epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Пры апошняй сустрэчы

Сёлетняй вясной мне разам з нашым выкладчыкам нямецкай мовы Пятром Пятровічам прыйшлося выконваць даручэнне па мясцкомаўскай лініі. Нас паслалі выбраць мясціну для маёўкі — улонне прыроды, дзе б стомленыя за год лекцыямі, канспектамі, нарадамі і сходамі выкладчыкі тэхнікума адпачылі. Добрую мясціну мы знайшлі — з салаўямі, рэчкай і адносна невялікай колькасцю камароў. Я нарваў кураслепу, Пятро Пятровіч забіў гадзюку, якая прыгрэлася на вясновым сонцы. Але часу да прыходу аўтобуса, маршрут якога ляжаў праз гэтыя мясціны, яшчэ заставалася многа.

Пятро Пятровіч старэйшы за мяне. Як педагог, ён строгі і патрабавальны. У гэтым мне прыйшлося пераканацца. Не раз я заўважаў, што на маіх уроках хто-кольвечы са студэнтаў рыхтаваў нямецкую мову. Мая заўвага дапамагала ў такіх выпадках не заўсёды: наступны ж урок — нямецкая мова.

На першамайскай дэманстрацыі я бачыў на грудзях у Пятра Пятровіча дзве калодкі ордэнаў Чырвонага Сцяга. За абы-што такіх узнагарод не даюць. Мне даўно хацелася запытацца ў свайго старэйшага калегі пра яго баявыя прыгоды, але ніяк не было зручнага выпадку. Сёння ж мая цікаўнасць была задаволена цалкам.

Мы ляжым на зялёнай мураве непадалёку ад развілкі дарог, дзе стаяць слупы з указальнікамі. Над намі ціхая засень бяроз, сіняе неба, па ім плывуць белыя купкі воблачкаў. Мы адпачываем ад гарадскога тлуму і мітусні, дыхаем свежым лясным паветрам, слухаем пераклічку вясёлых драздоў.

Я разгортваю газету, якую прывёз з сабою. «Чытай уголас»,— просіць Пятро Пятровіч. Я чытаю спачатку навіны дня, а пасля надрукаваную на апошняй старонцы заметку, якая паведамляе, што ў заходнегерманскі гарадок Андэрнах прывезлі першую партыю зброі з-за акіяна, што там спешна будуюць новыя казармы і што Гансу Пупке, жыхару гэтага гарадка, у хуткім часе прыйдзецца плаціць яшчэ большыя падаткі, а яго гандаль пойдзе яшчэ горш...

— Ну, дык як ты думаеш, што ж скажа нарэшце твой Ганс Пупке? — пытае Пятро Пятровіч.

— Чаму мой? — крыўджуся я.— Я яго ніколі ў вочы не бачыў...

— Ды ты не злуй. Гэта, можа, і лепш, што ты не бачыў. А я, брат, бачыў. Хочаш, раскажу табе пра аднаго такога Ганса Пупке?

Пятро Пятровіч ляжыць на спіне, падклаўшы рукі сабе пад галаву.

— Дык вось слухай. Толькі я пачну з самага пачатку, каб табе было зразумела. Перад вайной я закончыў інстытут і адзін год працаваў настаўнікам. Толькі выкладаў не нямецкую мову, а біялогію. Я ж біёлаг па спецыяльнасці, а мовазнаўцам мяне зрабілі пасля вайны. Праўда, нямецкую мову я ведаў яшчэ з маленства, потым у інстытуце падвучыў яшчэ.

Рос я без бацькі і гадоў да чатырнаццаці карміўся ў аднаго немца-хутараніна — батрачыў у яго разам са сваёй маці. Пасля саўгас у нас арганізаваўся, паступіў я ў камсамол, у час калектывізацыі трыбушыў гэтага самага свайго «апекуна». Па камсамольскай пуцёўцы паслалі мяне на рабфак. Маё пакаленне поўных дзесяцігодак, як вы, не канчала.

Пасля рабфака, тры гады папрацаваўшы ў саўгасе, я паступіў у інстытут, а закончыў яго, калі мне ішоў трыццаты год. Пачаў працаваць, справіў сабе першы касцюм, задумаў жаніцца — прызвалі ў армію. Праслужыў год — вайна...

