epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Сёння ў Пінкавічах

Сведкі былога
Вечарам
Маладая змена


Калі едзеш у Пінкавічы, то міжволі ўспамінаецца, што паўвека назад у гэтай вёсцы працаваў настаўнікам народны паэт Беларусі Якуб Колас. Уважлівей прыглядаешся да навакольных мясцін і краявідаў, параўноўваеш тое, што бачыш, з тым, што апісана выдатным беларускім мастаком у яго аповесці «У глыбі Палесся».

Дарэвалюцыйныя Пінкавічы выступаюць у «Палескіх аповесцях» Якуба Коласа пад назваю Выганы. Вядома, мастацкі твор не простая фатаграфія фактаў і падзей, якія адбыліся ў пэўным месцы, а іх абагульненне, тыпізацыя. Таму і нельга ў такім творы шукаць падрабязнага ўзнаўлення ўсяго таго, што было ў жыцці, але вядома і тое, што сапраўды мастацкі твор лепш за ўсякую фатаграфію або апісанне ўзнаўляе праўду жыцця.

Вось дарога з Пінска ў Пінкавічы. Калісьці Лабановічу, герою аповесці «У глыбі Палесся», каб даехаць да Выганаў, прыйшлося старгаваць за рубель на Каралінскім рынку возніка. Сёння рабіць гэтага не трэба. Кожныя дваццаць хвілін з Пінска сюды ходзіць аўтобус. За акном прабягаюць краявіды, ужо знаёмыя нам па апісанню пісьменніка. Тыя ж разложыстыя вязы і ліпы, толькі іх стала больш — яны цягнуцца ўзбоч дарогі амаль суцэльнаю чарадой. І паселішчаў таксама стала больш. Складаецца ўражанне, што едзеш нібы па адной бясконца доўгай вуліцы.

Некалі пры ўездзе ў Выганы на прыдарожным слупе вісела табліца, на якой значылася, што ў вёсцы налічваецца 73 двары. Сёння нават неспакушаны ў падліках чалавек пераканаецца, што вёска вырасла разы ў тры. Яна раскінулася некалькімі сваімі вуліцамі ўздоўж звілістай, заросшай чаротам і асакой рэчкі Піны. Пры ўездзе ў Пінкавічы добра відаць калгасны двор з новымі будынкамі на каменных падмурках. Далей узвышаецца белы двухпавярховы каменны будынак школы імя Якуба Коласа.

 

Сведкі былога

Праўленне пінкавіцкага калгаса размешчана ў новым, складзеным з сасновых бярвенняў доме. Ён раздзелены на тры пакоі. У адным, схіліўшыся над сталом, спакваля б’е на лічыльніках Ананій Курыль, калгасны касір. Робіць гэтую работу ён з поўным усведамленнем яе важнасці і адказнасці. У яго надзвычайна строгі твар і ссунутыя на пераносіцу акуляры. Дзяўчаты, якія сядзяць за суседнім сталом і часам хіхікаюць, расказваючы на вуха адна адной штосьці надзвычай таемнае, адразу змаўкаюць, як толькі Ананій Курыль падыме галаву ад сваёй работы і кіне ў іх бок выразны позірк.

У пакоі, першым ад уваходу, на лаўках сядзяць чалавек з дзесяць калгаснікаў і заядла дымяць цыгаркамі. У пакоі горача, хоць безупынна адчыняюцца дзверы і сюды ўрываюцца белыя клубы халоднага паветра.

Па ўзросту тут пераважна людзі сярэдніх год, але ёсць і пажылыя.

Калі гутарка заходзіць пра Якуба Коласа, то калгаснікі ўключаюцца ў яе вельмі ахвотна. У Пінкавічах ёсць яшчэ людзі, якія добра памятуюць тую пару, калі працаваў тут народны паэт. Вось першы з іх — Мікіта Рыгоравіч Козіч, той, што зараз паліць у грубцы. Ён вучыўся ў школе, калі быў настаўнікам Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Памятае пісьменніка і намеснік старшыні Васіль Апанасавіч Кароль, хоць яму і мала прыйшлося пры ім навучацца. Не забылі і Мікіта Рыгоравіч Перышч і Ананій Дзмітравіч Курыль, той, што складае касавую справаздачу.

