epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Раман з эпілогам. Апавяданне знаёмага настаўніка

І
ІІ
ІІІ
IV
V


І

 

З рабочага цягніка я злез ціхім вячэрнім часам на раз’ездзе, які ў праваднікоў і кандуктараў носіць назву «Дзвесце семдзесят трэцяга». Звычайна ж яго завуць Дзеўкамі, бо ён прылягае да вёскі з такой самай назвай.

— Хто к дзеўкам — скакай! — пачулася каманда, пададзеная нечым басам, і трое хлопцаў у вопратцы чыгуначнікаў ірванулі з вагона ў тамбур. Я падаўся за імі.

На раз’ездзе нічога не змянілася. Як і раней, стаіць на сваім месцы слуп з ліхтаром, а крыху воддаль прысадзістая будыніна з жалезным дахам, дзе жывуць брыгадзір пуцейцаў і абходчык. Ніякіх адмецін добраўпарадкавання не відаць: ні памяшкання для пасажыраў, ні білетнай касы, ні нават лавачкі, на якой можна было б прысесці. Я дагэтуль не ведаю, хто запальвае ліхтар, якім ноччу выяўляецца наяўнасць гэтага закінутага раз’езда. Можа абходчык, а можа брыгадзір пуцейцаў, хоць такая работа, здаецца, і не павінна ўваходзіць у кола іх прамых абавязкаў.

Трое хлопцаў, што першымі саскочылі з цягніка, ледзь не подбегам пашыбавалі ў вёску. Я не спяшаўся. Мне не хацелася спяшацца і не было куды.

Калі б у мяне спыталі, чаго я прыехаў у Дзеўкі, ахвяраваўшы рэштай двухмесячнага дырэктарскага адпачынку, я не адразу б здолеў адказаць. Тым болей што адпачынак гэты супадае з рамонтам школы, нарыхтоўкай дроў, наладжваннем вытворчай базы і іншымі не надта салодкімі рэчамі. У такіх выпадках звычайна гавораць, што прыехаў дзеля спаткання з маладосцю, з людзьмі і мясцінамі, якія яе сагравалі. Можа і так. У Дзеўках я пачынаў сваю настаўніцкую кар’еру. У гэтай вёсцы мне прыйшлося пражыць два маладыя гады.

Ад раз’езда да вёскі вярста, якую можна прайсці мноствам сцежак, пратаптаных на пясчаным полі. Раней нават жартавалі, што ў кожнага тутэйшага гаспадара свая сцежка. Вунь той, справа, паўз хмызнякі, дыбаў, прыгнуўшыся, гарбаты Кокуль. Ён адзін вылоўліваў у рачулцы Вароне ўсіх шчупакоў, ментузоў і язёў, а калі іх не было, то ракаў, і трухаў са сваёй ношкай да поезда, на базар. Сцяжынай, якая трохі лявей, прабіралася, нібы ліса, удава Музыкаліха. Яна заўсёды енчыла, што едзе ў горад да доктара, але ніколі не забывалася прыхапіць з сабой кошык з грыбамі ці бітон з малаком. Музыкаліха жыла адна, але каровы трымала дзве. Астатні люд пёр напралом; паласуючы сцежкамі поле, спяшаўся штораніцы на заработкі.

Калі ісці з раз’езда ў вёску, то сцежак хоць і многа, але могілак не абыдзеш. Яны якраз насупраць: зялёны ўзгорак, на якім у маўклівай велічы стаяць некранутыя стогадовыя хвоі і маладыя дубкі. Стары славянскі звычай: перш за ўсё паказаць прыезджым людзям свае могілкі. Тут летапісы і манускрыпты вёскі, яе легенды і паданні.

Дзень дагараў. Сонца садзілася за сцяной бору, што цягнуўся на захад ад чыгункі. Праменні яшчэ залацілі вяршаліны соснаў на могілках, а ўнізе на полі папаўзлі ўжо сіняватыя цені сутоння. Я рушыў к шалашу, які стаяў пасярод поля, засаджанага капустай, рэдзькай і кармавымі буракамі. У ім ужо гадоў з трыццаць зарабляў свой вартаўніцкі хлеб судом мне дадзены цесць, кульгавы Міна.

У шалашы гаспадара не было, і ў чаканні яго я прылёг на капе аўсянай саломы, складзенай проста ў капусце. На гэтай капе мой родзіч, відаць, нёс сваю службу, адсюль аглядаў свае ўладанні, бо салома была ёмка ўтаптана.

Змяркалася. Недзе зарыпаў гармонік, з вёскі даносіліся прыглушаныя зыкі песень і смеху, а тут, на полі, панавалі цішыня і спакой. Было светла. Месяц, поўны і круглы, як гарадскі ліхтар, павіс збоку, над самым лесам. Лілі на зямлю сваё зыркае святло жнівеньскія зоры.

Я веру, што ў кожнага чалавека ёсць сваё адчуванне часу, яго непаўторнасці і красы, адчуванне, якое цяжка выказаць словамі. Я заўсёды любіў вечары на схіле лета, з іх паэзіяй задуменнасці і цішыні, з іх бяздонным зорным небам, асабліва ўрачыстым у такую пару. У гэты час, здаецца, у прыродзе адбываецца нешта вялікае, агромністае, а ты толькі прысутнічаеш маўклівым зачараваным сведкай...

Мяне агарнулі ўспаміны. Поле, ціхі вечар, могілкі, гармонік і песні ў вёсцы — усё, здаецца, як і тады. Час нібы спыніўся. Але ты ўжо не той. Ты адчуваеш гэта сэрцам і ўсёй сваёй істотай. І пусці цябе па дарогах і сцежках, якія ты некалі прайшоў, ты б, здаецца, здолеў шчасліва абмінуць усе каменні і завалы...

 

 

ІІ

 

Першы раз я прыехаў у Дзеўкі ў трыццаць дзевятым годзе. Малакасос у касцюмчыку, купленым яшчэ на матчыны грошы. Меў па тым часе дзевятнаццаць гадоў, восем класаў цвёрдай адукацыі і дыплом трохмесячных настаўніцкіх курсаў. Такія педагогі, як я, тады трапляліся нярэдка. Маладых настаўнікаў з інстытуцкай асветай забіралі на вайсковую службу, некаторых пасылалі ў заходнія вобласці Беларусі, толькі-толькі вызваленыя ад паноў.

Па шчырасці, дык я сам напрасіўся ў Дзеўкі. На сваю бяду. Адсюль паходзіла бабка, маці маёй маці, была сякая-такая радня, і думалася, што каля блізкіх людзей будзе лепш, чым на чужыне. Пра кожную вёску ходзіць свая слава, добрая ці благая. Калі ўспаміналіся Дзеўкі, то пра іх звычайна гаварылі ўсміхаючыся:

— Калі яны дзеўкі, дык любяць замуж выходзіць...

Гаварылі і горшае:

— У Дзеўках есці не дадуць, а пераначаваць, калі ласка...

Але я, малады, лічыў такія гаворкі драбязой, перажыткам мінулых дзён.

Вёска звычайная, саламяная. У яе агульным малюнку было нешта вясёлае, разухабістае. Дзве вуліцы крыж-накрыж, і амаль у самым цэнтры, на выгане, паравы млын. Хаты і наогул уся забудова не мела якога-небудзь пэўнага парадку: адна хата глядзела на вуліцу вокнамі, другая — глухой сцяной, у адзін двор можна зайсці проста з вуліцы, у другі — вузкім адгароджаным правулкам, мінуўшы агарод, сад і хлявы.

