epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Срэбныя імхі

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII


І

Ноч Васіль не спаў, здарожыўся, але, пад’ехаўшы да местачковай станцыі, убачыўшы праз акно знаёмую, падобную на шпакоўню будку стрэлачніка на высокіх палях, складзеную з чырвонай цэглы вежу вадакачкі, іншыя станцыйныя будынкі, адчуў, што стомленасць як рукой зняло. Нібы ў спякотны дзень нырнуў у рэчку.

Васіля ніхто не будзе сустракаць, не чакае, але ўсё адно ён хвалюецца. Можа, таму, што не часта прыязджае ў мястэчка, дзе рос, вучыўся, адкуль пайшоў на вайну і пасля вайны жыў.

Трымаючы ў руках чамаданчык, Васіль выйшаў з вагона на перон. Сярэдзіна жнівеньскага дня, і людзей на станцыі небагата. Бадай, тыя толькі, што самі ад’язджаюць ці прыехалі.

Васіль часта ўспамінае станцыю. Можа, за тое, што час яе пашкадаваў і сама яна мала змянілася за доўгія гады. Той самы драўляны, крыты бляхай будынак, у якім размяшчаецца пакой дзяжурнага, тэлеграф, білетная каса, чакальны зал, буфет.

Па суседству яшчэ адзін пафарбаваны ў жоўты колер дамок — асяродак астатніх станцыйных службаў. У тым дамку па былым часе знаходзіўся вузенькі кабінецік самога начальніка станцыі. Трохі наводдаль каробка пакгауза, да якога прылягае замошчаны каменем двор, асабнячок пагрузканторы і ўладанні станцыі на гэтым канчаюцца.

Васіль прайшоўся па пероне, затым прысеў на лавачцы ля драўлянай сеткі, якой агароджаны палісаднік. Хутка і знаёмага ўбачыў — Івана Петручка, які вынырнуў з пакоя дзяжурнага. Іван — шыракаплечы, ладны ў сваёй чыгуначнай форме — таксама заўважыў Васіля, падышоў прывітацца.

— У водпуск да нас? — спытаў, аглядаючы госця спакойнымі, спагадлівымі вачамі.

— У водпуск. Занудзіўся па дамоўцы. Хоць хаты — сам ведаеш — няма.

Іван прысеў на лавачцы поруч з Васілём.

— Можаце ў мяне пажыць. Дом на чатыры пакоі. Пусты. Дзеці разляцеліся.

— Дзякуй, Іване,— адказаў дрыготкім голасам Васіль.— Сястра ў мяне ёсць. Можа, ведаеш — Аляксандра. Яна мне дваюрадная. У яе пажыву.

Іван на хвіліну задумаўся.

— Жыве ваша Аляксандра добра. Мужык угору пайшоў. Кароў скуплівае на мяса. Але свая карова ў вашай сястры запусцілася. Я вам малака прынясу.

— Чаго ты выкаеш? — сказаў Васіль.— Мы ж з табой разам раслі. Вот тут, на станцыі бегалі.

— Прывычка. Ды і служба такая. Калі да чалавека ласкавей, то і ён меней агрызаецца.

Хвіліну памаўчаўшы, Іван спытаў:

— Вы па-ранейшаму ў шахце?

— Наверх вылез. На пенсію аформіўся, але яшчэ раблю. Інструмент выдаю. Нам дазваляюць, калі сіла ёсць, работаць.

— Я і так дзіўлюся. З выгляду не вельмі вы дужы. Але, мусіць, гадоў дваццаць рабілі пад зямлёй?

— Дваццаць тры.

— Я б дня не вытрываў. Страшна робіцца, як падумаю пра шахцёраў. Сонца не відно, зямля абваліцца можа...

Васіль усміхнуўся.

— Тут тожа пад цягнік можна трапіць.

— Можна,— згадзіўся Іван.— Нядаўна адзін стрэлачнік пакалечыўся. Нагу адцяла. Малады хлопец. Сама жыць.

— Усюды нялёгка. Рабочаму чалавеку дарма грошай не даюць.

— Правільна гаворыце,— пацвердзіў Іван.— Не абавязкова высока драцца. Я вот курсы кончыў. Начальнікам станцыі пасылалі на чужую станцыю. Не пайшоў. Дома лепей. Вот ужо дваццаць гадоў дзяжурным. Жывём паціхеньку. Усё добра, толькі жонка стала хварэць. Вот зараз іду да яе.

Прыцішваючы хаду, прарэзліва скрыгочучы тармазамі, насупраць будынкаў станцыі спыніўся доўгі таварны састаў. Вагоны ўперамешку з чатырохвостнымі ёмістымі платформамі, загружанымі вугалем. Найбольш буйныя вугальныя кавалкі, якія ляжаць наверсе, нібы выпраменьваюць пераліўчаты бляск. Вязуць некуды першагатунковы антрацыт.

— Жонка твая Багданавых Насця? — спытаў Васіль.

— Насця.

— Я помню, як ты гуляў з ёю. Перадавай ад мяне прывет, як пойдзеш у бальніцу.

— Дзякуй. Перадам.

— То ідзі да жонкі,— сказаў Васіль.— А то я цябе тут затрымліваю. Малако не трэба. Проста так прыходзь. Па чарцы вып’ем. Я вот украінскай гарэлкі прывёз. На дне бутэлькі струк перцу ляжыць...

— Дзякаваць за ласку. Толькі, брат, гарэлку даўно не п’ю. Нават тую, што ў нас прадаюць — без перцу...

