epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Спіралі мастацкага росту

(Садаклад па прозе на V з’ездзе пісьменнікаў БССР).

 

Сем гадоў, якія мінулі з часу IV з’езда пісьменнікаў Беларусі,— перыяд вельмі плённы для развіцця беларускай прозы. Плённы па мастацкай вазе кніг, якія прыйшлі да чытача, па яркасці пісьменніцкіх індывідуальнасцей, якія разгарнуліся ў гэты час, нарэшце, на тым рэзанансе, які атрымала наша проза не толькі ў рэспубліцы, а і за яе межамі.

Гэта быў час пошукаў, рэзкіх, часам супрацьлеглых сутыкненняў творчых прынцыпаў, літаратурных спрэчак, нараджэння новых жанраў, плыняў, якія ў літаратуры або не бытавалі зусім, або былі прадстаўлены ў зародкавым выглядзе.

Вядома, поспехі беларускай літаратуры не з неба зваліліся. Яны з’явіліся працягам таго лепшага, што было створана літаратурай у папярэдні перыяд.

Беларуская проза апошніх год развівалася пад сцягам ідэй ХХ і XXII з’ездаў партыі, адчуваючы на сабе подых тых жыватворных перамен, якімі характарызуецца ўсё наша савецкае жыццё. У літаратуры перамены гэтыя выявіліся перш за ўсё ў тым, што пачалі страчваць вагу творы, у якіх жыццё падавалася спрошчана, просталінейна, з тэндэнцыяй лакіроўкі, творы, дзе на першы план выступала тэма, а не яе паўнакроўнае мастацкае ўвасабленне.

Асаблівасцю твораў апошніх гадоў з’яўляецца тое, што іх аўтары імкнуцца да мастацкага даследавання жыцця ў яго самых разнастайных сувязях, не пазбягаюць пытанняў складаных, супярэчлівых. Проза стала больш уважлівай да пытанняў маральных, этычных. Гэта цалкам адпавядае асноўным тэндэнцыям нашага сучаснага жыцця. Сёння, як ніколі раней, паўстае пытанне аб духоўным, маральным абліччы будаўніка камунізма.

Сёння задача пісьменніка, які піша аб сучаснасці, ускладнілася. Пісьменнік, які працаваў у 20-я і 30-я гады, меў перад сабой выразны сацыяльна-класавы канфлікт, які бытаваў у жыцці і які станавіўся асноўнай драматычнай калізіяй мастацкага твора. Жыццё нашага сучасніка не дае матэрыялу з антаганістычнымі, класавымі супярэчнасцямі, але гэта не азначае, што ў сённяшнім жыцці няма канфліктаў, супярэчлівых тэндэнцый, сутыкнення поглядаў. Другая справа, што «дабро» і «зло» ў гэтых канфліктах, супярэчнасцях ляжаць не на процілегла-франтальных лініях, як было, скажам, у 20-я гады, сёння іх так проста, з ходу часам не размяжуеш. Наогул у жыцці рэдка трапляюцца з’явы, якія можна было б безапеляцыйна падвесці пад рубрыку «белых-белых» або «чорных -чорных». Адным словам, канфлікты нашых кніг аб сённяшнім жыцці ўсё болей і болей пераходзяць у сферу маральна-этычную, а гэта вельмі складаная галіна чалавечага жыцця, і просталінейны падыход да яе часта з’яўляецца прычынай нашых творчых няўдач.

Сённяшні пісьменнік павінен быць на ўзроўні дасягненняў грамадства — палітычных, сацыяльных, інтэлектуальных, маральных. Не трэба гаварыць аб тым, што крыштальна выразнай павінна быць яго ідэйна-грамадская, партыйная пазіцыя. Мы жывём у свеце, дзе сілам сацыялізма, міру, прагрэсу супрацьстаяць сілы імперыялізму, агрэсіі, вайны. Літаратура — галіна ідэалогіі, а наша ідэалагічная зброя заўсёды павінна быць дзейснай. Ідэалогія не ведае мірнага суіснавання.

