epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Сіні снег

Быў надвячорак, церусіў снег. На цэнтральнай плошчы Віктар Пасашка злез з аўтобуса, якім прыехаў са станцыі. Дзіўнае пачуццё валодала ім. Ён не хваляваўся, не чакаў ад падарожжа свайго нічога незвычайнага, нават не надта спадзяваўся пабачыць знаёмых. Замнога вады сплыло за дваццаць гадоў.

Цэнтральная плошча, як і вуліца, па якой ехаў Пасашка, была незнаёмай. Замест прыземістых абшарпаных дамкоў з драўлянымі надворнымі лесвічкамі на другія паверхі стаялі новыя, сучасныя муры, вуліца зрабілася прамой і шырокай. Толькі з процілеглага боку плошчы як бы праглядвалі ранейшыя крамы-камянічкі з навіслымі над дзвярамі шыльдамі.

Узбоч набярэжнай стаялі падстрыжаныя нізкія дрэвы, за імі новая чарада будынкаў, якія зусім засланілі раку. Церусіў снег, але бралася на прымаразак.

Трохпавярховая гасцініца размяшчалася на месцы былога рынку. Тут таксама была суцэльная новая забудова. Горад запаліў агні і здаўся Пасашку чужым і халодным.

Вольнага месца ў гасцініцы не было. Пасашка вярнуўся на Цэнтральную плошчу, перасек яе і зайшоў у рэстаран. Тут было цемнавата, бруднавата, дзве тоўстыя афіцыянткі разносілі па сталах кухлі піва.

Ён знайшоў незаняты столік і адразу адчуў сябе вольным падарожнікам, якому зусім не страшна ад таго, што няма дзе начаваць і што гадзін у адзінаццаць рэстаран закрыецца. Выпадак мусіў выручыць. Пасашка любіў вось такія хвіліны поўнай бесклапотнасці, калі не трэба нічога рабіць, прадпрымаць, цалкам пакладаючыся на волю выпадку.

Афіцыянтка прынесла заказаныя сто грамаў гарэлкі, кухаль піва, і там, ля буфета, адразу зайграў акардэон. Музыкант сядзеў на невысокім памосце, быў немалады, апрануты ў паношаны шэры пінжак. Яго вочы закрывалі вялікія чорныя акуляры, і Пасашка падумаў, што музыкант сляпы.

За трыма суседнімі столікамі сядзелі мужчыны і хлопцы, вопратка якіх сведчыла, што яны з раёна, з вёскі. Вясковых людзей з першага погляду вылучала вопратка — купленыя ў крамах пінжакі, касцюмы былі цесныя або залішне вялікія, з адтапыранымі штрыфелямі, штаны запраўлены ў боты або ў пацягнутыя скурай валёнкі. Дваццаць гадоў назад, калі Пасашка яшчэ тут жыў, мода была іншая: хто насіў пацёртую гімнасцёрку, кіцель, а хто і новае шыў на вайсковы манер. Тады і гараджане любілі фарсіць у кіцелях і галіфэ.

Настрой, які валодаў Пасашкавымі суседзямі, быў падобны на яго ўласны настрой, хоць выказваўся не маўчаннем, а гучнымі размовамі і смехам. Гэта, без усякага сумнення, былі завочнікі, хутчэй за ўсё настаўнікі, якія скончылі сесію ў педагагічным інстытуце, здалі экзамены і залікі. Вечар быў вольны ад абавязкаў і належаў ім адным. Нават кніжкі, падручнікі ляжалі на сталах побач з кухлямі піва.

Музыкант пачаў мелодыю пра незнаёмы пасёлак, безыменную вышыню, і Пасашка здрыгануўся. Ён уявіў чалавека ў цёмных акулярах пехацінцам, камандзірам узвода, які падаў на пачарнелы снег за некалькі крокаў ад асляпляльна сіняга выбуху. Гэта магло быць надвячоркам, на снежнай раўніне. Наперадзе, на ўзгорку, чарнела вёсачка, тры крайнія хаты асветлены водбліскам пажару, і вакол сіні, з цёмным адлівам снег, чорнае неба...

Божа мой, ён жа дзеля гэтага прыехаў... Прадчуваў, што толькі тут, у горадзе, такім блізкім і такім нямілым, знойдзе тое, пра што думае даўно, усе апошнія гады...

Пасашка падняўся, паклікаў афіцыянтку і, разлічыўшыся, выбраўся на вуліцу. Па плошчы, парыпваючы снегам, ішлі парачкі. Ён рушыў да набярэжнай, знайшоў лесвіцу і па абледзянелых прыступках спусціўся ўніз, да ракі. Адсюль горад здаваўся шматпавярховым. На пясчаных пагорках па-ранейшаму стаялі прыземістыя дамкі, яны карабкаліся ад падножжа да самай седлавіны, ствараючы ілюзію, што горад застаўлен небаскробамі.

Рака ляжала маўклівая, пакрытая лёдам і зацярушаная снегам, з левага боку навісалі над ёю цёмнай аркай фермы новага чыгуначнага моста, справа, за сіняватым прасцягам сенажацей, чарнелі сасоннікі. Горад быў той самы, знаёмы.