Стрыечная сястра жыве недалёка ад пераезда і да яе найлепей ісці пуцямі. Колькі ўспамінаў, думаў пра мястэчка, вось пра гэтую станцыю Васіль. Седзячы ў цёмным сырым штрэку на кукішках, а то і лежачы на спіне, ён, калі на душы было асабліва кепска, выклікаў ва ўяўленні розныя тутэйшыя краявіды.

Шахта ёсць шахта. Так здарылася, што Васіль ледзь не палавіну жыцця правёў пад зямлёй. Два разы трапляў у завал. За год да пенсіі абваліўся штрэк. Глыбай Васілю перабіла левую нагу, боль быў жахлівы, думаў — не адкапаюць, развітаўся з жыццём...

Перамены вакол станцыі прыкметныя. Даўно спілаваны купчастыя таполі, якія нібы хмары завісалі над пуцямі, будынкамі, нават над вежай вадакачкі. На іх месцы цяпер клёны. І клёны паспелі за час Васілёвай адсутнасці вырасці. Яны не такія разлапістыя, як старыя таполі, але таксама нібы зялёны вянок акружаюць станцыю.

Стрэлкі на пуцях інакшыя, прамежкі між шпаламі ўтрамбаваны шчэбенем. А Васіль памятае баласт. Колькі ён пазабіваў баласту пад шпалы! У параўнанні з разгонкай рэек, нават пераменай шпал гэта была самая сумная работа. Дзяўбі кіркай і дзяўбі, і знаку не відаць. Вынік рабіўся вядомы вечарам, калі прыходзіў брыгадзір і клаў на рэйкі шаблон. Калі шпала ў які-небудзь бок перакошана, то і назаўтра ў гэтым месцы трэба было дзяўбці.

Восем гадоў назад памерла Васілёва маці. З таго часу не быў ён у мястэчку. Можа, таму так пільна ўглядаецца ў перамены. Дрывянога склада ўзбоч пуцей болей няма. Дзіўна бачыць на тым месцы, дзе ўзвышаліся штабялі дубовых круглякоў, рудстойкі, суцэльныя, доўгія сцены плашак, звычайныя агароды з пацямнелым бульбоўнікам, сланечнікамі, жаўтабокімі гарбузамі.

Насупраць чарады драўляных, пашарэлых ад вятроў і часу складскіх будынін на былых агародах як бы пачала ўзнікаць новая вуліца. Тры ці чатыры пабеленыя мураванкі, некалькі добра выбудаваных драўляных дамоў вокнамі глядзяць на чыгунку. Выгляд вуліцы моцна псуе старая нарыхтоўчая база, якая стаіць упоперак агародаў, на адной лініі з новымі дамамі. Струхлелая гонтавая страха базы свеціць вялізнымі дзірамі, у некаторых месцах кроквы агаліліся і тырчаць як рэбры. Вось гэтая, цяпер напаўразбураная будыніна, на двары якой цюкавалі лазовую і дубовую кару, крушынавыя кійкі, рознае крамное шкумаццё, мела некалі дачыненне да Васілёвага жыцця. Тады, калі яе ўзводзілі, яна перарэзала надвое тры суседнія агароды, у тым ліку агарод старога Пупка, на сядзібе якога калгас пасяліў сям'ю бацькі. Тут каля гэтай базы прайшло Васілёва дзяцінства.

 

ІІ

У двары стрыечнай сястры Аляксандры, якая жыве на Залінейнай вуліцы, што пачынаецца адразу за пераездам, звініць піла, чуюцца зычныя галасы. Не адразу з чатырох мужчын, якія завіхаюцца каля стуса новых сасновых бярвенняў, Васіль выдзеліў сваяка, шаўца з прамкамбінатаўскай майстэрні, які якраз у той год, калі ён сам ад’язджаў з мястэчка, ажаніўся са стрыечнай сястрой.

Родныя брат і сястра, Васілёў бацька і цётка Ганна — так звалі маці Аляксандры,— не надта адно з другім ладзілі, і гэта перадалося стрыечным. У маці Аляксандры былі нейкі маёмасныя рахункі да Васілёвага бацькі. Васіля і стрыечную сястру нішто не раздзяляла, але ніці сваяцкай сувязі між імі пачалі завязвацца толькі пасля вайны. Васілёў бацька, хоць быў чыгуначнік і на фронце не ваяваў, з эвакуацыі не вярнуўся, загінуў пад бомбамі, і гэта прымірыла цётку Ганну з Васілёвай маці і з усёй іхняй сям’ёй.

Васіль рэдка прыязджаў у мястэчка з Данбаса. За доўгія гады, можа, тры ці чатыры разы. Апошні раз, калі памерла маці. Тады Сцяпан, мужык Аляксандры, здаваўся ціхмяным, сарамлівым і як бы нейкім прыбітым. Цяпер ад стуса бярвенняў да ганка, ля якога ў нерашучасці спыніўся Васіль, падкаціўся раздабрэлы, круглы, як шар, чалавечак з такім жа круглым сытым тварам, на якім паблісквалі вясёлыя і хітрыя вочы.

— Сваяк прыехаў,— сказаў ён, паціскваючы Васілю руку.— Добра, што нас не забываюць сваякі.

Тое, што на двары ідзе работа і яе хопіць на некалькі дзён, Васіля ўзрадавала. Само сабой адпадала пытанне, на якіх правах ён будзе жыць у стрыечнай сястры.

