epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Соль

Калі ты, чалавек, маеш хлеб і да хлеба, ты яшчэ маеш не ўсё. Калі на тваіх плячах добрая апранаха, а на нагах спраўныя ялавыя боты, ты яшчэ не багач. Калі ў руках тваіх новенькі, апошняй маркі аўтамат, то гэта яшчэ не азначае, што ты непрыступны для ворага. Трэба з’есці не адзін пуд солі, каб у гэтым пераканацца...

Мы з Міколам Дашуком, вядома, не мелі асаблівых заслуг перад партызанскім рухам. У атрад мы прыйшлі позна. На гэта былі свае прычыны. Зрэшты, сёе-тое мы рабілі і да таго, як упрыгожылі свае шапкі чырвонымі паскамі і ўскінулі на плечы трохі заржавелыя ад доўгага ляжання вінтоўкі.

У атрад мы з’явіліся, як кажуць, на ўсё гатовае. У яго спісах значылася звыш трох соцень рознага люду. Спецыяльны чалавек па прозвішчы Дудка, які да вайны прадаваў маркі і канверты ў паштовым кіёску, вёў падрабязны летапіс баявых спраў і аперацый атрада. Тое, што Дудка паспеў запісаць за паўгода баявой дзейнасці, заняло дзве тоўстыя бухгалтарскія кнігі, разграфлёныя па старонках на крэдыт і дэбет.

Атрад атабарыўся ў глухой балотнай вёсцы Бабры, у якую вяла толькі адна лясная дарога. Яе завалілі падпілаванымі соснамі, замініравалі, каб лагера партызан не дасягнулі карнікі. Большасць навакольных вёсак фашысты спалілі яшчэ зімой, калі тут лютавала эсэсаўская дывізія. Бабры ўцалелі. Хаты, хлявы і адрыны былі тут пераважна прасторныя, складзеныя з новага лесу. Месца хапала і жыхарам, і партызанам.

Хоць вайна ўжо ішла трэці год, бабраўчане яшчэ не бачылі немцаў.

Партызаны неслі каравульную службу, пасты і сакрэты былі расстаўлены на балотных выспах і лясных сцежках. На чыгунку час ад часу хадзіла падрыўная група.

У межах таго абсягу, які кантраляваўся партызанамі, баявой работы атраду знаходзілася няшмат. Паліцэйскія і гарнізоны навокал былі развеяны, нямецкая ўлада трымалася толькі ў мястэчку і ў тых вёсках, што прылягалі да чыгункі. Разграміць жа местачковы гарнізон, куды сцякалася ўся шваль з раёна і дзе стаяў нямецкі полк і два мадзьярскія батальёны, у партызан не ставала сіл. Пра гэта нават не прыходзілася думаць. Вось у такі час мы з Міколам Дашуком і прыйшлі ў партызаны.

Стаяла ціхая пагодлівая восень, дубы і клёны навокал вёскі палалі, як вялізныя вогнішчы. Жанчыны капалі бульбу, мужчыны крылі новай саломай хлявы. Каб не людзі з вінтоўкамі, якія дэфіліравалі па вуліцах і талакой стаялі ў кожным двары, можна было б падумаць, што вёска жыве звычайным, неваенным жыццём.

Мы, калі ішлі ў партызаны, спадзяваліся, што прымем удзел у якіх-небудзь аперацыях атрада, пойдзем у засаду ці на чыгунку. Хацелася пастраляць з нашых вінтовак, якія ляжалі ў нас у мястэчку без справы болей за год. З іх мы яшчэ ні разу не стрэлілі. Але наша начальства разважыла інакш.

— Пойдзеце назад у мястэчка, — сказаў Хацееў, камандзір атрада, чарнявы, шчуплаваты чалавек з задумлівымі вачамі. — Трэба разжыцца солі...

Хацееў ведаў пра нас рэчы, пра якія другія ведалі мала. Месяцаў пяць назад, вясной яшчэ, атрад захапіў дзвесце кароў, сагнаных немцамі ў кашару з навакольных вёсак. У Дудкі пра гэтую справу ў яго бухгалтарскай кнізе было напісана цэлыя чатыры старонкі. Там называліся прозвішчы партызан, што вельмі хітра наладзілі засаду, высачылі месца, куды немцы ганялі кароў на пашу.

