epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Спачатку быў факт... (У творчай лабараторыі)

Пісьменнікі, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, і нават тыя, якія бачылі яе дзіцячымі вачыма, назаўсёды прыкаваны да гэтай агромністай падзеі. Сапраўды Айчынная вайна была падзеяй, якая пакінула незабыўнае ўражанне ў душы кожнага яе ўдзельніка, аказала ўплыў на некалькі пакаленняў. Яе можна прыраўняць да цэлай эпохі ў жыцці краіны і народа.

У гэтых нататках мне хочацца закрануць пытанне аб дакументальнай, фактычнай аснове нашых кніг аб вайне і звязанае з гэтым пытанне аб мастацкай тыпізацыі ваеннага матэрыялу. Думаю, што тое, што мы звычайна называем абагульненнем, тыпізацыяй у адносінах да падзей, фактаў, людзей вайны, рэалізуецца своеасабліва.

Вядома, для таго, каб напісаць вобраз партызанскага падрыўніка, разведчыка, мала ведаць аднаго чалавека. Але ў той час і подзвіг гэтага канкрэтнага, знаёмага гаворыць пісьменніку вельмі многа. Такі чалавек можа паслужыць прататыпам мастацкага вобраза, толькі трэба зразумець унутраныя, духоўныя матывы, якія ім кіравалі. Бо калі баец закрывае грудзьмі амбразуру варожага дота або цаной уласнага жыцця выратоўвае другога байца, то вышэй, здаецца, і ўзняцца нельга.

Шмат якія пісьменнікі пішуць аб тым, што бачылі, перажылі, чаму былі сведкамі. Але яны таксама робяць адбор матэрыялу, тыпізуюць, абагульняюць убачанае і перажытае. Толькі ў творчай практыцы часцей ідуць ад канкрэтнага факта, падзеі, чалавека, раскрываючы, як гаварыў Горкі, хімію факта.

Сапраўды, навошта выдумваць бой, калі скажам, сам я ўдзельнічаў у баях, і яны як бы сталі часткай маёй істоты? Навошта шукаць героя, калі перад вачыма цэлая грамада хлопцаў, дзяўчат з нашай школы, класа, многія з якіх загінулі як падпольшчыкі, партызаны, не вярнуліся з франтоў; калі ёсць родны партызанскі атрад, няхай сабе не вельмі славуты, ёсць адзін і другі ўзвод, адна, другая рота, дзе я таксама ваяваў, а ў атрадзе, узводзе, роце былі дзесяткі вельмі блізкіх людзей, якіх я па сённяшні дзень адчуваю, магу ўявіць іх твар, манеру гаворкі; ёсць адзін і другі полк, дывізія, аб якіх ведаю менш, чым пра ўзвод і роту, але таксама штосьці ведаю. Ёсць гарады, у вызваленні якіх удзельнічаў, дарогі, па якіх прайшоў. Дык хіба ўсё гэта можна забыць?

Пісьменнік павінен не толькі маляваць праўдзівыя характары, але глыбока, дакладна раскрываць праўду абставін. Бо калі мы будзем паказваць абставіны вайны аблегчанымі, ідэалізаваць іх, то не здолеем раскрыць сапраўдную героіку. На вайне абставіны вельмі часта мацней за чалавека, з пераадольвання іх нараджаецца і подзвіг, і трагізм нават у такой справядлівай вайне, як вайна Айчынная.

Маё пакаленне з захапленнем глядзела кінафільмы «Чырвоныя д’ябаляты», «Лясная быль», «Чапаеў», чытала «Разгром», «Як гартавалася сталь» і іншыя кнігі аб рэвалюцыі, грамадзянскай вайне. Гэта былі добрыя фільмы і добрыя кнігі, яны выхоўвалі ў маладых душах прагу подзвігу. Але абставін магчымай будучай вайны такія фільмы, кнігі намаляваць не маглі, бо яны, паўтараю, былі пабудаваны на матэрыяле грамадзянскай вайны.