Бадай, кожны з апошніх сямі гадоў быў ураджайны на прозу. У шарэнгі празаікаў уліліся новыя маладыя сілы, выступілі з празаічнымі творамі некаторыя вядомыя паэты. Яшчэ гадоў дзесяць — дванаццаць назад вядучым жанрам у беларускай літаратуры была паэзія. Цяпер становішча перамянілася — на першым месцы проза. Відаць, гэта зусім нармальны працэс, які характарызуе сталасць літаратуры. «Без прозы няма літаратуры»,— пісаў у свой час Бялінскі.

За гэтыя сем гадоў літаратурнага жыцця мы ўзбагаціліся не толькі колькасна, але і якасна. Змены ў жыцці, якія адбыліся пасля ХХ з’езда партыі, не маглі не знайсці адпаведнага адлюстравання ў літаратуры. Выраслі самі крытэрыі ідэйна-мастацкай вартасці твораў, узбагацілася ідэйна-мастацкая канцэпцыя жыцця і літаратурнага героя. Прывядзём хоць бы такі прыклад. У пяцідзесятыя гады для некаторых празаікаў і крытыкаў, безумоўна, станоўчым быў герой дзейсны, валявы, рашучы. За гэтыя, бясспрэчна, добрыя якасці характару герою прабачаліся часам некаторыя хібы — грубасць у адносінах да людзей, якія яго акружаюць, ігнараванне калектыўнай думкі. Сёння пры ўсіх намаганнях арэол станоўчасці такому герою надаць немагчыма. Валявых якасцей герою яўна мала, трэба, каб ён яшчэ ўмеў думаць, каб навучыўся паважаць думкі, пачуцці другіх людзей.

Шырокі поспех рамана Івана Шамякіна «Сэрца на далоні» пераканаўча пацвярджае гэтую думку. З нашых празаікаў Шамякін, бадай, найбольш чулы да пытанняў надзённасці. Верны жыццёвай праўдзе, пісьменнік паказвае, што сама наша рэчаіснасць, усё тое новае, што ўвайшло ў яе за апошнія гады, развенчвае кар’ерыстаў, прыстасаванцаў, людзей, якія вышэй за ўсё ставяць асабісты дабрабыт.

Так, вобраз часу прыкметна змяніўся, павысіліся патрабаванні на «чалавечнасць» да героя, якога пісьменнік імкнецца паказаць як станоўчага. У кожнага сапраўднага мастака свая філасофія жыцця, сваім творам ён штосьці сцвярджае або адмаўляе. Многія творы апошняга часу, якой бы тэме ні былі яны прысвечаны, адмаўляюць жорсткасць, бяздушнасць у дачыненні да людзей, палемічна накіраваны супраць тэорыі, паводле якой простыя людзі — «калёсікі» і «вінцікі» жыцця.

Найбольш значнае дасягненне беларускай прозы апошняга часу — раманы Івана Мележа «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы». Прысвечаныя жыццю беларускай вёскі далёкіх дваццатых і пачатку трыццатых гадоў, творы гэтыя тым не меней і гучаць вельмі сучасна. Значнасць буйнога твора вызначаецца перш за ўсё адкрыццём тыпу, характару, бо толькі аб’ёмны, пададзены ў адзінстве асабістага і грамадскага, характар нясе ў сабе вобраз часу, з’яўляецца сапраўдным мастацкім адкрыццём. Добрых кніг, якія па-мастацку ўзнаўляюць свой час, малююць яго непаўторны вобраз, у нас з’явілася нямала. Гэта раманы «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля, «Серадзібор» Піліпа Пестрака, «Партызаны» Алеся Адамовіча, «На парозе будучыні» Міколы Лобана, «Засценак Малінаўка» Аркадзя Чарнышэвіча, «Жураўліны крык», «Трэцяя ракета» і «Альпійская балада» Васіля Быкава, «Пушчанская адысея» Аляксея Карпюка, «Сустрэчы на ростанях» Аляксея Кулакоўскага, апавяданні і аповесці Міхася Лынькова, Міколы Лупсякова, Алены Васілевіч, Янкі Скрыгана, Рамана Сабаленкі, Івана Пташнікава, Барыса Сачанкі, Міхася Стральцова, Уладзіміра Караткевіча, Вячаслава Адамчыка, Івана Чыгрынава і іншых.