Гэта быў абсалютны фальш. Кароў спецыяльна прыгналі ў лес нашы местачковыя хлопцы. Месца, куды іх прыгнаць, праз сувязную дзяўчыну назначыў камандзір атрада. Але абвяргаць Дудку не мела сэнсу. Тыя ж хлопцы і цяпер яшчэ жылі ў мястэчку. І чым менш людзей ведала пра іх сапраўдную работу, тым было лепш.

— Дык вы пойдзеце нібыта ў разведку, — загадаў Хацееў. — І каб нікому ні гуку. Ведаеце ж, як дорага абыходзіцца нам соль...

Гэта мы ведалі. Атрад еў мяса без солі. Ежу прыпраўлялі каліем — мінеральным угнаеннем, што там-сям засталося ў кучах на асушаным балоце. Але каліевая соль не натрыевая, яе могуць паглынаць расліны, а не людзі. У партызан ад калію балелі жываты, выпадалі зубы, іх твары сталі азызлыя, сінія.

Той, хто займеў хоць шчапоць сапраўднай солі, насіў яе загорнутай у насовачку, як самую каштоўную рэч.

Немцы, мабыць, здагадваліся, што раён астаўся без солі. На ёй, не могучы разграміць партызан сілай, яны рабілі палітыку. Каб купіць у мястэчку кілаграм солі, трэба было прынесці курыцу або дваццаць яек. Цана немалая, але, нягледзячы на гэта, з вёсак у мястэчка валам валілі жанкі і дзяўчаты, каб выменяць хоць які-небудзь фунт гэтай горкай солі. Колькі загінула іх, безыменных пакутніц, у нямецкіх засценках толькі за тое, што ішлі яны з партызанскай зоны...

Мы, калі жылі яшчэ ў мястэчку, пасылалі соль у лес. Мелі надзейнага чалавека, крамніка Андрэя, які яе даставаў. Але, не ўяўляючы па-сапраўднаму бяды, мы куды вышэй ставілі ўзрыў вадакачкі ці падпал парні, дзе вырабляліся калёсныя абады, за тыя сціплыя пуды таннага прадукту, які хавалі ў стог на балоце, каб яго ўзялі адтуль сувязныя. Але што значылі тыя адпраўленыя намі тры ці чатыры пуды солі для атрада, які налічваў трыста чалавек? Пуд тут з’ядалі за тры дні.

І вось цяпер мы ідзём назад, да сваіх сяброў, каб дамовіцца з імі наконт цвёрдых двух пудоў на тыдзень. Інакш будзе кепска.

Мы прыйшлі ў мястэчка ноччу і, каб не пераходзіць чыгункі, дзе лёгка было нарвацца на нямецкі патруль, спыніліся ў Міколавага дзеда, двор якога стаяў наводшыбе. Мы забраліся ў хлеў на вышкі і сустрэлі ўсход сонца моцным сном. Назаўтра, папярэджаныя дзедам, да нас з’явіліся сябры. Яны прыйшлі па адным, узрушаныя, усхваляваныя. У іх было столькі навін!..

Партызан, падпольшчыкаў, усіх тых, што змагаліся ў цяжкіх умовах фашысцкай акупацыі, некаторыя ўяўляюць сёння, калі даўно адгрукатала вайна, людзьмі зацятымі, суровымі, недаверлівымі. А між тым, вялікая гэта няпраўда і памылка! Не было на свеце больш даверлівых людзей, чым падпольшчыкі і партызаны. Не правяралі ў той час мандатаў, не давалі даведак з пячаткамі. Без іх знаходзіў чалавек дарогу да сэрца свайго паплечніка і аднадумца. Мабыць, на вайне, калі навісае пагроза не над адным асобным чалавекам, а над цэлым народам, мы проста лепш і праніклівей умеем бачыць, хто наш друг, а хто вораг...

