epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Па махорку

І
ІІ
III
IV


І

 

Дні незабыўныя, поўныя хмельнай радасці. Тыдзень, як мястэчка, раённы цэнтр, названы нават у зводцы Саўінфармбюро, стала нашым: у кожным доме стомленыя, у абшарпаных шынялях, стаптаных чаравіках байцы. Дывізія ішла на Палессе ад самай Волгі. Партызаны ў масе байцоў здаюцца нават зухаватымі — яны ў скураных тужурках, у нямецкіх, мадзьярскіх, славацкіх і яшчэ бог ведае якіх мундзірах.

З партызан у мястэчку пакінуты толькі тыя, хто прызначан на якую-небудзь пасаду. Астатнія — іх непараўнальная большасць — на перадавой. Фронт блізка: ён цяпер якраз у тых мясцінах, дзе стаялі лясныя буданы.

Я таксама атрымаў пасаду, але гэта ненадоўга. Мне васемнаццаць гадоў, і да мяне яшчэ не дайшла чарга прызыву.

Прызначан я старшым падатковым інспектарам раённага фінансавага аддзела. Так захацеў загадчык райфа Змітро Ткач, нядаўні камандзір партызанскай роты.

Пра абавязкі падатковага інспектара ў мяне ўяўленне цьмянае: я нават не ведаю, якімі падаткамі абкладаецца насельніцтва. Ткач вопытнейшы — да вайны ён быў сакратаром сельсавета. Удвух з ім мы на ўласны страх і рызыку захапілі дом, у якім жыў паліцай, прывалаклі два пісьмовыя сталы, і на гэтым дзейнасць райфа пакуль што прыпынілася.

Мястэчка бамбяць немцы, ніхто не прысылае ў нашу кантору інструкцый, няма ў нас нават звычайнай паперы, каб напісаць які-небудзь цыркуляр. Ткач жыве тут жа, у райфа, у пакойчыку-бакоўцы, спіць на ложку без матраца, ломіць на дровы плот, якім абгароджаны дом, і калі ідзе сёрбаць бульбяны суп у наспех наладжаную сталовую, бярэ з сабой аўтамат, які звычайна стаіць у кутку ля ложка. Я таксама расхаджваю па мястэчку з аўтаматам, хоць у партызанах яго ў мяне і не было. Дзеля форсу я выменяў аўтамат за наган у байца-сувязіста.

Праз тыдзень ці два мяне прызавуць у армію, я гэта ведаю, таму гляджу на сваю пасаду, як кажуць, скрозь пальцы. Ведае гэта і Ткач, таму не прынявольвае мяне, не прызначаючы пэўных гадзін пачатку і сканчэння рабочага дня. Я прыходжу ў райфа, і мы пачынаем чытаць газеты, якія загадчык дастае ў дывізійным палітаддзеле. Мы чытаем доўга, са смакам, не мінаючы ніводнай заметкі, бо за два гады акупацыі не так часта траплялі нам у рукі савецкія газеты. Становішча на фронце добрае, нашы наступаюць, але канца вайны не відаць. Яшчэ і Ленінград у паўкальцы блакады, і Мінск у немцаў, і нечакана фашысты зноў захапілі Жытомір.

Дні стаяць хмурныя — цёплая восень кончылася. Пачынаецца трэцяя ваенная зіма. Трохі страшнавата ад думкі, што прыйдзецца пачынаць вайсковую службу зімой, ляжаць у халодных акопах, мерзнуць на снезе. Холаду я заўсёды баяўся і баюся.

У адзін з тых дзён Ткач нарэшце даў мне заданне. Ён занядужаў, не галіўся, выгляд меў хмурны.

— Чым хваліцца перад дзеўкамі аўтаматам, схадзі ты лепш у Брусы, — сказаў ён мне. — Скажаш маці, што я жыў-здароў, і папросіш махоркі. Я табе камандзіроўку выпішу.

Брусы — вёска, дзе нарадзіўся і працаваў сакратаром сельсавета Ткач. Яна ў другім, таксама напалавіну вызваленым, раёне, вёрст за пяцьдзесят.

