epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Помні свой лес

І
ІІ
ІІІ


І

За пасляваенныя гады — а іх столькі прамінула — на зборы партызан Карызна не ездзіў. Цяпер рашыў паехаць. Можа, расслабіўся, атрымаўшы Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета — пра яго ўзнагароджанне было надрукавана ў дзвюх ці нават трох газетах,— а можа, таму, што стаяў на парозе пенсіі.

У Мінску, з Ганаровай граматай пад пахай, Карызна пайшоў да Быліча. У лясной вёсцы, дзе кругленькі, ціхмяны Быліч гадаваўся ў дзеда, малодшага палітрука Карызну, які, выбраўшыся з беластоцкага акружэння, прабіраўся да фронту, затрымаў нешчаслівы ваенны лёс. Тады, сорак гадоў назад, прыдыбаў Карызна ў Зарэчча зняможаны, знясілены дашчэнту дэзінтэрыяй, якую нажыў, вандруючы пакручастымі сцежкамі акружэнца і кормячыся чым папала.

Быліч, жаўтароты юнак, які да пачатку вайны паспеў закончыць два курсы нейкага тэхнікума, стаў напарнікам Карызны па падпольных, затым партызанскіх справах, і застаўся, бадай, адзіным блізкім чалавекам на працягу ўсіх пасляваенных гадоў, хоць жыццё і развяло іхнія дарогі.

Быліч быў дома. Невысокага росту, з прыкметнымі залысінамі на русявай, без сівізны галаве, трохі пукатымі шэрымі вачамі, ён, як заўсёды, сустрэў Карызну са спакойна-добразычлівай уважлівасцю. Праслужыўшы гадоў трыццаць у органах, выйшаў Быліч на пенсію і маючы яшчэ ахвоту да дзейнасці, падрабляў кадравіком у навуковым інстытуце.

Яны сядзелі за чаркай, і, дазнаўшыся, што Карызна збіраецца на сустрэчу былых партызан, Быліч падахвоціўся ехаць разам з ім.

І вот яны ў цягніку. Цягнік пасажырскі, марудны, усе без выключэння вагоны старога тыпу, на другіх чыгунках яны, мабыць, даўно спісаны, а на гэтай усё яшчэ служаць, хоць неміласэрдна скрыпяць і рыпяць усімі сваімі швамі.

Вагон напаўпусты, Карызна з Былічам занялі асобнае купэ, разлёгшыся на ніжніх полках. У купэ пыльна, нягледзячы на тое, што замутненае, з бруднымі падцёкамі па шкле акно зусім не адкрываецца.

Быліч пасля выпітай чаркі дрэмле, а Карызна заснуць не можа. Не без унутранага хвалявання едзе ён у Клінск. Там, у ваколіцах чыгуначнага гарадка, правёў ён сваю вайну, перажыў, калі карыстацца высокімі словамі, найвялікшы ўзлёт духу, і хоць пасля гэтага ўзлёту была цэлая паласа брыдот і агіднасці, час той па-ранейшаму свеціць і грэе, а ўсё дрэннае, што нахлынула пасля, пакрысе забывалася.

Летам сорак другога года, калі немцы рваліся да Сталінграда, група акружэнцаў і былых палонных, якія прытуліліся на зіму ў Зарэччы, скончыла прымакоўства і падалася ў лес. Дзіўнае было тое лета. Здаецца, нават навакольныя лясныя абшары — саснякі на сыпучых пясках, беразнякі, круглыя купы лазняку на балацянках, зарослыя травой лясныя сцежкі, па якіх шнырылі яны, першыя ва ўсёй акрузе партызаны — былі прасякнуты стоеным адчуваннем таго, што на свеце ідзе самая вялікая вайна.

У нямым чаканні застылі лясныя вёскі — з крытымі дранкаю хатамі, саламянымі стрэхамі хлявоў. Узыходзіла сонца, і над сасоннікамі, над соннымі з выгляду аселіцамі трымцела няпэўная, з сіняватым адценнем намітка смугі. Яна, здаецца, таксама сведчыла аб значнасці, неразгаданасці падзей, якімі ахоплены свет.