— Як ведаў, што ў вас будаўніцтва. Дайце і мне тапор. Даўно не чуў, як пахне сасновае бярвенне.

— Вы што — бярвенне сюды ехалі часаць? — павесялелым голасам спытаў Сцяпан.— Адпачніце з дарогі. Аляксандра ў краму пайшла. Хутка вернецца. Чалавека спачатку трэба прыняць. Тады ўжо няхай і работа.

— Пачнём з работы. Вот толькі чамадан пастаўлю і пінжак здыму. Ты мне, Сцяпан, якія-небудзь штаны дай. Шкода ў гэтых.

Сцяпан зірнуў на сіні, амаль яшчэ новы шарсцяны Васілёў касцюм, забегаў, замітусіўся. Два маладыя хлопцы, якія пілуюць бярвенне, на гэты момант перасталі цягаць пілу і ўталопіліся на Васіля. Дзівак чалавек, здаецца гаварылі іх позіркі, не паспеў у хату ўвайсці, а ўжо рвецца да работы. Хударлявы, з сівой галавой мужчына пахаджвае ля пільшчыкаў, прыкладвае да бервяна складны жоўты аршын, малой, з жалезным тронкам сякеркай робячы насечкі, і таксама раз-пораз кідае зацікаўленыя позіркі на госця. Толькі цяпер Васіль пазнаў у ім прымака Вольгі Транчаковай, суседкі па былым сваім двары.

У цемнаватых сенечках Ваcіль скінуў пінжак, надзеў старыя Сцяпанавы штаны, трохі для сябе караткаватыя, падперазаўся рамянём, выцягнуўшы яго з новых касцюмных штаноў, і выйшаў на ганак. Сцяпан выскачыў услед за ім з ладнай конаўкай у руках.

— Асвяжыся з дарогі. З вясны задзелалі. Быў бярозавік, а цяпер вада з хлебам.

Васіль з прыемнасцю выпіў церпкі, з пахам падгарэлых хлебных скарынак квас, успамінаючы, што ў маленстве, калі жылі яшчэ на Далёкім Лядзе, у іх усё лета не зводзіўся такі самы.

Нарэшце Васіль узяўся за тапор. Даўно ён не трымаў сякеры ў руках і, можа, таму ў першыя хвіліны адчуваў сябе ніякавата. Але калі што ўмееш, то ўмееш. Часаў калісьці бярвенне. Чэшучы сасновыя круглячкі, адпластоўваючы ад іх роўныя пасачкі трэсак, ён радуецца, што трапілася іменна такая работа.

Камандуе цеслярамі прымак Вольгі Транчаковай. Васіль успомніў: завуць яго Мікалай Мікалаевіч. За год ці два да таго, як Васіль паехаў з мястэчка, Мікалай Мікалаевіч прыстаў да Вольгі, дзяўчыны ціхмянай, прыгожай, хоць і немаладой, якая жыла разам з бацькамі. Гаварылі, што ён, прыстаўшы да Вольгі, кінуў сям’ю і нібыта немалую — жонку і траіх дзяцей.

Транчакі жылі праз тры хаты ад ранейшага Васілёва котлішча, і ён усё пра іх ведаў. Мікалай Мікалаевіч аказаўся чалавекам рухавым, руплівым, у яго былі ўмелыя рукі. Наўсцяж ён памагаў местачкоўцам ставіць новыя хаты, перасыпаць старыя, рабіць дзверы, аконныя рамы, шкліць вокны, крыць дахі. Работы такому ўмельцу хапала. Службы таксама не выракаўся — у дзесяцігодцы Мікалай Мікалаевіч вёў фізкультуру. Вельмі хутка ён купіў пусты суседскі дом і гэтак яго выштукаваў, што было люба глядзець.

Але што робіць з людзьмі час! Быў Мікалай Мікалаевіч ружовашчокім мацаком, а цяпер сухі, выпетраны дзядок.

З двух хлопцаў, якія пілуюць бярвенні, адзін у расхлістанай сарочцы, цыбаты і тонкі, Сцяпанаў сын, Васілёў пляменнік. Смуглявым, далікатным тварам ён падобен на Аляксандру. Перасмейваючыся, хлопцы лёгка і весела цягаюць пілу, па метках, зробленых Мікалаем Мікалаевічам, адпілоўваюць ад бярвенцаў чурбакі, кладуць на козлы новыя бярвенцы. Працуюць, нібы жартуюць.

Сцяпан капае ямкі для шулаў. На такую работу ў гэты дзень ён, мабыць, не разлічваў, бо апрануты па-святочнаму. Прыбаўка рабочай сілы прымусіла перамяніць планы. Па прыкладу Васіля Сцяпан збегаў у хату і хуценька пераапрануўся. У дзіравых штанах, старой сарочцы, разлезлых чаравіках ён падобен да вялікага рухавага жука. Ёсць ужо жывоцік у Сцяпана — нібы гарбуз выбіваецца з-пад паласатай сарочкі. Тады, калі крукам сядзеў сваяк у шавецкай майстэрні, здаецца, не было жывоціка.

Мікалай Мікалаевіч бярэ з рук Васіля тапор. У бярвеннях трэба рабіць пазы, каб у сцяне яны шчыльна адно да другога прылягалі. Што ж, і такая работа Васілю не ў навіну.

