epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Пеця

З’ехаліся дадому ўсе. Вядома, папярэдне спісаліся. За пасляваенны час гэта ўпершыню. Прыязджалі і раней, але па адным. Васіль заскочыць на два ці тры дні, калі вяртаецца з Сочы ў Ленінград. Адпачынак у яго звычайна ў чэрвені, і ён штогод ездзіць на цёплыя воды лячыць свой радыкуліт.

Ігнат прыязджаў толькі два разы. Жыве ён далёка, аж у Чэлябінску. Адтуль не вельмі наездзішся, бо адна дарога займае палову водпуска.

Павел жыве, як кажуць, пад бокам, у суседнім раёне, і заскаквае часцяком. Але болей дня ён ні разу не прабыў. Ён — дырэктар школы, і ў яго заўсёды па горла розных неадкладных спраў. Павел хваліцца, што ў Глінічах, дзе ён жыве, куды прыгажэйшая і цікавейшая прырода, чым у нас, у раённым пасёлку. Там рэчка, заліўныя сенажаці, лес, чыстае паветра.

Я не прыязджаю ніадкуль, бо жыву разам з бацькамі. Праўда, здараецца і мне па месяцу і больш не начаваць у сваёй хаце, але гэта дробязі. У асноўным я мясцовы жыхар.

Старэйшыя браты прыехалі з жонкамі і дзецьмі, і ў нашым двары цяпер сапраўдны дзіцячы сад. Мне адразу прыйшлося знаёміцца з трыма пляменнікамі і дзвюма пляменніцамі. Пра Паўлавых дзяцей, Валерку і Таню, я ўжо не гавару, для іх я дзядзька яшчэ з таго часу, калі яны адольвалі першую трохметроўку ад шафы да стала. Да Паўла я езджу ў госці, і з Валеркам і Таняй у мяне сталая дружба.

Адным словам, у нас цяпер і шумна і весела. Стол накрываецца безупынна: то для дзяцей, то для дарослых. Клопат аб чатырох пляменніках і трох пляменніцах, у той час, калі яны не ядуць і не спяць, у асноўным падае на мяне. Старэйшыя браты на правах гасцей разважаюць з бацькам аб палітыцы і міжнародным становішчы. Іх жонкі загараюць у садку, пераважна ведучы гаворку пра моды і цэны. Маці завіхаецца па гаспадарцы, каб накарміць і дагадзіць сям’і, якая цяпер амаль у тры разы большая, чым была некалі ў яе. Я ўвесь час з дзецьмі.

— Няхай забаўляе нашых, раз няма сваіх, — пакепліваюць з мяне браты. — Прывыкне, дык, можа, хутчэй ажэніцца...

Васіль старэй за мяне на дзесяць гадоў, Ігнат — на пяць, Павел — на тры. У Васіля трое дзяцей, у Ігната і Паўла — па двое. Я пакуль не жанаты, хоць мне без аднаго году трыццаць. На гэта ёсць свая прычына. Але з дзецьмі я, здаецца, ладжу не горш сваіх сямейных братоў. Мой аўтарытэт у вачах пляменнікаў нават большы, чым аўтарытэт іхніх уласных бацькоў. У гэтым мне, мабыць, моцна памагае мая прафесія. Васіль падпалкоўнік, Ігнат тэхнік, Павел настаўнік, а я кінамеханік.

Пеця, шасцігадовы Васілёў сын, сталы жыхар Ленінграда, пазнаёміўшыся са мной, дзівіцца:

— Дык ты можаш глядзець усе карціны бясплатна?

— Магу.

— І па два разы?

— Нават па дваццаць.

У яго вачах сапраўднае захапленне. Ён лічыць мяне самым шчаслівым чалавекам на зямлі. Прыкладна так адносяцца да мяне і астатнія пляменнікі. Усе яны пасля знаёмства са мной цвёрда наважылі стаць кінамеханікамі. Пагэтаму кожнае маё слова для іх закон. Яны нават стараюцца паддобрыцца да мяне, бо лічаць, што толькі я магу іх вывесці на сапраўдную дарогу. Нават самы меншы з пляменнікаў, Паўлаў Валерка, якому мінула толькі чатыры гады, і той стаіць гарой за прафесію кінамеханіка.

