epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Сямігодка для дарослых

У той дзень на лугавіне каля вагавай будкі Іванчыкаў Піліп, круглы, як поклад, рухавы і ўвішны, вынюхаў уюноў. Цімоху загадаў ён бегчы па заступ, і Цімох пабег. Але пакуль Цімох вярнуўся назад з рыдлёўкай, чорную, ліпкую гразь перасохлай лужыны шмаравалі рукамі ледзь не ўсе станцыйныя хлопцы. Ля замурзанага, з падкасанымі калашынамі Піліпа стаяла вядро, напалавіну закіданае ўюнамі — чорныя, слізкія, падобныя на вужоў, яны ўвесь час варушыліся і, здаецца, нават ледзь чутна папісквалі. Нават непрыемна было глядзець у вядро.

Пастаяўшы з хвіліну з недарэчнай, непатрэбнай нікому рыдлёўкай ля разгарачанай хлапечай талакі, Цімох рушыў прэч. Лезці ў лужыну было позна — уюноў палавілі. Цімоха душыла крыўда: навошта Піліп паслаў яго па заступ? Каб адаслаць падалей і самому гаспадарыць у лужыне?

Дома з-за нечаканых уюноў вынікла сварка між бацькам і маці. Яна б, можа, аціхла сама сабой, каб у двор не ўваліўся сцэпшчык Майсей з лазовай таптухай за плячамі.

— Пайшлі, Змітро, патупаем па Мядзвёдцы. Дзеці вунь ля самай станцыі ўюноў знайшлі. Можа, што-небудзь і нам трапіцца...

Бацька адмовіўся, і гэта падліло масла ў агонь.

— Некалі яму! — не тоячы злосці, сказала маці.— Як жа, у навуку кінуўся. Змоладу са школы ўцёк, дык цяпер даганяе. Дзеці свецяць голымі пузамі, а ён за кніжкі. Трэцяе лета ходзіць у тую школу. Якога злыдня выхадзіць?

— Змоўкні! — бацька нават пабялеў.— Хоць бы сёння памаўчала. Заўтра можаш плявузгаць колькі захочацца. Даруй, Майсей. Другім разам я цябе сам пазаву.

Збянтэжаны счэпшчык шуснуў за веснічкі.

Цімоху шкада бацькі.

Сямігодка, якую ён канчае, і на школу не надта падобна. Стрэлачнікі, кандуктары, абходчыкі, якія ў ёй вучацца, ходзяць на заняткі толькі вясной і летам. Можа таму, што настаўнікі, якія вучаць у звычайнай школе, у гэтую пару маюць больш вольнага часу. Дый праграма ў сямігодцы для дарослых вельмі скарочаная. Бацька ходзіць у сёмы клас, а Цімох скончыў шэсць, аднак па навуцы ён ведае болей за бацьку. У бацькавым сёмым класе ўсё яшчэ топчуцца на простых і дзесятковых дробах. Ні пра якія алгебру, геаметрыю, хімію там і гаворкі няма. Акрамя арыфметыкі разбіраюць трохі гісторыю, геаграфію і пішуць дыктоўкі. Задачы па дробах памагае рашаць бацьку Цімох, а ў дыктантах, якія бацька піша самастойна на ўроках, ён робіць па шэсцьдзесят памылак. Бадай у кожным слове памылка.

Бацька ўзяў пад паху кніжкі, тоўсты агульны сшытак, заведзены для ўсіх прадметаў, і нахмураны, злосны пайшоў з двара.

У гэты момант усчаўся лямант на Іванчыкавым панадворку.

— Ладыруга пракляты, пустадомак! — крычыць цётка Праскева на ціхмянага, задуменнага Іванчыка.— У людзей бульба, дровы, сена, а ён толькі дзяцей напладзіў. Кніжкамі тваімі я гаршчок напхну? Каб не Піліп, дык хоць у пельку галавой. Сын у двор цягне, а бацька — з двара!..

У суседзяў вось гэткая музыка кожны раз, як толькі гаспадар выбіраецца ў школу. Цімоху не зразумела, як толькі Іванчык можа ўсё гэта вытрымаць. Цётка Праскева крычыць не толькі ў хаце, на двары, а яшчэ выскаквае за мужам на вуліцу, не саромячыся людзей, пасылае яму праклёны ўслед. А Іванчык тым часам у сваім рудаватым лапсардаку, абуты ў лапці, сагнуўшыся, ціснучыся да парканаў, стараецца як мага хутчэй знікнуць з вачэй.

У Цімоха вострая цікавасць да ўсіх гэтых людзей, якія, маючы жонак, дзяцей, вялікі сямейны клопат, пайшлі вучыцца. Напачатку іх было намнога больш, але, відаць, сваркі і звягі зрабілі сваю справу. У пятым, а найбольш у шостым класах мужчыны паадсыпаліся, перастаўшы пад тым ці іншым прыклёпам наведваць школу. Сямігодку для дарослых канчаюць цяпер сем ці восем чалавек.

Дзіва няма — летняга часу шкода. Тыя, хто не ходзіць у школу, у вольныя ад дзяжурстваў, ад работы, ад службы на чыгунцы дні паспяваюць і сена карове накасіць, і лыка надраць, а калі выпадае халтурка, зарабіць на пагрузцы лішні рубель.

У Цімохавай сям’і сваркі не такія частыя, як у Іванчыкаў. Маці з бацькавай навукай збольшага мірыцца, толькі вось сёння, пад злую руку выгаворвае, што ён шукае лёгкага хлеба. Бацька робіць стрэлачнікам, і які лёгкі хлеб яго чакае наперадзе, Цімох нават уявіць сабе не можа.

Незвычайнае здарылася вечарам. Праўдзівей кажучы, нічога асаблівага не здарылася. Проста прыйшоў павесялелы бацька, паставіў на стол бутэльку яблычнага віна і паклаў, асцярожна разгарнуўшы, надрукаваны на машынцы лісток паперы з пячаткай. Паперка — бацькаў атэстат. Па ўсіх прадметах бацькі «здавальняюча», і, аказваецца, не сямігодку за тры леты ён закончыў, а агульнаадукацыйныя курсы на базе пачатковай школы.

Настрой быў святочны, нават дзецям далі па чарачцы віна, а калі паляглі спаць, бацька з маці да паўночы прыцішана між сабой размаўлялі.

— На курсы дзяжурных па станцыі могуць паслаць,— сказаў бацька: —Начальнік яшчэ на тым тыдні рабіў намёкі.

Маці доўга маўчала.

— Я думаю, не трэба табе ехаць на курсы, Сцяпан. Пражывем без курсаў. Тут у нас агарод, пралёт, хата свая. А можа ж, і на чужой станцыі пасля курсаў прыйдзецца работаць.

— Можа, і на чужой.

— Жыць з чыстай капейкі... У нас сям’я, трое дзяцей.

— Нікуды я не паеду! — як бы нават нечаму ўзрадаваўшыся, выгукнуў бацька.— А за школу не крыўдуй, Ганна. Жыццё ў той бок ідзе, што трэба ў грамаце трохі кумекаць. Вунь у нас аўтаблакіроўку ўводзяць, дынама-машыну прывезлі. Сказана ясна — другая пяцігодка...

Цімох заснуў, не даслухаўшы да канца размовы, задаволены тым, што бацькава навука рэзруху ў сям’ю болей не прынясе і нікуды не прыйдзецца ехаць ад родных мясцін.


1974?

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 526-528
Крыніца: скан