epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Сорак трэці

ЧАСТКА ПЕРШАЯ
  Раздзел першы
    І
    ІІ
    ІІІ
    IV
    V
    VI
    VII
    VIII
  Раздзел другі
    І
    II
    III
    IV
    V
    VI
    VII
    VIII
    ІХ
  Раздзел трэці
    І
    ІІ
    ІІІ
  Раздзел чацвёрты
    І
    ІІ
    III
    IV
    V
    VI
  Раздзел пяты
    І
    ІІ
    III
    IV
    V
  Раздзел шосты
    І
    ІІ
    III
  Раздзел сёмы
    І
    ІІ
  Раздзел восьмы
    І
    ІІ
    ІІІ
    IV
    V
    VI
ЧАСТКА ДРУГАЯ
  Раздзел першы
    І
    ІІ
    ІІІ
    IV
  Раздзел другі
    І
    II
  Раздзел трэці
    І
    II
    III
    IV
    V
    VI
    VII
    VIII
    ІХ
  Раздзел чацвёрты
    І
    II
    ІІІ
    IV
    V
    VI
  Раздзел пяты
    І
    ІІ
    ІІІ
    IV
    V
  Раздзел шосты
    І
    ІІ
    ІІІ
    IV
    V
  Раздзел сёмы
    І
    ІІ
    ІІІ
    IV
    V
    VI
    VII
  Раздзел восьмы
    І
    ІІ
    III
    IV
  Раздзел дзевяты
    І
    II
    III
  Раздзел дзесяты
    І
    ІІ
    ІІІ
    IV
    V
  Раздзел адзінаццаты
    І
    ІІ
    ІІІ
    IV
    V
    VI
  Раздзел дванаццаты
    І
    ІІ
    ІІІ
    IV
    V


 

 

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

 

Раздзел першы

 

І

Над жандармерыяй — яна па-ранейшаму займае двухпавярховы будынак школы,— над памяшканнямі, у якіх размешчаны немцы, тры дні трапечуць на зімнім ветры сцягі, акаймаваныя па краях чорным крэпам. Немцы спраўляюць траур па Сталінграду. Многія ў Бацькавічах ведаюць, што ў Сталінградзе склала зброю акружаная савецкімі войскамі шостая армія Паўлюса. Ды і нельга не ведаць — газетка, якая выдаецца на рускай мове, змясціла з гэтай нагоды прамову самога Гітлера. З прамовы зусім не вынікае, што там, на далёкай Волзе, немцы пацярпелі паражэнне. Паводзіны шостай арміі, якая, па словах Гітлера, загінула ўся — ад фельдмаршала Паўлюса да апошняга салдата — фюрэр паказвае як найвялікшую перамогу і тлумачыць нямецкаму народу і ўсяму свету, што без гэтай ахвяры справы Германіі былі б кепскія. Акружаныя войскі Паўлюса нібыта скавалі дзесяткі чырвоных дывізій, і каб не здарылася гэтага, то невядома, да якіх рубяжоў маглі б прарвацца бальшавіцкія орды.

Першы раз за вайну Міця чытае нямецкае паведамленне з прыемнасцю.

На працягу першых месяцаў зімы сыпле сняжок, круцяць белай каламуццю мяцеліцы, але такіх вялікіх маразоў, як мінулай зімой, няма. Міця пражыў два гэтыя месяцы ў радасным узбуджэнні. Кожны новы дзень прыносіць нечаканыя навіны. Часцей радасныя. Немцаў выгналі з Каўказа, а галоўнае — гіганцкая перамога на Волзе.

Сёлетняя зіма ад мінулагодняй адрозніваецца яшчэ і тым, што існуе некалькі пуцявін, па якіх да Міці даходзяць дакладныя весткі, навіны пра падзеі на фронце. Час ад часу ён завітвае ў нізенькую хатку Васіля Шарамета. Яго новы дружбак, калі не на службе, абавязкова што-небудзь майструе: вострыць нажы, са срэбраных манет вырабляе пярсцёнкі, а з дзюралюмініевай бляхі — грабянцы і расчоскі.

Дачакаўшыся, калі прыфранчаныя сёстры рушаць на вячоркі, Васіль лезе ў падполле і выцягвае адтуль заматаную ў старую фуфайку чорную каробку радыёпрыёмніка. Пагасіўшы святло, прыладзіўшы прыёмнік на вузенькім, застаўленым рознымі бутэлечкамі і скрыначкамі століку, Міця з Васілём слухаюць паведамленні з Масквы.

Прыемныя гэта хвіліны. За акном церусіць снег, шастае цёмным голлем старая яблыня, у падпеччы, разагрэўшыся ад цеплыні і зусім не зважаючы на зіму, заводзіць песню цвыркун.

Дасталі дзве новыя сухія батарэі, але ўсё адно голас дыктара далёкі, ледзь чутны. Масква жыве сталінградскімі падзеямі: перадаюць артыкулы з газет, расказы ўдзельнікаў баёў, замежныя водгукі і ацэнкі. У зводках новыя назвы вызваленых гарадоў і паселішчаў. Баі ідуць пераважна на Поўдні — у вялікай лукавіне Дона. Праўда, і на Паўночным фронце ёсць поспех: прарвана мёртвая пятля блакады пад Ленінградам.

Выходзячы ад Васіля, Міця ловіць сябе на дзіўным адчуванні. Перад позіркам заснежаная чыгунка, вялізная цёмная таполя, у голлях якой пашумлівае вецер. Далей, у напрамку станцыі, чарнеюць розныя склады і базы. У вокнах местачковых хат рэдкія бляклыя аганькі. Мястэчка, здаецца, жыве, ахопленае плынню звычайнай будзёншчыны. Наўрад ці хто з жыхароў гэтай вось вуліцы, якія спяць ці кладуцца спаць, ведае, што недзе там, на поўдні, узята паселішча Вялікаміхайлаўка, нічым асаблівым, як і Бацькавічы, не славутае. Там, у Вялікаміхайлаўцы, мабыць, не спяць, там перамога ўжо наступіла. Але яшчэ далёка ад Вялікаміхайлаўкі да гэтай вось таполі.

Раз у тыдзень з Грамоў, дзе працуе настаўнікам, прыходзіць Мікола. З дэсантнікамі ён пакуль што сустракаецца рэдка. Аддае ім паперкі, у якіх хлопцы паведамляюць пра рух эшалонаў праз станцыю і пра заўважаныя вайсковыя часці, а ўзамен атрымлівае перапісаныя ад рукі зводкі Саўінфармбюро. Ад Мазурэнкі, камандзіра дэсантнікаў, пакуль што адзін загад — заваёўваць давер у немцаў. Нават міну, якую Мікола прынёс даўно, не дазваляе падкладваць. Мяркуючы па ўсім, дэсантнікі на сустрэчы ў Грамы прыходзяць здалёку.

Мікола кожны раз перадае, што Мазурэнка ім, сваім сувязным, забараняе хадзіць разам. Але хлопцы загад ігнаруюць. Было б дзіўна, каб раптам яны зрабілі выгляд, што не ведаюць адзін другога, перасталі адзін да другога хадзіць, паказвацца на вуліцы.

Навіны пра паспяховае наступленне Чырвонай Арміі, якія прыносіць Мікола, Міця часцей за ўсё ведае. Але ўсё адно прыемна чытаць скамечаныя лісткі, акуратна спісаныя чарнільным алоўкам. Адна справа пачуць па радыё, і зусім другое — тое самае прачытаць. Тут можна ўдумацца ў сэнс, пасмакаваць кожнае слова, зрабіць параўнанне з тым, што паведамляюць аб ходзе гэтых жа падзей самі немцы.

Той вечар, калі перадаюць пра вызваленне вялікага горада,— асаблівае свята. Вось і Курск ужо савецкі. Міця ўзрушаны. Ён кожнае хвіліны думае пра фронт, ужо хутка два гады жыве ваеннымі падзеямі, тым, вялікім, трагічным, чым запоўнены свет. Міця адчувае: узяцце Курска азначае, што паўднёвы ўчастак нямецкага фронту зломлены, скамечаны. Ці здолеюць фашысты затрымацца і на якім рубяжы? Рэкі цяпер, зімой, не перашкода, прарыў фронту відавочны. Чым Гітлер заткне дзірку?

Міця як бы чуе нават гарматныя выбухі, якія прыбліжаюцца адтуль, з Усходу. Курск — гэта не Краснадар, не далёкі Сальск...

Хоць пазнавата, каб вандраваць па мястэчку, ён аднак не вытрымлівае, выбраўшыся з нізенькай Шараметавай хаты, ідзе да хлопцаў. Рыпіць пад нагамі падмёрзлы, зашэрхлы снег, вецер сячэ ў разгарачаны твар снежнаю крупкай. Міця ідзе не вуліцай, а цёмным завулкам, які пралягае ўзбоч чыгункі, мінаючы базы, склады, чыгуначную вагавую будку. У цемені чарнеюць штабялі дроў, бярвенняў. Да завулка двары выходзяць не хатамі, а садамі і агародамі, і толькі два-тры дамкі звернуты на чыгунку вокнамі.

Чыгунка ноччу маўклівая. Цягнікі ходзяць толькі днём. Выключэнні здараюцца, але яны рэдкія. На станцыі цёмна. Ледзь прыкметна свеціцца чырвонае вока семафора, які стаіць амаль насупраць Шараметавай хаты, пабліскваюць жаўтавата-чырвоныя аганькі стрэлак.

Каб трапіць да Лобіка, трэба перабрацца праз чыгунку. І хоць хлопцы не вельмі слухаюць Мазурэнку, але асцярога ёсць. Лобік робіць на чыгунцы, складае зводкі руху цягнікоў, таму не варта да яго лішне назаляцца.

Міця, пераскочыўшы вуліцу, дзе можна нарвацца на патруль, падаецца да Прымака. Яшчэ на ганку Прымаковай хаты чуе ён трэньканне мандаліны. Хлопцы сапраўды амаль у поўным зборы сядзяць тут. Саша Плоткін, у вялікіх, змазаных дзёгцем ботах, заклаўшы нага за нагу, іграе, Лобік, унурыўшыся, лістае нейкую кнігу, а сам гаспадар, Аляксей Прымак, як чалавек практычны, падшывае вялікай лямцаванай латкай стары валёнак.

— Курск узялі! — з парога паведамляе Міця.

Саша іграе яшчэ гучней, Іван, паклаўшы кнігу на стол, задумваецца, і толькі на самога гаспадара навіна не робіць, здаецца, ніякага ўражання.

— I ў нас узялі,— азываецца нарэшце Аляксей.— Да вечара — шасцярых. Адваката Быліну, новага прымака Анэты Багуновай. Кажуць, ён нейкі інжынер. Лысака-саставіцеля арыштавалі трэці раз...

Хлопцы на хвіліну змаўкаюць. У лес уцяклі намеснік бургамістра Лубан, дарожны майстар Адамчук і іншыя. Помсцяць хутчэй за ўсё немцы.

Лобік устае, тупае па хаце.

— Курск — вялікая перамога! — узбуджана гаворыць ён.— Калі праўда, што яго ўзялі, то нашы могуць яшчэ да вясны дабрацца да Дняпра.

— Узялі. Я таму і прыйшоў.

— Вось што значыць заціснуць у клешчы адну армію. Паўлюса раскалашмацілі, і фронту — хана. Пад Сталінградам былі адборныя войскі.

— Гавораць, што італьянцаў праз Рэчыцу гналі пешшу,— перастаўшы іграць, паведамляе Плоткін.— Салдаты як быццам гандлявалі вінтоўкамі на базары. За вінтоўку прасілі дзесяць марак, за кулямёт — дваццаць.

Хлопцы рагочуць. Цяжка ўявіць, каб салдаты гандлявалі такімі рэчамі, але чуткі сапраўды блукаюць.

— Італіі крышка,— цвёрда заяўляе Лобік.— Стратэгічных мэт яна не дасягнула нідзе. У Афрыцы італьянцам і Ромелю хутка капут. Туніс не ўтрымаюць. Нездарма Гітлер акупіраваў Паўднёвую Францыю. Баяцца высадкі саюзнікаў з поўдня.

— Фронт наступае, а Кузьмянкі кабана закалолі. Двух новых прывезлі,— жартуе Аляксей.— Уцякаць не збіраюцца. Гвозд новае паліто пашыў. Позна. Давайце, хлопцы, па конях.

Аляксей не прытвараецца. Толькі так і глядзіць на свет. Але нічога не папішаш — яго суседзі Кузьмянкі сапраўды заядлыя паліцэйскія. Так што трэба асцерагацца. Ды і Гвозд — шпік вядомы.

Разыходзяцца па адным. Першым за дзверы шуснуў Лобік, за ім — Міця.

 

ІІ

Рашэнне, што не засталося ніякага іншага выйсця, апрача як падацца ў лес, прасіць у партызан літасці, а калі прымуць да сябе, то помсціць немцам, знішчаючы іх жорстка, без жалю, Лубан прыняў нечакана, нягледзячы на тое, што ён і яго хаўруснікі думалі і гаварылі аб гэтым даўно. Падзеі на фронце былі толькі штуршком, які паскорыў прыняцце такога рашэння. У душы Лубана яно наспявала яшчэ з мінулага лета. Тады да яго прыходзілі пасланцы ад партызан, і не зусім нават ад партызан, а ад людзей, якіх закінулі праз лінію фронту са спецыяльным заданнем. Тых людзей цалкам задавальняла, каб ён, Лубан, займаючы высокае становішча сярод нямецкай адміністрацыі, дапамагаў ім. Але ён на такое пайсці не мог, бо лічыў, што цана, якую заплаціць гэткім манерам, будзе недастатковай, каб выкупіць грахі.

Ён, намеснік бургамістра, прыняў тады ўсе захады, каб жанчына з Няхамавай Слабады, якая прыходзіла да яго з прапановай служыць партызанам, не трапіла ў нямецкія рукі. Сам прыход яе значыў для Лубана многае. Калі там, у лесе, дапускаюць думку, што ён, намеснік бургамістра, не зусім страчаны чалавек, што ён яшчэ можа вярнуцца да сваіх, прынесці карысць, то такая пра яго думка давала надзею, душэўную сілу. Усю мінулую восень ён толькі і думаў аб тым, як перакінуць мост паміж сабой і партызанамі.

У сорак першым годзе Лубан цвёрда рашыў, што таго жыцця, якое было, болей не будзе. Яму прыносілі задавальненне весткі, што Чырвоная Армія адступае, аддае немцам гарады, сёлы, пакідае важныя прамысловыя і сельскагаспадарчыя раёны. З прагным нецярпеннем чакаў ён, калі нарэшце немцы авалодаюць савецкай сталіцай.

Гэта магло выклікаць толькі здзіўленне, бо непрыемнасці, якія меў Лубан у жыцці, былі не большыя, чым у некаторых іншых людзей, якія таксама пацярпелі ў трыццаць сёмым ці ў трыццаць восьмым годзе, аднак на бок немцаў не перайшлі. Лубан да арышту быў начальнікам службы ў аддзяленні чыгункі, яго мецілі павысіць на службе, вылучыць на такую ж пасаду ва ўпраўленні, але нечаканы арышт перапыніў гэты натуральны службовы рост. Пасля таго як Лубана, не давёўшы справу да суда, апраўдалі па следству, нават пра такую пасаду, якую ён займаў раней, прыйшлося забыць. На ёй цвёрда сядзеў чалавек, які напісаў на яго — Лубан ведаў гэта дакладна — данос. Натуру Лубан меў гордую, зацятую, сваёй праваты даказваць не стаў. З горада перабраўся на невялікую станцыю, заняў сціплую пасаду касіра таварнай канторы.

Было многа ўсяго іншага, але асноўны напрамак думак, настрояў Лубана вызначала перакананне, што ў мінулым жыцці ўладу захапілі не людзі справы, а хітрыя прыстасаванцы, кар’ерысты, якія кіраваліся шкурным інтарэсам. Ход першых месяцаў вайны як бы пацвярджаў тое, аб чым Лубан думаў. Восенню сорак першага года, ужо стаўшы намеснікам бургамістра, ён застрэліў пераапранутага акружэнца. Забіў Лубан свайго савецкага чалавека ў пасёлку саўгаса «Росіца». Пра гэта добра ведаюць у мястэчку і ва ўсім наваколлі. Шляху назад, здавалася, не было.

Одум прыйшоў пазней, калі немцы сталі ўсталёўваць свой парадак, а ён, Лубан, ім актыўна ў гэтым памагаў. Многа сплыло вады за адзін толькі год жыцця пад немцамі. Гледзячы на тых, хто ішоў у паліцыю, рабіўся начальнікам, а таксама на тых, хто супраціўляўся нямецкай службе, а паступіўшы на яе, працягваў шкодзіць немцам, Лубан з жахам зразумеў, якую вялікую, непапраўную памылку ён зрабіў. Ён непамерна раздуў асабістую крыўду. Забыў, што і тады, і цяпер былі розныя людзі і людзей добрых, сумленных, словы якіх не разыходзіліся са справай, было намнога больш, чым шкурнікаў і кар’ерыстаў. Ён прадаў Радзіму — толькі такімі словамі можна было назваць яго паводзіны.

Пачынаючы з мінулай восені, Лубан жыў у стане ўтрапення, зрушанай душэўнай раўнавагі, калі цяжка прыняць правільнае рашэнне. Ён ужо ведаў, што з немцамі не будзе, глядзеў на іх з лютай, бяссільнай злосцю. Але выйсця не бачыў. На яго руках была кроў, а яна так проста не змываецца.

У яго было многа планаў: забіць гебітскамісара, зрабіць так, каб у мястэчку загінула пабольш немцаў і нарэшце загінуць самому, але пасля доўгай развагі ён свае намеры адхіляў.

Патаемна, не зусім усвядомлена ён усё-такі хацеў, каб яго ўспаміналі добрым словам і пасля смерці. А так маглі падумаць, што ён штосьці не падзяліў з нядаўнімі гаспадарамі.

Чалавек не можа адзін. Пакрысе Лубан пачаў адкрывацца сябрам-таварышам, з якімі звязала яго горкая часіна акупацыйнага лёсу. Брыгадзір пуцейцаў Адамчук, начальнік мясцовай прамысловасці Тоўсцік, начальнік пажарнай каманды Альшэўскі гэтак жа, як ён, зразумелі, што селі не ў той воз. Лубан лічыў іх дробнымі сошкамі: прывыклі соладка есці, піць, таму з незвычайнай лёгкасцю памянялі гаспадароў. Ніякіх перакананняў у іх няма і не магло быць. Жылі, як жывецца, ратавалі ўласную шкуру. Становішча іх прасцейшае: немцам служылі, былі начальнікамі, але крывёю сябе, як ён, Лубан, не заплямілі.

У іх, змоўшчыкаў, было многа п’яных зборышчаў, размоў. Вынікам сталася думка, што трэба шукаць агульную мову з партызанамі. Але так проста, з пустымі рукамі да партызан не прыйдзеш. Трэба было штосьці зрабіць, як-небудзь насаліць немцам, каб там, у лесе, зірнулі на іх, цяперашніх нямецкіх начальнікаў, больш прыязна, ласкавейшым вокам.

Уцягнулі ў кампанію Гадуна, намесніка начальніка паліцыі. Гэтаму хіжаму, вяртляваму чалавеку, які да вайны служыў начальнікам крымінальнага вышуку, не трэба было доўга тлумачыць, што ад яго патрабуецца. Партызанам не хапае зброі, таму Гадун за які-небудзь месяц зрабіў так, што ў патайным сховішчы змоўшчыкаў аказалася тры ручных кулямёты і болей за дзесятак вінтовак.

Яшчэ восенню ўзнік намер падвесці пад партызанскі ўдар якую-небудзь валасную ці нават частку раённай паліцыі. Але без трывалай сувязі з партызанамі ажыццявіць такую справу немагчыма. Гадун пачаў заводзіць пэўныя размовы з прудкоўскім старастам, які, на думку ўсіх, хто сыходзіцца ў Адамчука ці Тоўсціка, даўно з партызанамі нюхаецца. Але пакуль ішлі гэтыя асцярожныя двухбаковыя перагаворы, партызаны самі разагналі лужынецкі, літвінаўскі і піляціцкі гарнізоны. Адкладваць выхад у лес далей ужо нельга.

Здарылася так, што кола змоўшчыкаў, у якое напачатку ўваходзілі толькі местачковыя начальнікі, пакрысе пашырылася за лік людзей, якія ўвогуле адмаўляюцца ад нямецкай службы. Лубан тут ні пры чым. Іх уцягнулі хітры Тоўсцік ці той жа Гадун. Хочуць, відаць, стварыць бачнасць падпольнай работы тут, у мястэчку. Маўляў, не сядзелі склаўшы рукі. Лубан супраць маскараду. Можа, ад гэтага на душы лішняя трывога.

Намеснік бургамістра не спіць. Ляжыць на канапцы, падгарнуўшы пад галаву старую ватоўку, ад якой пахне мазутай, спаленым вугалем і яшчэ чымсьці адметным, што бывае толькі на чыгунцы. Ён любіць гэтыя пахі, бо змалку жыў ля чыгункі, у казённым чыгуначным доме, дзе, мабыць, і цяпер дажывае век стары, прыгорблены, даўно пакінуты дарослымі сынамі бацька. Маці памерла даўно.

У апошнія месяцы, калі выбухнуў няўтольны пажар у душы, ён усё збіраецца наведаць адзінокага бацьку. Пры яго цяперашнім становішчы праехаць сто з лішнім вёрст на якім-небудзь воінскім таварняку, каб трапіць у горад, дзе жыве бацька і дзе большую палову жыцця пражыў ён сам, пакуль што можна. Яму не цяжка вытрабаваць аўсвайс з усімі патрэбнымі пячацямі і дазволамі. Але штосьці як бы замінае. Што — ён не разбярэ пакуль сам. Бацька хутчэй за ўсё ведае, хто ён цяпер, бо знаёмыя людзі з таго горада былі тут, відаць, расказалі пра яго службу. Не азваўся стары ні словам.

За дашчанай перагародкай нячутна дыша жонка. Меншы хлопчык спіць з ёй, а старэйшы, якому мінула дванаццаць гадоў, падаслаўшы пад сябе ватоўку,— на падлозе ля грубкі. Вось так жыве пан намеснік бургамістра, другая ў раёне асоба. Немцы ніколі не пераступалі парог гэтай нявіднай, не лепшай, чым у якога-небудзь стрэлачніка, кватэры. Ён іх да сябе не запрашае. Ніколі ён не быў сквапны, не думаў пра багацце, раскошу, не імкнуўся да салодкага жыцця. Але ўсё адно дастукаўся. Трапіў у сіло, адкуль на гэты раз, бадай, не выберашся.

Калі Лубан думае пра сваё цяперашняе становішча, то ў памяці міжволі ўстае маладосць, гразкая, непрывабная вуліца прадмесця, на якой стаяла іх касабокая хаціна, не горшая і не лепшая за астатнія. Бацька, які выдае сябе цяпер за святога, такім на самай справе не быў. Заліваў стары за каўнер ніштавата. Так заліваў, што з машыніста кур’ерскіх цягнікоў перасадзілі на манеўровы, затым на гэтым жа ціхаходзе ездзіў качагарам, а кончыў так, што, дацягваючы да пенсіі, вартаваў чыгуначную лазню. Ды ці адзін бацька.

Іх Другая Шанхайская, як называлі вуліцу тубыльцы прадмесця, у дні палучак паказвала, бадай, найвышэйшы клас п’янага, шалёнага разгулу. Звычайна змардаваныя жанкі найбольш славутых п’яніц займалі з раніцы чаргу ля акенца касы, каб перахапіць заработак сваіх бяспутных гаспадароў, але тыя ўсё адно вырывалі чырвонец ці два, каб заліць горла, даць выйсце цёмнай, непадуладнай розуму сіле, што спакваля збіралася на дне душы. У тых чэргах не раз стаяла Лубанава нябожчыца маці.

З-за бацькі ці не з-за бацькі, але сам ён рана пайшоў па крывой дарожцы. Меў за плячамі васемнаццаць гадоў, але паспеў, ды і то з грахом папалам, скончыць толькі пачатковую школу. Зрэшты, нармальнай вучобе пашкодзіла ліхалецце акупацый, пераваротаў, якіх на яго маладосць хапіла. Першымі, калі рушыўся Заходні фронт, прыйшлі немцы. Ён добра памятае вастраверхія, з драпежнымі арламі каскі, шырокія зады, адкормленыя чырвоныя морды кайзераўскіх салдат. Тады, пры немцах, на іх Другой Шанхайскай як бы сама сабой узнікла шайка-лейка з юнакоў, падлеткаў, якую, мабыць, накіроўвала чыясьці вопытная, сталая рука. Кралі ў немцаў, што траплялася. Аднойчы асенняй ноччу загналі ў тупік вагон, а адкрыўшы запламбіраваныя дзверы, самі жахнуліся з таго, што ўбачылі. Вагон напалавіну быў запоўнены скрынкамі, даверху напакаванымі жалезнымі крыжамі, медалямі, рознымі рэгаліямі. Магла кепска кончыцца для Другой Шанхайскай начная прыгода, але там, у Германіі, пачалася рэвалюцыя, і немцы паспешліва навастрылі лыжы дадому.

Быў яшчэ чырвоны камандзір Стракапытаў — у мінулым царскі афіцэр, які раптам, схамянуўшыся, наважыў зноў перафарбавацца ў белы колер. Стракапытаўцы стралялі, вешалі мясцовых кіраўнікоў, з якімі нядаўна стаялі на трыбунах. Шарага Стракапытаву паспела нашкодзіць мала — мала ён патрымаўся. Але і яму падстроілі штуку, значэнне якой мела хутчэй палітычны, чым крымінальны характар. На Другой Шанхайскай заўсёды было многа галодных вандроўных сабак, і вось гэтыя сабакі раптам пачалі гойсаць па горадзе, носячы замест ашыйнікаў банты — пад колер былых царскіх сцягоў.

Мутная рэчка цякла, пятляла далей, калі сціхлі гарматныя выбухі і таропкі, адчайны пошчак кулямётаў. Быў нэп, на цэнтральных вуліцах горада адчынілася процьма рэстаранаў, рэстаранчыкаў і ўвогуле вясёлых устаноў, якія пачыналі сваю чыннасць пераважна вечарам. Ён, Лубан, тады толькі пачынаў убірацца ў маладую сілу. Няўрымслівыя смуглявыя хлопцы з Другой Шанхайскай фарсілі ў клёшных штанах, не любілі саўбураў і сваю непрыхільнасць да іх выказвалі ў брудных песеньках, што нязменна суправаджаліся гітарным перазвонам.

Вырваў іх трох з шайкі-лейкі Саша Грыгоніс, мясцовы латыш, разумнейшая на ўсё чыгуначнае прадмесце галава. Яму было на той час гадоў дваццаць пяць, а ўжо ўзначальваў паравозную брыгаду, у Кіеў, Макееўку, да самай заходняй граніцы вадзіў цяжкія, гружаныя лесам эшалоны. Школа памочнікаў машыністаў, куды сілком зацягнуў трох сяброў-прыяцеляў Саша Грыгоніс, была пачаткам яго, Лубанавага, узлёту. Ён добра вучыўся і, нібы азірнуўшыся на марна растрачаныя гады, усю душу аддаваў заняткам, паравозу, кнізе, якая нечакана адкрыла для яго новы прывабны свет. Ён любіў тэхніку, забыўшы на ўсё, мог днямі, начамі праседжваць над схемамі, разгадваць іх сэнс, да самага складанага даходзіць уласным розумам.

Ён ездзіў памочнікам машыніста, затым, як і бацька, машыністам, быў ужо жанаты, калі надарылася магчымасць вучыцца ў філіяле тэхнікума, і ён нават з нейкім захапленнем, адрываючы час ад сну, адпачынку, закончыў тэхнікум, адразу паступіўшы на завочнае аддзяленне чыгуначнага інстытута. То быў час, калі чыгунка адмаўлялася ад старасветчыны, мяняла твар, воблік, дамагаючыся тэхнічнага прагрэсу ва ўсіх галінах сваёй гаспадаркі. З паравоза ён злез тады, калі нават невялікія палявыя станцыі пераходзілі на аўтаблакіроўку, аўтаматычную сцэпку вагонаў, калі паявіліся першыя цеплавозы і электравозы. Новае ўсюды перамагала.

Ён і займаўся гэтым новым — укараняў аўтаблакіроўку,— па тыднях не бываў дома, адчуваючы, што жыве недарэмна, прыносіць карысць. Ён ведаў, любіў сваю работу. З кожным годам яго прасоўвалі і павышалі па службе.

Саша Грыгоніс да таго часу быў ужо намеснікам начальніка дэпо. Нягледзячы на высокае становішча, дружбы з падначаленымі, якіх выцягнуў з ямы, не губляў, чынамі не выхваляўся. Іншы раз у нядзельны дзень яны збіраліся ўсе разам, ехалі на дрызіне за горад і, пакінуўшы машыну на якой-небудзь станцыі, кіравалі ў лес, раскладвалі вогнішча, успаміналі мінулае.

Грыгоніса арыштавалі першага. Увогуле незразумелае стала тварыцца на станцыі. Чыгуначнікі на вайне патрэбны народ, без іх не можа абысціся ніякая ўлада. Падчас грамадзянскай вайны горад пераходзіў з рук у рукі, таму ўсе, хто болей-меней быў звязаны са службай руху, працавалі пад прымусам ці за кавалак хлеба. Цяпер ім тое даўняе ўспомнілі.

Ён, Лубан, як заўсёды, быў гарачы, няўрымслівы, таму пасля арышту Грыгоніса страціў галаву. Настрою не таіў, язык за зубамі трымаць не ўмеў. Надрапалі пісулю і на яго. Напісаў яе ў кампаніі з другім прайдзісветам Мішка Сыч, інжынерык слабенькі, бездапаможны, якому б калі і даверыць якую справу, то толькі стаяць у дзвярах, правяраць перонныя білеты.

Лухты ў заяве Міша нагарадзіў несусветнай. Тым не меней следчы паставіўся да напісанага з поўным сур’ёзам. Выпытваючы наконт сувязей Лубана з немцамі, стракапытаўцамі, прыплятаючы Грыгоніса, адважыўся замахнуцца. Але ў адказ схапіў як мае быць. Бразнуўся на падлогу, і яго адлівалі вадой. Справу вёў другі следчы, вёў доўга, нудна, але прымяняць фізічныя меры не асмеліўся. Да суда не дайшло. Лубана выпусцілі.

Лубан не спіць. Гэта не першая ноч, калі ўладным чорным крылом яго ахінае бяссонніца. Перабіраючы па малюткай дробязі сваё жыццё, ён стараецца знайсці той паварот, перакос, з якога пачаў завязвацца цяперашні чортаў вузел. Вінаваціць аднаго сябе. Быў залішне ганарысты, гарачы, глядзець у корань не ўмеў.

Лубан цяпер апраўдвае мінулае. Колькі павылазіла з розных шчылін швалі, што згінаецца, дагаджае, прыслужвае фашыстам. Усіх гэтых паліцэйскіх, старастаў, нямецкіх памагатых у свой час проста не раскусілі, не прыдавілі, як гнід. А варта было б.

Пры той чыстцы, якая ішла, думае Лубан, траплялі пад колы і нявінныя людзі, такія, як Грыгоніс. Нічога не папішаш. Калі сякуць лес, ляцяць трэскі. Віна яго ў тым, што не разгадаў часу. Трэба было не зацінацца ў злосці, не думаць пра зняважаны гонар, а памагаць адпаведным органам расшукваць сапраўдных ворагаў. І не адзін ён мусіў гэта рабіць, а ўсе. Тады б трапілі куды трэба не сумленныя людзі, а такія, як Мішка Сыч, як уся збынь, што тады, у трыццаць сёмым, падняла галаву.

Сярэдзіны Лубан не ведае, чалавечую слабасць у разлік не бярэ. Так было заўсёды, так і цяпер. На сваіх сяброў па няшчасцю, з якімі звязаны адной вяровачкай, глядзіць, як на смецце, адкіды, як на мізэрных, нікчэмных людзей. Іншая справа, што без іх не выблытаешся. Ды калі рушыць у лес уся каманда, аўтарытэт нямецкай улады тут, у мястэчку, пляснецца. Хоць які там аўтарытэт!..

На тое, што сам расстраляў пераапранутага акружэнца, Лубан глядзіць без вялікіх дакораў сумлення. Чалавек у парванай ватоўцы, якога ён напаткаў у Росіцы, быў палахлівы слізняк. Лепятаў, што з раскулачаных, што сядзеў пры бальшавіках у турме, тыцкаў пад нос даведку.

Лубанава натура бунтуе, пратэстуе пры думцы, што ён прадаўся немцам. Нікому ён не прадаваўся. Ён збіўся з дарогі. Зрабіў памылку. Крывавую. На вайне ўсе памылкі крывавыя. Тыя, што пайшлі за немцамі, з першага дня дбаюць пра ўласнасць, дабрабыт, цягнуць, што трапляе пад руку. Як ляснічы Лагута, Князеў, загадчык млыноў Фядосік, як амаль усе нямецкія прыхвасні, якіх ён, Лубан, ведае як аблупленых. Ім да душы лад, парадак, заснаваны на ўласнасці, грашах, хабарах. Ён супраць такога парадку.

Асобна Лубан выдзяляе бургамістра Крамера. Гэта поп. Хоча, каб усім было добра. Прымірыць хоча ваўка і авечку. Але вайна ёсць вайна. Нават у мірным жыцці ішла бойка, і тыя, хто гэтага не разумеў, цяпер пакутуюць. Як ён сам...

 

ІІІ

Лубан пачаў засынаць, калі ў калідорчыку пачуліся асцярожныя крокі. Рыпнулі дзверы. Прыйшла з вечарынкі старэйшая дачка Валя. Сон як рукой зняло. Шаснаццаць гадоў дзяўчыне, а вандруе ноч у ноч. Расце, як без бацькі. Можа, які-небудзь паліцай падбівае клінне? Меціць да намесніка бургамістра ў зяці? Дудкі, брат, не вельмі пагрэешся! Сям’я дзержыцца на жонцы. І на карове. Нават немцы-начальнікі ведаюць, што намеснік бургамістра п’е. Глядзяць скрозь пальцы. Ім абы сядзеў на пасадзе. Далей — хоць трава не расці. Можаш браць хабары, заводзіць каханак. Прафсаюз, як некалі, не ўмяшаецца. Немцы думаюць, што ён жыве як хоча. А ён ніяк не жыве. І не гаспадар у сям’і. Не да парасят, калі смаляць свінню.

Дачка ціха распранулася, лягла. У куточку за грубкай ціха шкрабецца мыш. Шастае за вокнамі вецер, нудна бразгоча адарваным лістом бляхі. Лубан зноў дрэмле. На гэты раз будзіць яго пранізлівы тэлефонны званок. Ускаквае, хапае трубку. «Намеснік бургамістра Лубан слухае...» На тым канцы провада зацятае маўчанне. Чутна, як хтосьці дыхае, а слова прамовіць не адважваецца. Ці не хоча. Нарэшце паклаў трубку...

У душу закрадваецца трывога. Хто пазваніў і навошта? Званок хутчэй за ўсё для таго, каб дазнацца, ці дома гаспадар. Але каму ён патрэбен ноччу? Бліснула здагадка пра партызан, і нудна, холадна стала ў грудзях. Вось гэтак жа мінулай зімой уходалі намесніка начальніка паліцыі. Цяпер Гадун на яго месцы. Выклікалі па тэлефоне з кватэры і дзесьці за вуглом праламілі цаглінай чэрап. Труп толькі летам знайшлі, калі сталі чысціць калодзеж ля пажарнай. А то думалі — збег...

Лубан з апаскай пазірае ў акно. Відаць заснежаны двор, дашчаны хляўчук. Здаецца, ля сцяны хлеўчука мільгануў цёмны цень. Ён ужо чакаў, што гэты цень раптам адарвецца ад сцяны, падбяжыць да акна і шыбане ў пакой гранату. Але ўсё ціха. І няма ніякага ценю. Проста шастае галінамі на ветры груша, якая расце пад акном. Ад гэтага мільгаціць у вачах.

Лубан супакойваецца. Тэпаючы босымі нагамі па падлозе, падыходзіць да вешалкі, вымае з кішэні паддзёўкі наган-самаўзвод. Круціць барабан — усе сем патронаў на месцы. Апранаецца, нацягвае боты, як бы прадчуваючы, што начны тэлефонны званок будзе мець працяг. І не памыляецца. Праз некалькі хвілін на ганку хтосьці тупае, а затым чуецца адчайны грук у дзверы.

Лубан асцярожна, не бразнуўшы нават клямкай, прабіраецца ў халодныя сенечкі. Замірае ў кутку ля дзвярэй. Калі будуць страляць праз дзверы, то трасцы пацэляць. Наган ён трымае напагатове. Падаўляючы дрыжыкі, абыякава пытае:

— Хто там?

— Адчыні, Дзімітравіч, свае,— чуецца голас Адамчука, дарожнага майстра.

Адамчук стаіць у сенечках, у пакой не ідзе. Яго трасе як у ліхаманцы. Голас зрываецца, нават чуваць, як ляскаюць у небаракі зубы, як часта, перарывіста ён дыхае.

— Бяда, Дзімітравіч. Прапалі мы. Цераз дурноту прапалі. Лысака ўзялі, а ён сыпле ўсіх...

— Якога Лысака? Што ты пляцеш?

— Ды саставіцеля. Таго, што на работу не йшоў. Гадун з ім тары-бары разводзіў. Пра партызан і пра ўсё такое. А той ляпнуў некаму здуру. Цяпер сядзіць. Ноччу сцапалі.

Дзіўна, але Лубан, пачуўшы пра саставіцеля, з якім таксама сустракаўся, кепска гаварыў пра немцаў, не спалохаўся. Нават адчуў задавальненне: чортаў вузел нарэшце рассячэцца.

— Дык што будзем рабіць?

— Трэба ўцякаць. Да раніцы ўсіх пахапаць могуць. Мне не даруюць. Скажуць, у партызанах быў, а цяпер зноў за старое ўзяўся.

— Цябе і партызаны па шапцы не пагладзяць. Як-ніяк служыў немцам верай і праўдай.

— Дык што ж рабіць, Дзімітравіч?

— Заходзь у хату. Нешта прыдумаем.

Лубан адчувае сябе на ўзлёце. Час яго наступіў. Яму ўвогуле падабаюцца вострыя, крытычныя становішчы, калі жыццё вісіць на валаску, калі за нейкі міг трэба прыняць важнае, адказнае рашэнне.

Святла ён не запальвае. Падыходзіць да сцяны, круціць ручку тэлефона. Доўга ніхто не адказвае. Нарэшце ў трубцы чуецца сонны голас тэлефаністкі.

— Барышня, кватэру намесніка начальніка паліцыі Гадуна.

Гадун, відаць, не спіць, азываецца адразу.

— Гадун, запрагай коней. Два вазкі. Едзем на паляванне. У прудкоўскага старасты вяселле. Пагуляем. Вазьмі ўсё, што трэба. Заедзь за Альшэўскім, Тоўсцікам, і каб праз гадзіну быў у мяне.

Адамчук стаіць у парозе, цяжка дыхае.

— Дзімітравіч, мы ж не ведаем, як партызаны нас прымуць. Раптам да сценкі паставяць? Немцы тым часам сем’і схопяць.

Выйсця сапраўды няма. Гэта адчуваюць абодва. Паўгода гаварылі пра партызанства, плялі смелыя, хітрыя планы, а як надышла адказная часіна, аказаліся ў пастцы.

— Немцы не павінны чапаць сем’і,— прыцішыўшы голас, адказвае Лубан.— Не забывай, хто мы такія. Ім выгадна паверыць, што партызаны схапілі нас сілком. Калі партызаны нас расстраляюць, сем’і тым болей застануцца цэлыя.

Занятыя размовай, яны не заўважаюць, як з бакоўкі выходзіць Лубанава жонка. Стаіць, як белая здань, слухае размову.

— Вазьмі Валю,— жорстка гаворыць яна.— Можа, хоць дзеўка жывая застанецца.

Лубан груба лаецца, садзіцца на канапу.

— Нікуды не паедзем. Няхай бяруць.

— Едзь,— гаворыць жонка.— Дайграўся. Ты ўсё жыццё думаў толькі пра сябе.

Адамчук замітусіўся.

— Варвара Аляксандраўна гаворыць праўду. Вазьму старэйшую дачку і я. Можа, ацалее. Праз паўгадзіначкі буду тут.

 

IV

Выбіраюцца з мястэчка праз пераезд паблізу казармы майстра Адамчука. Паліцэйскай аховы тут няма. Ды, зрэшты, гэта і не пераезд, а хутчэй пераход — насланая дошкамі на пуцях вузкая паласа для прагону скаціны. Ціхая, стоеная ляжыць ноч. На станцыі сям-там пабліскваюць жаўтаватымі аганькамі стрэлкі. На полі, за пераездам, за апошнімі станцыйнымі і местачковымі будынкамі мігціць у шэрані ночы чырвонае вока семафора.

Едуць моўчкі. У гэтым месцы паміж пуцямі і ўсходнім канцом Вакзальнай вуліцы даволі шырокі, голы прасцяг аснежанай лугавіны. Узбоч дарогі чарнеюць старыя, пакрыўленыя вербалозіны. У іх цёмных галінах, суках ледзь чутна пасвіствае вецер.

Гэтак жа маўкліва едуць па шляху, які, калі кіраваць прама, вядзе ў сяло Палыкавічы, а калі павярнуць налева — у саўгасны пасёлак Росіцу. Шлях зноў падступае тут да чыгункі, а на ёй патрулі-немцы і мадзьяры. Калі патрулі зацікавяцца начнымі падарожнікамі, могуць запыніць.

Уздыхаюць з палёгкай толькі тады, калі зварочваюць на росіцкую дарогу.

На першым вазку Лубан, яго дачка Валя, Адамчук з дачкой. Астатнія — намеснік начальніка паліцыі Гадун, Тоўсцік і Альшэўскі, едуць апошнімі.

Дарога з двух бакоў атулена цёмнымі лозамі. Заўважыўшы ў зарасніку прагал, куды вядзе санны след, Лубан торгае лейцамі, збочвае. Мінуўшы кустоўе, вазкі спыняюцца на балоце. Лубан, размінаючы анямелыя ногі, саскоквае на дол, дрыжачымі пальцамі горне цыгарку. Падыходзяць мужчыны.

— Куды пакіруем, Сяргей Дзімітравіч? — пытае Тоўсцік.— Як на мой розум, то цераз саўгас не варта. Хто-небудзь ды ўбачыць.

— А куды лепей?

— Балотцам на Падляшскі хутар. Вартаўнік Базылюк знаёмы. Прыхаваем коней, агледзімся. Пешаму лягчэй, чым коннаму. Не думаю, што Базылюк сядзіць на хутары проста так. Калі што-якое, можна ад варот паварот.

Да Лубана нарэшце даходзіць, што Тоўсцік віляе. Дапускае магчымасць звароту іх, уцекачоў, у мястэчка. Ён імгненна загараецца гневам, але стрымлівае сябе, насмешліва пытае:

— Доўга ты думаеш сядзець у Базылюка?

— Колькі прыйдзецца. Ён якраз той чалавек, які можа памагчы. Чуе мая душа — сувязь з ляснымі хлопцамі мае. Можна вудачку закінуць, памацаць. Тым часам паглядзім, што закруцяць немцы.

— Калі не прыйдуць браць на цугундар, то можна назад?

— А што, галаву ў пятлю садзіць?

Адамчук, які моўчкі слухае гаворку, пачынае нервавацца:

— Хлопцы, болей аднаго дня нельга. Я кажу пра хаванне. Не жартачкі, пяць чалавек ноччу выехала. Немцы адразу ўведаюць. Падазрэнне ўсё адно будзе.

Запрэжаны ў задні вазок конь раптам храпе, самахоць ірве — да кустоў. Кінуўшыся да каня, Лубан хапае яго за вуздэчку.

Мужчыны мітусяцца. Калі супакойваюцца, то ў тым баку, дзе ляжыць Палыкавіцкі шлях, заўважаюць ледзь прыкметнае мігценне зеленаватых аганькоў. Як бы хто нябачны запальвае запалкі і адразу ж тушыць.

— Ваўкі! — Тоўсцік нервова рагатнуў.— У мястэчка рвуцца, хочуць заняць нашы месцы.

Лубан тым часам прыкмячае, што, апроч ахапка сена, на заднім вазку нічога няма.

— Вінтоўкі дзе? — ён ледзь не крычыць.

Гадун падыходзіць, вышморгвае з-пад палазоў лейцы.

— Якія там вінтоўкі, Дзімітравіч? Калі ты пазваніў, я ледзь з хаты выскачыў. Жонка валасы на сабе рве, дзеці плачуць. Ды ты не гаварыў пра вінтоўкі. Сказаў — у старасты вяселле.

— Ты дурны, зразумець не мог?

— Мабыць, дурны. Ты хоць дачку прыхапіў, а я сваіх усіх пакінуў.

Болей гаварыць няма пра што. Цяпер і Лубан разумее, што, акрамя як да Базылюка, другой дарогі няма. Таропка зацягваючыся цыгаркай, пытае:

— Вінтоўкі тыя хоць ёсць? Можа, проста казка пра белага бычка?

— Ёсць, Дзімітравіч, не сумнявайся. Тры ручных кулямёты, дванаццаць карабінаў. На цэлы ўзвод. Нездарма ішоў на рызыку.

— Дзе схаваны?

— У мылаварні.

— Там, дзе людзей расстрэльваюць?

— Там. Лепшага месца не прыдумаеш. Немцы там шукаць не будуць.

Падляшскі хутар вёрст за пяць ад саўгаснага пасёлка. Тры ці чатыры пачарнелыя на вятрах хаты, некалькі доўгіх хлявоў з праваленымі саламянымі стрэхамі. За хлявамі — разложыстыя скірды сена. У саракавым годзе, калі начыста сцягвалі хутары, далучаючы іх да вёсак, гэты ацалеў, бо тут размяшчаліся саўгасныя кашары.

Базылюк, пра якога гаварыў Тоўсцік як пра добрага знаёмага, сапраўды жыве на Падляшыне. Да вайны быў відным чалавекам, загадваў рознымі ўстановамі, а з прыходам немцаў перабраўся сюды, у лясную глуш. Відаць, не хоча пэцкаць рук нямецкай службай. Праўда, службу ён мае і на Падляшыне. Загадвае летнімі адгонамі-выпасамі, што належаць дзяржаўнаму маёнтку Росіца, як называюць саўгас немцы.

На досвітку ў шыбіну хаты, дзе адзін, без сям’і, пражывае Базылюк, моцна пастукалі. Ён спіць не распранаючыся, таму, уссунуўшы на ногі разлезлыя валёнкі, накінуўшы на плечы кажух, адразу выходзіць на двор. На вуліцы бачыць два запрэжаныя вазкі, у двары, каля ганка, постаці пяцярых нямецкіх начальнікаў. Страху Базылюк не адчувае, бо штосьці ў выглядзе местачковых знаёмых падказвае яму, што пахне тут не службай.

Тоўсцік — да вайны разам працавалі на прамкамбінаце — бярэ Базылюка пад руку, адводзіць убок.

— Прашу цябе, Пятро, імем нашай дружбы. Схавай нас куды-небудзь. Дзяўчат, калі можна, асобна. Няхай паспяць. Адна — дачка Лубана, другая — Адамчука.

Базылюк разумее мігам. Ублытвацца ў небяспечную справу не хоча, але выйсця няма. Дзяўчат, якія нясмела пераступаюць з нагі на нагу, адразу запрашае ў хату. З дапамогай Тоўсціка коней заводзяць на двор, распрагаюць, вазкі заганяюць пад паветку.

На ўсходзе ледзь-ледзь пачынае барвавець, калі мужчыны кіруюць у прыгорбленую хатку-каравулку, што стаіць за хлявамі. Вартаўніком, што мусіць жыць у хатцы, пільнаваць сена, якое належыць маёнтку Росіца, з'яўляецца сам Базылюк. Такую пасаду на зімовыя месяцы наканавалі яму нямецкія гаспадарнікі.

Базылюк прыводзіць гасцей у каравулку, запальвае святло, завешвае акенца посцілкай. Знутры хатка мае нават утульны выгляд. Засланы дзяружкай палок, печ, на якой можна пагрэцца. Звечара печ прапалілі, і ў хатцы цёпла. Базылюк кідаецца за дзверы і ў хуткім часе варочаецца, несучы пад пахай бохан хлеба, а ў руках загорнуты ў ручнік крышан сала, вялікую бутэльку самагонкі. Гліняная міска, кружкі, шклянкі, нож, нават відэльцы ў каравулцы ёсць. Відаць, Базылюк сагравае сяды-тады адзінокія дні самагонкай.

Садзяцца за стол, з ходу выпіваюць па шклянцы.

— Вось што, Пятро,— пачынае Тоўсцік.— Тут усе свае, не бойся. З немцамі мы парвалі. Скажы, можаш звясці нас з партызанамі?

Базылюк глядзіць на Лубана. Тут, на Падляшскім хутары, ён, Базылюк, даўно, з таго дня, як у мястэчка прыйшлі немцы. Ён добра памятае, што іменна ў Росіцы восенню сорак першага года Лубан, прызначаны намеснікам бургамістра, застрэліў пераапранутага чырвонаармейца. Цяпер хоча ў партызаны. У Росіцы забіў чалавека і ў гэтым самым месцы шукае паратунку. Вось як яно бывае.

— Не магу,— адказвае Базылюк.

— Баішся? — пытае Тоўсцік.

— Мяне і так па галоўцы не пагладзяць. Думаеце, не ўведаюць, што вы ў мяне гасцявалі?

Тоўсцік хмурыцца.

— Дык што — не маеш з хлопцамі хаўрусу? Не сышліся характарамі? З кім жа ты тады, Базылюк?

— Сам па сабе.

— Сам па сабе не пражывеш. Трэба прыбівацца да якога-небудзь берага.

Быў некалі Базылюк відны мужчына. З гонарам насіў сваё буйнае цела, смеючыся, разяўляў шырокі рот з цэлым пакладам залатых пярэдніх зубоў. Любіў жанчын, і яны яго любілі. А цяпер здаў. Шчокі на шырокім твары абвіслі, цела аб’ехала, вочы пабляклі.

— Мы ўсе нарабілі глупства,— гаворыць Базылюк, наліваючы па новай шклянцы.— Вы кінуліся да немцаў, я зашыўся ў дзірку. Але пра мяне гаворкі няма. Нядобра чуюся, хлопцы. Есць мяне нешта знутры. Не жылец, мабыць, я, таму не ваяка. Яшчэ перад вайной сяды-тады пракідалася слабасць, а цяпер саўсім занямог. Але, скажу вам, ваша палажэнне тожа не завіднае. Партызаны могуць не прыняць.

— Што ты ведаеш пра партызан? — выгуквае Тоўсцік.

— Мала. Яны, мабыць, далёка, за Пціччу. Асноўныя сілы. Тут аціраюцца групкі. Можа, у іх проста раскол. Сказаць не магу, даўно нікога не бачыў. Дабрацца сюды трудна. Ведаеце самі — у Мохаве гарнізон.

Лубан, які маўчаў, курыў, раптам устрапянуўся.

— Колькі паліцэйскіх у Мохаве?

— Чалавек пятнаццаць,— адказвае Гадун.

Лубан, ні з кім не чокаючыся, залпам выпівае сваю шклянку. Гаворыць хрыпла, ні на каго не гледзячы:

— Вось што, дарагія арлы, калі рашацца, то рашацца. Сядзець тут, выгадваць, вынюхваць нечага. Кончыцца тым, што прыедуць жандары і павядуць, як бычкоў на шворцы. Хто-небудзь ды бачыў, куды мы навастрылі лыжы. Трэба зараз жа ехаць у Мохаў. У мяне наган, у Гадуна — аўтамат. На тое войска хопіць...

— Пастраляюць нас,— ляпеча пабялелымі губамі Адамчук.

Твар у Лубана імгненна наліваецца крывёю. Ён грукае сціснутым кулаком па стале так, што скачуць шклянкі і з іх на брудны, заплямлены настольнік выліваецца гарэлка.

— Дык бяжы назад, сволач! Ліжы немцам с...! Пакайся, можа, яшчэ раз даруюць. Можаце ўсе адпраўляцца к чортавай матары!.. Не трэба вы мне! Ваякі задрыпаныя!.. Пайду адзін. Хай партызаны страляюць, вешаюць, але немцам я болей не слуга!..

Пасля нядоўгага маўчання азываецца Тоўсцік:

— Не трэба так, Сяргей Дзімітравіч. Не зневажай нас, бо мы можам тожа раззлавацца. Камандзірам мы цябе пакуль не выбіралі, і рашаць, што нам рабіць, будзем разам. Адамчук праўду кажа — зброі малавата.

Лубан ускіпае зноў:

— Дык няхай яе зусім не будзе! Няўжо ты не можаш уцяміць? У Мохаве пра нас ніхто нічога не ведае. Зробім, што захочам, голымі рукамі. А вечарам будзе позна. Нават кулямёты не памогуць!..

— Трэба ехаць,— падхоплівае Гадун.— Зараз жа, Сяргей Дзімітравіч гаворыць праўду.

Выпіваюць астатнюю гарэлку, похапкам закусваюць. Устаўшы з-за стала, Лубан кладзе Базылюку руку на плячо:

— Які сёння дзень?

— Нядзеля.

— У цябе ламачына якая-небудзь ёсць?

— Прыхаваў жалязяку.

— Аддай Адамчуку. Калі ты хворы, то табе ў такія дзялы совацца не трэба. Беражы дзяўчат. Галавой адказваеш. Пра нас пакуль нікому ні слова. Дні праз два падскочым. Зразумеў?

Базылюк падхопліваецца, згодна ківае галавою.

 

V

Нізкія, прыземістыя хаткі вёскі Мохаў разбрыліся на аснежаным прасцягу, як статак авечак. Можа, раслі тут калі-небудзь дубы, сосны, але цяпер стаяць наўкруг толькі голыя, з налётам першай перадвясенняй сінечы алешыны ды ніцыя лозы. Сыплецца дробны сняжок, нізка навісае хмурае шэрае неба.

У тым месцы, дзе пяць ці шэсць хатак збегліся разам, дарогу ўцекачам перагараджаюць двое паліцэйскіх у чорных дублёных паўкажушках, з вінтоўкамі за плячамі. Вазкі імчаць з боку мястэчка, таму ніякіх мер перасцярогі ахоўнікі не прадпрымаюць.

— Вяселле ў нас, гаспадзін Лубан,— пазнаўшы намесніка бургамістра, радасна паведамляе чарнявы, са шчарбінай у верхнім радзе зубоў паліцайчык.— Вайцяхоўскі тожа на вяселлі.

З хаты па левы бок дарогі сапраўды нясуцца вясёлыя галасы. Вароты двара расчынены, у двары да нізкага шчыкетніка прывязаны асядланы конь.

Гасцей заўважаюць, бо гамана ў хаце прыціхае. На ганак, у накінутым наапашкі такім жа, як і ў паліцэйскага, кажушку, толькі лепей дагледжаным, абшытым па нізе, бартах белай аўчынай, выскаквае высокі франтаваты хлопец. На хвіліну агледзеўшыся, пераканаўшыся, што перад ім высокае начальства, подбегам кідаецца на вуліцу. З начальнікам мясцовай паліцыі размаўляе Гадун. Ссунуўшы бялесыя бровы, пазіраючы ў зямлю, пытае:

— Што ў вас робіцца, Вайцяхоўскі?

— Трохі непарадак, гаспадзін начальнік.— Прозвішча Гадуна Вайцяхоўскі забыў ці не ведае.— Якраз вяселле ў маёй сястры. Прашу дарагіх гасцей зайсці.

— Пасты выстаўлены?

— Чатыры. Двое вот етых,— Вайцяхоўскі паказвае на паліцаяў,— і яшчэ два ля школы. Астатнія са мной.

— Збяры ўсіх у казарму. Хутка, на адной назе.

Начальнікі селі ў вазкі, паехалі.

Паліцэйская казарма ў школе. Школьны будынак новы, з гладка ачэсаных сасновых бярвенняў. Стаіць трохі наводшыбе. За школай наўсцяж, аж да сіняватай грады далёкага лесу, шэрая шчэць балотных хмызоў. У бок гэтых хмызоў звернуты амбразуры драўлянага, напаўзасыпанага зямлёй бункера, у якім дзяжураць двое вартавых. Праўдзівей, дзяжурыць адзін, другі пахаджвае каля школы, ушчапіўшы на плячо вінтоўку.

Тут жа, побач з будынкам, горка вынесеных з памяшкання школьных партаў.

З паліцэйскімі раённыя начальнікі толькі павіталіся і адразу рушылі ў казарму. Сцены тут знутры нават не атынкаваныя, пабудавалі школу, відаць, перад самай вайной. Удоўж па калідоры — чатыры пакоі. У першым — каравулка, у ёй нікога няма. У козлах — некалькі вінтовак, лавы, стол, нары — узбоч сцяны. Наступны клас заняты пад кабінет начальніка, два астатнія — пустуюць. З апошняга нават не вынесены парты.

Уцекачы, якія дагэтуль няслі на тварах выраз маўклівай зацятасці, зайшоўшы ў школу, ацаніўшы становішча, імгненна між сабой дамаўляюцца. Сабраць паліцэйскіх у апошнім пакоі. Расставіць пасты.

Лубан заскаквае ў каравулку. Азірнуўшыся на вокны, адну за другой хапае вінтоўкі, клацаючы затворамі, выкідвае похапкам з магазінаў патроны, сыпле ў кішэню.

Хутка да казармы бязладным гуртам падыходзяць паліцэйскія. Вайцяхоўскі едзе на кані. Гадун астаецца ў каравулцы, Альшэўскі — на ганку, Лубан і астатнія ідуць у пакой, дзе стаяць школьныя парты. Яшчэ праз некалькі хвілін паліцэйскія заходзяць у клас, падгінаючы ногі, рассаджваюцца на нізенькіх партах. Вайцяхоўскі, начальнік, садзіцца на табурэтку ля акна.

Сярод чатырнаццаці паліцэйскіх, якія сабраліся ў пакоі, людзей сталых, пажылых меней палавіны. Пераважае зялёная моладзь. Хлопцы гадоў па дзевятнаццаць, па дваццаць.

Вайцяхоўскі таксама малады. Прадаўгаваты чарнявы твар, шчыльна сцятыя тонкія губы. Глядзіць на раённых начальнікаў як бы з выразам стоенай трывогі.

Лубан, які стаіць, прыхінуўшыся да сцяны, падыходзіць да стала. Абводзіць позіркам прыціхлых паліцэйскіх. Гаворыць глуха, апусціўшы вочы:

— Таварышы, трэба канчаць нямецкую службу. Выкупляць віну. Мы цяпер партызаны. З намі намеснік начальніка раённай паліцыі Гадун. Бярыце прымер з яго. Можаце падумаць, ніхто не няволіць. Але ў каго ёсць наган ці якая зброя, прашу палажыць на стол...

Мёртвая цішыня. Твары імгненна палатнеюць, мярцвеюць. Як бы хто прыкаваў паліцэйскіх да нізенькіх школьных партаў.

У гэтую хвіліну ў праёме дзвярэй узнікае постаць Гадуна з настаўленым аўтаматам. Ён дае чаргу паверх галоў, у столь. У класе — воблака дыму. Вайцяхоўскі падхопліваецца, ускочыўшы на падаконнік, усім целам б’е ў раму. Звініць шкло. Лубан, сігануўшы да акна, аберуч хапае начальніка паліцыі за ногі, сцягвае на падлогу. Хапіўшы за каўнер, прыстаўляе да сценкі. Затым — поўная для ўсіх нечаканасць — сячэ паліцая фінкай у шыю, у грудзі. Звар’яцеў Лубан. Пра такое не дамаўляліся...

Астатніх паліцэйскіх выпускаюць.

 

VI

Пра тое, што Лявонці Гвозд — паліцэйскі шпік, многія здагадваюцца, пры сустрэчы — лішняга не гавораць, ліслівяць, нутром адчуваючы, што нават благі чалавек да пахвалы ахвочы.

Лявонці Гвозд трапіў у мястэчка тады, калі ў ім адкрылася лясная школа. Гэта фактычна быў першы на ўсё лясное наваколле тэхнікум, і маладыя хлопцы, якія паканчалі школы першай ступені, рынуліся сюды на вучобу.

Гвозд прыехаў з асаблівымі паперамі, і яго прынялі без іспытаў. Ён прывёз накіраванне Мазырскага прыюта, у якім было напісана, што яго бацька і маці загінулі ад рук бандытаў. Тады, у трыццатым годзе, Лявонцію Гвазду было семнаццаць гадоў.

Далей здарылася незразумелае. Малады, прыгожы прафтэхшколец, на якого заглядаліся дзяўчаты, да вучобы аказаўся зусім не здатны. Хімію, біялогію, фізіку, матэматыку ў тэхнікуме выкладалі ў пашыраным аб’ёме, а Гвозд з гэтых навук амаль нічога не ведаў. На першым годзе навучання з яго няцямнасцю яшчэ сяк-так мірыліся. Нямала вясковых хлопцаў веды мелі ў адну столку, пасавалі перад хімічнымі, трыганаметрычнымі формуламі. Але ішоў час, яны пакрысе вырываліся наперад, а Гвозд як быў, так і заставаўся ў хвасце.

Пасля другога курса Гвазда са школы выключылі.

Але паўстала пытанне — куды яго дзець? Сям’і няма, у прыют не вернеш.

Яго пакінулі на пасадзе культурніка, нават каморку асобную выдзелілі — пад жытло. Цэлых пяць гадоў Гвозд выдаваў прафшкольцам сетку, валейбольны мяч, кнігі. І ніхто не ведаў пра тайную загану віднага, плячыстага хлопца: ён краў. Красці пачаў яшчэ ў прыюце — жаваў пад коўдрай, калі ўсе спалі, пайку хлеба, грыз тарана, ссаў цукар.

Па характары Гвозд ласкавы, ціхі. Можа, гэта ратавала яго ад праніклівага вока таварышаў па прыюце, якія ведаюць адзін пра другога ўсё. Ён быў, на іх думку, размазня. А што з размазні возьмеш?

Аднойчы ён усё-такі папаўся: украў на кухні кавалак масла, запіхнуў у кішэню. Дзяжурныя хлопцы хапіліся, прыціснулі да сценкі. Ён не прызнаваўся да таго часу, пакуль растопленае масла не пацякло па штанах. Тады ён заплакаў.

Тут, у мястэчку, Гвозд крадзе асцярожна. Маёмасці прафшколы нават пальцам не чапае. Два-тры разы на год сцягвае палотны, якія гаспадыні беляць па расе, бялізну, якую яны развешваюць на вяроўцы для прасушкі. Лявонці хавае набытак у надзейнае месца і, калі справа аціхае, перакладае яго ў вялікі абшарпаны куфар, вязе ў горад прадаваць. За грошы, якія заводзяцца ў кішэні, ён купляе шакаладныя цукеркі. Гвозд не п’е, курыць толькі для прыліку, а цукеркі — любіць.

Дзіўна — малады, прыгожы хлопец — з дзяўчатамі не знаецца. Можа, баіцца, што яны — істоты хіжыя — дакапаюцца да патаемнай яго чарвяточынкі.

Лясную школу перавялі ў горад. Каб інтэрнаты, аўдыторыі не пуставалі, у студэнцкім гарадку ўсталявалі новую школу, якая па-ранейшаму падпарадкоўвалася лясному ведамству, але выпускала ўжо не лесатэхнікаў, а шафёраў. Гвозд з палёгкай уздыхнуў. Ранейшыя выкладчыкі раз’ехаліся, яго цяпер мала хто ведаў.

Калі ў Бацькавічах арганізаваўся раён, Гвазда прызначылі начальнікам пашпартнага стала.

Ён вельмі хутка адчуў выгоду новай пасады. Тут ён быў на кані — зняважаны, прыніжаны ў гады маладосці. Выдаючы дакументы, ён стаў нават болей, чым вымагалі службовыя абавязкі, цікавіцца некаторымі фактамі з жыцця пэўных асоб. Гэта як бы прыбаўляла ўласнай сілы, годнасці. Трымаеш у руках паперку, а чалавек — слабенькі, голенькі — умяшчаецца на далоні.

Ён тады ажаніўся. Жонка трапілася ціхая, пакорлівая і любіла яго да самазабыцця.

Амаль напярэдадні вайны здарыўся канфуз. На чужым вяселлі Гвозд падгуляў і не стрымаўся: украў паліто ў механіка МТС. Механік аказаўся выжлятнікам, нюхам пачуў, чыя работа, назіркам паехаў за Гваздом у горад, у барахолцы хапіў за руку. Шум атрымаўся вялікі. Да суда не дайшло, але з пашпартным сталом прыйшлося развітацца.

Калі пачалася вайна, начальнік міліцыі Мацвееў некалькі разоў выклікаў Гвазда да сябе. Пранізваў яго шэрымі, трохі пукатымі вачамі, гаварыў злосна:

— Біяграфію ты сабе падпсаваў, але ёсць магчымасць рэабілітавацца. Не разумею, як ты дайшоў да крадзяжу? Бацькі загінулі ад рук класавага ворага, а ты красці? Безпрытульшчына адрыгнулася, так, Гвозд? Але немцы, па маіх звестках, за такіх, як ты, хапаюцца. Ёсць думка пакінуць цябе тут. Будзеш назіраць, чым хто дыша. Ты беспартыйны, відных пасад не займаў.

Начальніка, відаць, тачыла сумненне, бо раз за разам ён перапытваў:

— Дзіўна, ты нават у камсамоле не быў. Чаму не ўступаў?

Што мог Гвозд адказаць? У прафтэхшколе ніхто яго ў камсамол не запрашаў, потым было позна.

Яму ўсё-такі верылі. Зарукай гэтай веры была смерць бацькоў, што жылі на прыграніччы.

Калі Гвазду стала ясна, што ён астанецца ў мястэчку, будзе жыць з немцамі, ён здранцвеў душой. Днямі ляжаў на ложку бязвольны, расслаблены. Ён ведаў, што Мацвееў будзе ў лесе, а значыць, у нейкай бяспецы, а ён, Гвозд, навідавоку, адкрыты для ўсіх напасцяў, і ад гэтай думкі яго кідала ў адчай.

За тыдзень, перад тым як рушыць са знішчальным батальёнам у лес, Мацвееў даў Гвазду яўкі для сувязі з сабой. У ліку сувязнікоў — два леснікі, абходчык з чыгуначнай веткі на Хвойнае, у мястэчку — інжынер лесакультур Дзянісава.

Дадзеныя яму прозвішчы, інструкцыі Гвозд запамінаў абыякава. Ён ведаў, што ў мястэчку не астанецца. Пойдзе ў водступ, змяшаецца з людскім натоўпам і асядзе дзе-небудзь у чужой мясцовасці, дзе яго ніхто не ведае.

Ён так і зрабіў. Калі Мацвееў з мястэчка выскачыў, Гвозд пацалаваў прыціхлую, разгубленую жонку, якая ўжо хадзіла дзіцем, і рушыў да Дняпра.

У адыходзе ён пабыў больш месяца і зазнаў такога пекла, што думку — перасядзець ліхі час на старане — выдзьмула з галавы як ветрам. Вакол Кіева немцы самкнулі клешчы, Гвозд трапіў у кашу, вырабіўся з яе толькі таму, што меў цывільную вопратку і спраўныя дакументы.

Ён, можа, прыліп бы да якой-небудзь маладзіцы, але тады трэба было б гаспадарыць — араць, касіць,— а рабіць гэтага ён не любіў і не ўмеў.

У час блукання Гвазда ўсё часцей наведвала думка пра дзяцінства. Бацька яго ў грамадзянскую вайну быў у чырвоным войску, меў добрыя дакументы, але чамусьці асеў у чужой старане, прыстаўшы ў прымы да жанчыны, якая была намнога за яго старэй. Можа, яго прывабіў хутарок, уладальніцай якога з’яўлялася маці? Гвозд гэтага не ведае. Бацька з маці жыў кепска. Кожны дзень у хаце не спынялася сварка, лаянка.

Калі паблізу пралягла мяжа з панскай Польшчай, хутарок апынуўся ў паласе прыгранічча. Днём бацька шаптаўся з чырвонаармейцамі-пагранічнікамі, якія іншы раз завітвалі ў хату, ноччу з таго боку, з-за мяжы, прыходзілі іншыя людзі, і бацька з імі шаптаўся таксама. Пасля ён хаваў прынесеныя начнымі людзьмі скруткі шэрсці, сукна, скуранога тавару. Гвозд вынюхаў аднойчы патайную схованку — у пуні да наружнай сцяны бацька прыбудаваў унутраную.

Маці звалі Марыя-Тэрэза. Бацька іншы раз нават біў яе, успамінаючы нейкага фальваркоўца Нарбутовіча.

Бацьку і маці начныя прышэльцы зарэзалі нажамі. Пагранічнікі, можа б, адшукалі патайную схованку, але ў тую ж ноч хутарок згарэў дашчэнту. Відаць, замяталі сляды бандыты.

Каму служыў бацька? Яшчэ невядома, ці бальшавікам. А калі наадварот?

Чым бліжэй падыходзіў Гвозд да мястэчка, тым болей спакайнеў душой. Хто, што пра яго ведае? Што ён украў паліто? Дык гэта ж добра. Немцы, мабыць, дабраліся да Урала, і трэба думаць, як жыць далей. Выбіраць не выпадае.

Ён толькі тыдзень пасядзеў дома, нікуды не вытыркаючыся. Як толькі дачуўся, што набіраюць паліцыю, пайшоў да немцаў, надзеў павязку. Самому Швальбе, першаму начальніку жандармерыі, расказаў пра Дзянісаву і астатніх.

Праз месяц Швальбе расшалопаў, што такога чалавека, як Гвозд, трымаць у паліцыі затанна. Прыклёп знайшоўся — позніцца на дзяжурства, служыць неахайна. Перад паліцэйскім строем у Гвазда адабралі вінтоўку, сарвалі з рукава павязку...

 

VII

Паўночы Гвозд выстаяў каля кватэры колішняга загадчыка радыёвузла Палуяна. Немцы ім цікавяцца, думаюць, мабыць, што слухае радыё. Гвозд так не лічыць. Уласнага ценю баіцца Палуян. А дзесятай гадзіне — ужо ў ложку. За паўмесяца ні адзін чалавек не прыйшоў да яго ў хату.

Мястэчка спіць. Чарнеюць палахлівай пустатой завулкі. За тынамі, парканамі як бы хаваюцца рухомыя цені. За апошні год Гвозд да дробязей вывучаў вуліцы і завулкі. Колькі начэй прасядзеў ён па панадворках, хлявах, мерзнучы, асочваючы тых, што вярнуліся з лесу і зноў па-змоўніцку збіраюцца, шэпчуцца. Тых ужо няма. Але разам з імі як бы знік грунт, на якім ён цвёрда і надзейна стаяў. Былых начальнікаў, якія не хацелі ісці на нямецкую службу, ён выкрыў усіх. Жывучы болей як дзесяць гадоў у мястэчку, ён ведаў пра іх усё, мог даць самыя дакладныя характарыстыкі.

Ён адразу скеміў, што апрача яго і Дзянісавай ёсць яшчэ пакінутыя для патайной работы. Але хто?

Ён начамі не спаў, перабіраючы ў памяці ўсіх, хто бегаў да вайны з партфелямі, вылузваўся са скуры на бальшавіцкай службе. Выпадак прывёў яго ў майстэрню Шэлега, які прытварыўся, што вельмі яму падабаецца быць бляхаром, латаць самавары, каструлі. Месяца не пашкадаваў, каб асачыць рамесніка, ухапіцца за нітачку. Яна прывяла да жанчыны, якая, як некалі ён сам, выдавала пашпарты.

Ён бы і Драгуна раскалоў, памятае гэтага актывіста яшчэ па лясной школе, ды хітрэц, схаваўшыся за немцаў, паспеў перабрацца ў Гарбылі, а ў лес ужо адтуль драпануў.

Пасля забойства Швальбе партызанамі круг як бы замкнуўся. Вялікіх удач няма. Каго цяпер асочваць? Бухгалтараў, якія і да вайны былі бухгалтарамі? Але за гэта немцы не расстрэльваюць, а звязаны хто з партызанамі ці не звязаны — на лбе не напісана. Раней прасцей было. Ладуцька хто? Пракурор, камуніст, быў у бандзе... Аўсянік хто? Тое самае...

Гвозд ганарыцца сабой, сваёй знешнасцю, роляй, якую выконвае. Шляхецкая кроў матулі ў ім, мужчыне, праявілася на поўную сілу. Знешнасць памагае, дзе трэба, прыкінуцца авечкай, у другім месцы — пусціць пыл у вочы. Ніхто лепей, чым ён, не здолее выкручвацца. Трэба хітрасць, асцярожнасць, галава. Галоўнае — цярпенне. Хіба лёгка выстаяць вечар у вечар у падваротні або выседзець летнюю ноч у кіяшніку? Немцы, сволачы, нават цыгарэт шкадуюць. Восем штук на суткі. Некалі ён не курыў, а цяпер без тытуню не можа.

Перад прысадзістым будынкам пошты Гвазда аклікае немец-вартавы. Свецячы кішэнным ліхтарыкам, доўга разглядае начны пропуск. Звычайная картонка, Гвозд нават не ведае, што на ёй напісана, але патрульныя заўсёды вяртаюць яе як бы са страхам. Гвазду па гэтай прычыне заўсёды падабаецца паказваць немцам пропуск.

Побач з поштай, у глыбіні двара,— маленькая хаціна, у якой жыве мнагадзетны саставіцель Лысак. Былы Гваздоў знаёмы нікуды не рушыў, сядзіць дома, есць бульбу. На першым часе Гвозд яго пабойваўся.

Але тое даўно мінула. Калі і баіцца каго Гвозд, то толькі немцаў. Гэтыя тарбахваты сваю карысць разумеюць. У анкету не заглядваюць. Служыш ім — вось увесь пашпарт.

Гвозд чысты перад немцамі.

Навёў ён туману толькі ў адным. Пагалоска па мястэчку пушчана густая — Мацвееў забіты. У лесе сапраўды знайшлі забітага, немцы вызвалі Гвазда апазнаваць труп. Ён пацвердзіў тое, што трэба было пацвердзіць. Для сваёй бяспекі, для спакою пана Швальбе.

Жывы Мацвееў ці мёртвы — Гвозд не ведае. Былое сплыло, не вернецца. Не Мацвееў страшны — адзінота. Ён, Гвозд, прапаў бы, каб не падмога родзічаў. Цесць — залаты чалавек. Штодня адвядзеш з ім душу. Двух сваіх сыноў, жончыных братоў, аддаў у паліцыю. На дзве сям’і — тры пайкі.

Вось толькі з жонкай кепска. Нарадзіла дачку і сохне. Зрабілася тоненькая, як цявіна, на худым, змізарнелым твары толькі вочы блішчаць. Нікуды на людзі не паказваецца.

У наступны вечар Гвазду шанцуе. Выбраўшыся сачыць за кватэрай Палуяна, ён спатыкае ў цёмным завулку высокую, як жардзіна, старую, акрытую, старасвецкім дзіравым шарфам. Прозвішча яе, здаецца, Ядрыцкая.

— Пане Гвозд, супыніцеся. Маю да пана інтарэс.

— Што вам трэба?

— Магу даваць пану розныя звесткі. Пра небяспечных для нямецкай улады асоб. За пянёндзы, вядома. Жыву бедна, не маю хлеба.

Гвазду робіцца весела. Ды гэта ж тое, што трэба!. На лаўца і звер бяжыць... Дарэмна ён пакутаваў, ламаў галаву: набраць такіх бабуль, і зноў ён на кані. Азірнуўшыся, ён выцягвае з кішэні кашалёк, дае старой у рукі некалькі крэдытак.

— Заўтра ў восем вечара на гэтым самым месцы. Зразумела?

Яшчэ праз дзень. Гвозд кладзе на стол начальніка жандармерыі паперу пра зборы на кватэры адваката Быліны. Цікавы вузельчык завязваецца. Стары знаёмы Лысак таксама прыходзіў да адваката. Тыдзень, як выпусцілі з турмы — і зноў матэр’яльчык. На гэты раз ён з ім расквітаецца.

На развітанне Гвозд просіць:

— Гаспадзін начальнік, дайце мне грошай. Маю памочнікаў, ім трэба плаціць. Размовы, па майму заданню, падслухоўвае настаўніца Ядрыцкая.

Жандар усміхаецца, ляпае Гвазда па плячы, але грошай, скупярдзяй, адвальвае не густа — восемдзесят марак.

 

VIII

Яшчэ холадна, але не-не дый дыхне ў твар ясным сонечным днём вясна. Капае са стрэх, трашчыць пад нагамі тонкі, падталы лядок на лужынах.

Надвячоркам, калі шараваты змрок павіс над мястэчкам, млынар Забела заварочвае ў двор да Крамера. Доўга грукае на ганку ботамі, хвастае па іх венікам-дзеркачом. Асабнячок у бургамістра ніштаваты. Робіць уражанне як звонку, так і знутры. Густ у старшыні райспажыўсаюза, які за казённыя грошы адгрукаў да вайны хароміну, быў някепскі.

Насустрач млынару яшчэ ў сенечках-верандзе выплывае Гертруда Паўлаўна, ласкава вітаецца, прапускае ў пакоі. Прымае ў рукі паўкажушок і шапку. Прыклаўшы палец да губ, шэпча:

— Вы яго, Панас Дзянісавіч, не нервуйце. Прашу вас. Не расказвайце нічога благога. З сэрцам у яго.

Баба трохі дурнаватая, магла б не гаварыць. Паганае панства. Забела ў апошні час забягае да Крамера часцяком і лепей за яе ведае, як жыве на свеце бургамістр. Здаў Аўгуст Эрнэставіч, моцна здаў. З таго дня, як у лес, да партызан, збег яго намеснік Лубан, а з ім некаторыя іншыя мясцовыя начальнікі, на вачах перамяніўся. Асунуўся з твару, паблажэў. Ледзь богу не аддаў душу пасля ночы, калі жандармерыя расстраляла заложнікаў — жонак і дзяцей усіх тых, што паўцякалі ў лес.

Крамер ляжыць на канапцы, дрэмле. Пры ўваходзе млынара падымаецца, усоўвае ногі ў лямцавыя пантоплі.

— Сядайце, Панас Дзянісавіч. Дзякуй, што не забываеце. Для некаторых, сказаць па праўдзе, мяне і дома няма. Жонка на пасту.

Уваходзіць Гертруда Паўлаўна, прыносіць запаленую лямпу. Стаіць, запытальна глядзіць на мужа.

— Можа, чарачку, Панас Дзянісавіч? Сам-то я не магу.

— Дзякаваць, дзякаваць, Аўгуст Эрнэставіч. Нешта і мне нездаровіцца. Пячонка, ліха яе матары.

Гаспадыня выйшла, і, як заўсёды, яны асталіся ўдвух. Аўгуст Эрнэставіч падняўся, выняў з шуфлядкі стала бутэлечку з зялёнымі пілюлямі. Дзве з іх праглынуў, запіў, не наліваючы ў шклянку, вадой з графіна.

— Яўрэйка гэтая вышмаргнула,— панізіўшы голас да шэпту, паведамляе Забела.— Ад Краснея дала лататы. Што ж, цяпер ёй нічога не страшна... Вясна на носе. І нам не страшна. Цяпер мы вольныя з вамі, Аўгуст Эрнэставіч. Душой я змучыўся. То ж, глядзі, болей як паўгода хавалі. Не дай бог знайшлі б яе тут. Яе ж каб прыціснулі, то як на споведзі ўсё расказала б.

Пра тое, што яўрэйка з дзіцём рушыла хутчэй за ўсё ў вёскі, дзе цяпер валадараць партызаны, Забела дыпламатычна змаўчаў. Навошта вымаўляць непатрэбныя словы? Няхай ідзе хоць да чорта на рогі, абы тут было спакойна.

— Яе мы ўратавалі,— гаворыць бургамістр,— а другім наўрад ці паможам.

— Што такое, Аўгуст Эрнэставіч?

— А хіба не чулі?

— Нічога не чуў, яй-богу. Я сёння зранку да сястры ў Дубровіцу быў падскочыў. Мужык на вайне, дзеці, як мак, дробныя. Падкінуў ім мяшок мукі. Прыехаў, і да вас...

— Зноў былі арышты. Узялі шасцярых.

Забела хмурнее. На шырокім чырванаватым твары разгубленасць і запытанне.

— Дык яны такі вінаватыя?

— Цяпер сам чорт не разбярэ. Хачу папытацца ў вас, Панас Дзянісавіч. Ці ведаеце Ядрыцкую? Да вайны настаўніцай у школе рабіла. Хоць якая там настаўніца — па маляванню. Недзе там блізка ля вас жыве.

— Ведаю. Хто ж яе не ведае.

— Ну, і што вы скажаце?

— Сволач, Аўгуст Эрнэставіч, чыстая сволач. Боўтаецца, прабачце за слова, як г... у проламцы. Мне адзін чалавек яшчэ перад немцамі гаварыў,— млынар папярхнуўся, зірнуў на бургамістра. Але міжволі выразнае слова той прапусціў міма ўвагі.— Яна ж не адсюль, аднекуль з Украіны,— працягвае Забела.— То там, казаў, дзе раней жыла, сто вёдзер крыві выпіла. Нібыта тады,— млынар перайшоў на шэпт,— на людзей пісала. Ды вы ж самі ведаеце, як глядзелі на такую пісаніну...

Крамер усміхаецца.

— Ядрыцкая і на мяне пісала. Мінулай зімой. Нібыта пакрываю камуністаў. Тады яшчэ Швальбе быў. То я загадаў, каб ёй усыпалі.

— То што, зноў піша?

— Момант настаў. Усё гэтыя нарабілі, што паўцякалі. Яна, сцерва, нюхам чуе. Думае, цяпер у мяне сіла не тая. Але яшчэ паглядзім. Яшчэ на нагах стаю цвёрда. Да мяне не падкапаецца...

Болей пра арыштаваных бургамістр не лічыць патрэбным гаварыць, а Забела не дапытваецца. Рыпнулі весніцы, на двары пачуліся крокі. Праз нейкі час зноў нехта прайшоў міма занавешанага акна, і зноў ляснулі веснічкі. У пакой зазірнула Гертруда Паўлаўна. Не саромеючыся госця, паведаміла:

— Князеў быў. Начальнік паліцыі з Піляціч. Я сказала — цябе няма.

— Ладна, ідзі.

— Я, Панас Дзянісавіч, не каюся ў тым, што рабіў,— пачынае Крамер.— Іначай не мог. Сумленне маё чыстае. Гаварыў і гаварыць буду — сядзець трэба ціха. Вот зноў аб’явіліся партызаны, і вы думаеце, гэта давядзе да дабра? Не давядзе. Тры вёскі спалілі, у Вербічах жыхароў не пашкадавалі. А чаму? Вайна. А на вайне ваенныя законы.

— Яно-то так, Аўгуст Эрнэставіч. Але з другога боку... Войны і раней былі...

— Я разумею вас, Панас Дзянісавіч. Мірнаму насельніцтву цяжка. Я і немцаў не адабраю. Яўрэяў знішчаюць. Ці вот жонак і дзяцей пастралялі. Чым яны вінаватыя, што мужыкі ў лес пабеглі? Але што мы можам зрабіць? Хіба немцаў пераменім?

— Дык жа і партызан, Аўгуст Эрнэставіч, не пераменіш. Будуць у немцаў страляць.

— То будзе нядобра, пане Забела. Могуць і да мястэчка дабрацца. Я не пра партызан кажу, пра немцаў. Тады не паглядзяць ні на вас, ні на мяне...

Забела спалохаўся. Нават не хавае ўзрушанасці. Дыхае перарывіста, па твары ідуць чырвоныя плямы.

— То як жа так?.. Тут жа вы і другое нямецкае начальства. Уласць. Што вы загадваеце, тое мы выпаўняем. То за што ж страляць?..

Крамер падымаецца, нячутна тэпаючы мяккімі пантоплямі, ходзіць па пакоі.

— Немцы, каторыя жывуць тут, не зачэпяць ні вас, ні мяне, Панас Дзянісавіч. Можаце спаць спакойна. Але, думаеце, чаго прыходзіў Князеў? Ён у Піляцічах начальнікам паліцыі быў. Жыў, як цар. А тут у мястэчку, яго бралі на службу звычайным паліцэйскім. Не захацеў, не пайшоў. Таксама гонар мае. Ходзіць да мяне і даказвае, што там, у Піляцічах, партызан мала. Нехта ж яму прыносіць звесткі. Самы час, даказвае, па партызанах стукнуць.

Забела маўчыць. У такія справы ён умешвацца не хоча.

— Князеў жа ходзіць не толькі да мяне, а і да жандараў,— працягвае бургамістр.— Расказвае пра партызан. І такіх, як ён, хапае. Тыя, што паўцякалі ў мястэчка, баючыся партызан, хочуць вярнуцца ў свае сёлы. У свае хаты. Бог ведае, што яны нагаворваюць немцам. А тыя ставяць кружочкі. На карце. Вы не ведаеце, Забела, нашто немцам карта з кружочкамі?

— Не ведаю,— аднымі губамі выдыхае Забела.

— А я ведаю. Я бачыў тую карту. Нашы мясцовыя немцы тых кружочкаў баяцца. Лічаць, што ў партызан — незлічоная сіла. У страха вочы вялікія. Таму з мястэчка нашы немцы нікуды не палезуць. Але могуць паявіцца другія.

— Якія другія, Аўгуст Эрнэставіч?

— Воінскія часці. Думаеце, немцы будуць спакойна глядзець, як партызаны кожнага дня ўзрываюць чыгунку? Чыгунка ж фронту служыць. Сабяруць кулак, ды так стукнуць, што юшка пацячэ. Тады не паглядзяць ні вока ні бока. Мястэчку тожа пападзе на арэхі. І я нічым не памагу.

Забелу як перахапіла дыханне. Некалькі хвілін маўчыць, выцірае скамечанай насоўкай лоб. Крамер садзіцца на канапку, зноў дастае з шуфлядкі бутэлечку і глытае дзве пілюлі. Запівае вадой, цяпер ужо наліваючы з графіна ў шклянку.

— Я вот вам што скажу, Аўгуст Эрнэставіч,— набіраецца духу Забела.— Вы з самага пачатку гаварылі правільна. І рабілі правільна.

— А хто мяне слухаў! — нечакана ўзрываецца бургамістр.— Чым я правініўся перад тымі, што ў лес збеглі? Я Адамчуку і Альшэўскаму жыццё выратаваў, а яны што? Слухалі, падтаквалі, а як прыйшлося, то ў шапку Крамеру налажылі. Цяпер ворагам лічаць — сем’і не ўратаваў. Ці ж можна далей так жыць? Я прывык верыць людзям, а яны на мяне камень за пазухай насілі.

— Не ўсе такія, Аўгуст Эрнэставіч. Народ, які жыць хоча, работаць, вас паддзержыць. На такі народ трэба апірацца.

— А ў тых сёлах, дзе цяпер партызан поўна, хіба не народ?

— Што ж ты зробіш. На тое вайна. На чыім возе едзеш, таму і песню спявай. Прыйдуць у хату з вінтоўкай, то не прагоніш. Трэба к жыццю прымярацца. Я яшчэ вам скажу, Аўгуст Эрнэставіч... Фронт у немцаў, чутно, не вельмі моцны. Усё яшчэ можа быць. А народ, ён ніколі не падвядзе...

Зноў выбухае гневам бургамістр. У яго голасе ашаломленаму млынару чуюцца раптам жалезныя ноткі:

— Дык што, Забела, і вы бальшавікоў чакаеце? Не думаў, не думаў. Хоць у чужую душу, як кажуць, не залезеш. Але ведайце — не вернуцца бальшавікі. Германія не такая слабая. Тое, што заваяваў нямецкі салдат, ён ужо не аддасць. Запомніце гэта цвёрда, Забела!..

— Мы людзі маленькія. У паліціку не мяшаемся. Хлеб мелюць пры ўсякай уладзе.

Крамер адразу адчуў, што перабраў лішку. Крыўдзіць млынара яму не хочацца. Усё-такі памагаў чалавек і шчыра спрыяў у самую цяжкую часіну. З бяды выручаў. А з гэтай яўрэйкай яны наогул адной нітачкай звязаны.

У сваю чаргу сумеўся і Забела. Ён ужо дакарае сябе, што так неабдумана ляпнуў пра фронт. Крамер усё-такі немец, і яму непрыемна чуць, што на фронце іхнім накруцілі хвост. Прыйдуць ці не прыйдуць бальшавікі, відно будзе. Але пакуль улада нямецкая, трэба ўмець дзяржаць язык за зубамі.

Нібы ў тон млынаровым думкам бургамістр прымірэнча гаворыць:

— Не крыўдуйце, Забела, што накрычаў на вас. Служба такая — крычаць прыходзіцца. А балбатня пра фронт дорага каштуе. Тых, шасцярых, думаеце, за што забралі? Збіраліся ў адваката Быліны, шапталіся, пра фронт тары-бары разводзілі. А Ядрыцкая падслухала.

— Ды няўжо ж, Аўгуст Эрнэставіч, такой сцерве вераць?

— Думаеце, жандары дурні? У іх — па закону. Пазвалі Былінаву жонку, прыстрашылі, прыціснулі — пацвердзіла.

Прымірыўшыся, палагаднеўшы адзін да другога душой, прагаварылі яшчэ парадкам. Забела ўстае, памыкаецца ісці, але Крамер не пускае. Не памагае і тое, што раз-пораз не надта ветліва адчыняе дзверы раззлаваная Гертруда Паўлаўна. Выбраўся ад бургамістра млынар толькі пад поўнач.

Ноч — пакута для Аўгуста Эрнэставіча. Бадай, не спіць з таго часу, як заварылася каша з уцекачамі. Тады, калі толькі яго паставілі бургамістрам, ён не спаў, бо, навошта грэх таіць, баяўся партызан. Цяпер не баіцца. Не палезуць яны на мястэчка, дзе салдаты, кулямёты, вайсковая сіла. Ёсць штосьці другое.

Аўгуст Эрнэставіч доўга ляжыць з адкрытымі вачамі, перабірае ў памяці ўсе колькі-небудзь прыкметныя праявы ў паводзінах уцекачоў і прыходзіць да вываду, што сваё партызанства яны задумалі даўно. Бадай, яшчэ з лета. Па астатніх не надта відно было, а наконт Лубана, калі б глыбей глядзець, льга было прадбачыць. Хадзіў невясёлы, хмуры, пра ўласны дабрабыт не дбаў, вельмі часта пярэчыў яму, бургамістру. Тады ўжо тачыў яго чарвяк нездавальнення. Дый астатнія, калі ўдумацца, размоў пра палітыку пазбягалі, нямецкім перамогам не радаваліся...

Ва ўсёй гэтай гісторыі Аўгусту Эрнэставічу незразумела адно: чаму Лубан і астатнія пакінулі ў мястэчку сем’і? Хіба не ведалі, што іх тут чакае? Ведалі. На свае вочы бачылі, што робяць немцы з такімі сем’ямі. То на каго ж спадзяваўся Лубан і яго хаўруснікі? На яго, Крамера? Таксама смешна. Лубан — не дурань і разумеў, што ён, бургамістр, не ўсемагутны і што ёсць сілы, вышэйшыя за яго.

Прыняўшы да ўвагі акалічнасці справы, Аўгуст Эрнэставіч прыходзіць да думкі, што трывалай сувязі з партызанамі ўцекачы не мелі. Хутчэй за ўсё не ведалі, як іх прымуць партызаны. Яны ж, як і ён сам, фактычна засноўвалі нямецкую ўладу ў мястэчку і ў раёне. Лубан дык нават чырвонаармейца застрэліў увосень сорак першага. І нягледзячы на гэта, адважыўся павініцца, прасіць у партызан літасці...

Менавіта ад гэтага Аўгусту Эрнэставічу робіцца страшна. Як жа трэба ненавідзець немцаў, каб пайсці на такі крок! Лубана ж і партызаны маглі расстраляць, а ён пайшоў да іх, схіліў галаву. Мабыць, звязана з гэтым і рашэнне аб сям’і. Лубан не ведаў, ці будзе жыць сам. Аб сям’і таму не думаў. Каб партызаны яго расстралялі, немцы тады не зачапілі б сям’ю.

Тое, што ўчыніў Лубан над начальнікам мохаўскай паліцыі, стала вядома ў мястэчку на другі дзень. Значыць, партызаны не расстралялі ўцекачоў, прынялі. Аўгуст Эрнэставіч ні аб чым не прасіў жандармерыю. Іначай зрабіць не мог.

Ход бургамістравых думак раптам ідзе ў другім напрамку, усю яго істоту захліствае нястрымная злосць. Не, ён проста міндальнічае, калі шукае апраўдання Лубану і астатнім. Звычайныя шкурнікі і прыстасаванцы. Калі б у немцаў справы на фронце ішлі лепей, яны нікуды не пабеглі б. Дагаджалі б яму, бургамістру, лавілі б кожнае слова. Лубан усё-такі прыхапіў з сабой старэйшую дачку. Ведаў, чым усё пахне.

Зноў Аўгусту Эрнэставічу робіцца страшна. Свет звар’яцеў. Усе ранейшыя ўяўленні перавярнуліся, звяліся на нішто. Змалку лічыў ён, што сям’я — аснова жыцця, болей за ўсё чалавек павінен шанаваць сям’ю. Немцы будуюць на гэтым палітыку, караючы за злачынства не каго-небудзь аднаго з сям’і, а яе ўсю. Таксама вар’яцтва. Малалетнія дзеці, нават жонка, могуць і не ведаць таго, што замысліў гаспадар. Чым тады яны вінаватыя? За што іх страляюць?

Раней людзі, апранутыя ў вайсковую форму, не расстрэльвалі жанчын, дзяцей. СС, СД там, у Германіі, мабыць, спецыяльна для гэтага і прыдуманы. Але паляць вёскі разам з жыхарамі не толькі эсэсаўцы, а і звычайныя салдаты, тыя, якія павінны ваяваць на фронце. З другога боку, хіба была калі-небудзь такая вайна? Хіба шкодзяць немцам адны толькі мужчыны?..

Ён, Аўгуст Эрнэставіч, каб ведаў, што немцы будуць вытвараць такое, ніколі б не згадзіўся стаць бургамістрам. Няхай бы каралі, расстрэльвалі. Мінула якіх-небудзь дваццаць з лішнім гадоў, калі ён бачыў салдат кайзера Вільгельма, а як усё перамянілася. Другой стала Германія...

Аўгуст Эрнэставіч уздыхае, варочаецца з боку на бок, але заснуць не можа. Даўно бачыць сны жонка, і яе перарывістае храпенне даносіцца аж праз дзве сценкі. У гэтыя хвіліны Аўгуст Эрнэставіч яе проста ненавідзіць. Сытая кабыла. Лічыць сябе начальніцай, першай дамай у мястэчку і ні аб чым болей не дбае.

Цяжкім мядзведзем зноў навальваюцца чорныя думкі. Свет перавярнуўся, але штосьці сталае, цвёрдае ў ім засталося. Лубан і іншыя ўцяклі ў лес, бо яны помняць Радзіму. Яны ведалі, што яна можа спытаць, чым яны займаліся, чым памагалі ёй у цяжкую часіну? А дзе радзіма яго, Крамера?.. Раней ён лічыў, што тут, на гэтай зямлі, у якой пахаваны косці яго бацькі, дзеда. Цяпер сам не ведае. Ведае адно: калі немцы фронт не ўтрымаюць, ён тут не астанецца. Многа, вельмі многа стала такіх, хто лічыць яго, Крамера, ворагам...

Позна. Мабыць, даўно за поўнач. Дзесьці далёка пачуўся глухі стрэл. Аўгуст Эрнэставіч устае, босы тэпае па падлозе, вобмацкам адчыняе шуфлядку стала. Супакоіўшыся ў гаворцы з Забелам, думаў абысціся нанач без снатворных парашкоў. Ад іх назаўтра цэлы дзень цяжкая галава. Ды дзе там абыдзешся...

Аўгуст Эрнэставіч задзірае галаву, стукаючы пальцамі па паперцы, глытае саладкаваты парашок, запівае вадой з графіна. Кладзецца ў ложак і, паступова супакойваючыся, правальваецца ў цёмную бездань.

 

Раздзел другі

 

І

Сінее надвячорак. За акном цёмная падкова хвой. Між імі, як у вянку, стаіць партызанская вёска Сасновіца. Бярэцца на вясну — дні прыкметна падоўжалі, са стрэх павіслі празрыстыя суслы — яны час ад часу зрываюцца і звіняць, разбіваючыся, як шкляныя. Днём пануе ў паветры чыстая, ясная празрыстасць. Прадвесне і пачынаецца з такой чысціні. У соснах — густы, аднастайны пошум. Каторы дзень веюць над Палессем цёплыя заходнія вятры, з’ядаюць пакрысе снег, прыкметнай чарнатой адзначаюць дарогі.

У адным месцы сцяна хвой разрываецца, і нават адсюль, з акна, відаць лапік цёмнага кустоўя, хмызоў, а за імі аж да наступнага лесу — аснежаны палявы прасцяг, ахутаны полагам перадвясенняй сінечы. Там, за полем, за лесам, другія вёскі, паселішчы, лясныя абшары.

Пачаў церусіць дробны сняжок.

Як толькі ў штабную хату, гучна затупаўшы на ганку, уваліліся Петравец і Лісавенка — камандзір і камісар Дамачоўскага атрада, абодва ў чорных дубленых паўкажушках, у добрых, хоць і самаробных, ботах — Вакуленка ўскочыў з ложка, на якім спаў ці прытвараўся, што спіць, і, нават не павітаўшыся, размашыста закрочыў па пакоі. Нагнятаў у сабе злосць. Рослы, шырокі, з адвіслай ніжняй сківіцай, шырокім, барвовым тварам, ён нагадваў у гэтую хвіліну раз’юшанага мядзведзя, якога не ў пару паднялі з бярлогі.

Бондар сядзіць пры стале, прыводзіць да ладу паперы. Дарошка, яго памочнік па штабу, укленчыўшы на падлозе, налівае з блішчастага бідончыка ў бляшаны магазын лямпы запраўлены соллю бензін.

— Ну што, начальнікі, даседзеліся? — раўнуў Вакуленка, на хвіліну спыніўшыся пасярод пакоя.— Цёпла спалі, смачна елі. А атрад дзе? Анархію разводзіце! Дакаціліся да грабяжу і самасудаў. Калі пацвердзіцца тое, аб чым вось тут напісана,— Вакуленка рвануў з нагруднай кішэні сіняй, вайсковага фасону суконнай гімнасцёркі шматок паперы,— абодвух да сценкі! Зразумелі?..

— Мы не вінаваты, Адам Рыгоравіч,— спакойна адбівае наскок Петравец, паказаўшы тым самым, што ведае, аб чым пойдзе гаворка.— Сігналы ёсць і ў нас. Але што мы можам зрабіць? Загад ісці за Пціч быў падпісаны вамі. Мы і ў Паўла Антонавіча пыталіся.

— Ты Бондара не мяшай. Ён тады начальнікам штаба не быў.

— Я не пра тое. Мы прыязджалі прасіць помачы. Пыталіся, што рабіць з тымі, хто не хоча ісці за Пціч. Павел Антонавіч сказаў — няхай астаюцца.

— Такая размова была,— пацвердзіў Бондар.— Вы прыязджалі ў Рагалі, пасля таго як мы разбілі гарнізон у Літвінавічах.

— Вы ўсе цяпер разумненькія! — крычыць Вакуленка.— Я не я і хата не мая. Адзін за другога хаваецеся. Вакуленка адзін вінаваты. Ён загадаў сюды збірацца, ён вінен і ў тым, што галда пабаялася ад жончыных спадніц адрывацца. Вы колькі тут адлежваецеся? Два месяцы. То не маглі за два месяцы прыбраць к рукам галду?

— Не маглі! — ужо са злосцю выгуквае Петравец.— Іх шэсцьдзесят і нас шэсцьдзесят. Што нам грамадзянскую вайну з імі пачынаць? Дзесяць разоў да іх хадзілі. Яны проста смяюцца з нас. Дурнямі завуць. За тое, што пайшлі сюды, за Пціч...

— Можа, і ты так думаеш? — шырока расставіўшы тоўстыя ногі, Вакуленка спыняецца насупраць Петраўца.— Знайшлі, што называецца, камандзіра атрада. Ты забыў, Петравец, кім ты быў? Ты быў папіхачом у Дзяругі. Дзяруга цябе нават на ўзвод не паставіў. Я цябе замеціў і вылучыў. Атрад даў. Думаў, чалавек. А ты на свайго заступніка хвост падымаеш. Ты што, дысцыпліны не прызнаеш?

— Я прызнаю дысцыпліну, Адам Рыгоравіч. І камандзірствам мяне не папікайце. Я на атрад не прасіўся. Паставілі дык паставілі, камандую, як умею. Не горай, чым другія. Вы толькі мне скажыце, якога д’ябла мы тут, за Пціччу, тырчым? Чыя галава так зварыла, каб сагнаць у адно месца столькі людзей? Каго мы ахоўваем, з кім ваюем? Я ведаю, вы тут ні пры чым. Вы тожа загад выконвалі. Але бываюць жа дурныя загады.

Вакуленка глядзіць на Бондара, затым на Дарошку, як бы шукаючы іх падтрымкі. Але начальнік штаба з памочнікам маўчаць.

Камандзір ідзе да стала, стомлена прысядае, запусціўшы руку ва ўскудлачаныя, чорныя, з прыкметнай сівізной валасы.

— Не будзь пракурорам, Петравец. І божай авечкай не прыкідвайся. Загад зімаваць за Пціччу аддаў Мінскі абком. Гомельскае начальства тожа нічога лепшага не прыдумала. Бальшынство іх атрадаў, сам ведаеш, таксама тут было. Каўпак і той ля Князь-возера аціраецца. Дык што, мы ўсе такія дурныя, што ў адно месца стаўкліся? Я ўсім ета скажу, Петравец, не толькі табе аднаму. Ніхто нічога не прыдумліваў, а проста ўзялі прымер з нас, з Акцябрскага раёна. Другія па прымах сядзелі, па паграбах туляліся, а мы і прошлую зіму ваявалі. Блакаду перажылі. На ўсім Палессі адны мы ўдзяржаліся. Ну, можа, яшчэ трохі ельскія. А ўсе тыя атрады, што нашы перад адступленнем пакінулі, сам ведаеш дзе. А чаму яны разбрыліся, ты не думаў? Таму што не разам былі, не ў адным кулаку.

— Ты трохі пераўвялічваеш, Адам Рыгоравіч,— пярэчыць Бондар.— Прычына тут не адна, а многа. Не забывай, што ў сорак першым была зусім другая абстаноўка. Я маю на ўвазе фронт. Ды і вопыту не было.

— Дык што, начальнік штаба, ты тожа лічыш, што мы дарма тут зімуем?

— Не лічу. Дзе было лепей зімаваць — тут ці па сваіх раёнах,— ніхто не ведаў. А людзей трэба было захаваць, таму рашэнне правільнае.

Вакуленкава злосць пачынае аціхаць, ён увачавідкі весялее.

— Ну, дзякуй табе хоць за ета. А то да мяне слухі даходзяць, што Лаўрыновіч іначай думае. Тыдзень, як прыляцеў з Масквы, а да нас і носа не паказвае. Сядзіць у Мінскім штабе і атрады дзеліць. Пра нас быдта мысль цвёрдая: адседжваемся.

— Слухаў не слухай,— жартуе Бондар.— Ім не надта трэба верыць. А калі што, дакажам паперамі. Я, Адам Рыгоравіч, не дарма ў цябе два месяцы хлеб ем. У мяне ўсё як мае быць запісана.

Уваходзіць гаспадыня, кідае перад грубкай бярэмак дроў. Вузкатварая, чарнявая, даволі яшчэ маладая і прывабная, яна весела бліскае шэрымі вачамі, як бы з насмешкай зірнуўшы на камандзіраў, трое з якіх сядзяць за сталом, а двое, не распрануўшыся, трымаючы шапкі ў руках, стаяць пасярод пакоя.

— То, дарагія госцейкі, можа, вячэраць будзеце? На ўсіх падаваць ці толькі сваім? Лепей усім разам, а то яшчэ пасварыцеся.

Вакуленка, са спрытам, трохі незвычайным для яго медзведзяватай фігуры, матлянуўся да гаспадыні, абняў за плечы, прыхінуў да сябе.

— Люблю цябе, Каця. Хоць бы адну ночку падаравала.

— Аге, любіш.— Каця не робіць ніякай спробы вырвацца з абдымкаў.

— Магу замуж узяць. Пойдзеш за мяне?

— Пайду. Чаму не пайсці? Такі дабрэнны кавалер.

— То давай цяпер. Нашто адкладваць? Начальнік штаба нас запіша. Ён у нас як да вайны загс.

— Няхай запісуе. Я згодная. Толькі я хацела папытацца, ці паспеў запісаць Нюрку з Барсукоў?

— Якую Нюрку? Што ты гаворыш, Каця?

— Тую, што на кані катаў. На саменькім сядле. Па ўсім сяле вазіў.

Вакуленка, выпусціўшы гаспадыню з абдымкаў, гучна рагоча.

— Нагаворы. А калі што і было, то толькі па п’янаму дзелу.

— А Вера з Бывалек? З ёю на асобнай кватэры жыў. Фіраначкі на вокнах, занавесачкі павесіла.

— Кінь, Каця. Нашто ўспамінаць леташні снег.

— Магу сёлетні. У маёй хаце штаб, а ты хоць адзін вечар пасядзеў са мной? Можа, я сама хацела, каб пасядзеў. Старэць стаў, камандзір. Да адных маладзенькіх горнешся.

Вакуленка не крыўдуе. Матляючы вялікай, кудлатай галавой, сам сабе пасміхаецца, відаць, здзіўляючыся з праніклівай Кацінай бухгалтэрыі, якая занатавала кожны яго няправедны крок.

Вячэраюць напачатку сумнавата. Ляніва хрумстаюць агуркамі, падоўгу варочаюць у пальцах кожную бульбіну. Нарэшце Вакуленка не вытрымлівае:

— Вып’ем патроху, хлопцы. Чорт яго бяры! Усё адно наш штаб, мабыць, не ўдзержыцца. Лаўрыновічу нашэптваюць розныя. У Дзяругі быў, у Міхнаўца, у Гаркушы, а да нас усё не збярэцца. Новая мятла добра мяце. Хоць без нас, думаю, і Лаўрыновіч не абыдзецца. Прынясі, Каця.

Калі гаспадыня, прымарудзіўшы ў пярэдняй палавіне хаты, прынесла і паставіла на стол трохі задымлены графін з рудаватай вадкасцю і некалькі шклянак, пасадзілі і яе. Добры гумор, можна лічыць, наступіў пасля першай шклянкі. Гаспадыня доўга аднекваецца, але, насеўшы грамадой, прымусілі і яе трошкі выпіць.

— Ты не абіжайся, Петравец,— Вакуленка сядзіць, падпёршы рукой галаву, і амаль не закусвае.— Тут бачыш якая механіка. Калі палавіна твайго атрада тут, а палавіна — у раёне, то Лаўрыновічу вельмі проста наступіць нам на хвост. Скажа: вот паглядзіце, дзержацца людзі ў раёне і немцаў не баяцца. Не выпусцілі ім кішкі немцы, а вы збіліся, як авечкі ў спякоту, і толькі гнід адзін у аднаго шукаеце. Можна падысці да такога дзела з другога боку. Батура там вельмі бдзіцельнасць праяўляе. Па-мойму, кішка тонкая, дык бесіцца. Падумаеш, атрад — шэсцьдзесят пар лапцей. Але Лаўрыновічу будзе за што зачапіцца. Не хвалюйцеся.

— Трэба ехаць туды,— гаворыць Бондар.— Дазволь мне з Петраўцом, Адам Рыгоравіч. Возьмем з сабой чалавек трыццаць. Каб не падумаў Батура, што распраўляцца прыбылі. Адзін наш на двое іхніх.

— Ездзіце, ходзіце, а калі спакой настане? — гаспадыня ўздыхае.— Дзе беднаму чалавеку абарону знайсці? Вот сяджу я, удава, з дзецьмі, а да чаго дасяджуся? Хоць бы дзяцей уберагчы...

— Не сумуй, Каця,— Вакуленка, працягнуўшы руку цераз стол, гладзіць гаспадыню па валасах.— Мы настаяшчыя парцізаны і свой народ у крыўду не дадзім. Ну, падумай — вот тут, у Сасновіцы, мы дажа паліцэйскіх сем’яў не зачапілі. Яны нашы сем’і расстрэльвалі, здзекаваліся, а мы іх не чапаем. Сядзяць ціха — няхай сядзяць. Ну, а што я благога зрабіў свайму народу? Можа, якую маладзіцу ці дзеўку, выпіўшы, прытуліў, дык, ты думаеш, вельмі яны брыкаліся? На добрае ж, як кажуць. Нявіннай крыві я не ліў і ліць не буду. Можа, хіба дзе памылка выйшла. Усё ж такі тысячы людзей — чорненькіх, рабенькіх, паласаценькіх,— сярод іх, можа, дзе якому ангелу хвост прыціснуў.

— Пойдзеце вы, і прыйдуць немцы,— працягвае гаспадыня.— Пастраляюць нас усіх. Як у той Рудобелцы. Проціў танкаў у вас сілы няма. Немцы ж не шукаюць, хто праў, а хто вінен. Ім абы болей людзей пастраляць. Знішчаюць народ.

— Не вешай носа, Каця. Калі прыйдуць немцы, то і вы з намі будзеце. Як-небудзь у лес дарогу пакажам. Ну, спаляць хаты, хлявы папаляць. Чорт іх бяры. Новыя пастроім. Яшчэ лепшыя. Абы самі жывы былі. Ды і немцы, Каця, цяпер не тыя. У Сталінградзе ім мяшок завязалі. Глядзі, што Першы май будзем без немца святкаваць...

Выпілі яшчэ па шклянцы, трохі паспявалі. Вакуленка, які, здаецца, прапусціў міма вушэй тое, аб чым гаварыў Бондар, устаючы з-за стала, загадвае:

— Заўтра вазьміце людзей — і да Батуры, Каб самавольнікі былі тут. Без ніякіх гваздзёў.

 

II

Плыве над Палессем ціхая светлая ноч. Неба засеяна бясконцым мноствам зорак — адны з іх яркія, буйныя, яны мігцяць, як далёкія агеньчыкі, другія ледзь-ледзь прабіваюцца серабрыстымі малапрыкметнымі іскрынкамі. На ўсю сярэдзіну неба пралёг як бы ахутаны павалокай туману, таямнічы Млечны Шлях. Колькі часу вісіць над цёмнай зямлёй неба і што думаюць людзі, гледзячы на далёкія, недасяжныя зоркі?..

Бондар выбраўся на вуліцу. Спіць Сасновіца, і толькі свецяцца кволыя агеньчыкі ў каравульным памяшканні і ў хаце, дзе размешчаны шпіталь. Дарога, прысыпаная лёгкім сняжком, падшэрхла. Далёка чуваць крокі — трашчыць пад нагамі хрупасткі лядок.

Адразу за агародамі цёмная сцяна сосен — ад яе на снег падае сіняватая паласа ценю. З лесу цягне вострым пахам смалы, зялёнай хвоі, прыхопленай марозцам зляжалай ігліцы, церпкім водарам багуна.

Пракрочылі два патрулі, але, пазнаўшы начальніка штаба, маўкліва прапусцілі, рушылі ў цёмны канец вуліцы.

Два месяцы табарам стаяць за Пціччу партызанскія атрады Палесся. Падлаталіся, абшыліся, трохі пазатыкалі дзіркі з узбраеннем і боепрыпасамі. Немцы за гэты час чапалі іх мала. Былі дзве ўпартыя стычкі ля вёскі Грабаў, але, адчуўшы моц партызанскіх сіл, немцы болей не палезлі.

Спіць партызанская Сасновіца. У кожнай хаце, раскінуўшы на падлозе куль саломы, акрыўшыся шынялямі, світкамі, паддзёўкамі, адсыпаюцца па восем — дзесяць хлопцаў. А другія — у паходзе. Патаемнымі сцежкамі, нябачнымі дарогамі штоночы адпраўляюцца групы да гарнізонаў, да чыгункі. Іх, бадай, нават болей, чым тады, калі атрады не пакідалі стойбішчаў. Чыніць дыверсіі стала цяжэй — немцы паўсюдна высеклі ўзбоч палатна лес, а ў некаторых мясцінах панаставілі жалезных сетак, замініравалі падыходы. Бывае, што, каб дабрацца да рэек, поўзаюць хлопцы па снезе па тыдню. Але, нягледзячы на ўсе перашкоды, грыміць чыгунка.

Бондар падыходзіць да хаты, якая ў адрозненне ад астатніх стаіць удоўж вуліцы. У нерашучасці спыніўся, зірнуў на цёмныя вокны. Хутчэй за ўсё Гэля начуе тут, у санчасці. Днём прывезла параненага, як бы ненарокам забегла ў штаб.

Увесь месяц ён ловіць сябе на тым, што думкі пра Гэлю не прыносяць радасці. Няма да яе ні добрых, ні якіх-небудзь іншых пачуццяў. Разышліся назаўсёды, і ад гэтага, калі прызнавацца самому сабе, нават прыемна. Разарванага — трывала не звяжаш. Збліжэнне, якое наступіла мінулай зімой у Гарбылях, а затым працягвалася ў атрадзе, радасці не прынесла ні ёй, ні яму. Бондар ідзе далей, прыслухоўваючыся, як патрэсквае пад нагамі тонкая скарынка лёду, як тут, на паветры, прыемнай свежасцю поўніцца галава. Сувязь з Гэляй як бы нагадвала палон, і ў апошні месяц з палону ён вырваўся. Ад гэтага прыемна. Ён як бы п’е слодыч пачуцця свабоды. І ён і яна пацягнуліся адно да другога ад душэўнай слабасці. Ад няпэўнасці становішча. У іх адносінах было ўзаемнае спачуванне, спагада, але, відаць, такія пачуцці крылаў не даюць.

