epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Сацыяльная тэма ў сучаснай прозе

Бясспрэчна, што беларуская проза за апошнія гады дамаглася істотных поспехаў. Набыткі яе адносяцца як да буйнога жанру — рамана і аповесці, так і да жанру апавядання.

Асаблівасцю сучаснай беларускай прозы з’яўляецца тое, што яна імкнецца да мастацкага даследавання жыцця ў яго самых разнастайных праявах, не пазбягае пытанняў складаных, супярэчлівых. Раманы Івана Мележа, Івана Шамякіна, Янкі Брыля, Піліпа Пестрака, Міколы Лобана, Аркадзя Чарнышэвіча, як і многія іншыя лепшыя кнігі, сведчаць аб тым, што ў нашай прозе нарадзілася зусім натуральнае, зразумелае імкненне прайсці па дарогах, па якіх прайшоў народ у сваім рэвалюцыйным, творчым дзеянні, увасобіць у мастацкіх вобразах этапы станаўлення савецкага грамадства. Менавіта гэтыя творы найбольш выражаюць тэндэнцыю да глыбіннага вывучэння жыцця, цесна спалучаюць грамадскае і асабістае, сацыяльны і псіхалагічны аналіз.

Не цяжка ўбачыць, што поспехі сённяшняй прозы з’яўляюцца працягам таго лепшага, што было створана літаратурай у папярэдні перыяд, працягам традыцый Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы. Беларускі раман, нараджэнне якога прыпадае на савецкі час, узнікаў перш за ўсё як увасабленне сацыяльна-грамадскай тэмы, як заканамернае жаданне мастакоў разабрацца ў тых велічных гістарычных падзеях, творцай і ўдзельнікам якіх былі мільённыя працоўныя масы, што ўступалі на шлях барацьбы за новыя, справядлівыя формы жыцця. Пісьменнікі ўдумліва даследавалі сувязі асобы і грамадства, сацыяльныя асновы жыцця, духоўны рост чалавека з народа, які паступова вызваляўся ад путаў мінуўшчыны.

Пісьменнік, які працаваў у 20-я і 30-я гады, меў перад сабой выразны сацыяльна-класавы канфлікт, які бытаваў у жыцці, станавіўся асноўнай драматычнай калізіяй мастацкага твора. Жыццё нашага сучасніка не дае матэрыялу з антаганістычнымі, класавымі супярэчнасцямі, але гэта не азначае, што ў сённяшнім жыцці няма канфліктаў, супярэчлівых тэндэнцый, сутыкнення поглядаў, жыццёвых філасофій. Другая справа, што «дабро» і «зло» ў гэтых канфліктах, супярэчнасцях ляжыць не на процілегла франтальных лініях, як было, скажам, у 20-я гады. Канфлікты нашых кніг аб сённяшнім жыцці ўсё больш і больш пераходзяць у сферу маральна-этычную, а гэта вельмі складаная галіна чалавечага жыцця, і залішне прамалінейны падыход да яе часта з’яўляецца прычынай творчых няўдач.

Але і маральна-этычныя праблемы, якія так востра ўзнікаюць у творах аб сучаснасці, звязаны з праблемамі грамадскімі, сацыяльнымі. Найбольшае прызнанне ў чытача атрымалі якраз тыя творы беларускай літаратуры, для якіх уласцівы глыбокі сацыяльны аналіз жыццёвых абставін. Не выпадкова такі вялікі поспех выпаў на долю раманаў Івана Мележа «Людзі на балоце» і «Навальніца над полем». Прысвечаныя жыццю палескай вёскі далёкіх 20-х пачатку 30-х гадоў, творы гэтыя тым не меней гучаць вельмі сучасна, бо яны, калі можна так сказаць, закранаюць інтарэсы, думкі, пачуцці сучаснікаў, актыўна, па лініі галоўных пытанняў жыцця, перагукваюцца з нашымі днямі. Раманы Мележа — творы шматпланавыя. З усіх праблем, якія ўздымаюцца пісьменнікам, хочацца выдзеліць адну праблему — рэвалюцыйнага, сацыялістычнага гуманізму, бо менавіта яна робіць раманы сучаснымі па гучанню.

Глыбінныя працэсы дэмакратызацыі асноў савецкага жыцця не маглі не знайсці адпаведнага адбіцця ў літаратуры. Выраслі самі крытэрыі ідэйна-мастацкай вартасці твора, узбагацілася канцэпцыя жыцця і літаратурнага героя. Прыкметна змяніўся вобраз часу, павысіліся патрабаванні на «чалавечнасць» да героя, якога пісьменнік імкнецца прадставіць як станоўчага. Пацвярджэнне гэтай думкі можа служыць шырокі поспех яшчэ аднаго твора беларускай прозы — рамана Івана Шамякіна «Сэрца на далоні».