Нягледзячы на тое, што ў жылах маіх малодшых родзічаў цячэ аднолькавая кроў, яны народ даволі рознахарактарны. У тым, што не датычыць кіно, яны вельмі часта не прыходзяць да агульнай думкі, а іншы раз нават бяруцца за чубкі. Найбольш няўрымслівы ленінградскі Пеця. Наконт яго я памыліўся, бо на першым часе палічыў залішне непрыстасаваным да жыцця. Шасцігадовы мой родзіч толькі ў двары дзеда ўпершыню ўбачыў карову. А ўбачыўшы, закалаціўся, як асінавы ліст.

— Я баюся, ён укусіць...

— Гэта карова, Пеця, яна не кусаецца.

Хлопец адразу пераключыўся на правільны тон.

— Тады я ведаю, — сказаў ён упэўнена і бадзёра. — Карова дае малако.

Сякія-такія сумненні адносна каровы ў Пеці ўсё ж засталіся. Падыходзіць да яе блізка ён не адважваўся і са страхам паглядаў на рогі. Пасля нядоўгага роздуму аднойчы ён запытаў:

— А чаму карова сама не п’е малака, а аддае людзям?

— Яна любіць траву.

— Дык малако ж смачнейшае за траву. Трава проста горкая.

Прыйшлося даводзіць гарадскому родзічу, чаму карова есць горкую траву і не п’е салодкага малака.

Гэта было ў першы дзень прыезду Пеці. Назаўтра ён ужо ведаў усіх хатніх жывёл і нават без ніякага страху спрабаваў пакатацца на свінні. Сярод астатніх пляменнікаў ён вылучыўся на самае віднае месца. У гэтым яму, бадай, найбольш дапамог прэстыж горада Ленінграда. Паміж Пецем і чэлябінскім Толем адбылася гарачая спрэчка. Стрыечныя браты ледзь не пабіліся, пакуль выявілася, чый жа горад на самай справе лепшы.

— Ленінград такі ж вялікі, як і Масква, — даказваў Пеця.

— І Чэлябінск вялікі, — стаяў на сваім Толік.

— У нас тралейбусы і метро.

— І ў нас тралейбусы, і яшчэ электрычка.

— У нас рака Нява і мора, — гарачыўся Пеця.

— І ў нас ёсць рака, — не здаваўся Толік. — І ў нас яшчэ Азія...

— У нас была рэвалюцыя і скінулі цара. У нас жыў Ленін, а ў вас не...

Толя здаўся. Ён насупіўся і гатовы быў вось-вось заплакаць. Але хітры Пеця якраз у гэты момант праявіў поўнае велікадушша.

— Ваш горад харошы, я ведаю, — зусім сур’ёзна сказаў ён. — Хочаш, я да цябе прыеду?

— Прыязджай, — ахвотна дазволіў Толя. — Я табе дам прыгожых каменьчыкаў. У мяне іх шмат.

Дзякуючы гэтаму ўсталявалася згода. Пляменнікі гуртам кінуліся за калітку. Там вельмі многа цікавага, такога, чаго не ўбачыш у горадзе. На выгане пасвяцца гусі, спераду важна дыбае сярдзіты гусак, які сіпіць на кожнага, хто пасмее наблізіцца да чарады. Уздоўж пыльнага шляху бягуць тэлеграфныя слупы, на дроце сядзяць і шчабечуць ластаўкі. У копанцы, сярод выгана, колькі хочаш вадзяных жукоў, маленькіх жаб і іншых цікавых стварэнняў. Я магу крыху адпачыць ад пляменнікаў і іх бясконцых пытанняў.

Маці за гэтыя дні проста памаладзела. Ёй прыбавілася і сілы, і рухавасці. Яна то бяжыць да суседзяў па свежыя курыныя яйкі, то рве на градах гуркі і радыску, то завіхаецца ля печы. Нявесткі спрабуюць ёй дапамагчы, але яна іх праганяе. Яна хоча ўсё зрабіць сама.

На матчыным твары нейкая ціхая яснасць. Здаецца, яна з усімі аднолькава ласкавая, ветлівая. Яна ні ў кога ні аб чым не пытае, а толькі ўпотай пераводзіць свой позірк з сыноў на нявестак і любуецца ўнукамі. Але я нешта заўважыў. Мне здаецца, што маці з усёй шумлівай чарады ўнукаў і ўнучак выдзеліла Пецю, Васілёвага першанькага. Я бачыў, як пранікліва ўзіралася яна ў яго чысты, прыгожы тварык, як гладзіла па русявай галаве. Я некалькі разоў лавіў гэтыя дапытлівыя матчыны позіркі, якія часцей за ўсё яна спыняла на Пецю. І яшчэ я бачыў, як цалавала маці ўнука. Яна паклікала яго ў агарод аднаго і цалавала там доўга, са слязамі на вачах. І я, здаецца, усё разумею...

