epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Публіцыстычная лірыка Купалы

У савецкую літаратуру Янка Купала прыйшоў з нязгаснай думай пра Беларусь.

Ліра Купалы заўсёды спявала пра Беларусь, пра яе даўнасць, сённяшняе, будучыню, пра яе шырокія прасторы, яе песню і казку, што выліваюцца з душы народнай. Да «ўсечалавечага», інтэрнацыянальнага ішоў Купала праз апяванне роднага краю, яго красы і велічы, смутку з прычыны шматлікіх нягод гістарычнага бытавання. «Аніякага ценю імперыялізму, аніякага водгуку мяшчанства вы ў любові Купалы да сваёй Радзімы не знойдзеце»,— пісаў А. В. Луначарскі.

Сёння мы павінны завастраць думку, што ліра Янкі Купалы ніколі не была варожай ідэям Кастрычніка, Савецкай улады, сацыялізма, адмятаючы рэшткі той шкоднай блытаніны, якую шчодра пладзіла вульгарызатарская крытыка 20-х і асабліва 30-х гадоў.

Кастрычніцкую рэвалюцыю Янка Купала сустрэў з дэмакратычных, народных пазіцый, бо ўся дакастрычніцкая творчасць паэта вырасла на глебе сацыяльных і нацыянальных спадзяванняў беларускага народа. У новы савецкі час у паэта павінна была скласціся новая канцэпцыя радзімы як асяродка гістарычнай дзейнасці народа ў яго дачыненні да мінулага і будучыні.

Звернем увагу на адну характэрную акалічнасць. Восенню 1919 года, у той самы час, калі Беларусь стагнала пад цяжкім ярмом пілсудчыны, Купала надрукаваў празаічны пераклад славутага «Слова аб палку Ігаравым». Сам факт надрукавання помніка, агульнага для рускіх, украінцаў і беларусаў, у абставінах акупацыі для пазіцыі Купалы меў прынцыповае значэнне.

Работа паэта над творам, які сцвярджае ідэю еднасці ўсходнеславянскіх зямель перад тварам іншаземнага нашэсця, у канкрэтных умовах акупацыі можа ўспрымацца толькі ў сэнсе яе адмаўлення, непрыняцця, асуджэння.

Правамернай можа быць пастаноўка пытання аб тым, што грамадзянскую вайну з нашэсцем іншаземных захопнікаў, Купала ўспрымаў як вайну айчынную ў дачыненні да Беларусі. Гэтым не адмаўляецца бясспрэчны факт, што паэт не адразу зразумеў характар сацыялістычнай рэвалюцыі, але такая пастаноўка пытання дае ключ да разумення, чаму сацыяльныя матывы ў творах Купалы перыяду грамадзянскай вайны і першых савецкіх год прыглушаны, а на першы план выступаюць матывы нацыянальныя, патрыятычныя.

Але Купала даволі хутка — пра гэта выразна сведчыць зборнік «Безназоўнае», выдадзены ў 1925 годзе,— прыйшоў да творчай гармоніі сацыяльнага і нацыянальнага.

Адкрываецца зборнік вершам, назвай якому можа служыць першы радок. Прывядзём яго цалкам.

 

...О так! Я — пралетар!..

Яшчэ учора раб пакутны —

Сягоння я зямлі ўладар

І над царамі цар магутны!

 

Мне бацькаўшчынай цэлы свет,

Ад родных ніў я адвярнуўся...

Адно: не збыў яшчэ ўсіх бед:

Мне сняцца сны аб Беларусі!

 

Выдатны гэты верш. За зіхатлівай купалаўскай іроніяй («Ад родных ніў я адвярнуўся...») лёгка ўгадваецца атмасфера першых паслярэвалюцыйных гадоў, калі нават сярод паасобных партыйных і савецкіх работнікаў бытавалі даволі супярэчлівыя погляды наконт прынцыпаў будаўніцтва саюзнай шматнацыянальнай дзяржавы.

У той час У. І. Ленін пісаў: «...Мы прызнаём сябе раўнапраўнымі з Украінскай ССР і інш. і разам і нароўні з імі ўваходзім у новы Саюз, новую федэрацыю». Правадыр рэвалюцыі рашуча папярэджваў наконт магчымых праяў вялікадзяржаўнага шавінізму ў Саюзе рэспублік: «Вялікадзяржаўнаму шавінізму аб’яўляю бой не на жыццё, а на смерць».