Не раз мы сустракалі апладысментамі кінакадры, калі на вёску ці горад імчыць лавіна чырвоных коннікаў з узнятымі шаблямі. З царкоўнай вежы ці якога-небудзь высокага мура татахкае варожы кулямёт, некалькі коннікаў падаюць, астатнія, уварваўшыся на вуліцы, выбіваюць белых, прымушаючы іх да паспешлівых уцёкаў.

З нейкім як бы недавер’ем чыталі мы тады «Дабердо» Матэ Залкі, «Агонь» Барбюса, «На Заходнім фронце без перамен» Рэмарка. А ў гэтых кнігах быў жорсткі вопыт першай сусветнай вайны, які шматразова паўтарыўся ў другой сусветнай.

Перад вайной у часопісе «Полымя», які тады называўся «Полымя рэвалюцыі», быў надрукаваны раман Н. Шпанава «Дванаццаць гадзін вайны». У ім гаварылася пра тое, што калі гітлераўская Германія і адважыцца напасці на Савецкі Саюз, то толькі праз Паўночны полюс і толькі авіяцыяй, бо наземныя, танкавыя нямецкія арміі ўмацаваную савецкую граніцу прарваць не здолеюць.

Майму, ды і іншым пакаленням, якія ўдзельнічалі ў вайне, ужо ў ходзе змагання з ворагам прыходзілася пераадольваць некаторыя з такіх ілюзій. У далейшым савецкая літаратура добра паказала і нашы ілюзіі, і тое, як супраць танкаў, самалётаў, фашысцкай арміі, узброенай да зубоў, выстаяў савецкі чалавек. Гарэла зямля, плавіўся метал, а чалавек выстаяў.

Тым часам у некаторых кнігах аб мінулай вайне можна сустрэць аблегчаныя сюжэты, нязвычныя сітуацыі, у якіх байцам, разведчыкам, партызанам вельмі лёгка, як бы гуляючы, удаецца перахітрыць ворага, дамагчыся над ім перамогі. Харошы дэтэктыў патрэбен. Але калі дэтэктыў выдаецца за сур’ёзны, рэалістычны твор — гэта дрэнна.

Нарэшце, аб тэме нататкаў — дакументалізме. Кнігі аб партызанскай, падпольнай вайне, якія напісаў я, маюць, вядома, дакументальную, фактычную аснову. Я доўга працаваў журналістам і прывык глядзець на акаляючы свет праз прызму факта. Пачаў з апавяданняў пра падпольную, партызанскую барацьбу. На першым часе абапіраўся на ўласны вопыт, убачанае, перажытае.

Хачу сказаць, што, уступіўшы ў снежні 1941 года ў падпольную групу, далучыўшыся да барацьбы, я жыў у нейкім асаблівым душэўным стане, і думка пра вайну сядзела ў свядомасці, як забіты цвік. І не толькі ў свядомасці — у пачуццях, адчуваннях.

Дзіўнае, на мой погляд, само паняцце часу. Калі я пачаў пісаць апавяданні, мне здавалася, што я адчуваю вайну не толькі па гадах, але і па асобных месяцах і нават днях. Былі месяцы Смаленска, Кіева, Масквы, Сталінграда, цяжкія дні Бранска, Арла і Вязьмы, непадобныя адзін на другі месяцы Харкава: мая 1942 года і лютага — сакавіка, затым жніўня 1943 года, радасны месяц верасень 1943 года, калі на вялізным прасцягу савецкія войскі выйшлі на Днепр. Кожны такі месяц, год, дзень мелі свае фарбы, пахі, свой асаблівы рытм.

Апавяданне для мяне і пачыналася з гэтага рытму, які, як мне здавалася, перадаваў настрой, калі можна сказаць так, музыку часу. Якая-небудзь памятная дэталь, пачутае слова, малюнак прыроды, бытавая дробязь, твар, што прамільгнуў і знік, выклікалі плынь успамінаў, як бы кандэнсуючы ў сабе глыбінныя прыкметы часу, яго сутнасць.

Нават вялікія, буйныя падзеі як бы ўвасабляліся ў нейкім асобным уражанні, не асабліва яркім, нават радавым. Але яны, такія ўражанні, чамусьці асабліва запаміналіся. Большасць маіх апавяданняў нарадзілася іменна з такіх вось уражанняў.