У Гарбылях немцы расстралялі старога Салаўя, Гэлінага бацьку. Старую і дачку ўдалося вырваць. І менавіта тады, калі Гэлі было асабліва цяжка, між імі наступіў разрыў.

Бондар дабрыў да канца вуліцы, да таго месца, дзе сосны расступаюцца, адкрываючы позірку зарослае кустоўем гала. З-пад сцяны хаты вынырнула цёмная постаць, клацнула затворам, маладым ломкім голасам спытала пароль. «Маздок»,— сказаў Бондар. «Магілёў»,— пачуў ён у адказ, і цёмная постаць зноў прыліпла да сцяны.

Снег наўкола парадкам прычарнеў. Ад снежных валкоў, якія прыкметна аселі, ад упадзін лагчынак, дзе стаілася начная цемень, на полі, здаецца, мільгацяць няроўныя сіняватыя палосы. Сосны заціхлі ва ўрачыстым маўчанні. Ні зыку, ні шолаху.

Бондар бачыць ля дарогі незнаёмы цёмны слуп, падыходзіць да яго. Гэта не слуп, а крыж. Пастаўлены нядаўна — ля падножжа прыкметна выдзяляецца чорны кружок зямлі. Бондара агортваюць невясёлыя думкі. Баяцца людзі нямецкай кары. Таму ставяць крыжы, нават рушнікамі абвешваюць.

 

III

Ціха, але трывожна, з затоеным страхам пражыло першыя месяцы зімы сяло Піляцічы. Занесеныя шчыльным покрывам снегу дрэмлюць някідкія шматкі палёў, разложыстыя балотцы, задумна ціснуцца да паселішча з поўначы рэдкія сасоннікі і бярэзнікі. Раніцай, як звычайна, падымаюцца з комінаў хат шызыя дымы, пачынаецца людскі рух. Едуць людзі на балота па сена, возяць з лесу дровы. З вуліцы можна пачуць скрыгат і шоргат амаль у кожнай хаце. Мелюць на жорнах зерне. Рыкаюць каровы, брэшуць сабакі...

Да жонкі бургамістра Спаткая, які з Піляціч збег, хаваецца пад крыльцамі немцаў у мястэчку, вечарам заходзіць Батура. Доўга абабівае снег на ганку, а ў сенечках, перш чым зайсці ў хату, стукае ў дзверы. З пакоя азываецца звонкі, малады голас.

Гаспадыня завіхаецца ля печы. Бліскае на Батуру залатым зубам, абмахвае ручніком табурэтку, ставіць ля стала.

— Сядайце, калі ў хату прыйшлі.

Батура расшпільвае шынель. Садзіцца, шапку-будзёнаўку з зоркай кладзе на стол. На хвіліну ўсталёўваецца няёмкае маўчанне.

— Я па дзелу,— гаворыць Батура.— Вы жонка бургамістра Спаткая?

— Хіба ты забыў, як мяне завуць, Саша? Якія вы пасталі сур’ёзныя, паначапляўшы на плечы ружжаў. Помніш, у саракавым годзе, як прыязджаў з арміі, праводзіў мяне дадому?

Батура чырванее. Спаткаіха яўна хоча збіць яго з афіцыйнага тону, на які ён, ідучы ў гэтую хату, настроіўся.

— Замужам за бургамістрам Спаткаём былі вы, а не хто другі.

Яна стаіць ля печы, расчырванелая, з чапялой у руках, насмешліва пазірае на Батуру.

— У загс я з ім не хадзіла, і поп нас не вянчаў.

Батура пачынае нервавацца. Трохі павысіўшы голас, выпальвае з гневам:

— Чаго хвастом віляеш? Ведаюць усе, што з прошлага лета жыла са Спаткаём. Ну, няхай Спаткай жыў у гэтай хаце. Адзін чорт. Я па дзелу прыйшоў, а не зубы выскаляць.

На нейкае імгненне прыгожы твар жанчыны перасмыкаецца грымасай злосці.

— Дарагі Саша, калі ты такі спрос, то я табе нештачка скажу. З прошлага лета ў мяне, можа, дзесяць такіх мужоў, як Спаткай, было. Чаму пра другіх не пытаеш? Вынімай блакнот, запісувай. Пра ўсіх па парадку. Спаткай у мяне быў для харчу. Пайка мне не давалі. Каня і каровы не было.

Якраз у гэты момант з пярэдняга пакоя вынырае Міша Ключнік. Тоіць на губах усмешку, але пазірае нахабна, з выклікам. Батура нямее.

— Ты чаго тут?

— Таварыш Батура, я падчыняюся не вам, а камандзіру роты Ткачу. Камандзір узвода мае права выбіраць кватэру дзе хоча.

Батура бялее, устае, вымае з кішэні наган.

— Вот што, Ключнік. Спаткай з Князевым расстралялі маю маці і сястру, а не тваіх. Дазволь мне разабрацца, хто вінаваты. Загадваю табе: вынось хутчэй ногі! Не падчынішся — буду страляць. Наогул забараняю займаць кватэры паліцэйскіх, старастаў і прочай сволачы... Не трэба самаўпраўнічаць!..

Ключнік супраціўляцца не адважваецца. Шуснуў у чысты пакой, апрануўся і, ужо стоячы на парозе, прымірэнча сказаў:

— Ладна, пайду. Ты, Саша, на Зіну не даві. Ну, прыстаў да яе Спаткай, прыстрашыў. Сам ведаеш. Якая яна жонка яму?

Зіна, прыхінуўшыся да печы, плача.

— Я не помсціць прыйшоў, Зіна,— лагадней гаворыць Батура.— Думаеш, не ведаю, каб хацела ўцякаць са Спаткаём, то ўцякла б. Я таму і прыйшоў. Скажы лепей — Спаткай цябе не заве?

— Заве — выціраючы слёзы рукавом, адказвае Зіна.

Яна ідзе ў чысты пакой і праз хвіліну вяртаецца, несучы ў руках два невялікія аркушыкі, спісаныя хімічным алоўкам.

Батура з прагнасцю накідваецца на Спаткаёвы пасланні. Па меры таго як ён прабягае вачамі паперку, гнеў усё болей авалодвае яго сухой, выпетранай на вятрах і халадах істотай. Вычытанае нібы б’е Батуру абухам па галаве. Бургамістр, якому там, у Бацькавічах, даводзіцца не соладка, пасля прывітанняў, пяшчотных слоў, адрасаваных маладой Зіне, пераходзіць да лютых пагроз партызанам. Як бы хоча паказаць нядаўняй жонцы, што мае яшчэ ўладу, таму пералічвае ўсіх, каго, вярнуўшыся ў Піляцічы, расстраляе або павесіць. Сярод другіх прозвішчаў ёсць Батурава.

Але найбольш уражвае Батуру Спаткаёва дасведчанасць. Піша, што партызан мала, што яны слаба ўзброены, абяцае ў хуткім часе іх разагнаць.

— Хто прынёс? — не пазіраючы на Зіну, хрыпла пытае Батура.

— Кінь, Аляксандр. Прыходзіла баба з мястэчка, прынесла. А другое — Вострыкавай Насці перадаў Спаткай. Сустрэў у мястэчку на вуліцы і перадаў. Цяпер ён, як цюцька, там. Насця хадзіла ў Бацькавічы па соль. Сноўдаецца па вуліцы.

— Вострыкава Насця! — як бы штосьці ўспомніўшы, мармыча Батура.— Яе ж брата, здаецца, уходалі летам. Тады, як гнаў маладых у Германію. Зразумела.

Зіна спалохалася. Адразу, як толькі Батура зайшоў у хату, яна адчула, што з гэтым чалавекам, які носіць на твары хмурую зацятасць, будзе цяжка гаварыць. Забрыдалі да яе ў дом другія партызаны, асабліва на першым часе, калі Спаткай толькі збег у мястэчка. Лаялі, зневажалі, нават забралі вопратку, што належала валасному бургамістру. Але ніколі не адчувала яна сябе так бездапаможна, як цяпер.

— Аляксандр, не хацела гаварыць, ды скажу. Каб на другіх людзей не думаў. Спаткай сам тут быў. На каленях поўзаў, прасіў, каб ішла з ім у мястэчка. Ды я яму доўга заседжвацца не дала. Узяў трохі бялізны, сала. Прыходзілі ўночы з Князевым. Толькі той у хаце не быў. Стаяў за вуглом, пільнаваў.

— Калі прыходзілі? — бялеючы з твару, дапытваецца Батура.

— Тыдняў два таму. Як была мяцель. Уночы прыйшлі, уночы пайшлі.

Батура падхопліваецца, нервова крочыць па хаце. Нарэшце, прыцішыўшы голас, гаворыць:

— Добра, што сказала. Мы гэтага не забудзем. А цяпер вот што, Зіна. Я пастаўлю да цябе двух чалавек. Пачала памагаць, то памагай. Напішы Спаткаю, каб прыйшоў. Табе ён паверыць.

Зіна зачырванелася, адмоўна заківала галавой...

— Не, Аляксандр,— што б пра мяне ні гаварылі, але на такое не пайду. Мне не шкода Спаткая. Лавіце, карайце. Толькі сваімі рукамі ямы капаць яму не буду. Яшчэ не дайшла да гэтага...

І ў жыцці асобнага чалавека, стомленага згрызотамі, няўдачамі, прадчуваннем бяды, бываюць часіны, калі навакольны свет здаецца варожым, здрадлівым, калі халоднай вужакай запаўзае ў душу трывога. Губляе тады чалавек веру ва ўласныя сілы і, можа, па той прычыне, што глядзіць на жыццё праз цёмныя акуляры, перастае бачыць такім, як ёсць, навакольнае жыццё. Гэта хвароба душы, пошасць, і шчаслівы той, хто яе абміне. Колькі распалася згодных сем’яў з-за сляпой недарэчнай рэўнасці, колькі сяброў-таварышаў зрабіліся ворагамі, не здолеўшы разабрацца ў сваёй крыўдзе. Чалавек, у якога пахіснецца вера ў сябе, жорсткі. Нясе ён пакуты, боль і нават смерць другому чалавеку.

Але куды страшней, люцей спраўляе свой чорны баль хвароба недаверу, калі яна зачэпіць, аблытае многіх. Наступае як бы ўсеагульнае памутненне розуму. Тады няма ў паміне добрай рады-парады, якая, здаецца, толькі і павінна быць на людзях...

Зімовым вечарам, пасля таго як Батура пагаварыў з жонкай валаснога бургамістра і паклаў сабе ў кішэню Спаткаёў ліст да яе, тут жа ў Піляцічах, у халодным забруджаным памяшканні школы, вынікла сходка партызан той часткі Дамачоўскага атрада, якія за Пціч не рушылі, асталіся на Літвінаўшчыне, бліжэй да сем’яў. Вартавых выставілі чалавек дзесяць — на ўсіх вуліцах і завулках. Прэзідыума няма, пратакола ніхто не вядзе. У самым вялікім класе, які паліцыя пераабсталявала пад казарму, на нарах, сталах, проста ля сцен сядзіць з паўсотні партызан.

Пануе затоенае маўчанне.

На сцяне, на цвіку, цьмяна паблісквае ліхтар, і гэтае мігатлівае, няпэўнае святло яшчэ болей падкрэслівае трывожнасць і няўстойлівасць моманту.

На сярэдзіну вузкага круга выходзіць Батура. Ён у старым чырвонаармейскім шынялі, на галаве — вастраверхая шапка-будзёнаўка. Начальства ў атрадзе фактычна няма. Камандзір Петравец і камісар Лісавенка, прысланыя восенню з Акцябрскага раёна, пакіравалі за Пціч. Дый не ўкараніліся, не прыжыліся яны за той месяц ці два, што пабылі ў атрадзе. Старыя, заслужаныя партызаны, якія выстаялі тут, на месцы, мінулую зіму, не бачылі патрэбы ісці за Пціч, аддаляцца ад родных вёсак цяпер, калі паліцэйскія гарнізоны развеяны.

— Фашысты гатовяць нам пастку,— гаворыць Батура, стоячы пасярэдзіне пакоя.— Ведаюць пра нас усё. Колькі ў атрадах і хто ў атрадзе. Склалі спіскі, каго вешаць, а каго расстрэльваць. Магу пазнаёміць...

Тут ён вымае з кішэні лісты Спаткаёвых пасланняў да Зіны, зачытвае найбольш выразныя мясціны.

— Хто пісаў? — чуецца трывожны голас.

— Спаткай. Хто знае яго почырк, прашу пацвердзіць...

Лісткі ідуць па руках. Тое, што пісаў лісткі вораг, а трапілі яны да партызан, падымае Батуру ў вачах людзей. Усім здаецца, што Батура ведае больш, чым гаворыць, валодае асаблівымі сакрэтамі.

— Магу дабавіць,— працягвае Батура.— Два тыдні назад Спаткай і Князёў былі ў Піляцічах. Нашы пасты іх прапусцілі. •

 

IV

Ноччу ўзняўся вецер. У былым памешчыцкім парку глуха зашумелі старыя ліпы і клёны. Заскрыпеў сам дом — даўно не жылы, з выдранымі вокнамі, дзвярамі. Дом гэты віднеецца цёмным прывідам, выклікаючы ноччу нядобрае пачуццё ў падарожнікаў.

За паркам чарнеюць лозы. Вялікае, раскіданае сяло Піляцічы толькі з аднаго боку прымыкае да лесу. Увогуле яно навідавоку, бо размясцілася на пясчаным, адкрытым вятрам пагорку. Вакол — роўнядзь занесеных снегам тарфянікаў.

Два чалавекі, мінуўшы парк, выходзяць на дарогу, у нямую, начную цемень. Ідуць павольна, не спяшаюцца, трымаюцца за рамяні вінтовак, якія ў іх за плячамі.

— Паверыў бы ты, Панас,— гаворыць адзін з іх, Анкудовіч,— што ў сябе дома будзем вот так хадзіць? Туляцца, як зайцы.

Анкудовічаў субяседнік Яўтушык — вялікі, няўклюдны, моўчкі валюхае ззаду. На галаве ў яго сшытая з аўчыны кучомка, на нагах — пасталы. За тыя тры месяцы, што партызаны валадараць у вакольных вёсках, можна было разжыцца на боты ці чаравікі, але Яўтушык пра сябе не дбае.

Абодва ідуць да сем’яў — Анкудовіч у Азяркі, дзе жыве жонка з трыма дзяцьмі, а Яўтушык далей, у Лазавіцу. Яго сям’я большая: адных дзяцей пяцёра. Пасля таго, што расказаў Батура, усе кінуліся да сем’яў. Цяперашняе партызанства наогул складаецца з таго, што ўсе ездзяць ці ходзяць ад сяла да сяла. Дзе днююць, там не начуюць. За гэтыя месяцы парадкам распусціліся. Каторы і за стол не сядзе, калі гаспадыня не паставіць яечні і бутэльку. Немцаў, вядома, патроху тармошаць. Яны цяпер пападціскалі хвасты — з гарнізонаў і будак носа не вытыркаюць. Чуюць, адкуль вецер дзьме...

— Дзіўна, як Спаткай з Князевым адважыліся паткнуць нос у Піляцічы? Можа, адчулі сілу?

— У Спаткая гнілая душа,— гаворыць Анкудовіч.— Родам ён з-за Прыпяці. У калектывізацыю ў нас выплыў. Загадваў хатай-чытальняй. Я адзін раз тады яшчэ замеціў. На ячэйцы ў Піляцічах пастанавілі закрыць цэркаў. Ну, адным словам, вынеслі ўсё, каб багамольцам не было як маліцца. Я тожа пайшоў. Перагіб, канечне, але было, сам ведаеш. Зламалі ноччу замок, улезлі. Забіралі самае цэннае — залатыя, пазалочаныя крыжы, серабро. Узялі, помню, адну скрыначку. Цяжкая, мабыць, сярэбраная. А калі ўсё прынеслі ў сельсавет, сталі вопісь рабіць, скрыначкі няма. Тады ўжо на Спаткая ўпала падазрэнне.

— Не разгледзелі, што не тым духам дыша,— азываецца Яўтушык.

— Як ты разгледзіш. Думаеш, Спаткай што-небудзь паганае ў палітыцы рабіў? Ну, можа, толькі за каўнер заліваў. З Аўчаром ён даўно знюхаўся. Сам ведаеш, якое жыццё было. Кампанія за кампаніяй. Выспацца не было калі. А выступаў Спаткай правільна. Дзісцыпліну ўмеў дзяржаць. У раёне яго цанілі. Малако, мяса сельсавет выконваў.

Пасвіствае вецер у рэдкім ракітніку. Наперадзе, троху ўзбоч ад таго месца, дзе чарнее вёсачка Пажыць, як бы бліснула некалькі мігатлівых аганькоў.

— Глядзі, Панас,— Анкудовіч спыніўся.— Ля Пажыці нехта як закурыў. Бачыш, бачыш, зноў бліснула.

Астанавіўся і Яўтушык. Стаў насцярожана ўглядацца туды, куды паказваў Анкудовіч. Сапраўды, у двух ці трох месцах як бы ўспыхнулі, адразу пагасшы, зеленаватыя аганькі.

— Ваўкі,— упэўнена сказаў Яўтушык.— Распладзілася погані. Гайсаюць гання за ганнёй. Я надоечы з Лазавіцы ішоў, дык бачыў. Тады яны яшчэ і вылі.

Мужчыны здымаюць з плячэй вінтоўкі. Ідуць, трымаючы іх у руках.

— Давай стрэльнем,— гаворыць Яўтушык.

— Не трэба, вэрхал падымецца.

— Вецер нам у бок. У Піляцічах не пачуюць.

— То ў Пажыці пачуюць.

— А хіба хто з нашых у Пажыці?

— Хто-небудзь начуе.

Яшчэ праз паўгадзіны яны дабіраюцца да Пажыці. Воўчая гання знікае з відавоку. Малая, у адну вуліцу, вёсачка спіць. Ні аганька ў вокнах, ні зыку. Чарнеюць прыземістыя хаткі, акрытыя каптурамі снежных дахаў. Вецер паўднёвы, і сабакі, мабыць, не чуюць ваўкоў. Не брэша ніводны.

На балоце дарога была чыстая, роўная, а тут ля парканаў, платоў ляжаць вялікія снежныя гурбы. Некаторыя хаткі занесены да самых акон. Калі мужчыны дайшлі да сярэдзіны вёсачкі, загарланілі пеўні. Адзін, затым другі.

— Самая поўнач,— гаворыць Яўтушык.— Можа, зойдзем да каго? Нашто па ночы пёрціся? Яшчэ, праўда, нападзе якая гання. Перасядзім трохі.

Анкудовіч у нерашучасці спыняецца.

— Хіба да Маланні?

Яўтушык рагоча.

— Не бойся, Трахімавіч, жонцы не скажу. А мяне саромецца нечага. Мабыць жа, у кожным сяле маеш. Глядзі што і не па адной.

— Ат, хопіць язык часаць. Давай зойдзем.

Яны праходзяць яшчэ з гоні і зварочваюць у перадапошні двор. Варот, плятня ў гэтым двары няма, хатка з хлевушком, які шчыльна да яе прытуліўся, стаіць як бы сярод голага поля.

Анкудовіч падступае да нізенькага акенца, стукае ў шыбіну. Доўга не чуваць адказу. Нарэшце ў акне мільгае белая постаць.

— Хто там? — чуецца з хаты.

— Адчыні, Малання. Свае. Парцізаны.

Ляскае засаўка, мужчыны ступаюць спачатку ў халодныя сенечкі, а затым і ў хату. Патыхае ў твар цёплым, кіславатым паветрам.

— Цябе, Трахімавіч, пазнала,— маладым, гуллівым голасам гаворыць гаспадыня.— А другі хто?

— І мяне ведаеш. У Лазавіцы на вячорках гулялі.

— Ці не Яўтушык Панас?

— Собсцвеннай персонай. Генерал ад інфанцерыі, ета значыць, ходзім пешкі. Дазволь абагрэцца. Ваўкі, каб на іх немач, гоцаюць па полі. У вас нічога не сцягнулі?

Чуваць, як Малання ўсплясквае рукамі.

— Ваўкі? Хведараў сабака прапаў. Якраз учора ўночы. Думалі, збег.

— Я гляджу, маўчаць вашы сабакі.— Яўтушык знаходзіць лаву, садзіцца.— Ні адзін не брахнуў. Думаў, не чуюць — вецер з другога боку. А яны хвасты пападціскалі. Ваўкоў баяцца.

Малання ў накінутай на голыя плечы жакетцы тым часам шоргае ў печы качаргой, выграбае вугольчык. Доўга дзьмухае, прыклаўшы да яго трэсачку, і вось ужо мільгае ў хаце трапяткі язычок капцілкі, асвятляючы абшарпаную печ, цемнаватыя, з рудымі падцёкамі сцены, танканогі, нічым не засланы стол у куце. Ні табурэтак, ні крэслаў няма. Ля стала стаіць чурбачок, а ўвогуле месца для сядзення замяняюць дзве шырокія лавы, якія цягнуцца ўзбоч сцен. Убогі пажытак, як, бадай, у кожнай сялянскай хаце.

— Вокны завешу.— Малання бярэ з ложка дзяружку.— А то заўтра будзе пагалоска. Будуць біць як у званы.

Анкудовіч, прыхінуўшыся да печы, грэе спіну.

— Няхай гавораць. Зона тут партызанская.

— Да адзінокай бабы ўсякая звяга прыстае. Мылам не адмыеш. Каб хоць вы днём зайшлі. А то ноччу, як палюбоўнікі.

Яўтушык падміргвае гаспадыні.

— А чым паганыя палюбоўнікі. Хлопцы, як на падбор. Выбірай, Малання.

— Я ўжэ даўно выбрала. Вунь на печы грачанікі. Толькі дзе той бацька?

З печы звесіліся дзве чарнявыя, як і ў маткі, галоўкі. Дзеці прачнуліся, з прагнай цікавасцю пазіраюць на чужых мужчын.

— Нічога не чутно пра Андрэя? — пытае Анкудовіч.

— Нічога. Можа, галаву злажыў ці дзе ў палоне. Я ж табе, Трахімавіч, ужо гаварыла, здаецца. Летась вярнуўся Базылёў Аляксей з Буйкоў. Уцёк з Бабруйска, з лагера. Разам з маім хадзілі на прызыў. Бегала да яго. Нічога пра Андрэя не ведае. Кажа, іх разлучылі яшчэ ў Бранску, як на фронт адпраўлялі.

Яўтушык верціць цыгарку, прыпальвае ад капцілкі. Сядзіць, расставіўшы ногі, з прыемнасцю пыхкае смярдзючым дымам.

— На фронце твой Андрэй. Ведаеш, Малання, як даюць цяпер немцам прыкурыць? Гоняць ва ўсе лапаткі. Аж гай шуміць. Калі будуць так гнаць, то глядзі, што да лета твой Андрэй дома будзе. Яшчэ каго-небудзь з нас загрудкі возьме. Я, скажа, ваяваў, а вы, чэрці лазатыя, што рабілі? Чужым бабам панчохі падвязвалі.

— У Сталінградзе акружана нямецкая армія,— пацвярджае Анкудовіч.— Трыста тысяч чалавек.

Малання збіраецца частаваць гасцей. Стол заслала настольнікам, дастала з паліцы акрайчык хлеба. Матлянулася ў сенечкі, прынесла місу кіслай капусты. Нарэшце ўздымае маснічыну, дастае з прыгрэбніка бутэльку самагонкі.

Па вёсцы наперабой спяваюць другія пеўні.

— Садзіцеся, мужчыны,— запрашае гаспадыня.— Сталінград той далёка, бог яго ведае, як будзе. А вам тожа нялёгка. Бадзяецеся без жонак. Мабыць, мохам пазарасталі,— яна раптам засмяялася.— За тыжджань не адмыеш. Вунь у нас жонкі адны без мужыкоў парацца. Лазня харошая, увесь ваш атрад памесціцца. Падышоў бы каторы.

Яўтушык, у чым сядзіць, падсоўваецца па лаве да стала.

?????????????????????????????????????????????????????????????????

ня, мабыць, трохі сп’янела,— што носа не вешаеш. Бадзёрыш народ. Давайце яшчэ вып’ем, мужчыны.

Анкудовіч згодна ківае галавой. Яўтушык даўно заўважыў у ім гэтую рысу — згаджаецца з тым, што гавораць другія, падтаквае. І ў баю ён не сказаць, каб смелы, а вот бабы яго любяць. Прошлую зіму, як валадарылі паліцэйскія, старасты, вось так, па бабах, і перахаваўся. Дый з паліцэйскімі задзіраўся не вельмі.

Выпілі рэшткі гарэлкі, з’елі капусту, бульбу. Твар у Маланні запунсавеў, яна, не зважаючы на Яўтушыка, то дакранецца да Анкудовічавай рукі, то да пляча. Як бы паказвае сваю да яго прыхільнасць.

Палеглі спаць па лавах. Яўтушык на даўжэйшай, што цягнецца ля бакавой сцяны, Анкудовіч на папярочнай, якая бліжэй да ложка. Малання абодвум дала па падушцы.

Яўтушык ляжыць, з паўгадзіны не спіць, прыслухоўваючыся да шорахаў цёмнай, соннай хаты. Ужо далёка за поўнач. Недзе нясмела брахнуў сабака, азваўся другі. Ваўкі, мабыць, адышліся, сабакі іх болей не баяцца. За сцяной шастае вецер, ледзь чутна пазвоньвае слаба закітаванай шыбінай.

Яўтушык ведае, што калі побач жанчына, то Анкудовіч так проста ляжаць не будзе. Сам ён з жанчынамі ніколі смелы не быў і, мабыць, трохі зайздросціць такім вось хватам, як Анкудовіч. Але, з другога боку яго не надта цягне да паспешлівых, у чымсьці абразлівых выпадковых сустрэч. Каб хацеў, то меў бы і ён каханак...

Назаўтра раніцай мужчыны дабраліся да Азяркоў. Як і Пажыць, яна мае адну вуліцу, цягнецца ўздоўж занесенага снегам балота. Хат тут болей, можа, цэлая сотня, але яны маленькія, пахілыя, з падслепаватымі акенцамі і вока выглядам сваім не радуюць. Забудаваліся Азяркі, мабыць, яшчэ пры паншчыне, ды з таго часу вось так і стаяць.

Анкудовічава хата нават горшая, чым астатнія. Сенечак няма, паркан разабраны на дровы, на голым, як бубен, двары гойдаецца пад ветрам адзінокая грушадзічка. Сям’ю мужчыны засталі за сталом. Замурзаныя дзеці дружна боўтаюць драўлянымі лыжкамі ў вялікім закапцелым чыгуне. Пры паяўленні мужа жонка — высокая, хударлявая кабеціна, з вузкім злосным тварам — не толькі не выказала радасці, а нават не павіталася.

Анкудовіча такі прыём аднак не засмуціў. Ён распрануўся сам, запрасіў распранацца Яўтушыка і як ні ў чым не бывала пачаў распытваць жонку пра навіны.

Тая маўчыць, але нарэшце не вытрымлівае.

— Бацька называецца. Валочыцца чорт ведае дзе. Дзеці галодныя, халодныя, а яму ні ў галаве.

— На заданні быў, Ганна. Што ты гаворыш?..

— Ведаю тваё заданне. Максім Боўтрыкаў і Пятро там, дзе і ты. Па два разы дадому прыходзілі. У іх жонак і дровы і сена. А ў мяне што?

— Будуць дровы. Усё будзе.

— Пачакай, дазнаюся, да каго ты ў ГІіляцічах ходзіш. Вокны дзеркачом паб’ю. Няхай тады твая краля анучамі затыкае.

Брыдкая баба, думае Яўтушык. Анкудовіч жа ніштаваты мужчына, а такую брыду ўзяў. Нездарма ён ад яе бегае.

— Не паб’еш, Ганна, акон,— гаворыць Яўтушык услых.

— Чаму не паб’ю?

— Бо няма ў яго нікога ў Піляцічах.

— Усе вы такія. Адзін другога пакрываеце.

— Ты едзь у дальнія дзярэўні.— Яўтушык рагоча.— Там, дзе паліцыя. Там у твайго Трахімавіча па дзве, па тры. Аж сохнуць па ім, аніяк не даждуцца.

Яўтушыкава ўмяшанне спрыяе ўсталяванню міру. Анкудовічава жонка лагаднее, сагнаўшы з-за стала дзяцей, дае мужчынам паснедаць. Прысеўшы на ўслончык, пераказвае навіны:

— У Буйках паліцаі былі. Дамачоўскія. Узялі карову, тры аўцы. Хваліліся, што рушаць на вас вялікімі сіламі і разгоняць.

— Не разгоняць,— Анкудовіч дастаў з паліцы брусок, вострыць сякеру.— Кішка тонкая. Вясна на носе, а вясной — сама знаеш.

— Забралі б вы нас, парцізаны. Хоць бы ў тыя Піляцічы. Разам было б весялей. Што за жытка тут — калоцішся, дрыжыш. Ні адной ночы спакойна не паспала. А выйдзеш на вуліцу — косяцца некаторыя бабы. З-за іх, кажуць, і нашы хаты папаляць. Я яшчэ і вінаватая.

— Перастань, Ганна. Хутка ўсё зменіцца. Мы ж з-за сямей і за Пціч не пайшлі. А забраць сем'і ў адно месца нельга. Мы самі на месце не стаім. У чужых людзях будзе яшчэ горай.

Анкудовіч апранаецца. Наважыў насекчы дроў. Яўтушык таксама збіраецца. Дзякуе гаспадыні, ускідвае на плечы вінтоўку. У гэтую хвіліну ў хату ўлятае распатланая, у накінутай на плечы ватоўцы кабеціна, з парога крычыць:

— Чалавек з мястэчка соль на бульбу мяняе. З возам прыехаў. Конь Князева. Яй-богу, Князева!

Мужчыны ў адзін момант выскакваюць з хаты. На вуліцы сапраўды стаяць запрэжаныя сані. Конь буланы, буйны, падкаваны на ўсе чатыры нагі. Збруя спраўная: хамут, пастромкі, церассядзельнікі — як новыя. З двара, размешчанага насупраць Анкудовічавай хаты, дыбае стараваты, апрануты ў сялянскую світу чалавек, нясе на плячах паўмеха бульбы.

— Хто такі? — пытае Анкудовіч.

— А вы хто такія? — спакойна адказвае ён, уладкоўваючы мех з бульбай на сані, акрываючы яго сенам.

— Мы парцізаны. Чый конь?

Чалавек высмаркаўся, выняў з кішэні рукавіцу, выцер нос.

— А я з мястэчка. Работаў да вайны на чыгунцы. Цяпер нідзе не работаю. А каня ў суседа папрасіў.

— У якога суседа? — наліваючыся чырванню, крычыць Анкудовіч.

Чыгуначнік зіркае на яго зняважліва.

— А ты не крычы. Рад, што стрэльбу начапіў. Хапае каму крычаць без цябе. Чалавек, што даў мне каня, недзе адсюль. Здаецца, з Піляціч. У мястэчка прыбіўся. Я не пытаў, хто ён такі. За каня прасіў прывезці мех бульбы.

— Князеў твой сусед? Гавары! — зноў крычыць Анкудовіч.

— Здаецца, Князеў. А што?

Анкудовіч здымае з пляча вінтоўку, клацае затворам.

— Паехалі ў Піляцічы. Там разбяромся.

Настаўленая руля вінтоўкі, здаецца, ніколькі не бянтэжыць старога.

— Нікуды я не паеду. Што я такое зрабіў?

Ля саней збіраюцца вяскоўцы. Найбольш жанок і дзяцей. Мужчыны стаяць воддаль — мабыць, не хочуць мяшацца ў прыкрую справу. Бабы ж даўно разнюхалі, на чыім кані прыехаў пакупнік бульбы, і позіркі, якія яны кідаюць на старога, не абяцаюць нічога добрага.

Яўтушыку робіцца шкада чыгуначніка.

— Вось што дзед,— гаворыць ён.— Князеў, мабыць, у вас авечкай прыкідваецца. А ён тут начальнікам паліцыі быў. Народ страляў. У паганую кампанію ты трапіў. Так што кідай каня і матай на ўсе чатыры стораны.

— Каня не аддам,— гледзячы паверх галоў, заяўляе стары.— Не вы мне яго давалі.

Бабы ўзбуджана гудуць.

— Бач ты, паліцэйскага каня не хоча аддаваць!

— Ага, адпусці яго! Заўтра немцаў прывядзе. Ён за каня гатоў павесіцца.

— Хітра прыдумалі. Каня забяруць, а старога пусцяць.

Толькі цяпер чыгуначнік адчуў небяспеку. На імгненне яго спалоханы позірк запыняецца на Яўтушыку, і ён неяк паспешліва торгае лейцамі. Анкудовіч ідзе ўслед за санямі. Яўтушык даганяе мужчын пры выездзе з вёскі. Штурхае пад бок Анкудовіча, і яны трохі адстаюць ад саней.

— Я да жонкі заскочу, Трахімавіч. А ты як трэба раскажы. Кокнуць жа старога ні за панюх табакі.

— Ведаю,— чамусьці злосна азываецца Анкудовіч.— Разбяромся.

 

V

Дзіўным жыццём жывуць вёскі, паселішчы той часткі Палесся, дзе ўжо летам сорак другога года разгулялася партызанская вольніца. Насаджаныя немцамі паліцэйскія гарнізоны і асяродкі мясцовай цывільнай улады — воласці развеяла нібы ветрам. Калі не раёны цалкам, то значныя іх часткі, па некалькі суседніх сельсаветаў разам, выпалі з-пад улады акупацыйнай адміністрацыі. У такіх мясцінах кантроль паліцыі, гебітскамісараў, бургамістраў распаўсюджваецца толькі на населеныя пункты, што ляжаць пры чыгунцы ды яшчэ ля шырокіх, з адзнакаю ваеннага значэння дарог.

Надышла зіма, большасць партызанскіх сіл рушыла за Пціч, але на пакінутай тэрыторыі гарнізоны, воласці так і не аднавіліся. У другі раз акупацыйная ўлада не магла гэтага зрабіць, бо сярод мясцовага насельніцтва зусім не знаходзілася ахвотнікаў ісці ў паліцыю ці выконваць якую-небудзь іншую нямецкую службу. Часам у безуладныя, прыціхшыя вёскі налятаюць нямецка-паліцэйскія атрады, твораць на скорую руку расправу, забіраюць хлеб і жывёлу. Але часцей завітваюць партызаны. Дыверсійныя групы, якія не спускаюць вока з чыгункі, нават у адчайныя марозы і мяцеліцы ў такіх вёсках адаграваюцца, папаўняюць запасы харчу, бяруць праваднікоў і фурманкі. Нярэдка то тут то там між немцамі і партызанамі ўспыхваюць сутычкі. Рэжуць сухое зімовае паветра кулямётныя чэргі, пошчак вінтовачных стрэлаў. У залежнасці ад абстаноўкі які-небудзь бок адступае, часцей нямецкі.

Партызаны паяўляюцца вечарам, калі ў вокнах вясковых хат пачынаюць дрыжэць мігатлівыя аганькі смалякоў і лучыны. Яны звычайна прыязджаюць нечакана, у санях ці ў вазку, спакваля, каб паказаць сябе, праходзяць узбоч парканаў, плятнёў, выбіраюць для сваёй чыннасці найбольш прасторную хату. Там наладжваецца вечарынка, і туды, дзе верхаводзяць гэтыя апаясаныя крыж-накрыж патроннымі лентамі хлопцы, сцякаецца моладзь. Ды не толькі моладзь. Рыпае гармонік, бухае бубен, носяцца па хаце, уздымаючы клубы пылу, імклівыя пары. З захапленнем глядзяць на чубатых, задзірыстых лясных салдат дзяўчаты. Не адна з іх чакае сустрэчы, углядаючыся ў ашкелак люстэрка, падводзіць вугалем бровы, а звычайным бураком, звараным на абед, ледзь-ледзь падфарбоўвае пульхныя губы. Ва ўсе часы, стагоддзі цягнецца жанчына да воіна, свайго абаронцы, заступніка.

Партызанскія вечарынкі — не толькі пагулянкі, дзе шукаюць выйсце хмельныя сілы маладосці, развейваецца страх, трывога няпэўнага, няўстойлівага часу. Яны нібы зборныя пункты, яны выконваюць ролю таго народнага веча, якое здаўна на лясной, раскіданай Русі вербавала сілы інсургентаў для адпору чужынцам. Пасля двух-трох полек, «Лявоніх» гармонік раптам замаўкае, хлопец, які да гэтага часу зацята лупіў балбешкай па цялячай скуры бубна, зашываецца куды-небудзь у кут, а ў круг, на свабодны прамежак хаты, выходзіць найбольш красамоўны партызанскі агітатар у дубленым кажушку, апаясаны шырокім вайсковым рэменем, прыфранчоны і дзёрзкі. Добра, калі пры ім ёсць зводка з франтавымі весцямі, навінамі, а калі няма такой зводкі, то ён някепска абыходзіцца і без яе, бо язык мае спрытны, вынаходлівы, можа пра поспехі франтавыя, партызанскія дабавіць і прыбавіць і заўсёды пацэльвае сказаць анямелым слухачам якраз тое, што самі яны прагна жадаюць пачуць. Няхай жа не забудуцца неацэнныя заслугі іменна вось такіх самадзейных агітатараў, вастрасловаў і насмешнікаў, якіх партызанская маса нараджае ўсюды, бо без іх проста немагчыма жыць! Бо не толькі ўдалы бой, хітрая засада ці вылазка, перамога на фронце, а і слова, жывое чалавечае слова памагала распальваць тое полымя нязгоды, супраціўлення ворагу-прышэльцу ва ўсіх яго відах, формах.

Моладзі партызаншчына дае крылле. У жыцці заўсёды ёсць паласа, калі чалавек найменш думае пра ўласнае гняздо, пра справы практычна-будзённыя, спакойныя, звязаныя з паўсядзённым клопатам і дробнымі, непрыкметнымі справамі. Ад веку на гэтай заселенай сінявокімі, русавалосымі славянамі зямлі было непадзельным племя земляробаў і племя воінаў, бо калі вынікала патрэба, учарашні хлебароб садзіўся на махнатага коніка, браў у рукі касу альбо дзіду, бег у лес да цімакоў, паўстанцаў. Дрэмлюць па ўсёй Белай Русі сівыя, насыпаныя чалавечымі рукамі курганы, і хаваюць яны пад сваімі пакатымі схіламі яшчэ неапісаную народную славу. Гайсалі тут дзікія раз’езды касавокіх татара-манголаў, бясследна знікаючы сярод лясных і балотных імшарын, аб мужыцкія доўбні, рагачы ламаліся крывыя шабелькі ганарыстай польскай шляхты, ёсць могільнікі шведскія, французскія, нямецкія...

Яшчэ ў мірныя, бясхмарныя дні абудзіў горад жалезным клічам дзеравяную сельшчыну, завучы ў новыя прасторы, у нязведаныя далі. Дзедаўскі звычай ламаўся, забываўся, бо ўсе тыя трактарысты, лётчыкі, дактары, настаўнікі, якія выйшлі з-пад саламянай страхі, назад пад страху не хацелі, ніякою запрудай нельга было спыніць імклівы вясновы разліў жыцця. І калі новыя, нацэленыя на такі вырай пакаленні, адчулі пагрозу свайму парыванню, яны мусілі за сваё жыццёвае права змагацца...

Ад Сасновіцы, у якой размешчаны партызанскі штаб, да Піляціч, Літвінавіцкіх лясоў, дзе зімуе частка Дамачоўскага атрада, напрамкі не болей як восемдзесят кіламетраў. Але справа ў тым, што прамой дарогі няма, бо частка Дамачоўскіх вёсак кантралюецца немцамі.

Групе Бондара, якая на досвітку выехала з Сасновіцы на пяці санях, прыходзіцца віляць і пятляць. За дзень адолелі кіламетраў шэсцьдзесят, але да Піляціч яшчэ далёка. Праязджаюць закіданыя снегам вёсачкі, робяць кароткія перапынкі, размаўляюць з сялянамі. Бондару кідаецца ў вочы такая праява: людзі не хаваюцца, не туляюцца па закутках.

Мужчыны, цёткі ахвотна падыходзяць да партызанскіх вазкоў, уступаюць у гаворку.

Апошнія месяцы Бондар амаль нікуды не вытыркаўся са штаба, і відавочная перамена ў настроі насельніцтва ўздымае яго настрой, узбадзёрвае. Пытаюцца ўсюды пра адно: ці праўда, што немцаў разбілі ў Сталінградзе і цяпер яны адступаюць на ўсіх франтах?

Як і ў мінулую зіму, весткі пераўвялічаны, праўда перамешана з выдумкай, але ўсё адно вяскоўцы ведаюць пра становішча на фронце лепей, чым летась.

Начуюць у лясной вёсачцы. У хату, дзе спыніліся Бондар з Петраўцом, набіваецца дзядоў, мужчын, воляй-няволяй прыходзіцца праводзіць сход. Выступаюць па чарзе то Бондар, то Петравец. Рассеўшыся на лаўках, на ложку, на падлозе ўзбоч сцен дзядзькі дымяць самасадам, уважліва слухаюць. Пытанні пра фронт, саюзнікаў сыплюцца без канца.

Каля печы сядзіць дзед, які выдзяляецца вельмі ўжо неахайным выглядам. На кажушку безліч латак рознага колеру, памеру, з-пад расхлістанага каўняра цёмнай, як зямля, кашулі выбіваецца голая грудзіна. Затое дзедавы ногі, абутыя ў лазовыя лапці, тоўстыя, як бярвенні,— столькі на іх накручана ануч. Вось гэты замшэлы дзед раптам пажадаў выказацца:

— Баба мая памерла, а дачка не хоча браць да сябе,— ці то прыдурваючыся, ці то ўсур’ёз пачаў ён.— У яе сваіх дзяцей як бобу. То магу свабодна пайсці ў парцізаны. І яшчэ з нашага сяла могуць пайсці. Толькі ведаеце што, начальнікі, паліцэйскіх трэба паразганяць. Аканчацельна, каб дух іх не смярдзеў. Бо будуць здзекавацца з сем’яў. У немцаў цяпер нявыкрутка, то, я думаю, паліцэйскія за іх крэпка дзяржацца не будуць. Калі пан уцякае, то яго лёкай, чаго добрага, сам можа з пана садраць штаны... Нечага з ім цырымоніцца!..

Дзед змаўкае, зашываецца глыбей у качарэжнік. Мужчыны рагочуць, але небяспечную гаворку ніхто працягваць далей не хоча.

У суседняй хаце зборышча весялейшае. Туды памкнула моладзь, і пасля нядоўгіх прамоў з хаты пачуліся зыкі гармоніка, тупат ног.

Апоўначы Бондар з Петраўцом выходзяць праверыць пасты. Першы паставы, які стаіць пры ўездзе ў вёску, нясе варту належным чынам, затое другі, пастаўлены паблізу камандзірскай хаты, здаецца залішне тоўстым. Калі камандзіры падыходзяць бліжэй, ад партызана, ціха ўсклікнуўшы, аддзяляецца дзяўчына, імкліва бяжыць у цёмны панадворак. Вартавы таропка зашпільвае кажух. Несучы варту, ён і дзяўчыну адначасна грэў. Парушэнне дысцыпліны, вядома, але што папішаш...

Вярнуўшыся ў хату, не могучы адразу заснуць, Бондар штурхае пад бок Петраўца, які, не паспеўшы ўпасці на салому, ужо высвіствае носам.

— Слухай, Кірыла Пятровіч, гэты каравы дзед не дурны.

Петравец сонным голасам пытае:

— Што ён такое разумнае сказаў?

— Тое, што паліцэйскіх трэба разагнаць канчаткова. І не ваяваць з імі, а пашукаць што-небудзь другое.

— Як гэта не ваяваць?

— А так. Паспрабаваць на свой бок перацягнуць. Пра Сталінград яны ж таксама ведаюць.

 

VI

Назад у Піляцічы Яўтушык вярнуўся прыцемкам. У Лазавіцы — у жонкі і дзяцей — пабыў не поўны дзень, паспеўшы аднак на суседавым кані прывезці з альшэўніку вазок дроў, перакінуць з блізкага балота ў двор недабірак стажка рудой накошанай ледзь не ў зазімак асакі.

Гаспадыня, у якой Яўтушык стаіць на пастоі, ведае, што дома ў яго не соладка. З дому звычайна нават хлеба не прыносіць, таму, калі пастаялец толькі пераступіў парог, яна стала завіхацца ля печы. Выцягнула чыгунок бульбы, наліла міску капусты, паднесла на сподачку два скрылікі старога ёлкага сала. Нават чаго ніколі не было — шклянку вішнёвай настойкі наліла.

Гараць, патрэскваючы, на камінку смалякі. Па сценах скачуць палахлівыя цені. У Яўтушыка гудуць тугой стомай ногі, гарыць абсівераны на ветры твар. Аднак настрой яго ўздымаецца, бо пачастунак незвычайны.

— Якое сёння ў нас свята, Аксіння? — пытае Яўтушык.

— Ты падумай.

Сама Аксіння за стол не садзіцца, стаіць пры камінку, падкладвае ў агонь смольныя шчэпкі.

— Нічога не магу прыдумаць. Пазабываў рэлігійныя святы.

— Дзіва што. Усе пазабывалі. Самога бога забылі. Таму на зямлі і творыцца такое. Людзі звярамі парабіліся. Брат пайшоў на брата.

Яўтушык выпівае настойку, закусвае салам, трохі здзіўлена паглядаючы на гаспадыню, якую прызвычаіўся бачыць маўклівай і самотнай.

— Дык якое ж сёння свята, Аксіння?

— Стрэчанне, Панас.

Штосьці гаспадыня ўсё-такі не дагаворвае. Яўтушык гэта адчувае, але рашае лішне на назаляцца. Ён ведае з практыкі, што ўсё, што чалавек тоіць у душы, рана ці позна вылезе напаверх.

— Маня дзе? — каб змяніць гаворку, пытае ён пра гаспадыніну дачку.

— На пагулянку пабегла. Вашы ж прыехалі з-за Пцічы. Харошыя, гладкія, у кажушках, ботах. Не тое што вы, абарванцы. Нават начальніка бачыла, які камандаваў, калі вы Піляцічы забіралі. Прысадзісты такі, чарнявы і трохі кірпаты.

— Мабыць, Бондар,— гаворыць Яўтушык.— Ён, чутно, начальнікам агульнага штаба. Добра, што прыехалі, а то нашы саўсім адзічэлі. Тады па зіме за Пціч не захацелі ісці, за сем’і баяліся, а цяпер ловяць самі на сабе блох...

— Праўда, Панаска,— неяк адразу згаджаецца гаспадыня.— Самі не ведаюць, што робяць. Сёння майго сваяка, што прыехаў з мястэчка, застрэлілі. Я сама і вінавата. Восенню шчэ, як была ў мястэчку, заходзіла да іх. Жонка яго, мая дзядзіна, адсюль, з Піляціч. Дык я сваім дурным языком на смерць чалавека пазвала. «Збярыце, кажу, трохі солі і прыязджайце. Чаго-чаго, а бульбы за соль разжыцца можна». А ён — дзе толькі яго галава была — прыехаў на Князевым кані. З-за таго каня і паклалі...

— Сволачы! — Яўтушык, не помнячы сябе, выскаквае з-за стала, кідаецца да парога, у мыцельнік, дзе побач з рагачамі, качаргой стаіць вінтоўка.— Я старога разам з Анкудовічам у Лазавіцы задзяржаў. Хацеў адпусціць, каня толькі забраць, але ён каня не аддаваў. То я Анкудовічу наказаў, каб давёў Батуру ўсё як ёсць. Проста стары дурны і ўпарты. Просам- прасіў Анкудовіча. Як жа ён дазволіў?

— Сядзь, Апанаска. Цяпер бядзе не паможаш. Ашалеў Батура, ды і другія ашалелі. Нічога твой Анкудовіч не мог памагчы. Такая каша тут заварылася.

Цяжка дыхаючы, Яўтушык садзіцца на ўслончык.

— Шкода старога. Я ж яго адпускаў. На чорта конь, калі самога могуць кокнуць. А конь, праўда, Князева. Як ён з тым Князевым знюхаўся?

— Не ведаю пра Князева, а дзядзька Есіп харошы чалавек. Думаеш, Апанаска, у тым мястэчку адны паліцэйскія жывуць? Іх няхай сто, астатнія — чэсныя. Такія ж людзі, як і мы. Дзядзька Есіп сваіх дзяцей пагадаваў, але малодшая дачка пры ім. Зямлі ў яго няма, на чыгунцы рабіў. Есці ж трэба. Вот і паехаў. Як прыпрэ, то не тое што на Князевым кані, самога чорта запражэш ды паедзеш.

— Вінаваты Батура. Пасеяў паніку, страху нагнаў. Я, каму трэба, Аксіння, далажу. Мне баяцца нечага. Я ў парцізанах яшчэ з Якубоўскім і Шэлегам быў. Шэлега забілі, Якубоўскага Батура адцясніў. А яго ніхто не выбіраў камандзірам. Матку і сястру яго немцы расстралялі, але ўсё адно не мае такога права.

— Я не пра тое гавару, Апанаска. Вінаваты хто ці не вінаваты, разбірайцеся самі. Чалавека трэба пахаваць па-хрысціянску. Не скаціна ўсё ж. Прашу цябе — схадзі заўтра да начальнікаў, папрасі, каб дазволілі адвезці цела ў мястэчка. Я сама завязу. Папрашу каня і завязу.

— Завязеш, Аксіння. Ручаюся галавой, што дазволяць.

Яўтушык адчувае сябе страшэнна змораным. Ісці нікуды не хочацца. Ён кладзецца на лаўку, акрываецца світай, але доўга не можа заснуць.

 

VII

Паліцэйскія разбегліся. Труп Вайцяхоўскага астаўся ў школе.

Лубан нібы звар’яцеў. Дрыжаць рукі, калоціцца цела. Ніяк не можа звярнуць цыгарку. Праз мітусню думак прабіваецца адно: ад сям’і адрэзаны канчаткова. Сёння вечарам ці самае позняе заўтра немцы аб усім даведаюцца, схопяць сем’і.

Альшэўскі з Адамчуком выносяць са школы, кладуць у вазкі вінтоўкі. Тоўсцік валэндаецца з канём Вайцяхоўскага. Конь закідвае галаву, храпе, не даецца ў рукі новаму гаспадару, які няўмела спрабуе ўскочыць у сядло.

— Перастань! — крычыць Лубан.— Прывяжы каня да саней.

Гадун моўчкі стаіць на ганку. Расхлістаўшы дублены паўкажушок, дастае з патайной кішэні нейкія паперы, ірве на дробныя шматкі. Выкідваючы руку, рассейвае вакол ганка. Шматкі паперы белымі матылькамі асядаюць на пачарнелы снег.

— Паехалі! — нарэшце адчайна выгуквае Гадун.— Зняўшы галаву, па валасах не плачуць. У Піляцічы, Шміляцічы ці к самому чорту на рогі. Цяпер усё адно.

— Пачакай,— Лубан, узяўшы лейцы, заварочвае каня на вуліцу.— Трэба знайсці старасту. Напішу ліст Крамеру. Цяпер можна напісаць.

Старасту шукаюць доўга. Вуліца абязлюднела. Нават у хаце, дзе гулялі вяселле, ціха. Вароты па-ранейшаму расчынены, а двор пусты.

Стараста, касавокі, мізэрны, з’явіўся пасля таго, як амаль гадзіну ўгаворвалі яго сястру, бледнатварую і, мабыць, трохі прыдуркаватую дзеўку. Жонка, колькі яе ні прасілі, дзе мужык, не сказала.

Лубан прысаджваецца за стол. Слінячы чарнільны аловак, таропка спісвае размашыстым, але разборлівым почыркам лісток, вырваны з блакнота.

«Аўгуст Эрнэставіч!

Я і мае таварышы, якія знаходзяцца са мной, зрабілі вялікую памылку, пайшоўшы да немцаў на службу. Мы цяпер апомніліся і ведаем, што трэба выкупляць грахі. Ты таксама зрабіў памылку. Але мы табе ўсё даруем, выратуй толькі нашы сем’і, якія асталіся ў мястэчку. Зрабі ўсё, што можаш, і мы табе гэтага ніколі не забудзем. Хіба вінаватыя сем’і, што мы ў сваім жыцці заблудзіліся і пайшлі не туды, куды трэба? Аўгуст Эрнэставіч, ты чалавек сумленны, крыві не хочаш, пашкадуй нашых жанак і дзяцей. Ваююць мужчыны, салдаты, а не жанкі і дзеці. Вер майму слову, Аўгуст Эрнэставіч, Гітлер вайну прайграе, да гэтага ідзе. Астаюся з павагай да цябе, твой былы намеснік Лубан».

Напісанае Лубан чытаць не стаў. Згарнуў лісток, аддаў старасту. Насупіўшы бровы, загадаў:

— Пойдзеш у мястэчка. Ідзі проста на кватэру да Крамера. Ведаеш, дзе жыве? Аддай пісьмо ва ўласныя рукі. Калі пікнеш каму другому, зробім тое, што з Вайцяхоўскім. Зразумеў? Крамеру на словах перадай — што знойдзем пад зямлёй, калі нас не паслухае...

Селі ў вазкі, паехалі...

Ля Піляціч з рэдзенькага бярэзніку выскакваюць на дарогу два маладыя з вінтоўкамі наперавес хлопцы.

— Стой! Ні з месца! Хто такія?

Убачыўшы ўзброеных людзей, якія едуць з местачковага боку, хлопцы бянтэжацца. Не ведаюць, што рабіць. Акрамя іх нехта яшчэ ёсць у сакрэце, бо адтуль, з бярэзніку, чуюцца тры частыя, раз-пораз, стрэлы.

— Едзем у партызаны,— за ўсіх адказвае Лубан.— Толькі што разагналі мохаўскую паліцыю. Завязіце нас да камандзіра.

Хлопцы пераглядваюцца. Яны, відаць, яшчэ не бачылі, каб вось так, на вазках, хто-небудзь прыязджаў у партызаны. Папераджальныя стрэлы між тым зрабілі сваю справу. З сяла бяжыць некалькі чалавек з вінтоўкамі.

Ключнік, як толькі падбег, убачыў Лубана, закрычаў:

— Здаць зброю! Папаліся, нямецкія халуі. Цяпер вам не выкруціцца!..

Партызанскі ланцуг уміг натапырыўся рулямі вінтовак, настаўленых на ўцекачоў.

— Вялікія птушкі заляцелі! — са зласцівым узбуджэннем выгуквае Ключнік.— Магу прадставіць па чарзе. Вось гэта намеснік бургамістра, гаспадзін Лубан. Уласнаручна, каб выслужыцца, чырвонаармейца застрэліў. Той вунь, тоўсты, выдаў партызанскія склады, рамантуе немцам чыгунку. Ды ўсе яны паліцаі. Як так папаліся, гаспадзін Лубан? Нямецкі компас згубілі? Не па той дарозе паехалі?

Лубан і яго спадарожнікі, што мігам паўскаквалі з вазкоў, пакінуўшы вінтоўкі, стаяць са спалатнелымі тварамі.

— Мы самі ў партызаны пайшлі,— глуха пярэчыць Лубан.— Разграмілі гарнізон у Мохаве. Зброя вось тут. Можаце палічыць. Чатырнаццаць вінтовак.

Партызаны недаўменна пазіраюць на ўцекачоў. Некаторыя закідваюць вінтоўкі за плячо, двое ці трое трымаюць у руках.

Ключнік як бы звяў.

— Наконт Мохава праверым. Толькі нешта доўга збіраліся? Можа, з немцамі што не падзялілі?

Лубан маўчыць. Працэсія паволі кранаецца ў Піляцічы. Двое партызан, пасеўшы ў вазкі, гоняць коней паперадзе гурту ў сяло.

Дзіўную ўласцівасць маюць чуткі. Як снежны ком, які коціцца з гары, абрастае новымі пластамі, павялічваецца ў памерах, так кінутае чалавечае слова, перададзенае другому і трэцяму, змяняецца да непазнавальнасці. Яшчэ не паспелі ўцекачы пад канвоем партызан паказацца на піляціцкай вуліцы, як доўгая, раскіданая вёска нібы ў бубен біла, што местачковая паліцыя на чале з бургамістрам прыехала здавацца партызанам. Бабы, мужчыны, дзеці высыпалі на вуліцу.

Партызаны, якія паселі ў вазкі, прыгналі ўзмакрэлых коней да хаты, у якой жыве Батура, хвілін на пятнаццаць раней, чым туды падышлі абяззброеныя местачковыя начальнікі. Гэта мела вынік. Вестку Батура знешне ўспрыняў спакойна. Накінуў на плечы вайсковы шынель, надзеў шапку-будзёнаўку, стаў нетаропка выдыбаць па хаце. Але ў яго ўзбуджанай, недаверлівай галаве мільгнула думка аб правакацыі. Батура адразу звязаў начныя візіты бургамістра Спаткая з незразумелым пераходам на бок партызан пяцярых нямецкіх пасобнікаў. І ўжо было ясна Батуру, што прыбыццё намесніка бургамістра і астатніх у партызанскі лагер не што іншае, як хітрая вудачка, закінутая немцамі, каб прыглушыць партызанскую пільнасць. Недзе ўслед за дэсантам рухаюцца нямецкія ланцугі.

Батура зараз жа аддаў загад асядлаць дарогу з мястачка, заняўшы абарону. Сувязныя кінуліся з хаты.

А яшчэ праз некалькі хвілін у Піляцічах стала тварыцца незразумелае. Па вуліцы пад здзіўленымі позіркамі вяскоўцаў ішлі, панурыўшы галовы, людзі, якіх бачылі тут у іншай ролі. Лубан сваёй уладай прызначыў бургамістрам Спаткая. Да начальніка паліцыі Князева наязджаў вось гэты прысадзісты Гадун. Тоўсцік зброі не насіў, ён угаворваў шаўцоў і краўцоў, каб бралі ў нямецкай улады патэнты.

Па вуліцы, клацаючы на хаду затворамі, бягуць між тым партызаны. Нясуцца ў той бок, адкуль прыйшлі ўцекачы. Вяскоўцы занепакоіліся. Некаторыя кідаюцца ў двары, у хаты, каб ладаваць скарб, а ў выпадку каманды рушыць да лясных сховішчаў. Паасобныя, найбольш праніклівыя, у каго набытак даўно спакаваны ў мяшках, посцілках, не чакаючы, шыбуюць у сасоннік.

Перабежчыкаў прыводзяць у агароджаны шчыкетнікам двор. Ключнік узбягае на ганак. З хаты тым часам выходзіць Батура. З паўхвіліны маўкліва, звузіўшы вочы глядзіць на Лубана, на астатніх, затым, перавёўшы позірк на Ключніка, загадвае:

— Растраляць. Як здраднікаў Радзімы і правакатараў. Выкананне загаду ўскладваю на цябе. Пратакол пазней аформім. Я пайшоў кіраваць абаронай. Калі не ўдзержымся, выведзеш у лес насельніцтва.

І пайшоў. Размеранай, упэўненай хадою, у доўгім шынялі, прамы і высокі як слуп.

Дзіўныя рэчы могуць адбывацца з людзьмі. Там, на дарозе, калі партызаны яго толькі затрымалі, Лубан, нягледзячы на наскок Ключніка, змог штосьці гаварыць, тлумачыць, а тут у яго нібы адняло язык. Не меў сілы прамовіць слова. Пабялелыя, у адзін момант зламаныя, пакорлівыя стаялі яго таварышы па бядзе.

Збянтэжыўся і Ключнік. Паспеў заўважыць незразумелую трывогу, мітусню ў сяле, баявыя падрыхтаванні партызан, пачуў пра абарону і ўміг рашыў, што Батура ведае нешта такое, чаго ён, Ключнік, і ўсе тыя, хто дзяжурыў у каравулцы, не ведаюць і нават не здагадваюцца. У той жа час Ключнік адчувае бязглуздасць Батуравага загаду. Гэтыя, няхай сабе здраднікі, але самі прыйшлі здавацца. Трэба праверыць, а не з бухты-барахты.

— Завясці ў хату і вартаваць,— загадвае Ключнік.— Высветлю абстаноўку.

Камандзір узвода выходзіць на вуліцу. Па ёй едзе фурманка, на якой сядзіць Анкудовіч і незнаёмы Ключніку стары.

— Каго вязеш?

— Ды вось прыехаў адзін на Князевым кані. У Азярках задзяржалі. Кажа, мяняе соль на бульбу. Трэба праверыць.

— Я большых птушак злавіў,— хваліцца Ключнік.— Намеснік бургамістра з Бацькавіч і яшчэ чацвёра. Сядзяць у Батуры. Схадзі паздароўкайся.

Ключнік ідзе вуліцай далей. Бачыць мітусню ў дварах, на агародах. Баба валачэ на саначках клункі да сасонніку. Яшчэ дзве гоняць туды кароў. Мінуўшы некалькі хат, нікога не сустрэўшы, Ключнік азіраецца. Ля дома, які займае Батура, стаіць конь, але ні Анкудовіча, ні старога не відаць. Агледзеўшыся, Ключнік заўважае, як дзед, зладзеявата азіраючыся, выбіраецца з-за хлява і трухае да лесу. Ён ужо досыць далёка. Тут Ключнік не раздумвае ні хвіліны. Здымае з-за пляча вінтоўку, прыцэльваецца. З першага стрэлу стары капае носам сіняваты ў перадвячэрнім сутонні снег...

Бондар з групай прыязджае ў Піляцічы вечарам. Перш чым склікаць сход, сваёй уладай здымае з пасады Батуру.

 

VIII

Ключнік не стаў чакаць, пакуль кончыцца сход. Ціха падняўся з падлогі, пераступаючы праз выцягнутыя ногі, падаўся да выхада. У напаўцёмным калідоры закурыў з вартавым, выйшаў на двор. Па абодва бакі вуліцы чарнеюць лавы хат, у некаторых вокнах блішчаць аганькі. Вясна патроху дыхае: неба засеяна зоркамі і не такое цёмнае, як зімой.

Па панадворках хіхікаюць дзяўчаты. Чакаюць, мабыць, сустрэчы з новымі партызанамі.

Настрой у Ключніка панылы. Цяпер усе бачаць, што старога з мястэчка ён грабануў дарэмна. Але хіба ён мог зрабіць іначай? Стары ўцякаў, а калі хто ўцякае, трэба страляць. Паніка вінавата, якую ўзняў па дурноце Батура.

Падоўгу аддавацца змрочным думкам Ключнік не ўмее. Пакуль на сходзе будуць разводзіць тары-бары, ён пасядзіць у Зіны. Ясна і так, што скажуць на сходзе — выбірацца за Пціч. Можа, гэта апошняя яго з Зінай ноч.

Жанчыны — найлепшы бальзам ад згрызот. Батуры ён цяпер не баіцца. Хоць і пазаўчора, пасля таго як самазваны камандзір выгнаў яго ад Спаткаіхі, ён, Ключнік, у шапку не спаў. На кватэры ў Зіны атабарыліся два вартавыя, чакалі, дурні, што Спаткай, засумаваўшы па маладым целе жонкі, цёпленькім дасца ў рукі. Ён Спаткая не чакаў. Падпільнаваў Зіну вечарам на яе панадворку, абнімаў, цалаваў.

Жанчына Спаткаіха адменная. За свае дваццаць тры гады, валочачыся па свеце, меў Міша ўсялякіх, але такой не было. Няма слоў, каб выказаць тое, што ён адчувае, калі трымае яе ў абдымках. Сядзіць у ёй штосьці няўлоўнае, д’ябальскае, і ніколі не адгадаеш, як яна сябе павядзе. Як імклівая рака, што змяняецца кожнай хвіліны. Мінулым летам, маючы заданне, хацеў Міша на кароткі час прыпісацца ў Піляцічах. Візы на жыхарства Спаткай не даў, але затое з яго жонкай ён паспеў пазнаёміцца. Смелая, як чорт, баба. Бургамістр сядзеў у воласці, падпісваў паперы, думаў, цецярук, што верхаводзіць, а яго маладая жонка, з якой бургамістр толькі тыдзень, як пабраўся, цалавала партызана. Сярод белага дня, у пуньцы, за хлявамі.

Ключнік падышоў да Зінінай хаты, агледзеўся, шуснуў у двор. Асцярожна, каб не рыпнуць, зачыніў веснічкі. Вокны цёмныя. На вуліцы, у розных месцах, чуюцца галасы. Яшчэ некалькі гадзін назад вёска панікавала, цягнула бэбахі ў лес, а з’явіліся гэтыя з-за Пцічы, і ўсё ўвайшло ў звычайную каляіну.

Ключнік ведае, што вартавых у Зінінай хаце няма. Прагналі Батуру, самі сабой скасаваліся яго парадкі. Патаемныя назіральнікі ўжо сядзяць у школе, разявіўшы раты, слухаюць навіны з фронту.

Міша прыхінуўся да акна і, сашчаміўшы пальцы, асцярожна пастукаў. Пачуліся крокі босых ног, і Зіна, нават не адхінуўшы фіранкі і не зірнуўшы ў акно, пайшла ў сенечкі адчыняць.

У пярэднім пакоі Ключнік зняў ватоўку, кубанку, павесіў на цвік. Гаспадыня, намацаўшы на брыжы печы карабок сярнічак, запаліла каганец. У хаце цёпла, утульна, пахне сушанымі зёлкамі, якія вісяць на печы, на шастку, пад самым дахам, дзе Спаткай зрабіў патайны лаз на гарышча.

Зінін настрой між тым не абяцае нічога прыемнага. Накінуўшы на голыя плечы кофтачку, яна даволі абыякава глядзіць на начнога госця. Перамену Зінінага настрою Міша адчуў адразу, і гэта не дазволіла яму, як звычайна, падысці да яе, прытуліць, пацалаваць у тугія губы, устанавіўшы тыя адносіны, якія бываюць толькі паміж самымі блізкімі людзьмі.

— Нездаровіцца? — пытае Ключнік.

— Галава баліць. Не думала, што ты прыйдзеш. Толькі выбраліся вашы, якіх мне тут паставілі. Думала, хоць высплюся.

— А што — спаць не давалі?

— Пляваць я на іх хацела. Сядзелі, як смаўжы, прыліпшы да акна. Недавяркі. Адзін, па-мойму, мехам з-за вугла цопнуты. Наварыла бульбы, паставіла на стол — ешце. Дык не сеў, усё носам круціў. Можа, думаў, атруты падсыпала.

Ключнік устае, падыходзіць да Зіны, памыкаецца яе абняць. Але яна, наставіўшы рукі, ад ласкі ўхіляецца. Зацятая, злосная...

— Батуру з начальнікаў скінулі. Нікога да цябе не паставяць. Хіба мяне. Але я і сам стану. Дазволу пытаць не буду. •

— Усе вы роўныя. Смелыя толькі з бабамі. На добрае вас няма.

Ключнік адышоў, сеў на табурэтку.

— Ты пра што, Зіна?

— Пра тое самае.

— Можа, пра гэтых, з мястэчка? Дык мы ім нічога не зрабілі. Яны цяпер як у бога за пазухай. Ведала б ты, што мне Батура загадаў...

— Ведаю. Нагі б твае не было тут, каб іх расстралялі.

Апошнія словы Зіна прамовіла як бы з нейкім выклікам.

— Ты што, Зіна? Шкадуеш паліцаяў? Не ведаеш, можа, што Лубан нашых страляў?

— Нікога ён не страляў. Летам разы два быў тут. Самы культурны з местачковых начальнікаў. Я тады яшчэ прыкмеціла. Сям’ю пакінуў на пагібель, а вы — расстрэл. Думаеш, лёгка кінуць сям’ю?

У Ключніка верціцца на языку сказаць, што сям’ю, нават не адну, а дзве, кінуў, калі прыпекла, Спаткай, але ён стрымліваецца. Не хоча псаваць адносіны з Зінай. У жанчын свая логіка. Нечым спадабаўся ёй намеснік раённага бургамістра, і, хоць кол на галаве чашы, будзе стаяць на сваім. Варухнулася нават зласлівае пачуццё да Зіны: прывыкла да начальства, да бургамістраў, а іх, партызан, нават у разлік не бярэ. Услых Ключнік гаворыць:

— Са мной не прападзеш, Зіна. Можа быць так, што сюды вернецца Спаткай. Што будзеш рабіць? Ён жа ўведае, як ты ставілася да партызан...

Зіна ўстрапянулася, адышла ад печкі. Стаяла пасярод хаты і глядзела на Ключніка. Спытала з непадробленай трывогай:

— А вы адсюль хіба пойдзеце?

— Усё можа быць.

— Не, ты папраўдзе гавары. Ведаюць жа ўсе, што я з табой.

— Пойдзем за Пціч, Зіна. Атрад наш там. Потым вернемся. Галоўнае — зіму перажылі.

— То Спаткаю не бачыць мяне, Мішачка, як свайго носа. Не быць яму тут. Нават без вас пабаяцца сюды паткнуцца. Чуе маё сэрца. Нешта ў іх зламалася. Няма болей дурных, каб за імі пайшлі.

Мір быў адноўлены. Нават Ключнік не думаў, што Зіна так пагардліва ставіцца да былога мужа. Ён падышоў, прыхінуў жанчыну да сябе, і на гэты раз яна не працівілася.

 

ІХ

На другі дзень, перш чым рушыць з піляціцкай групай за Пціч, Бондар меў гаворку з местачковымі перабежчыкамі. У пакоі прысутнічаюць новапрызначаны камандзір Якубоўскі, ротны Ткач і Ключнік, які затрымаў уцекачоў, сам бываў у мястэчку і мог ведаць пра іх такое, чаго не ведаюць другія.

На панадворку ціснуцца цікаўныя кабеты. Некаторыя настроены ваяўніча, бо чуваць іх узбуджаныя галасы.

Першым прыводзяць Лубана. Ён у чорным паліто, скураную, фабрычнай маркі шапку трымае ў руках, круглы няголены твар суровы, зацяты. Увайшоўшы ў пакой, намеснік бургамістра нерухома застывае на парозе.

— Сядайце,— запрашае Бондар і, калі Лубан наважвае прысесці на табурэтку, прыўзнімаецца, працягвае яму праз стол руку. Гэтак жа вітаюцца з Лубанам Якубоўскі, Ткач і Ключнік.

— З якой мэтай прыйшлі да нас? — пытае Бондар.

Намеснік бургамістра глуха выдыхае:

— Біць немцаў!

— Чаму так позна? Самі ведаеце, другія прынялі такое рашэнне раней.

— Былі прычыны, пра якія тут я не хацеў бы гаварыць.

Твар Бондара хмурнее.

— Дарагі таварыш, ці як там вас, прабачайце, называць. Да нас можна прыйсці толькі з адкрытай душой. Трэба гаварыць праўду, якая б горкая ні была. Разумееце, у нас фронт з усіх бакоў. Таму не ўсіх прымаем.

Лубан як бы каўтнуў паветра. У роце яго, відаць, перасохла. Загаварыў тым жа глухім голасам:

— Ну, што ж. Я не збіраюся таіцца. Памыліўся я. У савецкай уладзе памыліўся... Можа, мне нельга нават дараваць. Да немцаў пайшоў сам. У трыццаць восьмым мяне арыштоўвалі. Лічу, што несправядліва. Выпусцілі, але дарогу закрылі. Не здолеў перабароць злосць. Многа чаго не разумеў. Нават аднаго акружэнца застрэліў. Мае рукі ў крыві. Вот усё...

Бондар глядзіць на Якубоўскага, на астатніх. Тыя сядзяць, апусціўшы вочы. Ім, як і яму самому, мабыць, яшчэ не прыходзілася мець справу з такімі, як гэты намеснік бургамістра.

— Значыць, разумееце сваю віну? — пытае Бондар.

— Разумею. Сволачы ўсюды ёсць. Пры ўсякай уладзе.

Лубан гаворыць перарывіста, цяжка дыхаючы, на яго лбе выступае пот. Нервова цярэбіць пальцамі шапку. Пальцы шурпатыя, амаль без пазногцяў.

— Акружэнца за што расстралялі?

— Здалося, з тых самых. Сказаў, што ідзе з турмы. Даведку тыцкаў. А сам дзве гімнасцёркі нацягнуў. Не пытайце пра акружэнца. За яго сто немцаў пакладу. Верце слову. Ненавіджу фашыстаў!..

— Даўно сталі ненавідзець?

— З мінулага лета. Зразумеў, што прыйшлі знішчыць наш народ. Калі сталі паліць вёскі разам з людзьмі, растрэльваць сем'і... Не знаходзіў месца. Не ведаў, куды падацца. Для партызан быў вораг.

— Да вас ад партызан ніхто не прыходзіў?

Лубан устрапянуўся, зірнуў у вочы Бондару.

— Мінулым летам была жанчына з Нехамавай слабады. Нібыта ад дэсантнікаў. Спачатку думаў — правакацыя, потым ледзь ад паліцыі яе ўратаваў. З таго дня лягчэй стала. Думаць стаў пра партызанства.

— Чаму не ўстанавілі з партызанамі сувязь?

— Не прыйшлося. Вы не думайце,— Лубан раптам захваляваўся,— мы не ўпяцярых збіраліся ўцякаць. Мецілі ўсю паліцыю пад удар падставіць. Там, у мястэчку, зброя схавана — вінтоўкі, кулямёты,— можна праверыць. Сарвалася. Аднаго сцапалі. Таму кінуліся да вас.

Партызаны пераглядаюцца. На Лубана пазіраюць прыязней. Падабаецца ўсім, што гаворыць шчыра, не тоячыся.

— Сям’я ў мястэчку? — пытае Бондар.

— У мястэчку,— Лубан апускае галаву.— Мая і Адамчука старэйшая дачка на Падляшыне. На хутары. Схавалі ў аднаго чалавека. Не ведалі, як нас прымеце.

Бондар устае.

— У партызаны вас прымаем, таварыш Лубан. Хоць амністыі не аб’яўляем. Зброю палучыце сёння. Астатняе залежыць ад вас.

Наступным выклікаюць Гадуна.

 

Раздзел трэці

 

І

Махнатыя конікі, якія ўсю ноч хрумсталі сена, шпарка бягуць па ўезджанай дарозе. Цуг саней расцягнуўся на паўвярсту.

Сіняватыя, блізкія чалавечаму сэрцу колеры пануюць у наваколлі. Яшчэ між дрэў ляжаць гурбы наздраватага снегу, які паспеў толькі ледзь-ледзь асесці, спіць яшчэ ў нары-сховішчы барсук, прытаілася ў дупле вавёрка, не падаюць голасу, акрамя варон, ніякія іншыя птушкі, а пахне ўжо вясной.

Праніклівае вока тубыльца заўважае многа прыкмет прыбліжэння пары. На голлі вербалозу разбухлі покаўкі, з некаторых вытыркаюцца белыя коцікі. Прыпусцілі вецце старыя, разгалістыя бярозы.

Цяпер, напрадвесні, асабліва пакутуе ад недаядання заяц, таму, не зважаючы на небяспеку, бязлітасна абгрызае кару нават з прыдарожных асінак. Небяспека, праўда, невялікая: зайцоў ніхто не страляе, іх развялося шмат. Заячыя сляды напаткаеш на кожным лапіку снежнай роўнядзі.

Вярнуўшыся ў Сасновіцу, Бондар адразу адчуў перамены. Ля штабной хаты ў двары і на вуліцы — з дзесятак запрэжаных саней. Ля ганка малюнак зусім нязвычны — пахаджвае вартавы з перавешаным цераз шыю аўтаматам. Увогуле ў вялікай, з перакрыжаванымі вуліцамі вёсцы, кожная хата якой дала прытулак партызанам, відавочнае ажыўленне. У дварах заўзята пілуюць, сякуць дровы. З комінаў, хоць яшчэ светла, валяць у шэрае неба шызыя дымы. Часам вецер зрывае шапкі дымоў, сцеле па дахах, па зямлі. Крочыць па вуліцы па-вайсковаму строем аддзяленне, якое атрымала нарад.

У пярэдняй палавіне хаты, якая служыць штабам, на ложак навалена гара паліто, кажухоў, шынялёў. З другой палавіны даносіцца незнаёмы, добра пастаўлены голас.

Бондар увайшоў, стрымліваючы хваляванне, павітаўся.

За сталом чарнявы шыракаплечы чалавек, у камандзірскім абмундзіраванні, але без знакаў адрознення. Ён стаіць. Перад ім стосік папер. Па правы яго бок сядзяць Вакуленка, акуратна паголены, падстрыжаны, па левы — сакратар міжрайкома Грынько. Дарошка прымасціўся на краі стала, штосьці піша. На табурэтках, крэслах, нават за занавескай на ложку сядзяць камандзіры і камісары атрадаў. З кутка падміргнуў Бондару Бальшакоў, усміхнуўшыся, кіўнуў галавой Хмяльніцкі.

Вакуленка падняўся.

— Наш начальнік штаба,— прадставіў Бондара.— Да новага года быў камандзірам Гарбылёўскага атрада. Атрад болей другіх дзейнічаў на чыгунцы.

Вайсковец праз стол працягнуў Бондару руку.

— Сяргей Кандратавіч Лаўрыновіч. У Мінскім штабе чуў пра вас многа добрага. Прабачце, што пачалі нараду без вас. Але сядайце і бярыце лейцы ў рукі.

Камандзіры заўсміхаліся. Бондар кінуўся ў пярэдні пакой распранацца. Калі вярнуўся, Грынько кіўком галавы запрасіў садзіцца побач. Нехта падставіў стул.

— Цэнтральны Камітэт ставіць задачу,— працягвае перапыненую гаворку Лаўрыновіч,— стварыць партызанскія атрады ва ўсіх раёнах вобласці. Туды, дзе пакуль няма базы, пашлём ініцыятыўныя групы. Для тых раёнаў, якія далі ўспышку партызанскай дзейнасці, але ўласных атрадаў не аформілі, іх арганізуем. Выдзелім мясцовых людзей з іншых атрадаў. Гэтак жа ставіцца пытанне адносна падпольных райкомаў, падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацый. Яны павінны быць усюды. Пачнём выпускаць абласную і пяць раённых газет. Партатыўныя друкарскія станкі, шрыфты я прывёз, а кадры, думаю, знойдзем на месцы. Бальшавіцкі друк — наша магутнейшая зброя.

Сорак трэці год, таварышы, павінен стаць годам масавага, усенароднага партызанскага руху. Пра поспехі Чырвонай Арміі вы ведаеце. Зламаўшы германскаму фашызму хрыбет пад Сталінградам, нашы войскі вызвалілі ўсю тэрыторыю, якую немцы паспелі захапіць летам і восенню мінулага года. Не выключана, што ў хуткім часе мы з вамі таксама адсвяткуем вызваленне.

Таварыш Сталін назваў партызанскі рух другім фронтам. Апраўдаем жа, таварышы, высокую ацэнку!..

Урачыстыя, засяроджаныя твары. На іх як бы выраз святасці, вялікага ўзрушэння. Пры апошніх словах прамоўцы ўсе, хто сядзіць у пакоі, як па камандзе, уздымаюцца, дружна пляскаюць у далоні. Пляскае і сам Лаўрыновіч.

Бондар, як толькі заходзіць у пакой, садзіцца за стол, увесь падбіраецца, націнаецца, як струна. Дакарае сябе ў думках за тое, што ўваліўся на нараду, як мядзведзь, не здагадаўшыся распрануцца. А распранаючыся, перахапіў меру: зацягнуў рэмень на апошнюю дзірачку. Цяпер цяжка дыхаць.

Бондар слухае, поўніцца, як і ўсе астатнія, хто прысутнічае ў пакоі, узвышанымі пачуццямі. Момант сапраўды ўрачысты. Можа, такога моманту ён не ведаў за ўсё жыццё. Лаўрыновіч, бясспрэчна, разумны чалавек, кіраўнік вялікага маштабу. Пры ўсіх яго, Бондара, пахваліў. Запрасіўшы за стол, у прэзідыум, як бы паставіў на роўную з сабой нагу. Вядома, такія нарады праходзілі і раней, але ў менш урачыстай абстаноўцы. Вакуленку перабівалі, не вельмі баяліся, калі крычаў і пагражаў. Вакуленка свой, тутэйшы. Лаўрыновіч — прадстаўнік цэнтральнай улады, паўнамоцтвы ў яго вялікія. Як бы яднае сваёй асобай іх партызанскія справы з велізарнай вайной, якую вядзе народ, армія.

— Калі падсумаваць сказанае,— гаворыць далей Лаўрыновіч,— то ў нас дзве вялікія задачы. Па-першае, не даваць ворагу ні хвіліны спакою на камунікацыях. Падрываць эшалоны, масты, знішчаць жывую сілу, тэхніку гітлераўцаў. Гэта наша непасрэдная дапамога фронту. Другая задача ў тым, каб зрываць палітычныя, эканамічныя захады акупантаў. Пытанне стаіць так: ні пуда хлеба, ні кілаграма масла і мяса ворагу. Усе атрады павінны вярнуцца ў свае раёны. Узяць пад свой непасрэдны кантроль гаспадарчае жыццё, весці нястомную масава-растлумачальную і палітычную работу. Мы павінны стварыць для фашысцкіх акупантаў невыносныя ўмовы жыцця, каб гарэла пад імі зямля, каб не мелі яны спакою ні днём ні ноччу.

Лаўрыновічу зноў пляскаюць, але ён не садзіцца, як бы даючы знак, што воплескі не патрэбны. Усміхнуўшыся, пераходзіць на больш даверлівы тон:

— Што ж, давайце абмяняемся думкамі, таварышы. Прашу выказваць усё, што набалела. Не забывайце, што я ў вас толькі тыдзень, і мой партызанскі вопыт такі вось,— сашчаміўшы пальцы правай рукі, ён паказвае мізінец.— Папросім таварыша Вакуленку вясці нашу нараду. Бо я, прызнацца, магу і не справіцца.

Твары цвітуць усмешкамі. Вакуленка падымаецца, дае першае слова Кандрату Дзярузе, высокаму, з чорным, пахмурым тварам камандзіру аднаго са шматлікіх акцябрскіх атрадаў. Дзяруга ўстае, аднекуль з-за пазухі выцягвае тоўсты сшытак. Ён у светла-шэрым, з бляклымі паскамі пінжаку, зімніх ватніх штанах, якія выдавалі да вайны шафёрам, стрэлачнікам і кандуктарам, у падшытых тоўстым лямцам валёнках.

Шурпатымі пальцамі Дзяруга адгортвае вокладку, адліствае некалькі старонак, хрыплым, прастуджаным голасам зачынае гаварыць аб высокай палітыцы. Выкрывае Гітлера, яго пасобнікаў, прарочыць ім немінучую пагібель. Рускія словы вымаўляе на палескі лад, неміласэрна іх расцягваючы, блытаючы канчаткі, Усім ясна, што для даклада камандзір аж зашмат чарпануў з лістовак, газет, якія трапляюць у партызанскія рукі.

Дзяруга сваёй прамовай заняў паўгадзіны, але пра канкрэтную чыннасць атрада амаль нічога не сказаў. Відаць, проста пасаромеўся прызнацца, што ледзь не палавіна людзей не маюць вінтовак, а тыя, у каго яны ёсць, носяць у кішэні па пяць-шэсць патронаў.

Далей ідзе не лепей. Камандзіры Надпрыпяцкага атрада Міхнавец, Сасновіцкага — Гаркуша гэтак жа, як Дзяруга, прамаўляюць, гледзячы ў паперкі, урачыстыя гучныя словы.

Бондар нервова перакатвае ў пальцах аловак. Нараду Вакуленка не падрыхтаваў. Прамоўцы як бы навыперадкі адзін перад другім стараюцца засведчыць, што разбіраюцца ў палітыцы, вядуць правільную лінію, а пра канкрэтныя справы гавораць найменей, не прамінуўшы, аднак, зазначыць, з якога часу дзейнічаюць атрады.

Бондара ўзрадаваў толькі Хмялеўскі, камісар Гарбылёўскага атрада. Гаворыць не з месца, устае, падыходзіць да стала. Ахайна, у добра адпрасаванай гімнасцёрцы, з падшытым падкаўнерыкам. Хоць настаўнік, а на вайскоўца болей падобны, чым некаторыя, што гадамі служылі ў арміі. У Хмялеўскага таксама сшытак, але ён у яго не заглядвае. Дае падрабязную карціну: хто, калі і адкуль у атрад прыйшоў, колькі ўчынена дыверсій на чыгунцы, разагнана ўпраў, гарнізонаў, сарвана гаспадарчых мерапрыемстваў немцаў. Пад канец камісар падпускае шпільку папярэднім прамоўцам, сказаўшы, што не стажам трэба пахваляцца, а баявымі рахункамі.

Хмялеўскі не паспеў сесці, як падхопліваецца з налітым чырванню тварам Гаркуша, уздымае шурпатую далонь Дзяруга. Узбуджана гамоняць камандзіры, камісары глыбінных раёнаў, у якіх з выхадамі на чыгунку, з буйнымі дыверсіямі не густа. Нарада можа скіравацца ў непажаданы бок. Лаўрыновіч гэта адчувае, устаўшы, нахмурвае бровы, папярэджвае наконт дысцыпліны.

 

ІІ

Вясна наступае павольна-стрымана, спакойна. Празрыстыя, чыстыя таны пануюць у паветры. Днём веюць цёплыя вятры, капае са стрэх, чарнеюць дарогі. Раскашуюць на нечувана багатым харчы, накіданым па дарогах, гракі. Надвячоркам лёгкі прымаразак зноў падсушвае ручаіны, акрываючы іх лёгкай, хрупасткай наледдзю. Чуючы блізкае цяпло, нават галубы прыляцелі: туркочуць на ўзлессі, на дубах.

Штаб ахоплен ліхаманкавай работай. Бондар з памочнікам Дарошкам спяць мала, носяць пад вачамі сінія кругі. Стварэнне брыгад на базе атрадаў азначае вылучэнне на высокія камандныя пасады мноства людзей. Многія камандзіры рот прызначаюцца камандзірамі атрадаў, палітрукі ідуць на камісараў. На ўсіх трэба характарыстыкі, іншыя паперы, а работа ў штабе падзапушчана, і яшчэ болей — у атрадных штабах.

Ноч наўсцяж трашчыць у штабе на стале, раз-пораз успыхваючы зыркім агнём, запраўленая бензінам дванаццацілінейная лямпа. У магазын дзеля раўнамернага гарэння падсыпана соль. Але і падсолены бензін страляе.

На камандзіра Гарбылёўскай брыгады ідзе Бальшакоў. З яго кандыдатурай згодны новаствораны абком і штаб. Хто ўзначаліць дамачоўцаў, невядома. Наконт Петраўца — сумненні. Калі не пацягнуў атрад, то як стане на брыгаду?

Вакуленка блукае злосны, нахмураны. Піць нібыта перастаў, але ўсё адно як з пахмелля. Лаўрыновіч, асядлаўшы яго жарабца, узяў у ахову трох маладых партызан і носіцца па атрадах.

Лаўрыновіч прыляцеў не адзін. Разам з ім Бурбіс, ружовашчокі, шыракаплечы мацак, які кіраваў у вобласці спортам. Намеснік па камсамолу. Другі пажылы, з вострым пранізлівым позіркам, але ветлівы ў абыходжанні — упаўнаважаны НКВД. Прозвішча Хлябцэвіч. Ваяваў у Іспаніі, паездзіў нібыта па ўсяму свету. Набірае ў атрад спецыяльнага прызначэння людзей. Каторым намеснікам будзе ён, Вакуленка, які ў партызанах з першага месяца вайны, падняў болей як дзесяць атрадаў, заварыў такую густую кашу? Высокіх пасад не займаў, адукацыяй пахваліцца не можа — тры класы, чацвёрты калідор...

Бондар з Дарошкам, сабраўшы паперы і замкнуўшы іх у жалезную скрынку (у такіх скрынках даваенныя касіры хавалі грошы), клаліся спаць, калі ў пакой, з грукатам адчыніўшы дзверы, усоўваецца бокам Вакуленка. Моцна п’яны, у расхрыстаным кажушку, без шапкі. Мокрыя, потныя космы звісаюць на лоб. Вакуленка плюхаецца на табурэтку — яна трашчыць пад ім усімі ножкамі,— абшчаперыўшы рукамі галаву, недаўменным позіркам абводзіць пакой.

— Давайце пагаворым, хлопцы. Ці, можа, вы ўжо мяне за камандзіра не лічыце?

Бондар зачыняе дзверы, садзіцца на ложак.

— Пашкадуй нас, Адам Рыгоравіч. Каторыя суткі, як зайцы, спім.

Вакуленка выбухае гневам:

— А мяне хто шкадуе? Усіх вас з гразі павыцягваў, людзьмі зрабіў, а вы, свінні, задамі да мяне. Новаму начальніку боты ліжаце. Пагладзіў па шэрсці, дык вы лапкі ўверх. Хто вас застаўляе горбіцца над бумагамі? Хіба мы бумагамі ваявалі? Дванаццаць атрадаў хто на ногі паставіў?

— Гэта ты з п’янай галавы, Адам Рыгоравіч,— азываецца Бондар.— Дарэмна гэтак. Свой атрад я, між іншым, сам арганізаваў. Ад цябе дапамогі было — дзве паперкі. Яшчэ сустрэўся з табой, калі не забыў, у канцы сорак першага.

Дарошка, апусціўшы вочы, сядзіць пры стале, вострыць сцізорыкам аловак.

— Добра, Бондар, няхай так. Няхай мы з табой роўныя. То чаму ты ад мяне адракаешся? Хто цябе ў штаб прыцягнуў? Хто пазатыкаў горлы, якія крычалі, што табе тут не месца?..

Бондару непрыемна, балюча. Ён цяпер як паміж двух агнёў. Лаўрыновіч залішне крута паступае, адціскаючы Вакуленку. У той жа час Бондару як ваеннаму бліжэй да сэрца парадак, дысцыпліна. Хіба не за гэта сам Вакуленка забраў яго ў штаб?

— Не бядуй, Адам Рыгоравіч. Баявых коней у запас не спісваюць. Знойдзецца месца. І не плявузгай на акружэнцаў. Фронт мы дзяржалі. З гразі вылезлі самі.

Вакуленка, пахістваючыся, устае, бярэ з падаконніка графін з вадой, п’е. Вада струменямі ліецца на кажух, на гімнасцёрку — не зважае.

Аддыхаўшыся, ён насядае яшчэ з большай злосцю.

— Вас, акружэнцаў, чаму не любяць? Таму што ваявалі пагана. Ведаеш сам, як народ для арміі стараўся. Нашы людзі апошнім дзяліліся. Я ж па нарыхтоўках працаваў, магу без канспекта раз’ясніць. І ты мне не талкуй пра акружэнцаў. У вас былі пушкі, кулямёты, вінтоўкі, а вы іх пакідалі. Мы пазбіралі тое, што вы пакідалі, і етым ваюем. Ведай ета, Бондар. Але я за другое абіжаюся. Лаўрыновіч няправільна паступае, а ты да яго прыліп. Перабежчык ты. А мая душа не церпіць перабежчыкаў.

— Да каго я перабег? Няўжо ты забыў, хто прыслаў Лаўрыновіча?

— Ты мяне не пужай. Я самому таварышу Сталіну магу напісаць. Няхай ведае, колькі нам, парцізанам сорак першага года, стоіць наша парцізанства. Дзе нашы жонкі, дзеці? За што нас адціраць на задні план?

Вакуленка ідзе да ложка, не распранаючыся, валіцца на яго і адразу пачынае храпці. Што тут думаць: ці сапраўды так балюча перажывае адстаўку, ці плёў непатрэбства з п’янай галавы?

 

ІІІ

Падзеленыя ў штабных паперах атрады Дзяругі, Гаркушы, Міхнаўца, Паслядовіча, Батажкова, Бальшакова, Камарова, Млышэўскага зацвярджаюцца на пасяджэнні абкома як брыгады.

Колькасна меншыя атрады Лежнаўца, Плотнікава, Аўраменкі, Карафанава, Сасноўскага, Галышава застаюцца на ранейшым становішчы.

Пытанне праходзіць лёгка. Камандзірамі, камісарамі, начальнікамі штабоў прызначаюцца людзі, вядомыя ў сваім асяродку.

Калі заходзіць гаворка аб начальніку штаба злучэння, Бондар уздымае руку. Устае, коратка паведамляе пра паездку ў Піляцічы, размовы з жыхарамі. Нагадаўшы, што родам з Бацькавіч, ведае раён, просіць даручыць яму арганізацыю мясцовага атрада.

З хвіліну пануе маўчанне.

— Калі просіцца, хай ідзе,— не ўстаючы з лаўкі, гукае новаспечаны камбрыг Міхнавец.— Камандзір, нашто яго ў штабе дзяржаць? А ў штаб я свайго капітана адпушчу. Адарваў ад адной удавы, на вожках у атрад прывёў. Паставіў на ўзвод, але магу для пользы дзела аддаць.

Зал выбухае рогатам.

Лаўрыновіч разгневаны:

— Атрады нашай вобласці не мелі адзінага цэнтра. Абком, штаб створаны, каб такі цэнтр быў. Тут таварыш Міхнавец кінуў жарт наконт штаба. Зарубіце на носе, таварыш Міхнавец, загад штаба — закон для вас. Ваша лінія, таварыш Бондар, таксама няправільная. Вам аказана высокае давер’е, ім трэба даражыць.

За Бондара галасуюць усе.

Наступнае пытанне — аб пасылцы ініцыятыўных груп у Паўднёва-Прыпяцкія раёны. Да апошняй хвіліны ніхто не ведае, на якой пасадзе застанецца Вакуленка. Калі ж Лаўрыновіч прапануе прызначыць яго камандзірам яшчэ не створанай Паўднёва-Прыпяцкай зоны, прысутныя насцярожана стойваюцца.

Бондар адразу адчуў, што сваёй прапановай Лаўрыновіч робіць памылку. Вакуленку не надта слухаюць, не заўсёды з ім лічацца, але ён як бы жывая гісторыя вакольнай партызаншчыны.

Першы ўстае Міхнавец. На галаве высокая, з аўчыны кучомка, з шырокай чырвонай паскай, з-пад расхрыстанага скуранога паліто відаць дыяганалевая камандзірская гімнасцёрка, перацягнутая крыж-накрыж рамянямі.

— Вакуленку за Прыпяццю не ведаюць, а ў нас ведаюць,— Міхнавец махае рукой за кожным словам.— Аднаго яго голасу баяцца. Я кажу пра ворагаў савецкай уласці, таварыш сакратар. Трэба яго тут паставіць на брыгаду. Можа, будзе паніжэнне, але нічога не зробіш. Мы з ім акадземій не канчалі...

Міхнавец — яго Вакуленка вылучыў, падняў — камандзір не надта. Але ён як бы ўгадаў агульны настрой.

У падтрымку Вакуленкі выступае райкомавец Грынько, акружэнцы Карафанаў, Плотнікаў.

Лаўрыновіч нарэшце разумее, што пралічыўся.

— Няхай будзе па-вашаму, таварышы. Я толькі думаў, што Вакуленка прынясе болей карысці ў Запрыпяцкай зоне. Атрадаў там няма, іх трэба арганізаваць. А ў яго вопыт і слава, як вы самі гаворыце. Калі вы супраць, то прапаную прызначыць Вакуленку на Дамачоўскую брыгаду. У раёне тры неразагнаныя гарнізоны. Работы хопіць. Насельніцтва сельскае, думаю, Вакуленка будзе ў сваёй стыхіі.

Калі пасяджэнне скончылася, Бондар затрымаў новапрызначаных камбрыгаў, камісараў, трох-чатырох атрадных камандзіраў. Адвёўшы ўбок Бальшакова, Хмялеўскага, загадаў:

— Ваша брыгада базавая. Штаб злучэння будзе пры ёй. Запрашайце гасцей. Каб усё было чын чынам.

Спускаецца сіняваты полаг сутоння. Заходні край неба ў барвовых разводах. Над дальнім лесам запальваецца першая зорка. З усіх куткоў, шчылін патыхае вясной: пахне прэлай зямлёй, гнілым, зляжалым бульбоўнікам.

Ажыўленне, рух на вуліцах. Кожны з камандзіраў прыехаў з аховай, вазкі, таратайкі, коні амаль у кожным двары. Яшчэ ніколі не бачыла лясная Сасновіца, паблізу якой не пралягаюць ні чыгунка, ні шаша, такога вялікага людскога зборышча. Нібы па ўзмаху рукі нябачнага чараўніка з гарадскіх праспектаў, плошчаў, з людных мястэчак жыццё перамясцілася сюды, у лясную глухамань.

Гарбылёўцы тварам у гразь не ўдарылі: застолле адменнае. Калі Лаўрыновіч заходзіць у хату, куды яго запрасілі, усё гатова да банкету. Засланыя белымі абрусамі сталы наўсцяж застаўленыя пітвом, закускамі. Камандзіры прыехалі не з пустымі рукамі, магчымасць сабрацца, пагаманіць за сталом — прадбачылі.

Сала, мяса па вясковаму звычаю нарэзана таўставата, вялікімі кавалкамі. Талерак не хапае, таму шмат якія закускі — у глыбокіх гліняных місках. Стаяць цёмнага і светлага шкла бутэлькі з затычкамі з ільнянога пакулля.

Далікатнымі панямі сярод пляшак, гліняных місак, нажоў з драўлянымі тронкамі выглядаюць вузкія, з наклеенымі залатымі этыкеткамі бутэлькі французскага віна. Каля кожнай бутэлькі — каробачка з партугальскімі шпротамі. Выставіўшы замежны трунак, закуску, гарбылёўцы як бы пацвярджаюць сувязь з шырокім еўрапейскім светам і ў першую чаргу з чыгункай, па якой перавозіцца ўсё, што трэба.

Камандзіры стаяць каля сцен, перамаўляюцца, чакаюць. Вакуленка ўсё-такі малайчына. Здолеў заціснуць гонар у кулак. Вясёлы, падцягнуты — сустрэў Лаўрыновіча на парозе, узяў пад руку, пасадзіў у цэнтры застолля. Запрасіў садзіцца астатніх. Ён, калі трэба, умее быць гасцінным, абыходлівым, гэты Вакуленка, якога прывыклі бачыць на кані або ў таратайцы і найчасцей — пад хмяльком. Воляй абставін ён узнёсся над астатнімі камандзірамі, бо на чале атрадаў стаялі старшыні сельсаветаў, калгасаў, брыгадзіры, нават рахункаводы і кладаўшчыкі. А ён жа, Вакуленка, апошнія месяцы замяшчаў старшыню райвыканкома, і каму, як не яму, было браць лейцы ў рукі, кіраваць, аддаваць загады. Тады ж, калі Акцябршчына загарэлася агнём супраціўлення, каму, як не яму, было перакідваць полымя на суседнія раёны?..

З поўнай, налітай да краю шклянкай Вакуленка ўздымаецца над сталом. Пачынае прамову з несхаванай урачыстасцю:

— Дарагі Сяргей Кандратавіч, мы рады прыветствуваць вас на роднай палескай зямлі як нашага сакратара і камандзіра. Дакладуем вам, што як і ў гражданскую вайну, наша Рудобелка стаяла і стаіць у авангардзе барбы супроць ненавіснага ворага. Ад сябе лічна скажу, што ў Запрыпяцкую зону я ісці не хацеў, бо там мала лесу, болей поля, а да поля я не прывык. Брыгаду, на якую мяне назначылі, прымаю, даверые парціі і правіцельства апраўдаю. Перадаю вам сваю парцізанскую ўласць як законнаму ўпаўнаважанаму Цэнтральнага Каміцета, якому мы ўсе падчыняемся. Кіруйце намі да поўнага вызвалення вобласці ад праклятых фашысцкіх захватчыкаў і наступлення мірнай сазідацельнай жызні...

З гэтымі словамі Вакуленка абдымае Лаўрыновіча, цалуе ў губы, а затым імгненна, адным дыхам апаражняе сваю шклянку.

Воплескі... Абдымкі... Пацалункі... Некаторыя, не саромячыся, тыльным бокам далоні змахваюць слязіну.

Наступны тост Лаўрыновіча. Ён дзякуе за давер, гаворыць аб тым, што партызанскіх заслуг не мае, але пастараецца займець. Момант спрыяльны, і Лаўрыновіч паведамляе — найбольш відныя партызаны будуць прадстаўлены да ўзнагарод, нават да прысваення воінскіх званняў.

Афіцыйная нацягнутасць знікае, па застоллі з краю ў край перадаецца ўзбуджаны гоман:

— Сяргей Кандратавіч, аэрадром у Зарэччы на нашай церыторыі, а палучаем вельмі мала. Шэсць аўтаматаў на брыгаду...

— Чыгунку на Жлобін трэба раскідаць. Тады будзе суцэльная парцізанская зона...

— Як разумець пра пагоны, таварыш сакратар?..

— Фёдар Бумажкоў пайшоў у армію разам з вамі. Можа, што чутно пра яго?..

Лаўрыновіч адказвае, расказвае, на хвіліну наступае цішыня, затым — зноў пытанні.

Харошае застолле, і гаворка харошая. Упершыню за доўгія месяцы сышліся ў ёй самыя відныя людзі, якіх узняла на грэбень хваля ваеннага ліхалецця. Невядомыя, не славутыя раней, яны вынырнулі як бы з цемені і цяпер сядзяць за адным сталом з чалавекам, які не толькі ўпаўнаважаны высокай партыйнай улады, але і генерал. Можа, нават трохі зайздросціць ім гэты свойскі, не фанабэрысты і, відаць, не дурны генерал, хоць невядома пакуль, якія выйграў ён бітвы. А яны выйгралі — і ведаюць гэта самі. Непрыкметныя службоўцы, сціплыя працаўнікі нізавога — раённага, сельсавецкага звяна, учарашнія брыгадзіры, калгаснікі, настаўнікі, камандзіры-акружэнцы, яны ў часіну небяспекі, якая навісла над іх краінай, знайшлі сілу без каманды і загаду павесці за сабой другіх. Імёны іх на вуснах тубыльцаў ляснога, балотнага краю. Яны яго героі.

Вакуленка з Міхнаўцом выбраліся на двор праветрыцца.

— Сакратар ніштаваты,— прыхінуўшыся спіной да паркана, кідае Вакуленка.— Я яго да вайны ведаў. Пясочыў мяне ў саракавым за зрыў ільновалакна. Вельмі туга было тагды з трастой. Аршанская фабрыка стала. А цяпер я яго калі-небудзь прапясочу. Мог жа тут астацца, як мінскія, гомельскія абкомаўцы. Дык ён яшчэ Бумажкова пацягнуў. Дзякуй, што брыгаду даў. Двум мядзведзям, брат, у адной бярлозе цеснавата. Спытаю калі-небудзь.

— Не спытаеш,— Міхнавец рагатнуў.— Мне расказвалі — наводзіць наконт цябе спраўкі: колькі п’еш, з якімі бабамі спіш. Прыцісне — будзеш як мыш пад венікам.

— Мышшу я не быў і не буду.

Дыхае ноч цёплым ветрам. Капае са стрэх, пахне мокрым дзеравам.

 

Раздзел чацвёрты

 

І

Сваім пераводам у Мазыр Эрна Турбіна абавязана генералу Фрыдрыху. Дзён праз пяць пасля Новага года ён паявіўся ў суправаджэнні двух маёраў і капітана-ад’ютанта. Рашуча, без стука адчыніўшы дзверы, імкліва ўварваўся ў агульную канцылярыю. Турбіна сядзела за сталом, размаўляла па тэлефоне. Яшчэ тады, калі стройны, маладжавы, хоць ужо зусім сівы генерал толькі ўваходзіў у кабінет гебітскамісара, яна злавіла на сабе яго востры, як цвік, позірк, апусціла вочы.

Генерал у камісара затрымаўся не доўга, не болей чым чвэрць гадзіны. Але Турбіна паспела за гэты час, як бы штосьці прадчуваючы, падвесці карандашыкам бровы, падпудрыцца, пафарбаваць губы.

Выйшаўшы з кабінета, генерал спыніўся насупраць яе.

— Фольксдойч? — рэзка, гартанна спытаў ён і зноў кальнуў яе стальным позіркам шэрых, трохі выцвілых вачэй.

— Немка,— на гэты раз Турбіна вытрымала генеральскі позірк.

— Як трапілі ў Расію?

— Мой бацька — інжынер. Працаваў па кантракту ў Данбасе.

— Працаваць у маёй канцылярыі згодны? Мне патрэбны немцы, якія ведаюць край, насельніцтва.

За спіной генерала навыцяжку стаіць гебітскамісар, прыплюшчыўшы левае вока, ледзь прыкметна падміргвае — згаджайся. Святло генеральскай ласкі ў залежнасці ад яе згоды ці нязгоды, відаць, можа праліцца на асобу самога камісара.

— Я згодна, пан генерал. Але ў мяне двое дзяцей, хлопчыкаў. Абавязак маці...

— Капітан,— генерал нават не павярнуў галавы.— Запішыце. Кватэру для фрау...

— Турбіна,— падказвае перакладчыца.

— Для фрау Цюрбін.— Як усе немцы, генерал перайначыў яе прозвішча.— Як можна лепшую. І ўсё астатняе. Вам тыдзень на зборы хопіць?

— Дзякую, пан генерал. Не знаходжу слоў.— Лёгкая чырвань залівае шчокі перакладчыцы.

Генерал у лёгкім паклоне схіляе галаву, казырае гебітскамісару, крута павярнуўшыся, чаканячы крок, ідзе да выхада. Уся світа, як бы паўтараючы кожны генеральскі жэст, выдыбае следам за ім.

У Мазыры Турбіной далі асобны дамок. Ён стаіць на гары, атулены яблыневым садам, проста з акон адкрываецца прыгожы далягляд: аснежаныя запрыпяцкія лугі, далёкія цёмна-сінія сасоннікі.

У горадзе штабы тылавых служб, акруговыя цывільныя ўстановы. Паколькі ў ваенныя гарадкі Козенкі, Мышанкі, у казармы Гарбылёўскага пяхотнага вучылішча прыбываюць на папаўненне воінскія часці, у самім горадзе абсталявана штосьці накшталт вайсковага афіцэрскага санаторыя. Афіцэры катаюцца з гор — а ў Мазыры менавіта горы — на лыжах, вечарам забіваюць казіно і рэстаран.

Выбраўшыся з Гарбылёў, Турбіна ўздыхнула з палёгкай. Апошнія месяцы сядзела там, як на вуголлі. Там знаёмыя — яны так ці інакш ведаюць яе па школе, чулі пра мужа; не маглі астацца не заўважанымі яе спатканні з Фрыцам Зонэмахерам. Тодтаўскі інжынер — бадай, тое галоўнае, што прымусіла Турбіну згадзіцца на паспешлівы пераезд у Мазыр.

Завязаўшы ніці сувязі з партызанамі ці з людзьмі, якія ім памагаюць, ён рашуча, неміласэрна адштурхнуў яе ад сябе. Вядома, пра сваю работу яна яму не сказала нічога, гэта яго не датычыць. Але яе жаночы гонар Фрыц зняважыў.

Эрна Іванаўна ніколі не пераступала мяжу паміж асабістым жыццём, тым, што датычыць яе душы, сэрца, і сямейнымі абавязкамі. Гаспадыняй у доме, маці сваім дзецям яна была заўсёды. Можа, у гэтым праяўляецца яе нямецкая душа, бо яна ведае не мала іншых жанчын, якія каго-небудзь пакахаўшы, зблізіўшыся з другім мужчынам, могуць дзеля яго забыць усё на свеце. Яна ж, наадварот, патрабуе такога толькі ад мужчыны, як бы пакідаючы за сабой права прымаць ці адхіляць ахвяру.

Фрыц прымусіў парушыць правіла. Быў у яе месяц, калі, зняважаная, абражаная ім, тым, што ён пазбягае нават патайных сустрэч, не знаходзячы сабе месца, яна пайшла ад роспачы на свядомае прыніжэнне. Падрыхтавала вячэру, апранула хлопчыкаў у святочныя вопраткі, запрасіла Фрыца на кватэру. Ёй хацелася, каб ён паглядзеў, як яна жыве. Ён адмовіўся.

То быў безразважлівы, адчайны крок, але менавіта з гэтага моманту яна стала глядзець на свайго абранніка крытычна. Штосьці яна ў ім разгадала.

Ён добры, мяккі, абыходлівы, але пры ўсіх сваіх адменных вартасцях больш, чым каго-небудзь другога, любіць усё-такі сябе. Таму так старанна ахоўвае сваю незалежнасць. За сорак год жыцця ніхто яго не крануў, не ўзрушыў. А хіба сапраўды мужчына не зробіць немагчымае дзеля каханай жанчыны?..

Сумленны бухгалтар, думае яна пра нядаўняга каханка. Умее, як на костачках лічыльнікаў, аддзяліць добрыя ўчынкі ад благіх. Не адчувае, што дабро, калі зірнуць вачамі другога чалавека, можа быць для яго злом.

Яна, немка, асуджае немцаў. Нават лепшых з іх не можа прыняць, пагадзіцца з тым, як яны глядзяць на свет.

У Мазыры Турбіна ні ў якія авантуры не кінецца. Хопіць, пакаштавала ўдосталь. Ходзіць на службу, вечарамі сядзіць дома. Калі запрасіў на службу сам генерал, то якое-небудзь патайное вока за ёй усё-такі сочыць.

Трохі непакоіць перакладчыцу тое, што пайшла ў генеральскую канцылярыю, не даўшы знака партызанам. Але калі яна ім трэба, то знойдуць. Яе новае становішча для іх жа карысці.

Усё часцей пачынала думаць Эрна Іванаўна пра мужа. Калі жывы, калі вернецца да яе, то сваё грамадзянскае сумленне яна перад ім апраўдае. Астатняе яе цікавіць мала. Навучылася жыць уласным одумам. Хлопчыкаў як-небудзь пракорміць.

Карту для партызан Турбіна робіць болей чым месяц. Такая карта, толькі значна большых памераў, вісіць на сцяне ў кабінеце маёра Швана, аднаго з тых, хто завітаў разам з генералам у Гарбылі.

Маёр дае перакладаць Эрне Іванаўне розныя цыркуляры, якія затым перадрукоўваюцца на машынцы, рассылаюцца паліцэйскім управам. Карта затулена занавескай, але бывае, што маёр штосьці дамалёўвае на ёй, і тады Эрна Іванаўна мае магчымасць крадком на яе зірнуць. Адзін раз, калі маёра не было ў кабінеце, перакладчыца сама адхінула занавеску, добра прыгледзелася.

Загадкавы Тапаркоў, сувязнік па Гарбылях, падпільнаваў Эрну Іванаўну проста на вуліцы. Яна ледзь не крыкнула ад страху, убачыўшы яго ў форме нямецкага лейтэнанта, у добра падагнаным шынялі, наглянцаваных ботах. Нямецкай мовы не ведае, можа праваліцца кожнае хвіліны. Але Тапаркоў прызначыў ёй на вечар спатканне ў глухім правулку, непадалёк ад яе дома, і яна, дрыжучы, калоцячыся ад страху, прыйшла, прынесла карту.

Дзіўна, але яна міжволі ўспамінае ў апошні час Тапаркова. Твар прыемны, жывыя, неспакойныя вочы, у якіх Эрна Іванаўна даўно заўважае несхаванае захапленне сабой.

 

ІІ

Кожны новы дзень пачынаецца цяпер пад знакам музыкі, якая нячутна звініць у душы. Зноў да Міці прыйшоў настрой, які валодаў ім перад вайной. Дзве мелодыі змяняюць адна другую: вальса — «Над хвалямі» і даваеннай песні — «Любімы горад».

Растоў і Харкаў вызвалены ў адзін дзень. Харкаў — блізка, суткі язды, ён у ліку гарадоў, звязаных чыгункай з мястэчкам. Летась, у маі, нашы падыходзілі да Харкава, але спроба адчыніць вароты Украіны скончылася трагічна.

Вызваленне двух вялікіх гарадоў супала з днём Міцевага нараджэння. Не з простым днём — Міцю споўнілася васемнаццаць. Ва ўсім гэтым ён бачыць як бы таямнічы знак лёсу.

Свайго паўналецця Міця не адзначае. Між імі, хлопцамі, такое не прынята. Ён не ведае, у які дзень нарадзіліся Лобік, Мікола, яны таксама гэтым не цікавяцца. Такія дробязі для іх не існуюць...

Выйшаўшы ад Шарамета, усхваляваны навінамі, Міця блукае па правулку. Да хлопцаў не ідзе. Хочацца пабыць аднаму.

Насупраць цётчынага агарода, ля чыгуначнага насыпу, высіцца вялізная таполя. Ёй, мабыць, столькі, колькі чыгунцы — гадоў семдзесят. Міця любіць дрэва. Як сасна ля будкі, яно нібы нагадвае аб нязменным, вечным, што ніколі не згубіцца ў жыцці. Лісце на дрэве — гады, само яно — пакаленні. Многа людзей глядзела на таполю, поўнілася надзеямі, радасцю.

У чорным разлапістым голлі пашумлівае вецер. Блізіцца вясна. Дні пабольшалі, цяпер яны напоены незвычайнай празрыстасцю. Вечарам празрыстасць гусцее, сінее. Нават начны змрок як бы падсвечаны вячэрняй сінню.

Міця расхаджвае ўзад-уперад па цёмным завулку, не могучы ўтаймаваць радасць. Вайна — асобы стан духу. Хутка два гады жыве ён незвычайна абвостранымі, няўрымслівымі пачуццямі. Дзень за днём усё той жа агонь. Душа настроена на высокую, палымяную хвалю...