Па словах Якуба Коласа, «мастком», па якім Купала прыйшоў у савецкую літаратуру, стала яго паэма «Безназоўнае». Але і да паэмы з’явіўся шэраг твораў, сваім паэтычным рэгістрам чуйна настроеных на рэвалюцыю.

Калі вызначаць кірунак, шлях станаўлення Купалы як паэта савецкага, то відавочнай заканамернасцю на гэтым шляху будзе збліжэнне паняццяў радзімы і рэвалюцыі. Вершам «На смерць Сцяпана Булата» (1921), змешчаным у зборніку «Безназоўнае», паэт пачаў лінію, якая стане вызначальнай у яго творчасці 20-х гадоў.

Герой для Купалы — чалавек дзейсны, «грамадскі», і менавіта па гэтай прычыне паэт адгукнуўся на смерць камуніста, арганізатара партызанскага руху на Беларусі. Булат змагаўся за камуну, але ён змагаўся і за Беларусь, бачачы магчымасць яе росквіту на шляху рэвалюцыйнага абнаўлення жыцця.

Верш напісаны ў выразнай рамантычнай манеры 20-х гадоў («Ты хапаў за косы сонца, думаў думку аб перуне»), але лірычны вобраз ніводнай рысай не нагадвае «скураной курткі», героя з сэрцам-каменем.

Купала свядома ачалавечвае вобраз барацьбіта, змагара за «новы свет», яго рэквіем напісаны мякка, задушэўна, і гэтая мяккасць дасягаецца трапнай, блізкай да народнай традыцыі інтанацыяй, багатай пераходамі пачуццяў, «адчувальнасцю» дэталяў («Як сіроты, забытымі цэп з касой вісяць у пуні, — хто ж на ворага іх здыме?!»).

Рэвалюцыя і бацькаўшчына яднаюцца ў Купалавым вершы:

 

Свет узняўся, схамянуўся...

Вер, свабодны вецер дуне

Па ўсёй чыста Беларусі!

— Сні, таварыш, аб Камуне!

 

Паэзія Купалы ў далягляды савецкай явы імкне на рамантычных хвалях. Купала сцвярджае жыццё перш за ўсё ў яго ідэальных момантах. Але паэт яшчэ болей, чым раней, даражыць народнай думкай, народнай ацэнкай той ці іншай з’явы. Ён цяпер увесь у фальклорнай стыхіі, яе вобразнасцю прасякнуты кожны твор, якую б тэму, няхай сабе самую сучасную, паэт ні вырашаў. Кожнай праяве жыцця — палітычнай, сацыяльнай, бытавой — паэт будзе шукаць менавіта народную лірычную форму, якая мае адпаведную апору ў традыцыях песні, казкі, у тыпова беларускім танальна-інтанацыйным малюнку. Вядома, ёсць адхіленні ад гэтай бясспрэчнай заканамернасці. Скажам, патэтычная інтанацыя, якая нярэдка сустракаецца ў Купалы, не вельмі ўласціва творам беларускага фальклору, і паэт у дадзеным выпадку ішоў ад «музыкі» самога жыцця, ад узораў сусветнай паэзіі.

Паэт служыць ідэі Савецкай Беларусі. Важнейшая задача для яго — паказаць братнім народам, што і яго народ не з’яўляецца духоўным жабраком, што і ён, нягледзячы на неспрыяльныя абставіны гістарычнага жыцця, мае адмысловы погляд на свет, багатую песню, казку, у якой выказана філасофія яго бытавання. Як ужо гаварылася, за гісторыю паэт зачапіцца не можа: мінулае — суцэльная чорная ноч, калі «цары, цараняты нагайкамі няньчылі, паны і паняты паслі бізунамі». Але песня не памерла, яна свяціла і будзе свяціць праз вякі, бо толькі ў ёй ідэал народнага шчасця:

 

Вам у спадчыну ад роду

Засталіся песні,

Каб быць вашай асалодай

У жыцця прадвесні.