Вочы нашых сяброў ззялі радасцю і захапленнем. На нас яны цяпер глядзелі як на пасланцаў таямнічага і бясстрашнага партызанскага свету, перад якім схілялі свае смелыя, гарачыя галовы. Гэтак жа сама тыдзень ці два назад мы з Міколам глядзелі на тых, хто прыходзіў да нас з лесу...

Дамовіліся хутка. Сябры запэўнілі, што соль будзе. Пра Андрэя, які гандляваў гэтай соллю ў нямецкай краме, яны сказалі:

— Цяжка яму. Ведаеце ж, якія немцы: з-пад сябе падбяруць. Соль адпускаецца ў краму разважанай па кілаграму ў мяшэчку. А ў Андрэя сям’я: дзяцей адных сямёра. Чуць які недахват, самі ведаеце...

І соль пайшла. Па два пуды ў тыдзень. Яе мы знаходзілі ва ўмоўленых мясцінах: у лаўжах, пад вываратнямі, у стозе зляжалага, накошанага, мабыць, яшчэ да вайны сена. Мы насілі гэтую соль, трымаючы на адным плячы вінтоўку, а на другім — крапіўны мех, гордыя і радасныя ўсведамленнем таго, што робім.

Важнасць нашых паходаў пад мястэчка была відавочнай. З атрадам, які атабарыўся ў Бабрах, здарыўся цуд. Зніклі азызлыя, абыякавыя твары, па вечарах у вёсцы зарыпаў гармонік. У людзей былі тыя самыя вінтоўкі і гранаты, тая самая вопратка і абутак, але ім далі цвёрдыя дзесяць грамаў солі на дзень — і ўсё перамянілася...

Саляная эпапея працягвалася ледзь не тры месяцы. Ужо зімой атрад, які называўся цяпер брыгадай, зрабіў кароткі налёт на адну чыгуначную станцыю і, маючы дакладныя звесткі ад сувязных, выгрузіў з вагона столькі солі, колькі змаглі яе панесці на плячах дзвесце чалавек...

І неяк так здарылася, што самі мы з Міколам Дашуком забылі аб справе, у якой разам з местачковымі падпольшчыкамі бралі ўдзел. Праўдзівей кажучы, нейкія там трыццаць пудоў солі, што прывалаклі мы партызанам, здаліся дробяззю ў параўнанні з цяжкімі блакаднымі часамі, якія прыйшлося перажыць брыгадзе перад прыходам нашых.

Пра соль нагадаў нам той, хто яе даставаў, — былы нямецкі крамнік Андрэй. Ён неяк дазнаўся, што мы з Міколам едзем з інстытута на канікулы, і прыйшоў спецыяльна на станцыю, каб нас сустрэць.

— Хлопцы, можа б, якую-небудзь даведку мне далі, — папрасіў ён. — Я цяпер у «Плодагародніне» працую, але зневажаюць некаторыя. Не вераць, што памагаў партызанам.

Мы паабяцалі дастаць патрэбную даведку з подпісамі і пячаткай, але ў час тых канікул нічога не здолелі зрабіць. Былі на гэта свае прычыны. Камандзір, які больш за ўсіх ведаў аб местачковых справах, загінуў. Паразляталіся па свеце і многія партызаны.

Дудка, летапісец атрада, — першы, да каго мы звярнуліся з просьбай наконт даведкі Андрэю, — сустрэў нас непрыхільна.

— Не ведаю ніякай солі, — заявіў ён, адтапырыўшы тоўстую ніжнюю губу. — Будуць цяпер прымазвацца ўсялякія. Вы хоць і вучыцеся, але ў палітыцы ні бум-бум...

Дудка пазіраў на нас звысоку. Ён узначальваў цяпер раённую кантору сувязі, насіў шапку з какардай, форменны дыяганалевы касцюм і бліскучыя хромавыя боты.

Але, як кажуць, не толькі тое сонца, што ў акне. Калі паабяцалі Андрэю — зробім. Жыве ж яшчэ многа людзей, якія елі нашу соль і, вядома, не забылі яе смак...

 

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 1. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - с. 230-234
Крыніца: скан