epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Сельская ідылія

Атрахіму Гляку, чалавеку, які працаваў у літаратуры амаль чвэрць стагоддзя, у апошні год зусім не шанцавала. Фартуна, як кажуць, павярнулася да яго задам. І ўсё з-за гэтых крытыкаў, гэтых недапечаных разумнікаў, каб яны павыдыхалі. Адзін падпусціў асцярожную іголку, а другі дык ужо без ніякага сораму выскаліўся наконт апошняй Глякавай аповесці. Змяшаў, можна сказаць, народжаную ў пакутах кнігу з граззю.

Атрахім Гляк трымаўся мужна, як і належыць трымацца чалавеку, што ведае сабе сапраўдную цану. Канчаткова падкасіў яго нейкі вясковы падшывалец, які настрачыў ліст у рэдакцыю. Вядома ж, куды конь з капытом, туды і рак з клюшнямі. Нахватаўся, мабыць, смаркач розуму ў гэтых крытыкаў і давай вучыць пісьменніка...

Змешчаны ў газеце ліст быў цяжкім ударам. Хлопец з вёскі, кажучы па праўдзе, выкрываў Атрахіма Гляка ў поўным няведанні сельскага жыцця. Ён даводзіў яму, нібы малому, што салідолам трактары не запраўляюць, салідол, моў, змазачнае рэчыва. І яшчэ тлумачыў гэты знаўца тэхнікі, што цяпер трактараў з зубчатымі коламі амаль няма — ёсць толькі гусенічныя ды яшчэ на гумавых колах... Павучанням, адным словам, не было канца. Вясковы Сакрат у сваім пісьме, паміж іншым, паведамляў далей, што кароў ёркшырскай пароды не існуе, ёсць толькі ёркшыры-свінні...

У аповесці пасля такой крытыкі не заставалася ніводнага жывога месца. Нават самыя ўдалыя, на думку аўтара, раздзелы, якія да надрукавання аповесці ў часопісе змяшчаліся ў газеце, гэты недарослы ўсявед ставіў пад сумненне. А ў гэтых раздзелах якраз расказвалася пра каханне. Яны, можна сказаць, былі самымі дарагімі для сэрца творцы. Атрахім Гляк, у адрозненне ад ранейшых сваіх твораў, смела пайшоў тут на збліжэнне з жыццём. Раней закаханыя ў яго творах нязменна прызнаваліся адзін другому ў каханні каля трактара, або ў час малацьбы, або пасля камсамольскага сходу, на якім падводзіліся вынікі спаборніцтва. Яны раней нават пра свае пачуцці гаварылі паміж іншым, а болей націскалі на агратэхніку, на пытанні палітычнай вучобы.

Не тое ў новай аповесці. Атрахім Гляк адышоў тут ад усялякага шаблону і штампу. Ён, здавалася, знайшоў сапраўдны жыццёвы канфлікт. У яго новым творы закахаліся не проста маладыя хлопец і дзяўчына, якім і паложана любіцца ў дваццаць гадоў. На старонках аповесці разыгрывалася самая сапраўдная драма. У маладую дзяўчыну закахаўся пажылы, пасівелы трактарыст, дачка якога вучылася ўжо ў інстытуце. Маладая гераіня пасля некаторага вагання адказала гарачым пачуццём на заляцанні пасівелага ветэрана працы. Герой новай аповесці ні разу не сказаў палымяных слоў кахання непасрэдна каля трактара. Наадварот, убачыўшы сваю любімую, ён выключаў матор і ляцеў да яе, нібы на крыллях.

Трактар прастойваў, выпрацоўка зніжалася. Славуты ў мінулым перадавік і наватар пачаў дапускаць агрэхі, араў неглыбока. Спачатку яго партрэт знялі з ганаровай Дошкі перадавікоў. Пасля пачалі прабіраць на розных вытворчых нарадах і сходах. Але нічога не дапамагло. Каханне аказалася мацнейшым за сорам пастаяннага знаходжання на чорнай дошцы, за крытыку ў насценгазеце.

Кожны вечар пасівелы трактарыст і трапяткая, сарамлівая дзяўчына сустракаліся за вёскай, каля рэчкі, у засені кустоў духмянай чаромхі. За рэчкай спяваў сваю несціханую песню салавей. Пад самымі нагамі ў закаханых, у люстры ціхай рачулкі адбіваліся яркія начныя зоркі і месяц-сярпок. Закаханыя ні слова не гаварылі пра агратэхніку. Яны размаўлялі толькі пра каханне, пра свае высокія і высакародныя пачуцці.