Народ тут жыў неяк лайдакавата. Зямля не благая, і, каб урабіць яе як след, можна было б жыць з хлебам. Але аб ёй не дбалі. Галоўны клопат ляжаў у заработках. На пабочны промысел падаваліся ледзь не з кожнага двара. Па святах — іх у Дзеўках было вельмі многа — вёска гула песнямі. Выпіць і паспяваць тут любілі, кожнае свята цягнулася два-тры дні, і мне нават здавалася, што святы выдумвалі знарок.

Хлопцы фарсілі ў хромавых ботах з апушчанымі гармонікам халявамі і насунутымі на іх калошынамі штаноў, дзяўчаты — у пярэстых сукенках і лодачках. Абыходжанне хлопцаў з дзяўчатамі мне, таксама вяскоўцу, здалося залішне вольным, абразлівым, але ўсяму гэтаму тады я яшчэ не вельмі надаваў увагі. Пры дзяўчыне тут маглі і мацюкнуцца, і наогул не саромеліся непрыстойных учынкаў.

Калі толькі ехаў на працу ў Дзеўкі, думалася, што сур’ёзна займуся самаадукацыяй, паступлю вучыцца ў завочны тэхнікум. З першай палучкі купіў сабе гадзіннік і настольны каляндар, у якім распісаў заняткі над павышэннем уласнай адукацыі на кожны дзень. Ды нахлынулі справы больш неадкладныя. У дзевятнаццаць гадоў прыходзіць тое, што павінна прыйсці. Я закахаўся.

Тая першая восень маёй работы ў школе супала з пачаткам вялікай вайны. Германія напала на Польшчу, разгаралася полымя сусветнага пажару. Пра тое, што фашысты асмеляцца ваяваць з намі, у той час ніхто не думаў, але нейкая трывога ўсё ж вісела ў паветры. Да заходняй граніцы ішлі эшалоны з артылерыяй, танкамі, войскам.

Я ж марыў аб вучобе, ведаў таксама, што праз год-два мяне прызавуць у армію, а пакуль што добрасумленна складаў канспекты па арыфметыцы, батаніцы і геаграфіі (я адразу вёў тры прадметы ў пятым класе), а вечарам, калі здаралася вольная хвіліна, бег на раз’езд к вячэрняму цягніку. Цягнік для мяне быў тады пасланцом з вялікага і шырокага свету, у якім ішло цікавае, незвычайнае жыццё, зусім не падобнае на тое, якое я бачыў у Дзеўках.

На раз’ездзе я пазнаёміўся з Алесяй. Тоненькая, чарнявая дзяўчына кожнае суботы злазіла з рабочага цягніка, трымаючы ў руках фанерны, пафарбаваны ў зялёны колер, чамаданчык. Аднойчы мне прыйшлося ісці поруч з ёй у вёску. Быў цёплы вечар, поле ахутаў змрок, у небе свяцілі чыстыя асеннія зоркі.

— Баюся могілак, — сказала Алеся. — Дрыжу, калі іду паўз іх адна. Ведаю, што нічога страшнага на свеце няма, ніякай нячыстай сілы, а ўсё адно баюся...

Яна вучылася ў педагагічным тэхнікуме, на другім курсе, хоць была маладзей за мяне на два гады. Мы вельмі хутка, за нейкія лічаныя дні, сышліся ў поглядах на жыццё, у сваіх сімпатыях і антыпатыях. Мы любілі адны і тыя ж кнігі, адных і тых жа пісьменнікаў. Тыдні праз два пасля першага знаёмства я ўжо ведаў, што не магу без Алесі жыць.

Была яна, як дзіця: непасрэдная, шчырая, даверлівая і зусім не ўмела таіць сваіх пачуццяў. І хоць па адукацыі яна ішла вышэй за мяне (у іх тэхнікуме прайшлі ўжо прагрэсіі, адносіны і лагарыфмы, а я толькі планаваў іх вывучэнне ў сваім календары), героем быў я. Я ж ужо настаўнік, а яна толькі вучаніца!..

Восень у той год была цёплая, бабіна лета зацягнулася ледзь не да самага лістапада. Горад блізка, за дваццаць кіламетраў, і Алеся прыязджала дамоў па два, а то і па тры разы на тыдзень. Я ведаў, што гэта дзеля мяне. Колькі было іх, незабыўных вечароў, калі мы марылі і цалаваліся!

Мары сягалі высока. Я развіваў перад дзяўчынай самыя смелыя планы, у ажыццяўленні якіх галоўнай дзеючай асобай рабіў самога сябе. То я экстэрнам канчаў тэхнікум і смела ступаў у вышэйшую навуку, рабіў пераварот у педагогіцы, то ішоў у армію, станавіўся камандзірам, здзяйсняў подзвіг, пра які пісалі ў газетах. Бясконцая чарга гераічных спраў была намечана ў тыя памятныя цёплыя вечары...

Алеся сагравала мае летуценні. Са сваім каханнем яна звязала ўсё лепшае, да чаго сама імкнулася ў жыцці. Дзяўчына баялася толькі, што я паеду здзяйсняць запланаваныя подзвігі адзін, без яе, і мне будзе цяжка. Я стаў яе героем і рыцарам. У вянок сваіх мар яна ўпляла самыя прыгожыя кветкі і гэты вянок усклала на мае плечы...

Калі разбірацца глыбей, то мы былі дзеці свайго часу і ў нашых марах было шмат ад яго героікі: перад вачамі стаялі подзвігі папанінцаў, абаронцаў граніцы ля возера Хасан і ракі Халхін-Гол, праслаўленых лётчыкаў.

На гэтай агульнай хвалі мы і плылі, не заўважаючы і нават адварочваючыся ад звычайнай будзённасці і друзужыцця.

У тыя самыя вечары, калі, затуліўшыся ў засені школьнай бярозы, мы трызнілі ўслых аб будучым, па вуліцы раўлі і галёкалі п’яныя галасы, несліся дзікія выгукі і лаянка. Але мы гэтага не чулі, праўдзівей кажучы, не хацелі чуць. Мы лічылі гэта дробязямі, перажыткам мінуўшчыны, што хутка само сабой знікне. Мы былі ідэалістамі і рамантыкамі.

Вядома, хутка я стаў хадзіць у хату да Алесі, там мяне лічылі сваім. Маці нават звала зяцем. Апорай сям’і была яна, жанчына практычная, з цвярозым розумам і разлікам, а не бацька, мяккі, бязвольны і вялікі дзівак.

— Я, брат, чапаевец, — пахваліўся мне пры першым жа знаёмстве Максім Пацалуйка, Алесін бацька. — Толькі заціскаюць мае заслугі. Вось каб жывы быў Васіль Іванавіч, ён бы такога не дапусціў...

— Ма-а-ксім! — азвалася жонка. — Не хлусі ты хоць пры чалавеку. Які ты чапаевец, ты ж і страляць не ўмееш. Не верце вы яму: меле гэтая малатарня, сама не ведае што...

Потым высветлілася, што нейкае дачыненне да Чапаева Пацалуйка ўсё ж меў. Мабілізаваны ён быў ужо ў дваццатым годзе і жывога Чапаева, вядома, не бачыў, але служыў нібыта ў той часці, якой раней камандаваў герой грамадзянскай вайны. Максім лічыў сябе чапаеўцам на той падставе, што Чапаеў, калі б ён быў жывы, не абмінуў бы яго, зацікавіўся б ім і нават пасябраваў бы з ім асабіста.