Выпадак вывозіў — Пасашка ішоў якраз туды, куды трэба было ісці. Ён хутка ўбачыў скаваны лёдам, зношаны параходзік. Вокны каютак свяціліся, і Пасашка здагадаўся, што параходзік прыстасаваны пад жыллё. Па дашчаным насціле ён падняўся на палубу, знайшоў дзверы і пастукаўся. Ніхто не адказаў, ён хацеў быў рушыць прэч, але пачуў за спіной асцярожныя крокі.

— Зачынена? — спытаў жаночы голас.

— Не ведаю. А што такое тут?

— Ноеў каўчэг для беспрытульных.

Жанчына без стуку адчыніла дзверы, услед за ёй Пасашка падняўся па слаба асветленай лесвіцы ў доўгі калідорчык. З абодвух бакоў яго размяшчаліся каюткі. З першай, тручы сонныя вочы, выйшла чарнявая дзяўчынка-вахцёрша.

— Месц няма, — сказала яна, як бы просячы прабачэння. — У агульным пакоі паставілі дзесяць раскладушак. Каб хоць на гадзіну раней...

Тая, што прывяла Пасашку, стаяла і глядзела на яго. Ён зноў, як там, у рэстаране, унутрана здрыгануўся. Яму здалося, што перад ім Валя, далёкая і забытая, з якой тут, у гэтым нямілым горадзе, у яго было столькі шчаслівых і горкіх хвілін.

Але гэта была не яна, нават не падобная да яе. Ён проста ўзрушыўся, і ўсё ад гэтага...

Развітаўшыся, Пасашка стаў спускацца па лесвіцы. Ён быў ужо ля дзвярэй, калі яго пазвалі наверх.

— Вы прыезджы? — спытала жанчына. — Калі няма дзе начаваць, то вольны ложак ёсць. У маім пакоі. Я геолаг, мужчын не баюся. Толькі дайце мне распрануцца.

Дзяўчына-вахцёрша, узяўшы ў Пасашкі пашпарт і рубель, зачыніла за сабой дзверы. Ён хвілін дзесяць прахаджваўся па калідорчыку, стараючыся не рыпаць маснічынамі, потым спыніўся перад каюткай і пастукаў.

Каютка была маленькая, цёплая, у ёй ледзь не ўпрытык стаялі два вузкія жалезныя ложкі. Пасашка зняў паліто, пінжак і лёг. Суседка павярнулася да яго тварам.

— Я, праўда, геолаг. Вы нічога не думайце. І я бачыла, як вы ішлі ля ракі. Мне здалося, што вы тут першы раз...

— Я тут жыў і працаваў, — сказаў Пасашка. — Тры гады. Адразу пасля партызан. Быў тады маладым хлопцам.

— І нікога знаёмых не засталося?

— Мабыць, ёсць. Не хацелася шукаць.

Ён прыўзняўся на руках, зірнуў у акно. Яно выходзіла на зарэчныя лугі. Пад чорным небам ляжала аснежаная сіняватая раўніна, чарнеў далёкі лес. Некалі з таго лесу па такім самым снезе ён прабіраўся ў горад на сувязь.

— Чаго вы прыехалі?

— Не ведаю. Хачу злавіць за хвост жар-птушку. Што-небудзь фантастычнае.

— Дабранач, — сказала яна і павярнулася тварам да сцяны.

Пасашка маўчаў. Яму стала непрыемна. Крыўдзіць суседку ён не хацеў.

— Я працаваў у газеце, — ціха сказаў ён. — Мастаком-рэтушорам. Ёсць і газетныя мастакі. Дзяўчына была... Наша сувязная. Потым яе абвінавацілі. Я паехаў адсюль. Вось і ўсё...

Ён не заўважыў, калі яна зноў павярнулася да яго тварам.

— Чаму вы так позна прыехалі?

— Я не да яе прыехаў.

— Да каго?

— У горад. Было не толькі благое. Пачынаю старэць і разумею, што лепшага часу, чым тады, у партызанах, у мяне не было.

— А што з ёй?

— Апраўдалі. Выйшла замуж. Жыве не тут. Нічога пра яе не ведаю.

Пасашка разумеў, што не засне. Зрэшты, ён мог і не заходзіць на параходзік, які адслужыў свой век і ператварыўся ў гасцініцу. Тое, што хацеў адчуць, адчуў, і можна было дачакацца на плошчы аўтобуса, сесці і паехаць на станцыю.

— Вы не толькі ў горад прыехалі, — ціха сказала суседка. — У вас штосьці дрэнна... Можа ў сям’і, можа на душы. Я па сабе ведаю. Находзіць такое, і хочацца вырвацца з прывычнага, абрыдлага...

Ён устаў, прысеў на ўскраек яе ложка. За акном у месячным святле сінела аснежаная раўніна, на дзіва падобная на тую, даўнейшую, па якой ён хадзіў на сувязь у горад...

 

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 315-319
Крыніца: скан