epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Сідар і Гараська

У поўдзень, як стане сонца над самай галавой, рэйкі награюцца так, што на іх боязна ступіць босай нагой. Калі ад таго месца, дзе рамонтная брыгада робіць разгонку, паглядзець уздоўж чыгуначнага палатна, то здаецца, што якраз каля крывой гэтае палатно становіцца рэчкай, а над ёю трымціць-пераліваецца туманная бель. У хвіліны гэтакай нясцерпнай спякоты брыгада звычайна ладзіцца на абед. Пуцейцы, пераважна дзядзькі ў гадах, спакваля ідуць у халадок, дастаюць акрайцы хлеба і бутэлькі з малаком. Без абеду аціраецца адзін толькі Гараська, цыганаваты хлопец з вачамі-слівінамі, самы малодшы з пуцейцаў. Жыве Гараська самапасам, начуе ў нейкай цёткі, якая яму раднёй як дзесятая вада на кісялі. Пра гэтую цётку расказваюць, што ў яе зімой лёду не дастанеш. Але Гараська не з тых, што асабліва задумваюцца над нягодамі лёсу.

Якраз апаўдня, нібы па гадзінніку, на гарызонце з’яўляецца доўгая, як дзіда, постаць пуцявога абходчыка Сідара, будка якога стаіць непадалёку ад месца работы. Сідар так павольна перастаўляе свае ногі, якія ў яго амаль не згінаюцца ў каленях, што здаецца, быццам ён ідзе па вузкай, небяспечнай кладцы. Гараська ў гэты час ужо напагатове. Прыладзіўшыся на броўцы, ён пільна сочыць за Сідарам.

— Руб дваццаць, сыр з маслам, — дэкламуе ён у такт павольным Сідаравым крокам.

У кустах чуецца прыцішаны рогат. Усе з цікавасцю чакаюць дармавога спектакля, які кожны дзень разыгрываецца Гараськам.

— Пастаў Сідару на галаву шклянку з вадой, то ўвесь абход зробіць і кропелькі не разалье, — выказвае свае нагляданні Гараська.

Але самае цікавае адбываецца тады, калі Сідара запрашаюць перакурыць. Гараська, уставіўшы вочы ў дол, ціхенька падсядае да дзядзькоў. На яго твары такі выраз спакою і паслухмянасці, што Сідар, які раз-пораз кідае насцярожаныя позіркі ў бок хлопца, канчаткова супакойваецца і заводзіць гаворку.

— Дзядзька Сідар, — лагодным галаском пад’язджае Гараська. — Казалі, што ўчора вы ў грыбы хадзілі. Дык як, растуць ужо грыбы?

— Якія цяпер грыбы? — не чакаючы падколу, павольна цягне Сідар. — Увесь лес абхадзіў і знайшоў толькі два баравікі.

— А пастухі казалі, што вы нешта ўсё вакол кароўяга тырла кружылі. Якія ж там грыбы ў алешніку?..

Дзядзькі, пападаўшы ў траву, сіпяць прыдушаным смехам, і Сідар нарэшце разумее, што ўсю гэтую гутарку Гараська распачаў не так сабе.

— А каб табе твой паганы язык адсох!.. — злуецца абходчык і ўскладвае на плечы свае прычындалы. — Каб цябе чэрці ў тым алешніку кружылі, дзе ты мяне ў грыбах бачыў...

Невядома, колькі б працягвалася гэтая несціханая вайна паміж абходчыкам Сідарам і цыганаватым Гараськам, каб не адбыліся падзеі інакшага маштабу, якія надоўга прымусілі забыць пра гэтыя жыццёвыя дробязі.

Аднойчы, калі рамонтная брыгада размясцілася на абед, усе ўбачылі нешта незвычайнае. Па шпалах, сігаючы ва ўсе свае доўгія ногі, бег Сідар. Ён быў без шапкі, у расхлістанай сарочцы, і з твару яго ручаямі цурчэў пот.

— Хлопцы, вайна! — не дабегшы да пуцейцаў, закрычаў ён хрыплым, натужным голасам. — Германец напаў...