Пацалуйка ў ліку нямногіх у вёсцы не належаў да адыходнікаў. З калгаса ён атрымліваў мізэрны заробак, лічаныя пуды збажыны і бульбы, але на працу ішоў дзень у дзень. Яго галава пастаянна была занята нейкімі планамі, праектамі, удасканаленнямі, хоць у бедных Дзеўках асабліва ўдасканальваць і не было чаго.

— Платон! — паклікаў мяне аднойчы Пацалуйка на вуліцы.

Я падышоў, думаючы, што ён скажа што-небудзь пра Алесю. Яна якраз здавала залікі і больш тыдня не прыязджала. Але пра дачку Максім нават не ўспомніў.

— Ты геаметрыю ведаеш? — спытаўся ён з нейкім змоўніцкім выглядам.

З гэтай навукі я ведаў няшмат. Нешта пра трохвугольнікі, пра суму іх вуглоў, пра тое, што паралельныя ніколі не перасякуцца. Пытанне Пацалуйкі здзівіла мяне.

— Навошта вам, дзядзька, геаметрыя?

— Без яе, брат, як без рук. Задумаў я адну штуку, але ж трэба разлік. Спрабаваў сам чытаць, Алеся кніжку прывезла, але літары там нейкія не нашы...

Ён ад прыроды быў вынаходнік, меў залатую галаву і рукі. У гэтым прыйшлося пераканацца пазней. У тыя перадваенныя гады ў калгасах пачыналі сеяць кок-сагыз. Спецыяльнай тэхнікі не было ніякай. Сеялі гэтую паўдзікую расліну страшэнна прымітыўным спосабам: пальцамі ў глебе рабілі лункі, апускалі туды шчапоць дробных, нібы макавых, зерняў, потым рукамі заграбалі ямачку.

І вось Максім Пацалуйка сваім адумам сканструяваў кок-сагызную сеялку. Яе пусцілі ў ход і не маглі нахваліцца, машынай за дзень засеялі ўсю плошчу, вызначаную калгасу.

Сеялку паказвалі на раённай выстаўцы, яе чарцяжы пасылалі ў Наркамат. Адказу Пацалуйка не атрымаў, пачалася вайна.

Пасля вайны ўжо мне давялося бачыць заводскую сеялку, сканструяваную інжынерамі. Гэта была сапраўдная машына, а не драўляны кораб на жалезных колах, якой здавалася Пацалуйкава. Але сам прынцып дзеяння быў той самы.

Пацалуйкава сеялка, калгас, парадкі ў вёсцы, нават вайна, якая ўжо ішла на свеце, — усё гэта не займала вялікага месца ў маіх думках.

Восень, зіму, вясну — мой першы настаўніцкі год — уладна захапіла Алеся. Яна кожнае хвіліны прысутнічала ва ўсім, што я рабіў і аб чым думаў. У вушах звінелі радкі Купалавага верша пра дзяўчыну Алесю, якая легкакрылай птушкай узвілася ў неба. Мелодыю да гэтых радкоў прыдумаў я сам, і было ў ёй, памятаю, нешта сумнае і нешта ледзь улоўна трывожнае. Жыве, мабыць, у чалавеку тое, што звычайна называюць прадчуваннем...

Па прыездзе ў Дзеўкі я меціў кватараваць і сталавацца ў цёткі, стрыечнай матчынай сястры. Яна мела прасторную хату, агарод, сад і жыла, па расказах маці, няблага. У кватаранты да сябе яна мяне, аднак, не ўзяла. Прычына тут была, бадай, простая: цётка, як і многія іншыя, часта ездзіла на базар, ведала цану капейцы і справядліва разважыла, што каля настаўніка ды яшчэ родзіча не вельмі пагрэешся.

Кватараваць мне прыйшлося ў чужых. Мае гаспадары жылі неяк неўладкавана, неахайна, як цыганы. Сам гаспадар, кульгавы Міна, цяжкай работы рабіць не мог, жыў наводшыбе. Летам ён прападаў у шалашы, вартуючы калгасную капусту і буракі, а зімой — на ферме, начуючы і харчуючыся як прыйдзецца.

Гаспадыня, кабета гадоў за сорак, на мужа не зважала. Была яна бежанка з «мазуроў», любіла выпіць і павесяліцца. Хадзілі чуткі, што да яе заляцаецца брыгадзір пуцейцаў, цішком пасмейваліся нават, што Міна бацька сваім дочкам толькі па метрыках.

Старэйшая дачка, Феня, працавала на наступнай за нашым раз’ездам станцыі буфетчыцай. К майму прыезду яна пратаргавалася, і гэта каштавала сям’і нямала — каб вызваліць Феню з бяды, прыйшлося неадкладна прадаваць карову. З гандлем Феня развітвацца, аднак, не хацела. У нашай школе сельпо арганізавала невялікі буфецік, і яна — як быццам нічога не здарылася — заступіла за яго прылавак. Гэта была мажная дзяўчына, з вялікімі, нібы здзіўленымі, вачамі і густа падведзенымі бровамі. Яна любіла паказаць сябе выхаванай і далікатнай.

— На дэсерт сягоння кампот з сухафруктаў, — гаварыла Феня, уваходзячы вечарам у маю бакоўку і ставячы на стол кубак звычайнага ўзвару з груш-дзічак.

Малодшая, Лёдзя, з твару падобная на бацьку, была за вучаніцу ў кравецкай арцелі ў горадзе і наязджала дадому рэдка. Трымалася яна незалежна, да старэйшай сястры і маці адносілася абыякава і часамі нават варожа.

Я жыў у сваіх гаспадароў, мала цікавячыся жыццём і парадкам, які панаваў у іх доме. А тут адбывалася нешта нездаровае, нешта часамі агіднае і брыдкае. У хату іншы раз прыходзілі незнаёмыя мне мужчыны. Яны паяўляліся заўсёды вечарам, прыносілі сваю гарэлку і закуску. Наладжваліся выпіўкі, і ў іх прымалі ўдзел маці і старэйшая дачка. Мужчыны аставаліся начаваць. Зачыніўшыся ў сваёй бакоўцы, я стараўся не звяртаць на гэта ўвагі або, калі прыязджала Алеся, ішоў на спатканне да яе.

Кіно ў Дзеўках бывала рэдка, не часцей аднаго разу ў месяц, і калі прыязджала кінаперасоўка, карціну паказвалі ў школе. Два ці тры разы мне прыйшлося варочацца дамоў з кіно разам з Феняй. Яна старалася гаварыць на гарадскі манер, у голасе яе чуліся гуллівыя ноткі, і, нібы незнарок аступіўшыся, яна тулілася да мяне. Адзін раз паўраспранутая Феня зайшла да мяне ў бакоўку. Было позна, але я яшчэ чытаў. Я прапанаваў Фені кнігу, і яна, не сказаўшы ні слова, бразнула дзверцамі...

Гром грымнуў летам, калі я паехаў у сваю вёску на першыя, ужо запрацаваныя канікулы. Алесі дома не было, яе паслалі важатай у піянерскі лагер, і аставацца ў Дзеўках без яе не хацелася.

Я ліхаманкава рыхтаваўся да паступлення ў завочны тэхнікум. Паступаць меціў на апошні курс, каб скончыць вучэнне разам з Алесяй. У канцы таго лета мне прыслалі позву ў народны суд. У ёй я значыўся... адказчыкам.

