epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Пейзажная лірыка Якуба Коласа

Беларускую прыроду з найбольшай сілай апеў Якуб Колас. Ні ў аднаго другога паэта не знойдзем мы столькі малюнкаў, навеяных палямі, лясамі, рэкамі, палявымі дарогамі, наогул усім тым, што акружае жыхара гэтага краю з яго першых крокаў жыцця.

Пейзажную лірыку Якуба Коласа можна падзяліць на дзве тэматычныя плыні. Да першай належаць вершы, якія зместам, ідэйнай накіраванасцю непасрэдна перагукваюцца з праявамі грамадскага жыцця або настроямі лірычнага героя. Не раз, напрыклад, мільгане ў лірыцы Коласа вобраз хмарак («Светлыя хмаркі,— дзеткі прастору,— ціха на небе плывуць»), і вельмі часта вобраз адвечных паднябесных вандроўніц звязваецца з сялянскім, земляробчым клопатам. Прыгожыя хмаркі, шмат дзівосных малюнкаў утвараюць яны ў сваім няспынным руху, у зменлівых іх абрысах нібы паўстаюць перад позіркам контуры казачных палацаў, фігуры людзей, звяроў. Але не гэтым яны цікавыя паэту. Іх, так сказаць, непасрэдны абавязак — напаіць жыватворнай вільгаццю сялянскія палі, і, калі яны не выконваюць гэтага свайго прамога прызначэння, тады нават у насычаных чыста паэтычным зместам вершах-малюнках можна ўлавіць грамадзянскую ноту дакору, звернутую да сіл прыроды («Чаму ўлетку над палямі не ліліся вы слязамі?», «Хмары»).

Другая плынь пейзажнай коласаўскай лірыкі непасрэднай сувязі з утылітарным сялянскім клопатам не мае. У ёй развіваецца тэма «чыстай», вечнай красы. Такія вершы, як «Усход сонца», «Першы гром», «Ручэй», «Адлёт жураўлёў», «Лес», «Зіма» («Надышлі марозы, рэчкі закавалі»), «Вясна» («Вясна, вясна жаданая!..»), і многія іншыя поўныя захаплення, першабытнага схілення перад сіламі прыроды, іх магутнасцю, неразгаданасцю.

Ёсць нешта язычаскае, першароднае ў тым, як успрымае паэт такія, па сутнасці, паўсядзённыя, звычайныя для кожнага чалавека з’явы, як усход сонца, летняя навальніца, калючы зімовы мароз або, скажам, «першы гром».

Звернемся да верша «Першы гром»:

 

Голасам моцы, ціха і важна

Гром пракаціўся ўгары,

Луг адазваўся грому працяжна,

Лес адгукнуўся стары. (І, 204)

 

Адзначым, па-першае, гукавую інструментоўку верша. Велічна-ўрачыстая інтанацыя радкоў, алітэрацыі, інструментоўка на «р», «о», «а», увесь гукавы комплекс радкоў даволі дакладна перадаюць памятныя ўсім нам раскаты грому ў летнюю пару.

Няцяжка заўважыць і другую асаблівасць верша. Гром паўстае ў ім нібы жывая, адухоўленая істота. Вядома, мы тут маем справу з паэтычным прыёмам, а радкі, у якіх гэта з’ява апісваецца, можна назваць удала падабранымі, маляўнічымі метафарамі. Заўважым адначасна, што ўсё прыведзенае чатырохрадкоўе складаецца як бы з суцэльных метафар — «голасам моцы... гром пракаціўся», «луг адазваўся», «лес адгукнуўся».

За багаццем метафар у коласаўскай пейзажнай лірыцы стаіць і нешта большае, чым адны толькі паэтычныя ўвасабленні. Ствараючы ў паэмах «Новая зямля», «Сымон-музыка», алегарычных навелах «Казкі жыцця» маляўнічыя пейзажныя карціны, паэтызуючы прыроду, Якуб Колас абапіраецца на наіўны, характэрны для нашых далёкіх продкаў погляд на прыроду як на жывую істоту. Падобнае стаўленне да прыроды бачым і ў многіх пейзажных коласаўскіх вершах.

Якуб Колас нічога не выдумляў. Бачанне, адчуванне прыроды як жывой істоты ў нейкай меры захавалася ў народзе аж да пачатку дваццатага стагоддзя, калі ў літаратуру прыйшлі Якуб Колас і Янка Купала. Такі погляд на навакольны свет быў данінай даўнім міфалагічным павер’ям. Зусім зразумела, што нашы вялікія песняры не маглі абмінуць у сваёй творчасці духоўных набыткаў роднага народа, у прыватнасці такіх, як адухаўленне, ачалавечанне прыроды.

