epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Слова пра Коласа

Кожная літаратура мае незабыўныя імёны — зоркі першай велічыні. Для нас такімі нязгаснымі зоркамі з’яўляюцца Янка Купала і Якуб Колас.

Якуб Колас, юбілей якога мы адзначаем цяпер, у нашым уяўленні не толькі найвыдатнейшы пісьменнік, які пакінуў бліскучыя ўзоры мастацкага беларускага слова, а і грамадскі дзеяч, настаўнік, адзін з першых нашых акадэмікаў, віцэ-прэзідэнт АН БССР, чалавек шырокіх, шматгранных інтарэсаў, асоба якога паклала адбітак на многія бакі духоўнай дзейнасці беларускага народа.

Якуба Коласа, як пісьменніка, мастака, ўзняла на сваім грэбені першая руская рэвалюцыя 1905—1907 гг. Для яго — сына сялянскай Беларусі, якая нават для людзей адукаваных, перадавых была збольшага паняццем этнаграфічным,— у абсягах рэвалюцыйнага пераўтварэння жыцця бачыліся яшчэ і свае адметныя задачы. Другія народы даўно заявілі аб сабе, за іх плячамі былі набыткі кніжнай культуры, найталенавіцейшыя з людзей пануючага класа зліваліся з народам, выказваючы яго непаўторны розум, душу, імкненні. Беларусь жа яшчэ мусіла заявіць аб сабе, заявіць так, каб яе голас пачулі і адрознілі. Гэта было патрэбна і нялёгка: за вельмі кароткі прамежак часу неабходна было прайсці шлях, пройдзены другімі народамі за многія дзесяцігоддзі.

Для такой вялікай задачы трэба былі вялікія, магутныя таленты. І яны з’явіліся. Адным з іх быў Якуб Колас. Ён нарадзіўся ў сям’і звычайнага лесніка, у засценку Акінчыцы, размешчаным паміж Стоўбцамі і Мікалаеўшчынай.

Сялянскі, гаротны лёс не зычыў сыну лесніка зазнаць вялікай навукі. Пушкін і Крылоў у зрэбнай торбачцы пастуха, «дарэктар» з ведамі «ў адну столку», некалькі месяцаў бегання ў вясковую школу. Ды не бог ведае які універсітэт настаўніцкая семінарыя ў Нясвіжы, куды хоць зрэдку маглі неяк трапіць дзеці сялянскай галоты.

Мінаюць гады — не простыя, а напоўненыя рэвалюцыйнымі вятрамі веку і малады настаўнік Міцкевіч, пасланы на працу ў глухое Палессе, прылучаецца да рэвалюцыйнай работы, піша петыцыю ад імя пінкавіцкіх сялян памешчыку Скірмунту, удзельнічае ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе, друкуе ў першых легальных беларускіх газетах «Наша доля» і «Наша ніва» вершы і апавяданні.

Мы ведаем, як закончыўся настаўніцкі з’езд і што напаткала яго ўдзельнікаў у будучым. Здзіўляемся жорсткасці, з якой суд абышоўся з Канстанцінам Міцкевічам. Абвінавачванне фактычна было сфабрыкавана: паэта судзілі за напісанне лістоўкі, якой ён не пісаў, дый у почырку самі судовыя эксперты ўсумніліся. Але з адлегласці ў часе выразна відаць, што ахоўнікі царскага самаўладдзя нутром, драпежным сваім нюхам адчулі, што ў асобе беларускага паэта маюць небяспечнага палітычнага праціўніка. Бо ўжо друкаваліся рэвалюцыйныя па духу, па зместу, па настрою вершы Якуба Коласа, што пасля закрыцця газеты «Наша доля» даволі часта з’яўляліся ў «Нашай ніве», былі вядомы апавяданні, такія, напрыклад, як «Слабода», «Бунт», «Соцкі падвёў», у якіх з’едліва высмейваліся паліцэйскія чыноўнікі, царскія служкі і ўвогуле ўвесь буржуазна-памешчыцкі, царскі парадак. Як было не піхнуць непакорнага паэта, у вачах якога «гарыць рэвалюцыя», ды яшчэ такога, што адважыўся пісаць на «хамскай», мужыцкай мове, за краты, у астрог! Можа, ён там набярэцца розуму, пацішэе, палагаднее?

