epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Правафланговы навукі і культуры

Калі вы, дарагі таварыш, прыехалі ў Мінск, калі знаёміцеся з жыццём горада, яго ўстановамі, прадпрыемствамі, славутымі помнікамі, то ніяк не можаце абмінуць Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які носіць імя вялікага Леніна. Велічны і ажурна-лёгкі, сучаснага стылю галоўны універсітэцкі корпус якраз і акаймляе з правага боку плошчу Леніна. Давайце зойдзем!..

Беларускі універсітэт толькі на два гады маладзей за нашу рэспубліку. У 1918 годзе У. І. Ленін падпісаў дэкрэт аб стварэнні шэрага універсітэтаў, у тым ліку і беларускага. Але распачаць работу ён змог толькі 11 ліпеня 1921 года — перашкаджала нямецкая, а потым белапольская акупацыя.

Зараз мы з вамі на тэрыторыі так званага універсітэцкага гарадка. Нават цеснавата тут ад будынкаў, карпусоў, інтэрнатаў, што шчыльна акружаюць універсітэцкі сквер і двор. Але гэтыя будынкі, карпусы, калі можна так сказаць, жывая, матэрыяльная гісторыя універсітэта. Тады, калі яго адчынялі, іх, вядома, не было.

Хачу прывесці невялікую вытрымку з урадавай пастановы ад 18.IV.1921 г., каб вы мелі хоць некаторае ўяўленне пра БДУ тых далёкіх, авеяных подыхам рэвалюцыі, дзён: «Адвесці для патрэб універсітэта будынкі з пабудовамі і ўгоддзямі пры іх былых духоўнай семінарыі, жаночага епархальнага вучылішча, гімназіі Фальковіча, рэальнага вучылішча Хайкіна, фабрыкі «Вікторыя», земскай бальніцы, яўрэйскай бальніцы, рускага сабрання, пабудовы былога вайсковага шпіталя з прылягаючай да іх тэрыторыяй дзеля пабудовы тутака Універсітэцкага гарадка...»

З тых даўніх будынкаў захаваўся толькі адзін. Бачыце, да левага крыла фізічнага корпуса прылягае цагляны мураваны дом. У яго старых сценах, якім удалося перажыць ліхалецце войнаў, пажараў, разбурэння, размешчаны зараз вельмі сучасныя лабараторыі з навейшым фізічным абсталяваннем.

Два карпусы — хімічнага і біялагічнага факультэтаў з даволі выразнымі прыкметамі канструктывізму трыццатых гадоў — гэта ўжо наступны, другі этап у станаўленні універсітэта. Пастанова аб будаўніцтве універсітэцкага гарадка ў Мінску была прынята на IV Усесаюзным з’ездзе Саветаў, а першапачатковы план будаўніцтва зацверджаны Саўнаркомам БССР у 1928 годзе.

А вось гэтыя сучасныя, са шкла і жалезабетону карпусы — плён апошніх дзесяці гадоў. Будаўніцтва не спыняецца — хутка будзе завершан новы «хімічны» корпус, новыя інтэрнаты.

Універсітэт мае нямала вартых увагі рэчаў, якія проста трэба агледзець. Узяць хоць бы заалагічны музей, размешчаны ў біялагічным корпусе. Тут экспануюцца многія сотні відаў птушак, жывёл, што прадстаўляюць фауну Беларусі і ўсяго свету. Ёсць ва універсітэце гістарычны, мінералагічны і іншыя музеі, ёсць свой батанічны сад, даследчыя біялагічныя станцыі, размешчаныя на далёкіх адсюль нарачанскіх азёрах.

Цяпер звернемся да тых, для каго пабудаваны гэтыя вучэбныя карпусы і інтэрнаты, аўдыторыі, чытальныя залы, кабінеты, лабараторыі, музеі, станцыі — да студэнтаў.

Увогуле, у якую б пару года і ў які дзень вы б сюды ні зайшлі, неспакойны студэнцкі тлум напаткаеце заўсёды. Канчаюць займацца студэнты стацыянарнага аддзялення, прыязджаюць завочнікі. Вечарам аўдыторыі і карпусы належаць «вячэрнікам» — тым студэнтам-мінчанам, што сумяшчаюць работу з вучобай.

Я зноў хачу прывесці невялікую даведку. Перада мной кніжка «Дзесяць год Беларускага дзяржаўнага універсітэта», выдадзеная ў 1931 годзе. З гэтай кніжкі можаш даведацца, што ў першым для нашага універсітэта 1921/1922 навучальным годзе студэнтаў было 1126, у 1925/1926 — 2550, у 1930/1931 — 2585. Няхай лічбы гавораць самі за сябе: 1126 у 1921 годзе і амаль 14 000 у 1968!

