epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Рыжыя коні

Ілья Клімец, запаліўшы ліхтар, рушыў далей па рэйках. За лесам схаваліся апошнія светла-пунсовыя водбліскі захаду. Усё навокал шарэла, на попельна-сівым небе выбліснула некалькі зорак. Шпалы і насып дыхалі яшчэ назапашаным за дзень цяплом, а з сенажаці, што пачыналася адразу за кустамі, цягнула халадком і прыемным пахам мурожнага сена.

Ілья дайшоў да мастка, за якім канчаўся яго абход, і павярнуў назад. У левым чаравіку муляла — Ілья прысеў на край насыпу, расшнураваў чаравік. Рэйкі пачалі ледзь чутна дрыжаць і пазвоньваць: ішоў сто чацвёрты. Яшчэ тыдзень назад Ілья праводзіў яго, калі было зусім светла. Лета ішло на спад, дні прыкметна меншалі. Пасажырскі прымчаў хвілін праз пяць, абдаўшы абходчыка пругкай хваляй цёплага, перамяшанага з пылам паветра. Перад семафорам цягнік даў доўгі прыглушаны гудок, а потым са станцыі данесліся два раскацістыя ўдары званка. Ілья цяпер ішоў да станцыі: яго абход пачынаўся ад першага раз’езда.

На лугавіне, паміж палатном чыгункі і прасёлкавай дарогай, па якой звозілі сена, нехта распальваў агонь: відаць была сагнутая над кволым цяпельцам постаць, а воддаль на атаве пасвіліся коні. Калі Ілья вяртаўся ад пераезда, агонь шугаў ужо на ўсю моц, чалавека каля яго не было, а ў паласе святла стаяў, злёгку памахваючы галавой, вялікі прыгожы конь. Ілья спыніўся, уражаны дзіўным малюнкам: у водблісках агню гладкая поўсць каня адлівала чырвонай, пад колер крыві, меддзю і сам ён здаваўся высечаным з вялікага, суцэльнага кавалка мармуру. Кіруючыся да мастка, Ілья раз-пораз азіраўся: коні, нагнуўшы шыі, скублі траву.

Ля мастка Ілья з паўгадзіны вёў пустую, мізэрную размову з Плісецкім, абходчыкам наступнага ўчастка, будка якога стаяла ў лесе. Ілья недалюбліваў гэтага чалавека, лайдакаватага і не вельмі разумнага, і ўзрадаваўся, калі той адстаў з роспытамі.

Праляцелі, адзін насустрач другому, два таварных цягнікі, абодва цяжкія, гружаныя: на платформах таго, што нёсся на захад, чарнелі сілуэты аўтамашын, невялікіх, з гумавымі коламі трактараў, гучна ляскалі на стыках жалезныя, напоўненыя бензінам цыстэрны.

Уступала ў свае правы ноч. Агні ў пасёлку пакрысе гаслі, у некаторых вокнах па летнім часе іх наогул не запальвалі. Залацістым ланцугом зыркалі станцыйныя агні — яны свецяць праз усю ноч.

Начная варта прыпадала Ілью праз двое сутак. За доўгія гады службы ён прывык хадзіць поначы, не адчуваючы ніякай патрэбы сну. Пасля другіх пеўняў толькі прыкметна цяжэлі ногі, як бы наліваючыся свінцом, але ў галаве да самага світання панавала поўная яснасць.

Параўняўшыся з месцам, дзе гарэў агонь, Ілья хвіліну пастаяў, назіраючы, як скачуць светлыя водбліскі, адганяючы цемру, потым рашуча сігануў з палатна пад насып. Ля вогнішча стаялі ўжо два кані, гэткія ж барвова-медныя і нерухомыя, як статуі. Ілья кіраваўся да агню нацянькі: з-пад ног, з сухой травы, выпырхнула, слаба піскнуўшы, птушачка, ды перад вогнішчам, нічога перад сабой не бачачы, ён стукнуўся чаравікам аб корч. Ля агню, на разасланым пінжачку, ляжаў белабрысы хлопец і нешта жаваў. Зачуўшы крокі, ён спалохана ўстрапянуўся, агледзеў Ілью з галавы да ног, потым зноў унурыўся ў агонь. Коні, зачуўшы чужога чалавека, устрывожана застрыглі вушамі і адышліся ад вогнішча. Яны нават не былі спутаны.

— Пасеш? — спытаў Ілья, каб як-небудзь зачаць гаворку.

Хлопец зноў зірнуў на яго, нічога не адказаўшы.

— Ты што, з саўгаса? Нешта я цябе не ведаю.

— З Гноевіц я, — адказаў хлопец, цэкаючы.

— Ці блізкі свет! Дык чаго ты тут з коньмі?..