Пахрумствае пад нагамі тонкая наледзь. За чыгункай чарнеюць хаты Залінейнай вуліцы. Далей — аснежанае поле, цёмная падкова лесу.

Вецер, што абвявае твар,— не проста вецер. Ён, як у даваенныя песні пра любімы горад, зноў вяртаецца на ранейшыя кругі.

Назаўтра, вярнуўшыся са службы, Міця застае ў хаце Міколу. Учарашняя радасць сёння азмрочана. У лясгас прыходзіў Гвозд, круціўся ў калідоры, зазірнуў да сакратарак.

Міця расказвае пра шпіка.

— Трэба асцярожней,— гаворыць Мікола.

Ён заўсёды гаворыць лозунгамі. Найцяжэй, вядома, яму самому. Каб Мікола не служыў у паліцыі, не вымаў міну і яму не адцяла руку, то яны, змоўшчыкі, наогул не здолелі б дзейнічаць так, як цяпер. Паспрабуй хоць раз выбрацца з мястэчка.

У мястэчку за апошні тыдзень перамены. Яно цяпер на ваенным становішчы. Усталявалася фельдкамендатура, якая размяшчаецца ў новым будынку пошты. Акрамя мясцовай ёсць палявая жандармерыя. Яе салдаты носяць на шыі вялікія бляхі.

Цяпер ніводная машына, нават калі яна едзе па дровы, на можа пакінуць мястэчка без пропуска. Ляснічы Лагута кожны раз пасылае Міцю ў фельдкамендатуру за пропускамі.

На бліжэйшых чыгуначных станцыях атабарылася пяхотная дывізія. Штаб у мястэчку, у памяшканні міліцыі. Тылавыя службы папаўняюць запасы фуражу, робяць блокі для бункераў, дзотаў. Дзерава бяруць на месцы, ляснічым даюць даведкі. На аснове даведак лясгас выстаўляе воінскай часці рахункі, якія Міця носіць у яе бухгалтэрыю.

Спісаныя разборлівымі друкаванымі літарамі лісткі, у якіх звесткі пра варожыя вайсковыя часці, Міця аддае Міколу. Працуючы ў лясгасе, можна аб сім-тым даведацца.

Падвечар прыходзіць Лобік. Інструкцыі, якія прысылае Мазурэнка, хлопцы чытаюць разам. Найбольшую ўвагу капітан надае чыгунцы, таму ўвесь час павучае Івана — клічка яго Бабок,— як складаць зводкі руху эшалонаў.

Іван нават спецыяльную форму выдумаў. Справа не простая: трэба паказаць эшалоны, якія ідуць на ўсход і захад, іх колькасць, што вязуць. Адзін і той жа састаў мае вагоны з салдатамі, платформы з разнастайнай ваеннай тэхнікай. У двайным, вырваным са сшытка лісце мноства граф, графачак, якія Іван, нібы бухгалтар, запаўняе дробнымі, акуратна выведзенымі лічбамі, квадратамі, трохвугольнікамі, прамавугольнікамі.

Паперкі Мікола носіць у кішэні, прышытай да калашыны знутры. Пакуль ён іх хавае, Міця стаіць на варце, каб не зазірнулі ў пакой меншыя браты.

Міця і яго таварышы, нябачнымі ніцямі прылучаныя да ляснога партызанскага свету, пра партызан думаюць з павагай. Там людзі смелыя, кемлівыя. Палахліўцаў або дурняў там не можа быць.

Але вось выпадак, які разумнымі прычынамі не вытлумачыш.

Ёсіп Кавенька, Міцеў сусед, які разам з бацькам рабіў абходчыкам, паехаў у дальнія сёлы мяняць соль на бульбу. У мястэчку з харчам цяжкавата, кірмаша няма, нідзе нічога не дакупішся. Шмат местачкоўцаў вандруе па вёсках, выменьваючы прадукты.

Каня ў Кавенькі няма, папрасіў у чалавека, які, кажуць, быў паліцэйскім.

Адтуль, з балотных сёл, Ёсіпа прывозяць мёртвага. Уся вуліца ідзе за труной на могілкі.

Дык што ж, сляпыя, там, у лесе? Не могуць разабрацца, хто свой, хто чужы?

Мінулай зімой партызаны таксама расстралялі местачкоўца. Але тады іх можна было зразумець. Той, мінулагодні, быў малады, нават актывіст. Наладжваў тэлефонную сувязь паміж валасцямі. Партызаны яго ўзялі да сябе. Атрада не было — малая групка. Сувязіст спалохаўся. Кінуўся наўцёкі.

Ёсіп Кавенька нічога не баяўся. Калі немцы ў сорак першым бамбілі мястэчка, спакойна касіў на выгане рамонкі.

Паміж хлопцамі з выпадку недарэчнага забойства спрэчка.

— Падрываецца ідэя партызанскага руху! — гарачыцца Міця.— Свае забіваюць свайго. Падурнелі там, ці што?

Скептычны Лобік хмыкае.

— Ты думаеш так проста разабрацца? Паехаў на паліцэйскім кані.

— Дык што, калі на паліцэйскім? А мы нашто? Не маглі ў нас спытаць?

Прымак падлівае масла ў агонь:

— Табе хочацца, каб было па кніжачках.

З Прымаком сапраўды смешна атрымалася. Паслалі, як і Міколу, працаваць настаўнікам, наладжваць сувязь з партызанамі. А ён сам ледзь ногі прынёс.

Пра выпадак з Ёсіпам Міця ўсё ж напісаў Мазурэнку.

У лясгас забрыдаюць пажылыя салдаты, кіруючы ў кабінет да Лагуты. Ён у такія хвіліны заўсёды выклікае Міцю. Друкаваны нямецкі тэкст Міця разбірае добра, дый размову стаў збольшага разумець. Вялікіх цяжкасцей у гаворцы з немцамі, якія наведваюцца да Лагуты, няма.

— Табак! — кожны раз патрабуюць яны.

Салдатам выдаюць па восем цыгарэт на дзень. Пранюхаўшы, што ў лясгасе ёсць прыпас махоркі (ён выдзелены для лесарубаў), яны ходзяць клянчыць курыва. Дзе-небудзь у Германіі салдаты, мабыць, не адважыліся б турбаваць такую асобу, як старшы ляснічы, але ў Расіі — не саромяцца.

На Лагуту, калі прыходзяць немцы, смешна глядзець. Яго шырокі, як засланка, твар расплываецца ва ўсмешцы, ляснічы мітусіцца, выдыбае па кабінеце. Махорку выпісвае безадказна.

У апошні час Лагута ўсё часцей заглядвае ў пакойчык касы, беручы грошы пад распіску. Бярэ адразу па дзвесце — трыста марак — сумы, якія намнога перавышаюць яго месячны заробак. Карбованцаў, акупацыйных марак не хоча, просіць райхсмаркі.

Праз тыдзень-два Лагута прыносіць акты на выдаткаваныя грошы. У іх засведчана, што куплены гумавыя скаты для аўтамашын-газагенератараў, розныя запчасткі, дэталі. Дзе, у каго куплена — невядома. Міця акты прымае. Нямецкіх грошай не шкада. Дый хто стане выкрываць галоўнага ляснічага ў махлярстве? Банка няма, фінансавымі справамі ніхто не цікавіцца.

Аднойчы Лагута заве Міцю да сябе ў кабінет, падсоўвае нямецкую газету.

— Прачытайце, што пішуць? Можа, для сябе адно, а для нас — другое?

Міця перакладае франтавую зводку. Саветы наступаюць. Баі ў Данбасе, заходней Харкава, пад Ленінградам. Усе бальшавіцкія атакі з крывавымі стратамі для праціўніка адбіты...

— Адбіты, адбіты,— нездаволена чмыхае Лагута.— А самі Курск і Харкаў здалі. Мянташаць языкамі. Брахуны.

Твар у ляснічага насуплены, панылы. Лагута зрываецца з месца, апранаецца, некуды бяжыць. Цяпер яго рэдка застанеш у кабінеце.

 

III

Збліжэнне з ляснічым дае плён. Тое, што Міцю арыштоўвалі, а пасля ён ірваўся настаўнічаць у вёску, якая цяпер кантралюецца партызанамі, відаць, не забыта.

У мястэчку створана біржа працы. Ёй запраўляе Дзіна Ліпнякова. Тая самая, што працавала ў рэдакцыі, пісала вершы, а калі пачалася вайна — заклікала, не шкадуючы сіл, змагацца з фашызмам.

І адразу Міцю позва — з’явіцца на біржу. Ён не ідзе — якога д’ябла будзе кланяцца Ліпняковай, калі мае службу. Кабыла нямецкая. Зашмат аб сабе думае.

Міця паказвае позву Лагуце, і той абяцае памагчы. Але, відаць, забывае, бо дзён праз колькі па дашчанай падлозе лясгаса грукае падкаванымі ботамі унтэр-афіцэр, які загадвае будаўнічымі работамі. Узводзяцца новыя дзоты, капаюцца траншэі — работу вядуць пад наглядам немцаў местачкоўцы.

Унтэр-афіцэр знаёмы — часцей другіх забрыдае выпрошваць махорку. На гэты раз выгляд у яго строгі.

— Ляпатка, ляпатка,— тыцкаючы пальцам у паперку, лапоча ён з нейкай нават радасцю.— Шрайбен нікс гут, ман мус міт ляпатка арбайтэн1...

Міца ідзе з немцам да Лагуты. Ляснічы ўецца каля таго ўюном.

— Пан унтэр-афіцэр, біттэ... Прашу вас. Работнік мне патрэбны. Прашу выкрасліць са спіскаў, пан унтэр-афіцэр.

Міця ўдзячны Лагуце. Выручае фактычна двойчы: восенню — узяўшы на службу, а цяпер — не адпусціўшы. Толькі чаму? Няўжо Лагута аб чым-небудзь здагадваецца...

У лясгасаўскай бухгалтэрыі таксама перамена. Яшчэ месяц назад худая, выпетраная постаць Кашчэя ўзвышалася над сталом да сканчэння рабочага дня. Галоўбух зацята ляскаў на лічыльніках, злосна пабліскваючы з-пад шкелак акуляраў на бухгалтараў, картатэтчыкаў, як бы падаўляючы іх сваёй стараннасцю. Цяпер — часта спазняецца, іншы раз яго зусім няма.

У бухгалтэрыі ў такія часіны — раздолле. Службоўцы збіраюцца ў бакавушцы — такім, як і Міцева каса, пакойчыку,— падоўгу кураць, абмяркоўваюць навіны.

Лішне развязваць язык, вядома, нельга. Старшым бухгалтарам працуе Карасцель, родны брат загадчыка фінансавага аддзела Пілеўскага. Ён тоўсты, з выпуклымі валовымі вачамі. Калі заходзіць размова пра фронт, Карасцель проста млее ад страху. Адступлення немцаў баіцца.

Астатнія весткі з фронту абгаворваюць са смакам. Бухгалтар Асоцкі, стары, сівы, з далікатным інтэлігентным тварам, іншы раз спецыяльна спыняе Міцю:

— Што чуваць, малады чалавек?

Міця расказвае яму трошкі болей, чым астатнім.

Ён лічыць, што Асоцкі не падвядзе: быў на першай германскай вайне, ваяваў з Дзянікіным. Трохі шкада Асоцкага: сам стары, а жонка маладая, дзеці малыя. Ледзь зводзіць канцы з канцамі бухгалтар: абедаць не ходзіць і з сабой нічога не бярэ. Міця здагадваецца — бясхлебіца...

Снег сагнала зусім. Праз закратаванае акно касы відаць разгалістыя старыя яблыні, чорная труба чыгуначнай электрастанцыі.

У пакоі сакратарак прыбавілася новая супрацоўніца — Галя Скавародка, Міця з ёй вучыўся. За два гады дзяўчына яшчэ больш расцвіла, папаўнела, папрыгажэла. Але, як і раней, яна вельмі смяшлівая. У першы ж дзень расказвае Міцю, як хадзіла ў кіно са Свішчам — жыве такі хлопец на Вакзальнай вуліцы.

— Прыйшоў у хату, халявы начышчаны, насы ботаў аж блішчаць. Я не хацела з ім ісці, але ж спецыяльна білет купіў. Ідзём па вуліцы, а насустрач — вол. То ён мяне проста на вала і ўзвёў.

І звонка, залівіста смяецца. Ніякай спагады да таго, што Свішч трохі падслепаваты.

Галя Міцю падабаецца. Між імі лёгка ўзнікае шчырая даверлівасць. Міцю нават здаецца, што каб ён быў смялейшы, правёў Галю, пасядзеў з ёй на лавачцы, то ў іх маглі б завязацца не такія, як цяпер, адносіны.

Але Міцева душа ў палоне. Тая, другая, ніколі не сказала такіх слоў, як Галя. Яна засяроджана на сабе самой, увесь час як бы нечага шукае і не можа знайсці.

З Сюзанай Міця не сустракаецца. Цяпер па той прычыне, што ў яе новы кавалер — Адам Вашчыла. Ён старэй іх усіх, працуе настаўнікам у Сівалобах, але зрэдку прыходзіць у мястэчка.

Што ж, няхай гуляе Сюзана з кім хоча, калі ёй падабаецца.

У глыбіні душы Міця на Сюзану крыўдзіцца. Але ў ім яшчэ жыве надзея, што яна калі-небудзь зразумее яго. Бачыць яе — свята. Тады Міця ўвесь напружваецца, націнаецца, гаворыць зусім не тое, што хацеў гаварыць.

 

1 Пісаць не добра, трэба з лапаткай папрацаваць... (Ламаная ням.)

IV

У станцыйнай зале гурт немцаў. Сядзяць на лаўках, кураць, перасміхаюцца. Ля кожнага абшыты цялячай скурай — шэрсцю наверх — рэчавы мяшок, каска, аўтамат, круглая зялёная каробка, у якой боепрыпасы. Немчыкі маладыя, самае большае ім гадоў па дзевятнаццаць. Міця стаіць у кутку, слухае размову.

Але вось у аднаго з салдат, худога, мізэрнага, з вузкім тварам, з акулярамі на храшчаватым носе, апынуўся на каленях акардэон. Імкліва націскаючы доўгімі пальцамі клавішы, немец іграе. Салдаты, як па камандзе, ускакваюць, згруджаюцца вакол музыканта, дружна падпяваюць. Мелодыя маршавая, як ва ўсіх ваенных нямецкіх песнях. Але ў гэтай ёсць штосьці другое — смутак, жальба, трывога.

 

Bei der Kaserne, vor dem grossen Tor

Stand eine Laterne und steht sie noch dafor,

Und alle Leute soll es sehr,

Wenn wir bei der Laterne stehn

Wie einst, Lili Marlen...1

 

Салдаты як электрычным токам працяты. Твары напружаныя, вочы гараць. Спяваюць з душой. Некаторыя нават такт нагой адбіваюць.

Што ж, у кожнага, апранутага ў шынель, немчыка там, у Германіі, ёсць, мабыць, дзяўчына, з якой ён сустракаўся. Ён смуткуе па ёй. Гэта можна зразумець.

 

Schon rief die Posten, sie bliesen Zapfenstreich,

Es kann drei Tage kosten, kamrad ich komm ja gleich...2

 

Гэта пра салдацкі абавязак. Нельга бясконца стаяць з дзяўчынай, трэба ваяваць. Немцы ж намецілі ўсталяваць тысячагадовы райх.

У залу заходзіць, застывае, разявіўшы ад здзіўлення рот, запэцканы змазчык. На ніжняй яго губе вісіць недакурак, у руках — маслёнка, малаток з доўгай ручкай. Не часта пачуеш, як спяваюць немцы.

 

Seine Schritte kennt sie, seine schöne Gang,

Alle Abend rennt sie, doch inn vergass sie lang...3

 

Дык вось чаму ў маршавай песні чуваць смутак: каханая здрадзіла франтавіку. Штосьці здарылася з нямецкімі крымхільдамі, якія перасталі чакаць пераможцаў зігфрыдаў.

Міця пайшоў з залы. Няхай спяваюць нямецкія хлопчыкі пра Лілі Марлен, пра яе здраду — на подзвігі такая песня іх не павядзе.

 

1   Перад казармай, перад вялікімі дзвярамі

Стаяў ліхтар і цяпер яшчэ стаіць,

І ўсе людзі бачаць,

Як мы стаім пад ліхтаром З табой, Лілі Марлен...

2   Крычаць паставыя, іграюць адбой,

За спазненне — трое сутак арышту, таварыш, я зараз прыбягу...

3   Ведае, куды ісці, любуецца сваёй хадой,

Пад ліхтар прыбягае штовечар, але стаіць цяпер з другім... (ням.)

V

На гэты раз Мікола прынёс заданне незвычайнае. На сустрэчу акрамя Тапаркова прыходзіў Драгун, папрасіў сабраць як мага больш савецкіх грошай. Партызаны хочуць пабудаваць на свой кошт танкавую калону.

Хлопцы задумаліся. Да апошняга часу яны існуюць як невялікая, замкнутая група. Але такой групай грошай не сабярэш. Кожны, у каго іх папросіш, пацікавіцца, каму дае і навошта? Вадзіць жа людзей за нос не выпадае.

Мазурэнка даўно раіць разбіцца на пяцёркі. Цяпер ідэя набывае рэальны сэнс. Работы сапраўды прыбаўляецца. Трэба памочнік Лобіку, тым болей што брыгаду, у якой ён працуе, перакідаюць іншы раз на ветку, і ў такія дні руху цягнікоў на асноўнай лініі ён фактычна не бачыць.

Дык вось так — будуць пяцёркі. Лобікава — на чыгунцы, яе трэба яшчэ стварыць. Міця мусіць кіраваць урачамі і астатнімі службоўцамі. Плоткіну і Прымаку даручаецца арганізаваць пяцёрку з моладзі, якая працуе ў розных установах.

Прынцып — глыбока канспіратыўны. Кожны з новых удзельнікаў групы павінен ведаць кіраўніка пяцёркі і нікога больш.

Ідучы на службу ў лясгас, Міця лёгка аддаецца плыні летуценнасці. Бачыць сябе ў розных незвычайных становішчах: то ён выступае з палкай прамовай, звернутай да местачкоўцаў, то нечаканым нападам арыштоўвае жандараў, то, пераапрануўшыся немцам, наводзіць паніку ў гарнізоне.

Дзіўна — Міцю ўяўляецца яго подзвіг толькі на людзях. Каб бачылі, здзіўляліся, захапляліся.

Можа, ідзе гэта ад патаемнасці, нябачнасці той работы, якую ён разам з сябрамі-таварышамі выконвае. Наогул яны, хлопцы, надта высока сябе не ставяць. Ёсць пачуццё задавальнення, патрэбнасці іх местачковага існавання. А хочацца большага — высі, узлёту, нейкага незвычайнага ўчынку.

Вакол — жыццё звычайнае. Міця крочыць у лясгас чыгункай, паварочвае да гарадка, дзе кватаруюць немцы, выбіраецца нарэшце на рог ускраіннай вуліцы, на якой размешчаны лясгас.

Местачкоўцы патроху возяць гной, едуць па сена, па дровы. У дварах звіняць пілы, сякеры, з хат нясецца шоргат жорнаў — малоць у млыне дорага. Мычаць каровы, п'е з лужыны ваду вогненна-рыжы певень. Кожны новы дзень вось так пачынаецца.

Людзям, якія служаць у лясгасе, няма чаго рабіць. У падпарадкаванні лясгаса абодная майстэрня, гараж. У абодні гады ў рады хоць колы для калёс вырабляюць. У гаражы — бачнасць занятку.

Яшчэ восенню лясгас меў чатыры газагенератарныя грузавікі. Дзве машыны забралі немцы, калі ездзілі на партызан у Альхоў. Партызаны іх там спалілі. Слесары, шафёры, механікі з таго часу бясконца рамантуюць два ўцалелыя газагенератары. Праўдзівей кажучы, сядзяць на гумавых скатах, кураць, перамаўляюцца. Але кожны трымае ў руках гаечны ключ.

Невядома, кім кіруе лясгас. З васьмі лясніцтваў на месцы тры — тыя, чые канторы на станцыях. Лясныя абсягі астатніх кантралююць партызаны. Лясніцтвы перабраліся ў мястэчка. Яны бяздзейнічаюць і падобны на эмігранцкія ўрады, якія спрабуюць кіраваць народам з чужых сталіц.

Лясным спецам няма работы, аднак штат папоўніўся яшчэ адным ляснічым, які лічыцца намеснікам самога Лагуты. На Міцева здзіўленне, пасаду заняў сусед Мікалай Мікалаевіч.

Ён як з неба зваліўся. Не бачылі яго ў мястэчку даўно, мабыць, з часу калектывізацыі. Адкуль з'явіўся? Адпусцілі немцы з палону — такая пагалоска.

Мікалай Мікалаевіч — мужчына відны, вялізнага росту, з шырокім дабрадушным тварам. Пасля яго паступлення на службу сярод сакратарак, машыністак усчалася мітусня. Дзяўчаты раз-пораз выбягаюць у калідор, падфарбоўваюць губы, падводзяць, трымаючы перад тварам люстэрка, бровы. Асабліва стараецца Паліна Рабіна.

Мікалай Мікалаевіч ёй уважыў. Пасля работы правёў да хаты і ў кватэры на некаторы час астаўся. Увішная, вясёлая Паліна на вачах расцвіла.

Здараецца так, што іншы раз Міця з Мікалаем Мікалаевічам разам ідуць на службу. Дзіва няма: жывуць праз дзве хаты.

Мікалай Мікалаевіч, расказваючы пра сябе, на першы погляд не тоіцца. Ледзь не да сорак трэцяга года служыў у арміі. Пад Ржэвам трапіў у палон. Недалёка ад дому ўцёк з эшалона і цяпер пабойваецца, каб не забралі ў лагер.

Міця проста засыпае яго пытаннямі. Як там, за фронтам? Што думаюць байцы, камандзіры, тыя людзі, якія наогул не бачылі немцаў?

Але тут сусед памоўчвае. Расказаў толькі, што ў іх часць прыязджаў Аляксей Талстой, выступаў перад байцамі. Пра што гаварыў пісьменнік, які ён з выгляду? «З выгляду падобны на мяне»,— Мікалай Мікалаевіч смяецца.

Чурбак нейкі, думае пра суседа Міця.

Думку пра суседа хутка прыйшлося перамяніць. Аднойчы раніцай высвятляецца, што хата Рысакоў — так па-вулічнаму завуць радню Мікалая Мікалаевіча — пустая. Ён сам, бацька, маці, малодшая сястра зніклі невядома куды. Зрэшты, ламаць доўга галаву не трэба — сям’я пайшла ў партызаны.

Дзіўныя рэчы бываюць на свеце. Рысачыха — жанчына мажная, языкатая, мінулым летам паводзіла сябе інакш. Калі Міцева сям’я перабралася з будкі на дзедава котлішча, яна, пабліскваючы ўстаўленымі залатымі зубамі, плявузгала жанкам ля студні, што Птахі — суседзі небяспечныя, іх трэба стараніцца. Прыпякло — сама кінула жытло, набытак.

Паліцаі наляцелі на пакінуты двор, як груганнё. Вывелі з хлява карову, тут жа, на двары, закалолі, асмалілі свінню. Грузілі на фурманкі ложкі, шкафы, камоды, коўдры, падушкі. Нават фікусы вывалаклі і паставілі на вазы.

Хату аднак не спалілі.

Тыдні праз два ў гэту хату перабіраецца выгнаны з Піляціч бургамістр Спаткай. Суседзі жартуюць, што спадчыну займеў бургамістр небагатую — хіба што прусакоў трохі засталося.

 

VI

У раённым клубе — канцэрт.

Прыехала самадзейная трупа Міры Сініцкага. Міра — рудаваты, шчуплаваты, надзвычай рухавы хлопец гадоў дваццаці пяці — славутасць навакольных гарадкоў і мястэчак акупацыйнага часу. У Бацькавічы за апошні год ён прыязджае трэці раз.

Сам Міра — артыст, бясспрэчна, таленавіты. Ён спявае, іграе на баяне, скрыпцы, кларнеце, гітары, губным гармоніку і нават на звычайнай піле. Але асабліва маляўніча, з нейкім натхнёным бляскам Міра танцуе. Іграе баян, і нельга без шчырага захаплення глядзець, як носіцца па дашчанай сцэне лёгкая, нібы пазбаўленая вагі постаць танцора, як дакладна адчуваюць такт ногі, усё паслушнае, гнуткае цела.

— Міра! Брава! Біс! — крычаць узбуджаныя дзяўчаты.

Як кожнага яркага артыста, Міру найбольш любіць жаночая частка гледачоў.

Міця заходзіць у клуб, калі зала набіта паўнютка і гудзе як вулей. Ён нерашуча спыняецца на праходзе, абводзіць позіркам залу.

На пярэдніх радах — немцы, паліцэйскія. Астатні прасцяг займаюць местачкоўцы.

Міця шукае вачамі Галю Скавародку. Яна жыве блізка ля клуба і абяцала заняць месца. Галя махае яму рукой. Пакуты нарэшце скончаны — Міця праціскаецца між радоў да Галі, садзіцца.

Занавес апушчаны. За ім ледзь чутна парыпвае гармонік — артысты на хаду рэпеціруюць. Халаднавата ў зале — ад дыхання ўздымаюцца белыя струменьчыкі пару. Ды і наогул закіданы, неахайны клуб: на сценах рудыя падцёкі, шыбы акон шэрыя ад пылу.

Сем гадзін, а яшчэ светла. Дзень прыкметна прыбавіўся.

Канцэрт, як і кінасеансы, мусіць пачынацца рана, каб да каменданцкага часу — да дзесяці гадзін — гледачы паспелі разысціся па хатах.

Міцю раптам як токам працінае. Ён бачыць Сюзану. Яна сядзіць амаль насупраць яго, на два рады бліжэй да сцэны. На ёй знаёмы, рудаваты палітончык, белая вязаная шапачка. Адама Вашчылы побач няма.

Міця стараецца не падаваць віду, што ўзрушан. Размаўляе з Галяй, пазірае ў другі бок.

Пад столлю тухнуць электрычныя лямпачкі, і адразу ўздымаецца занавес. Зала тоне ў воплесках.

Першы ўжо выхад Міры прыкоўвае Міцеву ўвагу сваёй нязвычнасцю. Ён пачынае не з танцаў, як мінулы раз, а з песні. На сцэне бабулька са зморшчаным тварам. І хоць Міра ў штанах, у вастраносых туфлях, а паставу бабулькі імітуе толькі завязаная двума ражкамі на падбароддзі хустка, аднак ілюзія настолькі пераканаўчая, што як жывую бачыш старую, сагнутую недарэку.

На два галасы Міра спявае жартоўную народную песню: дзед памірае, даючы бабцы наказ, як жыць далей. Дзед — фігура не галоўная, голасам, імітацыяй спявак адсоўвае яго некуды ўбок, на першым плане гаротая бабка.

 

А як буду жыці без цябе, дзядочак,

А як пажываці, шызы галубочак?

 

Але вось і дзед аднекуль вынырнуў: голас спевака зрываецца на пісклявы фальцэт, у ім не спачуванне, не шкадаванне, а несхаваная насмешка:

 

А з торбаю, бабка, а з торбаю, любка,

А з торбаю, шызая галубка мая!..

 

Да Міці раптам даходзіць: не з бабкі насміхаецца спявак, песня — толькі прыклёп, зачэпка, каб выставіць у смешным святле некага іншага — фашыстаў! Яны адступаюць, уцякаюць, іх фанабэрыя дала трэшчыну. Малайчына Міра! І прыдрацца нельга: песня старая, яе ведаюць усе.

Зала зноў тоне ў гучных воплесках. Яны не спыняюцца да таго часу, пакуль артыст не выходзіць на сцэну яшчэ раз. Але цяпер ён спявае толькі два куплеты:

 

Бараніся, бабка, бараніся, любка,

Бараніся, шызая галубка мая!..

 

Ёсць, значыць, нешта такое, што як бы носіцца ў паветры, што больш-менш адчуваюць усе. Міра — артыст, ён здолеў ускалыхнуць пачуццё, якое валодае ўсімі, ён адчувае настрой часу. У мінулым годзе — вясною і летам — прыязджалі гэтыя самыя артысты, але вось такога настрою не было. Тое, што артысты паказвалі, было другім. Шмат чаго за год перамянілася на свеце...

Міцю здаецца, што ён, як і Міра, здолеў бы выказаць агромністае, радаснае, што нястрымна нарастае ў жыцці. Толькі вершаў ён цяпер не піша. Нават не ўзнікае жаданне іх пісаць. Ён усёй душой аддадзены падзеям, якія запоўнілі свет, і болей ні аб чым не думае. Можа, калі-небудзь ён пра гэта ўспомніць. «Блажен, кто посетил сей мир в его минуты роковые...» Так сказаў паэт. Міця адчувае, што жыве ў вялікі час. Мястэчка да агромністых падзей, можа, і не прылучана, але яны ў ім неяк адбіваюцца, маюць свой настрой, колер. Ён непаўторны, гэты вялікі час, і Міця, калі застанецца жыць, пра яго не забудзе.

Дзіўна толькі, што жаданне пісаць прыходзіць у асаблівыя хвіліны, калі Міця чытае добрую кнігу ці, як цяпер, слухае песні.

Канцэрт тым часам скончыўся.

Першымі падаюцца да выйсця немцы, за імі паліцэйскія. Астатняя публіка тоўпіцца, чакаючы чаргі. Нарэшце адчыняюцца бакавыя дзверы на вуліцу і ў фае, і местачкоўцы гаманлівай талакой вывальваюць з клуба.

Міця выходзіць разам з Галяй. На дашчаным тратуары наледзь, і Міця асцярожна падтрымлівае дзяўчыну пад руку. Яны аднолькавага росту, ісці ім лёгка.

Галін дом — на ўскраі завулка. Стаіць да яго бакавой сцяной, вялікі, цёмны. Над парканам шастаюць голыя галіны бэзу. Веснічкі, лавачка. Трошкі з Галяй пастаялі, пагаварылі. У яе настрой прыўзняты, узбуджаны, і яна яго не тоіць. Падала на развітанне цёплую руку, подбегам, як каза, шуснула за веснічкі.

Міця вяртаецца Паштовай вуліцай. Каля бальніцы спатыкае Сюзану.

— Я чакаю цябе,— нібы вінавата гаворыць яна і адразу змаўкае.

Міця разгублены. Трымацца наводдаль ад Сюзаны памагала яму пачуццё супраціўлення. Але ж цяпер сама Сюзана робіць крок насустрач. Крыўда, абраза забыты імгненна. Хваля пяшчотнасці залівае Міцевы грудзі.

Позна ўжо. Але, звярнуўшы ў правулак, яны яшчэ могуць пахадзіць. Патрулі тут не бываюць.

Міця бярэ Сюзану пад руку. Яна даверліва да яго хінецца. Цёмныя купы хат, парканы, ахутаныя змрокам дрэвы, пад якімі калышуцца хісткія цені — усё гэта бачыцца нібы ўпершыню.

З правага боку сад, у якім яны наўсцяж прасядзелі летнюю ноч. Здаецца, з таго часу прамінула вечнасць. А яшчэ года няма.

— Галя вышэйшая за мяне,— раптам гаворыць Сюзана.

Міцю робіцца весела. І Сюзана раўнаваць умее. Можа, ахопленая рэўнасцю, яна таму яго і чакала?

— Ты ж таксама ходзіш з Вашчылам.

Сюзана маўчыць. Зябка пацепваючы плячамі, яшчэ бліжэй хінецца да Міці.

Яны даходзяць да дома, у якім жыве Плоткін. Вокны цёмныя, толькі праз шчылінку ў аканіцы прабіваецца вузенькая палоска святла. Саша, мабыць, чытае. У клубе сядзеў з Люсяй, правёў яе дадому. У іх адносінах усё хораша і ясна. Калі сустрэнуцца, нагаварыцца не могуць. Праўда, шчабеча найбольш Люся. Яна з другімі хлопцамі не ходзіць і, калі ў гурце не бачыць Сашы, вяртаецца дахаты.

Чаму ў Міці з Сюзанай не так? Яны цяпер разам, даўно не бачыліся, а гаворкі няма. Міцю, наогул, у прысутнасці дзяўчыны як бы зацінае дыханне. З другімі дзяўчатамі, нават з Галяй, ён можа смяяцца, жартаваць, быць дасціпным, з Сюзанай — не. Яму толькі радасна. Радасна і цяпер, ён надоўга запомніць гэты змрок, голыя сукі дрэў, зашэрхлую наледзь, што патрэсквае пад нагамі. Сюзана таксама спыняецца, паварочваецца тварам да Міці.

— Я іду на работу. У Сівалобы, настаўніцай. Мама гаворыць, што летам зноў будуць браць у Германію...

Сказала і прыхінулася тварам да Міцевых грудзей. Ён адчувае яе, гэты твар, мяккія грудзі, усю яе даверлівую, падатлівую. Ён перабірае пальцамі пасмачкі валасоў, якія выбіваюцца з-пад вязанай шапачкі, прыхінае, туліць Сюзану да сябе...

Шчымлівы смутак агортвае. Міцю. Што гэта, развітанне? У Сівалобах загадчыкам школы Вашчыла. Сюзана ідзе пад яго крыло. Яна, калі так баіцца Германіі, магла б у мястэчку дзе-небудзь прыткнуцца.

— Не ідзі,— гаворыць Міця.— У мяне ёсць знаёмы ўрач. Возьме цябе ў бальніцу.

У гэтую хвіліну Міця думае пра Андрыюка. Уладкуе Сюзану хоць заўтра. Чаму ён не падумаў пра гэта раней?

— Нельга. Ужо дамовіліся. Мама хоча, каб было так.

Яны зноў ідуць правулкам, але цяпер ужо насупленыя, адчужаныя адно ад другога.

Узмацняецца вецер, ён шастае ў голым вецці дрэў, у шчыкецінах тыну. Кончыцца вайна, тады прыйдзе ўсё, думае Міця. Цяпер не час. З самага пачатку ў яго з Сюзанай было неяк дзіўна.

На момант Міцем авалодвае злосць — шалёная, нястрымная. Вашчыла такімі, як ён, справамі не займаецца. Толькі каля дзевак смелы. Яго ў турму не пасадзяць. Не павязуць, як Сяргея Амельчанку, расстрэльваць. Сяргея няма, а тая лялька, Маргарыта, гарцуе...

У наступную хвіліну Міця адганяе здрадлівыя думкі. Раўняць Сюзану з Маргарытай нельга. Ён і сам вінаваты. Мог не чакаць, раней папрасіць Андрыюка.

Абражаны гонар не дазваляе Міцю распытваць, калі Сюзана пойдзе ў Сівалобы і ці часта будзе наведваць маці. Нітачка між імі рвецца. Няхай!..

Развітваюцца стрымана. Сюзана адчувае, што Міця насцярожаны, жорсткі, але кроку для прымірэння не робіць.

Каб не натрапіць на патруль, Міця прабіраецца дамоў агародамі. У душы — разлад, смутак мяжуе з адчайнай рашучасцю. Няхай! Кончыцца вайна, тады паглядзім. Ён яшчэ сябе пакажа!..

Зусім недарэчы ўсю дарогу звініць у Міцевых вушах матыў цыганскай песні:

 

На прощанье шаль с каймою

На груди моей стяни...

 

 

Раздзел пяты

 

І

Выдзяленне асобнага Бацькавіцкага атрада праводзіцца ўрачыста. Партызан — іх роўна сорак — выстраілі ў шарэнгу па два на выгане за Сасновіцай. Пад нагамі хлюпота, распоўзлы снег, у твар дзьме золкі, пранізлівы вецер. З бліжняга сасонніку даносяцца глыбокія, цяжкія ўздыхі.

Бондар зачытвае загад аб стварэнні атрада, гаворыць кароткую прамову, затым кіруе ў бок да камандзіраў, якія прысутнічаюць на цырымоніі. З шарэнгі, робячы па-вайсковаму павароты, выходзіць новапрызначаны камандзір Якубоўскі. На ім дзеля ўрачыстасці хромавыя боты, доўгае, да пят, скураное паліто.

— Смірна! Раўненне направа!

Аддаўшы каманду, Якубоўскі чытае прысягу, словы якой партызаны паўтараюць услед. Нястройны, нязладжаны гул галасоў затухае аж у лесе.

Затым камандзіры суседніх брыгад Вакуленка і Бальшакоў па праву старэйшых падносяць камандзіру, камісару, начальніку штаба маладога атрада па аўтамату. Байцы зусім не па статуту пляскаюць адубянелымі на ветры далонямі.

Атрад малады, але залічаныя ў яго людзі ляснымі сцежкамі вандруюць даўно. Начальнік штаба Анкудовіч з першага ваеннага лета ў партызанах, камісар Лісавенка (той, што быў камісарам у дамачоўцаў) — з мінулай зімы. Дый астатнія — народ цёрты, які сёе-тое пабачыў: шафёр Іван Гусоўскі, пажарнік Грыцук, Міша Ключнік, Рагазуб, Яўтушык, Таццяна Бурак, трактарыст Максімук, аграном Драгун, камандзір роты Ткач, былыя партызанскія старасты Іван Буян і Іван Гопчанка. Быў некалі Бацькавіцкі атрад развеяны, вынішчаны, і вось узнік новы. Не мог не ўзнікнуць.

Лубан таксама тут, яго сябры-таварышы ў суседніх атрадах. Высокае начальства палічыла за лепшае раздзяліць былых нямецкіх службоўцаў.

Узбраеннем новы атрад пахваліцца не можа. Пярэдні рад яшчэ з вінтоўкамі, а сёй-той з задняга — стаіць проста так, цішком засунуўшы пасівераныя рукі ў кішэні. Гарбылёўцы з гарбачоўцамі людзей выдзелілі, а наконт зброі далі добры наказ — здабываць у баі. Тры аўтаматы начальству — і ўсё. Хоць бы адзін кулямёцік, для пачатку нават ручны, сістэмы Дзегцярова...

 

ІІ

Як толькі падсохнуць дарогі, сцягнутыя за Пціч атрады рушаць назад, у свае раёны. Чыняцца калёсы, вупраж, коням падкладваецца нанач паболей сена.

Вялікі попыт на майстроў, умельцаў, людзей з залатымі рукамі. У пяці ці шасці сасновіцкіх адрынах, свіронках, прыстасаваных пад кузні, сапуць кавальскія мяхі, звініць жалеза, грукаюць малаты. Многае ўмеюць палешукі. На добрую сотню кіламетраў навокал ніводнага буйнага горада з заводскімі трубамі, машынабудаўнічай вытворчасцю, майстэрнямі, але людзі, здольныя адрамантаваць любой маркі аўтамат, вінтоўку, нават кулямёт, ёсць у кожным атрадзе. Адкуль гэта ўмельства? Ад шафёраў, трактарыстаў, кавалёў, якіх па вёсках нямала.

Калгас без тэхнікі не жыў. Але яшчэ глыбей, у сівую даўніну сягае здатнасць палешукоў. Светлавалосыя, блакітнавокія дрыгавічы, што сяліліся на Прыпяці, па яе прытоках, з незапамятных часоў ведаюць жалеза. Сведчаннем таму неймаверна вялікая колькасць вёсак, якія называюцца Руднямі.

На балоце не толькі касілі сена, не толькі ставілі венцяры, а і здабывалі матэрыял для металу.

Дзіўная, непаўторная ідзе па палескай зямлі вясна. У вёскі, сёлы, пакінутыя партызанамі, немцы з паліцэйскімі патыкаюцца мала. Калі прыязджаюць, то ўзводам або ротай.

Межы нямецкай і партызанскай тэрыторыі вызначыліся яшчэ мінулай восенню. За зіму, хоць партызаны не надта абаранялі свае раёны, яны не змяніліся. Немцы ціснуцца да чыгунак, шасейных дарог, буйных паселішчаў, астатні прасцяг — партызанскі.

У штабах, колькасць якіх узрасла, засядаюць дзень і ноч. Намячаюцца маршруты руху, месцы будучых лагераў — асноўных, запасных, сямейных. Толькі пяць-шэсць пасведчаных ведаюць, што брыгады Гарбылёўская, Дамачоўская разам з новаўтвораным Бацькавіцкім атрадам не проста рушаць у Літвінаўскія, Лужынецкія лясы, а па дарозе мусяць знішчыць гарнізоны ў Чаплічах, Сямёнавічах, Будзе і Малой Рудні — усе яны ў межах Дамачоўскага раёна. Асіныя паліцэйскія гнёзды — як костка ў горле. Звязваюць па руках і нагах.

План штаба сягае далей. Дамачоўскі і Бацькавіцкі раёны падзяляе чыгунка з Оўруча на Жлобін. Калі знішчыць гарнізоны, як-небудзь блакіраваць чыгунку, адкрываецца неабсяжны прастор. Вольная партызанская зона на сотню з гакам кіламетраў ушыркі, ад Бацькавіч да Рудобелкі.

Выйшла першая партызанская газетка. Назва ранейшай, абласной. Нават загаловак формай, абрысамі літар — такі, як быў. Як бы нічога не змянілася на тутэйшай зямлі за дваццаць доўгіх крывавых месяцаў.

Газетка маленькая, на васьмушцы звычайнага газетнага ліста, але, як і даваенная, пахне друкарскай фарбай, прыемна шасціць у руках. На першай старонцы — зводкі Саўінфармбюро, паведамленні пра налёты саюзнікаў на Германію, на другой — заметкі пра партызанскія справы, пра фашысцкі здзек з насельніцтва. Стыль газеткі высокі, узнёслы, пяро, якое нарадзіла надрукаваныя словы, не ведае сярэдзіны паміж дабром і злом.

За акном як з вядра лье дождж, з’ядае апошні снег. Цемень, хоць выкалі вока. Плюскат вадзяных кропель зліваецца з аднастайным пошумам хвой.

Бондар сядзіць у штабе, праглядае паперы. Патрэсквае на стале лямпа. Час не ранні, гадзін дванаццаць ночы, але цяпер толькі і пасядзіш спакойна, бо дзень паглынае мітусня, мітрэнга.

Зрэшты, так ці іначай, а Бондару лягчэй. Ёсць другія шырокія плечы, на якія лёг цяжар. На яго абавязку штаб, дакументы, разведка. Як чалавек з нейкім ваенным вопытам Бондар разумее, што вайсковы перыяд у развіцці партызанскага руху канчаецца. Ён працягваўся тры зімовыя месяцы, калі сілы партызан тут, за Пціччу, былі сабраны ў кулак, маглі, каб прыйшлося, супрацьстаяць, магчыма, цэлай дывізіі. Але немцы, калі не лічыць бой за Грабаў, не нападалі. У іхніх штабах, разведцэнтрах ёсць, бясспрэчна, разумныя галовы, якія бачаць стан рэчаў. А можа, у немцаў рукі не даходзяць?..

Цяпер, калі брыгады, атрады вернуцца ў свае раёны, іх ваенная сіла зменшыцца ў адваротнай прапорцыі. Яе хопіць на тое, каб разагнаць паліцэйскі гарнізон, трымаць у напружанні чыгунку, сеяць паніку. Але захапіць, утрымліваць у руках раённы цэнтр, буйнае паселішча партызанам не пад сілу. Няма артылерыі, мінамётаў дый запас патронаў мізэрны. Па той жа прычыне не могуць партызаны абараніць насельніцтва, яго маёмасць у сваіх раёнах. Узброенага танкеткамі, бронетранспарцёрамі, мінамётамі батальёна дастаткова, каб авалодаць самым умацаваным пунктам партызанскага супраціўлення. Прыклад Рудобелкі гэта пацвярджае.

Бондар праглядвае разведданясенні, якія паступілі за дзень. Што-што, а разведку ён за гэтыя тры месяцы парадкам падняў, падвучыў ёй займацца штабы. Работа клопатная, паглынае шмат сілы, адцягвае людзей.

Наўсцяж па чыгунцы, на ўсіх значных станцыях новыя воінскія часці не выгрузіліся. Ахоўную службу нясуць нямецкія палкі, мадзьярская дывізія, якая ў пачатку зімы змяніла славацкую. Славакаў яны, партызаны, па сутнасці, разлажылі. Немцы іх перакінулі пад Мінск. Але пад Мінскам таксама партызаны.

Загадкавыя для Бондара невялікія падраздзяленні, створаныя з былых ваеннапалонных. Атабарыліся амаль на ўсіх станцыях. Форму салдаты носяць падобную на нямецкую, цёмна-зялёную, але гавораць па-руску. У данясеннях іх называюць казакамі. Палоннага ці перабежчыка яшчэ не ўзялі, і Бондар не ведае, як глядзець на гэтых казакаў. Ад няведання неспакой. Казакамі трэба заняцца ў першую чаргу.

На двары ўзбуджаныя галасы, валтузня. Бондар выскаквае на ганак. Адчыняючы дзверы, ненарокам адпіхвае вартавога, які стаіць, да іх прыхінуўшыся. Цемень, сячэ касы, з ветрам дождж. Бондар пазнае Тапаркова, загадвае прапусціць.

Тапаркоў адсутнічаў два тыдні. Хадзіў у Мазыр, да Турбіной.

Разведчык мокры да ніткі. Пад скуранкай, якую вешае на цвік, цэлая лужына.

— Даў бы выпіць, ды няма,— гаворыць Бондар.— Не трымаем. Сухі закон. Расказвай...

Хітры, цыганаваты Тапаркоў шчэрыць зубы:

— У мяне ёсць. Павел Антонавіч. Адубянеў бы без падмацавання. На Прыпяці ў палонку праваліўся.

— Ты што, жартуеш? Прыпяць хіба пайшла?

— Стаіць. Трашчыць лёд. Страляе як з пушак. Вось-вось пойдзе. Я проста ў палонку нырнуў.

— Быў у Мазыры?

— Быў.

— Немцы дадому не збіраюцца?

— Пакуль не.

Аднекуль з-пад крыса Тапаркоў дастае вайсковую фляжку ў шэрым варсістым футарале. Бондар ідзе ў пярэдні пакой, прыносіць дзве шклянкі, акрайчык хлеба, разрэзаную напалам цыбуліну.

— Што ж, я не супраць выпіць. Асабліва з табой. Успомнім Гарбылі.

Тапаркоў зноў выскаляецца.

— Не тое пітво, Павел Антонавіч. Не пад цыбулю. Каньяк. Можа, нават французскі. Я не вельмі разбіраюся. Але тонус падымае што трэба. Праўду кажу, прапаў бы без яго.

З гэтымі словамі Тапаркоў вымае з кішэні, кладзе на стол дзве пліткі шакаладу.

— Жук ты. Не можаш без фокусаў. Ці не таму затрымаўся?

— Не таму. Давайце вып’ем. Раскажу па парадку.

Выпіваюць па паўшклянкі бурай, церпкай на смак вадкасці.

— Каго-небудзь пачастуй яшчэ. Шакалад аддай дзяўчатам. У цябе ж, мабыць, ёсць паклонніцы. А я, брат, каньяк піў. На фінскай мы захапілі дот. Там быў цэлы склад.

Навіны, якія прынёс Тапаркоў, датычаць у першую чаргу Турбіной. Працуе ў канцылярыі генерала Фрыдрыха, які чыніць уладу над акругай. Становішча нібыта надзейнае.

— У Фрыдрыха? — Бондар прысвіствае.— Высока птушка ўзляцела. Ты не дапускаеш, што служыць нашым і вашым?

— А што яна можа вашым? Што яна пра нас ведае? Летась наконт аперацыі папярэдзіла,— Тапаркоў загінае палец,— з Казачэнкавай сумкай выручыла,— загінае другі,— звесткі перадае, правалаў няма...

Пальцаў не хапае.

— А ўсё-такі чаму яе ўзяў генерал? Трэба дакладна ведаць. Мы яе туды не пасылалі. Немцам жа вядома, што муж яе савецкі лётчык, сама вырасла тут, не ў Германіі.

— А чорт яго ведае, Павел Антонавіч. Яны перада мной не спавядаліся. Немец немцу верыць, гэта точна. Лічаць сябе вышэйшай нацыяй.

— Ты гэта кінь,— Бондар устае, ходзіць па пакоі.— Хітрасці ім не пазычаць. Успомні, як вайна пачалася. Ручкі ціскалі, фатаграфаваліся з нашымі, а самі нож за спіной тачылі.

— То высокая палітыка, Павел Антонавіч. Я гавару пра звычайных немцаў. Яны дундукі парадачныя. Нашыя іх вакол пальца абводзяць. Можа, таму такія немцы, што лічаць сябе лепшымі, разумнейшымі. Думаюць — перад імі ўсе схіляюцца.

— Ладна, дарагі Анатоль Сямёнавіч. Давай гэту філасофію забудзем. Мы з табой шышкі невялікія. Ясна адно: да Турбіной, акрамя цябе, нікога не падпускаць. Калі ўдасца падаіць генерала, лічы, шчасце само лезе ў рукі. Давай, што прынёс.

— Вот.— Тапаркоў здымае левы бот, шастае рукой ва ўнутраным разрэзе халявы, выцягваючы невялікі, са шчыльнай паперы канверт.— Як у палонку трапіў, то баяўся за яго. Спецыяльна высушыў на агні. Перадала на словах, каб толькі табе ў рукі.

— Ідзі,— Бондар усміхаецца.— Мазурэнку таксама прынёс?

— У гэтай халяве,— Тапаркоў пляскае сябе па правай назе.— Слуга двух гаспод. Ці знашу сваю кучаравую галаву? Забудзеце адразу, як толькі траплю да немцаў у лапкі. Скажаце — быў брандахлыст, прапаў пры нявысветленых абставінах. А ў мяне душа гарыць.

— I ў мяне гарыць.— Бондар паціскае Тапаркову руку.— І спаць хочацца. І некаторыя наогул не хочуць бачыць на гэтым месцы. Жыццё, Толя, нічога не папішаш. Ідзі паспі.

— Наконт Турбіной не сумнявайся,— Тапаркоў сур’ёзнее.— Нутром чую — памагае чэсна. Хоць прычын не ведаю. А пралазіць, бо прыгожая як чорт. І разумная. Лётчык яе — даўно з рагамі. Звычайнай жонкай яна, брат, быць не можа.

 

III

Бондар разрывае сцізорыкам канверт, вымае згорнуты ў некалькі столак кавалак ватманскай паперы. Распрамляе на стале і на першым часе нічога не можа зразумець. Перад ім няўмела зробленая карта, з трохкутнікамі, кружочкамі, пункцірнымі лініямі-стрэламі.

Толькі прачытаўшы напісаныя па-нямецку назвы, Бондар бачыць, што гэта карта вобласці ў межах акупацыйнага адміністрацыйнага падзелу. Робіцца ясным сэнс кружочкаў, трохкутнікаў.

Што ж, канцэнтрацыю партызанскіх сіл генерал Фрыдрых уяўляе, бадай, правільна. Трохі пераўвялічвае, трохі блытае з дыслакацыяй. Стрэлы, пункціры — магчымыя дарогі звароту партызан у пакінутыя раёны...

Бондар хавае карту ў кішэню, апранаецца, выскаквае на двор. Хата камандзіра злучэння праз вуліцу. Акно занавешана, але праз шчыліну прабіваецца палоска святла. Дождж сячэ не перастаючы.

У Лаўрыновіча радыстка Ася. Пакруглела, паправілася дзеўчанё. Памятае яе Бондар змізарнелай, з бледным тварыкам, запалымі вачамі. Цяпер шчокі наліліся ружовасцю, нават вайсковая гімнасцёрка не хавае павабнага дзявочага стану.

Пры ўваходзе Бондара камсамолачка падхопліваецца, бяжыць за дзверы.

— Сядай.— Лаўрыновіч працягвае Бондару спісаны круглымі дзявочымі літарамі аркушык.— Зводка за сакавік. Харкаў страцілі, затое з Масквы пагроза знята канчаткова. Гжацк, Вязьма — нашы.

— Да нас усё адно далекавата. Ісці ды ісці.

Лаўрыновіч ажыўляецца — любіць пагаварыць пра фронт.

— Ты заўважыў — большая палавіна вайны на паўднёвых франтах. Каб не адазвалі мяне сюды, браў бы Харкаў. Я і ў сорак другім быў там. Выбіраўся з акружэння. Страшна, брат, успамінаць. З кіеўскай кашы ў сорак першым вылазіў. Не хацеў гаварыць, а наш Фёдар Бумажкоў пад Палтавай склаў галаву. У акружэнні. Разам служылі ў кавалерыйскім корпусе. Я — дывізійным, ён — палкавым камісарам.

— Навошта было Бумажкова браць у армію? — пытае Бондар.— Першы партызан, герой...

Лаўрыновіч моршчыцца як ад болю, ля куточкаў вачэй збягаюцца дробныя маршчынкі.

— Ты ж ваенны чалавек, павінен разумець. Калі ўжо спавядацца перад табой, то і я мусіў тут аставацца. Нават рашэнне было. Потым прыйшлося прымаць другое рашэнне. У Мазыры фарміравалася кавалерыйская часць, зверху загадалі забяспечыць палітсаставам. Вот і ўсё. Паварот на сто восемдзесят градусаў. Помніш жа — усё для фронту!.. Немцы Смаленск захапілі, ірвуцца к Маскве, а мы сядзім у балотах. Фактычна ў нямецкім тыле, хоць улада савецкая. Ну і кінулі партыйны актыў у дывізію. Адзін Ермаловіч астаўся. На той час Бумажкова для справаздачы выклікалі. Прыйшоў з-за лініі фронту. Думаеш, каб аставілі тут актыў, такія б былі камбрыгі, як Вакуленка? Выдатныя былі хлопцы. Жалезныя. Арлы. Кадры, брат, былі што трэба. Толькі незайдросная іх доля. Амаль усе паляглі на Украіне.

— І тут паляглі. Большасць зачынальнікаў партызанскага руху загінула.

— Да нас вызваленне прыйдзе праз Украіну,— працягвае Лаўрыновіч.— Папомніш маё слова. Украіна — гэта хлеб, вугаль, жалезная руда. Там нам, брат, спакою не давалі. Успомні мінулы год. Заходнія франты фактычна драмалі. Баі мясцовага значэння — адцягваючыя ўдары, не болей. А мы? Пабачыў я данскія стэпы, Волгу, да Сталінградскага акружэння дажыў. Не далі толькі пабачыць, як немцы ў катле дуба даюць. Адазвалі ў самы гарачы момант, месяц у партызанскім штабе прасядзеў.

— I ў нас будзе горача, Сяргей Кандратавіч.— Бондар абедзвюма рукамі распрамляе на стале прысланую Турбіной карту.— Вось пацікаўцеся. Палучылі ад той самай немкі. Толькі яна не ў Гарбылях, а ў Мазыры, у самога генерала Фрыдрыха.

Лаўрыновіч нічога не пытае, злёгку варушачы губамі, водзячы па ватману пальцам, чытае назвы, разглядае знакі.

— Наша дыслакацыя ім вядома,— узняўшы галаву, ён глядзіць Бондару ў вочы.— Думаеш, здрада?

— Ды не, на такую карту трэба сто шпіёнаў. Ды і дакладнасць невялікая. Проста ў генерала Фрыдрыха ёсць чалавек, які намі займаецца. Стараецца гэтак, як мы, думаць. Бачыце, ён нават трохі апярэдзіў нас. Ведае, што вясной вернемся ў свае раёны.

— Лічыш, Фрыдрых што-небудзь замышляе? Наставіць пастак, як станем разыходзіцца?

— Фрыдрых не страшны. З ім можна ваяваць. Камандуе паліцэйскім палком, жандармерыяй, дапаможнай паліцыяй. Тут другое.

— Карная экспедыцыя? — Лаўрыновіч хмурнее.

— Думаю, што так. Адзначаны партызанскія раёны. Галоўны націск не на нас,— на Лельчыцы, Князь-возера, дзе зімуюць Каўпак з Сабуравым. Заўважце, пра нас дакладна ведаюць — расцячэмся па раёнах. Наконт іх гадаюць. Ні пункціраў, ні стрэл. Невядома, куды пойдуць. Пытанне для немцаў адкрытае. Баяцца скулы пад носам.

— Логіка правільная.— Лаўрыновіч падхопліваецца, узбуджана ходзіць па пакоі.— Заўтра ж паеду ў штаб Сабурава. Якога д’ябла тут тырчаць? Гітлер на іх не пашкадуе адборнай дывізіі. Няхай хутчэй выбіраюцца. У іх жа інакшая, чым у нас, задача. Рэйдавае злучэнне...

Бондар згортвае ватман.

— Знімі дзве копіі. Сам зрабі, не даручай нікому. Да раніцы. Адну завязу Сабураву, другую пашлём у Маскву. З тлумачальнай запіскай. Садзіся, складай. Можа, удасца сотні тры аўтаматаў вырваць. А то адным — на поўнае горла, другім — дулю з макам. Пра карту ніхто не ведае? — Лаўрыновіч спыняецца перад Бондарам, бярэ ў пальцы гузік гімнасцёркі, нервова пакручвае.

— Вы ды я.

— Хопіць. Нікому ні слова. Ад немкі лішнія сувязі адсекчы. Сабяры, якія ёсць, маркі, пашлі. Генералу, брат, трэба далікатная дама. Духі каштуюць дорага.

Дождж зацяты, як бы там, у небе, прорва. Густая, дзягцярная цемень. Ніводны аганёк не бліскае. Дарогі расквасіць, тыдзень ці нават болей з месца не рушыш.

 

IV

У адносінах да паліцэйскіх, іншых пасобнікаў — новая палітыка. Галоўны прыцэл на разлажэнне паліцэйскіх гарнізонаў знутры, каб перасталі служыць ворагу, пераходзілі на партызанскі бок.

Бондар сядлае каня, кіруе з раніцы ў Замошкі, у Дамачоўскую брыгаду.

Дождж амаладзіў зямлю. Сасновыя пагоркі сухія, чыстыя, па бярэзніках — азярынкі вады, і толькі ў балоцістай гушчэчы сям-там мільгне абледзянелы гурбачок.

Дарога з рук вон кепская, асабліва ў нізінах. Конь хлюпае па гразі, правальваецца па костачкі ў вязкую кашу, нездаволена фыркае.

Цяжар з душы спаў. Бондар едзе ў Дамачоўскую брыгаду з лёгкім сэрцам. Вакуленка нават здзіўляе. Здавалася — доўга будзе хмеліць у ім неразвеяная крыўда, абраза, якую сёй-той падагравае. Аднак вельмі хутка пераламіў сябе. Перамяніўся на вачах. Мудры прафесар сялянскіх навук...

Бондар выязджае на ўзгорак, акружаны бярозавым гаем. Выблісквае сонца, і краявід на вачах мяняецца. Бярозы лашчаць вока, удалечыні, як хвалі вялікага ляснога прыліву, цямнеюць хвойнікі. Псуе выгляд шэрае поле, якое зусім не пасуе да бляску сонечнага дня. Бондар ловіць сябе на думцы, што ніколі не любіў ранняй вясны з-за без жыццёвага покрыву зямлі, з-за непадобнасці паміж сонечным святлом і друзам, брудам, што застаецца пасля зімы. Зямля нібы паказвае ў гэты час непрыкрытыя раны, яна кволая, слабая.

Па леташнім іржышчы вядзе ў бярэзнік свежы след. З калёсамі праехалі тут два ці тры дні назад, на полі, у вязкім гліназёме, засталася глыбокая каляіна. Бондар едзе каляінай, дабіраецца да лесу і, трохі паглыбіўшыся, задаволена ўсміхаецца. Пад тоўстай, з пачарнелым камлём бярэзінай стаіць дубовы шчань, замаскаваны веццем. Па латаку з ціхім меладычным звонам падаюць кроплі. Нават па гуку Бондар здагадваецца — шчань поўны на палавіну. Злазіць з каня, правярае сябе. Старая сялянская звычка не падводзіць: бочка сапраўды ў палавіне. Сок чысты, празрысты, паверсе плавае некалькі казюрак.

Ён яшчэ не пакаштаваў бярозавіку, а ўжо адчувае, як ад сцюдзёнай, ледзь салодкай на смак вільгаці сцінае зубы і пабольваюць скроні. Пад меншай бярэзінай дзежачка, поўная як вока. Сок пераліваецца цераз край, на клёпцы — мокрыя падцёкі.

Бондар, укленчыўшы на дол, доўга, пакуль сапраўды не зводзіць зубы, п’е.

Пасля гаспадара, парушыўшы латак, тыцкае морду ў дзежачку конь, але адразу адводзіць, смешна закапыліўшы верхнюю губу, нездаволена пырхае. Бярозавік яму не даспадобы.

Святочны настрой на душы. Яго не парушае нават паласата-плямісты (якраз мяняе поўсць) заяц, які вышмыгвае з-пад конскіх ног і на злом галавы выпісвае петлі па леташняй пожні. Вясна, вясна. З прасвечанага сонцам паднебнага блакіту звініць срэбраны званочак. Над шэрым голым полем жаваранак спявае.

У мокрым алешніку перад Замошкамі на дарогу выскакваюць двое дазорцаў, але, пазнаўшы начальніка штаба, прапускаюць.

Замошкі — вёсачка з адной вуліцы, хат на семдзесят. Гэтак жа, як Сасновіца, сярод лесу — палі на дзялянках, на пагорках. Сям-там з двароў тырчаць каромыслы калодзежных жураўлёў. Захаваўся нават некаторы калгасны набытак — доўгая пад саламянай страхой адрына, распачаты будоўляй, без крокваў, дзвярэй, але з прарэзанымі аконцамі хлеў — кароўнік ці цялятнік.

Партызан, жыхароў на вуліцы няшмат. Цётка ў ірваным кажушку вязе на маладым буланым коніку гной. Двое партызан прыпнулі ля плота, трымаючы пад вуздэчку вялізнага трафейнага біцюга, трэці, задраўшы каню заднюю нагу, зрывае абцугамі падкову.

З хат даносіцца то мерны грук, то аднастайны панылы шоргат. Музыка вядомая. Там, дзе грук — жанкі кросны ткуць, у астатніх хатах мелюць на жорнах. Жорны — самадзельныя сялянскія млыны — цяпер амаль усюды.

Вакуленка ў добрым настроі, цвярозы, паголены, расхрыстаўшы камандзірскую гімнасцёрку, сядзіць за сталом, штосьці піша, макаючы ручкай у школьную невылівайку. Бондара сустрэў іранічна-ветліва:

— Начальства пажалавала. Рад бачыць начальства.

У пакоі акрамя камандзіра брыгады чарнявы начальнік штаба Валюжыч. Бондар дастае з-за пазухі пачак лістовак, кладзе на стол. Вакуленка бярэ лісток, варушачы губамі, чытае. Сам сабе ўсміхаецца.

— Здорава. Як спецыяльна для нас зрабілі. Добра, што пра бацькавіцкіх начальнікаў напісалі.

Валюжыч корпаецца ў сваіх паперках.

— Адам Рыгоравіч сам наскладаў пісем. Чапліцкага начальніка паліцыі таварышам называе. Таварыш Драбніца... А я супроць. Які ён таварыш? Мы два гады з фашыстамі ваюем, а ён што? Верай і праўдай ім служыць. Майго бацьку, брата хто загубіў? Такія, як Драбніца. А цяпер мы да іх — таварышы...

— Не дуры, Пятро,— вяла агрызаецца Вакуленка.— Паліцікі не панімаеш. А як я напішу? Гаспадзін Драбніца? Ведаю я етага гаспадзіна як аблупленага. Голым задам свяціў. Толькі што і сумеў плойму дзяцей напладзіць. Проста няўдалы чалавек. Далі немцы два пуды мукі — падкупілі.

— Няхай так. Але навошта яшчэ расшарквацца перад імі.

— Дык нашто агарод гарадзіць? — Вакуленка павышае голас.— Мы будзем страляць у іх, яны ў нас. Польза будзе? Я лічу паварот паліцікі ў атнашэнні паліцэйскіх правільным. Свалачэй пастраляем, а божых авечак, як Драбніца, заставім узяцца загрудкі з немцамі. Са шкуры будзе вылузвацца, каб хутчэй забылі пра яго паліцэйства.

Памаўчаўшы, Вакуленка, працягвае:

— Добра, што прыехаў, Бондар. План, які вы там у штабе прыдумалі, добры. На Чаплічы, Сямёнавічы будзем наступаць маёй і Гарбылёўскай брыгадамі. Рана яшчэ Вакуленку ў запас спісваць. Вы толькі не мяшайце мне, а я зраблю, што гарнізоны цёпленькімі возьмем, без ніякай вайны. Толькі не мяшайце, прашу.

— Ты павінен разумець, Адам Рыгоравіч,— штаб не можа стаяць убаку. Аперацыю трэба распрацаваць, узгадніць, каб кожны ведаў сваё месца. Я для таго прыехаў.

— Узгадняць не трэба. Не хачу ніякіх папер. Усё, што скажу, можаш шапнуць на вуха Лаўрыновічу, і каб болей ніякі чорт не ведаў. Вот тут,— Вакуленка ляпае сябе па нагруднай кішэні,— у мяне спіскі паліцэйскіх. Пашлю да іх сваіх людзей. Каб з кожным, з кім можна, пагаварылі. Іспользуем для сувязі паліцэйскую радню: бацькоў, матак, братоў, сясцёр. Лозунг такі: хопіць займацца дурыкамі, хлопцы, ідзіце ў партызаны выкупляць грахі. З начальнікамі паліцыі сам пагавару. На тых, хто не захоча сустрэцца, падкінем немцам пісьмы. Як бытта яны нам, партызанам, памагаюць. Немцы іх, як коршак куранят, у кіпцюры. Не гарнізоны будуць, а гнілыя грыбы. Ткні пальцам — рассыплюцца. Вер мне, начальнік штаба. Голымі рукамі возьмем паліцэйскіх. Адно толькі прашу — маўчок.

— Дай бог чутае бачыць. Скажу адно табе, Адам Рыгоравіч: малайчына, што прыняў брыгаду.

Вакуленка ў момант хмурнее.

— А што, пагана я камандаваў? Хто кадзіла раздуў? Вы ўсе, разумненькія з’явіліся на гатовае.

— Я не пра тое. Час другі. Злучэння, не крыўдуй, не пацягнеш. А ў намеснікі не з тваім характарам.

— Старую гвардыю на задні план? Ета правільна?

— Не на задні. Калі разгоніш гарнізоны ды яшчэ чыгунку да Оўруча на Жлобін па баку, сам ведаеш, што будзе. Партызанскае царства. Тысяч да двух брыгаду разбухаеш.

— Болей будзе! — Вакуленка не тоіць задавальнення.— Атрадаў шэсць, сама мала адгрукаю. Я чаму за Прыпяць не пайшоў? Мяне тут народ ведае. Дам кліч — пойдуць. Усе пойдуць.

Толькі цяпер Бондар са здзіўленнем заўважае ў дамачоўскім камбрыгу штосьці новае, чаго не заўважаў раней. Жаданне пакрасавацца, пусціць пыл у вочы, намераная грубаватасць, просталінейнасць,— не ўсё ў ім. Ёсць другое, глыбока схаванае, што адразу не выкажаш словамі. Надзейны чалавек, думае Бондар. Не здрадзіць, не падвядзе, не адвернецца ў цяжкую хвіліну...

 

V

Прачнуўшыся, начальнік штаба чуе ціхае мармытанне, якое даносіцца з пярэдняга пакоя. Яшчэ рана, на дварэ трашчыць сарока, першыя промні ліжуць надзіва светлыя, працёртыя шыбіны. Увогуле ў хаце незвычайная ўтульнасць: вымыта падлога, падбелены рудыя падцёкі на сценах і нават самаробны палавічок, вытканы з рознакаляровай старой крамніны, пасцелен ля ложка. Прыехаўшы позна ноччу, усёй гэтай прыгажосці Бондар не заўважыў.

Дзверы прычынены не шчыльна, і, трохі расхінуўшы іх, кватарант бачыць гаспадыню і яе дзяцей — хлопчыка і дзяўчынку,— яны стаяць спіной да яго, павярнуўшыся тварамі да покуці, да ікон.

«Хлеб наш насушчны даждзь нам днесь. І аставі нам долгі нашы, яка жэ мы астаўляем далжнікам нашым...»

«Вялікдзень»,— здагадваецца Бондар, невядома чаму ўзрадаваўшыся. У дзяцінстве і ён гэтак жа стаяў перад іконамі побач з бацькам, маці, братамі. Старэйшыя браты, якія хадзілі ў школу, маліцца адмаўляліся, але заведзенага ў сям’і парадку не парушалі — усе тыя хвіліны, пакуль бацька з маці аддавалі належнае богу, стаялі, не зварухнуўшыся...

Гаспадыніны дзеці таксама малітвы не ведаюць, паўтараючы ўслед за маці незразумелыя словы. Бондар на дыбачках адыходзіць ад дзвярэй, садзіцца на ложак, маўкліва чакае, пакуль скончыцца набажэнства.

Выйшаўшы ўмывацца, ён хрыстосуецца з гаспадыняй, захоўваючы на твары поўную сур’ёзнасць. Яна яму адказвае, потым дае ў руку пафарбаванае ў цыбулевым шалупінні яечка.

— Свянцонае, Каця? — пытае Бондар, пазіраючы з цікаўнасцю на гэтую яшчэ маладую, дасціпную жанчыну, якая цяпер, у дні ліхалецця, няўхільна выконвае запаветы продкаў.

— А як жа. У царкве ўсяночная была. Толькі я не заспела. Падбегла, як пачалі свянціць.

— Нашто табе гэта, Каця? Не можаш абысціся?

Гаспадыня адказвае пытаннем на пытанне:

— А вы хіба што лепшае прыдумалі? Страляеце, носіцеся. Старыя людзі праўду гавораць.

Зажытак на стале небагаты. Велікодная булка аржаная, трохі пафарбаваных яечак, прыхаваны, мабыць, яшчэ з каляд кумпячок. Але дзеці рады і такому сталу: можна наесціся колькі хочаш.

Умываючыся, Бондар думае пра тое, чаго гаспадыня не ведае. Яна і некаторыя іншыя пацягнуліся да царквы, якая для іх цяпер нібы апора ва ўзбаламучаным, неспакойным свеце. А сам поп, паміж іншым (царква ў нейтральнай зоне, вёрст за чатырнаццаць), нядрэнны сувязны, весткі прысылае вельмі карысныя.

Праз паўгадзіны ў штаб заходзіць Лаўрыновіч. За гэтыя дні ён паблажэў, асунуўся з твару. Паехаўшы да Каўпака, Сабурава, болей за тыдзень вандраваў па дальніх, раскіданых атрадах.

— Калі надвор’е не зменіцца, заўтра паедзем сустракаць самалёт. Ёсць радыёграма.

Бондар адчувае — галоўнага камандзір не дагаворвае. Аднак не дапытваецца. Лаўрыновіч, абапёршыся локцямі на стол, пачынае сам:

— Дрэнныя нашы справы, Бондар. Наездзіўся, наглядзеўся. Настрой ушчэнт сапсаваў. Старцы мы супроць Каўпака. Да іх на Князь-возера самалёты ўсю зіму прыляталі. У палавіны байцоў — аўтаматы. А ў нас — у камандзіраў, няма. Таму некаторыя нашы цягнуцца да іх. Наспеў у мяне адзін план. Не ведаю, як паглядзіш, але трэба сумесна з камандзірамі абмазгаваць...

Дастаўшы з планшэта карту вобласці, Лаўрыновіч рассцілае яе на стале.

— Вось тут,— ён тыцкае пальцам у прамежак паміж станцыяй Пціч і Жыткавічамі,— нагледзеў я месца. Эшалончык хачу раскасіраваць. Падыходы харошыя, буйных гарнізонаў няма. Калі добра ўзяцца, выгарыць дзела.

Бондар разумее ўсё з ходу. Працяг той жа песні. Цяжка камандзіру. Сёй-той з камбрыгаў надзьмуўся, на дысцыпліну ідзе туга. Партызанская вольніца, нічога не папішаш. Тут, на Палессі, ніхто з камандзіраў вялікай улады над сабой не адчуваў, дзейнічалі, як прыйдзецца. Вядома, касавурацца і на Лаўрыновіча.

— Я катэгарычна супроць, Сяргей Кандратавіч,— гаворыць Бондар.— Такі настрой, як у вас цяпер, быў у мяне летась. Гарнізон у Журавічах разагналі, а ён зноў ажыў. Ходзім толькі па начах, туляемся, як ваўкі. Узрыўчаткі няма, на вінтоўку па дзесяць патронаў, ды і вінтоўкі не ва ўсіх. Бальшакоў вярнуўся з Акцябра; расказаў пра іхнія справы. Злосць мяне ўзяла. Прыдумаў, як і вы, эшалон. Добра, што добра кончылася.

— Ты леташняе не раўняй. Вас колькі было? Сотня чалавек. А мы тысячай накінемся. Эшалон пусцім пад адхон, апамятацца не паспеюць, як насядзем.

Бондар пачынае гарачыцца.

— Глупства, Сяргей Кандратавіч. Вы ж ваенны чалавек, павінны разумець. Я няшчасны капітан, галава не зварыла, таму палез у авантуру. А вы — генерал, ведаеце сучасную вайну. Эшалон не скінеце — немцы навучыліся ездзіць ціха. Калі ў ім будзе хоць сотня салдат, ад вас мокрае месца застанецца. Ясна як божы дзень.

Лаўрыновіч нервова ходзіць па пакоі.

— Як генерал забараняю табе, Бондар, уступаць у дыскусію. Хоць ты даўно не капітан. Рэляцыю на цябе падалі, сам ведаеш. Будзеш палкоўнікам. Як ваенны ты, можа, і правы. Але ёсць палітыка яшчэ, Бондар. Палітычнае чуццё мне падказвае — трэба зрабіць буйную акцыю. Каб злучэнне стала злучэннем. Інакш я не камандзір, а злучэння — няма. Атрады распаўзуцца па лясах, і будзе тое, што было. Адно я за два месяцы зразумеў цвёрда: партызанскім рухам нельга кіраваць так, як кіравалі да вайны асушкай балот. Што скажаш цяпер?

— Скажу, што злучэнне — не дывізія і не корпус. Брыгады разыдуцца па дваццаці раёнах, якая між імі можа быць узаемадапамога? Я пра гэта думаў. На Каўпака, Сабурава ўвагі не звяртайце. У іх другія задачы. А мы — мясцовыя партызаны. У нашых умовах болей патрэбен абком, чым ваеннае камандаванне. З нашымі ваеннымі задачамі справяцца капітаны.

— Вось ты які.— Лаўрыновіч, спыніўшыся, барабаніць пальцамі па стале.— Аказваецца — філосаф. Тэарэтык. І ўсё ж правы я, Бондар. Ты не ўсё ведаеш. Наперадзе ў нас такія прыкладна справы, як ваш Пціцкі мост. Без генеральнай рэпетыцыі не абыдземся. Ды і заседзеліся. За зіму — адзін сур’ёзны бой пад Грабавам. Трэба людзей разварушыць, каб кроў закіпела.

— Баёў хопіць. Ледзь не ва ўсіх раёнах ёсць неразагнаныя гарнізоны.

— Дыскусій хопіць, Бондар. Падрыхтуй загад. Абмазгуй усё як трэба. Па эшалону ўдарым сіламі трох брыгад — Міхнаўца, Дзяругі і Гаркушы. У іх, па-мойму, найбольш укаранілася сялянская дэмакратыя. Трэба з такімі настроямі канчаць. Не бядуй. Ёсць дзве гарматкі, кулямётчыкаў мабілізуем з усіх атрадаў заходняй зоны.

Ужо збіраючыся адыходзіць, схаваўшы ў планшэт карту, Лаўрыновіч паварочваецца да акна, з хвіліну стаіць моўчкі. Дзень разгараецца сонечны, цёплы, на вуліцы дзіцячыя галасы. Пазіраючы некуды ў акно, Лаўрыновіч гаворыць:

— Зразумей мяне як чалавека. Кулям я не кланяўся. У пераплётах бываў. Думаю — пранясе. А іначай, брат, нельга.

 

Раздзел шосты

 

І

Халодныя паўночныя вятры замаруджваюць крок вясны. Зноў усё заледзянела, зашэрхла.

З’яднаныя сілы трох брыгад — Міхнаўца, Дзяругі, Гаркушы,— зняўшыся з баз, кіруюць у напрамку чыгункі Брэст — Гомель. Ідуць адной доўгай калонай, выслаўшы па вайсковаму звычаю баявую ахову і бакавыя дазоры.

Шура Гарнак крочыць у калоне побач з Багдановічам, якому пасадзейнічаў перайсці да Мазурэнкі. Іх абодвух капітан вылучыў для ўдзелу ў аперацыі, даўшы адметнае заданне — паспрабаваць захапіць каго-небудзь з немцаў жывым, а калі не ўдасца — узяць дакументы.

Наперадзе Шуры едзе на кані Міхнавец, камандзір брыгады. У Шуры вострая цікавасць да гэтага чалавека, які прыкметна выдзяляецца сярод партызанскіх камандзіраў.

Настрой у Шуры панылы. Адносіны з Асяй не ладзяцца. З таго асенняга дня, як ён ненарокам убачыў яе ў лазеньцы, яго ўладна да яе цягне. Цяпер ён тым і жыве, што чакае кароткіх імгненняў, калі можна на Асю зірнуць, павітацца. Толькі адзін раз увесь вечар ён прабыў з радысткай. Але галоўнага так і не сказаў.

Перад тым як калона рушыла з Сасновіцы, Шура два разы забягаў у хату, над якой узвышаюцца жэрдкі з нацягнутай антэнай. Асі дома не было.

Апошні час Шура мала бывае на месцы, ходзячы то пад Гарбылі, то пад Бацькавічы, забіраючы ў сувязных разведданясенні. Вандруе ў пары з Тапарковым, з Багдановічам, з другімі хлопцамі, і амаль кожная вандроўка не абыходзіцца без здарэнняў. Ён пакуль што выходзіць сухім з вады. Вельмі хацелася б расказаць Асі пра свае прыгоды. Тым болей што яны робяць адно дзела. Тыя звесткі, якія Шура прыносіць, Ася перадае ў Маскву. Але яму нялёгка падступіцца да радысткі. Яе ўвагі дамагаюцца разведчыкі, падрыўнікі. Нават аж зашмат гэтай увагі. Іншы раз Шуру ўдаецца настроіць сябе варожа да дзяўчыны. Ён стараецца яе не заўважаць, не глядзець на нізенькую хацінку, дзе яна жыве. Але ненадоўга. Ася ўсё-такі абы-каму на шыю не вешаецца. Шура ні разу не бачыў, каб хто-небудзь з партызан, зайшоўшы, доўга бавіў у яе час.

У няўрымслівых пачуццях мінула зіма. Асабліва пакутлівы апошні месяц, калі сабранае ў кулак партызанства заварушылася, ладзячыся разыходзіцца па раёнах. Можа стацца, што Асю забяруць з групы, пакінуць пры штабе злучэння, тады Шура яе ніколі не пабачыць.

Ён ужо шукаў ратунку. Пазнаёміўся з адной дзяўчынай, хадзіў да яе начаваць. Думаў — забудзе Асю. Не памагае. Упершыню за васемнаццаць гадоў Шура пачынае адчуваць, што ўступае ў складаную паласу жыцця. Ён усё часцей успамінае бацьку, маці, іх гаротны, незвычайны лёс. Чаму маці не любіла бацьку? Чаму бацька, даведаўшыся, што маці сустракаецца з другім чалавекам, не мог проста пакінуць яе, а застрэліў?

Бацька паўстае ў памяці задуменным, заклапочаным, нейкім як бы нават прыбітым. Вазіў у пасажырскім вагоне пошту, дадому прыходзіў неахвотна. Колькі разоў заставаў Шура бацьку ў станцыйным буфеце, калі ён, вярнуўшыся з паездкі, гадзінамі сядзеў там, піў піва ці курыў. Каб у яго не было нагана, ён, можа б, і не застрэліў маці. Але зброя даецца ўсім паштовым ахоўнікам.

Шура маці не вінаваціць. Была вельмі прыгожая, ласкавая. Яго, малодшага сына, любіла да самазабыцця. Як бы прадчувала, што не прыйдзецца ўбачыць сына дарослым. Шура і цяпер памятае пяшчотныя мацярынскія рукі. І калі ўспамінае, як маці цалавала яго, песціла, гладзіла па валасах, на душы робіцца шчымліва-трывожна. З дзесяці гадоў не бачыць ён мацярынскай ласкі. Гадаваліся з сястрой у дзеда. Калі ён уцёк у партызаны, сястру цягалі па допытах.

Тое, што здарылася з бацькам, напаткала цяпер Шуру. Можа, гэта ў крыві? Няўжо на Асі клінам сышоўся свет? Не, ён усё-такі выкіне яе з душы. Нельга быць анучай. Яна да яго не хінецца. Няхай знойдзе лепшага. Ён будзе ваяваць.

А калона між тым крочыць наперад. Неба хмурае, зацягнутае хмарамі. Халодны вецер дзьме ў спіну і як бы падганяе. Багдановіч, Шураў напарнік, маўкліва ідзе поруч. Нездаровіцца Алесю. Баліць жывот. Твар пасінеў, азыз. На несалёнае мяса Алесь нават глядзець не можа. Дзе ўзяць солі? Можа, разжывуцца ў эшалоне, які ідуць граміць.

Калона пазбягае паселішчаў, выбіраючы лясныя, прасёлкавыя дарогі. Лес яшчэ голы, няўтульны. На голлі вербалозу вісяць пушыстыя коцікі. Пачынаюць цвісці пралескі, жаўцее лотаць. Ужо і бусел прыляцеў. Расхаджвае даўганогі па балацянках. Наўрад ці знойдзе ён жаб — пахаваліся ад холаду.

— Давай закурым,— гаворыць Шура, звяртаючыся да Алеся.

Багдановіч курыць не хоча. Губы ў яго пабялелі, засмяглі. Шураў кісет заўважаюць другія, ён ідзе па руках. З тытунём, паперай туга. Шуру нават шкада, што неразумна выявіў свой прыпас. Суседзі, не ашчаджаючы чужой табакі, круцяць тоўстыя цыгаркі, дымяць, але робяцца ласкавейшымі да незнаёмых хлопцаў.

— З якога атрада? — пытае высокі, вузкатвары, з шэрымі насмешлівымі вачамі.

На ім доўгі нямецкі шынель, разбітыя ўшчэнт чаравікі з абмоткамі, ды і па гаворцы пазнаць можна — чалавек не мясцовы.

Не ўдакладняючы, Шура гаворыць, што служыць у разведцы.

Высокаму аднак хочацца ведаць пэўна, ён распытвае далей, але Шура адказвае неахвотна. Нарэшце той, што ідзе побач з высокім, штурхае яго ў плячо.

— Пры парашутыстах яны. У Маскоўскай групе. Там шчэ ходзіць здаравенны такі дубіна. Цягае на плячах рацыю.

Высокі роспыты спыняе, на Шуру глядзіць як бы нават з павагай.

— Што з ім? — паказвае на Багдановіча.

— Жывот баліць.

— Палечым. Як толькі будзе прывал.

Вецер узмацняецца, дзьме цяпер збоку. Халодны, калючы, ён пранізвае наскрозь. Нават снежная крупка сыплецца з непрыветлівага неба. Недарэчнае відовішча: з зямлі прабіваецца зялёная трава, нават кветкі расцвітаюць, а тут снег.

Калона ідзе. У высокага — ён з брыгады Міхнаўца — пасінеў нос, ён падняў куцы каўнярок шыняля, сагнуўся, ссутуліўся, але добрага гумору не губляе.

— Мне мой бацька шынель прыслаў. Усю дарогу дзякую яму. Харошы шынель, падбіты рыбіным пухам. У ім не змерзнеш.

— Які бацька? — жартоўны тон Шура адчувае, але ад спакусы працягнуць размову ўтрымацца не можа.

— Вядома які. Пра сыноў сваіх клапоціцца. Наступны раз прышле чаравікі. Ваяваць дык ваяваць. У мяне дваццаць патронаў, дарма іх не выпушчу. Дванаццаць фашыстаў ляжа як лёду. А можа, удасца дваіх адной куляй. Тады пакладу дваццаць чатыры.

Да высокага прыслухоўваюцца,— справа, злева сіплы смех.

— Перастань, Лунёў,— умешваецца Міхнавец, які чуе гаворку.— Дагуляешся са сваім язычком.

— А што я шкоднае гавару, таварыш камандзір? Падымаю настрой байцоў.

Паўз калону праязджае нехта з чужых камандзіраў, і размова на момант прыціхае. Дарога ідзе кустоўем. У імгле, засланай нечаканай віхурай, відаць шэрыя зараснікі хмызоў, сухіх чаротаў, у якіх па-асабліваму шуміць вецер — нудна і працяжна.

Вёсак не відаць, калона вёскі абмінае наўмысна, каб не ўзбуджаць непатрэбнай цікаўнасці. Ідуць ужо гадзіны чатыры, а прывалу няма. Зрэшты, не варта спыняцца на сумных, мокрых балацянках. Трэба выбіцца ў лес, дзе можна схавацца ад пранізлівага ветру, а там думаць пра адпачынак.

У калоне ўсё ж лягчэй, цікавей ісці, чым аднаму. Час ляціць непрыкметна. Няма адказнасці за тое, што робіш, куды ідзеш. У калоне адказвае за ўсё камандзір.

Наперадзе штосьці шарэе. Вецер проста свішча, сячэ ў твар, збівае з ног. Рады раскідаліся, калона расцягнулася. Кожны ідзе як хоча. Тым болей што дарога кепская. Гэта нават не дарога, а зімнік, па якім сяляне возяць сена. Пад нагамі чвякае. Анучы ў чаравіках мокрыя, і калі не ісці, то ногі зусім змерзнуць.

Лес аказваецца звычайным алешнікам. Да сябе не вабіць.

Лунёў зябка пацепвае плячамі, як бы стараючыся глыбей захутацца ў свой выцвілы, пашыты як бы з тоненькай коўдры шынель. Нос яго зусім сіні. Але не проста ідзе, а яшчэ прытанцоўвае, выгінаецца, стараючыся сагрэцца.

— Ведаеш, отрак, што б я зараз зрабіў? Выпіў бы кацялок кіпятку. Не з цукрам — з соллю. Дзіўна, як жылі на гэтых слаўных балотах славяне тысячу гадоў назад? Дзе бралі соль?

Здубянелы Лунёў яшчэ можа жартаваць. Шура любіць такіх людзей. З імі не прападзеш. Увогуле, у гурце, у мнагалюддзі найлепш выяўляюцца здольнасці кожнага. Калі збярэцца хоць дзесяць чалавек, то сярод іх абавязкова знойдзецца адзін, у каго лёгка падвешаны язык, і такі, што ўсё ўмее, і які-небудзь спрытнюга, які на хаду падэшвы аддзярэ. А з соллю сапраўды кепска. Пакутуюць жыхары і партызаны. Даваенны запас з’елі даўно, а цяпер жывуць тым, што ўдаецца выкрасці з-пад носа ў немцаў.

Паўдня ідуць без перадыху. Хутка вечар. Хмары яшчэ ніжэй навісаюць над хмурай, няўтульнай зямлёй. Ногі зрабіліся як не свае, яны мяккія, як бы з ваты. Адчування болю няма, ногі забаляць тады, як паход кончыцца. Цяпер трэба забыць на ўсё, ісці і ісці. Сапраўдны партызан той, хто ўмее хадзіць.

Прывал будзе, мабыць, ноччу. Колькі яшчэ да чыгункі? У якім месцы да яе падыдуць? Мінулай восенню гэтымі ж мясцінамі партызаны прабіраліся да Пціцкага моста. Добра ўзарвалі мост. Толькі дарога была іншая. Вёсак не міналі. Цяпер даюць круку, каб абысці паселішча, таму дарога расцягнецца.

Прывал вынікае нечакана. Навокал чэзлыя балацянкі з ніцымі лазовымі кустамі, бярозамі. Наперадзе паласа лазнякоў шчыльнейшая — там рэчка. Дазоры шукаюць броду, таму калона стаіць. Вецер трохі сціх. Густой рудой травы, мабыць, ніхто не касіў з самага пачатку вайны.

Садзяцца, дзе хто можа, хоць дол макраваты. Лунёў і яшчэ трое з кампаніі адыходзяцца падалей ад дарогі, і ім шанцуе — знаходзяць даўнішні адзёнак, і вось ужо Лунёў махае рукой, клічучы Шуру і Багдановіча да сябе. Адзёнак — сухі астравок сярод макрэчы. Падцяўшы ногі, хлопцы садзяцца.

Партызаны між тым пачынаюць частавацца. Лунёў выцягвае з-пад крыса нямецкую фляжку ў шэрым варсістым футарале, адкручвае накрыўку, разы са тры лыкае сам і пускае фляжку па крузе. Другая такая ж фляжка ў белабрысага партызана. Ён першы не п’е, дае Багдановічу:

— Пацягні. Трунак што трэба. Найлепшае лякарства.

Багдановіч палыкнуў няўдала: папярхнуўся, пацякло па барадзе. Партызаны глядзяць на яго непрыхільна. Калі даходзіць чарга да Шуры, ён, перастаўшы дыхаць, робіць узапар тры глыткі. Вогненная вадкасць апальвае горла, грудзі, зацінае дыханне. З хвіліну Шура адчувае сябе, як рыба, выкінутая на бераг.

Партызаны рагочуць.

— Спірытус віні,— тлумачыць Лунёў.— Чысты, як дух, сто градусаў. Які ты разведчык, калі піць не ўмееш.

Закуска — лусты чорнага зачарсцвелага хлеба, парэзаная ў шалупінні цыбуля, вялікія кавалкі варанай несалёнай ялавічыны.

Праз хвіліну Шуру робіцца добра. Прыемная цеплыня разліваецца па целе, пашумлівае ў галаве, страшэнна хочацца есці. Шура цяпер піхае ў рот усё, што трапляе пад руку: халоднае з наліпшымі гарошынамі лою мяса, цыбулю, шорсткі, спечаны з грубой, змеленай на жорнах, мукі хлеб.

— Чаю ў рэчцы нап’ёмся,— гаворыць Лунёў.— Як толькі знойдуць брод. Калі няма стакана, можна шапкаю...

Невядома адкуль з’яўляецца Міхнавец. Ён зусім п’яны, ледзь стаіць на нагах. Не зважаючы, што перад ім падначаленыя і нават чужыя людзі, голасна кідае:

— Крыві нап’ешся. Начальнік хоча выславіцца, дык прыдумаў авантурку. Кавалерыйскую брыгаду не можа забыць. Так удараць па лапцях — юшка пацячэ. Хіба мы такія дурні, што чыгункі не бачылі? З дзесяццю патронамі на штурм?..

Міхнавец нядаўна ўшчуваў Лунёва, цяпер яны як бы мяняюцца ролямі.

— Не вешай галавы, Серафім Паўлавіч. Можа, не дойдзем да жалезкі. Напорамся на паліцэйскае гняздзечка, рэбры палічым бобікам. Бобікаў у балота, а тым часам пераначуем у пухавіках.

— А я пра што гавару? — расчырванелы Міхнавец крычыць.— Неразагнаныя гарнізоны кругом, а мы на чыгунку. Чаго там не бачылі? Думаеш, немцам не данеслі, што паўзём па балоце? Гасцінчыкаў падгатовяць..

Здалёк чуецца каманда строіцца. Добры настрой, які прыйшоў да Шуры, як рукой здымае. Штосьці трывожнае, нядобрае варушыцца ў душы. Багдановіча — таго проста трасе. Няёмка на яго глядзець.

 

ІІ

Толькі апоўначы дабіраюцца да зарослага соснамі пагорка, які выдаецца цёмным востравам. Начуюць, не раскладваючы агнёў,— блізка чыгунка. Калі пераходзілі рэчку, пакупаліся — вышэйшыя ростам — да пояса, ніжэйшыя — па самыя грудзі. Мокрыя, адубянелыя, вёрст дзесяць ледзь не беглі, пакуль не высахла на целе адзежа.

На востраве дол сухі, пясчаны, і Шура нават ядлоўцу не наламаў пад бок — упаў ад знямогі. Побач прымасціўся Багдановіч. Зацішна пад соснамі, утульна. Цяжкія ўздыхі даносяцца зверху — там гуляюць вятры. Шура заснуў імгненна.

...Станцыя, на якую яны наступаюць, тая самая, што і летась — Пціч. Толькі не відаць моста і рэчкі. «Дзе ж мост? — думае Шура.— Партызаны яго ўзарвалі, але немцы адрамантавалі зноў. І рэчка не магла проста так знікнуць». Нарэшце ён радасна ўспамінае: «Мост, рэчка за станцыяй, таму іх не відна. Цяпер жа ў іх задача другая — захапіць эшалон...»

Эшалон стаіць перад імі — хоць рукамі бяры. Немцы нічога не бачаць, не страляюць. Шура бяжыць штосілы, але ззаду за яго нехта чапляецца. Ён азіраецца і бачыць Міхнаўца. «Не бяжы,— мармыча Міхнавец.— Немцы не страляюць таму, што кругом усё замініравана. Мы сядзем на каня і паедзем. Конь непадкаваны, на міну не наступіць...»

Міхнавец падводзіць чорнага каня, і яны абодва на яго садзяцца. Конь ідзе асцярожна, ён нават не ідзе, а нібы плыве ў паветры. Вось яны ўжо ў вагоне. У ім поўна мяшкоў з соллю. Міхнавец бярэ сабе маленькі мяшэчак, а на Шуру ўзвальвае цэлы куль. Яму цяжка, ён злуецца на Міхнаўца і вось-вось упадзе ад знямогі...

Шура прачынаецца. Багдановіч, каб сагрэцца, узлёг грудзьмі на яго грудзі. Яшчэ цёмна, але між сосен рух і галасы. Партызаны разбіраюцца па ўзводах.

Першае, што бачыць Шура, выйшаўшы на гала, дык гэта снег. Учора сеялася з неба рэдкая крупка, цяпер снег валіць цяжкім, мокрым хлоп’ем. Шура дрыжыць. У сне прамёрз, ногі мокрыя, а тут яшчэ хлюпота. Наперадзе нічога не відаць. Партызаны — знаёмых побач няма — ідуць хмурыя, злосныя. Багдановіч зусім сагнуўся ў крук. Раз-пораз надрыўна кашляе.

Ісці стала лягчэй, калі выбіліся на дарогу. Паабапал маладыя сасновыя пасадкі. У лесе снегу няма, затое ка прыгнутых галінах дрэўцаў вісяць белыя шапкі. Калона часта спыняецца. Доўгае, надаедлівае чаканне горш за ўсё.

Нарэшце партызаны дзеляцца па атрадах, і Шура здагадваецца, што блізка чыгунка. Брыгада Дзяругі падаецца ўлева, Міхнаўца — управа. Шура з Багдановічам застаюцца з тымі, каго адкідаюць на месцы.

Партызаны, паламаўшы строй, разбіўшыся на купкі, асцярожна прасоўваюцца наперад. Цяпер усе ідуць, трымаючы вінтоўкі напагатове. Адзін Багдановіч безуважлівы да баявых падрыхтаванняў — нават вінтоўку з-за пляча не здымае.

— Чыгунка блізка,— Шура торкае таварыша за рукаў.— Зараз пачнецца.

— Чорт яго бяры. На злом галавы не лезь.

Пачынае світаць. Нават праз снежную замяць відно, што лес кончыўся. Абрываецца ён неяк нечакана, стромай сцяной, і Шура здагадваецца, што наперадзе ахоўная паласа, на якой немцы лес спілавалі.

Партызаны залягаюць пад крайнімі дрэвамі. Снег сыпле і сыпле. Сасна, пад якой Шура з Багдановічам выбралі месца, стромая, з раскідзістай шапкай, мокрае халоднае хлоп’е сюды амаль не трапляе. На імшыстым грудку, перад Шуравым тварам, некалькі сцяблінак зялёнага барвенку, трохі наперадзе, у лагчынцы, дзе ахоўныя абсягі сасновай навісі канчаюцца, з-пад снежнага покрыва прабіваюцца тры белыя вочкі пралесак. З-за снегу іх цяжка ўбачыць. Шура здолеў адрозніць кветкі па зялёных лісціках, якія іх атуляюць. Пралескі цвітуць на снезе...

Ужо зусім вывіднела. Насцярожаная цішыня, і толькі мітусяцца перад вачамі белыя снежныя пісягі. Колькі ад сасновага ўскрайку да рэек? Сто метраў, дзвесце? Немцы валілі лес нераўнамерна — дзе больш, дзе менш. Не самі пілавалі, прыгналі жыхароў.

Смутная здагадка не дае Шуру спакою. Ён прасоўваецца трохі наперад, кладзецца на спіну, глядзіць уверх. Так і ёсць, на ствале сасны, метры на тры над зямлёй, прыбіта вялікая фанерная літара. Яна нават пафарбавана ў чырвоны колер, каб тыя, што будуць страляць, маглі яе адрозніць. Але калі падрыхтавана дыспазіцыя, то, мабыць, блізка бункер.

Шура паўзе назад. Як і ўчора, на душы смутная трывога. Яшчэ ніколі так не было. Біліся з немцамі на шашы, наступалі на Гарохавічы, на Літвінавічы, на Пціцкі мост. Ні пра што ён тады не думаў.

Снег між тым як бы радзей сыпле. Калі прыгледзецца, то можна ўбачыць рад тэлеграфных слупоў, цёмную сцяну сасонніку на процілеглым баку чыгункі. Да насыпу метраў сто. Сям-там з-пад снегу вытыркаюцца пеньчукі, сукі, галіны паваленых, але непрыбраных дрэў.

У гэтую хвіліну да Шуравага слыху даносіцца выразны перастук колаў. Нават абыякавы Багдановіч падымае галаву, насцярожваецца. Пад соснамі, дзе стаіліся партызаны, прыкметны рух. Нехта, трашчучы галінамі, бяжыць па лесе, кідаючы адну каманду: «Пасля ўзрыву — да эшалона! Страляць толькі па цэлі».

У грудзях у Шуры нудна ные. Рукі, ногі як амярцвелі. Трывога падступае, як прыкрая пачварная здань, яе халодны дотык Шура чуе ўсім целам. Кружыцца галава, і ў нейкі міг здаецца, што ён ляціць у бездань. Як з-пад зямлі чуе Шура Багдановічаў голас: «Ты ўвесь белы. Табе што, нядобра?»

Губы засмяглі, у роце суха, Шура нават слова вымавіць не можа і толькі махае рукой.

Эшалон, здаецца, на тым жа месцы. Доўгія, пакутлівыя цягнуцца хвіліны.

Нарэшце праз снежную замяць Шура бачыць цёмны сілуэт паравоза з кароткай трубой, шэрую чараду вагонаў. Эшалон сапраўды не ідзе, а паўзе. Можа, таму, што першы пасля ночы. Сляпому ясна такі — яго трэба прапусціць. Няхай чухае к д’яблу!

Цікава, якую паставілі міну — націскную ці нацяжную? Калі націскную, то ўжо нічога не зробіш...

Выбух, як удар перуна. Асляпляльны слуп агню, воблака дыму, страшэнны жалезны скрыгат, ляскат. На галаву Шуры падае вялікі камяк снегу.

Снег гэты ён толькі і адчувае, калі разам з цёмнаю лаваю людзей, якая раптам вырвалася з лесу, бяжыць, абмінаючы пні, паваленыя дрэвы, да чыгункі. Вагоны як укопаныя стаяць на месцы, а паравоз нават з рэек не сышоў. Там, ля вагонаў, здаецца, ніякага руху. Тым не меней стракоча партызанскі кулямёт, раздаюцца паасобныя вінтовачныя стрэлы. Страляюць тыя, пярэднія, якія бліжэй да вагонаў. Шура бяжыць, бачыць перад сабой у мігатлівай снежкай замяці шэрыя спіны. Вось-вось вырвуцца партызаны на насып.

Раптам яны як бы натыкаюцца на нябачную сцяну, на хвіліну недаўменна спыняюцца, пачынаюць разбягацца ўлева або ўправа. Шура сам налятае на нябачную перашкоду — гэта драцяная сетка, нацягнутая ўзбоч чыгуначнага палатна. Шалёная злосць ахоплівае яго. Дзе ж былі мінёры, разведчыкі, няўжо не бачылі дроту?

У гэтую хвіліну з канца эшалона мерна і ўладна пачынае бумкаць буйнакаліберны нямецкі кулямёт. Партызаны падаюць на дол. Увесь аснежаны прасцяг засеяны нерухомымі цёмнымі постацямі. Усчынаецца частая, бязладная страляніна. Шура ледзь не плача ад бяссілля. Вагоны за некалькі крокаў, калі б скочыць на насып, пад колы, то немцы не ўтрымаюцца.

Купка партызан бяжыць да паравоза. Сярод іх Шура бачыць Лаўрыновіча. У яго ў выцягнутай руцэ аўтамат, ён махае ім, на імгненне паварочваючыся тварам да тых, што ляжыць у снезе, як бы заклікаючы падымацца, бегчы ўслед.

Шура падхопліваецца. Там, ля галоўнай часткі эшалона, у драцяной сетцы прароблены шырокі лаз, і вось ужо некалькі партызан ля самага насыпу. Лаўрыновіч зноў спыніўся, штосьці крычыць, у яго сударгава перакошаны рот...

Апошняе, што паспявае занатаваць узбуджаная Шурава свядомасць,— вогненныя бліскаўкі з-пад пярэдняга вагона і постаць Лаўрыновіча, якая павольна, нібы падсечанае дрэва, падае на снег, пад ногі партызанам. Ён яшчэ чуе моцны, як удар каменем, штуршок у грудзі, у жывот і таксама падае...

 

III

Сінія, жоўтыя, чырвоныя кругі. Яны то звужаюцца, робяцца дробнымі, як мыльныя бурбалкі, то ўзрастаюць да велічыні грэцкіх арэхаў. Мігцяць, пераліваюцца, скрыжоўваюцца адзін з адным. Раптам знікаюць, як бы правальваючыся, раствараючыся ў цёмнай бездані. Пакрысе зноў пачынае святлець, папіскваючы, аднекуль зверху спускаюцца лятучыя мышы. Іх многа, яны вырастаюць ушыркі і, падобныя да парасонаў, засланяюць усё неба. Потым яшчэ кругі — сінія, жоўтыя, чырвоныя...

Шура раскрывае вочы. Над ім зялёная хвойная навісь, якая прагінаецца ад наліпшага снегу. З галін капае. Кроплі іншы раз падаюць на твар, і ад гэтага непрыемна. Ён пагойдваецца, як у калысцы, і здагадваецца, што яго нясуць. Куды нясуць, навошта? Так, быў бой, яго, значыць, параніла. Лаўрыновіч упаў...

— Жывы! — чуе Шура знаёмы голас, але ўгадаць, каму ён належыць, не можа.

Пагойдванне спыняецца, Шуру добра, цёпла, і ён засынае...

Дзіўныя відовішчы ўзнікаюць зноў і зноў, дзень мяжуе з ноччу, Шура нарэшце пазнае голас Багдановіча, Лунёва, які мёрз у нямецкім шынялі і частаваў іх на балоце гарэлкай. Але Шуру ўсё адно. Ён не думае ні пра смерць, ні пра тое, што яго вылечаць. Няма ніякіх акрэсленых думак, жаданняў, яго цяперашні стан вызначаецца тым, што адбываецца з яго кволым, бездапаможным целам. Ён жыве і не жыве, бо выракся ўсяго звычайнага, зямнога, можа дараваць усе крыўды, якія калі-небудзь хто-небудзь яму зрабіў. Яму нават не баліць, ён як бы зроблены з паветра, з празрыстасці, з зоркага святла. За чорнай заслонай небыцця, у якую Шура зазірнуў, нічога страшнага няма — адна бязважкасць. Лёгка, вельмі лёгка памірае чалавек, таму, можа, і бываюць войны. Пакутуюць жывыя. За сябе і за мёртвых. Мёртвым не баліць...

На паўгадзінку ці нават болей Шура ачынаецца ў хаце, куды яго прыносяць і кладуць на падлогу. Ён бачыць пляміны на даўно не беленай столі, ката, які сядзіць на печы, пад звязкай цыбулі.

— Не выжыве,— чуе ён незнаёмы голас.— Скразная — у грудзі, дзве сляпыя — у жывот. Аперацыя трэба, а ў нас ёду няма. Гарэлкай раны абрабатваем.

Ён зусім не ўслухоўваецца ў размову, яна як бы не пра яго і яго не датычыць.

Малыя пробліскі святла змяняюцца суцэльнай чарнатой забыцця, і ў адзін з тых пробліскаў, калі да яго на хвіліну вяртаецца свядомасць, ён бачыць схілены над сабой, заплаканы твар Асі.

— Ты будзеш жыць,— гаворыць яна, выціраючы сашчэмленым кулаком слёзы.— Прылятае самалёт, цябе адправяць у Маскву. Я пісьмо напісала. Знойдзеш па адрасу маму і сястру...

Яму ўсё адно: паляціць ён у Маскву ці не паляціць.

Сакратара абкома Лаўрыновіча і яшчэ сорак двух партызан, забітых пры спробе авалодаць падарваным воінскім эшалонам, хаваюць у Сасновіцы, на пясчаным з трыма старымі хвоямі пагорку. Труны зроблены ўсім забітым. Прамоўцамі выступаюць камісар Грынько, камандзір атрада Дзяруга.

Грыміць нястройны ружэйны залп.

Настрой нярадасны. Атрады, брыгады, якія разыходзяцца па раёнах, называюцца злучэннем, але камандзіра, якому б гэтае раз’яднанае войска падпарадкоўвалася, няма, і невядома, калі будзе.

Адзіная ўцеха — прылятае самалёт. Ён мусіў прыляцець тыдзень назад, але там, у Маскве, адкладвалі. Можа, проста думалі, што зямля сырая, мокрая і самалёт не здолее сесці.

За Парэччам, на дзірваністым, гладкім, як талерка, выгане, прырода сама стварыла пасадачную пляцоўку. Грунт цвёрды, надзейны, паасобныя купіны партызаны пассякалі рыдлёўкамі, лагчынкі засыпалі, зямлю ўтапталі.

Ноччу ўдоўж і ўпоперак аэрадрома палаюць агні.

Самалёт доўга кружыць, прымерваецца, нарэшце торкаецца пярэднімі колцамі зямлі і лёгка, як шэры вялікі жук, бяжыць па выгане. Партызаны вялізным натоўпам кідаюцца ўслед.

Лётчыкі, аднак, блізка да машыны нікога не падпускаюць. Двое выносяць цюкі, мяшкі, скрынкі, трэці, маленькі, прысадзісты, з белымі як часнок зубамі, гаворыць з партызанамі.

На самаробных насілках у самалёт уносяць шасцярых цяжка параненых. Лётчыкі грукаюць дзверкамі, «Дуглас» раве, тужыцца, бяжыць па выгане.

 

Раздзел сёмы

 

І

Харкаў нашы пакінулі зноў.

Вечарам Міця з Лобікам блукаюць па правулку, абмяркоўваюць сумную навіну. Пад нагамі — снегавая каша. Наступае пара разводдзя.

Няўжо зноў пачнецца, як летась? Зімой наступленне, відавочны поспех, а з пачаткам цяпла — адыход, здадзеныя гарады? Немцы настойліва аб гэтым пішуць. Чытаць такое балюча і крыўдна.

— Зразумей,— тлумачыць Лобік.— Каб Гітлер не кінуў пад Харкаў новыя танкавыя злучэнні, Чырвоная Армія была б на Дняпры. Што ёй магло перашкодзіць? Кругом раўніна, прыродных рубяжоў для абароны няма. Цяпер немцы будуць стаяць насмерць. Бо іначай паляцяць, як у прорву.

Над свядомасцю Міці, Лобіка вісіць страх, вынесены з першага і другога ваенных гадоў. На Германію працуе Заходняя Еўропа, а найбольш развітыя прамысловыя раёны Савецкі Саюз страціў. І так цяжка ўявіць, адкуль Чырвоная Армія бярэ сілу. Адкуль новыя танкі, самалёты, якія Гітлер даўно абвясціў знішчанымі?

— Бальшавікі — геніяльныя,— гаворыць Лобік, каб высветліць для сябе самога не зусім яснае пытанне.— Цяпер наша апора — Урал і Кузбас. Нехта, бачыш, дапускаў, што можам страціць еўрапейскую частку. Стварылі другі цэнтр — Урала-Кузнецкі. А што — вугалю, жалеза там колькі хочаш. Нафту дае Баку. А цяпер Грозны і Майкоп вярнулі.

— А хлеб? — пытае Міця.— Хлебам карміла Украіна і Кубань. Кубань адабралі, але там усё разбурана.

Наконт хлеба сапраўды цяжка зразумець. Большую палову насельніцтва, армію нехта корміць. Але ж не сакрэт, што лепшыя землі або пад фашыстамі, або па іх пракацілася вайна.

Даўно мінула рамантыка, калі хлопцы спадзяваліся на цуда, на імклівае, маланкавае наступленне Чырвонай Арміі. Ёсць строгія, жалезныя законы, якіх не пераскочыш. Тое, што страчана ў сорак першым, прыходзіцца вяртаць вялікай крывёю.

Двое новых з Лобікавай пяцёркі — Грыша Найдзёнік і яго сваяк Сяргей Сталяроў — падвешваюць пад цыстэрну магнітную міну.

— Вось чака,— прыйшоўшы да Міці, Лобік паказвае металічную скабачку ад хімічнага ўзрывальніка.

Хлопцы выдыбаюць па пакоі, паціраюць ад задавальнення рукі. Цяпер яны нібы камандзіры: рашаюць, каго прыняць у групу, якое даць заданне.

Грыша Найдзёнік — той самы чарнявы Іванаў сусед, які хвіліны не мог пражыць без смеху. Смяяўся, падпускаў кепікі, ды ўзяўся нарэшце за дзела. З другім — Сяргеем — група звязана даўно.

Сяргей жанаты на Грышавай сястры. Ён мастак — можа намаляваць ікону, партрэт. Маляваннем падрабляў на жыццё. Калі спатрэбіцца, здолее падрабіць любую нямецкую пячатку.

— Не адваліцца міна? — перапытвае Міця.

— Прабаваў на сякеру. Чак — і прыліпла. Толькі сілай можна адарваць.

Вялікая справа — магнітныя міны. На чыгунцы выбухі кожны дзень, але страты невялікія. Наперадзе эшалона немцы пускаюць гружаныя баластам платформы, цягнікі ідуць на малой хуткасці. У лепшым выпадку выбухам скідае з рэек паравоз, на тры-чатыры гадзіны замаруджваецца рух. Вось каб такія міны падвешваць. Але іх, відаць, мала.

У Міцевай пяцёрцы — Андрыюк, Красней, Шкірман, Куніцкі. Апошнія трое запраўляюць канторай «Заготжывёла». І да вайны была гэтая кантора, мела базу — загарады, хлявы — паблізу могілак. Фармальна кіруюць «Заготжывёлай» нямецкія аграномы, якія носяць жоўтую напаўвайсковую форму. Але яны рэдка патыкаюць нос у брудныя хлявы. Поўны гаспадар там — Красней.

Піліп Красней — бывалы местачковы чалавек. Займаў пасады не столькі прыкметныя, колькі прыбытковыя. Да вайны стаяў за прылаўкам крамкі, з жарцікамі, вострымі слоўцамі прымаў ад дзядзькаў цялячыя шкуры, воўну, свіную шчаціну, плоцячы за гэта міткалём і кортам. Вёў сустрэчны гандаль.

Найчасцей Міця бывае ў Шкірмана. Савецкія грошы на танкавую калону збірае ветурач.

Шкірман — мяккі, абыходлівы. З выгляду трохі цюхцяяваты, гаворыць павольна, расцягваючы словы, але валодае прыроджаным дарам смеху.

Кладучы перад Міцем загорнуты ў шэрую паперу пачак грошай, Шкірман расказвае:

— Красней, калі сказаў яму пра грошы, аж спалохаўся. Хоць на танкі, але — шкода. Усё ж перамог сябе. Прынёс назаўтра тысячу. А Куніцкі хвастом завіляў, хрыстом-богам моліцца — няма ні капейкі. Тады я трохі туману падпусціў. Кажу — прышлюць аблігацыі, прыйдуць нашы, сам ведаеш, як будуць глядзець на тых, у каго такія аблігацыі. Знайшоў у той жа дзень пяцьсот. Прысягае, што пазычыў. Абывацелі, ядры іх качалку!..

Шкірман сваіх грошай даў дзве тысячы, восемсот — Андрыюк. З хлопцаў Міця сабраў толькі сто дваццаць рублёў. Няма ў хлопцаў капіталаў. Такім чынам, наяўных — болей як чатыры тысячы. Танк за іх не пабудуеш, але, можа, хоць матор...

У адну з тых начэй савецкія самалёты бамбяць Гомель. Вялікі гэты горад, размешчаны далекавата, выбухаў не чуваць, затое відаць светлыя палосы-сполахі, якія раз-пораз разбягаюцца па небе. Відаць яшчэ некалькі яркіх зорачак, якія паволі спускаюцца на лес. Асвятляльныя ракеты.

Хлопцы ўпершыню з павагаю думаюць пра сябе. Эшалоны яны лічаць усё-такі не дарэмна.

 

ІІ

Мястэчка сее.

Большасць жыхароў з першых дзён нашэсця занята бытавым клопатам. Хто на каровах, хто падгадаваўшы коніка, а хто на сабе — у модзе самаробныя двуколкі,— местачкоўцы возяць гной.

Некаторыя ўспомнілі напаўзабытыя рамёствы: вельмі вядомымі людзьмі зрабіліся шаўцы, краўцы, гарбары. Жанчыны, грукаючы бёрдамі, ткуць палотны. Грымяць жорны.

У пажылых ахоўнікаў можна за яйкі ці за сала купіць пакуначак фарбы, сахарыну, кацёлку нітак, іголку, пачак папяровых сярнічак. Нямала салдат-гандляроў вандруе па хатах.

