epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Шлях пісьменніка-камуніста

У гісторыі нашай літаратуры многа мужных, гераічных старонак, слаўных не толькі сваім паэтычным зместам, але і асабістым подзвігам іх стваральнікаў. Рэвалюцыйная літаратура былой Заходняй Беларусі, шматпакутнай зямлі, што амаль дваццаць гадоў стагнала пад ярмом белапанскага прымусу,— адна з такіх яркіх і незабыўных старонак.

Сёння, калі адышлі ў гістарычную прошласць падзеі, звязаныя з барацьбой працоўных мас былой Заходняй Беларусі за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, за ўз’яднанне з Савецкай Беларуссю, яшчэ ярчэй палымнее подзвіг рэвалюцыйнай літаратуры і яе аўтараў.

Гераічная заходнебеларуская ява выклікала да жыцця паэзію, асноўным матывам якой быў матыў подзвігу, этапных дарог, самаахвярнага служэння народу. Усімі сваімі карэннямі і вытокамі гэтая паэзія была звязана з жыццём народа, яе творцамі кіравала жаданне быць у авангардзе барацьбы, да пераможнага канца стаяць за справу рэвалюцыі. Велічнасць мэт заўсёды нараджае магутную энергію. Як нельга лепш, прыклад заходнебеларускай літаратуры паказвае непарыўнасць, арганічную з’яднанасць справы рэвалюцыйнай барацьбы і асабістага лёсу, душэўных імкненняў паэтаў і пісьменнікаў, для якіх служэнне народу з’яўляецца альфай і амегай творчасці. Чым іншым, як не палымянай адданасцю справе рэвалюцыйнай барацьбы, вытлумачыць той факт, што з-пад пяра паэтаў, якія правялі свае лепшыя, маладыя гады ў турмах і засценках панскай Польшчы, выліваліся радкі, поўныя бадзёрасці і аптымізму, што гэтымі людзьмі створана баявая, наступальная, жыццярадасная паэзія.

Адным з вядучых паэтаў Заходняй Беларусі быў Піліп Пестрак. Яго біяграфія, жыццёвы шлях, можна сказаць, тыповая для рэвалюцыянера-прафесіянала, дзеяча камуністычнага падполля, якім быў паэт. Гаротнае дзяцінства ў вёсцы Сакоўцы, у старэнькай, струхлелай, надзвычай малой хатцы, якая ўмяшчала адзінаццаць душ сям’і.

Потым імперыялістычная вайна і ў хуткім часе доўгія абозы бежанцаў з самаробнымі будамі на вазах. Лёсам вайны сям’я будучага пісьменніка закінута аж у вёску Максімаўка, што недалёка ад Бузулука былой Самарскай губерні.

Мабыць, мела сваё значэнне ў рэвалюцыйнай і паэтычнай біяграфіі пісьменніка тая акалічнасць, што ранняе яго юнацтва было авеяна рэвалюцыйнымі вятрамі, якія разгуляліся на прасторах неабсяжнай Расіі. Не прайшлі бясследна гады навучання на рабфаку і ва універсітэце ў Самары (цяпер Куйбышаў).

Зімой 1921 года — вяртанне на радзіму. Падобны лёс спасцігнуў не толькі Піліпа Пестрака, а і маладзейшых за яго Максіма Танка і Янку Брыля.

Няветла сустрэла радзіма. За два першыя тыдні жыцця паміраюць бацька, брат, сястра. Трэба думаць аб заробку, аб тым, каб як-небудзь падтрымаць знясіленую, згаладалую сям’ю. Надышла цяжкая паласа блукання ў пошуках кавалка хлеба, служба ў ненавісных паноў.

Увосень 1926 года Піліп Пестрак уступае ў Камуністычную партыю Заходняй Беларусі, якая знаходзілася ў падполлі. Пачынаецца дзейнасць камуніста-падпольшчыка, і гэтая работа рэвалюцыянера неадрыўна ад творчасці Пестрака-паэта. Мужная, гнеўная паэзія нараджалася ў турмах і казематах, яна вырывалася на волю ў выглядзе канспіратыўных запісак ці перадавалася з вуснаў у вусны, дзякуючы тым вязням, якім шэнціла на кароткі час выйсці з астрожных муроў.