Традыцыя, паводле якой гром, вецер, хмаркі, рэчка, поле, дрэвы, лес, сонца, месяц, многія іншыя з’явы, прадметы прыроды ўяўляюцца жывымі істотамі, надзяляюцца чалавечымі якасцямі, схільнасцямі, выкарыстоўваецца Якубам Коласам у першую чаргу дзеля вырашэння мастацкіх, выяўленчых задач. Без апоры на гэту традыцыю наўрад ці здолеў бы паэт стварыць незабыўную пейзажную лірыку, якая складае адну з самых яркіх і бліскучых старонак беларускай паэзіі. На вершах гэтага цыкла ляжыць адбітак першароднасці, такой выключнай мастацкай выразнасці, якую паўтарыць немагчыма. У гэтым сэнсе ўсе вялікія, па-сапраўднаму народныя паэты з’яўляюцца першапраходцамі. У адпаведнасці са светабачаннем, светаадчуваннем народа яны даюць паэтычную назву, характарыстыку той ці іншай з’яве, прадмету. Карацей кажучы, яны нібы адкрываюць свет, як Калумб адкрыў Амерыку. У тым жа вершы Якуба Коласа «Першы гром» знаходзім радкі:

 

Гай страсянуўся, дрогнула поле,

Долы той гук паняслі.

Ў гэтым раскаце чуецца воля,

Чуецца голас зямлі. (І, 204)

 

У беларускай паэзіі ёсць многа іншых вершаў, якія так ці іначай паэтычна раскрываюць моц, веліч, хараство такой прыроднай з’явы, як гром. Тым не меней верш Якуба Коласа ў шэрагу падобных вершаў мы паставім на першае месца. У ім як бы выяўлены асноўныя, самыя характэрныя прыкметы грому, і далейшая распрацоўка тэмы ў такім жа ключы будзе гучаць як перапеў, паўтарэнне.

Ёсць яшчэ адзін аспект верша Коласа, прыхаваны ў падтэксце. Калі мы гаворым, што гром выступае ў ім нібы жывая, адухоўленая істота, то гэта не толькі паэтычны троп, увасабленне, за такім бачаннем свету стаіць міфалагічнае ўяўленне старажытных славян пра бога неба Перуна (паняцці «гром» і «пярун» у народнай этымалогіі адназначныя). Пярун быў увасабленнем агромністых, звышнатуральных сіл, якія чалавек яму прыпісваў. Славянскі бог-грамавік, як Індра ў старажытнаіндыйскіх «Ведах», Тор у германскай «Эддзе»,— вынік намаганняў нашых далёкіх продкаў намаляваць, вытлумачыць для сябе карціну свету, вызначыць у гэтым свеце галоўных дзеючых асоб. Вось у якія далі вядзе нас стылістыка прыродаапісальнага верша «Першы гром».

Для кожнага вялікага нацыянальнага паэта «дух предания» мае першаступенную ролю. Возьмем верш Пушкіна «Зимний вечер». Са школьных гадоў вядомы нам мілагучныя, задушэўныя радкі:

 

Бура мглою небо кроет,

Вихри снежные крутя.

То, как зверь, она завоет,

То заплачет, как дитя.

 

Няцяжка заўважыць, што, як і ў Коласавым вершы, тут той самы мастацкі прыём увасаблення, адухаўлення прыроды, які вядзе нас у сівую старажытнасць, да першабытных уяўленняў славян.

Можна сказаць, што, ствараючы пейзажную лірыку, Якуб Колас стварае традыцыю. Пра што б ні ішла ў прыродаапісальных вершах гаворка, паэт нязменна будзе прытрымлівацца аднаго і таго ж прынцыпу — гаварыць пра тую ці іншую з’яву самае галоўнае, даваць яе найбольш характэрныя, бачныя ўсім прыкметы. Гутарка ідзе пра эпічную традыцыю, уласцівую, як бачым далей, не толькі пейзажным вершам Коласа, але і ўсёй яго лірыцы, апавяданням, алегарычным навелам, паэмам «Новая зямля» і «Сымон-музыка».

Пейзажная лірыка Якуба Коласа мае некалькі тэм, матываў, якія нязменна паўтараюцца, вар’іруюцца, складаючы сталае, пастаяннае, у нейкай меры нават замкнёнае кола паэтычных карцін і ўяўленняў. Матывы і тэмы, якія найбольш прыцягваюць да сябе ўвагу паэта, наступныя: вясна, восень, зіма, дарога, поле, араты на полі, родны край, дрэвы, лес, навальніца, хмаркі, вецер, сонца, ноч, птушкі, жыта.

Нават адзін пералік тэм, матываў лірыкі паэта выразна паказвае, што Якуб Колас выступае як паэт земляробчага народа. Народ гэты жыве на зямлі, што размяшчаецца паміж Нёманам, Дняпром, Прыпяццю і Заходняй Дзвіной, асвоіў гэту зямлю, зросся з ёй. Свядомая памяць народа не занатавала, што ён жыў дзе-небудзь у другім месцы і з таго месца прыйшоў сюды.

Эпічная традыцыя, філасофія бытавання беларуса, выяўленая ў яго песнях, казках, прыказках, прымаўках, якраз указвае на тое, што ўся яго жыццёвая мудрасць, духоўнасць вырасла менавіта на гэтай зямлі і пад гэтым небам, на грунце яго жыцця сярод гэтых лясоў, палёў, пералескаў, хмызоў, рэк і азёр.

