epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Птушкі між маланак

АКТ ПЕРШЫ
  КАРЦІНА ПЕРШАЯ
  КАРЦІНА ДРУГАЯ
  КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ
  КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ
АКТ ДРУГІ
  КАРЦІНА ПЯТАЯ
  КАРЦІНА ШОСТАЯ
  КАРЦІНА СЁМАЯ
  КАРЦІНА ВОСЬМАЯ
  КАРЦІНА ДЗЕВЯТАЯ
АКТ ТРЭЦІ
  КАРЦІНА ДЗЕСЯТАЯ
  КАРЦІНА АДЗІНАЦЦАТАЯ
  КАРЦІНА ДВАНАЦЦАТАЯ
  КАРЦІНА ТРЫНАЦЦАТАЯ
  КАРЦІНА ЧАТЫРНАЦЦАТАЯ
  КАРЦІНА ПЯТНАЦЦАТАЯ
  КАРЦІНА ШАСНАЦЦАТАЯ
  КАРЦІНА СЕМНАЦЦАТАЯ
  КАРЦІНА ВАСЕМНАЦЦАТАЯ
  КАРЦІНА ДЗЕВЯТНАЦЦАТАЯ
  КАРЦІНА ДВАЦЦАТАЯ
  КАРЦІНА ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШАЯ


 

Дзеючыя асобы:

Багун Гаўрыла Кандратавіч — партызанскі камандзір, 35 гадоў.

Мураш Іван Іванавіч — кіраўнік гарадской падпольнай групы, 30 гадоў.

Паліна Паўлаўна Салавей — урач, 27 гадоў. Міця-фінагент — былы студэнт, 23 гады.

Піскун — манцёр, 20 гадоў.

Аўдоцця Данілаўна — маці Мураша, 55 гадоў.

Ірына Васільеўна Турбіна — перакладчыца, былая студэнтка, 23 гады.

Прафесар Ямпольскі — 60 год.

Горлічак — саветнік па культуры, 30 гадоў.

Шпіц — адстаўны маёр авіяцыі, ляснічы акругі, 60 гадоў. Рамашкевіч — чалавек без пэўных заняткаў, 30 гадоў.

Галя — сувязная, былая студэнтка, 22 гады.

Галя — радыстка, 19 гадоў.

Вольф — начальнік гарадскога СД, 40 гадоў.

Дзуля — вольная жанчына, 35 гадоў.

Сынклета-самагоншчыца — гандлярка, 45 гадоў.

Блаз — рэдактар гарадской газеты, 30 гадоў.

Нямецкі лейтэнант — 35 гадоў.

Рэгуліроўшчык на пароме — 30 гадоў.

Нямецкія салдаты, эсэсаўцы, службоўцы СД, паліцэйскія.

 

АКТ ПЕРШЫ

Падзеі адбываюцца ў адным з прырэчных беларускіх гарадоў летам і восенню 1943 года ў час нямецкай акупацыі.

 

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Рака. Паром. Відаць бетонныя быкі і апушчаныя ў ваду фермы ўзарванага моста. На правым, стромым беразе — горад. Уверх па касагоры карабкаюцца крывыя вулачкі прадмесця. За ракой, па левы бераг, асмужаны прастор сенажацяў, далёкая сіняя палоска лесу. Перад паромам чарга. Галя-сувязная намерваецца прашмыгнуць міма рэгуліроўшчыка.

Рэгуліроўшчык. Хальт!

Галя-сувязная. Паночак даражэнькі, ці я тут першы раз? Яйкі ў горад нясу.

Рэгуліроўшчык. Жанчына, ты многа гаворыш. Дакумент!..

Галя-сувязная. Калі ласачка. Вот пропуск. Яшчэ і спраўка ад старасты ёсць.

Рэгуліроўшчык (чытае пропуск). Ты з Борак? Лясныя бандыты знішчылі там цэлы нямецкі ўзвод. Ты ідзеш у горад з даручэннем партызан?

Галя-сувязная. Пабойцеся бога, паночак даражэнькі. Вы ведаеце, мабыць, другія Боркі. У нашых — паліцыя, стараста. Ніякіх партызан у вочы не бачылі. Ціха, мірна жывём, працуем...

Рэгуліроўшчык. За ракой ноччу гарэла. Зарыва было на паўнеба.

Галя-сувязная. Гэта ў Засулічах. У тым баку стралялі.

Рэгуліроўшчык. Што ў кошыку?

Галя-сувязная. Самі паглядзіце. Солі трэба разжыцца. Каб не соль, мы б зусім у ваш горад не хадзілі (кладзе ў кішэню вартавога кавалак сала). Несалёнае есці не будзеш.

Рэгуліроўшчык. Лістоўкі партызанскія дзе хаваеш? Можа, тут? (Намерваецца палапаць дзяўчыну за грудзі.)

Галя-сувязная. Пабойся бога, паночак. Дома, мабыць, жонка, дзеці. Ці можна думаць пра такое?

Рэгуліроўшчык. Можна. У вайну кожны карыстаецца момантам. Бо заўтра шчаслівага моманту можа не быць (Прасоўвае руку ў кішэнь, куды Галя паклала сала.) Ідзі, жанчына!..

Галя-сувязная. Дзякуй, паночак (узыходзіць на паром). Я на рынак толькі. Ён вунь адсюль відаць. Прадам яйкі і назад.

 

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Малюнак гарадскога рынку. Тлум, мітусня. Прадаецца ўсё, што ў няпэўнай яве акупацыйных дзён нельга купіць у магазінах і крамах: старая вопратка, абутак, лямпы, малако, гародніна, колы ад веласіпедаў, нават дзіцячыя каляскі.

Паліцай у чорным мундзіры наігрывае на губным гармоніку мелодыю нямецкай песні «Лілі Марлен». Да Галі падыходзіць Міця-фінагент.

Міця-фінагент. Пачым яйкі?

Галя-сувязная. Як для цябе: кілаграм солі за дзесятак.

Міця-фінагент. Няма ў мяне солі.

Галя-сувязная. Вам па службе даюць.

Міця-фінагент. Думаеш, пудамі адвальваюць. Кілаграм на месяц. Нават на твае яйкі не хопіць. (Напаўголаса.) Добры дзень, Галя!

Галя-сувязная. Добры дзень, Міця. Доўга чакаў?

Міця-фінагент. Не вельмі доўга.

Галя-сувязная. На мяне злаваўся?

Міця-фінагент. Не вельмі злаваўся. Давай, што прынесла.

Галя-сувязная. (непрыкметна перадае Міцю папяровы пакунак). Тут газеты. Раённая і абласная. За апошні тыдзень.

Міця-фінагент. Што яшчэ?

Галя-сувязная. Скажы Івану Іванавічу, каб ішоў на сустрэчу. Чакаць будуць у сераду і чацвер.

Міця-фінагент. Будзе зроблена.

Галя-сувязная. Баюся за цябе, Міця. Бачыла дрэнны сон.

Праходзіць Сынклета-самагоншчыца.

Сынклета-самагоншчыца (крычыць). Гарачыя піражкі з курынымі вантробамі! Цукровыя пеўнікі на палачцы! (Да Міці.) Купі паўлітру, хлопец. Моцная, пшанічная. Пяць марак спушчу. За пятнаццаць аддам. Возьмеш у дзеўкі сала, удваіх вып’еце.

Міця-фінагент. Пастой трохі, то я самагонку па закону рэквізую. Хіба дазволена ёю гандляваць? Пераводзіць харчовыя прыпасы, якія належаць вялікай Германіі?

Сынклета-самагоншчыца. Рукі кароткія. Дзе ты ў мяне самагонку бачыў? (Крычыць.) Гарачыя піражкі з курынымі вантробамі! Цукровыя пеўнікі на палачцы!

Галя-сувязная. Сон, Міця, быў проста страшны. Нібы спіш ты на траве, а да цябе паўзе гадзюка. Чорная-чорная...

Міця-фінагент. Далей што? Гадзюка што робіць?

Галя-сувязная. Далей я прачнулася. Ад страху.

Міця-фінагент. Студэнтка называецца. У забабоны верыш, як звычайная баба.

Галя-сувязная. Я цяпер і ёсць звычайная баба. Зірні, Міця, вунь у той рад. Ці не наш прафесар Ямпольскі стаіць за прылаўкам?

Міця-фінагент. Ён. Я яго некалькі разоў бачыў. Прадае саламяныя капелюшы. Купіць за дзённую выручку дзве пайкі хлеба і рад.

Галя-сувязная. Нядобра робім, Міця. Прафесар вучыў нас. Маглі б памагчы. Пайду, аддам яму сала.

Міця-фінагент. Не рабі глупства. Так ён і возьме тваё сала.

З новымі ботамі, перавешанымі праз шыю, падыходзіць Рамашкевіч.

Рамашкевіч. Паглядзі боты, фінагент. Танна аддам. Скура, падэшвы — з нямецкіх ваенных складаў. Не тое што твае керзачы. (Прыцішыўшы голас.) Чуў, у Засулічах партызаны пад малаказавод чырвонага пеўня пусцілі? На вітрыне каля пошты раніцай зноў вісела лістовачка. Надрукавана тым жа шрыфтам, што гарадская газета.

Міця-фінагент (голасна). Хто ты такі, што мне пра бандыцкія справы нашэптваеш? Ану прэч, спекулянт няшчасны! Яшчэ праверыць трэба, ці за патэнт заплаціў?

Рамашкевіч. Чаго ўз’еўся? Слова нельга сказаць.

Рамашкевіч адыходзіць.

Галя-сувязная. Ідзі, Міця. Доўга стаім. Баба вязалася, цяпер спекулянт.

У суправаджэнні чатырох ці пяці нямецкіх салдат праходзіць расфранчаная Каця Дзуля. З выгляду някідкая: шырокі чырвоны твар, кароткі і тоўсты, з адтапыранамі клубамі стан.

Дзуля. Пан, гут машынка!.. Дзейніцае ўсю ноч. Толькі т’еба шнапс т’інкен, бутэй эссэн. Для зап’яўкі...

Салдаты рагочуць.

Галя-сувязная. Хто гэтая пачвара?

Міця-фінагент. Зорка салдацкіх прытонаў. Якраз цяпер заззяла. Помсціць, што да вайны на яе не глядзелі.

Галя-сувязная. Які страшны свет! Да сустрэчы, Міця.

Міця-фінагент. Да сустрэчы.

Міця-фінагент адыходзіць.

Заслона

 

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Дамок Мураша на беразе ракі. Ён каля самай пераправы. З акна відаць паром, калона машын, якія перапраўляюцца ў горад. Насупроць увахода — печ, злева — дзверы ў чысты пакой. Самавары, каструлі, бітоны навалены каля сцяны — у доме жыве рамеснік.

Мураш і Аўдоцця Данілаўна некага чакаюць.

Мураш (выглядвае з чыстага пакоя). Мама, пастой ля акна.

Аўдоцця Данілаўна. Я блінцы ўчыніла.

Мураш. Пачакаюць блінцы.

Аўдоцця Данілаўна. Разумны вельмі. Зараз есці папросіш. Сама дровы разгарэліся.

Мураш. Прывязём дроў.

Аўдоцця Данілаўна. Ты прывязеш! Каб на цябе спадзявалася...

Мураш. Я па дваццаць марак у дзень зарабляю.

Аўдоцця Данілаўна. Сабаку іх пад хвост. Каб не засеяла агарод...

Мураш. Паліну Паўлаўну ты не лічыш? Хлебам яна нас корміць.

Аўдоцця Данілаўна. Паліна Паўлаўна табе хто? Нявеста, жонка?

Мураш. Не трэба, мама. Пасля вайны разбяромся.

Аўдоцця Данілаўна. Разбярэшся. Вернецца яе мужык, то табе па шыі надае. Скажа: я ваяваў, кроў праліваў, а ты жонку маю абхаджваў.

Мураш. Яшчэ паглядзім, у каго большыя правы.

Аўдоцця Данілаўна. У яе дачка. Дзіцяці бацька трэба. Ды і не жыве дзіця з вамі.

Мураш. У вёсцы Алесі лепей. Агародніна, садавіна, малако.

Аўдоцця Данілаўна. І ў нас ёсць агародніна. Вот маладой бульбы накапала.

Мураш. Глядзі ў акно, мама. Каб хто чужы не ішоў. Пяць хвілін.

З пакоя праз шум і трэск радыёпрыёмніка даносіцца мелодыя «Кацюшы».

Аўдоцця Данілаўна. Можа, лепей, што Алесі тут няма. Калі-небудзь пахапаюць, пастраляюць нас немцы. Хоць дзіцё астанецца.

Мураш (з суседняга пакоя). Усіх не пахапаюць. Паслухай, што гаворыць Масква. Даюць немцам у хвост і ў грыву.

Мелодыя песні праз хвіліну абрываецца. Чуваць голас дыктара. Голас дыктара. Перадаем ранішняе паведамленне «Ад Савецкага Інфармбюро...» На Курскім і Белгародскім напрамках нашы войскі ўтрымліваюць пазіцыі, адбіваючы няспынныя танкавыя атакі. Па ўдакладненых дадзеных учора падбіта не сто дванаццаць, а сто дваццаць два нямецкія танкі...

Аўдоцця Данілаўна. Іван, выключай радзіва!.. У мяне блінец гарыць.

Мураш. Хвіліначку, мама. Самае галоўнае толькі пачынаецца.

Аўдоцця Данілаўна. Самае галоўнае ходзіць пад вокнамі. Немцы на пароме прыплылі. Тры машыны. Салдаты ўсе з ружжамі.

Мураш. Жывём ля парома. Салдаты тут кожны дзень.

Аўдоцця Данілаўна. Калі-небудзь патрапяць да нас.

Мураш. Глядзі пільна, мама.

Аўдоцця Данілаўна. Твой фінагент чэша. З медным самаварам пад пахай.

Мураш. Фінагент — свой хлопец. Няхай заходзіць.

Чуваць стук у дзверы.

Аўдоцця Данілаўна. Панскія прывычкі пераняў. Стукае. (Голасна.) Заходзь!..

Уваходзіць Міця-фінагент.

Міця-фінагент. Добры дзень, Аўдоцця Данілаўна. Высокае шанаванне гаспадару майстэрні. Гарадская ўправа, якую маю гонар прадстаўляць, цікавіцца прыбыткамі рамеснікаў.

Мураш. Прыбыткі, брат, слабыя. Лудзячы каструлі, у фабрыканты не выб’ешся.

Аўдоцця Данілаўна. Адразу ў хату. Для прыліку хоць бы па вуліцы пабрындаў. Чаму з самаварам?

Міця-фінагент. Вёдры, каструлі даўно перанасіў.

Мураш і Міця-фінагент ідуць у чысты пакой.

Мураш. Толькі што зводку слухаў.

Міця-фінагент. Што пад Курскам?

Мур аш. Прыцягвае, брат, Курская анамалія немцаў як магнітам. Ціснуць, сволачы. Нашы перадалі — сто дваццаць два нямецкія танкі падбілі. Чуеш — сто дваццаць два! Калі такое было?

Міця-фінагент. Няўжо будзе, як летась, пазалетась? Страшна падумаць...

Мураш. Не павінна быць. Якія ў цябе навіны?

Міця-фінагент (напаўголаса). Галя прыходзіла. Трэба вам, Іван Іванавіч, кіравацца ў лес. Нешта важнае, калі вас выклікаюць. У сераду ці чацвер трэба быць у лесе. Навіны ў мяне вясёлыя. У пятніцу банк пасылае грошы ў Карпілаўку. Так што шчасце само лезе ў рукі.

Мураш. Болей нічога Галя не сказала?

Міця-фінагент. Болей нічога. Газеты перадала. (Дастае пакунак.) У нашай абласной падзяка Сталіна надрукавана. Партызанам і насельніцтву вобласці за збор грошай на танкавую калону.