Ісці ў Брусы я згадзіўся з радасцю. Па дарозе на Брусы, калі даць трошкі круку, ляжыць другое мястэчка — Глыбінка, у якім жыве знаёмая мне дзяўчына Клара Сінельнікава. Я не бачыў яе ўсю вайну, але ведаў, што яна дома. Я заўсёды распытваў пра яе ў людзей, якія трапляліся з таго боку.

Я сабраўся ў дарогу і рушыў чыгуначнай веткай-аднапуткай, якая вядзе ледзь не да самых Брусоў, каб на трыццатай вярсце збочыць на Глыбінку. Зямля ўжо замерзла, але снегу няма. Лес стаіць голы і шэры. Я крочу хутка, мяркуючы за кароткі дзень дайсці да Глыбінкі і там пераначаваць. Па дарозе трапляюцца чырвонаармейцы — адзінокія і групамі. Яны ідуць у бок майго мястэчка.

Знаёмства з Кларай у мяне дзіўнае. Да вайны я вучыўся ў дзевятым класе і трошкі — самахоць — захапляўся скрыпкай. Мне было няцяжка сыграць на слых усе мелодыі, якія я ведаў, ды і сам я спрабаваў сёе-тое выдумляць. Скрыпка трапіла да мяне ад дзеда па бацьку, які некалі іграў на местачковых вяселлях. У нашай сям’і з заняткаў дзедавых падсмейваліся, таму я не асабліва выхваляўся на людзях сваімі талентамі. У школе, аднак, ведалі, што я іграю, і, калі ўзнікла патрэба каго-небудзь паслаць на абласную алімпіяду ў Мазыр, паслалі мяне.

Там, у Мазыры, мы і сустрэліся з Кларай. Сыграў я на алімпіядзе кепска — горш, чым умеў, таму што вельмі хваляваўся. Клара спявала. Яна выступіла добра, намнога лепей за мяне. І ёй доўга пляскалі. Голас у яе быў прыемны, мяккі, але яшчэ болей, чым яе голас, спадабалася мне яна сама — даўганогая, русявая.

Алімпіяда праходзіла вясной — раставаў снег, на Прыпяці пачынаўся крыгаход. Я першы раз быў у горадзе, і Мазыр — хоць гэта горад і не надта вялікі — зрабіў на мяне надзвычайнае ўражанне.

Удзельнікі мастацкай самадзейнасці жылі ў школе — былі якраз вясновыя канікулы, і вечарам Клара падышла да мяне і запрасіла пагуляць. Мы доўга хадзілі па ахінутых сінім змрокам вуліцах. Пад нагамі хрумсцела тонкая наледзь, з Прыпяці чуўся глухі шоргат — ламаліся крыгі.

Клара вучылася ў дзесятым, і мне, дзевяцікласніку, было з ёй трохі ніякавата.

— Ты куды будзеш паступаць? — спытала Клара.

Я мерыўся ў артылерыйскае вучылішча: па матэматыцы, фізіцы ў мяне добрыя адзнакі, ды і наогул вайсковая справа падабаецца.

— А я яшчэ добра не ведаю, куды паступлю, — прызналася яна. — Хачу ў кансерваторыю. Але ці прымуць? Туды такі вялікі наплыў...

Я сказаў, што яе прымуць абавязкова. Я гаварыў шчыра, сам верачы ў тое, што даклярую, і Клара пачала ставіцца да мяне яшчэ прыхільней.

— Давай будзем перапісвацца, — прапанавала яна.

У яе словах я пачуў, відаць, трохі больш, чым яны значылі на самай справе. Той вясновы вечар з хрумсткай наледдзю на шэрым асфальце, з цёмна-сінімі сілуэтамі дрэў я запомніў надоўга.