Розуму паэт набіраўся. Турэмныя краты не спынілі размаху, ідэйнай накіраванасці яго творчасці. У турэмныя гады выходзіць першы зборнік Якуба Коласа «Песні-жальбы» (1910), паэт актыўна працуе ў жанры паэзіі, прозы, прыступае да працы над «Новай зямлёй», задумвае «Сымона-музыку» — творы, што сталі гонарам усёй беларускай літаратуры.

Кожны малады талент мае вострую патрэбу ў падтрымцы. Пра Коласа шмат пісалі яшчэ ў дарэвалюцыйную пару. Але асабліва дарагім для яго быў водгук М. Горкага, які заўважыў беларускага паэта, высока ацаніўшы яго талент. Удзячнасць да вялікага пралетарскага пісьменніка Якуб Колас пранёс праз усё жыццё.

Якуб Колас глыбей, чым хто-небудзь з яго папярэднікаў, зачарпнуў з крыніц народнай мовы, побыту, духоўных уяўленняў беларусаў, за якім стаяла светаадчуванне, светабачанне народа, філасофія яго шматвяковага бытавання. Іменна гэтага патрабавала беларуская літаратура, якая станавілася літаратурай нацыянальнай.

Якуб Колас стварае вершы, апавяданні, якія выразна выдзяляюцца на фоне тагачаснай беларускай літаратуры. Ідэі сацыяльнай непрымірымасці, пратэсту ён апранае ў народныя вопраткі, на падзеі сучаснасці глядзіць праз досціп народнай мудрасці, смеху, і дзякуючы гэтаму адбываецца цуд: вершы, апавяданні Якуба Коласа як бы выконваючы непасрэдны заказ рэвалюцыі, у той жа час з’яўляюцца непаўторнымі мастацкімі творамі. Яшчэ ніколі беларускае слова не гучала з такой народнай дасціпнасцю, не валодала гэткай сілай выкрыцця.

Колас, творчасць якога была выклікана да жыцця эпохай першай рускай рэвалюцыі, адмаўляў царска-памешчыцкія парадкі з пазіцый, калі карыстацца словамі Леніна, «беспартыйнай рэвалюцыйнай дэмакратыі». Прасветлены рэвалюцыяй селянін, герой ягонай паэзіі, як бы становіцца рупарам агульнай сялянскай масы, выказваючы яе патрабаванні зямлі, волі, лепшага жыцця. Бо тое жыццё, якім жыве селянін і якое бачыць паэт, ніжэй усякіх уяўленняў пра дабро, праўду, справядлівасць.

Вёска, дзе хаты збіліся «як авечкі ў летні жар», крывая, вузкая палявая дарога, што нагадвае паэту мужычую долю, пастушок ці пастушка, што гібеюць ля статка пад ветрам і дажджом, пахілая ўдовіна хата, могілкі на ўскрайку вёскі, дзе нарэшце знаходзіць спачын бядак-селянін — вось тое пастаяннае кола тэм і матываў, да якога нязменна вяртаецца коласаўская паэзія.

Разам з тым, рана паэт адчуў, што якая б цяжкая, непрывабная ні была праца селяніна, яна адзіная ўмова не толькі фізічнага, а і духоўнага яго існавання. Адсюль і зусім новы ў беларускай літаратуры пагляд на мужыка, селяніна, які таму і будзе жыць на свеце, на зямлі, бо ён гаспадар і працаўнік, і ён можа прад’явіць да захрыбетнікаў і марнатраўцаў свой рэвалюцыйны рахунак.

 

Я мужык, а гонар маю,

Гнуся, але да пары,

Я маўчу, маўчу, трываю,

Але скора загукаю:

«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»

 

Паэзія Якуба Коласа не толькі адмаўляе, але і сцвярджае. Пра Беларусь здаўна бытавала думка, як пра край гнілы, забіты, дзе толькі туманы, балоты, гразь і ніякай прыгажосці. Несправядлівую гэту думку трэба было абвергнуць. Адсюль бярэ пачатак непераўзыдзеная ў беларускай паэзіі коласаўская лірыка, якая як бы прымусіла ўсіх, хто жыве ў гэтым краі, па-новаму зірнуць на мясціны, прыгажосць якіх раней не заўважалася. На «срэбразвонны ручэй», на Нёман, «светлы, чысты як з расы», на тое, як «на ўсходзе сонца грае пераліўным блескам, сыпле золата над гаем і над пералескам». Сотні, тысячы такіх цудоўных імгненняў, малюнкаў адкрыў для нас Колас, не абмінуўшы ніводнай больш-менш значнай праявы з жыцця роднай нам прыроды.