 

Паэт як бы нават спяшаецца сыпнуць шчодрай жменяй на паэтычную ніву маладой савецкай паэзіі багаты, разнастайны інтанацыямі, рытмамі, вобразамі засеў песні. Ніколі ў купалаўскай творчасці не была такой «напорнай» песенная стыхія: лёгкія, іскрыстыя, празрыста-ажурныя песенныя збудаванні ўзнікаюць адно за адным, чаруюць музыкай, разлівам пачуцця, некранутай першароднай чысцінёй («Песня», «Дзе ты, хмелю, зімаваў?..», «Песня і казка», «Бай», «А зязюлька кукавала...») і г. д.

Мяккай іроніяй прасякнуты верш «Кароль» са зборніка «Безназоўнае». Думка ў ім даволі празрыстая: пасада пастуха вышэй за каралеўскую, бо пастух сапраўдны, а не ўяўны гаспадар жыцця, ён і сам свабодны, і статак яму падначальваецца, і ўся прыгажосць жыцця — вакол яго («Не кароль жа я над каралямі? — Я, мой статак, сонца, поле?.. Пасудзіце самі!»).

Крок за крокам роднае, беларускае яднаецца ў паэзіі Купалы з «музыкай рэвалюцыі». Палітычная, сацыяльная тэма як бы пазычае ў песні крыллі, напаўняецца яе багатай гукавой інструментоўкай, гармоніяй. Спалучэннем песеннасці і грамадзянскіх матываў паэт нібы хоча падкрэсліць народныя вытокі рэвалюцыі, тую вялікую праўду, што рэвалюцыя ўсенародная тады, калі яна закранае глыбінныя пачуцці працоўных нізоў.

Бліскучым узорам гэтай плыні купалаўскай лірыкі можа служыць верш «Дзве сястры» (1924). Думка, пакладзеная ў яго аснову, газетная, публіцыстычная — да рэвалюцыі работніца і сялянка жылі, не бачачы прасветліны, а цяпер настае новае жыццё. Купала пераводзіць тэму палітычную, сацыяльную ў тэму лірычную, падсвечвае яе сродкамі песеннага эмацыянальнага раскрыцця. Песенна-паэтычнай, фальклорнай вобразнасцю, замешанай вельмі густа, дакладнай выверанасцю паэтычнага радка на меладычнае гучанне песні прасякнута ўся стыхія верша («дзве сястрыцы», «сцюдзёнай зімой», «гнулася ў крук», «не зазнаўшы прасветнай часіны» і г. д.).

Здзіўляе экспрэсія пачуцця, уменне паэта вобразна-гукавым комплексам перадаць самыя тонкія адценні, зрухі настрою, пераход інтанацыі жалобы, смутку ў паэтычныя, «высокія» сваім гучаннем радкі; інструментоўкай на працяглыя «а» і «о» нібы імітуецца народны плач:

 

Як надыдзе вясна,

Ў чыстым полі адна

Аж да восені сілы губляла,

        А сцюдзёнай зімой

        У хаціне курной

Кужаль прала, снавала і ткала.

 

Звернем увагу на апошні радок: як высока ўздымае скандэнсаванасць працяглага «а» трагічна-шчымлівую ноту!

Адзін і той жа рытмічны ключ дзякуючы гукавай інструментоўцы дае жыццё і элегічна-журботнай і паэтычна-ўзнёслай інтанацыі:

 

        На тутэйшай зямлі

        Дзве сястрыцы жылі,

Як забытыя ў лесе каліны...

 

І з другога боку:

 

        Ой, настаў ужо час

        Пашукаць іншых крас,

Як дагэтуль вы мелі, сястрыцы.

 

Купала чуйна прыслухоўваўся да новых павеваў жыцця. Сама настроенасць, прырода яго таленту выклікаюць у гэтым сэнсе вялікую цікавасць.

Прыкметнай з’явай у Купалавай творчасці 20-х гадоў з’яўляецца верш «Арлянятам» (1923), названы А. В. Луначарскім гімнам, у якім выказана «сучасная рэвалюцыйная радасць».

Верш прысвечаны стварэнню масавай літаратурнай арганізацыі «Маладняк», але ён, па сутнасці, адрасаваны ўсёй абуджанай рэвалюцыяй беларускай моладзі, у асобе якой паэт бачыць самую надзейную сілу ў стварэнні той светлай явы, якая дасць магчымасць «выйсці з мутнай каляіны беларускаму народу».

Іскрысты, імклівы рытміка-інтанацыйны тэмперамент верша сапраўды як бы выяўляе «рэвалюцыйную радасць» нараджэння новай Беларусі:

 

Гэй, узвейце сваім крыллем,

Арляняты, буйна, бурна,

На мінулых дзён магіле,

Над санлівасцю хаўтурнай!..