Мне не пашанцавала ў першы ж дзень вайны — ледзь у палон не трапіў. У тую ж раніцу, як пачаў фашыст вайну, драпнула мяне асколкам у нагу каля Брэста, і я адстаў ад сваіх.

Сяджу, брат, у нейкім хляве і паглядаю праз шчыліну, як смела ідуць па нашай зямлі фашысты. З закасанымі рукавамі, вясёлыя, рагочуць. Ідуць дзень і ноч, здаецца, і канца не будзе гэтай зялёнай навалачы. Ніколі, брат, не забуду таго хлява. Яны ідуць, гарлапаняць песні, а я на сваёй зямлі хаваюся, як крот, і душаць мяне слёзы бяссільнай злосці. Не ведаю, як усё гэта вытрымаў, але неяк вытрымаў. Падлячыўся крыху — і ў дарогу...

Па дарозе на ўсход набралася такіх, як я, чалавек дванаццаць. Ідзем лясамі, і няма сярод нас ніводнага здаровага чалавека. Хто ў руку ранены, хто ў нагу, хто ў галаву. Ідзем ноччу, а днём ляжым у жыце, жуем жытняе зерне, шукаем шчаўе. І ведаеш, што больш за ўсё запомнілася мне з усяго нашага паходу: светлячкі і верш Някрасава «Забытая деревня». Ноччу мільёны гэтых светлячкоў параскіданы па лесе, нібы нейкія зоркі. Я біёлагам быў, ды гэтага раней не бачыў. А адзін баец маладзенькі, ён з намі тры дні ішоў, усю дарогу дэкламаваў: «У бурмистра Власа бабушка Ненила починить избенку лесу попросила...» Просім яго — кінь, без цябе нявесела, а ён цягне і цягне... Памёр ён хутка, паранены быў у галаву.

Дык вось, брат, кіламетраў чатырыста прайшлі мы. Абадраліся, абраслі, як звяры... Затое ж і злосці набраліся на немцаў! Ці лёгка быць валацугам, баяцца кожнага куста на роднай зямлі. Ну, думаю, хіба не дайду да сваіх! Але дайшоў, дайшло нас шэсць чалавек. Перавёз нас цераз Дняпро каля Лоева аднаногі дзядок і перахрысціў: ідзеце, сынкі, ды хутчэй вяртайцеся. Неўзабаве пасля гэтага і са сваімі сустрэліся.

Тут пайшлі справы звычайныя. Падлячыўся крыху, потым ваяваў. Камандзірам узвода мяне прызначылі. Паранены быў і зноў трапіў на фронт. Думаў часта пра той дзень, калі ступлю на родную зямлю. Хацеў пабачыць сваімі вачыма, як будуць уцякаць фрыцы. Расквітацца мне з імі вельмі хацелася і за тое, што ў хляве сядзеў, і што галодны бадзяўся па лясах...

Можа б, так звычайна і праваяваў, каб не гэтая нямецкая мова. Байцы майго ўзвода неяк даведаліся, што я разумею па-нямецку. Патрыбушым дзе-небудзь фашыстаў, і цягнуць яны да мяне розныя пакуначкі, флакончыкі — прачытай, што гэта за такі эрзац і ці можна яго спажываць. Дайшло і да начальства, што я ведаю нямецкую мову.

Выклікае мяне аднойчы маёр з дывізійнай разведкі. «Нямецкую мову ведаеш?» — «Ведаю». «Добра ведаеш?» — «Добра». Пагаварыў, распытаў, хто я, адкуль.

А яшчэ праз колькі часу забралі мяне з нашай часці. Паслалі вучыцца.

Вясной сорак трэцяга года скінулі нас, групу ваенных разведчыкаў, з самалёта на беларускую зямлю. Начальнікам у нас быў спрактыкаваны чалавек, капітан, ён ужо другі раз ляцеў у тыл...

На шашы загула машына. Пятро Пятровіч падхапіўся і стаў збірацца. Я ж у душы лаяў гэтую машыну, пакуль яна не з’явілася на павароце. Слава богу, не наша...

— Ну што ж, як і трэба было, трапілі мы да партызан. Усіх карт ім не раскрывалі: у нас была свая задача. Хадзілі, прыглядаліся да людзей, знаёміліся з мясцовасцю. Больш за ўсё нас цікавіла чыгунка. Тая самая чыгунка, па якой я некалі ехаў у армію (Гомель — Брэст) і якую мне прыйшлося перапаўзаць на жываце ў сорак першым, хаваючыся ад фашыстаў.