Пра гэта не хочацца ўспамінаць. Суд быў не адзін, іх было восем ці дзевяць. Ні ў які тэхнікум я не паступіў. Гарбаты Кокуль і хітрая Музыкаліха, сведкі, вельмі слушна давялі першаму суду, што я абяцаў Фені жаніцца, быў яе фактычным мужам і з’яўляюся бацькам яе дзіцяці. Суды ішлі з пераменным поспехам: то ў маю карысць, то ў карысць самазванай маёй жонкі. Справу павінна была разглядаць апошняя інстанцыя, Вярхоўны суд. Але пачалася вайна. У армію я пайшоў аліментшчыкам.

І ўсё ж самае горкае было не ў тым, што распушчаная, бессаромная Феня захацела мяне зацягнуць у сваю сетку. Ад мяне адвярнулася Алеся.

Увесь наступны год я патраціў на суды ды яшчэ на тое, што рабіў усялякія захады, каб вярнуць каханне Алесі. І не вярнуў. Яна трымалася горда і непрыступна. Абраза, якая легла ёй на плечы праз мае судовыя справы, аказалася мацнейшай за каханне. Былі ў мяне два моцныя саюзнікі — Алесіны бацька і маці, — але не дапамаглі і яны. Яны ні на кроплю не верылі ў якую-небудзь маю віну. Алеся верыла...

 

 

ІІІ

 

Я чакаю Міну. Над полем, лесам, вёскай — урачыстае зорнае неба. Яно заўсёды супакойвае. Перад тварам яго бязмежнай велічы з думак і пачуццяў знікае ўсё дробязнае, недарэчнае, усё тое, што можна забыць праз дзень або праз год. Нячутна ўпала, апісаўшы срэбную дугу, знічка. Высока, пад самымі зоркамі, праляцеў самалёт — рухомая чалавечая зорка. Паволі навісае туман, расцякаецца парнасць. Галасы і зыкі ў вёсцы сціхаюць. Я задрамаў.

Прачнуўся ад ціхіх крокаў і прыглушанага кашлю.

— Ці не ты гэта, Платоша?

— Я, дзядзька Міна.

— То чаму ж ты ў хату не зайшоў? Валяешся адзін на полі. Хіба ж мы табе чужыя, ці што? Хадзем хоць у курэнь, я агонь раскладу...

Агонь стары расклаў рупна і хутка. Знутры шалаш выглядае досыць утульна: дзве гладкія лаўкі, сухі, як камень, грунт пад нагамі, дым прамым круглым слупком выносіць у шырокую гарлавіну. Усюды на ўбітых у сценкі цвіках вісяць перавязаныя ніткамі пучкі зёлак.

— Лечыце, дзядзька Міна? Столькі траў...

— Ат, які з мяне лекар. Дактароў вунь поўная бальніца. Адна дакторка, праўда, сама ў мяне просіць: прынясі тое, прынясі другое. Прызнае травы.

Міна пастарэў. Апошні раз мне прыйшлося бачыцца з ім тры гады назад — непадалёк ад вёскі школа нарыхтоўвала дровы, — тады вартаўнік здаваўся дужэйшы і жвавейшы. Яго добры, задумлівы твар перасеклі глыбокія маршчыны, ён яшчэ больш сагнуўся і яшчэ глыбей прыпадае на левую нагу.

— Ну, як жа жыццё-быццё, дзядзька?

Агонь весела ліжа сухія бярозавыя сукі, водбліскі полымя скачуць па чорных, задымленых сценках, у шалашы светла. Недзе ў закутку пад лаўкай, сагрэўшыся, завёў сваю песню цвіркун.

— Жыць можна, — гаворыць Міна. — Здароўя толькі няма. Не тое здароўе.

Ён становіцца наўкаленцы і дастае з-пад лаўкі бутэльку, закаркаваную нейкімі сухімі зёлкамі.

— Ты ж з дарогі, нічога не еў. Перакусі хоць хлеба з салам. Памідоры ёсць. А гэтую на зуброўцы настаяў. Вып’ем, тады і пагаворым.

Мінава настойка — пахучая і моцная — адразу б’е ў галаву, лаўка, сценкі шалаша, старое ёлкае сала, якое вартаўнік парэзаў на ёмкія скрылікі, здаецца незвычайна смачным. Голас старога даносіцца аднекуль здалёк, хоць ён сядзіць насупраць мяне, на другой лаўцы.

— Лепш закусі, а то звянеш. Яна што спірт, я да зуброўкі яшчэ шалфею дабавіў, гаркату змяншае. Мабыць, выпіваеш не часта, служба ў цябе такая. А я выпіваю...

Побач з многімі сваімі благімі якасцямі гарэлка мае адну бясспрэчна добрую. Яна скарачае адлегласць паміж людзьмі, ломіць сцены маўчання, збліжае душы. Пачаць размову, дзеля якой я прыехаў, паўгадзіны назад было цяжка. Цяпер лёгка, і я пачынаю яе:

— Як Сашка, дзядзька Міна? Што ён думае пра мяне?

Стары маўчыць. Ён апусціў сваю сівую галаву на рукі і нешта ўзважвае. Гарэлка яго мала кранула, ён такі ж павольны ў рухах, гэтак жа глуха і сіпла гучыць яго голас, калі ён гаворыць.

За шалашом, у капусце раптам затрашчала. Было такое ўражанне, што нехта задыхаецца, некага душаць. Я падхапіўся і выскачыў з шалаша. За некалькі крокаў ад яго мільганулі два шэрыя камы.

— Сабакі, — сказаў Міна з шалаша. — Качаны, халеры, паваляць. Разгуляліся.

Плыве над полем светлая жнівеньская ноч. Зыркую яе цішыню вартуюць кусты і дрэвы на ўзбочыне дарогі, цёмны пагорак могілак і адзінокі агеньчык ліхтара на раз’ездзе. Ахутаныя полагам туману, навакольныя прадметы здаюцца незнаёмымі, няпэўнымі, хісткімі. Ноч ахінула ўсё шэрым крылом і пасеяла навокал цішыню. Яна загадала спаць людзям, птушкам, жывёле — усім, хто можа разгадаць яе спрадвечныя таямніцы. Але не ўсе спяць...

Я вярнуўся ў шалаш. Стары сядзіць усё ў той жа паставе і думае. Яму, відаць, цяжка пачынаць размову.

— Сашка мне ўнук, а табе ніхто, — нарэшце гаворыць ён. — І ты не крыўдуй на яго за той ліст. Малады ён, гарачы. У такія гады вы ўсе гарачыя. А бацька яму трэба. Не можа ж нарадзіцца на свет чалавек без бацькі...

Пра гэта я пачаў думаць нядаўна, сур’ёзна, бадай, з таго дня, калі атрымаў злосны і крыўдны для мяне ліст ад Сашкі. У ім ён адмаўляўся ад мяне, як ад бацькі, ад маёй дапамогі, а я, прачытаўшы яго, думаў аб людской няўдзячнасці і яшчэ аб тым, што залішне многа згрызот спатыкае мяне ў жыцці.

Пачуўся далёкі, прыглушаны гул цягніка. Пазваньваючы нечым, нехта таропка патрухаў паўз шалаш.

— Музыкаліха спяшае, — адзначыў Міна. — Малако і грыбы вязе прадаваць. Каб малако не скісла, будзе начаваць на базары.

— Тая самая Музыкаліха? Яна ж старая ўжо.

— Старая, а пад сябе грабе. Магла ж раніцай паехаць, ды не хоча, каб бачылі...