З часу дэманстрацыі ў мястэчку Косава, якая адбылася 3 лютага 1927 года і ў якой чынны ўдзел прыняў Піліп Пестрак, і аж да вераснёўскіх дзён 1939 года «рабочым кабінетам» паэта была пераважна турма. Толькі кароткія перапынкі ў гэтым шматгадовым зняволенні (другая палавіна 1927 года, увесь 1928 год, невялікі прамежак часу ад верасня 1933 да сакавіка 1934 года) дазвалялі аддавацца справам партыйнага падполля.

Выклікае вялікае здзіўленне і захапленне мужная песня чалавечага сэрца, поўная любві да людзей працы, нянавісці да прыгнятальнікаў, якая нараджалася ў такіх жахлівых умовах. Не было алоўка, паперы, і радкі запісваліся ў памяці. У гэтай песні былі магутныя крылы — цвёрдая вера ў тое, што паэтычнае слова гэтак жа неабходна людзям, як і зброя, як і адвага і вытрымка ў змаганні:

 

Дай, паэзія, меч прамяністы,

Слова — гарт, слова — кліч,

                    слова — бой!..

 

Трыбунная, аратарская, партыйная паэзія Піліпа Пестрака несла не толькі заклік да змагання. Лірычны герой гэтай баявой, мужнай паэзіі — закаханы ў зямную красу і ва ўсе радасці жыцця чалавек. Яго душа наросхрыст раскрыта чарам прыроды, такому багатаму на фарбы і гукі навакольнаму свету.

 

Дарожка з вербаў выбегла,

Памчала за сяло.

Як быццам з дому выгнану

                Бяздолле павяло.

Ляцела, прыпынілася,

Цыгнула за масток,

Мураўкай пакацілася,

Нырнула ў лясок.

 

Пазней, ужо ў савецкі перыяд творчасці, асабісты вопыт удзелу ў рэвалюцыйнай барацьбе і шматлікія назіранні над жыццём былой Заходняй Беларусі Піліп Пестрак увасобіць у шырокім эпічным палатне — рамане-эпапеі «Сустрэнемся на барыкадах». Гэта прыкметны ў нашай літаратуры твор, дзе паўнакроўна, ва ўсёй складанасці жыццёвых супярэчнасцей паўстае перад чытачом велічная карціна загартоўкі характараў тых, хто стаяў на чале рэвалюцыйнага народа, хто вёў яго да светлага, савецкага дня. Раман «Сустрэнемся на барыкадах» дае шырокую праўдзівую панараму жыцця і барацьбы працоўных мас былых «крэсаў усходніх» і па праву займае пачэснае месца ў беларускай прозе.

Піліп Пестрак — пісьменнік шырокага дыяпазону, шматгранных інтарэсаў. Яго пяру належаць зборнікі апавяданняў «Першыя ўсходы», «Неспадзяванак» і «Лясная песня», зборнікі вершаў «На варце», «За сваю Айчыну», «Падарожнае», аповесць «Пачатак». І ў прозе і ў паэзіі П. Пестрак выступае тонкім назіральным мастаком, са сваім адмысловым бачаннем свету і мастацкім почыркам.

Не прытупілася пяро таленавітага, палымянага, зацікаўленага жыццём мастака. Сведчаннем гэтаму і раман «Серадзібор» — аб людзях пасляваеннай вёскі, аб іх няспынных пошуках у працы і жыцці. Колькі добрай, светлай рамантыкі, паэзіі і любові да людзей у гэтым творы, напісаным рукою сталага, вопытнага майстра, якому ніколі не здраджвала пачуццё маладосці, неабдымнасці жыцця і яго няспыннай плыні наперад...

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 244-247
Крыніца: скан