Мураш. Добрая навіна! Можа, і наш з табой танк ваюе на фронце?

Міця-фінагент. Нашых грошай на ўвесь танк, мабыць, не хапіла. Можа, на адзін матор.

Мураш. Матор, брат, самае галоўнае. Без матора танк ні ўзад ні наперад.

Міця-фінагент. То бывайце. Прыйду ў суботу. Калі з лесу вернецеся. Запаяйце хоць якую-небудзь каструлю, Іван Іванавіч. Сколькі перанасіў дабра, а назад з пустымі рукамі вяртаюся.

Міця-фінагент выходзіць.

Мураш. Начышчу табе самавар. Будзе блішчаць на ўсю вуліцу.

Уваходзіць Паліна Паўлаўна.

Паліна Паўлаўна. Міцю на двары сустрэла. Што-небудзь важнае?

Мураш. У лес выклікаюць.

Паліна Паўлаўна. Сувязь дзейнічае нармальна. Навошта лішняя рызыка? Не маглі Галяй перадаць.

Мураш. Не задавай пытанняў, Паліна. Ад цябе нічога не таю. Ёсць, значыць, прычына, калі выклікаюць.

Паліна Паўлаўна. Не будзем ламаць галаву. Давайце снедаць. Блінцамі пахне. Я таксама сёе-тое прынесла. (Разгортвае пакункі.) Маргарын, бураковае павідла, сахарыну дваццаць пілюль. Па цяперашнім часе — раскоша.

Аўдоцця Данілаўна. Не паёк, а трасца з макам. Вот лепей ешце маю бульбу.

Аўдоцця Данілаўна выходзіць.

Паліна Паўлаўна і Мураш садзяцца за стол.

Паліна Паўлаўна. Непакоіць мяне адна рэч, Іван.

Мураш. Не гавары загадкамі.

Паліна Паўлаўна. Нехта трэцюю ноч стаіць ля бальніцы. У кутку за варотамі.

Мураш. Можа, табе здалося?

Паліна Паўлаўна. Не здалося. Ён тоіцца, але я з першай ночы заўважыла. Каб прабавіць час, курыць цыгарэты. Недакуркі ў адно месца складвае. Цэлая кучка недакуркаў.

Мураш. Проста якая-небудзь медсястра выбягае да немчыка. Дзяўчатам падабаецца, калі ім пускаюць дым у вочы.

Паліна Паўлаўна. Не жартуй, Іван. Я проста баюся. Учора зноў траіх арыштавалі. Жанчыну з мясакамбіната, двух хлопцаў са станцыі.

Мураш. Што можна ўбачыць з кутка за варотамі?

Паліна Паўлаўна. Вокны перакладчыцы Турбіной.

Мураш. Калі сочаць за Турбіной, то справы нашы не такія бліскучыя.

Паліна Паўлаўна. Кватэра рэдактара Блаза таксама відаць з падваротні.

Мураш. Ну, за гэтым ёлупам сачыць не будуць.

У пакой заглядвае Аўдоцця Данілаўна.

Аўдоцця Данілаўна. Глядзіце, каб за вамі не сачылі! Вунь ужо плыве самагоншчыца.

Паліна Паўлаўна. Не магу глядзець на гэтую бабу!

Паліна Паўлаўна выходзіць.

Мураш садзіцца на драўляны чурбак, пачынае чысціць прынесены Міцем самавар.

Уваходзіць абвешаная каструлямі Сынклета-самагоншчыца.

Сынклета-самагоншчыца. Дабрыдзень у хату! Чалавек не паспеў прынесці самавар, як ты яго шмаруеш. Маё начынне месяц ляжыць.

Мураш. Бачылі ж, мабыць, што за чалавек! Не раўня вам.

Сынклета-самагоншчыца. Не высокая шышка. Ва ўправе паперкі перапісвае.

Мураш. Ён нашы з вамі прыбыткі мае права правяраць. Для мяне гэта самы вялікі начальнік.

Сынклета-самагоншчыца. Якія ў нас з табой прыбыткі! Вот брага падышла, на адны дрожджы сто марак патраціла. А тут змеявік распаяўся. Брагу выліваць прыйдзецца. Выручы, дарагі чалавек!..

Мураш. Я вам, Сынклета Пятроўна, тры самагонныя апараты змайстраваў. Жыццём рызыкаваў.

Сынклета-самагоншчыца. Так ужо і рызыкаваў.

Мураш. Немцы за самагонныя апараты па галоўцы не гладзяць. Садзяць у турму.

Сынклета-самагоншчыца. За гарэлку яшчэ нікога не пасадзілі. За палітыку садзяць.

Мураш. Лепей не чапаць ліха.

Сынклета-самагоншчыца. Выручы, дарагі чалавек. Без змеевіка як без рук. Стаіць мая фабрыка. За цаной не пастаю. Богам прашу, зрабі змеявік.

Мураш. Хіба што толькі для вас. Але задатак наперад.

Сынклета-самагоншчыца. Які задатак?

Мураш. Пуд мукі. Прынясіце зараз жа. І яшчэ адзін пуд заўтра, калі прыйдзеце па змеявік.

Сынклета-самагоншчыца. За тоненькую трубку два пуды?

Мураш. Дастаньце мне гэтую трубку. Дарма зраблю.

Сынклета-самагоншчыца. Нельга так драць з людзей! Яшчэ настаўнікам быў.

Мураш. Настаўніку таксама жыць трэба. Школы цяпер закрыты. Якім заняткам мне пракарміць сям’ю?

Сынклета-сагоншчыца. Якую сям’ю? Прыгрэў чужую бабу з байструком. Нават дзеўкі не здолеў знайсці.

Мураш. Прашу не абражаць блізкіх мне асоб.

Сынклета-самагоншчыца. Адзін бог шкадуе бедную ўдаву. Памагае ўтрымацца на свеце. Даю паўтара пуда. І ніякіх задаткаў. Прыйду па змеявік і прынясу муку.

Сынклета-самагоншчыца выходзіць.

Заслона

 

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Зарэчны лес. Густыя арэхавыя кусты атуляюць вясёлы, зарослы бярозамі пагорак. З пагорка добра відаць купы прыбярэжных лазнякоў, напаўзатопленыя, разарваныя папалам фермы моста праз раку, які некалі злучаў зарэчныя абсягі і горад. Адсюль, з далечыні, горад праступае хісткімі, няпэўнымі абрысамі.

На пагорку Багун і Галя-сувязная.

Галя-сувязная. Узялі б мяне ў атрад, Гаўрыла Кандратавіч. Марыла стаць партызанкай, з вінтоўкай пахадзіць, а вот другі год шастаю ў горад і з горада.

Багун. Ты і так партызанка.

Галя-сувязная. Пра гэта ведаеце вы і яшчэ два ці тры чалавекі. Хачу, каб усе ведалі.

Багун. Партызан многа, а ты адна. Ніхто лепей за цябе ў горад не прабярэцца.

Галя-сувязная. Хачу, як усе.

Багун. Прыйдзеш, Галя, у атрад. Даю слова. Вот толькі выканаем заданне.

Галя-сувязная (узрадавана). Гаўрыла Кандратавіч, у брыгадзе бываюць вяселлі? Гэта я пытаю так, да прыкладу...

Багун. Пакуль не было. Мы вяселляў не заахвочваем. Прыйдзецца тады дзіцячыя яслі адкрываць. (Аб нечым здагадаўшыся.) Але адно ці два згуляць можна. Каб было што ўспомніць. З каго толькі будзем пачынаць? (Хітравата глядзіць на Галю.)

Галя-сувязная. Я не адна хачу прыйсці ў атрад, Гаўрыла Кандратавіч.

Багун. Пра студэнта гаворыш? Які ва ўправе бланкі дастае...

Галя-сувязная. Яму вельмі цяжка. Ён толькі выгляд робіць, што вясёлы.

Багун. Пакуль можна, няхай трымаецца студэнт. Доўга няма нашага Мураша.

Галя-сувязная. Прыйдзе. З горада нялёгка выбрацца. (Углядаецца ў дарогу.) Здаецца, ідзе.

Багун. Ты, Галя, папільнуй нас. З хлопцамі тары-бары асабліва не разводзь. А то пахапаюць нас немцы, як коршак куранят.

Галя-сувязная. Я за дарогай буду глядзець, ці не ўлёг за Іванам Іванавічам які-небудзь госць. Не бойцеся — вопытная.

Галя-сувязная адыходзіць.

З кустоў вытыркаецца постаць партызана, з перавешаным праз шыю аўтаматам, далей — другая. Гэтак жа, як паявіліся, партызаны непрыкметна знікаюць.

На палянку выходзіць задыханы Мураш з вялікім лубяным корабам за плячамі.

Мураш (вітаючыся з Багуном за руку). Прабач, Гаўрыла. Учора не здолеў вырвацца. Немцы нечакана арыштавалі лодачніка, які мяне раней перавозіў. Ты яго ведаеш. Мы ў яго хаце збіраліся. У турме цяпер Мірон Каратай...

Багун. За што арыштавалі?

Мураш. Можа, пранюхалі што-небудзь. Але Каратай — чалавек надзейны.

Багун. Як наогул справы?

Мураш. Справы добрыя. Мы таксама радыё слухаем. Навіны з фронту ведаем. За газеты вялікае дзякуй. Жыць весялей стала, Гаўрыла Кандратавіч. Так што гатовы выканаць любое заданне.

Багун. Усё адно я цябе аглушу навінай.

Мураш. Глушы. Я затым і прыйшоў.

Багун. Навіна першая і самая галоўная. Нашы спынілі нямецкае наступленне на Курскай дузе. Самі перайшлі ў контрнаступленне. Чырвоная Армія паспяхова наступае летам. Пасля двух гадоў вайны. Чуеш, Іван?..

Мураш. Дай жа бог!.. Душа спакутавалася. Вялікая ганьба для чалавека бачыць, як родную зямлю топча вораг.

Багун. Цяпер навіна другая, якая вынікае з першай. Мы з табой, Іван, акуратна паведамлялі, колькі вязуць фашысты на фронт танкаў, артылерыі, іншай тэхнікі. Але фронт наступае і патрабуе цяпер, каб звесткі былі болей аператыўныя. Трэба табе, Іван, прыняць у горад радыстку з рацыяй. Размясціць у горадзе...

Мураш (прысвіствае). Вот яно што!

Багун. Помніш, як мы збіраліся? Увосень сорак першага года. Які пракляты быў час! Падумаць страшна — немцы стаялі пад Масквой. Колькі людзей загінула... І якіх людзей! Але недарэмныя былі ахвяры. Цяпер, брат, пачынаецца свята на нашай вуліцы. Бокам вылазіць фашыстам.

Мураш. Калі чакаць радыстку?

Багун. Праз тыдзень. Рызыкаваць нельга, Іван. Радыстка ў нас адна і рацыя адна. Дзеўчанё тыдзень назад з парашутам скінулі. Яно яшчэ немцаў у вочы не бачыла. Смелая маскоўская камсамолка.

Мураш. Уладкуем радыстку. Такі цяцер настрой у нас. Самога чорта перахітрым.

Багун. Тады ўсё. Падшукайце кватэру, перадасцё праз Галю. Радыстка будзе ў горадзе праз тыдзень.

Мураш. Ёсць да цябе просьба. За Турбіной як быццам пачалі сачыць. Нікога да яе не прысылайце. Пропускі хто-небудзь другі будзе рабіць.

Багун. Улічым.

Мураш. Яшчэ маю для цябе навіну. Заўтра з гарадскога банка павязуць грошы ў Карпілаўку. Браневічка не будзе — зламаўся. На звычайнай фурманцы павязуць грошы.

Багун. За навіну — дзякуй. Грошы нам цяпер вельмі патрэбны. Ну, бывай!

Багун і Мураш абдымаюцца і разыходзяцца.

Заслона

 

АКТ ДРУГІ

 

КАРЦІНА ПЯТАЯ

Службовы пакой саветніка па культуры Камісарыята акругі Горлічка. На сцяне старамодны тэлефон з ручкай і нікеляванымі званкамі. Яшчэ вышэй на сцяне над самым сталом саветніка партрэт Гітлера. На спецыяльнай падстаўцы вялікая, лакіраваная каробка радыёпрыёмніка «Тэлефункен». Манцёр Піскун корпаецца ў тэлефонным апараце.

Уваходзіць Горлічак.

Горлічак (нервова). Да пачатку работы засталося пятнаццаць мінут.

Піскун. Мне толькі зачысціць кантакты.

Горлічак. Маеш начны пропуск?

Піскун. Маю.

Горлічак. На вітрыне ля пошты нехта зноў прыклеіў лістоўку.

Піскун. Ёсць, значыць, смелыя людзі.

Горлічак. На лістоўцы напісана, што надрукавана ў нашым горадзе. Што пра гэта думаеш?

Піскун. Не маю часу думаць. Дваццаць выклікаў на дзень. Дзеручыся на слупы, апошнія штаны парваў. Так і хаджу па горадзе — у рваных штанах.

Горлічак. Можа, хочаш у Германію? Там палучыш новыя штаны, казённыя.

Піскун. Лепш пры вас ацірацца. Штаны — не галоўнае. (Круціць ручку тэлефона.) Барышня, набярыце нумар пяць дзевяноста два. (Чуваць тэлефонны званок.) Дзякуй, барышня. (Да Горлічка.) Тэлефон працуе нармальна.

Горлічак. Рамонт у службовых установах трэба рабіць да работы. Ці пасля работы. Я цябе болей не затрымліваю.

Піскун выходзіць.

Горлічак уключае радыёпрыёмнік.

Праз трэск і шум прабіваецца мелодыя песні «Лілі Марлен».

Мелодыя нечакана абрываецца. Гучыць нямецкая мова.

Голас дыктара. Das Oberkommando der Wehrmacht gibt bekannt: Вярхоўнае камандаванне нямецкіх узброеных сіл паведамляе: нямецкі танкавы клін у напрамку Курска адбівае шалёныя бальшавіцкія атакі. Страты ворага ў танках, самалётах, жывой сіле — велізарныя...

Горлічак (сам сабе). Не падабаецца мне наша наступленне. Палавіну лета маўчалі... Ды і цяпер топчамся на месцы. Затое — словы, словы...

Уваходзіць перакладчыца Турбіна.

Турбіна. Добры дзень. Як заўсёды, пан Юзеф пачынае працоўны дзень са зводкі нямецкіх узброеных сіл.

Горлічак. Што другое застаецца чыноўніку акупацыйнай адміністрацыі? Здаецца, так нас называюць бальшавікі.

Турбіна. Яшчэ горш. Іхні цяперашні лозунг «Смерць нямецкім акупантам!». У падпольных газетах ён змяшчаецца на тым месцы, дзе раней было напісана: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!»

Горлічак. Вот бачыце, я ўжо смерць заслужыў. За тое, што адкрываю школы, кінатэатры, дапамагаю выпуску мясцовай газеты.

Турбіна. Нягледзячы на лозунг, не ўсіх немцаў рускія забіваюць.

Горлічак. Вы хоць немка, Ірэн, але думаеце па-руску. Вы нарадзіліся ў гэтай краіне, і вам цяжка зразумець, якія дзікія норавы тут пануюць. Вазьміце школы. Мы адкрылі толькі пачатковыя, у якіх вучаць чытаць, пісаць, лічыць. Але і ў такіх школах партызаны выбіваюць вокны, запалохваюць настаўнікаў, зрываюць заняткі.

Турбіна. Партызаны пішуць, што не прымаюць ад акупантаў нічога... Нават іхняй навукі.

Горлічак. Вучаць вашы настаўнікі. Па вашых падручніках.

Турбіна. Савецкае жыццё заснавана на высокіх прынцыпах. Вы яго не разумееце, пан Юзэф.

Горлічак. Вядома, не разумею. Напрыклад, узяў вас на работу, вашым мінулым не цікавіўся. Наўрад ці паступілі б так рускія.

