epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Роздум аб сучаснасці

Роздум аб сучаснасці1

 

 

Напярэдадні пленума праўлення СП Беларусі, які разгледзіць стан пісьменніцкай публіцыстыкі, дазвольце, Іван Якаўлевіч, запытаць у вас: у чым, на вашу думку, выклікана тое, што на парадак дня пленума вынесена пытанне аб стане публіцыстыкі?

— Публіцыстыка — гэта заўсёды роздум аб сучаснасці. Аб чым бы ні пісаў аўтар-публіцыст, ён абавязкова гаворку сваю ўвязвае з надзённымі задачамі дня. Публіцыст ідзе, як кажуць, па гарачых слядах падзей, вышуквае тое галоўнае і важнае, што варта ўвагі не асобных людзей, а ўсіх нас. Узнімаючы надзённыя праблемы, ён прымушае задумвацца кожнага над тым, як жыць, каб быць вартым эпохі, нашага велічнага часу, каб у справах сваіх набліжацца да таго, чым жыве ўвесь народ.

Але ж гэтымі клопатамі жыве і кожны сапраўдны пісьменнік, хто адчувае сябе грамадзянінам сваёй краіны, сынам свайго часу. Значыць, публіцыстыка — гэта таксама літаратура, і яна павінна стаць кроўнай справай кожнага пісьменніка. Нам абавязкова варта часцей выказвацца перад чытачом, гаварыць аб тым, што турбуе, што заклікае да роздуму. Такая споведзь, канечне, у той ці іншай меры гучыць і са старонак апавяданняў, аповесцей, раманаў (гавару аб прозе, паколькі сам празаік). Але ж напісаць празаічны твор буйнога жанру, патрэбен час, а ён жа не чакае, праблемы дня, калі можна так сказаць, падганяюць творцу. Найлепшая магчымасць гаворкі з чытачом — гэта публіцыстыка. І не толькі артыкул, нарыс, але нават і своеасаблівы запіс у блакноце, зроблена калі-нікалі наспех, ён часам набывае важкае значэнне, бо важнае і характэрнае занатаваў не проста чалавек, а літаратар. Таму публіцыстыка — гэта жывая справа, якой літаратура не можа не займацца, і, адначасова, публіцыстычная дзейнасць — своеасаблівы этап, які праходзіць, бадай, кожны аўтар, што назапасіў шмат назіранняў, уражанняў і, перш чым сесці за напісанне мастацкага твора, выходзіць на сустрэчу з чытачом праз газету ці часопіс, радыё альбо тэлебачанне.

Так што гаворка аб публіцыстыцы, аб яе задачах і праблемах, сувязі з часам, якая будзе весціся на нашым пісьменніцкім пленуме, своечасовая і, безумоўна, вартая ўвагі.

— Ваш творчы шлях пачынаўся, па сутнасці, з газеты?

— Спрабаваць пісаць я пачаў яшчэ школьнікам. Пачынаў з допісаў, некаторыя з якіх да вайны друкаваліся ў васілевіцкай раённай газеце «Сацыялістычная праца», а таксама ў мазырскім «Бальшавіку Палесся» і «Чырвонай змене». Пасля вайны ўжо, будучы ў Мазыры, занёс у абласную газету «Бальшавік Палесся» (Мазыр тады быў цэнтрам Палескай вобласці) невялікі артыкул, у якім расказваў аб справах васілевіцкіх юнакоў і дзяўчат. Мяне прыхільна сустрэла Вольга Фёдараўна Баркоўская, якая выконвала тады абавязкі рэдактара газеты. Са снежня сорак пятага я і пачаў працаваць карэспандэнтам «Бальшавіка Палесся».

Абласной газеце аддаў шэсць гадоў. Працаваў і адначасова вучыўся завочна ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. А ў 1951 годзе перайшоў у рэспубліканскую «Звязду», потым рэдагаваў шматтыражку «Беларускі універсітэт», пяць гадоў працаваў у часопісе «Маладосць»: спачатку загадчыкам аддзела моладзі, крыху пазней загадчыкам аддзела прозы...