Немцы да лета паспелі пусціць чыгунку, але на першым часе не надта ўзброеныя мясцовыя партызаны былі бяссільныя супроць яе. Не мелі ні пуцейскага інструменту, ні толу. Справа рушыла наперад, калі да групы далучыўся дэсантнік Серада. Ім, першым партызанам, ён здаваўся чалавекам незвычайным: яшчэ месяц назад хадзіў па Маскве, чуў і ведаў тое, аб чым яны, цэлы год адарваныя ад арміі, не ведалі і нават не здагадваліся. Перад тым як далучыцца да партызан, Серада страціў двух сваіх таварышаў: яны падкладвалі на чыгунцы міну і самі з-за сваёй нявопытнасці на ёй падарваліся.

Залучыўшы да сябе Сераду, група разгарнула плечы. Быў тол, і партызаны шпурлянулі пад адхон ці не тры цягнікі адзін за другім. Рэха ад тых выбухаў далёка пайшло. Да іх сталі прыбываць новыя прымакі, а надзейныя хлопцы, дзяўчаты, якія паявіліся ледзь не ў кожнай вёсачцы, інфармавалі групу аб кожным кроку мясцовай нямецкай улады.

Паліцэйскага гарнізона ў вобласці не было. Можа, таму, што валасная ўправа размяшчалася ў чыгуначным пасёлку, у якім, у былой пуцейскай казарме, стаяла ахоўная нямецкая рота. З данясенняў сувязных вынікала: у воласці два асноўных гады — старшына воласці Крымарэнка і фінагент Міхальчук.

Крымарэнка быў тутэйшы, затоены куркуль. Ездзіў да немцаў у мястэчка, выбіваў з насельніцтва пастаўкі, але асабліва носа з воласці не вытыркаў. Прыхапіў гектараў пяць былой калгаснай зямлі і рваў на ёй жылы, стараючыся як найлепей урабіць.

Фінагент Міхальчук, высокі, маслакаваты стары, з белай, як у біблейскага прарока барадой, асеў у Зарэччы ў апошні перадваенны год, прывандраваўшы аднекуль з-пад Гродні. У сямігодцы Міхальчук выкладаў другарадныя прадметы: маляванне, чарчэнне, спевы. Але ён хутка стаў вядомы ў наваколлі: арганізаваў школьны хор і заваяваў першае месца на раённай алімпіядзе.

Цяпер Міхальчук хадзіў па вёсках, збіраў падаткі і ў кожнай хаце, куды забрыдаў, абліваў граззю Савецкую ўладу і бальшавіцкія парадкі.

Гэтага дараваць было нельга. З часу выбухаў на чыгунцы Крымарэнка дома не начаваў, падціснулі хвасты старасты з вакольных вёсак, некаторыя нават самі набіваліся на дружбу з партызанамі. Міхальчук варожай дзейнасці не спыняў: выдыбваў па вёсках, робячы выгляд, што ніякіх партызан не існуе.

Яго, вядома, падпільнавалі. Але прашыты трыма кулямі, Міхальчук выкарабкаўся з лап смерці. Дапоўз да воласці, а там Крымарэнка паклаў яго на воз і завёз у раённую бальніцу.

Праз два-тры месяцы Міхальчук зноў вандраваў па вёсках, яшчэ з большай лютасцю ганьбячы бальшавікоў. Восенню, калі на падваконніках вясковых хат гарэлі чырванню груды памідораў, а стрэхі прыгрэбнікаў, хлявоў наўсцяж былі закладзены жаўтабокімі гарбузамі, партызаны другі раз злавілі Міхальчука. На гэты раз выканаўцы прысуду не прамахнуліся...

Вось так тое лета, восень запомніліся: ноччу грымелі на чыгунцы выбухі, раніцай узыходзіла сонца, млелі ў густой смольнай духмянасці сасоннікі на пясчаных пагорках, днём з’яўляліся дзяўчаты-сувязныя, якія расказвалі пра вынікі начных выбухаў...

У Клінск цягнік прыбыў, калі было ўжо гадзін дванаццаць ночы. Вакзал новы, шчыльна да перона падступаюць муры станцыйных будынкаў. Карызна памятаў пасляваенны вакзальчык, пабудаваны з ачэсаных сасновых бярвенняў наводшыбе ад чыгуначных пуцей, і хоць новыя камяніцы таксама бачыў, але да іх не паспеў прывыкнуць, і адчуванне было такое, што прыехаў у незнаёмы горад.

