epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Паэзія вясковых дарог

Аднойчы да мяне прыехаў сябар дзяцінства, ляснічы аднаго з палескіх раёнаў. Ён мусіў ісці ў горад, нешта купіць, пра нешта даведацца, але яму трапіў на вочы зборнік апавяданняў Міколы Лупсякова, які ляжаў у мяне на стале. Ляснічы ўнурыўся ў кнігу ды так і прасядзеў над ёй да вечара. А вечарам, як бы хаваючы на вуснах вінаватую ўсмешку, сказаў:

— Ладна, заўтра займуся справамі... Хораша ён піша, гэты Лупсякоў. Проста і шчыра. Любіць людзей і прыроду...

Яго першыя апавяданні паявіліся ў друку яшчэ да вайны, яшчэ тады здольнага маладога празаіка заўважыў і падтрымаў Кузьма Чорны. Пасля гэтых, у пэўнай меры вучнёўскіх твораў, былі дарогі вайны, Варонежскі фронт, баі на Курскай дузе, цяжкое раненне, вандроўкі па краіне, роздум над жыццём. На поўную сілу талент пісьменніка расцвіў пасля вайны.

Перачытваючы сёння Міколу Лупсякова, я не знаходжу ў яго слабых ці прыблізна да праўды жыцця напісаных твораў. Нават тыя з іх, якія ляжаць далекавата ад уласнага жыццёвага, душэўнага вопыту пісьменніка, кранаюць шчырасцю пачуцця, замілаванасцю да роднай зямлі і да чалавека, што жыве і працуе на ёй.

Я проста закаханы ў такія апавяданні М. Лупсякова, як «Пераправа», «Дняпроўская чайка», «Новы пляцень». Яны, як мне здаецца, на ўзроўні лепшых старонак нашай прозы — як класічнай, так і сучаснай. Колькі ў іх добрай, спагадлівай чалавечнасці, цеплыні, цнатлівасці, дакладнага ведання самых тонкіх, патайных рухаў чалавечай душы.

У адным з апавяданняў Лупсякова я знайшоў словы «жывая зямля». Перачытваючы аўтабіяграфію пісьменніка, зноў наткнуўся на іх у тым месцы, дзе ён расказвае пра сваё дзяцінства: «Але найбольшым шчасцем былі выгары, у якіх шмат карасёў, уюноў. Вясною ў выгарах, пад спакойныя водбліскі захаду, стаяў стогн, радасны плач, гул і тлум — гэтак заходзілася ў спевах усё, што жыло там».

Мікола Лупсякоў глыбока, пранікнёна, сардэчна адчувае паэзію роднай зямлі, асабліва Прыдняпроўя, дзе прайшлі яго маладыя гады і куды ён думкамі, пачуццямі, сваімі пісьменніцкімі трывогамі вельмі часта вяртаецца. Здаецца, няма ў нас пісьменніка, які б так, як ён, апеў Дняпро, прырэчную прыроду, паэзію яе вечароў, начэй, золкаў. Зноў не магу ўтрымацца, каб не прывесці невялічкую вытрымку з апавядання «Масквічка»: «Сонейка ўжо зайшло, ля берагоў гуляе, а ў лузе падаюць галасы дзеркачы, пакракваюць дзікія качкі, крумкаюць жабы,— і адусюль нясе пахам траў ды вільгаці. Далёка захад усё яшчэ палымнее, і туман усё болей асядае над ракою. Вот люблю гэты час, вот люблю, калі дзень пераходзіць у ноч або ноч у дзень, што заўсёды тады лагаднею і дабрэю і як не сляза на вачах...»

Пісьменнік добра, сэрцам сына разумее і вёску новую, калгасную, з яе новымі маральна-этычнымі ўсталяваннямі, з яе пагардай да хіжага свету сквапнасці, карыслівага разліку, індывідуалістычнай раз’еднасці і адначасна шануе духоўныя каштоўнасці народнага жыцця, што сягаюць у сівую далёкую мінуўшчыну. Колькі добрых, грунтоўных апавяданняў стварыў пісьменнік на аснове старых вясковых легенд, паданняў, паняверак! Пільная ўвага да народнай думкі, народнай ацэнкі той ці іншай з’явы нязменна прыносіць яму поспех. Мікола Лупсякоў піша аб простых людзях, застаючыся пісьменнікам глыбока інтэлігентным у самым добрым сэнсе гэтага слова. Ён умее выяўляць самае высакароднае, чалавечае, святое ў душах сваіх герояў. Ён знаходзіць канфлікты, глыбокія драматычныя калізіі там, дзе другі, які народнага жыцця не ведае, не цэніць, не ўбачыў бы нічога.

Прыгадаю ў гэтай сувязі яшчэ адно апавяданне пісьменніка. У ім ідзе гаворка пра сына, што, «выбіўшыся ў людзі», прыязджае да старых бацькоў і пачынае павучаць іх, як трэба жыць. У старых — карова-пярэдайка, якая вось-вось зусім запусціцца. Сын раіць прадаць гэтую карову, бо карысці ад яе ніякай. А старыя так проста прадаць карову не могуць, бо яна служыла ім у цяжкія часіны жыцця, з ёю было звязана столькі надзей, трывог, радасцей...

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 270-272
Крыніца: скан