 

У маланках перуновых,

З гулкім гоманам грымотаў

Для вякоў дыхтуйце новых

Нечувальныя ясноты.

 

Вам сярпы і косы ў рукі

Ды мячы, каваны з сталі,

Далі буры, завірухі,

Што тут вылі, бушавалі.

 

Пафасам, гучаннем, сістэмай вобразаў верш выразна рамантычны, а па спосабу, характару паэтычнага мыслення яго рамантычная афарбаванасць фальклорнага, «агульнародавага» паходжання («узвейце сваім крыллем, арляняты», «мячы, каваны з сталі», «гартаваны косы» і г. д.).

Верш напісаны надзвычай яркай, зіхатлівай мовай эпітэтаў і метафар, якія перш за ўсё падкрэсліваюць шырокі, «маштабны» палёт паэтавай думкі, невымерны, нястрымны разліў пачуцця. Але пры ўсёй смеласці і навізне купалаўскія вобразы пабудаваны з апорай на народную традыцыю.

Ва ўсім бляску паказаў паэт сваё майстэрскае валоданне мелодыкай — асанансамі, алітэрацыямі («у маланках перуновых з гулкім гоманам грымотаў»). Інтанацыя — рухомая, зменлівая — надае радку праўду непадробленага чалавечага пачуцця, настрою, яна будзе замяняць у Купалы адсутнасць індывідуальна-асабовых, псіхалагічных дэталяў. Асабістая зацікаўленасць паэта ўсім тым, што ён расказвае, у значнай меры выяўляецца праз «музыку» радка, праз дакладную выверанасць на чалавечым пачуцці настрою верша.

Паэма «Безназоўнае» (1924), якая дала назву зборніку,— этапная для паэта. Вялікі шлях прайшоў паэт да гэтай празрыстай, наскрозь лірычнай, нібы вытканай з сонечных променяў, паэмы-сюіты (не пабаімся музычнага тэрміна, бо стыхія купалаўскага верша абапіраецца ў першую чаргу якраз на музычнасць, на фанетычную пластыку слова).

Па-першае, чаму «Безназоўнае»? Думаецца, не выпадкова. Для паэта тое, пра што ён расказвае, настолькі вялікае, значнае, дарагое, і ў той жа час настолькі асабістае, што для ўсяго гэтага цяжка падшукаць назву. Вылілася з душы. Як лірычны верш, які называецца па першым радку.

Напісаная мовай паэтычнай алегорыі, паэма вельмі празрыстая сэнсам. Паэт пяе, услаўляе мілую яго сэрцу Беларусь, народжаную Кастрычнікам, Беларусь, што стала «сабе гаспадыня», «пазірае смела». Матывы радзімы і рэвалюцыі, якія вызначаліся ў ранейшых творах адноснай аўтаномнасцю, зліты тут у адно непарыўнае цэлае. Гістарычная і сацыяльная тэма сталі тэмай лірычнай.

Здольнасць паэта гаварыць аб грамадскім, агульным, аб усім тым, што дзеецца ў «вялікім» свеце, як аб інтымным, асабістым, будзе адзначана на многіх прыкладах, тут важна падкрэсліць, што гэтая рыса купалаўскай паэзіі мела прынцыповае значэнне для маладой беларускай савецкай паэзіі.

Змест «Безназоўнага» — не летуценні, не мара, не рамантычны палёт у будучыню, а паэтычна адлюстраваная, асэнсаваная ява. Сапраўды, да гэтай паэмы мы яшчэ не чыталі ў Купалы такіх вось радкоў:

 

А мы самі, сабе самі

        Ўжо гаспадары,

        Малатамі і сярпамі

        Звонім да зары.

 

Апавяданне вядзецца на аснове параўнання таго, што ёсць, з тым, што было, і ў дачыненні да мінулага ў палітры паэта толькі шэрыя і чорныя фарбы, адмоўныя эмоцыі, рашучае бескампраміснае адмаўленне.

Напал нянавісці ў адносінах да прошласці дапамагае паэту лепш вылучыць карціны сённяшняга жыцця, настрояў, і матыў пракляцця ў адрас мінулага паўтараецца не раз і не два, а прысутнічае, бадай, у кожным з дзесяці раздзельчыкаў паэмы, з’яднаных у адно цэлае пафасам услаўлення беларускай дзяржаўнасці.