З начнога цягніка такіх, як Карызна і Быліч, злезла чалавек шэсць. Гасцей сустракае камандзір брыгады Піскун, маленькі, мітуслівы, як лунь сівы. Ён у старым, залішне прасторным для яго выпетранай фігуры ваенным мундзіры без пагонаў, без ордэнаў. Піскуна суправаджаюць яшчэ трое былых партызан, якія пастаянна жывуць у гарадку, але толькі ён адзін па чарзе з кожным прыезджым абдымаецца, цалуецца, выціраючы бруднаватай насоўкай слёзы.

Не маюць, аднак, у гарадку ўлады ўчарашнія партызаны. Не хапіла ў іх сілы нават гасцініцу заказаць. На начлег прыезджыя мусяць уладкоўвацца хто як здолее.

У Быліча ў гарадку ёсць добрыя знаёмыя, і да іх сябры-таварышы рушылі начаваць.

Вісіць над гарадком срабрысты боханчык месяца, свецяць бляклыя — можа, з-за яркіх вулічных ліхтароў — зоркі. Доўга брыдуць Карызна з Былічам незнаёмымі, відаць, адбудаванымі пасля вайны вуліцамі, пакуль не дабіраюцца да патрэбнага месца. Дамок Былічавых знаёмых у прадмесці, на самай ускраіне гарадка. Стаіць каля шашы, аддзелены ад яе невялічкай рачулкай, што булькае ўнізе. Сад пры дамку. Нават у шэрані ночы відаць, што сад якраз цвіце: стаіць як малаком абліты. Да саду, да дворыка трэба дабірацца драўляным мастком, навешаным над рачулкай.

Начлежнікам пасцелі сцелюць у застаўленым фікусамі зальчыку. Карызне адводзіцца ложак з высокай гарой падушак, Быліч кладзецца на канапцы. Фортачка адчынена ў сад: у пакой плыве густы, востры пах квецені, даносіцца гул машын, якія зрэдку праносяцца па шашы, нават чуваць плюскат шустрай рэчачкі.

Святы чалавек Быліч: у вагоне спаў і тут спіць. Пасапвае сабе носам. Карызна заснуць не можа. Яго здзівіла, нават уразіла, што праз Клінск цячэ рачулка. Паўтара года шастаў ён вакол гарадка ў акупацыю, гадоў пяць ездзіў па шашы, калі працаваў у абкоме камсамола, а рэчачку толькі цяпер убачыў.

З абкома Карызна звольніўся сам, папрасіўся на педагагічную работу: яшчэ да вайны паспеў скончыць інстытут, пакаштаваць настаўніцкага хлеба. У тым, што зрабіў, не раскайваецца ні кропелькі.

Дзіўна ўстроены чалавек. Ёсць мясціны, якія без бачнай прычыны падабаюцца аж занадта, і ёсць такія, да якіх з першага позірку не ляжыць душа. Бадай, тое ж можна сказаць пра перажыты час. Трыццаць пяць пасляваенных гадоў у Карызнавых думках, адчуваннях жыве лета сорак другога года. Нібы зрокава бачыць ён густыя, пасаджаныя пад шнур сасоннікі, у якіх партызаны любілі размяшчацца. Калі не ішлі на заданне, начавалі на пясчаным доле, на разасланых на зямлі сасновых лапках. Крычалі начныя птушкі, і праз густую навісь галін праглядвалі зоркі.

Адзін раз пачуўся гул самалёта, і па гуку матора яны здагадаліся, што самалёт савецкі. Самалёт зрабіў два ці тры кругі над лесам, а назаўтра, разбіўшыся на групкі па два-тры чалавекі, яны абшасталі ўсё наваколле. Шукалі савецкіх газет ці хоць лістовак.

Час быў трывожны. Пасля пераможнай для Чырвонай Арміі зімы, немцы зноў імкнуліся павярнуць у сваю карысць ваенную кампанію, разграміць савецкія войскі. Поспех у іх быў: зноў захапілі Керчанскі паўвостраў, дабівалі заліты крывёй Севастопаль. Пра гэта партызаны ведалі з нямецкіх паведамленняў: радыёпрыёмніка тым летам яшчэ не мелі.