Проза Якуба Коласа, гэтак жа як і паэзія, стала зусім новай, непаўторнай з’явай у беларускай літаратуры. У замалёўках, апавяданнях, поўных смеху, лірычнай цеплыні, народнага досціпу, пісьменнік цалкам адмаўляецца ад паказу селяніна як спрадвечнага пакутніка, што не бачыць у жыцці ніводнай прасветліны — тэндэнцыі, у значнай меры характэрнай для ўсёй «нашаніўскай» прозы. Гэта быў прынцыпова новы падыход да тэмы селяніна, які парываў з традыцыяй, што найбольш усталявалася ў паэзіі, у тым ліку ў лірыцы самога Коласа. Тэндэнцыя развіцця прозы Якуба Коласа вяла да героя са складаным унутраным жыццём, натуры шырокай, шматграннай, супярэчлівай.

Якубу Коласу было суджана стварыць шэдэўры агромністай мастацкай сілы — паэмы «Новая зямля», «Сымон-музыка», трылогію «На ростанях»,— творы, якія выводзілі нашу літаратуру ў шэраг развітых нацыянальных літаратур. Так, адна з вяршынь коласаўскай творчасці паэма «Новая зямля» пісалася на працягу дванаццаці гадоў. Сацыялістычная рэвалюцыя, змаганне за новае савецкае жыццё абвастрылі сацыяльную думку паэта, дапамаглі яму глыбей зразумець змест гістарычнай барацьбы за зямлю і волю, непрымірымасць класавых інтарэсаў пана і селяніна, адчуць марнасць ілюзій дробнага сялянства здабыць «волю» ва ўмовах капіталістычнага грамадства.

Вобразы Міхала і Антося, намаляваныя Коласам у паэме, належаць да тыпаў найвялікшага мастацкага абагульнення. Нездарма Кузьма Чорны пісаў: «Сярод вобразаў усёй беларускай літаратуры, як манумент узвышаецца трагічны вобраз Міхала з паэмы «Новая зямля». Характар Міхала як бы ўвабраў у сябе самыя істотныя рысы беларускага селяніна з яго цягавітасцю, здольнасцю падпарадкаваць сабе неспрыяльныя абставіны жыцця, верай у лепшую будучыню.

Колас умее паказаць будзённае, застаючыся ў той жа час пісьменнікам-філосафам. У прыватным ён шукае сляды агульнага, у пераходзячым, часовым — вечнае, «бо свет і жыцце многалучны і многавобразны, выключны», праявы жыцця «таемна схованы, цікавы».

Коласаўскі герой, які жыве пад вечным небам, калі не ў думках, то пачуццём часта звяртаецца да гэтай бязмернай, бязмежнай высі. Філасофская тэма жыцця і смерці, неразгаданасці таямнічасці жыцця развіваецца ў многіх коласаўскіх творах і асабліва ў «Казках жыцця», якія Колас пісаў з маладых гадоў да схілу сваіх дзён. Дрэва, жывёліна, расліна — гэта, як і чалавек, таксама асобны свет, са сваімі адметнымі, непаўторнымі законамі. І не толькі жывым здзіўляецца, захапляецца паэт, але і нежывым, бо граніцы між імі не такія строгія, канчаткова не выяўлены, выклікаюць паэтычнае пачуццё. Над зямлёй грымяць навальніцы, шумяць вятры, плюскочуць хвалямі рэчка, ручай, і гукі, музыка нежывой прыроды вельмі многа гаворыць чалавечаму сэрцу, нараджаючы паэзію.

 

Не ў аднэй толькі нашай душы

Зерне ёсць хараства —

Аб ім казку складае ў цішы

Колас нівы, трава.

Не ў адным толькі сэрцы людзей

Іскра праўды гарыць,

Аб ёй песню пяе салавей,

Аб ёй рэчка журчыць.

 

Асноўная паласа коласаўскай творчасці прыпадае на савецкі час. Паэт шчыра прывітаў Кастрычніцкую рэвалюцыю: яна азначала для яго пачатак народаўладдзя. Яго захапіў размах сацыялістычнага пераўтварэння, культурнага будаўніцтва, якое вялося пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі. Коласа з поўным правам можна лічыць летапісцам савецкай, сацыялістычнай эпохі. Яму ў нашай літаратуры належаць прынцыповыя адкрыцці: стварэнне вобраза свядомага ўдзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны (апавяданне «Сяргей Карага», аповесць «Дрыгва»), як і наогул стварэння характараў актыўна-дзейсных герояў (аповесць «На прасторах жыцця», трылогія «На ростанях»).