За 47 гадоў свайго жыцця універсітэт бачыў некалькі студэнцкіх пакаленняў. Што азначае 47 гадоў дзейнасці універсітэта, хачу праілюстраваць адным, на маю думку, паказальным прыкладам. Летась мне давялося прымаць уступны экзамен у дзяўчынкі, якая сказала, што БДУ закончылі яе маці і дзед. Дзеда дзяўчынка бачыла толькі на фота, быў ён настаўнікам і загінуў у Айчынную вайну, маці скончыла універсітэт у 1948 годзе, а цяпер вось займаецца ва універсітэце трэцяе пакаленне гэтай сям’і.

БДУ, Белпедтэхнікум — калыскі беларускай савецкай навукі і культуры! Менавіта сюды хлынула грамада абуджанай Кастрычнікам вясковай, гарадской моладзі, прыйшлі ўчарашнія чырвонаармейцы, якія змагаліся з ворагам на франтах грамадзянскай вайны, і партызаны-паўстанцы. У ліку тых першых беларускіх «вузаўцаў» былі, напрыклад, вядомыя беларускія пісьменнікі Кандрат Крапіва, Кузьма Чорны, Міхась Зарэцкі, быў і сённяшні рэктар універсітэта А. Сеўчанка.

Варта сказаць, што БДУ пачаў жыццё ў складзе трох факультэтаў: грамадскіх навук, медыцынскага і рабфака, адчыненага раней — туды паступалі людзі, якія не мелі сярэдняй адукацыі. Праз некалькі гадоў факультэтаў ужо было сем — прыбавіліся педагагічны, народнай гаспадаркі, хіміка-тэхналагічны і савецкага будаўніцтва і права.

У пачатку 30-х гадоў на базе факультэтаў універсітэта былі створаны самастойныя інстытуты — політэхнічны, народнай гаспадаркі, медыцынскі і педагагічны.

...Падымемся, сябры, на чацвёрты паверх галоўнага універсітэцкага корпуса. Тут на стэндах перад уваходам у актавую залу вісяць партрэты найбольш відных прадстаўнікоў беларускай навукі і культуры, якія ў свой час былі студэнтамі БДУ.

Тут мы ўбачым пісьменнікаў Броўку і Глебку, фізіка прафесара Фёдарава, прафесара медыцыны Голуба і інш.

Сярод сённяшніх прафесараў, дацэнтаў і выкладчыкаў універсітэта таксама нямала ўчарашніх студэнтаў, асабліва тых, што скончылі вучобу ў цяжкія пасляваенныя гады. Дзіўнае было гэта пасляваеннае пакаленне студэнтаў. На першым курсе сядзелі хлопцы, з якіх рэдка каму было меней як дваццаць гадоў — з абветранымі тварамі, у гімнасцёрках, палапленых пінжаках, з калодачкамі вайсковых і партызанскіх узнагарод.

Дзяўчаты былі не маладзейшыя, іх таксама кранула чорным крылом вайна, дый самі дзяўчаты ваявалі — у партызанах і на фронце, жылі ў спаленых вёсках, у разбураных, зруйнаваных гарадах.

Універсітэта, усіх тых будынкаў, якія мы нядаўна бачылі, амаль не было. Стаялі задымленыя, з пустымі праваламі акон каробкі, і дзеючых будынкаў было толькі два — стары фізмат (той самы цагляны, мінулага веку будынак, што стаіць упрытык да фізічнага корпуса) і хімфак, дзе быў студэнцкі інтэрнат. А вучоба ішла. Студэнты расцякаліся па аддаленых мінскіх школах, садзіліся за нізенькія парты першакласнікаў. Канчалі займацца школьнікі, і пачыналі студэнты...

А на станцыі Сходня, пад Масквой, дзе некаторы час працаваў Беларускі дзяржаўны універсітэт, умовы былі яшчэ цяжэйшыя. Выкладчыкі і студэнты разам пілавалі дровы, каб хоць трохі абагрэць астылыя памяшканні і пакойчыкі.

Цяпер пройдзем па доўгіх, бясконцых анфіладах універсітэцкіх калідораў. Лабараторыі, кафедры, кабінеты, зноў лабараторыі. За дзвярыма некаторых з іх ледзь чутна гудуць апараты, ля прыбораў схіліліся вучоныя, інжынеры, даследчыкі. БДУ — гэта не толькі вучоба студэнтаў, падрыхтоўка спецыялістаў для многіх галін народнай гаспадаркі і культуры, гэта яшчэ і навука, якая ў сённяшнім жыцці стала магутнай рухаючай сілай. Пастановай Савецкага ўрада Беларускі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга універсітэт імя У. І. Леніна ўключан у лік 25 ВНУ краіны, якія прызнаны вядучымі ў галіне навукі.

Вось і цяпер вучоныя універсітэта займаюцца распрацоўкай мнагапультавай сістэмы для інжынерных разлікаў і праграміраванага навучання, стварэннем аналізатара для дыягностыкі сардэчна-сасудзістых і псіхічных захворванняў, праблемамі фізіка-механічных уласцівасцей, біялагічнай трываласці хімічных валокнаў, праблемамі спектраскапіі, сацыялогіі і г. д. Няма магчымасці назваць хоць бы некаторых буйнейшых спецыялістаў, якія працуюць ва універсітэце, робяць — не пабаімся сказаць гэтага слова — адкрыцці. Тут каля тысячы выкладчыкаў, дацэнтаў, прафесараў!