У тую ноч, калі кружыў самалёт, Карызна нават не здагадваўся, якую вялікую ролю адыграе гэта падзея ў ягоным жыцці. Калі да групы далучыўся Серада, а ўся яна ўлілася ў атрад Піскуна, партызаны ўведалі, што дэсантнік і два яго таварышы, якія загінулі на рэйках пры падкладцы міны, былі скінуты для пошукаў пяцярых разведчыкаў з рацыяй, што на працягу месяца не падавалі пра сябе ніякіх вестак. Па падліках якраз атрымоўвалася, што разведчыкаў мог даставіць самалёт, які кружыў над лесам памятнай чэрвеньскай ноччу.

Доўга не маглі знайсці разведчыкаў. Не было разам з тым вестак, што яны трапілі ў рукі да немцаў. Толькі восенню, у кастрычніку ці нават у лістападзе, удалося іх адшукаць. Так здарылася, што на іх зямлянку, схаваную ў непралазнай лясной гушчэчы, першы наткнуўся Карызна.

Разведчыкі панеслі страты яшчэ пры высадцы: адзін загінуў, завісшы на дрэве ўніз галавой і не здолеўшы выблытацца са строп парашута, другі ад групы адбіўся. З пяці чалавек засталося тры: два чорнавалосыя ўкраінцы — камандзір групы капітан Гузь; яго памочнік па дыверсіях і азызлая ад дрэннага харчу радыстка-масквічка. Рацыя ў разведчыкаў не дзейнічала, але дзякуючы ёй зводкі Саўінфармбюро яны неяк праслухоўвалі, былі ў курсе падзей.

Гузь ужо меў сякія-такія сувязі. Харчаваў разведчыкаў кульгавы ляснік з вёскі Няхамава Слабада Іван Міцуль. Зрэдку ў вёску наведваліся самі разведчыкі да лесніка, да двух-трох памочніц, якіх паспелі займець. Мыліся ў лазні, мянялі бялізну, давалі заданні сувязным.

Гузь па-сапраўднаму акрыяў, далучыўшыся да партызан. Аўтаномію сваю захоўваў у атрадзе, а пазней у брыгадзе, стварыўшы невялікі ўласны атрад. Гузь і Піскун мелі заўсёды асобныя буданы, зямлянкі, праўда, размяшчаліся гэтыя лясныя прыстанішчы ў блізкім суседстве.

Да разведчыкаў два разы прылятаў самалёт, скідаў боепрыпасы, харч. Партызаны пра такія цуды маглі толькі марыць.

З Аняй Луцэнка, сваёй будучай жонкай, Карызна пазнаёміўся яшчэ калі жыў у Зарэччы. Калі пайшоў у партызаны, яна да яго прыбягала на спатканні. Да ўсіх партызан, большая палавіна якіх першай ваеннай зімой жыла па вёсках, прыходзілі знаёмыя жанчыны ці дзяўчаты. Можа, і помніцца лес маладосці гэтымі незабыўнымі спатканнямі. Дамы сэрца натхнялі рыцараў на подзвігі. Прыносілі не толькі блінцы са шкваркамі, цёплы картапляны суп ці боршч у абвязаных хусткамі гаршэчках, але і звесткі пра вынікі начных партызанскіх дыверсій, пра тое, што робяць, дзе хаваюцца старасты і паліцаі. Дрыжалі нямецкія служакі, тулячыся па чужых гарышчах, падстрэшшах у той час, калі іх гаспадары пахваляліся, што падыходзяць да Сталінграда, дасягнулі Каўказа.

Пасля Арла і Балгарада, калі немцы, агрызаючыся, пакаціліся назад, Піскун — ён ужо быў камандзірам вялікай, з шасці атрадаў брыгады — прылучыў Карызну да разведчыкаў. Загадаў усімі сіламі дапамагаць Гузю.

Аня Луцэнка жыла на чыгуначным паўстанку вярсты за тры ад Зарэчча. На паўстанку размяшчалася ахоўная нямецкая рота, і Карызна з лёгкім сэрцам загадаў Ані ўладкавацца да немцаў паварыхай. Такі быў час. Вызначаўся пранізлівым пачуццём самаахвярнасці. Нават думкі не дапускалі тагачасныя партызаны, іх шматлікія памочнікі, што пасля пераможных салютаў нехта паставіць пад сумненне іх учынкі, паводзіны, будзе развязваць складаныя вузельчыкі акупацыйных узаемадачыненняў.