Аднойчы я задумаў апавяданне, сюжэтным стрыжнем якога мусіла стаць чыгунка, чыгуначная будка, у якой размяшчаюцца нямецкія ахоўнікі, тут жыве сям’я пуцявога абходчыка і ягоны старэйшы сын — прыкладна мой равеснік.

Такая будка была ў сапраўднасці. Яна знаходзілася за паўтара кіламетра ад роднага мне мястэчка, каля палявога, нікім не ахоўваемага пераезда на двухкалейнай чыгуначнай магістралі Гомель — Брэст. Побач з чыгункай, то аддаляючыся ад яе, то прыбліжаючыся, ляжаў пыльны пясчаны шлях. Паміж шляхам і чыгуначным насыпам, на невысокім грудку расла сасна — прыкметная, з шырокай, раскідзістай кронай. У чыгуначнай будцы ў адрозненне ад майго літаратурнага героя Міці Птаха я ніколі не жыў. Я нарадзіўся, вырас у мястэчку, адзіноты не ведаў. Але што такое чыгунка, ведаў: мой бацька быў чыгуначнікам, ды і сам я ў час канікул працаваў у рамонтнай брыгадзе. Але справа, зрэшты, не ў гэтым.

У кожнага ёсць свае запаветныя мясціны: рэчка, ваколіца вёскі, курган, бор. Рэчкі ў мястэчку, на жаль, не было, яе басаногай дзетвары замяняў лес. З ранняга дзяцінства я блукаў па лесе, збіраючы грыбы, забрыдаючы іншы раз далёка. Калі вяртаўся дамоў, з таго месца, дзе стаяла будка, сасна, мястэчка здавалася надзіва прыгожым. Спавітае тонкай сіняватай смугой, атуленае садамі, яно нагадвала зялёны востраў сярод залацістага жытнёвага разліву.

Вайну сустрэў шаснаццацігадовым дзесяцікласнікам. Праз два тыдні пасля яе пачатку ў тым самым лесе, дзе збіраў грыбы, удзельнічаў у пошуку і раззбраенні парашутыстаў. Добра, што дэсант аказаўся чырвонаармейскім (яго памылкова высадзілі з самалётаў на тэрыторыі, яшчэ не занятай фашыстамі), інакш нам з нашымі вучэбнымі вінтоўкамі (маючы іх, можна было толькі ляскаць затворам, але не страляць) прыйшлося б кепска.

Дык вось, калі я пачаў пісаць апавяданне пра свайго равесніка, будку і сасну, кроўнае, блізкае, што набалела на душы і шукала выйсця, абрушылася на мяне як горны паток. Прыйшло на памяць, што мой герой бачыў сасну, калі ўдзельнічаў у небяспечных падпольных справах, калі ішоў у лес, у партызаны, сасна паўставала перад яго вачамі ў ноч «рэйкавай вайны», а таксама ў тую ноч і дзень, калі вызвалялі мястэчка. Такім чынам, сасна на грудку каля чыгуначнага пераезда як бы ўвасабляла нейкія жыццёвыя этапы майго героя. Апавяданне залішне разрасталася.

Тады я вырашыў, што напішу аповесць. Рамкі апавядання ў прасторы, часе пашырыліся. Малады герой не толькі жыў у будцы, наводшыбе, але і ў мястэчку: ён там вучыўся ў школе, у якой былі сябры, знаёмыя. Сувязі, якія ўзніклі ў мірны час, працягваліся і ў вайну.

Станавілася ясна, што і аповесць не можа ўвабраць у сябе ўсяго багацця жыццёвага матэрыялу.

Ідэя рамана, аднак, нарадзілася гады праз два, пасля таго як напісаў раздзелы, прысвечаныя бургамістру Крамеру. На мой погляд, вобраз гэты ледзь не стрыжнявы, вельмі істотны для разумення сутнасці не толькі першага рамана «Сасна пры дарозе», але і наступнага «Вецер у соснах» і «Сорак трэці», іх сюжэта, кампазіцыі.