Эпічная традыцыя беларусаў рашуча ўказвае на мірнае іх бытаванне, накіраванае выключна на тое, каб як-небудзь выжыць, пракарміцца, здабыць кавалак хлеба на іх не надта ўрадлівай і не заўсёды ласкавай лясной, балотнай зямлі. Няма ў беларускага народа гераічных песень, былін, якія б натхнялі іх у баявых паходах, калыхалі паходы, выяўлялі імкненне народа ўзвысіцца над сваімі суседзямі. Затое ёсць найбагацейшы казачны эпас. Асілкі, мудрацы, розныя іншыя хітрыя, кемлівыя, вынаходлівыя героі казак, якія перамагаюць дванаццацігаловага змея, цмока, іншую злыбеду, навалу, так ці іначай сведчаць пра гераічную душу народа, пра тое, што яму час ад часу прыходзілася брацца за меч, каб абараніць свой край ад налётаў прагных чужынцаў.

Якуб Колас выступіў у літаратуры ў складаны, супярэчлівы час першай рускай рэвалюцыі. Лірыка нашага песняра выразна гэтыя супярэчнасці выказала. Як вядома, бурлівае трохгоддзе першай рускай рэвалюцыі пазначана на беларускай зямлі вострымі выступленнямі сялян супраць памешчыкаў, царскай казны, супраць усялякага сацыяльнага ўціску. Шматлікія коласаўскія вершы нясуць ідэі сялянскага пратэсту, непрымірымасці, нянавісці да прыгнятальнікаў. Нават пейзажная лірыка, здавалася б самой сваёй прыродай закліканая выяўляць, паказваць прыгожае, вечнае, вельмі часта служыць у Якуба Коласа надзённым, сацыяльным задачам.

Але першая руская рэвалюцыя абудзіла і нацыянальную свядомасць беларусаў. Яна як бы завяршыла расцягнуты ў многіх папярэдніх дзесяцігоддзях працэс выспявання нацыянальнай самасвядомасці народа, яго пачуццё нацыянальнай годнасці. Таму паэзія Якуба Коласа, як і Янкі Купалы, не толькі адмаўляе, але і сцвярджае. Не мірачыся з паднявольным становішчам селяніна, дамагаючыся яму лепшай долі, яна адначасна ўздымае селяніна як спадчынніка, ахоўніка нацыянальнай цэласнасці, услаўляе яго родны край як асяроддзе яго жыццёвай і гістарычнай дзейнасці. Таму не трэба здзіўляцца, калі знойдзем у Якуба Коласа дыяметральна процілеглыя па вядучай ідэі, настрою вершы, прысвечаныя, скажам, роднаму краю. Вось шырока вядомы «Наш родны край»:

 

Край наш бедны, край наш родны!

Лес, балоты і пясок...

Чуць дзе крыху луг прыгодны...

Хвойнік, мох ды верасок... (І, 22)

 

У 1909 годзе паэт напіша верш без назвы, у якім выразна відаць новы злом, паварот думак і настрояў:

 

Многа слаўненькіх куточкаў

Ёсць у нашым краі,

Дзе пад гоман ручаёчкаў

Пад шум дрэў у гаі

 

Рой журботных дум пакінеш;

Дзе няма трывогі,

Дзе душою адпачынеш,

Змучаны з дарогі;

 

Дзе прыемны ветрык млее,

Збажыну

              калыша,

Дзе пакоем-згодай вее,

Дзе ўсё шчасцем дыша. (І, 162)

 

Гэта ўжо не суцэльнае адмаўленне, як бачылі на прыкладзе верша «Наш родны край». Пры больш пільным, пранікнёным поглядзе на «выкляты богам» край паэт заўважае ў ім усё больш прыгажосці, гармоніі, паэзіі. Чым можна вытлумачыць гэту перамену?

Перш за ўсё ўмовамі грамадскага жыцця. Рэвалюцыя 1905 —1907 гадоў абудзіла ў селяніне пачуццё ўласнай годнасці, незвычайна паспрыяла росту яго як асобы. Рэшткі патрыярхальных адносін у вёсцы, у вясковай сям’і разбураліся. Ды і нацыянальнае пачуццё, абуджанае, абвостранае рэвалюцыяй, як бы патрабавала новага погляду на родны край як на асяродак гістарычнай жыццядзейнасці народа.

Францішак Багушэвіч амаль не бачыў прыгажосці ў навакольных беларускіх краявідах. Гора, бяду, якая выпала на долю селяніна, ён як бы праецыраваў на навакольны свет. Дый наўрад галодны, раздзеты, разуты мужык мог убачыць што-небудзь радаснае ў малюнках прыроды. Пейзажная лірыка ў беларускай паэзіі XIX стагоддзя знаходзілася ў зародкавым стане. Гэта азначала, што ў насельнікаў беларускага краю было слаба развіта як нацыянальнае пачуццё, так і пачуццё асобы, індывідуальнасці.

Справа рашуча мяняецца з прыходам у літаратуру Янкі Купалы і Якуба Коласа. Іх магутныя таленты не маглі не заўважыць новых зрухаў, якасцей, перамен, якія намеціліся ў псіхалогіі народа і паасобку ўзятага чалавека.