Раманы Мележа, бадай, найлепш выяўляюць тэндэнцыю, якая выразна намецілася ў нашай прозе,— тэндэнцыю да глыбіннага вывучэння жыцця з улікам яго складанай, супярэчлівай плыні, цеснага спалучэння грамадскага і асабістага, сацыяльнага і псіхалагічнага аналізу. Думаецца, што вобразы Васіля і Ганны належаць да ліку ёмістых, паўнакроўных вобразаў нашай літаратуры, такіх, як фадзееўскі Левінсон, фурманаўскі Чапаеў, шолахаўскія Мелехаў, Наталля і Аксіння, Міхал і Антось з «Новай зямлі» Якуба Коласа, Міхал Тварыцкі з «Трэцяга пакалення» Кузьмы Чорнага.

Разумная воля такіх людзей, як старшыня райвыканкома Апейка, прадухіляе трагедыю, якая магла здарыцца з Васілём Дзятлікам. Фармальна ён вінаваты: трапіўшы ў рукі да бандытаў, паказаў хату вясковага актывіста. А па-чалавечы, з пазіцый класава-сацыяльных, на якіх цвёрда стаіць Апейка, такіх, як Васіль, караць нельга, іх трэба клапатліва, цярпліва выхоўваць, бо, кажучы словамі Леніна, сацыялізм будуецца не аранжарэйнымі, «чысценькімі» людзьмі, а і тымі таксама, норавы якіх спаганены праклятай прыватнай уласнасцю.

Раман І. Мележа, як і многія іншыя нашы лепшыя кнігі, сведчыць аб тым, што ў нашай прозы нарадзілася зусім натуральнае, зразумелае імкненне прайсці па дарогах, па якіх прайшоў народ у сваім рэвалюцыйным, творчым дзеянні, увасобіць у мастацкіх вобразах этапы станаўлення савецкага грамадства. Раман, у прыватнасці раман сацыяльны, не можа не несці ў сабе подыху гісторыі. Для нараджэння добрага рамана патрэбны вялікія папярэднія дасягненні ўсіх жанраў, бо раман — эпас сучаснасці — як бы з’яўляецца іх сінтэзам.

Аб сталасці беларускай прозы гаворыць кожны добры твор. Раман А. Чарнышэвіча «Засценак Малінаўка» прысвечаны паказу жыцця беларускай вёскі пачатку стагоддзя, тым парасткам сацыяльнай свядомасці і рэвалюцыйнага пратэсту, які спеў на самым дне беларускага жыцця-быцця.

Раман «На парозе будучыні» Мікола Лобан прысвяціў падзеям імперыялістычнай вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый на Беларусі.

Падзеям Кастрычніка на Беларусі прысвечаны раман І. Гурскага «Вецер веку», гісторыка-рэвалюцыйныя аповесці У. Мехава.

Вельмі сучасны па гучанню, па канцэпцыі жыцця і літаратурнага героя раман Піліпа Пестрака «Серадзібор». Ён пераносіць нас у атмасферу пасляваеннага жыцця і калгаснага будаўніцтва ў заходніх абласцях Беларусі.

Аб станаўленні новага савецкага жыцця ў заходніх абласцях Беларусі мы маем таксама добрую, цікава напісаную аповесць Алеся Бажко «Позняе ворыва».

Трэба прызнацца, што беларуская проза апошніх гадоў сваёй традыцыйнай тэме — жыццю вёскі — удзяляла мала ўвагі. Твора, які б узняў прынцыпова новую праблему сённяшняй вёскі, стаў падзеяй у літаратурным жыцці, няма ніводнага.

Праўда, з’явіліся добрыя аповесці Івана Шамякіна «Мост» і Івана Пташнікава «Лонва», прысвечаныя падзеям пасляваеннага аднаўлення калгаснага жыцця. Са шчырай грамадзянскай зацікаўленасцю, востра, займальна напісана аповесць Алеся Асіпенкі «Абжыты кут». Цікавая харошым, грунтоўным паказам побыту сённяшняй вёскі аповесць А. Кулакоўскага «Тры зоркі».