Але ўсе сыходзяцца на думцы, што больш за ўсіх ведае пра Якуба Коласа Фама Пятровіч Бязручка, які працуе ў калгасе брыгадзірам агародняй брыгады. Ён меў некаторае дачыненне да той рэвалюцыйнай работы, якую вёў некалі ў Пінкавічах Якуб Колас. Але Фамы Бязручкі зараз няма, паехаў па сена.

Мікіта Козіч, нізкі, прысадзісты, крыху ссутулены. У яго ўжо зусім сівая галава і абвіслыя вусы.

— Я тады другі год хадзіў у школу, як прыехаў да нас настаўнік Мацкевіч,— расказвае ён, вымаўляючы шмат якія словы на ўкраінскі манер (дарэчы, такое вымаўленне не толькі ў Козіча, і, як тут кажуць, гэта не дзіва, бо да Прыпяці рукой падаць, а за Прыпяццю ўжо Украіна).

— Добры быў настаўнік, нам ён спадабаўся адразу. Просты, абыходлівы і вучыў зразумела. Да яго зух быў нейкі: ледзь што не так, дык — за лінейку і «давай лапу». А гэты браў на зацікаўленасць, на сумленне. І навуку ведалі добра. Я, памятаю, кнігу чытаў, дык нібы рэпу грыз...

— Ды ты ўжо хіба сябе не падхвальвай, дзядзька! Нешта ж ты далёка не пайшоў у навуцы...

— Пойдзеш, чакай! Гэта ж табе не цяпер. Дзве зімы я ў школу пахадзіў, а як на трэцюю прыйшлося, то бацька і кажа: «Хопіць, бо і так ужо дужа вучоны. З тваёй навукі, кажа, хлеба ўсё роўна не есці. А работнік у гаспадарцы трэба». Ну, і пайшоў я гучкі і вецце на корм жывёле рэзаць — з сенам у нас нястача была.

Устаўляе слова Васіль Кароль, затым і Ананій Курыль, які нарэшце адарваўся ад касавай справаздачы. Успамінаюць, што настаўніка Міцкевіча паважалі сяляне, што хадзілі часта да яго за парадамі, што любіў ён слухаць народныя спевы, любіў умелых расказчыкаў. З лёгкай рукі маладога Коласа хадзіла сярод сялян нямала вострых слоўцаў пра цара Мікалая і яго прыслужнікаў.

Адчыняюцца дзверы, заходзяць новыя людзі. Яны прыслухоўваюцца да гутаркі, а іншы раз і ўмешваюцца ў яе. І паступова гутарка пераходзіць на тэму аб жыцці да рэвалюцыі і пры польскіх панах.

— Зямля ў нас не благая, але мала было яе,— расказвае брыгадзір Фёдар Пасінюк.— На іншы двор якая-небудзь паўдзесяціна прыходзілася. То хіба накормішся?.. І сапраўднай культуры не было ў гаспадарцы, бо дробная ж яна была. Ураджаі цяпер у нас куды большыя, чым пры аднаасобным жыцці. Мая вось брыгада азімых па 16 цэнтнераў ды яравых па 15 з кожнага гектара сабрала. Вось што значыць правільная агратэхніка!

На дварэ змяркаецца. Брыгадзіры даюць заданні на заўтрашні дзень. Работы многа. Зараз вывозіцца гной і торф, ідзе ачыстка насення. Вясна не за гарамі. Намеснік старшыні Васіль Кароль напамінае брыгадзірам аб тым, што трэба падрыхтаваць падводы, каб вывезці ў калгас рэшткі збожжа з раённага ссыпнога пункта. Справа ў тым, што пінкавіцкі калгас насенняводчы, ён вырошчвае толькі гатунковае насенне, якое поўнасцю звозіцца на раённы ссыпны пункт для забеспячэння ім іншых калгасаў. Для размеркавання на працадні калгас атрымлівае адтуль звычайнае збожжа.