Цісне мястэчка патроху самагонку. Бутэлькай можна задобрыць паліцэйскага, якога-небудзь начальніка, дый пажылому дзядзьку або хлопцу, які збіраецца на вечарынку, выпіць кроплю не шкодзіць.

Песень не чуваць. Іх нават не спяваюць паліцэйскія.

Міцева сям’я зіму пражыла. Бульбы накапалі парадкам — трымаліся на ёй. Маці і цётка ўвішныя — прадуць, ткуць, шыюць. Нават малодшыя Міцевы сёстры Таццянка і Люся сядзяць за прасніцай, мочачы ў конаўку з вадой пальцы, смычуць тоўстую, з вахлачкамі кудзелі нітку.

У цёткі — ручная швейная машына — лішні прыробак. Але галоўнае — ёсць у хаце ўласны шавец. Адам сваё вучнёўства кінуў і, хоць заказаў яму не нясуць, але старыя чаравікі, боты латае спраўна. Ён бы і новыя пашыў, ды няма добрага тавару.

Пятрусь з цётчыным Юркам разводзяць трусоў. Шэрыя пушыстыя істоты сядзяць у падпеччы, пабліскваючы адтуль чырванаватымі вачамі.

З Міцевай службы карысць толькі тая, што выпісаў два метры дроў. Хлебнай карткі яму не даюць.

Але ўсё адно Міцева становішча ў сям’і — незалежнае. Есці яму наліваюць у асобную талерку, спіць — на канапе ў чыстым пакоі, на якой малодшым дзецям нават сядзець не дазваляецца. Калі прыходзяць Міцевы таварышы, у пакой не зазіраюць нават маці з цёткай. Да братоў, сясцёр — родных і стрыечных — Міця адносіцца прыязна, і яны яму плацяць добрай дружбай.

Але душэўнай блізкасці з малодшымі братамі няма — не выйшлі яны яшчэ з хлапечага ўзросту. Толькі малодшая Таццянка, як толькі Міця прыходзіць у хату, лезе да яго на калені, выпытваючы навіны.

Міця ведае жартоўны верш, які падабаецца яму сваёй бязглуздасцю:

 

На буранцы едзе Янка,

Паўтараста рублёў санкі,

Пяцьдзесят рублёў дуга,

А кабыла — качарга...

 

Для Таццянкі, з улікам сучаснага моманту, Міця радкі трохі перарабіў:

 

На буранцы мчаць германцы,

Янка ў танку прэ паганцаў...

 

Прыемна глядзець, як у сукенцы, перашытай з пярэстай навалачкі, скачучы на адной назе, бялявая басаногая Таццянка сустракае Міцю яго ж вершам:

 

На буянцы мсяць гайманцы,

Янка ў танці п’е паганцяў...

 

Гранат, патронаў, як мінулым летам, Міця ў двор не прыносіць, і маці трохі супакоілася. Яна, вядома, адчувае, што сын небяспечных думак з галавы не выкінуў, шэпчацца з таварышамі, але цяпер стаў абачлівы, пасур’ёзнеў, паразумнеў і яна рада гэтаму.

Міця на заўтрашні дзень папрасіў у лясгасе каня, каб узараць загон пад бульбу. Акрамя простага разліку — без каня не абыдзешся — ёсць у гэтай просьбе патайны сэнс. Няхай бачаць, што ён жыве, як усе, і займаецца тым, чым усе местачкоўцы займаюцца —сее.

Загон — блізка ля будкі, сасны. Міця кладзецца спаць з радасным прадчуваннем сустрэчы з родным, блізкім сэрцу кутком. Даўно не быў ён у лесе, засумаваў па птушынаму шчэбету, па някідкай прыгажосці палявога абсягу. Але ў лес, на поле цяпер так проста не выберашся.

Абуджаецца ён ад страшэннага выбуху. Люстра, устаўленае ў сценку канапы, разбілася, і ашкелкі ляцяць на Міцю. Міця падхопліваецца, выскаквае на двор. Высока ў цёмным небе гудзе нябачная кропка самалёта. Гэта ж свой, савецкі, самалёт, ён скінуў бомбу. Кідай, браце, кідай, каб немцы ад страху ў норы пазашываліся. Але гул аддаляецца.

На світанні першымі да варонкі прыбягаюць немцы. Абмерваюць яе складным метрам, нешта вылічваюць.

Бомба разарвалася на дарозе, за некалькі крокаў ад нізенькай хаты Васіля Шарамета. Шкоды не нанесла, калі не лічыць, што вылецела некалькі шыбін ды яшчэ ў Васілёвай суседкі адсекла асколкам галаву курыцы. Лётчык, мабыць, кінуў у гэтым месцы бомбу таму, што заўважыў зверху вока семафора — ён стаіць насупроць, на чыгунцы.

Вось як бывае на вайне — Міця, Васіль, памагатыя невядомага лётчыка, маглі ад яго бомбы загінуць.

Праз дзень у сям’і новае ўзрушэнне.

Даваенны яшчэ паштальён рухавы, трохі крываногі дзед Малінец, прыносіць паштоўку ад бацькі.

Палова невялічкай карткі з напісаным чужой рукой па-нямецку адрасам занята паклонамі, прывітаннямі, якія бацька перадае жонцы, дзецям, блізкім родзічам. Пра сябе паведамляе коратка — працуе ў шахце, жыве ў бараку і добра жыве — як брадкоўскі Ціт...

Брадок — частка мястэчка, дзе знайшла прытулак Міцева сям’я. Ціта добра ведаюць — адзінокі стары, перабіваецца з хлеба на квас у нізкай, скрыўленай хаціне. Але што хацеў сказаць бацька?..

Маці плача. Яна лепей ведае мясцовых людзей і першая разгадала стоены сэнс бацькавых слоў.

Ціт, калі быў малады, яшчэ пры цару паехаў з жонкай — дзяцей не было — на новыя землі ў Сібір. Павязлі перасяленцаў з усім іх скарбам — коньмі, калёсамі, бочкамі, дзежкамі — на цягніку. У Сібіры Ціт занудзеў душой, стаў ірвацца дадому. Але бясплатнага білета назад не давалі. Пасадзіў дзед бабу на воз, патрухалі дамоў на коніку. За месяц дабраліся да Урала, збылі ўшчэнт схуднелага каня, купілі чыгуначны білет і ў чым стаяць прыехалі на бацькаўшчыну, у чужую хату, бо сваю перад перасяленнем прадалі.

Бацька хоча дадому. Але тых, каго пагналі ў Германію, дамоў не пускаюць. Значыць, надумаўся ўцякаць бацька. Такі сэнс напамінку пра Ціта.

Міця некалькі дзён ходзіць пад уражаннем бацькавага пісьма. Парадкі, якія заводзіць фашызм,— не што іншае, як рабства. У тых, каго пасадзілі ў эшалон, павезлі ў Нямеччыну, згоды не пыталі. Яны не палонныя, не звязаны з чужой краінай ніцямі грамадзянства, не існуе закона, паводле якога іх адарвалі ад сямей. Некалі, многа вякоў назад, так рабілі татара-манголы. Гітлер — новаяўлены Чынгісхан...

Стаіць за пераездам недабудаваная бацькам хата. Міця пра яе не думае.

 

Раздзел восьмы

 

І

Сустрэчу з начальнікам Чапліцкай паліцыі Драбніцай Вакуленка прызначыў на скрыжаванні дарогі, у сасонніку, вярсты за чатыры ад непрыкметнай вёсачкі Міхедавічы. З партызанскага боку — чалавек трыццаць аховы з двума ручнымі кулямётамі, пяццю аўтаматамі (іх атрымалі з першым самалётам).

Ахова залягла ў засаду. На развілцы засталіся Вакуленка, камандзір атрада Петравец, начальнік штаба Валюжыч. Паліцэйскіх чакаюць нядоўга. На пясчанай дарозе трухкоча рэсорная таратайка, запрэжаная парай гладкіх конікаў. Драбніца ўдваіх з фурманам. Саскаквае з таратайкі і бадзёрым, нават занадта шырокім для яго шчуплай постаці крокам ідзе да партызан. Прыехаў без аховы ці яна стаілася дзе-небудзь непадалёк — невядома.

— Здароў, Драбніца.— Вакуленка выступае наперад, падаючы паліцэйскаму руку.— Ты мяне не пазнаеш?

— Пазнаю, чаму не,— паліцэйскі намагаецца трымацца незалежна, упэўнена, але гэта яму кепска ўдаецца: шэрыя вочкі бегаюць насцярожана, рука, якую працягнуў Вакуленку, дрыжыць.— Ты ў Дамачове загадваў райзагам, а я ў сяльпе агентам па нарыхтоўках быў. Забыў хіба, як мне выгавары даваў? У трыццаць пятым годзе. Строгі ты быў начальнік!..

— Дарма я цябе тады не пасадзіў,— гаворыць Вакуленка.— Дзяцей тваіх пашкадаваў. На сваю галаву.

Гаворка на хвіліну прыпыняецца. Драбніца начальніцкага становішча не тоіць: прыехаў у скураным паліто, якое яму да пятаў, у запыленых хромавых ботах. Зброі няма, можа, хіба наган у кішэні. Гэтая акалічнасць Вакуленку падабаецца.

— Пойдзем у лес, затулімся. Стаім на дарозе, як слупы.

Як толькі трое партызан разам з начальнікам паліцыі хаваюцца між сосен, паліцэйскі фурман таксама скіроўвае ў лес таратайку.

Парламенцёры між тым прысаджваюцца на ўсланы ігліцай дол.

— Давай вып’ем, Драбніца,— пачынае Вакуленка.— Паскудства ты нарабіў, але нічога не папішаш. Што было, то было. Калі здасі паліцыю, жывы будзеш. І бобікаў тваіх не зачэпім. Табе, калі вернуцца нашы, гадоў пяць, мабыць, прыпаяюць. А можа, так абыдзецца. Гледзячы, як праявіш сябе ў барбе супроць фашысцкіх акупантаў і якую дадзім табе харакцярысціку. Так што я к табе з адкрытай душой, глядзі, каб і ты не завіляў.

Маўклівы Валюжыч дастае з раменнай сумкі дзве бутэлькі мутнаватага самагону, парэзаны на драбнейшыя кавалкі крышан сала, паўбохан хлеба.

Вакуленка вымае з рыльца льняное заткала.

— Палыкні,— працягвае бутэльку паліцэйскаму.— Можа, смялей будзеш. А то нешта цябе дрыжыкі б’юць. Кажу табе, не бойся. Слова сваё спраўдзім.

Паліцэйскі п’е доўга, без аддыху, з яўным намерам ахмялець. На яго худой, парослай рэдкімі рудымі валасінкамі шыі перакатваецца дробны валлячок. Пасля Драбніцы выпівае Вакуленка. Рыльца бутэлькі, не саромячыся, выцірае далонню.

— Вінават я,— не дакранаючыся да закускі, хрыпла гаворыць Драбніца.— Перад родзінай і перад вамі, хлопцы, вінават. У сорак першым, пасля палону, паверыў, што савецкая ўласць не вернецца. Я ж пад Кіевам у акружэнні быў. Паглядзелі б вы, што там рабілася... Вырваўся дадому, а тут паліцыю набіраюць. Жыць трэба, дзяцей карміць, а здароўя няма. Я ж пры савецкай уласці толькі са службы жыў. Думаў, што паліцыя, як наша міліцыя. Не ведаў, што такое наступіць...

— Ладна, Драбніца. Спавядацца будзеш пасля. Цяпер трэба дзела рабіць. Дня, калі будзем наступаць на Чаплічы, я табе не скажу. Ваенная тайна. Але каб гатовы быў. Калі якая сволач стрэліць па нас хоць раз, да сценкі паставім. Зразумеў? І ваабшчэ зрабі так, каб вінтоўкі мы ў казарме захапілі. Казарма ў вас у школе?

— У школе.

— Пастаў надзейных людзей. Каб аддалі нам вінтоўкі. Свалачэй, што будуць уцякаць, многа?

Драбніца задумваецца.

— Чалавек пяць здавацца не захочуць.

— Трэба, каб самі з імі справіліся. Намець, каб каля кожнага такога быў свой. У случаі чаго — на мушку. Але язык лішне не развязвай. Дзела праваліш. Скажаш толькі самым надзейным. Зразумеў?

Ціха, стоена ў навакольным сасонніку. Анямелую цішыню лесу толькі зрэдку парушае піскам адзінокая птушка, ды ўпадзе на дол пераспелая леташняя шышка. Дзень невясёлы, хмуры — як восенню. Неба шчыльна абложана воблакамі. Пасля цеплыні зноў насунуліся халады. Але вясной заўсёды так.

Красавік — месяц няўстойлівы.

Пускаюць па кругу яшчэ бутэльку. Драбніца прыкметна хмялее — ружовасць прабіваецца па худых шчоках, чырванее завостраны носік. Памыкаецца нешта сказаць, але не адважваецца. Нарэшце, сабраўшыся з духам, насцярожана пытае:

— Дык, калі мы дабравольна здадзімся, прымеце нас у парцізаны? Несазнацельнасць нашу даруеце? Я так панімаю.

— Я ж табе, Драбніца, сказаў. Біць немцаў дазволім. Такія грахі, як вашы, трэба крывёю выкупляць. Для цябе цяпер важна здаць нам паліцыю. Ета тваё першае баявое заданне.

Паліцай расцвіў як масленічны блін:

— Выпаўню, таварыш Вакуленка! Буду з усіх жыл помсціць праклятым фашысцкім захватчыкам, якія топчуць свяшчэнную савецкую зямлю...

Валюжыч з Петраўцом не вытрымліваюць — рагочуць. Вакуленка кідае на іх касы позірк, надзімаецца.

 

ІІ

Атрад з трыццаці коннікаў, сярод якіх Бондар, Грынько і яшчэ некалькі камандзіраў, вяртаецца з Аземлі, са штаба Міхнаўца. Разбіралася справа аб гібелі Лаўрыновіча. Коні бягуць лёгка. Людзі маўчаць. Чуваць толькі прыглушаны стук капытоў ды ёканне конскіх селязёнак. Ноч цёплая, бязветраная.

Аклікнутыя патрулямі, на хаду праскочылі суседнюю з Аземляй цёмную вёсачку, а далей дарога кіруе лесам. Тут яшчэ зябка і сыра. Мясцінамі з нізін выпаўзае на дарогу густы туман.

Бондар, пагойдваючыся ў самаробным сядле, едзе побач з Грыньком. Настрой у яго нядобры. Як пойдзе цяпер, пасля гібелі Лаўрыновіча? Калі прышлюць новага камандзіра?

Расстаноўку сіл Бондар добра бачыць. Камандзіры, якія выраслі з даваеннага партыйна-савецкага актыву, з ліку акружэнцаў, ваеннапалонных — усе з надзеяй чакалі прыбыцця Лаўрыновіча. Сваім з'яўленнем ён як бы аформіў пачатае імі.

Але супярэчнасці асталіся. Узнікшыя ў лясной, балотнай глухамані атрады ўжо летась па ролі і значэнню мусілі саступіць месца атрадам новым, якія выраслі паблізу чыгунак, шасейных дарог, на чале якіх у шэрагу выпадкаў стаяць людзі ваенныя — былыя акружэнцы, палонныя. Партызаны сорак першага года недалюбліваюць гэтых камандзіраў, лічаць іх выскачкамі. Толькі Лаўрыновіч, які быў другім сакратаром абкома, кіраваў сельскай гаспадаркай, ведаў актыў, мог прымірыць супярэчнасці.

Наперадзе коннікі спыняюцца, збіваюцца ў гурт.

Бондар з Грыньком пад’язджаюць, пачынаюць, як і астатнія, узірацца. Узбоч дарогі ў сасонніку ледзь прыкметна бліскае аганёк.

— Спешыцца! — загадвае Бондар.— Дзесяць чалавек за мной!

Перадаўшы камусьці з партызан повад, ён ідзе да хвойніку. Ногі блытаюцца ў няскошанай леташняй траве. Пад ботамі чвякае, Балацявіна цягнецца метраў на трыста, ледзь не ўшчыльную падступаючы да сасновага вострава.

Калі партызаны выбіраюцца на сухі груд, у лес, бачаць дзіўную карціну. Вакол вогнішча, скурчыўшыся, падагнуўшы ногі, ляжаць чалавек восем у нямецкіх шынялях, новых ботах, а ўперамешку з імі, апранутыя хто ў што, трое партызан. Ля агню, апусціўшы галаву на калені, дрэмле яшчэ адзін, прызначаны, мабыць, за вартавога.

Зачуўшы крокі, вартавы ўскаквае, выхоплівае з кішэні пісталет. Бондар пазнае ў ім Тапаркова.

— Устаць! Хто такія?

Незнаёмыя таропка падхопліваюцца, спалохана пазіраючы на партызан, якія наставілі на іх рулі вінтовак. Твары ў іх няголеныя, заросшыя. Пілоткі няўклюдна нацягнуты ка самыя вушы.

Тапаркоў гучна дакладвае:

— Перабежчыкі, таварыш начальнік штаба. З уласаўскага атрада. Да партызан перайшлі самі.

Штосьці як бы замінае Тапаркову гаварыць, і Бондар махае рукой, даўшы разведчыку знак адысціся ад вогнішча. На ўзлеску, сам-насам з начальнікам штаба, Тапаркоў абмалёўвае становішча падрабязней. Уласаўцы ўцяклі са станцыі Пціч, з эшалона. Вандравалі некалькі дзён па лесе, але партызан не сустрэлі. Тапаркоў, наткнуўшыся на перабежчыкаў, прапанаваў дабірацца ў штаб злучэння. Тым болей што адзін з уласаўцаў называе сябе маёрам, нясе нібыта важныя весткі.

Тры дні ўзапар дапытваюць уласаўцаў.

Самая цікавая сярод іх фігура — маёр Саркісаў. Ён невысокі, чарнявы, шчуплаваты. Да вайны нібыта выкладаў гісторыю ў Маскве, у інстытуце. У падкладцы шыняля, халявах ботаў, іншых патайных мясцінах амуніцыі маёр прыхаваў некалькі папер, якія нарадзіліся высока — у самім штабе здрадніка Уласава.

Па словах маёра, да ўласаўцаў ён пайшоў свядома. Належаў да падпольнай арганізацыі ваеннапалонных, якая ўтварылася ў лагеры. Арганізацыя пастанавіла накіраваць некалькі камандзіраў ва ўласаўскую армію з разлікам, каб вялі там падрыўную работу, а пры першай магчымасці перайшлі на бок Чырвонай Арміі ці партызан.

Уласаўшчына — з’ява новая, нявысветленая. Здрадніцкая гэта армія будзе ваяваць хутчэй за ўсё з партызанамі, таму Саркісава слухаюць з увагай. Сярод партызанскіх камандзіраў, якіх паклікалі ў штаб, ёсць учарашнія акружэнцы, ваеннапалонныя, абвясці іх вакол пальца цяжка — самі былі ў пераплётах.

— Якая ідэя ў гэтага Уласава? — пытае Бальшакоў.— На чым грунтуецца яго армія? Забіваць сваіх жа рускіх людзей, памагаць ворагу?

Маёр стомлена ўсміхаецца.

— У здрадніка заўсёды знойдзецца ідэя. Як асоба Уласаў цікавасці не ўяўляе. Самазакаханы кар’ерыст, які паверыў у сваю выключнасць. На Волхаве кінуў армію, якая ў акружэнні змагалася каля вёскі Спаская Полісць, і ноччу збег да немцаў у суседнюю вёску Пятніца. З выгляду — высокая такая аглабіна ў акулярах. Лічыць сябе Аляксандрам Неўскім, Іванам Сусаніным, Напалеонам — кім хочаце. Чаму Аляксандрам Неўскім? Вельмі проста. Некалі Аляксандр Неўскі, які ўпарта змагаўся з тэўтонамі, каб мець вольныя рукі на Усходзе, ездзіў на паклон да татарскага хана. Уласаў таксама хоча бачыць сябе выратавальнікам Расіі. Разлічвае, што немцы падзеляцца з ім перамогай.

— Якой перамогай? Хіба не ведае пра Сталінград?

— Уласаў высунуў сваю ідэю да Сталінграда. Верыў, што Сталінград немцы захопяць. Яны з ім на першым часе не вельмі лічыліся. Падымаюць цяпер, калі адчулі, што кішка тонкая.

— А што ён думае цяпер, гэты Уласаў? — зноў пытае Бальшакоў.

— Ён, вядома, не круглы ідыёт. Хітрая бестыя, Разумее, што ідэя яго лопнула, не паспеўшы нарадзіцца. Але небяспеку ўяўляе і цяпер. Трэба пра гэта думаць. Уласаў навучае немцаў падыходзіць да савецкіх людзей не так, як падыходзілі дагэтуль. Навучае ўлічваць вынікі рэвалюцыі, савецкага жыцця, тое, што савецкі чалавек стаў пісьменны, культурны, што ў яго вырасла пачуццё асобы.

— То трэба, каб немцы перамяніліся! — выгуквае Гервась, начальнік разведкі Гарбылёўскай брыгады.— Каб перасталі быць фашыстамі.

— Мы многа чаго не ведаем пра самую Германію,— працягвае Саркісаў.— У Гітлера моцная сацыяльная дэмагогія. Замежных капіталістаў называе плутакратамі. Адурманеныя немцы лічаць, што змагаюцца за нацыянал-сацыялістычную ідэю. За пакрыўджаную і абыдзеную гістарычным лёсам Германію. Запраўляюць у краіне Круп, Тысен і другія магнаты капіталу, але на першы план не вытыркаюцца. У самой Германіі яны прадстаўлены як камандзіры вытворчасці. Афіцэрамі ў армію, асабліва ў ніжэйшае звяно, дапускаюцца дробнабуржуазныя элементы і нават людзі з працоўнага асяроддзя. Гітлераўская прапаганда казырае тым, што амаль уся фашысцкая вярхушка, як і партыйныя босы, шматлікія чыноўнікі, паходзяць з простых людзей. Маўляў, дваранін у нас толькі адзін — фон Рыбентроп. Галоўная фашысцкая газета называецца «Фёлькішэр беобахтэр», што азначае «народны назіральнік». Выходзіць пад лозунгам «Свабода і хлеб».

— Пралетарыят,— Гервась крыва ўсміхаецца.— Каб ён скапыціўся такі пралетарыят.

З расказаў Саркісава, астатніх перабежчыкаў паступова вымалёўваецца карціна стварэння ўласаўскай арміі. Сумная, невясёлая карціна, а для тых, хто пабываў у нямецкім палоне, трохі знаёмая. Ёсць, вядома, здраднікі, розныя маладушныя, нястойкія людзі, якія даволі лёгка апранаюць нямецкі мундзір. Але нямала такіх, хто здраджваць не збіраўся, хто не мае, здаецца, падстаў не любіць савецкую ўладу. Чым іх бяруць, як завабліваюць у чорныя д’ябальскія сеці? Многа іезуіцкіх змысла-хітрых і адкрыта-нахабных метадаў прымяняе вораг, карыстаючыся тым, што палонны — безабаронны, галодны і халодны, а самае галоўнае адарваны ад радзімы, ад прывычнага асяроддзя. Сотні лагераў, у якіх пакутуюць нявольнікі ваеннага лёсу, раскіданы па Германіі, па другіх захопленых краінах. Уласаўскія эмісары вось ужо хутка год раз’язджаюць па лагерах, выступаюць з прамовамі, вядуць даверлівыя бяседы сам-насам, шукаючы ў душах спакутаваных людзей хоць якую-небудзь трэшчыну, куды можна закінуць зерне сумнення і нявер’я.

Самае страшнае, што ёсць выпадкі, калі адарваны ад роднай зямлі чалавек у пякельных умовах палону ўпадае ў адчай, становіцца абыякавым да свайго лёсу. Гэтым карыстаюцца.

Вярбуюць па-рознаму. Заганяюць сілай, расстрэльваючы тых, хто не згаджаецца на здраду. Бывае так, што лагер дзеляць на дзве часткі, прычым дзеляць умоўна, без якіх-небудзь перагародак, і тых, хто не надзеў мундзіра, а толькі згадзіўся надзець, пачынаюць на вачах галодных людзей добра карміць.

Фашысты разумеюць, што набранае такім манерам войска не вельмі надзейнае, таму стараюцца павярнуць справу так, каб хутчэй уцягнуць навербаваных у якую-небудзь крывавую справу. Супроць партызан, падпольшчыкаў, часта на чужой тэрыторыі. Ведаюць, запляміўшы крывёю рукі, чалавек да сваіх не пабяжыць.

Што ж, партызаны могуць зразумець гэту механіку. Таму чалавек, які апрануў варожы мундзір, але ўцёк ад фашыстаў, для іх яшчэ не вораг. Ён свой, ён мае поўную магчымасць гэта даказаць. І яшчэ адну навіну паведамляе Саркісаў. Ён ведае нямецкую мову, чытаў кнігу Гітлера «Майн Кампф» — у цяперашняй Германіі яна накшталт «Бібліі». Гітлер напісаў у сваёй кнізе, што рускую дзяржаву арганізавалі германцы-рурыкавічы. Ад Рурыка бярэ пачатак рускае дваранства, і, перабіўшы яго ў рэвалюцыю, бальшавікі, маўляў, знішчылі тым самым здольны да дзяржаўнага кіравання элемент. Вось так. Ні болей, ні меней.

Перабежчыкаў-уласаўцаў размяркоўваюць па брыгадах, маёра Саркісава пакідаюць пры штабе. Ствараецца спецыяльны аддзел разведкі, і такі чалавек там патрэбны.

 

ІІІ

Дамачоўская, Гарбылёўская брыгады разам з Бацькавіцкім атрадам пераправіліся цераз Пціч каля невялікай вёсачкі Востраў па драўляным мосце, які ахоўваецца партызанамі.

Жаўрукі вісяць над галавой не сціхаючы. Звонкія, срэбраныя ніці птушыных спеваў апаясваюць паднебны прастор, і калі ў адным месцы птушачка заціхне, то зараз жа падае голас другая. Свеціць сонца, поле дыхае парнасцю. Выбіўся на шэрай раллі пырнік, на лугавінах — зялёная трава. Астраўкамі жоўта-вогненнай квецені раскашуе на балацянках лотаць. Востра, п’янка пахне чарнагалоў. Днём жабы кумкаюць ляніва, як бы прабуючы моц голасу, затое вечарам, калі ляжа на балота хісткая завеса туману, іх безупынны, несціханы рэкат аж глушыць.

Лес жыве. Вяртаецца з адлёту малое шэрае птаства, шукае спажывы, ладзіць гнёзды. Сізы голуб туркоча на голым дубе. У сасновай чашчобе канчаюць веснавое такаванне глушцы. У нізкіх мясцінах, дзе нядаўна стаяла вада, на камлях асін, бяроз вісне мярэжа высахлай ціны. Ненадзейны грунт у такіх мясцінах — ступіш і правалішся.

На трэці дзень партызаны падыходзяць да Чапліч.

Сяло ляжыць доўгай расцягнутай лавай. Акрамя скразной вуліцы ёсць два пасёлкі, размешчаныя наводшыбе. Пасёлка, які прылягае да сяла з усходняга боку, не відаць. Ён адгароджаны бярозавым гайком.

Бацькавіцкі атрад бярэ на прыцэл паўночную дарогу, частка дамачоўцаў — паўднёвую. Асноўны арыенцір — вятрак. Стаіць на самым узлобку пясчанага касагора, непадалёк ад школы — як шкілет абадраны, з застыглымі, нерухомымі крыламі. У школе размяшчаецца паліцыя. Музыка ўсюды аднолькавая.

На полі, нягледзячы на пагодлівы дзень, людзей мала. Ідзе ўзбоч воза, наваленага гноем, дзед у шэрай, з доўгім крыссём свіце. Бліжэй да лесу дзве бабы аруць на карове. У той, што вядзе карову, раз-пораз мільгацяць з-пад караткаватай спадніцы голыя белыя ногі.

Камандзіры — Бондар, Вакуленка, Бальшакоў,— пасеўшы на ўсланы леташнім лісцем узгорак, раяцца. Насцярога ў сяле відавочная.

Пачынаць прыступ найлепш ноччу. Калі і засада, то не страшна. Хутчэй за ўсё паліцаі хочуць бачнасці, што партызаны іх захапілі сілай.

Не надышоў яшчэ вечар, а звесткі пра гарнізон паступаюць. У лес прыблудзілі два пастушкі са статкам схуднелых за зіму кароў.

— Ведаеце, хто мы? — пытае Вакуленка.

— Партызаны.

— Немцы ў сяле ёсць?

— Няма.

— Што робяць паліцэйскія?

— Нічога.

— Баяцца партызан?

— Баяцца. Кажуць, прыйдзеце іх разганяць.

— Дзе яны начуюць?

— У школе. Але некаторыя пакідалі вінтоўкі, у сваякоў хаваюцца. Пяць чалавек у Дамачова ўцяклі.

— Калі ўцяклі?

— Яшчэ пазаўчора.

— Драбніца не ўцёк?

— Дома ён...

Чакаць ночы няма сэнсу. Сонца садзіцца за лесам. Косыя праменні адбіваюцца ў шыбінах акон злавеснымі аганькамі. У лесе чуюцца каманды. Наступленне на Чаплічы пачынаецца такім жа парадкам, як мінулай восенню на Гарохавічы.

Стрэлаў няма. Маўчаць паліцэйскія. Маўкліва набліжаюцца да сяла партызанскія ланцугі.

Ля школы малюнак нязвычны. Ужо цямнее, наступае шарая часіна, калі абрысы будынкаў, парканаў, дрэў расплываюцца, распаўзаюцца. Ужо чуваць партызанскія галасы на дварах, на вуліцы. Вакол школы ад ветрака да вуліцы заляглі партызаны, нацэліўшы ў вокны, дзверы рулі вінтовак. У вокнах цёмна. На школьным двары ніякага руху.

Нарэшце дзверы расчыняюцца, па нізкім ганку на двор як гарох сыплюцца цёмныя постаці. Яны не разбягаюцца,— строяцца ў шарэнгу.

На двор заходзіць Вакуленка. Насустрач яму, аддзяліўшыся ад шарэнгі, бяжыць маленькая постаць, за два крокі нерухома застывае, задыханым голасам дакладвае:

— Таварыш Вакуленка, чапліцкая паліцыя пастроена. Пяць гадаў уцяклі. Але мы іх знойдзем.

Вакуленка маўкліва праходзіцца ўздоўж шарэнгі. Нарэшце яго зычны бас пакрывае ўвесь двор:

— Што, сукіны сыны, даваяваліся? П’яніцы праклятыя, зладзюгі, тарбахваты! Пацалавалі немцам у с...! Вось зараз паўстаўлю кулямёт і ўсіх на капусту!..

Стоенае, панылае маўчанне.

Вакуленка бярэ нотай ніжэй.

— Чорт з вамі. Савецкая ўласць прыйдзе і разбярэцца, хто як напаскудзіў. Я не суддзя і не пракурор. Сваё слова споўню. Вы цяпер, гадаўё паўзучае, крывёй павінны выкупляць грахі.

У школьных вокнах паблісквае святло, былых паліцаяў па адным выклікаюць да камандзіраў. Размова не вельмі доўгая — да паўночы канчаецца. Ад паліцаяў нават вінтовак не адбіраюць. Тут — палітыка. У Сямёнавічах, Малой Рудні гарнізоны яшчэ трымаюцца, і ад таго, як абыдуцца партызаны з тутэйшымі паліцэйскімі, сёе-тое залежыць...

 

IV

Бацькавіцкі атрад, пакінуты ў засадзе, увайшоў у Чаплічы пад раніцу.

Аграном Драгун, палітрук роты, адразу падаўся да сястры. Тут, у Чаплічах, ён нарадзіўся і вырас.

Сястра заняпала: у сям’і маладзейшая, а ў валасах — павуцінка сівізны, прыгожы твар змізарнеў, сінія вочы як бы выцвілі. Аднак не губляе Алена добрага гумору і, можа, дзякуючы гэтаму жыве на свеце. Жыць не соладка: мужык пагнаў на ўсход калгасны статак, і пра яго няма ніякіх звестак. З трох дзяцей старэйшаму хлопчыку дзесяты год, каня няма.

На паліцэйскіх, якія перакінуліся да партызан, Алена глядзіць зняважліва.

— Лахтуны. Не рабіўшы, хацелі соладка піць і есці. Яны і ў вас будуць тарбахваціць, папомніш маё слова. Падтулілі хвасты, бо няма інакшага ратунку.

Брата Рамана сястра ўспамінае мала. Ён у сям’і дзікун даўно. З таго часу як ажаніўся, выдзеліўся на далёкі лясны хутар. З-за хутара ды яшчэ з-за таго, што брат не хацеў паступаць у калгас, Драгуна ў трыццаць восьмым годзе выключылі з партыі. Гэта сплыло, можна было б не варушыць старое, каб не пякла Драгуна патайная, неадчэпная думка. Яна звязана са злачынствам Рамана, якое той нібыта зрабіў, калі немцы толькі наступалі. Пра гэта яшчэ ў першую зіму акупацыі расказаў знаёмы ляснічы з Гарохавіч.

Бабруйск немцы захапілі на пяты ці шосты дзень вайны і адтуль, з поўначы, спрабавалі весці наступленне на Палессе. У Гарохавічах стаяў бронецягнік, добра стаяў, больш за месяц абстрэльваючы пазіцыі немцаў, якія загрузлі ў балотах.

У немцаў узнік намер падарваць бронецягнік. Яны выслалі да чыгункі групу дыверсантаў. Іх выявіў знішчальны атрад, у якім нёс службу гарохавіцкі ляснічы, і амаль усіх перастраляў. Але адзін паранены дыверсант уцёк, і яго крывавы след прывёў да Раманавага агарода. Тут след абарваўся, бо ні немца, ні Рамана дома не знайшлі. Брат хаваўся да таго часу, пакуль сяло не захапілі немцы...

Драгун многа пра гэта думаў. Брат мог хавацца, баючыся мабілізацыі, хоць да вайсковай службы непрыгодны — на правым воку мае бяльмо. Па натуры ён, вядома, кулак, калгаса не любіў, не мог дараваць, што зруйнавалі хутар. Але каб памагаць немцам?..

Першы дзень Драгун тоіць непакой у душы, у сястры ні аб чым не пытае, але на другі — не вытрымлівае. Пазіраючы Алене ў вочы, расказвае, што чуў ад ляснічага. Сястра адводзіць позірк.

— Мабыць, брахня. Баяўся, каб не забралі, таму туляўся. Ён проста крот. Немцы хацелі старастам прызначыць — не пайшоў. Паліцэйскіх — проста не цярпеў.

Драгун паспакайнеў, хоць адчувае — сястра штосьці недагаворвае.

— Табе хоць пасабляе?

— Воз саломы паткнуў у першую восень. Як калгаснае дзялілі.

Да Рамана прыйшлося наведацца. Нельга на вачах вяскоўцаў, сярод якіх вырас, мінаць радню. Людзі на полі — стары і малы. Чырвонаармейскім сем’ям пасабляюць партызаны: возяць гной, упрагаюць у плуг атрадных коней.

Выбраўшы вячэрнюю часіну, Драгун ідзе на пасёлак. У глыбіні душы варушыцца нядобрае прадчуванне — наўрад ці згаворыцца з братам.

Раманава сядзіба — на самым канцы пасёлка. Новая, выбудаваная па касы вугал хата стаіць да правулка глухой сцяной, малады яблыневы сад застаўлены рамачнымі вуллямі, за агародам, на лужку — клетка азярода з пашарэлых ад ветру жардзін.

Раман тупае каля вуллёў. Драгун не бачыў яго з саракавога года, з таго часу, калі Раман па нейкай судовай справе прыехаў у Бацькавічы. Ён пастарэў, выгляд мае неахайны: твар зарос рудой шчэццю, вузкія плечы сутуляцца, вопратка старая, латаная.

— І ты ў парцізанах? — Раман паспешліва выбягае з саду на двор, у левай руцэ трымае дымакур, правую, шурпатую, тыцкае брату.— А я чуў — ты на службе.

— Служба ў лес уцякла.

— Усе цяпер уцякаюць. Вунь нашы, бач, як хутка перакрасіліся. Учора кублы трэслі, а зараз банты на шапкі чапляюць.

Пачатак размовы непрыемны. Брат яўна намякае на Васілёва аграномства пры немцах.

— Мяне пакідалі спецыяльна. Каб памагаў такім хлопцам, якія вашу паліцыю на свой бок перацягнулі.

— Панімаю,— Раман адразу згаджаецца.— Каб цябе ды не пакінулі.

Бразгаюць дзверы сенечак, на двор выплывае мажная, белатварая Раманава жонка.

— Дабрыдзень, Васілька. А мы вочы прагледзелі, ждучы. Родны ж брат усё-такі. Можа, хоць якая помач будзе. Нам яшчэ надоечы сказалі, што ты тут.

У бяздзетнага Рамана хата вялікая. У чыстай палавіне нікеляваны ложак з гарой пуховых падушак, фабрычная канапа, крэслы з дубовымі спінкамі. Левы кут завешаны іконамі ў срабрыстых фольгавых абкладках. Сцены выбелены, падлога, як яечка, блішчыць.

На дварэ цемнавата, гаспадар запальвае лямпу з патрэсканым, залепленым паперкаю шклом. Пакуль мужчыны перакідваюцца нязначнымі словамі, гаспадыня завіхаецца ля стала. Вячэраюць на кухні.

Вінтоўку Драгун ставіць у качарэжнік. То Раман, то яго кабета час ад часу кідаюць на яе насцярожаныя позіркі.

Стол не дужа багаты: яечня, сподачак нарэзанага скрылікамі сала, гліняная міска квашанай капусты. Хлеб чорны, спечаны з мукі грубога памолу.

— Давай да дна,— Драгун падымае шклянку.— Каб нічога між намі не засталося.

Ён зноў заўважае — жонка кідае на Рамана як бы перасцерагальны позірк. «Вось такое жыццё,— міжволі думае Драгун.— З крэўным братам гуляем у хованкі. Стаім на розных берагах рэчкі...»

Выпіваюць шклянкі адным духам. Вольга — так завуць Раманаву жонку — толькі губы памачыла.

Гарэлка моцная — пяршак. Драгун п’янее імгненна.

— Як думаеш далей жыць? Гавары, мяне не бойся.

Раман такі ж мітуслівы, як быў. Сп’янеў, душыцца капустай і адначасна гаворыць:

— Свет перавярнуўся. Ніякай пэўнасці, парадку. За што хлебаробу зачапіцца? Няма за што. Дзень пражыў і дзякуй богу. Прама табе скажу, Васіль, не ўважаю я ні паліцэйскіх, ні парцізанаў. Мітрэнга адна. Спакою не будзе. Свет звар’яцеў.

— Не слухай яго, Васілька! — выгуквае Вольга, калі яе мігі і позіркі не памагаюць.— Ён заўсягды не як людзі. Пляце немаведама што.

— Няхай слухае, ён мой брат. Хоць маладзейшы і з-за мяне, старэйшага, пацярпеў. Жыццё такое. Ні ён, ні я не вінаваты.

— Выпіце лепей, мужчыны,— Вольга налівае па паўшклянкі.— Ты б лепей, Васілька, пра сям’ю расказаў. Гаруюць бедныя.

— Сям’я па той бок чыгункі. Месяц не бачыў. Цяпер, можа, выберуся.

Раман зноў гаворыць. Як бы спавядаецца:

— Я табе прызнаюся. На немцаў спачатку не так глядзеў. Думаў — па-другому будзе. Ведаеш сам, у нашым калгасе вялікага парадку не было. Згомцілі людзей у кучу, запраглі лодыра з гаспадаром у адзін воз. Дык лодыр жа везці не будзе, як яго ні паганяй. Ён цяплейшага месца шукае.

— Дурань ты, хоць старэйшы брат,— гаворыць Драгун.— Сляпы крот. Далей носа не бачыш. Хіба без калгаса выцягнеш Чаплічы з беднасці? Ты залез на хутар, добра жыў, а другія? Галадоўкі хіба не было, не хадзілі гарцы пазычаць? Ты ўспомні, як мы ў бацькі жылі. Калгас проста не паспеў парадак навесці. Але ж балота асушыў, аблогу падняў.

— Чалавек жыць хоча. Сам па сабе. Няхай бедна, на адной зацірцы, але каб ніхто над галавой не вісеў, ніякі партфельшчык. Кім я стаў, як зямлю абагулілі? Нікім, папіхачом. Воз дроў трэба прывезці, то ідзі кланяйся брыгадзіру. Нашто ж мне такая ласка, калі ў мяне свой конь быў? Чаму я перад чортам лысым павінен галаву згінаць?..

Гаспадыня болей не мяшаецца — грукае ў сенцах чыгункамі.

— Кулак ты, — Драгун чамусьці весялее.— Быў кулаком і астаўся. Нічаму цябе савецкая ўлада не навучыла. Далей пупа не бачыш. Думаеш, твае «партфельшчыкі» шыкавалі? Свету божага не бачылі за работай, за бегатнёй, за камандзіроўкамі. Стараліся, каб такім, як ты, лепей было. З калгаса бралі многа, гэта праўда, але для каго? Фабрыкі, заводы падымалі, дзяцей вучылі, каб лепей за бацькоў жылі. З каго ж было ўзяць? Капіталісты нам пазык не давалі. Яны на тое, што ёсць, зубы шчэрылі. Армія колькі забірала? Але ўсё адно людзі лепей сталі жыць. Лепей і лягчэй. Ты ўспомні, якія Чаплічы былі? Былі такія пасёлкі, як цяпер? Былі такія хаты, як у цябе? Што маўчыш?

«Відаць, збрахаў ляснічы,— думае Драгун.— Раман — куркуль, і ўсё...»

— Мне пара ісці, Раман,— гаворыць ён услых.— Начаваць у цябе не буду. Давай яшчэ вып’ем па чарцы. Жыві як хочаш. Толькі, калі твая праўда, скажы вот што. Чаму множацца партызаны і чаму немцаў гоняць? Павер майму слову, да восені нашы будуць тут. Яны не так далёка. Пад Смаленскам, Арлом, Харкавам.

— Яшчэ віламі па вадзе пісана.

— Не віламі. Пасля Сталінграда немцам не паправіцца.

Раман раптам змаўкае. Яго запал гасне на вачах. Вяла налівае сабе, брату, як бы нехаця п’е.

Падазрэнне — брат у нечым замешаны — успыхвае з новай сілай.

 

V

Дзён праз некалькі, вяртаючыся з Альхова, ад сям’і, Драгун яшчэ раз пабачыў брата.

Акружаная лесам паляна выклікае ў душы няпэўны смутны ўспамін. Пасярод яе купка здзічэлых яблынь, лад імі варушыцца постаць чалавека. Ды гэта ж братаў хутар! Вунь, на процілеглым краі, той самы стары дуб з вуллямі-калодамі.

Яшчэ болей здзіўляецца Драгун, пазнаўшы Рамана. Стаіць па пояс у яме, выцягвае наверх мяхі. Хлеб, значыць, хаваў.

Драгун падыходзіць бліжэй.

Раман нядобра бліснуў бяльматым вокам.

— Віжуеш за мной?

— З Альхова іду. Быў у жонкі.

— Вашых у сяле няма. Хіба не ведаеш?

— Пайду на Качаны. Трэба дарогу пераскочыць.

Раман выцягвае з кішэні капшук, браты садзяцца на мяхі, закурваюць. Рукі ў Рамана чорныя, парэпаныя.

— Не было жыцця і няма,— Раман уздыхае.— Прыдбаў мазалём, а хаваешся.

— Ад партызан хаваў хлеб?

— Я не наймаўся вас карміць.

— Дурань ты. Думаеш, у немцаў хутар заслужыш? Дулю з макам!

— Каму ён мяшаў? Але ж паразяўлялі раты, гатовы глынуць адзін другога. Пасеяў нехта сярод людзей нянавісць, цяпер каб хацеў, не астановіш. Птушкі, звяры, калі блізкія між сабой, згодна жывуць, а людзі грызуцца.

— Усё мала табе. А як другія жывуць?

Раман зацягваецца, кідае недакурак, расцірае лапцем.

— Позна мяне вучыць, Васіль. Жыццё зжываю. Маю свае вочы і, што трэба, бачу. Нашто раўняць людзей? Адзін хоча хутара, другі не хоча. На хутары ж рабіць трэба, а не кніжкі чытаць. Дзела не ў нас, мужыках. Такія, як ты, граматныя, ваду замуцілі. Каб я валодаў хутарам, то хіба паеў бы тое, што нарабіў? Божа барані. Я б і машыну купіў — хіба не бачу, дзе выгада.

— Кулаком ты б стаў.

— Няхай кулаком. Але я сеяў бы, скаціну гадаваў. Польза была б мне і людзям. А вунь, чутно, пагналі лапатнікаў на нямецкі эшалон, як чорту ў зяпу, пашаткавалі на капусту. Чыя галава так зварыла? Ёсць, мабыць, і ў вас туз, што качаргой носа не дастанеш. У цябе ён пытаўся, як лепей зрабіць?

Драгуна ўзрывае:

— Ляжыш пузам на печы ды яшчэ плявузгаеш! Хлеб хаваеш. Каб не брат, паставіў бы цябе вунь пад тую бярозу. Вайна ідзе, людзі жыцця не шкадуюць. Будзеш рабіць так, нарвешся. Запомні маё слова...

— Не пужай. Мяне дзесяць гадоў пужаюць.

— Ты дурань. Бязмозглы пень. Мабыць, праўду людзі кажуць, што ратаваў немца...

Раман бялее з твару і ледзь не подбегам кідаецца ў лес. Драгун, не могучы ўтаймаваць дрыжыкаў, падымаецца. Пракляты кулак. Застрэліць мала, гада...

Спакайнеючы, ён пачынае думаць аб тым, што ў Раманавай зацятасці ёсць нешта спадчыннае. Такім жа ваўком быў і дзед. Не паладзіўшы з раднёй, выбраўся з сяла ў глухі лес. Зляпіў хацінку, жыў знахарствам. Ад яго паўцякалі жонка, дзеці, а ён так і сканаў у нетры.

Вясна вось-вось стане зялёнай. Ціха. Цёпла. Зрэдку перагукваюцца сойкі ды дзяўбе старадрэвіну дзяцел. На прагалінах лясны дол стракаціць ад белых, сініх пралесак. Лісцяў на дрэвах яшчэ няма, але ахінае галіны кволая жаўтаватая мярэжа.

Драгун падыходзіць ужо да дарогі, калі раптам даносіцца далёкі гул матораў. Як звер, які адчуў небяспеку, сігае ён у гушчар. Стаіўшыся ў ляшчынніку, трымаючы напагатове вінтоўку, цікуе за дарогай. Густы пошчак, набліжаючыся, разлягаецца па лесе.

Перавальваючыся на калдобінах, мільгаюць між дрэў тупарылыя грузавікі. У кузавах густа, шчыльна сядзяць салдаты ў сталёвых касках. Два грузавікі з паліцэйскімі. Колькі іх усіх? Шэсць, восем?..

Толькі адно імгненне стаіць Драгун у нерашучасці. Ён ведае, куды кіруюць немцы. Так было ў Альхове. Як толькі выбраліся партызаны, нахлынулі карнікі. У Чаплічах сястра з дзецьмі. Але ёй ён не паможа. Хоць бы дурня таго папярэдзіць!..

Абдзіраючы аб галіны твар, рукі, аграном бяжыць назад. Пот залівае вочы, не хапае паветра. Гоніць яго, нібы містычны страх — будзе вінаваты, возьме грэх на душу, калі не паспее дабегчы...

Выбегшы на дзялянку, ён яшчэ здалёк заўважыў, што брата няма. Рынуў у бярэзнік шукаць дарогу. На лясной, выбітай каляіне свежы след ад калёс.

Адчуваючы, што Раман не мог далёка ад’ехацца, Драгун бяжыць па следу на Чаплічы. Аддыху сабе не дае, пакуль не выбягае на ўзлессе, адкуль відаць сяло. Фурманкі на дарозе няма. Можа, Раман паехаў другой дарогай? Можа, яшчэ ў лесе?..

Зняможаны ўшчэнт, Драгун падае на зямлю.

Зараз ворагі будуць нішчыць родных, блізкіх яму людзей, паліць сяло. Не, ён не можа на гэта глядзець.

Драгун падымаецца, крочыць прэч...

Пра ўсё, што здарылася ў Чаплічах, ён дазнаецца назаўтра. Лес поўны дзіцячага плачу, жаночых літаннняў. Сястра з дзецьмі — у наспех скіданым з голля буданчыку.

Жанок, дзяцей карнікі не кранулі. Толькі мужчын. Ад пятнаццаці да пяцідзесяці гадоў. Зганялі ў калгасны хлеў. Падвечар хлявы, хаты падпалілі. Няма болей Чапліч.

Рамана забілі на вуліцы. Калі яго ссадзілі з воза, трос паперкай, парываўся да вышэйшага начальніка. Сястра пацвердзіла — хаваў Раман параненага немца, а той даў яму распіску.

 

VI

Вакуленка на кані.

Пасля Чапліч, якія здаліся добраахвотна, гарнізоны ў Малой Рудні, Будзе і Сямёнавічах разбіты адзін за другім.

Як веснавая вада падточвае лёд, які вісіць над жывым раўчуком цёмнай скарынкай, так зварот партызанскіх брыгад у родныя мясціны зламаў дух супраціўлення ва ўцалелых гарнізонах.

Цяпер увесь паўднёва-заходні абсяг Дамачоўшчыны разам з большай часткай Бацькавіцкага раёна, з усходнімі сельсаветамі Гарбылёўскага — у партызанскіх руках.

Толькі чыгунка з Оўруча на Жлобін як костка ў горле. Дзеліць папалам партызанскую зону.

Вясна ў разгары.

Аздобіў май зямлю зялёнай травою, неба — блакітам, сонечнай яснасцю.

Як жывое полымя, шугае зеляніва на лясы, хмызнякі, аксамітнымі дыванамі ўсцілае лугавіны.

Гоніць маладую стрэлку сасна, беластволая бяроза ў вянку далікатнай лістоты. Толькі стары дуб не спяшае: пройдзе яшчэ цэлы тыдзень, пакуль павольна, неўпрыкмет для вока пачне апранаць ён свае разложыстыя шаты.

У чаромхавых зарасніках заходзяцца салаўі.

Вясна — як збаўленне. Не страшны карнікі — пад кожным кустом знойдзе чалавек прытулак, схову.

Ходзяць за плугам камандзіры ўзводаў, аддзяленняў, рот. Зямля чыноў не ведае. На ёй адзіны начальнік — земляроб.

Чыгунка з Оўруча на Жлобін пракладзена значна пазней за тую, якая ідзе з Брэста на Гомель. Правялі яе ў першую нямецкую вайну, і ў нейкай меры яна была ракаднай да лініі фронту, што пралягала ў шаснаццатым годзе па Стаходу і Стыры. Прайшоўшы праз Гарбылі, новая чыгунка зрабіла звычайную палявую станцыю вузлавой, абумовіўшы дальнейшы рост паселішча.

Бацькавіцкі раён перасякаюць абедзве чыгункі, утвараючы вялікі, укрыты лесам трохкутнік, у якім цяпер засяроджаны партызанскія сілы трох сумежных раёнаў.

З Оўруча на Жлобін нямецкія паязды ідуць не гэтак часта, як з Брэста на Гомель. Так што ў ваенных адносінах чыгунка мае значэнне другараднае. Аднак яна існуе, на станцыях у каменных з тоўстымі сценамі будках размешчана ахова, і, можа, дзякуючы такой акалічнасці, немцы лічаць навакольны прасцяг сваёй тэрыторыяй. Каб не было чыгункі, можа б, яны і Чаплічы не спалілі?

Бондар з Вакуленкам выклікаюць у штаб Лубана, які ў Бацькавіцкім атрадзе ўзначальвае падрыўную групу.

Лубан у расхлістанай ватоўцы, круглы, чарнявы твар з навіслымі дугамі броваў насуплены. Вакуленка з цікаўнасцю прыглядваецца да нядаўняга намесніка бургамістра.

— Чыгуначную гаспадарку ведаеце? — пытае ў Лубана.

— Збольшага ведаю.

— Эшалон класна скінулі. Як удалося?

— Месца выбраў. Спуск на закругленні.

Вакуленка, унурыўшы галаву, з хвіліну прахаджваецца з кута ў кут. Нечакана спыняецца, бярэ Лубана за штрыфель ватоўкі.

— Вот што, друг, скажы такую штуку. Ці можна, узарваўшы эшалон, за адзін дзень расцягнуць вярсты дзве рэек? Сам разумееш, для чаго.

Лубан думае нядоўга.

— Можна. Трэба людзі, коні, вяроўкі. Гаечныя ключы, лапы.

— Многа.

— У кіламетры на адной нітцы сто рэек. На двух пры двух каляях — чатырыста. Можна сцягваць блокамі. Чалавек дзвесце трэба.

— Ну, а каб дваццаць кіламетраў расцягнуць?

Лубан усміхнуўся.

— У дзесяць разоў болей людзей і коней.

— Нацэлімся на дваццаць. Табе вот якое заданне. Выдзелім людзей, навучыш, як і што рабіць. Калі не знойдзем ключоў, будзем толам ірваць рэйкі. Зразумеў?

Эх, і ясная пагодка стаіць на Палессі! Надзьмутыя, круглыя шары лазнякоў, вясёлыя светлыя бярэзнікі, бясконцыя абшары разглеглых па жаўтаплёсах, па балотных выспах сасоннікаў проста купаюцца ў моры сонечнага святла і цяпла. Якраз у пару, на ўраджай, лінулі шчодрыя дажджы, усё навокал цвіце, буяе, ірве зямлю.

На зямлі — май сорак трэцяга года. На фронце — зацішша. На Літвінаўшчыне, Дамачоўшчыне, у іншых мясцінах, якія кантралююцца партызанамі,— вялікі людскі рух.

У былыя часы тубыльцы лясных, балотных вёсак ездзілі на кірмашы ў Дамачова, Гарбылі, Бацькавічы. У нядзельныя дні, прастольныя святы валілі ў навакольныя сёлы — у царкву. Лік шматгалосых людных зборышчаў намнога павялічыўся пасля рэвалюцыі, асабліва ў калектывізацыю. Вялікія натоўпы запаўнялі ў дзень Першамая, на Кастрычнік сельсавецкія плошчы. Калгаснікі з песнямі, чырвонымі сцягамі рабілі першы выезд у поле, везлі ў раён нарыхтоўку.

У трыццаць восьмым годзе пачалася асушка Літвінаўскіх балот. Тысячы людзей па пояс у вадзе пракладалі магістральныя каналы, калектары. Начавалі на астравах, варылі ў вялікіх чорных катлах кашу — дома не бывалі па тыдню.

Перад самай вайной на Літвінавіцкіх тарфяніках сеялі жыта, ячмень, садзілі бульбу.

Дзіўныя, азораныя подыхам вялікіх перамен часы!..

Але, можа, нават у мірныя бясхмарныя гады не бачыў тутэйшы лясны край такога мнагалюддзя, чалавечай дружнасці, еднасці, як у гэты май. Тыдзень носіцца на ўзмыленым чорным жарабцы Вакуленка па вёсках, не злазячы з каня хрыпата крычыць:

— Слухайце мяне, людзі! Трэба зністожыць чыгунку. Па ёй ездзяць фашысты, а цехніка для нас цяпер смерць. Успомніце, якія сёлы згарэлі ў агне першыя?

Вербічы, Хамякі, Скавароднікі — летась, Чаплічы, Аляксеевічы, Качаны — сёлета. Тыя, што пры чыгунцы. Скідаем паязды мы, адказваеце — вы. Фашысты знішчаюць народ. Калі хочаце жыць — памагайце...

У Вакуленкі нібы крыллі выраслі. У дыяганалевай гімнасцёрцы, крыж-накрыж перапаясанай рамянямі, сініх кавалерыйскіх штанах, наглянцаваных да бляску хромавых ботах, з пасмамі чорных непакорных валасоў, якія выбіваюцца з-пад чырвонаармейскай шапкі з зоркай, ён нагадвае бачанага да вайны ў кіно, чымсьці ўжо знаёмага камандзіра грамадзянскай вайны, што нясецца ў атаку паперадзе палка.

Вакуленку ведаюць — слухаюць уважна. Маладыя жанчыны пазіраюць прыхільна, ды і дзяўчаты пасміхваюцца.

Пачалі партызаны.

Ад Гарохавіч да наступнай станцыі Хлуды вялікага лесу няма — так грыўкі гайкоў, кустоўе, маладыя, раскіданыя па сыпучых пясках пасадкі сасоннікаў. Гэта з правага боку. А з левага наогул толькі сям-там мільгае сярод поля адзінокая старадрэвіна ды разлягаюцца ў лагчынках-балацянках лазовыя зараслі.

Ахова чыгункі небяспеку адчула, падтуліла хвост. Днём яшчэ правандруе па насыпу стары, перахлябісты немец у пары з паліцаем, а ноччу сядзяць па будках, носа не вытыркаюць. Праўда, і эшалоны па гэтай, пазбаўленай прамога ваеннага значэння чыгунцы ідуць не густа. За дзень тры-чатыры з Гарбылёў на Жлобін ды столькі назад. Заўважана аднак, што амаль да кожнага таварнага саставу прычапляецца адзін, а то і два пасажырскія вагоны, у якіх едуць нямецкія салдаты і афіцэры. Хто яны, чаму тут раз’язджаюць? Можа — адпускнікі, можа — з тылавой службы...

Стокілаграмовую фугасную бомбу Лубан з памочнікамі заклалі пад рэйкі ўночы, шнур вывелі ў кусты. Тут, у кустах, зборная група з дзесяццю ручнымі кулямётамі, сабранымі ў кулак з трох атрадаў. Месца выгоднае — спуск на закругленні, насып высокі, круты.

Паражняк, які раніцай прагрукатаў з Гарохавіч на Хлуды, прапусцілі. Яшчэ два, гружаныя лесам, прайшлі па суседняй каляі са Жлобіна.

Пад поўдзень ужо. Горача, млосна. Ад доўгага ляжання ў людзей зацяклі рукі, ногі, кружыцца галава.

Загадаюць раптам ускочыць, бегчы, а ногі нібы гумавыя. Як пабяжыш? Але ляжаць, чакаюць. Палавіна партызанскага жыцця — такое вось віжаванне, чаканне, нярэдка, як цяпер, на жываце. Пасля вайны добра будзе служыць у пажарнай. Вопыт вялікі.

Сярод падрыўнікоў — амаль усе чыгуначнікі. Ім нават глядзець не трэба, які цягнік — гружаны ці паражняк,— слухам чуюць. Тоненька зазвінелі рэйкі. Лубан усё ж прыўзнімае з кустоў галаву. З боку Гарохавіч ледзь прыкметнае воблачка дыму. Дым гусцее, прыбліжаецца. Што ж, прыбаўляй, прыбаўляй, немец! Каб толькі ўзрывальнік не адказаў. Ён ад звычайнай гранаты. Вырваць чаку, і ўсё. Шнур драцяны, суцэльны, павінен вытрымаць.

Вунь і ахоўнікі сунуцца. Іх тут не хапала. Сыходзяць на край насыпу, каб прапусціць цягнік. Пастойце, паглядзіце, дарагія! Ужо хутка...

Цягнік навідавоку. Трэба пад чэрава яму, пад самае чэрава!..

Лубан у гэтую хвіліну страшны. Твар ад бяссонніцы змізарнелы, чорны, вочы гараць. Выбраўшы момант, калі паравоз набег на закапаную бомбу, Лубан рыўком, з усяе сілы торгае за шнур і нават не кідаецца на зямлю — стаіць на каленях, глядзіць.

Выбух. Агонь. Відовішча царскае. Паравоз, як наравісты конь, падкідвае зад, куляючыся ляціць у адхон. Вагоны са скрыгатам, трэскам — услед. У апошніх трох хуткасць, аднак, пагашана, скасабочыўшыся, утрымліваюцца на насыпе. Па іх сякуць з кулямётаў.

Тоўсты немчык з паліцэйскім на злом галавы кідаюцца на Хлуды. Толькі падэшвы мільгаюць у паветры. Куды вы, дабрадзеі? Спыніцеся на хвілінку, прыслухайцеся! Можа, бегчы не варта...

Ля Хлудоў, ля Гарохавіч тым часам грыміць. Партызаны пайшлі ў наступ на чыгуначную ахову. Зладжана пачалі канцэрт.

З вагонаў, што ляжаць у адхоне, выбіраецца раптам немец. Стаіць на карачках, затым паволі ўстае, абтрасае мундзір. Нават седлаватую шапку не згубіў. У такога і страляць няёмка. Нехта выпускае аднак кароткую чаргу з кулямёта.

Гоман, мітусня, нібы на кірмашы, на абсягу чыгункі, выдзеленым Дамачоўскай брыгадзе. Натоўпы вяскоўцаў перамяшаліся з партызанамі. За рэйку, нібы мурашкі за хрушча, хапаецца дваццаць чалавек. Валакуць скопам пад адхон, скідаюць, бяруцца за другую.

Коней вяскоўцы прыгналі з пастромкамі. Нават крукоў накавалі. Чапляюць рэйку, як барану, цягнуць некалькі гоней, топяць у балоце. Каб сам чорт днём з агнём не знайшоў.

Тут, на чыгунцы, як некалі на лесанарыхтоўках: адны пілуюць, другія тралююць, трэція возяць на склад.

Дзядзькі нават шпалы з насыпу выдзіраюць. Навейшыя спіхваюць пад адхон, старыя складваюць у штабялі, тут жа падпальваюць. Вялізныя дымныя вогнішчы палаюць узбоч чыгункі.

— Іван! — крычыць валюхаваты, мабыць, год не голены дзядзька.— Кастылёў не раскідай, у кузню забяром. На зуб’е.

— Будзе табе зуб’е. Немцы і твае павыбіваюць.

— Голаму разбой не страшан.

— Каб насып разраўняў, тады б зусім капцы. Не пазнаў бы, што была жалезная дарога.

— Каб яшчэ забаранаваць ды грэчку пасеяць. А што ты думаеш, расла б на пяску.

— Без рэек і так не паедзе. Аман.

— Пачакай, немцы так не папусцяцца. Ці чутае дзела — чыгунку знішчыць.

— Пнём аб саву, савой аб пень — усё адно. Паляць вінаватага і не вінаватага.

У вялізным мітуслівым натоўпе ніхто асабліва не камандуе, не загадвае. Ёсць другая сіла, што злучыла, з’яднала ў адно пярэсты, рознагалосы натоўп. Па чыгунцы ездзяць немцы. Яны нясуць смерць.

Гарбылёўцы гайкі не развінчваюць, сякуць рэйкі толам. Так хутчэй. Грыміць выбухамі чыгунка. Гэта, можа, і добра. Немцы не палезуць. Зрэшты, палезці яны не могуць. Ля Хлудоў, Гарохавіч чыгункі ўжо няма. У першую чаргу рвалі там. Бронецягнік не падыдзе. Бронецягнікі па паветры не лятаюць.

Бацькавіцкі атрад на чыгунцы ўвесь разам з камандзірам Якубоўскім. Перакур. Яўтушык, лежачы жыватом на адхоне, цвіркаючы слюнай, расказвае:

— За маёй памяццю сыпалі пуць. У тую вайну. Украінцаў нагналі, бабруйчан. Жалезная дарога добра, але, з другога боку, шкодная. Уга, якія тут былі лясы! Дубы стаялі, як вежы. Два чалавекі рукамі не абхвацяць. У літвінаўскага пана Горвата кішка стала тонкая ці мо што носам пачуў. Прыехаў з Варшавы, прадае лес. Купцоў зляцелася, як мух на падаль. Браты Равіковічы, добра помню, дубы пляжылі. Аднаго звалі Лейба, другога — Хаім. Заплацяць мужыку траячку, а таму што — цягае крыжы на станцыю, у Хлуды. Карысані такія спецыяльныя рабілі, па шэсцера коней запрагалі. За два гады лес як карова языком злізала.

Трактарыст Максімук, які ляжыць поруч з Яўтушыкам, дабаўляе:

— У свабоду многа лесу прапала. Пасля рэвалюцыі факцічаскі ніякай уласці не было. Гадоў тры валаклі з лесу, хто толькі не ляніўся. Тыны стаўлялі з дубовых колляў.

З-за грэбеня далёкіх сасоннікаў нечакана, як злодзей, вынырае нямецкі самалёт. Ляціць нізка, над самай чыгункай. Добра відаць крыжы з белымі разводамі на крылах і на корпусе. Крык, лямант, мітусня. Партызан, вяскоўцаў з насыпу як ветрам змятае. У момант нібы вымерла ўсё наваколле. Толькі трое коней стаяць, палахліва стрыгуць вушамі. Але вось нехта сцебануў іх пугай, пабеглі, памчалі коні, цягнучы за сабой вяроўкі з пастромкамі.

Самалёт над другім краем лесу развярнуўся. Ляціць узбоч чыгункі, стракочучы з кулямёта. У адказ — лежачы грудзьмі на схіле насыпу, на спіне, партызаны бухаюць з вінтовак. Лётчык, відаць, небяспеку адчуў. Самалёт знікае за лесам і болей не паяўляецца.

Забітых няма, паранены даўгашыі хлопец з Хлудоў. Разарваўшы рукаў сарочкі, медсястра з Гарбылёўскага атрада Соня перавязвае яму плячо.

Болей за тыдзень ідзе руйнаванне. Была чыгунка, і няма чыгункі. Дзядзькі з навакольных вёсак возяць шпалы на дровы.

Аднаўляць чыгунку немцы нібыта не збіраюцца. Змірыліся. Штосьці гэта ды азначае...

 

ЧАСТКА ДРУГАЯ

 

Раздзел першы

 

І

Да пачатку лета сорак трэцяга года на Прыдняпроўска-Прыпяцкім Палессі і ў прылеглых да яго раёнах адбылося амаль поўнае тэрытарыяльнае размежаванне партызанскіх і акупацыйных сіл. Акупацыйная ўлада пры дапамозе ўзброеных гарнізонаў захоўвае адносную стабільнасць у гарадах, мястэчках, буйных паселішчах, якія прылягаюць да чыгункі і да значных у ваенных адносінах дарог. Уся астатняя, пераважна сельская мясцовасць кантралюецца партызанамі.

Ёсць пераходная, ці, калі можна так сказаць, нейтральная зона, дзе прызначаная немцамі ўлада фармальна выконвае сваю ролю. Ноччу ў вёсках гэтай паласы валадараць партызаны, днём іншы раз завітваюць немцы.

Размежаванне двух лагераў, як бы аформленае тэрытарыяльна, засведчыла факт, што акупацыйная адміністрацыя з яе жандармерыяй, паліцыяй гэтак жа, як і ахоўныя воінскія часці, размешчаныя на чыгунках, дарогах, не могуць болей справіцца з перахліснуўшай берагі ракой партызанскага руху. Становішча вымушае акупантаў перайсці да абароны.

Акупацыя з пункту гледжання немца-адміністратара робіцца прывідам, губляючы палітычнае і эканамічнае значэнне. Захопленая партызанамі мясцовасць не плаціць падаткаў, не дае Германскай імперыі хлеба, малака, мяса. Заваёўваючы гэтую зямлю, нямецкі салдат паліў яе сваёй крывёю ў сорак першым годзе. Цяпер ён мусіць зноў вясці вайну, калі хоча атрымаць тону бульбы, рэквізаваць у вёсцы статак кароў ці свіней.

Акупацыя тут, на Беларусі, усё болей выліваецца ў адчайную спробу захаваць хоць які-небудзь парадак на чыгунках, дарогах, якія маюць ваеннае значэнне, звязваючы Германію з фронтам.

З пункту гледжання партызанскіх кіраўнікоў становішча таксама складанае. Яно вызначаецца, з аднаго боку, перамогай над акупацыйным парадкам, з другога — драматычнасцю, нават трагічнасцю дальнейшых шляхоў барацьбы з ворагам, які не лічыцца ні з якімі міжнароднымі законамі ў адносінах да мірнага насельніцтва. Знішчаюць народ — толькі так можна назваць паводзіны фашыстаў.

Наступае новы этап партызанскага руху. Ён не толькі ў тым, што рух становіцца масавым, што да яго далучаюцца новыя тысячы вясковых, гарадскіх жыхароў, а і ў тым яшчэ, што ствараюцца своеасаблівыя, у палітычных, эканамічных адносінах, аўтаномныя партызанскія раёны, якія, аднак, у выпадку ўмяшання воінскіх часцей ачышчаную ад акупантаў тэрыторыю ўтрымаць не ў сіле.

Мірна суіснаваць з акупацыйным парадкам партызаны не могуць. Партызанскі рух і ўзнік, як патрыятычны, сацыяльны пратэст народа, што знайшоў выйсце ва ўзброенай барацьбе з ворагам. Абсягі гэтай барацьбы яшчэ больш пашырацца, выльюцца ў самыя разнастайныя формы супраціўлення, аднак партызанская стратэгія застанецца нязменнай. Усяляк шкодзячы акупанту, зрываючы яго мерапрыемствы, памагаючы фронту нападамі на чыгункі, дарогі, знішчэннем варожай жывой сілы, тэхнікі, партызаны, аднак, не ў стане весці пазіцыйную вайну, абараніць ад ворага мірных жыхароў, іх набытак, занятыя імі вёскі, сельсаветы, калі стануць сам-насам з рэгулярным войскам. Тут пачынаецца супярэчнасць. Але вайна сама па сабе найвялікшая супярэчнасць.

 

ІІ

Штаб злучэння разам са штабам Гарбылёўскай брыгады перавандраваў з Літвінава ў вялікае лясное сяло Лужынец. Разлік у Бондара просты: паблізу дзейнічаюць атрады Гомельскага злучэння, а ім, палешукам, цяпер, як ніколі, трэба падмога суседзяў. Тым болей што суседзі — мацнейшыя. Шмат хто з іх кіраўнікоў, абласных і раённых, у лесе з першых дзён вайны. Дый за Пціччу гомельскія атрады фактычна былі толькі месяц, вярнуўшыся ў свае раёны яшчэ зімой.

Лужынец — сяло віднае. Прамая вуліца цягнецца вярсты на дзве. Мала засталося такога лесу, як у гэтым далёкім ад чыгункі, ад ракі кутку. Сухадольныя бары чаргуюцца з цёмнымі грабнякамі, дубровамі.

Штаб у школе. Бондара не пакідае трывога. Работу штаб разгарнуў: з усіх атрадаў, брыгад паступаюць весці.

Рост гарнізонаў у гарадах, мястэчках, на чыгуначных станцыях ёсць, але малы. На мясцовую сілу стаўку немцы не робяць. Прыбыццё новых вайсковых часцей не адзначана. Можа, зацішша перад бурай?..

Да начальніка штаба заходзіць Мазурэнка. Шырокі яго рот з рэдка пасаджанымі зубамі цвіце ва ўсмешцы.

— Радыстку новую прысылаюць,— паведамляе ён.— Паеду ў Парэчча сустракаць.

Бондар адчувае, што Мазурэнка не за тым прыйшоў.

— Што яшчэ, пане капітане?

Мазурэнка ўскаквае, бярэ пад казырок.

— Таварыш Бондар, прынята тэлеграма з партызанскага штаба. Вам прысвоена воінскае званне палкоўніка. Віншую вас, таварыш палкоўнік!

Радасці ў першую хвіліну Бондар не адчувае. Пра тое, што Лаўрыновіч прадставіў яго да гэтага звання, ведаў. Наконт прысваення верыў і не верыў. Цяпер сумненні ідуць у другім кірунку.

— Больш нікому не прысвоілі?

— Толькі табе.

Дык вось так, цяпер ён шышка. З капітанаў-акружэнцаў скочыў у палкоўнікі. Каб і ў арміі быў, то наўрад ці атрымаў бы вышэйшы чын. Перад братам-генералам, калі той жывы, не сорамна. А вось тут, сярод партызан, становішча далікатнае. Як прымуць яго ўзвышэнне другія начальнікі? Свае, гарбылёўскія, узрадуюцца. Бальшакоў, Хмялеўскі, Гервась. А Вакуленка? Надзьмецца, як індык, але хутка адпусціцца. Горш з другімі. З Міхнаўцом, Дзяругай, Млышэўскім, Лежнаўцом. Начальнікам штаба не хацелі прызнаваць.

Бондар пераводзіць гаворку на другое. Як ён, Мазурэнка, галоўны разведчык, ацэньвае становішча?

— Немцы рыхтуюць удар на фронце.

— Я пра нашы дзялы.

Замест адказу Мазурэнка выцягвае з планшэта і кладзе перад Бондарам некалькі спісаных ад рукі, але друкаванымі літарамі лісткоў. Нямецкія франтавыя зводкі. Мясцовыя баі ў Данбасе, пад Новарасійскам, на Таманскім паўвостраве. Але найбольш пра вайну з партызанамі. Акружаны, знішчаны цэлыя арміі. Месца аднак дакладна не называецца. Тыл цэнтральнага фронту.

Бондар узнімае вочы ад папер.

— Дзе ўзяў?

— Твае пляменнікі прысылаюць. З Бацькавіч. Пакуль газета, дык немцы для сваіх салдат вывешваюць.

— Вот што, Мазурэнка. Богам прашу. Складзі рэляцыю свайму начальству, а я зраблю для партызанскага штаба. Грукнем у два адрасы. Няхай адкажуць, што фашысты замышляюць. Ім жа з іх вышкі відней. Мы таксама — тыл цэнтральнага фронту.

— Аднолькава думаем, пане палкоўнік.— Мазурэнка шчэрыць рэдкія зубы.

Валам валіць народ у партызаны. Штаб Гарбылёўскай брыгады тут жа, у школе, і кожнай раніцы перад ганкам купка людзей. Іх прыводзяць байцы, якія вяртаюцца з заданняў. Большасць навічкоў — мясцовыя, з занятых партызанамі вёсак. Па ўзросту — зялёная моладзь.

Добра, што ідуць хлопцы ў партызаны, блага, што з голымі рукамі. У атрадах трэць людзей не ўзброены.

Бальшакоў заве Бондара да сябе.

З Гарбылёў прыйшла сувязная Хількевіч, паўнацелая, чарнявая жанчына. Працавала ў бальніцы, добра памагала, перадаючы ў лес бінты, медыкаменты. Не спытаўшы дазволу, з’явілася ў атрад, сям’ю прывалакла. На ганку, клюючы храшчаватым носам, дрэмле ад знямогі апрануты ў выцвілы картовы касцюм дзед, сядзіць пры клумках драпежнага выгляду старая. Цікаўна зыркаюць зеленаватымі вачамі два лабастыя хлопцы.

«Партызаны, ліха вашай матары! — мысленна лаецца Бондар.— Толькі жэрці. Чаго было перціся?»

Але спаткаўшыся з самотным, поўным нямой просьбы позіркам жанчыны, Бондар разгадвае мацярынскі страх за сыноў, лагоднее душой.

Ён ведае жанчыну па Гарбылях. Муж на вайне, у мірны час у мужавай біяграфіі нешта доўга, нудна высвятлялі. Паходзіў не то з кулацкай, не то з нэпманскай сям’і. Баіцца маці, каб з сынамі не паўтарылася гісторыя.

...Ціха, добра навакол. Блаславёная часіна, калі вясна ўвабралася ў сілу — яна ў самым вянку. Звініць лес ад птушынага шчэбету, востра, п’янка пахне разнатраўем, смалой-жывіцай.

Але і надаедлівы партызанскі вораг паявіўся — камар. Цяжка тым, што ляжаць у засадах.

Пажар у душы штодня.

Сэрца баліць вострым, адчувальным болем — нібы загналі туды жалезны цвік. У галаве засела адно: ён, Лубан, вінаваты ў смерці дзяцей і жонкі. Свет цёмны, змрочны. Адчай, які агортвае душу, мяжуе з вар’яцтвам. Неўтаймаваны боль Лубан носіць у сабе пастаянна, не могучы ад яго пазбавіцца ні днём, ні ноччу.

Адпачынак прыходзіць у сне. У сне Лубан бачыць дзяцей, жонку жывымі. У вачах жонкі — дакор. Старэйшы сын, якому споўнілася чатырнаццаць, апрануты ў выцвілую кашульку, нешта майструе...

Але сон нервовы, кароткі. Пажар падчас сну толькі прытухае, тлеючы чырвонымі іскрамі спадыспаду душы. Нешта торгае Лубана і ноччу. Як толькі ён расплюшчвае вочы, боль навальваецца з новай сілай. Дзе расстралялі дзяцей і жонку? У мылаварні, ля могілак? Там заўсёды расстрэльваюць. Старэйшы сын усё разумеў. Ён стаіць пад кулямі, а бацька ўцёк...

Ён бы ці звар’яцеў, ці пусціў сабе кулю ў лоб, каб тое, што рабілася ў яго на душы, не разгадалі другія. Першы паклікаў Лубана да сябе Вакуленка. Гэта было яшчэ за Пціччу.

— Вот што, бургамістр, бяры тол — і на чыгунку. Іначай загнешся. Ідзі да Федзі — ён у нас галоўны падрыўнік. Навучыць, як і што рабіць.

Калі Лубан ужо выходзіў з пакоя, Вакуленка затрымаў яго.

— Нас тут палавіна такіх... У каго забілі жонак, дзяцей. Але ж трэба жыць. Вот пабачыш — пакладзеш пару фашыстаў і стане лягчэй...

Федзя — танклявы, чарнявы хлопец гадоў васемнаццаці. Бацьку яго, старшыню сельсавета, закатавалі фашысты, як толькі прыйшлі ў сяло.

Жыццём Лубан не даражыць, смерці не баіцца.

Федзеву навуку — як падыходзіць да чыгункі, закладваць, маскіраваць міну — пераняў з першага разу. Другі эшалон — цягнік і дванаццаць цяжкіх пульманаўскіх вагонаў — ён скінуў сам. Ці яму, чыгуначнаму інжынеру, доўга трэба вучыцца, дзе і як выбіраць месца дыверсіі, ладкаваць зарад, выбіраць патрэбны момант?

Потым было руйнаванне чыгункі ля Хлудоў, падрыў яшчэ некалькіх эшалонаў, якія Лубан — цяпер ужо камандзір падрыўнікоў Бацькавіцкага атрада — правёў з бляскам, з адчайнай рашучасцю. І пацяплелі, бачачы бясстрашша, хмельную адвагу былога намесніка бургамістра, партызанскія сэрцы, зніклі хмурыя, насцярожаныя позіркі. Толькі, мабыць, ніхто не ведае, што хвіліны, калі Лубан ляжыць у зарасніку, трымаючы ў руках працягнуты ад узрывальніка шнур, ці кулём ляціць у адхон, паставіўшы націскны ўзрывальнік на віду ў эшалона, з’яўляюцца якраз тым збавеннем, калі яго часова пакідаюць пякучыя, адчайныя думкі.

Бальзам на незагойную Лубанаву рану кладзе жанчына. Яшчэ тады, калі ў Піляцічах вырашаўся лёс уцекачоў з мястэчка, Лубан выдзеліў з гурту жанчын Зіну, прыкмеціў прыхільнасць, спагаду да сябе ў яе вачах. Выпадак звёў іх праз два месяцы, калі ён ужо цвёрда хадзіў па зямлі, смела пазіраючы навокал.

Жанчына пазвала, і ён пайшоў да яе. Дзве адзінокія, з перабітым крыллем птушкі, яны імкліва, як толькі бывае на вайне, сышліся, зблізіліся. Вайна адбірае жыццё, жанчына яго вяртае.

 

ІІІ

Адзінокім ценем вандруе па піляціцкай вуліцы Міша Ключнік. Ён у нарадзе: правярае пасты, каравулы. Тысячагалосым хорам рэгчуць на ўзбалотку жабы. На агароды з лазнякоў напаўзае лава туману. Неба яснае, зорнае. Між двух ясакараў на школьным двары вісіць паўбоханчык месяца. Ледзь чутна папіскваючы, носяцца над саламянымі стрэхамі хлявоў кажаны.

Міша здымае з пляча, прыстаўляе да шчыкетніка вінтоўку, садзіцца на лавачку. Якраз насупраць хата былога валаснога бургамістра Спаткая. Веснічкі нават у змроку бялеюць. Учора на ганку гэтай, добра знаёмай хаты Міша перажыў вялікую мужчынскую знявагу.

Болей за два месяцы, калі, выбраўшыся з Піляціч, партызаны стаялі за Пціччу, затым блукалі па чужых сёлах, чакаў Міша спаткання з Зінай.

Ён толькі ўчора вярнуўся з задання. Вечарам кінуўся на Зінін панадворак. Ён і падарунак ёй нясе — пярсцёнак, вытачаны ім яшчэ за Пціччу са срэбнага, нэпманаўскіх часоў паўрубля.

Спаткала на ганку, нават у хату не пусціла. Прыгожая, цёплая. Гледзячы ў вочы, сказала:

— Не хадзі да мяне, Міша. Не саром. Цябе любіла і адлюбіла. Чалавек ёсць у мяне. Люблю яго.

— Я замуж цябе вазьму, Зіна.

— Позна, Мішачка. Трэба было браць раней. Цяпер я сама выбрала.

Як тапаром адсекла. Ён пайшоў. Дапытвацца не стаў. У такіх справах рашае жанчына.

Ужо выбраўшыся з двара, азіраючыся, каб пераканацца, што нікога паблізу няма, ніхто не бачыў яго ганьбы, Ключнік задрыжаў. Пякучая здагадка апаліла яго, зрабіўшы боль па Зіне невыносным. «Лубан, толькі ён! Яшчэ тады, напрадвесні, калі Ключнік адмовіўся выканаць загад Батуры і не расстраляў нямецкага прыхвасня, Зіна захаплялася Лубанам. Пры ім, Ключніку. На сваю галаву выратаваў нямецкага сабаку...»

Ён разумее, чаму Зіна асмялела. Пра Лубана загаварылі. Нямецкі начальнік у шапку не спіць, грахі выкупляе.

Ненавідзячы, пагарджаючы Лубанам, нейкай часткай душы Ключнік зайздросціць яму. Без года тыдзень у партызанах, а ўжо выславіўся. А ён паўтара года цягне лямку, і пра яго ні слова. Бегаў, туляўся, на карачках поўзаў, калі ад паліцэйскіх было не прадыхнуць. Хто гарнізоны насаджваў? Той самы Лубан. Пачуў нягоднік, што пахне смаленым, уміг перастроіўся. Шкуру ратуючы, сям’і не пашкадаваў. Батура правы быў: страляць трэба свалачэй. А цяпер ім павага.

Нічога, яшчэ будзе справядлівы суд. Няхай сто эшалонаў узарве Лубан, а тое, што чырвонаармейца застрэліў, прыпомніцца.

Зіна таксама — з гадзючага племя. За адным бургамістрам была, пабегла да другога. Толькі хвост гатова трапаць абы з кім, а ліпне да начальнікаў.

Ключнік адчувае, што трохі несправядлівы да Зіны. Цяпер Лубан не начальнік. Да скону дзён будзе выкупляць грахі, дый ці апраўдаецца?

Ключнік глядзіць на светлую ў шэрані ночы пляму Зініных веснічак, чакаючы, што вось-вось мільгне ля іх цёмная постаць. Ён ведае, што зробіць. Аклікне, і калі нядаўні намеснік бургамістра не спыніцца, не падыме ручкі ўгору, пашле да праайцоў. Тады квіты будуць. Няхай разбіраюцца, судзяць. Яму ўсё адно.

Ніколі да Зіны не ведаў Ключнік пакут рэўнасці. Сыходзіўся з жанчынамі, разыходзіўся. Кожная дарыла штосьці сваё, застаючыся ў душы ціхім, прыемным успамінам, а былі такія, што і ўспамінаць не хацелася. Яго не вельмі цікавіла, як паводзяць сябе жанчыны, з якімі ён быў блізкі, з іншымі мужчынамі. Ведаючы свае слабасці, ён даруе іх другім. Жанчыны яго заўсёды выручалі.

Мінулай зімой, калі, паранены, ён лячыўся ў Бацькавічах, выхадзілі яго медсёстры. Стараста, прыціснуты партызанамі, прывёз Ключніка ў бальніцу, здаў, і толькі яго бачылі. Рана на назе гнаілася, лекаў не было, кармілі так, што здаровы дух выпусціць. Клава і Вера прыносілі яду з дому, прамывалі рану марганцоўкай, адзелі, абулі.

Вылечыўшыся, ён сышоўся з Клавай. Жыла ў асобнай хатцы, з якой нямецкай бомбай сарвала дах. Мабыць, дзеля яго жыла, бо цераз вуліцу стаяў новы бацькаў дом. Клавін брат Сяргей Амельчанка, які, калі яшчэ немцы толькі занялі мястэчка, быў разам з Анкудовічам у партызанах, праз яго, Ключніка, зноў з імі звязаўся.

Клава памагала брату, разам з братам яе расстралялі. Схапіўшы, яе, мабыць, вінавацілі за тое, што Ключнік у яе жыў. Можа, гэты самы Лубан і арыштоўваў?

— Клава — не Зіна. Яго на другога не змяняла б. Ён яе не забудзе.

Ключніку робіцца шкада сябе. Што ён добрае бачыў? Бацькі не памятае, маці выйшла замуж за другога. Як толькі стаў падрастаць, у бацькавым доме стала цесна. Нават школы не скончыўшы, паехаў у ФЗУ. Кім толькі не быў — тынкоўшчыкам, маляром, мулярам. Затым армія, вайна, акружэнне. За свае дваццаць тры гады ведае Ключнік інтэрнат ды казарму. Ды цяпер валацужнае жыццё. Хто яго абагрэе, прытуліць?

У Зініных вокнах цёмна. Ключнік ускідае на плячо вінтоўку, пераходзіць вуліцу. Нячутна рыпнуўшы веснічкамі, асцярожна ступаючы, прынікае тварам да халоднай шыбіны. Ніякага руху ў хаце. Дый нічога не ўбачыш, бо праём акна захінае фікус.

Ён да дробязей ведае, дзе што ў доме. З зальчыка аклееныя шпалерамі дзверы ў бакоўку, і, можа, там з Зінай Лубан? Мог прыйсці днём і астацца. Пры адной думцы, што Зіна абдымае другога, ненавіснага, Ключнік губляе над сабой уладу. Гасіць кулаком у раму. Дзынкае разбітае шкло. Ключнік адскаквае і, хапіўшы аберуч вінтоўку, чакае.

У акне на імгненне мільгае белая постаць, чуваць тупат босых ног на падлозе, адчыняюцца дзверы. На ганку Зіна.

— Вокны пачаў біць, Мішачка. Пабі яшчэ адно, бургамістраву жонку хто абароніць? Чужы элемент. Толькі ж калі хадзіў да мяне, мабыць, пра тое не думаў. Цяпер стаў сазнацельны. Які ж ты дробны, Мішачка...

Дзіўна, ён стаіць, як шкадлівы цюцька, і слова не можа прамовіць. Зіна збягае з ганка, падыходзіць да яго ўшчыльную. Лютая, раз’юшаная.

— Слухай, бабскі ўгоднік. Калі яшчэ раз сунеш нос, вочы кіпятком залью. Я цябе за чалавека мела, а ты паскуда. Нічога, хутка ўцешышся. Такіх, як ты, я бачыла. Спадніц хапае, вот і бяжы за імі. А я цябе ведаць не ведаю...

Павярнулася, мільганула на ганку, ляснула дзвярамі.

 

IV

З раніцы ў суправаджэнні коннай аховы прыскакаў сакратар ЦК камсамола рэспублікі Марозаў. Яго Бондар ведае — бачыў мінулай восенню, калі ўзрывалі Пціцкі мост.

— Паляць нашу Беларусь,— з сумам паведамляе Марозаў.— Вынішчаюць цэлыя раёны. У Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай абласцях.

Марозаў — упаўнаважаны ЦК КПБ і партызанскага штаба. Уладу мае вялікую. Бондар расказвае аб справах, скардзіцца — пасля гібелі Лаўрыновіча сувязь між атрадамі рвецца, Цэнтральны штаб на новае злучэнне мала зважае. За тры месяцы — два самалёты. Аўтаматычнай зброі амаль няма.

У Марозава выгляд стомлены — пад вачамі цёмныя кругі, на твары нездаровая жаўцізна, бялкі вачэй у чырвоных атожылках ад бяссонніцы.

— Будзь пакуль за камандзіра. Бяры лейцы ў рукі. Чым можам, паможам. Дзве рэчы не забывай — беражы партызан і насельніцтва.

Пасля Бондара з Марозавым загаварыў Бурбіс, намеснік камандзіра злучэння па камсамолу.

— Думаем міжраённую камсамольскую канферэнцыю правесці, Мікалай Пятровіч. Можа, вы выступіце?

Марозаў насмешліва скасавурыў вочы.

— Доўга ты думаў аб сваёй канферэнцыі?

— А што? Тры раёны амаль вызвалены. Сабярэм актыў з вёсак, сельсаветаў, пагаворым, паставім задачы.

— Як гэта — пагаворым?

— Сабярэм людзей вось тут, у Лужынцы.

— Глупства, брат. Нават злачынства. Асабліва цяпер, калі карнікі актывізуюцца. Ты хіба рашэння ЦК не атрымліваў? Нават на вызваленай тэрыторыі ніякіх легальных сходаў, канферэнцый не можа быць. Канспірацыю ніякім чынам паслабляць нельга. Запомні гэта, Бурбіс.

Назаўтра, асядлаўшы каня, Бондар едзе ў Гомельскую брыгаду «Бальшавік». Пры ёй штаб злучэння.

Над галавой яснае, без хмурынкі неба. Балацянкі асмужаны, як бы ахутаны лёгкім туманам. Носяцца, пранізліва кігікаючы, кнігаўкі. Паспелі ўжо вывесці птушанят. Лясны птушыны перагук зліваецца з рознагалосай музыкай зямлі — трашчаць у траве конікі, зумкаюць мушкі, гудуць, звіняць, пералятаючы з кветкі на кветку, чмялі. Хмельны, густы пах на лугавінах. Самая пара касіць. Але касцоў не відаць.

Трапляюцца па дарозе купкі партызан — конныя, пешыя. У некаторых цераз грудзі аўтаматы. Партызаны — дзеці аднаго бацькі, але не аднакія: гамяльчан лепей забяспечваюць.

Штаб брыгады — у лесе, каля зарослай па берагах крушыннікам рэчкі Сведзь. Цячэ Сведзь у Бярозу, Бяроза — у Днепр. Куток дзікі, глухі. Ад чыгункі не меней як паўсотні кіламетраў.

Жыхар — камандзір злучэння — нізкаваты, лысаваты, з вузкім разрэзам шэрых, праніклівых вачэй. Памоўчвае, гаворыць пра дробязі.

Бондар выкладае трывогі. Жыхар, сумна ківаючы галавой, згаджаецца.

— Паліць будуць. Нас — трэці раз. Трэба дарогі гусцей мініраваць, з чыгункі не злазіць. Тады хутчэй апомняцца.

Дарога да Сведзі ідзе праз Лужынец. Калі даваць бой, то толькі ля Лужынца. Сіламі з’яднаных брыгад. Гамяльчане мусяць памагчы.

Жыхар зноў згаджаецца.

Вяртаючыся ў штаб праз Казіміравічы, Бондар чуе, што яго аклікаюць. Азірнуўшыся, бачыць плячыстага, з шырокім, знаёмым тварам чалавека.

— Павел Антонавіч, не пазнаеш?

Голас густы, як гук іерыхонскай трубы.

— Мы з табой у лясной школе вучыліся. У Бацькавічах! Не пазнаеш?

Так і ёсць, Мікалай Мікалаевіч.

Бондар злазіць з каня, з паўгадзіны гутарыць з даўнім местачковым таварышам.

Ускочыўшы ў сядло, выехаўшы з Казіміравіч, Бондар успамінае старога Грыня, дзеда Мікалая Мікалаевіча. Фацэтны быў чалавек, славуты далёка за межамі мястэчка. У маладосці бясконца жаніўся. Прыедзе ў далёкае сяло, прыкінецца бязродным, прыстане да ўдавы ці дзеўкі, а праз тыдзень — наўцёкі. Вырабляў штукі Грынь увесь век. Абсмаліўшы аглоблі, пад выглядам пагарэльца ездзіў па чужых валасцях збіраць дапамогу.

Ён нават з камсамольцамі хаўрусаваў. Бондар — тады сакратар ячэйкі — у велікодную ноч пасадзіў Грыня на трактар, а той ездзіў вакол царквы, гарланячы, што бога няма.

Бацька Мікалая Мікалаевіча — таксама дзівак. Уступіўшы ў калгас, выслухаўшы казанне лектара, прыбег ноччу дадому, паскідаў з покута іконы і ў адзін мах пасек. Потым з калгаса ўцёк, вывеў з грамадскай канюшні каня, забраў калёсы. Яго нават судзіць хацелі.

Цяпер уся сям’я ў партызанах.

Ноччу Бондара будзіць Мазурэнка. Падсвечвае кішэнным ліхтарыкам шматок паперы, а рука дрыжыць. Масква папярэджвае. У тэлеграме гаворыцца, што ў Карачаве, на Браншчыне, грузіцца ў эшалоны дывізія СС «Варшава», якая, па агентурных дадзеных, накіроўваецца на Палессе.

 

Раздзел другі

 

І

Май надзіва ціхі. Жандармерыя нікога не арыштоўвае, не дапытвае.

У лясгас цэлымі пачкамі прыходзяць газеты, якія выдаюцца на рускай мове. Яны бясплатныя — бяры, чытай.

Друкуецца матэрыял аб жахах бальшавіцкага гаспадарання ў Харкаве, які ўжо другі раз вызваліла нямецкае воінства. Усіх, хто дзе-небудзь працаваў, НКВД як быццам арыштоўвае, здзекуецца, высылае ў Сібір.

На сценах будынкаў, парканах — лістоўкі, плакаты пра стварэнне арміі генерала Уласава, які добраахвотна перайшоў на нямецкі бок і вядзе змаганне за новую, без камісараў і камуністаў, Расію.

Вораг вядзе наступленне агітацыяй. Трэба і ім, змоўшчыкам, нешта рабіць.

Мінулагодняй зімой, калі хлопцы толькі намацвалі сцежкі змагання, здолелі тым не меней надрукаваць лістоўку. Цяпер, калі ёсць сувязь з партызанамі, радыё, калі пабольшалі рады, лістоўку не надрукуеш. Рэдакцыі ў мястэчку няма, а сабраны шрыфт яны раскідалі, калі пачаліся арышты.

Цяпер партызанскую лістоўку, рэдкую савецкую газету чытаюць, як малітву. Усю — ад першага да апошняга радка.

За зіму ў Міці назбіралася матэрыялаў. Ён іх хавае ў хляве, у застрэшшы. Ёсць дзве кніжкі пра вынікі зімовага наступлення Чырвонай Арміі, брашура Сталіна «Аб Вялікай Айчыннай вайне», некалькі газет.

Газеты Міця нясе Прымаку, Плотніку — няхай пускаюць па крузе.

Ёсць вялікая радасць у прылучэнні другога чалавека да патайной справы, няхай сабе гэта толькі чытанне.

Адносіны, якія між людзьмі ў такі момант узнікаюць, асаблівыя, незабыўныя, яны грунтуюцца на той небяспецы, якая пагражае абодвум — хто даў лістоўку і хто ўзяў.

Міця выбірае хвіліну, калі ў пакойчыку, дзе шчоўкае на лічыльніках Асоцкі, нікога няма. Вымае з унутранай кішэні пінжака, кладзе на стол перад пасівелым бухгалтарам брашурку Сталіна. Той глядзіць на назву, чырванее, бялее, узнімае на Міцю спалоханы позірк. «Пачытайце,— ціха гаворыць Міця.— Мне таксама далі пачытаць». Асоцкі похапкам хавае кніжачку ў шуфлядзе стала пад стус старых папер.

Цэлы дзень ён раз-пораз выходзіць у калідор пакурыць. Тайна, якой валодае, нібы пячэ яго, не даючы спакою.

Назаўтра Асоцкі — вясёлы. Па-змоўніцку падміргвае Міцю. Пра брашуру маўчыць, хоць за вечар можна было прачытаць. Відаць, даў яшчэ некаму. Няхай дае.

Кніжачку пра вынікі баёў Міця дорыць Пятру Малінцу. З Пятром разам вучыліся, сябравалі, потым ён у вучобе адстаў. Дружбацкія ніці аслаблі, але не парваліся зусім. У мястэчку многа хлопцаў, звязаных школай, і шмат каго з іх можна прылучыць да патайной работы.

Пятро ў хаце брашурку не чытае, кідаецца ў садок.

Апошнюю кніжачку Міця аддае нечакана для самога сябе. Спатыкае на вуліцы Адама Вашчылу, загадчыка Сівалобаўскай школы, дзе працуе Сюзана. Яны стаяць на дашчаным тратуары, аб сім-тым размаўляюць. Пра Сюзану Адам — ні слова. І хоць Вашчыла — чалавек малазнаёмы, з другога сяла, Міця, развітваючыся, кладзе яму ў далонь тоненькі сшытак. Вашчыла разумее ўсё мігам, цісне Міцю руку, подбегам шыбуе прэч.

На тупіковых пуцях — эшалон з вагонаў-цяплушак. Жыве ў ім пярэсты народ: мабілізаваныя для работы на чыгунцы палякі, чэхі, сербы, нават бельгійцы і французы ёсць. Шматгалосая гаворка не сціхае каля цяплушак з раніцы да вечара. Местачковыя хлапчукі вядуць з рабочымі гандаль і абмен.

У Міці нараджаецца ідэя, але ён не ведае, як яе ажыццявіць. Ёсць маскоўская газета «Известия» за першае мая, у якой надрукавана пастанова аб роспуску Інтэрнацыянала. Газету зачыталі да дзірак, было б добра, пакуль зусім не парвалася, перадаць палякам ці чэхам. Але няма сярод замежных рабочых знаёмага.

Летась, калі Міця жыў у будцы, да іх заходзіў паляк. Таму можна было б аддаць, немцаў ён ненавідзеў люта.

Выручае Прымак. Ён — увішны, блукае па ўсіх закутках мястэчка. У Піны Грушэўскай паспеў завесці знаёмства з чэхам-чыгуначнікам. Па словах Аляксея, чэх аж кіпіць, калі пры ім успамінаюць немцаў. Што ж, такому чалавеку газету даверыць можна. Няхай сам Прымак і аддасць.

Назаўтра Аляксей прыносіць пачак сігарэт «Privat». Іх чэх падараваў у знак удзячнасці. Ахвяра немалая — пачак сігарэт каштуе пяць марак.

 

II

Дзіўна, партызаны выклікаюць Міцю на сувязь. Да Прымака прыходзіць знаёмая дзяўчына, прыносіць запрашэнне. Яшчэ болей дзіўна, што жыве дзяўчына ў Малкавічах, дзе Мікола сустракаецца з Мазурэнкам. Можа, правая рука не ведае, што робіць левая? Але калі клічуць — трэба ісці.

Каця Харошка — так завуць сувязную — Міцю падабаецца. Бялявенькая, вастраносенькая. Прынесла ў мястэчка кошык яек, купіла солі. Дамовіліся — у нядзелю Міця прыйдзе ў Кавенькі, а там, на грэблі за алешнікам, няхай яго чакаюць.

Ускінуўшы на плечы пусты мех, Міця ідзе ў Кавенькі. Паліцэйскія, якія стаяць на пераездзе, праводзяць яго скасавуранымі позіркамі, але куды ідзе, не пытаюць.

Міця думае, што яго выклікае Драгун. Можа, вынікла штосьці асаблівае?

Кавенькі блізка.

Мінулагоднім летам Міця папярэдзіў старасту Буяна, якога хацелі арыштаваць. Стары Буян з дому сышоў. Не чуваць пра яго. Летась ля Кавенек быў бой, у якім забіты начальнікі жандармерыі і паліцыі. Ніякіх другіх падзей там болей не адбылося.

Міця разлічвае зайсці да Грышы Лапаты — вучыўся разам з ім да восьмага класа. З Грышам яны нават спаборнічалі: то Міця атрымліваў пахвальную грамату, то Грыша. Пасля сямігодкі Лапата паехаў у Мінск, у харчовы тэхнікум, і калі, задумаўшы скончыць за год два класы, Міця напісаў яму аб гэтым, Грыша адразу прыслаў падручнік па хіміі.

План рушыцца адразу. Грыша — не адзін, на прызбе — ватага хлопцаў. Местачкоўцу рады — распытваюць пра навіны, пра немцаў. Міцеў аднакласнік — надзвычай малы ростам, чарнявы, рухавы — рагоча разам з усімі, як бы нават не здагадваючыся, што Міця прыйшоў да яго. Нарэшце Міця адклікае Грышу ў двор. Але хлопцы ўсё адно сядзяць на прызбе, на іх вачах на грэблю за алешнік не пойдзеш.

Міця разумее — зрабіў памылку. Не варта было прызначаць сустрэчу за Кавенькамі ды яшчэ ў нядзелю, калі людзі дома. Ён тлумачыць — прыйшоў да цёткі купляць парасё (цётка ў Кавеньках ёсць), цягне валынку, ведучы дробязную, непатрэбную размову. На Міцевым гадзінніку тым часам палова чацвёртай. Хлопцы нарэшце разыходзяцца.

На грэблі за алешнікам Міця чакае цэлую гадзіну — нікога няма.

Назаўтра Каця Харошка зноў у мястэчку.

Міця прызначае цяпер спатканне ў лесе, каля старой смалакурні. Месца добра ведае — колькі разоў вандраваў там, збіраючы грыбы.

Стоены, маўклівы сасоннік. Зрэдку перагукваюцца птушкі. Пахне смалой, багуном, які цяпер на лясных балацянках сама пачынае цвісці.

Міця мінуў абадраную — толькі рэбры тырчаць — смалакурню, не спадзеючыся каго-небудзь убачыць, як наперадзе, на дарозе, мільгае цёмная постаць. Ён азіраецца — нехта пераскаквае дарогу ззаду. Міця стаіць, чакае.

Ад расчаравання ён ледзь не ўскрыквае. З-за тоўстых, кашлатых хвой на дарогу выходзіць Адамчук, з ім незнаёмы рудаваты чалавек у акулярах. Дарожны майстар у брызентавым плашчы, ён пахудзеў, змізарнеў, пад вачамі — сінякі. Два хлопцы, ужо не маскіруючыся, кладуцца пад хвоі, накіраваўшы вінтоўкі на дарогу, якая вядзе ў мястэчка. Гэты несхаваны недавер — ці не прывёў каго з сабой — Міцю абражае.

Вітаецца ён стрымана, неахвотна адказвае на пытанні, якімі па чарзе закідваюць то Адамчук, то прысадзісты, які называе сябе Пітляром.

Нарэшце партызаны і Міця садзяцца на дол, на рэдзенькую, жорсткую траву, гаворка ўсчынаецца болей спакойная.

Міця даўно заўважыў за сабой рысу, з якой не можа саўладаць. Пры самай нязначнай абразе ён зацінаецца, зняважаны гонар як бы не дазваляе яму прыхільна глядзець на чалавека, які нанёс крыўду.

Адамчук вядзе з Міцем размову ў павучальным тоне, як з недарослым. Бачыць сябе ў ролі мудрага настаўніка:

— Немцаў хутка прагоняць. Трэба, чым можна, памагаць Чырвонай Арміі, партызанам. Савецкая ўлада спытае ў кожнага, як сябе хто паводзіў...

Адамчук збег з партызанскага атрада, аддаў немцам патайныя базы, рамантаваў чыгунку, і тады яго Міця люта ненавідзеў. Але цяпер дарожны майстар — партызан, Міця мусіць яго слухаць. Сям’я Адамчука расстраляна, ён прынёс сваю ахвяру...

Пітляр робіць лепшае ўражанне. Як бы разгадаўшы прычыну Міцевай зацятасці, пытае:

— Вы не адзін? Ёсць яшчэ патрыятычна настроеныя хлопцы?

Затым Пітляр расказвае пра сябе. Ён дацэнт, выкладаў у інстытуце батаніку, добра ведае расліны, дрэвы. Гэтыя, што растуць навакол, таксама. Але цяпер раслінамі займацца не час — трэба ваяваць.

— Мы хочам мець сувязных,— працягвае ён.— Будзеце перадаваць розныя звесткі, медыкаменты. Выходзіць з мястэчка не абавязкова. Нашы людзі вас знойдуць.

Міця ўсміхаецца. Дацэнт таксама глядзіць на яго, як на хлопчыка. Але хіба скажаш яму, хто яны і чым займаюцца?

Пітляр вымае з камандзірскай сумкі пачак грошай. Дае на медыкаменты. Просіць, аднак, напісаць распіску. У пачку тысяча марак — на такую вось суму...

Грошы спатрэбяцца.

Міця піша распіску на кавалачку паперы, які дае Пітляр, падклаўшы вайсковую дацэнтаву сумку.

Астатняе — поўная нечаканасць. Адамчук паварочваецца да Міці тварам, аднак глядзіць некуды ўбок:

— Заданне такое — забіць Крамера. Даю дзве лімонкі. Возьмеш яшчэ каго з хлопцаў і кінеце ў акно. Вечарам трэба, як сцямнее. Толькі чаку не забудзьце вырваць. А тады бульбаю, бульбаю — наўцёкі.

Адамчук такі добра ведае Крамераў двор.

— Мы б самі забілі нямецкага гада,— працягвае Адамчук.— Ды ноччу ў мястэчка не прабярэшся. Вось паглядзі, як гэтая штуковіна страляе...

У руках дарожнага майстра кавалерыйская СВТ, аднак на рулю яе надзета штосьці накшталт веласіпеднага насоса. Адамчук садзіцца, бярэ прыклад да пляча, націскае на спуск. З рулі вырываецца клубок дыму і ледзь чутны трэск. Нібы сухая галінка пад нагамі зламалася.

Адамчук дае Міцю тры згорнутыя трохкутнічкамі запіскі. Называе прозвішчы — каму перадаць. Але пра запіскі Міця ў гэты час не думае. Ён хавае іх за пазуху. Зняўшы туфлі, рассоўвае паверх сцелькі маркі. Гранаты хавае ў кішэні.

Развітаўшыся з партызанамі, дамоў Міця прабіраецца лесам, раз-пораз кідаючы насцярожаны позірк на дарогу.

Прыкра, нядобра на душы. Не варта было ісці на гэтую сустрэчу. Штосьці не зусім звычайнае ён адчуў з самага пачатку. Навошта Крамера забіваць? Чаму іменна Адамчук дае такі загад?

Па дарозе Міця супакойваецца. З пункту гледжання партызан Крамер, вядома, вораг. Каб трапіў да іх у рукі, то жывога не выпусцілі б. Але Мазурэнка, якому група падпарадкоўваецца з восені, забойства Крамера не патрабуе. Так ці іначай, але Міця нічога рабіць не будзе. Мікола параіцца з Мазурэнкам.

На ўзлессі, выбраўшы густы арэхавы куст, Міця хавае ў леташнім лісці гранаты. Ідучы ў лес, надзеў старыя, з вузкімі калашынамі штаны, і гранаты гэтак з кішэняў вытыркаюцца, што першы паліцай схопіць. Ён прыйдзе сюды пазней і забярэ іх.

Міця наважыў выбрацца на дарогу, якая вядзе з Кавенек у мястэчка. З поля збочыў у кустоўе. Час не рангі, за поўдзень ужо, тым не меней, калі ён прыбавіць кроку, то хоць пад канец дня з’явіцца на работу. Паказацца ў лясгасе трэба.

Але калі не шанцуе, то не шанцуе. Не паспеў Міця, узмакрэлы, задыханы, выскачыць з кустоў на дарогу, як з-за павароту крочыць насустрач гурт немцаў. Хавацца назад у кусты нельга. Міця, нацяўшыся, ідзе.

Калона невялікая — чалавек сорак. Вядзе яе ў Кавенькі той самы нізкаваты унтэр-афіцэр, які, па просьбе Лагуты, вызваліў Міцю ад работы на чыгунцы.

Міця, павітаўшыся, размінаецца з немцамі. «Kärl aus der Oberförsterei»!1,— чуе за сабой голас.

Пазнаў яго не толькі унтэр-афіцэр, але і нехта з салдат. Дзіва няма, ледзь не ўсе местачковыя немцы выпісваюць у Лагуты махорку.

Міця падышоў ужо да пераезда, калі ззаду, у Кавеньках, пачуў частыя вінтовачныя стрэлы. Справа набывае кепскі выгляд, трэба нешта прыдумаць.

Дома пад насцярожанымі позіркамі маці, цёткі Міця пераапранаецца, ідзе ў хлеў. Ногі ў дзіравых насках потныя, некалькі грашовых паперак ён расцёр, расшкамутаў нашчэнт. Схаваўшы астатнія грошы ў падстрэшша, Міця бяжыць у лясгас.

На тратуары, насупраць жандармерыі, стаяць лужынецкі бургамістр Вейс, незнаёмы паліцай і жандар, які хадзіў да Мар’і Іванаўны вывучаць рускую мову.

Міця напускае збянтэжаны выгляд, падыходзіць.

— Я ішоў у Кавенькі, хацеў купіць парасё,— дакладвае ён.— Але там пачалі страляць, і я ўцёк.

— Ведаем,— жандар не праяўляе да навіны ніякай цікаўнасці.

Байку пра парасё Міця расказвае і ў лясгасе.

 

1 Хлопец з лясгаса (ням.).

Раздзел трэці

 

І

З раніцы на станцыю сталі прыбываць эшалоны, напалавіну з вагонаў, напалавіну з платформ, на якіх акрытыя брызентам бронеаўтамабілі, танкеткі, грузавікі, лёгкія палявыя гарматкі, а таксама звычайныя вайсковыя фуры. Коні, як і людзі,— у вагонах.

Раніца светлая, цёплая, і здаецца, нішто не прадвяшчае бяды. Толькі мінула сёмуха, уваткнутыя ў перакладзіны варот, вуглы хат, падаконнікі тырчаць прывялыя зялёныя галінкі. Двары, дарожкі пасыпаны жоўтым пяском — як бы спецыяльна чакала мястэчка нязваных гасцей, што сваім лямантам, трэскам матацыклаў аглушаюць вуліцы.

На станцыі ёсць спецыяльная пляцоўка для выгрузкі вайсковых эшалонаў. Сюды эшалоны падганяюць. Але іх многа, імі забіта ўся станцыя.

Мясцовыя немцы-чыгуначнікі перапалоханы. Носіцца, не чуючы пад сабой ног, таўставаты, прысадзісты начальнік станцыі, хрыпла аддае каманды. Манеўровыя паравозы стаяць пад парамі. Яны адцягваюць на запасныя пуці пустыя вагоны, платформы, падганяючы пад выгрузку новыя.

А машыны, танкеткі, фуры ўжо ўцягваюцца ў пыльныя местачковыя вуліцы. Несучыся па ўзбочыне, іх абганяюць матацыклісты, усе, як адзін, без пілотак, у расхлістаных мундзірах, з закасанымі па локаць рукавамі. У малюнку напорыстасці, рашучасці, з якой эсэсаўцы імчаць па вуліцах, ёсць шмат агульнага з тым, трохі прызабытым відовішчам, калі на схіле лета, амаль два гады назад, немцы толькі ўязджалі ў мястэчка. Выгляд нястрымнай, гарластай армады такі, як быццам яна другі раз заваёўвае зялёнае драўлянае паселішча.

Падзяліўшы вуліцы, завулкі, заваёўнікі расцякаюцца па дварах, становяцца на кватэры. Распрануўшыся да пояса, а некаторыя да трусоў — абліваюцца ля калодзежаў вадой. Іх голыя, валасатыя і безвалосыя грудзі, у суцэльных татуіроўках: мільгаюць жаночыя твары, профілі, прабітыя стрэламі сэрцы, арлы, свастыкі. Эсэсаўцы — маладыя, сама болей ім — па дваццаць, дваццаць пяць гадоў. Нямецкая парода, пра якую столькі пішуць у газетах, праглядвае не надта: сярод светлавалосых, русявых, блакітнавокіх нямала цыганаватых, цёмных, з круглымі, як надзьмутыя шары, галовамі.

На пятліцах, рукавах салдат — эмблемы чарапоў са скрыжаванымі касцямі.

Тое, што мястэчка стала табарам эсэсаўцаў, яно адчувае ў першы ж дзень, праўдзівей, у першы ж вечар. Самі жыхары мястэчка экзекуцыі не падлягаюць. Радавыя, шарфюрэры, унтэрфюрэры, штурмфюрэры не хочуць псаваць добрых адносін з гаспадарамі, у хатах якіх размясціліся. У гэтых дварах курэй, гусей, парасят яны не чапаюць. Ёсць вясковае наваколле, якое аб’яўлена бандыцкім, а там дзейнічае эсэсаўскі закон.

Вечарам у печах і пасярод двароў палаюць дровы, на патэльнях, бляхах, жароўнях вялікімі, груба нарэзанымі кавалкамі смажыцца свініна, парасяціна, бараніна. Шкуры, кішкі, вантробы, адрэзаныя галовы, валяюцца тут жа пад парканамі. Заваёўнікі — шчодрыя, за драбязой не гоняцца. Яны не душацца пайком, як задрыпаныя салдаты вермахта, іголкі, фарбы на яйкі не мяняюць.

Першая радасць рыцараў фюрэра — яда. Яны ядуць не часта, затое доўга і многа. Пераможцы насычаюцца тым, што адабралі ў ахвяр — на гэтым трымаецца высокі эсэсаўскі дух.

Ахопленыя страхам, местачкоўцы здзіўляюцца: нібы з галоднага краю маладыя фашысты. Ні адно самае вялікае застолле не можа з’есці столькі мяса, колькі яны. Шырокая патэльня ці бляха на кожнага. Грызуць, выкідваючы косці пад ногі, хлеба амаль не кратаюць, запіваюць з’едзеныя кавалкі віном.

