epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Пракуроры

Вялікае пясчанае сяло Салаўі мела празванне Пракуроры. Ураджаі ў Салаўях слабыя, з зямлі не пражывеш, і мясцовы люд здаўна займаўся ўсялякім прадпрыймальніцтвам. Жылі тут спрытныя на чужое — канакрады, перакупшчыкі. Гэтыя надзвычай добра ведалі законы і заўсёды шнырылі па кірмашах. Мабыць, з-за іх і далі вёсцы другую назву — Пракуроры.

Найбольш адметным «пракурорам» быў Аркашка Шлег — высокі, аднавокі, у наглянцаваных хромавых ботах і скураной тужурцы. Калі Аркашка быў пры грашах, то вызначаўся незвычайнай шчодрасцю. Паіў, каго ні сустрэне — знаёмага ці незнаёмага. Міліцыя мела на Аркашку вока, ён не раз сядзеў у турме, але вызваляўся хутка.

Да Аркашкі на кірмашах падыходзілі як да адваката.

— Скажы, братка, як, мяне засудзяць? — пытаўся дзядзька з суседняй вёскі.— Тры хваіны паклаў у лесе, а ляснічы застаў. Склаў прытакол — і ў суд.

— Ярунда,— махаў рукой Аркашка.— Сагласна працэсуальнага кодзікса, стацця дзвесце сорак восем, пункт бэ — месяц прымусоўкі ці штраф. Дастань спраўку, што востра нуждаешся ў дзераве, то і штрафу не будзе.

— Як жа я дастану? — чухаў патыліцу дзядзька.— Хата яшчэ цэлая, хлеў тожа. То ж я на прыгрэбнік дзеравы паваліў.

— Чудак чалавек. А ты ў сельсавеці скажы, што хата цячэ. Не павераць — у раён пішы. А не — таварышу Калініну ў Маскву.

Перад вайной Аркашку прыпаялі моцна — дзесяць гадоў за калектыўны крадзеж.

Перад Салаўямі чыгунка ідзе на круты ўздым, і цягнікі замаруджваюць тут бег. Аркашка з хаўруснікамі, узброіўшыся доўгімі, насаджанымі на жэрдкі крукамі, на хаду ўскакваў на тормаз, адчыняў вагон і, калі там была мануфактура ці другі ходкі тавар, выкідваў пад адхон.

З Аркашкам быў звязан і смешны выпадак, які доўга памяталі ў наваколлі. Аднойчы ў Салаўі прыехаў гарадскі лектар, пабываў у некалькіх хатах і быў здзіўлены тым, што ў кожнай стаялі гіпсавыя барэльефы французскага філосафа Вальтэра. На нейкай нарадзе недасведчаны лектар заікнуўся пра Салаўі, якія незвычайна шпарка цягнуцца да культуры, але яго паднялі на смех. Тады высветлілася, што барэльефы былі бясплатнай данінай Аркашкі Шлега аднавяскоўцам пасля таго, як ён выкінуў з вагона вялікую скрыню і знайшоў у ёй не тое, што шукаў.

Зрэшты, лектар не вельмі памыляўся — Салаўі сапраўды цягнуліся да культуры. Ні з якой другой вёскі столькі моладзі не вучылася ў тэхнікумах, інстытутах, колькі з Салаўёў. Маладыя салаўёўцы вызначаліся дасціпнасцю, на ляту хапалі кінутае настаўнікамі. І прабіваліся туды, куды нават гарадскія школьнікі не маглі прабіцца.

У вайну Аркашка Шлег зноў аб’явіўся ў Салаўях. З год пасядзеў ціха, а потым узяўся за ранейшае. Да немцаў сяло паставілася варожа, і Аркашка дзейнічаў беспакарана. Разоў пяць наскакваў на эшалоны, і аднойчы яму ўдалося выкінуць некалькі цюкоў з шынялямі і мундзірамі.

З салаўёўцаў у партызаны падалося нямала людзей, нават камандзірам партызанскай роты быў мясцовы хлопец — Віктар Шлег, пляменнік Аркашкі, лейтэнант, які выбраўся з акружэння. Нягледзячы на тое, што родзіч камандаваў партызанамі, у партызаны Аркашка не пайшоў. Дзейнічаў самастойна. Налятаў з хеўрай на млыны, маслазаводы, па-ранейшаму грабіў эшалоны. З гэтага вынікала нейкая карысць. Салаўёўцы перафарбоўвалі нямецкія мундзіры, шынялі, перашывалі іх на світкі, паддзёўкі, спадніцы. Не дзіва было ўбачыць, як салаўёвец, седзячы ў зямлянцы, есць з бульбай партугальскія кансервы. Гэта былі дары Аркашкі Шлега. Ён быў усё-такі патрыётам сваёй вёскі.

Пасля вайны, хоць Аркашка і не быў сапраўдным партызанам, мінулае яму не ўспаміналі.

Аркашкаў пляменнік Віктар у партызанах праславіўся смеласцю, меў узнагароды, пайшоў у армію і там меў узнагароды. Вярнуўся пасля вайны капітанам і прывёз з сабой жонку — чэшку. Нікому ў тыя гады не дазвалялі жаніцца з грамадзянамі замежнага паходжання, а Віктару дазволілі.

Пасля вайны, калі на Палессі пачалі разведваць нафту. Віктар падаўся ў пошукавую партыю. Спачатку — доўгія гады — поспеху не было. Буравыя вышкі вырасталі і знікалі, аднойчы паказалася нафта, але, як сцвярджалі спецыялісты,— не прамысловая.

Віктар пераязджаў з раёна ў раён, але работы не кідаў. Быў памбура, бурыльшчыкам, стаў майстрам.

Здарылася так, што на шаснаццатым годзе пошукаў буравыя вышкі выраслі на салаўёўскім полі — адна на пяску, другая — у балацянцы. Салаўёўцы, якія нічога новага не прапускалі, падаліся на буравую ў заработкі. На гэты раз пайшоў у падначаленне да пляменніка і Аркашка Шлег. Меў ён за плячамі гадоў шэсцьдзесят з лішкам, жыў бабылём — ні жонкі, ні хаты. Стаўшы працаваць на буравой, на людзях пахваляўся, што праз дзесяць гадоў Салаўі стануць горадам і там, дзе цяпер пясчаная вуліца, ляжа праспект. Яму верылі і не верылі...

Нафтавы фантан ударыў восенню, у пахмурны, імглісты дзень. На балацянцы за некалькі гадзін утварылася жоўта-чорнае азярко. На буравой качалі, падымалі на «ўра» Віктара. Аркашка кінуўся ў сяло. Выпэцканы з галавы да ног, ён бегаў па вуліцы, зазіраў у двары і, паказваючы бутэльку з чорнай масляністай вадкасцю, шчасліва, як дзіця, смяяўся...

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 393-395
Крыніца: скан