Турбіна. Рускія, пан Юзэф, далі мне магчымасць закончыць нямецкі тэхнікум. У Ленінградзе. Не пярэчылі, калі я вучылася ў інстытуце.

Горлічак. Рускія хацелі перакінуць сваю рэвалюцыю на заходнія краіны. Таму арганізавалі нямецкі тэхнікум у Ленінградзе.

Турбіна. У Расіі, пан Юзэф, вучаць на многіх мовах.

Горлічак. Хопіць дыскусій, Ірэн. Вы немка, і гэта для мяне галоўнае. Дык вы вучыліся ў мясцовым інстытуце?

Турбіна. Да трэцяга курса. Пакуль не ўвялі плату за навучанне. Тады перавялася на завочнае аддзяленне. Выкладала нямецкую мову ў школе. Тут, у горадзе.

Горлічак. Вам прыходзілася слухаць лекцыі прафесара Ямпольскага?

Турбіна. О, гэта былі выдатныя лекцыі! На іх прыходзілі студэнты другіх факультэтаў. Якія зусім не вывучалі літаратуру і гісторыю.

Горлічак. Я загадаў выпісаць прафесару картачкі. Цяпер ён атрымлівае паёк.

Турбіна. Добрую справу зрабілі, пан Юзэф.

У пакой, па-салдацку адбіваючы крок, заходзіць маёр Шпіц.

На ім мундзір афіцэра авіяцыі.

Шпіц. Пан саветнік, я вымушаны скардзіцца на вас камісару акругі, генералу Гелеру. Мінуў год, як я падаў рэляцыю аб неабходнасці ўвядзення білетаў для тых, хто збірае ў лесе ягады і грыбы. Якія вынікі? Наступіла новае лета, але, як і раней, грыбы, ягады збіраюць усе, каму захочацца...

Горлічак. Але, гер маёр...

Шпіц. Ніякіх «але». Калі ўвесці такія білеты, будзе лягчэй змагацца з ляснымі бандытамі. Няма білета, значыць, ясна — партызан...

Горлічак. Скарга не па адрасу, гер оберляснічы. Я ўсяго толькі саветнік камісара акругі па культуры.

Шпіц. Якая, да д’ябла, культура ў час вайны! На фронт вас трэба гнаць. Акапаліся ў канцылярыях. Усіх мужчын прызыўнога ўзросту — на фронт!..

Адбіваючы крок, Шпіц выходзіць.

Горлічак. Вось такіх ёлупаў, як маёр Шпіц, прысылае нам райхсмаршал Герынг для лясной гаспадаркі.

Турбіна. Хачу спытаць, пан Юзэф: якое дачыненне мае райхсмаршал Герынг да лясной гаспадаркі?

Горлічак. Самае непасрэднае...

Уваходзіць начальнік гарадскога СД Вольф.

Вольф. Усё квітнееце, фроляйн Ірэн. З кожным днём робіцеся прыгажэйшай. Я проста не адважваюся глядзець вам у вочы. У іх можна ўтапіцца...

Турбіна. Хіба сапраўдныя рыцары баяцца глыбокай вады?

Вольф. Вады я не баюся. Ёсць лепшыя, чым я, рыцары.

Турбіна. Я не параўноўвала, хто лепшы, пан Вольф.

Вольф. Навошта параўноўваць? З афіцэраў гарнізона толькі капітан Граф мае рыцарскі крыж з дубовым лісцем і брыльянтамі. Вы і аддалі яму сэрца.

Турбіна. Сваё сэрца я нікому не аддавала. Яно пры мне.

Вольф. Якраз учора я бачыў вас з капітанам Графам. У парку. За пятнаццаць хвілін да каменданцкага часу.

Горлічак. Фройляйн Турбіна мае начны пропуск.

Вольф. Ва ўстанове, дзе я працую, вядома, каму выдаюцца начныя прапускі.

Турбіна. Мне падабаецца быць у кампаніі з капітанам Графам. Ён галантны кавалер.

Боль ф. Не з усімі капітан Граф галантны. Ён збіў сорак два рускія самалёты.

Турбіна. Жанчын такія рэчы не цікавяць.

Вольф. Не скажыце, фройляйн Ірэн. Жанчыны любяць герояў. А вось мая прафесія ў вашых вачах не зусім гераічная.

Турбіна. Кожны выбірае сабе прафесію па густу.

Вольф. Зноў вы трапілі ў дзесятку, фройляйн Ірэн. Не кожны згодзіцца варушыць чалавечы бруд. Я вот згадзіўся. Гадзіну назад партызаны захапілі мяшок з грашамі, якія гарадскі банк паслаў у Карпілаўку. Пяцьсот тысяч марак. Пра грошы не ведаў ніхто. Апроч, вядома, паліцэйскай аховы і двух-трох чалавек з банка. Што вы думаеце на гэты конт, фройляйн Ірэн?

Горлічак. Не сумняваюся: лясныя бандыты маюць сваіх агентаў у горадзе. Вот лістоўку вывесілі ля пошты. Ужо трэці раз.

Турбіна. Магла быць выпадковасць, пан Вольф. Партызанам нямецкія грошы не патрэбны. У лесе за іх нічога не купіш.

Вольф. Людзі, якія захапілі грошы, дакладна ведалі, калі праедзе фурманка.

Турбіна. Трэба глядзець праўдзе ў вочы, пан Вольф. У зарэчных валасцях валадараць партызаны. Без узводу салдат туды не сунешся. Не дзіва, што яны затрымалі фурманку з грашамі. Але ў мяне ёсць свая думка.

Вольф. Якая думка, фройляйн Ірэн?

Турбіна. Ахоўнікі маглі самі запусціць рукі ў мяшок з грашамі. Віну зваліць на партызан.

Вольф (задумаўшыся). Такое таксама не выключана. Тым болей што паліцэйскіх партызаны на гэты раз не кранулі. Наконт партызанскага валадарання ў зарэчных валасцях хутка пачуеце, фройляйн Ірэн. Што-небудзь прыдумаем.

Вольф выходзіць.

У пакой асцярожна прасоўвае галаву прафесар Ямпольскі.

Горлічак. Заходзьце, прафесар. Я вас чакаю.

Ямпольскі. Вы мяне выклікалі?

Горлічак. Сядайце, прафесар. Прабачце за тое, што звычайны нямецкі чыноўнік патурбаваў вас, вядомага чалавека. Але я чытаў вашу кнігу пра старажытную Індыю і не здолеў утрымацца ад спакусы пагаварыць з вамі.

Ямпольскі (спалохана). Дзякую. Я лічыў, што маю кнігу даўно забылі.

Горлічак. Выдатная кніга! Я быў у захапленні. Дарэчы, прафесар, вы атрымліваеце паёк?

Ямпольскі. Дзякуй вялікае. Жонка прыносіла. Два брускі маргарыну і яшчэ нешта. Здаецца, мармелад. Сто штук махорачных цыгарэт. Паколькі я не куру, то адважыўся прадаць іх на рынку. Не палічыце за спекуляцыю.

Горлічак. Вайна, прафесар. Нічога не папішаш. Нашы харчовыя рэсурсы выключна напружаны.

Ямпольскі. Так, напружаны. Я разумею. Можна было б і гэтага не даваць. Мы, цывільныя, як-небудзь пераб’ёмся...

Горлічак. Мне спадабалася ў вашай кнізе адна ідэя, прафесар. Вы справядліва сцвярджаеце, што арыйскія плямёны, прышэльцы з Еўропы, якія ўторгнуліся ў Індыю ў сярэдзіне другога тысячагоддзя да нашай эры, прынеслі высокую нардычную культуру.

Ямпольскі. Але еўрапейскія плямёны я ніколі не называў арыйцамі. Ды іх і нельга так называць. Арыйцамі былі ўласна іранскія і індыйскія плямёны.

Горлічак. Не варта спрачацца з-за слоў, прафесар. Галоўнае, вы прызнаяце, што людзі паўночнай, нардычнай расы мелі высокую культуру.

Ямпольскі. Прабачце, зноў не магу не запярэчыць. Я не веру ў расу. На працягу гісторыі народы розных рас скрыжоўваліся, змешваліся, і ў гэтым была іх сіла.

Горлічак (пачынае злавацца). Мы проста ўжываем розныя словы. Можна, як хочаш, называць паўночныя плямёны. Галоўнае — яны прынеслі высокую культуру ў Індыю. Здаецца, так напісана ў вашай кнізе?

Ямпольскі. Па тым часе культура індаеўрапейцаў была сапраўды высокая. Прыручылі карову, каня, свінню. Карова і сёння лічыцца ў Індыі свяшчэннай жывёлай. Можа, таму, што некалі яна ратавала народ ад голаду, вымірання...

Горлічак. Брава, прафесар! Мы з вамі адзінадумцы. Нашы погляды сыходзяцца. Амаль на сто працэнтаў. Хачу прапанаваць вам добрую справу. Прачытайце лекцыю на тэму вашай кнігі. Ніякай палітыкі! Адны гістарычныя факты...

Ямпольскі. Вы хочаце сказаць, што пачне работу інстытут?

Горлічак. Пра інстытут гаворкі пакуль няма. Лекцыю прыйдзецца прачытаць у летнім тэатры.

Турбіна. Не магу ўявіць, што ў летнім тэатры прафесар будзе забаўляць публіку.

Горлічак. Чаму забаўляць? Вы з капітанам Графам таксама ходзіце ў летні тэатр.

Турбіна. На танцы ходзім.

Ямпольскі. З эстрады мне яшчэ не прыходзілася выступаць. Я павінен падумаць.

Ямпольскі выходзіць.

Горлічак. Прачытае як міленькі сваю лекцыю паважаны прафесар. Нідзе не дзенецца.

Турбіна. Метады вашы, пан Юзэф, нават залішне брутальныя.

Горлічак. Другіх у нас з вамі, на жаль, няма. Прафесар зацяўся, на работу не ідзе. Гандлюе на рынку цыгарэтамі, якія яму выдала на паёк нямецкая ўлада. Хіба гэта не знявага гэтай самай улады?

Звоніць тэлефон. Саветнік бярэ трубку.

Горлічак. Слухаю, пан Вольф. Зараз жа іду. (Да Турбіной.) Начальнік СД толькі што быў тут. Цяпер да сябе выклікае. Нешта ёсць.

Прыхапіўшы партфель, Горлічак знікае.

У пакой уваходзіць расфранчаная Дзуля.

Дзуля (моцна картавячы). Хацу з вамі пагаваіць.

Турбіна. Слухаю вас.

Дзуля. Вельмі п’ясу. Памазыце вывуцыць нямецкі язык. Доб’я заплацу.

Турбіна. Навошта вам нямецкая мова?

Дзуля. Калі п’ясу, значыць, т’еба. Думаеце, адна вы з ваеннымі длузыце? У мяне ёсць знаёмства з ваеннымі.

Турбіна. Чаму вы так са мной размаўляеце?

Дзуля. Сто думаю, тое гаваю. Да вайны са мной ніхто не хацеў знаёміцца. Цяпей хоцуць усе. Хоць з музыкамі пахадзу ў нямецкую акупацыю.

Турбіна. Хадзіце на здароўе.

Дзуля. Т’еба хоць т’ёхі гаваіць па-нямецкі. Падвучыце.

Турбіна. Не маю часу.

Дзуля. Не ведала, сто вы такая зорсткая, Заступалася за вас. П’я вас гавояць, сто слузыце васым і насым. З немцамі ходзіце, а пайцізанам памагаеце.

Турбіна. Хто можа гаварыць такое глупства?

Дзуля. На вуліцы гавояць. На базаі. Языкі не завязас. Я ўсім казу, сто пані пеякладцыца — цыстая немка. Хіба яна будзе выступаць суп’ёць сваіх?

Турбіна. Мяне не цікавіць, хто што гаворыць. (Пакапаўшыся ў шуфлядзе стала, дастае адтуль невялікую кніжачку.) Вот нямецка-рускі разгаворнік. Тут ёсць усе патрэбныя словы.

Дзуля. Вялікае дзякуй, пані пеякладцыца.

Дзуля выходзіць.

Турбіна нервова ходзіць па пакоі. Падыходзіць да тэлефона, знімае трубку, але адразу вешае.

Уваходзіць рэдактар Блаз.

Блаз. Добры дзень. Пан саветнік выклікаў мяне на адзінаццаць гадзін.

Турбіна. Вам прыйдзецца пачакаць. Пана саветніка таксама выклікалі. Прысядзьце, калі ласка.

Блаз (садзіцца). Жыццё заснавана на тым, што вышэйшы можа паківаць пальцам ніжэйшаму. Цікава, хто загадвае самаму высокаму? Можа, сам пан бог?

Турбіна. Вы ўсё жартуеце, пан рэдактар.

Блаз. Даўно не жартую, пані перакладчыца.

Турбіна. Я помню ваш фельетон пра настаўнікаў. За тры ці чатыры месяцы да вайны. Гэта ж у нашай школе была наладжана тая вечарынка, пра якую вы напісалі, што настаўнікі на ёй між сабой пабіліся. Добра, што майго прозвішча не назвалі. Было б сораму...

Блаз. Хіба настаўнікі біліся з-за вас?

Турбіна. Яны наогул не біліся. Нават п’яных не было. Гэта вы ўсё выдумалі.

Блаз. Не мог я проста так усё выдумаць. Нешта было.

Турбіна. Вечарынку арганізавалі, здаецца, з прычыны Міжнароднага жаночага дня. Танцавалі, пелі, нехта ненарокам выбіў шыбку ў акне.

Блаз. Вот бачыце. Акно ўсё-такі высадзілі. Можна па-рознаму паглядзець на гэты факт.

Турбіна. Вы вучыліся на журналіста?

Блаз. Ніякі я не журналіст. Скончыў зааветэрынарны тэхнікум. Так атрымалася, што стаў працаваць у газеце.

Турбіна. Жывём у адным доме, а я пра вас нічога не ведаю.

Блаз. Я пра вас яшчэ менш ведаю. Вы хоць чуеце натацыі, вымовы, якія штодня дае мне пан саветнік.

Уваходзіць саветнік Горлічак.

Горлічак. Вельмі добра, пан рэдактар, што вы тут. Ёсць важная размова. (Дастае з партфеля невялікую, на чвэрць звычайнага газетнага аркуша газетку.) Вот гэтую газету выпускаюць партызаны. Вы ў гэтай газеце працавалі да вайны?

Блаз. Наша газета мела чатыры нармальныя паласы.

Горлічак. Паглядзіце на загаловак. Падобны на даваенны?

Блаз. Такі самы. Нават па форме.

Горлічак. У гэтым брудным лістку напісана, што насельніцтва горада збірала грошы на бальшавіцкую танкавую калону, якая цяпер змагаецца з намі на фронце. А ў гарадской газеце, якую вы падпісваеце, вельмі мала фактаў з мясцовага жыцця.

Блаз. Я друкую толькі тое, што даеце мне вы, пан саветнік.

Горлічак. Трэба праяўляць уласную ініцыятыву. Бандыцкі лісток існуе, і трэба з ім змагацца.

Блаз. Як загадаеце, пан саветнік, так будзем пісаць.

Горлічак. Хутка два гады, як нямецкі салдат уступіў у гэты горад. Трэба прысвяціць гэтай падзеі спецыяльны нумар. Паказаць гаспадарчыя, культурныя дасягненні нямецкай улады.

Блаз. Як іх паказваць?

Горлічак. Пісаць пра іх. На тое вы рэдактар.

Блаз. На пасаду рэдактара я не прасіўся. Але не ў гэтым справа. Пра якія гаспадарчыя, культурныя дасягненні можа пісаць газета, калі ў горадзе не будуецца ніводны дом, прадпрыемствы не даюць нават палавіны даваеннай вытворчасці, сярэднія школы, тэхнікумы, інстытут закрыты?