Якуб Колас лічыў, што духоўныя набыткі працоўнага народа, яго мараль, этыка, разуменне ім прыгажосці, асноўных вартасцей жыцця павінны служыць новай, сацыялістычнай культуры. Гэта адзін з галоўных запаветаў коласаўскай творчасці.

Агромністая заслуга Якуба Коласа перад беларускай савецкай літаратурай. Калі акінуць мысленным позіркам зробленае паэтам за паўвека мастацкай творчасці, якая ў асноўных сваіх кірунках развівалася ў савецкі час, то паўстане панарама велічная, вялікасная, дзейснай асобай якой з’яўляецца беларускі народ на рашаючых перавалах сваёй гісторыі. Можна відавочна пераканацца ў справядлівасці такой думкі, калі паставіць у адзін рад такія творы, як «Новая зямля», «Сымон-музыка», «На шляхах волі», «Вайна вайне», «На ростанях», «Дрыгва», «Рыбакова хата», «Адплата» і інш.

Не меншая роля Коласа ў стварэнні літаратурнай беларускай мовы. Бадай да самага Кастрычніка беларуская мова была пераважна мовай вёскі, хоць і несла на сабе след значнай літаратурнай апрацоўкі. Стыляў публіцыстычнага, навуковага наогул не існавала, адсутнічалі многія беларускія словы для выражэння паняццяў, далёкіх ад сялянскага асяродку. Усяго гэтага не было, калі Колас прыступіў да працы над «Палескімі аповесцямі», дзе гавораць і дзейнічаюць не толькі сяляне, а прадстаўнікі самых розных сацыяльных груп і класаў, у тым ліку, інтэлігенты, чыноўнікі, служкі культу, гарадскі люд. Можна ўявіць, якую агромністую справу здзейсніў Колас! З незлічонага моўнага багацця народа ён адбіраў самыя яркія, важкія, дакладныя словы, зразумелыя не толькі ў Стоўбцах або Слуцку, вучыў гэтаму моладзь, клапаціўся аб стварэнні даходлівых, высакаякасных падручнікаў, нават сам напісаў «Методыку выкладання роднай мовы».

Усё жыццё Якуб Колас захапляўся геніем Пушкіна. Таму з увагай мы павінны ставіцца да яго прызнання, што «каб не было Пушкіна з яго «Яўгеніем Анегіным», «Медным коннікам», «Вольнасцю» і «Пасланнем у Сібір», «Капітанскай дачкой» і казкамі — не было б, напэўна, і маіх паэм «Новая зямля» і «Рыбакова хата», лірыкі і прозы».

Так, эстэтычны, мастацкі свет твораў Якуба Коласа чымсьці вельмі блізкі да свету пушкінскага. Справа, вядома, не ў запазычваннях, перайманнях, не ў просталінейным мастацкім наследаванні. Творчасць Якуба Коласа, як і вялікага рускага паэта, прасякнута глыбінным духам народнасці, яна, калі можна сказаць так, сарыентавана на народныя крытэрыі прыгажосці, дабраты, гармоніі, заснавана на поўным даверы да духоўнага народнага жыцця, незвычайна шырокая ў сваіх эмацыянальных фарбах і адценнях.

Коласаўская мастацкая фраза непаўторная. Яна, калі карыстацца сённяшняй тэрміналогіяй, нясе не толькі пэўную інфармацыю, але эмацыянальную ацэнку гэтай інфармацыі, добрую ўсмешку, іронію, адценні развагі, задуменнасці, карацей кажучы, самы разнастайны настраёвы падтэкст.

Сотні чалавечых характараў намаляваў Якуб Колас. Сярод іх нямала адмоўных. Але вялікі беларускі паэт ніколі не закрэслівае чалавека канчаткова. Нават у адмоўных герояў пісьменнік умее знаходзіць хоць крупінку добрага, чалавечага, схаванага пад друзам нянавісці, ханжаства, невуцтва. Гэтак жа не выдае Якуб Колас індульгенцыі на поўную «святасць» станоўчым героям, добра разумеючы, што працэс маральнага ўдасканалення чалавека практычна бясконцы.