Канец гэтага насычанага непаддзельным драматызмам апавядання быў вытрыман, здавалася, у духу адпаведнасці з суровай жыццёвай праўдай. Жонка пасівелага трактарыста раптоўна памерла ад рака (пра заляцанні свайго мужа яна нічога не ведала). Дачка-студэнтка, прыехаўшы з інстытута, благаславіла свайго любімага бацьку, які зноў пачаў грымець на ўсю вобласць як перадавік і наватар, у новую жыццёвую дарогу. На апошніх старонках аповесці маладая мачыха са сваёю равесніцай-падчарыцай збіралі на лузе кветкі, каб паднесці букет мужу і бацьку, які вось-вось павінен быў прыехаць са злёту перадавікоў, з самага Мінска...

Гэтыя дарагія для сэрца мясціны аповесці былі названы недарэчнай ідыліяй...

Атрахім Гляк страціў спакой, сон і апетыт. Ён доўга і ўпарта шукаў сваёй памылкі. І яна была знойдзена. Пісьменнік бязлітасна прызнаўся самому сабе, што ён трохі, мабыць, адстаў ад вёскі, ад яе жыцця. Гэта ж ужо, лічы, гадоў дваццаць пяць, як ён жыве ў горадзе. Прыязджае, вядома, час ад часу ў калгас, але гэтым, мусіць, не надточыш. Пасадзяць у прэзідыум, павозяць на машыне па полі, а то яшчэ пазавуць на вяселле... Так жыццё не вывучыш. Трэба стаць да яго бліжэй, упрытык, як кажуць. Трэба вярнуць сваё добрае імя, народ яго ўсё-такі памятае...

Рашэнне было прынята канчатковае і беспаваротнае. Атрахім Гляк наважыў паехаць у самую далёкую вёску, адпачыць там душой і целам, прыблізіцца да жыцця. Гэтая гарадская мітусня і тлум сапраўды перашкаджаюць пісаць. Там, на ўлонні прыроды, прыйдзе самае сапраўднае натхненне. Толькі трэба паехаць неафіцыйна, інкогніта, так сказаць, а то зноў пацягнуць у прэзідыумы.

Праз тыдзень Атрахім Гляк ужо крочыў вясковай вуліцай аднаго далёкага палескага раёна. Вёска была глыбіннай — за цэлых сорак кіламетраў ад чыгункі. Якраз тое, што і трэба. Тут ніхто не стане даймаць ні нарадамі, ні пасяджэннямі. Апрануўся Атрахім не дужа фасонна — з простым народам трэба быць простым ва ўсім...

Свяціла сонца, шчабяталі нейкія птушкі. На самым ускрайку вуліцы на Атрахіма гаўкнуў руды сабака, а пасля, мабыць, засаромеўшыся сваёй няветлівасці, завіляў хвастом і зноў разлёгся пад плотам. Вуліца была густой — ні душы. Прайшоўшы добрую палову вёскі,

Атрахім, нарэшце, напаткаў двух старых — высокага і нізкага. У нізкага ў руках былі жалезныя вілы.

— Пасядзім трохі, дзядзькі! — з ходу прывітаўся Атрахім і пачаставаў старых папяросамі. Дзядзькі закурылі і ахвотна прыселі на прызбе.

— Дык калёсных трактараў, кажаце, і ў паміне няма,— пачаў Атрахім размову, якая яго даўно хвалявала і мучыла.

— Можа, дзе і ёсць, а на нашых балотах на іх не вельмі пакатаешся,— дыпламатычна адказаў той, што трымаў у руках вілы.— Загрузне такі трактар у нас...

— Значыць, адны гусенічныя?

Старыя прамаўчалі.

— А скажыце, на ферме ў вас свінні толькі ёркшырскай пароды?

Старыя пераглянуліся.

— А вы, таварыш, хто такі будзеце?

— Ды з раёна я,— сумеўся Атрахім.

— А працуеце дзе?

— У райвыканкоме, у аддзеле сельскай гаспадаркі,— Атрахім Гляк цвёрда наважыў не раскрываць сваіх картаў.

— Ты пасядзі, Кандрат,— сказаў высокі стары нізкаму, які трымаў вілы ў руках.— Пагамані з таварышам, а я вераб’ёў пужану. У проса, халеры, унадзіліся...