 

II

У Міцевым двары таксама чарада эсэсаўцаў. Іх машына з шырокім, абцягнутым брызентам кузавам стаіць насупраць двара, на выгане, і яны раз-пораз бегаюць туды, валакуць у двор каробкі, скрынкі з прыпасамі. Знакаў адрознення на мундзірах Міця не разбірае, яны не такія, як у вермахтаўцаў. Але адразу кідаецца ў вочы — асаблівай субардынацыі сярод эсэсаўцаў няма. Салдаты не цягнуцца ў струнку перад афіцэрамі, не камандуюць адзін другім, не аддаюць загадаў. Можна нават падумаць, што маладых вайскоўцаў яднае нейкая асаблівая дружба і таварыскасць. Абедаць садзяцца разам, смяюцца, падколваюць адзін другога, а калі п’юць віно, то бутэлька ідзе па кругу, і кожны, нават не выціраючы рыльца, прыкладваецца да яе.

Эсэсаўцы занялі большы чысты пакой. На кухні валадараць таксама, забраўшы ў маці і цёткі каструлі, скавародкі, бляхі. Вараць, смажаць цэлы дзень.

На службу Міця не ідзе. Ім валодае смутная трывога. Эсэсаўцы прыбылі не проста так. Як яны сябе павядуць, яшчэ невядома. Атрад СД, які наляцеў мінулым летам, таксама ў першы дзень нічога не рабіў. Арышты пачаліся, калі немцы агледзеліся. Калі Міця трапіць у турму зноў, то ўжо не вырвецца.

Нягледзячы на меры перасцярогі, памылку Міця робіць у першы ж дзень. З раніцы прыйшоў Мікола, затуліцца з ім, як раней, у хаце нельга, і Міця павёў таварыша ў хлеў.

Праз хвіліну туды прыбягае ўстрывожаная маці.

— Немцы шэпчуцца,— узрушана паведамляе яна.— Ім не падабаецца, што вы схаваліся. Ідзі хутчэй адсюль, Колька!..

Выйшаўшы з Міколам з хлява, Міця наважвае бараніцца. Нізкаросламу, цыганаватаму эсэсаўцу, які стаіць на парозе і пранікліва пазірае на хлопцаў, ён, як умее, тлумачыць па-нямецку, што яго таварыш служыў у паліцыі, страціў руку, а цяпер атрымлівае пенсію. Эсэсавец глядзіць трохі лагадней, загаварыўшы раптам на чыстай рускай мове. Ён, аказваецца, з ліку паволжскіх немцаў, трапіў у палон, а затым перайшоў да эсэсаўцаў.

Міця рашае з хаты сысці. З суседзямі — прыязныя адносіны, і ён ідзе да Стрыбуковай Мар’і — яна жыве насупраць, праз выган. У Мар’і двара няма, бульба падступае пад самую хату, і эсэсаўцы ў яе не спыніліся. Затое двое ці трое атабарыліся ў хаце яе брата Арцёма Драча, якую аддзяляе ад Мар’інай хаты прамежак агарода. Някідкая ў Арцёма хацінка — абымшэлая, крывабокая,— як і сам гаспадар, што вярнуўся інвалідам з першай германскай вайны.

— Ідзі да Арцёма,— гаворыць Мар’я.— Там толькі адзін немец. Круціць радыё і песні слухае. Я прыйшла, дык не прагнаў.

У Арцёмавай хаце пахаджвае ў нацельнай сарочцы малады, высокі, з інтэлігентным тварам эсэсавец. На тонкі прамы нос уздзеты шкельцы акуляраў. З прыёмніка чуецца нямецкая песня і якраз тая адзіная, якую Міця трохі ведае — «Лілі Марлен». Голас спявачкі мяккі, прыемны, і немец у такт мелодыі пстрыкае ад задавальнення пальцамі. Міця вітаецца, садзіцца на лаўку.

Выслухаўшы яшчэ некалькі песень, падобных адна да другой, эсэсавец раптам круціць за рычажок, і вось ужо з прыёмніка чуецца ясная руская мова. Далёка Шараметаву «Калгасніку» да гэтага бліскучага «Тэлефункена». Голас дыктара чоткі, выразны, нішто ў прыёмніку не трашчыць і не завывае.

Міця ўвесь націнаецца. Масква перадае апавяданне. Голас артыста ўсхваляваны, ён расказвае, як два старыя ўкраінцы перавозяць байцоў цераз раку, даючы наказ хутчэй вяртацца назад, выганяць фашыстаў.

Нечаканы перапынак, патрэскванне ў рэпрадуктары, і вось гучыць ужо савецкая песня, нязнаная, нячутая, яна нарадзілася, мабыць, за гэты час, што жыве Міця пад акупацыяй:

 

Ой, Днепро, Днепро, ты широк, могуч,

Над тобой, Днепро, журавли...

 

Дыханне перахоплівае, на вачах у Міці, нягледзячы на тое, што па хаце выдыбае эсэсавец, слёзы. Той заўважае Міцеву ўзрушанасць, крыва ўсміхаецца, адразу выключыўшы радыёпрыёмнік.

— Im Zuge dzieser Sommer mit Bolschewisten wird abgemacht werden1,— заяўляе ён, пачынаючы апранацца.

З Мар’інай хаты Міця сочыць за сваім панадворкам. Там нібыта спакойна. Эсэсаўцы высыпаюць з двара, ідуць на выган, лезуць у кузаў. Грузавік раве маторам, выкіроўвае на шлях, знікаючы за пераездам. Ужо далёка за поўдзень. Выгрузка эшалонаў працягваецца. Па вуліцы грымяць гусеніцамі танкеткі, вуркочуць, падымаючы пыл, браневікі. Міцю раптам апальвае думка, што лічыць нямецкую тэхніку не мае сэнсу. Мікола зараз жа мусіць ісці на сустрэчу з дэсантнікамі.

Галоўнае — папярэдзіць: у немцаў моцны браніраваны кулак.

Да суседкі прыбягае маці. З лясгаса па Міцю прыслалі дзяўчыну. Ляснічы Лагута выклікае яго да сябе.

Пяць гадзін ужо, рабочы дзень фактычна скончаны. Міця не ведае, што рабіць. Можа, у Лагуты той самы эсэсавец, які ў Арцёмавай хаце дазволіў паслухаць радыё? І летась жа за радыё арыштоўвалі. Можа, гэта была правакацыя, а ён, як дурны карась, клюнуў на вудачку?

Не, без папярэдняй разведкі Міця ў лясгас не пойдзе. У Вакзальным завулку жыве галоўны бухгалтар Мацыеўскі, і напачатку Міця заскочыць да яго што-небудзь высветліць.

Бухгалтар сам не тоіць трывогі. На службу і ён не хадзіў. Але Міцю супакойвае. Лагута хоча выдаць пасведчанні ўсім, хто працуе ў лясгасе. Даведкі трэба напісаць на нямецкай мове.

Лагуту Міця застае ў кабінеце. Шырокі твар старшага ляснічага разгублены. Лагута падсоўвае Міцю стусік паперак. Гэта пасведчанні на ўсіх супрацоўнікаў лясгаса, напісаныя па-руску.

— Перапішыце па-нямецку і зараз жа вярніце мне,— загадвае Лагута.— Сёння ж пайду да бургамістра, няхай падпіша, паставіць пячатку. Да ночы трэба зрабіць.

Дык вось яно што. А што будзе ноччу?

Самастойна перакласці тэкст Міця не можа. З нямецкага здолеў бы, наадварот — не хопіць сіл. Наробіць памылак, і тады немцы будуць выскаляцца з пасведчанняў.

Міця ідзе на кватэру да Мар’і Іванаўны. Местачковыя вуліцы забіты машынамі. Магчыма, ноччу гэтая армада некуды рушыць.

Мар’я Іванаўна маўкліва піша на паперцы патрэбны тэкст. Калі Міця развітваецца, шэпча:

— Вёскі будуць паліць. З Мазыра прыехаў генерал, сядзіць у жандармерыі. Нават Крамера немцы да сябе не пусцілі...

Усё становіцца ясным. Лагута з пасведчаннямі пачакае. Выскачыўшы ад Мар’і Іванаўны, прыскараючы крок, Міця імчыць да Міколы. У Грамы трэба ісці зараз жа, нанач, любой цаной перадаць звесткі дэсантнікам, бо заўтра будзе позна.

 

1 На працягу гэтага лета з бальшавікамі будзе скончана (ням.).

III

У тую ноч, калі Мазурэнка прачытаў Бондару радыёграму з Цэнтра наконт прыбыцця эсэсаўскай дывізіі «Варшава», з Лужынца па ўсіх дарогах паскакалі коннікі. Не чакаючы, пакуль у штаб збяруцца камандзіры бліжэйшых брыгад, атрадаў, Бондар аддаў загад выводзіць з вёсак у лясы насельніцтва, жывёлу, сялянскі скарб закапваць у зямлю.

Як высветліцца пазней, гэтая мера будзе мець рашаючае значэнне для жыцця цэлага краю, усіх Прыдняпроўска-Прыпяцкіх і глыбінных палескіх раёнаў.

Камандзіры з’язджаюцца ў штаб на світанні. Іх не шмат — прысутнічаюць гарбылёўцы, дамачоўцы, трое з Бацькавіцкага атрада.

Бондар, не тоячы ўзрушанасці, выкладае план дзеяння. Сіламі Гарбылёўскай, Дамачоўскай і Гомельскай брыгады «Бальшавік» даць бой на шляху перад Лужынцом. Бацькавіцкі і адзін Дамачоўскі атрады размясціць у засадзе паміж Літвінавым і Піляцічамі з разлікам, каб, адыходзячы, яны на сваіх плячах прывялі карнікаў у той жа Лужыцкі лес.

Камандзіры, падаўленыя грознасцю навін, маўчаць. Толькі на Вакуленку навіна, здаецца, не робіць уражання.

— Бондар, не гарачыся. Насельніцтва трэба вывесці. Наконт бою — падумаць. Наша галоўная задача якая? Захаваць жывую парцізанскую сілу. Будзе ета, будзе ўсё. Прыціснуць нас немцы цехнікай, юшка пацячэ. Пераб’юць парцізан, дык хто народ узначаліць? Вернецца Красная Армія — з чым будзем гаспадарку паднімаць. Дзе кадры знойдзем?

Бондар на сваім стаіць:

— Эсэсаўцаў, калі ў іх танкі, мінамёты, артылерыя, мы не пераможам. Кішка тонкая. Але ў лясах — наша царства. Праверана вопытам. Цяпер зірні на дзела шырэй. Для чаго прыслана эсэсаўская дывізія? Каб знішчыць вёскі, людзей, забраць жывёлу, пакінуць нас без хлеба, без мяса. Паліць фашысты будуць усе вёскі нашай зоны. Хочуць мець пасля сябе пустыню. Каб сабака не пракарміўся, не то што чалавек. Цяпер давай падыдзем з другога боку. Калі гэта воінская часць, то ёй дадзены аператыўныя тэрміны. Валэндацца з намі цэлае лета яна не будзе. Значыць, які выхад? Звязаць эсэсаўцаў па руках і нагах там, дзе нам выгадна. Уцягнем іх у баі тут, у лужынецкіх лясах. Яны рынуць на нас усёй масай, а ў другое месца не патрапяць. Не хопіць ні часу, ні сіл. Усе сёлы спаліць не паспеюць. Я гэта называю актыўнай абаронай. Ва ўсіх раёнах трэба зрабіць іменна так...

— Гаворыш правільна. Толькі чуе мая душа — не ўсе так зробяць. Пазашываюцца ў норы, як рудыя мышы. З драбавікамі на танкі не палезуць. То давай нацэльваць адсталыя брыгады хоць на тое, каб людзей вывелі. Пад лічную адказнасць. У Лельчыцы і пад Князь-возера, дзе Каўпак з Сабуравым стаялі, трэба спецыяльныя групы направіць. З брыгад Гаркушы і Міхнаўца. Ім бліжэй.

Хоць нарада вузкая, паспешлівая, але зрэшты прымаецца рашэнне. Складаюцца дыспазіцыі, заданні для брыгад, атрадаў. Пасылаюцца новыя ганцы.

 

IV

Паміж радыёграмай з Цэнтра і першымі звесткамі сувязных, якія дакладваюць аб прыбыцці эсэсаўскіх эшалонаў на бліжэйшыя станцыі, праходзіць тры дні, і яшчэ мінае два дні, пакуль карнікі засяроджваюць сілы, намячаюць для сваіх рот, батальёнаў маршруты. Увесь гэты час у лясным, балотным наваколлі ідзе мітуслівая, але актыўная работа. Падрыўныя групы на вачах у жыхароў мініруюць шляхі, грунтавыя дарогі, падпілоўваюць з двух бакоў дрэвы, робяць завалы.

Вяскоўцы выбіраюцца ў лясы. Рыпяць вазы, мычаць каровы. Маткі, несучы на прыгорбленых спінах вялізныя клункі, вядуць за рукі малых дзяцей. Большыя дзеці самі нясуць тое, што можна панесці і без чаго нават дня не пражывеш, адарваўшыся ад хатняга побыту — гаршкі, гладышкі, скавародкі, міскі, посцілкі, дзяружкі.

Вечарамі па загуменнях, на агародах завіхаюцца цёмныя постаці. У сырыя, выкапаныя на скорую руку ямы кідаецца ўсё, чаго не забярэш похапкам, што нажывалася доўгія гады: скаты льнянога палатна, кажухі, світы, мяхі жыта, швейныя машыны, патэфоны, нават паспешліва сарваныя з покута іконы і фотакарткі родзічаў у чорных драўляных асадках. Але ўсё адно самы галоўны набытак прыхаваць нельга: застаюцца хаты, хлявы, адрыны, родныя печы, ложкі, сталы, табурэткі, крэслы — безліч хатніх прылад, пачынаючы ад качаргі, сякеры і канчаючы рэшатам, сітам, бёрдамі, набіліцамі, на якіх трымаецца круглагадовы сялянскі побыт.

Нават старыя дзяды не памятаюць такога вось нялюдскага рушэння з наседжаных котлішчаў. Можа, і было яно ў сівыя, прыхаваныя маўклівымі курганамі часы татарскіх набегаў, але памяць людская яго не захавала.

З надзеяй глядзяць выгнаннікі на зялёнае — яно толькі пачынае выходзіць у колас — жыта, на бульбу, што ледзьве паспела выпусціць лапушыстае лісце. Зялёнае жыта не гарыць, а бульба тым болей застанецца.

 

V

Вілі Сташынскі жыве ў кампаніі з палкавым казначэем Хельмутам і старшым пісарам Вальдэмарам. Яго прыяцелі, перш чым рушыць у канцылярыю, паспешліва голяцца, абліваюцца ля студні вадой. Вілі няма куды спяшацца, і ён дазваляе сабе раскошу лішнюю гадзіну паваляцца ў ложку.

Хельмут ужо гатовы. Трымаючы ў руцэ люстэрка, наводзіць апошні лоск — абпырсквае паголены твар адэкалонам.

— Тырчаць нам у гэтай дзірцы да другога прышэсця. Вальдэмар паедзе складаць справаздачы богу. А мы з табой што? Можа, скінемся?

— Абрыдла піць,— ляніва азываецца Вілі.

— То рашай сусветныя загадкі. Нам пара. Пайшлі, Вальдэмар. .

Вілі лістае часопіс. Голыя салдаты палошчуць падштанікі ў Чорным моры, другія, такія ж голыя, капаюць траншэі непрыступнага Атлантычнага вала. Прыелася бессаромная ідылія. Пра Афрыку здымкаў няма. Як карова языком злізала. Храбры Ромель напусціў пад Эль-Алямейнам у порткі.

Вілі Сташынскі, які мае чын штурмфюрэра, займаючы ў эсэсаўскім палку штабную пасаду культурніка-арганізатара, не цешыць сябе ілюзіямі адносна аперацыі, на якую кінулі дывізію «Варшава». Будзе тое, што зімой было пад Псковам, Смаленскам, вясной — пад Карачавам.

Зусім магчыма, што ў жылах Вілі Сташынскага цячэ трохі славянскай крыві, на што красамоўна ўказвае прозвішча. Асабіста ён не мае злосці на палякаў, сербаў, рускіх, якіх дывізія за паўтара года знішчыла незлічонае мноства. Проста яму і ім, гэтым далёкім сародзічам па крыві, выпала розная латарэя ва ўзбаламучаным, ахопленым крывавай разнёй свеце.

Вілі даўно не верыць у высокія словы, якія даводзіцца чуць і чытаць, не верыць у асаблівую гістарычную місію Германіі, якая заклікана перабудаваць свет на новых, нямецкіх, пачатках. Гэта ўсё міфы. Як стаіць свет, людзі іх прыдумваюць. Міфамі запоўнены тысячы тамоў кніг, імі суцяшаюць з царкоўных амвонаў, заклікаюць з трыбун палітычныя правадыры. На самай справе ўсё да прымітыву проста — людзі хочуць есці, піць, размнажацца, а каб мець звычайныя зямныя даброты, у звязку з асабістымі схільнасцямі, абставінамі жыцця, выбіраюць сабе адпаведны міф.

Але насталі жорсткія, брутальныя часы, калі знікла апошняя магчымасць — выбраць па густу салодзенькую казку,— іх цяпер выдаюць зверху, аднолькавыя для ўсіх, і яны маюць сілу дзяржаўных законаў.

Бацька не хацеў, каб ён, Вілі, паступаў у эсэсаўцы. Але якая розніца? Так ці інакш, скончыць універсітэт яму не далі б, фюрэру патрэбны не вучоныя шпакі, а салдаты, і скончылася б тым, што піхнулі б яго ў звычайную роту, паўгода муштравалі, прышылі яфрэйтарскія лычкі, і ляжаў бы ён цяпер дзе-небудзь у акопах пад Харкавам, страляючы ў рускіх бальшавікоў. А тут хоць не страляе. Можна ў самога сатаны служыць на бяскрыўднай пасадзе, напрыклад, цырульнікам. Няўжо гэта горш за тое, што робіць бацька? Старому болей як пяцьдзесят, аднак мабілізавалі, мусіў надзець прапахлы нафталінам мундзір, які вісеў у шафе без ужытку з першай сусветнай вайны. Выцягвае цяпер татуля ў армейскім шпіталі пад Адэсай асколкі з жыватоў і задніц слаўных ваяк фюрэра, якімі нашпігавалі іх бальшавікі.

Вілі ўстае, уключае прыёмнік, махаючы рукамі, прысядаючы, робіце размінку. Ён заўсёды выбірае пад жытло такія вось закіданыя, непрывабныя з выгляду хаціны, куды начальства залішне часта нос не тыркае.

Адзінота — лёс вольных духам. Кінакарціны Вілі паказвае акуратна, з бібліятэкі кніг ніхто не бярэ, газеты прыходзяць самі. У дадатак, звыш прамых абавязкаў, ён штотыдзень фатаграфуе герояў і піша гісторыю палка. Што болей трэба? Характар у Вілі памяркоўны, ён умее ладзіць з чорненькімі, з паласаценькімі, і яго не чапаюць. Ён знайшоў свой ціхі востраў у суцэльным акіяне крыві і шаленства.

Пагаліўшыся, памыўшыся, Вілі ідзе да гаспадара, які жыве ў хляве, у суседстве з каровай. Гаспадар — калека, у першую вайну быў у нямецкім палоне, сёе-тое разумее па-нямецку. Вілі пытае ў гаспадара пра здароўе, дае пачак цыгарэт, забіраючы па праву сумленнага абмену збанок з малаком.

Малако Вілі любіць. Яго таварышы па зброі непамерна аб’ядаюцца мясам, а ён пры ўсіх абставінах шукае малака. Можа, таму і не хварэе на расстройства страўніка, не ведае прыпадкаў вар’яцтва, якія ў палку — не рэдкасць. Малако — бальзам, яно робіць здаровым дух і цела.

Сваіх аднапалчан Вілі лішне не папракае. Германія — сціснутая, галодная краіна. Большасць хлопчыкаў, што апранулі эсэсаўскія мундзіры,— з бедных сем’яў. Вось яны і хочуць з’есці, выпіць тое, чаго, жывучы на жабрацкіх пайках, не мелі раней.

Паказаўшы пернік, Гітлер павёў за сабой немцаў. Да самага таго дня, пакуль ён не захапіў уладу, у Германіі быў суцэльны кавардак. Мітынгі, дэманстрацыі, Рот фронт,— краіна ляцела ў прорву. Тое, што пасеялі камуністы, дэмакраты, няхай цяпер жнуць. У гэтай бальшавіцкай Расіі таксама. Яшчэ калі Вілі хадзіў у гімназію, у старэйшыя класы, ён на нейкі час паддаўся бацькавым пропаведзям. У Расіі ўлада ў руках рабочых, сялян, там будуюць новае, вольнае жыццё для працоўнага чалавека.

Якое тут жыццё, Вілі пабачыў. Драўляныя хаціны, бездараж, гразь. Другая справа, што міф, выдуманы Адольфам Гітлерам, таксама дае трэшчыну. Вайна з Расіяй цягнецца два гады, а канца не відно.

Нягледзячы на згрызотлівыя думкі, Вілі налівае ў тэрмас, дзе яшчэ застаецца ўчарашняе кофе, малака, дастае з вядра — яно замяняе халадзільнік — загорнуты ў непрамакаемую паперу кавалак масла, робіць бутэрброды, добра, апетытна снедае.

 

VI

З задуменным тварам, на якім блукае разгубленая ўсмешка, ідзе Вілі па мястэчку, перакідваючыся на хаду словамі прывітання са знаёмымі, якія, як і ён, на аперацыю не паедуць, бо іх абавязкі патрабуюць пастаяннага знаходжання на месцы.

Разам са службамі тыла і штаба на месцы застаюцца айнзацткаманды, якія выконваюць ролю чысцільшчыкаў. Не ўсе вёскі, паселішчы будуць знішчаны. Частка ўцалее, асабліва тыя, што ўсутык прылягаюць да нямецкіх гарнізонаў. Нельга да канца сячы сук, на якім сядзіш. Слаўныя салдаты вермахта гэтак жа, як часці СС, кормяцца не толькі тым, што атрымліваюць з вайсковых складаў. Мусяць рабіць нарыхтоўкі на месцы.

Вілі, шчыра кажучы, не высока ставіць віслапузых ахоўнікаў, прызваных з рэзерва, якія складаюць асноўную сілу тутэйшых гарнізонаў — усіх гэтых бухгалтараў, паштовых чыноўнікаў, гасцінічных парцье, на якіх вермахтаўскія мундзіры вісяць як сядло на карове. Сядзяць, нібы клапы, зашыўшыся ў шчыліны, таму распладзілі лясных бандытаў. Яны, вядома, штодня пішуць доўгія, чуллівыя лісты сваім таўстазадым фрау, прадаюць тубыльцам іголкі, фарбу, каб прыбавіць да рацыёнаў лішні дзесятак яек, і чакаюць, як збавення, дня, калі змогуць вярнуцца ў мілы сэрцу фатэрлянд.

Зрэшты, і віслапузыя ахоўнікі, і яны, эсэсаўцы,— аднаго поля ягады.

Калі Вілі вучыўся ва універсітэце, то чытаў розныя разумныя кнігі — нават рускіх: Талстога, Дастаеўскага. Там было напісана пра сумленне, ад якога пакутуе чалавек, калі пазбаўляе жыцця падобнага сабе самому. Несусветнае глупства! Настаўнікі чалавецтва або сарамліва закрывалі вочы на праўду, або свядома хлусілі. Ніякіх дакораў сумлення ніхто на вайне не адчувае. Вілі гэта можа пацвердзіць пад прысягай. Людзей штодня знішчаюць сотнямі, і гэта для большасці знаёмых Вілі — звычайная работа. Многія, у каго звярыны пачатак выступае выразней, выконваюць яе нават з асалодай.

Вілі схіляецца да думкі, што заўсёды так было. Хіба англічане, іспанцы, партугальцы, рынуўшыся пасля Калумба ў Амерыку, цацкаліся з індзейцамі? Адчувалі сябе вышэйшай цывілізацыяй і знішчалі ўсё, што ніжэй іх. Так было ў Афрыцы, у Азіі, ды і ў самой Еўропе не лепей было. Крыжаносцы, прыкрываючыся імем бога, не былі хіба звычайнымі заваёўнікамі?

Ва ўсе вякі, эпохі быў разбой, моцны гнуў слабага, а пісьменнікі, якіх лічаць класікамі, навявалі чалавеку ружовыя сны. Таму Вілі іх не любіць і болей не чытае, хоць у бібліятэцы, якой ён распараджаецца, ёсць Гётэ, Шылер і іншыя геніі. Яны — манюкі, яны выдавалі ўласныя трызненні за праўду. Хлопчыкі з гітлерюгенда, якіх у дывізіі аж зашмат, наогул чыталі класікаў толькі па падручніках. Там усё як трэба, класікі там толькі хваляць вялікую Германію.

На вуліцы рух, гул матораў, матацыклетная траскатня. Батальёны, роты, каманды выбіраюцца на аперацыю. За танкеткамі, браневікамі цягнуцца абозы. Хоць дывізія матарызаваная, але абознікаў — тупых сялян, парабкаў — многа. Роты паляць паселішчы, ландскнехты забіраюць маёмасць. Грэюць, сволачы, на дармавым багацці рукі.

Вілі прыходзіць у штаб. Ён адчувае сябе вальней, калі канчаецца мітусня. Павітаўшыся з пісарамі, садзіцца за машынку. З гісторыяй палка ён безнадзейна адстаў. Валтузіцца з мінулагоднімі польскімі справамі. Але рукі не падымаюцца, калі думаеш адно, а пішаш другое.

У абед Вілі заскаквае ў пакой фельдпошты.

— Табе няма,— знаёмы шарфюрэр збянтэжаны.— Толькі ведаеш што, Вілі. Тым почыркам, якім пісала твая дзеўка, прыйшоў ліст штурмбанфюрэру. Ну, гэтаму нашаму папу...

Вілі дрыжачымі пальцамі выцягвае з нагруднай кішэні канверт.

— Гэты почырк?

— Гэты, Вілі. Клянуся ўсімі святымі. Толькі ліст я аддаў. Сам ведаеш...

Вілі халадзее. Ад Хільды можна ўсяго чакаць. Хоць ён, калі быў дома, язык лішне не развязваў. Свет ашалеў, і людзі шалеюць. Нават тыя, хто сваімі вачамі не бачыць паскудства. Чатыры гады назад, калі Вілі ішоў на вайну, Хільда была цыбатай гімназісткай. Цяпер — мнагавопытная, прагная баба. Ён, вядома, спаў з ёю. Але, вярнуўшыся з урляўбу, лістоў не пісаў. Шлюхам пра пачуцці не пішуць. Іх будучыню нарачоная перакрэсліла сама.

А яна як з ланцуга сарвалася — ліст за лістам. Відаць, спадабаўся ёй у ложку. На ўсе пасланні Вілі адказаў коратка. «Лісты твае атрымаў».

Паабедаўшы, Вілі ідзе на кватэру, каб на адзіноце абдумаць становішча. У таполевым парку, які ўяўляецца раскошай для раскіданага драўлянага паселішча, ён спатыкае хлопца, які ўчора прыходзіў слухаць радыё. Хлопец хоча прашмыгнуць міма, але Вілі яго запыняе:

— Прыходзь вечарам. Не бойся. Я буду адзін, і мы паслухаем песні.

Навошта ён запрашае сарамяжага юнака, Вілі не ведае. Але яму заўсёды было цікава паразмаўляць з рускімі. Яны ўсё ж загадкавыя. Як бы з зусім іншага свету.

У гэты час па дарожцы бяжыць Хельмут.

— Новага друга сабе знайшоў? — голас з’едлівы, насмешлівы.

— Не выскаляйся. Трэба ж мне ўдасканальваць рускую мову. Хлопец трохі разумее па-нямецку.

Прыйшоўшы ў хату, Вілі кладзецца на ложак. Нядобрае прадчуванне яшчэ ўладней агортвае душу. «Што магла тая сцерва напісаць?» — думае ён, не знаходзячы адказу. Штурмбанфюрэра Ляйбеля, які займае ў палку пасаду палітычнага афіцэра, Вілі не любіць, ды і той не выказвае да Вілі лішняй прыхільнасці. Адзіны чалавек, з якім ён не можа знайсці агульнай мовы.

Вілі падхопліваецца, надзяе мундзір.

На лавачцы сядзіць гаспадар хаты, з ім некалькі жанчын. Селянін на махнатым коніку вязе паўз двор воз зялёнай травы. З процілеглага двара, дзе размяшчаюцца абознікі, выскакваюць двое з закасанымі рукавамі. Вырываюць у селяніна вожкі, а той нават прыгінаецца, чакаючы, што яго будуць біць.

— Адставіць! — крычыць Вілі.— Тут не ваенная зона. Тут цывільнае насельніцтва.

Абознікі, рагочучы, бягуць назад у двор.

Тоўсты, з тоўстымі мокрымі губамі штурмбанфюрэр Ляйбель выклікае Вілі да сябе, як толькі ён паяўляецца ў штабе. Сядзіць за сталом у адной нацельнай сарочцы. У кароткіх, парослых рудымі варсінкамі пальцах трымае канверт.

— Здзіўляюся, штурмфюрэр Сташынскі. Нямецкія жанчыны не шкадуюць для нас нічога, а вам часу няма пісьмо напісаць. Нявеста хвалюецца за ваша жыццё, лічыць вас героем. Што я ёй адкажу? Трэба апраўдаць давер’е нявесты. Пойдзеце ў строй, збірайцеся. Дагоніце другі батальён.

Вілі казырае, стукае абцасамі. Тады штурмбанфюрэр лагаднее:

— Падцёр бы я паперкай задніцу, Сташынскі. У асабістыя справы не ўмешваюся. Не толькі вас пасылаю — усіх, без каго штаб абыдзецца. Загад камандзіра. Штаты ў ротах запоўнены на дзве трэці, папаўнення няма. Дый карысна вам будзе праветрыцца. Лягчэй будзе пісаць тое, што пішаце.

На апошніх словах штурмбанфюрэр Ляйбель зноў збіваецца на з’едлівы тон.

 

VII

Эсэсаўскі грузавік падкідвае на выбоінах пыльнай дарогі. Следам калыбаюцца яшчэ два. Матацыклетнага суправаджэння няма. Сонца хіліцца к захаду. Праехалі першую анямелую, бязлюдную вёску.

Тое, што падграбаюць тылавікоў, штабістаў, кідаючы іх у строй, не навіна для Вілі. Такое было. Праўда, ён у сілкі не трапляў. Праносіла. Хельмута і цяпер не зацапалі. Казначэй, выходзіць, болей патрэбны, чым Вілі, культурнік-арганізатар і звышштатны летапісец палка.

На трох машынах — паўсотня пісараў, сувязістаў, каптэнармусаў, салдат аховы штаба. Перавесіўшы цераз шыю аўтаматы, сядзяць прыціхлыя, пакорлівыя. Некаторыя, мабыць, першы раз.

У другім, больш прывабным на выгляд паселішчы расхаджваюць эсэсаўцы з айнзацткаманды. Палення тут не прадбачыцца.

Мясцовасць, якую праязджаюць, нагадвае Вілі ваколіцы сталіцы райха. Такія ж кусты, пералескі, роўнядзь, толькі няма азёраў. Балоты тут сухія, на іх пракапаны канавы. Нізкага ляснога краю Вілі не любіць. Ён вырас у другім свеце — у ціхім, распластаным на пагорках гарадку ля падножжа Судэтаў. Добра было ў гарадку канчаць гімназію. На плошчы стаяў бронзавы кароль на ўздыбленым кані. Узнятай рукой, якая трымала меч, кароль некуды клікаў. Куды? Відаць, на вайну. Вілі тады гэтага не разумеў. Нават факельныя шэсці ноччу, якімі адзначаліся нацысцкія святы, здаваліся прывабнай рамантыкай.

Ён любіў сядзець на абымшэлым каменні старой, гусіцкай крэпасці. Можа, яго продкі і ёсць гусіты? Але дзед, бацька былі немцы, глядзелі на свет па-нямецку. Столькі вады сплыло!..

З крэпасці адкрываўся вачам прыгожы краявід. Такі ж, як іхні, белыя гарадкі, дагледжаныя квадрацікі ніў, зрэдку дымілі фабрычныя трубы. На поўдні, укрытыя лясамі, віднеліся пакатыя схілы Судэцкіх гор. Нічога ў тых малюнках не прадвяшчала вайны.

Перад тым як паступіць ва універсітэт, ён цэлае лета блукаў з гімназісткай Хільдай па начных вуліцах гарадка. Яны ўзбіраліся на каменны цокаль помніка каралю і цалаваліся. Пра што тады гаварылі? Мабыць, пра глупства. Цяпер Хільда на яго скардзіцца. Хоча пры ўсіх акалічнасцях мець яго за мужа.

Праязджаюць яшчэ дзве вёскі. Машыны ледзь не топяцца ў сыпучым пяску. Дзіўныя гэтыя рускія. Хаціны ў тутэйшых вёсках старыя, пахілыя, а школы новыя. Гаспадарчыя будынкі, якія належалі калгасам, таксама лепей дагледжаныя. Няўжо рускія дзяцей і кароў любілі болей, чым саміх сябе?

Мінуўшы бярозавы пералесак, машыны прыпыняюцца. Ого, тут пахне смаленым! Узбоч дарогі ляжыць, задраўшы колы, закураны бранявік, далей уткнуліся радыятарамі ў канаву два грузавікі. Машыны, відаць, падарваліся на партызанскіх мінах. Вілі глядзіць на спахмурнелыя твары каптэнармусаў, і яму робіцца весела. Бандыты ў лясным кутку ўсё-такі ёсць, дзянькі настануць гарачыя. Па праўдзе кажучы, сапраўдных партызан Вілі не сустракаў. Бачыў звычайных людзей, апранутых у сялянскія ці цывільныя вопраткі, якіх эсэсаўцы называлі бандытамі.

Сяло, у якое прыязджаюць, вялікае і раскіданае. Другі батальён тут. Прыпёртыя да парканаў, стаяць матацыклы, грузавікі, з двара ў двор, галёкаючы бегаюць салдаты. Вілі ведае, што гледзячы на ноч паселішча не спаляць. Наадварот, усё будзе зроблена дзеля таго, каб паказаць мірныя намеры, пераманіць з лесу хоць частку жыхароў.

Вілі прыняў пад крыло знаёмы ротэнфюрэр Бланк, якога звышштатны летапісец неаднаразова фатаграфаваў як героя. Бланк — дзяціна здаровы, рослы. Эсэсаўская зухаватасць у ім дзіўна спалучаецца з чуллівай сентыментальнасцю. Ротэнфюрэр возіць з сабой аблезлую, лысаватую малпачку, даглядае, поіць малаком, як дзіцё. Калі Бланк за рулём, то Пітэр — так завуць малпачку — звычайна сядзіць на яго плячы, палохаючы сустрэчных.

Вілі напляваць на Бланка, на яго смярдзючага Пітэра, але ён рад, што прышвартаваўся ўдала. Магло быць горш. Маглі даць у падначаленне дзесятак пісараў, каптэнармусаў, піхнуўшы паліць хаты і хлявы. А так ён вольная птушка. Бланк, мабыць, адчувае сябе мецэнатам: як-ніяк узяў пад абарону палкавога арганізатара культуры.

Павячэраўшы, Вілі ідзе спаць. Бланк заняў пад жыллё ахайную хату. Пухавікі, падушкі на месцы. На адным з пухавікоў Вілі ўлёгся, зняўшы толькі сурдут і боты. Начныя прыгоды яго не цікавяць.

Ноччу ён прачынаецца. Пакой залівае месячнае святло. З двара даносіцца гучны рогат. Рыпаюць адны, другія дзверы, чуецца грук каваных ботаў, і на парозе пакоя паўстаюць дзве голыя жаночыя постаці. Твараў разглядзець нельга, матавай белізной у святле месяца адлівае жаночае цела. Дзяўчаты ці жанчыны стаяць нерухома, ціснучыся адна да другой. З падаконніка гопае на падлогу Пітэр, і тады жанчыны, дзіка закрычаўшы, кідаюцца за дзверы. З суседняй бакоўкі выскаквае ў адных штанах Бланк, расчыняе акно, бэсціць каравульных.

Вілі, пакуль зноў засынае, качаецца з гадзіну. У тым, што зрабілі каравульныя, незвычайнага няма. Перш чым знішчыць затрыманых маладых жанчын, іх звычайна насільнічаюць. Эсэсаўцы прысылалі падарунак камандзіру і яму, Вілі.

 

VIII

Вілі памыляўся, калі лічыў, што яму ўдалося заваяваць сярод эсэсаўцаў аўтаномнае становішча. Аб яго незвычайных паводзінах, сяды-тады кінутых слоўцах, якія ўказвалі на адмысловы, непадобны на той, якога трымаюцца астатнія, склад мыслення, відаць, дакладвалі куды трэба. Казначэй Хельмут нездарма не паехаў на аперацыю.

Вілі сам гэта разумее, як толькі прачынаецца. Тонам, які выключае ўсялякія пярэчанні, ротэнфюрэр Бланк загадвае яму ўзначаліць каманду, вызначаную ахоўваць затрыманых жыхароў.

Паспешліва выпіўшы шклянку кофе, Вілі ідзе ў канец сяла да схаванага ў зеляніне старых ліп напаўразбуранага памешчыцкага дома. Акцыя фактычна пачалася. У цэнтры паселішча, дзе вуліцы, не даходзячы адна да другой, скрыжоўваюцца, ляжыць пясчаная плошча,— з левага боку яе — запушчаная царква, з правага — доўгі школьны будынак...

Абознікі зганяюць на плошчу кароў, свіней, авечак. Мяркуючы па колькасці двароў, жыўнасці захоплена няшмат.

«Піляцічы» — напісана на прыбітай да слупа фанерцы.

На адным з панадворкаў трое эсэсаўцаў катуюць старога. Прывязалі тэлефонным кабелем да шула. Дзед — вопратка даматканая, акрываўленая — проста вісіць на дроце. Але ўдары бізуноў, якія ліхаманкава на яго сыплюцца, зносіць маўкліва. Крычаць эсэсаўцы. Дапытваюцца наконт партызан.

«Як Ісуса Хрыста, распялі,— думае Вілі.— Рускія ідэалісты. З крывых хат захацелі ў рай. Таму і рэвалюцыю зрабілі. Думалі — калі знішчаць памешчыкаў, нябесная манна пасыплецца. Людзі Захаду на гэта ніколі не адважацца».

Вілі не раз бачыў такія катаванні. Многія рускія, нават маладыя, у каго наперадзе жыццё, з неверагоднай зацятасцю прымаюць пакуты. Ад гэтага страшна...

Калі Вілі падыходзіць да колішняга памешчыцкага дома, у якім новымі дошкамі забіты вокны і дзверы, эсэсаўцы сустракаюць яго рогатам.

— Як спалася, штурмфюрэр? Ці не бачылі начных зданяў? Дарэмна не паверылі ў сон — здані прывабныя. Курт, пацвердзі.

— Заткніся, скаціна.

— Штурмфюрэр, мабыць, не ведае, што начаваў у доме партызанскага атамана. А раней там жыў бургамістр. Яго жонка ўцякла з бандытамі.

— Тут усе бандыты. Асінае гняздо. Улады няма з восені.

Эсэсаўцы стаяць купкамі, перамаўляюцца, кураць. На дом, у які загнаны жыхары, не зважаюць.

Між тым да будынка падводзяць босых жанчын у старых брудных вопратках. Іх ловяць на агародах, якія мяжуюць з кустамі. Відаць, не церпіцца небаракам хоць адным вокам зірнуць на родныя гнёзды. Жанчыны заўсёды цікаўныя. Дорага яны сёння за сваю цікаўнасць заплацяць.

Цыганаваты эльзасец падносіць Вілі фляжку, і ён робіць некалькі глыткоў. Трунак моцны, аж дух зацінае. Мае аднак непрыемны пах.

— Мясцовы шнапс,— выскаляючыся, тлумачыць шарфюрэр.— Знайшлі цэлы бачонак. Рускія, мабыць, рэцэпт пітва ў самога д’ябла пазычылі.

Вядуць новы гурт жанок, дзяцей, разам з імі акрываўленага старога, якога эсэсаўцы катавалі. Што ж, усё зразумела. Слядоў пасля сябе дывізія «Варшава» не пакідае. Ніякіх магіл, захаванняў! Трупы стануць попелам і дымам.

Дзень сонечны. Ад выпітага шнапсу кружыцца галава. Вілі, адышоўшыся, азірае ваколіцы сяла. Яны даволі прывабныя. Зялёная раўніна, акаймаваная з паўночнага боку падковай сіняватага лесу. Калі закрыць вочы, то такі краявід можна ўявіць у любой краіне, дзе Вілі за вайну пабываў, нават у самой Германіі. Розніца ў тым, што інакшыя паселішчы. Але ў славян яны, бадай, аднакія. Дрэва і дрэва. Каменных будынкаў мала.

З левага боку на даляглядзе падымаюцца шызыя дымы. Аперацыя разгортваецца. Яна працягнецца сама мала месяц, і дыму за гэты час Вілі наглытаецца ўдосталь. Праклятая вайна!..

Да будынка пад'язджае грузавік. З яго скідваюць каністры з бензінам. Запёртыя ў будынку нейкім чынам бачаць каністры, усчынаюць крык і лямант.

Енк ахвяр адмоўна дзейнічае на эсэсаўцаў, таму яны спяшаюцца. Вілі зусім не камандуе — сваю справу салдаты ведаюць лепей, чым ён. Подбегам, навыперадкі, яны абліваюць бензінам сцены, вуглы, стараючыся заняць як мага большую плошчу. Дом успыхвае, як агромністы касцёр. Полымя ахоплівае будынак адразу, перакідаецца на дах. Трашчаць, самі па сабе адрываючыся, носячыся ў паветры, палаючыя кавалкі струхлелага дрэва. Стаяць блізка ад пекла нават небяспечна.

Лямант у ахопленым агнём будынку проста невыносны, ён пераходзіць у суцэльнае, дзікае выццё. Слухаць яго немагчыма, гэта вышэй чалавечых сіл. Ад такой музыкі можна звар’яцець. Салдаты, каб заглушыць чалавечы крык, безупынна трашчаць з аўтаматаў. Вілі таксама страляе.

Праз гадзіну ўсё скончана. З двух бакоў займаецца агнём сяло. Сонца не відаць. Неба не відаць. Навакол толькі агонь і дым. Вілі адчувае, як спадыспаду душы ўздымаецца штосьці дзікае, буйнае. Цяпер зусім не страшна калоць, рэзаць, біць, нішчыць жывое. Відаць, так адчувалі сябе старажытныя германцы...

 

ІХ

Калі з прыдарожных кустоў зусім нечакана для ўзвода пачынаюць секчы кулямётныя чэргі, Вілі адчувае адчайны страх. Ён падае на зямлю, як падаюць усе, хто ідзе ў суседнюю вёску, што зелянее наперадзе прысадамі. «Засада!» —мільгае ва ўзбуджанай галаве Вілі.

Недарэчнае становішча, пастка. Паўгадзіны назад па прасёлку прамчалі матацыклісты, праехаў бронетранспарцёр. Бандыты іх не зачапілі.

Стрэлы між тым нарастаюць. На дарозе грымяць выбухі. Бандыты закідваюць узвод гранатамі.

Вілі, ціснучыся да зямлі, спаўзае ў канаву, у ліпкую балотную гразь. Яго абсыпае камякамі чорнай зямлі.

Бандыты галавы не даюць падняць. Вілі і страляць няма чым. Аўтамат разам з фотаапаратам згубіў. Але чаму другія маўчаць? Трыццаць чалавек было ва ўзводзе. Націск нечаканы, шалёны. Няўжо ўсе забіты?

За два крокі раздаецца чужая, узбуджаная гаворка. Нехта пераскаквае канаву. Рэжа слых адчайны крык і ўслед за ім стрэл. Яшчэ некалькі крыкаў і стрэлаў. «Божа,— моліцца Вілі.— Выратуй мяне. Ты бачыш: чужой смерці я не хацеў. Ніколі не страляў. За сённяшняе даруй — прымусілі. Будзь справядлівы, божа!..»

Вілі ляжыць нічком. Прыкідваецца мёртвым. Як збавенне, чуе некалькі аўтаматных чэргаў. Страляюць з-за канавы, з балота. Але зноў бухаюць стрэлы, ірвуць зямлю гранаты, і праз некалькі імгненняў усё сціхае.

Вілі пераварочваецца, расплюшчвае вочы. Над ім ціхае сіняе неба. Плывуць лёгкія белыя аблачынкі. У тую ж хвіліну Вілі нямее ад жаху. Па канаве, падкідваючы зад, імчыць штосьці бруднае, агіднае. Вось яно дасягае Вілі, узбіраецца на грудзі, вішчыць, лашчыцца. «Мая смерць прыйшла»,— думае Вілі, бачачы на сабе запэцканага ў гразь Пітэра, а над сабой, па абодва бакі канавы, хмурыя постаці. Партызаны ў лазовых лапцях, у звычайных сялянскіх вопратках. Трымаючы наперавес вінтоўкі, яны маўкліва глядзяць на Вілі.

— Вылазь, фашыст! — гаворыць адзін з іх, бялявы, без шапкі, бадай, адных з Вілі гадоў.

Вілі выбіраецца з канавы. Ён цяпер зусім спакойны і, разумеючы, што настала апошняя хвіліна яго жыцця, адчувае няёмкасць за тое, што брудны, запэцканы ў гразь, зусім не падобны на салдата.

— Быў там? — хлопец паказвае рукой на сяло, ад якога яшчэ падымаюцца слупы шызага дыму.

Вілі ківае галавой.

Грыміць стрэл, і ў апошні свой міг бачыць Вілі зялёную раўніну, акаймаваную падковай сіняватага лесу,— мясцовасць, якую яму часта прыходзілася бачыць і на радзіме.

 

Раздзел чацвёрты

 

І

Дзень трывожны: дымы вакол мястэчка падымаюцца ў розных напрамках. Старшы ляснічы Лагута па размяшчэнню дымоў амаль зрокава бачыць вёскі, якія гараць. З паўночнага боку — Мохава, Піляцічы, Пажыць, Літвінава, з заходняга — суседні з мястэчкам лясны хутар Лубы і Нехамава Слабада, з поўдня — Кабылкавічы, Буднае.

Настрой у Лагуты адчайны. Стары дурань, жыццё пражыў, а розуму не набраўся. Заняць цяперашнюю пасаду прымусілі абставіны. Але навошта ён знюхаўся з немцамі, наладжваў выпіўкі, пагулянкі? Людзі бачылі яго хаўрус, вочы ім не завяжаш. Цяпер ён прапаў...

«Праклятае жыццё,— думае Лагута.— Круціць, верціць чалавекам, як у віры, і, куды яно ляціць, не разгадаеш».

Ён паставіў не на тую кабылку. Ніякія немцы не гаспадары, бо хто, калі мае хоць трохі розуму, будзе так бязлітасна паліць, нішчыць дабро, якое нажывалася вякамі. Нават унукі, праўнукі тых, хто сёння гарыць у агні, не даруюць фашыстам. Яны тут не астануцца, бо паднялі руку не на партызан, якія ўзрываюць рэйкі, цягнікі, а на народ.

У Лагуты вынікае лютая сварка з жонкай. Навокал пажары, трывога, а яна развесіла ў садзе гамак, распранулася ледзь не дагала, гойдаецца, сцерва, і яшчэ цыгарэткай пыхкае.

— Аглабліна! — раве раз’юшаны Лагута.— Знайшла час паганяць панства! Каму свае маслы выставіла? Не бачыш, што робіцца?..

Збянтэжаная жонка мігам вывальваецца з гамака, паспешліва апранаецца.

— Чаго раскрычаўся? Цябе ж не чапаюць.

— Зачэпяць. Не гэтыя, дык другія. Твая заслуга тожа ёсць. Усё мала табе. Увесь свет гатова падгрэбці. Нашто было столькі сеяць? Бяседы табе трэба былі, пагулянкі. Пачакай, вылезе бокам!..

— Хіба цябе звальняюць?

— Дурніца! Дылда праклятая! Няўжо нічога не бачыш? Каб з заўтрашняга дня служанак у доме духу не было. Дзеці цябе абсыпалі, супу на дзве душы не зварыш?

Лагута разумее, што крычыць дарэмна — найболей вінаваты сам. Жонку, каб меў розум, можна было даўно прыструніць.

У Крамеравым доме сыходзяцца самыя блізкія людзі — старшы ляснічы Лагута, мясцовы ляснічы Багавік, млынар Забела. Зменшылася кола бургамістравых сяброў, павузела. З таго часу як драпануў у лес Лубан і астатнія, многія з мясцовых начальнікаў, якія раней набіваліся на дружбу, пазашываліся ў норы. Па службе ў кабінет прыходзяць, марочаць галаву гадзінамі, але шчырасці ў іх гаворцы бургамістр не чуе. Ён зусім не здзівіцца, калі ўслед за Лубанам пабягуць прасіць літасці ў партызан некаторыя іншыя.

Унутраная незадаволенасць сабой, акружаючым — такім жыццём жыве Аўгуст Эрнэставіч хутка два гады — дасягнула асаблівай вастрыні.

Аўгуст Эрнэставіч разумее, што чалавек у віры вайны сабе не гаспадар, яго кідае, носіць, як сухое лісце на ветры. Нават у яго, бургамістра, няма фактычна ніякай улады. Ён хацеў, каб людзі жылі мірна, ціха, а льюцца рэкі крыві, стараўся, каб не было галодных, разутых, раздзетых, а раён паліцца, вынішчаецца нашчэнт. Яго сябры-прыяцелі па няшчасцю, што сабраліся цяпер у яго доме, усяго не ведаюць, ён ведае болей. У раёне было шэсцьдзесят вёсак, сёл. Добра, калі астанецца хоць некалькі. За леташні і сёлетні год спалена, расстрэлена сама мала пяць тысяч — чацвёртая частка ўсяго насельніцтва. У адных Кабылкавічах — сяле, за якое ён не баяўся, бо ляжыць пры шашы, немцы там штодня бываюць,— згарэла ўчора болей за тысячу... Хто, калі такое даруе? Пройдзе дваццаць, трыццаць гадоў, пакуль падымуць спаленыя сёлы, а мёртвых ніхто не падыме. Прозвішча яго, Крамера, будзе вісець над тутэйшым людам, нават над тымі, хто народзіцца пазней, як пракляцце, ім будуць палохаць дзяцей. А хіба ён вінаваты? Хіба не крычаў, дзе можна, што ў такой страшнай вайне нельга гуляць з агнём. Немцы, мабыць, проста прыклёпу шукаюць. Хочуць знішчыць народ.

Немцы прайграюць вайну. Цяпер ён, Крамер, у іх перамогу не верыць. Дый які свет пабудуюць яны, калі нават удасца адолець рускіх? Яны хваляцца, што Расія адстала ад Германіі на сто гадоў, прыводзяць, як прыклад, тутэйшую бездараж, драўляныя хаты, неахайную вопратку. Ён асабіста лічыць, што Германія адстала ў чымсьці другім, больш важным, чым дарогі і хаты. Паліць дзяцей, жанчын, старых рускія ні пры якіх умовах — нават, калі б ляцела ў прорву іх дзяржава — не будуць. Ён можа сказаць гэта пэўна. Каменная, разбудаваная заводамі, гарадамі Германія страціла павагу да чалавека. Але калі немцы будуць адступаць, ён паедзе з імі. Інакшага выбару ў яго няма. Ён — немец, над ім, як над усімі немцамі, вісіць пракляцце...

Тыя, што сабраліся ў Крамеравым доме, ніколі не забудуць позірка, якім абводзіць іх у гэты страшны дзень гаспадар. Гэта вочы чалавека, які развітваецца з жыццём. Крамераў твар палагаднеў, на ім як бы ляжыць адзнака спакою, усёдаравання, разумення ўсяго, што дзеецца ў шалёным, ахопленым вайной свеце. Запалыя ад бяссонніцы вочы выпраменьваюць дабрату, спагаду, і ў той жа час свеціцца ў іх невымерны сум.

Бургамістр дастае з шафы графін з настойкай, прыносіць шклянкі, відэльцы, талерку з дробна нарэзанымі кавалачкамі сухой каўбасы.

— Вып’ем, панове. Можа, не так многа часу нам засталося, каб збірацца.— Крамер налівае кожнаму па палавіне шклянкі, п’е сам, абцірае тыльным бокам далоні губы.—Даруйце мне, калі што не так. Карабель, якім без маёй волі паставілі мяне кіраваць, пайшоў на дно. Цяпер ніякі я не капітан...

Узрушаныя незвычайнасцю моманту і самога тону бургамістравай гаворкі прысутныя стоена маўчаць.

— Раёна няма,— працягвае бургамістр.— Няма болей вёсак, лясніцтваў, млыноў, валасцей, школ. Няма кім кіраваць. Аднаўляць тут усё будзем не мы, а другія людзі. Нас яны абвінавацяць. Яны ўзрывалі паязды, шкодзілі немцам, а мы ім памагалі.

Усеагульнае панылае маўчанне парушае Забела:

— Як так можна, Аўгуст Эрнэставіч? Хіба народ не разумее дабра? Улада мяняецца, а людзі застаюцца. Хай таму язык адваліцца, хто скажа пра вас дрэннае слова.

— Пачакайце, Панас Дзянісавіч. Дайце скончыць мне. Калі пойдуць адсюль немцы, улада будзе слухаць не нас з вамі, а партызан. Яны, калі хочаце ведаць, заслужылі, каб іх слухалі. Раней я іх не разумеў, а цяпер разумею. Партызаны ненавідзяць немцаў і не могуць сваёй нянавісці стрымаць. Як раззлаваны да бяспамяцця чалавек не можа не ўдарыць другога чалавека. Вот і ўся мудрасць. Раней я так думаў: тут мірнае насельніцтва, фронт далёка, калі партызаны такія смелыя, няхай прабіраюцца на фронт. Але так не можа быць. Нікуды партызаны ад вёсак сваіх, сем’яў не пойдуць. Цяпер раён спалілі, вынішчылі, але ўсё адно яны будуць дзейнічаць.

Ляснічыя Лагута, Багавік разгублены. Нібыта сам бургамістр іх у лес заклікае. Столькі крычаў, пагражаў партызанам карамі, а цяпер — задні ход. Трохі апомніўшыся, Лагута пытае:

— Што, Аўгуст Эрнэставіч, і нам зрабіць, як Лубан?

— Што вы, Пятро Пятровіч. Я не пра тое. Сам у партызана не перахрышчуся і вам не раю. Я пра вайну. Яна не можа быць на свеце заўсёды. У вайну людзі шалеюць. Перастаюць быць людзьмі. Вы крывёй рук не запэцкалі, вас бальшавікі, можа, не абвінавацяць. А мая песня спета. Мне палення, знішчэння не даруюць, бо бургамістр у адказе за ўсё. Я толькі аб адным прашу: калі будуць пра мяне пытаць, скажыце, што Крамер хацеў, каб і ў вайну людзі заставаліся людзьмі. Памыляўся, думаў, рабіў не так, як трэба, але сумленнем не крывіў. Людзі ап’янены вайной, сваімі крыўдамі, нягодамі і не хутка гэта зразумеюць. Але калі-небудзь дойдуць. Не можа быць, каб вінавацілі чалавека за тое, што сярод суцэльнага бруду, крыві, свінства хацеў заставацца чалавекам і чым мог памагаў другім.

Няскладная, доўгая постаць Крамера, яго апушчаныя плечы, змізарнелы твар, тым не меней, дышуць нейкай унутранай сілай, гатоўнасцю перанесці самае горшае, і, адчуўшы гэта, прысутныя самі спакайнеюць душой.

Што павінна быць, тое будзе, ад яго не ўхілішся...

 

II

Аўгуст Эрнэставіч цяпер не баіцца бяссонніцы. Ноч — якраз тая жаданая пара, калі ён застаецца сам-насам і як бы яшчэ раз, ацэньваючы кожную дробязь, вандруе па пройдзеных дарогах.

Заліты сонцам дзень. Ён з бацькам выбіраецца касіць. Хоць бацька механік (на заводзіку, дзе працуе, адліваюць тратуарныя пліты, печкі-самагрэйкі, скавародкі), але карову трымае. Іх дамок у прадмесці, сюды са станцыі даносяцца гудкі паравозаў, але найболей чуваць, як кудахчуць куры, рохкаюць свінні, як вечарам і раніцай мычаць каровы.

На самы гарачы летні месяц бацька бярэ водпуск. Лес — недалёка. Але дарога да яго — якія-небудзь тры вярсты — нялёгкая для Аўгуста Эрнэставіча. Яго, шаснаццацігадовага хлопца, калі толькі ідзе да лесу, ахоплівае незвычайная млявасць. Страшэнна прывабнымі здаюцца прыдарожныя кусты, мяккая зялёная трава, цянёк. Кінуцца б на дол, закрыць вочы, хоць хвілінку паляжаць.

Бацька разумее сына, але нават кароткага спачыну не дае.

— Ніколі не патурай першаму жаданню,— павучае ён.— Паляжыш хвіліну, а прападзе дзень. Сіла вернецца ў рабоце.

Бацька праўду гаворыць. Цяжкія толькі першыя пракосы. Потым цела наліваецца пругкай дужасцю, млявасць знікае, можна махаць і махаць касой да бясконцасці. У сто разоў прыемней адпачынак пасля напружанага дня, калі гудуць ад стомы рукі, ногі, але такая светлая і ясная галава.

У кірмашовыя дні на базарнай плошчы, як грыбы, вырастаюць балаганы. Фокуснікі ў высокіх каўпаках, пярэстых вопратках, з размаляванымі тварамі глытаюць агонь, ядуць шкло, выцягваючы пасля з рота доўгія рознакаляровыя стужкі. Марская свінка, падобная на вялікую белую мыш, раздае білецікі на шчасце — кінь толькі ў бляшанку, якую трымае гаспадар, пятак. Распатланая, босая цыганка па картах ці па руцэ ўгадае будучы лёс — не пашкадуй пятачка. За пятак можна тры разы стрэліць у размаляванага чырвона-чорнага турка, які ліхаманкава круціцца па крузе, і калі пападзеш, выйгрыш у дзесяць разоў большы, чым трата.

— Глупства,— гаворыць бацька.— Не вер шарлатанам. Калі яны такія разумныя, няхай угадаюць, дзе закапаны скарб, адкапаюць, купяць сабе новыя штаны...

У бацькі ёсць брат, ён хоча набыць новы дамок. І ў старым можна жыць, але гаспадар новага пераязджае ў іншае месца, таму вельмі затанна прадае. У бацькі на чорны дзень сёе-тое прыхавана. Брат просіць грошай...

— Пазычым? — нерашуча пытае маці.

Бацька пярэчыць:

— Не пасвары мяне з братам. Ён зарабляе на адно пражыццё. Пазыкі не верне. Давай проста дадзім яму...

Кожнага чалавека можна зразумець, паставіўшы сябе на яго месца. Чаму ён доўга не разумеў партызан і тых, хто нават у мястэчку шкодзіць немцам? Таму што сам немец. Нейкай шрубачкі ў душы не стае. У мясцовых людзях жыве пачуццё Радзімы. Яно магутнае, усеўладнае, калі здольна павесці на велізарныя ахвяры. Які высокі, нязломны дух у народа! Партызаны рвуць рэйкі, скідаюць пад адхон цягнікі, забіваюць немцаў, але ж яны кідаюць выклік самому д’яблу.

Помсцячы, немцы наносяць раны ў сто разоў цяжэйшыя. Спустошаная зямля, тысячы загубленых жыццяў... Які другі народ здольны на такую ахвяру? Хто другі адважыцца заплаціць па такому высокаму рахунку?..

У развагах аб усім, што датычыць цяперашняга становішча, Аўгуст Эрнэставіч пераносіцца думкамі ў першы год вайны, калі яму зусім лёгка ўдалося развеяць пакінуты партызанскі атрад. Тых першых партызан падбіралі па спісках, па анкетах, пачуццё помсты і ў іх душы не наспела. Дый па анкеце ніколі нельга ведаць чалавека. Тут далі маху. З раёна забраны трактары, машыны. Коней, кароў калгасы пагналі на ўсход. Аднак хлеба сабе сяляне нарабілі. Рыдлёўкамі капаюць зямлю, а ніводны кавалак не пустуе.

З тутэйшым сялянствам немцы павялі сябе брыдка, і гэтым сабе нашкодзілі. Колькі ён, Крамер, даказваў тупагаловым немцам-аграномам, што пастаўкі трэба зменшыць, што вёска знясілена і лёгка можа ўспыхнуць нездавальненне! Калі селянін здаваў раней хлеб, дык хоць ведаў, што там, у другім месцы, будуюцца гарады, заводы, вучацца яго дзеці, якія пражывуць лягчэй і лепей, чым ён. А цяпер што? Нават пачатковыя школы баяліся разумнікі адчыняць. Піхалі дзяўчат, хлопцаў, якія паканчалі дзесяцігодкі, у Германію, да баўэраў. Адчынілі дзверы ў жыццё. Дурнота, суцэльная дурнота!..

Аўгуст Эрнэставіч нібы зрокава бачыць вёскі, сёлы, ад якіх не засталося нізвання. За час службы ў леспрамгасе аб’ездзіў іх, начаваў, частаваўся, меў з людзьмі шчырую гаворку. Харошы ў тых вёсках жыў народ. Машына па бездарожжы буксуе, па самы дыфер залазіць у гразь — хоць ноччу каму пастукай у акно — выйдзе, пасобіць. Як тыя людзі, калі хто астаўся жывы, успамінаюць яго, леспрамгасаўскага прыёмшчыка?..

Калі зусім няма сну, Аўгуст Эрнэставіч выбіраецца на двор, прымошчваецца на лавачцы. Падоўгу сядзіць, думае. Раз-пораз то ў мястэчку, то на чыгунцы страляюць, пускаюць у неба ракеты. На зямлі неспакойна, бруд, кроў, а неба ціхае, вечнае. Блішчаць на ім вялікія і малыя зоркі, і праз увесь цёмна-сіні купал пралягае срабрыстая дарога. Млечны Шлях... Аўгуст Эрнэставіч ведае, што кожная зорка — асобнае сонца, а вакол яго кружаць патухшыя, меншыя сонцы, падобныя на зямлю. Такое вялікае, агромністае неба, і так цесна, няўтульна людзям на малой Зямлі...

 

ІІІ

Чатыры дні з мястэчка відаць, як над вакольнымі лясамі ўздымаюцца дымы. Неба чыстае, светлае, і дымы здалёк нагадваюць воблакі. Толькі стаяць гэтыя воблакі нерухома, узнікаючы ў новых і новых месцах.

У мястэчка, а найбольш у дзяржаўны маёнтак Росіца — так называюць цяпер саўгас — эсэсаўцы-абознікі прыганяюць гурты кароў, чароды свіней. Пра насельніцтва не чуваць. Дарогі закрыты, і нават паліцэйскія не вытыркаюць з мястэчка носа.

З адной толькі вёскі — яна называецца Лес і размешчана ў суседнім раёне, па правы бок ад чыгункі-аднапуткі на Хвойнае — прыгналі на станцыю запыленых, змардаваных вяскоўцаў. Тут яны сем’ямі — мужчыны, жанчыны, старыя, дзеці. Выгнаннікаў з чайнікамі, клункамі грузяць у эшалон.

У апусцелым доме Мікалая Мікалаевіча жыве піляціцкі бургамістр Спаткай. Відаць, ён нідзе не працуе, бо цэлы дзень сноўдаецца з кута ў кут па двары. Ёсць у бургамістра сын (служыць у паліцыі), такі ж высокі, трохі прыгорблены. Малады Спаткай нядаўна ажаніўся, прывёўшы ў дом чарнявую, даволі прыгожую дзяўчыну. Відаць, маладая жонка лічыць, што за мужам-паліцэйскім яна як за каменнай сцяной. Бо чым другім вытлумачыць, што яна просіць эсэсаўца пакатаць на матацыкле. Той згаджаецца, выскаляецца, падміргвае сябрам. Цуг матацыклістаў — іх больш дзесяці — з вуліцы імчыць за ваколіцу. Дамоў бургамістрава нявестка прыпаўзае на карачках...

Міця па-ранейшаму жыве ў суседкі. Маці прыносіць есці, пра кватарантаў кепскага не гаворыць. Яна як бы нават задаволена, што пастаяльцы паліць вёсак не паехалі.

Наступнай раніцай маці прыбягае са спалатнелым тварам. Расказвае, а сама дрыжыць:

— Яны баб пастралялі. Прывезлі ўчора вечарам з Кавенек. Поўны кузаў. Бабы ў шэрых світах, хустках-канаплянках. Яшчэ адзеліся, бедныя, думалі — іх проста забралі. Ноччу эсэсы ўсталі, пабралі ружжы... Уранні прыносяць бярэмя світ...

Міця ведае — тых, каго прывозяць з вёсак, расстрэльваюць ля мылаварні. Стаіць паблізу могілак хмурая, з забітымі вокнамі будыніна, якую ахоўваюць паліцэйскія. Для вяскоўцаў нават каталажкі шкадуюць — піхаюць туды. Расстрэльваюць эсэсаўцы ноччу, трупы кідаюць у катлаван.

На світанні Мар’я будзіць Міцю.

— Таго немца, што даваў радзіва слухаць, забітага прывезлі. На двары пераадзелі, у гроб паклалі. Мундзір новы дасталі з чамадана. Той, што на ім, увесь у гразі. Цяпер у Арцёмавай хаце нікога няма. Мабыць, хаваць паехалі, каб яны паехалі жыватамі.

Прабегчы бульбоўнік, якім аддзяляецца Мар’ін і братаў двор — адна хвіліна. У хаце сапраўды разруха — усё раскідана, разбэрсана. Пры ложку, на якім спаў немец, стаіць табурэтка, на ёй — стус газет, часопісаў, пад імі штосьці накшталт планшэткі, толькі без раменьчыка. Планшэтку Міця піхае за пазуху, бярэ два часопісы. Няўжо тыя, што засталіся жывымі, будуць падлічваць рэчы нябожчыка?..

 

IV

Дамачоўцы спасавалі. Пасля нечакана ўдалай засады, якую правялі адзін іхні і Бацькавіцкі атрады, знішчыўшы эсэсаўскі ўзвод (у вусным рапарце аб гэтым дакладвалася як аб разгроме роты), можна было спадзявацца на лепшае. Была магчымасць, зачапіўшыся за рог лесу каля Разводаў, затрымаць эсэсаўцаў да ночы.

Але паўтарылася тое, што было пад Альховам. Не хапіла вытрымкі. Убачыўшы, што на Лужынецкім шляху танкеткі, бронетранспарцёры, ланцугі эсэсаўцаў, пачуўшы свіст, выбухі мін, войска Вакуленкі кінулася ў гушчар. Сёй-той па разу стрэліў, большасць нават стрэліць не паспела — ляцела на злом галавы, вырачыўшы ад страху вочы. Дарэмна насіўся на гнядым узмыленым кані Вакуленка, трымаючы ў выцягнутай руцэ наган, крычаў, пагражаў — ніхто яго не слухаў.

Але паспешлівы адыход дамачоўскіх атрадаў меў свой станоўчы бок для вынікаў бою, які вечарам таго ж дня разгарнуўся каля Лужынца. Эсэсаўскі полк, разгарнуўшы ў Разводах баявыя парадкі і бачачы ўцёкі партызан, пільнасць, насцярожанасць страціў. Выслаўшы дазоры, ён у далейшым рухаўся па Лужынецкім шляху звычайнай калонай.

Гамяльчане і гарбылёўцы абарону пад Лужынцом пастроілі граматна.

Перад сялом лес як бы расступаецца, утвараючы разлеглы прасцяг. Сярэдзіну поля ўзбоч шляху партызаны пакінулі эсэсаўцам. Свае роты атрады размясцілі звілістым паўкругам па краях. На прыдатных узгорках Бондар насадзіў кулямётчыкаў, для знішчэння бронетранспарцёраў, танкетак выдзеліў рухомыя групы са звязкамі гранат, толавымі зарадамі.

Першымі прамчалі матацыклісты-дазорныя. Партызаны ні адзіным стрэлам не азваліся. Сонца хіліцца к захаду. Цішыня. Нібы вымерла поле, парослае высокім жытам.

Калі эсэсаўская калона дасягнула сярэдзіны поля, па ёй з трох бакоў ударылі кулямёты. Густымі, бязладнымі вінтовачнымі залпамі забухалі замаскаваныя ланцугі.

Панёсшы страты, эсэсаўцы сталі разбягацца па жыце. Праз некалькі хвілін яны абрынулі на партызан шквал агню. У адзін суцэльны гул злілася аўтаматная траскатня, лопанне мін, бумканне буйнакаліберных кулямётаў. Але эсэсаўскі агонь беспрыцэльны, шкоды партызанам не прыносіць.

Тым часам пачынае цямнець. Эсэсаўцы ляжаць. Адна з танкетак — яны, нібы краты, стаіліся ў жыце — раптам ахуталася чорным дымам. Лубан пастараўся — падсунуў фугас. Дзве другія даюць задні ход. Можа, эсэсаўцы думаюць, што ў партызан ёсць артылерыя. Няхай думаюць.

Кулямётнымі чэргамі падпалены дзве крайнія хаты ў Лужынцы. Відовішча злавеснае: цёмны лес, цёмнае поле і асветленая полымем пустая вуліца...

Эсэсаўцы адступілі. Апоўначы падышоў з атрадамі Вакуленка. Пад полагам цемені кіпіць ліхаманкавая работа. Падпіленыя, падсечаныя, кладуцца на шлях выносныя сосны. Міны ставяцца, дзе толькі можна. Мінёры закопваюць толавыя пакункі нават па жыце.

Новы бой пачынаецца а другой палавіне дня. Сабраўшы ў кулак усё, што ёсць у наваколлі, эсэсаўцы накідваюцца з большымі сіламі. Зноў да ночы грыміць бой...

План удаўся. Эсэсаўцы на прыманку клюнулі.

Ноччу, пабраўшы забітых, параненых, партызаны адыходзяць.

За Лужынцом да самай Бярэзіны — суцэльныя лясы. Паселішчаў мала. Цэлы тыдзень ідзе валтузня. Партызаны наскакваюць ноччу, абстрэльваюць дазоры, нападаюць на абозы. Уцягнуўшыся ў безвыніковую пагоню за партызанамі, эсэсаўскі полк траціць час. А палавіна Літвінаўшчыны — калыска мясцовай партызаншчыны — цэлая. Саўгасны пасёлак Літвінава, вёскі Пажыць, Зялёная Буда, як і шэраг іншых, эсэсаўцы паспелі спаліць...

 

V

Нібы хаваюць прыдарожныя сосны пад задумлівымі шатамі ўспамін аб крывавых былях.

Вынішчаны край. Гаротная зямля. Хто яе не таптаў, не руйнаваў гарады, вёскі, пракладваючы па зялёнай раўніне заваёўніцкія шляхі...

Нерухомыя дымы перамяшчаюцца за Прыпяць. На Літвінаўшчыне — спакойна. У Мохаўскім, Разводаўскім, Лужынецкім, Зялёнабудаўскім сельсаветах — ніводнай цэлай хаты.

Там, дзе былі Піляцічы,— журботна пазіраюць у летняе неба закураныя каміны, калодзежныя жураўлі. Лісце на дрэвах скурчанае, чорнае.

На папялішчах корпаюцца вяскоўцы. Хто знойдзе тапор, чыгун, пакарэжаны агнём чайнік, хто — цвік.

Лета харошае стаіць. Дні ясныя, поўныя цеплыні, ласкавасці. Ідуць кароткія дажджы — пасля іх цякуць раўчукі, у калдобінах збіраецца вада. Азіміна, ярына буяюць. Такое ўраджайнае лета было ў той год, калі пачалася вайна.

Ночы — зорныя, ціхія. У лесе спяваюць пеўні, брэшуць сабакі. Жыццё цяпер — у лесе.

З балацянак наплываюць на лес туманы. Густыя, шчыльныя — не ўбачыш цяпельца ля суседняга будана. Звіняць камары. У куранях надрыўна кашляюць дзеці. Цяжэй, чым каму ў клятыя гэтыя дні,— жанкам ды дзецям.

Няхай не забудзецца добрае чалавечае слова. Яно трымае пагарэльцаў на свеце. Не толькі палітрукі, камісары вядуць агітацыю, а ўсе, хто носіць за плячамі вінтоўку.

Вакуленка асіп — збірае мітынгі ў кожным лясным стойбішчы.

— Бабы, не бядуйце!.. Самае страшнае — ззаду. З голаду не памром. Сабраць ураджай паможам мы, парцізаны. Фронт надзейна стаіць. Савецкая ўласць вернецца, і будуць новыя хаты. Галоўнае — жывыя асталіся...

Некаторыя з жанок выціраюць ражкамі хустак здрадлівую слязіну.

 

VI

Неба высокае, сіняе, рэдкія белыя аблачынкі на ім — нібы статак дзікіх гусей. Трава па пояс. Без канца-краю наўкруг калышацца травяное мора. Сям-там вылеціць з яго кнігаўка, блісне на сонцы рдзяным чорна-белым крылом, трывожна кігікне. Ахутаныя мроівам дрыжачай смугі, віднеюцца ўдалечыні надзьмутыя шары лазнякоў, прысадзістыя стажкі леташняга сена.

Ціха, глуха на Літвінаўскіх балотах. Толькі з правага боку, дзе ледзь прыкметна шарэюць на даляглядзе саламяныя стрэхі Лазавіцы, нехта як бы варушыцца. Мільгануць і адразу знікнуць дзве ці тры белыя хусткі.

Яўтушык косіць. Вінтоўку, торбачку з акрайцам хлеба, бутэлькай малака схаваў пад траву, верхнюю сарочку зняў. Трава густая, сеянка — касы не ўбіць. Але Яўтушык пачаў па расе, паспеў увайсці ў смак. Лёгкі вецер прыемна абдзімае твар. Жых-жах, жых-жах!.. Ногі шырока расстаўлены, калі азірнуцца назад, відаць дзве роўныя вытаптаныя паласы.

Яшчэ ўчора звечара адпрасіўся Яўтушык у Якубоўскага. Літоўку адкляпаў, мянташка з сабой. Хоць стачылася мянташка — каменнай прываркі на мезенец. На ўсялякі выпадак ён узяў брусок, якім вострыць сякеру.

На другі год пайшло, як нудзіцца Яўтушык па дзеле. Пакасіць, пахадзіць за плугам, падзяржаць цэп выпадае прыхваткам. Работа, як зайцаў сон пад кустом — адно вока прыплюшчана, другое глядзіць.

У калгасе Яўтушык пасад не займаў, рабіў, што загадаюць. На мужчынскай сіле дзяржаўся калгас. Касіць выходзіла трыццаць мужыкоў. Ён любіць касавіцу за тлум, мнагалюддзе, востры, п’янкі пах прывялай травы, які ўсю кароткую ноч дурманіць галаву. Непагана зажыла вёска пры калгасе. Можа, не так сыта, як весела. Хлеба на працадні прыпадала мала, затое прывозілі ў двары вялізныя кашы бульбы. Пудоў па трыста. Грошы зараблялі зімой, тралюючы лес. Плаціў леспрамгас. Выганіш, бывала, за месяц пяцьсот чыстых, калгасу толькі за коней адлічвалі.

Яўтушыку было па сэрцы калгаснае жыццё духам людской злучанасці, дружнасці. Страху за заўтрашні дзень не было. А як святкавала сяло! Тры дні Май, тры — Кастрычнік, пробны выезд у поле, першая баразна, зажынкі, Чырвоны абоз, выстаўка ў раёне. Дый старых свят не прапускалі. Багацця не гомцілі, жылі як людзі. Проста гудзела Лазавіца ад песень. Дый навошта багацце, калі сям’я не галодная, дзеці ходзяць у школу. Сам, калі ёсць ахвота — можаш падавацца ў горад, можаш — на чыгунку. Ні ў горад, ні на чыгунку Яўтушык не хацеў. Наогул, у Лазавіцы было мала адыходнікаў. Які дурань прамяняе сяло на беганіну па часах. Вёска — шэсцьдзесят двароў, як хто робіць — сляпому відна, мужчыны — як дубы. Год ад года лепшала жыццё. Вось гэтае балота, дзе расла адна асака, а твань па грудзі была, асушылі. Дваццаць калгасаў выйшла на асушку. Шлях да Літвінава насыпалі, радыё ў хатах гаварыла. Яшчэ б і электрыку правялі, каб не вайна.

Яўтушык спыняецца, выцірае рукавом потны твар. Добры кавалак вымахаў. Зачаў ад калектара і хутка дагоніць да другога. Можна лічыць, паўклеткі палажыў. Калі адарвецца яшчэ на дзень, сена карове будзе. Якога ліха цяпер выседзіш у атрадзе? Але падабаецца некаторым цыганскае жыццё. Жаруць несалёнае мяса, аціраюцца каля чужых баб. Разбэсціцца за вайну народ.

Яўтушык мянташыць касу, вострыць яе бруском, уткнуўшы кассё ў падатлівы тарфяны дол, сігаючы цераз пракосы, ідзе затым да канавы. Вада ў калектары — на самым дне, напіцца не проста. Раскарачыўшыся, трымаючыся за бераг рукамі, Яўтушык наском лапця выбівае ў схілах канавы лункі, затым ставіць у іх ногі. Упадзе на дно камяк торфу, і нап’ешся не вады, а чаю.

Калектар апаўзае, зарастае травой. Калі яшчэ год-два не чысціць каналы, зноў вернецца балота.

Нагнуўшыся, Яўтушык бачыць у цёмным люстры вады свой зарослы твар, ускудлачаную галаву. Трэба было б пагаліцца, пастрыгчыся, ды ўсё некалі. Чэрпаючы сашчэпленымі далонямі рук ваду, касар прагна п’е. Буйныя кроплі падаюць на дно, звіняць, як шкляныя. Вада адразу баламуціцца.

Не толькі напіўся, але і рукі памыў.

Добра, лёгка зажыў дзядзька Панас, мазалёў — анізвання. Былі далоні задубелыя, цвёрдыя, як конскія капыты,— цяпер далікатныя. Панскае жыццё. Ад вінтоўкі мазалёў не будзе. Калі паходзіць з ёю яшчэ год, можа, і ад работы адвыкне.

Яўтушык палуднуе, схаваўшыся ў траву, паклаўшы пры баку вінтоўку, трохі дрэмле.

Нават кароткі дзённы сон нядобры, бо размагнічвае, псуе настрой. Думкі Яўтушыка, калі зноў бярэцца за касу, кружацца вакол кепскага. Сёлы выпалены, вынішчаны, калі іх падымеш? Хату нялёгка паставіць, а то столькі сёл. Коней няма, кароў, свіней зводзяць. Дзе іх возьмеш, калі немцаў прагоняць?

Яго старана ацалела. У Рагалях, Лазавіцы, Буйках, Прудку, Азярках эсэсаўцаў не было. Кінуліся даганяць партызан у Лужынецкія лясы, а адтуль, па шляху, падаліся далей. У новых месцах паляць. Дзе стаялі Каўпак з Сабуравым.

Яўтушык думае аб тым, што трэба, пакуль нажнуць новага, дастаць хоць пуд мукі, аддаць крывому Амельку цялячую шкуру — няхай вырабіць, завесці карову к быку. Карова пярэдайка, вот-вот зноў падымецца. Заўтра ён яшчэ пакосіць...

Дамоў ён вяртаецца прыцемкам. Закіданы двор: страха ў хляве правалілася, вароты на агарод аселі, не зачыняюцца. Пляцень жонка патроху разбірае на дровы, бо на дрывотні — ні паленца.

З-пад ганка выкатваецца чорны жвавы камячок, вішчучы, кідаецца Яўтушыку пад ногі.

— Рад, што жывы,— прыгнуўшыся, Яўтушык гладзіць сабаку.— Нялёгка, брат, цяпер выжыць. Але калі пашэнціла, дзяржы хвост абаранкам. Мы з табой, брат, яшчэ на зайцоў сходзім.

Увесь час, пакуль гаспадар, прыставіўшы да сцяны вінтоўку, разуваецца, развешвае на тыне анучы, лапці, мые ў выдзеўбаным з бервяна карыце ногі, сабака вішчыць і лашчыцца.

У хаце, хоць расчынены вокны, пахне палыном — яго летам раскідаюць ад блох.

— Дзве нормы вырабіў,— хваліцца жонцы Яўтушык.— Яшчэ заўтра пакашу, а там скідаю стажок. Сена будзе, як чай.

Жонка садзіцца за сталом насупраць. Яўтушык падсоўвае да сябе міску і ледзь не крычыць ад здзіўлення.

— Дзе ты бульбы ўзяла?

— Маладая. Яшчэ шкода нішчыць. Сама завязваецца, то я гіч не вырывала. Намацала знізу рукой, дзе большая. Праз тыжджань можна капаць.

У жончыным голасе — радасць. Бульба — гэта жыццё.

Яўтушыку хочацца чым-небудзь аддзячыць жонку, і ён гаворыць:

— Я табе, Мар’я, грабянец заказаў. З люмінію. Ёсць там у нас адзін штукар, майструе. На тым тыждні прынясу.

— Сам хоць жывы прыйдзі.

Начуе Яўтушык у хляве, на вышках. Хоць зона партызанская, але ўсё можа быць. Няма нічога страшнейшага, калі схопяць бацьку, павядуць на вачах у дзяцей. Ад такой думкі аж у грудзях халадзее...

Ён ужо засынае, скрозь сон ловіць ціхае парыпванне лесвіцы. Жонка лезе на вышкі, кладзецца побач. Яшчэ праз хвіліну чуе яе голас:

— Як прыйдуць нашы, Панас, то ці будзе табе аддзяка? Ты ж так мучышся.

— Будзе, Мар’я. Мы з табой сама тады зажывём.

Назаўтра на балоце касцоў куды болей. То ў адным, то ў другім месцы варушацца мужчынскія, жаночыя постаці, чуецца звонкі ляскат мянташак.

Пагодка надзіва. З-за лазнякоў уздымаецца сонца, блішчыць раса. Над канавамі, калектарамі вісяць зыбкія палоскі туману, растаючы на вачах.

Да паўдня Яўтушык шчыруе, косіць, а калі да намечанай мяжы, за якую наважыў не пераходзіць, застаецца адзін прыхватак, хавае касу. Учарашняя трава парадкам прывяла, мясцінамі нават высахла. Ён пераварочвае рады, каб пасля полудня згрэбці ў копы.

Сонца сама прыпякае. Цень ад постаці зусім знік.

Яўтушык бярэ вінтоўку, сякеру, ідзе насекчы на адзёнак лазін.

У лазняку, хоць невялікі, а цянёк. Скачуць, перагукваюцца дробныя пташкі. Яўтушык закурвае, адчуваючы, як прыемна кружыцца галава, дранцвеюць ногі. Па сцяблінцы паўзе казюрка. Ён знімае яе, кладзе на далонь, і тады чорны жучок прыкідваецца мёртвым. Не варушыць нават лапкамі. Але калі ён хоча ўзяць яго ў пальцы, жучок, напружыніўшыся цельцам, пстрыкае, знікае з далоні. Пасміхаецца Яўтушык: непрыкметнае стварэнне, а мае сакрэты, хоча жыць.

Нечакана да слыху даносіцца незразумелы гул. Яўтушык прыўзнімае галаву, нямеючы ад жаху: нізка, над самым балотам, якраз на лазнякі, ляціць самалёт.

Здранцвенне працягваецца адно імгненне. У наступны міг Яўтушык хапае вінтоўку, становіцца на калені. І калі чэрава самалёта, з крыжамі-разводамі на крылах, праносіцца крыху наўзбоч ад таго месца, дзе ён сядзіць, ён, цэлячы ў кружок прапелера, раз-пораз страляе.

Дзікая радасць ахоплівае Яўтушыка: на носе самалёта паказаўся дымок. Ён шырэе, распаўзаецца, а вось ужо полымя шуганула. Самалёт зніжаецца, збіраецца сесці. Ён аднак далекавата, за дарогай. Штосілы Яўтушык бяжыць услед.

Самалёт нарэшце кранаецца долу, падскаквае, торкаецца носам у торф. Ад яго аддзяляецца цёмная постаць, адразу знікаючы ў траве.

Яўтушык нарэшце дабег. Самалёт палае, як вялікае вогнішча. Нешта трашчыць у ім, свішча. Нават страшна падыходзіць.

Наставіўшы вінтоўку, Яўтушык асцярожна крадзецца па траве. Сам ён бачыў, як выскачыў лётчык. Ён недзе тут. Думкі скачуць, мітусяцца. Калі ён прывядзе лётчыка, будзе смеху. Толькі чаму самалёт паляцеў над балотам? Звычайна ляцяць над чыгункай, хоць няма яе, расцягнулі, адзін насып астаўся.

На краі канавы Яўтушык выразна бачыць след. Вада ўзбаламучаная, чорная. Цяпер яму ясна, дзе мог схавацца лётчык. Пад насыпам дарогі вада цячэ праз цэментавую трубу. Фашыст хутчэй за ўсё там.

Стаўшы на дарозе, над месцам, дзе закапана труба, Яўтушык бабахае з вінтоўкі. Проста так, каб прыстрашыць. Праз хвіліну з трубы вылазіць лётчык. Ён немалады, без шапкі, мундзір запэцканы ў гразь. Але на шыі ў яго вісіць чорны з бліскучымі кантамі крыж і яшчэ два падобныя крыжы — на крысе мундзіра. Са здзіўленнем, страхам, нянавісцю глядзіць лётчык на неахайнага, валюхатага селяніна, які перамог яго, праслаўленага аса.

Праз тры дні звяно бамбардзіроўшчыкаў, знізіўшыся над Буйкамі, знішчае іх ушчэнт. Спачатку з паветра, кулямётнымі чэргамі самалёты падпальваюць хаты, хлявы, а затым, зрабіўшы другі і трэці заход, наўсцяж закідваюць вёсачку бомбамі.

 

Раздзел пяты

 

І

Франтавыя нямецкія зводкі надзвычай кароткія: Das Oberkomando der Wehrmacht gibt bekannt: im Ostfront wurde blos örtliche Kämpftätigkeit gemeldet1...

Пачалося лета. Зацішша на фронце дзіўнае, трывожнае.

Цягнікі ляцяць як у прорву. Нарастанне руху на чыгунцы Лобік і астатнія, хто займаецца падлікам эшалонаў, адзначылі яшчэ ў маі, але цяпер лік іх павялічыўся амаль удвая. У той жа час немцы штосьці хаваюць. Платформы, нагружаны тэхнікай, акрыты брызентам, а калі эшалон спыняецца на станцыі, каля платформаў пахаджваюць вартавыя. Пад брызентам на вока можна вызначыць абрысы танкаў, іншых, падобных да іх, машын. З вагонаў нярэдка выскакваюць салдаты ў новых камбінезонах, на платформах стаяць гарматы — таксама новыя, блішчаць свежай фарбай.

Ясна — немцы перакідваюць на Усход з другіх месц вайсковыя часці і ў першую чаргу — новую тэхніку.

Мікола носіць звесткі Мазурэнку два разы на тыдзень. Прыйдзе ў мястэчка, завітае да Міці, Лобіка, забярэ паперкі, бінты, медыкаменты — і назад. Загад Адамчука забіць Крамера Мазурэнка назваў бязглуздым.

Міця выбіраецца чытаць нямецкія зводкі або ў каменны двухпавярховы будынак на станцыі, дзе размешчана канцылярыя ахоўнага палка, або ў бухгалтэрыю фельдкамендатуры, куды носіць рахункі з лясгаса. Але рахункаў няшмат, адзін-два на тыдзень, і каб не кідацца ў вочы, Міця візіты чаргуе.

У зводках па-ранейшаму цішыня. Баі мясцовага значэння пад Цемрукам, Наварасійскам, рэляцыі пра паспяховае знішчэнне партызанскіх сіл.

Збіраючыся ў Прымака, Плотніка, хлопцы ломяць галовы над адным — дзе, калі пачнецца нямецкае наступленне? Яны жывуць тым жа клопатам, што на першым, на другім годзе вайны, хутка пачнецца трэці і што прынясе ён у нечуваную агромністую бойку, якая ахапіла свет? Нават на мясцовую трагедыю, на вынішчэнне навакольных сёл, іх жыхароў хлопцы глядзяць як бы праз люстра франтавых падзей. Лёс вайны вырашаецца не тут, у навакольных лясах, балотах, а на фронце. Калі там — пад Смаленскам, Арлом, Харкавам — будзе поспех, то жахі, якія натварыла эсэсаўская дывізія, маюць усё-такі другараднае значэнне.

У свядомасці, аднак, цяжкім каменем — лета. У мінулым, пазамінулым годзе немцы дасягалі летам відавочных пераваг. Чырвоная Армія перамогі мела зімой і ўсё адно не вярнула ўсю страчаную тэрыторыю. Лета між тым наступіла...

Перад Лобікам на стале геаграфічная карта. Лінія фронту даволі прамая. Растоў, Курск, Арол, Рослаў, Вялікія Лукі... Дзе фашысты нанясуць удар?

— Хутчэй за ўсё на Маскву нацэляцца,— заяўляе Іван.— Сама логіка падказвае. На Паўднёвым фронце апякліся. За зіму аддалі ўсё, што захапілі летам.

Міця пярэчыць:

— Дык і ля Масквы апякліся. Думаеш, яе не ўмацавалі?

Цяпер хлопцы спрачаюцца меней. Яны пры дзеле, адчуваюць адказнасць, ранейшай няпэўнасці няма.

Мікола сустракаецца або з самім Мазурэнкам, або з Тапарковым. Іншы раз на сустрэчу прыходзіць Міша Дудзіч, былы местачковы школьнік, які ў Мазурэнкі ардынарцам і які, зрэшты, звёў Міколу з дэсантнікамі.

Грамы спалены напалавіну. У старой вёсцы, якая злучана з прыстанцыйным пасёлкам насыпам-ляжнёўкай, агнём вынішчана ўсходняя частка. Станцыйны пасёлак цэлы.

Становішча Міколы ў Грамах нібыта надзейнае. Хоць лета, заняткаў у школе няма, але на яго прыходы, знікненні глядзяць, як на з’яву звычайную. Настаўнікам ён працаваў у Грамах яшчэ да вайны, таксама часта хадзіў у мястэчка. Пры немцах насіў павязку паліцэйскага. Усе ведаюць, што партызанскай мінай Міколе адцяла руку.

Характар у Міколы жорсткі, на твары — злосная зацятасць. Нікому ён нічога не спускае, і яго пабойваюцца.

У той жа час Міколава просталінейнасць дазваляе яму лёгка сыходзіцца з людзьмі. Кола яго знаёмых — шырокае. Добрыя, прыязныя адносіны ён наладзіў нават са старастам Гнядком, якога мінулай восенню прашылі куляй партызаны.

Хоць у Грамах воласць, але паліцыі няма. На станцыі — адна нямецкая ахова. Гэта спрыяе рабоце, якой займаецца Мікола. Яго паходы ў Малкавічы, дзе жыве цётка, успрымаюцца як належнае. У вялікай, ёмістай карзіне ён носіць цётцы соль, газу, брускі зеленаватага мыла. Ад яе — бульбу, збаны з кіслай капустай, яйкі, сала. Салдаты гэтак жа, як Мікола, ходзяць у Малкавічы мяняць іголкі і фарбу на харч, таму на яго паходы глядзяць скрозь пальцы.

Малкавічы таксама часткова спалены. Заходні край вёскі, што прылягае да лесу, пусты і голы. Там толькі ў апошнія дні ўзнік ланцужок зямлянак, здалёк яны нагадваюць наточаныя кратамі гурбачкі.

Мазурэнка з Мішам Дудзічам сустрэлі Міколу ў бярэзніку. Наводдаль, між дрэў, мільгнула яшчэ адна постаць, і ў чалавеку, апранутым у скураную тужурку, ён пазнае Тапаркова.

Міша астаецца за вартавога, Мікола з камандзірам дэсантнікаў адыходзяцца ад сцежкі, кладуцца на дол. Капітан похапкам прабягае вачамі прынесеныя паперкі, хмурнее. Пытае аднак пра другое:

— З бургамістрам не клеіцца?

Месяц назад капітан параіў Міколу займець якое-небудзь заданне ад Крамера.

— Два разы быў. Нічога не гаворыць. Ён, мабыць, у такія справы не ўмешваецца.

Мазурэнка задумваецца.

— Трэба б цябе як-небудзь умацаваць. Толькі не ведаю як. Можа, сам падкажаш?

— Нічога са мной не зробіцца. Буду хадзіць.

— Ладна. Вазьмі трохі грошай.— Капітан дае Міколу ў рукі загорнуты ў паперу пакунак.— Пі, гуляй, гандаль вядзі. Частуй усіх цыгарэтамі. А цяпер слухай уважліва. Немцы хутка пачнуць наступленне. Эшалоны, танкі не так сабе. Але агульных звестак цяпер мала. Трэба падрабязнасці. Якія танкі, куды вязуць? Кіньце на чыгунку ўсе сілы. Там жа ў вас хлопцы па-нямецку разумеюць. Можа, што вывудзіце. Толькі трэба асцярожна. Не заваліцеся. Правал цяпер — горш, чым смерць. У Малкавічы не хадзі. Я табе дупло пакажу. Тайнік. Можна нават два. Туды будзеш класці паперкі.

З гадзіну капітан водзіць Міколу па лесе, паказвае тайнікі. На развітанне загадвае:

— Схадзі ў Малкавічы. Апошні раз. Там зробяць маскарад. Не бойся, там нашы людзі.

Мікола пайшоў. Перад цётчыным дваром з агародаў выскаквае трое ўзброеных партызан. Хапаюць Міколу пад рукі.

— Ты чаго швэндаешся, паліцэйская сволач? — ва ўсё горла раве вялізны, з квадратнымі плячамі, асілак.— Што табе трэба? Для немцаў стараешся?

— Цётка тут жыве. Соль нясу.

— Мы пакажам табе зараз цётку. На тым свеце ўбачыш.

Партызаны валакуць Міколу ў двор, да хлява, становяць тварам да сценкі, самі адскакваюць.

Мікола не на жарт палохаецца. Агідныя дрыжыкі бягуць па целе.

Нечакана чуецца незнаёмы голас:

— Кіньце, хлопцы. На першы раз добра ўсыплем. Каб носа сюды не патыкаў.

Міколу вядуць у хату. Асілак на гэты раз шчэрыць зубы.

— Лажыся на лаву і крычы. Як можна мацней.

Мікола кладзецца, на яго кідаюць падушку, штосілы гасяць па ёй шампаламі. Нібы боб малоцяць — такі гук. Ён крычыць, лямантуе — колькі хапае змогі. Пад вокнамі збіраюцца жанчыны.

 

1 Галоўнае камандаванне нямецкіх узброеных сіл паведамляе: на Усходнім фронце — баі мясцовага значэння...

ІІ

З Кавенек, Дубровіцы ў местачковую бальніцу прывезлі параненых. Селяніну, які наступіў на міну, адарвала нагу, другога — ехаў на калёсах — гэтак падкінула, што, жмякнуўшыся на зямлю, пашкодзіў хрыбетнік. Ёсць выпадкі, калі падрываюцца коні, каровы. Партызаны ставяць міны на шляхах, прасёлкавых дарогах.

У Крамера сядзіць Лагута, у агульным пакоі чакаюць прыёму яшчэ некалькі чалавек. Аўгуст Эрнэставіч раптам выбягае з кабінета. Здзіўлены Лагута высоўваецца следам.

Бургамістр узбуджаны — ні на кога не пазіраючы, сагнуўшыся, выдыбае з кута ў кут. Наведвальнікі сядзяць у крэслах, на падаконніках, некаторыя стаяць, прыхінуўшыся да сцяны.

— Варвары! — нечакана ўзрываецца Крамер.— Я кажу пра лясных бандытаў. Да чаго дайшлі — страшна падумаць... Тых, хто хоча мірна жыць, піхаюць на смерць. Вы разумееце, што значаць міны ў Кавеньках, у Дубровіцы? Бандыты помсцяць мірным вёскам, якія немцы не спалілі. Нам з вамі помсцяць. Мы — злачынцы. Нам можна адрываць рукі, ногі, знішчаць, забіваць...

Лагуце трохі не па сабе. Два тыдні назад, калі немцы палілі раён, бургамістр спяваў другую песню. Лагута тады нават спалохаўся. Данёс бы хто-небудзь, і крышка Крамеру, не паглядзелі б, што бургамістр. А разам з ім паляцелі б у прорву астатнія. Як мяняецца чалавек. І дзе прычына?..

Крамер між тым проста шалее.

— Варвары, варвары! — захліпаючыся, сінеючы з твару, крычыць ён.— Ну, няхай партызаны скінулі дзесяць, дваццаць паяздоў. Няхай забілі сорак, пяцьдзесят немцаў. А колькі страціла насельніцтва? Сто гіне за аднаго. Увесь народ гатовы кінуць у агонь, каб толькі апраўдаць свой лозунг: «Смерць нямецкім акупантам!» Не любяць яны людзей, не шануюць. Нехта там, наверсе, прыдумаў лозунг, а для іх — закон. Партызаны і да мястэчка дабяруцца, вот пабачыце. Яны ненавідзяць нас за тое, што спім у хатах, маем яду, вопратку. Усе павінны туляцца па лесе, як звяры.

Нечакана Крамер сціхае. Сагнуўшыся, па-старэча ??????????????????????????????????????????????????????????????????????????????????

 

ІІІ

Андрыюк — мужчына ўвішны, дзейсны. Займеў у мястэчку добрую славу, і ўсе, каго хвароба прымусіла пераступіць бальнічны парог, стараюцца трапіць на прыём да яго. Па акупацыйным часе жыве доктар нават някепска. Кватэрай служыць асобны дом — стаіць у глыбіні бальнічнага двара пад навіссю старых, разгалістых бяроз. Пра хлеб думаць асабліва не трэба — кліенты з пустымі рукамі не прыходзяць.

Праніклівае вока магло б аднак заўважыць, што дабротамі жыцця Андрыюк захапляецца не надта. У вялізным доме жыве, як на вакзале. Пакоі пуставатыя, мэблі мала, не хапае звычайных табурэтак.

Міцю Андрыюкова кватэра падабаецца. Няшмат знойдзеш у мястэчку дамоў, дзе б нават спякотнымі днямі панаваў у пакоях цень, пад нагамі парыпвалі пафарбаваныя маснічыны, а для патайной гаворкі можна было абраць зацішны куток.

З Андрыюком Міця трымае сувязь з зімы, збольшага яго ведае. Пры ўсёй сваёй рашучасці ў глыбіні душы доктар трохі трапяткі. Мае схільнасць рабіць паспешлівыя вывады. Меры перасцярогі, якія прымае, мабыць, залішнія і нават смешныя: кожны дзень яго жонка наведвае жонку бургамістра.

Аднак бінты, медыкаменты Андрыюк здабывае з вялікай вынаходлівасцю, звестак, якія датычаць мясцовага жыцця, у яго мноства, і, не вытрымаўшы, ён сам іншы раз прыносіць іх Міцю ў лясгас.

У бальніцы дзве ізаляваныя палаты прызначаны для немцаў, немцамі абслугоўваюцца. Бывае так, што хворых салдат здымаюць з эшалона, накіроўваючы сюды, бо шпіталя ў мястэчку няма.

— Гітлер рыхтуе наступленне,— у адзін з тых дзён гаворыць Міця.— Эшалонаў болей. Толькі невядома, куды кіруюцца. Каб як-небудзь у салдат пранюхаць...

Андрыюк загарэўся. Дні праз тры завітаў да Міці.

— Салдаты не ведаюць. Але месяц назад адзін служыў у Францыі, другі — у Нарвегіі. Прозвішчы я запісаў.

— Што ж, добра і гэта.

Эшалоны нясуцца, як у бездань. Збоку на нямецкіх вагонах прымацаваны драцяныя сетачкі, куды закладваецца паперка з адрасам прызначэння. Але цяпер паперак няма. Дні трывожныя, напружаныя. Запаўняючы па вечарах графачкі чыгуначных зводак бясконцымі лічбінамі, Лобік асунуўся з твару, схуднеў.

Трэцяе лета грыміць вайна. Летам немцам спадарожнічае поспех, і перад мысленным позіркам хлопцаў міжволі лунае прывід страху. Няўжо германская армія зноў пойдзе наперад, у зводках замільгаюць назвы захопленых савецкіх гарадоў? Пасля Сталінграда, пасля ўрачыстай, напоўненай радасцю зімы было б гэта асабліва крыўдна...

Але ў самім паветры як бы носіцца нешта новае, што не дазваляе думаць пра савецкае адступленне. Адкуль узялося адчуванне сілы, дзе вытокі яго, карэнні? Можа, гэта і ёсць той дух вайны, пра які хлопцы гадалі яшчэ, калі варожая армія стаяла пад Масквой, а ход франтавых падзей не даваў ніякай прасветліны?

Так, дух вайны перамяніўся. У немцаў Харкаў, Арол, Смаленск, яны трымаюць у кальцы Ленінград, але салдаты, якіх бачаць хлопцы кожны дзень, не тыя, што былі. Не так ходзяць, размаўляюць, па-другому аддаюць адзін аднаму чэсць. Нешта ў іх зламалася.

Ветэрынар Шкірман жыве ў гарадку. Дзяцей няма — ён ды жонка. Кватэрка сціплая, камунальная. Па характару і нават знешняму абліччу Шкірман — поўная процілегласць Андрыюку. Ён прысадзісты, паўнацелы, павольны ў рухах, гаворцы. Словы прамаўляе як бы нараспеў, трохі расцягваючы. У той жа час ветэрынар вельмі смяшлівы, ён і на жыццё глядзіць, вышукваючы смешны, адмоўны бок з’яў і рэчаў.

Шкірман працуе ў «Заготжывёле», сёе-тое паведамляе пра гаспадарчыя захады фашыстаў. Дык вось яны амаль месяц жывёлу нікуды не адпраўлялі, а цяпер грузяць дзвесце галоў. Кароў, свіней. Адрас дакладны — Харкаў, мясакамбінат. Адтуль спецыяльна прыехаў інтэндант.

Для Міколавых вандровак у лес звестак назбірваецца нямала. Мястэчка не наносіцца на геаграфічныя карты, яно далёка ад фронту, але, паколькі праз яго пралягае чыгунка, нешта пра вайну можна выведаць.

Лобік прыкмеціў, што са станцыі Іванаўка, дзе дрэваапрацоўчы завод, немцы возяць не чыгуначныя шпалы, як звычайна, а зробленыя на месцы часткі бункераў. Сяргей Сталяроў на ўласныя вочы ўбачыў новы нямецкі танк. Вецер сарваў з платформы брызент, салдаты прамаргалі, таму Сяргей, затуліўшыся між штабялёў шпал, паспеў змаляваць акаванае бранявымі плітамі страшыдла з доўгай гарматай. Добра мець уласнага мастака!..

Тое, што вока ў Сяргея назіральнае, пацвердзіў другі выпадак. Сяргееў сваяк Грыша Найдзёнік, які разам з ім працуе, заўважыў, як салдаты шпурлянулі ў адхон папяровы жмак. Калі эшалон знік з вачэй, ён падняў яго, разгарнуў. У газетным лісце — шкарлупінне ад яек, каўбасныя шкуркі. Грыша, мабыць, кінуў бы забруджаную тлушчам паперыну, каб не здымак, падобны на Сяргееў малюнак.

Газетка маленькая, вайсковая, выдаецца спецыяльна для салдат. Танк на здымку выразна відаць. Каля яго кружком танкісты ў шлемах, унізе вершаваны подпіс:

Steil reckt das Rohr dem Feinde endgegen1...

Звесткі, якія змоўшчыкі збіраюць, пасылаючы ў лес, займаюць у іх думках невялікае месца. Па-ранейшаму яны сыходзяцца, абгаворваюць франтавыя навіны, спрачаюцца, і гэта ёсць тое галоўнае, чым жывуць. Ім нават у галаву не прыходзіць, што робяць штосьці асаблівае, аб чым пазней, калі пара юнацтва міне, будуць успамінаць з павагай. У жыцці, мабыць, заўсёды так: чалавек ірвецца наперад, жаданнямі сягае ў будучыню, а калі азірнецца, то самае цікавае — ззаду...

Поўная нечаканасць для хлопцаў — Мазурэнкава пахвала. Медалямі абяцае ўзнагародзіць. За звесткі пра адгрузку жывёлы і Найдзёнікаву газету. Тапаркоў шапнуў Міколу — газету паслалі самалётам у Маскву.

 

1 Крута ўздымае гармату на ворага... (ням.)

IV

Пачалося!..

Пра наступленне нямецкія зводкі паведамляюць узнёсла. Танкавая бітва заклікана вырашыць лёс вайны, выратаваць Еўропу ад бальшавіцкага націску.

З другога боку, зводкі надзіва скупа асвятляюць канкрэтныя поспехі наступлення. Мінуў тыдзень, другі, назвы ранейшыя — Арол, Белгарад.

Міця схадзіў да Шарамета, паслухаў савецкае радыё. Паведамляюць пра сотні знішчаных «тыграў», «фердынандаў» — так называюцца новыя танкі і самаходкі. Пра адыход — ні слова. Штосьці новае творыцца там, пад Курскам і Белгарадам.

Нямецкія газеты стракацяць артыкуламі пра Еўропу, яе старажытную культуру. Сэнс — празрысты: Германія лье кроў, абараняючы не толькі сябе, а ўсе еўрапейскія народы.

Калі Міця ідзе на службу, абмінаючы нерухомую чараду цяплушак, загнаных у тупік, то якраз у гэтым месцы ўспамінае Еўропу. У абшарпаных вагончыках сапраўды еўрапейскі люд: палякі, чэхі, бельгійцы. Насільна мабілізаваныя рамонтнікі немцаў не любяць, абараняць сябе не просяць. Паколькі з харчам у іх туга, з раніцы пачынаюць зацяты гандаль з хлапчукамі, мяняючы мыла, сахарын на яйкі.

Дні стаяць такія, як тады, калі пачалася вайна. З раніцы з-за дальняга лесу выплывае сонца, блішчыць раса, перагукваюцца птушкі. У поўдзень сонца прыгравае ніштавата: край лесу, купчастыя сосны на могільніку — ахутаны хісткай смугою. Але ў меру — днём, ноччу — грымяць кароткія навальніцы, ідуць дажджы, усё буяе. На полі наліваецца зернем колас. Спеюць чырванабокія яблыкі, грушы.

Тым часам лопнула нямецкае наступленне.

Зводку Міця прачытаў у калідоры двухпавярховага чыгуначнага дома. З’явілася жаданне зараз жа пабегчы да хлопцаў, падзяліцца навіной. Тое, што толькі прадчувалася, выклікаючы надзею, трывогу, стала пэўнасцю. З душы нібы камень зваліўся. Стаіць цёплае лета, і Чырвоная Армія наступае. Самі немцы пішуць...

Доўга чакаў Міця гэтага дня. Пара яго юнацтва, калі думаецца пра жыццё высока, узнёсла, калі, распраміўшы крылы, хочацца ляцець у нязведаныя далі, супала з вайной, з прыходам фашыстаў, а яны, нібы тапаром, адсеклі высокія сяганні. Фашысты хацелі пасадзіць чалавека ў клетку. Свет, які намерыліся яны збудаваць,— змрочны, жудасны. Месца ў гэтым свеце для Міці не было.

Савецкае контрнаступленне пад Арлом, Белгарадам — не толькі ваенная перамога. Яно азначае нешта непараўнальна большае. Усё тое, у што Міця паверыў, ходзячы ў школу, чытаючы кнігі, раздумваючы над убачаным, аказалася праўдай, прынесенае фашыстамі — маной, хлуснёй...

Заварушыліся саюзнікі — захапілі Сіцылію. Ад яе рукой падаць да Італіі. Можа здарыцца, што горача стане немцам летам сорак трэцяга года.

Лобік на станцыі: брыгада згружае баласт. Навіна ўзрушыла яго не меней, чым Міцю.

— Калі немцаў спынілі, то ў нас болей танкаў, артылерыі,— гаворыць ён.— Гэта не жарты. Я сам бачыў, колькі пёрлі тэхнікі.

— Пішуць, што бальшавікі наступаюць.

— Перамалолі іх тэхніку, і самі пайшлі наперад,— Лобік пацірае ад задавальнення рукі.— Пералом у вайне, памянеш маё слова.

Каб не было вайны, акупацыі, Іван перайшоў бы на трэці курс інстытута, Міця — на другі. Ім не прыйшлося сядзець у інстытуцкіх аўдыторыях, слухаць прафесараў, таму ўвесь малады імпэт яны скіравалі на вайну. І яны сталі трохі стратэгамі, звычайныя местачковыя хлопцы, бо іх прагнозы нярэдка спраўджваюцца.

Прыбыў эшалон, Лобік абвёў яго ўважлівым позіркам, зараз жа рушыўшы пад станцыйныя таполі, у прыбіральню. Міця ўсміхаецца: калі Іван затуляецца вось гэтак пасля кожнага эшалона, то канспіратар ён не вялікі.

 

V

Падзеі нарастаюць.

Пад Арлом пачалося, у Рыме адгукнулася. Мусаліні спёкся. Новы італьянскі ўрад узначальвае нейкі маршал Бадольо.

Хлопцы збіраюцца ў Прымака.

— Вось Берлін — Рым трэснула,— Лобік узбуджана размахвае рукамі.— Фашызм у Італіі раней, чым у Германіі, пачаўся. Мусаліні не проста знялі — арыштавалі. Новы паварот дзяржаўнай палітыкі.

Дучэ Беніта Мусаліні — тое самае, што фюрэр Адольф Гітлер. З якога часу пачалі арыштоўваць фюрэраў? Якія сілы за гэтым стаяць? Ёсць над чым задумацца. Гісторыя як бы творыцца на вачах, робіць нечаканыя павароты, дыхае ім, хлопцам, у твар.

У пакой забягае пабялелы Мікола.

— Мяне Гвозд абшукваў,— паведамляе з парога.— Добра, што ў кішэнях нічога не было.

Змоўшчыкі нямеюць. Калі першае замяшанне мінае, Лобік пачынае допыт:

— Не сей паніку, раскажы толкам.

— Што расказваць? Ішоў ад Міці, каля старых могілак сустрэў Гвазда. Ён з ходу: «Рукі ўгору!» Я падняў. Ён абшарыў кішэні, пінжак, штаны абмацаў.

— Пытаў што-небудзь?

— Куды я хадзіў.

— А ты што?

— Сказаў, што быў у паліцыі, палучаў пенсію. Яшчэ сказаў, што буду на яго скардзіцца.

Хлопцы з палёгкай уздыхаюць.

Мікола сядзіць на канапе, унурыўшыся. Лобік, Міця пахаджваюць па хаце. Год назад, прыкладна ў гэты час, у мястэчку пачаліся арышты. Забралі спачатку Сяргея, затым Міцю. Але летась яны нарабілі глупства. Сяргей вярнуўся з лесу, з партызан, на работу не ішоў, дружбаваў з Аўсянікам.

На ім, калі глядзець вачамі паліцэйскіх, ляжала кляймо, а ён яшчэ артачыўся.

Прычына леташняга правалу ў тым, што яны не ўмелі маскіравацца. Блукалі па мястэчку з задзёртымі галовамі, паказваючы немцам дулю ў кішэні. Але цяпер — другое. Да іх мінулага не прыдзярэшся: маладыя, пасад не займалі. Усе на нямецкай рабоце...

Сеўшы на канапу побач з Міколам, Міця гаворыць:

— Нас пахапаюць толькі тады, калі знойдуць доказы. Цябе Гвозд чаму абшукваў? Шукае доказаў. Яму трэба нешта канкрэтнае. Але падазрэнне ёсць, і гэта дрэнна.

Мікола пярэчыць:

— Хіба летась не было падазрэнняў? Помніш, Гвозд, сустрэўшы нас з табой, прасіў прыкурыць? Але ж кішэні не выварачваў.

Нешта сапраўды ёсць. Але што? Хлопцы губляюцца ў здагадках, не могучы знайсці адказу.

— Цябе ў Малкавічах ніхто не бачыў? — пытае Міця.— Думаеш, немцы не маюць там сігнальшчыка? Сядзіць якое-небудзь ціхае стварэнне, патрошку капае.

Мікола падхопліваецца. Разам з Лобікам выдыбае па хаце.

— Я ж расказваў. Партызаны спецыяльна спектакль наладзілі. Ставілі да сценкі, білі шампаламі. Людзі бачылі. Цяпер я туды наогул не хаджу. Кладу паперы ў дупло. Ёсць тайнікі...

Хлопцы думаюць-гадаюць дацямна. Мазурэнка гаворыць праўду, калі раіць уваходзіць у давер да немцаў. Але як такі давер займець? Да Крамера Мікола наведваўся два разы, вынікаў яго візіты не далі. Справа ж вымушае прыняць захады неадкладна. Нават адзін раз не проста выбрацца з мястэчка. Мікола ж выбіраецца па два разы на тыдзень. Хутчэй за ўсё пастаяннае швэнданне кідаецца ў вочы. Нават у дурнога можа ўзнікнуць падазрэнне.

— Трэба схадзіць у паліцыю, паскардзіцца на Гвазда,— гаворыць Лобік.— Да немцаў дойдзе. Ты на паліцэйскай службе страціў руку, атрымліваеш пенсію. Жывеш у Грамах, сям’я ў мястэчку. Каб памагчы сям’і, займаешся гандлем. Ён жа не забаронены...

Мікола весялее. Хлопцы прымаюць рашэнне змяніць тактыку. Трэба паболей купляць запальнічак, сігарэт, сахарыну. Каб заўсёды такія рэчы былі ў раменнай Міколавай торбе. Кішэняй, прышытай да споднікаў, карыстацца нельга. Паперы трэба хаваць пад вусцілку чаравікаў.