Калгасны працадзень аплачваецца нядрэнна: летась выдадзена па два з паловай кілаграмы збожжа і два кілаграмы бульбы, не лічачы грошай і іншых прадуктаў. Шмат хто з калгаснікаў атрымаў па 60, 80, 100 пудоў хлеба. А некаторыя нават не забралі ўсяго свайго збожжа, якое налічана ім на працадні. Вось пра гэта і ідзе зараз размова.

— Жыць стала весялей,— гаворыць Змітрок Палішчук, кладаўшчык.— Падаткі меншыя, прыбыткі большыя. Раней мяне за крысо цягалі: калі ды калі на працадні выдаваць будзеш. А зараз мне прыходзіцца ўслед за Яўхімам Калем бегаць: забяры, калі ласка, свой хлеб, мне склад перадаваць трэба, а тут няма поўнага разліку па працаднях.

Яўхім Каль, які працуе ў будаўнічай брыгадзе, стаіць, прыхінуўшыся да сцяны і неяк па-дзіцячаму ўсміхаецца. Чалавек ён ад прыроды буйны, нібы высечаны з каменя, гаворыць спакойна і працягла.

— У калгасным свірне, можа ж, не прападзе мой хлеб,— гаворыць ён.— Можа, у мяне ссыпаць няма куды?

— І сапраўды, Яўхім, куды ты столькі хлеба дзенеш? — звяртаецца да будаўніка Аляксандр Шапялевіч.— Пазалетась ты, лічы, у двор свой пудоў сто дваццаць згрузіў, і летась табе, пэўна, цэлых дзвесце налічылі. Няўжо спажывеш столькі? Прыйдзецца табе, відаць, вартаўніка наймаць, каб багацце тваё ахоўваў.

— Табе пазычу хлеба, бо ты ж бедны,— разважліва адказвае Яўхім Каль. — Толькі і ты, здаецца мне, нават лазню сваю хлебам засыпаў...

Калгаснікі смяюцца.

Вечарам прыехаў з сенам Фама Бязручка. Вокны яго хаты пазіраюць у далячынь балот, што пачынаюцца адразу за агародамі. Балоты гэтыя засланы зараз белаю пеляной, і, здаецца, няма ім канца-краю. Толькі ў тым месцы, дзе Піна ўліваецца ў Прыпяць, мільгаюць агеньчыкі з будкі рачнога вартаўніка.

У хаце Фамы Бязручкі чыста, утульна, цёпла, на стале цікае гадзіннік, на сцяне — рэпрадуктар. Унук Бязручкі, схіліўшыся над сталом, чытае кніжку.

У аповесці «У глыбі Палесся» Якубам Коласам намаляваны партрэт Якіма Бязручкі, асобныя рысы для якога маглі быць узяты ад жывога Фамы Бязручкі. Фаме Бязручку зараз ужо семдзесят гадоў з хвосцікам. Нягледзячы на свой узрост, Фама Пятровіч вельмі рухавы і гаваркі чалавек.

— Памятаю я Канстанціна Міхайлавіча, добра памятаю,— расказвае ён.— Наша хата і раней на гэтым месцы стаяла. Зараз так густа засяліліся, а раней паміж нашым домам і школай пустое месца было. Канстанцін Міхайлавіч часта да нас заглядваў. Быў ён у той час малады, чарнявенькі, шчуплы. Словы на вецер не кідаў, хоць і любіў пагаварыць...

За акном зімовая віхура, вецер б’е ў шыбы снежнымі крупінкамі, а Фама Пятровіч, нібы спяшаючыся, успамінае былі даўно мінуўшых дзён.

— Сабіраліся мы ўтрох: Сцяпан Каль, мой бацька і я. Часта гутарыў з намі Канстанцін Міхайлавіч: і пра тое, што несправядлівы парадак абавязкова будзе знішчаны, што цар за панамі, а не за простым народам цягне. Ну, і як рабочыя ў Пінску падняліся, то і мы не сядзелі склаўшы рукі. Настаўнік ужо загадзя падрыхтаваў сялян. Напісаў ён на сялянскім сходзе петыцыю самому Скірмунту, што жыў у Альбрэхтаве, дзе прапанаваў яму адмовіцца ад нашых заток і сенажаці. Пад ёй сяляне падпісаліся. А каб паліцыя не змагла знайсці вінаватага, бо зачыншчыкаў найбольш жорстка каралі, то падпісваліся не проста па парадку, а па кругу, які начарціў настаўнік цыркулем...