Ёсць апавяданні — нават нямала добрых, напісаных з сапраўдным мастацкім густам — цыкл Янкі Брыля «Пад гоман вогнішча», «Пані старшыніха прыехала» Алены Васілевіч, «Калінішын зяць» Аркадзя Чарнышэвіча; апавяданні Аляксея Кулакоўскага, Івана Пташнікава, Міколы Лупсякова, Міколы Ракітнага, Барыса Сачанкі, Івана Чыгрынава.

Вострыя, надзённыя пытанні жыцця калгаснай вёскі ўзнімае ў сваіх нарысах «Зямныя вузлы» Ігнат Дуброўскі. Ёсць цікавыя нарысы Янкі Сіпакова і Анатоля Клышкі, Веры Палтаран, Аляксея Сінілава, Валянціна Панамарова, Барыса Стральцова, Сцяпана Кухарава. Вось, бадай, і ўсё з таго лепшага, што прысвечана тэме вёскі. Калі б па гэтай літаратуры мы паспрабавалі скласці ўяўленне пра глыбінныя працэсы, якія адбываюцца ў сённяшнім калгасным і саўгасным жыцці, то такога ўяўлення мы не складзём. У поле зроку пісьменнікаў трапляюць асобныя моманты, праявы, выпадкі, але цэласнай карціны, значнага характару літаратура не стварыла.

Імкліва, у індустрыяльным напрамку развіваецца наша краіна! На вачах сучаснікаў мяняюцца геаграфія, сацыяльны склад грамадства! Літаратуры сапраўды цяжка ўгнацца за гэтым «імклівым» днём, за рухомымі, зменлівымі формамі жыцця. Але лёгка нам угнацца ці цяжка, а сапраўдны мастацкі твор нараджаецца толькі тады, калі пісьменнік умее ўсвядоміць новыя тэндэнцыі жыцця, новыя заканамернасці, новае ў псіхіцы свайго героя.

Духоўны рост героя нашай літаратуры пачаўся разам з ростам чалавечай асобы, пашырэннем дыяпазону яе асабістай зацікаўленасці ў жыцці навакольнага свету. У раманах Івана Мележа «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» ёсць цікавы герой, вясковы кнігалюб, грамацей Андрэй Руды. Ён нічога не прымае на веру, імкнецца да ўсяго дайсці ўласным розумам. Нараджэнне такога героя заканамернае, бо ў Курані, закінутую палескую вёску, уварваўся вецер веку, тых велізарных сацыяльных перамен, якія адбываюцца ў жыцці.

Існуе прамая сувязь паміж здольнасцю мастака ствараць характары і глыбінёй яго ўласнай думкі, глыбінёй яго адчування навакольнага свету. Інтэлектуальная, эмацыянальная, маральная ўзброенасць героя пры ўмове, што герой гэты жывы, нявыдуманы чалавек, і ёсць галоўная адзнака ідэйна-мастацкай вартасці твора.

Нашы пісьменнікі ўсё часцей пачынаюць пісаць пра горад, і гэта добра. Ад таго, як наша літаратура, сялянская па светаадчуванню ў мінулым, справіцца з новымі эстэтычнымі пластамі, якія вылучае сучаснае, індустрыяльнае жыццё, у многім залежыць перспектыва яе далейшага развіцця.

Жыццю Мінска прысвячае сваю творчасць Уладзімір Карпаў. Мацнейшы яго першы раман «За годам год». Другі раман — «Вясеннія ліўні», як адзначала крытыка, ствараўся як бы «насустрач» часу. 1957 годам датуецца пачатак пісьменніцкай работы, і ў падзеях гэтага года завязваецца сюжэт твора. На апошніх старонках па некаторых прыкметах пазнаецца 1960 год, і гэтай жа датай адзначана завяршэнне пісьменніцкай работы над раманам.