Мы пачалі гаворку пра пейзажную лірыку Якуба Коласа з вершаў, якія адбіваюць малюнкі грому, буры, навальніцы і настроі паэта ў сувязі з гэтымі малюнкамі. Увогуле, гром, бура, навальніца імпануюць паэту. Ён любіць праявы магутнай, вялікаснай сілы ў прыродзе. Вершы «Першы гром», «Ноч перад навальніцай», «Будзе навальніца», «Вераб’іная ноч», «Перад бурай», «Перад навальніцай» поўны паэтычнага схілення перад размахам стыхіі. У кожным з вершаў паэт знаходзіць новыя фарбы, дэталі, падрабязнасці для абмалёўкі летняй навальніцы. Ён нідзе не паўтараецца. Вось як бліскуча, напрыклад, у вершы «Перад бурай» намалявана пераднавальнічная атмасфера, стоеная, поўная напружанасці чакання буры цішыня:

 

Сонца зранку жарам пыша,

Ветрык лісце чуць калыша. <...>

А зямля як бы замлела,

Толькі дуб стары нясмела

Зрэдку лісцем павядзе.

Змоўклі ўсе вакол абшары,

Бо замыслілі штось хмары...

Ой, знаць, бура загудзе! (І, 340)

 

З гэткай жа дакладнасцю абмалюе паэт «вераб'іную», без грому і дажджу, пранізаную наскрозь толькі маланкамі ноч («Вераб’іная ноч») і пачатак сапраўднай навальніцы ўночы («Ноч перад навальніцай»). Нават з прыведзеных прыкладаў няцяжка зрабіць вывад, што паэт як бы занатоўвае ўсе бакі, праявы навальнічнага працэсу, знаходзячы ў іх высокую, першародную паэзію:

 

Люблю я ночы той час дзіўны,

Калі прастор, абняты сном,

Пабудзіць голас пераліўны —

Далёкіх хмар магутны гром,

Калі працягла заракоча,

Гугухне голас угары,

І шыба ў вокнах забразгоча,

І гоман пойдзе па бары. (І, 210)

 

Паэтызуючы з’явы прыроды, вялікасныя сваім размахам, паэт упадабляе ім грамадскія падзеі. Верш «Будзе навальніца», напісаны ў 1912 годзе, з’яўляецца, напрыклад, водгукам паэта на Ленскі расстрэл.

Варта сказаць, што паэтычнае мысленне Якуба Коласа не выходзіць з кола матываў, вобразаў, знаёмых, блізкіх кожнаму селяніну-беларусу. Вядома, лірычны герой пейзажнай лірыкі зусім не селянін, гэта чалавек адукаваны, інтэлігентны, надзелены чулай, уражлівай душой, здольнай захапляцца, зачароўвацца прыгажосцю навакольнага свету. Але гэта лірычная інтэлігенцкая душа ходзіць па дарогах, вядомых, зведаных кожным вясковым жыхаром.

Да вершаў, якія паэтызуюць гром, навальніцу, далучаецца шэраг іншых, у якіх, аднак, знаходзім тыя ж сімвалы рознабаковасці, волі, руху ў нязведанае новае — вершы, мастацкае жыццё якім даюць вобразы хмарак, ветру, дарогі, вясны. Інакш, відаць, не магло быць. Паэт меў перад вачамі рэвалюцыйную яву, бачыў жыццё на вялікім гістарычным зломе. Так ці інакш перад ім паўставала пытанне аб будучыні роднага краю. Ды і рамантыка маладосці з яе марамі, імкненнямі знайшла адбіццё ў гэтай паласе коласаўскай паэзіі. Адсюль, відаць, і мноства вобразаў-сімвалаў, якія азначаюць рух, імкненне наперад, у яшчэ невядомыя, але такія прывабныя далі.

Паэтызацыя вясны займае ў лірыцы Якуба Коласа прыкметнае месца. Можна нават сказаць, што з усіх пораў года паэт найбольш любіць вясну. Бліскучыя, іскрыстыя вершы гэтай плыні носяць пераважна прыродаапісальны характар. Вясна — прабуджэнне прыроды, аднаўленне кругавароту жыцця, і паэт не стамляецца спяваць ёй бадзёрыя, поўныя захаплення гімны. Іншы раз вясна паўстае нібы жывая істота, паэт звяртаецца да яе з заклікам, просьбай:

 

Ты прыйдзі, вясна жаданая,

        Прыйдзі!

Гукам жыцця, песняй працы

        Загудзі. <...>

Ты ляці на крыллях выраю

        Скарэй,

Абласкай цяплом пахілых,

        Абагрэй. (І, 299)

 

З падобнымі матывамі мы не раз сутыкнемся пры разглядзе лірыкі Якуба Коласа, паэмы «Новая зямля», алегарычных навел «Казкі жыцця». Дух «заклікання вясны», вядома ж, ідзе ад сівой старажытнасці, ад абрадавай паэзіі славянскіх плямён, якая межавала з іх рэлігіяй. Тысячагоддзі назад наш далёкі продак жыў простым, нават прымітыўным жыццём, якое вельмі моцна залежала ад маці-прыроды. З наіўнай, дзіўнай непасрэднасцю ён любіў прыроду і ў той жа час яе баяўся. Напружана ўзіраўся ён, напрыклад, у розныя прыкметы набліжэння вясны, дапускаючы нават думку, што вясна можа не толькі запазніцца, але і не прыйсці зусім. Нам сёння здаюцца дзіцячымі выказванні, якія знаходзім у індыйскіх «Ведах»: «Ці ўзыдзе сонца? Ці вернецца зара, наш даўнішні дабрачыннік? Ці пераможа бог святла цёмныя сілы ночы?»