З’явілася Аляксандра, несучы напакаваную сумку. Пастаяла, паківала галавой, дзівячыся, што стрыечны брат, аб прыездзе якога яна яшчэ ўчора нічога не ведала, сёння паспеў наняцца да яе ў работнікі. Памажнела, раздабрэла Аляксандра. Выглядае і трымаецца як начальніцкая жонка.

Перад тым як скончыць работу, Сцяпан паклікаў Васіля ў хляўчук.

— Паглядзі, для каго прыбудоўку робім.

У хлеўчуку парадак. Правая палавіна, адгароджаная сценкай з гладкага, круглага бярвення, ледзь не да самай страхі забіта сенам. У левай палавіне зроблен закут, у якім рохкаюць свінні.

— Двух паноў выгадаваў,— пахваляецца Сцяпан.— Цесна ім тут. Трэба ад каровы перавесці.

Нават у паўзмроку катуха можна разгледзець двух вялікіх, нібы копы, япрукоў. Але не на іх Васіль глядзіць. У хлеўчуку столькі блізкага, напаўзабытага за доўгія гады акуратнага гарадскога жыцця. Працягнуты ўпоперак ад сцяны да сцяны шасток — седала для курэй. Ластаўчына гняздзечка прыляпілася пад самым вільчыкам. Ад сена, складзенага ў хляве, патыхае, здаецца, усімі пахамі поля і лесу...

— Не завідуй,— нібы адгадаўшы Васілёвы думкі, гаворыць Сцяпан.— Мець сёння карову, свіней — катарга. Кожны дзень, вот як сёння, топчамся. Не адно, дык другое...

Пяць мужчын — сіла. Не толькі абчасалі, падагналі бярвенне пад патрэбны памер, выдзеўбалі пазы, паставілі шулы, але паспелі тры вянцы бярвенняў палажыць. Хлевушок будзе выглядаць на сучасны манер — невялікі, ахайны і цёплы.

Вячэралі — з нагоды прыезду госця — у чыстай палавіне хаты. Зажытак у стрыечнай сястры відавочны: на ложках — пухавікі, узбоч сцен — камоды, шкафы, сцены завешаны дыванамі. Ад гэтага і, можа, яшчэ ад таго, што вокны застаўлены кветкамі ў гаршках, што з падлогі пад столь уздымаецца цэлы лес фікусаў, у хаце пануе паўзмрок. Уражанне такое, што пакоі залішне напакаваны розным дабром.

Мужчыны, хлопцы, парадкам стомленыя, выпіваюць слаба. Толькі сам гаспадар, выкарыстаўшы момант, калі жонка падалася на кухню, спрытна кульнуў сваю шклянку і зараз жа зноў наліў. Жэст гэты не схаваўся ад Аляксандры.

— Госці не п’юць, а ты наліваешся,— сказала мужу.— Як крадзеш усё адно...

Сцяпана пачало развозіць.

— Не люблю прыгону,— адказаў як бы з выклікам.— Хто хоча, хай п’е. Сёння ў мяне свята. Дарагі сваяк прыехаў. Першы раз у хаце. Жарты сказаць — за трыццаць гадоў нашага з табой жыцця, твой брат першы раз у маёй хаце...

— Сцяпан! — Аляксандра пасуровела з твару.— Не распускай язык.

— Я праўду кажу. Магу сказаць, што паважаю цябе, Васіль. Не кожны здольны дваццаць гадоў пад зямлёй вытрымаць. З мястэчка розных настаўнікаў, інжынераў, лётчыкаў, другой шантрапы — хоць пруд прудзі. Шахцёр — адзін ты. За ета цябе люблю...

Калі ўжо запалілі электрычнасць, у дзверы з сенечак нехта асцярожна пастукаў. У хату зайшоў дзяжурны па станцыі Іван Петручок са збанам у руках.

— Каб вы свайго госця голадам не замарылі, малака яму прынёс,— сказаў Іван.

Іван з’явіўся ў паношаным пінжаку і невыразнага колеру пакамечаных штанах. Доўга не хацеў садзіцца за стол. Маладыя хлопцы з-за стала шуснулі, а Івана нарэшце ўсадзілі на вольнае месца. Ён адразу паскардзіўся:

— Другі раз сёння частуюся. Аж няёмка. Толькі што з памінак. Былі памінкі па Мар’і Паўлавай...

— Мар’я Паўлава памерла? — спытаў Васіль.

— Год назад. Мінулым летам,— адказаў Іван.

— Не хачу гаварыць,— умяшалася Аляксандра.— Не сваёй смерцю яна памерла. Стражнік атруціў...

Цяпер Сцяпан пачаў ушчуваць жонку.

— Не трэба так гаварыць. Ніхто нічога не даказаў. Старая была твая Мар’я. Дажыла да васьмідзесяці гадоў. Ты дажыві...

— Я нічога не выдумляю. Людзі гавораць. У адзін голас. Здурнела пад старасць Мар’я. Абкруціў яе Стражнік. Пакуль не перапісала на яго хату, залатыя горы абяцаў. Маўляў, буду карміць цябе, цётка, даглядаць. Захочаш, дык і чарку вып’еш. Чаркамі і даканаў. Кажуць, чэмер у самагонку дамешваў.

Сцяпан пачынае злавацца:

— Аляксандра, не гавары, чаго не ведаеш. Калі да Стражніка дойдзе, можа на суд падаць.

— Няхай падае. Так яго, сволачы, я спужалася. Мне Мар’я сама жалілася. Вып’ю, кажа, Аляксандрачка, чарку гарэлкі, дык пад грудзьмі агнём пячэ...