— Лісям прыгнаў...

У першую хвіліну Ілья нічога не зразумеў. Хлопец здаваўся дурнаватым: адвіслая мокрая губа, доўгая, як у бусла, шыя, несамавітая, з сюсюканнем, гаворка.

Коні, відаць, асвоіліся з прысутнасцю чужога і зноў падышлі да вогнішча. Цяпер толькі Ілья разгледзеў іх як след: цёмна-гнядой масці, укормленыя, з гладкай бліскучай поўсцю, яны здаваліся вогненна-рыжымі. Коні былі буйныя, маладыя, самае большае — трохлеткі.

— Ты што, на лісіную ферму іх гоніш? — спытаў Ілья, адчуваючы, як халодны, нудны боль сціскае грудзі.

— Лісям, — пацвердзіў хлопец.

— Ды што яны, падбіліся? Выбракаваныя?..

— Чаму падбіліся? Не... Так толькі ў спраўцы напісалі. Каб здаць на мяся. Дванаццаць стук. Сена мала, а ім за давай...

— Дурань твой старшыня! — ускіпеў Ілья. — Дзе гэта бачана, каб конь сябе не пракарміў?

— Я ніцога не знаю. Маё дзела — старана... Мне старсыня загадаў.

Размаўляць далей з белабрысым Ілья не мог, грудзі поўніліся пякучым жалем, крыўдай, і ён амаль подбегам рушыў да вогнішча. Ужо на насыпе Ілья яшчэ раз зірнуў на агонь: коні, аблітыя трапяткімі, залацістымі водсветамі агню, стаялі, нібы намаляваныя на карціне.

Ілья доўга не мог супакоіцца, узрушанасць і боль не сыходзілі з душы. Хацелася з кім-небудзь пагаварыць, параіцца, выліць у словах горыч і крыўду. Ён доўга стаяў на мастку, чакаючы, калі на насыпе паявіцца постаць Плісецкага. Той недзе бавіўся, не ішоў. Было парадкам за поўнач, у пасёлку, перабіваючы адзін аднаго, дружна загарланілі другія ці трэція пеўні, на ўсходзе ледзь-ледзь пачало святлець. Вялікая чырванаватая зорка вісела над пасёлкам, як ліхтар. Стоячы на мастку, Ілья прапусціў сто пяты — у вокнах доўгіх спальных вагонаў панаваў сіняваты, мяккі паўзмрок, пасажыры спалі. Прагрукатаў дадатковы паражняк, састаўлены з адных платформаў — пад лес.

Страціўшы цярпенне, Ілья сам пайшоў па абходзе Плісецкага. Ён зрабіў, бадай, болей за кіламетр, уперадзе ўжо шарэла сцяна лесу, а абходчыка не было. Нарэшце Ілья ўбачыў на краі насыпу чорную сагнутую постаць — Плісецкі, седзячы, спаў. Ілья наўмысна бразнуў ключом, і той пружыніста, як воўк, падхапіўся, выскачыў на палатно.

— Чаго ты тут? — пазнаўшы Ілью і не могучы стаіць дрыжыкаў у голасе, спытаў Плісецкі.

— Запалі ліхтар.

— А-а-а, усё адно. Днее ўжо. Можна і так.

Ілья змоўк і рушыў да свайго абходу.

— Сына ўчора праводзіў, — дыбаючы поруч, пацепваючы вузкімі плячамі, апраўдваўся Плісецкі. — Сын рамеснае скончыў. Паслалі ў Запарожжа, на завод. Хапануў шклянку, але ж тое яшчэ ўдзень. І ўсё ж размарыла-такі, гадасць. Ты, Ілья, пра гэта нікому. Прашу як суседа...

— Вунь коней гоняць лісам на харч, — сказаў Ілья, трацячы інтарэс да гаворкі з Плісецкім.

— Якіх коней?

— З Гноевіч, калгасных. Дванаццаць штук.

— А чорт іх бяры. На ліха цяпер тыя коні. Машын колькі вунь.

— А-а-а, чалавек ты!..

Махнуўшы рукой, пакідаючы ззаду разгубленага Плісецкага, Ілья злосна пакрочыў да мастка. Цела працінала млявасць. За гэтую ноч ён стаміўся болей звычайнага. Думка білася, шукаючы выйсця. Праходзячы паўз мясціну, дзе пасвіліся коні, хацеў не глядзець у той бок, але не вытрываў, зірнуў. У перадсвітальнай шэрані курэлі, чадзячы шызым дымам, галавешкі, віднелася чорная, распластаная на зямлі постаць хлопца, які, відаць, спаў. Па зялёнай, без расы, атаве рассыпаліся гнядыя рослыя коні...

 

1962


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 443-446
Крыніца: скан