Фашысты рыхтавалі наступленне на Курскай дузе, і нашаму камандаванню трэба было ведаць, якія рэзервы яны падцягваюць на фронт, што і колькі вязуць. Вядома, нам трэба было працаваць так, каб усяго гэтага даехала да фронту як мага менш...

Седзячы ў лесе, убачыш не вельмі многа. Трэба было ісці туды, у самую зяпу фашыстаў. Гэтую задачу ўсклалі на мяне і яшчэ на аднаго разведчыка, які таксама гаварыў па-нямецку.

Начальнік падзяліў паміж намі ўчасткі чыгункі, і мы пайшлі.

Мяне звязалі з адным нашым чалавекам, падпольшчыкам, які жыў у невялікім чыгуначным гарадку. Ад яго я і пачаў сваю новую службу. З тыдзень прасядзеў я на гары ў свайго гаспадара, наладзіў некалькі патрэбных сувязей, размеркаваў абавязкі і вывучаў немцаў, як і ў першыя дні вайны, пакуль што праз шчыліну. Праўда, мне здалося, што цяпер яны ходзяць па нашай зямлі не так ужо ўпэўнена...

Нарэшце я вылез са свайго сховішча. Дакументы ў мяне былі ў парадку, з усімі патрэбнымі арламі, касцюм зусім адпавядаў маёй службовай пасадзе паўнамоцнага агента па нарыхтоўцы скураной сыравіны і пушніны фірмы Эрыха Фідлера і К°. Такая фірма сапраўды была недзе, аж у Лейпцыгу. Толькі, каб пазбегнуць прыдзірлівых позіркаў вайскоўцаў, мне прыходзілася на левай руцэ насіць чорную пальчатку і выдаваць яе за анямелую. Але ў гэтым я напрактыкаваўся хутка.

Мая новая служба пайшла нядрэнна з самага пачатку. Наконт пушніны мяне і слухаць не хацелі. Нямецкія чыноўнікі з сельскагаспадарчых камендатур з таямнічым выглядам паведамлялі мне, што мясцовае насельніцтва цяпер займаецца паляваннем не на зайцаў, а на іх, немцаў. Яны раілі мне быць асцярожным.

На скураную сыравіну я заключаў кантракты і, не шкадуючы, частаваў маіх будучых пастаўшчыкоў цыгарэтамі. Вядома, падоўгу заставацца на адным месцы я не мог. Але гэта спачатку мне якраз і было патрэбна. Я аб’ехаў некалькі станцый, пабываў на дадзеных мне яўках, звязаў новых разведчыкаў з нашай групай. Тады вярнуўся зноў у лес.

Работу, брат, мы разгарнулі цікавую. Можа, чытаў калі ў зводках, як наша авіяцыя бамбіла ў сорак трэцім скапленні воінскіх эшалонаў у Гомелі, Бранску? Дык была там кропля і маіх клопатаў. Яшчэ эшалон не дайшоў да Гомеля, а ў Маскве ўжо ведалі, чым ён гружаны, што ён вязе. Бывалі выпадкі, калі эшалон загараўся на хаду або ўзрываўся немаведама ад чаго. Гэта таксама часта было справай нашых рук.

Пасля таго як наладзілі работу, займацца «нарыхтоўкай пушніны» мне ўжо нельга было. Дзякуючы сувязям з падпольшчыкамі, я прыладзіўся на невялікай станцыі рамонтным рабочым. За немца я сябе тут ужо не выдаваў. Але такі лёс разведчыка: прыходзіцца ўвесь час мяняць скуру.

Нямецкае наступленне на Курск правалілася, а нашы войскі занялі ўжо і Арол, і Бранск, падыходзілі да Гомеля. Сядзець на месцы ў такі час не выпадала, і я чакаў новага прызначэння. Фашысты спяшаліся пабольш вывезці дабра: адчуваючы размах нашага наступлення, адводзілі на новыя рубяжы тэхніку і войскі.

Вось тут са мной і здарыўся выпадак, дзеля якога я і пачаў усю размову.