— Навошта яна тады піла? — абураецца Сцяпан.— Старая была. Сядзела б на печы...

— Ты чаго п’еш? — ускідваецца Аляксандра.— У цябе дзеці, жонка, служба. А ў яе што? У дзвюх войнах двух мужыкоў страціла. Да каго прытуліцца?..

Мікалай Мікалаевіч, які дагэтуль маўчаў, ажыўляецца:

— Падобна на праўду. Калі ўлічыць, што Стражнік са сваёй першай жонкай учыніў. Калі паглядзець, хто такая другая яго жонка...

Прыкрую для Васіля размову перапыняе Сцяпан:

— Хопіць вам пра Стражніка!.. Наш госць не хоча пра яго слухаць...

— Забыў,— спахопліваецца Мікалай Мікалаевіч.— Прашу прабачэння...

Сцяпан сп’янеў найбольш ад усіх.

— Ты малайчына, Васіль! — выгуквае.— Я часта гавару Аляксандры, што з усёй яе далёкай і блізкай радні, самы разумны ты. Кінуў усё і з’ехаў. Дзяліцеся, грызіцеся...

— Затое ў цябе радня! — рашучая Аляксандра тарганула мужа за валасы.— Не гавары, чаго не ведаеш...

— Ведаю, таму гавару. Як пражыў яго бацька і твая маці? Хаты адной падзяліць не здолелі. Ворагамі адно другому сталі. Вы як пражылі? Дваюрадны брат да цябе ў госці прыехаў, толькі як на пенсію выйшаў...

Гатова была выбухнуць сварка, таму Васіль, а за ім Мікалай Мікалаевіч разам з Іванам Петручком паспешліва падняліся з-за стала.

 

ІІІ

Начаваць Васіль папрасіўся ў хлеў. Хацелася адчуць даўняе, вясковае, што ён амаль забыў і што толькі зрэдку выплывала ў памяці смутным, прыемным успамінам.

Аляксандра зрабіла пасцель на сене. Напаўрасчыніўшы дзверы хлява, пастаяла, пачакала, калі Васіль забярэцца ў сваё логвішча.

— Ён не паганы,— сказала пра мужа.— Не дробязны, не помслівы. Языком, праўда, любіць памянташыць. Аднаго баюся: да чаркі стаў прыхіляцца. Малады не піў...

Рыпнуўшы дзвярамі хлява, пайшла ў хату. Праз некалькі хвілін вярнулася — прынесла кажух.

— Ноччу можа быць холадна,— сказала.— Акрыешся.

Памаўчаўшы, спытала:

— У цябе ўсё добра ў сям’і? А то пры людзях і пагаварыць нельга.

— Добра,— адказаў Васіль.— Ніна ад нас выбралася. Мужыку яе кватэру далі. Саша пасля тэхнікума работае на Кубані.

— Ну то спі. Пагаворым заўтра.

Аляксандра пайшла, і стала ціха. Чуваць, як, перажоўваючы жвачку, уздыхае карова. Ледзь чутна, мабыць, у сне азываюцца куры. Дзесьці далёка забрахаў сабака. Знаёмы гэтыя начныя гукі і зыкі Васілю. Ён, можа, і ў мястэчка прыехаў, каб паслухаць іх, вярнуцца ў даўняе, напаўзабытае, што апошнім часам усё часцей і часцей нагадвае аб сабе, вярэдзіць душу.

Васіль ловіць сябе на непрыемным адчуванні, якое нарадзілася ў душы, і толькі цяпер пачынае разумець, што ідзе яно ад нядобрай за сталом гаворкі пра Стражніка і бацьку. Бог з ім, са Стражнікам. Васіль думаць пра яго забыў. За бацьку крыўдна. Аляксандра адчула, што муж ляпнуў глупства. Але ні яна, ні яе гэты сыты шпак ніколі бацьку не зразумеюць.

Пачуўся гудок, затым па рэйках праляскаталі колы цягніка. Васіль латвей уладкаваўся ў сваім логвішчы, але заснуць не можа. Вельмі многа ўражанняў сплялося ў адзін клубок.

У апошнія гады Васіль многа думае пра бацьку. Бачыць яго чалавекам глыбокай, цвёрдай веры. Хоць па натуры бацька быў мяккі, падатлівы. Разам з думкамі пра бацьку ў вачах паўстае Далёкае Ляда, дзе прайшла большая палавіна дзяцінства. На Далёкім Лядзе, лясным хутары, дзе было двароў дванаццаць, бацька першы ўступіў у калгас. У агульны хлеў адвёў не толькі каня, карову, але свіней, авечак загнаў. Чыстую палавіну хаты аддаў пад брыгаднае памяшканне. Некаторыя хутаранцы смяяліся з бацькі за гэтую яго залішнюю адданасць, прыхільнасць да калгаса.

Тым часам справы ў местачковым калгасе, у яго далёкай лясной брыгадзе разгортваліся не надта добра. Як цяпер разумее Васіль, тутэйшаму калгасу заўсёды было цяжка спаборнічаць з прамысловымі прадпрыемствамі, якія ў мястэчку існавалі адвеку. Чыгуначнікам, рабочым цагельнага завода, абоднай майстэрні, мылаварні, нават розным вартаўнікам, якія ахоўвалі крамы, склады, штомесячна выплачвалі зарплату, а калі туга было з харчамі, выдавалі хлебны паёк. Пабыўшы два-тры месяцы ў калгасе, пабачыўшы, якія ў ім парадкі, многія местачкоўцы дружна адтуль сыпанулі, перакідваючыся пераважна на чыгунку, у шэрагі мясцовага рабочага класа.