У насцярожанай цішыні добра чуваць, як звіняць і падрыгваюць рэйкі, як, задыхаючыся, абдаючы сябе парай, набліжаецца да раз’езда стары спрацаваны рабочы цягнік. Шырока над полем разносіцца працяжнае рэха яго гудка. Тахканне колаў аб стыкі замаруджваецца, робіцца гучнейшым, натужна рыпяць тармазы, цягнік стаў. Праз некалькі хвілін зноў раскацісты, ужо блізкі гудок, тахканне колаў, якое ўсё ўзрастае, частае, перарывістае дыханне нястомнага старога рабацягі.

— Трэба было мне Сашку ў гэты, як іх называюць, прыют аддаць, — нібы сам з сабою разважае Міна. — Людзі раілі. Загінулі бацькі, і ўсё. Пашкадаваў. Дый цяжка аднаму аставацца...

— Не варта, дзядзька Міна, пра гэта. Што было, тое сплыло. Што Сашка робіць цяпер?

— На лесапілку ходзіць, а вечарам кніжкі чытае.

Варанё ёсць варанё, надзьмулася і крача: «Праб’ю сабе дарогу без яго помачы. Не трэба мне такія бацькі...»

— Я прыехаў, дзядзька Міна, пагаварыць з Сашкам. Так болей нельга пакідаць.

— Добра, Платоша. Ты даруй за ўсё, але ж ён не вінаваты. Ён толькі як малы быў, дык пытаўся. «Дзе, кажа, мой тата, і чаму ён не едзе да нас». Я яму гавару, што маму тваю забілі немцы, ну, а тата з другой ажаніўся, ён на службе, і яму прыехаць нельга. Можа я дрэнна рабіў, што гаварыў так, але ж хацелася дзіця ўцешыць. «А чаму, кажа, ён, тата, нам хоць ліста не напіша?» Што ты яму адкажаш? Бачыць у другіх бацьку, ну, і свайго мець хочацца. А падрос, перастаў пытацца. Можа, яму людзі што нагаварылі, языкі ж не завяжаш, можа, сам здагадаўся. Я табе і напісаў тады, каб перастаў слаць грошы. Ён жа лічыў, ды і людзі таксама, што раз грошы шлеш, значыць, бацька. А так, няма бацькі, ну і няма. Можа, сабакам сена косіць. А як прыйшлі твае гэтыя сёлетнія грошы, усё і загарэлася. «Не хачу, крычыць, ні яго грошай, ні яго самога...»

Агонь паволі згасае. Маленькім астраўком, у самай сярэдзіне тлее вуголле. Праз шчыліну дзвярэй у шалаш глядзіць ноч, зверху праз гарлавіну падміргваюць зоркі. Яны прыкметна бляднеюць. Хутка раніца.

— Пацалуйка Максім хворы ляжыць, — паведаміў стары. — З самай вясны як лёг, дык і не ўстае. Нутро застудзіў. Пераначаваў у кузні, а яшчэ холадна было. Паправіцца, можа; кажуць, ужо лепш яму...

Пацалуйку я бачыў, здаецца, нядаўна. З газетнага ліста пазіраў сур’ёзны хударлявы чалавек, зусім не падобны на таго Максіма, якога я ведаў. І толькі подпіс пад партрэтам гаварыў, што гэта той самы Пацалуйка. Газета яго прадстаўляла як каваля, калгаснага вынаходніка. Няўжо яго хворага фатаграфавалі?

— Мулка табе будзе спаць, Платоша. Вазьмі мой кажух пад галаву, а плашчом сваім акрыешся. Блох няма, не бойся, я іх палыном выжываю.

Міна ўклаўся на голую лаўку і, мабыць, ужо спіць. Зрабіў ён гэта ціха і непрыкметна — без старэчых уздыхаў і крэкту. Не чуваць нават, як ён дыхае. Загартаваны на холадзе, на слоце чалавек. Колькі яму год, і колькі правёў ён начэй у такіх вось шалашах, дзе дахам — неба і зоркі. Пра што думаў доўгімі начамі адзіноты. І якою мераю адпушчана гэтаму чалавеку шчасця і няшчасця?..

Нязваныя, няпрошаныя набягаюць успаміны. Іх цэлы рой, іх проста так не адгоніш і нікуды ад іх не ўцячэш. Яны ў табе самім і частка цябе самога...

З Мінам прыйшлося спаткацца ў цяжкім сорак шостым годзе, калі ў дадатак да спусташэння вайны вёска атрымала мірны неўраджай. Мяне дэмабілізавалі яшчэ ў вайну, пасля шпіталю, і ў сорак шостым я скончыў двухгадовы настаўніцкі інстытут. Ехаў на працу. Міна з клункам пустых мяшкоў дабіраўся ў той хлебны край, нівы якога не выпаліла дашчэнту засуха. У цягніку спаткаліся.

На маёй судовай справе быў пастаўлены крыж. Аб гэтым паклапацілася сама старэйшая Мінава дачка. Яна захоўвала вернасць сваім прынцыпам і ў вайну. Любіла шумнае, разгульнае жыццё і загінула недарэчна... Памерла вясёлая Мінава жонка. Другая дачка выйшла замуж і некуды з’ехала. Пра гэта я ведаў.

Я забыў толькі пра маленькага сінявокага чалавека, які сваім паяўленнем на свет прынёс мне столькі згрызот. Гэтага чалавека звалі Сашкам, яму было ўжо шэсць гадоў, ён жыў з дзедам, прасіў есці, і дзеля яго кульгавы дзед ехаў з пустымі мяшкамі на край свету.

— Бог ім суддзя, — сказаў тады пра жонку і дачку Міна. — І ты не крыўдуй. Бывае ў жыцці ўсякае. А хлопчык харошы. Вось еду...

Я паабяцаў старому памагчы і час ад часу патроху пасылаў. І сёлета паслаў, ведаючы, што Сашка кончыў школу і, можа, збіраецца ў далёкую дарогу.

І раптам ліст, гнеўны, абураны. Без ніводнай граматычнай памылкі. Першы ліст ад таго, хто, носячы дзедава прозвішча, ненавідзячы і пакутуючы ў глыбіні душы, лічыў мяне бацькам. Такі ліст меў права напісаць толькі сын.

Пра цябе, Сашка, я не думаў ні з любоўю, ні з нянавісцю. Ты не сын мне. І зусім не хацеў я, пасылаючы сціплыя капейкі, прынесці табе столькі пакуты. Мне варта было падумаць аб другім: ты мог мець не такое дзяцінства, мог жыць у шумлівай дзетдомаўскай грамадзе. Я ж настаўнік, педагог, і гэта мой абавязак. Але выходзіць, што педагог я дрэнны. Якія ж словы сказаць табе заўтра, і дзе іх знайсці, гэтыя простыя, чалавечыя словы?..

 

 

IV

 

Чалавек з гадамі старэе. Дзеўкі памаладзелі. Я іду вуліцай вёскі і здзіўляюся. Здаецца, нейкі свежы вецер пранёсся пад вясковымі стрэхамі, развеяў іх ускудлачаную, трухлявую салому, паздзіраў з дахаў зялёны мох, параскідаў гнілыя парканы. Няма хат, якія пазіралі маленькімі акенцамі з-пад навіслай страхі, нібы злы чалавек спадылба, няма пакручастых завулкаў-лабірынтаў, зарослых травой-муравою і густою крапівой... Тыя ж дзве вуліцы крыж-накрыж, але агульны лад будынкаў, якія падцягнуліся да іх, зусім іншы. Многа хат новых, на добрых каменных падмурках, з шыфернымі або гонтавымі дахамі, многа — проста перасыпаных, агледжаных, з новымі вокнамі, дзвярамі, дахамі. І амаль ля кожнага двара, які яшчэ захаваў свой памятны старасвецкі выгляд, кучы сасновых бярвенняў, пірамідкі цэглы — адзнакі хуткай перабудовы.

