epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Ноч у літоўскім гарадку

Калі на свеце бура, калі лютуюць шалёныя ветравеі, мы марым аб цішыні і спакоі, і, наадварот, калі надоўга ўсталюецца звыклая, застойная цішыня, нам хочацца буры...

Стралковы полк выгрузілі на невялікай станцыі, назвы якой ніхто не ведаў. У цемені вызначалася некалькі прысадзістых будынін, атуленых голымі чорнымі дрэвамі. Апошнія два месяцы полк правёў на колах ды на нагах. Пасля Карэльскага перашыйку яго перакінулі ў эстонскія саснякі, што растуць на сыпучых пясках і дзюнах, затым пад беларускі горад Ваўкавыск. Адтуль маршам — да крэпасці Астраленка. Але пад Астраленкай тым часам заціхла.

Людзі свядомыя сцвярджаюць, што дывізія апынулася ў рэзерве Галоўнага камандавання, і таму пасля Карэльскага перашыйку ёй проста шукаюць гарачага месца. Відаць, планы камандавання таксама мяняюцца, калі дывізію ганяюць, як футбольны мяч. Магчыма, мяняецца абстаноўка. Зрэшты, ніхто нічога дакладна не ведае. Можа, нават сам камдыў...

Але станцыя, на якой выгрузіліся цяпер, літоўская, а наперадзе Усходняя Прусія. Дывізіі, мабыць, месца знайшлі...

Адразу пасля выгрузкі — марш. Узвод пешай разведкі, як і заўсёды, у галаве калоны. Шоргаюць боты па вышчарбленым бруку шашы, ціха пазвякваюць у рэчавых мяшках запасныя аўтаматныя дыскі. Віктар Бурачок, які за год вайны здабыў сержанцкія лычкі, ідзе побач з памкамузвода Смірновым. За апошнія месяцы, праведзеныя ў суцэльных пераездах, маршах, яны здружыліся.

Ноч. Доўгая, асенняя. У твар час ад часу падзімае прыемнай прахалодай. Узбоч шашы бясконцая чарада дрэў. Пад імі парудзелая, мяккая трава, на якую, пасля таго як аб’явяць дзесяціхвілінны прывал, усе пападаюць і імгненна заснуць. Бурачок мерна крочыць, маўчыць і думае аб тым, што такія вось доўгія маршы выпрацоўваюць у чалавека дзіўныя адносіны да жыцця. Ніякіх высокіх парыванняў, а толькі цяга да самага звычайнага. Пад’есці, паспаць. Добра абматаць нагу парцянкай, каб не муляла. Звярцець цыгарку і закурыць. Дом, мірнае жыццё засталіся за недасяжным парогам. Яны так далёка адышліся ад рэальнасці, што і не ўспамінаюцца.

У часе доўгіх пераходаў салдаты маўчаць. Нікому не хочацца гаварыць. Блісне аганёк цыгаркі, пачуецца адрывістае слова каманды. І зноў толькі мернае шорганне ног...

Ідуць ужо болей як дзве гадзіны, а прывалу няма. Можа, блізка тое месца, дзе яны нарэшце спыняцца, і начальства спецыяльна не дае каманды на адпачынак?

— Гадзіна ночы, — напаўголасу гаворыць Смірноў. — Тэпаць нам і тэпаць...

У Смірнова гадзіннік, на якім свеціцца цыферблат. Трафейны, нямецкі. Добра ўсё-такі мець гадзіннік. У любое імгненне можна паглядзець і ведаць, колькі часу. Праўда, гадзіннік нібыта не самай высокай якасці. Замест камняў у ім цыліндры. Але Віктар не ведае, чым цыліндры горшыя за камні, бо з выгляду гадзіннік прыгожы. Блішчасты, нікеляваны.

Каржакаваты, шыракатвары Смірноў спакойна крочыць побач. На вайне ён тры гады, перанёс ленінградскую блакаду. Два разы быў паранены. Апошні раз — на Карэльскім перашыйку. Бурачок ляжаў з ім у медсанбаце, але потым Смірнова вывезлі ў тылавы шпіталь. Віктар ужо думаў, што болей не пабачыцца з ім, але праз два месяцы памкамузвода пешай разведкі шчасліва вярнуўся ў полк. Абмінуў шматлікія рагаткі і перашкоды.

Наперадзе бліснулі і імгненна згаслі нейкія аганькі. Бурачок, як і ўсе астатнія, падумаў, што наперадзе паселішча, а магчыма, і канечны пункт іхняга маршу. Цвярдзей зашоргалі боты, чаравікі па каменні шашы. Але добры настрой гэтак жа хутка апаў, як і падняўся. Проста на шашы стаяла вайсковая машына з накрытым брызентам кузавам, у маторы якой корпаўся шафёр.