Аднойчы праз сувязнога я атрымаў загад неадкладна з’явіцца на адзін буйны чыгуначны вузел, які знаходзіўся кіламетраў за шэсцьдзесят на захад ад маёй станцыі. Загад быў тэрміновы.

Я пераапрануўся ў форму нямецкага чыгуначніка і, схаваўшыся ў напаўразбітым вагоне, стаў чакаць эшалон, які б ішоў на захад. Чакаць прыйшлося доўга.

І вось на станцыю прыбыў патрэбны мне састаў. На адкрытых платформах стаялі гарматы, у вагонах поўна салдат. Эшалон быў небяспечны, гэта я добра ведаў. За такім эшалонам сачылі і партызаны: магчыма, пад якім-небудзь вагонам падвесілі магнітную міну нашы ж хлопцы.

Але выбіраць не прыходзілася. У нямецкім адзенні мяне на гэтай станцыі маглі пазнаць, і трэба было спяшацца. Калі эшалон даў гудок адпраўлення, я ўскочыў у тармазную будку і лёгка загаварыўся з вартавым, які хадзіў па платформе. Ён толькі спытаў, куды я еду, і адразу перастаў мной цікавіцца.

І вось мы едзем. Я стаю ў тамбуры, ён — на адкрытай пляцоўцы. Быў ужо верасень, дрэвы стаялі ў першай асенняй пазалоце, але было яшчэ досыць цёпла. Сям-там паблізу ад чыгункі жанчыны капалі бульбу. І вось гляджу я: мой немец махае кожнай жанчыне пілоткай, кланяецца і крычыць на ламанай рускай мове: «Да свідання, матка, нікагда больш не ўвідымся». І гэтак на ўсім шляху, пакуль мы ехалі.

У развітальных крыках немца было столькі сапраўднай радасці, што я ўсё зразумеў. Ён, гэты немец, радаваўся таму, што пакідае нашу зямлю, што ўцякае далей ад пекла, якое зазнаў, ваюючы на чужой зямлі...

І ўспомніў я, брат, сорак першы год, шчыліну ў хляве, праз якую назіраў урачысты марш вясёлых, самаўпэўненых немцаў. Што, вылезла наша зямля бокам!.. Я дачакаўся той хвіліны, калі ўбачыў ворага, які радаваўся, што ўцякае ад нас. Эшалон ішоў на Брэст...

Але тут здарылася тое, чаго я баяўся з самага пачатку і пра што забыўся, назіраючы за немцам. Мы праязджалі паляну, зарослую нізкарослым чэзлым хмызам. Наперадзе быў лясок. І раптам уперадзе грымнула. Паравоз ахутаўся белым воблакам пары, платформы палезлі адна на другую, хоць эшалон і рухаўся, як чарапаха. З хмызу і ляска застракаталі кулямёты.

Я сігануў з прыступак у адхон і ўваліўся ў нейкую высахлую копанку. Услед за мной туды, як мяшок, упаў і мой немец. Ён калаціўся ўсім целам, у яго ляскалі зубы, і мне стала брыдка, хоць і маё становішча было невясёлым.

Але мне зусім не хацелася паміраць ад партызанскай кулі разам з немцам. Ён нешта шаптаў пра сваю сям’ю, развітваўся з дзецьмі. І, паверыш, мне стала шкада гэтага немца. У мяне не паднялася рука забіць яго, хоць яшчэ ішла вайна, хоць мне самому трэба было выкручвацца са становішча, у якое я трапіў. Я сунуў пад нос немцу пісталет, забраў яго аўтамат і папоўз. Партызаны яшчэ стралялі...

Вось я і расказаў табе выпадак, што здарыўся аднойчы са мною. Я часта цяпер думаю, ці правільна зрабіў, што не забіў таго немца. Вось ты прачытаў пра Ганса Пупке, можа, гэта самы немец і ёсць Ганс Пупке. Дык як ты думаеш, захоча ён яшчэ раз апрануць вайсковую форму, захоча ваяваць?

— Не, не захоча, Пятро Пятровіч,— пераканальна сказаў я.— Той Ганс Пупке ніколі не захоча.

Я ўпершыню ўбачыў лёгкую сівізну на скронях майго старэйшага калегі, убачыў, які валявы, энергічны ў яго профіль.

Хутка прыйшоў наш аўтобус.

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 338-344
Крыніца: скан