Садкі, палісаднічкі, фіранкі на вокнах. Па абодва бакі вуліцы канавы, масткі праз іх да двароў, сям-там маладыя дрэўцы ў пераплётах агароджы. Новы будынак школы, стары побач з ім выглядае мізэрным і занядбаным. Дзве шарэнгі слупоў, ёсць, значыць, электрычнасць і радыё. Цэлы гарадок грамадскіх будынін, новых, дагледжаных. Такога ў Дзеўках не было...

І толькі млын, стары знаёмы, знешне змяніўся мала. Высока ўзносіцца яго бляшаная труба з нацягнутымі ад яе ў чатыры бакі дратамі падпоры, расчынены вароты, мучным пылам абсыпаны сцены і парканы. Млын, роўна ўздыхаючы, меле. Людзі сеюць, росцяць хлеб, каб яго есці. На зялёным выгане завознікі: чатыры машыны і тры фурманкі. Ля млына прыбудоўка, там скрыгоча-звініць на ўсю аколіцу піла-цыркулярка. Людзі будуюць новыя хаты, каб весялей у іх жыць. Ім трэба дошкі, цёс, гонта. На цыркулярцы працуе Сашка, з якім у мяне сёння размова.

Размову я адклаў на вечар. А цяпер хаджу па вёсцы, гляджу на яе перамены, і мне трохі сумна. Трое з тых, каго я спаткаў на вуліцы, павіталіся са мной першыя. Можа, гэта пяцікласнікі, якіх я некалі вучыў. Нікога з іх я не пазнаў у твар, і ніхто не запыніўся, каб пагаварыць са мною. Не было, значыць, аб чым гаварыць.

Светлы жнівеньскі дзень. Высока ў блакітным бясхмарным небе плыве сонца. Паветра напоена той празрыстасцю і чысцінёй, якая толькі і бывае на схіле гарачага лета. У палісадніках дацвітаюць вяргіні. Іх час, белых і ружова-сініх вяргінь, ужо прайшоў, і цвет іх не яркі і не кідкі. Лётае ў паветры лёгкая павуціна — верная прыкмета блізкай восені. Восень яшчэ пагуляе з летам у хованкі, дасць тыдзень-два цёплым дзянькам, усміхнецца здрадлівай лагоднасцю бабінага лета і запяе вятрамі, заімжыць дажджом.

— Платон! — голас мяккі, грудны, знаёмы. Ён прымушае здрыгануцца ўсёй істотай. Гэта Алеся. Пружыністай, нетаропкай паходкай яна ідзе да мяне.

— Добры дзень, Аляксандра Максімаўна. Вы тут?

На ёй лёгкія летнія туфлі, шэры касцюм, які шчыльна аблягае складную, з адзнакамі паўнаты, фігуру. Смуглявы твар, прыпухлыя вусны, вясёлыя шэрыя вочы з прыпудранымі, але ўсё ж прыкметнымі маршчынкамі каля павек. У выразе касцюма — белая блузка, адкрытая, ледзь кранутая загарам, шыя.

— Добры дзень, Платон Іванавіч. Якімі клопатамі абавязаны вашаму прыбыццю?..

— Ты ведаеш, Алеся.

На імгненне патуплены позірк вачэй, ледзь улоўная дрыготка ля вуснаў, і зноў адкрыты, чысты пагляд, поўны добразычлівасці і цікавасці. Жанчына ўзяла сябе ў рукі.

— Па-ранейшаму дырэктарам?

— А ты — завучам?

— Як жыццё?

— Ды ўсё так...

— Ну, то завуч дырэктара разумее, — гаворыць Алеся. — Дровы, рамонт, нарады ў райана па пытаннях вытворчага навучання...

— Педсавет, бацькоўскія сходы, агіткалектыў, — дабаўляю я.

— А завучу лягчэй? — пытаецца яна.

— Строгі твар, касцюм, у якім горача летам, расклад заняткаў, канспекты, наведванне ўрокаў і галоўнае — выгляд, што ўсё табе на свеце вядома. Таксама нялёгка.

— О, з такім дырэктарам я не баялася б нічога!

— З прыемнасцю меў бы завуча, які разумее з паўслова.

Гэты жартаўлівы тон, даўно ўзяты намі на ўзбраенне, нагадвае сцяну, за якой можна схавацца ад чаго хочаш: ад сур’ёзнага, сумнага, ад таго, што цябе хвалюе і займае твае думкі.

Сустрэча з Алесяй не першая. Нельга не сустрэцца дырэктару і завучу, якія працуюць амаль што ў суседніх раёнах, у адной вобласці. Я ведаю пра Алесю ўсё, яна пра мяне таксама. Замуж яна выйшла трошкі раней, чым я ажаніўся, у яе двое дзяцей, муж дырэктар саўгаса, добры, разумны чалавек. Як педагог, яна вельмі аўтарытэтная.

— Бацька папраўляецца?

— Лепш яму, здаецца, стала. Я ж і прыехала з-за яго хваробы. Гэтак перахвалявалася. У нас канферэнцыя паслязаўтра, і ў мяне на секцыі даклад.

У Алесіным голасе нейкія новыя ноткі. Гэта, мабыць, таму, што хворы бацька і што тут, на вуліцы яе роднай вёскі, мы спаткаліся ўпершыню з таго памятнага далёкага часу...

Кавалер я не здагадлівы: мы цэлай паўгадзіны стаім пасярод вуліцы, на сонцы. Алеся абмахваецца хусцінкай, і да мяне нарэшце даходзіць. Мы ідзём пад школу: там старыя, знаёмыя бярозы, цянёк.

— А ўсё ж, чаго ты прыехаў, Платон?

— Сямейныя справы. Іх трэба неяк уладзіць.

На яе расчырванелым смуглявым твары грымаска раздражнення. Свайго настрою, як і некалі, яна зусім не тоіць.

— Слухай, Платон, я чула ад людзей. Гэта ж несусветнае глупства. Як твая жонка яшчэ церпіць? Грошы прысылаў, прыехаў цяпер, навошта табе гэта? Ці ведаеш ты, што людзі гавораць? Сумленне, кажуць, усё ж такі прачнулася ў ім, — гэта пра цябе так, — брыкаўся-брыкаўся, маўляў, дый прызнаў. Свая кроў, значыць. А я ж ведаю, што не сын ён табе. Няхай тады не разумела, у семнаццаць гадоў розуму не пытаюць. А цяпер ведаю...

— Што ты ведаеш, Алеся?

— Тое, што ты быў мяшок. Ідэаліст. Таму цябе і абкруцілі. Другога не абвялі б вакол пальца.

У голасе Алесі горыч. Яна не абыякавая да нашага з ёй мінулага, і хваля пяшчотнасці залівае мне грудзі. Мы сядзім на лавачцы пад старой знаёмай бярозай. Яе купчастая шапка, нібы гара, навісае над будынкам ранейшай школы, якая цяпер ператворана ў нейкі склад. Дрэва такое самае, як і раней, за доўгія гады яно ніколькі не змянілася, а школа стала маленькай і непрыкметнай. Чаму гэта так? Можа, таму, што прыйшлося павандраваць па свеце, на многае паглядзець. А можа, проста з той прычыны, што непадалёк высіцца другі будынак, вялікі і прасторны.