Абмінаючы машыну, калона прайшла ўзбочынай, некаторыя сігнулі нават у кювет. Цёмнае, без зорак і месяца, вісіць неба. Вецер трохі ўзмацніўся, ён прылятае збоку, з поля, прыносячы церпкія пахі прывялых траў, гнілога бульбяніку і мокрай асенняй зямлі. Вочы ўжо прызвычаіліся да цемені, і можна сёе-тое разабраць. Наперадзе ледзь-ледзь бялее палоска неба. Да слыху даняслося далёкае, ледзь чутнае кукарэканне пеўня. У другім месцы забрахалі сабакі. Узбоч размешчаны нейкія паселішчы. Але яны вельмі дробныя, і вёскамі іх не назавеш. Прамільгнуць адна-дзве цёмныя будыніны, вакол іх такія ж цёмныя прысады, і далей зноў голы, пусты прасцяг. Відаць, хутары, думае Бурачок. Недзе ён чуў, што ў Літве няма вёсак у звычайным сэнсе, а толькі такія вось хаты і адрыны, раскіданыя па палявым прасторы.

Хочацца есці. НЗ выдалі на двое сутак, але роўна два дні і ноч яны ехалі або падоўгу стаялі на станцыях. У дарозе было звычайна катлавое забеспячэнне — суп, каша, чай, але можна лічыць, што НЗ паляцеў. У Віктара засталося тры сухары і невялікі шкуматок шпігу. У Смірнова запас болей трывалы. Ён не такі падкі да яды, як Віктар.

— Па сухарыку, — гаворыць Бурачок.

— Можна, — згаджаецца Смірноў.

Віктар з найвялікшай асалодай угрызаецца маладымі зубамі ў крыху ўвільготнены, саланаваты з кіслінкай сухар. За год вайсковага жыцця ён не зведаў стравы болей смачнай, чым звычайны, аржаны, спецыяльна высушаны хлеб. На вайне не так многа радасцей, і найвялікшая з іх — пад’есці. Сухар, у адрозненне ад супу, кашы, дае магчымасць расцягнуць гэтую радасць як мага даўжэй, ён мае ў сабе ўсе смакавыя адценні. Ён пахне дымам, жытам, ільняным мяшком, у якім яго прывязлі. Маючы сухары і ваду, можна пражыць без усяго астатняга, што ўваходзіць у звычайны салдацкі рацыён.

Каля хутара зноў забрахалі сабакі і кукарэкнуў певень.

У Віктара слабасць да сухароў. Калі яны ёсць у рэчавым мяшку, то ён іх паціхеньку выцягвае і жуе, свядома заглушаючы ўсе дакоры сумлення. Па гэтай прычыне яму ні разу не ўдалося захаваць на патрэбны тэрмін недатыкальны запас.

— Тры гадзіны, — паведамляе Смірноў. — Начальства штосьці задумала...

Амаль пяць гадзін яны ідуць без прывалу. Віктар ведае гэтае пачуццё — ногі паступова робяцца як бы не свае, мяккія, гумавыя. Балець яны будуць потым, а цяпер іх трэба, ні аб чым не думаючы, проста перастаўляць. У гэтым уся задача. Ісці і ісці. Трывалы той, хто ўмее забыцца, прыцярпецца і мераць доўгія вёрсты.

Віктар, калі вучыўся ў школе, не надта захапляўся фізкультурай. На турніку падцягваўся толькі шэсць разоў, ды і то прыбягаючы да маленькай хітрасці — браўся рукамі за жалезную трубу навыварат, ад сябе. Не вызначаўся ў кіданні гранаты і ў іншых практыкаваннях. Але доўгія пяхотныя маршы ён, можна сказаць, пераносіць лёгка. Лягчэй нават за некаторых з тых, хто на вайне па два і па тры гады. Ва ўсякім выпадку, ён ні разу не адстаў і не было такога, каб яго вязлі на фурманцы.

Можа, таму ён някепска ходзіць, думае Віктар, што з дзяцінства любіў грыбы. Набраць грыбоў у іхнім лесе, не надта багатым грыбовішчамі, азначала штодня прабегчы вёрст дваццаць ці нават болей. У лес ён пачаў шыбаваць гадоў з дзесяці. Вось табе і загартоўка...

— Закурым, — гаворыць Смірноў.

Махоркі ў Віктара няма — дні чатыры не выдавалі. Памкамузвода, не перапыняючы кроку, адрывае прамавугольнічак паперы, насыпае табакі, згортвае цыгарку, і Віктару застаецца толькі наслініць яе і прыпаліць. Сам Смірноў цыгарак не курыць — робіць казіныя ножкі. Казіная ножка — асаблівы шык і вызначае пераважна тых, хто служыць ва ўзводзе першай разведкі.