У паэме «Безназоўнае» паэт як бы вывярае рэвалюцыю на яе народнае гучанне, даследуе, як закранула яна пачуцці народных мас, творцаў яе і сведкаў. Гама «масавых» пачуццяў, абуджаных рэвалюцыяй, незвычайна шырокая. Нездарма паэт апрануў свой твар вясельным абрадам народнай паэзіі, чуем мы ў паэме і водгласы паэтычна перайначаных беларускіх песень і танцаў. Вядома, чуюцца тут і рэвалюцыйныя рытмы накшталт: «Мы ўсталі песняй-казкаю над жудаснай павязкаю мінулых чорных дзён...» Але якія б смелыя ні былі тут метафара ці эпітэт, яны няўхільна абапіраюцца на народную традыцыю.

Мысленне Купалы народнае па сваёй сутнасці, светабачанні, светаадчуванні, і таму новыя, народжаныя рэвалюцыяй паняцці, уяўленні ён нязменна падводзіць пад вобразы, якія ўжо выпрацаваны народнай традыцыяй або якія ствараюцца ў яе духу. Вось, напрыклад, алегарычны вобраз рэвалюцыі: «Скаваная сіла паўстала бурай... навалай... Надзелі чырвоныя кветкі нашы палеткі». Вобраз замацавання поспехаў Савецкай улады: «Масты старыя спалены — старыя ланцугі; паложаны падваліны пад новыя сцягі...» Вобраз пошукаў класавага ворага: «Яшчэ не дрэмле чорнае ў закутках груганнё і душы непакорныя сачаць, як воўк ягнё...»

Аголена плакатнай, «лабавой», публіцыстычнай манеры вырашэння тэмы радзімы, рэвалюцыі Купала ў паэме «Безназоўнае» фактычна дае бой, адмаўляе яе. І ў той жа час паэма застаецца творам паэтычнай публіцыстыкі, але публіцыстыкі «ачалавечанай», выверанай на паэтычнай пластыцы слова, на пералівах настраёвасці, пачуцця, на ёмістасці, маштабнасці купалаўскага вобраза.

Публіцыстычная, прамоўніцка-палітычная лірыка Купалы канца 20-х пачатку 30-х гадоў мае вельмі выразны нахіл да «ачалавечанасці», да рытмаў, інтанацый, вобразаў, якія перадаюць трапяткое біццё чалавечага пачуцця, узрушаную веліччу падзей думку. Купала мысліць маштабна, вельмі выразнымі сацыяльна-палітычнымі катэгорыямі, але ён умее зліць, паяднаць у паэтычным радку грамадскае і асабістае. Асоба паэта прысутнічае не толькі ў тых вершах, дзе ёсць лірычнае «я», а і там, дзе гаворка ідзе ад імя «мы»; асоба гэта эпічная ў самым шырокім сэнсе, бо яна выступае як частка агульнасці, арганічна звязаная, з’яднаная з ёй.

Нельга не ўбачыць новых адценняў, паваротаў лірыкі Купалы, навеяных новым маральна-этычным зместам савецкага жыцця. Калі ў дарэвалюцыйны час паэт нярэдка паўставаў у абліччы народнага правадыра, нават прарока, то цяпер увага акцэнтуецца на дэмакратызме паэта, на тым, што ён перш за ўсё слуга, залежны ад народа ўсімі абставінамі свайго існавання («За ўсё...»).

Купала настойліва падкрэслівае сувязь паэта з народнай агульнасцю, нават як бы хоча паказаць некаторую абмежаванасць яго сіл, магчымасцей («Змагаўшыся з напасцяй за шчасце для людзей, не раз пісаў у няшчасці крывёй з сваіх грудзей. Уносіў гэтым долю сваю для ўсіх дабра, а болей... Што там болей жадаць ад песняра?!»).

Паэзія Купалы 20—30-х гадоў напоўнена роздумам аб сусветна-інтэрнацыянальнай місіі рэвалюцыі, закліканай вынішчыць дарэшты след «крыўды векавечнай вечнага цярпення». Паэт абгрунтоўвае гуманізм рэвалюцыі, яе ўсенародную правату, бо стары свет, дзе «гняздо звівалі вызыск і распута», не мае маральнага права на далейшае існаванне, свет гэты бесчалавечны, і рэвалюцыя справядліва заплаціла «помстай за знявагу ды за катаванне».