Ехалі мы з Кларай у адным вагоне. Каб дабрацца да Глыбінкі, яна на маёй станцыі мусіла перасесці ў цягнік, які хадзіў па ветцы-аднапутцы. Прытуліўшыся адно да аднаго, мы маўкліва стаялі ля акна. Ноч была месячная, ясная, імкліва прабягалі ахутаныя сінім змрокам кусты, паляны, чорныя дрэвы. Сярэбраным бляскам адсвечвалі азярынкі талай вады.

Цягнік на маю станцыю прыбыў апоўначы, чакаць Кларынага трэба было яшчэ гадзін пяць — ён адпраўляўся на світанні. Я ўзяўся паказаць Клары мястэчка. Каб мы прыехалі днём, я можа б, на такое і не адважыўся, бо хадзіць з дзяўчатамі саромеўся.

Мы хадзілі па вуліцах, гразь трохі зашэрхла, а ў месячным святле мне самому мястэчка здалося вельмі прыгожым. Тое, што не радавала вока днём — пакрыўленыя хаты з залатанымі дахамі, паламаныя парканы, беспарадак у забудове, — усё гэта ад позірку схавалася. Ахутаныя хісткімі ценямі, будынкі, дрэвы ўяўляліся не горшымі, чым у Мазыры.

Нахадзіўшыся, мы, каб адпачыць, узабраліся на ўзгорак, з вышыні якога адкрываецца від на мястэчка і на яго аколіцы.

Я асмялеў і, не зважаючы на тое, што Клара вучыцца ў дзесятым класе, пацалаваў яе. Яна палажыла мне руку на плячо. Так, абняўшыся, мы сядзелі і цалаваліся да самага світання.

Клара паехала. Яна дала мне адрас і прасіла, каб я абавязкова ёй напісаў. Мы дамовіліся, што будзем пісаць адно другому да таго часу, пакуль не скончым вучыцца і не знойдзем кожны сваёй дарогі. Пра далейшае не гаварылі. Яно як бы разумелася само па сабе.

Напісаў я Клары не хутка, тады, як пачалася вайна, — праз тры месяцы. Я ведаў, што ў кансерваторыю яна не паступіць, і хацелася яе суцешыць. Я паведамляў, што ў мястэчку не застануся, каб у далейшым паступіць у ваеннае вучылішча.

І вось я іду да Клары. Прабіцца на ўсход мне не ўдалося — немцы перанялі, — у ваеннае вучылішча не паступіў. Але я цэлы год быў у партызанах і маю некаторыя падставы глядзець на сябе з павагай. Чаму менавіта цяпер мне захацелася пабачыцца з Кларай, я і сам добра не ведаю. Хутчэй за ўсё таму, што перада мной — новая дарога ў вайну, у невядомасць.

Пра Клару гэтыя два гады я думаў часта. Яна ўяўлялася мне найлепшай з дзяўчат, якіх я ведаў. Мне хацелася зрабіць нешта асаблівае, выключнае, што ўзвысіла б мяне ў вачах дзяўчыны, дазволіла стаць упоравень з ёй. Былі думкі пра музыку — яна мяне па-ранейшаму вабіла.

На скрыпцы я даўно не іграў. Ды і не было болей скрыпкі. Можа, у самой музыцы і тоіцца прычына, па якой я, як на крылах, лячу ў Глыбінку да Клары. Мне здаецца, што лепш, чым яна, мяне ніхто не зразумее. Армія, якая прыйшла ў мястэчка, прынесла новыя песні, якіх да вайны не было. Я ўжо ведаю і «Зямлянку», і «Аганёк» і вельмі востра адчуў, што чалавеку, які ідзе на вайну, вельмі патрэбна тая, якая б думала пра яго, яго чакала. У даваенных песнях нічога гэтага не было: там імчалі тачанкі, бадзёра выдыгалі тры вясёлыя, трохі самаўпэўненыя танкісты і нават Кацюша, выходзячы на бераг, сумавала неяк залішне весела, як бы ўпрысядкі скакала.

