немаладой жанчыны. Яго чулая да прыгажосці душа цяпер знаходзілася ў стане поўнай гармоніі. Інжынер ведаў, што жанчына старэй яго самога, што дачка пайшла на пенсію, але ў той жа час не мог пазбавіцца ад уражання, што ён вярнуўся ў свет маладосці, далёкі, чароўны, забыты.

— Раскажыце пра сябе, Анатоль Кузьміч,— папрасіла гаспадыня.

Яна ўстала і ўключыла святло. Ён глядзеў на яе паўнаватую, з усімі адзнакамі яшчэ захаванай жаночай павабнасці паставу. Прырода не пашкадавала жанчыне нічога, аж залішне шчодра адарыла. Твар, постаць, голас, жэсты, рухі — усё сведчыла аб дзіўнай зладжанасці, суразмернасці. Якая гордая пасадка галавы, якая натуральная прыемная ўсмешка! Зубы нібы нітка жэмчугу. Ніякіх слядоў сівізны ў раскошных валасах. У такім узросце. Прыроджаны розум, такт, далікатнасць... Несапсаванае дзіця мітуслівага, непрыкаянага веку...

— Што расказаць, Анна Сцяпанаўна? Я з Масквы. Жыў у Маскве да дваццаці трох гадоў. Пакуль не скончыў інстытут. Бацька — быў прафесар. Не здзіўляйцеся — прафесар. Я проста не дацягнуў да бацькі. Ён вывучаў жывапіс, пісаў кнігі. Праўда, ён з намі не жыў. Пайшоў да другой жанчыны. Мне тады было чатырнаццаць гадоў. Потым я паехаў з Масквы. Жыў у многіх месцах. На Поўначы, у Сібіры, у Башкірыі. Можна карту намаляваць. Увогуле я геолаг. Цыганская прафесія. Братоў, сясцёр няма. Маці памерла. Адзін, як перст...

— Вы не былі жанаты? — спытала Аня.

Гармаш трохі збянтэжыўся. Ён не любіў такіх пытанняў.

— Увогуле быў,— адказаў ён.— Неяк няскладна. Не хочацца ўспамінаць...

Пасля гэтага вечара Гармаш часта стаў завітваць да Ані. Прыносіў бутэльку віна, каробку цукерак, гаспадыня што-небудзь ставіла на стол. Яны гадзінамі сядзелі і размаўлялі. Яму падабаўся сталы, раз назаўсёды заведзены парадак, які панаваў у доме Дуброўскай. На адным і тым жа месцы ляжаць вышытыя сурвэткі, дываны, вісяць на сцяне фотакарткі ў чорных драўляных асадках, стаяць у гаршках палітыя геранькі, тахкае старамодны гадзіннік у цёмнай паточанай шашалем скрынцы.

У доме дастатак, хоць Аня жыве з агарода, з таго, што трымае карову, свінню. Але паспрабуй у яе гады справіцца з гаспадаркай, здабыць корм карове, засеяць, дагледзець агарод!..

Галоўную скрыпку ў дамашнім аркестры іграе Надзя, Аніна дачка. Страшэнна ўедлівая да работы кабетка. Была да нядаўняга часу аграномкай, з ахвотай пайшла на пенсію. Подбегам носіць мяшкі з травой, поркаецца ў хляве, у агародзе, а вечарам апранае кажух і бяжыць пільнаваць краму. Працуе начным вартаўніком.

Вынікі руплівасці, так сказаць, у наяўнасці. Мае прыстойны дом Аня, і яшчэ большы, лепшы, збудавала на другім канцы агарода, дзе зачынаецца новая вуліца, Надзя. Два дамы на дзве душы.

Вядома, гэта не болей чым мяшчанства. Дамы, карова, гаспадарка Гармаша не вабяць. Але тое, як жыве Аня, яму падабаецца. Яна і цяпер прыстойна апранаецца, сочыць за сабой, любіць, каб на яе глядзелі, захапляліся. У той жа час не кінулася на шыю ніводнаму авантурніку. Такія, вядома, былі. Спрабавалі пагрэцца ля прыгожай жанчыны, якая мае дом, гаспадарку. І адскоквалі, нібы гумавыя мячыкі ад сцяны.

— Чаму вы не выйшлі замуж, Анна Сцяпанаўна? — пытаецца Гармаш.— Выходзяць і ў вашы гады.

— Чалавека, які б падабаўся, не знайшлося. Абы за каго ісці не хацела.