У нашай сям’і таксама быў Пеця, самы старэйшы брат. Ён пажыў на свеце толькі тры гады. Маці заўсёды гаварыла, што ён быў самы прыгожы і разумны з усіх дзяцей. І мы, чацвёра, ніколі гэтага не аспрэчвалі. Пеця памёр у той год, калі нарадзіўся Васіль і калі бацька пайшоў ваяваць з панамі. Мацярынскі смутак па сваім першанькім прайшоў праз усё наша дзяцінства.

— Пеця не знасіў ні новых штонікаў, ні сарочкі, — сумна гаварыла маці, прымяраючы каму-небудзь абноўку. — Ні разу не абуў чаравічак. І пахавала яго ў лапціках...

Наша дзяцінства таксама не бачыла лішняй раскошы. Але мы не хадзілі ні голымі, ні босымі, ні тым болей галоднымі.

— Пеця не пакаштаваў ні булкі, ні абаранка, — чулі мы ад маці. — І цукру не папрабаваў. Дзе ж было ўзяць таго цукру? Быў сіненькі, тоненькі, як свечка...

Пецевай картачкі не было, яго ніхто не фатаграфаваў, і мы малявалі сабе вобраз брата ў думках. Мы ўяўлялі яго беленькім, ціхенькім, у доўгай зрэбнай кашульцы. Я памятаю, што імем Пеці маці часта асуджала выбрыкі старэйшых братоў. Сённяшні дырэктар Павел аднойчы павіс на суку грушы, зачапіўшыся за яго новай кашуляй. Яго адтуль прыйшлося здымаць. Кашулю, вядома, Павел парваў. Маці яго не карала, бо вельмі спалохалася за Паўла.

— Расцеш ты на лес гледзячы, — сказала яна з дакорам. — Пеця б так ніколі не зрабіў. Ён бы не падзёрся на гэтую грушу, ён слухаўся маці...

Калі мне было гадоў дзесяць, я ненарокам разбіў фарфоравую вазу, якая стаяла на стале ў чыстай палавіне хаты. Я чакаў кары, бо ведаў, што гэта каштоўная рэч, якую маці вельмі шанавала. Але маці не кранула мяне нават пальцам.

— На табе шкура гарыць, вісус ты безгаловы, — прамовіла яна без злосці. — Каб не Пецевы імяніны, то пахадзіў бы па табе дзяркач.

Пеця выратаваў мяне ад кары, хоць ён і не жыў на свеце. Праз усё наша дзяцінства прайшоў нязменны матчын дакор: «Пеця б так ніколі не зрабіў...» І, здаецца, усе мы паверылі ў Пецю. Ніхто ніколі не сказаў пра яго благога слова. Ён быў чысты, светлы, наш самы старэйшы брат Пеця...

Тую вазу, якую я раскалоў, удалося, паміж іншым, адрамантаваць. Яе неяк склеілі, перавязалі тонкім медным дроцікам і пераставілі са стала на шафу. Усю вайну маці хавала ў ёй картачкі бацькі, які пагнаў калгасны статак у тыл, Васіля і Ігната, якія былі на фронце, і Паўла, які вясной сорак трэцяга года пайшоў у партызаны. З маткай быў адзін толькі я. І я ведаю, як беражна здымала яна гэтую вазу з шафы, як раскладвала на каленях картачкі, як глядзела на іх цэлымі гадзінамі. Так было да самага канца вайны.

Сёння вечарам наша старая сямейная ваза канчаткова перастала існаваць. Даканаў яе ленінградскі Пеця. Можа, у гэтым трошкі вінаваты і я, што не дагледзеў. Пляменнікі распачалі гульню «ў нашых і фашыстаў», і Пеця аблюбаваў сабе шафу, на якой стаяла ваза, у якасці назіральнага пункта. Ад старой склеенай і перавязанай дротам вазы засталіся толькі дробныя шкелкі. Маці пачала іх хуценька збіраць.

— Нічога, Пецечка, нічога, — прамовіла яна мякка і ласкава. — Калі што-небудзь б’ецца, то гэта, кажуць, на добрае. Вось збяру чарапкі, а то яшчэ ногі парэжаш...

Маці не заўважыла, што Пеця быў абуты і не мог парэзаць ног. Яна не сказала ні слова пра таго далёкага Пецю. Але я ведаў, што яна пра яго думае...

 

1958


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 491-496
Крыніца: скан