Пуцейцы склалі інструмент на ваганетку з чырвоным сцяжком і павольна рушылі на станцыю. Ззаду ўсіх крочыў Гараська, ён ішоў задуменны і маўклівы.

Перад прыходам немцаў рамонтная брыгада распалася. Адны пайшлі ў армію, другіх эвакуіравалі ў глыбінныя раёны. Сідар, які быў хворы на ногі, застаўся ў сваёй будцы, а Гараська некуды знік з вачэй.

Прыкладна праз год доўгая постаць Сідара зноў пачала маячыць па чыгуначным палатне. Толькі цяпер па рэйках на ўсход каціліся ўжо нямецкія эшалоны. Яны часта везлі гарматы, танкі і іншую вайсковую амуніцыю. Сідар спачатку ні ў якія абходчыкі ісці не думаў. Ён корпаўся дома і асабліва не любіў паказваць носа далей будкі. Усё неяк сталася само сабой. Вясной у будку ўвалілася некалькі чалавек у чорных мундзірах нямецкіх чыгуначнікаў. Яны, нават не прывітаўшыся з Сідарам, з выглядам гаспадароў сталі аглядаць памяшканне.

— Ты работаць мусіш, — тыцнуўшы пальцам у грудзі Сідару, заявіў тоўсценькі майстар. — Будка ёсць германская маёмасць. Не пойдзеш — з будкі заўтра вон...

— Хворы ж я чалавек, раматус у мяне, — спрабаваў адмовіцца Сідар.

— За сабатаж! — вось што! — тоўсценькі майстар, шчоўкнуўшы сабе па горле, намаляваў пальцам у паветры пятлю...

Назаўтра Сідар пайшоў у абход. Праўда, на яго службу новыя гаспадары, мабыць, пакладаліся не вельмі. Узбоч палатна яны павысякалі лес і кусты, а на кожным кіламетры чыгункі пазаймалі будкі, набудавалі бліндажоў і паставілі туды сваю варту. Двое салдат з гэтай варты ўвесь час шпацыравалі па Сідаравым абходзе.

Аднойчы, калі Сідар сядзеў у будцы і абедаў поснай заціркай, адчыніліся дзверы і на парозе з’явіўся Гараська. Сідар не бачыў яго бадай з самага пачатку вайны, і было ў Гараськавым абліччы нешта новае, незнаёмае раней. Вочы-слівіны пазіралі неяк удумліва і насцярожана, абветраны твар здаваўся памужнелым. Сустрэў гаспадар Гараську не надта ветліва.

— Дык вы, дзядзька, значыць, на ранейшай службе? — Гараська, не пытаючыся дазволу, сеў на лаўку і ўтаропіўся ў Сідара.

— А ты што за такі спрос?

— Дык я так, па старому знаёмству. Цікава, а шмат вам немцы плоцяць? Можа, і павышэнне па службе вам выйдзе?

— Адчапіся ты ад мяне, хлопец... — Сідар адклаў лыжку і засмучана паглядзеў у акно. — Трэба мне гэтая служба як сабаку пятая нага. Дзень пражыў, і дзякуй богу. Добра, што жывыя засталіся. Такая сіла ў немца, што ты зробіш...

— Невясёлае жыццё, — сказаў Гараська на развітанне і пайшоў да выхаду. Ён з незалежным выглядам прайшоў паўз Сідаравы вокны і пашыбаваў у кірунку станцыі.

Пра Гараськава наведванне Сідар хутка забыў. Хапіла ўсялякіх клопатаў і без гэтага. Сваю службу нёс ён спраўна, хоць і не вельмі стараўся. Усё ішло пакуль што ціха, а большага ён і не хацеў. Неяк Сідар, робячы абход, заўважыў шрубу, якая вытаркалася са шпалы. Немцы перашылі чыгунку на свой манер: кастылі яны замянілі непадатлівымі шрубамі, якія трэба было завінчваць ключом. Сідар хацеў закруціць шрубу, але яна не паддавалася. Ён налёг ключом мацней, і заржавелая галоўка шрубы адламалася. У тую ж хвіліну ад моцнага ўдару ў скронь Сідар упаў на палатно, і ў яго вачах паплылі чырвоныя кругі. Расплюшчыўшы вочы, ён убачыў над сабой тоўсценькага майстра, які, нібы ашалелы, скакаў па шпалах.