Бацька трымаўся. Верыў у калгас, у тое, што нездарма яго арганізавалі. Пад брыгадны двор аддаў нарэшце ўсю сядзібу. У хаце збіраліся сходы, сядзеў рахункавод, у хлявах стаялі калгасныя коні, у гумне ляжалі абагульненыя плугі, бароны, у пуні — сена для коней.

Мінула два ці тры гады, і бацька ўсё часцей пачынаў заўважаць непарадак. Брыгадзір аддаваў коней на старану, нават не калгаснікам, і за гэта піў, працадні налічваліся як папала, ніхто не сцярог сена, саломы, канюшыны, і людзі з заграбушчымі рукамі арцельнае дабро расцягвалі.

Бацька стаяў за праўду, крытыкаваў брыгадзіра, нават заявы пісаў пра розны непарадак у брыгадзе. Але ўчарашнім хутаранцам, якія сталі калгаснікамі, быў больш даспадобы хітры, нячысты на руку брыгадзір, чым дзівакаваты, незразумелы Іван Галавенька. У час такіх спрэчак, разбораў справы яны станавіліся на бок брыгадзіра.

Іван Галавенька пайшоў па той жа дарожцы, што і некаторыя іншыя местачковыя арцельцы. Плюнуў на ўсё і падаўся на чыгунку. Хату, астатнія будынкі калгас вярнуць бацьку не мог, таму сям'і выдзелілі пад жытло дамок у самім мястэчку.

У гэтым ніштаватым на выгляд дамку да калектывізацыі жыў культурны гаспадар Цімох Макаранка, які, калі на яго сталі насядаць, усё кінуў-рынуў і з сям’ёй падаўся ў Маскву. Пры дамку быў прасторны хлеў, такі прасторны, што яго першыя калгаснікі аблюбавалі пад арцельны свінарнік. З цягам часу жывёлагадоўчыя памяшканні сцягваліся ў адно месца, і Макаранкаў хлеў калгас перавёз на цэнтральную сядзібу.

Васілёва сям’я пасялілася ў Макаранкавым доме, але карову, свінню прыйшлося трымаць у чужым хляве. І не толькі месца не было, каб хлеў паставіць на новай сядзібе, але нават для грады зямлі не знайшлося. Галавенькі не мелі пры хаце ні агурка, ні памідора.

Ніхто не быў вінаваты. Цімох Макаранка паставіў дом на цесцевай сядзібе. Займала сядзіба старога Пупка вялікі трохкутны прамежак, які ўтварыўся між шляхам, чыгункай і местачковымі агародамі. Гэта была нават прыгожая сядзіба. Стары Пупок абсадзіў яе па ўзмежку бярозамі, таполямі, і яны высока ўзнялі раскідзістыя шаты, нібы падковай атуляючы агарод. Таполя на рагу агарода каля чыгуначнага насыпу вымахала магутная, бачная здалёку. У дажджлівую пару пад Пупковымі бярозамі, нібы ў сапраўдным лесе, раслі падабабкі.

Калі Васіль стаў жыць у Макаранкавым доме, вялікі агарод Пупка сталі падціскаць і абразаць. Ён межаваў з чыгункай, а пры тупіковых чыгуначных пуцях якраз сталі будаваць розныя базы, склады, зернясховішчы — каб было куды звозіць нарыхтоўку з калгасаў.

Увогуле з Пупковым агародам абышліся па-барбарынску. Нібы гэта была нічыйная, нікому не патрэбная зямля. Якраз спрамлялі стары шлях, дык ездзіць далёка па пясок не захацелі, кар’ер зрабілі на Пупковым агародзе. Зямлю пакапалі на ямкі, знявечылі. Па частцы агарода праклалі яшчэ адну дарогу — да баз і складаў, выбудаваных каля тупіковых пуцей.

Вось такія падзеі адбываліся на вачах Васіля. Стары Пупок, відаць, лічыў новых суседзяў пасланцамі самога д’ябла, з-за якіх пачаліся яго згрызоты і пакуты. Ён з імі не вітаўся, наўмысна адварочваўся, калі сустракаў на вуліцы.

Прачнуўшыся аднойчы раніцай, Васіль убачыў тры рады калючага дроту паўзверх паркана, якім Пупкоў сад і рэшта агарода аддзялялася ад дворыка новых суседзяў. Пупок быў непахісны ў сваёй зацятасці. Нідзе не працаваў, у белых даматканых штанах, сарочцы расхаджваў па агароджанай высокім парканам сядзібе, пілой-аднаручкай пілаваў дровы, калоў іх, складваючы ў акуратныя штабялі. Дроў у белага дзеда-лебедзя было гадоў на пяць.

У Пупковым двары, агародзе, садзе панаваў выдатны парадак. Цыбуля на градах расла вялікая, нібы лаза, незвычайнай велічыні вымахвалі качаны капусты, буракі. Шчодра радзіў сад — падпоркі стаялі пад кожнай галінай яблыні.

Так, белы дзед-лебедзь гаспадар быў добры, але і язык меў адмысловы. Якіх толькі чутак не распускаў пра новых суседзяў! Пра Васіля, на той час дзесяцігадовага падлетка, плёў кожнаму сустрэчнаму, што нібыта ноччу прабіраецца Васіль у хлеў, да Пупковай каровы і высысае з яе вымені малако да кроплі, таму назаўтра баба нават шклянкі не надойвае.