— Любілі нашы сяляне Канстанціна Міхайлавіча, нездарма памяць аб ім захавалася аж да сённяшняга дня, бо бачылі — малады чалавек, а моцна стаіць за народную справу.

Фама Пятровіч расказвае і аб сабе. У 1905 годзе, які быў багаты падзеямі для Пінкавіч, пайшоў ён на прызыў. У імперыялістычную вайну быў на фронце. Трапіў у палон каля Мазурскіх азёр. У 1919 годзе Бязручка стаў чырвонаармейцам. Ваяваў з польскімі панамі. Пад Койданавам ад панскай кулі загінуў яго таварыш Піліп Цяляк. Пасля ён захварэў і вярнуўся ў сваю вёску. А калі выздаравеў, то ўжо граніца надвое падзяліла Беларусь. Бязручка застаўся на той бок граніцы.

Расказвае Фама Пятровіч цікава і выразна. Маршчыністы твар яго то свеціцца радасцю, то становіцца хмурым і заклапочаным. Падзеі цэлага паўвека прайшлі на вачах гэтага чалавека. І не проста прайшлі, бо ён быў іх актыўным удзельнікам.

— Калі пачалася ў нас размова пра арганізацыю калгаса, то я гарой стаў за гэтую справу,— не без гонару расказвае стары Бязручка.— Уступіў у калгас першым. Даручылі мне агароднюю брыгаду. А ў агароднюю брыгаду вядома ж каго пасылаюць: дзядоў ды бабулек, якія хутка будуць сотую гадавіну свайго жыцця на зямлі святкаваць. У насмешку нашу брыгаду называлі «інваліднай камандай». Але мы вось ужо чатыры гады гонару не губляем. Пабудавалі сто парніковых рам. Вось на дварэ снег, замець, а мы тыдні праз два радыс на рынак пашлём. Вясной увесь Пінск гароднінай завальваем. Летась наш гарод толькі грашыма даў калгасу прыбытак на 130 тысяч рублёў. А сёлета парніковая гаспадарка і гарод у два разы павялічваюцца, значыць, і карысць калгасу будзе большая.

 

Вечарам

У старых Пінкавічах, як яны апісаны Якубам Коласам, адзінай культурнай установай сяла была пачатковая школа. Да акна настаўніцкай кватэры вужам падкрадваўся дзяк Бацяноўскі, які лічыў сваім абавязкам знішчаць крамолу, якую ён бачыў ва ўчынках маладога настаўніка. Інтэлігенцыя сяла была прадстаўлена асобамі пісара, яго памочніка і казённага ляснічага. Вечарам жыццё ў вёсцы замірала, калі не ўлічваць той акалічнасці, што мясцовая «інтэлігенцыя» збіралася дзе-небудзь для чарговай выпіўкі або гульні ў карты.

Пройдзем вечарам па сённяшніх Пінкавічах.

...Вось зіхаціць агонь у вокнах вялікага будынка, у глыбіні двара якога размешчаны парк. Гэта бібліятэка. Яна мае 787 чытачоў і 6411 кніг. Акрамя гэтай у Пінкавічах ёсць яшчэ дзіцячая бібліятэка. У гэты вячэрні час у бібліятэцы даволі ажыўлена. За сталом сядзіць ужо знаёмы нам кладаўшчык Змітрок Палішчук. Ён чытае газету, перад ім ляжаць дзве ёмкія кнігі. Калгаснік Міхаіл Ткачык перагортвае часопісы.