Горлічак. Не блазнуйце, пан рэдактар. Вы лепей, чым я, ведаеце, што бальшавікі паспелі вывезці з горада станкі, машыны, пагналі на ўсход трактары, статкі жывёлы. Але і без гэтага мы не прапалі. Зямля не пустуе, голаду няма ні ў горадзе, ні ў вёсцы.

Блаз. У вёсцы мы не гаспадары. Там партызаны.

Горлічак. Ёсць дзяржаўны маёнтак Росіца. Партызаны туды не дасягнуцца. Рукі кароткія.

Блаз. Я не магу выехаць за межы горада. Трэба спецыяльны пропуск.

Горлічак. Палучыце пропуск. Пры выпадку з’ездзіце ў дзяржаўны маёнтак. У Росіцу з Германіі прывезлі племяннога быка. Хутка ўся жывёла ў маёнтку будзе пародзістая.

Блаз. Гэта добра. У быках я разумею.

Горлічак. Мясцовы матэрыял і на гэты раз знайшоў для вас я. Вот кніга Ямпольскага. (Перадае кнігу.) З наступнага нумару пачняце друкаваць урыўкі з навуковай працы прафесара. Якія — я адзначыў. Зрабіў сякія-такія папраўкі.

Блаз. Прафесара ў рэдакцыю выклікаць?

Горлічак. Не абавязкова. Я з ім дамовіўся.

Блаз. Будзе выканана, пан саветнік.

Блаз выходзіць.

Турбіна. Здаецца, вы не гаварылі з прафесарам пра газету?

Горлічак. Не мае значэння, фройляйн Турбіна. Прафесар напісаў кнігу, і наша справа выкарыстаць яе, як захочам. Толькі душой адчуваю, што лекцыі прафесара, нават урыўкаў з ягонай кнігі будзе мала ў абстаноўцы, якая абрынецца на нас праз тыдзень-два. Трэба нешта яшчэ прыдумаць.

Турбіна. Пра якую абстаноўку вы гаворыце?

Горлічак. Толькі для вас, фройляйн Турбіна. Праз тыдзень у горад прыбывае дывізія СС «Варшава». Думаю, пасля яе дзеянняў размовы пра партызан, якія валадараць у зарэчных валасцях, скончацца.

Турбіна. Пры чым тут мы?

Горлічак. Непатрэбныя чуткі могуць дайсці да насельніцтва горада. Наш абавязак іх прадухіліць.

Турбіна. Кажуць, пан Вольф у час допытаў заводзіць патэфон. Каб заглушыць енкі ахвяр, якія даносяцца з гарадской турмы.

Горлічак (узрадавана). Вы падалі ідэю, фройляйн Турбіна! Мы арганізуем канцэрт.

Турбіна. У нас няма артыстаў. З-за арыштаў нават самадзейнасць распалася.

Горлічак. Запросім з другога горада. Афішамі пра лекцыю прафесара Ямпольскага, пра канцэрт заклеім усе парканы, усе сцены ў горадзе. Выдатна!

Турбіна. Я інакш думала пра вас, пан Юзэф.

Горлічак. Кожны павінен выконваць свае абавязкі. Вы мяне ведаеце, фройляйн Турбіна. Я не ўхваляю многае з таго, што робіць пан Вольф. Але насельніцтва трэба супакоіць. Яшчэ, фройляйн Турбіна, я не хачу, каб бальшавіцкае барбарынства дасягнула заходняга свету. Маёй Германіі. Шчыра не хачу. Гатоў памерці за гэта. На фронце, аднак, ідзе на тое, што бальшавікі падымаюць галаву. Гэта і мая, і ваша пагібель, фройляйн Турбіна. Калі-небудзь дойдзе да вас, што лепей Вольф, чым бальшавікі...

Заслона

 

КАРЦІНА ШОСТАЯ

Гарадскі парк па-над ракой. Таполі, акацыі, клёны. Пасыпаныя рачным пяском дарожкі. Па алеях выдыбаюць нямецкія салдаты, паліцаі. На лаўцы Міця-фінагент і Піскун. Міма клыпае стараваты з выгляду нямецкі салдат.

Міця-фінагент. Айн мамент, пан салдат!

Салдат. Вас волен зі?

Міця-фінагент. Маю грошы, хачу купіць цыгарэт.

Салдат. Гут, гут.

Міця-фінагент (дае грошы). Пяцьдзесят марак. На дзесяць пачак. Хачу з вярблюдам. (Паказвае, якія гарбы ў вярблюда).

Салдат. Нікс дзесяць пачак. Толькі сем. Табак з Егіпет — ф’ю-у-у!..

Аддаўшы цыгарэты, салдат паспешліва знікае.

Піскун. Ведае, што Афрыку прасвісталі.

Міця-фінагент. Афрыка далёка. Ноччу ў пясчаным кар’еры расстралялі шасцярых. Жанчыну з мясакамбіната, двух хлопцаў з чыгункі...

Піскун (напаўголаса). Прыбывае дывізія СС «Варшава». Для барацьбы з партызанамі. Другую Набярэжную выселяць. На ёй размесцяцца штабы. (Гучна.) Не люблю цыгарэт!..

Міця-фінагент. Куры махорку.

Піскун. Махоркай хоць горла прадзярэш. Бывай...

Піскун адыходзіць.

Міця-фінагент. Нічога не разумее чалавек. Цыгарэты дарагія, затое смак. Адно слова — Еўропа...

На алеі паяўляецца Мураш.

Мураш. Можна прыкурыць?

Міця-фінагент. Можна.

Мураш. Якія навіны?

Міця-фінагент. Госці прыязджаюць. Знакамітыя. (Напаўголаса перадае навіны Мурашу.)

Мураш. Цяпер ясна. Лекцыя прафесара, канцэрт прыдуманы дзеля таго, каб прыкрыць эсэсаўцаў. Трэба ў лес ісці, Міця. Зараз жа! Чакаць Галі не выпадае.

Міця-фінагент. Пайду, Іван Іванавіч.

Мураш. Рацыю іменна цяпер трэба прывезці. Паколькі Другую Набярэжную высяляюць — прама да мяне. Лепшай кватэры не знойдзем.

Міця-фінагент. Перадам, Іван Іванавіч.

Мураш. Бывай.

Міця-фінагент. Аўфвідэрзэйн. Праз два дні чакайце.

Міця-фінагент адыходзіць.

Па алеі павольна ідзе Турбіна.

Ледзь прыкметным кіўком галавы, Турбіна вітаецца з Мурашом.

Заслона

 

КАРЦІНА СЁМАЯ

Дэкарацыя чацвёртай карціны.

У пакой паспешліва ўваходзіць саветнік Горлічак і ўключае «Тэлефункен». Чуваць мелодыя песні «Лілі Марлен». Заціхаючы, песня пераходзіць у голас дыктара.

Голас дыктара. Das Oberkommando der Wehrmacht gibt bekannt: Вярхоўнае камандаванне нямецкіх узброеных сіл паведамляе. Бальшавіцкія орды, якія перайшлі ў наступленне, нясуць велізарныя страты. За ўчарашні дзень падбіта 70 савецкіх танкаў. Скарачаючы лінію фронту, нямецкія войскі адышлі на захад на 10—15 кіламетраў.

Горлічак (сам сабе). Пачынаем скарачаць лінію фронту летам. Казка пра рускага дзеда-мароза скончылася...

Уваходзіць Турбіна.

Турбіна (уваходзячы). Мне ўвесь час здаецца, пан саветнік, што вы з кімсьці размаўляеце?

Горлічак. Люблю пагаварыць з разумным чалавекам. Гэта значыць, з самім сабой. У наш час такая бяседа — найлепшы сродак абмена думкамі.

Турбіна. Значыць, вы не верыце другім.

Горлічак. Не веру. Нават вам, фройляйн Ірэн. Мы з вамі па-рознаму глядзім на свет. Вы — я бачу — радуецеся. Вы, немка, радуецеся, што рускія наступаюць.

Турбіна. Я не радуюся. Але ў той жа час не магу дрэнна адносіцца да гэтага народа. Жыла тут. Мела кавалак хлеба.

Горлічак. Вы не немка, фройляйн Ірэн. Вось у чым галоўная прычына. Няма ў вашай душы сапраўдных нямецкіх пачуццяў.

Турбіна. Дзе іх узяць, калі няма?

Горлічак (не слухаючы). У тысяча дзевяцьсот сорак другім годзе Германія дасягнула зеніта сваёй велічы. Якой агромністай была Германія толькі год назад! Мы стаялі ў Афрыцы, дайшоўшы да Волгі, захапілі ледзь не ўсю Еўропу. Мы былі гатовы пераваліць праз Вялікі Каўказскі хрыбет, каб падобна нашым далёкім продкам, старажытным германскім плямёнам, рынуцца ва ўрадлівыя даліны Інда, Ганга, Месапатаміі, бліжняй, дальняй Азіі... Няўжо зноў Германія прайграе бітву і ўсё будзе, як пасля першай сусветнай вайны? Згубленыя пакаленні, адчай, прадажніцтва... Чаму нямецкі народ такі няшчасны? Бедныя немцы!.

У пакой урываецца маёр Шпіц.

Шпіц. Выйшла на маё! Для барацьбы з ляснымі бандытамі прыбывае эсэсаўская дывізія. Каб паслухалі мяне, увялі лясныя білеты на ягады, грыбы, не трэба б было прысылаць гэтую дывізію. Яе можна было б выкарыстаць на фронце.

Горлічак. Я ўхваляю вашу ідэю, пан ляснічы. З аднаго боку, нямецкая казна атрымлівае прыбытак, з другога — даўно можна было пакончыць з партызанамі. Ідэя простая і геніяльная адначасова!..

Шпіц. Вельмі рад, што вы нарэшце мяне зразумелі. Цяпер мне лягчэй будзе змагацца за сваю ідэю.

Шпіц выходзіць.

Уваходзіць пануры прафесар Ямпольскі.

Горлічак. Добры дзень, прафесар. Здаецца, вы хочаце нешта сказаць?

Ямпольскі. Я заяўляю пратэст. Магу ў пісьмовай форме. Пра лекцыю дамоўленасці не было. А ўжо афішы вывешаны. Сёння выйшла газета з урыўкам з маёй кнігі. Я згоды не даваў...

Горлічак. Афішы вывешваюцца загадзя. Хіба вам не хопіць тыдня на падрыхтоўку, прафесар? Што да газеты, то рэдакцыя зрабіла правільна, пачаўшы друкаваць урыўкі з вашай кнігі. Выпушчаная ў свет кніга належыць усім.

Ямпольскі. Але там поўна скажэнняў!..

Горлічак. Не варта, прафесар, прыдзірацца да дробязей. Вы самі пісалі, што паўночныя плямёны, прыйшоўшы ў Індыю, прынеслі туды высокую культуру. Гэта галоўнае.

Ямпольскі. Я ніколі не пісаў, што плямёны арыяў былі германскія.

Горлічак (узрушана). Гэта само сабой разумеецца! Свет са старажытных часоў з’яўляецца германскім. Калі другія народы спалі або бадзяліся па лясах, прыкрываючы цела звярынымі шкурамі, не маючы нават уласнага імені, германцы тварылі гісторыю. Вы не будзеце адмаўляць, што яшчэ ў трэцім веку існавала Гоцкая дзяржава на Дняпры, а готы, якія з Дняпра адышлі і аселі ў Крыме, у чацвёртым веку мелі біблію на сваёй мове...

Ямпольскі. З такімі доказамі мы з вамі далёка зойдзем. Славяне ў чацвёртым веку жылі на зямлі, на якой стаіць не толькі Берлін, а нават Гамбург і Мюнхен...

У пакой уваходзіць начальнік гарадскога СД Вольф і моўчкі слухае гаворку.

Горлічак. Не будзем распальваць навуковыя дыскусіі, прафесар.

Ямпольскі. Якраз у імя навукі я вымушаны напісаць афіцыйнае абвяржэнне. У вашу газету.

Ямпольскі выходзіць.

Вольф. Спрэчка з прафесарам, здаецца, не на вашу карысць, саветнік.

Горлічак. Кніга прафесара Ямпольскага нам патрэбна. Асабліва цяпер.

Вольф. Я не глухі. Чуў, што сказаў вам вучоны крэтын.

Горлічак. Мы аб’явілі яго лекцыю.

Вольф. Як вам не сорамна! Мала таго што вучоная свіння абражае нямецкую ўладу, яна яшчэ збіраецца пісаць абвяржэнне.

Турбіна. Прафесар Ямпольскі паважаны ў горадзе чалавек. На яго лекцыі збіраліся студэнты ўсіх факультэтаў.

Вольф. І вы ў тым ліку.

Турбіна. І я ў тым ліку.

Горлічак. Лічу, што прымаць да прафесара адміністрацыйныя меры для нас не выгадна. Асабліва ў дадзены момант.

Вольф. Не ўмешвайцеся ў мае справы, саветнік. Можна ўявіць, якую лекцыю прачытае вам вучоны ёлуп. Невялікая прафілактыка яму зусім не пашкодзіць. Як некалі рэдактару Блазу. У вас, саветнік, цяпер няма цяжкасцей з рэдактарам Блазам?

Горлічак. Няма.

Вольф. Не будзе ў дальнейшым з вашым вучоным шпаком.

Вольф выходзіць.

 

КАРЦІНА ВОСЬМАЯ

Зарослы бярозамі пагорак. Малюнак той самы, што ў трэцяй карціне. Галя-сувязная, Міця-фінагент, Багун.

Багун. За звесткі дзякуй. Дывізія «Варшава» нас голай рукой не возьме. Насельніцтва папярэджана. Выводзім у лес.

Галя-сувязная, З рацыяй трэба паспяшыць. Прывезці ў горад пакуль няма эсэсаўцаў.

Багун. Рацыя адна. І радыстка адна.

Галя-сувязная. Ранічкай трэба выехаць. На саменькім світанні. Я буду ляжаць на возе, на саломе, як хворая. Ён (паказвае на Міцю) будзе паліцаем, маім мужам. Заслужаны паліцай вязе ў бальніцу сваю жонку.

Багун. Раптам немцы захочуць у саломе пакапацца. Што тады?

Галя-сувязная. Не захочуць! Я буду хворая на тыф. Ці першы раз, Гаўрыла Кандратавіч? Што-небудзь прыдумаем.

Багун. Дай бог удачы, дарагія студэнты! Рацыю не ў салому, а ў скрынку з салам запакуем. Фурманку прыгонім на світанні. Бывайце.

Паціснуўшы руку Галі, Міцю, Багун адыходзіць.

Галя-сувязная. Што будзем рабіць?

Міця-фінагент. Пайду да цябе начаваць. Даведка аб тым, што мы з табой муж і жонка, заверана валасной управай.

Галя-сувязная. Ніякая я табе не жонка. Запішамся, як пойдзем у партызаны.

Міця-фінагент. Хіба ў партызанах ёсць загс?

Галя-сувязная. Ёсць ці няма, а не трэба, каб цябе ў вёсцы бачылі.

Міця-фінагент. Я хацеў пераначаваць у цябе яшчэ пазамінулай восенню.

Галя-сувязная. Не помню такога выпадку.

Міця-фінагент. Быў такі выпадак. Калі я выскачыў з эшалона, у якім везлі палонных, то, ідучы ў горад, спецыяльна даў круку і завітаў у твае Боркі.

Галя-сувязная. Далей што?

Міця-фінагент. Далей не адважыўся паказацца табе на вочы. Пасаромеўся. Начаваў у нейкай бабулі.

Галя-сувязная (узрадавана). Які ты быў дурны!

Міця-фінагент. Памятаеш песню «Любімы горад»? Спявалі, што пройдзем праз агонь, вайну, смерць і вернемся да каханых з перамогай. З чым мог я да цябе прыйсці? Галодны, апрануты ў рыззё?

Галя-сувязная (напявае):

 

Любимый город, можешь спать спокойно,

И видеть сны, и зеленеть среди весны...