Тэма сусветнай рэвалюцыі, якая прасочваецца ў лірыцы Купалы, вельмі адчувальна, складае лепшыя старонкі беларускай публіцыстычнай паэзіі. Ні ў кога іншага не знойдзем мы такой шчырай, палымянай — і не перабольшым, калі скажам — асабістай,— зацікаўленасці ходам гістарычных падзей, такога арганічнага зліцця пачуцця і думкі, адухоўленасці, «персаніфікацыі» рэвалюцыйнай барацьбы, як у Купалы. «З угодкавых настрояў», «Дыктатура працы», «А ў Вісле плавае тапелец...», «Настане такая часіна» — гэта паэтычная публіцыстыка і ў той жа час лірыка самай высокай пробы, бо за кожным вобразам, паваротам рытму, зменай інтанацыі, настрою, адчуваецца жывое, непаўторнае чалавечае пачуццё. Аб усясветным, вялікім, маштабным Купала ўмее гаварыць вельмі асабіста, зацікаўлена, гаварыць так, што голас паэта адрозніш, выдзеліш у суцэльным хоры паэтычных галасоў (пра рэвалюцыю, пра яе пераможны поступ па планеце пісалі вельмі многія беларускія паэты).

Адгукаючыся на падзеі часу, у 1929 годзе Купала напісаў выдатны верш-гімн «Сыходзіш, вёска, з яснай явы...». Ён дарагі для нас і сёння той непадробленай, усхваляванай радасцю, з якой паэт развітваецца не толькі са старой вёскай, прытулкам сялянскай галечы, нэндзы, а і з вёскай, што была на працягу ўсёй яго творчасці асяродкам прыгожага, ахоўніцай паданняў, легенд. Наступае эпоха «новай долі, новай славы» («Гарбы тваіх нямых курганаў, дзе спяць нявольнікі і князі, парэжа сталь, як нож баранаў...»).

Цяжка пераацаніць гэты верш. Ён выяўляе глыбокае разуменне наступальнага характару новай эпохі з яе ўладай тэхнікі, індустрыі, што не пакіне каменя на камені ад сівой патрыярхальшчыны, ад аднаасобнага ладу жыцця з яго прымхамі, цемрай, беспрасветнай, знясільваючай працай. Паэт вітае глыбокі, карэнны гуманізм рэвалюцыйных пераўтварэнняў у вёсцы.

Адсюль гімн «электрыцы», трактару, аўтамабілю, «з жалеза прасніцы», «радыёваму гоману», фабрычным гудкам, што перамогуць «звон збянтэжаных званіцаў», бо наступленне машыны, тэхнікі бачыцца як вызваленне чалавека («А сейбіт твой, дасюль самотны... пад крыж не пойдзе енчыць квола... Твая дзяўчына пры кудзелі сляпіць не будзе ясных вочак...»).

Так, вялікі беларускі паэт Янка Купала валодаў прарочым паэтычным дарам. Варта перачытаць яго паэму «Над ракою Арэсай» (1933), зборнікі «Песня будаўніцтву» (1936), «Беларусі ардэнаноснай» (1937), каб пераканацца ў гэтым.

З усіх нашых паэтаў, пісьменнікаў настроенасць часу на гераічны лад, рамантычную прывабнасць даляў, якую адкрывае маладым пакаленням сацыялістычная, індустрыяльная эпоха, найлепей адчуў немалады ўжо і ў тыя, сёння далёкія ад нас, 30-я гады Купала. Так, ён быў як бы паэтычным прарокам і, бадай, першы зразумеў, што моладзь ірванецца з вёсак у гарады, з незвычайнай прагнасцю будзе авалодваць новымі прафесіямі, увальецца ў новы гарадскі побыт і назад, пад саламяную страху, ніколі не вернецца.

Вобраз Алесі з аднайменнага верша, рамантычнай мэтамкнёнай дзяўчыны, якая да «прасніцы» ўжо «не зляціць з-пад сонца»,— найвялікшае дасягненне ўсёй беларускай паэзіі 30-х гадоў. Гэтым вобразам Купала ўгадаў штосьці надзвычай істотнае, калі не эпахальнае, у жыцці сваёй рэспублікі, краіны, даў яму назву, вызначыў вытокі. За вясковай дзяўчынай, што «самалётавым крыллем воблакі калыша», як бы паўстае вобраз цэлага пакалення, мужнага, авеянага рамантычным парываннем пакалення, што стала спадчыннікам рэвалюцыйнай славы бацькоў, і пазней, у Айчынную вайну, усклала на свае плечы цяжар найвялікшых нягод і выпрабаванняў.