Алеся неспакойная. Такая яна вельмі падобная на тую далёкую студэнтачку, якая спаткалася на сцяжынцы юнацтва. Толькі яна яшчэ і нецярплівая, і катэгарычная ў сваіх думках, яна можа быць і злосная, гэта Алеся... Такой я яе не ведаў. Цалаваў гэты мілы прыпухлы рот, гэтыя шэрыя вочы, смуглую шыю, абнімаў вось гэтыя стройныя, падатлівыя плечы, а не ведаў. Дый ці трэба было ведаць? Залатым, іскрамётным агнём успыхнула яно, першае, святое пачуццё, і хіба ж трэба было яго тушыць?..

Алеся гаворыць, гаворыць, але я мала слухаю. Яе словы не даходзяць да свядомасці. Я толькі гляджу на знаёмы, дарагі твар, на прыгожыя, мяккія лініі рота, на каштанавы завіток ля вуха, у якім ледзь прыкметная срабрыстая павуцінка, і думаю. Чаму ж мы з табой, дзяўчына, размінуліся на той дарожцы, па якой спачатку так хораша пакрочылі? І ці здолелі б мы прайсці па ёй, каб не развёў нас выпадак? Ты ж любіла мяне, Алеся, я ведаю, ты даказваеш гэта яшчэ раз тым, што так горача гаворыш. Але ці не больш за мяне ты любіла сваю зорку, тую пуцяводную зорку, у якую паверыла. Твая мара была чыстая, як вада са сцюдзёнай крыніцы, як ранішняя раса. Побач з ёй не было месца ніякаму бруду, ніякай мане і фальшы. І ў семнаццаць гадоў розуму не пытаюць, гэта ты добра сказала. Але ж ёсць яшчэ сэрца, Алеся... Няўжо яно схлусіла таксама, тваё сэрца?..

Сонца схілілася са свайго гарачага паўдня, і пад бярозай, з таго боку, дзе мы сядзім, няма больш ценю. Нам трэба развітвацца. Ад таго, што на гадзіну мы спаткаліся пад памятным дрэўкам, нічога не зменіцца. Не прыбавіцца ні горычы, ні радасці. Усё ўжо было, і ўсё мінулася.

— Калі ж ты паедзеш, Алеся?

— Хачу сёння, тады яшчэ паспею на канферэнцыю. Я так рада, што бацька папраўляецца. Ты ж ведаеш, які ён у мяне.

— Шчаслівай дарогі...

— Бывай здароў, Платон. І не забудзь таго, што я табе сказала. Хопіць хадзіць у пакутніках. Твой цярновы вянок перасох і рассыпаўся, а рыцарства антыпедагагічна. Гэта я кажу як завуч, але твая жонка зразумее мяне таксама. Яна ў цябе яшчэ цярплівая, Платон. Шануй яе і не крыўдзі...

Яна пайшла лёгкай, упэўненай хадою, ні разу не азірнуўшыся. Знаёмая і незнаёмая Алеся, загартаваная ў моры жыццёвых будняў і радасцей. Прывабная жанчына, якая ведае сабе цану і ведае, што яшчэ можа падабацца.

З нечым я ўнутрана не згадзіўся з Алесяй. Але ў чым? На гэта адразу не адкажаш нават самому сабе. І, можа, гэта зусім не нязгода, а нешта іншае, што трымаецца на адным толькі пачуцці супярэчнасці. Можа, яшчэ проста не памёр ва мне той зняважаны хлапчына, якому жыццё дало пстрычку па носе. Зняважанаму трэба шукаць вінаватых, хоць, можа, найбольш вінаваты ён сам. Чалавек заўсёды апраўдваецца перш-наперш перад самім сабой. Сведак у такіх справах не бывае, і таму рэдка хто здолее сябе асудзіць. Вінаваціць жа другіх куды лягчэй...

Сонечны дзень плыве ў цёплай бясхмарнай празрыстасці. У апошнія дні лета заўсёды нараджаецца адчуванне запаволенасці часу. Усё навокал млявае, перасычанае радасцямі жыцця, ахопленае смуткам блізкага знікнення. Залатым лістападам асыплецца бяроза, скінуць свой багаты ўбор ліпы і клёны, што ў маўклівай задуменнасці стаяць узбоч дарогі, панікнуць, завянуць кветкі ў палісадніках. Носяцца стайкамі, прабуючы моц маладых крыл, шпакі. Іх песень даўно ўжо не чуваць, яны жыруюць, і харчу для іх цяпер многа ўсюды. Пройдзе які-небудзь месяц, шпакі адляцяць, каб па вясне вярнуцца зноў на гэтыя бярозы і клёны.

Я думаю пра Алесю, праўдзівей кажучы, успамінаю, кім яна была для мяне ўсе гэтыя доўгія гады. Мне хочацца знайсці той душэўны рубеж, пачынаючы з якога Алеся стала для мяне проста знаёмым чалавекам. Такі рубеж быў, ён толькі растварыўся ў часе. Ні памяць, ні сэрца яго дакладна не адзначылі. Спачатку ўспамін аб дзяўчыне паліў гарачым болем, потым боль паступова сцішыўся, саступіўшы месца лёгкаму, прыемнаму суму. Потым знік і сум, змяніўшыся спакоем. Любімы твар, ахінуты павалокай таямнічасці і неразгаданасці, твар, рысы якога доўга не ўдавалася цалкам узнавіць у памяці, раптам праступіў ясна і выразна. Я ўжо быў спакойны, не хваляваўся і таму мог разглядаць гэты твар, прыкмячаючы на ім кожную рыску, ацэньваючы яго ўсмешкі, сляды маркоты і задуменнасці, мог прыслухоўвацца да пераліваў некалі любімага голасу, знаходзячы ў ім новыя, нячутыя раней ноткі.

Я па-новаму ўбачыў кожны жэст і рух дзяўчыны, перабраў у памяці кожнае сказанае ёй слова. І недзе ў гэтым прыдзірлівым аналізе скончылася казка пра Алесю, складзеная юнацтвам, і дзяўчына паўстала ў думках звычайнай і зямной. Але скончылася і каханне. Гэта было яшчэ ў вайну...

 

 

V

 

Пад вечар — сустрэча з Сашкам.

Двор старога Міны неяк падабраўся, звузіўся, папрыгажэў. Некуды зніклі доўгія хлявы і адрыны з праваламі саламяных стрэх, і ад гэтага на двары стала весялей і святлей. Хата перасыпана, новы падмурак і дах. Малы хлевушок, навес, пад якім штабель напілаваных і наколатых дроў. Агарод, дзе па бульбе ганарыста пасталі сланечнікі. Некалькі дрэў у садку: вішні, слівы. І кветкі пад вокнамі хаты. Адкуль у Міны кветкі?

Разгадка наступіла ў хаце. З першага позірку было відаць, што лад і парадак тут наводзяць не дзед з унукам. Белыя фіранкі, вазоны, чыста вымытая падлога, рэчы, кожная з якіх ведае сваё месца, і, самае галоўнае, дамавіты прыемны пах — усё гэта сведчыла, што ў хаце ёсць дбайная гаспадыня.

Яна напомніла аб сабе адразу.