У пяцідзесятыя гады для некаторых празаікаў і крытыкаў, безумоўна, станоўчым быў герой дзейсны, валявы, рашучы. За гэтыя, бясспрэчна, добрыя якасці характару герою прабачаліся падчас некаторыя хібы — грубасць у адносінах да людзей, якія яго акружаюць, неўраўнаважанасць, ігнараванне калектыўнай думкі. Сёння пры ўсіх намаганнях арэол станоўчасці такому герою надаць немагчыма. Перамена залежыць не ад аб’ектыўнага жадання пісьменніка, а ад маральнай атмасферы самога жыцця, грамадскай самасвядомасці. Валявых якасцей герою яўна мала, трэба, каб ён яшчэ мог думаць, каб навучыўся паважаць думкі, пачуцці другіх людзей.

Сёлета чытач пазнаёміўся з раманам Міколы Лобана «Гарадок Устронь» («Полымя», № 1—4), які з’яўляецца працягам кнігі «На парозе будучыні». Падзеі новага рамана М. Лобана адносяцца да пачатку трыццатых гадоў, яны прысвечаны ўсталяванню калгасаў у адным са звычайных раёнаў Беларусі. Пісьменнік імкнецца перадаць праўду жыцця, гісторыі ў чалавечых характарах, непаўторных мастацкіх вобразах. Удаліся яму вобразы начальніка палітаддзела Устронскай МТС Андрэя Шэмета і сакратара райкома Максіма Мароза. Канфлікт паміж імі — канфлікт валявога, суб’ектыўнага і разумнага, сапраўды партыйнага стылю кіраўніцтва.

У сёлетнім, юбілейным годзе Савецкай улады ўвагу пісьменнікаў прыцягнулі этапныя, гераічныя падзеі, у якіх, можна сказаць, вытокі характару многіх нашых сучаснікаў. З мемуарнымі і дзённікавымі матэрыяламі на гэту тэму выступілі ў «Полымі» трое нашых вядомых пісьменнікаў — Максім Танк («Лісткі календара», № 1—4), Максім Лужанін («Дванаццаць вячорных вогнішчаў», № 7—8), Піліп Пестрак («Лічыла дні турма», № 9).

«Лісткі календара» Максіма Танка — шчырая, праўдзівая споведзь аднаго з нашых лепшых паэтаў, аб цяжкіх гадах заходнебеларускага жыцця, аб народным, рэвалюцыйным супраціўленні сілам буржуазнай рэакцыі і фашызму. Вялікае месца займае ў дзённіку тэма літаратуры, роздум паэта аб шляхах развіцця роднага мастацкага слова.

Дзённік Максіма Танка па свайму зместу выходзіць далёка за межы чыста асабістых запісаў. З яго старонак паўстае вобраз чалавека, характар якога сфарміраваны народнай рэвалюцыйнай барацьбой, палымянай адданасцю ідэалам сацыялізма. Напісаны лірычна, усхвалявана, мясцінамі з добрым гумарам, ён блізкі да мастацкага твора.

Добрымі мастацкімі вартасцямі вызначаюцца ўспаміны Піліпа Пестрака «Лічыла дні турма». Тут паказ той жа, як і ў Танка, заходнебеларускай рэчаіснасці, рэвалюцыйнай барацьбы, будняў турэмнага заняволення, што спаткалі шмат якіх адданых справе вызвалення сыноў народа.

«Дванаццаць вячорных вогнішчаў» Максіма Лужаніна таксама цікавы твор. У ім як бы падсумаваны роздум паэта аб падзеях савецкага жыцця, пачынаючы ад калектывізацыі і канчаючы нашымі днямі. Многія раздзелы гэтага твора з’яўляюцца ўпаўне самастойнымі мастацкімі навеламі. Увогуле ўспаміны Лужаніна вызначае глыбіня думкі, шырокае кола жыццёвых назіранняў, добрыя мастацкія дэталі і мова.

Літаратуры не лёгка ўгнацца за рухомымі, зменлівымі формамі жыцця, даць ім назву, «замацаваць» іх у мастацкім вобразе. Аднак застаецца вядомай ісцінай, што сапраўдны мастацкі твор нараджаецца толькі тады, калі пісьменнік здолее адчуць, усвядоміць новыя тэндэнцыі жыцця, новыя заканамернасці, новае ў духоўным вопыце свайго героя. Існуе прамая сувязь паміж здольнасцю мастака ствараць тыповыя характары і глыбінёй яго думкі, адчування навакольнага жыцця. Інтэлектуальная, эмацыянальная, маральная ўзброенасць героя пры ўмове, што герой гэты жывы, не выдуманы, і ёсць галоўная адзнака ідэйна-мастацкай вартасці твора.