 

Харошы быў даваенны час! Успомню, і плакаць хочацца. Я таксама табе прызнаюся, Міця. Калі вучылася ў інстытуце, марыла, каб з табой у адной п’есе іграць. Па ходу дзеяння пацалавацца...

Міця-фінагент. Можна было без п’есы.

Галя-сувязная. Без п'есы я не хацела. Ты на мяне не глядзеў. (Пасля паўзы.) Ведаеш, Міця, з Ірынай Турбіной я тут, у гэтым самым бярэзніку сустракалася. Летась, у верасні. Яна разам са сваім лётчыкам з’явілася. Праз раку на лодцы пераехалі.

Міця-фінагент. Гэта было самае правільнае. Як інакш яна магла папярэдзіць партызан, што ў сумцы забітага начальніка штаба немцы знайшлі спіскі атрада. Лік ішоў на хвіліны.

Галя-сувязная. Прыгожая яна, Ірына. Таму ўсё ёй удаецца. Успомні, усе хлопцы з нашага курса былі ў яе закаханы. Ты таксама. Вы былі гатовы разарвацца, каб ёй дагадзіць. Толькі яна на вас не глядзела. У яе і тады быў лётчык. Савецкі. Прыгожы, высокі, статны. Ды яшчэ з ордэнам. Божа, чаму я не такая прыгожая?

Міця-фінагент. Хто сказаў, што ты непрыгожая?

Галя-сувязная. Сама ведаю. Нос бульбінай, вочы невыразныя, броваў зусім няма. Мая маці правільна гаворыць, што нічога на мне не відаць.

Міця-фінагент. Як для каго.

Галя-сувязная. Не прытварайся. Ты таксама не супраць, каб павалачыцца за Ірынай. Толькі табе да яе доступу няма.

Міця-фінагент. Гаворыш глупства.

Галя-сувязная. Спакойнай ночы, дарагі муж. Баюся за цябе.

Міця-фінагент. Чаму баішся?

Галя-сувязная. Раптам немцы ці паліцаі наскочаць. Схопяць цябе. Скажуць: «Чаму ў лесе начуеш?» — і павядуць...

Міця-фінагент. А гэта нашто? (Выхоплівае з-за пазухі наган.)

Галя-сувязная (спалохана). Ты заўсёды з ім ходзіш? '

Міця-фінагент. Заўсёды.

Галя-сувязная. Немцы крыкнуць: «Рукі ўверх!» — абшукаюць і знойдуць наган.

Міця-фінагент. Ну, паспрабуй! Для прыкладу...

Галя-сувязная. Рукі ўверх!

Міця-фінагент падымае рукі, тым часам нагана няма. Галя-сувязная старанна абмацвае яго кішэні, рукавы, але знайсці зброю не можа.

Галя-сувязная. Фокуснік ты!

Міця-фінагент. Правільна. Трошкі спрыту, і ніякага шальмоўства.

Галя-сувязная. Чакай да раніцы. Вот перакусіш.

Галя-сувязная перадае пакунак з ядой Міцю-фінагенту і адыходзіць.

Заслона

 

КАРЦІНА ДЗЕВЯТАЯ

Зноў паром, рака. Дэкарацыя першай карціны. Міця-фінагент (ён у паліцэйскай форме) падыходзіць да рэгуліроўшчыка.

Міця-фінагент. Даведка ад урача, пан. Жонцы трэба аперацыя. Тэрміновая. Апендыцыт.

Рэгуліроўшчык. Цурык! Спачатку ваенныя машыны. Цывільныя ў апошнюю чаргу.

Міця-фінагент. Я — паліцэйскі. З партызанамі ваяваў.

Рэгуліроўшчык. Цурык, паліцай!

Міця-фінагент. Жонка можа памерці.

Рэгуліроўшчык. Вайна. Мы з табой таксама можам памерці.

Галя-сувязная прыслухоўваецца да гаворкі, потым злазіць з воза. Падыходзіць да рэгуліроўшчыка.

Галя-сувязная. Паночак-галубочак, у цябе маці ёсць?

Рэгуліроўшчык. Ёсць. Я яшчэ не зусім стары. Заляпаўся гразёю і тыдзень не галіўся.

Галя-сувязная. То не трэба паміраць, паночак-галубочак. Няхай маці дачакаецца сына.

Рэгуліроўшчык. Жанчына, не расчульвай мне сэрца! Цывільныя паедуць у апошнюю чаргу. Ты на хворую не падобна.

Галя-сувязная. Паночак-галубочак, у цябе ёсць жонка?

Рэгуліроўшчык. Ёсць. Маладая і тоўстая. Два гады не бачыў яе. Мабыць, на ваенных пайках высахла, як цявіна.

Галя-сувязная. Няхай твая жонка не застанецца ўдавой.

Рэгуліроўшчык. Жанчына, спыні заклінанні! Я б дапамог табе, але бачыш, колькі стаіць ваенных машын. Можа, у каторай з іх сядзіць генерал?

Галя-сувязная. Паночак-галубочак, у цябе ёсць дзеці?

Рэгуліроўшчык. Ёсць. Двое. Старэйшага прызвалі ў армію. Пакуль яшчэ муштруюць.

Галя-сувязная (апускае рэгуліроўшчыку ў кішэнь шыняля бутэльку). Пагрэешся, пан. Такая слата. Няхай твае дзеці дачакаюцца бацькі.

Рэгуліроўшчык. Вядзі на паром фурманку, жанчына. Вунь за той легкавой машынай. Ты, па-мойму, тут не першы раз. Умееш загаварваць зубы.

Галя-сувязная. Вялікае дзякуй, паночак. галубочак. Век не забуду тваёй ласкі. (Адышоўшыся ад салдата, да Міці.) Як гара з плячэй звалілася!.. Самае галоўнае зрабілі. Вунь Мураш на тым беразе чакае. Да вечара трэба радыстку перавезці. Да вечара гэты рэгуліроўшчык зменіцца. Яны дзяжураць па восем гадзін.

Заслона

 

АКТ ТРЭЦІ

 

КАРЦІНА ДЗЕСЯТАЯ

Абстаноўка другой карціны.

Хата Мураша. Засланы белым абрусам стол. На стале самавар.

На сцяне фатаграфіі ў старамодных ссадках.

У хаце Мураш, Паліна Паўлаўна і Аўдоцця Данілаўна.

Мураш (стаіць ля акна). Матацыклы, машыны, танкеткі. Не разумею, навошта яны перапраўляюць у горад танкеткі.

Паліна Паўлаўна. Вёскі ёсць і па гэты бок ракі. Паліць будуць. Як у сорак першым, сорак другім.

Мураш. У сорак першым толькі два сялы спалілі, у сорак другім — шэсць.

Аўдоцця Данілаўна. Пра сябе падумайце. Толькі глухі не пачуе, як дзеўка на радзіве пішчыць. Што, як чужы чалавек у хату зойдзе? Ці, не дай бог, немец?

Мураш. Мама, ты, здаецца, умееш шыць на швейнай машынцы?

Аўдоцця Данілаўна. Калі тое было.

Мураш. Прывязу табе машынку.

Аўдоцця Данілаўна. Вочы слабыя. Як на той машыне буду шыць?

Мураш. Не абавязкова шыць. Калі зойдзе чужы чалавек, круці за ручку. Абы не было чутна, як Галя радыёграму перадае.

Аўдоцця Данілаўна. Дурная я без толку за ручку круціць. Столькі старызны перашыць трэба.

Мураш. Дзякуй, мама.

З бакоўкі выбягае Галя-радыстка.

Галя-радыстка (радасная). Ён адразу адказаў. Як толькі выйшла ў эфір. Доктар віншуе з пачаткам работы.

Мураш. Браточкі! Не сніў нават, што такое пачую.

Галя-радыстка. Доктар перадаў: вызвалены Арол і Белгарад. Просіць, каб удзялілі асаблівую ўвагу перавозкам праціўніка ў паўднёвым напрамку.

Мураш. Дзевачка ты мая! Давай я цябе пацалую. Проста свет перамяніўся. Ты пад акупацыяй не была, не ведаеш, колькі мы перацярпелі гора, прыніжэння. Думаеш, было лёгка слухаць, як фашысты захопліваюць нашы гарады. Цяпер ім вылезе бокам...

Аўдоцця Данілаўна. Не крычы! Яшчэ немцы пачуюць.

Мураш. Няхай чуюць. Цяпер мы ім хвост прышчэмім.

Галя-радыстка. Матэрыялу многа трэба. У эфір загадалі выходзіць кожны дзень.

Мураш. Прыгажунька мая! Знойдзем табе матэрыялу. Нашы людзі ўсюды ёсць. На чыгунцы, у парту, нават на ваенным аэрадроме. Выдатныя хлопцы!..

Паліна Паўлаўна. Іван, не распускай язык!

Мураш. Садзіцеся, людзі, за стол. Прыйшло на нашу вуліцу вялікае свята. Пашукай, мама, чаго-небудзь.

Паліна Паўлаўна. Праўда, Галя, што яшчэ месяц назад ты па Маскве хадзіла?

Галя-радыстка. Праўда.

Паліна Паўлаўна. Якая ты шчаслівая!

Аўдоцця Данілаўна. Мабыць, немец і на Маскву бомбы кідае.

Галя-радыстка. Цяпер не кідае. Але вокны паперамі заклеены. Крыж-накрыж.

Паліна Паўлаўна. Значыць, ты немцаў не бачыла і адважылася сюды ляцець. Якая ты смелая!

Галя-радыстка. Уся перадрыжала за дарогу. Як не сваімі нагамі ішла. Каб не хлопец, які апрануўся паліцэйскім, і не мая цёзка Галя, схапілі б мяне немцы.

Аўдоцця Данілаўна. Садзіцеся за стол. Будзем абедаць. Калі хто спытае, то ты з Борак. Мая пляменніца. Родная дачка маёй сястры.

Мураш (падымае чарку). За нашу перамогу! За Арол і Белгарад! Гэта не так далёка. Глядзі што да восені нашы тут будуць.

Аўдоцця Данілаўна. Дай бог!

Мураш. Карміце госцю, гаспадыні. Яна жыла на ваенным пайку, а ў нас бульба свая. Я пайшоў. Воўка ногі кормяць.

Мураш выходзіць.

Заслона

 

КАРЦІНА АДЗІНАЦЦАТАЯ

Дэкарацыя пятай карціны.

Гарадскі парк. Зялёная алея. Лавачка пад густой навіссю акацый. Даносяцца гукі музыкі.

На лавачцы Міця-фінагент. Падыходзіць Мураш.

Мураш. Кажуць, будзе канцэрт...

Міця-фінагент. Будзе, артысты прыехалі.

Мураш. Гэта, брат, выдатна. Без культуры адзічаем. (Напаўголаса.) Нашы ўзялі Арол і Белгарад.

Міця-фінагент. Іван Іванавіч! За такую навіну... (Трасе яму руку.) Колькі чакалі мы гэтага дня! Стала Чырвоная Армія летам вызваляць гарады. Прыйшло свята на нашу вуліцу!..

Мураш (гучна). Але, але. Канцэрты бываюць не кожны дзень. (Напаўголаса.) Як раней, зводкі пра рух цягнікоў, звесткі пра аэрадром за табой. Да вечара...

Мураш адыходзіць.

Трымаючы перад сабой драўляны кораб, паяўляецца Сынклета-самагоншчыца.

Сынклета-самагоншчыца. Гарачыя піражкі! Цукровыя пеўнікі!

Сынклета-самагоншчыца адыходзіць.

Па алеі ідзе Піскун.

Піскун. Прыкурыць можна?

Міця-фінагент. Можна. (Напаўголаса.) Нашы ўзялі Арол і Белгарад.

Піскун. I ў нас узялі. Прафесара Ямпольскага СД трымала двое сутак. Выйшаў чорны, як зямля.

Міця-фінагент. Ёсць загад з лесу пераправіць прафесара да партызан. Толькі як падысці да яго?

Піскун. Так проста не падыдзеш.

Піскун адыходзіць.

Паяўляецца Паліна Паўлаўна.

Паліна Паўлаўна. Ці не скажаце, дзе можна дастаць білет на эстраду?

Міця-фінагент. Білеты забралі салдаты.

Паліна Паўлаўна (напаўголаса). Устаноўлена дакладна. За Турбіной сочыць Рамашкевіч. Той, які ботамі гандлюе.

Паліна Паўлаўна адыходзіць.

Па алеі павольна ідзе прафесар Ямпольскі.

Міця-фінагент. Добры дзень, прафесар. Да вайны я вучыўся ў інстытуце. Здаваў вам экзамены па старажытнай гісторыі.

Ямпольскі. Вельмі прыемна. Ваш твар нібыта знаёмы. Слухаю вас.

Міця-фінагент. Не трэба выступаць з лекцыяй, Станіслаў Ігнатавіч. Мы вас выратуем.

Ямпольскі. Хто «мы»?

Міця-фінагент. Людзі, якія ведаюць і паважаюць вас.

Ямпольскі. Па-першае, лекцыя не мая. Тэкст мне далі ў СД. Надрукаваны на машынцы. Па-другое, вы спазніліся, малады чалавек. Да мяне ўжо звяртаўся адзін выратавальнік. Прапанаваў неадкладна ісці ў лес, у партызаны. Відаць, ваш калега. (Адыходзіць.)

Ямпольскі адыходзіць.

Вяртаецца задыханы Піскун.

Піскун. Паглядзі за раку. Бачыш дымы?..

Міця-фінагент. Ясна. Эсэсаўцы вёскі паляць.

Піскун. Яшчэ ніколі не было так многа дымоў.

Міця-фінагент. У тым баку Боркі, Навіна, Людзімавічы. Увесь сельсавет паляць.

Піскун. Страшна падумаць. Там людзі, жанчыны, дзеці...

Міця-фінагент. Паляць фашысты нашу Беларусь.

Піскун. У сне такога не пабачыш.

Міця-фінагент. З прафесарам сарвалася. Не верыць мне. Адкладзём да наступнага разу. Папярэдзь Турбіну. За ёй сочаць. На кватэру да яе — ні нагой.

Піскун. Я і так на кватэру не хаджу.

Піскун адыходзіць.

Падыходзіць Галя-сувязная.

Галя-сувязная. Лішняга білета няма?

Міця-фінагент. Салдаты забралі.

Галя-сувязная (напаўголаса). Калі захочаш пабачыць мяне, пакінеш запіску. У дупле бярозы. На тым узлеску, дзе мы апошні раз стаялі.

Галя-сувязная адыходзіць.

Зацямненне.

Пачынаецца канцэрт. З эстрады даносяцца гучныя воплескі, музыка. Канцэрт пачынаецца песняй «Лілі Марлен».

Голас спявачкі:

 

Там, перед казармой, где большая дверь,

Столб стоял фонарный, стоит еще теперь,

Сколько ночей под фонарем

Стояли мы с тобой вдвоем,

С тобой, Лили Марлен!..

 

Па алеі са стройным, яшчэ маладым нямецкім лётчыкам праходзіць Ірына Турбіна.

Голас спявачкі:

 

Трубы прозвучали, долг меня зовет,

Долго мы стояли, прощаясь у ворот,

Мы расставались в поздний час,

Там, где встречались столько раз

С тобой, Лили Марлен...

 

Паяўляецца Рамашкевіч. Падыходзіць да Міці-фінагента.

Рамашкевіч. Немцы вёскі паляць, а ёй (ківае на Турбіну) ні ў галаве. Пахаджвае з немцам.

Міця-фінагент. Прыгожая дзяўчына. Маладосць адзін раз бывае. Упусціш — не дагоніш.

Рамашкевіч. Кажуць, яе лётчык — высокая птушка. Нібыта знамяніты ас.

Міця-фінагент. Калі падаць, то ўжо лепей з вялікага каня.

Падыходзіць Мураш.