Бібліятэка ў Пінкавічах — гэта тое месца, якое вельмі ахвотна наведваюць хлебаробы. Тут заўсёды каго-небудзь сустрэнеш. Людзі цікавяцца мастацкай, сельскагаспадарчай, навуковай літаратурай. Вось абанементная картачка Змітрака Палішчука. У ёй запісаны падручнік па садаводству, матэрыялы XIX з’езда КПСС, «Выбраныя творы» Дакучаева, шмат назваў мастацкай літаратуры. Не менш кніг запісана і ў картачцы Міхаіла Фёдаравіча Ткачыка. Сярод іх творы Вільямса, Дакучаева, Мічурына. Актыўнымі чытачамі бібліятэкі з’яўляюцца і калгасніцы. Еўдакія Емяльянаўна Лой, напрыклад, мае за сваімі плячыма больш паўсотні год, але яна не губляе дружбы з кнігай. Шмат кніг прачыталі Марыя Аляксандраўна Лой, Ірына Максімаўна Кучынская. Тут ужо не гаворыцца пра вясковую моладзь, сярод якой, бадай, не знойдзеш ні аднаго чалавека, які б не быў чытачом бібліятэкі.

Бібліятэка не абмяжоўвае сваю работу толькі выдачай кніг. Яна праводзіць і канферэнцыі, і літаратурныя вечары, і дыспуты. У дзень сямідзесяцігоддзя народнага паэта Я. Коласа жыхары Пінкавіч сабраліся на вечар, прысвечаны яго творчасці. З успамінамі аб Коласе выступаў шмат хто з вяскоўцаў. Літаратурныя дыспуты праведзены па такіх творах, як «Да новага берага» В. Лаціса, «Рыбакова хата» Я. Коласа, «Маладая гвардыя» А. Фадзеева.

Побач з бібліятэкай — клуб. Адтуль чутны гукі акардыёна, мелодыя песні. Ідзе рэпетыцыя хора. Дзяўчаты і хлопцы развучваюць песні для свайго чарговага выступлення. Ёсць сярод мастацкага калектыву свае таленты — песеннікі, якіх ведаюць у Пінкавічах. Задушэўна спяваюць даярка Вольга Каль, калгасніцы Вольга Капко, юнак Уладзімір Махнавец.

Але не адна песня гасцюе ў пінкавіцкім клубе. Ставяцца і п’есы. І не толькі сваімі мясцовымі артыстамі, а і прыезджымі, з гарадскіх тэатраў. Ставілі ў Пінкавічах «Пяюць жаваранкі», «Наталку-Палтаўку», «Наймічку».

Кіно ў вёсцы часта бывае. У клубе свая стацыянарная ўстаноўка, і кіно дэманструецца пяць разоў на тыдні.

Вечарамі падоўгу не гасне святло яшчэ ў адным доме — у праўленні калгаса. Тут таксама праводзіцца якое-небудзь мерапрыемства. Аграном Тамара Адашчык займаецца са слухачамі агратэхнічнай школы. Але сёння не яе дзень. Сёння сабраліся слухачы заатэхнічнай школы, заняткі з якімі вядзе заатэхнік Зося Кудраўская. Са сшыткамі ў руках прыйшлі на заняткі даярка Марыя Капко, конюх Аляксей Шапялевіч, загадчыца птушкафермы камсамолка Анна Капко. Заатэхнік расказвае аб мерах, якія абавязкова патрэбна правесці ў жыццё, каб узняць прадуктыўнасць грамадскай жывёлагадоўлі. Жывёлаводы авалодваюць навукай. Без яе нельга. Вучыцца Марыя Капко, яна даярка і надаіла летась па 1500 літраў малака ад каровы.

На ўсю вёску грыміць рэпрадуктар, устаноўлены на пляцы. Вечарамі ў Пінкавічах не сумна.

 

Маладая змена

Захаваўся будынак школы, дзе некалі працаваў Якуб Колас.

Два простыя пакоі. У адным з іх некалі хадзіў Якуб Колас. Тут ён вучыў грамаце Аксёна Каля, чытаў рэвалюцыйныя брашуры і адозвы.

А вось тут быў клас. Сорак дзіцячых галовак схіляліся над кнігай, лавілі слова настаўніка, пазнавалі невялікія таямніцы свету, якія паложана ведаць праграмай пачатковай школы.