У навакольнай прыродзе, у яе шматлікіх праявах бачыў наш продак жывую істоту, заўжды здольную адгукнуцца на яго шчырае заклінанне, гімн, малітву, на яго смутак і радасць. Відаць, сам таго не ўсведамляючы, быў гэты наш продак паэтам, бо надзяліў свет дзівоснымі істотамі, якія жылі не толькі на небе, але і ў розных кутках зямлі: у лесе, рэчцы, у хаце і нават у калодзежы. Менавіта з таго сівога, аддаленага ад нас тысячамі гадоў часу ў сённяшняе жыццё перайшлі, напрыклад, такія выразы, як «сонца ўсходзіць», «прыйдзе вясна», «наступае ноч», «ручэй гамоніць» і г. д. Без гэтага наіўна-дзіцячага, а калі карыстацца навуковай тэрміналогіяй, прымітыўнага погляду на навакольны свет, які характарызаваў узровень духоўнага жыцця нашых далёкіх продкаў, не было б, аднак, і сённяшняга паэтычнага багацця жыцця з яго тропамі — метафарамі, параўнаннямі, асацыяцыямі, увасабленнямі і г. д.

Вялікія паэты, пісьменнікі, жывучы сённяшнімі, вострымі клопатамі грамадства, да якога належалі самі, умелі чуйна ўслухоўвацца ў павер’і жыцця мінулага, аднаўляць дух мінуўшчыны і нават, калі вынікала патрэба, тварыць у адпаведнасці з гэтым духам. Да такіх пісьменнікаў належаць Пушкін, Гогаль, а ў беларускай літаратуры Якуб Колас і Янка Купала. Якуб Колас выдатна валодае здольнасцю глядзець на навакольны свет з даверліва-дзіцячай наіўнасцю, апавядаць пра ўбачанае, чутае, як расказваюць пра гэта безыменныя аўтары казак, быляў, народных павер’яў.

У міфах, казках, уяўленнях далёкай мінуўшчыны невычэрпныя скарбы паэзіі. Яны прасякнуты гарманічным адчуваннем свету, паэтыка іх абапіраецца на наглядныя, пластычныя вобразы з вельмі нязначнай доляй адцягненасці. Шматлікія вершы Якуба Коласа характарызуюцца менавіта гэтымі якасцямі:

 

Мароз, зіма,

Снягі вакол,

І спіць трава,

Пад снегам дол.

Мяцеліца,

Вятры гудуць,

Дубы ў лугах

Шумяць, равуць... (І, 270)

 

На зрокавых і ў меншай ступені гукавых вобразах будуецца большасць вершаў аб вясне. Бадай, усім ім уласцівы дынамічны рытм, гукавая экспрэсія, гукаперайманне:

 

Вясна прыйдзе, снег пагіне,

Вышэй сонца хадзіць стане,

Промень ясны ўсюды кіне,

Рунь падыме на паляне.

З гор пальюцца перавалы,

Раскуюцца рэчкі з шумам,

Выйдзе з хаты стар і малы

Гаманліва дружным тлумам. (І, 59)

 

Якуб Колас нідзе непасрэдна не выкарыстоўвае фальклорных матываў, інтанацый песень-вяснянак. Але і яго вясна блізкая да вобраза маладой дзяўчыны, апранутай у вянок з зелені і кветак, які бытуе ў народнай паэзіі:

 

Вясна, вясна

        Жаданая!

Ты прыйдзеш зноў,

        Ты вернешся!

Вясёлы спеў,

        Прыветлівы

Вады ў руччах

        Пачуецца.

 

Вершы пра вясну, вясенні гром, хмаркі, вецер і, як убачым далей, пра зіму, восень, усход і захад сонца і г. д. Якуб Колас пісаў таму, што гэта былі тыповыя абставіны жыцця яго вясковага земляробчага народа. Вершаў пра ўсё гэта на беларускай мове яшчэ не было. Па іх дзеці маглі навучыцца пазнаваць і любіць свой край, яго ціхую, някідкую, але ад гэтага не менш прыгожую паэзію. Не трэба забываць, што Колас, пачаўшы паэтычную дзейнасць, ужо быў настаўнікам, навучаў вясковых дзяцей грамаце. Сам ён вучыўся па хрэстаматыях, падручніках па літаратуры, у якіх змяшчалася вельмі многа вершаў прыродаапісальнага характару. Паэт быў сынам селяніна, лесніка, правёў дзяцінства на ўлонні прыроды, яго сэрцу вельмі імпанавалі хрэстаматыйныя вершы Пушкіна, Нікіціна, Кальцова, байкі Крылова — ва ўсіх гэтых творах было шмат малюнкаў прыроды. Зрэшты, Колас сам напіша «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» з раздзеламі «Зіма», «Вясна», «Лета», «Восень», дзе прыродзе наогул адводзіцца вельмі вялікае месца. Так што, ствараючы пейзажныя вершы, паэт ствараў іх пэўным чынам у педагагічных мэтах.

«Дзякуй Госпаду Богу, сонечку яснаму, месячыку краснаму, звёздачкам светленькім, міру хрышчонаму, абразу чэснаму, што я ету ночку пераначаваў...»