Рамашкевіч (паказвае на дымы за ракой). Хто праў, хто вінаваты, немцы не пытаюць. Паляць сёлы дашчэнту. Не, сапраўдныя гаспадары так не робяць.

Мураш. Што нашы сёлы? Драўляныя, спарахнелыя. Немцы каменныя пабудуюць.

Рамашкевіч. Эсэсаўцы могуць да нас дабрацца.

Міця-фінагент. У вёсках, якія немцы паляць, няма цвёрдай улады. Горад — другое дзела. У нас гебітскамісар, генералы, афіцэры. Будуем жыццё па ўзору новай Еўропы...

Мураш. Хоць бы адным вокам зірнуць на новую Еўропу.

Рамашкевіч. Навучыліся гаварыць. Як на мітынгу.

Міця-фінагент. Настаўнікі былі харошыя.

Мураш. Хопіць пра палітыку, хлопцы. Мы людзі маленькія. Што загадваюць, тое выконваем. Нам трэба грошы зарабляць. (Да Рамашкевіча.) Зрываеш мой заказ, пан камерсант. Калі даставіш волава?

Рамашкевіч. Да канца тыдня дастану.

Мураш. Работа стаіць.

Рамашкевіч. Работа ў лес не ўцячэ.

Падыходзіць рэдактар Блаз.

Блаз. Чулі, панове, навіну? Немцы Арол і Белгарад пакінулі. Выпрамляюць лінію фронту. Заўтра будзе надрукавана ў газеце.

Паяўляецца Сынклета-самагоншчыца.

Сынклета-самагоншчыца. Гарачыя піражкі! Цукровыя пеўнікі!

Міця-фінагент. Часта бегаеш, цётка! За патэнт на вольны гандаль заплаціла?

Сынклета-самагоншчыца. У цябе не спыталася! Кожны смярдзюх у начальнікі лезе.

Рамашкевіч. Не чапляйся да яе.

Блаз. Выпіць хочацца, а грошай няма.

Рамашкевіч. Вось гэта голас мужчыны! (Да Сынклеты.) Дай адну бутэльку. Сёння частую я, хлопцы. Дзве пары ботаў загнаў.

Сынклета-самагоншчыца дастае бутэльку і падае Рамашкевічу.

Мураш. Умеюць людзі жыць на свеце.

Рамашкевіч. На ўсё трэба спрыт. (Пускае бутэльку па крузе.) Будзем піць з рыльца, хлопцы! Шклянак няма.

Блаз. Эх, самагоначка!.. Каўтанеш, і адразу ў душы салавейчыкі заспяваюць. (Аддае бутэльку.)

Міця-фінагент. Нямецкі шнапс лепшы.

Блаз. Шнапс, брат, шчыплецца. Я кажу — дарагі. Не па кішэні.

Рамашкевіч. Не той час, каб грошы збіраць. Чулі самі: з нямецкага наступлення выйшаў пшык.

Блаз. Скарачаюць лінію фронту.

Міця-фінагент. Немцы сваё возьмуць.

Рамашкевіч. Нешта ў іх зламалася. Давайце, хлопцы, яшчэ па глытку.

Мураш. Наступны раз я частую.

Рамашкевіч. Пра выратаванне душы пара падумаць, хлопцы. Вернуцца нашы, пацікавяцца, хто чым займаўся.

Міця-фінагент. Што ты прапануеш?

Рамашкевіч. У лес трэба ісці. Да партызан. Вунь намеснік бургамістра з Карпілаўкі ў лес уцёк. Партызаны помсціцца не сталі, прынялі.

Міця-фінагент. Ты, гандляр ботамі, прыкусі язык! Сам ведаеш, што можа быць за такія размовы.

Мураш. Няўжо стануць мяне распінаць бальшавікі, што лудзіў самавары? Чай п’юць пры ўсякай уладзе.

Блаз. Цікавы ты гандляр. Трэба падумаць, чаму раптам такі смелы?

Блаз адыходзіць.

Мураш. Я казаў — нашто палітыка? Жыць трэба мірна, ціха. Не чапай ліха, і яно цябе не зачэпіць.

Мураш адыходзіць.

Міця-фінагент. На першы раз дарую. Піў тваю самагонку. Другі раз ляпнеш — павіснеш на бярозе. Зразумеў?

Рамашкевіч. Яшчэ невядома, хто першы павісне.

Міця-фінагент. Бачылі такіх. Не палохай! (Разыходзяцца.)

Усе разыходзяцца.

На нейкі момант алея пусцее.

На алеі паказваецца расфранчаная Дзуля ў акружэнні салдат.

Дзуля. Панове, гут машынка. Хі-хі-хі...

Салдат і Дзуля знікаюць, рагочучы.

З аднаго канца алеі выходзіць Ірына Турбіна з нямецкім лётчыкам, з другога павольна выдыбае прафесар Ямпольскі.

Турбіна. Прабач, Віллі. (Да прафесара.) Пачакайце хвілінку, Станіслаў Ігнатавіч. Пазнаяце мяне?

Ямпольскі. Пазнаю.

Турбіна. Ведаеце, дзе працую?

Ямпольскі. Ведаю.

Турбіна. Бачыце пажары за ракой. Эсэсаўцы паляць вёскі. Імем тых людзей, якія гінуць у агні, заклінаю паверыць мне...

Ямпольскі. Мы з жонкай таксама рашылі загінуць. Яшчэ не знайшлі спосаба, як скончыць жыццё.

Турбіна. Нават калі вы прачытаеце лекцыю, вас усё адно пашлюць у канцлагер. Паміраць будзеце ад голаду, катаванняў...

Ямпольскі. У вас харошыя вочы. Такія вочы не могуць хлусіць. Што я павінен рабіць?

Турбіна. Да вас прыйдзе ваша студэнтка. Яе завуць Галя. Яна скажа, што рабіць.

Турбіна адыходзіць.

З бакавой дарожкі за Турбіной і Ямпольскім назірае Рамашкевіч, які адразу знікае, калі перакладчыца з лётчыкам праходзіць па алеі. Чуваць песня «Лілі Марлен», цяпер ужо на нямецкай мове:

 

Bei der Kaserne, vor dem grossen For

Stand eiane Laterne und stehn sie noch dafor.

Und alle Leute soll es sehn,

Wenn wir bei der Kaserne stelin

Wie einst, Lili Marlen...

 

Заслона

 

КАРЦІНА ДВАНАЦЦАТАЯ

Малюнак трэцяй і шостай карцін.

Бярозавы пагорак. Настрой лесу, навакольнай мясцовасці — інакшы. Зорнае неба, дзесьці над горадам вісіць срабрысты паўбоханчык месяца.

Галя-сувязная. Чаму так спешна? Што здарылася?

Міця-фінагент. Турбіну арыштавалі. Учора выклікалі ў СД і не выпусцілі.

Галя-сувязная. Вот табе і Турбіна. Ёй заўсёды так шанцавала.

Міця-фінагент. Гаворыш глупства. Трэба пра дзела думаць.

Галя-сувязная. Чым можна дапамагчы, Міця? Што могуць зрабіць партызаны?

Міця-фінагент. Трэба дазнацца, у якім месцы парвалася нітачка. Ты калі апошні раз бачыла Турбіну?

Галя-сувязная. У той вечар, калі быў канцэрт.

Міця-фінагент. Заходзіла да яе на кватэру?

Галя-сувязная. Не заходзіла. Яна запыніла мяне ў парку. На адну хвіліну. Загадала ісці да прафесара Ямпольскага і выводзіць яго ў лес.

Міця-фінагент. Прафесар не мог прагаварыцца?

Галя-сувязная. Не мог. Назаўтра раніцай я вывела яго з жонкай з горада.

Міця-фінагент (задумліва). Трэба дазнацца, у чым абвінавачваюць Турбіну.

Галя-сувязная. Ірыну катуюць, а мы стаім, гаворым. Я нядобрая, брыдкая, Міця. Я цябе раўнавала да Ірыны. Месца сабе не знаходзіла. Часта блага думала пра яе. Лічыла прыгожай лялькай, якая служыць вашым і нашым, а любіць сябе адну.

Міця-фінагент. Ірына — не лялька...

Галя-сувязная. Ты і цяпер яе любіш, Міця.

Міця-фінагент. Знайшла пра што гаварыць!.. Ірына шмат ведае. Пра мяне, цябе, нашу групу. Я веру, што яна нічога не скажа.

Галя-сувязная. Мяне няхай б’юць, рэжуць, жылы дастаюць, але слова з мяне не выцягнуць.

Міця-фінагент. Цябе пакуль ніхто не б’е.

Галя-сувязная. Ты любіш Ірыну. Але я не крыўджуся. Хопіць, што я цябе люблю. Майго кахання на нас дваіх хопіць.

Міця-фінагент. Я пра дзела, а ты пра глупства. Вот што я прыдумаў. Прафесара ўгаворваў ісці ў лес шпік Рамашкевіч. Няхай прафесар напіша шпіку маленькае пісьмо. Маўляў, дзякуй, што добрую думку падалі. Справа ў тым, што Рамашкевіч і за Турбіной віжаваў.

Галя-сувязная. Я прынясу такое пісьмо, Міця.

Міця-фінагент. Цяжка стала жыць?

Галя-сувязная. Цяжка. Васемнаццаць вёсак спалена. Пакутуюць людзі. У лесе жывуць. У шалашах, зямлянках. Добра, што бульба нарасла.

Міця-фінагент. Іван Іванавіч прасіў перадаць. Жывёла са спаленых вёсак у Росіцы. У нямецкім маёнтку. Болей за тысячу галоў. Калі трэба, мы разведаем, якая ў Росіцы ахова, умацаванні.

Галя-сувязная. Я перадам. Буду ў горадзе самае большае праз тры дні.

Міця-фінагент. Асцярожна, эсэсаўцы яшчэ не схлынулі. Паляць вёскі на другім баку ракі.

Галя-сувязная. Давай, Міця, пацалуемся. Усё можа быць.

Міця-фінагент. Глядзі ты што прыдумала...

Галя-сувязная. Прыдумала і не адступлюся.

Галя-сувязная абхоплівае Міцю за шыю, цалуе, таропка адыходзіць.

Заслона

 

КАРЦІНА ТРЫНАЦЦАТАЯ

Пакой саветніка па культуры.

Горлічак нервова выдыбае па пакоі.

Уваходзіць рэдактар Блаз.

Блаз. Пан саветнік, што рабіць?

Горлічак. Тое, што раней. Выпускайце газету.

Блаз. Нельга як раней. У горадзе смяюцца.

Горлічак. З чаго смяюцца?

Блаз. З нашай газеты. Друкуем урыўкі з кнігі прафесара Ямпольскага, а сам ён у лес уцёк.

Горлічак. Друкуйце! З маімі папраўкамі. Калі нягоднік сапраўды збег да лясных бандытаў, яны яго па галоўцы не пагладзяць.

Блаз. Магчыма, у прафесара ёсць яшчэ адзін экземпляр кнігі. Без вашых паправак.

Горлічак. Вашы жарты не да месца, пан рэдактар. Рускія наступаюць, вяртаюць свае гарады. Магчыма, яны хутка ўступяць у гэты горад. Але вам няма чаго радавацца. Вы рэдактар нямецкай газеты. Экземпляра кнігі без маіх паправак у вас няма?

Блаз. Няма.

Горлічак. Значыць, ідзіце і друкуйце газету.

Блаз. Пайду і буду друкаваць.

Блаз выходзіць.

У пакой уваходзіць капітан Граф.

Турбіной у пакоі няма, і лётчык з недаўменнем глядзіць на пусты стол.

Горлічак (да лётчыка). Нічога не магу вам сказаць, пан капітан. Фройляйн Турбіна арыштавана СД. Калі можаце, звярніцеся за тлумачэннямі да пана Вольфа, начальніка СД.

Не прамовіўшы ні слова, крута павярнуўшыся, капітан Граф выходзіць з пакоя.

Заслона

 

КАРЦІНА ЧАТЫРНАЦЦАТАЯ

Гарадскі парк. Алея.

Рэдактар Блаз марудна брыдзе па алеі. Як з-пад зямлі вырастае Рамашкевіч.

Рамашкевіч. Віншаванне, пан рэдактар. Чулі навіну?

Блаз. Якую навіну?

Рамашкевіч. Арыштавана перакладчыца Турбіна. Вот табе і немка! Пахаджвала з нямецкімі афіцэрамі, вынюхвала іх сакрэты і перадавала лясным хлопцам. Кажуць, яна выправіла ў лес прафесара Ямпольскага. Во баба!

Блаз. Адкуль ты ўсё ведаеш?

Рамашкевіч. Людзі гавораць. Ім языкі не завяжаш.

Блаз. Ты, значыць, ходзіш і падслухваеш, што гавораць.

Рамашкевіч. Асцярожней на паваротах, нямецкі папіхач.

Блаз. Ты правільна сказаў, пан вынюхайла. Я — папіхач. Да вайны працаваў у савецкай газеце, цяпер — у нямецкай. Але людзей я не прадаваў. Ты іх прадаеш, і цябе чакае першая куля. Ведаеш сам, нашы блізка...

Рамашкевіч. Ага, значыць, і ты бальшавіцкую песню заспяваў! Я не памыляўся.

Рамашкевіч адыходзіць.

Некалькі хвілін Блаз стаіць у задуменні.

Паяўляецца Паліна Паўлаўна.

Паліна Паўлаўна. Хачу вас папярэдзіць. Чалавек, з якім вы размаўлялі, ноччу стаіць пад вашымі вокнамі.

Паліна Паўлаўна адыходзіць.

Блаз (сам сабе). Значыць, гэты юда прадаў Турбіну... Не такія дурныя фашысты. Сваім адзінакроўным супляменнікам не вераць, а таксама мне, хто ставіць сваё прозвішча на іхнім брудным лістку. Камедыя фініта. Трэба ставіць апошнюю кропку, Сымоне. Юда данясе. Мяне схопяць, і ніхто не дазнаецца, што нямецкі рэдактар Блаз сам складаў, друкаваў і развешваў лістоўкі. Пяць разоў па пяць экземпляраў. Бунтар-адзіночка! Ад дзён свайго нараджэння быў ты, Сымоне, журботным дзіваком. Такім і памрэш. Грукні хоць напаследак дзвярамі. Моцна грукні! Каб увесь горад пачуў!..

Павесіўшы голаў, Блаз павольна выдыбае з парку.

Заслона

 

КАРЦІНА ПЯТНАЦЦАТАЯ

Пакой у гарадскім СД.

Гэта былы школьны пакой, у вокны якога ўстаўлены жалезныя краты.

Вольф — высокі, плячысты, з першымі адзнакамі паўнаты — стаіць, прыхінуўшыся спіной да кафлянай грубкі.

Узбоч сцяны ў крэслах сядзяць пяць ці шэсць катаў СД у адных нацельных сарочках. У руках трымаюць бярозавыя палкі.

Турбіна стаіць пасярод пакоя.

Вольф. Распранайся!

Турбіна (крычыць). Слухайце, вы! Не падыходзьце! Можаце парваць маю вопратку, задушыць мяне, кінуць псам!.. Голай перад вамі стаяць не буду!

Вольф. Сілай распранём. Мужчынам весялей працаваць, калі бачаць перад сабой голую бабу.

Першы з катаў. У яе нядрэнныя формы. Бюст, талія, бёдры. Яны будуць праглядвацца лепш, калі сцягнем вопратку.

Другі з катаў. У капітана Графа нядрэнны густ.

Аднекуль даносіцца нечалавечы крык.

Вольф. Чула, якая тут музыка? Распранайся!

Турбіна. Не падыходзьце!

Першы з катаў (падыходзіць, замахваючыся на арыштаваную палкай). Бальшавіцкая сука!

Вольф. Адставіць! Распранём у другім аддзяленні. Калі ў бальшавіцкай партызанкі не застанецца назапашаных слоў. Пытаю апошні раз, Турбіна, хто даў заданне адправіць у лес прафесара Ямпольскага?