Трэба прызнацца, што беларуская проза прыкметна адстае ў мастацкім асваенні рухомых працэсаў сучаснасці. Гутарка ідзе не пра тое, каб разумець сучаснасць як сённяшні «хуткаплынны» дзень або як падзеі мінулага ці нават пазамінулага года. Справа глыбей. Адзін вядомы рускі празаік нядаўна выказаў думку, што савецкая літаратура за апошні час вельмі паспяхова асвойвала духоўны вопыт 30-х і 40-х гадоў і ёй прадстаіць гэтак жа паглыбіцца ў тэндэнцыі духоўнага развіцця грамадства 50-х і 60-х гадоў. Думаецца, што сказанае справядліва і ў дачыненні да беларускай літаратуры.

Сапраўды, нават пісьменнікі, чые імёны сталі вядомымі ў літаратуры ў апошняе дзесяцігоддзе, далей асваення вопыту Вялікай Айчыннай вайны і цяжкіх пасляваенных гадоў яшчэ не пайшлі. Скажам, сваёй традыцыйнай тэме — жыццю вёскі — беларуская проза за апошнія гады ўдзяляла мала ўвагі. Паявіліся добрыя аповесці Івана Шамякіна «Мост», Івана Пташнікава «Лонва». З грамадзянскай зацікаўленасцю, востра, займальна напісана аповесць Алеся Асіпенкі «Жыта». Шэраг важных, сур’ёзных пытанняў уздымае аповесць Алеся Савіцкага «Палын — зелле горкае». Ёсць цікавыя нарысы Ігната Дуброўскага, Веры Палтаран, добрыя апавяданні Аляксея Кулакоўскага, Алены Васілевіч, Міколы Лупсякова, Івана Чыгрынава, Міколы Ракітнага, Вячаслава Адамчыка, Рамана Сабаленкі, Міхася Стральцова, Барыса Сачанкі, Анатоля Кудраўца і інш. Але твора, які б узняў прынцыпова новую праблему сённяшняй вёскі, стаў падзеяй у літаратурным жыцці, няма. Каб па «сельскай» літаратуры, якая ў нас паявілася, мы задаліся мэтай скласці ўяўленне пра глыбінныя духоўныя працэсы, што адбываюцца ў сённяшнім калгасным і саўгасным жыцці, то такога ўяўлення мы не складзём.

У нас нямала па-сапраўднаму мастацкіх апавяданняў, дзе вёска, убачаная вачамі дзяцінства, паўстае ў арэоле шчырай, замілаванай паэтычнасці. З такімі апавяданнямі прыходзяць у літаратуру амаль усе маладыя празаікі. Але твораў, дзе б вясковая тэма выступала перш за ўсё як тэма сацыяльная, дзе б малявалася цэласная карціна, выступаў яркі характар, раскрываліся пэўныя грамадскія тэндэнцыі — да крыўднага мала.

Сёння, бадай, кожная кніга, якую мы напісалі ці пішам, не можа абмінуць тых вялікіх сацыяльных перамен, якія адбываюцца ў жыцці. Маса тэхнікі, якая ёсць усюды, новыя прафесіі — урача, настаўніка, інжынера, механізатара — усё гэта ў рэшце рэшт звязана з нараджэннем новага светаадчування, псіхалогіі. Эстэтычнага вопыту, які вынікае з мастацкага асваення традыцыйнай тэмы вёскі, відаць, малавата, каб увасобіць гэтыя новыя пласты сучаснага жыцця і псіхалогіі ў творах. І ўсё ж наша літаратура ўсё часцей пачынае пісаць пра горад.

Жыццю Мінска, які расце на нашых вачах, прысвячае сваю творчасць Уладзімір Карпаў. Яго раманы «За годам год» і «Вясеннія ліўні» ўзнаўляюць шматлікія гераічныя і працоўныя старонкі жыцця горада.

Цікавы зборнік Міхася Стральцова «Сена на асфальце». У ім нямала добрых, ёмістых з націскам на бытавую дэталь апавяданняў. Іх адшліфаваны, музыкальны, як у вершы, сказ гаворыць пра высокую творчую культуру аўтара. Міхась Стральцоў зрабіў удалую заяўку на паказ адчуванняў героя «гарадскога» жыцця.

Бясспрэчна, што дыяпазон нашай прозы павінен пашырацца, сацыяльна паглыбляцца, захопліваючы ўсе працэсы рухомай, зменлівай рэчаіснасці. Вопыт савецкай літаратуры сведчыць, што без шырокіх грамадскіх дарог-пуцявін героя, без глыбокага сацыяльнага аналізу жыццёвага матэрыялу значнага мастацкага твора быць не можа.

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 126-131
Крыніца: скан