У гэтым урыўку з замовы выразна відаць, як навейшыя, хрысціянскія элементы перакрыжаваліся з больш старажытнымі, язычаскімі. Міфалогія беларусаў, як і астатніх славян, была багатая паэтычнымі ўяўленнямі. Асабліва многа іх звязана з сонцам. Народ быў сапраўдным паэтам, ён ствараў мову, міфы, пазней казкі і песні. Кожнае паасобна ўзятае слова, як справядліва сцвярджае акадэмік Патэбня, было закончаным мастацкім творам. Слова сонца паходзіць, напрыклад, ад санскрыцкага су, што азначае «нараджаць, тварыць». У славян бацька неба атрымаў назву Сварог, ён уяўляўся ўладаром сусвету, прабогам. Сын Сварога — Дажбог у той жа час быў і сонцам, царом, сынам неба.

Выгляд паднябесся з сонцам, месяцам, зоркамі наводзіў старажытнага чалавека на думку: адкуль гэта ўсё, дзеля чаго? Рэлігійны, а пазней паэтычны вобраз таго ж Дажбога, бога-сонца, ствараўся фантазіяй народа ў адпаведнасці з велізарнасцю, магутнасцю з’явы, якой чалавек не мог сабе растлумачыць.

Якуба Коласа ад тых далёкіх часоў, калі тварыліся міфы, аддаляюць тысячагоддзі. І ўсё ж ёсць нешта ад міфа, містэрыі, язычаскага гімна ў гонар цара неба і ў вершах беларускага паэта «Усход сонца» і «Заход сонца»:

 

На усходзе неба грае

Пераліўным блескам,

Сыпле золата над гаем

І над пералескам.

Чуць-чуць дрогне, праліецца

Чырвань на усходзе —

Гэта неба усміхнецца

Людзям і прыродзе. (І, 82)

 

Абодва вершы бліскучыя па майстэрству, поўныя святочна прыўзнятага настрою. Разам з тым яны ўяўляюць сабой яркія, вельмі дакладныя нават у дробязях паэтычныя карціны ўсходу і захаду сонца, багатыя пластычнымі, зрокавымі вобразамі. Карацей кажучы, гэта два маленькія шэдэўры. Жывапісны, маланкавы бок коласаўскіх вершаў здзіўляе, уражвае.

Зіма «нясе сярдзітым духам», зімой замірае жыццё прыроды, але і гэта пара мае сваю прыгажосць і паэзію. Паэт намалюе нам мяцеліцу, віхуру, не раз раскажа пра злосны сіберны вецер, які «свішча за сцяною», у коміне вые, але знойдзе запамінальныя яркія словы і вобразы, каб пахваліць, уславіць зіму:

 

Люблю я зімы з маразамі,

Завеі белыя ў палях,

І снегу скрып пад палазамі,

І ціш зімовую ў лясах. (І, 351)

 

Варта прыгадаць у гэтай сувязі верш «На рэчцы зімою», герой якога, вясковы падлетак, вандруючы па замёрзлай рэчцы, нібы чытае кнігу прыроды, адкрывае для сябе безліч яе чар, загадак, таямніц.

Лірыка Коласа пастаянна звяртаецца да адных і тых жа тэм, вобразаў, матываў. У нейкай меры яна пакідае ўражанне аднастайнасці. Пра гэта пісалі яшчэ крытыкі дарэвалюцыйнай пары. Але ў гэтым і сіла паэзіі Коласа. Яна вельмі арганічная, праўдзівая, вырастае як бы з самой беларускай зямлі, яе някідкай прыроды.

«Асенні» цыкл вершаў беларускага паэта асабліва прыгнятае сваім змрочным, аднастайным настроем. З верша ў верш вандруюць падобныя вобразы, накшталт «вецер свішча», «вецер вые», «дожджык сее беспрастанку» «сыплюцца кроплі дробна і часта», «ссохлі травы, усё павяла» і г. д. І толькі ў вершы «Адлёт жураўлёў» пранізліва-шчымлівы матыў расстання з летам, пераходзячы ў лірычную, філасофскую тэму вечнага кругавароту жыцця, недаўгавечнасці шчасця, глыбока кранае сэрца. Гэта адзін з тых вершаў, які выяўляе ў Коласе паэта вельмі глыбокага, бліскучага, здольнага перадаць самыя тонкія адценні чалавечых перажыванняў:

 

У бязмежным небе

Роўненькім шнурочкам

Жураўлі на вырай

Мкнуцца над лясочкам.

Меншыцца шнурочак,

У паднеб’і тае,

Вось ледзь-ледзь чарнее,

Міг — і прападае.

І стаіш ты, смутны,

Доўга пазіраеш,

Як бы нешта страціў,

А што — сам не знаеш. (І, 135—136)

 

Вершы, падобныя «Адлёту жураўлёў», уражваюць сваёй непасрэднасцю, глыбінёй пачуцця, перажывання. Тут мы маем выпадак, калі не вельмі патрэбны яркія тропы, асацыяцыі, эпітэты, параўнанні, калі паэт дасягае глыбокага паэтычнага ўздзеяння, шчасліва знайшоўшы рытмічны ключ, настрой і дакладныя, зразумелыя ўсім вобразы:

 

Замірае лета,

Заціхаюць далі,

Сірацее рэчка,

Халадзеюць хвалі. (І, 135)

 

Пейзажнымі вершамі Колас малюе паэтычны воблік зямлі, краю, у якім спрадвеку жыве родны яму народ. Так здарылася, што да прыходу ў беларускую літаратуру Купалы, Коласа толькі ў казках, песнях нешта было сказана пра рэчку-рэчаньку, цёмны лес, месячык на небе, поле, лугі-сенажаці.