Якуб Колас — пісьменнік надзвычай шырокага дыяпазону. Яго чулая душа адгуквалася на ўсё: на вясёлае і сумнае ў жыцці, на камічнае і трагічнае, на ўзвышанае і будзённае. Ён бездакорна, лепей, чым хто-небудзь другі ў беларускай літаратуры, валодае гумарам, яго творы чытаюць з эстрады самадзейныя і прафесіянальныя артысты, выклікаючы ў аўдыторыі выбухі добрага смеху, і ён жа напісаў самыя багатыя на філасофскі роздум у беларускай літаратуры творы — паэму «Сымон-музыка», «Казкі жыцця», трылогію «На ростанях».

Бывалі ў нашай літаратуры моманты, калі ўзнікала патрэба крытычнага ўмяшання ў бягучы літаратурны працэс, аўтарытэтнай ацэнкі некаторых твораў, шляху развіцця таго ці іншага пісьменніка. Колас не ўхіляўся ад ролі крытыка, нават у тым выпадку, калі ўжо вядомаму, прызнанаму пісьменніку трэба было сказаць у вочы горкую праўду.

І не толькі дбаў ён аб развіцці літаратуры, роднай мовы, а і аб многім іншым, што непасрэдна літаратуры не датычылася: аб зборы з нашых палёў камення, аб новых гатунках жыта, пшаніцы, аб будаўніцтве дарог, школ, аб асушцы балот і г. д.

Ён быў палымяны інтэрнацыяналіст і патрыёт: напісаныя ў гады Айчыннай вайны вершы, артыкулы запальвалі ў сэрцах савецкіх людзей агонь нянавісці да фашыстаў, якія тапталі, руйнавалі, палілі яго родную Беларусь. Вершы Коласа чыталіся ў партызанскіх буданах, распаўсюджваліся як лістоўкі на няскоранай беларускай зямлі. Паэт глыбока верыў, нястомна паўтараў, што вораг будзе разбіты, наступіць час міру і працы.

Ён самаахвярна змагаўся за мір і тады, калі адгрымела Айчынная вайна: быў старшынёй рэспубліканскага камітэта прыхільнікаў міру, і ўжо далёка не малады, не вельмі моцны здароўем не шкадаваў сілы, часу дзеля гэтай высакароднай справы.

Яму пісалі сотні людзей, і да апошняй хвіліны жыцця ён на гэтыя лісты адказваў сам, і не толькі адказваў, а і дапамагаў сваім шматлікім карэспандэнтам, словам і справай узбуджаў перад савецкімі, партыйнымі органамі тыя ці іншыя пытанні, дамагаючыся іх вырашэння.

Сёння, на парозе святкавання 60-годдзя СССР, не лішне сказаць, што Якуб Колас быў прыкметнай, выдатнай фігурай усёй многанацыянальнай савецкай літаратуры, песняром дружбы народаў, перакладчыкам з моў народаў СССР. Агромністы яго ўплыў на беларускую літаратуру. Стваральнік «Новай зямлі», трылогіі «На ростанях», аповесцей «На прасторах жыцця», «Дрыгвы», выдатнай лірыкі, апавядання заклаў усе асноўныя плацдармы, з якіх беларуская літаратура рушыла на заваёвы новых мастацкіх рубяжоў.

Пластычнасць, рэльефнасць коласаўскіх вобразаў, глыбокая народнасць, маральная чысціня, як асноўны крытэрый учынкаў і паводзін герояў, празрыстасць, мяккая акварэльнасць пісьма, аптымістычны пагляд на свет — вось такімі паўстаюць творчыя запаветы нашага вялікага мастака.

Мастацкая творчасць Коласа здзіўляе незвычайнай эпічнай шырынёй, павагай да духоўных набыткаў, традыцый другіх народаў і нацый, выключна глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет чалавека, высакароднасцю, вышынёй маральных патрабаванняў, як асновай жыцця чалавечага грамадства.

Сапраўдная паэзія бессмяротна. Якуба Коласа чытаюць і любяць. Кнігі яго разыходзяцца ў дзесятках і сотнях тысяч экземпляраў. Якуб Колас дапамог роднаму народу адчуць сілу, веліч, духоўнае багацце. Ён будзе заўсёды з народам.

1982


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 504-512
Крыніца: скан