epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Пясняр зямлі савецкай

Свае заметкі пачну з успамінаў.

У сярэдзіне трыццатых гадоў у беларускім перакладзе паявіліся тры кнігі «Ціхага Дона» і «Узнятая цаліна» Міхаіла Шолахава. Гэтыя кнігі дайшлі да самых сціплых сельскіх бібліятэк. У школьных хрэстаматыях Шолахаў быў прадстаўлены невялікім урыўкам з «Узнятай цаліны»: жадаючы паказаць прыклад калгаснікам, Давыдаў бярэцца араць на быках, хоць да гэтага часу ніколі не араў.

Так, у дванаццаць ці трынаццаць гадоў мы, сельскія школьнікі, упершыню сустрэліся з Шолахавым.

Дзяцінства аддае перавагу прыгодам — кнігам Жуля Верна, Майна Рыда, Фенімора Купера. І вось у гэты свет летуценняў і мар уварваўся «Ціхі Дон». Тры ёмістыя, у зялёна-сіне-светлых вокладках кнігі былі прачытаны летам (заняткаў не было), дзён за дзесяць, на адным дыханні. «Ціхі Дон» узрушыў. Гэта было падобна да цуду. Штосьці агромністае, захопліваючае і незнаёмае ўваходзіла ў душу, хвалюючы свядомасць, трывожачы пачуцці.

Пазней, перачытваючы Шолахава, стараючыся разабрацца ў «тайне» «Ціхага Дона», я думаў, пра тое, што нават юны чытач, нягледзячы на свае вельмі малыя веды пра свет, жыццё, здольны адчуць вялікае і трагічнае.

Думалася і пра незвычайнае, нечакана ранняе развіццё самога пісьменніка: будучаму аўтару «Ціхага Дона», сыну «іншагародняга» і казачкі, было ўсяго дванаццаць гадоў, калі грымнула рэвалюцыя, шаснаццаць — калі закончылася грамадзянская вайна на Доне. У дваццаць гадоў ён ужо пісаў сваю вялікую кнігу — драму, эпас, лірыку новага свету, што нараджаўся ў пакутах і барацьбе. Пісаў, грунтуючыся на ўласным веданні жыцця і давяраючы толькі гэтым ведам. Якая агромністая работа думкі і сэрца стаяла за кожным радком, напоеным усімі фарбамі, пахамі сапраўднага жыцця, за кожным паваротам сюжэта, які сплавіў у сабе мноства самых разнастайных лёсаў і аб’ектыўную сутнасць гістарычнага працэсу, які ў гэтых лёсах выявіўся! Як моцна трэба было любіць чалавека, народ, родную зямлю, каб здзейсніць гэты тытанічны подзвіг!

Міхаіл Шолахаў — мастак дзіўны, мастак, які спалучае ў сабе вастрыню сацыяльнага зроку, і непераўзыдзены дар псіхолага, пейзажыста, знаўцу казацкага побыту, гумарыста, выдатнае адчуванне рускага слова ва ўсіх яго сэнсавых і эмацыянальных адценнях.

Мне здаецца, што ў рускай літаратуры за ўсю яе гісторыю было не шмат пісьменнікаў, у якіх бы так цесна, непарыўна, як у Шолахава, зліваліся ў адно глыбокі псіхалагізм і непасрэднасць пачуццяў, гістарызм, сацыяльнасць і свежасць паэтычнага погляду на жыццё. У кнігах Шолахава, як і ў самім жыцці, смешнае суседнічае з вялікім, трагічнае з камічным. Пісьменнік аднолькава яркі, непаўторны і ў перадачы паўсядзённай плыні жыцця, і ў адлюстраванні выключных, пераломных момантаў чалавечага быцця.

Поўнай цудоўных чараў паўстае перад намі з кніг Шолахава данская зямля — раздольны стэп з усходамі і заходамі сонца, разлівам траў, буяннем кветак, спевам птушак, з яго буднямі і святамі.

А якая агромністая галерэя чалавечых твараў і характараў жыве, радуецца, сумуе на старонках гэтых кніг! Герояў не зблытаеш аднаго з другім, няхай гэта фігуры першага плана ці персанажы эпізадычныя, якія мільгнулі перад намі на адно імгненне. У кожнага з іх свая манера адчуваць, перажываць, гаварыць, свой непаўторны чалавечы твар.

Вырасшыя на берагах ціхага Дона героі Міхаіла Шолахава належаць усяму чалавецтву. Грыгорый Мелехаў, Аксіння, Наталля, Дар’я, Давыдаў, Макар Нагульнаў, дзед Шчукар — у шэрагу вобразаў сусветнага гучання. Пісьменнік вострай сацыяльнай тэмы, непарыўна звязаны са сваім часам, сапраўдны гуманіст, Шолахаў востра адчувае непераходзячае значэнне духоўных чалавечых каштоўнасцей.

Не шмат знойдзецца ў сусветнай літаратуры такіх шчымлівых, узвышана-трагічных малюнкаў кахання, як у кнігах Шолахава. У нас многа пісалі пра блізкасць Шолахава да Талстога, і гэта справядліва. Але, думаецца, яшчэ бліжэй Шолахаў да Пушкіна — па ахопу жыцця, па здольнасці адчуваць яго багацце і разнастайнасць, па пачуцці гістарычнай Радзімы.

Шолахаў, як і Пушкін, па-сапраўднаму народны. Таму такімі простымі і, акрамя ўсяго іншага, даступнымі нават дзіцячаму, юнацкаму ўспрыманню, здаюцца яго творы. Гэта прастата геніяльнасці, якая гэтак шчодра дорыць нам шчасце, радасць і смутак глыбіннага ведання свету, гісторыі і чалавечых душ.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 72-74
Крыніца: скан