Тэма горада — не абавязкова завод, рабочы калектыў. Сёння, бадай, кожная кніга, якую мы напісалі ці пішам, не можа, абмінуць тых вялікіх перамен, што адбываюцца ў жыцці. А мы часам нават не заўважаем, што герой нашых кніг — інтэлігент ці чалавек тэхнічнай прафесіі.

Праўда, побач з дасягненнямі ёсць не менш істотныя пралікі. Далёка не ўсе творы даюць падставу для сур’ёзнай гаворкі пра героя нашай сучаснасці, чалавека высокаінтэлектуальнага, з шырокім дыяпазонам запатрабаванняў, думак, пачуццяў. Вельмі часта герой гэты залішне прыземлены, бедны духоўна. Тут узнікаюць цікавыя, на маю думку, акалічнасці. У імкненні намаляваць яркі вобраз, характар мы на літаратурны п’едэстал уздымаем іншы раз героя вельмі сярэдняга, ардынарнага, нашпігоўваем яго ўсялякімі дабрачыннасцямі, а потым здзіўляемся, чаму наш герой не цягне на «станоўчага». А ён проста надломваецца пад цяжарам навешаных на яго добрых якасцей. Гэта першая крайнасць. Другая датычыць няздольнасці некаторых нашых аўтараў вывесці свайго героя з нуднага кола будзённасці, прыземленага апісальніцтва.

З некаторай падставай можна гаварыць аб тым, што фактаграфія, прыземленасць з’яўляюцца пэўнай пагрозай для нашай прозы. «Сярэдні» герой вандруе па старонках многіх кніг. Бытаапісальніцтва — рэч неблагая, зацікаўленасць побытам — своеасаблівая рэакцыя на схематычныя, ілюстрацыйныя творы папярэдняга перыяду. Але, відаць, трэба адчуваць грань паміж па-мастацку паказаным бытам і натуралістычным апісальніцтвам.

Сярэднія, а то і проста слабыя творы ў рэцэнзіях іншы раз захвальваюцца. Рэдка выступаюць з рэцэнзіямі старэйшыя, найбольш вопытныя пісьменнікі. Наша проза, якая так бурна і ў цэлым хораша развіваецца, мае вострую патрэбу ў крытычным асэнсаванні шляхоў далейшага развіцця.

У нас, у беларускай прозе, харошы, моцны атрад апавядальнікаў. У нас ёсць майстры апавядання лірычнага, псіхалагічнага, бытавога, майстры навелы, эсэ, эцюда. Новымі цікавымі апавяданнямі парадаваў Янка Брыль, які апрача зборніка «Працяг размовы» выдаў кніжку літаратурных эцюдаў, замалёвак, думак з запісной пісьменніцкай кніжкі — «Жменя сонечных промняў». Для апавяданняў Брыля характэрна арганічнае спалучэнне лірызму і псіхалагізму, адкрытай публіцыстычнай завостранасці і глыбокай мастацкай назіральнасці.

Са зборнікам апавяданняў «За акіянам», прысвечаным барацьбе нядаўніх каланіяльных народаў за сваё вызваленне, норавам буржуазнага свету, выступіў старэйшы наш празаік, зачынальнік беларускага савецкага апавядання Міхась Лынькоў.

Мне хочацца больш падрабязна сказаць пра работу маладзейшых празаікаў, бо ад таго, як яны будуць працаваць у далейшым, у многім залежыць воблік нашай заўтрашняй літаратуры. У Івана Пташнікава, які напісаў раман «Чакай у далёкіх Грынях», добрую аповесць «Лонва», бадай, самым значным дасягненнем з’яўляюцца апавяданні. У апошніх творах пісьменнік загаварыў ад імя свайго пакалення, дзяцінства якога было абпалена вайной, праходзіла ў цяжкіх умовах пасляваеннага вясковага жыцця. Выдатнае апавяданне «Алені» — яно найлепш характарызуе мастацкія дасягненні гэтага вельмі цікавага празаіка. Пташнікаў — пісьменнік вельмі «эмацыянальны», ён умее схапіць, спыніць тысячы цудоўных імгненняў.