Магу сказаць — усё пачыналася з газеты. Журналісцкая праца вельмі шмат дала мне для вывучэння жыцця. Нямала ездзіў па вёсках, што пасля вайны толькі яшчэ пачыналі адбудоўвацца. Сустракаўся з многімі людзьмі: учарашнімі партызанамі, падпольшчыкамі, з франтавікамі. Пісаў нарысы, артыкулы, замалёўкі. І, канечне, многае запамінаў, занатоўваў у блакноты. Так што газета дала мне шмат назіранняў, дазволіла вывучыць жыццё, і гэта сёння дапамагае ў працы над празаічнымі творамі. Многае я чэрпаў, як кажуць, з першакрыніц. Не хвалюся, але ці ўсе пісьменнікі, асабліва маладыя, ведаюць сёння, што такое «райзо», «МТС», «сельгастэхніка»? А з гэтым жа даводзілася сутыкацца ледзь не штодня.

Празаік, калі піша мастацкі твор, бярэ канкрэтныя жыццёвыя рэаліі. Вось тады, калі ў цябе назапашана шмат жыццёвых назіранняў, і пачынае выплываць са своеасаблівых тайнікоў памяці найбольш важнае, тое, на што раней, магчыма, ты і не звяртаў увагі, бо яно падалося дробязным. Цяпер жа, на адлегласці часу, нават самы нязначны факт пачынае набываць вялікае значэнне.

— Пісалі толькі артыкулы, нарысы, замалёўкі?

— Не толькі... Газета патрабуе ад кожнага, хто працуе ў ёй, максімальнай творчай аддачы. Даводзілася і з фельетонамі выступаць, і рэцэнзіі пісаць...

Фельетонаў я напісаў не так ужо і мала. Змяшчаліся яны і ў «Бальшавіку Палесся» і ў рэспубліканскай «Звяздзе». Напрыклад, у фельетоне «Спорт і бульба» — ён быў змешчаны ў газеце «Бальшавік Палесся» — расказваў, як дырэктар адной аўташколы праявіў, калі можна так сказаць, празмерную гаспадарлівасць і... засадзіў пляцоўку для будаўніцтва стадыёна бульбай. Ці вось яшчэ адзін з маіх фельетонаў — таксама, дарэчы, апублікаваны ў абласной газеце. Называўся «Пчолы і трутні». Я пісаў пра кіраўнікоў тагачаснага калгаса «Парыжская камуна» Васілевіцкага раёна, якія завялі пасеку. Для падкормкі пчол было выпісана 30 кілаграмаў цукру, але калгасныя «дзеячы» цукар гэты самі з’елі, а бедныя пчолы памерлі з голаду.

А першую рэцэнзію надрукаваў у 1948 годзе ў «Бальшавіку Палесся». Разглядаў аповесць Піліпа Сямёнавіча Пестрака «Пачатак». Пазней ужо рэцэнзаваў і іншыя творы беларускіх пісьменнікаў.

— Даводзіцца чуць, што газета не толькі вучыць, але і «псуе» пісьменніка. Гэтым, маўляў, можна растлумачыць той факт, што многія літаратары не толькі цураюцца журналісцкай дзейнасці, але і не хочуць пісаць для газеты.

— Думаецца, тут нельга катэгарычна адказаць ні «так», ні «не». Каб рабіць нейкія высновы, трэба канкрэтна браць кожны выпадак. Калі ўзяць маю працу ў газеце, дык, магчыма, я крыху і «перарабіў». Магчыма, нават калі-нікалі ў творах сваіх і залішне прывязваюся да факта. Магчыма, бо мысленне газетнае, у прыватнасці, і, калі глядзець шырэй, мысленне публіцыстычнае, толькі напалавіну, мастацкае. Яно больш навуковае...

Але правільней гаварыць не пра «шкоднасць» ці «карысць» газетнай работы пісьменніку, а пра тое, што дае яна яму як творцу. А гэта ў многім залежыць і ад самога аўтара, і ад той атмасферы, што складваецца ў рэдакцыйным калектыве. Калі яна творчая, калі ў ёй менш практыцызму, журналісцкая дзейнасць станоўча ўплывае на асобу пісьменніка, дапамагае яму ў назапашванні жыццёвых назіранняў. І, наадварот, калі, як кажуць, «заядае» цякучка, тады застаецца вельмі мала часу для сапраўднай творчасці.

У «Звяздзе» мне, напрыклад, працавалася лягчэй, у абласной газеце, безумоўна, крыху цяжэй. І ўсё ж свае журналісцкія гады я ўспамінаю з прыемнасцю, мабыць, гэтаксама да іх ставіцца кожны, каму даводзілася працаваць у газеце ці хто працуе ў ёй цяпер. Журналісцкая работа ў многім дысцыплінуе чалавека, а для пісьменніка гэта таксама немалаважна.

1981

1 Адказы на пытанні карэспандэнта штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» Алеся Марціновіча.


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 222-225
Крыніца: скан