— Шуруп ёсць нямецкі маёмасць! — крычаў майстар. — Ты ёсць шкоднік, ты псуеш дзяржаўную маёмасць... Цябе трэба пад суд! Ідзі прынясі шуруп...

Сідар доўга поўзаў па адхоне, шукаючы галоўку шрубы. Знайшоўшы, ён моўчкі аддаў кавалак іржавага жалеза майстру. Той ужо ўтаймаваўся і, шпурнуўшы шрубу, павучаў:

— Ты павінен быць прыклад у рабоце. Германія любіць сумленны рабочы...

Па рэйках ляскалі нямецкія эшалоны, якія ішлі на ўсход, і Сідар усё часцей думаў аб тым, як выбрацца куды-небудзь з будкі. Тады б можна было лягчэй расквітацца з гэтай службай. На якое ліха яна яму здалася... Але праходзілі дні, тыдні, і ўсё заставалася па-ранейшаму.

Аднойчы ў месячную летнюю ноч Сідар павольна чыкільгаў па сваім абходзе. Уперадзе, крокаў за сто, раз-пораз слізгаючы электрычнымі ліхтарыкамі па рэйках, ішлі нямецкія вартавыя. Сідар дайшоў ужо да месца на крывой, а за ім канчаўся яго абход. Раптам з адхону ўзнялася чорная постаць, і ў тую ж хвіліну Сідар ляжаў на броўцы, прыціснуты да яе нечымі дужымі рукамі.

— Не ўздумай толькі крычаць... — пачуў Сідар узбуджаны шэпт. — Нямецкі вартаўнік!..

Сідар расплюшчыў вочы, і ад страху і здзіўлення па яго целе папаўзлі мурашкі. Проста яму ў твар дыхаў узбуджаны Гараська, а каля мастка завіхаліся яшчэ двое.

— Вось і сустрэліся, дзядзька Сідар, — шаптаў Гараська. — Ды ты не бойся, маўчы толькі, мы цябе не зачэпім...

— Пашкадуйце мяне, хлопчыкі. Заб’юць жа мяне...

— Паўзі пад адхон, — пачуў Сідар уладарны шэпт і кулём скаціўся з броўкі.

Тыя хвіліны, што ён ляжаў пад адхонам, здаліся Сідару доўгімі-доўгімі. Ён адчуваў, што ўсё яго цела пакрылася ліпкім халодным потам. Нарэшце там, перад крывой, пачуўся гул поезда, які хутка нарастаў. Сідар зразумеў, што цяпер усё скончана, і неяк адразу пакінуў хвалявацца. У галаве наступіла поўная яснасць. Чамусьці ўспомніўся тоўсценькі майстар, які ўдарыў яго ў скронь і прымусіў поўзаць па адхоне, шукаць заржавелую шрубу.

— Запалкі адсырэлі, Гараська, — пачуў Сідар прыглушаны голас. — Не паляцца.

— Давай сюды, халява!..

Гул нарастаў, поезд быў ужо блізка ад мастка.

— У мяне ёсць запалкі, на, вазьмі, Гараська, — сказаў Сідар на поўны голас.

Гараська кошкай каўзануўся па насыпе і дрыжачымі рукамі ўзяў карабок. Сідар падняў галаву і глядзеў, як ён падпальваў чорны шнур, што вёў да скрынкі, прымацаванай пад мастком. Яны ўчатырох беглі па бульбянішчы да хмызнякоў.

— Дзякуй табе, дзядзька, вось што, — прыблізіў да Сідара ўзмакрэлы твар Гараська. Ён дыхаў часта-часта, і Сідар чуў, як тахкала яго сэрца...

— Мы так зробім, што не зачэпяць цябе. Дапамагай нам тут, а?..

У адно імгненне Сідару звязалі рукі і спуталі доўгай вяроўкай ногі.

— А гэта дакумент для немцаў, не крыўдуй, дзядзька, — і Гараська, размахнуўшыся, ударыў Сідара кулаком у пераносіцу. У тую ж хвіліну над крывой узняўся вялізны слуп агню...

 

1955


1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 205-209
Крыніца: скан