Чыгунка-аднапутка — мёртвая. Сям-там рэйкі пакалечаны, парваны толам. У двух ці трох месцах на адхоне ляжаць бокам патрушчаныя вагоны. Я ведаю, што гэта партызанская работа. Сам я ў гэтых мясцінах не быў, але, гледзячы на адмеціны лясной вайны, адчуваю прыліў гордасці. Мне здаецца, што сёе-тое я нясу Клары.

Ад чыгункі да Глыбінкі — шэсць вёрст. Трыццаць кіламетраў я адолеў даволі хутка.

Бралася на вечар. З насыпу я звярнуў на езджую дарогу, якая пятляе між зялёных сасоннікаў. Мясціны скрозь высокія, пясчаныя, і мне прыемна ад думкі, што аколіцы Кларынага мястэчка прыгожыя. Па дарозе цягнуцца вайсковыя абозы, вурчаць маторамі грузавікі, цягачы. Фронт і тут блізка — кіламетраў за трыццаць.

 

 

ІІ

 

Глыбінка — поўная войска. Проста на дварах дымяць кухні, бегаюць з кацялкамі байцы, ля студняў пояць коней. Я памятаў Кларын адрас, але цяпер, калі пачало вечарэць, гэта не мела значэння. Я завітаў у першую хату і спытаў, дзе жыве настаўнік Сінельнікаў. Правесці мяне да Клары падахвоціўся хлапчук, які, калі я зайшоў у хату, вячэраў разам з пажылымі байцамі-пастаяльцамі.

Мы з хлапчуком прайшлі з канца ў канец усю доўгую вуліцу і завярнулі ў правулак. Чорнымі праёмамі акон зірнула каменная двухпавярховая школа — такая ж, як і ў маім мястэчку. Школу немцы спалілі, нават у змроку відаць закопчаныя сцены. У блізкім суседстве са школай — Кларын дом.

Я падзякаваў хлапчуку і ўзяўся за клямку фортачкі. Кларын дом з чатырохскатным дахам, вялікімі вокнамі, у якіх святло. Я прайшоў па двары — вузкім прамежку паміж яблыневым садам і палісаднікам — і спыніўся перад ганкам. Сэрца ў мяне як не выскаквала з грудзей. Усю дарогу ішоў спакойны, а тут захваляваўся... Ганак мяне ўразіў. Ён, як шацёр: да самага даху навес-франтончык шчыльна аплялі сухія цяпер сцябліны дзікага вінаграду.

Я ступіў пад шацёр, намацаў клямку, прайшоў у цёмныя сенечкі. Разгубіўшыся, я так доўга ў іх правалтузіўся, пакуль знайшоў дзверы на кухню.

На мяне непрыхільна глядзела паўнатварая, мажная жанчына, у пярэстым, на манер сарафана, пярэдніку.

— Вам каго?

Услед за мной зайшоў са двара рослы хлапчук з бярэмам дроў, з грукатам кінуў іх на абабітую ля печкі бляхай падлогу.

— Вы да каго? — зноў спытала гаспадыня.

— Клара Сінельнікава тут жыве? — прамовіў я глухім, незнаёмым мне самому голасам.

Жанчына адчыніла пафарбаваныя ў белы колер дзверы, прайшла цёмны пакой, потым адчыніла наступныя. У тым далёкім пакоі было светла, там размаўлялі і смяяліся.

— Клара, да цябе.

Я пазнаў яе адразу, хоць за два з палавінай гады яна вельмі змянілася.

Такая ж даўганогая, рослая, але круглейшая, павальнейшая ў рухах. На мяне са здзіўленнем глядзела сталая дзяўчына.

— Клара, помніш — выступалі ў Мазыры?

— Валодзя! — чырванеючы, усклікнула яна, і на твары яе адбілася збянтэжанасць. — Адкуль ты? Я думала...

— Іду ў Брусы па камандзіроўцы... Вось зайшоў... Хацеў пабачыць...

Яна збянтэжылася яшчэ болей.

— У цябе час ёсць? Можа б ты заўтра зайшоў? Заўтра раніцай. Добра, Валодзя?

— Клара, што ты гаворыш, — азвалася маці. — Куды ён пойдзе? Няхай начуе ў нас.