Якуб Колас меў чулае, уражлівае сэрца. Навакольная прырода глыбока яго хвалявала. Ён адчуваў, што прыгажосць беларускіх лясоў, палёў, нікім яшчэ не апетая, тоіць у сабе вялікую паэзію. Паэзію гэту трэба было раскрыць, малюнкі роднага краю як бы выставіць на агляд сабе і людзям. Не адзін раз прызнаецца паэт у сваёй любові да роднай зямлі:

 

Вобразы мілыя роднага краю,

Смутак і радасць мая!

Што маё сэрца да вас парывае?

Чым так прыкованы я

К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,

Рэчкі, курганы, лясы,

Поўныя смутку і жальбы нядолі,

Поўныя сумнай красы? (І, 105)

 

Існавала яшчэ адна прычына, якая вымагала ад паэта гэтак настойліва, паслядоўна расказваць пра родны край, спяваючы яму нават узнёслыя гімны. Пра Беларусь здаўна бытавала думка як пра край забіты, гнілы, дзе толькі туманы, балоты і ніякай прыгажосці. Несправядлівую гэту думку трэба было абвергнуць. Але паэтызацыя, узвышэнне роднай зямлі ніколі не была ў Коласа прамалінейнай.

Малюючы воблік роднага краю, паэт вельмі часта паказвае, як прыроднае, прыгожае сутыкаецца з грамадскім, сацыяльным. Мы бачылі: радасць, захапленне выклікае ўсход, захад сонца, шматлікія іншыя праявы жыцця прыроды.

Але ў вершах, дзе перад намі малюнкі побыту селяніна, радасць саступае месца глыбокаму смутку. Чаму так? Паспрабуем разабрацца. Лірычны герой, які ўмее любавацца прыгажосцю прыроды, гэта, вядома, чалавек з развітым пачуццём асобы. Атмасфера першай рускай рэвалюцыі наогул узняла пачуццё асобы ў працоўным народзе, у прыватнасці сярод сялянства. Патрыярхальная вёска, знешні выгляд якой амаль не змяніўся з часоў прыгону, не вельмі радавала самога селяніна, не кажучы пра інтэлігента, выйшаўшага з сялянскага асяроддзя, якім уяўляецца лірычны герой паэзіі Коласа:

 

Між узгоркаў над ракою

Выглядае сіратою

Наша беднае сяло.

Убраў стрэхі мох калматы,

Набок скрыўленыя хаты,

Як бы ў дол яно ўвайшло. (І, 104)

 

Думка пераходзіць з верша ў верш: у хатах, што збіліся, «як авечкі ў летні жар», дзе «пагніло бярвенне ў сценах, вырас мох на стрэсе», у вёсках, якія сумна пазіраюць на свет, не можа быць сапраўднага чалавечага шчасця. І ў той час не можа лірычны герой не любіць гэтыя хаты. Бо з імі ён звязан сваім паходжаннем і жыццём. Гэта яго родны край:

 

Як мне мілы тыя хаты,

Дзе красуе мох калматы

На старэнькай стрэсе;

Гоман вузкіх ніў у полі,

Скібы жоўтыя і ролі,

Пташак спеў па лесе. <...>

Там я вырас, ўзгадаваўся,

Дзе спрадвеку заснаваўся

І бруіць дрыготна

Жаль вялікі і пакута,

Дзе пануе гора люта

І нуда разліта.

І я зросся з гэтым горам,

Як віхры-вятры з прасторам,

Як з загонам жыта. (І, 319)

 

Так, «дым отечества нам сладок и приятен». Колас — не выключэнне з кагорты паэтаў, якія спрадвечна ўсхваляюць айчыну, родную зямлю. Але, паўтараем, пры ўсім гэтым беларускі паэт выконваў і «звышзадачу», абумоўленую сацыяльнымі і нацыянальнымі патрабаваннямі народа ў перыяд першай рускай рэвалюцыі.

Якуб Колас расказвае літаральна пра ўсе асяродкі жыццядзейнасці свайго сялянскага, земляробчага народа. Не ведаем, ці ёсць другі паэт на зямлі, які б здолеў, напрыклад, напісаць лірычны, прасякнуты добрай, шчырай сардэчнасцю верш, прысвечаны сялянскаму гумну. Колас напісаў. Верш «Наша гуменца» ўзнік не выпадкова. Хто ведае сялянскае жыццё, таму лёгка зразумець, што гумно якраз сведчыць пра зажытак альбо беднасць бытавання селяніна. У гумно звозіцца збожжа, там яго сушаць, малоцяць, веюць. Там часам і сена складваецца, яно пахне зёлкамі лесу і лугу. У падстрэшшы гумна лепіць гняздо ластаўка, на страсе знадворку асталёўваецца бусел. Ластаўка, бусел — птушкі для селяніна недатыкальныя, жаданыя, яны як бы аздабляюць яго жыццё.