Увесь у атмасферы маральна-этычных пошукаў Барыс Сачанка. За апошнія гады выйшлі тры яго зборнікі, у часопісах надрукаваны дзве аповесці. У сваіх першых апавяданнях Б. Сачанка быў вельмі «біяграфічны». Ён пераважна абапіраўся на ўласны вопыт, на перажытае, адчутае самім. У апавяданні «Дзік-бадзяга», аповесці «Пакуль не развіднела» пісьменнік адыходзіць ад вузкай сцежкі дзіцячых і юнацкіх назіранняў. Усё ж варта сказаць, што, зрабіўшы добры творчы пачатак, Сачанка, як паказваюць яго новыя творы, запыніўся на пэўным перавале. Яму неабходна зрабіць наступны крок — да прозы глыбейшых думак, пачуццяў, да героя багатай духоўнай арганізацыі.

Радуе шчырай паэтычнасцю зборнік Вячаслава Адамчыка «Міг бліскавіцы». Для Адамчыка характэрны харошы псіхалагічны малюнак, дакладнае слова, тонкая настраёвасць. Характарызуе празаіка пільная ўвага да жыцця звычайных, «простых» людзей, да будняў іх побыту. У душы яго герояў штосьці нараджаецца, штосьці памірае, сёння яны лепшыя, чым былі ўчора і пазаўчора.

Але і перад Адамчыкам стаіць задача не меней адказная, чым перад яго таварышамі па пяру, і ён пакуль не дасягнуў вышынь значных сацыяльных абагульненняў, усё яшчэ глядзіць на свет вачамі дзяцінства і юнацтва.

На рахунку Міхася Стральцова, бадай, найбольшыя дасягненні ў сэнсе стварэння вобраза высокаінтэлектуальнага героя, героя «гарадскога» жыцця.

Узор такіх апавяданняў — «Блакітны вецер». У апавяданні «Свет Іванавіч, былы Дон-Жуан» Міхась Стральцоў у плане незласлівай іроніі намаляваў вобраз «прожигателя» жыцця, пустога, нікчэмнага чалавека, які ў свае трыццаць гадоў усё яшчэ толькі збіраецца зрабіць што-небудзь карыснае. Магчыма, пісьменнік пашкадаваў свайго героя, канец апавядання крыху «ружовы» для тых абставін, у якіх герой знаходзіцца.

Пра добрыя творчыя магчымасці аўтара гаворыць зборнік Івана Чыгрынава «Птушкі ляцяць на волю». Дыяпазон пісьменніка даволі шырокі, лепшыя яго апавяданні, такія, як «Бульба», «Па дарозе дамоў», «Праз гады», «Ці бываюць у выраі ластаўкі?», вызначаюцца добрай мовай, псіхалагізмам, увагай да пытанняў грамадскага жыцця.

Аднак проза нашых маладзейшых таварышаў павінна ўзяць новыя мастацкія вяршыні. Героі «тонкіх», «інтэлігентных» адчуванняў, з якімі мы сустракаемся ў творах маладых, часам недастаткова звязаны з грамадскім, сацыяльным жыццём. Раман «Нельга забыць» Уладзіміра Караткевіча, пісьменніка вельмі таленавітага, пераважна рамантыка па характару таленту, мог бы стаць сур’ёзным здабыткам нашай прозы, калі б аўтар сутыкнуў героя са значнымі грамадскімі праблемамі, а не замкнуў яго жыццё толькі ў сферы інтымна-асабістай.

У. Караткевіч напісаў некалькі гістарычных аповесцей, лепшая з якіх «Сівая легенда», і першую кнігу рамана «Каласы пад сярпом тваім» — пра паўстанне Кастуся Каліноўскага. Надрукаваны толькі часопісны, скарочаны варыянт першай кнігі рамана, таму выносіць канчатковую ацэнку твору, мусіць, зарана. Хочацца пажадаць пісьменніку поспехаў у далейшай рабоце, большай сацыяльнай абгрунтаванасці паводзін герояў, глыбейшага паказу тых сацыяльна-гістарычных сіл, якія дзейнічалі на Беларусі.