У буднях, якія наступілі пасля агромністай, нечувана жорсткай і гераічнай вайны, можа, нават залішне многа паявілася людзей, якія з насцярожанай праніклівасцю ўглядаліся ў графкі анкет, лісткі біяграфій, шукаючы супярэчнасці ў напісаным, стараючыся што-небудзь вычытаць між радкоў.

Карызне прапанавалі развесціся з жонкай у сорак восьмым годзе. Факты ў кадравіка былі неабвержаныя: жывучы ў пасёлку, Луцэнка памагала партызанам, але ж і на кухні нямецкай працавала. На вайсковай кухні!..

На гнеўныя выгукі Карызны кадравік паблажліва ўсміхаўся.

Хутка ва ўласнай біяграфіі Карызны знайшлася плямка. Той самы кадравік папрасіў пісьмовае тлумачэнне. «Так, у баях пад Беластокам вы ўдзельнічалі, даты, нумар батальёна, палка — усё супадае. Але ў Зарэччы паявіліся толькі праз тры месяцы пасля беластоцкіх баёў. Дзе былі, што рабілі цэлыя тры месяцы?»

Карызна чакаць не стаў. Успомніў, што свет клінам не сышоўся на яго пасадзе. З таго часу болей як трыццаць гадоў адпрацаваў у рамесніцкім вучылішчы. Доўгі час узначальваў вучылішча. Цяпер вот збіраецца на пенсію.

 

ІІ

Яны з Былічам усталі, мыліся з рукамыйніка на двары, потым снедалі, выпіўшы па шклянцы настойкі, якую выставілі ў графіне на стол прыхільныя да Быліча гаспадары. Як высветлілася, мажныя, распаўнелыя гаспадар і гаспадыня, таксама ў маладосці зналіся з партызанамі. Не, у атрадзе не былі, выконвалі сякія-такія заданні тут, дома. Даведкі аб сваёй рабоце не маюць, дый навошта тая даведка? Без яе дажылі да пенсіі.

Цікавасці да збору партызан гаспадары не праявілі ніякай. Нават, як здалося Карызне, пераглянуліся з насмешлівымі аганькамі ў вачах.

Карызна з Былічам рушылі да плошчы, дзе мусіць адбыцца партызанскі мітынг.

Перамяніўся чыгуначны гарадок. Некалі станцыю ад застаўленых драўляных хацінамі вуліц аддзяляў разлеглы голы прамежак: зарослае аерам, асакой балацявіна суседнічала з ладным, пакрытым толькі рэдкімі кусцікамі вербалозу россыпам жаўтапёсаў. Цяпер тут вырасла некалькі новых, незнаёмых вуліц, забудаваных аднастайнымі, трох- і чатырохпавярховымі блочнымі камяніцамі.

Будынкі райкома партыі і райвыканкома — у новым раёне. Стаяць адзін насупраць другога, з двух бакоў падпіраючы забрукаваную гранітнай брусчаткай прамавугольную плошчу. Пасярэдзіне пляца невялікая мураваная трыбуна.

Ля трыбуны чалавек пятнаццаць — дваццаць. Пасівелі галовы, пастарэлі, зморшчыліся твары, апусціліся плечы былых баявых партызан, але ўсё адно Карызна пазнаваў кожнага. Абнімаючыся, цалуючыся з кожным, хто прыйшоў або прыехаў на гэты, не надта шматлюдны партызанскі збор, Карызна расчуліўся да слёз. Так, на плошчы сабраліся баявыя сябры, з якімі ён не раз трапляў у небяспечныя і нават адчайна-безвыходныя становішчы: разам выбаўляўся з бяды, з нямецкіх пастак, засад, блакад, не еў па некалькі дзён, плакаў, калі хавалі забітых таварышаў. Ён некалі шчыра лічыў, што ніколі не скончыцца іхняе баявое брацтва, бо столькі разам перадумана, перагаворана, перажыта.

Ледзь не ўсіх, хто стаіць на плошчы, Карызна ведае. Вядома, па былых справах. Большасць асела ў гарадку, жыве тут з памятнага зімовага дня, калі чатыры ці пяць атрадаў, якім удалося злучыцца з часцямі Чырвонай Арміі, разам з войскам вызвалілі гарадок. Тады таксама быў мітынг. Па вуліцах горда маршыравалі партызанскія роты, здзіўляючы жыхароў, вайскоўцаў незвычайнасцю вопраткі і ўзбраення. Мундзіры многіх армій мільгалі ў партызанскіх радах, па бруку каціліся гарматы, пастаўленыя на колы ад жняяркі, прыклады многіх вінтовак былі самаробныя, хоць і старанна адшліфаваныя.

