epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Птушкі любяць волю

Усе апошнія дні Алёшка ставіць пасткі на сініц. Пасткі вядома якія — знізу збітая з дошак невялікая скрыначка, зверху такая ж накрыўка, а ўсярэдзіне жалабок, на які трэба насыпаць круп. У жалабку робіцца зазорчык, куды ўстаўляецца язычок, прывязаны ніткай да накрыўкі. Пастка стаіць на хляве. Птушкі бачаць крупы і лезуць іх дзяўбці. Але варта ім дзюбкай дакрануцца да жалабка, як язычок адскаквае і накрыўка захлопваецца.

Праўда, не ўсе птушкі даверлівыя. Найбольш паддаюцца на прынаду сініцы. Хітры верабей скача вакол пасткі, зазірае, скасавурыўшыся, унутр, ды лезці ў небяспечную скрынку не адважваецца. Алёшка толькі аднаго разу злавіў вераб’я. А ўчора трапіла ў пастку мышка. Нягледзячы на тое, што ў скрынцы было цёмна, яна з’ела ўсе крупы і, стуліўшыся ў куточку, спакойна пазірала на Алёшку сваім вочкам-бісерынкай, калі ён ледзь-ледзь прыўзняў накрыўку.

Сініц Алёшка выпускае. Яму проста прыемна патрымаць у руках далікатнае стварэнне, якое без нічыёй дапамогі ўмее лятаць і, апынуўшыся на волі, пачынае цінькаць яшчэ весялей. Толькі вельмі палохаюцца птушкі, калі Алёшка вымае іх з пасткі: іх маленькае сэрца б’ецца так часта, што, здаецца, вось-вось выскачыць з грудзей.

Алёшка і мыш выпусціў, хоць ведае, што мышы шкодныя. Яны точаць у зямлі норы, сцягваюць туды ўсялякае дабро. Але Алёшкава пастка стаіць на самым вільчыку хлява, і калі мыш жыве ў страсе, у саломе, то ніякай асаблівай шкоды яна не робіць. Ну, можа, паточыць трохі сена, дык карова і такое з’есць.

Вяртаючыся са школы, Алёшка яшчэ з вуліцы бачыць, трапіла што ў пастку ці не. Калі накрыўка зачынена, ён нават у хату не забягае — лезе на хлеў.

Алёшка вельмі хацеў бы, каб птушкі прыжыліся. Ён карміў бы іх просам, мушкамі, чарвякамі. У Колі Юзафовіча, які жыве ў каменнай будцы ля чыгуначнага пераезда, ёсць два дзікія галубы-туркалікі. Іх яшчэ летам, калі яны былі ў стрэлках, прынёс з лесу старэйшы Колеў брат Янка. Ужо ў будцы галубы пакрыліся пер’ем, у іх выраслі крылы, яны навучыліся есці хлеб, бульбу, дзяўбці зярняты.

Калі Алёшка прыходзіць у будку да Колі, ён вачэй не можа адвесці ад шастка, на якім, распушыўшы веерам прыгожыя шэра-белыя хвасты, сядзяць туркалікі. Іншы раз яны лятаюць па хаце, садзяцца на палічку, на спінку ложка, на акно. І кот іх не чапае.

Але галубоў такой пасткай, якая ёсць у Алёшкі, не зловіш. У яе нават звычайная сарока не палезе.

Тым часам надышла позняя восень. З раніцы, калі Алёшка ідзе ў свой трэці клас, над ваколіцай-балачанкай вісіць густы туман, які напаўзае на агароды. Ужо і капусту ссеклі, і кароў не гоняць на пашу — яны адны, без пастуха вандруюць па пустых агародах.

Алёшка чакае зімы. Зімой ён будзе лавіць снегіроў. Ён ведае, як гэта рабіць: трэба падперці палачкай звычайнае карыта, пад яго насыпаць зярнят, а ад палачкі працягнуць шнурок у сенцы. Пазірай у шчыліну, як толькі снягір падлезе пад карыта, тузай за шнурок...

Нарэшце і першы снег выпаў. Прыбегшы са школы, Алёшка накідаў перад сенцамі трохі хлебных крошак, каб прынадзіць снегіроў, а сам узяўся віць з белых нітак шнурок. Шнурок трэба доўгі і непрыкметны, каб птушкі не адчулі небяспекі.

Якраз у гэты час у хату зайшоў дзядзька Пятро. Алёшка адразу кінуў свой занятак, бо дзядзька жыве далёка, у другім раёне, бывае ў іх рэдка і наогул Алёшка яго надта паважае.

— Што гэта ты рабіў? — нагаварыўшыся з бацькамі, спытаў дзядзька ў Алёшкі.

— Рыхтую пастку на снегіроў. Сягоння я ўжо аднаго бачыў.

— Навошта табе снегіры?

«Як навошта?» — Алёшка нават зніякавеў ад дзядзькавага пытання. Няўжо дзядзька Пятро, які так доўга вучыўся, а цяпер працуе галоўным аграномам у саўгасе, не разумее, што снегіры — вельмі прыгожыя птушкі, у іх чырвоныя грудкі, якія гараць, нібы агонь. Патрымаць такую птушку ў руках — вялікая радасць. А як хлопцы будуць зайздросціць, калі Алёшку ўдасца злавіць снегіра!

Уголас Алёшка адказаў:

— Я люблю птушак. Лаўлю, а потым выпускаю.

Дзядзькаў твар спахмурнеў.

— Не бачу, брат, што любіш. Вось зловіш снегіра, выпусціш, а ён усё адно будзе баяцца людзей і на двор не прыляціць. Можа загінуць зімой ад бяскорміцы. А летам птушка — памочнік чалавеку. Яна знішчае шкодных жучкоў, чарвякоў, насякомых. Без птушак даўно б загінулі і лес і поле...

Ад крыўды Алёшка ледзь не заплакаў.

— Дык ёсць жа людзі, якія трымаюць птушак у няволі,— сказаў ён.— У Колі лясныя галубы-туркалікі ў хаце жывуць, у Грышкі Краўца пеўчы шчыгол сядзіць у клетцы, і ніхто ім нічога не гаворыць. Я ж выпускаю птушак...

Дзядзька ўсміхнуўся:

— Ты правільна сказаў пра няволю. Але я прашу цябе — не палохай птушак, не лаві іх пасткамі. Пачакай, вясной я прыеду, прывязу свойскіх галубоў. Калі ты іх будзеш любіць, то яны цябе палюбяць таксама.

Алёшка з нецярпеннем чакаў вясны, а вясной дзядзька Пятро слова спраўдзіў — прывёз пару прыгожых галубоў-турманаў. Галубы жылі ў драўлянай скрынцы на гарышчы, вуркаталі, елі хлеб, бульбу, а на двор выляталі праз прарэзанае акенца.

Да восені, калі Алёшка пайшоў у чацвёрты клас, галубоў ужо было шэсць, яны вывеліся там жа, у драўлянай скрынцы, зрабіўшы з хварасцінак і пакулля ледзь прыкметнае гняздзечка.

Маладых галубоў Алёшка вучыў лятаць. Стоячы на гарышчы, ён выпускаў іх з рукі, і яны, расправіўшы крылы, рабілі спачатку нясмелыя кругі над дваром, а потым усё вышэй і вышэй узнімаліся ў неба...

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 529-531
Крыніца: скан