Дарэчы, у зборніку «Беларусі ардэнаноснай» змешчаны верш «Дзве дзяўчыны», чамусьці забыты крытыкай. А верш гэты — з ліку «прарочых», такіх, як «Алеся», «Хлопчык і лётчык», «Лён», «Я — калгасніца...», «Сыны» і г. д. Хто гэтыя дзяўчаты?

 

Шафёр з іх адна бывалы —

Ёй не страшны віры, скалы,

Долы, горы, перавалы,

Дае ход машыне ўдалай,

А ўсё далей хваляй, валам...

Сцеражыся, супраціўнік!

Адбівае дні гадзіннік.

 

Інжынер — тая другая,

Будаваць машыны знае,

Аб ёй слава па ўсім краі:

Што такая маладая,

А машыны выдумляе!..

 

Звернем увагу на рэфрэн, які паўтараецца пасля кожнага чатырохрадкоўя. Ім паэт як бы перасцерагае нашых класавых ворагаў, нагадваючы пра гадзіннік гісторыі, што прадвяшчае канец панавання свету «вызыску й распусты».

Новыя далі, што адкрываліся чалавеку ў змененым рэвалюцыяй свеце, арганічна вынікалі з ролі, якую сталі адыгрываць у жыцці тэхніка, машына і звязаныя з ёю прафесіі. Янка Купала, як падкрэслівалася, першы ў беларускай літаратуры адчуў, угадаў надыход псіхалагічных, маральных перамен, якія наступяць у выніку валадарання чалавека над тэхнікай.

«Індустрыяльным», пераўтваральным пафасам прасякнута і «балотная» купалаўская эпапея-паэма «Над ракою Арэсай». У канкрэтным факце будаўніцтва камуны, саўгаса на непраходных балотах паэт убачыў тыповую прыкмету сацыялістычнай эпохі, яе рэвалюцыйны, наступальны дух. На творы як бы ляжыць водбліск суровага аскетызму тых гадоў: камунары не прывыклі да раскошы, да «пуховае пасцелі», яны працуюць «у вадзе па пахі», але на цяжкасці, перашкоды не наракаюць. Так яно і было ў жыцці, бо не толькі канавы, калектары капалі камунары ўручную — заводы, фабрыкі, закліканыя палегчыць працу чалавека, памножыць ягоныя сілы, таксама вырасталі з пераважнай апорай на фізічную, мускульную сілу, на тапор, пілу, звычайную кельму, патрабуючы ад людзей сапраўды гераічных намаганняў.

1935 год — год трыумфу сацыялістычнага будаўніцтва. XVII з’езд партыі адзначыў у сваіх рашэннях здзейсненае народам, партыяй — сацыялізм стаў фактам савецкага жыцця. Тое, што бачылася ў 20-я гады толькі ў мары, у ідэале, стала рэальнасцю: не толькі новыя заводы, электрастанцыі, калгасы — набыткі матэрыяльныя.

Створаны Купалам у 1935 годзе «ляўкоўскі цыкл» вершаў складаецца з дзвюх плыняў. «Здаецца ж, было гэта ўчора...», «Беларусі ардэнаноснай», «Старыя акопы» — вершы, дзе суадносіцца ўчарашняе, дарэвалюцыйнае, і сённяшняе, здзейсненае сацыялізмам. Гэта гімны савецкім людзям, роднай Беларусі, якая расквітнела ў брацкай сям’і народаў, узоры грамадзянскай лірыкі, якія шырока прадстаўлены ў савецкай творчасці Купалы. Гэта светлыя, напоўненыя жывым чалавечым пачуццём, страсцю гімны. У беларускай паэзіі такія «высокія», палітычныя і адначасна па-народнаму светлыя, празрыстыя вершы мог пісаць толькі Купала. Толькі ён мог так вось па-народнаму, як да жывой істоты, звярнуцца да Беларусі:

 

У вадзіцы у крынічнай

Чысценька памыйся,

Прыбярыся ў кветкі-краскі,

Сонцам атуліся.