Яшчэ болей уздымаецца настрой, калі хлопцы прыходзяць да высновы, што паліцэйскі шпік не ад добрага жыцця абшукваў Міколу на вуліцы. Хіба тайны агент, які хоча мець поспех, будзе так рабіць?

Ведае кошка, чыё мяса з’ела. Нямецкія справы кепскія, а вушы ёсць і ў Гвазда...

 

Раздзел шосты

 

І

Як хмара, навісаюць партызаны над мястэчкам. Дыверсіі ў ім самім — узарвана электрастанцыя, пакладзена міна ля ўсходняга пераезда пры пуцейскай казарме.

Хлопцы здагадваюцца — без мясцовых памочнікаў не абышлося. Значыць, акрамя іх яшчэ ёсць людзі, звязаныя з партызанамі. Ад гэтага трывожна і радасна.

Знішчыўшы цэлыя сельсаветы, фашысты разлічвалі падсекчы корань партызанскага руху. Атрымліваецца наадварот. Партызанам трэба есці, апранацца, і яны сталі завітваць у вёскі, што ляжаць пры чыгунцы.

Знешне мястэчка жыве, як раней. З раніцы кіруюць на службу стрэлачнікі, пуцейцы, рабочыя розных майстэрняў, складаў. Па-ранейшаму дзейнічаюць канторы, у якіх ляскаюць на лічыльніках бухгалтары і рахункаводы. Але гэта хутчэй прывід жыцця, шырма, якой прыкрываецца хісткі, няўстойлівы акупацыйны побыт.

На станцыі, дзе аціраецца процьма вайскоўцаў, можна купіць драбязу — пачак цыгарэт, запальнічку, буханку цвілога салдацкага хлеба. Людзі працуюць задарма, бо маркі, карбованцы нічога не варты. Пайкоў, акрамя паліцэйскіх, ніхто не палучае.

Немцы прыдумалі выйсце: калі звязаны з гаспадаркай, то дулю, а не хлеба. Зямлю засяваюць усе — хто служыць і не служыць.

У службоўцаў усё ж перавага: штомесяц маюць па кілаграму солі. Проста местачкоўцу за кілаграм трэба аддаць курыцу ці дваццаць яек.

Аляксей Прымак — рамонтнік на пошце. Сувязь партызаны ўкарацілі, пакінуўшы тэлеграфныя слупы ля чыгункі ды ў самім мястэчку. Па гэтай прычыне бываюць дні, калі ніякай работы Аляксею няма. Адзначыўшыся ў канторы, ён вандруе па мястэчку.

Прымаку трапляе на вочы высокі танклявы хлапчына гадоў дваццаці двух, ахайна, па-гарадскому, апрануты. З бесклапотным выглядам ён пахаджвае па вуліцах, завітвае ў сталовую, у цырульню, падвечар Прымак бачыць яго на станцыі.

Незнаёмых людзей у Бацькавічах няшмат, і Прымак пачынае ім цікавіцца. Дазнаецца — завуць хлапчыну Барыс Аксаміт, кватаруе ў жонкі эмтээсаўскага механіка Франі Бейзік, у мястэчку арганізоўвае службу Чырвонага Крыжа.

Незвычайная Аксамітава служба насцярожвае. Немцы паляць вёскі, людзей, а тут раптам Чырвоны Крыж?

Потым так здараецца, што Прымак сядзіць на слупе, прыкручвае драты, а ў гэты час упаўнаважаны Чырвонага Крыжа ідзе ў двор да кабеціны. Зверху Прымаку ўсё відна. Перш чым падацца ў хату, Аксаміт вымае з кабуры — яна ў яго ззаду пад пінжаком — пісталет, перакладвае ў кішэню.

Прымак расказвае пра ўбачанае Міцю. Цяпер яго пастаяннае заданне — віжаваць за Аксамітам. Праз тыдзень можна зрабіць вывады. Упаўнаважаны Чырвонага Крыжа не проста наведвае жанчын, а выбірае тых, у каго мужыкі ў арміі.

Прымаку ўдаецца пагаварыць з жанчынай, у якой быў Аксаміт. Яна спачатку тоіцца, бянтэжыцца. Упаўнаважаны Чырвонага Крыжа загадаў трымаць язык за зубамі. Але Аксаміт — прыблуда, Прымак — свой, местачковы, і яна расказвае ўсё.

Гэты высокі (жанчыне ён адразу не спадабаўся) сказаў, што яе гаспадар у палоне, у Бабруйскім лагеры, і хоча праз Чырвоны Крыж палучыць пісьмо з дому. Але чаму сам не напісаў? Як верыць на слова чужому чалавеку? Што-небудзь пісаць жанчына адмовілася. Зрабіла, вядома, правільна.

Пра Аксаміта ясна — шпік. Ясна, чаму прыкрываецца Чырвоным Крыжам. На пачуццях мужа да жонкі, дзяцей можна сыграць. Асабліва, калі такі чалавек знаходзіцца за дротам.

Аксаміт блукае па мястэчку. Да салдатак болей не ходзіць. Прымаку ўдалося яшчэ з адной пагаварыць, як і першая, яна нічога мужыку не напісала. Хлопцы супакойваюцца.

Але Аксаміт задае новую загадку.

Ад Франі Бейзік перабіраецца на Вакзальную вуліцу, наймаючы пакой у медыцынскай сястры Стасі Машчынскай. Пакой мае асобны выхад. Сувязі, якія Аксаміт заводзіць, проста нечаканыя. Да яго прыходзіць рамонтнік з чыгункі Нічыпар Хадоська, бухгалтар Піляціцкага лясніцтва Віктар Цыбулька, настаўнік Тадэуш Капуста.

Стася Машчынская працуе ў бальніцы, падпарадкоўваецца Андрыюку. Яна відная — высокая, стройная. Другой такой прыгожай жанчыны ў мястэчку, мабыць, не знойдзеш.

Цяпер Аксамітавы замыслы разгадвае Андрыюк. Стася расказвае, хто да шпіка прыходзіць. Размоў падслухаць нельга: пакой аддзелены сцяной.

Нешта дзіўнае адбываецца ў Аксаміта. Госці прыходзяць паасобку, напачатку ён вёў з імі ціхія размовы, цяпер — крычыць.

Што аб’ядноўвае Аксамітавых кліентаў? Мабыць, тое, што як бы наўмысна выстаўлялі сябе абыякавымі да палітыкі. Тырчалі ў кіно, пілі, гулялі ў карты. Дагуляліся.

Цыбулька нават ажаніўся. Павісла на шыі грудастая, з вялікімі вачамі дзявуля, старэйшая за яго гадоў на дзесяць. Цыбулькава жонка — прыезджая, гаспадаркі няма. На якія капіталы жыве маладая сям’я — невядома.

Адносна Тадэуша Капусты — справа асобая. Ён — прыёмны сын станцыйнага пенсіянера — тэлеграфіста Папярочкі. Да вайны скончыў дзесяцігодку, трохі вучыўся ў інстытуце. На пачатку вайны Тадэуш быў у арміі. Трапіўшы ў акружэнне, вярнуўся ў мястэчка. Нейкі час ён нават загадваў пачатковай школай, але раптам адмовіўся ад пасады, наняўшыся дрывасекам у лясгас. Цяпер коле дровы пад вокнамі пакоя сакратарак, стаміўшыся, ідзе да іх парагатаць. Жартаўнік Тадэуш дасціпны, і дзяўчаты да яго хінуцца.

Калі Міця хадзіў на спатканне з партызанамі, Адамчук перадаў тры запіскі, адна з іх адрасавана старому Папярочку. Запіскі трохі смешныя. Адамчук лае немцаў, дакарае за бяздзейнасць тых, да каго звяртаецца.

Дзіўныя рэчы бываюць на свеце: з бацькам хочуць наладзіць сувязь партызаны, з сынам — немцы. Міця перадаў па адрасу толькі адну запіску, дзве яшчэ ляжаць у застрэшшы. Не мае сэнсу ўцягваць старога Папярочку ў небяспечныя справы. Ён глухі, хваравіты, яшчэ ў мірныя дні баяўся ўласнага ценю.

Дні ідуць, Аксаміт водзіць да сябе Цыбульку, астатніх, але хлопцы не вераць, што тыя стануць яму памагаць. Калі шпік іх нават забрытае, то нашкодзіць партызанам не здолеюць. Хто яны, у лесе будзе вядома.

Акрамя Гвазда, Аксаміта ёсць яшчэ адзін, які віжуе, вынюхвае. Але нізенькі, лысаваты чалавек — ён пасяліўся побач з фельдкамендатурай — нават не робіць са сваёй прафесіі тайны. Бегае з кацялком на вайсковую кухню, запрашае да сябе паліцэйскіх, якіх партызаны выгналі з вёсак.

Немцы прасвісталі наступленне, то няўжо спадзяюцца выйграць вайну шпікамі?

Захопленыя высочваннем Аксаміта, змоўшчыкі зусім не заўважылі, як і калі знікла з мястэчка Франя Бейзік.

 

ІІ

Пачынаецца жніўная пара.

Мястэчка жыве з зямлі, з таго, што пасеяна на агародзе, полі. Калгасных коней, трактараў няма, іх пагналі на ўсход. Але за два гады падраслі лашачкі, хадзіць у возе, за плугам прынароўлены каровы — зямля не гуляе. Засеяна ўсё: лясныя дзялянкі, аблога, пясчаная няўдобіца.

Цікава адно: да лішняй зямлі местачкоўцы не цягнуцца. Калгас тут быў восем гадоў: вялікім ураджаем, парадкам не здзіўляў і ўсё ж прымусіў людзей па-другому зірнуць на жыццё. Ірваць на зямлі жылы адвучыў. Поле бралі, каб толькі пражыць. Па аднаму-два гектары на сям’ю. Па пяць — у Зуя, ды яшчэ ў двух-трох такіх, як ён, ненаежных.

Нямераную зямлю засяваюць службоўцы — ляснічыя, аграномы зямельнай управы, але ім тое мала каштуе, бо робіцца чужымі рукамі.

Вечарам вісяць над местачковымі вуліцамі шэрыя воблакі пылу. Рыпяць, хістаючыся на калдобінах, накладзеныя снапамі вазы, вяртаюцца з пашы, бадаючы адна адну рагамі, каровы. Па дварах, пасеўшы наўкруг разасланай посцілкі, старыя і малыя аббіваюць снапы. Найбольш увішныя паспелі намасціць па хлявах тачкі, гахаюць цапамі. Хлеб ёсць. Стары дзедаўскі звычай не падводзіць. Але збажыну варта прыхаваць. У вакольных, занятых партызанамі сёлах немцы гулу смаленую возьмуць, а тут пастаўку будуць драць. Нездарма паліцэйскіх — як нярэзаных сабак.

Нарасла маладая бульба, агуркі, падыходзяць памідоры. Не прападзе мястэчка...

У лясгасе — цішыня. Два дні Міця вазіў з поля снапы, на службу не хадзіў, але яго адсутнасці ніхто не заўважыў. Кашчэй — непасрэдны Міцеў начальнік — перамяніўся на вачах. Зіму крукам тырчаў за сталом і другіх прымушаў. Цяпер махнуў на ўсё рукой. Калі і з’явіцца на работу, то пасядзіць гадзіну-дзве і знікае. Відаць, дайшло да Кашчэя, што не на таго коніка паставіў.

Бухгалтары, картатэтчыкі рады старацца. Разводзяць тары-бары, кураць, абмяркоўваюць навіны. Пасля абеду, схаваўшы ў шафу паперы, паціхеньку змываюцца.

З Лагутай здарыўся непрыемны выпадак, і ён таксама на службе не паказваецца. З тыдзень назад ездзіў ляснічы ў Росіцу паглядзець накошаныя яму стажкі сена і на балоце, вярсты за тры ад саўгаса, напароўся на партызан. Машыну партызаны зрашэцілі, шафёра забілі, а ляснічы ўцалеў проста цудам. Да вечара поўз па калектары, па гразі, твані, пакуль дабраўся да пасёлка, цяпер хварэе.

Канчаецца месяц, Міця сядзіць у канторы, складае касавую справаздачу. У другой палове дня ў пакой заходзіць плячысты хлапчына ў нямецкім мундзіры. У яго чарнявы шыракаваты твар, шэрыя вочы. Міця адразу бачыць, што ён не немец. На мундзіры няма нашывак з арламі.

— Старшы лейтэнант Міхайлаў,— называе сябе хлапчына.— Камандзір рабочай чыгуначнай роты. Як мне аформіць нарад на лес?

Пра гэту роту Міця ведае. Яе салдаты жывуць разам з немцамі ў двухпавярховым станцыйным доме, але зброі не маюць. Іх кідаюць на рамонт чыгункі пасля партызанскіх дыверсій.

— Ідзіце ў лес, тады не трэба нарад,— гледзячы лейтэнанту ў вочы, гаворыць Міця.

Ён не ведае сам, чаму адважыўся сказаць двухсэнсоўнасць. Можа, таму, што твар у чалавека, які апрануў нямецкі мундзір, вельмі ўжо рускі, адкрыты, прыветлівы. Нельга паверыць, каб чалавек з такім тварам быў здраднікам.

Лейтэнант схамянуўся, але позірк вытрымлівае.

— Я б пайшоў, ды не ведаю дарогі.

— Дарогу можна паказаць.

Нават дзіўна трохі. Без праверак, пароляў, доўгіх роспытаў лейтэнант і Міця разумеюць адзін другога.

Лейтэнант садзіцца, збольшага расказвае пра сябе. Ён з Ленінграда, мінулым летам пад Варонежам трапіў у палон. У лагеры, у Чарнігаве, ледзь не памёр з голаду, таму згадзіўся паступіць у рабочую каманду. Зімой іх апранулі вось у гэтыя мундзіры. Можа, кончыцца тым, што дадуць вінтоўкі...

— Вырвацца не спрабавалі.

— Была адна дзяўчына. У Гомелі. Абяцала памагчы. Але немцы схапілі.

Міця з хвіліну думае.

— Без дзяўчыны не маглі?

— Хто мяне ў такой скуры прыме? — лейтэнант тыцкае рукой у мундзір.— Чым дакажу, што сваіх не страляў?

— Прымуць. Вы адзін ці яшчэ ёсць?

Губы ў лейтэнанта дрыжаць, на вачах — слёзы.

— Дарагі таварыш! Памажыце... Мы не здраднікі. Уся рота пойдзе. Восемдзесят чалавек. Нам бы толькі адно слова. Што нас возьмуць...

У Міці ёсць пачак лістовак, адрасаваных паліцэйскім. Але даваць іх лейтэнанту не хочацца.

За гадзіну аб усім дамаўляюцца. На зборы Міхайлаў просіць два тыдні. Міця раіць дзейнічаць асцярожна, салдат агітаваць паасобку, прозвішчаў не называць.

Яшчэ ўчора Міця нічога не ведаў пра лейтэнанта Міхайлава, а сёння яны адзінадумцы, звязаны тайнай, раскрыць якую, значыць, загінуць аднаму і другому.

Ваенны, акупацыйны час з яго высокім, шчымліва-адчайным настроем самаахвярнасці нельга зразумець, калі падыходзіць са звычайнымі мірнымі меркамі. Без даведак, пасведчанняў знаходзіў тады чалавек дарогу да сэрца другога чалавека. Пагроза, што навісае над цэлым народам, выклікае магутныя сілы яднання, знішчае бар’еры падазронасці, недаверлівасці, і, мабыць, у гэтым сакрэт атмасферы таго непаўторнага часу.

Пра Аксаміта — дзіўныя чуткі. Нібыта выгнаў яго з кабінета Крамер, крычаў, тупацеў нагамі. Што трэба шпіку ад бургамістра? Якія новыя захады робіць?..

Вечарам хлопцы збіраюцца ў Веры. Сядзяць пад яблынямі ў садку, размаўляюць, смяюцца. Плоткін іграе на мандаліне, Прымак — на гітары. Мяккія плаўныя зыкі плывуць з двара, зліваючыся з галасамі і шорахамі вячэрняй вуліцы. На зборышчы Сюзана не прыходзіць, і Міцю сумна. Крыўда на яе паступова растала, ён зноў хоча пабачыцца, пагаварыць з дзяўчынай. Сюзаны ў мястэчку няма. Нібы прыкіпела да сваіх Сівалобаў, хоць заняткі ў школе даўно скончыліся.

З Верынага садка гурт кіруе ў кіно. Жарты, выбухі смеху не спыняюцца на вуліцы, і кожны, хто напаткае вясёлую талаку, мае права падумаць пра бесклапотную маладосць, пра тое, што яна своечасова бярэ даніну радасці, уцехі са сваёй пары.

Нямецкія кінафільмы, якія раз ці два на тыдзень паказваюцца ў клубе, як і раней, малююць выдуманае, несапраўднае жыццё. Нейкія людзі катаюцца на лыжах з гор, начуюць у закінутай хібары, палююць за аленем. Сярод мужчын — адна жанчына, яна зламала нагу, мужчыны па чарзе нясуць яе на руках, і кожны гаворыць пра сваё да яе каханне...

З Грамоў Мікола прыносіць магнітную міну, шараваты, велічынёй з курынае яйка, тэрмітны шарык, і ў бутэльцы газы некалькі драбнейшых фосфарных шарыкаў. Першачарговае заданне — другое. Партызаны хочуць ведаць размяшчэнне хлявоў, кашар, умацаванняў у саўгасе Росіца.

Карту зробіць Шкірман. Бывае ў Росіцы па службе. З астатнім можна пачакаць.

 

ІІІ

Апошнія дні Міцем валодае няпэўная трывога. Адкуль яна, дзе прычына? Год назад, такой парой, яго выпусцілі з турмы. Маглі не выпусціць. Колькі ўсяго пралегла за гэты год...

Начуе Міця ў хляве, на сене. Скрозь дзірку ў вільчыку бачыць адзінокую зорку, якая трымціць, пераліваецца далёкім, таямнічым святлом. Пад якою зоркай ён нарадзіўся?.. Відаць, ва ўсе часы людзі былі няпэўныя наконт свайго лёсу, таму гадалі па зорках...

Ноччу мястэчка спіць. Акрамя стрэлаў, якія вынікаюць то ў адным канцы, то ў другім, нічога не чуваць. Паліцэйскія нервуюцца і, мабыць, такім спосабам нагадваюць, што стаяць на варце. Цяжка дыхае карова, сонна перагукваюцца на шастку куры. Сена пахне прывялымі зёлкамі, і пах такі моцны, што дурманіць галаву.

Адвячоркам, вяртаючыся са службы, Міця быў у Андрыюка. Той паставіў на стол графін з самагонкай. Можа, таму, што на душы няясная трывога, Міця піў, колькі налівалі. Спіць цяпер непрабудным сном. .

Пад раніцу нехта тармошыць яго за грудзі. Міця расплюшчвае вочы, чуе голас Шарамета.

— Бяда,— шэпча Васіль.— Грымака арыштавалі, знайшлі паперку. Там было напісана, каб устанавіў сувязь з табой. Мне Гвозд сказаў.

Хмель як рукой здымае. Ліхаманкава б’ецца думка. З Грымаком Міцю нішто не звязвае, небяспекі з яго боку няма. Разы два быў у фінаддзелаўскага бухгалтара, вялі агульныя размовы. Чаму Гвозд сказаў Шарамету?.. Можа, таму, што даводзіцца нейкай раднёй па жонцы. Якая запіска, хто напісаў? Мазурэнка карыстаецца клічкай. Мог сам Гвозд падкінуць. Правакацыя! Але арыштуюць усё адно...

— Што думаеш рабіць? — занепакоена пытае Васіль.

У хлеў тым часам заходзіць маці.

— Трэба ў партызаны, мама. Зараз жа, пакуль не развіднела.

Маці плача.

— Куды я з дзецьмі? Схопяць, пакуль дойдзем. Ідзі адзін. Няхай нас тут страляюць.

Не, уцякаць аднаму нельга. Могуць прычапіцца да Лобіка, Міколы. Толькі таго й чакаюць. З Міхайлавым дамоўленасць. Іскрай у свядомасці здагадка: калі не правакацыя, то адзін Адамчук мог прозвішча напісаць. Сволач! Разам з Грымаком быў у лесе, выдаваў склады, цяпер за шкуру дрыжыць.

— Не хвалюйцеся,— гаворыць Міця, выпраўляючы маці з хлява.— Ідзіце спаць.

З застрэшша, з тайніка дастае пачак лістовак, наканаваных паліцэйскім, дзеліць на дзве часткі. Большую аддае Шарамету.

— Раскідаеш у паліцыі. Натыкай, дзе толькі можна. Напішам яшчэ запіскі Гвазду і начальніку паліцыі спецыяльна. Я табе іх раніцай аддам.

План у Міці такі. Немцы хопяцца, хто-небудь з паліцэйскіх ім лістоўку прынясе. Запіскі, адрасаваныя Гвазду і Зыскевічу-Будзілоўскаму, трэба проста падкінуць немцам. Почырк Адамчука падбярэ Сяргей. Узор ёсць — Адамчукова пасланне, якое Міця так і не перадаў старому Папярочку.

Разлік просты. Калі Адамчук пасылае запіску Гвазду, то шпік не такі чысты. Яго данос на Міцю можна ўспрыняць як паклёп. Можа, і Грымаку Міця пасобіць.

Міця бяжыць да Сяргея. Рана яшчэ, толькі пачынае світаць. Сяргей трэ сонныя вочы, напачатку нічога не разумее.

— Падбяры почырк, як у гэтай паперцы,— тлумачыць Міця.— Толькі дакладна, каб не падкапаліся. Напішы Гвазду і Зыскевічу па некалькі цёплых слоў. Маўляў, ведаем пра вас, дзякуем за дапамогу.

З Грымаком здарылася так.

У Гопалы, гарбара, які вырабляе шкуры, вяселле — выдае замуж дачку. Гопала — местачковец новы, жыве на ўскраіннай вуліцы, за якой аж да самага лесу ваколіца, поле. Акрамя радні, суседзяў Гопала запрасіў у хату патрэбных людзей — бухгалтара Грымака, які робіць у фінаддзеле, кантралюючы прыбыткі рамеснікаў, і Гвазда — ён, па сутнасці, кампаньён, забірае ў Гопалы тавар, з якога цесць шые боты. Паліцэйскі Базыль Круглы, па празванню Лататай, прывалокся сам. Не мінае ніводнай пагулянкі.

Застолле багатае, ад пітва, яды сталы ломяцца.

У Грымака ўзбуджаны настрой.

Тыдні два назад соцкі з Кавенек зайшоў ва ўправу, на вуха шапнуў Грымаку, што яго хоча бачыць патрэбны чалавек. Сеўшы на веласіпед — у Кавеньках парадкам нарасло нядоімкі,— фінаддзельскі бухгалтар з’ездзіў у вёскі і там, у хмызняку, за агародам соцкага, спаткаўся з Адамчуком.

Адамчук патрабаваў забіць Крамера. Грымак нічога не абяцаў. Ён разумеў, чаму дарожны майстар прагне крыві: баіцца сведкі. Крамер ведае, што іменна Адамчук паказаў партызанскія склады, назваў тых, хто ў атрадзе. У самога Грымака рукі чыстыя: тады, у сорак першым, з лесу прыйшоў апошнім.

Грымак наважыў ісці ў лес. Лепей самому ўзяць вінтоўку, чым весці хаўрус з Адамчуком. Дома Грымак прыхаваў найбольш каштоўныя рэчы, папярэдзіў жонку. Дзяцей няма, няма болей сэнсу сядзець у нары, а бэбахі нажывуць.

За стол у Гопалы Грымак садзіцца поруч з Гваздом. Бухгалтар сам п’е, не дае перадыху суседу.

Настрой у Грымака бадзёры, па натуры ён чалавек добры, трохі бесклапотны, а калі падпівае, то яшчэ болей ласкавее да людзей.

— Слухай, Лявон,— гаворыць ён, абняўшы расчырванелага Гвазда за плечы.— Ці не пара нам з табой падумаць пра выратаванне душы?

— Ты пра што гаворыш?

— Пра лес гавару. З нямецкага наступлення выйшаў пшык. Нашы прыйдуць, спытаюць, што рабіў.

Гвозд раптам бялее. Стукнуўшы кулаком па стале, крычыць на ўсю хату:

— Людзі, ён заве мяне ў бандыты! Ён сам партызан, людзі!

Такога павароту Грымак не чакаў. Нервы яго здалі. У адно імгненне ён куляе на падлогу стол, кідаецца за дзверы.

Грымак, напэўна б, уцёк, бо ўжо амаль дабег да палосак жыта за ваколіцай, каб не рынуў наўздагон дужы як конь паліцэйскі Лататай. Дагнаў, заламаў за спіну рукі.

Ужо калі Грымака вялі праз сутачкі — так называецца правулак між агародаў,— Гвозд пад выглядам абшуквання сыпнуў уцекачу ў кішэню жменю наганных патрончыкаў.

Вечарам жандары ператрэслі Грымаковы пажыткі, арыштавалі жонку.

 

IV

Вызвалены Арол, Белгарад..

Вось і сталася тое, аб чым столькі было думак, непакою, пакут. Лета болей не служыць немцам, казка пра рускую зіму скончылася. Больш не пойдзе наперад, падымаючы па дарогах, бальшаках густыя воблакі пылу, пераможнае германскае воінства. Не будзе ў адзін мах захопленых чужых гарадоў, гучных слоў у зводках, народнага сораму, які найцяжэй, найвастрэй перажылі тыя, хто апынуўся пад немцам.

Масква гэта разумее, салютуе войскам сотнямі гармат. Першы за вайну салют! Свята на нашай вуліцы...

Вогненна-радаснага, урачыстага, ні з чым не параўнанага настрою Міцю хапае на тое, каб рабіць ранейшае, сустракацца з хлопцамі, забываць пра небяспеку, якая ходзіць па мястэчку ў вобразе жандараў, паліцэйскіх, шпіка Гвазда.

Пасля падкінутых лістовак, запісак у жандармерыі была паніка. Не зачапілі нікога. Разматваюць жандары клубочак. Наконт Міці Гвозд, відаць, закідваў вудачку. Ведае, што ён нюхаецца з Шараметам.

Грымак быў апошнім партызанам з ліку тых, якія некалі вярнуліся ў мястэчка. Такі і яго з’еў Гвозд.

Час настае. З мястэчкам трэба развітвацца. Хоць бы трохі яшчэ, каб паспець з Міхайлавым, угаварыць маці, цётку. Дый замену падабраць для Мазурэнкавай службы.

Лагута на службе лістом сцелецца. Запрашае Міцю ў кабінет, прапануе, як роўнаму:

— Можа, табак трэба? Магу выпісаць пачак пяць. Калі купляць на маркі, то не хопіць зарплаты.

Нешта адчуў Лагута. Хоць дзіва няма. Адамчукоў почырк хто-небудзь пазнаваў.

Міця табак бярэ. Старшы ляснічы даўно патрошку памагае.

Міця не ходзіць у казарму, Міхайлаў не паяўляецца ў лясгасе. Трэба дбаць пра асцярожнасць. Сустракаюцца ля станцыі, у штабялях дроў, калі пачынае навісаць прыцемак.

Міхайлаў згрупаваў ядро, за якое паручаецца. Дванаццаць чалавек. За кожным стаіць яшчэ па двое-трое. Гаварыць пра ўсю роту пакуль рана. Нават прылучаных да змовы людзей не проста вывесці з мястэчка. Зброі не маюць, ісці трэба — самае блізкае — за Дубровіцу. Немцы могуць пахапаць, як куранят.

— Прымуць нас? — дапытваецца Міхайлаў.— Няхай бы падаслалі лістовачку. Для мяне вельмі важна. Людзям пакажу.

Міця выцягвае з-за пазухі газету, аддае лейтэнанту. Газета раённая, бацькавіцкая — і такую сталі выпускаць партызаны. Памерам з чвэртку звычайнага ліста, выдаецца на беларускай мове. Міхайлаў радуецца як дзіця. У групе, якая вакол згуртавалася, ёсць рускія, украінцы, нават казах і грузін. Але нічога, зразумеюць і па-беларуску.

Міця просіць:

— Дастань мне нямецкі мундзір. Такі, як твой.

Лейтэнант здзіўлены, нават як бы крыху абражаны.

— На што табе?

— Дзівак. Няўжо думаеш, буду тут вечна сядзець. Сам у лес пайду. Я ж нямецкую мову трохі ведаю, можа, дзе трэба, сыду за немца...

Лейтэнант глядзіць на Міцю з павагай, ляпае па плячы.

— Дастану, браток, не турбуйся, Добра, каб разам трапілі. Мы б з табой яшчэ паваявалі. Дарвацца б толькі да вінтовачкі!..

Лейтэнанту Міця не хлусіць. Прадчуванне такое, што дажывае ў мястэчку апошнія дні. Маці, цётка патроху пераносяць рэчы на Залінейную вуліцу. Закопваюць у двары недабудаванай хаты. Адтуль рукой падаць да Росіцкага пасёлка, дзе жыве стрыечны матчын брат. Прытуліць дзе-небудзь сям’ю.

Кожны дзень Чырвоная Армія займае які-небудзь горад. Саюзнікі высадзіліся ў Паўднёвай Італіі. Ад падзей кружыцца галава.

Міця ўдзячны лёсу, што дажыў да светлага дня, калі на ўласныя вочы бачыць ганьбу ворага, разгубленасць, паніку ў яго стане. Як высока неслі немцы галовы ў сорак першым, калі займалі мястэчка. Пагардліва, звысака глядзелі на пыльныя вуліцы, драўляныя хаты, на сціпла апранутых, разгубленых тубыльцаў. Колькі пастралялі, вынішчылі, спалілі людзей! Цяпер ім адрыгнецца...

Трагедыя, якая канчаецца камедыяй. Мясцовая ўлада распаўзаецца, нібы гнілая ануча. Зноў, як напрадвесні, пасля Сталінграда, пабеглі ў лес ратаваць душы самыя актыўныя нямецкія памагатыя. Агранома Пахілку яшчэ можна зразумець: эсэсаўцы згвалцілі жонку, але начальнік зямельнай управы Спыхальскі таксама ў партызаны кінуўся. Хадзіў, як сыты вяпрук, засяваў па дзесяць гектараў, біў конюхаў па твары. Дзіўна, але апамяталіся якраз тыя, хто меў заграбушчыя рукі і такі добра грэўся ля нямецкага цяпельца. Апанас Бабок дэзерціраваў з арміі, загадваў пякарняй, хіжы, хітры Халімонік быў яго памочнікам. Хлеб елі на поўную губу, мянялі на залатыя, сярэбраныя рэчы. Уцяклі разам, на спажыву паліцэйскім нават лахманоў не пакінулі.

Немцам цяпер не да Міці, не да Міколы. Затое самы час дзейнічаць.

Тэрмітны шарык у Краснея. Ён мусіць спаліць аўчарню. Авечкі ў хляве, на пашу іх, як кароў, не выганяюць.

Міця не спіць, глядзіць у той бок, дзе размешчаны калгасныя хлявы. Адчувае сябе гэтак жа нацята, як летась, калі з Гарнаком падклалі пад рэйкі міну, а вярнуўшыся на булку, ён чакаў выбуху.

Мінула поўнач, а пажару не відаць.

Назаўтра ля дрывянога склада Міцю з нецярпеннем чакае Красней.

— Гадасць палучылася,— тлумачыць збянтэжана.— Зрабіў спецыяльную скрыначку, знутры фанеркай перагарадзіў. Знізу — спіртоўка, зверху на фанерцы шарык. Прыбег на світанні ў хлеў і аж спалохаўся. Спіртоўка гарыць, агонь шарык дастае, а ён хоць бы што. Разгарэўся — рукамі не дакрануцца. Трэба, мабыць, абалонку сашкрэбці.

Хітра прыдумаў Красней. Пакуль фанерка прагарыць, можна да паліцэйскага ў госці заваліцца, піць разам гарэлку.

 

V

Сюзану Міця напаткаў у правулку паміж аптэкай і Базарнай плошчай. Трывожнай птушкай забілася сэрца. Стаяў, глядзеў на яе, поўніўся радасцю ад сустрэчы. Хацеў спытаць, чаму так доўга не была ў мястэчку, але змаўчаў. Усе словы дакору, якія сабраў за лета, адразу зніклі.

Яна пачала гаворку першая.

— Не крыўдуй, Міця. Тады, вясной, не хацела гаварыць. Сорамна было... Прыставаў адзін немец. Два разы быў у нас. Нап’ецца і лезе. Ну, мама мяне саслала. Я сюды прыходзіла, але баялася паказацца. Цяпер ён паехаў...

Лепш бы яна маўчала. Міцю непрыемна, няўтульна.

— Як ты там вучыла? — пытае ён, каб толькі аб чым-небудзь спытаць.

— Якая вучоба. Ні кніг, ні сшыткаў.

— Пойдзеш зноў?

— Мабыць, не.

Яны пастаялі некалькі хвілін, ведучы пустую, нікчэмную гаворку, потым Сюзана схамянулася.

— Прыйдзі да мяне вечарам. Абяцаеш?

— Прыйду.

Да вечара непрыемнае пачуццё развеялася. Яна такая, Сюзана. Летась, калі запісалі ў Германію, заразілася воспай, цяпер — уцякла ў Сівалобы. З другімі дзяўчатамі Міця разважае пра вайну, пра немцаў, жартуе, смяецца, з Сюзанай — не можа. Ён не раз спрабаваў выклікаць ва ўяўленні яе твар, паставу, але вобраз расплываецца, пакідаючы ў душы смутна-радасную трывогу.

Пра Сюзану Міця нават думаць не можа — марыць. Успамін пра яе нараджае ў душы нейкае трымценне, парыванне, хочацца зрабіць нешта незвычайнае, здзівіць яе, уразіць. Але паміж гэтым нябачным, глыбока схаваным у грудзях парываннем і тым, як Міця сябе паводзіць, застаўшыся сам-насам з дзяўчынай — неадольная мяжа. Ён з ёй нялоўкі, маўклівы, а калі гаворыць, то не тое, што хоча. Ён нават калі Сюзаніну маці сустракае, то стараецца прайсці незаўважаным.

Падсвядома Міця адчувае, што Сюзана не разумее яго. Ёй падабаюцца жвавыя, увішныя, такія, як Галемба, як гэты бухгалтар Цыбулька. Міця сам бы мог быць такім, калі б захацеў, ды толькі не з Сюзанай. Чаму так?..

Прыцемкам Міця падыходзіць да Сюзанінага двара. Яна ўжо чакае яго. Сядзіць на лавачцы пад яблыняй, апранула сінюю блузку, якая вельмі ёй да твару. Ён прысеў побач, закурыў цыгарэту.

— Ты курыш? — здзіўлена спытала яна і чамусьці ціха, радасна засмяялася.

— Вучуся.

— Я не разумею навошта кураць?

— Прывычка. Падымае настрой.

Вечар цёплы, ціхі, неба ў густым засеве зорак. Такія вечары бываюць на схіле лета, калі яно ўжо адбуяла, адкрасавала, але яшчэ не паддаецца восені. Шаснуўшы лісцем, зрываецца з галіны, стукаецца аб дол яблык, за ім — другі.

Мінулым летам на гэтым жа месцы Міця сядзеў з Сюзанай. Праходзячы паўз яе двор, сад, ён заўсёды ўспамінаў тую дзіўную ноч, у грудзях соладка, трывожна шчымела. Ён да дробязей памятае пахі, зыкі, шорахі праведзенай з Сюзанай ночы, цені дрэў, вось гэты парканчык, хату насупраць, словы, якія яна сказала, цеплыню яе цела, дотык яе валасоў да шчакі. Незабыўных уражанняў адной ночы хапіла на ўвесь год. Але як за год перамяніўся свет, як стала ўсё другім, новым.

Змрокі згушчаюцца. Міця цалуе, абнімае Сюзану, туліць да сябе. Яна не працівіцца, хіліцца да яго, як трава пад ветрам. Ён адчувае яе неспакойнае цела, усю яе — мяккую, падатлівую. Яны проста задыхаюцца ад наплыву пачуццяў, і Міця ўжо не можа разабраць, ці то ўласнае, ці яе так гучна б’ецца сэрца. Калі яны ўжо зусім блізка ад таго, каб пераступіць апошнюю мяжу, якая іх раздзяляе, Міця раптам цверазее, лёгенька адштурхоўвае ад сябе Сюзану. Не цяпер, не тут!.. Ён не раз думаў аб самых блізкіх адносінах, якія бываюць паміж мужчынам і жанчынай, думаў, што гэта будзе ў яго з Сюзанай. Але не так, не крадучыся, не ў чымсьці абразлівай паспешлівасці.

— Мабыць, я хутка пайду адсюль,— гаворыць Міця.— Будзеш мяне чакаць?

— Куды пойдзеш? — Голас у Сюзаны спалоханы.

— Сама ведаеш. Мог быць там даўно. Так палучылася.

Яна задумваецца, маўчыць.

Раптам ускліквае:

— Ты ў мяне клятву вазьмі! Моцную-моцную. Каб я сама сябе баялася.

— Не трэба клятваў. У кожнага — свая дарога. Нас нішто не звязвае. Але я люблю цябе. Ты ведаеш.

Зноў Сюзана маўчыць. Потым гаворыць зусім пра другое:

— Усе можам загінуць. У Сівалобах немцы лагер строяць. Там, дзе шаша сыходзіцца з чыгункай. Абцягваюць калючым дротам голае поле. Аж страшна падумаць...

У гэты момант асляпляльна-бліскучы слуп агню вырываецца ў тым месцы, дзе калгасныя хлявы. Полымя разлягаецца ўшыркі, захоплівае новыя абсягі, і вось ужо выразна відаць чарада доўгіх хлявоў, цёмная лава хат на вуліцы злева, купчастыя хвоі на могілках.

— Я баюся, Міця. Дзе пажар?

— Не бойся. Нешта ў немцаў гарыць. Няхай гарыць!..

Міця шчаслівы, што іменна ў гэтую хвіліну сядзіць з Сюзанай. Голас яго ўзбуджаны, радасны. Сюзана магла б адчуць Міцеву радасць і ўзбуджанасць, але думае пра другое.

— Як ты пойдзеш? Начуй у нас. Я табе пасцялю на канапе.

Полымя ў самай сіле. Зоркі пабляклі, неба паласуюць барвовыя сполахі. Раздаецца доўгая кулямётная чарга, услед за ёй бязладная вінтовачная страляніна. Немцы з паліцэйскімі супакойваюць саміх сябе. Таму ўшчалі гэты вэрхал.

У двары насупраць нехта трывожна перамаўляецца. Выходзіць Сюзаніна маці, з хвіліну стаіць на ганку, углядаецца ў пажар. Нарэшце, нахіліўшыся над парканчыкам, суцішыўшы голас, дакарае:

— Маладыя людзі, хто так робіць? Не ведаеце, які час? Ідзіце зараз жа ў дом! Глядзіце, а то зараз патрулі па вуліцы пойдуць!..

Толькі адзін раз, яшчэ летась, быў Міця ў Сюзаны. Заносіў кнігу. У доме яе маленькія пакойчыкі, патэфон на нізкім століку, пафарбаваныя дзверы, падлога. Не, цяпер ён не пойдзе. Дзякуй, Маргарыта Станіславаўна (з Сюзанінай маці Міця размаўляе ўпершыню). Ён жыве недалёка, дойдзе дадому агародамі.

 

Раздзел сёмы

 

І

Наўздзіў ласкава-лагоднае трэцяе ваеннае лета. Цёплыя дні перарываюцца імклівымі навальніцамі, пасля шчодрых ліўняў зноў лашчаць вока бясхмарная сінеча неба і вясёлая зялёная зямля. Сонца ўзыходзіць у пераліўна зіхатлівым бляску, хаваючыся вечарам за густа-барвовым небакраем.

Трава ў расе, у лагчынах — туманы. Лета паволі схіляецца на спад, і шчымліва-прывабны ў такую пару лес: хмельны росквіт канчаецца, саступаючы месца задуменнасці і спакою.

Даўно разумнымі людзьмі заўважана: па вайне выпадае адменны ўраджай. Прыкмета спраўджваецца: трэці год ліецца чалавечая кроў, і ўсе тры леты рвуць зямлю густыя, высокія — схаваецца конь з дугой — жыты, буяюць ячмені, белымі азярынамі разліваецца грэчка. Невядома, як вытрываў бы гэты край, каб да нечуванага, нябачанага бацькамі, дзядамі спусташэння прычынілася засуха ці макрэча. Але бог літасцівы...

Надвор’е што трэба,— жні, касі, малаці. Свеціць сонца, далячынь заслана лёгкай наміткай смугі, на небе ні хмурынкі. Палавіна партызанскіх рот памагае пагарэльцам на полі. Апрача сялянскага звычаю — большасць партызан з вёсак — ёсць практычная прыкідка: зіма не за гарамі, а лясная армія разраслася непамерна, каб пракарміць яе, трэба прыпасы, нарыхтоўкі.

Штаб засядае ў Сасновіцы.

Спалена яна, як і Аземля, як і другія вёскі, якія давалі партызанам прытулак.

З часу экзекуцыі прайшоў месяц, і вёска патроху ажывае. Сям-там на папялішчах узняліся шэрыя грубачкі зямлянак, некаторыя гаспадары нават дрэва навазілі, ладзяць хаты.

Край гэты яшчэ бог пашкадаваў: на дзве спаленыя вёскі адна цэлая, большасці жыхароў удалося ад карнікаў схавацца. Далей, на захад і поўдзень, дзе стаялі зімой Каўпак, Сабураў, іншыя рэйдавыя злучэнні,— мёртвая зямля. Немцы помсцілі там насельніцтву з асаблівай лютасцю: на дзесяткі кіламетраў наўсцяж — суцэльныя пажарышчы, жыхароў замардавана большая палавіна — іх палілі, тапілі ў калодзежах, расстрэльвалі, прачэсваючы лясы.

Мінецца ліхалецце, а сляды смерці, спусташэння надоўга астануцца. Некаторыя вёскі не падымуцца ніколі — няма каму іх падымаць. Нават у тых, хто астаўся жывы, нешта ў душы зламалася назаўсёды. Як ні круці, а палілі, стралялі, знішчалі людзей такія ж людзі, няхай сабе апранутыя ў эсэсаўскія мундзіры. Да чаго дайшоў чалавек!..

Перш чым сабраць штаб, Бондар два тыдні ездзіў па атрадах і брыгадах заходняй зоны.

Сустракалі па-рознаму. Найчасцей афіцыйна-стрымана, з халоднай, змушанай ветлівасцю, як бы аддаючы даніну павагі палкоўніцкаму званню начальніка штаба, які часова камандуе злучэннем. Цёплы, шчыры прыём ён напаткаў толькі ў двух-трох маладых брыгадах, на чале якіх стаяць такія, як ён, акружэнцы ці былыя ваеннапалонныя. З пачутага, пабачанага напрошваецца вывад невясёлы: шматтысячнае войска, якое кантралюе цэлы край, камандзірам яго не лічыць. Нібы захапіў ён чужое, не належачае па праву месца.

Камандзіры сабраліся ў Сасновіцы, у размяшчэнні брыгады Гаркушы. Сядзяць за доўгім самаробным сталом. Сонца, па-летняму гарачае, плыве ўверсе, над зялёнымі купамі хвой. Справа — травяная паляна, за ёй пачынаецца чарналессе.

Бондар нервуецца. Сярод другіх пытанняў ёсць асаблівае: аб паводзінах камбрыга Міхнаўца, які ў час эсэсаўскай блакады ўхіліўся ад бою. Але Міхнаўца няма.

— Калі ноччу чыгункі не перайшоў, не прыедзе,— кідае Гаркуша, насупіўшы чорны, пабіты воспаю твар.— Давайце пачынаць.

Словы гаспадара трохі развейваюць змрочны настрой.

— Ведае кошка, чыё мяса з’ела.

— Міхнавец аб’екціўную прычыну знойдзе. Скажа — адбіваў блакаду.

— Ён цяпер нікога не шманае: гебітскамісара ўзарваў. У собсцвенным кабінеце.

На сасне трэснуў сучок, рыжай маланкай шуганула ў зялёную навісь вавёрка.

— Свежына пабегла.

— Страляй. Будзе бабе каўнер. Пасля вайны паліто пашые. Толькі цаляй у вока, каб шкурку не пашкодзіць.

— Я ўчора бачыў двух коз,— паведамляе словаахотлівы Гаркуша.— А на тым тыждні — дзікага кабана. Пёр з аеру, як танк. Шчаціна на хрыбце — старчаком.

— Дзіва што. Дзічыны распладзілася.

Гаркуша, здаецца, забыў нават, для чаго сабраліся.

Пачынае цэлую гісторыю.

— Калі б’юцца людзі, плодзіцца звяр’ё. І ў тую вайну так было. Я пастушком быў, помню. У наш лес панадзіўся мядзведзь. Задраў двух кароў. Бацька мяне цэлы месяц лупцаваў...

Звычайная сялянская хітрасць. Калі што не ладзіцца — пляці кашалі.

У лесе тым часам стрэл. Гулкае рэха тоне ў сасонніку.

— Едуць!

— Міхнавец без музыкі не можа.

— Апавяшчае, каб сустракалі карэту...

Гаркуша ўстае з-за стала, прыпадаючы на левую нагу, ідзе на паляну. З просекі выныраюць трое коннікаў. Прывязваюць коней, ідуць да будынкаў. Міхнаўца сярод іх няма. Гледзячы сабе пад ногі, дакладвае камісар, зусім малады яшчэ, ружовашчокі хлопец:

— Міхнавец захварэў. Прыехаць не можа.

Камандзіры апускаюць вочы. Некалькі хвілін трывае няёмкае маўчанне. Як нож разанулі Бондара словы, кінутыя ва ўсеагульнай цішыні камандзірам асобнага атрада Лежнаўцом:

— Давайце пачынаць. Прыляціць з Масквы начальства, разбярэцца. Хто што зарабіў, палучыць.

Аб прызначэнні новага сакратара абкома Бондар здагадваецца, хоць дакладных вестак няма. Пра высокага начальніка можна меркаваць толькі па грузах, якія прыбываюць на партызанскі аэрадром. У большай, чым раней, колькасці прывозяць іх дзяўчаты-лётчыцы. Яны ж пусцілі чутку, што партызанскі камандзір сядзіць у штабе авіяцыйнага палка, прыспешваючы перакідку аўтаматаў, толу, прыпасаў.

Бондар пачынае пасяджэнне. Бягучыя пытанні развязваюцца лёгка. Нават размежаванне брыгад, атрадаў па сельсаветах, каб пасільна для жыхароў весці харчовыя нарыхтоўкі, праходзіць без крыку. Сыр-бор разгараецца з-за боепрыпасаў.

— Бондар, дурную практыку кідай. Сваім гарбылёўцам стараешся.

— Чаму ім толу трыста кілаграмаў, а нам толькі сто?

— За два месяцы брыгада палучыла чатыры аўтаматы. Другім далі па дзесяць.

— Пры Лаўрыковічу такой несправядлівасці не было.

Крычаць Дзяруга, Паслядовіч, Сасноўскі, Млышэўскі — усе без выключэння камандзіры брыгад і атрадаў, што пачалі дзейнасць з сорак першага года. Зноў вытыркаецца Лежнавец:

— Хопіць, накамандаваўся! Прыляціць камандзір і падзеліць.

Лежнавец садзіцца і здрадліва адводзіць ад начальніка штаба позірк.

Збялелы Бондар маўчыць. Штосьці большае, чым аўтаматы і тол, тоіцца за абураючымі выгукамі камандзіраў, якія забылі пра ўсялякую дысцыпліну. Над сталом уздымаецца мажная постаць Вакуленкі. Разгарачаныя галасы сціхаюць.

— Ты, Лежнавец, чаму лезеш наперад бацькі? — грыміць дамачоўскі камбрыг.— Перамены пачуў, стажам выхваляешся? Правільна, ты ў лесе два гады, але эшалона ніводнага не скінуў. Ты думаеш, савецкая ўласць так ужо будзе дзякаваць табе, што ты чэсна па кустах туляўся ды бобікаў пужаў? Трэба дзелам браць, а не горлам. Гарбылёўскай брыгадзе болей далі, бо з чыгункі не злазіць. Мне меней выдзелілі, але я не крычу.

Вакуленка — дыпламат. Адсцябаў самага нахабнага, астатнія самі язык прыкусілі.

Вечарам Бондар з Вакуленкам ідуць па сасновіцкай вуліцы. На панадворках сям-там мільгаюць цёмныя постаці, ля зямлянак блякла свецяцца цяпельцы. Вяскоўцы гатуюць вячэру. Фыркае прывязаны да дрэва конь, рыпіць калодзежны журавель — нехта дастае са студні ваду.

У тым месцы, дзе стаяла штабная хата, глуха, пуста. Дворышча бязлюднае. Толькі ў глыбі агарода, як і раней, купка маладых груш-дзічак.

Мужчыны моўчкі здымаюць шапкі. Ведаюць абодва: Каця, гаспадыня штабной хаты, загінула. Дзяцей адвяла ў лес, схавала, а сама кінулася назад. Нешта яшчэ хацела выхапіць з двара.

Маўчанне парушае Бондар:

— Помніш, што Каця гаварыла? Чалавек прадчувае смерць.

— Кінь, Павел Антонавіч. Смерць кругом лятае. Прадчувай не прадчувай. Калі заварылі кашу, нехта ў яе трапіць. Харошая была баба. Ды ці адна яна?.. Такая навала.

У сасоннік, дзе стаяць рассядланыя коні, вяртаюцца хмурыя, занятыя сваімі думкамі. І толькі калі едуць па начной дарозе дамоў, у Бацькавіцкі раён, Вакуленка, параўняўшыся з Бондарам, гаворыць:

— А ты ведаеш, я сапраўды збіраўся ажаніцца з Кацяй. Мужык у яе нягеглы быў, п’яніца і загінуў па-дурному. Надумаўся зімой у Пцічы рыбу лавіць. У проламку трапіў. Нацярпелася яна з ім...

Некалькі гоняў едуць моўчкі. Неба засеяна зоркамі, узышоў месяц, дарога праглядваецца добра. Ноч аднак зябкаватая, Бондар апрануты толькі ў вайсковы кіцель, раз-пораз пацепвае плячамі.

— У мяне, брат, грэх на душы,— працягвае Вакуленка.— Цяпер трохі зацягнула, забыўся, а першую зіму месца не знаходзіў. Маю сям’ю тожа спалілі. Жонку, сына. Я з імі не жыў, разышоўся яшчэ ў трыццаць шостым. Страгача з мяне за ета перад самай вайной знялі. Прыляпіўся да адной сцервы. Збіраўся да сям’і вярнуцца, а тут — вайна. Новая нарачоная ў тыл драпанула. Ты, Бондар, не абіжайся, што на цябе крычалі. Акцябрскія камандзіры не любяць вас, хто пазней у партызаны прыйшоў, за тое, што вашы сем’і цэлыя і што гора настаяшчага вы не бачылі. Эшалонамі тут не дакажаш. У таго, Лежнаўца, бацьку, матку, трох дзяцей і жонку расстралялі, у Дзяругі — жонку і дзяцей. Ведаеш, песня ёсць: «Нашы хаты спалілі, нашы сем’і пабілі...» Пра нас вот такіх песня. Складзеная яшчэ ў першую зіму, як Акцябрскі раён знішчалі. Немцаў прагоняць, а як нам жыць? Каб мне хоць гадоў трыццаць было, а то ж сорак пяць...

— Ёсць і другія прычыны,— пярэчыць Бондар.— Партызаншчына. Быў бы я ў арміі... Была б тады, брат, другая песня.

— А па-мойму, лепшае, што ў нас ёсць, дык вот ета партызаншчына. Народ сілу паказаў і тое, што ён любіць савецкую ўласць. Калі беларусы на такую вайну падымаліся? Прывыклі на іх глядзець, як на ціхіх, пакорлівых. Ведама, балотныя, лясныя людзі. А яны, бач, што ўтварылі. Па ўсёй Беларусі кіпіць, як у гаршку. Вот спалілі нашы сёлы, загубілі столькі людзей, большая палавіна вобласці, лічы, што знішчана, а людзі, пагарэльцы няшчасныя, слова паганага нам не сказалі. Кормяць, пояць нас, як бы нічога не случылася. Разумеюць, што іначай нельга. Калі пайшоў на ворага — пра хату на думай. Залаты ў нас, Бондар, народ. Толькі пажыць яму па-людску не прыйшлося.

— Але ж на вайне трэба дысцыпліна.

— Ды кінь ты пра дысцыпліну. Ну, трохі не любяць вас, лейценантаў, капітанаў за тое, што адступілі ў сорак першым, дык што? Што ты хочаш ад мужыцкага войска? Ваякі, сам ведаеш, не вельмі. Але затое другім узялі — усюды яны, як тыя мурашкі, што поўзаюць па ўсім лесе, а валакуць у адну кучу. Вот едзем мы з табой і ніякага чорта не баімся. Паліцэйскіх разагналі, каменданты ў норы пазашываліся — наша зямля. Армія пад Курскам ад немца адбілася, а мы — тут. Тыя аўтаматы, што сёння не падзялілі,— глупства, дробязь. Не аўтаматамі партызаны сільныя...

— Што ты прапануеш, Адам Рыгоравіч?

— Я вот што скажу табе, Бондар. Пры настаяшчым палажэнні з новым камандзірам ты не зработаешся. Як я з Лаўрыновічам. Сам прывык камандаваць, а тут новая мятла. Хоць не вельмі нас з табой слухалі. Аднак жа гонар ёсць. Я вот пераламаўся, пайшоў на брыгаду і табе саветую ўзяць прымер.

Бондару раптам робіцца лёгка. Адчувае, душу гняце невядомасць, і сённяшні выбух на пасяджэнні штаба — прадвеснік гэтай невядомасці, якая няўхільна насоўваецца. Вакуленка яго разумее лепей, чым хто.

— Зраблю, як ты. Гарбылёўская брыгада разраслася, трэба дзяліць.

— За ета хвалю, Бондар. Маладзец. Мамент адчуваеш. Галоўнае разумець, хто мы такія. Усе — я, ты, камандзіры, якія сёння артачыліся і дралі горла. Усе мы ўпаўнаважаныя. Нас на нейкае места паставілі і нас могуць зняць. Як пра таго калгаснага брыгадзіра да вайны гаварылі — спачатку выдзвінулі, а пасля задзвінулі. Як, да прымеру, я пражыў сваё жыццё? Ішоў туды, куды пасылалі. Кім, брат, я толькі не быў. Пачаў сакратаром сельсавета, потым год рабіў у воласці, загадваў хатай-чытальняй, у калекцівізацыю старшынёй калгаса два гады быў, пасля зноў перакінулі на сельсавет. Работаў у сельпо, у райспажыўсаюзе, а як праштрафіўся — паслалі загадваць млыном. Дырэктарам ільнозавода паўгода пабыў, апошнія чатыры гады — на нарыхтоўках. Як пачалася вайна, месяц пакіраваў РЫКам...

Пра бальшавікоў, брат, толькі нашы ворагі плятуць, што мы захапілі ўладу, сталі новымі панамі, дыктатарамі. Ніякія мы не паны і не дыктатары, а ўпаўнаважаныя. Ідзём туды, дзе трэба, і наша задача — выконваць усё, што загадваюць. Я вот партызаншчыну зачынаў, узнёсся, аж галава закружылася, а пасля цыкнулі — і сеў на сваё месца. Старая закваска ў адзін момант праявілася. З усімі так будзе. Артачацца камбрыгі, насы пазадзіралі, вольніцу пачуўшы, а самі таго не ведаюць, што яшчэ рады будуць, калі іх пасля вайны паставяць на сельсавет ці калгас. Такое, брат, Бондар, наша жыццё, і з яго не выскачыш. Можа, і добра, што яно такое.

Я яшчэ вот што хачу табе сказаць. Народ нас цэніць, паважае, і трэба пастарацца, каб такая памяць пра нас засталася. Немцы сёлы папалілі, жывёлу забралі, але ў Германію яе не паспелі вывезці. Палавіна яе ў Росіцы ды яшчэ ў Бацькавічах. Зразумеў, куды гну?

— Як летась у Літвінавічах?

— Трэба пастарацца лепей. Каб ні адна сучка не цяўкнула.

 

ІІ

Лагер гарбылёўцаў, як і ў мінулым годзе, калі атрад толькі пачынаў дзейнічаць, у лесе. Але пад дрэвамі не адзінокія палаткі, а цэлыя лавы зямлянак, буданоў, навесы для коней, пасыпаныя жоўтым пяском дарожкі. Сосны, пад якімі раскінуўся лагер, былі некалі пасаджаны пад шнур, па раллі, але з цягам часу парадак парушыўся і цяпер ледзь-ледзь праглядваецца.

Злучэнне зноў мае сталага кіраўніка. Волах, які прыляцеў разам з цэлым штабам памочнікаў, чалавек у рэспубліцы вядомы. Займаў высокія пасады ў Мінску, на Палессе не раз прыязджаў — наглядаў за меліярацыйнымі работамі.

Двухгадзінная размова з вока на вока, якая вынікла ў начальніка штаба з новым камандзірам злучэння, супакоіла Бондара. Волах — сярэдняга росту, шыракаплечы, з мужным, відным тварам — чалавек дасціпны. Хоць на справы, што склаліся ў брыгадах, глядзіць крытычна, поспехі недаацэньвае.

Зрэшты, гэта ў парадку рэчаў. Цвёрдая рука патрэбна. Яе якраз не хапала. Цяпер усё ўвойдзе ў каляіну.

З другога боку, сакратар абкома намечаныя аперацыі ўхваліў, Бондара як бы нават узвысіў, загадаўшы ўзяць пад асабісты кантроль усходнюю і Паўднёва-Прыпяцкую зоны. Узначальваць разгром нямецкага гарнізона ў саўгасе Росіца прызначыў батальённага камісара Гулікоўскага, які мінулагодняй восенню камандаваў з’яднанымі атрадамі, калі ўзрывалі мост на Пцічы.

Бярэ лейцы ў рукі Волах. Пакуль што ў брыгадзе Гаркушы, хоча разабрацца са смерцю Лаўрыновіча, з Міхнаўцом. Штаб злучэння пакінуў пры Гарбылёўскай брыгадзе, але ці надоўга?..

Дзіўны ў Бондара настрой. Адчувае, што нейкі круг яго жыцця замыкаецца, роля, якую іграў тут, у родных лясах, набліжаецца да канца. І справа не толькі ў тым, што прыслалі новага камандзіра, які, па ўсім відаць, не збіраецца дзяліць сваю высокую ўладу, а ў чымсьці непараўнальна большым, у новым павароце агромністых падзей вайны. Нямецкая армія адступае, і Курск — гэта цяпер ясна як божы дзень — быў адчайнай спробай фашыстаў вярнуць страчаную яшчэ зімой ініцыятыву. Разбілася ўшчэнт гэтая спроба, і Бондар не верыць, што немцам удасца сур'ёзна затрымацца на Дняпры ці ў якім-небудзь другім месцы. Праз два-тры месяцы Чырвоная Армія прыйдзе сюды. Што ён, Бондар, будзе рабіць далей? Куды выкіруе яго жыццёвы лёс? Яму прыслалі палкоўніцкі мундзір, але для арміі ён чалавек страчаны. Далёка наперад рушыла армія ў ваенным майстэрстве. Мяркуючы па ўсім, там, пад Курскам, была агромністая танкавая бітва. Ні абсягаў яе, ні арганізацыі сучаснага бою Бондар не разумее. Ён нават не ведае, адкуль узяліся гэтыя тысячы танкаў, якіх не было ў сорак першым годзе, калі нармальна працавалі ваенныя заводы, а немцы не паспелі захапіць агромністых тэрыторый. Ні дывізіяй, ні нават палком камандаваць у сучасным баі ён не зможа, а на батальён палкоўнікаў не ставяць. Дый ці пацягне ён цяпер батальён?..

Бондар пойдзе на брыгаду. Яго месца — у партызанах. Другога не дадзена. Толькі б з Росіцай разлічыцца. Лясная армія, якой ён камандаваў, як бы нясе віну перад насельніцтвам. Яно паіла, карміла партызан, і трэба адбіць кароў, якіх забралі эсэсаўцы. Карова — карміліца для селяніна...

З выпадку перамогі пад Арлом і Белгарадам — невялікае баляванне. На парослай ядлоўцам паляне, трохі наводшыбе ад буданоў, зямлянак, сабраліся мясцовыя камандзіры.

Прамоўцаў хоць адбаўляй. Устае са шклянкай Вакуленка, за ім Бальшакоў, затым — па заслугах, па стажу — ніжэйшыя камандзіры. Добра ўсё-такі, што сабраліся. Колькі ўсе яны, хто сядзіць за сталом, чакалі прасветлай часіны, калі адтуль, з усходу, прыляцяць шчаслівыя весткі. Колькі перадумалі, адпакутавалі. Не сакрэт жа, што год назад, калі немцы рваліся да Волгі, некаторыя дапускалі, што вайна можа быць прайграна або зацягнецца на дзесяцігоддзі. Зброі перад ворагам, аднак, ніхто складаць не збіраўся. Калі нявыкрутка, цесна стане тут, то наважвалі на Урал пайсці, у сібірскую тайгу, і партызаніць хоць да скону дзён.

Бондар падпіў, расчырванелы, свойскі, з расхрыстаным каўняром злінялай гімнасцёркі дапытвае суседзяў:

— Бальшакоў, на Волгу паедзеш? Кінеш нас, бедных лапцей?

— Тут астануся, Павел Антонавіч. Чэснае слова. У МТС папрашуся. Калі возьмеце.

— Возьмем! — гудзе застолле.— Нам такія кадры патрэбны. Правераныя, паліцічаскі выдзержаныя...

— Ты, Хмялеўскі, што будзеш рабіць?

— У школу пайду. У Журавіцкую, каменную, з якой летась бобікаў не выкурылі. Цяпер выкурым.

— Верна, Хмялеўскі. Мы цябе дырэктарам паставім.

— Я і быў дырэктарам. Толькі цяпер хачу з сяла ў мястэчка. Бліжэй да культуры.

— Перавязём. Кварціру дадзім. Для сямейнага жыцця з жонкай Соняй.

— Таварыш Вакуленка,— тым часам гукае Бондар.— Звяртаюся да цябе як Савецкай улады. Ты будзеш старшынёй РЫКа. Ведаеш, якая ў мяне спецыяльнасць? Ляснічы. Я школу ў Бацькавічах канчаў. Пабажыся пры ўсіх, што паставіш ляснічым...

Да месца, да часу — песня. Новая, якая нарадзілася там, на вольнай зямлі, а ў партызанскім лесе вывучана нядаўна.

 

Идет война народная,

Священная война...

 

Гулка разлягаецца рэха ў навакольных соснах. Асцерагацца не варта — лес пад Рагалямі свой, партызанскі, не проста дабрацца да Рагалёў.

 

Не будут крылья черные

Над Родиной летать,

Поля ее просторные

Не будет враг топтать.

 

Да вечара хіліцца дзень. На паляну кладуцца доўгія цені, мітусяцца дзяўчаты, носячы ў гліняных місках закуску з кухні. Дзве ўжо за сталом, адна — побач з Бондарам. Чарнявая, шустрая, з залатым пярэднім зубам. Штосьці яму гаворыць, смяецца, а начальнік штаба ёй шклянку з гарэлкай падсоўвае.

Якубоўскі сядзіць насупраць, хмурыць густыя бровы. Раптам бляднее з твару, ускаквае:

— Грамадзянка, вы ў атрад адкуль прыйшлі?

— З Брэста. Мой муж быў ваенны.

— Недзе я вас бачыў. Вы акопы пад Вербічамі не капалі? У сорак першым, калі пачалася вайна...

— З Брэста я прыйшла...

Чарнявы твар у дамачкі між тым палатнее, ні крывінкі на ім. Рукі трасуцца.

— Не з Брэста, з Бацькавіч вы,— цвёрда гаворыць Якубоўскі.— Не разумею толькі, навошта маскарад?

Дамачка кідаецца галавой на рукі, на стол, плечы яе ўздрыгваюць ад гучных літанняў:

— Даруйце, парцізаны! Я нічога не рабіла... Не хацела рабіць. Мяне сілай паслалі. Жыла з адным. Не ведала, што ён такая сволач...

Допыт шпіёнкі праводзяць у той жа вечар. Ва ўсім прызнаецца, аддае бутэлечку са стрыхнінам. Яна сапраўды з Бацькавіч, прозвішча — Франя Бейзік, да вайны была замужам за эмтээсаўскім механікам. Заблытаў у павуціну Юрый Басняк, а потым яшчэ адзін па прозвішчу Аксаміт. Аддаў немцам, а тыя гразілі як жонку камуніста вывезці ў лагер.

Дзіўна адно: чаму верціхвостка прыйшла з такой недарэчнай легендай? Бацькавічы — пад бокам, мясцовага чалавека ў лесе лёгка пазнаць.

Вывад такі напрошваецца: спяшаюцца фашысты.

Гарыць пад нагамі зямля. Некалі ім думаць.

 

ІІІ

Рэха падзей пад Арлом, Белгарадам, у далёкай Італіі адгукаецца, перш за ўсё, у Паўднёва-Прыпяцкай зоне.

З Бацькавіч на Хвойнае пралягае ветка-аднапутка, яе ахоўваюць мадзьяры. Прыехалі на змену славацкай дывізіі, пераведзенай пад Мінск. Са славакамі ў партызан быў хаўрус, больш за сотню іх перайшло ў лес. З мадзьярамі сувязі няма. Чужыя, далёкія людзі, і мова іх яшчэ больш незразумелая, чым нямецкая.

Але цяпер становішча мяняецца. У штаб паступілі звесткі, што мадзьяры хочуць наладзіць зносіны з партызанамі. Ды гэта не ўсё. На станцыі Іванаўка, якая размяшчаецца прыкладна пасярэдзіне веткі-аднапуткі, наспела справа болей пільная. Немцы аднавілі там дрэваапрацоўчы завод, спалены мінулагодняй восенню Каўпаком, калі ён займаў Іванаўку. На работу прывезлі палонных сербаў — больш чым паўтараста чалавек. Зацея яўна бязглуздая: у партызанскі край прывезці людзей з другога партызанскага краю. Як трэба было чакаць, палонныя ўстанавілі сувязь з мясцовымі партызанамі. Скулу, здаецца, прарвала, хоць Сікора, камандзір атрада, чамусьці дыпламатнічае.

Тры дні ў штабе ліхаманкавая работа. Зварот да мадзьяр напісалі, трэба перакласці на венгерскую мову, а чалавека, які б ведаў гэтую мову, дзе знойдзеш? У атрады кінуліся пасланцы і такі даставілі ў штаб старога чэха, які служыць фельчарам у Дамачоўскай брыгадзе.

— Як жывеш, бацька? — пазнаўшы фельчара, пытае Бондар.

— Маю раматус,— чэх безнадзейна махае рукой.— Сам хворы, і жонка хворая. Мой сын прыйшоў да вас, а я хачу дадому. Да жонкі. Мая медыцына ест глупства. Ёду няма, бінтоў няма. Лячу травамі...

Бондар усміхаецца: не заўсёды пачуеш такую шчырасць.

— Восенню адпусцім. Чуў, бацька, немцаў гоняць, аж пыл курыць. Восенню нашы будуць тут.

— То праўда. Але я дадому цяпер хачу. Не маю сілы чакаць.

Фельчару далі лістоўку, папрасілі перакласці. Венгерскую мову ведае, відаць, някепска, бо заціснуты ў шурпатых пальцах аловак даволі лёгка выводзіць на паперы незразумелыя словы.

— Жыў там,— вяртаючы спісаныя аркушыкі, тлумачыць фельчар.— Тая халера называлася Аўстра-Венгрыя. Гімназію іхнюю скончыў. Магу яшчэ па-нямецку...

— Па-нямецку не трэба, бацька. Маем спецыялістаў. Патрывай трохі. Пусцім дадому і хату паставім.

Фельчара аддзячылі. Ён, відаць, сам не думаў, што ў высокім штабе палучыць пакунак, у якім сала, сушаная каўбаса. Чэх разгублена ўсміхаецца:

— Маю такі лёс. Буду служыць. Думаю атрымаць за свае пакуты пенсію.

За ноч лістоўку надрукавалі, а назаўтра Бондар з невялікім конным атрадам едзе пад Іванаўку. Чыгунку перамахнулі днём. Галопам праскочылі праз закіданы лясны пераезд паміж Жарнавіцамі і Грамамі, так што немцы нават стрэліць не паспелі. Коннікі ўзяты з Гарбылёўскай брыгады, і навакольны лес ведаюць добра. Калі летась стаялі пад Альховам, вывучылі кожную сцежку. Каля шашы-брусчаткі прыйшлося, аднак, затрымацца: па ёй цягнулася на грузавіках доўгая нямецкая калона.

Перамаўляючыся з Гервасём, Бондар едзе паперадзе атрада. Дзеля сустрэчы з іншаземцамі надзеў палкоўніцкі мундзір.

Бондар загадзя ведае, што ў надпрыпяцкім кутку яго сустрэнуць не так, як два тыдні назад у заходняй зоне. Тут усе свае. Яшчэ летась куток разварушылі гарбылёўцы, а працягваюць справу атрады, якія выраслі з ініцыятыўных груп, пасланых вясной.

За шашой у ледзь прыкметным у траве зімніку дарогу перабягае чародка курапатак. Шэрыя далікатныя птушачкі зусім не баяцца людзей. Прашмыгваюць, не ўзлятаючы, пад самымі конскімі нагамі. Някошаная асака на балоце пачынае рудзець. З яе раз-пораз, лапочучы крыллем, уздымаюцца сытыя качкі, праляцеўшы пару гоняў, апускаюцца зноў.

Палуднаваць спыняюцца, заехаўшы ў мінулагодні лагер. Ён выглядае непрывабна. Узарваныя немцамі зямлянкі аселі, зверху, па засыпаных зямлёй накатах, параслі травой. Злезшы з каня, Бондар кіруе на край зарослага соснамі кургана. У выкапаным партызанамі калодзежы рудая, застойная вада. Нехта накідаў у яе трэсак, ламачча. А рачулка-ручай у тым месцы, дзе сасняк пераходзіць у чарналессе, журчыць па-ранейшаму, і дно чыстае, усланае пяском, дробнымі каменьчыкамі. Над ручаём пахіліліся лозы, вольхі, на звівах выступаюць скручаныя, аголеныя карані. Бондар здымае шапку, нагінаецца, набірае вады. Зубы зводзіць ад сцюдзёнасці. Ручай, хутчэй за ўсё, выцякае з якой-небудзь блізкай крынічкі, але дзе яна, ён не ведае. Не хапала часу пацікавіцца. Пражыўшы ў лесе, на прыродзе болей за год, ён зусім не зважаў на тое, што навакол.

Недзе на другім краі сасонніку азываецца зязюля. Толькі дзіўна яна кукуе: пачне і адразу спыніцца, як бы не хапае ёй дыхання. Бондар міжволі прыслухоўваецца: зязюля нібы не хоча налічаць яму гады.

Гервась тым часам рассцілае ў лажку, на схіле пагорка, папону, кліча Бондара. Партызаны ўжо сілкуюцца.

У душы нарастае хваля чуллівасці. Не могучы ўтрымаць яе ў сабе, Бондар гаворыць:

— Толькі год мінуў, як тут стаялі, а ніякага знаку. Зарастуць, хлопцы, нашы сцежкі. Разыдземся па работах, службах. Забудзем адзін аднаго...

— Не забудзем,— Гервась неяк бездапаможна ўсміхаецца.— Тое, што набалела,— ён тыцкае сябе пальцам у грудзі,— век буду помніць. І ты будзеш. Я ведаю, пра што думаеш. Усе думаем. Мы не тыя, што былі да вайны, і другімі не зробімся. Цану чалавеку ведаем. Мяне цяпер калаціць пачынае, калі чалавек думае адно, а гаворыць другое. Гнілы ён, не наш...

Байцы, якія разлегліся наўкруг папоны, з цікавасцю прыслухоўваюцца да гаворкі. Рабаваты Антосік — ён служыць у штабным узводзе,— матлянуўшы галавой, пытае:

— Няўжо зноў пачнуць дакапвацца, хто брат і хто сват? Мой цесць у старасты пайшоў, дык я яго так прыціснуў, што свайго ценю баяўся. Нам служыў.

Партызаны рагочуць.

— Цяпер паперы мала, на анкеты не хапае. Але прыйдзецца, брат, паспавядацца.

— Лепей з жонкай загадзя развядзіся...

— Ходу табе, Антосік, не будзе. Не разлічвай, што дадуць пасаду. Дарма, што да медалі прадставілі.

Нечакана з сасонніку вынырае бабулька з каробкай-лубянкай за плячамі. Убачыўшы незнаёмых людзей, памкнулася назад у гушчар. Партызаны завуць да сябе.

— Думала да куранёў прыбілася, а тут вы,— не ведаючы, з кім стрэлася, тлумачыць бабуля.

Бондарава мундзіра з бліскучымі пагонамі яна палохаецца.

— Мы парцізаны, бабка. Не бойся.

Пэўнасці ў старой няма. Яна раз-пораз кідае насцярожаныя позіркі на Бондара.

— А етага ахвіцэра ў плен узялі, ці як?

Яшчэ раз у лесе раскацісты рогат.

— Савецкія камандзіры цяпер такую форму носяць. Каб немцы баяліся. Наша армія наступае, хутка тут будзе. Нам вот аднаго свайго камандзіра прыслала.

— А няхай вас,— старая махае рукой,— напужалі дурную бабу. Хаты папалены, а яны цацкі на плечы панадзявалі. Думала, генерал нямецкі...

Вечарам пад’ехалі да Прыпяці. Спакойна, шырока разлеглася яна ў нізкіх, балотных берагах. Сонца вісіць нізка, і люстраная роўнядзь ракі, адбіваючы касыя праменні, як бы ўсміхаецца навакольнаму прастору. Цёпла, добра, ціха. Можна падумаць, што няма вайны, калатнечы, а толькі гэтая ласкавая рака, разлеглыя абсягі лугоў.

Бондару прыгадваецца выпадак, які здарыўся яшчэ на пачатку зімы. З-за Прыпяці ў Мінскі штаб прывезлі дзеда Талаша, славутага партызана грамадзянскай вайны. Дзеду амаль сто гадоў, але ўвішны, разумны — такі, якім апісаў яго пісьменнік Якуб Колас.

Дзеда збіраліся накіраваць у Маскву, але самалёта не было. Тым часам у штаб прывялі высокага змізарнелага чалавека. Ён называў сябе французам, музыкантам. Але як праверыць?

— Вы яму скрыпку знайдзіце,— параіў Талаш.— Тады і ўбачыце, які ён музыка.

Скрыпку знайшлі, і салдат аж задрыжаў, убачыўшы яе. Імкліва водзячы смычком па струнах, зайграў «Кацюшу»...

Прыпяць як бы падзяляе тутэйшыя мясціны на балотна-лясную і стэпава-палявую часткі. Палявая роўнядзь з вялікімі буйнымі сёламі — жытніца краю. Раўнінныя калгасы збіралі адменныя ўраджаі, тутэйшыя кірмашы разлягаліся ад каровінага мычання, свінячага, парасячага віску.

Але партызаншчына на сытай стэпавай раўніне зарадзілася пазней, чым на паўночных пясках ды балотах. Мясцовыя атрады і цяпер трымаюцца ў лясах, а за Прыпяць робяць толькі імклівыя начныя вылазкі.

Коннікі рашылі заначаваць у Будным. Да Іванаўкі не так далёка, але ноччу, паблізу гарнізонаў, можна напароцца на засаду.

Буднае — свая вёска. Летась гарбылёўцы наведваліся сюды кожнага тыдня, мелі сувязных, старасту, які ім служыў. Некалькі мясцовых хлопцаў прыйшло ў атрад.

Але няма Буднага. Спалена. У вячэрнім паўзмроку шарэюць гурбачкі зямлянак, пабліскваюць на панадворках прытушаныя цяпельцы.

Не паспелі коннікі даехаць да сярэдзіны вёскі, як ад зямлянкі кідаецца наперарэз постаць кабеціны з распатланымі валасамі.

— Парцізаны! Пастойце!..

Калі коннікі спыняюцца, жанчына, перайшоўшы на шэпт, паведамляе навіну незвычайную. У яе зямлянцы сядзіць немец.

Дапытваюць салдата, ад’ехаўшы на ўзлессе, нацягаўшы, каб было на чым спаць, саломы, расклаўшы вогнішча. Салдат — вялізнага росту, буйны целам, але вельмі змізарнелы. Твар густа зарос, вочы запалі, рукі чорныя, брудныя. Мундзір вісіць шкамутамі — відаць, доўга бадзяўся салдат па лесе. Але ў яго вінтоўка, патроны, нават дзве гранаты.

Пытанні перакладае Косця з Гарбылёў, смуглявы, з прыемным тварам хлопец гадоў дваццаці, якога Бондар за веданне нямецкай мовы прыстроіў пры штабе.

— Ён гаворыць,— паспешліва тлумачыць Косця,— што ўцёк з-пад расстрэлу. Шукаў партызан, бо інакшага выйсця не было.

Бондар касавурыцца на салдата.

— За што хацелі расстраляць?

— Ён кажа — за паражэнцкія настроі: сказаў другому салдату, што Германія вайну не выйграе.

— Адкуль у прыгаворанага да расстрэлу вінтоўка, гранаты?

— Гаворыць, ноччу вылез са склепа і напаў на вартавога. У лесе без вінтоўкі нельга.

— Дзе служыў?

— У Рэчыцы, у ахоўным палку. Кажа, ёсць другія салдаты, якія не вераць Гітлеру.

Партызаны глядзяць на немца ласкавей. Нехта дае запаленую цыгарку, і ён прагна, раз-пораз зацягваецца...

— Лёгка ўсё праверыць,— дыпламатнічае Бондар.— Рэчыца — недалёка. Нашы людзі там ёсць. Высветлім усё, што трэба...

Калі Косця перакладае словы салдату, той усміхаецца, згодна ківае галавой.

Яшчэ праз гадзіну пра салдата ведаюць усё. Завуць яго — Бруно Габнер, родам з Гамбурга, мае жонку, двое дзяцей. Да вайны працаваў на металургічным заводзе, на страявую службу не ўзялі, бо хварэе на страўнік.

Пераход нямецкіх салдат на партызанскі бок — не такая рэдкасць. Пачынаючы з вясны, выпадкаў, падобных на гэты, было некалькі. У брыгаду Плотнікава перайшоў нядаўна цэлы ўзвод на чале з фельдфебелем. Немцы са станцыі Гарбылі таксама прыйшлі. Але тыя памагалі з мінулага лета.

 

IV

Лес — як мора. На ўсю неаглядную даль разлегліся сасоннікі, дубнякі, бярэзнікі. Адсюль, з пяцідзесяціметровай вышкі, на якую дзеля цікавасці залез Бондар, добра бачны палянкі, просекі, насып чыгункі-аднапуткі, хаты і станцыйныя будынкі ў Іванаўцы. Немцы, мабыць спецыяльна змайстравалі такую агромністую вышку, каб сачыць за партызанамі. Аднак не ўсачылі. Тыдзень назад, не чакаючы падмацавання, мясцовы атрад напаў на Іванаўку. З лагернай аховай справіліся сербы.

Дрэваапрацоўчы завод, дзе вырабляліся шпалы, часткі для бункераў, дзотаў, зруйнаваны дашчэнту. Тырчаць абпаленыя слупы, ляжаць кучы цэглы, друзу.

Па партызанскім лагеры расхаджваюць чорнавалосыя, у абшарпаных вопратках людзі, узбуджана-радасныя, трапяткія. Усе яны страшэнна схуднелыя, выпетраныя — скура ды косці,— але вочы агнём гараць.

— Здраво, другар! Беясмо тресли немца!1 1

Вязні жывуць перамогай. Іх гаворка збольшага зразумелая. Як і пачуцці, якіх яны не тояць. Браты-славяне з далёкага сіняга Дунаю...

Камандзір атрада Сцяпан Сікора, велікан, з пустым правым рукавом камандзірскай гімнасцёркі, сядзіць перад буданом. Выгляд мае заклапочаны. Бондар ведае прычыну. У ахове лагера было каля трыццаці фашыстаў. Частка ўцякла, частку паўстанцы перабілі, васьмярых узялі жывымі. Патрабавалі над імі суда, і Сікора дазволіў.

— Я так падумаў,— тлумачыць ён,— фашысты здзекаваліся з іх, то няхай судзяць, іхняе права. Аднак жа, брат, лютыя яны. Горш, чым мы. Усіх васьмярых — у распыл. Як разбойнікаў з вялікай дарогі. Мы нават апамятацца не паспелі.— Сікора памаўчаў, пачухаў патыліцу.— Аднак жа непарадак. Тэрыторыя наша, таму і законы нашымі павінны быць. Волах, мабыць, намыліць мне шыю.

— Намыліць,— пацвярджае Бондар.— Калі выклікаў мяне да сябе, то якраз даваў разнос Гаркушу. Яго падрыўнікі скінулі не той эшалон, а рэдактар у газеце напісаў.

Сікора рагоча.

— Але ж недавяркі. Хлопцаў, дапусцім, вінаваціць нельга. У зубы эшалону не глядзелі. Падклалі міну, і дай бог ногі. А рэдактар — дубіна. Хоць, брат, я яго разумею. Злосны на фашыстаў. На сто гадоў хопіць злосці. Такога натварылі людаедства.

У поўдзень — навіны. Узят Харкаў, некалькі драбнейшых гарадоў, у зводцы — Сумскі, Палтаўскі напрамкі.

Навіну прыносіць Мядзведзеў. Ён у Сікоры начальнікам штаба. Акрыяў хлопец, нават начальніцкі выгляд мае. А летась такой парой ці трохі раней прыбыў у атрад. Здаецца, у акружэнне трапіў якраз там, пад Харкавам.

— Што можа быць за год, а, Сяргей? — радасна пытае Бондар.— Што далей будзе?

— Чырвоная Армія выйшла на аператыўны прастор. Праз месяц прыцісне фашыста да Дняпра.

Вечарам яшчэ адзін гарбылёвец паяўляецца — Камар. Служыць у атрадзе начальнікам разведкі і контрразведкі.

— Сустрэча з мадзьярамі ў суботу,— дакладвае ён не то Бондару, не то Сікору.— Лістоўкі сувязной перадаў.

Чакаць, значыць, яшчэ тры дні.

Астаўшыся ўдвух з Сікорам, Бондар пытае:

— Як мае кадры?

— Мядзведзеў талковы хлопец. Прыжаніўся тут з адной. Ты ж, можа, ведаеш — вясной яго цюкнула. Ну, а медсястра не толькі бінты перавязвала... А ў Камара характар як аршын. Можа дроў наламаць. З гэтым судом я яму даверыўся — і вось бачыш... Але за мадзьяр не бойся. Там, на станцыі, талковая баба. Зробіць, што трэба. Я яе ў сорак першым спецыяльна пакінуў.

— Нешта ты хітруеш, Сцяпан Тарасавіч. Скажы чэсна, навошта мяне пазваў?

— Дзівак ты. Трэба твае пагоны паказаць. Гэты іхні камандзір роты ніякі нам не таварыш. Чысцейшы служака. Але нос па ветры трымае. Адчуў — ісці далей з немцамі не з рукі. Хоча гарантыю палучыць. Твае пагоны нам добрую музыку зробяць!..

Па руках пайшоў чарговы нумар раённай газеты. Пярэднюю частку займае тыднёвая зводка аб выніках баёў за Харкаў. На другой старонцы некалькі заметак пра бой за вызваленне сербаў. Нават верш змешчаны, пад якім стаіць нязвыклае прозвішча — Багуміл Іваніч.

 

На бой, славяне,

Судьба сурова!

Неволи, рабства

Порвем оковы!

В крови, в пожарах

Белград и Прага,

В сердцах сыновьих

Растет отвага!..

 

Верш напісаў югаслаўскі лётчык, капітан па званню. Дасканала валодае рускай мовай. Бондар бачыў яго: чорны, шчуплаваты, з разумнымі сінімі вачамі. Толькі вельмі хворы, лётчык-паэт. Нават ходзіць з вялікай цяжкасцю.

Усё цела на скулах. Трэба ў Маскву адпраўляць, бо тут не вылечыш.

Начуе Бондар з Сікорам у хлеўчуку на свежым сене. За перагародкай уздыхае, перажоўваючы жвачку, карова, раз-пораз азываюцца на шастку сонныя куры. Звычайнае, сялянскае хвалюе і радуе, як бы вяртаючы Бондара ў далёкі, напаўзабыты свет.

Да Сікоры ў яго — вострая цікавасць. Нечым шырокім, размашыстым ён нагадвае Вакуленку, хоць палітык, бясспрэчна, большы. Вакуленка толькі ў пачатку вайны стаў старшынёй райвыканкома, а Сікора быў першым сакратаром райкома доўгі час, імя яго вядомае. Яго пакінулі для падпольнай работы, але мясцовы атрад, як і некаторыя іншыя, у першую зіму не ўтрымаўся, і ён з невялікай групай прыбіўся да дамачоўцаў. Мінулагодняй восенню Сікору раструшчыла разрыўной куляй правую руку, і адцяў яе звычайнай, навостранай пілой, здаецца, той самы чэх-фельчар.

Увогуле ў надпрыпяцкім кутку Бондар адпачывае душой. Калі спавядацца перад сабой, то апошні час, асабліва пасля сутычкі ў штабе, прылёту Волаха, ён адчувае сябе няўтульна.

— Як у цябе з Волахам? — нібы ўгадваючы Бондаравы думкі, пытае Сікора.

— Ніяк. Баюся — не спяёмся. Пайду, як Вакуленка, на брыгаду.

Сікора доўга маўчыць.

— Я ўсё разумею. Але трэба сябе пераламаць. Волаха не ведаю. Але, думаецца, Панамарэнка дурнога не прышле. Ды справа нават не ў Волаху. На яго месцы мог быць другі. Новы этап наступае, вот у чым дзела. Партыйная работа падзапушчана, а трэба думаць пра заўтрашні дзень. Таму новага кіраўніка прыслалі. Ён ужо сёння пачне прыкідваць, каго на калгас паставіць, каго на сельсавет. А ты проста ваенны. Хоць, мабыць, і табе армія не засвеціць. Паставяць на раён, і будзеш цягнуць.

— Вайна не скончылася.

— Дык скончыцца. Не забывай, што мы партызаны. Прывыклі рашаць, як на наўгародскім вечы. А разбураныя гарады, заводы, спаленыя вёскі самі не падымуцца. Прыйдзецца зноў, брат, закасваць рукавы.

Бондара апошнія Сікоравы словы неяк непрыемна ўражваюць.

— Ты што хочаш сказаць?

— Тое, што чуеш. Ад гэтага мы ў вайну пацярпелі, але інакшага выйсця не бачу. Думаеш, чаму не ўтрымаўся мой і другія атрады ў сорак першым годзе? Таму, што армія адступала, а арміі, краіне насельніцтва аддавала ўсё. Ведаеш, як мы работалі? На знос. Дзень і ноч з каня не злазіш, носішся па раёне — давай, давай, давай!.. Хлеб, бульбу, малако, мяса, яйкі, шэрсць, лесанарыхтоўкі. Засекі падчыстую падмяталі. Днепрагэсы, заводы, гарады не святым духам раслі. А тут вайна — і ўсё як у прорву. Армія адступае, і выходзіць, няма апраўдання ахвярам. Як ударылі немца пад Масквой, інакшы настрой пачаўся...

— Разумею,— гаворыць Бондар.— Але ж горам навучаны. Ці нельга як-небудзь лягчэй?

— Цяжэй будзе. Да вайны хоць народу хапала. Прыедзеш у сяло — мужчыны, як дубы. Вайна, сам ведаеш, колькі тых дубоў наваліла. Яшчэ наваліць. Так што, браце, рыхтуйся. Будзе не да амбіцыі.

— Я неяк не так думаў. Лічыў — абы савецкая ўлада вярнулася. Тады наступіць свята.

— Што ж, наступіць. Перамагчы ў такой вайне — яшчэ якое свята. Дажыць бы толькі.

У хляве — вострыя, хмельныя пахі. За сцяной чуюцца асцярожныя крокі вартавога, кукарэкае певень. Поўнач ужо, пара спаць, але гамонка не спыняецца.

 

1 Дзень добры, таварыш! Пакалашмацілі немцаў! (сербск.)

V

 

Марыя Шастапал — якраз тая жанчына, на якую Сікора ўскладае надзеі ў перамовах з мадзьярамі. З выгляду яна някідкая: смуглявая да чарнаты, прысадзістая, з шырокім ротам і тоўстым, прыплюснутым носам. Аднак вызначаецца кабеціна незвычайнай увішнасцю.

У станцыйным пасёлку паўсотні хат, нямецкая казарма, вайсковы склад, і няма дня, каб Шастапаліха не аббегала хоць палавіны двароў, не вымяняла ў салдат кавалак мыла на яйкі, не паляскала языком з суседкамі.

Некалі ведала жанчына лепшыя часы: калі была маладая, тут, у Іванаўцы, навучала дзяцей грамаце, насіла туфлі-лодачкі, расквечаныя паркалёвыя сукенкі. Але выйшла замуж за ціхмянага Івана Няходу, які служыў вартаўніком пры краме, як боб пасыпаліся свае дзеці, і прыйшлося школу кінуць. Нават са станцыяй давялося развітацца, перабрацца ў вёску: там было лягчэй пражыць.

Калі прыйшлі немцы, Марыя з усёй сям’ёй вярнулася ў Іванаўку, заняўшы пустую хату начальніка лесаўчастка.

Але апусцілася Шастапаліха. Брындае па вуліцы босая, з парэпанымі нагамі, у дзіравых, захлюндраных спадніцах. Сямейка немалая, пяцёра дзяцей, а яны есці просяць штодня, і тут не да форсу.

Сям’я жыве, як многія на станцыі: мае лапік агароду, засаджвае бульбай чыгуначны пралёт. Няхода соваецца па рэйках, раўняе броўку, падкручвае ключом шурупы, але на яго заработак не разгонішся. Выкручваецца Шастапаліха, гадуе дзяцей бабскай галавой. Штодня шастае па вёсках: там выменяе за нямецкае мыла і сахарын курыцу, там — ражок сыру, а калі пашэнціць — то нават паўпуда мукі. Агонь баба...

Жаночае асяроддзе паважае Шастапаліху за добрае сэрца. Колькі было выпадкаў, калі немцы забяруць то аднаго мужчыну, то другога. Партызаны варушацца кругом, ну, а ў іх падазрэнне, што нехта мясцовы, блізкі памагае лясным бандытам. Хадатаем да каменданта заўсёды ідзе Шастапаліха. Ускудлаціць валасы, пусціць слязу, ляманту наробіць. Крые партызан, бальшавікоў на чым свет стаіць...

Многім памагла. Прыкідваецца дурной бабай, а самой пальца ў рот не кладзі. Калі палілі вёскі, а людзей гналі па вуліцы ў эшалон, то мігам выхапіла з гурту знаёмую дзяўчыну. Пакуль немцы ачомаліся, то тая дзяўчына ўжо ў яе ложку ляжыць нібыта хворая на тыф...

Станцыйныя нават думкі не дапускаюць, што Шастапаліха знаецца з партызанамі. Квокча як курыца-наседка над сваімі дзецьмі. Калі захварэла старэйшая дзяўчынка, усю станцыю аббегала, а ўрача знайшла. Выпарала сярод палонных сербаў, якія рэзалі немцам шпалы. Тых сербаў цяпер звання няма. Як хвастом накрыліся, паказаўшы немцам дулю. Але то зрабілі партызаны, усю ноч трымалі станцыю пад абстрэлам, ніхто носа з хаты не вытыркнуў.

Станцыю ахоўваюць немцы, а чыгуначную ветку — мадзьяры. Іх бункеры размешчаны па ўсім прасцягу ад Хвойнага да Бацькавіч. На станцыі, аднак, знаходзіцца вайсковы склад, і мадзьярскія салдаты ў светла-зялёных мундзірах, з караткаватымі, як бы абрэзанымі вінтоўкамі часта сюды забрыдаюць. Некаторыя з іх не мінаюць Шастапалішынай хаты. Але тая з самім д’ябалам завядзе гешэфты. Калі ў яе доме немцы ці гэтыя мадзьяры, то на злом галавы носіцца па вуліцы, выменьваючы ці пазычаючы ў суседак самагонку.

Так думаюць пра Шастапаліху пасялкоўцы.

Справядліва тут адно: жанчына сапраўды дрыжыць за дзяцей. Калі ідзе ў вёску, прымае ў доме немцаў, мадзьяр, дзяцей адпраўляе да стрыечнай сястры. Усё-такі родная кроў: калі што з маткай здарыцца, прапасці малым не дасць. Вечны клопат, страх зрабілі Марыю неспакойнай, непаседлівай, нейкай вогненна-няўрымслівай. Сваіх пачуццяў яна не тоіць. Тоіць работу, якой займаецца.

Сербаў яна звязвала з партызанамі праз урача. Два месяцы вяліся перамовы. Мадзьяры самі напрасіліся на дружбу.

Аднойчы ў хату завіталі трое. Маленькі, чорненькі, з дзвюма зорачкамі на пагонах трохі размаўляе па-руску. Яму трэба людзі, каб згрэбці сена, якое салдаты накасілі для коней, як можа, тлумачыць ён. Ні слова не кажучы, Марыя расшпільвае кофту, паказвае афіцэрыку перабінтаваныя грудзі. Тыдні два назад, вяртаючыся ад партызан, яна наткнулася на засаду, паўдня прасядзела ў балоце. Ад страху цела пабіла на скулы. Убачыўшы гэта, афіцэрык заплакаў, выбег з хаты.

Марыя ўзяла яго на заметку. Сустрэўшыся з Сікорам, расказала пра незвычайны выпадак. Камандзір загадаў зблізіцца з афіцэрыкам.

Дальнейшую работу павёў муж. Мадзьярскі бункер — кіламетраў за пяць ад станцыі, і якраз там пачынаецца Іванаў абход. Кошкаючыся ля насыпу, Няхода ўбачыў афіцэрыка, усчаў размову, запрасіў да сябе.

Прозвішча чорненькага — Муха, завуць Міхал, і ніякі ён не мадзьяр, а славак. Жыве ў Венгрыі, мае хлопчыка, і жонка вось-вось мусіць нарадзіць новае дзіця. Салдатам у такіх выпадках даюць двухтыднёвы водпуск. Водпуску Муха прагна чакае. Фашыстаў ён проста ненавідзіць. Прызнаецца Марыі — бярэ на заметку тых салдат роты, якія жорстка абыходзяцца з насельніцтвам. Што ж, такому чалавеку можна даверыцца...

Яшчэ да таго як уцяклі ў лес сербы, Марыя наладжвае сустрэчу Мухі з Сікорам. Той дорыць славаку партсігар. Кожнага дня, сустрэўшы Няходу, Муха дастае падарунак з кішэні, шчоўкае крышкай, па-змоўніцку падміргвае абходчыку.

Няхода цяпер нават у мадзьярскі бункер заходзіць. Муха, які служыць намеснікам камандзіра, яго туды пускае. Сядзіць з ім за сталом, гуляе ў шашкі. Але камандзір бункера, высокі, бялявы, з падціснутымі тонкімі губамі капітан Кіш, як толькі ўбачыць, выганяе Няходу з памяшкання. Не памагаюць ніякія Міхалавы просьбы і ўгаворы.

Мадзьяры — не сербы, перавесці іх у лес не проста. Тых, хто спачувае намесніку камандзіра,— чалавек пятнаццаць, а ўсяго ў бункеры — трыццаць пяць чалавек. Кровапраліцця Муха не хоча. Тым болей што ён збіраецца ў водпуск. Паціху дамаўляецца з Кішам, каб і той пабачыўся з партызанамі. Кіш нібыта паставіў умову: будзе гаварыць толькі з партызанскім генералам.

Здараецца так, што надрукаваную па-венгерску лістоўку Марыя аддае не Міхалу, які ў той дзень не прыйшоў, а другому салдату, якога завуць Яначка і які з Мухай сябруе. Партызаны прыспешваюць, і яна адважваецца на такі крок.

Яначка проста скача ад радасці.

— Ай харашо! Ай да красны партызан!

Ён кідаецца да Марыі цалавацца і ўсё дапытваецца, дзе яна бачыла партызан.

Яна бароніцца як можа:

— У лесе знайшла, Яначка. Дзе я тых партызан убачу? Хадзіла па грыбы і знайшла.

Назаўтра — наогул неверагоднае. У хату прывальвае дзесяць салдат на чале з Мухам. Усе трохі п’янаватыя, узбуджаныя. Муха крычыць:

— У водпуск не еду! Пасля вайны ўбачу другі сын. Кіш згодны бачыць партызан. Давай хутчэй, партызанскі камандзір!

Няхода бялее. Бярэ дзяцей і — шусь з хаты.

Толькі праз гадзіну, калі Няхода так і не вярнуўся, да Міхала даходзіць, што ён лішне развязаў язык. Вывеўшы салдат, зноў забягае да Марыі. Дамаўляюцца — сустрэча з партызанамі адбудзецца заўтра на ранейшым месцы.

Ноччу Марыя бяжыць у вёску, да дзяўчыны, якую вызваліла з нямецкага эшалона.

Ці то, можа, дзяўчына наблытала, ці яшчэ хто-небудзь, але на ўмоўным месцы салдаты нікога не дачакаліся. Калі вярталіся назад, у бункер, партызаны іх абстралялі. Яначку куляй прабіла крысо шыняля. Салдаты ходзяць панылыя, змрочныя, на Няходу нават глядзець не хочуць.

Ноччу Марыя зноў бяжыць у лес.

 

VI

У адхоне, недалёка ад мадзьярскага бункера, ляжыць скінуты з рэек нямецкі вагон. Ён тут яшчэ з вясны, ніжнія колы закрыла трава, на верхніх скачуць, папіскваюць нейкія птушачкі — мабыць, дзе-небудзь у шчыліне вывеліся.

Няхода з нецярпеннем глядзіць у бок бункера. Да вагона апаўдня падыдуць партызаны, з мадзьярамі пакуль ніякай дамоўленасці. Справа вісіць на валаску. Калі сустрэча сарвецца зноў — прапалі ўсе клопаты. Марыя з дзецьмі ў лесе. Дома аставацца нельга.

Нарэшце з бункера выходзіць сямёра салдат. З імі Муха.

— Учора вас абстралялі чужыя партызаны,— напаўголаса паведамляе Міхалу абходчык.— Яны нічога не ведалі. Нашы прыйдуць сюды, да вагона.— Ён называе час.

Муха прыкметна весялее, глядзіць на гадзіннік.

— Мы ідзём на станцыю, за прадуктамі. Праз дзве гадзіны вернемся.

Пакутліва цягнуцца хвіліны. Пасля ўцёку сербаў станцыйныя немцы злосныя, недаверлівыя. Калі раптам аб чым-небудзь дазналіся?..

Разам з Няходам адзінаццацігадовы сын Віця.

— Лезь, сынок, на слуп і пільнуй. Скажаш, хто будзе ісці.

Між тым умоўлены час настаў, а мадзьяр няма. З-за вагона нехта махае Няходзе рукой. Ён ідзе туды. У кустах стаіць невысокі чарнявы партызан, трымаючы напагатове пісталет.

— Перадаў?

— Перадаў. Сказалі — прыйдуць.

Няхода зноў завіхаецца ля броўкі. Нарэшце сын крычыць:

— Ідуць!

— Колькі іх, сынок?

— Сем.

— Ну, то злазь.

Сем салдат пайшло на станцыю, столькі вяртаецца. Усё ў парадку. Яго, Няходава, справа зроблена. Узяўшы сына за руку, ён ідзе ў лес. Глядзець, як дамаўляюцца чужаземныя салдаты з партызанамі, дзіцяці не варта...

У лесе — новая прыгода. Падняўшы некалькі баравічкоў, Няхода з сынам толькі паспелі выйсці на дарогу, як убачылі на ёй дзве фурманкі з мадзьярамі. Салдаты з бункера, але тыя якраз, хто ў тайну не пасвечаны. Твары злосныя, нахмураныя. Хадзіць па лесе забаронена, дабра не чакай.

Як на шчасце, на дарогу выпаўзае вуж. Няхода хапае яго, абвівае вакол шыі. Потым аддае вужа сыну. Салдаты смяюцца і, нават не запыніўшы Няходу, едуць да бункера. Абходчык з сынам ідуць услед.

Капітана Кіша прыводзяць у лес да Бондара і Сікоры салдаты. Іх дзесятка паўтара. Пакінуўшы камандзіра і яго памочніка Муху з партызанамі, самі адыходзяцца, залягаюць пад дрэвамі.

— З кім маю чэсць гаварыць? — халаднавата, афіцыйным тонам пытае Кіш.

Бондар выступае наперад,

— Палкоўнік Чырвонай Арміі. Камандую навакольнымі партызанскімі сіламі.

— Што вы закончылі?

— Маскоўскую ваенную акадэмію.

— Вы маеце сувязь з Масквой?

— Пастаянную. Пры дапамозе самалётаў.

Капітан з павагай Глядзіць на залатыя палкоўніцкія пагоны партызана.

Даволі нацягнутую афіцыйную частку перагавораў з большым поспехам завяршае частка неафіцыйная. Партызаны не з пустымі рукамі з’явіліся. Ачышчаную вугалем, светлую як сляза самагонку не адрозніш ад пітва, якое прадавалася да вайны ў магазінах. Высушанай на сонцы шынкі, каўбасы — іх робяць у Запрыпяцкіх палявых вёсках — і ў магазінах не было.

Капітан не тоіць здзіўлення.

— Адкуль у вас такая раскоша?

— Пярэйдзеце да нас — убачыце. Галадаць не будзеце. Даём гарантыю.

У адзін круг сыходзіцца партызанская і мадзьярская ахова. Людзі цалуюцца, абнімаюцца. Кіш пасылае двух салдат у бункер за ромам.

— Дайце два дні падумаць,— просіць ён.

— Сёння ноччу,— стаіць на сваім Бондар.— Не забывайце, што Чырвоная Армія падыходзіць да Дняпра.

Салдаты, якія сядзяць і ляжаць вакол разасланага на зямлі настольніка, наперабой угаворваюць Кіша, і ён нарэшце здаецца.

— Сягоння ноччу. Няхай будзе так...

Надвячоркам, калі мадзьяры вяртаюцца у бункер, ім зноў трапляюцца на вочы Няхода з сынам. Іх кошыкі поўныя грыбоў.

— Я даўно ведаў, што тут усе партызаны! — выгуквае ахмялелы Кіш.— І гэты абходчык, і гэтае дзіця...

Ціхая, зорная плыве жнівеньская ноч. У нямым стоеным маўчанні як бы застыў лес. Рэдкі крык начной птушкі ды нейкія ледзь улоўныя шорахі парушаюць яго цішыню і спакой. З лесу раптам выныраюць цёмныя постаці. Іх многа — цэлы ланцуг. Не прыгінаючыся, яны бягуць да акружанай дзотамі доўгай драўлянай будыніны. На пастах салдаты, якія аб усім ведаюць. Пачуўшы пароль, прапускаюць партызан у памяшканне. Хвілін праз дзесяць адтуль вынесены вінтоўкі, кулямёты. Тады чуваць зычная каманда:

— Выходзь строіцца!

Яшчэ праз колькі хвілін у шарэнзе па два — гарнізон бункера. Стаяць побач тыя, што ведалі пра змову з партызанамі, і тыя, што не ведалі. Толькі адзін салдат, высадзіўшы акно, у адным споднім кідаецца да лесу. Па ім не страляюць...

Аблітая з каністраў бензінам драўляная будыніна ўспыхвае як свечка. Далёка, на ўсё наваколле, відаць зарава. Партызаны страляюць у зорнае жнівеньскае неба, для адводу вачэй.

Строячы шарэнгу ў калону, Міхал Муха выгуквае:

— Мадзьяр ганвэд, элёре!1 1

Была ў Надпрыпяцкім атрадзе адна інтэрнацыянальная рота, а цяпер будзе дзве.

 

1 Мадзьярскі салдат, уперад! (венг.)

VII

Вайна на чыгунцы носіць зменлівыя, нават драматычныя формы. Баючыся партызанскіх мін, немцы ездзяць вельмі асцярожна. Гружаныя баластам платформы, якія прычэпліваюцца паперадзе эшалона, паявіліся яшчэ летась. У адказ партызаны пачалі ставіць міны нацяжныя, з адведзеным ад узрывальніка шнурам. Шнур дае магчымасць узарваць міну якраз пад паравозам.

Ахоўнікі ўзмацнілі пільнасць. Цяпер ніводны састаў не пройдзе, перш чым вартавыя не агледзяць участка. Шнур тым часам замаскаваць нялёгка. І колькі разоў было, калі злосныя, даведзеныя да адчаю мінёры, бачачы, што міна выяўлена, узрываюць яе пад носам у вартавых. Эфект не апраўдвае затрачаных сіл. У лепшым выпадку забіты, паранены ахоўнік, на дзве-тры гадзіны перапынен рух цягнікоў.

Але на кожнае дзеянне ёсць супроцьдзеянне. Імкліва, акрылена працуе вынаходніцкая партызанская думка. Выйсце нарэшце знойдзена. Міны ставяцца націскныя, але іх узрывальнік разлічаны на прагіб рэйкі пад мнагатонным цяжарам паравоза. Грыміць чыгунка. На саракакіламетровым абсягу ад Гарбылёў да Бацькавіч за ноч ставіцца некалькі такіх мін.

Салдаты брындаюць па рэйках з мінашукальнікамі, са спецыяльна натрэніраванымі аўчаркамі. Але калі нават знойдуць адну-дзве міны, столькі ж застаецца.

Чыгуначная адміністрацыя ідзе на крайнюю меру. Хуткасць цягнікоў на небяспечных, прылеглых да лесу ўчастках змяншаецца да мінімуму. Дваццаць кіламетраў у гадзіну. Пры такой хуткасці, наскочыўшы на міну, эшалон пад адхон не ляціць. Сыходзяць з рэек паравоз, два-тры пярэднія вагоны.

Кола, здаецца, замкнулася. Мінёры вядуць лік не на скінутыя эшалоны, а на гадзіны, у якія чыгунка не працуе.

Тым часам на свеце — лета сорак трэцяга года. Самалёты, якія садзяцца на партызанскія аэрадромы, прывозяць не толькі тоны толавых шашак, а навінку, цуд для ляснога войска — супрацьтанкавыя ружжы. Біць па катлах паравозаў! Выводзіць са строю рухомы састаў!..

Лубанава група палучае два супрацьтанкавыя ружжы. Вокам чыгуначніка, інжынера Лубан адразу ацэньвае перавагу новай зброі. Цяпер можна проста дэзарганізаваць чыгунку.

Лубан не расстаецца з біноклем. Днямі выседжвае на ўзлессі, на вышках хлявоў, проста на полі, сочыць за чыгункай. Часу не шкадуе. За паўгода ён да дробязей вывучыў звычкі ахоўнікаў з розных будак. Ведае іх у твар, адрознівае па паходцы.

Па паравозах б’е Хомчанка — такое прозвішча матроса, які мінулай восенню прыстаў ля Зялёнай Буды да партызан. У яго класна палучаецца. Прабівае кацёл з першага стрэлу. Ахутаны воблакам пару паравоз па інерцыі імчыць сотню-другую метраў, затым, абяздыханы, спыняецца.

У фашыстаў — паніка. У тых, што ахоўваюць чыгунку, і ў тых, што едуць.

Настае Лубанаў час. Яны з Федзем звычайна выбіраюць месца за два-тры кіламетры ад Хомчанкі. Часцей на полі ці ў прагалах між лесу. Болей шансаў на поспех. Пачуўшы страляніну, выскакваюць на чыгунку. Мініруюць адразу дзве каляі. -

Зіна жыве ў лесе ў будане. Яна — як жонка. Нават болей, чым жонка. Усё, што Лубан страціў, знайшоў у ёй.

Дачцэ — гора мала. Пашыла кубанку, носіць штаны. Гойсае на конях з разведчыкамі.

 

Раздзел восьмы

 

І

Як заўсёды, ранішні апель у чатыры гадзіны. На пуцях перад узбагачальнай фабрыкай чухкаюць парам манеўровыя паравозы. Да слыху даносіцца знаёмы грукат — з бункераў сыплецца ў адкрытыя паўвагоны вугаль.

Горад — наверсе, за масіўнымі металічнымі варотамі шахты. Адсюль, са змрочнай, застаўленай аднастайнымі баракамі нізіны, ён бачыцца вастраверхімі вежамі кірхаў, шэрымі гмахамі будынкаў, аднапавярховымі дамкамі прадмесця, што чарапічнымі, чырвонымі дахамі выглядаюць з раскіданых па касагору садоў.

Яшчэ вышэй — зялёныя шапкі Судэцкіх гор, яловыя, сасновыя лясы, яны цягнуцца па пакатых схілах да самых седлавін, як бы губляючыся ў хісткім тумане. На гэтым далёкім зваблівым краяглядзе часцей за ўсё запыняе свой позірк Сцяпан Птах — хутка год, як ён на чужыне, у шахце, насільна адарваны ад сям'і і роднай зямлі.

Лагер, у якім многа соцень людзей, аплецены калючым дротам, з чатырох канцоў над ім уздымаюцца вартаўнічыя вышкі, дзе ў сваіх будках сядзяць узброеныя кулямётамі веркшуцы. У лагеры ёсць палякі, французы, італьянцы, розны іншы люд, але толькі савецкіх зусім не пускаюць на волю — за ўвесь час Птах быў у горадзе тры ці чатыры разы, калі вязняў пад наглядам веркшуцаў ганялі адпампоўваць ваду са старых затопленых шахтаў.

За год няволі, спакутаваўшыся душой па дзецях, жонцы, доме, Сцяпан Птах перабраў па крупінцы сваё жыццё, але памылкі, якую б цяпер асуджаў, не знайшоў. У яго былі звязаны рукі, і зрабіць іначай, чым зрабіў, ён не мог. Калі памятным мінулым летам пасабіў партызанам раскруціць рэйку, то лічыў — кару панясе адзін ён, а сям’я ацалее. Пайсці з партызанамі ён таксама не мог, бо тады б нямецкая кара абрушылася на сям’ю. Птах свядома, дзеля жыцця сям'і ахвяраваў сабой, і яго кароткая, выпадковая сувязь з партызанамі яшчэ добра скончылася, бо немцы мелі падставы яго расстраляць.

Трапіўшы ў шахту, у пекла, Сцяпан з першага дня скіроўвае сілы і думкі на тое, каб як-небудзь ацалець самому. Вайна не вечная. Дзеці, не лічачы старэйшага Міці, малыя, ім расці і расці, а без бацькі дзеці — сіроты.

Апель між тым скончыўся. Сцяпан Птах становіцца ў чаргу да крана. За год работы ў шахце скура на руках, на твары, на ўсім целе адубела, у яе глыбока паўядаўся вугальны пыл — будзеш мыць яшчэ год і не адмыеш.

З другога канца ўмывальні, пятляючы між чэргамі вялых, паўсонных вязняў, да Птаха кіруе каржакаваты, досыць малады з выгляду паляк Тамаш Гушча. Ён вальнейшы, чым Сцяпан, жыве ў горадзе, падрабляе на старане, збываючы адначасна розную драбязу, якую майструюць у вольны час вязні. Гора навучыць, Птах таксама зрабіўся адмысловым майстрам. З букавых аскабалкаў вырэзвае лыжкі, і яго тавар нямецкія гаспадыні купляюць.

— Пожондэк,— шэпча на вуха Птаху Тамаш, апускаючы ў кішэню яго картовага пільчака невялікі пакунак.— Пана выкліча пасля змены інжынер Хазэ. Вшыстке дамовленэ. Віншую пана.

У Птаха радасна трымціць у грудзях. Ад узрушэння не паспеў нават падзякаваць Тамашу, які гэтак жа нечакана знік, як і паявіўся. Навіна, якую той прынёс,— не простая, не звычайная. Яна — цэлае свята, круты паварот нявольніцкага Птахавага жыцця. Больш чым паўгода дамагаецца Сцяпан, каб як-небудзь вырвацца з шахты, з падзямелля, і нарэшце — прасветліна. На першым часе, не разумеючы нямецкіх парадкаў, ён замахваўся на немагчымае: хацеў уладкавацца стрэлачнікам ці сцэпшчыкам. Але то былі марныя спадзяванні. Такіх, як ён, на чыгунку не бяруць. Тамаш параіў прасіцца сартыроўшчыкам да бункера. Работа нялёгкая, але затое наверсе, на вольным паветры і таксама дае надзею для той справы, якую яшчэ з вясны задумаў Птах.

Сцяпан толькі злёгку спаласнуў пад струменем халоднай вады твар, не адчуваючы смаку, праглынуў тоненькі памазаны маргарынам бутэрброд, запіў паўлітровай бляшанай кружкай ячменнай кавы.

Немцы — злыдні. Рабочага чалавека кормяць, каб толькі ногі цягаў. Без тых пакункаў, якія прыносіць Тамаш, даўно б Птах аддаў богу душу. Паляк — дарагі таварыш. Калі Сцяпану ўдасца выбрацца з пекла, усё жыццё будзе помніць Тамаша.

Пасля снедання — подбегам у раздзявалку. У немцаў разлічана ўсё да хвіліны, спознішся — схопіш ад веркшуца гумай па лабаціне, а то і ў карцэр запруць. Птах палучае свой рабочы нумар, брызентавую робу, каску, карбідную лямпу, кайло, драўляныя ступакі — немцы іх называюць гольцшугі. Набытку — пуд. Каб не быў Птах змалку прывычны да цяжкай работы, прапаў бы за месяц. Праўда, падвільнуць у змрочным сырым скляпенні ён таксама ўмее. Усе так робяць. Сілу трэба ашчаджаць. Працуеш не на сябе — на чорта лысага, то не рваць жылы сам бог загадаў.