Я стаяў як аглушаны і ў першую хвіліну не мог прамовіць і слова.

— Распранайся, Валодзя, — замітусілася Клара. — Даруй, я не падумала...

Цяпер мне было ўсё адно. Можна было распрануцца, павесіць на цвік тут, на кухні, сваю апранаху, а можна было і пайсці, прыткнуцца нанач у якой-небудзь местачковай хаце. За год партызанства я начаваў у многіх хатах. Тое, што сказала Клара, не магло быць памылкай. Яна проста забыла пра мяне. Як бы мяне не існавала.

За час, пакуль я распранаўся, Клара супакоілася. Запаліла лямпу ў суседнім пакоі, запрасіла мяне туды. Гэта была сталовая: стаяў стол, засланы белым абрусам, некалькі крэслаў з гнутымі спінкамі, на абклеенай зеленаватымі шпалерамі сцяне паважна такаў старамодны гадзіннік. Мы прыселі на крэслы. У суседнім пакоі гучна размаўлялі.

— Я нічога пра цябе не ведала. Ты, здаецца, пісаў, што ідзеш на ўсход?

У голасе Клары прагучалі ранейшыя, знаёмыя мне ноткі. Яна як бы выклікала на інтымнасць.

— Не ўдалося, — коратка адказаў я.

— Ты быў дома пры немцах?

— У партызанах.

Яна з цікавасцю на мяне зірнула. Але ўсё адно не адчувала, што я не той, даўнейшы, з кім яна сустрэлася ў Мазыры на алімпіядзе. Яна стала дарослай, але пасталеў і я. У вайну людзі хутка сталеюць.

— Што ты думаеш рабіць цяпер?

— Пайду ў армію.

На момант на яе твары мільгануў цень заклапочанасці, быў такі выраз, як бы яна старалася ўспомніць штосьці забытае, але важнае. Праз хвіліну зноў стала ранейшая і трымала сябе так, нібы яна настаўніца, а я вучань.

— Напішы мне, Валодзя. Абяцай, што напішаш. Помніш, мы дамовіліся, што будзем сябрамі...

Мне стала ўсё нецікава. Было б лепш, каб я не астаўся тут начаваць. Але я астаўся. І цяпер было няёмка пакідаць Кларын дом, паказваючы, што я на яе крыўдую. За што я мог крыўдаваць? Нас нішто не звязвала, апрача таго, што мы два дні прабылі разам у Мазыры, ехалі ў адным вагоне, і я паказаў ёй ноччу сваё мястэчка.

У пакой зайшла чарнявая дзяўчына з гітарай, і Клара ёй узрадавалася. Яна хуценька мяне з ёй пазнаёміла, назваўшы партызанам, узяла яе паліто, і праз хвіліну мы ўтраіх далучыліся да кампаніі, якая сядзела ў суседнім пакоі за сталом і частавалася. Тут былі чатыры афіцэры: два досыць пажылыя, капітан і маёр, і два зусім маладыя лейтэнанты. Дзяўчат разам з той, што прыйшла з гітарай, таксама чатыры. Клара і тут назвала мяне партызанам. Мяне пасадзілі за стол, налілі паўшклянкі гарэлкі, прымушаючы выпіць першым. Клара падбадзёрвала позіркам — пі!.. Я выпіў, і ў мяне перахапіла дыханне — гэта быў спірт.

— Партызан, а піць не ўмее, — адзін з лейтэнантаў гучна засмяяўся.

Пасля гэтага ніхто на мяне не звяртаў увагі. Клара паружавела, пажвавела, ёй, відаць, спадабалася, што са мной, няпрошаным госцем, добра абышліся. Дзяўчаты выпілі патрошку, афіцэры са мной яшчэ па паўшклянкі. Дзіўна — я не п’янеў!.. Мне толькі зрабілася яшчэ сумней.