Вопыт савецкай літаратуры сведчыць — і гэта ў роўнай меры адносіцца як да старэйшых, так і да маладзейшых пісьменнікаў — што без шырокіх грамадскіх дарог-пуцявін героя сур’ёзнай, «вялікай» прозы ў наш век гераічных здзяйсненняў быць не можа.

Пісаць пра вайну азначае маляваць не толькі чалавечыя характары, якія вельмі выразна праяўляюцца ў абставінах смяртэльнага бою, але — і гэта, мабыць, не меней важна — ствараць непаўторны вобраз часу. Вайна, а тым болей Айчынная вайна, у якой прымаў удзел увесь народ, падпарадкавала сабе ўсе адчуванні, думкі савецкіх людзей, прайшла праз дзяцінства, юнацтва, сталасць — праз усе пакаленні. У Айчынную вайну сутыкнуліся не толькі краіны, арміі, а два светы, дзве ідэалогіі. І сёння ваенная тэма — не толькі гісторыя.

Раманам «Сустрэчы на ростанях» Аляксей Кулакоўскі завяршыў ваенную дылогію. Ім жа напісана аповесць «Твой шлях перад табою» — пра ўдзел славакаў у беларускім партызанскім руху. Дылогію «Партызаны» напісаў Алесь Адамовіч. Да падзей акупацыі, народнага змагання з ворагам вярнуўся Уладзімір Карпаў у рамане «Нямігі крывавыя берагі», які, калі меркаваць па некалькіх масавых выданнях, карыстаецца поспехам у чытача. З цікавым раманам «Птушкі і гнёзды», які нясе новы, не асвоены яшчэ літаратурай матэрыял, выступіў Янка Брыль.

«Пушчанскую адысею» надрукаваў Аляксей Карпюк. З цікавым раманам «Выпрабаванне», які прысвечаны першым месяцам Айчыннай вайны, выступіў Мікалай Аляксееў. Ваеннай аповесцю «Былое застаецца ў сэрцы» завяршаецца трылогія Рамана Сабаленкі. Аповесць «Сарочы лес» напісаў Рыгор Няхай. Аповесці, апавяданні пра вайну напісаны Янкам Брылём, Міколам Лупсяковым, Барысам Сачанкам, Іванам Чыгрынавым, Міхасём Стральцовым, Яўгенам Васілёнкам. Дакументальныя аповесці «Руіны страляюць ва ўпор» і «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску» напісаў Іван Новікаў.

Творы, якія ўзнікалі па гарачых слядах ваенных падзей або ў першае дзесяцігоддзе, як бы мелі на мэце паказаць перш за ўсё гераічны бок вайны, мужнасць, стойкасць, вышыню подзвігу савецкага чалавека. Лепшыя з гэтых твораў (раманы Міхася Лынькова «Векапомныя дні», Івана Шамякіна «Глыбокая плынь», Міколы Ткачова «Згуртаванасць» «Братэрства» і «Рэха ў гарах» Т. Хадкевіча) вытрымалі праверку часам.

Творы, якія нарадзіліся ў апошні час, большую ўвагу скіроўваюць на паводзіны, духоўны свет радавога, звычайнага ўдзельніка вайны, на той, часам непрыкметны, будзённы бок вайны, без якога самая гераічная армія не выйграе ніводнай баталіі. Больш гуманістычны пафас апошніх твораў пра вайну. Але так ці інакш, калі мы пішам пра вайну, то мы павінны раскрываць героіку яе ўдзельнікаў. У гэтым сэнсе няма разарванага ланцуга паміж творамі, якія напісаны ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, і кнігамі апошніх гадоў. Пільная цікавасць апошніх ваенных твораў да лёсу звычайных, радавых людзей не азначае, што творы гэтыя выракаюцца тэмы высокага, гераічнага.

Ярка, са шчырым лірычным пачуццём і глыбокім псіхалагізмам напісаны раман Янкі Брыля «Птушкі і гнёзды». У цэнтры гэтага твора, які нагадвае паэтычную споведзь, Алесь Руневіч, хлопец з заходнебеларускай вёскі, які трапіў праз ліхалецце вайны ў нямецкі палон. У сваім рамане Янка Брыль паказвае аблічча «звычайнага» фашызму, асабліва небяспечнага, бо ён аблытвае павучынай сеткай тысячы і тысячы звычайных, «мірных абывацеляў».