 

Дзесяткі раз мільгне ў паэзіі Купалы вобраз Кастрычніка, пры гэтым характэрна — чым далей у часе адступае гэтая велічная падзея, тым глыбейшым гуманістычным сэнсам яна напаўняецца. У «ляўкоўскім цыкле» Кастрычнік паўстае як акт найвялікшай гістарычнай справядлівасці. Цяпер, у сярэдзіне 30-х гадоў, з рэвалюцыяй звязваецца не толькі лёс Беларусі:

 

Забурліла сіне мора

        Ад віхроў,

Выйшлі Волгі, Дняпры выйшлі

        З берагоў.

Разбудзіла мора спячых —

        Уставай!

Вазьмі свой ад ліхадзеяў

        Каравай!

 

«Векавечнае пракляцце біць не жаль»,— скажа паэт, і гэта надзвычай важны момант у яго этычна-эстэтычным кодэксе. Купала ацэньвае падзеі рэвалюцыі, грамадзянскай вайны з вышыні рэальных дасягненняў савецкіх людзей, з вяршыні таго гістарычнага перавалу, назва якому — сацыялізм і адкуль ясней, выразней бачылася пакутлівая прошласць, цана сучаснага паэту сонечнага дня, светлыя перспектывы будучыні. Мінулае асуджана, скінута ў нябыт законна, бо яно антычалавечна, яно не мела права на жыццё.

 

Цар, генералы і панства вяльможнае

З гікам і свістам спраўлялі банкеты...

Вёску абдзёртую думкі трывожылі,

Блукаўся старац разуты, раздзеты.

 

Сацыяльны матыў былой пакуты і заваяванага, здабытага ў бітвах народнага шчасця — вядучы ў савецкай паэзіі Купалы. «Чалавек твой на свабодзе стаўся чалавекам» — радкі гэтыя можна паставіць эпіграфам да ўсяго «ляўкоўскага цыкла».

У вершах гэтага цыкла паэт выдатна выявіў рост асобы, пачуццё чалавечай годнасці як рэальную заваёву рэвалюцыі, як самую атмасферу савецкага жыцця.

У чым выяўляюцца новыя якасці савецкага чалавека — лірычнага героя купалаўскіх вершаў? Па-першае, у шырыні, бясконцасці жыццёвых дарог, якія чалавек можа выбіраць адпаведна сваім унутраным схільнасцям. Па-другое, у арганічным зліцці асабістага і грамадскага, якое складае самую сутнасць маладога, выхаванага савецкай уладай пакалення.

Купалаўскія «арляняты», з’яўленне якіх тады, у пачатку 20-х гадоў, толькі ўгадвалася, праглядвала з паэтычнай мары, з агульнага пафасу, цяпер сталі рэальнасцю, увасобіліся ў жывую плоць.

«Ляўкоўскі цыкл» азначаў прынцыпова новую з’яву ў нашай паэзіі, бо грамадскае, усё тое, што адбылося ў «шырокім свеце», цяпер уключана ў сферу асабістага, у кола адчування лірычнага «я». Калі раней Купала браў падзеі «маштабна», ва ўсім іх гістарычным прасцягу, то цяпер яны падаюцца, так сказаць, «лакальна», як канкрэтная карціна, эпізод, з’ява.

Доўга ішла наша паэзія да новага героя, біяграфія якога пачынаецца з «ляўкоўскага цыкла» Купалы, «Юнацкага свету» А. Куляшова, вершаў другой паловы 30-х гадоў П. Броўкі, П. Панчанкі, П. Глебкі, М. Танка, В. Таўлая і інш. Можна сказаць, што гэты новы герой, у душы якога так арганічна сплавілася грамадскае і асабістае, герой, «мяцежны» ў парываннях, марах, ацэнках усяго існага і вельмі зямны, рэальны ў тым, што датычыць праяўлення спрадвечных, агульначалавечых пачуццяў,— асноўная заваёва беларускай савецкай паэзіі.

Герой, адкрыты Купалам у сярэдзіне 30-х гадоў, мужнеў, выяўляў новыя рысы, грані характару ў агні Айчыннай вайны, мы бачым яго ў вершах, паэмах, прысвечаных цяжкаму пасляваеннаму аднаўленню.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 360-373
Крыніца: скан