Таўставаты, стары штэйгер па прозвішчы Біркнер вядзе брыгаду да клеці. З гэтым штэйгерам Птаху таксама пашанцавала. Ёсць сволачы адпетыя, душу дастаюць, а з Біркнерам яшчэ можна жыць. Норму патрабуе і ён, але хоць не няволіць, дае чалавеку перадыхнуць. У мінулую вайну сам быў у рускім палоне, недзе аж у Сібіры, і добра Расію ўспамінае.

Біркнер ведае аб Птахавых захадах. Памагаць не ўзяўся — штэйгеру такое не з рукі, але парады даваў шчыра:

— Мі ест стары людзі. Нада работа лёгкі. Інжынеру Хазэ — маленькі гешэнк. Damals — alles in Ordnung1.

Звініць званок, і цесная, закураная ад вугальнага пылу скрынка клеці імкліва ляціць уніз. Шахцёраў у ёй як селядцоў у бочцы. Бледныя, зняможаныя твары, пераважна маладыя. Немцы тасуюць рабочых, як спрытны ігрок калоду карт, доўга заседжвацца ў адной брыгадзе не даюць. Птаха, можа, таму, што немалады, не чапаюць.

Праз роўныя прамежкі часу мільгаюць асляпляльныя пляміны электрычнага святла. Гэта гарызонты шахты. Іх чатыры. На пятым клець спыняецца.

Птах прывычна ступае на чыгунныя пліты гарызонта. Пасля паўцёмнай клеці электрычнасць аж слепіць вочы. Душна, млосна, як у пекле. Грукат страшэнны: па рэйках бясконцых штольняў коцяцца ваганеткі з вугалем, вагончыкі з крапежным лесам. У глыбіню дзірак-калідораў імчаць чароды пустых ваганетак.

Птах, стараючыся не адставаць ад Біркнера, дыбае ў глыбіню штольні. Ступакі зняў, нясе ў руках — у непрыдатным абутку можна спатыкнуцца і разбіць лоб. Сцяпану хочацца расказаць, што пасля змены яго выклікае інжынер, але ў той жа час валодае ім нейкі страх. Штэйгер усё-такі немец і раптам перамяніў думку? Работа на волі, пад чыстым небам уяўляецца такім вялікім шчасцем, што Сцяпан баіцца яго сурочыць.

Нарэшце ён асмельваецца. Так ці іначай, Біркнер аб усім будзе ведаць, і лепей расказаць самому.

— Пан,— Сцяпан кранае штэйгера за плячо,— пайду сёння да інжынера. Я ўсё зрабіў, як пан раіў.

Твар у немца хмуры, непрыветлівы. Птах не рад, што зачаў гаворку.

— Добжэ,— азываецца штэйгер.— Рад за пана. Gluck auf!2 1

У забоі штрэка мігатлівымі светлячкамі пабліскваюць карбідныя лямпы. Тым часам тоўсты падрыўнік закладвае ў цёмную сцяну пароды выбуховыя патроны, замазваючы адтуліны глінай. Немец таксама даўно знаёмы. Як памятае Сцяпан, спускаецца ён у шахту, валочачы на адным плячы скрынку з дынамамашынаю, а на другім — драўляную каробку з патронамі. Яны, вязні, трохі нават падлізваюцца да падрыўніка — памагаюць несці прычындалы, частуюць цыгарэтамі, а іншы раз і патаемна раздабытым шнапсам. Дзіва няма — ад таўсцяля шмат залежыць. Чым болей ён зробіць выбухаў, тым лягчэй вязням. Меней прыйдзецца дзяўбці кайлом, не так сцягнецца надакучлівая дзесяцігадзінная змена.

Падрыўнік нарэшце вышморгвае з забою. За ім, не чакаючы каманды, шахцёры бягуць у бакавы штрэк.

— Ахтунг!

Па прывычцы Птах закладвае пальцы ў вушы. Немец круціць ручку дынамамашыны, і адзін за другім грымяць выбухі. Па касцы, адвальваючыся ад столі, б’юць дробныя кавалачкі пароды. У штрэку непрыемны саладкаваты пах. Ён мяшаецца з вугальным пылам і аж зацінае дыханне.

У Сцяпана — напарнік, маўклівы, высокі ўкраінец гадоў трыццаці. Ён таксама рвецца наверх. За доўгія месяцы сумеснага бытавання ў падзямеллі мужчыны адспавядаліся адзін аднаму, і Птах ведае пра таварыша ўсё. Змітро Карніец — так завуць украінца — займаў да вайны высокае становішча. Быў механікам, затым нават дырэктарам МТС. Так здарылася, што перад прыходам немцаў ён адправіў на ўсход трактары, камбайны, а сам эвакуіравацца не здолеў. Спрабаваў шкодзіць немцам і трапіў у іхнія лапы.

Кожная змена пачынаецца з таго, што шахцёры, разбіўшыся на пары, валакуць у забой крапёжныя стойкі. Сцяпан іх цягае са Змітром. Карніец вышэй ростам, яму лягчэй. Птах зважае напарніку — не з мазаля жыў, добра і так, што стаіць на нагах.

Яшчэ напрадвесні Птах наважыў уцякаць. Шахта выматвае дашчэнту, і чалавека хопіць ненадоўга. Як чыгуначнік ён разумее — уцячы можна толькі ў вугальным паўвагоне.

— Загнуся я тут,— пасля трэцяга бервяна гаворыць Змітро.— Ты вот хоць сонца ўбачыш.

— Не распускай нюні. Калі я выберуся наверх, то і ты там будзеш.

— Далёкая песня...

Тут, на чужыне, Сцяпан адчувае сябе дужэйшым за таварыша. Такіх, як Карніец, нават маладзейшых, у лагеры — палавіна. Прывезеныя з Беларусі, Украіны, Расіі, захопленыя ў палон у першыя месяцы вайны, на немцаў глядзяць коса, сілы не ашчаджаюць. Многія звялі на вачах. Былі і такія, што ўцякаць кідаліся. Але нямецкая пастка прыдумана хітра: пералавілі амаль усіх. Забітых, акрываўленых, парваных сабакамі, прыводзілі назад у лагер, каб застрашыць астатніх. Некаторых затым перапраўлялі ў канцэнтрацыйны лагер, дзе людзей паляць у печах.

Перанасіўшы стойкі, Птах са Змітром прысаджваюцца ў цёмным кутку. Сцяпан здымае ступакі, вытрасае з іх вугальныя крошкі.

— Калі возьмуць наверх, што-небудзь прыдумаю. Не вешай носа. Сухароў я прыпас.

— Два кілаграмы?

— Ты хацеў пуд? Калі ўваб’ёмся ў вугаль, то язда нядоўгая.

— Яшчэ невядома, куды завязуць.

— То сядзі тут.

Напарнік, хоць быў дырэктарам, з панылай пароды. Рамяства ў руках няма, наверх наўрад ці выберацца. На свеце трымае яго Птах.

Заседжвацца нельга, куча вугалю вялікая. Жалезная лента транспарцёра ўвесь час яго прыбаўляе. Нацяўшыся, Птах порстка кідае вугаль у ваганетку. Трапляюцца кавалкі — не падняць. Такія ён адкідвае ўбок, разбівае кайлом. Млосць цяжкая толькі напачатку. Калі размахаешся, стома праходзіць. Схуднеў Сцяпан, выветраў, як быліна. Не так ад работы, як ад нуды. Усё б на свеце аддаў, каб вярнуцца дадому. Туга другі раз бывае настолькі вострай, што ён плача. Усе плачуць. Ноччу, распластаўшыся на нарах, ахопленыя трывожным сном, проста выюць. Скрыгочуць зубамі. Самае дарагое ў чалавека — радзіма. Адняць яе, бадай, тое самае, што адняць жыццё.

Тут, на чужыне, Птах да болю ў сэрцы сумуе па лапіку зямлі, што ляжала вакол будкі, пахла квеценню грэчкі, скошанай травой, мокрай карой кустоў. Шчасце было разліта ў кожнай драбніцы, з якой пачынаўся і канчаўся дзень. Свяціла сонца, перагукваліся птушкі, на сухім грудку стаяла сасна. Праходзіў статак, рыкалі каровы, над шляхам падымалася пялёнка пылу — ён паціху спадаў на прыдарожную траву. Праносіліся па рэйках цягнікі, агалошвалі будку гудкамі, тады зноў наступала цішыня. Ён, мабыць, і да абходчыцкай службы прывязаўся, бо любіў непрыкметныя радасці, якіх не заўважаеш да таго часу, пакуль яны ёсць, як не заўважае чалавек паветра, якім дыхае.

У прыгожай, прыдатнай мясціне ён жыў. Зіма, лета, восень мелі там свае адметныя колеры. Вятры гулялі вольна, то працяжна-аднастайна, то пагрозліва-гнеўна шумелі яны ў шатах сасны. Лілі, церусіліся дажджы, снягі пакрывалі зямлю белым дываном, навальваючыся гурбамі пад кустамі і дрэвамі. Ноччу неба засявалі зоркі, была прывабнасць і ў тым, калі небакрай зацягвалі воблакі, цемень вісела хоць вока выкалі, а па правы, левы бок чыгункі мільгалі аганькі местачковых хат. Птах аж зубы сціскае, калі ўспамінае ўсё гэта.

Рытм работы зладжаны, вывераны. За выкананне нормы, нялёгкай нават для вольных шахцёраў, якія жывуць у горадзе, пайковая надбаўка. Трохі болей хлеба, маргарыну, штучнага мёду ці бураковага павідла. Надбаўкай Птах даражыць, норму стараецца даваць. Інакш ад недаядання выпрастаеш ногі.

Несціхана гудзе транспарцёр, грукаюць вугальныя кавалкі аб жалезную ленту, даносіцца глухі посвіст вентылятара, і як адзіная прасветліна ў падзямельнай аднастайнасці — подых свежага паветра, якое накачваюць у шахту па гумавых трубах. У канаўцы, прабітай збоку, у доле штрэка нячутна цурчыць вада. Цяжкія кроплі раз-пораз падаюць зверху, непрыемна казычуць твар.

Калі нічога не сарвецца, то гэта апошні Сцяпанаў дзень у забоі. Няхай будзе праклята чорная дзірка. Наверсе, ля такога ж канвеера, не лягчэй, але там неба над галавой, а ўнізе, пад бункерамі ўзбагачальнай фабрыкі, жаданыя чатырохвосныя паўвагоны. Адсюль, з Сілезіі, яны разбягаюцца па ўсёй Германіі, але многа вугалю вывозяць у Польшчу і нават далей, у Расію, бо нямецкія цягнікі ходзяць аж за Смаленск і Харкаў.

У сваіх думках Птах нават дапускае магчымасць, калі, зашыўшыся ў вугаль, ён праедзе па знаёмай чыгунцы міма роднай будкі, сасны, а, трапіўшы на станцыю, прыцемкам выберацца на волю. Цяпер не мае значэння, што ў мястэчку немцы. У роднай хаце памагаюць вуглы. Месца сабе ён знойдзе. Калі трэба, адшукае таго ж Івана Гусоўскага, якому памагаў падрываць цягнік. Абы жыць блізка ля дому, хадзіць па бацькоўскай зямлі, бачыць сваіх дзяцей.

У лёгкае шчасце Птах не верыць. Зваблівыя надзеі адкідае. Трапіць у вагон, выбрацца за калючы дрот — і то шчасце. Сілезія побач з Польшчай, а там ён на волі.

На хвіліну ў забой заглядвае Біркнер. Стаіць, маўкліва назірае за работай, затым гэтак жа маўкліва адыходзіць. Сёння ён не ў гуморы. А ўвогуле гаваркі чалавек.

Норма не малая — дзевяць ваганетак. Птах іх выкачвае са штрэка, крэйдай надпісвае на бартах свой нумар, на галоўнай магістралі чапляе да чародкі другіх. Каля кожнай ваганеткі невялікі перадых.

Палавіна нормы ёсць, і, узлёгшы на кучу вугалю, Сцяпан з напарнікам перакусваюць. У пакунку, які перадаў паляк, лустачкі хлеба, намазаныя шмальцам, два скрылікі каўбасы, палавіна цыбуліны.

У Германіі — карткі на ўсё. Прыватнікі маюць уласныя крамы — хлебныя, мясныя, малочныя, але тавар адпускаюць па картках. Нормы мізэрныя, самі немцы палучаюць хлеба толькі па дзвесце грамаў. У сялян, якіх тут называюць баўэрамі, казна забірае ўсё пад мятлу. Заціснуў Гітлер Германію.

Прасветліна, вядома, ёсць. Гаспадарчыкі сёе-тое прыхоўваюць. Хоць чорны рынак забаронены, абмен, гандаль вядзецца. Нават у вязняў немцы купляюць іх вырабы. Лагер збывае ў горад драўляныя лыжкі, кошыкі, якія вязні плятуць з рознакаляровага дроту, самаробныя цацкі і самае галоўнае — вугаль. Ахвотнікаў на вугаль — хоць адбаўляй.

Пасля абеду марудна, пакутліва цягнецца час. Нарэшце чатыры гадзіны дня. Канец змены. Ва ўсіх адгаліненнях штрэка чуваць грукат ступакоў. Жалезная клець імкліва ляціць наверх.

Наверсе вязняў чакаюць узброеныя веркшуцы. Вядуць у душ, у гардэробную, дзе кожны бярэ свае лахманы, і нарэшце — у баракі.

Перад лагерам, па той бок дроту — сінія буданчыкі на гумавых колах. Там жывуць спецы, якія працуюць на шахце. Інжынер Хазэ таксама там. Перад дзвярамі барака Птаха запыняе блокавы стараста.

— Заўтра — на бункер. Хазэ загадаў.

Сцяпан ледзь не задыхаецца. Першы яго шчаслівы дзень на чужыне. Зусім другімі здаюцца горы шэрай, вываленай пароды — яны сям-там дымяць, курэюць,— прамавугольнікі баракаў, змрочная будыніна шахтнага кіраўніцтва.

У глыбіні душы — хваля зласліва-помслівага пачуцця. Немцы толькі на выгляд — непрыступна-строгія, непадкупныя. Але хабар любяць. Калі Птаха садзілі ў эшалон, заплаканая жонка дала ў рукі завязаную ў насоўку залатую дзесятку. Адзіны ў доме скарб яны ашчаджалі, з таго дня, як пажаніліся.

Птах даверыў дзесятку паляку, той паклаў у лапу інжынеру.

 

1 Падарунак. Тады ўсё ў парадку (ням.).

2 На шчасце! (ням.)

ІІ

Хутка месяц, як Птах ля бункера. Змітро занямог, не дачакаўшыся, пакуль Сцяпан яго выбавіць з шахты.

А навіны, якія прыходзяць з роднай зямлі,— лепей не трэба. Газет у лагеры няма, з рэпрадуктараў, прыбітых да слупоў, грымяць загады, распараджэнні, а ў часы апелю — нямецкія маршы. Тым не меней пра падзеі на фронце, пра астатняе, што робіцца на свеце, вязні ведаюць. Навіны прыносяць рабочыя, якія вольна жывуць у горадзе. Сёе-тое паўшэптам расказваюць самі немцы.

Вязні ўзнялі галаву яшчэ зімой, калі даляцела вестка пра Сталінград. Цяпер, летам, воля яшчэ бліжэй.

Новы Птахаў сусед таксама ўкраінец. Перад пачаткам работы ён трогае Сцяпана за рукаў:

— Слухай, таварышу. Вістка така, што скакаць хочацца. Нашы ўзялы Харкаў. Від майго сэла цэ міста за шэсцьдзесят кілометраў. Хоць душой не страдаціму: жонка, дзеці, мабуць, на волі.

Птах расказвае пра Карнійца. Занямог таварыш, звязвае рукі. Сусед разумее з паўслова.

— Ты не бог, а людына і думай пра сэбе. Маіх двух друзів тут замардувалы. Яй-богу, кінуўся б цікаты, та не мае здароўя. Схоплюць.

Мала каму ўдалося вырвацца на волю. Змітро тае на вачах. Высах, як націна, ліхаманкава блішчаць запалыя вочы. Ужо на ногі не ўстае. Хвароба есць яго знутры.

Птаха мучыць сумленне. Сам выбраўся наверх, а таварыша ў бядзе пакінуў. Хоць другой дзесяткі не было. Цяпер ясна, што Змітро трываў у шахце дзякуючы таму, што палавіну яго работы браў на сябе Птах. Слабы чалавек, не ў шахце яму...

Дзе яго ратунак? Няма пакуль. Уцячы, убіўшыся ў вугаль, як думаў раней Птах, не проста. Паўвагоны — пад бункерамі, у адзін з іх скінуцца можна. Але вугалем так заваліць — не прадыхнеш. Кавалкамі, якія адбірае Птах, наогул можна забіць. Стукне двухкілаграмовая цацка па галаве — і канцы. Без дамоўленасці з другімі людзьмі, якія робяць на ўзбагачальнай фабрыцы, нават думаць пра ўцёкі нельга.

З вышыні надшахтнай галерэі блізкім, прывабным здаецца лес. Зялёнымі лавамі атулены пакатыя схілы Судэцкіх гор. Горы адразу не канчаюцца. Вялізныя, падобныя на выпечаны пірог пагоркі, адзін за другім вынырваюць на раўніне, хаваючыся за небакраем. Між імі раскіданы пасёлкі, гайкі, ланцужкі прысадаў. Туга сціскае Птахава сэрца. Няспынна паўзе лента транспарцёра. Буйныя кавалкі вугалю сартыроўшчыкі выхопліваюць адразу, кідаюць у бункеры, меншыя ідуць на грохаты, а самая дробязь разам з вугальным пылам, пародай — у ванну. Грыміць скіп — вялізная жалезная скрынка,— ім вугаль падымаюць з шахты. Скрыгочуць туга нацягнутыя стальныя тросы. Пад бункерамі ўзбагачальнай фабрыкі ляскаюць буферамі пададзеныя пад пагрузку паўвагоны.

Тут, наверсе, усё-такі лягчэй. Хоць неба над галавой, і гэтыя зваблівыя паўвагоны ўнізе.

Змітро тым часам у санітарным бараку. Там — дахадзягі. Страшна глядзець, як з імі абыходзяцца. Кормяць адной бруквеннай бурдой.

Вечарам у лагеры нешта нязвычнае. Каля барака — купкі ўзбуджаных вязняў. Размаўляюць, смяюцца, размахваюць рукамі. Немцы — змрочныя, як асеннія хмары.

Птах дазнаецца аб прычыне: выйшла з вайны Італія. Італьянскіх рабочых, якія вольна жылі ў горадзе, загналі за дрот. Чарнявыя, шустрыя людзі, чымсьці падобныя да цыганоў, цяпер у цэнтры ўвагі. Іх акружаюць, паціскаюць ім рукі, нібы яны нейкія героі.

Пра Італію Птах не думае. У галаве — другі клопат. Вечарам ён сядзіць каля Змітра. Вялікія вільготныя вочы таварыш уталопіў у столь, цяжка, перарывіста дыхае. У бараку смурод, бруд, неахайнасць.

— Пра мяне не думай, Сцяпан,— чуе Птах слабы голас.— Не ўстану. Даўно ў мяне пачалося. Мая песня спета. Калі вырвешся, напішы жонцы.

Сухая, гарачая рука знаходзіць Птахаву руку, да болю сціскае. У Сцяпана міжволі цякуць слёзы. Ён нахіляецца над тварам хворага.

— Буду з табой. Ты паправішся.

У бараку між тым кашляюць, хрыпяць, стогнуць.

Жывыя могілкі. Пабыўшы тут хоць дзень, захварэе здаровы.

Птах вымае з кішэні загорнуты ў масляную паперу пакуначак. Кладзе ў тумбачку.

— Памру я. У мяне сухоты. Уцякай, Сцяпан. Хлеб еш сам. Іначай прападзеш. Я ўжо тры дні нічога не ем.

Змітро зноў хапае Сцяпанаву руку і, паднёсшы яе да вуснаў, прагна, ліхаманкава цалуе. Болей Птах трываць не можа. Нахіляецца да Змітровых грудзей, прыпадае тварам, затым, нічога ад слёз не бачачы, выскаквае з барака.

 

III

Уцякаць, толькі ўцякаць!..

На ранішнім апелі веркшуцы паспешлівей, чым звычайна, пералічваюць рабочых.

Тамаш знаходзіць Птаха ў прыбіральні. Прыняўшы ад паляка пакунак, Сцяпан затрымлівае яго руку ў сваёй.

— Пагаварыць трэба. Ведаеш пра што.

Твар у Гушчы сур’ёзнее.

— Знайду пана пасля змены.

Увесь дзень Птаха трасе. Пра яго намер Тамаш ведае. Збіраліся ўцякаць разам са Змітром у вугальным паўвагоне. Але цяпер трэба шукаць другі ратунак. Адзін, без дапамогі ў вугаль не ўваб’ешся. Закідае вугалем так, што не прадыхнеш.

Ва ўмоўлены час Тамаша няма. Ноччу Птах не спіць. Не ведае, што думаць. Можа, спалохаўся паляк? Прадаваць лыжкі не тое што спрыяць уцёкам.

На ранішнім апелі Птаха не выклікаюць. Што гэта значыць? Другая змена, у якую трэба заступаць, канчаецца ноччу.

Птах распіхвае па кішэнях сухары, за пазуху кладзе фляжку з вадой.

Час на рабоце цягнецца пакутліва. Грыміць транспарцёр, з грукатам сыплецца ў вагоны вугаль, з цэментавых ваннаў-ям, дзе дробную крошку аддзяляюць ад пароды, патыхае едкім, задушлівым пахам. Птах як сам не свой. Адчуваючы, што загіне ад адчаю, роспачы, ён нарэшце прымае рашэнне. Калі не прыйдзе паляк, ён кінецца ў бункер. Адкладваць далей нельга. Трэба толькі разлічыць, каб вагон быў засыпан болей чым напалавіну. Калі вагоны пацягнуць, ён выберацца бліжэй да паверхні.

Пачынае цямнець. Птаха калоціць. Як затраўлены воўк, ён сочыць за майстрам. Той нарэшце знікае з пляцоўкі. Самы час рынуць у чорную прорву бункера. Адно імгненне аддзяляе Птаха ад безразважнага, адчайнага кроку. Ён не робіць яго. Нешта стрымлівае. За кароткі міг перад яго ўнутраным позіркам з шалёнай хуткасцю пралятаюць пражытыя гады. Ён ніколі не пароў гарачкі. Гарачка — смерць. У маладосці п’яны суседскі хлопец ударыў яго калом па плячы. Перабіў ключыцу. Боль быў страшэнны. У Птаха ў руках быў жалезны шворан. Але ён стрымаўся. Потым дзякаваў лёсу, што не падняў рукі на дурня. Забіў бы напавал...

Задыханы Гушча вынырае з цемені.

— Пайшлі!..

Мужчыны па прыступках спускаюцца з памоста галерэі ўзбагачальнай фабрыкі ў двор шахты. Веркшуцаў няма. Яны паяўляюцца перад канцом змены.

Пасярод двара — цагляны будынак. Там раздзявальні, душавыя. Тамаш піхае Птаха ў аддзяленне польскіх рабочых. Яно займае левы кут закуранай залы, перагароджанай ад столі да падлогі драцяной сеткай. Цьмяна блішчыць на доўгім шнуры электрычная лямпачка.

Тамаш адчыняе шафу, паказвае рукой на цывільны касцюм.

— Па баках не азірайся. Вопратка — на твой рост. Аўсвайс — у верхняй кішэні.

Дзіўна — Птах не хвалюецца. Здымае робу, ступакі, хавае ў ніжняе аддзяленне шафы. Тамаш дае яму ў рукі мачалку, мыла, змоўшчыкі ідуць у душавую. Паляк бярэ дзверы на зашчапку, шэпча:

— Пачакаем, пакуль прыйдуць нашы. Тады памыемся.

Мужчыны, не пускаючы ваду, стаяць голыя, маўчаць, і ад гэтага трохі няёмка. У Тамаша на правай палавіне грудзей вялікі сіні рубец.

— Валька,— тлумачыць Тамаш.— Па-расійску — вайна. Падарунак ад германа.

Мінае яшчэ некалькі пакутлівых хвілін. Нарэшце ў памяшканне валам валяць шахцёры. Пускаюць ваду, пар шыбуе пад самую столь. Рогат, узбуджаныя выгукі запаўняюць душавую.

Тамаш са Сцяпанам памыліся, але з кабіны не вылазяць. Выныраюць пасля таго, як з умывальні знікае апошні шахцёр.

У раздзявальню Тамаш вядзе Птаха, абняўшы за плечы, штосьці насвістваючы. Апранаецца не спяшаючыся. У Птаха дрыжаць рукі. Адзенне чужое, нязвыклае. Сяк-так нацягнуў кашулю, улез у чужыя штаны, пінжак надзеў лягчэй. Тамаш кіўком галавы паказвае на гальштук і шляпу, што вісяць асобна на цвічку. Ніколі не насіў такіх убораў Птах, таму гальштук ледзьве прыладзіў. Чаравікі трохі цеснаватыя. Ад Птахавага позірку не хаваецца, як, павярнуўшыся спіной да сеткі, прысеўшы, Тамаш працягвае руку да рабочай вопраткі, хуценька перакладае ў кішэню пінжака невялічкі пісталет. Вось, значыцца, як...

Пяць ці шэсць палякаў затрымліваюцца на двары, Тамаш з Птахам да іх далучаюцца, ідуць да прахадной. Усе трымаюць напагатове аўсвайсы. Сцяпан свой таксама выцягвае.

Вось і ўсё. Яны за дротам. Палякі ідуць сваёй дарогай, Тамаш з Птахам адстаюць, заварочваюць у вузкую пячору-пераход між адвалаў пароды. Над галавой вісіць паўбоханчык месяца. Толькі цяпер Птах па-сапраўднаму хвалюецца. Яму здаецца, што веркшуцы вось-вось зразумеюць памылку, кінуцца наўздагон.

Сарочка на Птаху намокла, пот залівае вочы. Тамаш крочыць порстка. Сцяпан за ім ледзь паспявае. Нарэшце паказаліся купы дрэў. Пад імі невысокія, каменныя дамкі.

Тамаш заводзіць Птаха ў вузкі дворык. Побач з прысадзістай будынінай пакатая гара пароды. На ёй нават дрэвы выраслі, дворык, дамок — унізе.

Дастаўшы ключ, Тамаш адмыкае дзверы. У твар патыхае затхлай вільгаццю.

— Пасядзіш тутай. Не боісь. Я мешкаю блізка. Два-тшы дні, а затым — на поценг. Лагер блізка, нікт не бэндзе шукаць цябе тутай...

 

IV

Эшалон стаіць. Зверху Птаху відаць высокае зорнае неба, цёмныя будыніны, рэдкія аганькі стрэлак. Логвішча прыдатнае. Паўвагон загружаны гатовымі, збітымі на фабрыцы часткамі дзотаў. Немцы, хутчэй за ўсё, вязуць іх на фронт.

Птах умасціўся ў драўляным жолабе, які нагадвае карыта. Ён спіць і не спіць. Акрыцца нечым, а ноччу зябкавата. Дый, мабыць, адаспаўся ён за тры дні хованкі. У напаўцёмнай лазеньцы, куды яго прывёў Тамаш, стаяў вярстак, на падлозе валяліся стружкі. Зашыўшыся ў іх, ён спаў як забіты. Дзіўнае бывае з чалавекам. Немцы яго шукалі, ён быў ад іх блізка і тым не меней спаў без просыпу. Калі б хто другі сказаў Птаху, што так можа быць, ён бы ні за што не паверыў.

Смольны пах стружак і цяпер казыча ў носе. Можа, гэта дошкі пахнуць?

На трэці дзень Тамаш прынёс Птаху старую чыгуначную вопратку, брытву. Калі Сцяпан пераапрануўся, сяк-так пагаліўся, яны рушылі з лазенькі. Нават на трамваі ехалі. Шахцёрскі горад раскіданы, доўгі. Ён, нібы змяя, абвівае падножжа зарослай лесам гары, на якую Птах заўсёды глядзеў з лагера. Вайна, а ў немцаў нават няма маскіроўкі. Усюды свецяцца вокны. На другія гарады налятаюць англійскія самалёты, бамбяць, а гэты жыве як у бога за пазухай. Вязні чакалі налётаў. Толькі не дачакаліся.

Запоўнач Тамаш з Птахам дабраліся да другой удаленай ад шахты станцыі, якая належыць гораду. На развітанне пацалаваліся, і далей Сцяпан дзейнічаў адзін. Паказваючы сябе чыгуначнікам, не зважаючы на патрулёў, ён доўга вандраваў між эшалонаў. Вугальныя абмінаў. Невядома, куды немцы іх пагоняць. Нарэшце ўзбіўся на гэты састаў.

Эшалон крануўся раніцай, і аж да вечара Птах дрыжаў, баючыся, што едзе не туды, куды трэба. Але на станцыі, дзе мяняліся паравозы, ён пачуў польскую гаворку. За Польшчай — Расія.

Дзве ночы эшалон стаіць, два дні — у руху. Вольным Птах сябе не адчувае. Цяжар з душы не спаў. Вольным ён будзе тады, калі ступіць на родную зямлю. Там ён не баіцца. Другі раз немцам у рукі не дасца.

Пачынае світаць, і на станцыі ўсчынаецца большы рух. Гергечучы, звінючы вёдрамі, бягуць немцы. Недзе блізка воданапорная калонка — чуваць плёскат вады і рогат салдатні. Птаха мучыць смага. Не могучы яе адолець, ён дастае з-за пазухі фляжку, адвінчвае накрыўку, адпівае трохі цеплаватай вільгаці. Ваду трэба ашчаджаць — дарога далёкая. Птах чуйна ловіць зыкі, якімі апанавана невядомая станцыя. Вайна ўсюды дае аб сабе знаць. Салдаты запаланілі свет.

Суседні эшалон кранаецца. Птах асцярожна насоўвае на сябе такі ж, у якім ляжыць, жолаб, пакідаючы невялікую шчыліну, каб вальней дыхаць. Пераварочваецца на другі бок. Цела ад доўгага ляжання знямела. Каб прыйшлося ўцякаць, то ён, мабыць, і кроку не зрабіў бы. Ногі нібы гумавыя.

Між тым аднекуль збоку даносіцца металічны ляскат, пранізліва звініць цыркулярка. Пыхкаючы парам, праязджае манеўровы паравоз. Ловячы зыкі чыгуначнага жыцця, Птах з нецярпеннем чакае, калі ўзбоч эшалона пойдуць аглядчыкі вагонаў. Пасля іх праходкі эшалон доўга не затрымліваецца.

Нарэшце выразна чуцён стук малаткоў па колах і восях. Птах нават разбірае паасобныя словы, якімі перамаўляюцца палякі-аглядчыкі.

Яшчэ праз паўгадзіны далёкі, у галаве эшалона, гудок, рывок паравоза, скрыпенне тармазоў, грукат колаў, які пераходзіць у раўнамернае тахканне.

Птах ссоўвае з сябе накрыўку. Твар прыемна абдзімае лёгкай прахалодай. Плынь ветру нясе ў сабе дробныя парушынкі спаленага вугалю, што вылятаюць разам з дымам з паравознай трубы. Нямецкія паравозы ўсе такія. Капцяць страшэнна.

Птаха ахоплівае ўзбуджэнне. Не бясконцая Польшча. Можа, нават сёння ён пачуе родную гаворку. Ён тады на радзіме і ведае, што рабіць. Яго не палохае, што эшалон пераедзе граніцу дзе-небудзь на Украіне, адкуль да роднага паселішча — доўгая дарога. На сваёй зямлі ён на карачках да дому дапаўзе. Абы хутчэй, абы хутчэй.

Птах правальваецца ў сон. Ён цяжкі, трывожны. Адно лагернае відовішча змяняецца другім. Птах бачыць сябе ў цёмным скляпенні шахты, штэйгер Біркнер шэпча на вуха, што ў ягоным матрацы знойдзены сухары. Трэба ўцякаць, а бегчы не можа — няма Змітра. Птах стараецца крыкнуць, пазваць Змітра, але голас прапаў. З рота вырываецца бяссільнае сіпенне.

На кароткі міг Сцяпан прачынаецца, праганяе надакучлівае трызненне, але яно вяртаецца зноў то малюнкам шэрага пляца, дзе праводзіцца апель, то адчуваннем бездапаможнасці, якое да болю сціскае грудзі, бо ён раптам апынуўся ў цеснай клеці, што завісла паміж ярусамі шахты...

Так працягваецца ўвесь дзень. Гойданне паўвагона закалыхвае зняможанае цела, устрывожаная свядомасць шукае ратунку ў сне, але поўнага забыцця сон не прыносіць. Штохвілінны напамінак аб лагеры, шахце, няволі, які ўзнікае сам сабой, трымае Птаха нібы ў абцугах. Адчуванні пакутлівыя — выматваюць сілы. Птах ніколі не думаў, што такімі цяжкімі будуць уцёкі. Першы і другі дзень язды ў абрыдлым карыце, якое нагадвае труну, ён яшчэ трываў, але болей не можа.

У лагеры побач быў Змітро, Тамаш, другія людзі, тут ён адзін. Цэлы тыдзень адзін, калі дабавіць ляжанне ў затхлай лазеньцы, пад носам у немцаў...

Надвячоркам пачынае церусіць дождж. Эшалон, прыцішаючы хаду, доўга грукае па крыжавінах стрэлак. Цягнік яшчэ не паспеў спыніцца, як Птах устрапянуўся ад смутнага, невыразнага, але радаснага прадчування. Яшчэ праз колькі хвілін да яго слыху даносіцца сказанае на роднай мове слова, і ён, не могучы стрымацца, абхапіўшы чорнымі ад вугальнага пылу рукамі зарослы шчацінай твар, плача...

 

Раздзел дзевяты

 

І

У штабе — навіны.

За сталом адзін панылы Дарошка.

— Следчая камісія работае,— паведамляе ён Бондару як бы нават са страхам.—Па дзелу Лаўрыновіча. Шукаюць забойцаў. Аднаго расстралялі. Нібыта спецыяльна падасланы паліцыяй...

Кроў ударыла Бондару ў скроні, але ён стрымліваецца. Пачутая навіна, стоены яе сэнс азначаюць штосьці зусім супрацьлеглае духу бадзёрасці, упэўненасці, з якім ён прыехаў з Надпрыпяцкага атрада. Там многія людзі, чужаземцы, пра якіх раней ніхто не чуў і не ведаў, прылучыліся да партызан, і іх прынялі з адкрытай душой. Тут як бы хтосьці свядома заблытвае вядомую, ясную для ўсіх справу.

Каб супакоіцца, Бондар адыходзіцца ад штабной зямлянкі, брыдзе па сцежцы. Наконт гібелі Лаўрыновіча следства вёў штаб, у цэнтр былі пасланы адпаведныя матэрыялы. Калі справа зноў усплыла, гэта можа азначаць адно — штабу партызанскага кіраўніцтва выказваецца недавер’е.

Бондару крыўдна. Але чым далей ён разважае, перабірае ў памяці акалічнасці вясновага нападу на чыгунку, які закончыўся трагічна, тым болей цвярдзее думкай. Лаўрыновіч быў праніклівы чалавек, адчуваў, што ў асобе камандзіра злучэння партызанская маса хоча бачыць героя. Ён пайшоў насустрач гэтаму, няхай сабе нявыказанаму, неўсвядомленаму жаданню. Разумеў — у выпадку захопу эшалона аўтарытэт яго ўздымецца. Быў гарачы, нецярплівы. Прагнуў адным махам рассекчы вузлы і супярэчнасці.

Вінаватых у яго смерці няма. Ускосна вінаваты Міхнавец. Пальцам не паварушыў, каб выйграць бой. Нават разведкі не правёў.

А Волах? Няўжо, сеючы недавер’е, хоча ўмацаваць сваё становішча? Вопыт вайны навучыў Бондара — падазронасць нясе адну шкоду. Многа пісалі, гаварылі пра шпіёнаў да вайны, а калі яна пачалася, гэта на першым часе толькі ўзмацніла паніку. З-за пераўвялічаных чутак пра нямецкіх ракетчыкаў, дыверсантаў, парашутыстаў збіваліся з тропу цэлыя часці.

Камандзір павінен верыць падначаленым. А яны яму. Інакш бою не выйграеш. У партызанскай вайне тым болей. Народ, які прыйшоў у лес, варыўся ў сямі водах, пабачыў такое, што другому кабінетнаму начальніку нават не снілася. Ён, Бондар, скажа пра гэта Волаху. Прама ў вочы. Гэта яго абавязак...

Прынятае рашэнне як бы вяртае Бондару раўнавагу, і ён крочыць назад, да штабной зямлянкі. Тым часам за дашчаным сталом ужо не адзін Дарошка. Ускудлаціўшы пасівелую чупрыну, сядзіць нахмураны Вакуленка, схіліўся над картай Бальшакоў, побач з ім Якубоўскі. Высокі, па-вайсковаму стройны Гулікоўскі пахаджвае ля стала.

«Абмазгоўваюць разгром Росіцы»,— здагадваецца Бондар, і здагадка зноў непрыемна яго ўражвае. Пасля камандзіра злучэння старшы па званню ён, аднак Волах даручыў камандаваць аперацыяй батальённаму камісару Гулікоўскаму. Ідэя Вакуленкава, Бондарава, камандаваць будзе чужы. Выходзіць, з самага пачатку не давярае яму Волах.

Бондар падыходзіць да стала, стрымана вітаецца. Гулікоўскі сустракае яго, не тоячы радасці.

— Ты прабач, што пачалі без цябе. З учарашняга дня пацеем. У яго сядзелі,— ён паказвае на Бальшакова.— Дачуліся, што ты прыехаў — і сюды. Выступаем паслязаўтра.

— Чаму паслязаўтра? Яшчэ цэлы тыдзень.

— Ты ў сваёй Прыпяцкай зоне проста адстаў, мохам аброс. Нічога не ведаеш. Праз тыдзень будзе другое. Усё партызанства выходзіць на чыгунку. Ірваць рэйкі. У адну ноч па ўсёй Беларусі. Загад Панамарэнкі. Пачынаецца, брат, «рэйкавая вайна».

Дык вось якія пайшлі рахункі!

У момант забыўшы аб згрызотах, Бондар прыкідвае варункі аперацыі. Задумана з размахам. І ў ваенным, і ў палітычным сэнсе. Армія наступае, сам час спляжыць немцаў па заду.

— Толу хопіць,— як бы разгадаўшы Бондаравы думкі, працягвае Гулікоўскі.— За ноч прылятае па два самалёты. Настала свята на нашай вуліцы!

Задуманы разгром Росіцы ўяўляецца Бондару дробным, мізэрным у параўнанні з тым, што пачнецца праз тыдзень. Ён прысаджваецца да стала, падсоўвае да сябе карту. Напад на саўгас прадугледжаны з поўначы, з боку асушанага балота, якое пачынаецца ад Дубровіцы. З поўдня, у абход саўгаснага пасёлка, дарогу на Бацькавічы перакрывае атрад Якубоўскага. Жывёлу пагоняць па балоту на Дубровіцу. Каб немцы не перанялі гуртоў, яшчэ адзін заслон ля Кавенек, пад самым мястэчкам. Што ж, аперацыя прадумана граматна. Ён сам бачыў яе іменна так.

Прыбягае ўзбуджаны радыст, кладзе перад Бондарам шматок паперы. На лістку, паверх закрэсленых алоўкам лічбін шыфра, таропкія радкі: «Палкоўніку Бондару, камбрыгу Вакуленку. З атрыманнем гэтага загадваю неадкладна вылецець у Маскву, у распараджэнне ЦК КП(б)Б. Сакратар ЦК КП(б)Б і начальнік Беларускага штаба партызанскага руху П. З. Калінін ».

Бондар чытае радыёграму маўкліва, працягвае Вакуленку. Тахкае сэрца: трывога была не дарэмная. Яго партызанская песня спета. «А можа, так лепей,— варушыцца думка.— Не трэба ламаць сябе».

Да Вакуленкі сэнс напісанага даходзіць не адразу. Разабраўшыся, што да чаго, ён чухае патыліцу:

— Але прыдумаюць, чэрці лазатыя. Самая інцярэсная пара, а тут — ляці. Немцаў, мабыць, будуць выганяць без нас. Шкода, хлопцы, не пабачу сваімі вачамі. Два гады думаў...

Лісток ідзе па руках. Чытаюць яго маўкліва, засяроджана. Адзін Вакуленка не можа ўтаймавацца:

— Ну, няхай табе, палкоўніку, цяжка ў адну дудку дуць з новым начальнікам. А я радавы. Званняў не маю. Мяне ў другую вобласць не перакінеш. Нашто я там? Трэба было адзываць, як Лаўрыновіч прыехаў.

Гулікоўскі, варушачы чарнявымі стрэлкамі броваў, загадкава ўсміхаецца:

— Тут другое, хлопцы. Вы яшчэ не выйшлі з вайны. Не разумееце? Тут жа ясна напісана: у распараджэнне ЦК. На курсы вас забіраюць. Падвучаць, выветраць з галавы партызаншчыну. На вобласць, можа, яшчэ не паставяць, а раёнамі кіраваць будзеце.

Кіраваць раёнам? Сікора гаварыў тое ж. Але сябе на такой пасадзе Бондар нават у думках не бачыць.

Ноччу атрады выходзяць у Дубровіцкія лясы, бліжэй да Росіцы. Праз Мазурэнкавых сувязных Бондар ведае: бацька жывы, здаровы, хоць ёсць падазрэнне — немцы сталі за ім сачыць. У суседнім з бацькавым двары пасяліўся выгнаны з Піляціч начальнік паліцыі. У местачковай паліцыі не служыць, заняўся земляробствам, і гэта якраз насцярожвае.

Адшукаўшы ў людным тлуме Мазурэнку, Бондар просіць:

— Знайдзі ў Дубровіцы надзейную жанчыну. Няхай папярэдзіць бацьку. Хачу з ім пабачыцца.

Мазурэнка згодна ківае галавой, просіць у сваю чаргу:

— Возьмеш у мяне пісьмо. Да жонкі. Кінеш у Маскве. Я, брат, нават сына свайго не бачыў.

Чутка пра тое, што начальнік штаба адлятае ў тыл, распаўсюдзілася імгненна. Лісты пішуць многія — Бальшакоў, камандзір роты Пятроў, нават Гервась, у якога ў Архангельску брат.

Дзіўны ў Бондара настрой.

Прадчуванне, што замыкаецца адзін круг жыцця і зачынаецца новы, зрэшты, не падвяло. Толькі ён не думаў, што новая жыццёвая паласа пачнецца на такой высокай хвалі. Але ён прыляціць у Маскву не з пустымі рукамі.

Нядаўнія згрызоты, турботы, якія яшчэ ўчора вярэдзілі душу, некуды сплываюць, саступіўшы месца журботна-тужліваму спакою развітання. На падзеі асабістага і навакольнага жыцця ён глядзіць цяпер з новай вышкі, з таго, што бачыць, адмятаецца дробязнае, мізэрнае, не вартае ўвагі. Народ змагаецца — вось галоўнае, што адбываецца ў навакольных лясах, балотах, ва ўсіх без выключэння раёнах, і пра гэта ён раскажа ў Маскве.

Яшчэ ў пару Бондаравай маладосці пра звычайную ў сялянскай штодзённасці работу, як ворыва, сяўба, уборка ўраджаю, сталі гаварыць высокімі, узнёслымі словамі. Але яшчэ болей стасуюцца такія словы з цяперашнімі справамі, калі на вайну падняўся стары і малы, калі вясковая кабеціна, якая накарміла партызан, рызыкуе жыццём.

Волаху Бондар зычыць дабра. Учора Дарошка, паддаўшыся чуткам, наплёў глупства — следчай камісіі няма. Было пасяджэнне абкома. Волах патрабаваў Міхнаўца судзіць. Расстралялі ж намесніка начальніка паліцыі з Бацькавіч, які напрадвесні прыбег у партызаны.

Міхнаўцу шанцуе: камандзіры заступіліся. Пакаралі тым, што знялі з брыгады. Ясна па ўсім: Волах шукае апоры, мітусіцца. Прывык, як і Лаўрыновіч, да арміі, а тут другія законы. Няхай пажыве ў зямлянках, паесць несалёнай бульбы, пап’е ржавай вады — вопыт набудзе.

 

II

Штабы — на Дубровіцкіх выселках. Пасёлачак старадаўні, падобны на сядзібы старавераў-хутаранцаў: пад адным плехам хаты і хлявы, двары агароджаны дубовымі частаколамі, на агародах — азяроды.

Нягледзячы на мітусню, якая папярэднічае кожнаму бою, габрылёўцы выбралі час, каб развітацца з Бондарам. За сталом усе, хто паклаў пачатак атраду. Паспешліва гавораць тосты, чокаюцца шклянкамі, стараюцца здавацца бадзёрымі. Бондар расчуліўся да слёз. Адчувае: ірвецца надзвычай дарагое, незабыўнае, што, можа, ніколі не паўторыцца ў жыцці. З Хмялеўскім, Гервасём, Васількевічам, Бальшаковым, Надзяй Амельчанка, Соняй, Тапарковым і другімі зросся душой. Да малейшых дробязей ведае іх, а яны — яго.

На развітанне песню зацягнулі — «Сіні платочак...».

У гэты момант Мазурэнка прыводзіць у хату жанчыну, якую Бондар спачатку не пазнае. Высокая, буйнацелая, з круглым, мілавідным тварам, яна глядзіць на яго і ўсміхаецца. Ёсць у яе вачах, усмешцы штосьці да болю знаёмае, даўняе, і Бондар раптам здрыгануўся. Перад ім — Надзя, тая самая местачковая Надзя, з якой у маладосці ён праседжваў вечары.

— Як ты сюды трапіла? — узрушана пытае Бондар, ужо здагадваючыся, навошта Мазурэнка прывёў яго местачковую знаёмую.

— Замужам тут. Хутка сем гадоў.

Застолле між тым шуміць. Бондар з Надзяй выходзяць на панадворак.

Жанчына паказвае на новую пяцісценку.

— Вунь мая хата. Ты тут трэці раз, а ніколі не зайшоў.

Яму робіцца весела. Адчуванне такое, нібы з Надзяй развітаўся нядаўна, і не было Гарбылёў, вайсковай службы, вайны — усяго таго, што пралягло між імі за доўгія неспакойныя гады. Сваім з’яўленнем яна ўсё гэта як бы выкрэслівае, пакідаючы пачуццё прыхільнасці да яе і яго мужчынскай улады над ёю.

Дзіўна — Надзя нібы зноў стаіць перад пачаткам яго новага жыццёвага круга. Дзесяць гадоў назад, калі, скончыўшы лясную школу, ён ішоў у ваеннае вучылішча, яна плакала, прадчуваючы, што да яе ён не вернецца. Цяпер усміхаецца, плакаць па ім у яе няма падставы, чужая жонка.

— Я б зайшоў,— пераходзячы на жартаўлівы тон, гаворыць Бондар.— Мужыка твайго баюся.

Яна глядзіць яму ў вочы, і твар яе асвятляецца імгненным, ледзь улоўным выразам радасці.

— Не выдумляй. Ты нават не ведаў, што я тут. А я ўсё пра цябе ведаю. Мне Максімук расказвае. Той, што на курсах з табой вучыўся.

Падаўляючы ў сабе жаданне дакрануцца да жанчыны рукой, прыхінуць да сябе, Бондар пытае:

— У мястэчку бываеш?

— Хаджу інагды. Да тваіх заскакваю. Пасля таго, як сёлы папалілі, не была. Дзед Язэп яшчэ летась памёр.

Сядзіба старога Язэпа стаяла непадалёк ад іхняга двара, бліжэй да балота. Летнім ранкам яна танула ў тумане. Хоць стары валодаў граматай, за царом сядзеў у воласці пісарам, але фабрычнай вопраткі не прызнаваў. Нязменна апранаўся ў даматканыя штаны, кашулі. Быў белы, як лебедзь. Меў добрае сэрца дзед Язэп. Да рэвалюцыі хаваў дэмакратаў-забастоўшчыкаў, якія часам наязджалі з Гомеля, Рэчыцы. Пасля калектывізацыі ў Язэпавым гумне складвалі снапы тыя з местачкоўцаў, хто патаемна ад сельсавецкага вока засяваў лясныя палянкі.

— Хачу бацьку пабачыць,— гаворыць Бондар.— Забіраюць мяне адсюль.

На твары жанчыны мільгае цень трывогі.

— Куды забіраюць?

— Туды,— Бондар паказвае рукой на ўсход.— Нашы наступаюць, хутка будуць тут. Паеду на курсы.

— Няўжо не хапіла табе курсаў? Сівець стаў, а ўсё вучышся. Жыць калі?

— Кончыцца вайна, прыеду сюды.— Бондар глядзіць Надзі ў вочы.— Я, Надзя, жанаты. Толькі не ведаю, дзе жонка.

Яе твар пунсавее, і яна апускае позірк.

— То я пайду. Што сказаць бацьку?

— Няхай падыдзе ў альховы круг. Заўтра апоўначы. Толькі асцярожна. Баюся за цябе. За бацькавай хатай паліцай віжуе.

— Не бойся. Твой памочнік не першы раз мяне пасылае.

Яна пайшла. Ён глядзеў ёй услед, пакуль мажная, зграбная расцвіўшай жаноцкасцю постаць не схавалася за частаколам двара.

Вечарам Надзя вяртаецца.

— Перадала ўсё,— гаворыць яна.— Бацька быў на полі, прыйшлося ждаць.

Пачырванеўшы, патупіўшы позірк, запрашае:

— Прыходзь, як сцямнее. Не хачу, каб языкамі плялі.

Пяцісценка ў Надзі новая. Дагледжаны дворык, пакрыты саломай хляўчук. Вечар зорны, ціхі — такія вечары здараюцца на схіле цёплага лета. Вуліца ў шэрых паўзмроках.

Гаспадыня завешвае вокны, запальвае каганец. Па выбеленых сценах скачуць цені. Набытак у хаце небагаты. У правым куце — драўляны ложак, у левым — стол, дзве табурэткі.

— Сталі толькі абжывацца, тут вайна,— гаспадыня расказвае, нібы просячы прабачэння.— Хведзя лесніком быў.

— Ён у арміі?

— Не ведаю. Тых, што з ім былі, захапілі пад Бранскам. Папрыходзілі некаторыя. Ад майго ні слыху ні дыху. Можа, галаву склаў ці прапаў з голаду.

З Надзяй — відавочная перамена. Сустрэўшы Бондара, яна да яго рванулася, старалася прывабіць, спадабацца. Цяпер — нібы саромеецца яго. Адчувае сябе няёмка.

— Вось так і жыву. Ні ўдава, ні салдатка. Сама ару, сама кашу. Свякруха памагае. Хлопчык ёсць — шэсць гадоў. Нам з ім многа не трэба.

Гаворачы, гаспадыня расстаўляе на стале талеркі, міскі, прыносячы з першага пакоя.

Гаспадыня запрашае за стол. Бондару налівае поўную шклянку, сабе — у донца.

— Давай вып’ем, Павел. Каб хутчэй канчалася вайна.

— Самае страшнае ззаду,— гаворыць Бондар.— Нашы немцаў хутка выганяць.

Гаспадыня ўздыхае.

— Пакуль узыдзе тое сонца.

— Узыдзе. Галоўнае, каб фронт тут не спыніўся.

— Хопіць без фронту. Ты начальнік, таму ўсяго не ведаеш.

— Што я павінен ведаць?

— Параспускаліся трохі вашы. Прыйдзе каторы ноччу, стукае. Пусціш у хату, збан прастаквашы паставіш на стол, дык нос верне. Сала давай, самагонкі. Яшчэ пагражаюць некаторыя. Ты, маўляў, дома сядзіш, зад грэеш, а ён пакутуе.

Бондар хмурнее.

— Заяўляць трэба. Ты ж ведаеш, каму заяўляць.

Гаспадыня смяецца.

— Не назаяўляешся. Цяпер і ў партызанах поўна шантрапы. Паліцэйскіх панабіралі, усякай навалачы. Хоць ты начальнік, а нічым не паможаш.

Вось дык Надзя. Мабыць, адна яна і магла яму такое расказаць.

— Хутка вам стане лягчэй. Адбяром у немцаў кароў, хлеб, раздадзім пагарэльцам. А яны на вас меней будуць ціснуць.

— Ужо ж так,— наліваючы шклянку, гаспадыня весела бліскае вачамі.— Забралі кароў у Літвінаве, забераце і ў Росіцы. Толькі баяцца некаторыя, што немцы сяло спаляць. Клункі павязалі.

— Не спаляць. Кішка тонкая. Эсэсаўцаў няма, а немцы, якія ў мястэчку, нос баяцца выткнуць.

— То добра. Давай вып’ем за цябе, Павел Антонавіч. Можа, і лепей, што ад’язджаеш. Галава будзе цалейшая, і бацьку спакайней. Яго такі, праўда, аблягаюць. Немцы нават дапытвалі. Сам мне казаў. Дачуліся пра цябе. Але тое прайшло.

З Надзінай хаты Бондар выходзіць апоўначы. Зорнае, яснае вісіць неба. Вёска спіць. У шэрані чарнеюць клеткі азяродаў, копы. Ля варот варушыцца цёмная постаць і зараз жа знікае. Бальшакоў, відаць, ставіў вартавога.

 

III

З альховага круга Бондар глядзіць на мястэчка. Разраслося яно, пашырылася, бо цёмнай палявой вуліцы, якая дайшла да бацькавага двара, пры Бондару не было. Яна ўтварылася з сядзіб хутаранцаў, якіх перасялілі з розных мясцін.

Аграмадзіна мястэчка за чыгункай. Агнёў не відаць. Блякла свеціцца вока семафора, мігатліва блішчаць у паўзмроку стрэлкі.

Бондара суправаджаюць Тапаркоў і яшчэ двое. Яны заляглі за пнямі. Бацька позніцца. Трэці раз за вайну прыходзіць Бондар да бацькі, але мястэчка не бачыў. Ён ведае, што нічога асабліва выдатнага ў ім няма. Няма сяброў-таварышаў, з якімі разам вучыўся. Скончыўшы школу, яны паразляталіся па свеце. Мястэчка заводаў не набудавала, але інжынераў, тэхнікаў, такіх, як Бондар, капітанаў дало аж у збытку.

Наперадзе маячыць няўклюдны цень, чуецца шоргат, тупат. Бондар націнаецца. Яму здаецца, ідзе некалькі чалавек. Нарэшце бачыць — бацька вядзе на повадзе каня. Путае яго на ўзлеску, сам, азіраючыся, ідзе ў алешнік.

Бондар абнімае бацьку. За апошні год ён яшчэ больш схуднеў, выпетраў. На прадаўгаватым твары тырчыць вузкая, клінам, барада, на галаве — знаёмая, мікалаеўскіх часоў шапка са зламаным казырком. Але стары яшчэ шустры.

— Жывеш, значыцца? — пытае бацька, як толькі мінае мітуслівая няёмкасць сустрэчы.

— Трэба жыць. Можа ж, ведаеш, немцаў гоняць ва ўсе лапаткі.

Стары задаволена хмыкае.

— Ведаю. Чаму не. Толькі чаму цябе адсюль забіраюць? Надзя гаварыла. Яшчэ намякала, што маеш вялікі чын. Як быдта палкоўнік. Хіба і ў вас даюць палкоўнікаў?

— Даюць.— Бондар усміхаецца.— Пагоны ёсць. Камандзіраў з арміі, як і раней, афіцэрамі называюць. Але я, мабыць, адваяваўся. На курсы еду. Як выганяць немцаў, буду работаць дзе-небудзь тут.

— І то добра,— голас у бацькі вясёлы.— Да вас, чутно, самалёты прылятаюць. Як будзеш у Маскве ці дзе-небудзь там, пашукай братоў. Пятро, калі жывы, мабыць, генерал. Да вайны корпусам камандаваў. Сцяпан, мабыць, тожа ў арміі. Настаўнікаў па вайне бяруць. Вот хіба аднаго Андрэя не ўзялі. Найдзі хоць каго і напішы, што мы жывы і здаровы. Можа, яны між сабой перапісваюцца, будуць пра нас ведаць...

У Бондара застрае ў горле салёны камяк. Непакоіцца бацька пра сыноў.

— Ты сябе беражы, бацька. Я за цябе баяўся. Немцы, сам ведаеш, што робяць з партызанскімі сем’ямі.

— Нічога яны мне не зробяць. Жандары адзін раз пыталі, то я прама адрэзаў, што мае сыны ў арміі. Картачкі паказаў. Цябе ў мястэчку ніхто не бачыў, і я ад іх адаб’юся. Сябе глядзі. Паліцаі вас сілай узяць не могуць, то ідуць на хітрасць. Засады робяць. Іншую ноч недзе тут блізка садзяцца. Толькі я не асачыў дзе. Мабыць, у хвойніку пад Кавенькамі.

З левага боку ад Росіцы раптам ляцяць у неба асвятляльныя ракеты, грымяць выбухі, густа трашчаць стрэлы. Стары ўстрапянуўся.

— Што ета?

— Не бойся, тата. Партызаны на саўгас наступаюць. Хочам забраць кароў, раздаць пагарэльцам.

— Ну, то мне не гожа тут стаяць.— Стары тарапліва абхоплівае сына за шыю, цалуе ў вусны.— Я даўно табе хацеў сказаць. Жонку найдзі. Баб усякіх можа быць многа, а жонка адна. Прыязджай да нас з жонкай. Мы яе яшчэ не бачылі. Бывай, сын...

Стары подбегам кідаецца да каня, распутвае, вядзе да сядзібы. Каля Росіцы грыміць і трашчыць. На станцыі таропка гасне некалькі агнёў.

Бондар, каб лепей бачыць, выбіраецца на гала. Падыходзіць Тапаркоў з ахоўнікамі.

— Даюць прыкурыць, Павел Антонавіч,— гаворыць Тапаркоў.— Немцы ў мястэчку хвост падціснулі. Ані зыку. Баяцца, гады.

Па прыкметах, бой разгараецца ўдала. Страляніна меншая, затое ў тым месцы, дзе саўгас, уздымаюцца над лесам барвовыя водблескі. Партызаны, мабыць, паляць хлявы. Упершыню за лясное жыццё Бондар назірае бой збоку, як старонкі чалавек, і ад гэтага на душы смутная трывога.

— Пайшлі, хлопцы. Пакуль дойдзем да Дубровіцы, прыгоняць кароў.

Па пнёўі, нацянькі група крочыць да Кавенек. Перад вёскай партызанскі заслон. Калі немцы не кінуцца наперарэз, заслон адыдзе да Дубровіцы. Часу мала, хутка світаць пачне.

Чубок хвойніку ўзбоч шляху варта абысці. Але Бондар спяшаецца.

Кулямётная чарга разанула, калі група падбіраецца пад самы лясок. Партызан, які ідзе паперадзе, падае як падсечанае дрэва. Бондар адчувае моцны, нібы жалезным молатам, удар у грудзі, падаючы, трацячы прытомнасць, паспявае падумаць: «Той самы хвойнік. Бацька папярэджваў...»

Па хвойніку сякуць стрэламі з двух бакоў — Казенькаўскі заслон і Тапаркоў з уцалелым партызанам. Ручны кулямёт хутка сціхае — відаць, паліцаі ўцяклі. Дрыжучы ад узбуджэння, Тапаркоў схіляецца над Бондарам.

— Жывы. Паедзе не вучыцца, а лячыцца. Насілкі трэба.

З Кавенек да сасонніку набліжаюцца цёмныя постаці — бягуць партызаны.

 

Раздзел дзесяты

 

І

Праз тры дні пасля спаленай аўчарні — новы пажар. Партызаны наляцелі на Росіцу, разагналі гарнізон, забралі жывёлу. Карту Шкірман рабіў недарма.

Вечарам да Міці прыбягае ўстрывожаны Андрыюк.

— У саўгасе захапілі партызана. Параненага. Прозвічша Ключнік. Медсёстры яго пазналі. Ужо лячыўся ў бальніцы.

Не паспеў развязацца адзін вузел, завязваецца другі. Зрэшты, усё адно. Мястэчка пакідаць трэба. Паспець бы толькі з Міхайлавым.

— Немцы ведаюць, што Ключнік раней тут лячыўся?

— Цяжка сказаць. Паклалі ў асобую палату. Вартавы сядзіць. Не паліцэйскі, немец. Але рана ў партызана цяжкая — у жывот.

— Вылечаць?

Андрыюк кідае на Міцю дапытлівы позірк.

— Хто ведае? Трэба аперацыя.

Назаўтра Мікола ідзе ў Грамы. Мусіць, неадкладна прынеслі адказ наконт Ключніка. Хоць вядома загадзя, што скажуць. Партызан у палон не бяруць, жыццё ім так проста не даруюць. Гэта толькі ў кнігах, якія некалі Міця чытаў, пісалася пра адважныя налёты паўстанцаў на засценкі і турмы. На мястэчка нават Каўпак не адважыўся напасці.

Міколы тым часам няма. Становішча параненага цяжкае. Ён толькі двойчы расплюшчыў вочы: папрасіў піць, сказаў, што жыць хоча...

Мікола прыходзіць на трэці дзень. Адводзіць позірк, хмурыцца...

— Сказалі — дзейнічаць у залежнасці ад абставін.

Абставіны вядомыя. З аперацыяй запазніліся, у Ключніка пачалося заражэнне крыві...

Салдат чыгуначнай роты выводзяць з мястэчка прыцемкам. Па двое, па трое яны забягаюць у Лобікаву хату. Хлопцы нарыхтавалі ім трохі харчу: даюць па бохану хлеба, шматку сала. За Лобікавым агародам — асушанае балота. Там уцекачоў чакаюць праваднікі — Сяргей і Грыша Найдзёнік. Павядуць іх за Дубровіцу, на ўмоўленае месца.

З Міхайлавым Міця цалуецца, дае ў рукі паперку, адрасаваную партызанам.

Планавалася перавесці ў лес усю роту, ідзе — дваццаць сем. Але чакаць далей нельга.

З фронту эшалонаў — не меней, чым на фронт. На адкрытых платформах пашкамутаная тэхніка — гарматкі, цягачы, вайсковыя фуры. Немцы адводзяць войскі назад. Але не толькі войскі. На паасобных платформах убогі сялянскі скарб — вазы, бароны, плугі. З напаўадчыненых вагонаў вытыркаюць морды каровы, нізкарослыя конікі. Там жа сядзяць, заматаўшы хусткамі галовы, бабы, замурзаныя дзеці. Эвакуіруюцца паліцэйскія сем’і з арлоўскіх, бранскіх мясцін.

На станцыі разгружаецца эшалон уласаўцаў. Дзябёлыя, рухавыя салдаты ў нямецкіх мундзірах адразу пачынаюць гандаль: прадаюць касцюмы, сарочкі, чаравікі, гадзіннікі. Лішняй платы не патрабуюць, спускаюць рэчы за дзве-тры бутэлькі самагонкі. Дзе яны гэта бяруць?

Хутка становіцца вядома дзе. Уласаўскі полк ідзе той жа дарогай, што эсэсаўцы. І адразу ў паўночна-заходнім напрамку ўздымаюцца над лесам два нерухомыя воблакі дымоў. Не дапалілі эсэсаўцы вёсак, канчаюць уласаўцы. Але як могуць людзі, якіх лічылі сваімі, з якімі разам жылі, працавалі, рабіць такія злачынствы? Могуць, аказваецца. Як паліцэйскія. Але тыя падтулілі хвасты — з фронту весткі не салодкія. Ведаюць, мабыць, пра Арол, Харкаў і ўласаўцы. На што спадзяюцца?..

Дзве астатнія дыверсіі — няўдалыя. Васіль Шарамет падклаў магнітную міну пад слуп, на які ля ваеннай пошты вылазіць з зямлі тоўсты тэлеграфны кабель, але яна не ўзарвалася. Ён усё правільна зрабіў: уставіў адзін карандашык хімічнага ўзрывальніка ў другі, выняў чаку.

Загарнуўшы фосфарныя шарыкі ў прамочаную газай анучку, Плоткін меўся спаліць гандлёвую кантору. Чакаў сканчэння рабочага дня. Калі фосфар загарэўся ў кішэні, ён не крыкнуў, не пабег. Выйшаў на двор, затаптаў вогненнае рэчыва ў пясок.

Дзяўчаты, з якімі Плоткін працуе, вядома, не паверылі, што, забыўшыся, ён паклаў у кішэню запаленую цыгарэту. Але малайцы, дзяўчаты. Маўчаць. Абы да немцаў не дайшло.

На Плоткінаву нагу страшна глядзець. Жывое, гарэлае мяса.

 

ІІ

«Заготжывёла» тым часам не дрэмле.

Амаль тры сотні кароў аддадзена ў партызанскія рукі. Статкі выгналі за чыгунку. Там іх пераняў Драгун. Прыйшоў з Бацькавіцкім атрадам.

Калі дабавіць узятае партызанамі ў Росіцы —вынік бліскучы. Захопленая эсэсаўцамі жывёла вярнулася назад у вёскі.

Гешэфты з Драгуном вёў Шкірман. Каб адцягнуць увагу ад астатніх, ноччу збег у лес. Разам з жонкай.

Андрыюк таксама збіраецца. Адкладваць нельга — пад вокнамі бальніцы пачаў сноўдацца падазроны тып.

Што ж, усё правільна. Што маглі, яны, змоўшчыкі, зрабілі. Час падумаць пра сябе, пра сем’і.

Нервовыя, трывожныя дні. Міця начуе ў суседкі. На службу толькі забягае. Мікола не прыходзіць. Можа, што здарылася з ім? Трэба ехаць у Грамы.

У Грамах — лясніцтва, пропуск Міцю Лагута выпісаў. На станцыі — таварны састаў. Такі, як звычайна цяпер: на платформах — з прабітымі кузавамі грузавікі, пакрэмзаныя гарматы, розны вайсковы рыштунак.

Салдату, які пахаджвае ля эшалона, Міця дае некалькі марак, лезе на тармазную пляцоўку. Нязвычны гэты салдат. Яшчэ малады, рудаваты, з густым засевам вяснушак на твары. На Міцю глядзіць прыхільна.

Як толькі эшалон выбіраецца за станцыю, салдат зрывае з галавы пілотку, размахвае ёй, крычыць жанчынам, якія кошкаюцца на пралётках:

— Да свідання, матка! Болей не ўвідзімся!..

Гэтак усю дарогу да Грамоў. Столькі чыстай радасці ў голасе немца, столькі захаплення, мабыць, таму, што жывы пакідае чужую краіну. Міця бачыў, якія ўпэўненыя, ганарыстыя былі немцы, калі ішлі сюды, і яму аж плакаць хочацца...

У Грамах — цішыня. Па чыгуначным палатне спакваля пахаджваюць пажылыя салдаты-ахоўнікі, ля дамкоў станцыйнага пасёлка — яны стаяць пад самымі соснамі — сушыцца на вяроўках бялізна.

Завітаўшы на кароткі час у лясніцтва, Міця затым ідзе ў вёску — яна таксама пры чыгунцы, бліжэй да мястэчка.

Вось і хата, дзе Мікола кватаруе. У агародчыку поркаецца гаспадыня, збірае ў падол гуркі. Гаспадар, пажылы ўжо чалавек, сядзіць на хляве, зацягвае кулявой саломай дзірку ў страсе. Знаку, што з Міколам здарылася нядобрае, няма. Міця з палёгкай уздыхае.

У чыстым пакоіку кватаранту адгароджана бакоўка. Мікола ляжыць на ложку, твар зарослы, няголены, але вочы вясёлыя.

— Я думаў, што ты прыйдзеш,— гаворыць ён.— Паспрабуй хоць раз. Я год хаджу.

— Бяры вышэй. Я прыехаў. На цягніку. Нічога страшнага.

— Страшнае ёсць. Я таму хворым прыкінуўся. Аксаміт цяпер тут. Ходзіць, вынюхвае. Хачу ведаць — што ён задумаў. Гэта цяпер галоўнае.

Міця махае рукой.

— Чорт з ім. Галоўнае — мяняць пласцінку. Табе, мне, усім. На старым кані болей не паедзеш.

Міця выкладае свой план. Хоць немцы разгубленыя, дзейнічаць па-ранейшаму нельга. Шкірман, Андрыюк у лесе. Трэба знікаць з мястэчка астатнім, хто найбойш прымільгаўся. Міцю, Лобіку, магчыма, Сяргею Сталярову. Паліцэйскіх з Росіцы выкурылі, сем’і перабяруцца туды.

Міколу таксама трэба стаіцца. Па зводкі будуць прыходзіць Міця з Лобікам да Лобікавага дзеда. На чыгунцы астанецца Грыша Найдзёнік, для другой работы ёсць Вера, Плоткін, Прымак, Васіль Шарамет. З цягам часу можна яшчэ каго-небудзь прылучыць. Няхай Мікола папярэдзіць Мазурэнку, каб сустрэў местачкоўцаў.

Дамаўляюцца, што хлопцы пойдуць у лес праз пяць дзён. Мікола весялее.

— Ідзіце пад хутар Скарашылаў. Ён за тры кіламетры ад Малкавіч. Месца вельмі прыкметнае. Там злева бярэзнік, нехта сустрэне.

 

ІІІ

Ісці трэба хутчэй, чым дамовіліся.

На другі дзень вечарам Міця прыходзіць да Плоткіна. Ляжыць Саша ў сваёй бакавушцы, маці лечыць яго дамашнім спосабам. Прыкладвае да абпаленай нагі прамочаныя алеем анучкі. На сцяне — знаёмая геаграфічная карта. Два гады вызначалі па ёй хлопцы лінію фронту. Цяпер фронт не гэтак і далёка.

Калі Міця выходзіць ад Плоткіна, да яго ад свайго ганка цёмным ценем матлянулася Мар’я Іванаўна.

— Птах, зараз жа выбірайцеся з мястэчка!.. Мне Красоўскі намякнуў. Прама не сказаў, прама ён ніколі не гаворыць. Ясна і так. У Сівалобах — лагер, складаюць спіскі, каго забраць.

Дзякуй, Мар’я Іванаўна! Вы не толькі вучылі, але і ратуеце ад небяспекі. Па-свойму, па-жаночы, але хіба ад гэтага што мяняецца? Летась папярэдзілі, што запісаны ў Германію, цяпер — наконт лагера. Дзякуй...

Міця кідаецца да Лобіка. Пойдуць заўтра ноччу, няхай збіраецца Іван. Хлопцы раяцца, разважаюць. Час непрыдатны: учора разгрузіўся новы эшалон. Уласаўцаў поўна ў мястэчку, у Кавеньках. Але выбіраць не прыходзіцца.

Начуе Міця на Залінейнай вуліцы. Там, у далёкіх сваякоў, пусціўшы пагалоску, што пасварылася з цёткай, маці жыве ўжо некалькі дзён паблізу ўласнай недабудаванай хаты. Нават карову перабрала. Ноччу, лежачы на вышках, на сене, Міця чуе непрыемную размову.

— Пастраляюць нас з-за Птахавых. Самога саслалі, і сын носіцца.

Размаўляе матчына кума з залвіцай. Можа, не варта іх дакараць. Радня да паўдня, трэба самім думаць пра ратунак.

Ноччу чыгунка гудзе ад незразумелых выбухаў.

На світанні, нагрузіўшыся клункамі, сям’я выбіраецца ў Росіцу. Маці смутная, невясёлы Адам — разумее, што азначаюць пярэбары. Таццянцы і Гэлі — мора па калена. Падскакваюць, смяюцца. Апошні год жывуць Птахі па-цыганску, туляюцца па чужых кутках, але малодшым дзецям — гора мала.

Ужо сонца паднялося, пакуль дайшлі да панадворка стрыечнага матчынага брата. Хата яго — першая ад дарогі, стаіць пры лесе. Бліжэй да мястэчка, на пясчаным пагорку, яшчэ адна хата, праўдзівей, хутарэц — старасвецкая, абымшэлая сядзіба, агароджаная шчыльным дубовым тынам. Ад гэтай сядзібы, мабыць, і пачаўся саўгасны пасёлак, новы, збудаваны гадоў за дзесяць да вайны.

Аўрам — так завуць матчынага стрыечнага брата — чорны, шыракатвары, прысадзісты. У саўгасе рабіў кавалём. І радня невялікая — забягаў разы са два, калі жылі Птахі на будцы, і частавалі яго не надта, але прыняў сям’ю лепей не трэба.

— Пражывём, сястра, не бядуй. Месца хопіць. Ёсць шалашык у лесе, можна там перахавацца. Да зімы трасяніна скончыцца, вот пабачыце.

Адвёўшы Міцю ўбок, падміргнуўшы, Аўрам паведамляе:

— Я, брат, парцізанам, калі ноччу наляцелі, трохі падсабіў. Выйшаў з двара, бачу, бяжыць адзін, то запыніў, шапнуў яму, дзе немцы масла хаваюць. Абчысцілі той паграбок.

Дзякуй, дзядзька Аўрам!.. У Міці нібы гара з плеч звальваецца. Цяпер ён свабодны, а свабоднаму нічога не страшна. Да паўдня Міця сядзіць у дзядзькі, нават чарку з ім выпівае. На развітанне цалуе маці, братоў, сясцёр. Маці, перахрысціўшы Міцю на дарогу, плача:

— Бацькі няма, і ты сыходзіш. Хоць наведвайся калі-небудзь.

— Прыйду, мама. Не бойся.

Міця ідзе ў мястэчка. Там яшчэ справы ёсць. Ён забягае да цёткі, папярэджвае і, пераскочыўшы вуліцу, просіцца ў суседкі Мар’і перабыць у яе хаце да вечара. Тая ўсё разумее, хоць выгляду не падае:

— Жыві хоць месяц. Хіба месца мала?

Міця раз-пораз глядзіць у акно. На цётчыным двары ціха. Ніхто па яго не прыходзіць.

Вечарам Міця ў лясгасе. Дзе ключ, ведае, адмыкае дзверы, заходзіць у пакойчык касы. Нечакана сышла ў лес Ніна Грушэўская — яна разам з Плоткіным працавала ў гандлёвай канторы. Была, як Міця, касіркай, забрала грошы, у сейфе пакінула ліст паперы з намаляванай на ім дуляй. Дулю Міця маляваць не будзе, а марак возьме. Спатрэбяцца і ў лесе. Як касір ён даўно не ведае, колькі ў касе грошай — браў маркі, не лічачы. За іх Мікола купляў мыла, сахарын. На выпадак рэвізіі Міця распісваўся ў ведамасцях за людзей, якія зімой валілі ля чыгункі лес, а за грашамі не прыйшлі.

Напакаваўшы кішэні маркамі, пакінуўшы карбованцы, ключ Міця з сейфа не вымае. Няхай робяць рэвізію. Будзе Кашчэю хоць якая-небудзь работа...

Зборы — у Лобікавага дзеда. Мундзір, раздабыты Міхайлавым — велікаваты. Але калі, апрануўшы яго, Міця падпяразваецца шырокім вайсковым рэменем, які ўзычыў пры развітанні Васіль Шарамет, надзявае пілотку, падораную Прымаком, выгляд не такі ўжо кепскі. Толькі з чаравікамі блага. Распоўзлыя, з задранымі насамі, з падэшвай, якая ўжо цяпер адстае, яны доўга ў лесе не паслужаць.

Баба, хоць не родная, нясе Лобіку кажушок. Цяпер-то цёпла, а як прыйдзе восень, зіма? Бяры, Іванька, дрэнным словам бабу не памянеш. Кажушок без каўняра, жаночага крою, Лобік падобен у ім на вясковага пастуха, але выбіраць не выпадае.

Вінтоўкі, абрэз, якія хлопцы выцягнулі са сховішча, захаплення таксама не выклікаюць. Ад ляжання на вільготнай зямлі прыклады пакрыліся цвіллю, ствалы заржавелі. Міця з Лобікам тым і займаюцца, што чысцяць, змазваюць затворы, праціраюць, наматаўшы кудзелі на шомпал, ствалы. Вінтоўку, здабытую Міколам, возьме Міця, абрэз — Сяргей, доўгую французскую жалязяку, да якой так і не знайшлося патронаў,— Лобік.

Сяргей тым часам позніцца. Поўнач ужо, а яго няма. Нарэшце паяўляецца, і не адзін. Жонка, Грышава сястра Маня, трымае на руках загорнутае ў коўдру дзіця, на парозе, шморгаючы носам, стаіць яшчэ адзін кандыдат у партызаны — Рудзік, бяздомны хлопец гадоў чатырнаццаці, які самапасам жыве на Вакзальнай вуліцы. Дзе Сяргей яго залучыў, навошта, цяпер не спытаеш. Дый не прагоніш Рудзіка, бо ўсё бачыў, ведае.

Дзед становіцца на варту, каб уцекачы паспалі. Хлопцы ідуць у хлеў, на сена, Маню з дзіцем пакідаюць у хаце. Добры ў Лобіка дзед. Нечаканае партызанства ўнука і яго таварышаў прыняў як належнае. А нядаўна, дапытваючыся пра сына, самога немцы трэслі.

Дзве ці тры гадзіны сну пралятаюць імгненна. Хлопцы падхопліваюцца, ускідваюць на плечы вінтоўкі, па чарзе цалуюцца з дзедам, з бабкай. Яна напакавала Івану ладную торбу.

— Мы будзем прыходзіць,— гаворыць Лобік.— Ноччу...

Дзед згодна ківае галавой.

Цёмная, надзіва цёплая ноч. Да світання яшчэ не хутка. Тры дубы на дзедавым агародзе ўзвышаюцца ў змроку, як вялізныя вежы.

Уцекачы пераскакваюць дарогу на Кавенькі, дзе цяпер уласаўцы, пнёўем кіруюць у бок Малкавіч. Бывай, мястэчка! Пра партызанскі лес Міця з Лобікам думалі даўно, былі гатовы сягнуць туды яшчэ мінулагоднім летам, але так усё склалася, что надоўга затрымаліся. Славы ў партызанах яны ўжо не здабудуць. Калі што зроблена, то тут, у мястэчку...

Непадуладная свядомасці сіла хіліць Міцю да сну. Як толькі дабраліся да кустоўя, ён просіць спыніцца перадыхнуць. Кладзецца пад куст і адразу правальваецца ў сон. Трава здаецца мяккай, лагоднай, зямля — цёплай. Лобік раскатурхвае Міцю, калі ўжо святлець пачынае. Далёка яны не адышліся, збіліся з кірунку нават тут, у ваколіцах мястэчка. За якую-небудзь паўвярсту ад кустоў дубняку, дзе зрабілі прыпынак,— Птахаў пераезд.

У хісткай шэрані світання сасна, будка здаюцца нязвычнымі. На душы ў Міці ціхі смутак. Бывай, сасна! Ты была, як жывая, як друг, столькі з табой усяго звязана. Стой, як стаяла, чакай майго вяртання. Ужо блізка тое, аб чым шумелі вятры ў тваіх задуменных шатах...

Трэба хутчэй адрывацца ад мястэчка, і ўцекачы прыбаўляюць кроку. Зноў ідуць пнёўем, затым убіваюцца ў лес. Дубы стаяць уперамешку з бярозамі, вольхамі, густы папаратнік сягае вышэй каленяў. Лес толькі прачынаецца, сям-там у нізкаватых лагчынах, між дрэў вісяць касмылі туману. Пахне грыбамі. Пачынаюць азывацца першыя птушкі.

Нарэшце канчаюцца апошнія палянкі, на якіх местачкоўцы што-небудзь сеюць. Градой сасоннікаў уцекачы кіруюць на захад, трымаючыся назіркам дарогі, якая вядзе на Азяркі. Прайшоўшы кіламетры чатыры, Міця зноў патрабуе прыпынку. Ніяк не можа адолець усеўладнай цягі да сну. Хлопцы недаўменна пацепваюць плячамі, але згаджаюцца. Садзяцца на дол, вымаюць з торбаў харчовы прыпас. Міця есці не хоча, кладзе пад галаву мяшок, скрозь прыемную паўдрымоту некалькі хвілін чуе галасы хлопцаў, іх смех, але хутка ўсё гэта прападае, расплываецца, ён у поўнай уладзе беспрабуднага сну. Спіць доўга, гадзіны тры ці чатыры, а калі прачынаецца, сонца ўжо вісіць над вяршалінамі соснаў.

Маня, адвярнуўшыся, расшпіліўшы кофтачку, корміць грудзямі дзіцё. Хлопцы, лежачы на жыватах, гуляюць у карты. Мабыць, Сяргей іх прыхапіў.

Міця не хоча прызнавацца, але ўдосталь ён яшчэ не выспаўся. Адкуль гэтае неадольнае жаданне адпачынку, забыцця, якое вісіць над Міцем, як насланнё? Можа, у паспешлівым сне, у забыцці, якога просіць душа і цела, выходзяць трывогі, згрызоты, якімі было запоўнена Міцева існаванне ў мястэчку? Хутчэй за ўсё іменна так, бо ніколі ён лішняга не перасыпаў, адчуваў сябе бадзёра нават тады, калі ўсю ноч чытаў кнігу.

Зноў уцекачы паволі дыбаюць на захад. Спяшацца не трэба, сустрэча з Мазурэнкам прызначана на паслязаўтра, у запасе ўвесь заўтрашні дзень.

Хутар Скарашылаў паміж Азяркамі і Малкавічамі. Дзе ён, хлопцы добра не ведаюць. Дарога на Малкавічы — у завалах. Яе перагароджваюць з абодвух бакоў падпіленыя, паваленыя на шлях сосны. Гэта, вядома, партызанская работа. Такім манерам партызаны хацелі ўберагчы Азяркі і астатнія вёскі ад знішчэння.

Але Азяркі нядаўна спалілі ўласаўцы. Як яны туды дабраліся? Карціна хутка становіцца яснай. За паўвярсты ад сыпанага шляху пятляе па лесе старая, закінутая дарога. Маладыя дрэўцы, якія паспелі на ёй вырасці, коламі фурманак памяты, прыгнуты да зямлі. Ад мноства ног, якія прайшлі па дарозе, а галоўнае ад таго, што па ёй цягнулі нешта волакам, высокая трава збэрсана ўшчэнт, парудзела, высахла.

Такую дарогу мог ведаць толькі вопытны чалавек. У мястэчку хадзілі чуткі пра соцкага з Кавенек, якога ўласаўцы, забрытаўшы, нібы вала, прымусілі паказваць гэтую дарогу.

Лес стаіць у ціхім, перадасеннім задуменні. На бярозе зрэдку прабіваецца жоўты ліст, сям-там кідкая чырвань абпаліла макушы стромкіх асін, а ў астатнім лес па-летняму зялёны, багаты. Прыгнуўшыся, можна назбіраць жменю пераспелых, салодкіх чарніц, на ўзбалотках густы, пакручаны ягаднік, абсыпаны белавата-сінімі буякамі, гронкамі ажыны. Аж да ламоты ў скронях пахне багун. Грыбы на кожным кроку — цвёрдыя, як капыты, зялёныя і барвова-цёмныя сыраежкі, падасінавікі, нават зрэдку баравікі трапляюцца.

Птушкі сваё адспявалі. Папіскваюць, скачучы па голлі, паўзункі, берасцянікі, няўрымсліва дзюбае па ствале старадрэвіны дзяцел, але найчасцей падаюць голас сініцы. Яны — прадвеснікі восені.

Міцю маркотна. За два гады толькі ў тую восень, калі праз мястэчка праехалі немцы, хадзіў у лес, збіраў грыбы. У першую вясну, жывучы на будцы, разам з Лобікам блукаў па сасняках, вышукваючы прыхаваныя з восені гранаты і патроны. А так лясной прыгажосці, шчэбету птушак, травы, кветак ён не заўважаў, нават не думаў пра гэта. Істоту ўладна запаўняла другое — вайна.

На папаску вандроўнікі спыняюцца каля крынічкі. Струменіць яна з пясчанага пагорка, выбіваючыся з глыбіні, збягаючы тоненькім, жвавым ручайком да балацянкі.

Жарало крынічкі нехта абгарадзіў, паставіўшы зрубік. Дошкі ад часу сатлелі, пакрыліся зялёным мохам. Але людзі тут былі. На сучку сасны вісіць берасцяная конаўка з доўгай ручкай.

Уцекачы ўсмак п’юць сцюдзёную — аж зубы зводзіць — ваду, перакусваюць. Хлопчык, якога Маня трымае на руках, проста золата. За ўвесь дзень ні разу не азваўся, не заплакаў. Спіць, раз-пораз варушачы пульхнымі губкамі. Відаць, даспадобы яму лес і чыстае лясное паветра.

Тым часам трэба думаць пра начлег. Сонечныя бляскі гуляюць ужо ў самых вяршалінах, на зямлю ад дрэў кладуцца цені. Тужлівы і нават трывожны ў вячэрнюю часіну лес. Ён зацінаецца і як бы ахутваецца вэлюмам загадкавасці. Дыхае ў твар лёгкім ветрам, лапоча лісце асіны.

Хлопцы нацянькі прадзіраюцца ў гушчэчу. Знаходзяць атуленую соснамі палянку, цягаюць ламачча, сухастой. Калі на небе выбліскваюць першыя зоркі, запальваюць касцёр. Вялізнае вогнішча шугае ў лесе.

Спаць кладуцца трохі наводдаль ад яго, кружком. Спяць моцна, ніколі не трывожачыся пра бяспеку. Хто ў такі гушчар палезе?

Прачынаюцца ўцекачы позна і ад таго, што бачаць, нямеюць. Метраў за пяцьдзесят ад палянкі — наезджаная дарога, на ёй свежыя конскія сляды, памёт. Слядоў многа, раніцай праскакала па дарозе не меней узвода. Хто былі лясныя госці? Хутчэй за ўсё ўласаўцы, бо дарога вядзе з Кавенек на Малкавічы...

Далей хлопцы ідуць з большай асцярогай. Дарогу з віду не ўпускаюць, але трымаюцца наводдаль. Апаўдня прыкмячаюць жанчыну. Тулячыся па кустоўі, яна штосьці нясе ў каробцы-лубянцы. Хлопцы стойваюцца, і кабеціна выходзіць проста на іх. Убачыўшы ўзброеных людзей, яна мітусіцца, як бы памыкаючыся зноў схавацца ў кусты.

— Пастой, цётка! — гукае Міця.— Не бойся, мы свае.

Хлопцы пытаюцца, дзе Азяркі, Малкавічы, як выйсці на хутар Скарашылаў, але жанчына маўчыць. Толькі раз-пораз кідае спалоханы позірк на Міцеў мундзір.

— Ды не немцы мы,— як можна лагодней тлумачыць Міця.— І не ўласаўцы. Ідзём у партызаны...

— Ніякіх партызан не ведаю.

— Мы пра іх не пытаем. Раскажыце, як выйсці на Азяркі.

Жанчына махае рукой, паказваючы ў той бок, адкуль толькі што выйшла сама. У каробцы яе — накапаная бульба.

— Ведаем, дзе Афрыка, Аўстралія, дзе Азяркі — пытаемся,— невядома з каго жартуе Лобік.— Добра, што агонь патух. А то б прывялі ў мястэчка на вяроўцы.

— Каго прывялі? — перапытвае Міця.

— Нас. Партызаны, называецца.

У Лобіка брыдкая прывычка, калі што-небудзь не клеіцца, шукаць вінаватага. Сяргей крывіць губы ва ўсмешцы, стомлены Рудзік нездаволена чмыхае. Міцю гэта выводзіць з сябе.

— Дык вы ж у арміі былі! — крычыць ён на Сяргея і Лобіка.— Чаму не дадумаліся варту паставіць? Ваякі...

Раззлаваны, ён вырываецца наперад, ідзе адзін. Праз некалькі хвілін хлопцы яго даганяюць.

— Вот што,— голас у Лобіка сур’ёзны.— Нас большасць, і мы патрабуем, каб ты зняў мундзір. Хіба не бачыш — ад нас людзі ўцякаюць?

Гэта ўжо здзек. Не для форсу нацягнуў Міця нямецкую вопратку. Абражаны ў сваіх пачуццях, ён крычыць на ўвесь лес:

— Якая большасць? Рудзіка на вуліцы падабралі. На чорта ён. Няма каго партызанам карміць?

Лобік першы рагоча з уласнай прапановы. На кароткі час згода паміж хлопцамі адноўлена.

Выбраўшыся на гала, яны бачаць Азяркі. Ніводная хата не ўцалела. Тырчаць закураныя каміны, калодзежныя жураўлі, сям-там на агародах купкі груш-дзічак. Пуста, глуха на пажарышчы. Ні чалавека, ні каня, ні сабакі.

Краем паляны хлопцы абходзяць вёску. Від руйнавання, пустэчы асаблівых пачуццяў у іх не выклікае. Можа, таму, што з поля ўсё сабрана, бульбу вяскоўцы, мабыць, капаюць на дасвецці, а на паасобных загончыках нават выбіваецца зялёная шчэць маладой руні.

Падвечар, калі вандроўнікі робяць прыпынак, вынікае яшчэ адна прыгода. З густога лазняку, які расце на ўзбалотку, вынырае апрануты ў зімовае ватняе паліто чалавек, убачыўшы незнаёмых, хоча зноў схавацца ў кустах. Міця з Лобікам аднак ускакваюць, клацаюць затворамі, падзываюць чалавека да сябе. Ён неахвотна падыходзіць, і Міця пазнае загадчыка Малкавіцкай школы Весялоўскага. Ён у мястэчку часта бываў, і Міця яго трохі ведае.

Весялоўскі — чарнявы, прысадзісты. Нясе за плячамі мяшок. Трымаецца насцярожана. Міця ведае прычыну — настаўнік у партызанах. Пайшоў яшчэ мінулагодняй восенню, пабіўшы ноччу ў школе вокны, разваліўшы печ. Пра гэта расказваў Мікола.

— Чаму вы без вінтоўкі? — пытае Міця.— Каб на нашым месцы былі немцы, то што тады?

Весялоўскі бездапаможна лыпае вачамі.

Міця запрашае настаўніка перакусіць, частуе цыгарэтай, і той нарэшце супакойваецца. Расказвае, як дайсці да Скарашылава, раіць пераначаваць у малкавіцкіх куранях, якія адсюль, з узбалотка, зусім недалёка. Палавіна Малкавіч спаленая, і тыя, у каго няма хат, назад у вёску варочацца баяцца.

Курані — у густым ляшчэўніку. Іх шмат. Дымяць цяпельцы, у гаршках, чыгунках варыцца бульба, па вытаптаных дарожках бегаюць замурзаныя дзеці. Недзе паблізу мычаць каровы, нават свінні рохкаюць. Нібы цыганскі табар.

Местачкоўцаў пагарэльцы прымаюць за партызан. Ніхто нічога не пытае — нават на Міцеў мундзір ніхто не звяртае ўвагі. Відаць, нямецкую вопратку партызаны носяць.

Начуюць местачкоўцы на ўбітай саломе, у шалашы. Гаспадыня, маўклівая кабеціна, ставіць на вячэру чыгунок бульбы. Мані і Рудзіку налівае па бляшаным кубку малака. Хлопцы дзівяцца, бульба зусім несалёная.

Калі назаўтра, развітваючыся, Міця адсыпае гаспадыні дзве жмені солі, яна глядзіць на яго, як збавіцеля, і нават выцірае ражком хусткі слязіну.

Цэлы дзень пакутлівае чаканне ў бярэзніку, адкуль добра відаць саламяныя стрэхі Скарашылаўскага хутара. Ваколіцы засценка абшастаны, арыенціры правераны. Месца тое самае, аб якім Міця дамовіўся з Міколам. Аднак ні Мазурэнкі, ні яго пасланцаў няма.

Хлопчык, якога Маня гушкае на руках, мабыць, захварэў. Два дні не падаваў голасу, а цяпер канозіцца. Настрой ва ўцекачоў панылы. Амаль год служылі яны дэсантнікам, з Анкудовічам, Бондарам, Драгуном устанавілі сувязь тады яшчэ, калі тыя самі не былі партызанамі. А як прыйшлася нявыкрутка, няма каму памагчы.

— Мазурэнка заўсёды віляў хвастом,— гарачыцца Лобік.— Помніш, абяцаў прыслаць пісталет. Прыслаў? Дулю з макам. Паперкі пісаў, даваў указанні. За кожную такую паперку маглі павесіць...

Міця не пярэчыць. Апраўдаць Мазурэнку нельга. З другога боку, нельга паверыць, каб ён не захацеў памагчы сваім сувязным. Можа, Міколу не ўдалося з ім сустрэцца?

Начуюць уцекачы ў бярэзніку, вогнішча не распальваюць. Назаўтра чакаюць да паўдня. Нікога няма...

 

IV

Выйсце цяпер адно — прыбіцца да любога атрада. Зрэшты, у лесе многа людзей, з якімі так альбо інакш местачкоўцы былі звязаны. Шура Гарнак, Андрыюк, Шкірман, Міхайлаў са сваім узводам. Не можа быць, каб нікога яны не сустрэлі!..

Разлік спраўдзіўся, нібы ў казцы. Вярнуўшыся на месца, дзе пазаўчора напаткалі Весялоўскага, хлопцы вачам не вераць. Бягуць па балоце, трымаючы ў руках туфелькі, дзве дзяўчыны ў белых хусцінках, і адна з іх Ніна Грушэўская, якая, забраўшы грошы з касы гандлёвай канторы, тыдні два назад рушыла з мястэчка ў лес, а другая — Каця Харошка, тая самая, што прыходзіла ад партызан на сувязь. Дзяўчаты, нібы збавенне, нібы пасланцы лёсу.

— Чаго вы тут блудзіце?

— Сваіх шукаем. Можа, ведаеце, дзе разведгрупа Мазурэнкі?

— Нашто вам разведгрупа? Пойдзем у наш атрад. Вашы ўсе ў нас. Два доктары, пленныя са станцыі.

Міця з Лобікам узбуджаны, дзяўчаты — таксама. Яны ж равеснікі, і акрамя вайны, немцаў, уласаўцаў ёсць нешта другое — пара маладосці, белыя як снег хусцінкі, вось гэтыя даваеннага фасону туфлі, якія дзяўчаты так смешна ашчаджаюць. Па балоце вядзе ўтаптаная сцежка. Навокал — парудзелая трава, пушыста-белыя коцікі нейкіх раслін, задуменна- празрыстыя, як бы ахутаныя хісткай павалокай смугі, шары лазнякоў.

Вось яна, доўгачаканая свабода, якая прыйшла ў вобразе дзвюх дзяўчат. Цяпер не трэба баяцца, хітрыць, выкручвацца. Цяпер у Міці за плячамі вінтоўка, ён будзе з яе страляць, хадзіць разам з усімі ў паходы. Як добра быць разам з усімі!..

У глыбіні душы нарастае музыка. Матыў, які ледзь чутна пачынае звінець, нечым адрозніваецца ад узвышаных Міцевых думак і пачуццяў.

 

Пейте, пойте в юности,

Бейте в жизнь без промаха,

Все равно, любимая,

Отцветет черемуха...

 

Чаму цяпер, у ахмеленую радасцю часіну, выплывае ў памяці трохі журботная песня, якая заве да насалоды і бесклапотнасці? Што яе нарадзіла, выклікала? Навокал — асенні краявід, першае жоўтае лісце на бярэзніках. Паперадзе, на сцежцы,— зграбныя постаці дзяўчат.

Міця ведае — ідуць у Рагалі. Там — Бацькавіцкі атрад. Ідуць з гадзіну, але і дарога не такая блізкая — ад Малкавіцкага ўзбалотка да вёскі — шэсць кіламетраў.

Балота скончылася, пачынаецца лес. Які ён прыгожы, урачысты! У ваколіцах мястэчка нідзе няма такіх магутных, разлапістых дубоў, града якіх, здаецца, цягнецца бясконца. Дубы як вартавыя вечнага спакою, мудрасці зямлі. Сонца ідзе на спад, і ў лесе дзіўна спалучаюцца доўгія, празрыстыя пасмы святла з ценямі, якія падаюць ад дрэў.

Вось ужо і Рагалі. Вёска пры самым лесе. З усходняга боку лесу няма, там адкрываецца вачам зарослы кустамі прастор сенажацяў. У Рагалях — адна вуліца, хаты даволі ахайныя. У тым месцы, дзе местачкоўцы вынырнулі з дубняку, правая лава хат крута пераломваецца, робячы калена і як бы ўтвараючы невялікую пясчаную плошчу. На ёй гурт узброеных вінтоўкамі людзей.

— Хто такія? — пытае адзін нізенькі, у чырвонаармейскіх штанах, запраўленых у лазовыя лапці.

— З мястэчка. У наш атрад ідуць,— гаворыць Каця.

— Доўга збіраліся!..

— Потым скажуць — ваявалі...

— Шкуры прыйшлі ратаваць...

— Станавіцеся пад плот, зараз пагаворым...

Міцю разбірае злосць. Ён гатоў ужо спыніцца, сказаць што-небудзь едкае, абразлівае, але Каця торгае за рукаў — не звязвайся. Спыняюцца перад вялікай хатай — яна бакавымі сценамі, дашчаным ганкам выходзіць на вуліцу.

Каця ідзе ў хату, хлопцы стаяць, чакаюць. Хвілін праз колькі яна выскаквае — усё ў парадку.

Першым ідзе ў штаб Міця.

За сталом двое: чарнявы, у трохі выцвілай скураной тужурцы і другі, старэйшы, з адутлаватым, нахмураным тварам. Чарнявы, які ўздымае на Міцю стомленыя вочы, здаецца знаёмым. Недзе Міця яго бачыў.

— Выкладвай, што ў кішэнях,— патрабуе ён.

Цікава, голас чалавека таксама знаёмы.

Міця кладзе на стол лясгасаўскае пасведчанне, пачкі нямецкіх марак, кніжку вершаў Пушкіна і «Атлас мира».

Лясгасаўскую паперку чарнявы рве на дробныя кавалачкі.

— Дзе ўзяў мундзір?

— Міхайлаў даў. Ён цяпер у вас.

— З кім дзяржалі сувязь?

— З разведгрупай капітана Мазурэнкі. Мы ішлі да іх.

У гэты момант у хату ўрываецца Андрыюк.

— Наш гэта! — крычыць з парога.— Бінты, медыкаменты я яму перадаваў.

— Будзем знаёмы,— чарнявы, устаўшы, працягвае руку.— Камандзір атрада Якубоўскі.

Маланкавая ўспышка ў памяці: летні дзень, местачкоўцы капаюць каля Вербіч акопы, камандуе работай малады падцягнуты лейтэнант.

— Я вас ведаю,— гаворыць Міця.— З сорак першага года. Помніце, акопы каля Вербіч...

Лейтэнант задуменна ўсміхаецца. Андрыюк тым часам знікае.

— Калі мы з табой знаёмыя, падары мне атлас. Я ўсё ж камандзір, а такіх картаў не маю.

Пра грошы Якубоўскі не пытае — кладзе сабе ў сумку.

Лобіка, Сяргея апытваюць яшчэ меней. Пасля таго як хлопцы паяўляюцца адзін за другім на ганку, Міцю зноў клічуць. Якубоўскі на гэты раз расхаджвае па хаце.

— Запіску, якую ты перадаў Міхайлавым, мы чыталі. Толькі ты вельмі добранькі. Хваліш людзей, якія пайшлі служыць немцам.

— Я ведаю іх.

— Адкуль ведаеш?

— Сустракаўся з Міхайлавым часта. Думаеце, было проста адправіць дваццаць сем чалавек у лес? Мы ім лістоўкі давалі, газеты. Яны б не пайшлі да вас, каб не верылі што іх прымеце.

— Міхайлава няма,— задуменна гаворыць Якубоўскі.— Загінуў у баі з уласаўцамі.

Міця збянтэжаны. Яшчэ і месяца не прайшло, як ён развітаўся з лейтэнантам.

— Немцы свайго сярод дваццаці сямі нам не падсунулі? — пытае Якубоўскі.— Не дапускаеш?

— Не. Які ў гэтых палонных аўтарытэт? Каб хоць раней у партызаны пайшлі.

— Ну, добра.— Якубоўскі ўсміхаецца.— Наконт вашай групы вот што. Служылі дэсантнікам, паслужыце нам. Атрад мясцовы, бацькавіцкі. Ты з таварышам,— Якубоўскі гаворыць пра Лобіка,— застанешся пры штабе. Для асобых даручэнняў. Старшым прызначаю цябе.

 

V

Каля паркана штабной хаты Міцю з Лобікам запыняе прысадзісты, апрануты ў цёмна-сінюю гімнасцёрку і галіфэ чалавек.

— Не пазнаяце?

Круглы бялявы твар, ціхі голас. Ды гэта ж Анкудовіч — ён прыходзіў у мястэчка яшчэ ў першую ваенную зіму, склікаў змоўшчыкаў на сходку. Пазней прыслаў на лячэнне Ключніка.

Колькі ўсяго перамянілася за паўтары гады. Нібы вечнасць прайшла. Хлопцы расказваюць пра расстрэл Сяргея, яго сястры, пра сваю службу ў дэсантнікаў, пра Ключніка, якому собіла другі раз трапіць у местачковую бальніцу.

— Ведаю,— гаворыць Анкудовіч.— Я начальнік разведкі і контрразведкі. З Мазурэнкам бачыўся часта. Ён мне звесткі дае, я — яму.

— Дзе цяпер Мазурэнка?

— Іхнюю групу перакідваюць далей. Частка асталася, частка пайшла.

Дык вось яно што! Ясна, чаму ніхто не прыйшоў на сустрэчу. Можа, нават добра, што так здарылася. Ні ў Міці, ні ў Лобіка няма ніякага жадання ісці з Мазурэнкам у нямецкі тыл. Дрыжаць, калаціцца? Ніколі ў жыцці яны не стануць болей падпольшчыкамі!..

Анкудовіч між тым расказвае пра Ключніка. Тады, калі арыштавалі Сяргея, ён прыбег у атрад, маючы ў кішэні нямецкі пропуск у Оўруч — там Ключнік нарадзіўся. Анкудовіч адлупцаваў яго, паперку парваў. Калі партызаны наступалі на Росіцу, Ключнік ад узвода адбіўся. Ніхто яго ў баі не бачыў, таму і не падабралі параненага.

Міця слухае, поўнячыся супярэчлівымі пачуццямі. Некалі яны, змоўшчыкі, глядзелі на Ключніка, як на бога. Ён здаваўся надзвычай вынаходлівым, смелым. Які там, у мястэчку, быў страшны час! З усіх бакоў падсцерагала небяспека. Нават адтуль, адкуль яны чакалі дапамогі!..

Залічваюць местачкоўцаў у першую роту. Камандзірам там Сямён Гайчук, мужчына буйны, рослы, палітруком — Пятро Лісавенка. Паколькі Міця з Лобікам пакінуты пры штабе, то мусяць размяшчацца ў другой палавіне штабной хаты, сталымі жыхарамі якой з’яўляюцца камандзір і палітрук.

Нізенькі партызан, які зачапіў хлопцаў, калі яны толькі выйшлі з дубняку, прынёс бярэмак саломы, кінуў на падлогу — пасцель гатова. Найбольш размаўляе з хлопцамі палітрук. Ён надзвычай словаахотлівы, за тое, што навічкоў падсялілі ў камандзірскую хату, не крыўдуе, наадварот, як бы нават радуецца, што ёсць магчымасць пагаварыць з людзьмі, якія блізка бачылі немцаў.

— Як Гітлер асмеліўся на нас напасці, не магу паняць,— усчынае ён размову.— Бандзіт, і болей нічога. Бандзіты не вельмі думаюць, калі збіраюцца на якое-небудзь дзела.

Размаўляе Лісавенка трохі нараспеў, па-сялянску расцягваючы словы, і яго перасыпаная мясцовымі словамі гаворка выяўляе чалавека не надта высокай адукацыі.

Для камандзіра і палітрука — асобныя ложкі, астатнія — іх у пакоі сямёра ці васьмёра — покатам, не распранаючыся, валяцца на падлогу і адразу заводзяць насамі рулады.

Палітрук не спіць.

— Я ў вашым мястэчку быў,— працягвае ён.— Там мой брат жыве. Я, калі ўцёк з плену, да яго заходзіў. Можа, чулі пра Нічыпара Лісавенку? Ён заацехнік, інсцітут кончыў.

Міця трохі памятае чырванатварага, хмурага чалавека, які робіць у «Заготжывёле». Але ў патайных справах ён не ўдзельнічаў, і Міця не ведае, што пра яго сказаць.

Лісавенка нібы адгадвае Міцевы думкі.

— Дурань ён, хоць граматны. Да немцаў пайшоў на службу. Нашы, калі прыйдуць, па галоўцы не пагладзяць. Я вот не пайшоў, хоць сваталі. Хаваўся, туляўся, покі дажыў да лета.

— У мястэчку многія служаць,— пярэчыць Міця.— Але ж не ворагі яны. Хто быў у калгасе, мог жыць з зямлі. А як астатнім?

— Ты — малады, нічога не разумееш.

— Што тут разумець? Прыйшлі немцы, у іх зброя, улада. Сілай прымусілі вярнуцца на службу. Маладзейшых гналі ў Германію. Што было рабіць? На неба лезці?

— Яно-то так, ды не ўсе аднолькава думаюць.

— То яны сляпыя! — гарачыцца Міця.— Ёсць людзі, для якіх служба — маскіроўка. Вот партызаны забралі з мястэчка трыста кароў. Дулю з макам мелі б яны, каб ім не памаглі. Дый на Росіцу напалі не з завязанымі вачамі.

Лобік штурхае Міцю пад бок — не развязвай язык. Храп сціхае, некаторыя з тых, што ляжаць на падлозе, прыслухоўваюцца да гаворкі.

Начная размова дае вынік. Камандзір роты пазірае на хлопцаў з большай, чым учора, прыхільнасцю, а нізенькі — завуць яго Вася Дашук — круціцца ля іх нібы ўюн. Прынёс два кацялкі супу, ад вялізнага, нібы калёсны вобад, хлебнага каравая адрэзаў некалькі лустаў.

Суп густы, мяса ў ім, бадай, столькі, колькі бульбы, але ён зусім несалёны.

Міця ўстае, поркаецца ў рэчавым мяшку, дастае вузельчык з соллю. Партызаны, што сядзяць за сталом, глядзяць на яго запытальна. Што ж, солі Міця прыхопіць яшчэ, калі пойдзе ў мястэчка, а гэтую трэба падзяліць.

Перад дзядзькамі, хлопцамі Міця насыпае на стале па кучцы, і яму нават дзіўна бачыць, з якой асалодай накідваюцца людзі на соль. Соляць суп, лусты хлеба, рэшту загортваюць у насоўкі, якія дастаюць з кішэняў.

З цыгарэтамі тое самае. Не паспеў Міця дастаць з кішэні апошні, распачаты яшчэ ўчора пачак, як да яго цягнецца некалькі рук. Цыгарэты партызаны тут жа ганяць, але кураць іх ахвотна, раз-пораз глыбока зацягваючыся. Міця шкадуе, што легкадумна аддаў учора Якубоўскаму маркі. Без марак цыгарэт не купіш, а так бы ён прынёс кожнаму з новых знаёмых па некалькі пачак.

З усіх, хто атабарыўся ў другой палавіне штабной хаты, найбольш цікавы немалады партызан па прозвішчу Яўтушык. На галаве ў яго вялізная капа ўскудлачаных валасоў, лапсярдак неахайны, парваны, разлезлыя ступакі носіць на босую нагу, але форсу не губляе і вельмі дасціпны ў гаворцы.

— Трэба нам залезці ў мясцечка,— заяўляе ён, скурыўшы Міцеву цыгарэту.— Пачэшам паліцэйскім бабам пяткі, тытуню разжывёмся. Вот етыя хлопцы завядуць.

— На Залінейную вуліцу можна прайсці,— Міця ўступае ў размову ахвотна.— Аховы там няма.

— Паліцэйскіх многа?

— Двое ці трое. Дома не начуюць.

Яўтушык дастае з-за пазухі капшук. Ад вырванага з нейкай кнігі, згорнутага ў квадрацікі ліста асцярожна адрывае паску паперы. Насыпае шчопаць ядавіта-зялёнага самасаду, верціць няўклюдную цыгарку. Высякае жалезнай дужкай крэсала з крэменя агонь.

— Ладна, хлопцы. Прыйдзе час. Вы мне пакуль якую-небудзь газеціну дастаньце. Можна з партрэтам Гітлера. Я яго, сабаку, на дым пушчу.

З прагнасцю ўглядаецца Міця ў партызанскае жыццё. Рагалі — вёска даволі ахайная. Хаты, нават хлявы пакрыты дранкай, сядзібы прасторныя. Узброеныя вінтоўкамі людзі расхаджваюць па дварах, па вуліцы, дзве невялікія групы ідуць за вёску. У адным двары стаіць звычайная вайсковая кухня, каля яе дзяўчаты абіраюць бульбу.

Апрануты, абуты партызаны хто ў што. На нагах у некаторых лазовыя ці вераўчаныя лапці. Ёсць такія, што носяць нямецкія мундзіры. Але ва ўсіх на шапках, пілотках — нашыты чырвоныя стужкі.

Сяргей з жонкай — у процілеглым канцы вёскі. Там уладкаваліся сямейныя — Андрыюк, Шкірман, бацька, маці і малодшы брат Сяргея Амельчанкі, іншыя местачкоўцы.

Андрыюка дома няма. Забег учора ў штаб, мільгнуў перад хлопцамі на некалькі хвілін і знік. Жонка яго палошча ў карыце перад студняй дзіцячыя полкі.

— У шпіталь пайшоў,— гаворыць пра мужа. Шпіталь у лесе. Дзе, я сама не ведаю.

Калі Міця выходзіць з двара, жанчына яго аклікае. Таропка выціраючы мокрыя рукі аб фартух, падбягае да варот, просіць:

— Можа, пойдзеце ў мястэчка, то не забудзьце пра нас. Прынясіце брусок мыла. Мы як з пажару выскачылі, у чым стаім...

Шкірманава жонка весялейшая. Але і ад яе Міця дазнаецца няшмат. Мужык на заданні. Большасць партызан на заданнях. Тут, у вёсцы, толькі тыя, хто на пастах ці адкуль-небудзь вярнуўся.

Міця ідзе назад, у штаб. На прызбе сядзіць Лобік, трымае між каленяў амаль што новую, з бліскучым ложам трохлінейку.

— Дзе ты вінтоўку ўзяў? — Міця не можа зразумець, адкуль у таварыша такая раскошная зброя. На доўгую французскую жалязяку, да якой не было ніводнага патрона, наўрад хто-небудзь паквапіўся.

— Памяняў,— Лобік смяецца.

Міця не тоіць зайздрасці — яго вінтоўка мае выгляд убогі. Ад доўгага ляжання пад карчом фарба з ложы злезла, руля, іншыя жалезныя часткі паточаны ржой, нібы воспай.

— Французскіх вінтовак тут многа,— тлумачыць Лобік.— І патроны ёсць. Аказваецца, валасныя ўправы, гарнізоны мелі якраз такія. Цяпер перайшло да партызан.

Дык вось чаму ўкрадзеная Міцем жалязяка стаяла ў Грамах, у воласці. Немцы, мабыць, спецыяльна завезлі. Але ад таго, што наступіла разгадка, Міцю не лягчэй.

— Так проста памяняў? — пытае ён у Лобіка.

— У прыдачу соль аддаў. Тую, што баба паклала.

Апаўдні высокі танклявы хлапчына, у наваксаваных да глянцу хромавых ботах дакументальна афармляе прыход местачкоўцаў у атрад. Запісвае Міцю, Лобіка, Сяргея ў тоўстую, з графамі крэдыту і дэбету, бухгалтарскую кнігу. Прозвішчы хлопцаў у спісе асабовага складу атрада стаяць пад лічбамі, што перавалілі за трэцюю сотню.

Другая ноч у той жа хаце, на той жа саломе. Але ложкі пустуюць, камандзіра роты з палітруком няма, дый на падлозе прасторна — разам з Міцем і Лобікам кладзецца толькі Вася Дашук, які служыць пры штабе веставым.

Па хаце тупае высокая, хмурая кабеціна, апранутая ў парваны капот і саматканы андарак. За ўвесь дзень яна слова хлопцам не сказала. Паміж печчу і задняй сценкай хаты — невялічкі прамежак, і там жанчына спіць. Цяпер, хоць на дварэ цёмна, яна некуды сышла.

— Вы пры бабе языкоў не развязвайце,— напаўголаса гаворыць Вася.— Лютая змяя.

— Чаму? — пытае Міця.

— Сын яе ў паліцыі. Яшчэ летась, калі грамілі Піляцічы, збег у мястэчка і служыць там. За год, сволач, мог бы адумацца.

Міця ў замяшанні. Штаб у доме паліцэйскага? Хіба не маглі партызаны выбраць другой хаты?

Ён гаворыць пра гэта Васілю, але той у адказ толькі хмыкае.

— Мы цяпер нічога не баімся. Ведаеце, колькі разоў за лета нас ганялі? Эсэсаўцы, уласаўцы. Дзве вялікія блакады было. Сёлы папалілі, але і мы, і людзі навучаныя. У лесе хаваемся. Сюды немцы не дойдуць — няма прамой дарогі. Каб трапіць сюды, трэба прайсці Піляцічы, Пажыць, Лазавіцу. А там усюды партызаны... Таму на паліцэйскую матку напляваць. Хата вялікая, вот і ўзялі пад штаб...

— Дзе Якубоўскі? — пытае Міця, хоць пра гэта пытаць нельга.— Абяцаў нас на заданне паслаць.

— Пашле. Не лезце паперад бацькі. Атрад загатоўку робіць. Хлеб ноччу ў ямы закопваем. Фронт наступае, але як да зімы немцаў не прагоняць, што будзем есці?

— Прагоняць,— гаворыць Міця.— Нашы падыходзяць да Бранска.