Гумно разам з тым — сялянская гасцініца, дом адпачынку. У вольны ад работы дзень ці ў свята гаспадар не знойдзе лепшага зацішнага месца, чым у гумне на сене. Тут ён можа падумаць пра сваё жыццё-быццё, памарыць:

 

Добра мне тут, мне тут міла,

        Родна ўсё і блізка.

Тут хлябок мой, мая хата

        І мая калыска. (І, 316)

 

Аб’екты многіх коласаўскіх вершаў пры ўсёй сваёй утылітарнасці як бы напаўняюцца дадатковым паэтычным сэнсам. З усіх дрэў, напрыклад, якія Колас апаэтызаваў, узяты дуб, вярба і ліпа. Пра дуб, вярбу напісана нават па два вершы. Няцяжка здагадацца чаму: дуб увасабляе сілу, магутнасць, вярба як бы асацыіруецца з вобразам адзінокай, пакінутай дзяўчыны. Кожны паэт цягнецца да выключнага, яркага, нават, калі хочаце, экзатычнага. Раўнінная славянская зямля, якая ўзгадавала талент Коласа і дзе маглі тварыцца незвычайныя з’явы, цуды, лес, рэчку, возера і яшчэ ноч. У народных казках, легендах, павер’ях мясціны гэтыя таксама займаюць вялікае месца.

У лесе, які малюе нам паэт, няма разбойнікаў, страшных звяроў, у Коласавай рэчцы не плешчуцца русалкі, а цёмнай ноччу не паяўляюцца здані і прывіды. Але вобраз лесу ў лірыцы Коласа авеяны вэлюмам загадкавасці, таямнічасці. Лес нібыта жыве сваім самастойным, схаваным ад чалавека жыццём:

 

Пераблытаны галіны

У адзін салаш жывы...

Лес! Аб чым шумяць вяршыны?

Лес! Што шэпчаш, векавы?

 

Толькі ж лес гудзе-ракоча

Цёмнай шапкай верхавін,

Толькі ж лес сказаць не хоча,

Што ён ведае адзін. (І, 157)

 

Рэчка ў Коласа вельмі канкрэтная — Нёман, які «перарэзаў край... родны беларуса-мужыка», і пяе паэт хвалу слаўнаму Нёману перш за ўсё як працаўніку, другу, карміцелю чалавека. У вершы гэтым досыць выразна чуваць водгаласы рускіх песень пра Волгу і ўкраінскіх пра Дняпро.

Сапраўдным паэтычным шэдэўрам з’яўляецца верш Коласа «Ручэй». Колькі ў ім замілаванасці, цеплыні, яркай маляўнічасці. Ёсць нешта вельмі беларускае, мяккае ў вобразах гэтага верша, які школьнікі пачынаюць завучваць на памяць з першых год навучання. «Ручэй» — прыклад верша, які нібы сатканы толькі з аднаго паэтычнага пачуцця. Сэнсавая тэма ў ім амаль адсутнічае. Паспрабуем пераказаць верш. Між алешын, кустоў бяжыць ручэй, над ім схіляецца вярба, у ім адбіваюцца кусты, абступаюць ручэй асака, чароты, ноччу глядзіцца ў яго зорка... Як бачым, атрымалася з пераказу даволі пасрэдная проза, якая вельмі многа траціць у маляўнічасці ў параўнанні з паэтычнымі радкамі. Нельга, немагчыма такія вершы пераказаць!

У пейзажнай лірыцы Коласа, зрэшты, нямала твораў філасофска-сузіральных, у якіх на першым плане пачуцці лірычнага героя, выкліканыя неабдымнасцю, бясконцасцю, загадкавасцю сусвету. Як, напрыклад, у вершы «Ноч»:

 

Між палёў шырокіх

Я адзін стаю,

Ахваціла ціша

Ўсю душу маю.

Ночанька мая ты,

Водблеск глыбіні!

Ты душу чаруеш

Спевам цішыні.

Многа ў гэтым спеве

Водгукаў жывых,

Іх не зловіш вухам,

Чуеш сэрцам іх. (І, 129)

 

У пейзажнай лірыцы Якуба Коласа, якая падрыхтавала з’яўленне паэм «Новая зямля» і «Сымон-музыка», дзе прырода таксама паўстае паўнацэнным, шматаблічным героем, вельмі многа вось такіх тонкіх, няўлоўных адчуванняў. Лірычны герой найперш паяўляецца ў пейзажнай лірыцы Якуба Коласа, бо ў вершах грамадзянскага цыкла ён асоба сумарная, збіральная, ён там гаворыць ад імя ўсяго сялянства. Душа лірычнага героя пейзажных вершаў як бы наросхрыст раскрыта для ўспрымання прыгажосці, разлітай у навакольным свеце. Тысячы выдатных імгненняў здольна ўбачыць, запомніць, увасобіўшы ў мастацкім слове, гэта чулая, уражлівая душа. Якуб Колас, інтэлігент у першым пакаленні, сваёй пейзажнай лірыкай, як пазней шматлікімі іншымі творамі, выдатна даказаў, што працоўнаму народу, чалавеку з сацыяльных нізоў даступна самае тонкае бачанне, адчуванне прыгажосці навакольнага свету і прыроды.

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 478-494
Крыніца: скан