Нізкі стары загаварыў жывей. Ён падрабязна даводзіў Атрахіму пра мясцовую пароду свінней. Толькі чамусьці стары раз-пораз пазіраў у той бок, куды пайшоў яго напарнік. Атрахім за гаворкай не заўважыў, як перад прызбай раптам, нібы з зямлі, вырас высокі стары. Цяпер ён трымаў у руках паляўнічую дубальтоўку.

— Уставайце, грамадзянін,— закамандаваў ён, не спускаючы пальца з курка.— Высветлім вашу асобу...

Атрахім прабаваў спрачацца, угаворваць старых. Але яны былі няўмольнымі. Выйсця болей не было ніякага, і Атрахім Гляк, нарэшце, назваў сваё прозвішча. Але на старых гэта не зрабіла ніякага ўражання.

— А хто цябе ведае — ці ты Гляк, ці ты Грак,— раўнадушна адказаў высокі стары.— Брыгадзір разбярэцца...

Брыгадзіра, маладога яшчэ хлопца, знайшлі, можа, гадзіны праз тры. Старыя пашапталі яму нешта на вуха, і ён прыступіў к допыту. Брыгадзір таксама дагэтуль не чуў прозвішча Атрахіма Гляка і, вядома, не чытаў яго кніг. Так што і дакументы тут не дапамаглі. Але паратунак быў зноў-такі знойдзен. Пазванілі ў сельсавет і папрасілі да тэлефона загадчыцу хаты-чытальні. Тая, падумаўшы, пацвердзіла, што пісьменнік такі, Атрахім Гляк, здаецца, ёсць...

Брыгадзір нездаволена паглядзеў на старых.

— А навошта ж было таварышу гаварыць, што ён з аддзела сельскай гаспадаркі? — узбунтаваўся высокі стары.— Мы ж ведаем, што ўжо тры гады такога аддзела ў раёне няма. Аграном жа адтуль у нас працуе. А людзі ўсялякія бываюць, хто яго ведае. На тым тыдні вунь краму ў Казловічах хацелі абкрасці...

Каб загладзіць сваю віну, калгаснікі пасялілі вядомага ім цяпер пісьменніка ў самую лепшую хату. У хаце было чыста і ўтульна, пахла рамонкамі і сырадоем. Нездарма ў ёй гаспадарылі аж дзве гаспадыні — маці з дачкою. Атрахім асабліва ўпадабаў дачку — вясёлую і смяшлівую Волечку. Яе галасок звінеў, нібы той званочак, калі яна вечарам вярталася з поля. Атрахім, пазіраючы на Волечку, адчуваў, як вяртаюцца да яго творчыя сілы, як несупыннай хваляй набягае натхненне. Ён ужо марыў аб той шчаслівай часіне, калі пасядзіць з Волечкай пад разгалістай вішняй, калі раскажа ёй аб сваіх вялікіх задумах... Хто ведае, як адгукнецца на яго прызнанне палымяная маладая душа...

А пакуль што Атрахім штодня хадзіў на луг і збіраў кветкі. Кожны вечар Волечку чакаў на стале букет духмяных рамонкаў...

Невядома, колькі б працягвалася гэтая ідылія і чым бы яна скончылася, каб не адзін прыкры выпадак. Аднойчы познім вечарам Атрахім Гляк ляжаў на вышках, на свежым, мяккім сене, і марыў. У шчыліну страхі яму падміргвала вясёлая зорка. Атрахім усе гэтыя дні толькі і думаў пра Волечку. Яна, здаецца, вярнула яму маладосць, прынесла светлае, радаснае адчуванне жыцця...

Раптам да Атрахімавага слыху данеслася прыдушаная гаворка і смех Волечкі. Не было сумнення — дзяўчына з некім сядзела пад разгалістай вішняй у садку.

— Ён жа табе кветкі носіць, гэты лысы таўкач,— чуўся сярдзіты хлапечы голас.— Людзі сена косяць, а ён кветкі збірае. Смяюцца з яго...

— Дурны ты, Кастусь, на ліха мне яго кветкі. Ён жа, можа, жанаты чалавек. Што ты гаворыш...

— Ведаем мы такіх жанатых...

— Трэба ён мне, як сабаку пятая нага. Як ты сказаў? Таўкач! — Волечка засмяялася.

— Я яму ногі паперабіваю, калі на лузе ўбачу яшчэ раз...

— Ціха ты!

Нарэшце галасы заціхлі. Пад разгалістай вішняй цалаваліся...

1956


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 361-366
Крыніца: скан