На дзяўчатах і на Клары — святочныя сукенкі. Клара з усіх чатырох самая прыгожая, і найбольшыя знакі ўвагі выказваў ёй той самы лейтэнант, які засмяяўся, калі я няўдала першы раз выпіў. Ён, гэты лейтэнант, прыгажэй астатніх. Прадаўгаваты чарнявы твар, мужны профіль, нос з гарбінкай. Такія твары адбівалі на рымскіх манетах.

Лейтэнант з тварам рымскага імператара папрасіў Клару заспяваць. Яна пачала «Кацюшу». Яе суседка затрэнькала на гітары, няўмела падыгрываючы. Я злаваўся на Клару нават не за «Кацюшу». Няхай спявае, калі ёй хочацца. Было крыўдна, што яна забыла, што я трошкі ўмею іграць. Я б і на гітары сыграў лепш за гэтую дзяўчыну.

Я падняўся, падзякаваў. Клара выйшла за мной у сталовую. На стале стаяла прыкручаная лямпа, агеньчык ледзь блішчаў.

— Ляжаш на канапе, — ціха сказала Клара. — Я прынясу коўдру.

Канапа стаяла ў закутку, за дубовай шафай. Клара пайшла па коўдру, я — на двор. Падаў снег. За той час, што я прабыў у Кларыным доме, белым пухам пакрылася зямля, дахі, стрэхі хлявоў. Я вярнуўся — на канапе ляжала коўдра. Я зняў пінжак, чаравікі і, болей не распранаючыся, лёг. Я чакаў, што Клара выйдзе. Яна выйшла, паўхвіліны пастаяла ля майго ложка, нагнулася. Яе валасы казытнулі мне твар. Шапнула «спі» і пайшла...

Няўжо яна не разумела, што я не засну?

За дзвярамі гаманілі, спявалі, потым пачалі танцаваць. Мяне душылі крыўда і роспач. Я разумеў, што Клара нічым мне не абавязана, што мы з ёй выпадковыя знаёмыя і яна вольная рабіць што хоча. Але ўсё адно было крыўдна.

Гадзіны праз тры баляванне скончылася, і кампанія рушыла на вуліцу. Кавалеры пайшлі праводзіць дам. З імі пайшла і Клара. Я чакаў, што яна хутка вернецца, але вярнулася толькі двое афіцэраў. Відаць, яны былі пастаяльцамі ў Кларыным доме.

Было далёка за поўнач, і заставацца далей на канапе за шафай я не мог. Я ціха ўстаў, абуў чаравікі, апрануў свой лапсярдак і выйшаў на вуліцу...

 

 

III

 

У сваё мястэчка з Брусоў я вяртаўся другой дарогай, якая пятляла па лесе па той бок чыгункі-аднапуткі. Гэты маршрут я выбраў наўмысна, як бы стараючыся сабе самому даказаць, што ні ў якім выпадку не хачу спаткацца з Кларай. Я нёс мяшэчак з махоркай і раз-пораз курыў, скручваючы тоўстыя цыгаркі. Упершыню адчуў я смак тытуню. Спрабаваў я курыць і да гэтага, але то было не болей як вучнёўства. Я нават не зацягваўся.

Маладосць падатная на крыўду. Разумеючы, што Клара мела ўсе падставы забыць пра мяне, я тым не меней лічыў сябе абражаным, зняважаным і маляваў у сваім уяўленні карціну наступнай сустрэчы з Кларай. Бачыў я сябе франтавіком-ветэранам з многімі заслугамі, ордэнамі, і чамусьці мне вельмі хацелася прыехаць у Кларына мястэчка параненым. Я іду па вуліцы, рука вісіць на марлевай перавязі, і нечакана сустракаю Клару. Яна глядзіць на мяне са здзіўленнем, з захапленнем, ёй толькі сорамна, што тады, калі я першы раз завітаў у яе дом, яна так няласкава мяне сустрэла. Але я непрыступны і горды. Ківаю Клары, як звычайнай знаёмай, і іду сваёй дарогай...