На прасторным, абсаджаным па баках ліпамі гаку перад драўляным будынкам райвыканкома стаяў вялізны, ледзь не двухтысячны натоўп, які запрудзіў прылеглыя вуліцы і двары. Дзе тыя людзі?

Вядома, дзе. Ішла вайна, і большасць удзельнікаў мітынга была прызвана ваенкаматам у армію. Некаторыя партызанскія роты трапілі на фронт, нават не паспеўшы атрымаць вайсковага абмундзіравання. Наступленне тым часам замаруджвалася, задыхалася, фронт стабілізаваўся. Баі ішлі пераважна дзеля паляпшэння пазіцый, заваявання новых плацдармаў. Штурмуючы безымянныя вышыні, балотныя выспы, многа палягло ў тых баях партызан...

Для аднаўлення гаспадаркі ў гарадку было пакінута чалавек дзвесце. Камандзіры, хто меў ці нават не меў цывільную спецыяльнасць, былі прызначаны на некаторыя раённыя пасады. На плошчы цяпер збольшага і сабраліся тыя, хто да пенсіі здолеў утрымацца на раённых пасадах...

Між тым пачаўся мітынг. На трыбуне раённыя кіраўнікі, з партызан адзін Піскун. Першым прамаўляе сакратар райкома партыі, яшчэ малады хлопец, з інстытуцкім значком на лацкане. Сакратар, па ўсім відаць, нарадзіўся пасля вайны. Пра партызан ведае з кніг, з таго, што бацька ці маці расказалі.

Наступны прамоўца — Піскун. Сёння ён прычапіў ордэны, медалі — суцэльны блеск на запалых грудзях. Але чытае Піскун старэчым дрыжачым голасам па паперцы, блытае словы, і ўражанне ад яго прамовы невялікае.

Апошніх слоў Піскуна наогул ніхто не слухае, бо ўсе глядзяць на каржакаватага, чорнавалосага чалавека, наўсцяж па бартах пінжака абвешанага бліскучымі знакамі ўзнагарод — ён якраз падыходзіць да трыбуны.

Карызна пазнае Гузя імгненна, хоць ні разу не бачыў пасля вайны. А вось у караткаватай, залішне раздабрэлай жанчыне, з белымі, як пух валасамі, якая плыве побач з Гузем, не адразу прызнае радыстку Наташу, маскоўскую камсамолку, хоць яна і ў дні сваёй маладосці была кругленькая, тоўсценькая і кацілася па зямлі, нібы мячык.

Прыезд Гузя прыдаў большай вагі збору брыгады. Гэта адчулі ўсе. Піскун, сяк-так кончыўшы прамову і не захоўваючы ніякага этыкету, матлянуўся з трыбуны і павіс на шырокіх грудзях Гузя. З несхаванай павагай глядзяць на шчодра адоранага ўзнагародамі чалавека райкомаўскія хлопцы.

З Гузем ледзь не ўсе вітаюцца па-брацку: абнімаюцца, цалуюцца. Толькі моцна здалі баявыя арлы. Галіліся рана, похапкам, таму ва ўсіх ужо цяпер, калі дзень ідзе толькі к палавіне, на падбароддзі, скронях праступае сівая шчэць.

Карызна памятае: у вайну, у лясныя гады Гузя не надта шанавалі. Партызаны шкамуталі чыгунку, кідалі пад адхон эшалоны, а Гузь пры дапамозе сувязных, якія сядзелі на чыгуначных станцыях, лічыў эшалоны, тэхніку, войскі, якія рухаліся на фронт, і перадаваў звесткі па рацыі. Але за спіной Гузя стаяла большая сіла, чым за ўсёй брыгадай: да яго два разы прылятаў самалёт, скідаў цюкі з толам, магнітнымі мінамі, вінтоўкамі-бясшумкамі.

Частка дабра перападала партызанам, і нейкую колькасць раструшчаных вагонаў, узарваных рэек Гузь з чыстым сумленнем перапісваў на сябе.