Васіль рос, маўкліва зносячы крыўду, коса кінутыя позіркі, кпіны. Летам, калі было асабліва цяжка, бегаў на Далёкае Ляда. Там адчуваў сябе лёгка і вольна. На цёплых, прагрэтых сонцам лясных палянах збіраў суніцы, асочваў па дубовых дуплах гнёзды галубоў...

Успамінаючы, перабіраючы ў памяці вясёлыя і сумныя праявы далёкага дзяцінства, Васіль непрыкметна для сябе заснуў.

 

IV

Назаўтра папрацавалі каля хлеўчука толькі гадзіны дзве з раніцы. Прымак Вольгі Транчаковай атрымаў па закону прыбаўку да пенсіі і мусіў ехаць, каб аформіць яе, дзённым цягніком у раённы горад; Аляксандра падалася ў бальніцу — ставіла новыя зубы, Сцяпан з самай раніцы пайшоў на службу; мільгануўшы ля веснічак у ярка-чырвонай футболцы, дзесьці знік пляменнік.

Васіль астаўся адзін. Меў вольны час, мог рабіць, што захоча. Ён пасядзеў на ганку, паслухаў, як трашчаць вераб’і ў густым вішанніку, клюючы пераспелыя ягады, затым замкнуў дзверы, схаваў, як наказала Аляксандра, ключ пад ганак і выйшаў на вуліцу.

Апошні раз Васіль быў у мястэчку восем гадоў назад. У той год, калі памерла маці, ён быў тут нават два разы: спачатку пахаваў маці і месяцы праз два, восенню, прыехаў і прадаў матчыну хату. Асфальту на гэтай вуліцы, утворанай гады за два-тры перад вайной са сселеных хутароў, тады яшчэ не было і называлася яна, як і да вайны — Палявая. Цяпер называецца вуліцай Касманаўтаў. Магла б і Васілёва хата, каб дачасна не перабраліся ў мястэчка, стаяць на гэтай вуліцы, і тады б, відаць, быў зусім іншы ягоны лёс. Не паехаў бы ён у далёкі Данбас, жыў бы тут, працаваў бы, як Іван Петручок, на чыгунцы.

Непрывычна бачыць асфальт на звычайнай сельскай вуліцы. Асфальтам на манер гарадскога бульвара заліты і ўзбочаны вуліцы, якія падступаюць да самых варот і плятнёў. Стаяць паабапал заасфальтаванай дарогі старасвецкія, крытыя струхлелай дранкай хаты, па дварах, агародах узвышаюцца вялізныя, разгалістыя ігрушы-дзічкі, сакочуць у дварах куры, гегаюць гусі, рохкаюць, лежачы пад плятнямі, свінні, а на вуліцы — асфальт.

Паасобныя хаты ўсё ж набываюць некаторы гарадскі выгляд — яны абшаляваны дошкамі, пакрыты шыферам, налічнікі, аканіцы — пафарбаваны.

Васіль нават весялее, адзначаючы перамены. Так, у гэты свой прыезд ён зробіць тое, аб чым многа думаў на чужыне. Паходзіць, агледзіць усе цікавыя мясціны, асабліва Далёкае Ляда.

Калі і быў Васіль шчаслівы, задаволены жыццём цалкам, то толькі ў самым раннім дзяцінстве, калі жылі яшчэ на Далёкім Лядзе. Там адразу за іх агародам, нібы вежы, узвышаліся вялізныя дубы. Ён заўсёды, калі толькі хацеў, мог шуснуць з хаты пад дубы, пашукаць жалудоў або яблычкаў, якія нарасталі на дубовым лісці — іх сок імгненна сцягваў рану, калі абдзярэш руку ці праколеш нагу.

На сярэднім дубе была буслянка. Знізу яна нагадвала не вельмі ахайную кучу хворасту, усцягнутую ледзь не на самую макушу дуба, у развілак між верхнімі галінамі. Буслы сюды заўсёды прыляталі адны і тыя ж. Яны толькі злёгку рамантавалі гняздо, засцілаючы дно яго новымі хварасцінкамі, і пачыналі сталае да восені жыццё. Падсуседзямі буслоў былі вераб’і — пяць-шэсць, а можа, нават болей іхніх, звітых з пырніку, сухіх сцяблінак, гняздзечкаў мясцілася між хварасцін па краях буслянкі.

Вераб’і з раніцы ўсчыналі зацятае, бясконцае ціліўканне, вельмі часта вялі між сабой бойкі, але буслы на іх не звярталі ніякай увагі. Яны нібы не заўважалі гэтай драбязы, ганарліва, падцінаючы то правую, то левую нагу, аглядалі разлеглы навокал прастор. Потым нібы па камандзе распластвалі крылле і выляталі з гнязда, кіруючы ў бок зарослага хмызамі балота.

Нарэшце наступаў дзень, калі буслы пачыналі пакідаць гняздо па адным. Увесь гэты час Васіль пільна сачыў за буслянкай, ведаючы, што хутка ў ёй паявяцца маладыя буслікі. Самае цікавае і пачыналася якраз тады, калі то бусел, то бусліха, несучы ў вострай чырвонай дзюбе жабу або доўгага, як пута, вужа, узляталі на дуб і садзіліся на буслянку. Старыя буслы радасна клекаталі, маладыя ледзь чутна папісквалі. Гэтая музыка паўтаралася шмат разоў на дзень...