Другая ноч застала мяне ў лясной, спаленай немцамі вёсцы. Хат не было, паміж хвоямі чарнелі зямлянкі. Я доўга блукаў, пакуль уладкаваўся на начлег. І ў гэтай вёсцы поўна салдат, людзей у зямлянках — не пралезці. Мяне затрымаў патруль, і пажылы сержант, свецячы сабе ліхтарыкам, доўга разглядаў маё камандзіровачнае пасведчанне, пад якім стаяла пячатка МТС.

— Колькі табе гадоў? — спытаў ён.

— Васемнаццаць.

— Салдатам будзеш, а не падатковым інспектарам...

Сержант уладкаваў мяне ў перапоўненую зямлянку. Я даў яму жменю махоркі. І па жмені байцам, якія мяне прынялі. Мяшэчак апусцеў напалавіну...

 

 

IV

 

Планета Зямля не такая вялікая, і лёс мне зычыў яшчэ раз сустрэцца з Кларай. Аж праз дваццаць з лішнім гадоў пасля той ночы, калі, зняважаны, я збег з яе дома. Усе гэтыя гады я пра Клару не думаў. Калі і выплываў успамін пра яе, то толькі ў сувязі з тым, што некалі і мне было васемнаццаць гадоў.

Здарылася якраз так, што сустрэўся я з Кларай у дні душэўнага ўзлёту, у найшчаслівейшы ў сваім жыцці месяц.

У Гомелі я сеў у цягнік дажджлівым восеньскім вечарам. Калі зайшоў у купэ, там ладкавала рэчы высокая, досыць маладая жанчына.

Я павітаўся, павесіў паліто, паклаў у скрыню пад лаўкай чамадан і, няпэўна занепакоены, выйшаў у калідор.

Мне здалося, што ў купэ — Клара Сінельнікава.

Уваходзілі, нязграбна несучы паперадзе сябе чамаданы, новыя пасажыры, праважатыя, ляскалі дзверы купэ, панаваў той непрыемны гармідар, які ўтаймоўваецца звычайна за пяць хвілін да адыходу цягніка. Я стаяў каля акна, курыў, глядзеў на шэры мур станцыйнага будынка.

Поезд крануўся.

Прайшла правадніца, спытаўшы, ці трэба мне пасцель, другая разносіла па купэ чай. У імжыстай цемені млява свяціўся горад, няроўныя ланцугі агнёў дрыжалі. Мужчыны, пераапрануўшыся ў піжамы, выходзілі ў калідор пакурыць.

Паплылі слаба асветленыя вуліцы прадмесця. Жоўта-шэрае зарыва горада вісела ззаду. Я зайшоў у купэ. Памылкі не было — зноў мне прыйшлося ехаць у адным вагоне з Кларай. Яна — сядзела пры століку, памешваючы лыжкай чай. Распаўнелая саракагадовая жанчына, але тыя ж вочы, тыя ж доўгія ногі ў белых чаравіках з высокімі халяўкамі.

— Вы мяне не пазнаяце?

Яна ўсміхнулася.

— Пазнаю.

— А мне прыйшлося гадаць — вы ці не вы?

— Ешце вінаград, — сказала яна, зняўшы сурвэтку з талеркі.

— Хто вы? — спытаў я аб першым, што мяне найбольш цікавіла. — Памятаеце алімпіяду ў Мазыры...

— Не артыстка. Майго голасу хапае, каб пець за сталом. А вы, я бачу, таксама не ваенны.

— Не.

Вінаград трохі з кіслінкай. Цягнік, загрукаўшы на стыках, прыкметна прыцішвае бег. Наперадзе станцыя. Па цёмным аконным шкле з надворнага боку цякуць сярэбраныя струменьчыкі.

— Я дзіцячы ўрач, — сказала Клара. — Жыву ў Маскве. Даўно ўжо — дзесяты год.

— А я інжынер. Геолаг. Тут, на Палессі, мы знайшлі нафту. Два тыдні назад. Вы чулі пра нафту, Клара?

— Чула, — сказала яна. — А што тут асаблівага? Усюды нешта знаходзяць.