Служба ў Гузя намнога шырэй адкрыла Карызне вочы на размах патайнай барацьбы, якая ішла ў гарадах, мястэчках, прылеглых да чыгункі вёсках. Шматлікія групы падпольшчыкаў, якія складаліся пераважна з моладзі, здабывалі для разведчыкаў, партызан патрэбныя звесткі, дакументы, праводзілі дыверсіі, наводзілі лясных хлопцаў на цэль, забяспечвалі іх медыкаментамі, соллю, іншымі рэчамі. Іх было сотні, маладых патрыётаў, і дзе яны цяпер? Колькі б на плошчы было людзей, каб прыйшла, прыехала хоць палавіна хлопцаў, дзяўчат, якія памаглі Гузю, партызанам! Вядома, пастарэлі тыя хлопцы, дзяўчаты, але з актыўнага жыцця яшчэ не выбылі...

З некаторымі з патайных патрыётаў паступілі гэтак жа як з Карызнавай жонкай. Не прызналі іх барацьбітамі з ворагам. Невядома кім узведзеная мяжа ў мірны час аддзяліла Піскуна, Гузя ад іх шматлікіх памочнікаў, чым далей, тым болей адсякаючы звяно за звяном...

Гадоў дзесяць назад спахапіліся. Сталі правяраць, прызнаваць падпольныя групы. Некалькі афіцыйных папер атрымаў Карызна: просім пацвердзіць дзейнасць аднаго, другога. Ён пісаў, пацвярджаў, адчуваючы, што робіцца гэта позна, і крыўда ў душы людзей так ці інакш застаецца. Як застаецца ў яго самога...

 

ІІІ

Пасля мітынгу была складчына, на якую народу сабралася разы ў тры болей, чым стаяла на плошчы перад трыбунай. Сядзелі за даўжэзным, накрытым казённай цыратай сталом у бруднаватым, падобным на склад памяшканні сталовай мясакамбіната, выпівалі, закусвалі, адзін перад другім спавядаліся. Гаманілі ўвесь вечар і ноч.

На кватэру Карызна з Былічам прыйшлі толькі пад раніцу. Не паспелі вочы звесці, хоць гадзіну паспаць, як прыбег пасланец ад Гузя.

Гузь начаваў у Івана Брандыбы. У таго самага Брандыбы, якога ведала ад малога да вялікага ўся брыгада. Нельга было не ведаць. У свае васемнаццаць гадоў вымахаў Іван, як магутны дуб. У яго не толькі рост — усё астатняе было большых размераў, больш прыкметнае, чым у звычайных людзей: рукі, ногі, галава, плечы, нават вочы — ледзь не па яблыку.

За шырокімі, як шафа, плячамі насіў Іван амуніцыю разведчыкаў: радыёстанцыю «Северок», батарэі сілкавання, скрутак дроту, які разматваўся, закідваўся на дрэва, становячыся антэнай. Гузь настолькі прывык да Брандыбы, што пры прыбліжэнні фронту ўзяў яго ў ліку нямногіх з сабой — групе было дадзена новае заданне: перабрацца далёка на захад, за Буг, на тэрыторыю Польшчы.

Пасля вайны Брандыба пусціў карані ў гарадку. Не толькі сабе дамок збудаваў, а і радні падсабіў — побач з яго агародам пляц роднага брата, трохі далей — сястры. Сваякі Брандыбы перабраліся ў гарадок з размешчанай на сыпучых пясках, далёкай вёсачкі, папоўніўшы рады мясцовага рабочага класа.

Постаць Брандыбы яшчэ болей магутная, чым у даўнія партызанскія часы. Прыходзіцца здзіўляцца, што прырода шчодра абдарыла чалавека на фізічную моц і не адбірае гэтай моцы нават у немаладыя гады.

Маючы фігуру волата, Брандыба вельмі мяккі, памяркоўны характарам.

Ён ужо болей як трыццаць гадоў служыць у чыгуначнай міліцыі. Вялікіх чыноў не дасягнуў: на пагонах нашыўкі старшыны. Лішняга дастатку ў Брандыбы таксама няма: прыгожы звонку дамок мае тры невялікія пакоікі.

Госць — як нявольнік. Не паспелі як след пасядзець за сталом у Брандыбы, успомніць мінулае — з’явіўся нарачны ад Піскуна.