Заняткі даследчай працай спрыяюць росту навуковых кадраў. Малады вучоны-фізік Л. Валадзько стаў буйнейшым спецыялістам у галіне атамнай і малекулярнай спектралогіі, доктарам навук. Другі, яшчэ маладзейшы фізік, В. Ткачоў таксама абараніў доктарскую дысертацыю, чытаў курс па развіцці навукі і тэхнікі паўправаднікоў для вучоных усяго Саюза — спецыялістаў у гэтай галіне, а нядаўна вярнуўся з Токіо, дзе чытаў такі ж курс ва універсітэце. Выдатныя адкрыцці ў галіне алгебры і тыпалогіі зрабіў дваццацівасьмігадовы доктар навук, прафесар У. Платонаў. Прыклады можна б было прыводзіць яшчэ і яшчэ.

У наш тэхнічны век гуманітарыі, «лірыкі», як сказаў аднойчы паэт, як бы саступілі месца прадстаўнікам дакладных навук — «фізікам». Але мне хочацца сказаць, што і універсітэцкія гуманітарыі — філосафы, гісторыкі, юрысты, літаратуразнаўцы, моваведы не ўдарылі тварам у гразь. Я назаву толькі некалькі прозвішчаў вучоных гуманітарнага профілю, чые працы і кнігі шырока вядомы ў рэспубліцы. Шматлікае наша студэнцтва ведае прафесараў філасофіі І. Лушчыцкага і В. Сцяпанава, гісторыкаў Л. Абецадарскага, У. Сікорскага, Г. Ліўшыца, літаратузнаўцаў М. Ларчанку, Ф. Куляшова і Л. Фіглоўскую, моваведаў М. Жыдовіч, М. Жыркевіча, М. Булахава і Л. Шакуна.

З дзён свайго ўзнікнення і да нашага часу непарыўнымі ніцямі звязан універсітэт з беларускай літаратурай. Можна сказаць, што кожнае пакаленне студэнтаў дало сваіх «паўпрэдаў» у беларускую літаратуру.

Першымі былі Кандрат Крапіва, Кузьма Чорны, Міхась Зарэцкі, Андрэй Александровіч, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Алесь Якімовіч, Янка Скрыган і іншыя, сёння ўжо старэйшыя нашы пісьменнікі.

Кандрат Кандратавіч Крапіва прыйшоў ва універсітэт амаль у трыццацігадовым узросце, пабыўшы на імперыялістычнай вайне і паваяваўшы ў якасці чырвонага камандзіра на вайне грамадзянскай. Тады, калі вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака, быў ён ужо вядомым паэтам-сатырыкам і байкапісцам. Выйшлі славутыя яго зборнікі «Асцё», «Крапіва», паэмы «Хвядос — чырвоны нос» і «Біблія».

З ліку тых, хто належаў да пасляваенных студэнтаў, таксама выйшла нямала вядомых літаратараў. Іван Мележ прыйшоў ва універсітэт яшчэ ў Сходні: пасля цяжкай раны яго звольнілі з арміі. Быў Іван Мележ студэнтам і адначасова выкладчыкам — навучаў вайсковай справе дзяўчат-студэнтак (хлопцы па ваенным часе там, у Сходні, былі лічаныя). Рыгор Шкраба, Мікола Лобан, Вера Палтаран — таксама студэнты- « сходненцы ».

З першых пасляваенных выпускаў БДУ, з ліку студэнтаў, што самі аднаўлялі разбураныя універсітэцкія карпусы, прыйшлі ў літаратуру Мікола Аўрамчык, Уладзімір Шахавец, Алесь Адамовіч, Навум Кіслік, Іван Кудраўцаў, пазней — Уладзіслаў Нядзведскі, Ніл Гілевіч, Алег Лойка, Уладзімір Дамашэвіч, а яшчэ пазней, у канцы пяцідзесятых гадоў — новае папаўненне: Іван Пташнікаў, Рыгор Барадулін, Барыс Сачанка, Міхась Стральцоў, Іван Чыгрынаў, Генадзь Бураўкін, Юрась Свірка, Кастусь Цвірка і многія іншыя.

«Кузня» літаратурных кадраў, вядома — філфак і факультэт журналістыкі, але ёсць і выключэнні. Уладзімір Шахавец, напрыклад, скончыў фізмат, а малады паэт Іван Ласкоў — хімічны факультэт. І сёння універсітэцкае літаратурнае аб’яднанне «Узлёт», якое рыхтуе да друку чацвёрты калектыўны зборнік, наведваюць студэнты розных факультэтаў.

У тым, што наша рэспубліка стала рэспублікай суцэльнай пісьменнасці, што яна мае вялікія навуковыя кадры, выдатную літаратуру, неацэнная роля БДУ імя Леніна, правафланговага беларускай навукі і культуры, які ідзе насустрач свайму не такому ўжо далёкаму пяцідзесяцігоддзю.

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 108-113
Крыніца: скан