Цягнік спыніўся, і праз хвіліну крануўся зноў. У калідоры ціха — у вагон ніхто не сеў. Я не адразу знайшоўся, што адказаць. У тыя дні я быў узрушаны: мне здавалася, што ўсе гэтак жа, як і я, павінны радавацца і захапляцца тым, што на Палессі, у краі пяскоў і балот, нафта.

— І каля вашай Глыбінкі будзе нафта. Там вельмі перспектыўны раён.

— У мяне там нікога няма, — з сумам прамовіла яна. — Бацька памёр даўно, маці пазалетась. Брат прадаў дом. Ён таксама інжынер. Толькі не геолаг, а тэхнолаг. Працуе ў Днепрапятроўску.

Пранёсся сустрэчны пасажырскі цягнік. У такт двайному перастуку колаў светлымі палоскамі мільгалі вокны вагонаў.

— Вы жанаты? — спытала яна.

— Вядома.

— Есць дзеці?

— Ёсць.

— А я разышлася. Жыву з сынам. Ён ужо дзесяцігодку канчае.

— Куды думае паступаць? — спытаў я зусім недарэчна.

— Ды вы ўсе аднолькавыя! — у Кларыным голасе ноткі раздражнення. — Спіць і ў сне бачыць сваю радыётэхніку. Тэхніка, тэхніка — як бы на ёй свет клінам сышоўся... І муж быў такі. Ён канструктар. Прыйдзе апоўначы з завода, уткнецца ў газету. Як я пражыла дзень, што думала, — яго не цікавіць. Яму хапае тэхнікі і палітыкі. І вы, відаць, такі?

— Такі.

Я ўсміхнуўся: калі мераць Кларынымі меркамі, то я яшчэ горшы. Дома не бываю месяцамі, а калі прыеду, то таксама накідваюся на газеты.

— Проста пакаленне такое чэрствае, — працягвала Клара. — Інстытуты паканчалі, а культура пачуццяў — як у феадалаў... Жонка павінна натхняць, ствараць настрой, утульнасць. Яе абавязак бегаць па магазінах, прасаваць сарочкі. А яна ж таксама працуе, інстытут скончыла, у яе свае пытанні да жыцця. Ці не праўда?

Яна зірнула на мяне — яе шэрыя вочы цямнелі. Прабівалася на твары лёгкая ружовасць. Я маўчаў. У мяне не знаходзілася слоў, каб сказаць ёй што-небудзь пераканаўчае. Доўга маўчала і яна. Нарэшце спытала;

— Вы былі на фронце?

— Быў.

— Чаму не напісалі мне?

— Пакрыўдзіўся.

— А за што было крыўдзіцца? Вы не лепшы за другіх. Таксама гледзіцё на жанчыну як на істоту, якая павінна толькі ляскаць у далоні, захапляючыся вамі. Я тады трапіла ў няёмкае становішча. Прыйшлі нашы — радасць! Гэтыя ваенныя — яны ж франтавікі — запрасілі да сябе. Маладыя хлопцы, заўтра на фронт пойдуць. Можа, загінуць. Пакуль выбралася дадому — мой рыцар уцёк. Калі хочаце ведаць, я думала пра вас і чакала ад вас ліста...

У яе словах чулася нейкая праўда, і было да болю крыўдна ад думкі, што нешта вельмі ў жыцці важнае я зразумеў не так, як трэба...

Я выйшаў у калідор пакурыць. У акне мільгалі тэлеграфныя слупы, цёмныя лавы яловых пасадак, а ў іх прагалах — ахутаныя шэранню ночы палі. Дождж тут не ішоў, і было святлей. Калі я вярнуўся ў купэ, мая пасцель была заслана. Начнічок разліваў сіні паўзмрок. Клара ляжала на сваім месцы, акрыўшыся коўдрай, адвярнуўшыся тварам да сценкі. Я зняў пінжак і лёг. Мякка пастуквалі колы, вагон пагойдваўся, ледзь чутна паскрыпвала аконнае шкло — яго не шчыльна прыгналі да рамы...

 

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 244-256
Крыніца: скан