Піскун сабраў кампанію ў доме адстаўнога маёра авіяцыі, які нібыта піша пра партызан кнігу. Даўно піша, толькі ніхто не бярэцца гэтую кнігу друкаваць.

У трохі зацененым, абстаўленым старамоднай мэбляй пакоі сабраліся ўсе тыя людзі, якія ўчора стаялі на плошчы ля трыбуны. На стале няма ні выпіўкі, ні закускі. Падняўся і пачаў гаварыць Піскун.

— Свята правялі,— сказаў ён.— Наступнае, калі не памром, правядзём праз пяць гадоў. У круглую дату. А цяпер паедзем у Няхамаву Слабаду. Каля яе спусціўся на парашуце таварыш Гузь, наш баявы друг. Людзі з Няхамавай Слабады ўсю раніцу звоняць, хочуць пабачыць таварыша Гузя, якому памагалі ў суровы час. Адтуль блізка да першай стаянкі нашага атрада. Пабудзем там. Не трэба забываць наш лес...

Дыхнула ў твар доўгім, знаёмым, партызанскім. Піскун заўсёды быў вось такі. Не камандаваў, не загадваў — заклікаў, пераконваў. Шырынёй душы, вялікасцю сэрца з’яднаў брыгаду. З ім было надзейна: самы апошні партызан адчуваў і ведаў — камандзір няправеднага кроку не зробіць...

Самы вялікі сярод былых партызан начальнік — дырэктар саўгаса. Дзякуючы яму да маёрскага дома, размешчанага ў тупіковым, не замошчаным каменем завулку пад’язджае стары, разбіты аўтобусік. І вось імчыць аўтобусік, грукаючы па выбоінах, да Няхамавай Слабады...

У Няхамавай Слабадзе, пясчанай, раскіданай, прылеглай да самой шашы вёсцы партызаны правялі рэшту дня і ночы. Кульгавы ляснік Міцуль, які першы напаткаў у лесе Гузя, памагаў яму ў цяжкае лета сорак другога года, наладзіў пачастунак шмат багацейшы, чым учора ў сталовай мясакамбіната. Успаміналі мінулае. Спявалі песні. Тыя песні таксама, якія складзены пра партызан:

 

Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры,

Вас ніколі ў жыцці не забыць...1

 

Карызна не мог утрымаць слёз, якія самі набягалі на вочы. Мокрыя вочы ў Піскуна, у Гузя, у лесніка Міцуля, у лесніковай жонкі і яе сястры, якія некалі прыбягалі ў лес да разведчыкаў, прыносілі ім гаршчэчкі з цёплай стравай.

Свята падпсаваў зяць лесніка, белабрысы, вузкатвары дзяціна, з жорсткімі бялеса-сінімі вачамі.

— Камандзір! — падняўшыся над сталом, звярнуўся ён да Гузя.— Вось вы тут песні спяваеце, цалуецеся, прыгожыя словы гаворыце. А чаму ты, камандзір, раней не прыехаў? Мой цесць, цешча памагалі табе, жыццём рызыкавалі. А ў іх жа ніякай спраўкі няма. Калі на пенсію ішлі, ім ваенныя гады нават у стаж не залічылі. Чаму ты не падумаў, камандзір?..

Міцуль абарваў зяця:

— Не псуй абедню. Пра гэта асобны разгавор...

Карызна адчуваў, што зяць лесніка гаворыць праўду. Толькі не да месца, бо не лічыцца з настроем, які апанаваў людзей.

Пад раніцу ў Карызны з’явілася адчуванне, што ён ніколі не разлучаўся з гэтымі знаёмымі, блізкімі, роднымі людзьмі, пражыў з імі адно жыццё, за якое не сорамна ні яму, ні ім. Відаць, у іх, як і ў яго, жыве ў душы балючы і радасны ўспамін пра хвоі, бярозы, зарослы вераском лясны дол, пра далёкія партызанскія дні, якія часта ўсплываюць у памяці і па начах не даюць заснуць...

1982

1   «Лясная песня», словы Адама Русака, музыка Уладзіміра Алоўнікава.


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Сорак трэці: Раман ; Птушкі між маланак : Драма у трох актах ; Апавяданні. - Мн.: Маст. Літ., 1983. - с. 457-470
Крыніца: скан