Першыя ж зацяжкі адразу ап’яняюць. Кружыцца галава, пруцянеюць ногі, але так толькі ў першую хвіліну. Яшчэ праз імгненне свет мяняецца, і жыць на ім намнога весялей. Невядома, як бы салдат ваяваў, як бы мераў непаслухмянымі нагамі доўгія вёрсты, каб не было махоркі.

Калона між тым даўно паламалася. Няма рытмічнага шоргання ног, мернага кроку, які напружвае і дысцыплінуе. Ідуць як хто можа. Віктар са Смірновым былі ў галаве, у трэцім радзе, а цяпер неяк непрыкметна адсталі. Крочаць побач з невядомымі людзьмі, ззаду ляскоча ротная фурманка...

— Пяць гадзін, хутка світаць пачне, — паведамляе Смірноў. — Няўжо з ходу — на фронт?

Але фронтам як быццам не пахне. Каб быў фронт, наперадзе грымела б, свяцілі б водбліскі пажараў, дарога была б запруджана абозамі і калонамі. А так цішыня і амаль бязлюдная шаша. Хутчэй за ўсё — доўгі пераход. Як было пад Астраленкай ці пад Ржэвам, калі ішлі на фарміроўку. Начальства ведае, што ноччу салдат болей пройдзе, чым днём...

Страшэнна хочацца спаць. Наступае той стан напаўтрызнення, калі чалавек прысутнічае ў рэальнасці і адначасова адсутнічае. Можна, аказваецца, спаць і на хаду. Ногі перастаўляюцца самі, цела напружана, а вочы закрытыя. Колькі ідзе такім манерам, Віктар не ведае. Нарэшце як з-пад зямлі каманда:

— Пры-ва-ал!..

Пачынала світаць. На бліжнім шэрым хутары брахаў сабака. Смірнова побач не было. Непаслухмянымі нагамі Віктар перабраўся цераз кювет, упаў на мяккую, вільготную траву і, нават не выбіраючы позы, не акрыўшыся плашч-палаткай, імгненна заснуў...

Гадзіна сну праляцела зусім непрыкметна. Было такое адчуванне, што ён, Віктар, толькі што прылёг і вось зараз жа падхапіўся, узняты шматгалосай, зычнай камандай: «Пад’-ё-ом!» Быў асенні шэры дзень, цемнаватыя купкі хутароў разбегліся па ўсім бачным даляглядзе. Удалечыні, як бы ахутаныя дымам, сінелі палоскі лясоў, яркімі, зялёнымі лапінамі на шэрані зямлі выдзяляліся лугавіны.

Быў усё-такі дзень, і на душы стала весялей. Вайны і цяпер не чуваць было, ды і гадзіна сну не прапала марна: ногі ступалі прутчэй па шэрым, крыху вільготным каменні шашы, хоць яшчэ і адчувалася ў іх моцная начная стома. Калона з першай хвіліны строю і кроку не захоўвала, і Віктар рушыў у галаву яе, каб далучыцца да ўзвода.

Смірноў ідзе ў адным радзе з Філімонавым і Маскоўскім, гэтыя абодва голасна размаўляюць, смяюцца, як бы і не было ноччу суцэльнага маршу. Маскоўскі, магчыма, трошкі пад’ехаў на фурманцы. Ён неафіцыйны ад’ютант пээнша другога, афіцэра разведкі Канатнікава, і дбайна сочыць, каб не прапаў вялікі скураны чамадан капітана і скрынка са стэрэатрубамі, біноклямі, якія належаць узводу пешай разведкі.

Разведчыкі ўвогуле вызначаюцца ў палку. Сержанты, яфрэйтары і радавыя маюць чубы. І хоць гэта па статуту не паложана, начальства маўкліва закрывае вочы. Ды і апрануты, абуты яны лепш: ва ўсіх добра падагнаныя шынялі, боты, плямістыя нямецкія плашч-палаткі. Становішча абавязвае — разведчыкі мусяць не стамляцца і крочыць першымі, у галаве калоны.

Да першага прывалу дайшлі бадзёра. Калі прыляглі на траву, чырванашчокі рухавы Філімонаў, гучна рагатнуўшы, дастаў з рэчавага мяшка ладны кавалак бараніны, спрытна арудуючы блішчастай, з чорнай тронкай фінкай, стаў дзяліць мяса. Зрэшты, гэта было выдатна. Неўміручы дух прадпрымальніцтва не згасаў ва ўзводзе пешай разведкі. Барана патаемна рэквізавалі ў лясной вёсцы пад Астраленкай, быў сігнал начальству і было следства, але, не міргнуўшы вокам, Філімонаў і іншыя давялі, што рукі іхнія чыстыя. Віктар сам думаў, што барана дзе-небудзь кінулі.

Мяса пахла дымам і смалой — відаць, смажылі на кастры. Але можна было лічыць, што снеданне надзейнае.