Сённяшняя Пінкавіцкая школа зусім не такая. Яна не пачатковая, а сярэдняя. У ёй не 40 вучняў, а 497. Размешчана яна ў прыгожым двухпавярховым будынку. Вучыць сённяшнюю калгасную дзетвару не адзін настаўнік, а 25, пераважная большасць якіх мае вышэйшую адукацыю.

Пазнаёмімся хоць з некаторымі. Соф’я Канстанцінаўна Крыўко, географ, працуе ў Пінкавічах ужо чацвёрты год. Яна прыехала сюды, закончыўшы Беларускі дзяржаўны універсітэт. Рускую літаратуру выкладае Людміла Мікалаеўна Пятруша, якая закончыла Гродзенскі педагагічны інстытут.

— Да твораў Якуба Коласа ў нашай школе асаблівы інтарэс,— расказвае выкладчыца беларускай літаратуры Вольга Фёдараўна Кавалёва.— У школьнай бібліятэцы кнігі пісьменніка заўсёды на руках.

Выкладчыкам матэматыкі ў Пінкавіцкай сярэдняй школе працуе старэйшы педагог Антон Іванавіч Мароз. У свой час ён разам з Якубам Коласам канчаў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, быў асабіста знаёмы з будучым пісьменнікам.

Настойліва вучыцца калгасная моладзь. У яе цудоўныя ўмовы. Светлыя прасторныя класы, утульныя кабінеты для фізічных і хімічных доследаў. Як мы памятаем з кнігі пісьменніка, бацькі некалі не пускалі дзяўчынак у школу: яны лічылі, што навука ім не патрэбна. Сёння палова вучняў у школе — дзяўчаты. Школа ганарыцца выдатніцамі вучобы камсамолкамі-дзесяцікласніцамі Аленай Даніловіч і Таняй Каль, дзевяцікласніцамі Вольгай Шкут і Соняй Цяляк.

Актыўна працуе школьная камсамольская арганізацыя (яна налічвае ў сваім складзе 76 членаў).

Гэта аб тых, якія вучацца яшчэ зараз у школе імя Якуба Коласа.

Але нямала дзяцей калгаснікаў ужо выйшлі са школы. Адны з іх навучаюцца ў інстытутах і тэхнікумах, некаторыя закончылі ВНУ і пайшлі на працу.

— Калгас наш узяў вялікі разгон,— расказвае старшыня праўлення Іван Аляксеевіч Некрашэвіч.— Новыя спецыялісты патрэбны. Намецілі мы таксама механізаваць і электрыфікаваць фермы. Спрактыкаваныя людзі для гэтай работы патрэбны.

Новых спецыялістаў у калгасе ўжо нямала. Ёсць свае трактарысты, шафёры, камбайнеры, механікі. Ужо чатыры гады працуюць трактарыстамі Кастусь Гамялькоў, Хвёдар Салівон, Хвёдар Гарынец, Міхась Лой. Камсамолец Уладзімір Козіч стаў камбайнерам. Летась на калгасных палях працавала тры трактары, два камбайны, ільноцерабілка.

Ёсць ужо з выхаванцаў Пінкавіцкай школы настаўнікі, інжынеры, медыцынскія работнікі. Часта ўспамінаюць тут імя Паўла Каля, унука Сцяпана Каля, які можа быць прататыпам вобраза Аксёна Каля. Як мы памятаем, быў Аксён Каль чалавекам неспакойным, настойліва шукаў праўды і не баяўся змагацца за яе з панамі. Павел Каль яшчэ пры польскіх панах, хлапчуком, наладзіў радыё, слухаў Маскву. Ён арганізаваў у сваёй вёсцы першую камсамольскую ячэйку пасля памятных вераснёўскіх дзён. Калі пачалася Айчынная вайна, добраахвотнікам пайшоў у армію. Абараняў Маскву, быў паранены. Пасля паступіў у інстытут. Набыў спецыяльнасць геолага. Цяпер Павел Каль працуе ў далёкай Кіргізіі.

Шмат такіх сыноў і дачок, будаўнікоў новага жыцця, вырасла і расце ў Пінкавічах, якія калісьці лічыліся закінутым глухім Палессем.

1954


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 5-14
Крыніца: скан