Адказваючы, яна пасмейваецца, і смех яе прыгожы, прывабны, чымсьці нагадвае галубінае вуркатанне.

— Ідзіце за мяне. Можа, удасца абмяняць кватэру. Тады ў Маскву паедзем.

— За вас бы я пайшла, Анатоль Кузьміч. Чэснае слова. Каб раней да мяне пасваталіся. Хоць гадоў на дваццаць...

І смяецца...

Прыехала Аніна ўнучка з мужам, пяцігадовай дачкой, пасялілася ў бабкі. Можа, таму, што ў матчыным доме яшчэ не пафарбавана падлога, не хапае мэблі. Гармашу собіла трапіць на сямейны банкет, і ён заныў душой.

Аня за сталом была прыгажэй усіх. Невысокая, залішне распаўнелая дачка з круглым, абветраным тварам, на якім густа выступаюць чырвоныя пражылкі, здаецца яе старэйшай сястрой. Яшчэ мізарней выглядае ўнучка. Дробная, маларослая, з невыразным цёмным тварыкам, яна ўвесь час падладжваецца пад мужа, такога ж някідкага недаростка, механіка па прафесіі. Яна ў механіка другая жонка, баіцца, мабыць, каб мехнік не кінуўся да трэцяй, таму на кожным кроку стараецца яму дагадзіць...

Зрабіла некалі прыгожая жанчына памылку, выйшла замуж за нявіднага, мізэрнага чалавека, і вось якія нашчадкі. Можа, добрыя яны душой, чулыя, працавітыя. Але цуд прыгажосці знешняй, для ўсіх бачнай, не паўтарыўся. Гены красы, дасканаласці, калі яны толькі ёсць, аказаліся слабейшымі за сілу пасрэднасці, безаблічнасці.

Унучка жыла ў бабулі месяц. Гармаш да Дуброўскай не хадзіў. Чаго хадзіць?..

Усё жыццё ён любіў прыгожае. Можа, пачалося гэта з бацькавых кніг з іх выдатнымі ілюстрацыямі антычных багоў, багінь, герояў. Ён лістаў кнігі гадзінамі, любаваўся шматлікімі Венерамі і Апалонамі. Верыў, што такія людзі былі, жылі, бо як іначай магла ўзнікнуць краса з халоднага каменю.

Ён ажаніўся рана, будучы яшчэ студэнтам. Маці, старэйшую за сына нявестку, асляпляльна прыгожую піяністку, у кватэру не пусціла. У вайну, калі Гармаш быў на фронце, піяністка напісала яму толькі адзін ліст, у якім папрасіла разводу...

Унучка паехала, але Гармаш не хадзіў да Дуброўскай. Не меў часу. Наступіла восень, пара справаздачнасці. Ён ездзіў па буравых, складаў ведамасці на выдаткаванне саляркі, труб, солі, гліны, падпісваў акты, графікі...

На буравой, якая размяшчалася ў ваколіцах мястэчка, сярод асушанага балотнага масіву, бурэнне вядзецца па нахільнай прамой.

Вышка стаіць на пясчаным пагорку, і свідравіна ад яе ідзе паката, пад вуглом сорак пяць градусаў. Ставіць буравую на самім тарфяніку саўгас забараніў. Каб не транжырыць зямлю.

З-за гэтага на буравой вялікае перавыдаткаванне труб, другіх матэрыялаў і адказваць прыйдзецца Гармашу...

Гармаш атрымаў ліст з Масквы. Знайшоўся ахвотнік мяняцца кватэрамі. За двухпакаёвую кватэру ў прыдняпроўскім гарадку ён прапаноўвае аднапакаёвую ў сталіцы. Раён — Новыя Кузьмінкі, ад тэатраў, музеяў далекавата, але ўсё ж Масква...

У той вечар Гармаш зноў пайшоў да Дуброўскай, расказаў пра маскоўскую кватэру.

Пасур’ёзнеўшы, Аня зірнула яму ў вочы:

— Я прыеду да вас у госці, Анатоль Кузьміч. Яй-богу, прыеду. Я ні разу не была ў Маскве...

Як і раней, яны сядзелі за сталом, пілі маленькімі чарачкамі, ён настойку, яна віно, і ім было хораша і неспакойна...

1982


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Сорак трэці: Раман ; Птушкі між маланак : Драма у трох актах ; Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 436-442
Крыніца: скан