Назаўтра з раніцы Якубоўскі заве да сябе Міцю і Лобіка. Сядзіць за сталом адзін, двух партызан, якія аб нечым з ім размаўлялі, адсылае.

— Пойдзеце ў мястэчка,— гаворыць ён.— Трэба соль. Як можна болей. Вы яўку сваім таварышам прызначылі?

Пра сустрэчы з местачкоўцамі ў лесе хлопцы не думалі. Ішлі да Мазурэнкі. Але ёсць дзед Бондар, ён зробіць усё, што трэба.

Пачуўшы прозвішча дзеда, Якубоўскі з хвіліну як бы вывучае твары хлопцаў.

— Каму даводзіцца родзічам дзед?

— Мне,— адказвае Лобік.

— Ты сына яго ведаеш?

— Ён жа мне дзядзька. Але не бачыў даўно. Прыязджаў перад вайной...

Голас Якубоўскага лагаднее.

— Вось што, рабяты. Трэба асцярожна. Бондара паранілі, калі ішоў ад бацькі. Нарваўся на засаду. Можа, нават сачылі за бацькам. Старому скажыце, што ўсё ў парадку. Сына яго завезлі самалётам у Маскву. Яму цяпер лепей...

Пра дзедавага сына хлопцы ведаюць даўно, яшчэ з мінулагодняй вясны, калі ён жыў у Гарбылях. На сувязь да яго хадзіў Сяргей Амельчанка. Гэтым летам Мікола прынёс вестку, што Бондару далі званне палкоўніка, ён кіруе партызанскім штабам. Перадаваў Мікола і цьмяныя чуткі, што добрага ладу ў штабе няма, часта там сварацца, спрачаюцца.

Дык вось якое заданне. Міця з Лобікам ідуць на кухню, палучаюць па вялікім кавалку варанай ялавічыны, бохан хлеба. Маладыя дзяўчаты, якія там працуюць, глядзяць на іх з цікавасцю.

У гэтую раніцу Міцю наогул шанцуе. У Васі Дашука, які сядзіць на ганку штабной хаты, ахайная з бліскучым ложам вінтоўка, і Міця, як учора Лобік, прапануе абмен. Солі няма, але пад нямецкі мундзір Міця паддзеў амаль новы пінжачок, які бацька купіў перад самай вайной. Акрамя пінжачка Міця дае дзесяць патронаў — іх у партызан не густа.

Вася прымервае пінжачок. Ён яму трохі велікаваты, але затое Вася падобен у ім на чалавека. Насіў да гэтага дзіравы рызман.

А ў Міці вінтоўка. З такой і перад дзяўчатамі не сорамна паказацца.

Перад выхадам з Рагалёў Міцю з Лобікам якраз дзяўчына і запыняе. Валасы светлыя, як пшанічная салома, пастава зграбная і надзвычай прыгожы, чысты твар.

— Я вас ведаю. Бачыла ў мястэчку. Да вайны я там працавала, а вы ў школе вучыліся.

Дзяўчыну завуць Жэня. Пасля сямігодкі была наборшчыцай у друкарні. Цяпер набірае партызанскую газету. Запрашае прыносіць заметкі.

Дзіўнае партызанскае жыццё. Нечым падобна яно на мірнае, даваеннае. Але чым, адразу не скажаш. Можа, сваёй адкрытасцю, радасным адчуваннем будучыні.

Надвор’е адменнае. За Рагалямі, з паўднёвага боку адкрываецца шырокі прастор. Сям-там на гладкай роўнядзі высяцца купчастыя постаці дубоў, стромкія, абвешаныя каралямі чырвоных гронак рабіны. Быў на гэтым месцы калісьці лес, пра гэта гаворыць мноства пеньчукоў. Трава шорсткая, парудзелая. Па-летняму гарачае сонца плыве ў блакітнай, з рэдкімі аблачынкамі высі, спавівае дрыжачым мроівам разлеглыя далі.

Па ўкраінскіх стэпах пад такім жа сонцам коціцца лава савецкага наступлення. Чырвоныя дывізіі, арміі рвуцца да сіняга Дняпра. Ад Бацькавіч Днепр недалёка, усяго за сорак кіламетраў. Ён тут пагранічча паміж Украінай і Беларуссю. Выйдуць чырвоныя палкі на Днепр і на правым нізкім беразе ўбачаць лясны палескі край...

Міця нібы шкадуе, што вырас наводдаль ад ракі. У міжрэччы, створаным Дняпром, Прыняццю, Пціччу, цякуць толькі ручаіны, накшталт вузенькай Мядзвёдкі, якая ўліваецца ў перасохлую Росіцу, а тая — у Днепр.

Мядзвёдка — побач. Экскаватар спраміў яе рэчышча, па выкінутым на бераг ілістым грунце густа падняўся дзядоўнік, драсён і другое балотнае зелле. Рачулка вядзе да Кавенек. Якія-небудзь тры гадзіны хады. Але ў Кавеньках — уласаўцы. Яны нібы прыкрываюць мястэчка ад партызанскага лесу. Хлопцы наважваюць даць круку, праз Уюнкі, Прудок выйсці на Дубровіцу, а там, калі сцямнее, праскочыць да дзедавай сядзібы.

На балотным прасцягу сям-там раскінуты пабурэлыя стажкі. Яшчэ больш травы някошанай, нечапанай. З дарогі ўздымаюцца стайкі чорных драздоў. Людзі, відаць, рэдка ходзяць па дарогах, бо птушкі ўзлятаюць ледзь не з-пад самых ног. У паветры плавае празрыстая павуцінка.

Гадзіны праз дзве хлопцы бачаць пясчаны пагорак, на якім туліцца чарада шэрых, з абымшэлымі стрэхамі хатак. Лава будынінак адна, уздоўж яе старыя разгалістыя вербы. Гэта — Уюнкі. Такой апісваў вёсачку Прымак, якога мінулай восенню пасылалі сюды наладжваць сувязь з партызанамі.

Жанчыны па агародах капаюць бульбу. Чарнявы падлетак вядзе на вераўчаным повадзе гнядога коніка. На ніжняй перакладзіне азярода, звесіўшы босыя ногі, сядзяць белагаловыя хлапчукі і дзяўчаткі. На двух партызан з вінтоўкамі, якія дыбаюць пясчанай вуліцай, ніхто не зварачае ўвагі. Лобік пацвельваецца:

— Прымак ледзь ногі прынёс. Труслівы ён. Ніхто б яго не зачапіў...

Школа, дзе Прымак месяц працаваў настаўнікам, у канцы вёсачкі. Прыземістая, на дзве палавіны хата, з трохі большымі вокнамі. Вось тут, пад парканам, Прымак, мабыць, ляжаў, калі ноччу прыйшлі партызаны і сталі біць у школе вокны.

— Шампалоў Прымаку маглі даць,— гаворыць Міця.— Яму трэба было самому знайсці партызан.

Кіламетры праз тры Прудок. Хаты такія ж шэрыя, старасвецкія. Вёска большая за Уюнкі, з доўгай, зламанай вуліцай. На ёй цуг фурманак. На вазах мяшкі з жытам, узбоч іх паважна крочаць незнаёмыя ўзброеныя людзі з прышытымі да шапак чырвонымі паскамі.

За Прудком пасля гадзіны хады відаць Дубровіца. Сонца вісне за дальнім лесам, залоцячы шыбіны акон. Неяк асабліва выдзяляецца бярозавы гаёк, насаджаны на пясчаным пагорку, пасярэдзіне раскіданай вёскі. Тонкія гонкія бярэзнікі нібы апранулі вымытыя кашулі.

Вёску хлопцы абыходзяць. Супыняюцца ў кустах, непадалёк ад таго месца, дзе мінулагодняй восенню сустрэліся з Мазурэнкам. У тым вунь ляску Драгун звёў хлопцаў з дэсантнікамі, але іх далейшым лёсам цікавіўся не надта. Тое ж можна сказаць пра Анкудовіча, Ключніка, Сяргееву сястру. У партызан — свае клопаты, падпольшчыкаў, сувязных яны, відаць, ставяць не вельмі высока.

Хлопцы дастаюць з торбы прыпас, вяла жуюць мяса з хлебам. Мяса несалёнае, есці яго не хочацца.

Не, Міця, Лобік сваіх таварышаў, мястэчка не забудуць. Там яны перажылі гора, радасць, там у іх выраслі крыллі. Толькі тыдзень пабылі ў лесе, у чужой вёсцы, а як цягне да родных аселіц. Добра, што ім далі гэтае заданне. Ёсць магчымасць даказаць партызанам, што нездарма сядзелі ў мястэчку. Солі дастануць, зробяць усё як трэба. Дзеда пашлюць да Прымака, бо Міколы дома не застанеш.

На ўзлессе спускаецца шараваты змрок. Хлопцы падымаюцца, сухім тарфянікам крочаць да мястэчка.

Усё атрымліваецца так, як намецілі.

Вінтоўку Міця з Лобікам хаваюць у дзедавым бульбоўніку, ледзь чутна рыпнуўшы коваратам, заходзяць у двор. Нацянькі, праз поплаў відаць станцыя. Бляклым ланцужком мігцяць там аганькі стрэлак. Вуліца Залінейная спіць. Выплывае месяц, у яго хісткім святле чарнеюць хлявы, панадворкі.

Лобік стукае ў шыбіну, і зараз жа ў сенечках нехта шастае.

— Прыйшлі,— стоячы ў адной бялізне, дзед адмыкае дзверы.

Вокны занавешаны, гарыць каганец. Па хаце, вохкаючы, тупае бабка.

— Ах, мае вы дзеткі. У такія гады бадзяцца па чужыне.

Міця любіць дзедаву хату. У першай яе палавіне, дзе цяпер хлопцы сядзяць, усё на сялянскі манер — вялікая, пабурэлая ад копаці печ, драўляны палок, перавяслы цыбулі на шастку пад бэлькамі. Затое ў другім, чыстым, пакоі, стаіць нікеляваны ложак, крэслы з выгнутымі спінкамі. Стол там засланы белым абрусам, пярэдняя сцяна ўсцяж завешана фотакарткамі ў старамодных асадках.

Бабка тым часам ставіць перад хлопцамі па глінянай місе стравы. Улучыўшы момант, калі яна выходзіць у кладоўку, Лобік напаўголаса паведамляе:

— Паўла паранілі. У тую ноч, як быў у цябе. Самалётам павезлі ў Маскву.

На дзедавым твары нават ніводная маршчынка не дрогнула.

— Чула маё сэрца. Дый сволач етая, Князеў, дзён тры з хаты не вылазіў. Віжаваў, вынюхваў.

— Мы кокнем Князева! — раптам загараецца Лобік.

— Сядзі ўжо лепей. Ты кокнеш. Знойдзе сваё без цябе.

Пра тое, што яго трэслі немцы, дапытвалі наконт сына, дзед нават словам не абмовіўся. Ні тады, калі хлопцы выходзілі ў лес, ні цяпер.

Начуюць Міця з Лобікам у хляве на вышках. Сена дзед набіў пад самы вільчык. Густыя пахі выпетранай, зляжалай травы прыемна дурманяць галаву. Засынаюць хлопцы імгненна. Прачынаюцца ад рыпу дзвярэй. Паўзмрок хлява з усіх дзірак точаць пранізлівыя паскі сонечнага святла.

Унізе стаіць Прымак. Прыняў меры перасцярогі. Праз плячо вісіць пара старых, ушчэнт зношаных ботаў. Падэшвы ў іх адсталі, целяпаюцца, як языкі, і ўражанне такое, нібы боты смяюцца над сваёй доляй.

Аляксей лезе на вышкі, расказвае навіны.

Міколы ў мястэчку няма. Замест яго прыходзіць па зводкі настаўніца з Грамоў. На чыгунцы Грышу памагаюць два хлопцы, ад якіх Прымак узяў падпіскі. Міцеву цётку немцы не зачапілі, ім цяпер не да гэтага — вызвалены Бранск, станцыя забіта эшалонамі. Некаторыя паліцэйскія сталі звальняцца са службы...

Наступны вялікі горад за Бранскам — Гомель. Праз лічаныя дні возьмуць і яго. Міця ад задавальнення пацірае далоні.

Прымак трымаецца другой думкі.

— Не скачы. Яшчэ ўсяго хопіць. Ад Арла да Бранска тожа блізка, а ішлі паўтара месяца. Вы добра зрабілі, што ўцяклі. І што Мікола прыціх. Гвозд і да мяне прыставаў. Уласаўцы ловяць людзей са спаленых сёл, возяць у сівалобаўскі лагер.

Заданне Прымаку тэрміновае: звязацца з Краснеем, Куніцкім. Соль будуць даставаць яны, а Прымак — толькі насіць да дзеда.

Аляксей шчэрыць роўныя, як часнок, зубы. Смяецца ён заўсёды сімпатычна.

— Я думаў — вадакачку загадаеце ўзарваць.

— Вадакачка няхай пастаіць. Як Плоткін?

— Пачынае кулдыбаць. Яго Люся лечыць. Прыбягае па тры разы на дзень.

— На соль падключыш Плоткіна. Раз сам прыйдзеш, раз — ён. Каб не кідалася ў вочы.

Пра Сюзану Міця не пытае. Ёсць рэчы, пра якія не спытаеш нават у блізкага чалавека.

Прыцемкам задыханы Прымак прыносіць у вялікім крапіўным мяшку соль, похапкам дае Міцю ў рукі жмак паперак і адразу, нават як след не развітаўшыся, знікае.

Наконт асцярожнасці Аляксея папярэджваць не трэба.

 

Раздзел адзінаццаты

 

І

З кожным днём Міця з Лобікам усё глыбей уваходзяць у партызанскае жыццё, робячыся сваімі ў тлумным вірлівым мнагалюддзі. Па соль звандравалі яшчэ раз, суп, мяса на кухні цяпер соляць, а гэта прыкметна ўздымае вагу местачковых хлопцаў у вачах партызан.

Па дарозе Міця і да дзядзькі Аўрама зазірнуў. Маці з малымі жыве ў курані. Шалаш — у ляску, паблізу дзядзькавага агарода. Гатуе маці страву ў печы, начуе ў хаце і толькі на дзень сыходзіць у лес.

Вялікай работы Бацькавіцкаму атраду няма. Гарнізоны разагнаны, нямецкія абозы паблізу не праязджаюць. Мітуслівы рух, які Міця заўважыў з першага дня, тлумачыцца проста: сем’і большасці партызан туляцца па лясах, буданах, і байцы, адпрасіўшыся ў камандзіраў, ходзяць іх праведваць.

Ноччу ў Рагалях выстаўляюцца пасты, днём сядзяць у патайных мясцінах дазоры.

Ёсць у атрадзе людзі, якія выклікаюць у Міці вострую цікавасць. Гэта разведчыкі. Яны як на падбор: маладыя, у вайсковых гімнасцёрках, штанах-галіфэ. Разведчыкі заўсёды выязджаюць і прыязджаюць на конях.

Ідучы ў лес, Міця разлічваў стаць разведчыкам. І ён, і Лобік, назіраючы ў мястэчку за немцамі, сяму-таму навучыліся. Але атрадныя разведчыкі да сябе іх нават блізка не падпускаюць. Адзін раз Міця зрабіў спробу, асмеліўся завязаць знаёмства з хлопцам, твар якога падаўся найбольш лагодным. Але той, буркнуўшы два словы, дэманстратыўна адвярнуўся.

Разведчыкі — нібы багі ў атрадзе. Тыя, хто да іх трапіў, маюць па году і болей партызанскага стажу. Міця з Лобікам у партызанах лічаныя дні, і задача іхняя — насіць соль.

Заслонай таямнічасці акружаны таксама падрыўнікі. Толькі аднойчы Міця бачыў, як выходзяць яны на заданне. Маўклівыя, зацятыя, абвешаныя скрынкамі і дратамі. Двое ў плямістых нямецкіх маскхалатах нясуць на плячах супроцьтанкавае ружжо. Наперадзе Лубан, былы намеснік бургамістра. Яго круглы твар густа зарос, змізарнеў.

Пра Лубана ў атрадзе казкі расказваюць. Нібыта, помсцячы немцам, не ведае спакою ні днём ні ноччу. Паколькі сам чыгуначнік, то ведае ўсе хады, выхады, з чыгункі не злазіць, прыходзіць у атрад толькі па тол. Падарваў болей за дваццаць эшалонаў, з супроцьтанкавага ружжа прабіў процьму паравозных катлоў.

Новыя партызаны прымаюць прысягу. За апошні месяц многа народу прываліла ў атрад. Побач з Міцем і Лобікам стаяць у шарэнзе цыбаты, чорны як грак Кузьма Гіль і яшчэ двое местачкоўцаў. Цяпер ясна, хто ўзарваў электрастанцыю.

У мястэчку дзейнічала яшчэ адна група, якая была звязана з Гомельскім атрадам. Кіраваў ёй, аказваецца, Гіль. З Кузьмой Міця вучыўся ў восьмым класе. Калі мінулагодняй восенню ён звольніўся з фінансавага аддзела, яго пасаду заняў Кузьма. Маскіраваўся гэтак жа, як Міця.

Тэкст прысягі чытае Якубоўскі. Рознагалосы хор гучна паўтарае высокія, урачыстыя словы.

— Я чуў, ты ў мястэчка ходзіш? — пытае Кузьма ў Міці, калі пасвячэнне ў партызаны скончылася.— Кажуць, па соль.

— Хаджу,— Кузьма свой хлопец, і таіцца ад яго не варта.

— Усёй солі на кухню не аддавай. Прыхавай трохі. Ва ўсіх радня, сем’і, а мы ходзім як выклятыя. Хоць бы сабрацца, чарку выпіць. Я аднаго дзеда ведаю, дастану за соль, што хочаш.

Гіль праўду гаворыць. Трапіўшы ў атрад, яны, местачкоўцы, адразу раз’ядналіся. Міця не бывае цяпер ні ў Андрыюка, ні ў Шкірмана, нават з Драгуном як след пагаварыць не прыйшлося.

Кузьма, мабыць, далёкая радня Нупрэю Гілю, які загінуў яшчэ ў сорак першым годзе. А можа і не. Такіх прозвічшаў у мястэчку шмат, ёсць яны ў Кавеньках, у Дубровіцы.

Гілеў таварыш — Міцеў аднафамілец. Таўставаты, старэйшы за астатніх Андрэй Птах да вайны вучыўся ў інстытуце, хадзіў пад ручку з дзяўчатамі, на такую драбязу, як Міця, пазіраў звысака. Цяжка было падумаць, што ён падпольшчык. Але як цяпер Міця прыгадвае, Андрэй знаўся з Ключнікам, вёў з ім гешэфты яшчэ мінулагодняй вясной.

— Сабяромся,— абяцае Міця.— Солі прынясу.

Назаўтра навіна: бацькавіцкіх партызан дзеляць на тры атрады. Цяпер гэта ўжо брыгада. Называецца— імя Панамарэнкі. У гонар начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху.

Камандзір Міцевага атрада — Гайчук, камісар — Лісавенка. За сталом, калі няма Якубоўскага, цяпер сядзяць яны, выклікаюць да сябе ротных, узводных камандзіраў, вырашаюць справы.

Пасыльны Вася заве Міцю ў штаб.

— Што ведаеш пра Сталярова? — пытае Гайчук.

Пытання трэба было чакаць. На Сяргея ў атрадзе пазіраюць коса. Не пасылаюць на заданні, ён нават прысягу не прымаў.

— Заданні нашай групы Сталяроў выконваў чэсна,— гаворыць Міця.— У групе ён з вясны, але яшчэ летась памагаў. Хадзіў на сувязь у Гарбылі да сястры Сяргея Амельчанкі...

Гайчук і Лісавенка пераглядваюцца.

— Таго, другога Сяргея, немцы расстралялі?

— Расстралялі.

— Чаму етага выпусцілі?

Вось яно што!.. У атрадзе бацька, малодшы брат Сяргея Амельчанкі. Ясна — яны накляпалі.

Сядзелі склаўшы рукі, пальцам баяліся паварушыць, а тут патрыётамі сябе паказваюць. Міцю разбірае злосць.

— Сяргей быў на прыкмеце з самага пачатку. Вярнуўся са знішчальнага батальёна, здаў немцам зброю. Так прыйшлося. Потым звязаўся з Басняком. Басняк цяпер у СД служыць.

— Што скажаш пра бацьку Амельчанкі?

— Тарбахват. Да вайны ў краме таргаваў. Нажываў дабро. Хацеў, каб і Сяргей стаў такім, як ён. Каб не сын, не дочкі, ён бы і не падумаў пра партызан. У лес паняволі прыйшоў.

Ноччу Міця стаіць на пасту. Камандзір першай роты Ткач даў паролі. На падлозе каравульнага памяшкання ўпокат ляжаць прызначаныя на начное дзяжурства. Праз кожныя дзве гадзіны паставых разводзіць перахлябісты, панылы хлапчына. Ён з ліку тых, каму Міця памог выбрацца з чыгуначнай роты. Аднак не ведае пра гэта. Пакрыквае на Міцю, як на ўсіх астатніх. Не паспееш закрыць вочы, а ўжо зноў чуваць яго прарэзлівы голас.

Ноч доўгая, цёмная. Міцеў пост каля дубняку, якім Каця прывяла местачкоўцаў у атрад. Дарогі тут няма, за дубняком — Мядзвёдка і балота. Пост ўсё ж ставяць.

Углядаючыся ў чорную, як дзёгаць, цемень, прыслухоўваючыся да шорахаў лесу, Міця думае, што жыццё складаней, заблытаней, чым уяўлялася. Жывучы ў мястэчку, ён нават думкі дапусціць не мог, што сярод партызан знойдуцца людзі, гатовыя выкапаць ямку другому. Іменна такім здаецца цяпер стары Амельчанка. Завошта абылгаў Сталярова?..

Сустракаючы Сяргееву маці, Міця заўсёды адчуваў сябе нібы вінаватым. Яе сын, дачка загінулі, а ён жыве. Ад бяссоннай пакуты ў жанчыны глыбока запалі вочы, зрабіліся нерухомымі, як бы ашклянелі. Глядзіць гэтымі страшнымі вачамі маці і як бы чакае адказу. Толькі што ёй скажаш? Якія знойдзеш словы?

У цемені чуваць асцярожныя крокі. Міця клацае затворам, гучна пытае:

— Хто ідзе? Пароль?

— Курск.

— Калуга,— выгуквае Міця адказ, пазнаючы па голасу Ткача.

Ткач падыходзіць, закурвае.

— Не замёрз?

— Не. Спаць трохі хочацца.

— Паспі днём. Добра выспіся. Ноччу пойдзем на «канцэрт».

— На які канцэрт?

— Заўтра пабачыш.

Выспацца не ўдалося. Назаўтра з раніцы, пастроіўшыся ў калону, атрад выходзіць з Рагалёў. Наперадзе разам з Якубоўскім і Анкудовічам камандзір падрыўнікоў Лубан.

Міця ідзе побач з Лобікам і Сталяровым. У Сяргея па-ранейшаму кароценькі абрэз, які ён нясе пад пахай.

У дубняку калона расцягваецца ў ланцуг. Ідуць у напрамку на Малкавічы тымі ж мясцінамі, якімі местачкоўцы дабіраліся ў Рагалі. Восень адчуваецца выразней. На дрэвах прыбавілася жаўталісця, у паветры пануюць лёгкія, празрыстыя колеры.

— Ідзём на цецерукоў,— гаворыць Яўтушык.

Ногі ў Міці нібы гумавыя, цела стомленае, і ён ні

аб чым не хоча думаць. Галасы, гаворка даносіцца, як скрозь сон.

Гадзіны праз тры атрад выходзіць на шырокае, амаль голае балота, і толькі тут Міця ўстрапянуўся. Балота на ўсім прасцягу паласуюць доўгія калоны. З невялікімі прамежкамі яны выныраюць з лесу, цягнуцца да процілеглых, ахінутых павалокай сінечы кустоў, запаўняючы сабой увесь бачны прастор. Якое мноства людзей! Упершыню бачыць Міця таямнічую, раскіданую па розных урочышчах, закутках лясную армію, якая цяпер як бы паказалася на свет. Можа, дзесяць ці болей брыгад...

Міця поўніцца ўрачыстасцю моманту. Тысячы людзей нездарма сабралі. Наперадзе штосьці важнае, нязвычнае, чаго ён яшчэ не зведаў.

Бацькавіцкі атрад запыняецца ў лазняку. Большасць калон шнуруе далей, адхіляючыся направа, у кірунку Гарбылёў. Партызаны нясуць на плячах ручныя кулямёты, у некаторых целяпаюцца перавешаныя праз шыю аўтаматы, некаторыя крыж-накрыж перапаясаны патроннымі лентамі. Чырвоныя партызанскія стужкі на шапках славакаў, палякаў-тодтаўцаў, нават мадзьярскіх салдат...

У лазняку чакае фурманка, нагружаная мяшкамі. Спярша Міця падумаў, што ў мяшках бульба. Але вось партызаны, узяўшыся за рагі, прывалаклі адзін такі куль, распаролі па шве нажом, і ў ім аказалася зусім іншае дабро. Тол. Сотні жаўтаватых, акуратна вытачаных брускоў з дзюрачкамі для запалаў.

Міця, як і ўсе, атрымлівае толавую шашку, кавалак бікфордава шнура з алюмініевым патрончыкам узрывальніка. У дадатак — пяць сярнічак і чырку, абмазаную серкай. Каб было чым падпаліць шнур.

Інструктаж перад строем дае Якубоўскі.

— На палатно выходзіць строга па камандзе. Не спазніцца ні на секунду. Шашку — пад рэйку, шнур падпаліць. І зараз жа адыходзіць. Усё, як прошлы раз.

Навічкам пакажуць камандзіры рот. Пад іх адказнасць...

У тую ноч, калі Міця начаваў на Залінейнай вуліцы, збіраючыся ўцякаць з мястэчка, чыгунка аж стагнала ад суцэльных выбухаў.

Цяпер будзе тое самае.

Бацькавіцкая брыгада кіруе пад мястэчка. Малкавіцкія курані застаюцца ўбаку. Маўклівыя, задуменныя цягнуцца саснякі. Цвіце верас, разліваючыся ружовымі азяркамі па выжарынах і рэдкалессю. Пад бярозамі — жоўтая замець апалага лісця. У сасняках, насаджаных па пустых, бясплодных жаўтапёсах, трапляюцца зусім голыя палянкі, парослыя па доле наздраватым мохам-сіўцом.

Міця раптам пачынае пазнаваць навакольныя мясціны, поўнячыся трапяткой узрушанасцю. За тым вунь хвойнікам пойдуць маладыя бярэзнікі, вузенькіх, святочна-прыгожых гайкоў тры ці чатыры, за імі — шырокая паляна, на якой шафёры лясной школы вучыліся на газагенератарах рабіць кругі. Паляна ўсутыч прылягае да пясчанага раз’езджанага шляху, які вядзе з мястэчка ў Грамы. За ім — чубкі маладых хвойнікаў і чыгунка.

Тут, у знаёмых да болю мясцінах, прайшло Міцева дзяцінства. Не толькі дзяцінства. Падросшы, пасталеўшы, ён яшчэ ахвотней блукаў па лесе. Ягады збіралі меншыя, а ён з сярэдзіны лета выбіраўся па грыбы, вандруючы па верасах да позняй голай восені.

Міцю цяпер васемнаццаць. Значыць, ужо гадоў дзесяць ведае ён навакольны лес. Жыў на будцы, на адзіноце, таварышаў у вандроўках не было, таму лес як бы навучыў думаць і марыць. Куды ні сягалі яго думкі пад пошум купчастых соснаў, на гэтых вось ружовых верасовых абсягах! Пра вайну, пра тое, што прыйдзецца хадзіць па родным лесе з вінтоўкай, ён у тыя далёкія бясхмарныя дні не думаў. У жыцці, мабыць, так і бывае — робіш тое, аб чым не думаеш.

Маладыя бярэзнікі калона пакідае справа. Брыгадзе, відаць, выдзелены ўчастак паміж Птахавай і Драздовай будкамі. Фактычна пад самым мястэчкам. Хутка будзе пясчаны пагорак, дзе ў першую восень немцы расстрэльвалі яўрэяў, за пагоркам — зарослае асакой балотца з чэзлымі хвойкамі. Далей, як пойдзеш. Калі возьмуць управа, бліжэй да чыгункі, вынікне града змешанага, найбольш лісцвянага лесу, калі лявей, у абход балотца, аж да самага поля будуць сасоннікі і верасы.

Між тым прывал. Міця кладзецца на верас. Лобік падае побач. Зусім знямогся Іван. У бабчыным кажушку ўзмакрэў, узапрэў, як птушка ў гарачыню дзюбай, хаўкае ротам. Дзіва няма — адмахалі вёрст дваццаць.

Сонца на самым захадзе. Тут, у лесе, святло яго чырванаватае, нязвыклае, як бы нават злавеснае.

— Ведаеш, куды прыйшлі? — пытае Міця ў Івана.

— Ведаю,— Лобік абыякавы.— Могуць усыпаць па дзесятае чысло.

— Не ўсыплюць. Бачыў, колькі народу?

— Што той народ? Дзесяць патронаў на вінтоўку. Не вельмі наваюеш.

Сяргей лёг наводдаль. Трохі нават пахрапвае. Зліпаюцца вочы ў Івана. Міцю спаць не хочацца. Летам, калі толькі пачалася вайна, нямецкія лётчыкі гасілі па вакольных сасонніках бомбамі. Думалі, што тут стаяць войскі. Яшчэ цяпер трапляюцца зарослыя травой варонкі, дрэвы-вываратні. Па пясчаным шляху, што адсюль не больш чым за вярсту, немцы прыйшлі ў мястэчка. Пазней, восенню, Міця збіраў наўзбоч шляху абрыўкі газет, якія пакінулі пасля сябе салдаты. Страшныя то былі газеты. Немцы захапілі паўсвета, хваліліся, што захопяць увесь. «Heute wir haben Deutschland, morgen — die gance Welt..»1 Міця яшчэ тады пераклаў гэтыя словы і тады ж прыхаваў у ямках, старых акопах знойдзеныя патроны і гранаты. Зброя павінна калі-небудзь страляць, і вось ён, Міця, у партызанах. Відаць, кожны з двух ці трох тысяч, якіх Міця сёння бачыў, прыйшоў у лес такім жа шляхам. Не мог змірыцца з тым, што неслі фашысты. Не важна, што ў партызан мала патронаў. Галоўнае — чалавек не стаў на калені...

Не захапілі немцы свет. Цяпер уцякаюць. Нашы вызвалілі Бранск, Чарнігаў. Мабыць, падыходзяць да Дняпра. Што ж значылі страшныя словы ў нямецкіх газетах сорак першага года? Пусты гук, пахвальбу...

Захоплены развагай, Міця са спазненнем пачуў працяглае, журботнае курлыканне, якое лілося аднекуль з вышыні. Павярнуўшыся на спіну, пільна ўзіраючыся, ён на адзін толькі міг злавіў позіркам ледзь прыкметны ў вячэрнім, ужо цемнаватым небе трохкутнічак жураўлёў. Не гледзячы на блізкую ноч, ляцяць журавы ў вырай сваім спрадвечным шляхам...

Знямога бярэ сваё, Міця прымгнуў, і, можа, дзякуючы кароткаму сну на захадзе сонца, падзеі ночы адбіваюцца ў яго свядомасці дзіўным, фантастычным відовішчам. Ідуць лесам, перабіраюцца цераз шлях на Грамы, потым залягаюць у пнёўі. Да пнёўя Міця як бы меў дачыненне, бо паступіў на службу ў лясгас якраз тады, калі пачалі высякаць лес паміж чыгункай і шляхам. Немцы зганялі валіць дрэвы жыхароў мястэчка, навакольных вёсак, ляснічыя пазней склалі ведамасці на выплату грошай прымусовым лесарубам, але амаль ніхто з іх не прыходзіў па гэтыя грошы. Ведамасці ляжалі ў жалезным сейфе жмутам рознакаляровых паперак, і калі пазней спатрэбіліся маркі на медыкаменты, цыгарэты, сахарын, Міця браў іх з касы, распісваючыся за невядомых лесарубаў...

Ткач падае каманду, рота падымаецца з пнёўя, мінае кусты, выбраўшыся бліжэй да мястэчка, на поле. Адсюль цьмяна відаць насып чыгункі, будка, у якой Міця жыў, сасна на грудку пры дарозе. Па Птахавай будцы, як і там, за пнёўем — па Драздовай — сякуць кулямёты, паднятая стрэламі партызанская шарэнга бяжыць да чыгункі.

Міця, грабнуўшы з-пад рэйкі баласт, закладвае шашку, азіраецца. Справа, злева над рэйкамі варушацца цёмныя постаці. Гучыць зычная каманда, Міця чыркае запалкай, падпальвае шнур. Сыпануўшы іскрамі, ён шыпіць як змяя. Двое ці трое дзядзькоў, бліжэйшых Міцевых суседзяў, наблізіцца да рэек не адважваюцца, кладуцца пад насыпам. Шпурлянуўшы на рэйкі толавыя шашкі, нібы гранаты,— яны з усіх ног кідаюцца прэч...

Міця адбягае метраў на сто, на зямлю не падае. Упершыню за сваё жыццё ён адчувае: бой — гэта кіпенне крыві, шалёная, дзікая радасць. Чыгунка ўзрываецца доўгай вогненнай лавай, выбухі, асляпляльныя слупы агню адзін за другім вынікаюць на ўсім бачным прасцягу, разлягаючыся па лесе шматгалосым рэхам. Хутка ўсё сціхае. У нязвыклай стоенай цішыні, якая на момант наступае. Міцю раптам згадалася, што ён чуе вячэрняе курлыканне жураўлёў...

 

1 «Сёння ў нас Германія, заўтра будзе ўвесь свет... (ням.)

ІІ

Назаўтра праз Рагалі ўвесь дзень валам валяць партызаны. Варочаюцца з чыгункі Дамачоўскія, Гарбылеўскія, Акцябрскія, нават дальнія — Стрэшынскія, Парыцкія — брыгады і атрады. Ноч «рэйкавай вайны» ўдачу прынесла. Два ці тры дні будуць немцы латаць пашкамутаную чыгунку. Лясное войска тым часам адляжыцца, адаспіцца, каб зноў налятаць на яе, чыніць дыверсіі.

Маладыя, падабраныя ў постаці хлопцы, дзядзькі, размашыста выдыбаюць па рагалёўскай вуліцы, крытычна пазіраючы на босага Яўтышыка, які сядзіць на ганку штабной хаты.

— Таварыш! Ці не ты лапці згубіў? Вісяць на бярозе...

— Бяжы, браце, хутчэй, бо нехта падбярэ...

— Але ж і ляцеў з чыгункі на злом галавы. Бачыш, хоць лапці згубіў, але паспеў выспацца...

— На акупіраванай церыторыі ён не быў. Жыў у лесе, немцаў не бачыў...

Яўтушык адгыркваецца:

— Куды размахаўся? Хадзі пасядзім. Мясам накормім. Вы ж вясной паследнюю кабылу ў Бабруйску прадалі.

На ганак нетаропкай хадою падымаецца каржакаваты, у скураным паліто, запыленых ботах чалавек. Праз яго плячо целяпаецца туга набітая камандзірская сумка.

За сталом штосьці піша, насліньваючы хімічны аловак, Анкудовіч. Пасля стварэння брыгады ён прызначаны начальнікам штаба. Узняўшы вочы на наведвальніка, Анкудовіч як бы ўздрыгвае, густа чырванее, унурваючыся зноў у паперы. Чалавек нерашуча перамінаецца з нагі на нагу.

— Не пазнаў, Анкудовіч?

— Пазнаў, таварыш Мацвееў.

— Не вельмі ласкава сустракаеш быўшага камандзіра.

— Няма прычыны цалавацца. Не абіжайся...

Анкудовіч у гэтую хвіліну разгублены. Як далёкі, хісткі прывід узнікае ў памяці сорак першы год, знішчальны батальён, які, похапкам перабраўшыся ў лес, стаў называцца партызанскім атрадам. У атрадзе, якім камандаваў начальнік міліцыі Мацвееў, панавала стоенасць, зацятасць. Днём сядзелі ў зямлянках, елі сухары, кансервы, ноччу, як ваўкі, выпаўзалі ў разведку. Нібы лес наўсцяж быў заселены немцамі.

— Быў цяжкі час, Анкудовіч,— Мацвееў садзіцца на стул.— Мне, думаеш, лёгка прыйшлося?

— Распускаць атрад ты не меў права.

— Было не ў маёй уладзе. Не забывай, нада мной стаяў Філімонаў, старшыня райвыканкома. Ён аддаў загад.

— Не віляй хвастом. Ты быў камандзірам.

— Ты сам пайшоў у Літвінаў і не вярнуўся.

— Вярнуўся, Мацвееў. Тым часам ты даў драла...

Што Мацвееў не забіты, падаўся з Філімонавым на ўсход, за фронт, яны, няўдалыя партызаны, ведалі, але маўчалі. Паліцэйскія пусцілі чутку, і з-за тых, хто сядзеў у мястэчку, не варта было яе абвяргаць...

— Не ў адных нас так палучылася,— працягвае Мацвееў.— Некаторыя атрады не ўдзяржаліся. Ведаеш жа, як было...

— На другіх не ківай. У нас склады разграбілі, актыў перабілі. Наша брыгада шчэ й цяпер слабейшая за другія.

Мацвееў раптам узрываецца. З трэскам — адлятаюць два гузікі — расхінае скуранку, размашыста выдыбваючы, носіцца па пакоі.

— Ты што — беляны аб’еўся? Думаеш, без цябе пракурораў не было? Хапіла на маю галаву. Паглядзі — валасы павылазілі. Ну, пагібла дваццаць, трыццаць чалавек — што я іх немцам у пашчу піхаў? Мільёны гібнуць. Калі хочаш ведаць, я збіраўся астацца. Тактыка якая была — перабіцца, прыхавацца зімой, каб сабрацца вясной зноў. Ты ж сам у сяле жыў. Вот і я так хацеў. З Філімонавым не згаджаўся. Паткнуўся да аднаго, да другога. Вазьмі, прыхавай. Ад варот паварот. Хто збіраўся лезці ў пятлю з-за начальніка міліцыі? Сам ведаеш, які тады быў настрой. Немцы трубілі, што ўзялі Маскву. Ну, я і пайшоў у гэту ўзятую Маскву. Не да немцаў пайшоў — на фронт. Каб з імі ваяваць. Ты, седзячы ў жонкі на печы, еў блінцы са шкваркамі. Разводзіў тары-бары са Спаткаём, з Аўчаром, каб цябе не зачапілі. А я семсот вёрст на жываце — галодны, халодны...

Анкудовіч мякчэе.

— Са Спаткаём і другімі мы спачатку вялі работу. Не верылі, што яны саўсім прадаліся.

— Дык вот, Анкудовіч, я таксама вяду работу. Усю вайну. Каб меней было такіх свалачэй, як Спаткай. Таму прашу перадаць мне местачковых сувязных. Мабыць, ведаеш, чым займаюся...

Начальнік штаба глядзіць на Мацвеева здзіўлена:

— Ты што, Мацвееў, не ведаеш парадку? Ёсць штаб злучэння, абком. Абрашчайся туды. Я начальнік невялікі. Магу па сакрэту сказаць: летась у раён прыляцела спецгрупа з Масквы, сувязныя з Бацькавіч работаюць на яе...

 

ІІІ

Тым часам фронт на Дняпры. Пасля двух гадоў ліхалецця, няпэўнасці, неверагодных чутак, якія невядома з якіх крыніц столькі разоў выплывалі раней, у гэта цяжка паверыць. Але цяпер гэта не чуткі. У партызанскай рэдакцыі ёсць прыёмнік, ля яго ў тры рукі запісваюць зводкі Інфармбюро. Раённая газета паспела надрукаваць: Чырвоная Армія выйшла на Днепр ад Крэменчуга да Лоева.

Дні трывожна-ўзнёслыя, поўныя хмельнай радасці. Па-ранейшаму стаіць пагодлівая восень, дубы ў гаі ля Мядзвёдкі, клёны, рабіны палаюць, нібы вялізныя вогнішчы. Вечары зорныя, ціхія. Недзе пад поўнач чуваць у небе гудзенне матораў. Эскадрыллі савецкіх бамбардзіроўшчыкаў ляцяць на захад.

Адкуль узялося яно — рывок на Днепр, танкі, самалёты?

Звініць у Міцевай душы матыў, які ўзнік у той дзень, калі ён толькі ішоў у атрад.

 

Пейте, пойте в юности,

Бейте в жизнь без промаха,

Все равно, любимая,

Отцветет черемуха...

 

Два гады Міця толькі і думаў што пра фронт, пра вайну, дакладна памятаў усе даты савецкага наступлення. Нават каб яго разбудзілі ноччу, ён бы без запінкі адказаў, у які дзень выбіты фашысты з кожнага, няхай сабе самага маленькага горада Савецкага Саюза. Сюзану ён успамінаў мала, сустрэч з ёю не шукаў. Скончыцца вайна, тады прыйдзе ўсё, думаў ён. Вялікае жыцце з каханнем, асабістымі турботамі, згрызотамі ляжала для яго за той заслонай, якую магло зняць толькі выгнанне немцаў.

Немцаў яшчэ не выгналі, але ён ужо ўцягваецца ў іншы свет. Адчувае сябе нацята-ўзбуджана, калі сустракаецца з Нінай Грушэўскай, з Жэняй, з другімі дзяўчатамі. Тут, у партызанах, ёсць жанчыны, дзяўчаты, якія, не тоячыся, чакаюць кавалераў з заданняў, ходзяць з імі начаваць на сенавалы, высцірваюць ім сарочкі. Маладзейшыя хлопцы пахваляюцца перамогамі над вясковымі красунямі.

Спадыспаду душы ў Міці іншы раз уздымаецца крыўда на Сюзану. Ніці, якія іх звязваюць, нетрывалыя, ценькія, нацягні тужэй — парвуцца. Ён ужо адчувае, што ў каханні ёсць самаахвярнасць, пакута, боль за блізкага чалавека, ловіць сябе на думцы, што нічога гэтага ў іх з Сюзанай не было. З яго боку, можа, і было, асабліва тады, калі ён толькі ўбачыў дзяўчыну і калі яшчэ не было вайны. А яна ўвесь час як бы прыслухоўваецца да самой сябе, разгадвае нейкую загадку. Наўрад ці думае яна пра Міцю, пра тое, што яму пагражае небяспека...

Ходзячы ў мястэчка па соль, Міця ўжо два разы паглядаў смерці ў вочы. Ля Кавенькаўскага моста хлопцы (цяпер з імі Сяргей) напароліся на ўласаўскую засаду. Выратавала ноч. Міця памятае разлютаваны крык, вогненныя пісягі трасіруючых куль, якія жыхалі каля самых вушэй.

Другі раз, у Дубровіцы, было яшчэ горш. Яны ўтрох нос у нос сутыкнуліся з немцамі, якія, ходзячы ад хаты да хаты, збіралі яйкі. Сяргей не разгубіўся, бабахнуў з абрэза, прымусіўшы салдат залегчы. Далей, як і ў першым выпадку, ратавалі маладыя ногі...

Выпаў і адразу растаў першы снег. Зноў цёпла, добра. Бясконца цягнецца залатая восень. Міця не думае пра страхі, якія прыйшлося перажыць,— жыццё ў вайну трымціць на тоненькім валаску.

Праз тыдзень пасля сутычкі з немцамі хлопцы начуюць у Дубровіцкім пасёлку. У вялікай, на дзве палавіны хаце жывуць маці з дачкой. Дачка ладная, статная. Маці лезе на печ, Сяргея дзяўчына кладзе на ложку ў пярэднім пакоі, Міцю і побаку сцеле на лавах у чыстай палавіне.

Узыходзіць месяц, пакой тоне ў светлым паўзмроку. Міцева падушка ледзь не сутыкаецца з узгалоўем ложка, на якім ляжыць дзяўчына. Па чыстым, прытоеным дыханні Міця чуе, што яна не спіць. Ён таксама не спіць. Пакутлівая бессань цягнецца доўга. Гарланяць пеўні, месяц пераплывае за хату, робіцца цямней. Раніцай Міця абавязкова пагаворыць з дзяўчынай. Скажа ёй што-небудзь адзін на адзін.

Прачнуўшыся, гаспадынінай дачкі ён не бачыць. Пайшла на поле...

Солі Міця прыхаваў. Трэба ж ім, местачкоўцам, сабрацца, адзначыць партызанства.

Знайшоўшы Кузьму, Міця аддае яму мяшэчак з соллю.

— Бяры. Тут пляшак на шэсць.

Кузьма загарэўся. Дзед, які купляе соль, жыве блізка, на азяркоўскіх хутарах. Вёрст шэсць ад Рагалёў. Важнецкі дзед, у яго не толькі самагонкі, вяндліны, мёду можна дастаць.

Ужо адвячорак. Вярнуўшыся з мястэчка, за дзень Міця адаспаўся, але ісці не хочацца. Нават сумна ад думкі, што ён зараз рыне да незнаёмага дзеда.

— Давай заўтра, Кузьма. Ці паслязаўтра.

— Целяпень ты. Ладна, адскочым з Андрэем...

Назаўтра ў штабную хату, накульгваючы, прыходзіць Андрэй. Галава, шыя перабінтаваныя, з-пад марлевай павязкі сумна пазіраюць стомленыя, спакутаваныя вочы.

Кузьмы няма. Яго нават нельга пахаваць. Перад эсэсаўскай блакадай міны ставілі дзе папала, хто папала. Тыя міны не пазніманы і цяпер. На адну з іх наступіў Кузьма. Андрэй ішоў крокаў на дзесяць ззаду...

Другі блізкі чалавек гіне ў партызанах. У канцы лета — Міхайлаў, цяпер — Кузьма. Але як кроў на ране зараз жа згортваецца, так і Міцевы думкі на трагічных выпадках не запыняюцца. І ў мястэчку так было. Як бы закрываецца нейкі ўнутраны клапан, засцерагаючы душу ад адчаю. Няўжо раны, нанесеныя душы, будуць балець пазней, калі вайна скончыцца? Страшна падумаць...

У Рагалі прыходзіць Драгун. Адвёўшы Міцю з Лобікам убок, дае заданне. Лобікаў дзед мусіць схадзіць да млынара Забелы, папрасіць, каб той з’явіўся ў Дубровіцу.

 

IV

Млынар Забела сабраўся ў Дубровіцу з вялікай асцярогай. На чыгуначным пераездзе таўкуцца паліцэйскія, у Кавеньках — уласаўцы, то каб ніякі чорт не прычапіўся, ён ускінуў на воз мяшок жыта, барану, нават унука пасадзіў — бялявенькага, з аблузаным носам хлопчыка малодшай бязмужняй дачкі, якая жыве ў мястэчку.

У Дубровіцы — старэйшая дачка, таксама салдатка, абсыпаная як бобам дзецьмі. Да яе Забела падскакваў часцяком, падкідаючы то мяшок жыта, то асьміну бульбы, каб не прапалі з голаду жаўтаротыя седуны. Усё-такі родная кроў. Праўда, з зімы ў Дубровіцы ён не быў, страшыўся трохі партызан, якія калі не стаяць там пастоем, то забрыдаюць часта.

Цяпер Забела якраз і едзе на перагаворы з партызанамі, бо, хто такі Драгун, ён ведае. Да немцаў Забела не прыліп, яны яму радня невялікая, а з ляснымі хлопцамі прыйдзецца жыць, бо, як толькі немцаў прагоняць, яны вернуцца ў мястэчка і пасядуць начальнікамі. Кінеш назад, знойдзеш наперадзе. Яўрэйку ратаваў, з партызанамі знаўся. Ніхто яго не папракне.

Забела задаволены, што патайное заданне яму перадаў Антон Бондар. Сведка надзейны, яго сын, былі чуткі, у лесе вялікі начальнік, хоць у мястэчку таго камандзіра ніхто за вайну не бачыў. Можа, таму выжыў стары, што меў асцярожнага сына.

Ні на пераездзе, ні ў Кавеньках Забелу не зачапілі. Спыніўшыся ў Дубровіцы ля панадворка дачкі, ён трохі з ёй пагаманіў, аддаў звязаныя ў хустачку тры крышаны сала, высадзіў унука, а затым, адмовіўшыся ад дапамогі, паехаў на даччыно бульбянішча. Яно якраз у прыдатным месцы — пры лесе. Калі пільна трэба, Драгун яго знойдзе.

Так і палучылася. Асенні дзень не доўгі, але Забела паспеў сцягнуць бараной гіч, пасеяць жыта і ўжо нават баранаваць узяўся, калі з лесу пачуўся свіст.

Аграном стаіць у кустах у нейкім рудаватым палітончыку, за плячамі — вінтоўка. Схуднеў, змізарнеў супроць таго, як помніў яго Забела па мястэчку, і аблічча абсіверанае. Паздароўкаліся за руку.

— Думаеце, узыдзе? — спытаў Драгун, паказваючы на засеяны гоні.

— Узыдзе, нідзе не дзенецца. Жыта можна пад самую зіму сеяць. Абы трохі праклюнулася.

Забела не з голымі рукамі прыехаў. Матлянуўшыся да воза, прынёс у кусты літровую, цёмнага шкла пляшку, трохі закускі. Выпілі па шклянцы хлебнай гарэлкі, паружавелі, павесялелі.

— Што ў мястэчку чутно, Панас Дзянісавіч?

— Тое, мабыць, што ў вас. Чырвоныя на Дняпры. Ды ўсё яшчэ можа быць.

— Што, напрыклад?

— Паганае. Калі фронт тут стане. Я жыццё зжываю, ведаю. Пры паляках снарады цераз мясцечка пулялі, і калі Стракапытаў у Гомелі ўзбунтаваўся, было тое самае. Старую палавіну сяла як карова языком злізала. Нагаруецца народ.

Драгун на гэта нічога не адказвае.

— Што Крамер робіць? — нарэшце пытае ён.

Забела насцярожана зіркае на агранома.

— Крамер — чалавек харошы! Вы ж ведаеце. Сам цяпер не рад, што звязаўся з немцамі. Мабыць, выедзе з імі. Другой дарогі няма.

— Усюды знойдуць. Нашы ў мястэчку не астановяцца. Караць, я думаю, на ўсю катушку яго не будуць.

— Я тожа так думаю, таварыш аграном! — Забела выгуквае апошнія словы як бы нават з радасцю.— Не можа быць, каб не ўспомнілі чалавеку дабра. Каб які ірад сядзеў бургамістрам, у дзесяць разоў болей пралілося б крыві...

Далей гавораць аб дзеле. Драгун успамінае Шэлега (Забела нават схамянуўся, пачуўшы яго прозвішча), нагадвае, што загадчык камунгаса меў з ім, млынаром, зносіны, выручаў. Цяпер трэба аддзячыць і ўвогуле памагчы партызанам. Цану заломвае аграном немалую — сто пудоў мукі. Забела чэша патыліцу. Вырваць сто пудоў з-пад носа ў немцаў нялёгка, але ён пастараецца. Зробіць усё, што можа. Яму нават даведкі ад партызан не трэба. Свае людзі.

Дамоў Забела варочаецца прыцемкам. План у яго гатовы. Самае цяжкае — пераправіць муку за пераезд. Прыйдзецца для адводу вачэй навазіць гною на дзялянку пры лесе. Мяшкі пад гноем хаваць. Лішне сеяць ён не думаў, бо бальшавікі поле абагуляць. Зерне, гной прападзе. Але ў другіх большае прападае.

Няхай прыходзяць бальшавікі. Яму, Забеле, баяцца нечага. У палітыку носа не соваў, на людзей не брахаў. Не тое што дурні — паліцэйскія. Хоць цяперашняму народу язык не завяжаш. Будуць і на яго плявузгаць. Маўляў, два веласіпеды купіў, швейную машыну, адзеўся, абуўся. Даўно пайшла пошасць між людзей: за лішні каровін хвост гатовы ў астрог пасадзіць. Але і ў яго, Забелы, будуць козыры. Уратаваў яўрэйку, памог лясным хлопцам. Ён нават Драгуну пра местачковую госцю слова не сказаў. Нашто лішне выхваляцца? Тая яўрэйка, калі жывая, сама скажа, каму трэба...

 

V

Бацькавіцкіх атрадаў тры, але яны пранумараваны як пяты, сёмы і дзевяты. Мабыць, зроблена гэта дзеля таго, каб паболей пусціць немцам пылу ў вочы.

У дзевятым атрадзе ветурач Шкірман робіць тое, што Міця з Лобікам у пятым — носіць соль. У памочнікі да яго прыстаўлены нізкарослы, нягеглы паліцайчык Мікітка Зыль, які нядаўна збег з мястэчка.

Справа ў Шкірмана пастаўлена лепей, чым у хлопцаў. У Бацькавічы ён не заходзіць, соль з мястэчка яго памагатыя прыносяць самі, хаваючы ў капе зляжалага сена ля Росіцы.

Гэта, мабыць, і падвяло.

Была раніца. Абмінуўшы стоеныя ў густым ляшчынніку курані, Шкірман з Мікіткам выбраліся на ўзболатак, прыслухаліся, агледзеліся. Ціха, глуха. Па тарфяніку густа паўзе туман. Мікітка — вінтоўкі ў яго няма — ускінуў за плечы мяшок з соллю. Шкірман,не спяшаючыся, рассоваў па кішэнях пакуначкі з бінтамі, медыкаментамі.

Назад мужчыны рушылі другой дарогай, каб абысці саўгасны пасёлак з правага боку. Шкірман меціць завярнуць на Падляшскі хутар, забраць у бяздзейнага цяпер наглядчыка кашар Базылюка комсастаўскую форму, якую той хавае з пачатку вайны.

З альховага кустоўя, як стрэл, каманда:

— Рукі ўгору! Ні з месца!

Кідацца некуды — рулі вінтовак, як пікі, тырчаць. Паліцэйскія выскаляюцца:

— Папаліся, галубчыкі. Цяпер вас на шампалах паджарым.

— Гаспадзін ветурач з’явіўся. Сколькі, інцярэсна, табе парцізаны плацяць?

— Табе, Мікіта, шомпал цераз рот і с... прасунем, ты — лёгкі, выдзержыш...

З туману выплывае руды, няголены твар валаснога бургамістра Вайса. Абруселы немец ведае Шкірмана нават лепей, чым паліцэйскія. Год назад, калі партызаны грамілі воласць, у чым стаіць драпануў з Лужынца, у мястэчку латаўся каля «Заготжывёлы».

Цяпер Вайс — як незнаёмы. Груба рве з-за Шкірманавага пляча вінтоўку, шарыць па кішэнях.

— Бандытаў лечыш?.. Як перад госпадам богам раскажаш, хто табе лякарствы цягае. Усё раскажаш!..

Пад настаўленымі рулямі вінтовак Шкірман з Мікіткам валакуцца ў саўгас. Ззаду, рагочучы, валяць паліцэйскія. Засада недарэмная, нямецкія сабакі радуюцца. Шкірман ідзе як не сваімі нагамі. Душа агорнута халодным сумам. Смерці ён не страшыцца, няхай бы тут, на месцы, расстралялі. Але ж будуць біць, здзекавацца, дапытваць. Правядуць напаказ па мястэчку...

Шкірман аднак ідзе.

У саўгас тым часам прыязджаюць немцы. Звычайная гаспадарчая каманда, якіх многа цягаецца па ваколіцах мястэчка. Паліцэйскія, забраўшы соль, некуды рынулі — шукаць, мабыць, самагонкі. Шкірман з Мікітам сядзяць на ганку саўгаснай канторы. Трымаючы вінтоўку наперавес, іх пільнуе Вайс. Да ганка раз-пораз падыходзяць распоўзлыя салдаты-абознікі — падзівіцца на жывых партызан. Стаяць, палахліва ўзіраюцца ў твары.

За канторай, на ахутаным туманам тарфяніку, салдаты сякуць капусту. Голасна гергечуць, носяць качаны на фуры. Немцаў адсюль бадай што не відно. Пакутліва цягнуцца хвіліны. Паліцэйскія як скрозь зямлю праваліліся. Шкірману як бы робіцца весялей. Успыхвае іскарка надзеі.

Ён нават усчынае гаворку з Вайсам:

— Генрых, не напінайся. Будзь чалавекам. Мы не ўцячэм. Ну, расстраляюць нас. Што, табе будзе лягчэй?

Вайс маўчыць, адводзіць позірк.

Як вымерла ўсё ў пасёлку. На шырокай пясчанай вуліцы ні чалавека. Тут, ля канторы, дамы падобны на баракі. Гэта і ёсць баракі. Цесныя, з дашчанымі сценамі. Калі асушалі балота, нагналі людзей. Жыць не было дзе, на скорую руку набудавалі вось гэтых скрынак. Так яно і асталося. Пад адным дахам тулілася па некалькі сем’яў. Росіца збірала добры ўраджай, хвалілася надоямі, а людзі жылі, як прусакі. На тым канцы, праўда, звычайныя хаты. Жыхары, мабыць, у куранях. Там, у арэшніку. Баяцца, што, пасля таго як партызаны забралі кароў, немцы пасёлак спаляць. Мабыць, паліцэйскія туды рынулі. Калаціць баб...

З балота выязджае першая фура, нагружаная капустай. Ззаду валюхае трое салдат. Немцы ўсё-такі ўвішна працуюць. Вайс трывожна азіраецца. Паліцэйскіх няма, аставацца ў пасёлку без немцаў ён не хоча.

— Пайшлі!

Вінтоўку Вайс закінуў за плечы, у руцэ трымае наган. Так, мабыць, яму лягчэй. Ад пасёлка адыходзяць не больш чым на паўвярсту. Туман трохі радзее. Лес хутка скончыцца, затым да самага мястэчка дарога пойдзе голым тарфянікам.

Нямецкая фура, між тым, адстала. Спынілася, каб дачакацца астатніх.

— Вайс,— зусім спакойна просіць Шкірман,— дай закурыць. У мястэчку, сам ведаеш, мне не дадуць.

Вайс спыняецца. Пераклаўшы ў левую руку наган, правай лезе ў кішэню. Звярыным, схаваным спадыспаду душы інстынктам Шкірман раптам адчувае, што канвойнік разгублены. Баіцца адзіноты. У адно імгненне Шкірман кідаецца на немца, хапіўшы аберуч за горла, душыць, валіць на зямлю. Мікіта тым часам як аслупянеў. Стаіць, не ведаючы, што рабіць.

— Вырывай наган! — сіпіць Шкірман.

Мікіта наган вырваў, але страляць з яго не ўмее. Наставіўшы рулю ў пасінелы твар ахоўніка, які ўжо храпе, задыхаецца пад Шкірманам, водзіць сюды-туды зашчоўкай, прымацаванай да барабана.

— Бі, проста бі,— ледзь не крычыць Шкірман.

Мікіта лупіць немца наганам па твары, па галаве.

Пырскае кроў...

Шкірман не вытрымлівае. Выхоплівае ў няўдалага памочніка наган, тройчы страляе...

 

VI

Днепр асядланы! Чырвоныя войскі ў Лоеве і за Лоеў кіламетраў на дваццаць прасунуліся. Ясна — цэляць на Гомель.

У цёплы кастрычніцкі вечар да Рагалёў далятае гул далёкай кананады. Усе, хто не на заданнях, выскакваюць з хат, панадворкаў ка вуліцу, прагна, як музыку, ловяць гукі гарматных выбухаў.

З невялікімі перапынкамі пачынае грымець, бадай, кожны дзень. Днём грымоты далёкія, прыглушаныя, а вечарам зямля гудзе безупынна, нібы агромністы велікан б’е па ёй магутным молатам.

З надыходам вечара ў штабной хаце працяглыя дыскусіі. Што зменіцца, калі прыйдуць нашы, што застанецца такім, як было. Міця ў дыскусіях не ўдзельнічае. Галоўнае — абы прагналі немцаў. Нават не верыцца, што праз тыдзень ці два ён убачыць чырвонаармейцаў, вернецца ў мястэчка, будзе хадзіць па зямлі вольным чалавекам.

Камандзір атрада Гайчук, як можна вышэй укруціўшы ў лямпачцы кнот, голасна чытае кніжачку «Ноч перад боем», якую напісаў Аляксандр Даўжэнка. Маленькую з далонь брашурку ён урачыста дастае з камандзірскай сумкі, закарэлымі пальцамі асцярожна перагортвае тоненькія старонкі.

Брашурка дастаўлена самалётам. Па адной такой давалі на брыгаду. Праўдзівая кніжачка, можна сказаць, прарочая... Таму няма ёй цаны...

У чужыя рукі кніжачку Гайчук не дае. Чытае сам каторы раз, знаходзячы новы сэнс, падымаючы ў найбольш моцных мясцінах палец угору.

Міцю асабліва падабаецца момант, дзе расказваецца, як двое старых украінцаў — Платон і Саўка — перавозяць чырвонаармейцаў на левы бераг Дзясны.

Гайчук у гэтым месцы заўсёды павышае голас:

«Сколько мы их учили, а они убегают. Чем дальше вы тикаете, тем больше крови прольется. Да не только вашей, солдатской, а и материнской, и дитячей крови...»

Так яно і атрымалася. Але армія вяртаецца. Цяпер гэта самае галоўнае.

 

Раздзел дванаццаты

 

І

На сустрэчу ў дзедаў хлеў прыйшоў Васіль Шарамет. Навіны — як горны абвал. Паліцыя, жандармерыя, бургамістр з мястэчка выбіраюцца. У Бацькавічах будзе ўлада ваенных.

Выгляд у Васіля невясёлы. Атрымаў ад людзей Мазурэнкі загад — выязджаць з паліцыяй. І на новым месцы будзе рабіць тое, што рабіў у мястэчку. Вызваленне для яго наступіць не хутка.

Канчаецца кастрычнік, а дні цёплыя, пагодлівыя. Нібы сам бог спрыяе пагарэльцам, бяздомнікам, што жывуць па лясных буданах. Вясковыя прысады — у асенняй пазалоце. Месяц жаўталісця.

Міця з Драгуном выбіраюцца на лугавіну. Прылёгшы, слухаюць гул далёкай кананады, які вечарам узрастае, размаўляюць. На процілеглым ускраі вёскі, трохі наводшыбе, палаюць вогнішчы. Партызаны цяпер часта распальваюць агонь. Пякуць у прысаку бульбу, вядуць узбуджаную гаману.

— Што будзеш рабіць, як прыйдуць нашы? — пытае Драгун.

Міця не ведае. Не думаў пра гэта. Ён баіцца аднаго — каб наступленне не супынілася.

— Пойдзеш у армію. Мяне, мабыць, тут пакінуць. Аграном усё-такі. А ты пойдзеш. Вайна яшчэ не скончыцца. Яшчэ ляжа народу...

Тое, што гаворыць Драгун,— нязвычнае, і Міця здзіўлена на яго пазірае.

— Перамога блізка. Гітлера гоняць на ўсіх франтах.

— Блізка і далёка. Думаеш, лёгка будзе пасля вайны? Ты малады, не разумееш. Ураджаі і раней не надта былі. Што будзе цяпер — не ведаю. Людзей, коней, трактараў — нічога няма.

Так, Міця зусім не думае, што будзе рабіць, калі прыйдуць нашы. Пра многія рэчы ён яшчэ не думае, не надта задумваецца над складаным, заблытаным, што даволі-такі часта здараецца ў жыцці і з чым ён сам раз-пораз сутыкаецца.

— Дзеўка ў цябе ёсць? — пытае Драгун.— Ну, якая па табе сохне?..

Другі раз пытае аграном у Міці пра гэта. Першы раз усчаў размову болей года назад, калі заблытваў сляды, стараючыся вырвацца з мястэчка, рушыць у лес.

Як многа за год усяго адбылося! Мінулай восенню немцы фактычна былі ў Сталінградзе, ірваліся да Волгі, цяпер сутаргава чапляюцца за Днепр, каб хоць як-небудзь прыпыніць савецкае наступленне. Тады Міця нічога Драгуну не сказаў. Не мог сказаць. Штосьці як бы замінала. Цяпер ён даволі падрабязна расказвае пра адносіны з Сюзанай. Хоць расказваць асабліва няма пра што — два-тры разы сустрэліся, сядзелі на лавачцы.

— Дзівак ты,— выслухаўшы Міцю, гаворыць Драгун.— Я даўно заўважыў: ты па думках, разважаннях — сталы чалавек, па ўчынках — не выйшаў з дзіцячага ўзросту. Хоць, можа, не трэба выходзіць. Усяму свой час. Бруду на твой век хопіць. І дзеўку на тваім месцы я б прасцейшую выбраў. Якая б гарнулася да цябе!..

— Хіба можна выбраць па заказу?

— Кніг ты начытаўся, вось што. Каб твая дзяўчына была са звычайнай сям’і, можа б, не зірнуў на яе. А то бацька доктар, маці фельчар, брат лётчык. Суцэльная інтэлігенцыя. Сам вырас у нястачы, вось і цягнешся да высокага...

Дзіўна, Міця сам так думае. Пра дзяўчат, з якімі рос на адной вуліцы, вучыўся ў школе, ведае ўсё да дробязей, і яны не вабяць да сябе. Сюзана як бы з зусім іншага свету.

— Дзеўкі — дзела дзесятае,— працягвае Драгун.— Любі каго хочаш. Час пакажа, хто табе патрэбен. Тут на парадак дня паўстае зусім іншае пытанне. Вострае і неадкладнае. Цябе ў атрад з якога месяца запісалі?

— Калі прыйшоў.

— А местачковая работа? Я з табой паўтара года знаёмы, а вы ж, здаецца, і да мяне варушыліся. Хто пра гэта ведае?

Як хто? Для Міці нават дзіўным здаецца такі паварот размовы. Калі яны, местачковыя змоўшчыкі, сталі наладжваць радыё, збіраць зброю, патроху шкодзіць немцам, а пазней арганізаваліся ў групу, то зусім не думалі, што ўсё гэта трэба пісьмова засведчыць. Яны проста не маглі быць другімі, не маглі рабіць інакш, чым рабілі, і, зрэшты, нямала людзей ведае пра іхнюю работу. Анкудовіч яшчэ ў першую зіму праводзіў з імі, хлопцамі, сходку, прыслаў на лячэнне Ключніка, праз якога падтрымліваў далейшую сувязь. Нават Бондара хлопцы ведаюць, праз сястру Сяргея Амельчанкі мелі з ім зносіны, калі сам ён жыў нелегальна ў Гарбылях.

Вядома, найбольш яркая старонка чыннасці пачалася з таго часу, як іх узялі пад крыльца дэсантнікі. З групай Мазурэнкі яны вельмі добра, актыўна ўзаемадзейнічалі.

Усё гэта Міця выкладвае Драгуну.

— Дык вось так — ваявалі два гады, даведкі атрымаеце за тры месяцы,— як бы нават пасміхаючыся, гаворыць аграном.— Ключнік забіты, параненага Бондара самалётам накіравалі ў Маскву — невядома, ці жывы ён, Мазурэнка пайшоў на Захад, вы яго не хутка пабачыце, калі пабачыце наогул. Надзя Амельчанка на вашу групу глядзіць не вельмі прыхільна, бо брат яе і сястра загінулі, а вы жывыя. Што будзеце рабіць?

Міця паціскае плячамі. Навошта выхваляцца заслугамі? Абы хутчэй вярнулася армія. Сумленне ў іх, хлопцаў, чыстае, і гэта самае галоўнае. Не патрэбны наогул ніякія даведкі!

Аграном весела глядзіць на Міцю.

— Са сказанага табой заключаю — абсалютна не ведаеш жыцця. Абсалютна. Можа, нават добра гэта. У вайну было добра. Такія, як ты, ляталі пад воблакамі і нават вышэй. Ахвотна садзілі галаву ў пятлю. Але, мой хлопчык, у мірным жыцці дзейнічаюць другія законы. Той, хто не лез у пятлю, хаваўся, туляўся, можа аказацца ў больш выгодным становішчы, чым вы, гарачыя галовы. Ён сядзеў ціха, займаўся сельскаю гаспадаркаю, крывымі сцежкамі не хадзіў. Вы ж, здаецца, аднаго свайго нават у паліцыю пасылалі?

— Пасылалі. Міколу Цябута. Яму руку адцяла, як міну падкладваў. Зводкі Мазурэнку насіў ён. Мы і цяпер з ім сувязь падтрымліваем.

— Вось бачыш. Пакуль я жывы, вас у крыўду не дам. Мяне ж спецыяльна райком партыі пакідаў. Хоць ёсць такія, што і на мяне коса пазіраюць. Маўляў, залішне доўга сядзеў у мястэчку.

— Ёсць,— пацвярджае Міця.— Швалі хапае.

— Каб не здарылася толькі, што шваль голаву падыме.

— Як яна можа падняць?

Аграном выняў капшук з тытунём, асцярожна адарваў ад складзенай прамавугольнічкам нямецкай газеты паску паперы, звярцеў цыгарку. Міця таксама пацягнуўся да капшука.

— Ты даўно курыш?

— Па-сапраўднаму з лета.

— Што значыць, па-сапраўднаму?

— Ну, кожны дзень.

— Дык вот слухай, малады курэц. Я табе адну быль раскажу.

Чалавек, якога мы лічылі забітым ці прапаўшым без весці, аказаўся жывы. У свой час яго пакідалі камандзірам партызанскага атрада, а ён распусціў атрад...

— Вы пра Мацвеева гаворыце? — пытае Міця.

Драгун здзіўлены:

— Ты хіба яго ведаеш?

— Не ведаю. Сяргей Амельчанка быў у тым атрадзе. Можа, праз гэта загінуў. Над тымі, хто вярнуўся з атрада, вісела падазрэнне, і немцы за імі сачылі.

— Правільна, загінулі людзі. Але ж Мацвееў сябе ў гэтым вінаваціць не будзе. Прыйдзецца з ім сутыкнуцца, сёе-тое даказаць.

Міцю аж сумна стала. Нашы на Дняпры, калі фронт не запыніцца, не застыне на месцы, вельмі хутка чырвонае войска будзе тут, і гэта цяпер самае галоўнае. Навошта капацца ў мінулым?

Драгун нібы ўгадаў яго думкі.

— Ладна, не вешай носа. Нагаварыў я табе тут непатрэбшчыны. Сяму-таму ў гэтай вайне мы навучыліся. Такімі, як былі, не будзем. Скажы мне лепей вот што. Мінулагодняй восенню каля Дубровіцы я звязаў вас з дэсантнікамі. Ты з таварышам на сустрэчу прыходзіў. Яшчэ соль у торбачцы прынеслі. Не памятаеш, калі была сустрэча?

— У канцы лістапада.

— Чысла не помніш?

— Не помню.

— Ладна. Справа ў тым, што партызанам будуць выдадзены даведкі. Ужо бланкі друкуюцца. Але атрад створан сёлета ў сакавіку, сюды, у свой раён вярнуўся ў маі. З мая месяца табе, як сувязному, будзе выдадзена даведка. Аб астатнім самі падумайце. Сабярыце ўсё, што датычыць дзейнасці ў мястэчку,— лістоўкі, газеты, адным словам, усе, якія ёсць, дакументы. Сувязь з дэсантнікамі трэба будзе абавязкова пацвердзіць. Перадай вашым падпольшчыкам у мястэчку мой загад.

Драгун пайшоў, а Міця задумаўся. Як ён жыў? Ці правільна тое, што рабіў? Ён можа прызнацца як на споведзі: рабіць інакш, чым рабіў, не мог. Тут супярэчнасці няма. Сумленне яго спакойнае. Вядома, ён хітраваў, выкручваўся, маскіраваўся. Але іначай нельга. Хацеў бы ён паглядзець на таго адважнага, хто прыдумаў бы што-небудзь іншае, чым яны, местачковыя змоўшчыкі?..

У вячэрнім небе праклёўваюцца першыя зоркі. З наступленнем цемені зверху чуваць гул матораў. Савецкія эскадрыллі ляцяць на захад.

Новапрызначаны камандзір Бацькавіцкай брыгады Якубоўскі разам з камісарам Груцай і начальнікам штаба Анкудовічам (іх суправаджае ахова з узброеных аўтаматамі коннікаў) па тэрміноваму выкліку выбраліся ў абком, у межы Акцябрскага раёна.

Выклік трохі нязвычны, нечаканы. Як камандзіраў, Якубоўскага і астатніх зацвердзілі яшчэ тыдні два назад, наконт якой-небудзь справаздачы не папярэджвалі. Пагойдваючыся ў сядле, Якубоўскі на ўсякі выпадак прыкідвае, што зроблена за апошні месяц. Хутчэй за ўсё будуць цікавіцца нарыхтоўкамі, гатоўнасцю да зімы. Што ж, склаўшы рукі, новая брыгада не сядзела. Сорак тон прыхаванага ў ямах збожжа, калі ўлічыць, што раён на тры чвэрці вынішчан, не так ужо мала.

Ля Лазавіцы да коннага гурту далучаюцца гарбылёўцы і ля Літвінава — дамачоўцы. Дзіўна, гарбылёўскіх брыгад стала дзве, у Дамачоўскай — пяць атрадаў, а выклікалі таксама толькі па тры чалавекі, пераважна камісараў, сярод якіх прызначаныя яшчэ вясной і летам сакратары падпольных райкомаў.

— На павышэнне едзем, хлопцы,— шчэрыць зубы Гервась, камісар другой Гарбылёўскай брыгады.— Дадуць па трыццаць пар лапцей і наперад, на Захад!..

Пад Беласток ці пад Брэст. Думаў, са сваімі вот-вот пабачуся. Ды, відаць, не скора тое сонца ўзыдзе...

Што ж, можа і так быць. З часу прылёту Волаха ўжо некалькі ініцыятыўных груп на чале з бывалымі, якія прайшлі агонь, ваду і медныя трубы, партызанамі рушылі ў заходнія вобласці. Раздзьмухваць полымя партызаншчыны там, дзе яно яшчэ недастаткова разгарэлася.

Наогул пры Волаху парадкі сталі цвярдзейшыя. Штаб злучэння і абком цяпер не пры Гарбылёўскай брыгадзе. Штаб Волах зрабіў незалежным — яго ахоўвае спецыяльна набраны атрад.

Хмялеўскі — ён астаўся камісарам у ранейшай брыгадзе, едзе побач з Валюжычам, які замяніў Вакуленку.

— Не на захад нас пашлюць,— гаворыць Хмялеўскі.— Каго трэба — паслалі. Тут нешта другое.

— Што ты хочаш сказаць?

— Тое, што чуеш. Не забывайце — армія на Дняпры. Нашы, калі пачнуць наступленне, будуць тут праз тры дні. Калі фронт спыніцца, а можа і такое быць, ваяваць прыйдзецца ў прыфрантавой паласе. А гэта табе не за бобікамі ганяцца...

Камандзіры прыціхлі. Прывід фронту, які насупроць зімы можа пралегчы па тутэйшых балотах і лясах, патаемна непакоіць кожнага. Цяжка ўявіць сабе, што будзе, калі ўзброеныя да зубоў немцы-франтавікі зоймуць уцалелыя вёскі, а партызан выціснуць у лес і на балота. Наперадзе марозы, снягі, завеі...

Чыгунку з Оўруча на Жлобін, праўдзівей, насып, які ад яе застаўся, перамахнулі з вялікай асцярогай. Тое, што робіцца цяпер на гэтай чыгунцы, нібы пацвярджае сказанае Хмялеўскім. Вясной партызаны чыгунку вывелі са строю, рэйкі расцягнулі, патапілі ў балоце, шпалы папалілі. Але іменна цяпер, насупроць зімы, спецыяльныя чыгуначныя каманды ўзяліся за яе аднаўленне. Кожны, бадай, дзень у партызан сутычкі з вайсковымі сапёрнымі камандамі. Гэта можа азначаць толькі адно: фашысты рыхтуюцца да абароны, балотнае Палессе, якое прыкрывае з поўдня Беларусь, так проста саступаць не збіраюцца.

У вёсачку, дзе размяшчаецца абком і штаб злучэння, камандзіры прыехалі прыцемкам. Але і дарога няблізкая — вёрст шэсцьдзесят адмахалі. Паспакайнелі душой, убачыўшы, што Волах, сакратар абкома, камандзір злучэння, які мае генеральскае званне, партызанскай звычцы тым не меней не здраджвае: накінуўшы на плечы ватоўку, сядзіць пры вогнішчы, пячэ разам з хлопцамі ахоўнага атрада бульбу, смяецца з дасціпных жартаў і сам вясёлыя гісторыі расказвае...

Ноч светлая, месячная. За акном, за Прыпяццю, у хісткім срабрыстым святле відаць зарэчныя сенажаці, якія цягнуцца аж да сіняватай грады лесу.

Дамок, у якім знайшоў сабе кватэру Тапаркоў, з’явіўшыся ў Мазыр у мундзіры ўласаўскага паручніка і маючы на руках спраўныя дакументы, стаіць на самым беразе ракі. Тут Тапаркову прыдатней, асабліва калі мець на ўвазе, што яго асобай могуць зацікавіцца. Але, здаецца, гэтым не пахне. Цывільная нямецкая ўлада з горада драпанула. Генерал Фрыдрых таксама адбыў, пакінуўшы замест сябе другараднага афіцэра. У Тапаркова заданне — угаварыць Турбіну ехаць разам з немцамі, калі ёй прапануюць эвакуацыю. Там, дзе яна спыніцца, яе так ці інакш знойдуць.

Эрна Іванаўна нервова пахаджвае па пакоі.

— Не хачу нікуды ехаць. Вы, Анатоль, не разумееце. Генерал Фрыдрых у Германіі такой, як тут, пасады займаць не будзе. Ён звычайны паліцэйскі служака. У штаб мяне там не возьмуць. Я ж для іх не болей, чым фольксдойч...

— Не трэба ў Германію, Эрна Іванаўна. Спыніцеся ў Пінску, Брэсце, на горшы выпадак дзе-небудзь у Польшчы. Магу вам па сакрэту сказаць, мой начальнік ужо, мабыць, пад Брэстам. І я там буду. Для нас вайна яшчэ не скончана.

Жанчына аднак пратэстуе яшчэ з большым імпэтам.

— Навошта я ў Польшчы? Мовы не ведаю, перакладчыцай быць не змагу. Піхнуць куды-небудзь на фабрыку. Якая будзе з мяне карысць? Не забывайце, што дзеці ў мяне...

Тапаркоў сам пачынае вагацца:

— Добра, Эрна Іванаўна. Дамовіліся: паедзеце толькі тады, калі прыстануць з нажом к горлу. А так будзьце тут. Горад прыфрантавы, звесткі адсюль да зарэзу патрэбны...

Штосьці задрыжала, затрымцела ў душы сувязніка, калі жанчына нейкім незвычайна ломкім голасам раптам сказала:

— А вы не можаце астацца тут, Анатоль? Прывыкла я да вас... І не толькі прывыкла... Болей за год разам. Ды ў такім страху. Баюся за вас. Вы сябе зусім не ўмееце берагчы...

За трыццаць гадоў вандроўнага цыганскага жыцця ніводная жанчына не сказала Тапаркову такіх слоў, як гэтая, якой ён даўно ўпотай любуецца. Тое, чаго ён так доўга чакаў, у што не верыў, раўняючы яе і сябе, здаецца, прыйшло...

Тапаркоў падышоў, неяк нясмела прыхінуў жанчыну да сябе. Яна яго не адштурхнула...

— Ты ўсё даўно ведаеш,— таропкім пошапкам гаварыў ён ёй праз хвіліну.— Чакай мяне. Чуеш, чакай... Не бойся, я вярнуся. Прыйду да цябе. Знайду цябе хоць на краі свету...

Была незабыўная, хмельная ноч, авеяная хісткім мроівам месячнага святла, радасць самазабыцця, абладання каханай жанчынай. Толькі на адно імгненне халодная вужака рэўнасці кальнула шчырае, адкрытае сэрца Тапаркова — гэта калі Эрна спытала пра немца Фрыца Зонемахера, які яшчэ летам перайшоў да партызан. Але на адно толькі імгненне. Яна з ім, належыць яму, і якая яму справа да таго, што магло ў яе быць ці было. І ў яго было. Аднак яго прыстань тут, ён знайшоў нарэшце тую, якую так доўга шукаў...

Пра тое, што Зонемахера паслалі туды, калі нядаўна ён сам угаварваў ехаць Эрну, Тапаркоў не сказаў. Навошта гаварыць словы, якія для чужога вуха, няхай сабе нават для гэтага мяккага, далікатнага, якое яму так падабаецца, не прадназначаны?..

Хмялеўскі як у ваду глядзеў: на пасяджэнні абкома ўсіх, хто прыехаў з усходняй зоны, зацвердзілі сакратарамі падпольных райкомаў. Цяпер райкомы ў поўным складзе. Уладу ім далі вялікую: падабраць кандыдатаў і прызначыць раённае звяно, каб з прыходам Чырвонай Арміі на месцы поўнасцю дзейнічала Савецкая ўлада. І яшчэ адна нязвычная дырэктыва: кароў, якія знаходзяцца ў асабістым карыстанні насельніцтва, сабраць і хаваць у лясных партызанскіх кашарах. Прычына ў тым, што фашысты, адступаючы, абдзіраюць народ дашчэнту, пакідаючы пасля сябе мёртвую зямлю...

Назад, у Рагалі, Якубоўскі вяртаецца, ахоплены супярэчлівымі пачуццямі. Сталася так, што ён цяпер не толькі камандзір над трыма з лішкам сотнямі партызан, а і першы сакратар райкома, кіраўнік раёна, які павінен думаць, як аднавіць спаленае, знішчанае ворагам, паклапаціцца, чым людзі будуць займацца, дзе жыць, што есці. На два гады прывязала яго хваля ваеннага ліхалецця да гэтых мясцін, і цяпер ён за іх у адказе. Яго бацька, за царом яшчэ выгнаны бясхлебіцай з пясчанай магілёўскай вёсачкі, дапяў да Алтая, там Якубоўскі вырас, палюбіў той край. Але і гэты ён любіць не меней. Будзе старацца, каб раён хутчэй акрыяў, стаў на ногі. На розныя пагрозы вельмі зважаць не будзе. Дні тры назад нехта падкінуў у штаб запісачку, у якой абяцае парахавацца з імі, старэйшымі партызанамі. Якубоўскі здагадваецца, чыя рука магла напісаць такую запіску. За два гады яны, зачынальнікі партызанскага руху ў раёне, сяму-таму на хвост наступілі, асабліва мінулагоднім летам, калі ўжо надта актыўна пачалі вытыркацца некаторыя бургамістры і паліцаі. Нічога, вецер дзьме цяпер у твар ворагам, свята не за гарамі. Можа, яны таму і лютуюць. Але пільнасць трэба...

Яўтушыка прымаюць у партыю. Не аднаго яго — камандзіра роты Ткача, разведчыцу Тацяну Бурак, яшчэ двух-трох найбольш заслужаных, старэйшых партызан. У штабной хаце камандзіры і астатнія члены райкома сядзяць з засяроджанымі тварамі.

Калі Якубоўскі прапанаваў яму, Яўтушыку, паступаць у партыю, то ён адразу згадзіўся. Чаму было не згадзіцца? Хіба ён з самага пачатку не памагаў, не пасабляў Савецкай уладзе, не падпіраў яе сваімі плячамі? У калгас паступіў, лічы, што першым, рабіў, што загадаюць, яшчэ да вайны за добрую работу яго паслалі на выстаўку ў Маскву. І раённая грамата ў Яўтушыка ёсць: яму выдалі яе за брыгадзірства на лесанарыхтоўках. Добра яны тады павазілі лесу: і авёс коням быў, і людзі падабраліся што трэба. Аж гай шумеў, як тралявалі кражы...

Рэкамендацыі Яўтушыку далі сам Якубоўскі, камісар Груца і Анкудовіч. Можна сказаць, найвышэйшае начальства, якое цяпер, хоць немцаў яшчэ не выгналі, пастаўлена на раён. Здымецца на картачку і атрымае білет ён тады, калі ў раёне ўсталюецца мірная ўлада.

За Яўтушыка гавораць тыя, што паручыліся за яго.

— Добры камандзір аддзялення. Сумленны, дысцыплінаваны. За паўтара года — ніводнага наракання. Яго можна і на ўзвод паставіць,— так сказаў Якубоўскі.

— Самалёт збіў. Прывёў у лагер фашысцкага аса з двума гітлераўскімі крыжамі. Той ас даў цэнныя сведзення нашаму камандаванню,— гэта словы Анкудовіча.— Я згодны з прапановай Якубовіча.

— Я табе дам кніжачку. Статут партыі. Прачытаеш уважліва. Калі што не зразумееш, прыйдзеш да мяне,— гэта сказаў камісар Груца.

За тое, каб прыняць Яўтушыка кандыдатам у члены партыі, падымаюць рукі ўсе прысутныя.

На ганку, куды ўзмакрэлы Яўтушык выскачыў са штабной хаты, іншая гамонка.

— Ты, Панас, станавіся пракурорам. Можа, выцісну калі самагонкі, дык будзе ў раёне свая рука. З бяды выручыш.

— У міліцыю лепей ідзі. Начальнікам, можа, не паставяць, а ўчастковым, то — напэўна. Характар у цябе спакойны, калі паб’ецца мужык з бабаю — разбярэш...

— У пажарную кіруй, Яўтушык. І мяне бяры. Экзамены мы, лічы, паздавалі. Колькі паляжалі на жыватах у засадах?..

— Ідзіце вы! — адгыркваецца Яўтушык.

Размова, паміж іншым, не так сабе. Ведаюць партызаны, што вось-вось будуць прызначаць іх на мірныя пасады. Каго сапраўды ў міліцыю, каго на чыгунку, каго старшынямі, брыгадзірамі ў калгасы...

Разложыстыя станцыйныя таполі густа сыплюць пажаўцелае лісце. Ім усланы навакольны дол, пуці, заасфальтаваны перон. Лісце шасціць пад нагамі, разносіцца ветрам.

Паніку паднялі з раніцы. Конюх Якаў похапкам пагрузіў на фурманку звязаны ў клункі бургамістраў скарб, паспешліва пакіраваў на станцыю. Узялі самае неабходнае: пасцель, вопратку, мяшок мукі, усё, якое было, сала.

Таварныя вагоны падалі апаўдня. Два займае паліцыя, трэці вызначаны бургамістру і мясцовай адміністрацыі. З мясцовых начальнікаў ніхто, акрамя бургамістра, эвакуіравацца не захацеў. Сем’і Рыгмана, забітага партызанамі Вайса, а таксама фольксдойчы-перакладчыкі едуць з паліцыяй.

Аўгуст Эрнэставіч ні з кім не размаўляе. Яму не таму крыўдна, што найбліжэйшыя людзі, якія дзялілі з ім уладу, у водступ не едуць. Няхай астаюцца, іхняе дзела. Але хоць бы адзін прыйшоў на станцыю, сказаў добрае слова, паціснуў руку. Нікога няма...

З тугой глядзіць Аўгуст Эрнэставіч на пажаўцелыя дрэвы, якія густа разрасліся на Вакзальнай вуліцы. Там яго дамок, сядзіба, там ён быў шчаслівы. Куды едзе цяпер, чаго?..

Жонка, дзве яе сястры ходзяць па пероне надзьмутыя. Не паспелі забраць усіх бэбахаў. Жонка намагалася нават яшчэ раз паслаць Якава на кватэру, прыхапіць посуд, крэслы, люстры, але Аўгуст Эрнэставіч гэтак на яе гаркнуў, што прыкусіла язык. Не, ганьбіцца перад местачкоўцамі ён не будзе.

Манеўровы паравозік прычапляе нарэшце вагоны да вайсковага эшалона. На пероне стаіць Якаў, махае на развітанне шапкай...

Пяць дзён грукае па рэйках вагон, парыпвае расхлістанымі драўлянымі сценкамі, пазвоньвае бляхай. На немцаў Аўгуст Эрнэставіч крыўдаваць не можа. Абыходзяцца як з чалавекам. Ён ніякі не вайсковец, але на буйных станцыях палучае па пасведчанню бургамістра-выгнанніка салдацкае варыва — прыносіць у вагон адразу па два кацялкі.

Нечаканасць падсцерагае на шосты дзень. Аўгуст Эрнэставіч ужо змірыўся з думкай, што едзе ў Германію, у краіну сваіх далёкіх продкаў. Што ж, мужчыны на вайне, лес расце і ў Германіі, сякі-такі занятак ён сабе знойдзе.

Але вагоны з выгнаннікамі (па дарозе прычапілі яшчэ некалькі) разгружаюць у Польшчы. З жахам чытае Крамер незвычайную для слыху назву станцыі — Бяла-Падляска. Гарадок сапраўды белы, аднапавярховы, але людзі хмурыя, злосныя, на такіх, як Крамер, глядзяць з нянавісцю.

Паліцыю — у казарму, паліцэйскія, іншыя сем’і — у баракі, Крамеру дастаецца асобны дамок.

Толькі перавёзшы рэчы на новую кватэру, Аўгуст Эрнэставіч выяўляе непапраўную страту — у спешцы забыў аздобленую марскімі ракавінкамі скрыначку. У ёй фотаздымкі бацькі, родзічаў, розныя падзякі, граматы, якімі ён, леспрамгасаўскі работнік, узнагароджваўся за бездакорную службу.

Аж халадзее Аўгуст Эрнэставіч. Халодны боль сціскае сэрца. Некалькі дзён жыве пад уражаннем, што сам, сваімі рукамі абсек карэнне, якім трымаўся за зямлю. У яго на руках цяпер адны нямецкія дакументы.

Немцы акуратныя — прапаноўваюць Крамеру службу на трэці дзень. Камендантам лагера бежанцаў. З гневам ён адмаўляецца.

У чужым, варожым горадзе Аўгуст Эрнэставіч вытрымлівае толькі тыдзень. Гомель, Мозыр у нямецкіх руках, бальшавікі наперад не прасунуліся. Дарма ён паспяшыў з эвакуацыяй. Параіўшыся з жонкай (яна цяпер паттаквае кожнаму слову), садзіцца ў цягнік. Намер у Аўгуста Эрнэставіча такі: з’ездзіць у Бацькавічы, забярэ шкатулку, параіцца з блізкімі людзьмі. Можа, што-небудзь лепшае прыдумае.

Цягнікі на фронт імчаць хутчэй, чым з фронту. Праз два дні, надвячоркам, Аўгуст Эрнэставіч злазіць на местачковай станцыі. Таполі асыпаліся зусім, дрэвы ўсюды голыя, але выгляд мястэчка ранейшы. На пуцях пахаджваюць салдаты-ахоўнікі, з пашы вяртаецца статак. З комінаў хат падымаюцца шызыя дымы.

Горка, балюча Аўгусту Эрнэставічу. Чаго, куды ён паехаў? Хіба на чужыне шчасце?

Крамер аднак цверазее, як толькі пераступае парог роднага дома. Пакоі пустыя, сцены абадраныя, абшарпаныя. Усё, што можна вынесці — ложкі, крэслы, сталы,— знікла. Нават зашчапкі дзвярэй, акон павыдзіраны. Скрыначку з паперамі, граматамі цяпер днём з агнём не знойдзеш...

Начаваць Аўгуст Эрнэставіч ідзе да млынара Забелы. Два гады назад, у трывожныя, няпэўныя дні, яго хата дала яму прытулак. Дасць і цяпер. Забела — чалавек надзейны.

Млынара, нягледзячы на позні час, дома няма. Жонка дык проста спалохалася, убачыўшы Крамера.

Аўгуст Эрнэставіч ляжыць на ложку, пакутліва думае. Дарма ён вярнуўся ў мястэчка. Нікому тут не патрэбны. Мабыць, і Забела шукае новых гаспадароў, калі валэндаецца па ночы.

Млынар прыязджае апоўначы. Распрагае на двары каня, доўга шэпчацца ў пярэднім пакоі з жонкай. Вітаючыся з Аўгустам Эрнэставічам, адводзіць позірк. Гаворка трапяткая, хлуслівая: забавіўся на полі, сеяў жыта. Сеяў, але каму?..

Назаўтра Крамер, хмура развітаўшыся з млынаром, ідзе на станцыю.

 

ІІ

Станцыя Гарбылі наўсцяж забіта эшалонамі. З ранку да ночы не можа ўтаймавацца чалавечы мурашнік. Чакальная зала, рэстаран, каса абсталяваны пад вайсковы прадпункт. Круглыя суткі дымяць умураваныя ў сцены катлы. Звінючы кацялкамі, натоўпы салдат бягуць і бягуць за варывам.

Лета, восень Адам Васільевіч Глушко жыве, як на вулкане. Сягае з агню ды ў полымя. Ён па-ранейшаму дарожны майстар, хоць палавіна памочнікаў даўно ў партызанах. Цяпер камандуюць ім з лесу.

Не паспела скончыцца справа з немцамі, як нахлынула новая. Пятрэнка, той самы чэкіст, які ўгаварыў Адама Васільевіча заняць цяперашнюю пасаду, прыслаў да яго на кватэру пераапранутага ва ўласаўскую форму партызана. Прозвішча Саркісаў.

Самазваны ўласаўскі маёр ужо два тыдні расхаджвае па станцыі, заводзіць гешэфты з такімі, як сам, п’е з імі гарэлку.

Гэта найбольш трывожыць Адама Васільевіча.

Калі партызана схопяць, дарожнаму майстру не выкруціцца.

Залішне многа накіпела на яго рахунку.

У канцы лета Глушко адправіў у лес немцаў. Яго жыццё вісела на валаску. Фрыц Зонэмахер, Пауль Лінке, астатнія тодтаўцы працавалі добра, партызанам, разведчыкам памагалі моцна. Але апетытаў стрымаць не змаглі. Захацелася залучыць новых таварышаў. Капітан Лінке папаўся. Яго суайчыннік, такі ж, як ён, афіцэр, з ходу аддаў яго ў лапы гестапаўцам.

Немцаў павёў у партызаны абходчык Жарнавік. Назад не вярнуўся.

А ён, Глушко, хадзіў па станцыі, аддаваў загады ўвесь той час, калі гестапаўцы ламалі капітану косці. Цвёрды аказаўся немец. Як крэмень.

Глушко хоча ў лес. Сям’ю адправіў у вёску. Цяпер многія чыгуначнікі адпраўляюць, бо ёсць прычына. Два разы наляталі на станцыю савецкія самалёты. Лому, пажару нарабілі вялікага, але некалькі бомбаў трапіла на дамкі пуцейцаў, стрэлачнікаў.

Бяда ў тым, што ў Глушко некалькі гаспадароў. Прысылае заданні Пятрэнка, Гервась з Гарбылёўскай брыгады, прыходзяць сувязныя з другіх атрадаў. У свой час не адбіўся, а цяпер нявыкрутка.

Адно заданне Адам Васільевіч хоча выканаць абавязкова. За станцыяй, на спецыяльна ачышчанай, абнесенай дротам пляцоўцы, цэлая гара бочак з бензінам. Гервась падаслаў дзве міны з бікфордавымі шнурамі. Тыя міны даўно ў Віктара, роднага брата Косці Станкевіча, якога летась расстралялі немцы.

Віктар, яго памагатыя — хлопцы што трэба. Гарадскія хлопцы. Трохі жулікаватыя, авантурныя. Ходзяць з фінкамі, з пісталетамі ў кішэнях. Але за год навучыліся мастацтву, зробяць як трэба.

Глушко дакарае сябе, што не піхнуў Віктара на бензінавы склад у бамбёжку. Было б чыста, гладка. Спісалі б бензін на рахунак савецкіх лётчыкаў. А цяпер звязвае рукі Саркісаў. Трэба яго апекаваць.

Адам Васільевіч прагне ўзарваць склад, бо гэта жывы козыр. Будзе чым выхваліцца ў лесе. Патайная работа вядома нямногім. Пажар убачаць усе. Пажарам дарожны майстар дакажа, што нездарма еў нямецкі хлеб.

Пойдзе ў партызаны з музыкай.

Саркісаў начаваць не прыходзіць. Назаўтра Глушко рашаецца. Ідзе ў кантору да рахункавода Грыба. Грыб цяпер вялікі начальнік — сакратар падпольнага гаркома. Нават у лесе яго зацвердзілі.

— Выручай, Сяргей Сяргеевіч,— просіць Глушко.— Хоць я беспартыйны. У лес пайсці не магу, бо на шыі маёр. Пятрэнка мяне за яго з’есць. А час мой настаў. Сам разумееш. І са складам цягнуць нельга.

Грыб думае нядоўга.

— Прысылай да мяне. Што-небудзь прыдумаю. Ідзі, Адам Васільевіч. Калі што якое, скажаш — я загадаў,— гаворыць ён.

Абдымаюцца, цалуюцца...

Вечарам Глушко ў напружаным чаканні. Пайшоў на ўвесь банк — узяў на хлопцаў імянныя начныя пропускі, завёў на месца.

У другой палавіне ночы Гарбылі прачынаюцца ад частых глухіх выбухаў. Пажар на станцыі залівае паўнеба чырванню.

 

ІІІ

Будка на месцы. Сасна на месцы. Вяртаюцца вятры на ранейшыя кругі. Толькі аддзяленне, у якім служыць Петэрле, парадзела напалавіну. Унтэр-афіцэра Лібке паслалі на фронт, Венігер, з якім Петэрле найбліжэй сышоўся і якога яму асабліва цяпер не хапае, атрымаў пачастунак ад партызан. Добра, што ў мяккае месца. Пакуль вылечыцца, можа, скончыцца вайна.

Аўчаркі Касо таксама няма — здохла.

Петэрле задаволены, што з ранейшага, ляснога штуцпункта перавялі на гэты, знаёмы. Хоць радавацца нечага. Асабліва пасля той ночы, калі сотні лясных бандытаў выпаўзлі на чыгунку, а затым наладзілі свой «канцэрт». Страшная штука.

Хоць позняя, але цёплая восень. Ваколіцы мястэчка — у блакітнай смузе. Сінія, жоўтыя, чырвоныя колеры зліваюцца ў адно, нараджаючы надзвычай прыемную для вока гаму. У прыродзе — прыгажосць. Тут, як у родным Ціролі, куды Петэрле нядаўна з’ездзіў на урляўб. А людзі дурнеюць. Даўно падурнелі.

Петэрле ляжыць пад сасной ля Птахавага пераезда, іграе на губным гармоніку.

 

O Strasburg, O Strasburg

Du wunderschöne Stadt

Darinen liegt begraben

So mänlichen Soldat.

So mancher und schöner

Als tapferer Soldat

Lieb Fater und lieb Mutter

Böslich verlassen hat.

Verlassen, verlassen

Es kann nicht anders sein

Begraben, begraben

Soldaten müssen sein...1

 

Праклятыя прусакі, думае Петэрле, скончыўшы іграць. Палавіна іх песень пра вайну і смерць. Вечна не хапала ім зямлі: ірваліся на чужую. І другіх у невад зацягвалі. Завошта ён, Петэрле, пакутуе? Якому д’яблу ахвяруе маладое жыццё?

Падоўгу аддавацца панылым думкам Петэрле не ўмее. Жыццё кароткае, трэба ўмець лавіць хоць часовыя радасці. У час урляўбу ён маху не даў. Лізхен і Грэтхен з малочнага заводзіка наўрад ці будуць на яго крыўдаваць. Але тое было даўно. А вось цяпер на будку прыходзіць чысціць бульбу, варыць суп апетытная паненачка. Тоўсценькая, блакітнавокая, як большасць славянак. Сякія-такія захады Петэрле зрабіў. Але вечарам дзеўчанё ўцякае. Трэба быць больш настойлівым.

Нешта трывожнае аднак у душы варушыцца. Адкуль яно, Петэрле не ведае. Можа, таму трывога, што рускія блізка, перайшлі Днепр. На мінулым тыдні выразна была чуваць артылерыйская кананада. Праўда, апошнім часам грымоты сціхлі. Калі рускія прарвуцца, то прыйдзецца ваяваць і ім, ахоўнікам.

Зноў думкі Петэрле варочаюцца да страшнай ночы, калі суцэльным агнём, выбухамі грымела чыгунка. Якраз у той вечар ляцелі ў вырай жураўліныя ключы. Вольныя птахі і ноччу ляцяць і што на сваім шляху бачаць? Пад вечнымі зорамі на знаёмых пуцінах бушуюць пажары, круцяць агнявыя віры. Птушкам, мабыць, здаецца, што яны збіліся з тропу. Але то людзі збіліся, не птушкі. Чалавек — найвышэйшае тварэнне пана бога ці прыроды — лічыце, як хочаце, панове палітыкі,— але ён грызе адзін другога. Народ ідзе на народ. Дзеля чаго, навошта?..

Петэрле зноў іграе. На гэты раз мелодыю на верш Гейнэ. У сучаснай Германіі Гейнэ забаронены, але Петэрле на гэта напляваць. У сасны, якая навісае над ім зялёным ценем, вушэй няма, яна не выдасць.

 

Ein Fichtenbaum steht einsam

Im Norden auf kahler Höh...

...Sie träumt von eiane Palme,

Die fern in Morgenland

Eiansam und schweigend trauert

Auf brennenden Felsenwald.2

 

У песні штосьці ёсць. Сасна марыць пра пальму. Яны — як сёстры. Вось так павінны жыць людзі...

З будкі чуецца каманда.

Петэрле хавае гармонік у кішэню, хапае кіцель, нацягвае на плечы, на хаду зашпільвае гузікі, бяжыць у строй.

 

1   О, Страсбург, о, Страсбург,

Ты цудоўны горад,

Каля цябе пахаваны

Мужны салдат.

Мужна і далікатна,

Як храбры салдат,

Ён пакінуў любімага бацьку

І любімую маці.

Пакінуў, пакінуў,

Інакш нельга было,

Бо салдаты на тое салдаты,

Каб гінуць... (ням.)

2   На севере диком стоит одиноко

На голой вершине сосна...

...И снится ей все, что в пустыне далекой,

В том крае, где солнца восход,

Одна и грустна на утесе горючем

Прекрасная пальма растет (ням.).

IV

Грымоты па гэты бок Дняпра заціхлі на цэлы месяц. Але фронт блізка, ён побач, і гэта надае Міцю, Лобіку, усім знаёмым партызанам сілы, бадзёрасці, нейкага агніста-радаснага адчування жыцця.

Хлопцы па-ранейшаму ходзяць да Лобікавага дзеда ў мястэчка. Аднойчы трапляюць у прыкрую гісторыю. Ноччу ляжаць у хляве, на сене, чуюць, як нейкія людзі прыходзяць у двор, выклікаюць з хаты дзеда, тузаюць яго, патрабуючы, каб запрагаў каня. Дзед хітры — адно кола ад калёс звычайна хавае. Хто там на двары? Паліцэйскія выехалі, але, можа, уласаўцы? Дрэнна, няма вінтовак, прыхавалі, калі ішлі ў хату, на агародзе. Для дзедавай бяспекі.

Калі фурманка грукае коламі за дубамі, хлопцы выскакваюць са сховішча.

— Хто тут быў? Уласаўцы?

— Вашы,— дзед безнадзейна махае рукой.

Лобік, Міця, Сяргей хапаюць вінтоўкі, штосілы бягуць услед за возам, які тарахціць па пнёўі. Даганяюць фурманку перад Росіцай. Клацаюць затворамі, гэтак напорыста насядаюць на трох мужчын, што тыя падымаюць рукі.

Але, так і ёсць — партызаны. Чацвёрты Дамачоўскі атрад, які складаецца напалавіну з былых паліцэйскіх. Самы недысцыплінаваны ў брыгадзе.

Дамачоўцы віну прызнаюць. Гатовы аддаць каня, мяшок мукі, забраныя ў дзеда.

Але тым часам світае. З канём, з вінтоўкамі ў мястэчка не сунешся.

Хлопцы — велікадушныя. Муку дораць дамачоўцам, дазваляюць давезці да Падляшскага хутара. Затым, завярнуўшы фурманку, знаходзяць у саўгасе падлетка, загадваюць адагнаць каня ў мястэчка. Ідуць да Аўрама. Міцевай маці ў хаце няма. Пайшла з дзецьмі ў шалаш.

Пасеўшы за стол, частуючыся, гаспадар і госці зусім не заўважаюць, як на Росіцкую вуліцу ўцягваецца доўгі цуг нямецкіх фур.

Двое салдат устанаўліваюць на агародзе кулямёт, трое ідуць у хату.

Ратуе сям’ю гаспадыня. Выбягае на двор, нешта немцам гаворыць, ловіць курэй. Аўрам, падняўшы маснічку, спускае гасцей у падполле. Разам з вінтоўкамі. Нават калыску на месца прыгрэбніка падцягвае, раскатурхвае дзіця, каб плакала...

Смерць хадзіла побач, але не зачапіла.

Ноч перад кастрычніцкім святам аб’яўлена ноччу помсты. Ва ўсіх кірунках разыходзяцца партызанскія групы, групкі паляваць на фашыстаў. Хлопцы ідуць у мястэчка. Асушаным балотам падбіраюцца да Лобікавага двара. Выразна чуваць, як праз вуліцу, на станцыі, чухкае паравоз, даносіцца гоман салдатні. Але да станцыі не падбярэшся — ноч надзіва месячная. Хлопцы аднак сядзяць, чакаюць.

Нарэшце на вуліцы маячыць постаць, якая ўся блішчыць. У скураных паліто ходзяць толькі афіцэры. Тры гулкія стрэлы грымяць амаль адначасова, і ўслед за імі нечалавечы, дзікі крык. Гэты крык стаіць у Міцевых вушах увесь час, пакуль ён бяжыць праз балота да лесу.

Назаўтра пасланыя з Дубровіцы ў мястэчка жанчыны пацвярджаюць — забіты мадзьярскі афіцэр.

Затым — блакада. Уцалелыя вёскі, вёсачкі — і Рагалі таксама — захоплены ўласаўцамі. Адну ноч Міця з атрадам ляжыць пад Лазавіцай. У вёсцы зыркія агні, здраднікі п’юць гарэлку, спяваюць. Пра што яны думаюць — фронт зусім блізка. Чырвоная Армія наступае.

Атрад блукае па лясах, па балотах. Затое колькі новых мясцін Міця пабачыў, колькі людзей!

Самае памятнае, радаснае ў гэтыя дні — сустрэча з бацькам. Апранутага ў чыгуначную нямецкую вопратку, высокага, васпаватага чалавека, з кароткім карабінам за плячамі Міця ў першую хвіліну не пазнаў. Але паходка — бацькава, яго гаворка. Бацькава калона ідзе ў адзін бок, Міцева — у другі. Пагаварылі на хаду, прыхваткам, задыхаючыся ад наплыву пачуццяў. Ты таксама ў партызанах, бацька, у Гомельскім злучэнні. Уцёк з Германіі — гэта самае галоўнае. Нялёгка адтуль уцячы. Сям’я цэлая, не хвалюйся, і недабудаваная хата таксама цэлая. Сустрэнемся дома. Ужо хутка...

Засядае падпольны райком. Партызан прызначаюць на розныя раённыя пасады. Міцю таксама вызначаюць пасаду — старшага падатковага інспектара райфа. Дзіўна, што Міця ў падатках разумее?

Нарэшце зноў грыміць. Якубоўскі пасылае Міцю і Лобіка ў Росіцу — там павінны быць чырвоныя войскі. Хлопцы ідуць усю доўгую асеннюю ноч, а назаўтра раніцай, непадалёк ад Аўрамавай хаты бачаць трох вайсковых разведчыкаў. Байцы трохі старэйшыя за іх, у ватоўках, з перавешанымі цераз шыю аўтаматамі.

Пагаварыўшы з партызанамі, разведчыкі просяць іх пачакаць, самі ідуць за пасёлак. Праз гадзіну ў саўгас уступае савецкае войска. Шынялі ў салдат у зямлі і гліне, твары стомленыя. Дывізія ідзе ад самага Сталінграда. У адну фурманку ўпрэжаны вярблюд, які, здаецца, звысака пазірае на прыземістыя мясцовыя хаты. Аднак дабрыў жыхар спякотнага поўдня да Палесся...

Салдаты, ні на што не зважаючы, капаюць акопы. Вось якая яна, вайна!..

Хлопцы і савецкага афіцэра пабачылі. Высокі, падцягнуты, пагоны на шынялі, нібы крыллі, адтапыраны.

Афіцэр пасылае знаёмых разведчыкаў у партызанскі лагер — дамаўляцца наконт сумесных дзеянняў.

У Дубровіцы ўжо гарцуюць на конях камандзіры. Не хочуць ударыць тварам у гразь перад войскам.

Вечарам, не даўшы паспаць, Якубоўскі зноў выклікае Міцю з Лобікам.

— Пойдзеце праваднікамі.

Хлопцы — паколькі яны местачкоўцы — мусяць весці адзін з дамачоўскіх атрадаў у абход мястэчка да чыгункі. Ужо з Кавенек відаць — мястэчка гарыць. Пажар блізка ля станцыі.

Атрад, расцягнуўшыся ў доўгі ланцуг, падыходзіць да чыгункі недалёка ад Птахавага пераезда. Відаць будка, сасна. Вось такая для Міці вайна — ваюе там, дзе нарадзіўся, вырас. Партызаны пачынаюць акопвацца. Капаюць хто чым: нажамі, кінжаламі, грабуць зямлю рукамі — лапатак няма.

Міця і Лобік не акопваюцца. Кладуцца пад куст, цясней прыхінаюцца адзін да другога. Страшэнна холадна ўночы. Іван свой кажушок пакінуў у дзеда, цяпер ляскае ад холаду зубамі.

Немцы на будцы вядуць сябе далікатна. Партызан, вядома, бачаць — яны кураць, гучна размаўляюць, нехта нават стрэліў,— але не азываюцца.

Маўчаць і тады, калі шэрым золкам дамачоўцы падрываюць рэйкі, а затым бязладным натоўпам валяць праз чыгунку, хаваючыся ў лесе.

Хітрасць разгадваецца раніцай. З усходу і з паўночнага боку — з саўгаса — па мястэчку б’е савецкая артылерыя. Яшчэ праз гадзіну адтуль чуваць кулямётны пошчак. Але ў немцаў, якія сядзяць у Птахавай будцы, відаць, няма ахвоты абараняць мястэчка. Прыгнуўшыся, ціснучыся бліжэй да чыгуначнага насыпу, бягуць на Грамы. З лесу па іх страляюць партызаны.

Двое ці трое салдат падае.

Бой яшчэ не скончаны. З захаду па пясчаным шляху паўзуць дзве танкеткі. Убачыўшы партызанскія акопчыкі. заварочваюць на поле, давяць гусеніцамі партызан, затым самі падрываюцца на мінах. Танкістаў, якія збіраюцца сігануць у кусты, партызаны зрашэчваюць кулямі.

Да паўдня — мястэчка вызвалена. Немцы з захаду, з боку Грамоў, зрэдку абстрэльваюць яго з гармат.

 

V

Добры дзень, будка, сасна, роднае мястэчка! Вось я і прыйшоў да вас, вольны, незалежны. Веру, што чужая навала не кране вас болей ніколі. Не павінна крануць. Столькі людзей за гэта загінула.

Першы дзень свабоды...

Позняя восень, асыпаліся дрэвы, кусты, на межах, на насыпе чыгункі ляжыць парудзелая, прывялая трава. Але па-летняму свеціць і грэе невысокае сонца, на разлеглай шэрай раўніне паміж лесам і мястэчкам, як летам, дрыжыць-пераліваецца намітка сіняватай смугі. Сіняе, без хмурынкі неба. Чыстае, па-асенняму празрыстае паветра. Прастор. Шырыня...

За свае васемнаццаць гадоў Міця не памятае, каб позняй восенню быў такі цёплы, ясны, такі прыгожы дзень. Нібы спецыяльна прырода прыстасавала яго да свята душы, радасці, якую адчуваюць сёння многа людзей.

Тое неба, тая самая зямля, чыгунка, абсягі шэрага поля, лесу, але зусім другое адчуванне жыцця. Свабода...

Там па родных вуліцах ходзяць савецкія салдаты, рыпяць абозы, што дабраліся з саўгаснага пасёлка, з Бабінавіч, з шашы-брусчаткі — з усіх дарог, што вядуць у мястэчка. Абозы дапялі з самога Сталінграда. Яшчэ года не прайшло, як адгрымела самая вялікая з бітваў, што былі калі-небудзь на зямлі, а салдаты-пераможцы тут, у мястэчку.

Два гады думаў пра гэты светлы дзень Міця. Пакутаваў, сумняваўся, падаў у бездань адчаю, уздымаючыся зноў да веры і надзеі. Сёе-тое рабіў, не думаючы, не баючыся, што лёгка можа загінуць. Быць інакшым, чым быў, як жыў, не мог.

Дык што такое свабода? Гэта найперш адчуванне, што вольна ходзіш па роднай зямлі. Няма над табой ніякай чужой навалы...

Міця зайшоў у будку. Тут у два ярусы салдацкія нары, на падлозе паперы, друз. Трое салдат, якія спалі на гэтых нарах, там далей, ля насыпу, заснулі навечна. Адзін знаёмы — доўгі, касенькі,— ён любіў іграць на губным гармоніку.

Міця, выбраўшыся на грудок, стаіць пад сасной. На яе ствале прыбіта лацінская літара, кустоўе паблізу высечана — ахоўнікі і тут зрабілі сектар абстрэлу. З-пад цвікоў па шурпатай кары прабегла пасачка застыглай жывіцы. Нібы плакала сасна. Прыгожае адсюль, з грудка, мястэчка. Яно віднеецца шэрымі дахамі, бясконцай лавай хат, сярод якіх выразна выдзяляецца белакаменны гмах школы. Нават пазбаўленае зялёных шатаў, што атулялі яго жывым вянком, мястэчка ўсё адно прыгожае. Толькі два гады таптаў родную зямлю вораг, а здаецца, прамінула вечнасць.

Ліпень 1970 — май 1973


1970-1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Сорак трэці: Раман ; Птушкі між маланак : Драма у трох актах ; Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1983. - с. 5-370
Крыніца: скан