Раман Янкі Брыля — сведчанне высокай мастацкай культуры пісьменніка. Пабудаваны ён своеасабліва: былое суседнічае з цяперашнім, развага, палёт думкі — з яркімі, эмацыянальна выпісанымі эпізодамі і карцінамі.

Дылогія Алеся Адамовіча «Партызаны», асабліва яе першая кніга — «Вайна пад стрэхамі», з’явілася пэўным адкрыццём у нашай прозе. Сапраўды, ніхто да Адамовіча гэтак поўна не паказаў таго багатага напалу страсцей, драматызму, нябачнай на першы погляд барацьбы супраць фашызму, якая ішла пад знешне мірнымі стрэхамі звычайнага беларускага пасёлка. Раман Адамовіча вызначаецца добрай псіхалагічнай культурай, аўтар умее маляваць быт, шматгалоссе жыцця.

«Пушчанская адысея» Аляксея Карпюка — шчыры, паэтычны твор, праўдзівы і пераканаўчы. У ім няма буйных характараў, выключаючы хіба вобраз галоўнага героя Аляксея Кучынскага, але карціны падпольнай і партызанскай барацьбы напісаны рукой сталага, вопытнага майстра.

Цікавы раман «Вогненны азімут», прысвечаны першаму этапу партызанскай вайны, напісаў Алесь Асіпенка.

Шырокую вядомасць сваімі ваеннымі аповесцямі заслужыў Васіль Быкаў. Мне найбольш падабаюцца аповесці Быкава «Жураўліны крык», «Трэцяя ракета» і «Альпійская балада».

Васіль Быкаў піша суровую, цяжкую праўду аб Айчыннай вайне, і пралікі яго апошняй аповесці «Мёртвым не баліць», на маю думку, выкліканы перш за ўсё прычынамі мастацкага характару. У гэтай значнай па памеру аповесці — канфлікт лакальны, на абраным пісьменнікам пятачку зямлі ды і на працягу вельмі кароткага часу цяжка даць паўнакроўнае жыццё ўсім героям.

Добра — і не без дапамогі пісьменнікаў — развівалася мемуарная літаратура. Выйшлі партызанскія ўспаміны Мачульскага, Вятрова, Лабанка, Калініна, Ваупшасава, Раманава, Цябута. Гэтую работу трэба працягваць.

Завяршаючы кароткую «аглядную» размову пра развіццё беларускай прозы апошніх сямі год, хочацца сказаць пра вызначальную рысу гэтага развіцця — пра яе няўхільны, паступальны, індэйна-мастацкі рост. Проза стала багацейшая ў жанравых адносінах, глыбейшая па сіле пранікнення ў складаныя, супярэчлівыя з’явы жыцця, больш сталая ў сэнсе агульнай творчай культуры. І — думаецца — памыляецца Уладзімір Карпаў, які ў артыкуле «Позірк назад» («Полымя», 1966, № 3) ставіць пад сумненне ідэйна-мастацкія набыткі прозы апошніх год, пэўным чынам арыентуючы пісьменніка і чытача на творы папярэдняга перыяду, а калі ўдумацца глыбей — на творы, дзе дамінуе тэма, а не яе мастацкае ўвасабленне.

Літаратура выхоўвае, кліча да пэўных ідэалаў, і трэба, каб гэтыя ідэалы былі высокімі, чыстымі, вартымі савецкага чалавека. Але высокія ідэалы толькі тады крануць сэрца чытача, стануць яго ўласным набыткам, калі яны вынашаны ў сэрцы пісьменніка, сталі яго крывёю і плоццю, калі сам мастак верыць у тое, аб чым піша ў сваіх творах.

Рашэнні XXIII з’езда партыі, набліжэнне 50-годдзя Кастрычніка натхняюць кожнага пісьменніка сказаць сваё важкае слова «аб часе і аб сабе».

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - c. 83-95
Крыніца: скан