Турбіна. Я нікуды яго не адпраўляла.

Вольф. Цябе бачылі з прафесарам у той вечар, калі ён знік з горада.

Турбіна. Я не ведаю, пра які вечар вы гаворыце. Некалькі дзён назад я напаткала прафесара ў парку. Я была ў кампаніі з капітанам Графам. Ішла. Я толькі павіталася і спытала прафесара пра здароўе. У яго быў дрэнны выгляд.

Вольф. Складна. Але ёсць яшчэ адзін факт. Мінулым летам ты хадзіла ў лес. Праз раку на лодцы цябе перавёз чалавек, вядомы нам як партызанскі памочнік. Што было патрэбна перакладчыцы аддзела культуры ў лесе?

Турбіна. У лесе мяне нішто не цікавіла. Проста капітан Граф захацеў адпачыць. Год назад партызаны яшчэ не падыходзілі так блізка да горада. Перавозчыку мы добра заплацілі.

Вольф. Ты страшэнна хітрая бестыя, Турбіна. Хоць з твару божая авечка. Я табой займаюся цэлы год. Няўжо думаеш, што я арыштаваў цябе, грунтуючыся толькі на падазрэнні. Ёсць неабвержныя факты.

Турбіна. Я ні ў чым не вінавата.

Вольф (падыходзіць да стала). Вот дакумент. Летам саракавога года ты ездзіла ў Маскву. Разам з савецкім старшым лейтэнантам. Назаві прозвішча чэкіста!

Турбіна. Прозвішча старшага лейтэнанта — Арлоў. Толькі ён не чэкіст. Ён лётчык.

Вольф. У гэтага чалавека быў савецкі ордэн.

Турбіна. Арлоў ваяваў у Іспаніі.

Вольф. Чаму ты ездзіла ў Маскву іменна з Арловым?

Турбіна. Бо ён мне падабаўся.

Вольф. Ты павянчалася з Арловым.

Турбіна. Мы не паспелі.

Зноў з-за сцяны даносіцца адчайна-жудасны крык.

Вольф. Дапускаю, што Арлоў — лётчык. Але высветлена, што твой бацька быў актыўны бальшавік і камуніст.

Турбіна. Мой бацька быў беспартыйны.

Вольф. Чаму твой бацька перабраўся з буржуазнай Латвіі ў Савецкую Расію?

Турбіна. Мы атрымалі тут зямлю.

Вольф. Твой бацька першы ўступіў у калгас.

Турбіна. Ён уступіў разам з усімі.

Вольф. Твайму бацьку далі дом раскулачанага, узнагародзілі сярэбраным гадзіннікам.

Турбіна. Ён быў добры каваль. Рамантаваў інвентар, нават машыны.

Вольф. Каваль здолеў паслаць сваю дачку на вучобу ў Ленінград?

Турбіна. У Ленінградзе быў нямецкі педагагічны тэхнікум. Я паступіла іменна туды. Жывучы ў Расіі, я цягнулася да нямецкай культуры. Вы не задумваліся, пан штурмбанфюрар, чаму я так рабіла?

У пакой паспешліва заходзіць службовец СД, нешта шэпча на вуха Вольфу. .

Вольф (збянтэжана). На сёння хопіць. У нас яшчэ будзе магчымасць пагаварыць з вамі, фройляйн Турбіна.

Заслона

 

КАРЦІНА ШАСНАЦЦАТАЯ

Парк.

Мураш сядзіць на лавачцы.

Паяўляецца Міця-фінагент.

Міця-фінагент. Можна прыкурыць?

Мураш. Калі ласка, пан фінагент.

Міця-фінагент. Росіцы — капцы! Партызаны забралі восемсот кароў.

Мураш. Не прапала наша работка.

Міця-фінагент. Пра Турбіну новага нічога?

Мураш. Наша віна, што яе схапілі.

Міця-фінагент. Чаму наша?

Мураш. Маглі без яе завесці ў лес прафесара.

Міця-фінагент. Я спрабаваў. Яна сама ўмяшалася. Прафесар ёй паверыў.

Паяўляецца Паліна Паўлаўна.

Паліна Паўлаўна. Немцы пусцілі чуткі, што рэдактар Блаз уцёк у лес і яго павесілі партызаны. Труп прывезлі ў горад паліцэйскія.

Мураш. Правакацыя. Блаза павесілі самі фашысты.

Паліна Паўлаўна. Я даўно адчувала, што Блаз — не здраднік. У бальнічным двары раскіданы лістоўкі. Прачытайце (працягвае лістоўку).

Міця-фінагент (чытае). «Таварышы і грамадзяне! Не верце хлусні, якая змяшчаецца ў гарадской газеце. Прафесар Ямпольскі не друкаваў артыкулаў — гэта фашысцкія фальшыўкі. Гэта пішу я, рэдактар Блаз, і папярэднія пяць лістовак таксама напісаў я...»

Мураш. Я сёе-тое заўважаў. Каля рэдактара заўсёды віўся гэты шпік.

Паліна Паўлаўна. Адзінокі чалавек. Хоць бы жанчына была побач.

Мураш (узрадавана). Лістоўка Блаза павінна памагчы Турбіной. У дадатак да пісьма прафесара, адрасаванага шпіку Рамашкевічу...

Паліна Паўлаўна. Блаз дзеля выратавання Турбіной лістоўку напісаў. Чуе мая душа. Жылі ў адным доме...

На алеі паяўляецца Турбіна.

Твар яе бледны, задуменны, хада марудная. Турбіна ледзь прыкметна ківае галавой, вітаючы сяброў-таварышаў, і ідзе далей.

Мураш. Разыходзімся. Сабраліся як на мітынг. Дадзенай мне ўладай у дальнейшым забараняю ўмешвацца ў што-небудзь без майго дазволу. Мы выконваем франтавое заданне. Гэта важней за ўсё астатняе.

Усе разыходзяцца.

Заслона

 

КАРЦІНА СЕМНАЦЦАТАЯ

Восень.

Хата Мураша.

Плюскоча за акном дождж.

Аўдоцця Данілаўна шые на швейнай машынцы. Паміж шаснаццатай і семнаццатай карцінамі мінула тры месяцы.

Мураш стаіць ля акна.

Мураш (задуменна). На дождж не глядзяць, наводзяць пантонны мост. Каб спрытней было ўцякаць.

Паліна Паўлаўна. Насельніцтва палохаюць. У газеце пішуць, што ўсіх, хто дзе-небудзь працуе, бальшавікі сашлюць у Сібір.

Мураш. Рамашкевіч мундзір СД надзеў. Не хаваецца болей, сабака.

Паліна Паўлаўна. Па нашай вуліцы прахаджваўся. Учора вечарам. Баюся я яго.

Аўдоцця Данілаўна. Паехалі б у вёску. Хіба адтуль нельга на радзіве пішчаць?

Мураш. Нельга, мама. Нашы да Кіева, Гомеля падыходзяць. Хоць бы яшчэ тыдні два пратрымацца.

Уваходзіць Галя-сувязная.

Мураш. Чаму без дазволу? Што-небудзь здарылася?

Галя-сувязная. Здарылася. У Калінавічах дваццаць два эшалоны немцы разгрузілі. Са снарадамі, мінамі. Мабыць, збіраюцца фронт трымаць.

Мураш. На самай станцыі?

Галя-сувязная. На самай. Паміж старым і новым дэпо. Штабялі брызентам прыкрыты, калючым дротам абцягнуты. Варта стаіць.

Мураш (разглядае карту). Значыцца, квадрат АГ, дваццаць восем. Прыпякло, калі на самой станцыі снарады складваюць.

Паліна Паўлаўна. Як ты прабралася? Шаша абозамі забіта.

Галя-сувязная. На гармаце прыехала. Немец на цегачы сядзіць, я на гармаце. Абое прамоклі да ніткі.

Аўдоцця Данілаўна. Распранайся. Выпі шклянку чаю.

Галя-сувязная. Немец добры трапіўся. На развітанне сказаў: «Да свідання, матка. Болей ніколі не пабачымся». Малады, мой, бадай, равеснік.

Мураш. Вылазіць ім бокам.

Аўдоцця Данілаўна. Кожнаму жыць хочацца. У кожнага ёсць маткі, жонкі, дзеці.

Мураш. Чаго да нас пёрліся?

З бакоўкі выходзіць Галя-радыстка.

Галя-радыстка (да Мураша). Доктар падзяку перадаў. За звесткі пра танкавую дывізію. (Да Галі-сувязной.) Як я рада цябе бачыць! Ты мне, як маці хросная. Успамінаю, як вяла са сваім хлопцам у горад. Перадрыжала я тады ўся. Як не сваімі нагамі ішла. Цяпер нават з немцамі размаўляю, і нічога...

Аўдоцця Данілаўна. Хопіць пра танкі, дзівізіі. Абедаць садзіцеся.

Мураш. Трэба патэнт аднавіць. Могуць прыдрацца. (Да Галі-сувязной.) Доўга тут не затрымлівайся.

Мураш выходзіць.

Заслона

 

КАРЦІНА ВАСЕМНАЦЦАТАЯ

Пакой саветніка па культуры Горлічка.

За сталом — Турбіна.

Уваходзіць Мураш.

Мураш. Не скажаце, чаму зачынены фінансавы аддзел? Трэба патэнт аднавіць.

Турбіна. З абеду позняцца. (Напаўголаса.) Ёсць загад аб эвакуацыі горада. Танкавая дывізія застаецца пакуль у горадзе.

Мураш. Дзякуй, пані перакладчыца. Я пачакаю ў калідоры.

Мураш выходзіць.

У дзвярах сутыкаецца з Сынклетай-самагоншчыцай.

Сынклета-самагоншчыца (увайшоўшы ў пакой). Хачу пра грошы спытацца.

Турбіна. Пра якія грошы?

Сынклета-самагоншчыца. Жыву сваёй галавой. Мужыка даўно няма. Гандлявала трохі. Брала аднымі маркамі. Якія ў самой Германіі ходзяць.

Турбіна. Чаго вы хочаце?

Сынклета-самагоншчыца. Гандляваць вы не забаранялі. Марак я назбірала. Я кажу — вашых, сапраўдных. Не тых, што акупацыйнымі называюцца.

Турбіна. Гандлюйце на здароўе.

Сынклета-самагоншчыца. Які цяпер гандаль! Тыя, што ў немцы папісаліся, з горада выязджаюць. Дамы кідаюць, кварціры. Дазвольце купіць такі дом. Магу даражэй заплаціць. Мне абы дакумент.

Уваходзіць Горлічак.

Турбіна. Дамаўляйцеся з домаўласнікамі. Да іх ідзіце.

Сынклета-самагоншчыца. Знойдзеш іх. Далі лататы. Дамы пустыя.

Сынклета-самагоншчыца выходзіць.

Горлічак. Бедная Германія! Перамога ад нас усё болей аддаляецца. Мы былі так блізка да яе. Але хопіць інтэлігенцкага ныцця, як выражаюцца бальшавікі. Вайна яшчэ не скончана. Усе, хто мае патрэбу ў абароне ад бальшавіцкага насілля, знойдуць яе. Фройляйн Ірэн, прашу вас выпісваць пропускі ўсім, хто хоча эвакуіравацца ў Германію. Вот вам бланкі з пячацямі.

Горлічак выходзіць.

Уваходзіць маёр Шпіц.

Шпіц. Сярод гэтых блазнаў, якія перад тварам небяспекі згубілі галаву, вы адна высока трымаеце гонар нямецкай жанчыны. Я захапляюся вамі, фройляйн Цюрбін...

Турбіна. Даўно хачу спытаць вас, пан маёр. Вы носіце мундзір лётчыка і працуеце ляснічым акругі.

Шпіц. Фройляйн Цюрбін, дзякую за ўвагу да маёй асобы. Я сапраўды стары нямецкі лётчык. Ваяваў у першую сусветную вайну. У гэтую не здолеў ваяваць з-за свайго ўзросту. Але я адчуваў у сабе сілы, каб працаваць на карысць айчыны, а рэйхсмаршал Герынг не толькі камандуе авіяцыяй, ён галоўны ляснічы Германіі. Ён паслаў мяне сюды...

Турбіна. Цяпер я ўсё разумею, пан маёр.

Шпіц. У мяне да вас справа, фройляйн Цюрбін. Я атрымаў ліст ад капітана Графа. Ён піша, што яго лісты да вас не даходзяць і просіць паклапаціцца пра вас у выпадку эвакуацыі. Я ахвотна гэта выканаю, фройляйн Цюрбін. Але пакуль дывізія ў горадзе, нам нечага баяцца.

Турбіна. Я вам вельмі ўдзячна, пан маёр.

Шпіц (перадае паперку). Вот новы адрас капітана Графа. Пакуль мы яшчэ ў гэтым горадзе, напішыце яму, фройляйн. Прыгожая жанчына — вялікая сіла. Знаходзячыся ў небе, лётчык думае пра зямлю. Найбольш пра жанчын, якія даюць натхненне яго сэрцу. Капітан Граф — нацыянальная гордасць Германіі. Ён варты таго, каб яму напісала такая дзяўчына, як вы.

Шпіц выходзіць.

Нясмела ўваходзіць Дзуля.

Дзуля. Выпісыце п’ёпуск.

Турбіна. Які пропуск?

Дзуля. У Гейманію.

Турбіна. Вы, здаецца, нідзе не працавалі. Я хачу сказаць, не займалі ніякай пасады.

Дзуля. Мяне сайдат у Гейманію заве. Ад’яс пакінуў (перадае паперку). Яго завуць Ф’іц. Гавоіць — зонка памёйла, ёсць дзве каёвы, т’і свінні.

Турбіна. Гэта не адрас.

Дзуля. Сто, калі не ад’яс?

Турбіна. Накладная на махорку. На пяць пачак.

Дзуля. Сволач якая! Пабягу ў казайму.

Дзуля выбягае.

Уваходзіць абвешаны дротамі Піскун. Корпаецца ў тэлефоне.

Піскун (напаўголаса). Міця будзе ў парку ў дзевяць вечара. Гучна. Тэлефон працуе нармальна.

Піскун выходзіць.

Заслона

 

КАРЦІНА ДЗЕВЯТНАЦЦАТАЯ

Парк.

Зорны, цёплы вечар позняй восені. Шасціць, ападаючы, лісце дрэў.

На лавачцы Міця-фінагент з гітарай.

Міця-фінагент (іграе на гітары, ціха напяваючы):

 

Было адзінае спатканне,

У летнім парку над ракой,

За дзве гадзіны да світання

Мы развіталіся з табой...

 

Падыходзіць Турбіна.

Турбіна. Не ведала, што ў цябе многа талентаў.

Міця-фінагент. Якія мае таленты памятаеш?

Турбіна. Вершы пісаў.

Міця-фінагент. Вершы піша палавіна школьнікаў і трэцяя частка студэнтаў.

Турбіна. Працягвай. У цябе прыемны голас.

Міця-фінагент. Пры табе не атрымаецца.

Турбіна. Забудзь, што я тут.

Міця-фінагент (працягвае спяваць, падыгрываючы на гітары):

 

Канчаўся водпуск сувязіста,

Быць мусіў заўтра у палку.

Чаўнок па небе плыў срабрысты,

І зоркі падалі ў раку.

Рыпелі боты новым рантам,

Блішчалі ў змроку рамяні —

Два тыдні быў ён лейтэнантам

Герой на бронзавым кані...

 

Турбіна. Ты пра сябе напісаў?

Міця-фінагент. І пра цябе.

Турбіна. Я ўсё забыла. Думаю пра адно: каб не збіцца з ролі, якую выбрала. Легкадумнай лялькі, шчаслівай абранніцы лёсу...

Міця-фінагент. Я спатыкаюся з табой у перазломныя моманты жыцця. Праз тыдзень пасля таго, як мы першы раз сядзелі вось тут, у парку, пачалася вайна. Цяпер яна коціцца на Захад. Учора нашы вызвалілі Кіеў...