— Вы да мамы? — спыталася дзяўчына, выйшаўшы з-за перагародкі. — Яна ў бальніцы і прыйдзе не хутка.

Дзяўчыне гадоў васемнаццаць, у яе прыемны грудны голас, у якім чуваць ноткі блізкай жаноцкасці, і ў поўнай адпаведнасці з узростам горды і незалежны выгляд. У руках яна трымае кніжку.

— Не, я не да вашай мамы. Некалі я ў гэтай хаце жыў. Зайшоў паглядзець.

Стрэлкі чорных броваў ляцяць угору, на твары лёгкае замяшанне, якое дзяўчына зусім не ўмее хаваць.

— Саша, прыйшлі да цябе.

Я зусім не разлічваў на прысутнасць дзяўчыны, і таму ўся загадзя вызначаная стратэгія аказалася бескарыснай. Тых слоў, якія падрыхтаваны, не скажаш.

Саша выйшаў з-за той жа перагародкі. У яго руках таксама кніга. Незнаёмы танклявы хлапец з адкрытым тварам і даволі смелым паглядам шэрых вачэй.

— Добры дзень. Прабачце, што перашкодзіў. Міна Іванавіч прасіў зайсці. У вашай хаце я кватараваў. Яшчэ да вайны...

Я назваў сваё прозвішча. Сесці мне не прапанавалі. Трэба было як-небудзь ратаваць становішча, і зрабіць гэта прыйшлося мне як старэйшаму.

Я сеў без запрашэння. Потым пачаў аглядаць хату. Перагародка дзяліла яе на дзве палавіны — большую і меншую. У большай, пярэдняй частцы, дзе сядзеў я, відаць, жылі самі гаспадары. Ад бакоўкі, першага майго рабочага кабінета, не засталося і следу.

Двое маўчаць, нібы згаварыўшыся. Па ўсяму відаць, яны і не збіраюцца са мной размаўляць. Зусім магчыма, што яны ўжо загадзя дамовіліся паміж сабой. Няма нават і намёку хоць бы на звычайную чалавечую ветлівасць. Я чамусьці спакайнею. Зрэшты, на што-небудзь іншае разлічваць і не прыходзілася.

— Гады ідуць, — кажу я. — Столькі перамен у вас, што і не пазнаеш. Калі я тут працаваў, была толькі сямігодка. А цяпер дзесяцігодка. Вы, Саша, дзесяць класаў скончылі?..

Саша маўчыць. Ён апусціў сваю русую галаву і глядзіць у падлогу. Дзяўчына адышла ў кут, села і робіць выгляд, што чытае кнігу. Маўчанне наўмыснае, дэманстратыўнае, у гэтым няма ўжо ніякага сумнення. Мяне нарэшце апаноўвае злосць. Сто разоў мела рацыю Алеся. Чаго я сюды прыехаў? Што мог перамяніць? І зрэшты, якая мне справа да таго, што нехта некалі напаскудзіў. Мала я праз гэта нацярпеўся? Мала меў згрызоты? Хопіць філантропіі, яна мне вылезла бокам!

Я падняўся. Мой твар гарэў. У грудзях бушавала злосць, але я пастараўся развітацца спакойна...

...Полем іду да раз’езда. Крокаў за дваццаць ад сцежкі Мінаў шалаш, але заходзіць мне туды не хочацца. Няма нават жадання развітацца са старым. Таго, што здарылася, не паправіш. Не было ніякай патрэбы прыязджаць у Дзеўкі, варушыць лахманы гэтай старой, амаль забытай гісторыі...

На раз’ездзе пуста і ціха. Цягнік хвілін пятнаццаць як прайшоў. Наступны — у дзве гадзіны ночы. Настрой мой панылы і маркотны. І, мабыць, ад гэтага здаецца змрочным усё навакольнае. Будка, у якой жывуць брыгадзір пуцейцаў і абходчык, пафарбавана ў недарэчны жоўты колер. Чаму ў жоўты? Чаму будка не карычневая, не зялёная, не каштанавая? І наогул, што такое колер? Сіняе сутонне вечара заўсёды навявае лёгкую маркоту. Як і цяпер. А сінеча летняга марыва вабіць, хочацца ісці, ісці. На Сашы была сіняя безрукаўка, дзяўчына стаяла ў белым. Ёсць цесная сувязь настрою, які валодае чалавекам, і колеру...

Вечар патушыў усе колеры, застаўся толькі адзін — шэры. І ў гэтым шэрым — бляск агню, срэбнае мігценне зорак, таямнічае, загадкавае святло месяца. Ці не напамінак гэта, што пасля ночы прыйдзе дзень?.. Зоркі льюць святло. Калі льюць, то павінен быць гук. Можа, хто-небудь у будучым перакладзе на музыку ззянне зорак, і тады чалавек пачуе дзівосныя сімфоніі.

Раптам я чую плач. Надрыўны, цягучы жаночы плач, з жудасным прычытаннем. Роспачнае галашэнне набліжаецца, яно ўжо на самым раз’ездзе. Па бліскучых у святле месяца рэйках ідзе жанчына, хапіўшыся абедзвюма рукамі за галаву, і яе літанні гучна разносяцца па цёмным полі:

— А мая ж ты до-о-о-нька, асцірацелі мы з табо-о-ю, а ён жа цябе так зва-аў, так ён цябе клі-і-каў, не пабачаць яго твае во-о-о-чкі...

Роспачны, балючы рэчытатыў плыве над полем, над рэйкамі, і страшная здагадка абпальвае ўсю істоту: гэта ж памёр Пацалуйка, а Алеся паехала...

І яшчэ адну ноч прыйшлося правесці ў Мінавым шалашы. Агню не раскладалі, і ў гарлавіну шалаша глядзелі яркія жнівеньскія зоркі. Мігцелі яны ўрачыста і патаемна ў сваім высокім вечным спакоі.

Назаўтра быў сонечны дзень, трымцела над полем сіняватая смуга, а ў блакітным бясхмар’і лятала белая лёгкая павуцінка. Поле, якое адшумела ячмянямі, жытамі і аўсамі, чакала новага засеву. Але сейбіты ў той дзень не прыйшлі. Труну на зялёны пагорак могілак прывезлі на машыне. Яна рухалася павольна і неяк урачыста, а за ёй у нямым маўчанні ішла вёска. Сівыя, чорныя, русыя непакрытыя галовы мужчын, белыя і чорныя жаночыя хусткі. Труна абабітая чырвонай тканінай, і замест крыжа — пафарбаваны ў чырвоны колер драўляны абеліск...

— Мы паставім табе гранітны помнік, Максім. Ты, як першы калгаснік, заслужыў... І зробім жалезную агароджу, — гаварыў над жоўтай пясчанай магілай высокі вузкатвары чалавек.

У маўклівым натоўпе, што згрудзіўся на могілках, я ўбачыў Сашку. Хлопец зірнуў на мяне, твар яго перасмыкнуўся. Грымнуў нястройны залп з драбавікоў. На чырвоную крышку труны паляцелі жмені жаўтапёсу.

Сцяжынкай з могілак я пайшоў на раз’езд. На паўдарозе мяне дагнаў Сашка. Ён быў узбуджаны, хваляваўся, і я бачыў па яго твары, што яму хочацца сказаць нешта надзвычай важнае. Я ўзяў яго пад руку.

— Харошы чалавек быў Максім, — сказаў я.

— Харошы, — адказаў хлопец ледзь чутна, аднымі губамі, і паглядзеў мне ў вочы...

 

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 352-374
Крыніца: скан