Такіх людзей, як Крамер, было няшмат, але яны былі. Я збіраў пра іх звесткі, калі з карэспандэнцкім пасведчаннем раз’язджаў па сваёй было Палескай вобласці. Сутнасць намаляванага вобраза, як ён бачыцца мне самому, у наступным. Крамер — абруселы немец, па фашысцкай тэрміналогіі — фольксдойч. Не толькі ён сам, але і бацька яго, дзед нарадзіліся, жылі ў Расіі. Крамер сам напалову рускі, хоць і ганарыцца тым, што належыць да нямецкай нацыі.

Калі на савецкую зямлю прыйшлі фашысцкія акупанты, Крамер не мог адразу перакінуцца да іх. Ён добры спецыяліст, лічыць сябе сумленным чалавекам, далёкі ад кар’ерысцкіх імкненняў. Дый не малады ён, каб дбаць аб кар’еры.

Фашысты насільна ставяць Крамера бургамістрам раёна, і ён хоча зрабіць так, каб і немцам, і мясцоваму насельніцтву было добра. Ён праводзіць такую лінію: вайна адышла далёка, ні ад каго, хто застаўся ў мястэчку і ў раёне, зыход яе не залежыць, таму трэба ціха, мірна жыць і працаваць.

На першым часе Крамер як бы дасягае поспеху. Абяцаннямі мірнага жыцця ён дабіваецца распаду мясцовага партызанскага атрада, першыя паўгода ў раёне, якім ён пастаўлен кіраваць, сапраўды ціха.

Але потым усё гэта разбураецца, як картачны дамок. Воўка і авечку прымірыць нельга. Сутыкаюцца карэнныя інтарэсы савецкіх людзей і фашысцкіх заваёўнікаў.

Адным словам, калі я паказаў распад партызанскага атрада, то мусіў намаляваць арганізацыю новага, паказаць сам працэс нараджэння партызанскага руху, як гэта было на самай справе ў многіх раёнах Беларусі.

Партызанская вайна, калі не лічыць такіх рэйдавых злучэнняў, якія ўзначальвалі Каўпак, Сабураў, Навумаў і іншыя — вайна раённага маштабу. Партызаны пераходзілі з месца на месца, але, як правіла, іх дыслакацыя абмяжоўвалася граніцамі двух-трох сумежных раёнаў. Зноў жа па логіцы жыццёвай праўды, я павінен быў гэта паказаць, бо гэта тыповыя абставіны партызанскай барацьбы.

Зародак кампазіцыі з трох ці нават чатырох раманаў быў такім чынам закладзены яшчэ ў першым рамане «Сасна пры дарозе». У ваенным творы, як я лічу, кампазіцыя наогул можа быць не гарманічнай, нават «зломанай», раскіданай. Гэта добра давёў яшчэ Д. Фурманаў у рамане «Чапаеў».

Пры стварэнні раманаў, як і апавяданняў, я прытрымліваўся аднаго і таго ж правіла: пісаў аб тым, што перажыў, бачыў або аб чым хоць бы чуў, да чаго нейкім чынам далучаны душой. Асабістых уражанняў на тры раманы, вядома, не хапіла, прыйшлося размаўляць з многімі людзьмі, запісваць іх расказы, корпацца ў архівах, але прынцып застаўся той жа: я вышукваў новыя звесткі пра падзеі, людзей, пра якіх ужо штосьці ведаў, распытваў удзельнікаў гэтых падзей, стараючыся ўявіць сабе тую ці іншую карціну найбольш поўна і дакладна.

У крытычных артыкулах яшчэ і цяпер мяне іншы раз называюць прыхільнікам лірычнай прозы. Думаю, што гэта было справядліва для першых апавяданняў, ды і то не для ўсіх. Аповесці, раманы прымушаюць «ужывацца» ў псіхалогію самых разнастайных людзей, «ужывацца» ў вобраз, а сродкамі лірычнай прозы гэту задачу не вырашыш.

З другога боку, лірыка, гумар, эмацыянальнае ацэначнае слова не супрацьпаказана самай суровай, «аб’ектывізаванай» прозе.

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 212-218
Крыніца: скан