Турбіна. Хутчэй бы нашы прыйшлі! Хачу жыць, як усе. Смяяцца, калі смешна, плакаць, калі балюча...

Міця-фінагент. Я цябе разумею. За апошнія гады я таксама перамяніў некалькі роляў. Студэнт, лейтэнант войск сувязі, цяпер вось агент па ўліку прыбытку рамеснікаў-адзіночак. Але ў душы я той самы.

За ракой у небе запальваюцца і як бы павісаюць яркія агні. Вышэй гэтай светлай паласы цёмны абсяг неба паласуюць пражэктары, успыхваюць разрывы зенітных снарадаў. Раз за разам раздаюцца магутныя выбухі, якія суправаджаюцца новымі асляпляльнымі ўспышкамі святла. Бела-чырвоныя сполахі скачуць па небе, на іх фоне выразна відаць сілуэты самалётаў.

Турбіна. Якая страшная навальніца! Бачыш, Міця, птушкі між маланак. Ніколі я такога не бачыла...

Міця-фінагент. Гэта не птушкі, гэта самалёты. Бамбяць чыгуначны вузел у Калінавічах. Вынікі той гульні, у якой мы з табой іграем сапраўдныя ролі.

Турбіна. Божа, якая радасць! Можа, мой Арлоў у той навальніцы? Вельмі на яго падобна. Ён заўсёды рваўся туды, дзе навальніца. Калі Арлоў там, значыць, прыляцеў дзеля мяне. Бі іх, Саша! Ведай, я любіла аднаго цябе. Толькі пра цябе думала, чакала цябе!..

Міця-фінагент (збянтэжаны). Нам не трэба тут болей быць, Ірына. Што перадаць Івану Іванавічу?

Турбіна. Танкавая дывізія пакуль на месцы. Куды яе накіруюць, не ведаю. Але я дазнаюся. Цяпер я ўсё дазнаюся!

Міця-фінагент. Бывай.

Турбіна. Бывай, Міця.

Турбіна выходзіць.

Заслона

 

КАРЦІНА ДВАЦЦАТАЯ

Хата Мураша.

У праёме акна штораз успыхваюць яркія сполахі. Выразна чуваць выбухі.

Мураш і Аўдоцця Данілаўна слухаюць. Побач з імі — Галя-радыстка і Паліна Паўлаўна.

Мураш (стоячы ля акна). Браточкі, родненькія! Біце праклятых фашыстаў!.. Глядзіце, глядзіце! Паліна, мама, Галя!.. Вось наша работа!.. Нездарма ж калаціліся, дрыжалі, божымі авечкамі прыкідваліся!..

Аўдоцця Данілаўна. Можа, і не праз ваша радзіва банбяць, дзетачкі, у Калінавічах...

Мураш. Праз наша, мама! Праз наша!..

Чуваць некалькі магутных выбухаў, і водблескі вялікага зарыва запальваюць неба.

Аўдоцця Данілаўна. Зямля ходырам ходзіць. А там жа крыж-накрыж рэйкі ідуць, паязды... Многа паяздоў...

Мураш. Галя! Можаш перадаць доктару: няма болей артылерыйскіх складаў у Калінавічах!..

Раздаецца стук у дзверы.

Аўдоцця Данілаўна. Радзіва хутчэй хавайце!

Галя-радыстка і Паліна Паўлаўна кідаюцца ў бакоўку.

Стук настойліва паўтараецца.

Мураш адчыняе дзверы.

У пакой заходзіць нямецкі лейтэнант у заляпаным гразёй шынялі. За ім — некалькі салдат.

Лейтэнант. Чаму не спіцё?

Мураш. Баімся. Уцякаць збіраліся. Бамбяць блізка.

Лейтэнант. Савецкая авіяцыя яшчэ не ведае пра мост. Інакш нас з вамі, мабыць, не было б на гэтым свеце.

Мураш. У вайну, пан афіцэр, усім дрэнна.

Лейтэнант. У вашай хаце размесціцца дзесяць салдат. Абслуга пантоннага моста. Разам са мной.

Паліна Паўлаўна. Пан афіцэр, у доме ёсць хворая. Мая сястра.

Лейтэнант. Хворую трэба адправіць у бальніцу. Лепшай кватэры мы не знойдзем. Мост трэба абслугоўваць днём і ноччу.

Мураш. Як-небудзь размесцімся, пан афіцэр.

Лейтэнант. Праз гадзіну мы вернемся.

Лейтэнант і салдаты выходзяць.

Галя-радыстка. Што рабіць? Заўтра ў дзве гадзіны я павінна выйсці ў эфір.

Мураш. Прыдумаем што-небудзь. Ёсць загад аб эвакуацыі горада. Нам тут нельга заставацца.

Галя-радыстка. Батарэі садзяцца. Трэба новыя.

Мураш. Выйдзеш у эфір. Папросіш дазволу перайсці да партызан. Гэта цяпер самае галоўнае.

Заслона

 

КАРЦІНА ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШАЯ

Той жа пакой. Пасярэдзіне накрыты чыстым настольнікам стол. Гарэлка, закуска. За сталом Паліна Паўлаўна, лейтэнант, Мураш.

Паліна Паўлаўна. Сёння мой дзень нараджэння, пан афіцэр.

Лейтэнант. Віншую. Пані такая маладая.

Паліна Паўлаўна. Старая бабуля, пан афіцэр. Мне дваццаць сем гадоў.

Лейтэнант. Мне сорак. Пяць гадоў на вайне.

Мураш. Давайце вып’ем, пан лейтэнант. За здароўе маёй жонкі. Мы з ёй у вайну пажаніліся.

Лейтэнант. Я сваю не бачыў два гады. Месяц не атрымліваў лістоў. Я з Гамбурга. Гамбург бамбяць. (Выпівае.)

Паліна Паўлаўна. Усё будзе добра, пан афіцэр.

Лейтэнант. Гарэлка моцная. Кружыць у галаве. З выгляду была як віно.

Мураш. Гарэлку ў вайну не прадаюць. Самі робім.

Лейтэнант. Чаму няма за сталом вашай сястры?

Паліна Паўлаўна. Яна яшчэ не зусім здаровая. Хутка выйдзе. Каб выпіць за знаёмства з панам афіцэрам.

Мураш. Давайце вып’ем за вашу жонку, пан лейтэнант. Каб усё было добра.

Лейтэнант. Мой службовы час не скончыўся.

Мураш. Служба ў лес не ўцячэ.

Аўдоцця Данілаўна прыносіць і ставіць на стол патэльню са смажанінай.

Лейтэнант. Пад такую закуску можна выпіць. (Выпівае, прыкметна хмялеючы.)

Мураш. Бог тройцу любіць.

Лейтэнант. Так, тройцу. У мяне жонка і дзве дачкі. Я іх не бачыў два гады. (Выпівае.)

Паліна Паўлаўна (пачынае спяваць):

 

А ў полі вярба,

Пад вярбой вада,

Там хадзіла, там гуляла

Дзеўка малада...

 

Лейтэнант. Вот мая сям’я. (Дастае з партманэ фотакартку, перадае Мурашу.) Гэта жонка. Гэта старэйшая дачка. Гэта малодшая.

Мураш. Жонка ў пана лейтэнанта — прыгажуня. Дочкі таксама.

Паліна Паўлаўна (спявае):

 

Хлопец да вады,

Дзеўка ад вады.

Пастой, пастой, дзяўчынанька,

Дай, кажа, вады...

 

Мураш. Пацешым пана лейтэнанта. Няхай бачыць, якія мы людзі. Калі нам весела — скачам, калі самотна — плачам. (Сам сабе падпяваючы, кідаецца ў скокі.)

 

А Лявоніха не маткай была

Ды нямытую кашульку дала.

Нямытую, некачаную, у суседа пазычаную...

 

Аўдоцця Данілаўна. Не грукай так. Можна цішэй.

Мураш. Душа гарыць, мама! Нельга цішэй.

Лейтэнант. Даўно ў мяне не было такога вясёлага дня.

Мураш скача і спявае некалькі хвілін, пакуль з бакоўкі не выходзіць Галя-радыстка.

Лейтэнант. О, нарэшце я бачу нашу хворую! Яна зусім не падобна на хворую. Расцвіла як вясновая кветка.

Галя-радыстка. Каб спадабацца пану лейтэнанту, я хацела найлепш апрануцца.

Уваходзіць нямецкі салдат.

Салдат. Гер лейтэнант, вас выклікае гер гаўптман.

Лейтэнант. На вайне ўсё кароткае. Асабліва вясёлыя гадзіны.

Лейтэнант і салдат выходзяць.

Галя-радыстка. Гаспадар загадаў неадкладна пакінуць кватэру. Рацыю я запакавала.

Мураш. Мама, Паліна, Галя, сабірайцеся!

Аўдоцця Данілаўна. Вы з вашым радзівам ідзіце. Я да заўтра пабуду. Нельга так адразу кінуць-рынуць.

Паліна Паўлаўна. Іван, я таксама да заўтра застануся. Трэба людзей папярэдзіць.

Мураш. Няхай так. Мама, ты і Паліна выйдзеце заўтра прыцемкам. Каб ніхто не бачыў. Гадзіны за дзве да світання. Па Пралетарскай да аўрагаў. У кустах чакайце. Патрулёў на Пралетарскай няма. Пайшлі, Галя.

Галя-радыстка і Мураш, які трымае ў руках невялікі чамадан, выходзяць.

Аўдоцця Данілаўна, Паліна Паўлаўна глядзяць у акно.

Аўдоцця Данілаўна. Каб хоць немцы не схапілі. Гэтае радзіва мне сэрца ад’ела.

Паліна Паўлаўна. Я сама баюся.

Аўдоцця Данілаўна. Каля маста прайшлі. Звярнулі на Пралетарскую.

Паліна Паўлаўна. Не верыцца, што лягу спаць без страху.

Аўдоцця Данілаўна. Ведацьмем цяпер немцаў. Ніводнага дома не пабудавалі, цагліны ў сцяну не паклалі, цвіка не забілі. Толькі сёлы палілі, людзей арыштоўвалі, вешалі, стралялі...

Паліна Паўлаўна. У іх аж шэсць арганізацый мелі права арыштоўваць і расстрэльваць. Гестапа, СД, жандармерыя звычайная, жандармерыя палявая, паліцыя ахоўная, паліцыя ваенная... Не лічачы арміі, войск СС...

Аўдоцця Данілаўна. Няхай іх зямля не носіць гэтыя войскі.

Уваходзіць Галя-сувязная.

Паліна Паўлаўна (спалохана). Чаму ты прыйшла?

Галя-сувязная. Батарэі прынесла. З атрада перадалі.

Паліна Паўлаўна. Іван з радысткай у лес пайшлі.

Аўдоцця Данілаўна. Давай я вынесу твае прычындалы. Укіну ў раку. Нельга іх у хаце трымаць.

Галя-сувязная. Батарэі для сувязі трэба. Іх з Масквы прыслалі.

Аўдоцця Данілаўна. Нацярпелася я з-за вашых батарэй. Нават апошняй ночы не дасцё спакойна паспаць.

Галя-сувязная. Не бойцеся. Немцам цяпер не да нас. Страшна глядзець, што робіцца на шашы. Машыны, фурманкі, кухні, абозы. Першы раз за ўсю акупацыю ніхто пропуск не спытаў.

Уваходзіць Міця-фінагент.

Міця-фінагент. Іван Іванавіч на яўку не прыйшоў. Што здарылася?

Паліна Паўлаўна. У нас немцы жывуць. Днём перадача была.

Міця-фінагент. Пры немцах?

Паліна Паўлаўна. Пры немцах. Каб яны не пачулі, мы спявалі і скакалі! Іван з радысткай пайшлі ў лес. Мы выходзім заўтра. За дзве гадзіны да світання. Трэба папярэдзіць усіх нашых.

Міця-фінагент. Зразумела. (Збіраецца выходзіць.)

Паяўляецца Турбіна.

Турбіна. Прашу прабачыць, што прыйшла без дазволу. Вельмі важныя звесткі. Танкавая дывізія застаецца ў горадзе. Разам з пяхотнай. Салдаты ўкапваюць танкі ў зямлю. СД ноччу будзе турму расстрэльваць. Каб не пакідаць слядоў.

З трэскам расчыняюцца дзверы. У пакой заскоквае чацвёра службоўцаў СД у чорных мундзірах. Сярод іх Вольф і Рамашкевіч.

Вольф. Рукі ўгору!

Усе падымаюць рукі.

Салдаты па чарзе абшукваюць прысутных.

Вольф. Пані Турбіна, як я і быў упэўнен, такі звязана з бандытамі. Але з пані разбяромся асобна. (Да Аўдоцці Данілаўны.) Іван Мураш тут пражывае?

Аўдоцця Данілаўна. Паехаў у вёску. Прадуктаў разжыцца.

Рамашкевіч. На гарышчы антэна, пан штурмбанфюрэр. Радыёстанцыя была тут.

Вольф. Значыць, ты маці партызана Івана Мураша?

Аўдоцця Данілаўна. Я яго маці.

Службовец СД б’е жанчыну па твары, выводзіць на двор.

Вольф (да Паліны Паўлаўны). Ты жонка партызана Івана Мураша?

Паліна Паўлаўна. Я яго жонка.

Рамашкевіч. Палюбоўніца. Жыла з ім. Яе муж у арміі.

Другі службовец СД б’е Паліну Паўлаўну, выводзіць на двор.

Вольф (да Міці-фінагента). Мы доўга за табой палявалі. Ты быў савецкім лейтэнантам. Ваяваў з намі. Уцёкшы з палону, шкодзіў тут. Цяпер не выкруцішся. Нам вядома, у цябе ёсць зброя. Дзе яна?

Міця-фінагент. Зброя заўсёды пры мне. (Выхапіўшы наган, страляе ў Вольфа, затым у Рамашкееіча. Расхінае рамы акна на вуліцу.) Галя, Ірына — на вуліцу! Па Пралетарскай у аўрагі!..

Галя-сувязная. Я застануся з табой.

Міця-фінагент. На вуліцу! Не бяжыце. Ідзіце спакойна. На Пралетарскую. На Пралетарскай няма патрулёў.

Турбіна. Бывай, Міця!..

Турбіна праз расчыненае акно выскоквае на вуліцу.

Галя-сувязная. Я не магу пайсці без цябе.

Міця-фінагент (крычыць). На вуліцу! Яны пакуль не ведаюць, што здарылася. Зараз будуць ведаць.

Расчыняюцца дзверы, паказваецца постаць службоўца СД. Міця страляе. У адказ раздаецца аўтаматная чарга. Звіняць асколкі разбітых бутэлек.

Міця-фінагент. На вуліцу! Я буду адстрэльвацца.

Міця-фінагент, прыхіліўшыся да сцяны, назірае за дзвярамі. Галя-сувязная нехаця прабіраецца да акна. У гэты час прыўзнімае галаву паранены Рамашкевіч, страляе ёй у спіну.

Галя павольна асядае на падлогу.

Міця-фінагент. Мала табе адной кулі, сабака. Палучы дабаўку!

Два разы ўзапар страляе па Рамашкевічу Міця-фінагент. Раздаюцца аўтаматныя чэргі ў дзверы і ў акно з двара. Сыплецца тынк, звініць разбітае шкло.

Трымаючы ў руцэ наган, Міця-фінагент напружана назірае за дзвярамі.

У праёме акна на вуліцу паяўляецца постаць службоўца СД. Міця яго не бачыць. Фашыст дае доўгую чаргу. Міця-фінагент падае.

Міця-фінагент (падаючы). Шкада, яшчэ дзве кулі засталіся...

Заслона

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Сорак трэці: Раман ; Птушкі між маланак : Драма у трох актах ; Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 371-430
Крыніца: скан