Зноў шаша і зноў аднастайны, расхлябаны крок. Віктар любіць хлопцаў са свайго ўзвода. Усе яны трошкі хвалькі, пыл любяць пусціць у вочы і як бы загадзя надзелі на сябе маскі страшэнных зухаў, якім мора па калена. А на справе ўсё прасцей. Сама служба як бы прывучыла да авантурызму, бо без хітрасці не абыдзешся пры самай звычайнай вылазцы на перадавую. Таму, бывае, цяжка стрымацца і тады, калі ўжо ніякай перадавой няма. За цюк бязі, украдзены з чужога эшалона, калі ехалі з-пад Выбарга ў Тарту, двое разведчыкаў пайшлі пад трыбунал. Добра, калі далі ім штрафную...

І ў той жа час няма хлопцаў, чым гэтыя са ўзвода пешай разведкі, якія б лепш разумелі дружбу, таварыства, локаць суседа. Як і ўсе, хто цяпер на вайне, чакаюць лістоў з дому, ад матак і знаёмых дзяўчат. І хоць канца вайне не відаць, запрашаюць адзін другога ў госці. У сваю вёску ці горад...

Да паўдня калона расцягнулася, можа, на цэлую вярсту. Узводы, роты зноў змяшаліся, і нельга было нічога зрабіць, бо людзі стаміліся ўшчэнт.

Ужо надвячоркам, калі стаў церусіць дробны дождж, Віктар ледзь не трапіў у бяду. Ён зноў адстаў, крочыў недзе ў сярэдзіне доўгага людскога ланцуга. Шаша рабіла буйны выгіб, і галаву калоны Віктар бачыў напрасткі, праз лугавіну. Яму захацелася дагнаць узвод. Некалькі байцоў рушыла на гэтую лугавіну, і Віктар — за імі. На хвіліны дзве ці тры яны трапілі ў цэнтр усеагульнай увагі. Ланцуг на шашы замёр, з усіх канцоў даносіліся трывожныя галасы і воклічы. Байцы, як і Віктар, не заўважылі, што лугавіна амаль усюды абнесена дротам і на ёй стаяць папераджальныя тычкі. Яны трапілі на міннае поле. Асцярожна, ступаючы след у след, усе шчасліва вярнуліся на шашу.

Чамусьці ў тыя хвіліны, калі Віктар выбіраўся з міннага поля, яму ўспомніўся жаночы манастыр пад Ваўкавыскам. Ён сам не хадзіў туды і нават не бачыў манастыра, але другія хадзілі. Філімонаў пахваляўся, што вельмі горача абнімала яго там і цалавала маладая чарнявая манашка...

Пасля сваёй прыгоды Віктар напаткаў знаёмага малодшага лейтэнанта з аддзела шыфравальнай службы і пайшоў побач з ім. Лейтэнант, як і Віктар, скончыў дзесяцігодку, пасля — нейкія курсы. Наконт сваёй службы ён ніколі нават словам не абмовіўся, але аб прачытаных кнігах яны іншы раз размаўлялі.

Калі сцямнела, да слыху пачалі даносіцца далёкія, глухія выбухі. Наперадзе быў фронт, Усходняя Прусія. Віктар разам з малодшым лейтэнантам падбіліся да фурманкі, узяліся рукамі за вяроўку, якой былі абкручаны нейкія нагружаныя на яе цюкі. Віктар адразу заснуў. Ён так і ішоў: засынаў, на хвіліну трывожна прачынаўся і зноў апускаўся ў спакой забыцця...

Прачнуўся ён канчаткова, калі фурманка спынілася. Яны былі ў нейкім гарадку, з абодвух бакоў нешырокай вуліцы стаялі прысадзістыя дамкі з зацемненымі вокнамі. Выбухі наперадзе былі досыць выразныя, час ад часу край неба за гарадком паласавалі светлыя ўспышкі. Байцы гучна перамаўляліся, звінелі кацялкамі.

— Сто вёрст адмахалі, — чуўся нечы злосны голас. — Але, здаецца, прыйшлі да цешчы на бліны. Ужо блізка...

Віктар убачыў, што з-за адной, не вельмі шчыльна прычыненай аканіцы, выбіваецца палоска святла. Ён падышоў да акна і прыклаўся вокам да шчыліны. У пакоі сядзелі тры распранутыя вайскоўцы, было чыста, утульна. Ля сцяны стаяла піяніна, і на ім, лёгка ўзмахваючы далонямі, іграла дзяўчына з зусім белымі валасамі. Віктар нават чуў гукі музыкі. Відовішча было як казка, бо нельга было паверыць, што магчыма вось такое жыццё, можна вось гэтак сядзець у цёплым пакоі, глядзець на белую дзяўчыну, слухаць музыку...

 

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 268-275
Крыніца: скан