Вось такія дробязі Васіль успамінае, ідучы заасфальтаванай палявой вуліцай, маючы намер спачатку пабываць на Блізкім, а затым на Далёкім Лядзе. Гэтыя мясціны найглыбей запалі ў душу. Да дзесяці гадоў, пакуль не пераехалі ў мястэчка, Васіль шмат чаму навучыўся, жывучы на лядзе. Не аднымі толькі бусламі цікавіўся, знаходзіў за лета дзесяткі птушыных гнёздаў, сочачы, як падрастае ў іх, пакрываючыся спачатку стрэлкамі, затым пер’ем, маладое жаўтадзюбае птаства.

Зрэшты, птушкі, ягады, грыбы — забаўкі. Жывучы сярод поля і лесу, Васіль рана навучыўся хадзіць каля каня, мог адвесці і прывесці яго з пашы, запрэгчы ў калёсы. Ён і за плугам, за бараной навучыўся хадзіць, умеў касіць, грабці сена, складваць у копы.

З паўночнага боку Далёкае Ляда межавала з разлеглым, заросшым лазой балотам. У канцы вясны, калі кара яшчэ лёгка аддзяляецца ад прутка, усё мястэчка драла на гэтым балоце лазовае лыка на лапці. Васіль на лазу лішне не налягаў. Жывучы сярод лесу, наглядваў, прыкмячаў сабе многа маладых ліпак, лыка з якіх далікатнейшае і лапці прыгажэйшыя.

Калі пераехалі ў мястэчка, пасяліліся ў Макаранкавым доме, Васіль моцна засумаваў. Звыклага, блізкага яму асяроддзя тут не было. Пакуль карова стаяла ў хляве на іх ранейшым двары, Васіль па два, а то і па тры разы на дзень бегаў на Далёкае Ляда. Ніякай цяжкасці для яго ў гэтым не было, хоць лічылася, што ад хутароў да мястэчка вярсты тры. Васіль ляцеў басанож па ўтоптанай сцежцы, і было прыемна адчуваць, як пад яго нагамі злёгку падрыгвае глеістая, балотная зямля. У спёку зямля на сцежцы трэскалася, але пасля першага дажджу глыбокія маршчыны-трэшчыны згладжваліся зноў.

Перш чым дасягнуць Далёкага Ляда, трэба было мінуць Блізкае, на якім хутары былі параскіданы як папала. Некалі тут увесь бачны абсяг займалі дубы, але Васіль іх не застаў. Дубы — гектараў пяцьсот, а можа, і больш — спілавалі «ў свабоду» — так называліся прамежкі безуладдзя паміж рэвалюцыяй, нямецкай і белапольскай акупацыямі. Ад тысяч спілаваных дубоў на разлеглым прасторы засталіся толькі пні, ды на полі, якое называлася Дуброва, высока ўздымалі купчастыя шапкі паасобныя магутныя дрэвы.

На дубовае гала, або, як яго называлі, пнёўе, пастухі гналі пасвіць статкі. Васіль, прыбегшы з мястэчка, знаходзіў сваю карову і, бачачы, што нічога кепскага з ёй не здарылася, у далейшым паводзіў сябе як хацеў. З правага боку да пнёўя падступаў алешнік. Васіль не любіў альху як дрэва і альховага лесу не любіў. У ім заўсёды было змрочна, сыра, чарнела голая, вытаптаная быдлам, зямля. Не раслі ў алешніку ягады, грыбы; птушкі, апроч драздоў, удодаў і галубоў-туркалікаў, не вілі ў ім сваіх гнёздаў.

Калі і хадзіў Васіль у алешнік, то толькі затым, каб налаташыць дзікіх яблыкаў. У сад да Пупка ён не лазіў, таварыства ў мястэчку не меў. А яблыкаў хацелася. Бліжэй да восені ён зганяў аскому дзікімі дробнымі яблычкамі, страшэнна кіслымі — ад іх зводзіла сківіцы. Дзікія пладовыя дрэўцы часцей, чым у другім лесе, трапляліся чамусьці ў алешніку.

Васіль дайшоў нарэшце да месца, з якога пачынаецца вуліца Касманаўтаў. Калісьці тут стаяла пяць ці шэсць хат хутаранцаў Блізкага Ляда. Яны размяшчаліся пры самым шляху, і іх не кранулі пры ссяленні хутароў. Яны, бадай, і цяпер стаяць, толькі выгляд змянілі — перасыпаны, абшаляваны дошкамі, другімі, шырэйшымі вокнамі глядзяць на свет.

Дзень гарачы, нават млосны. Людзей на вуліцы няшмат. Хіхікаючы, паведамляючы на хаду адна адной штосьці надзвычай таемнае, прабегла купка дзяўчатак у яркіх кароткіх сукеначках, басаножках на тоўстых гумавых абцасах. На лавачцы сядзіць бабуля ў завязанай ражком на падбароддзі хустцы, цёплай ватоўцы. Бабуля пільна сочыць за ўсім, што адбываецца на вуліцы, але не спускае вока з малой, якая ля веснічак забаўляецца з кацянём. Падымаючы воблакі пылу, раз-пораз праносяцца грузавікі.

На пачатку вуліцы ёсць і зусім новая будыніна, якой раней не было. У прагале між старых хат вырасла мураваная, атынкаваная і пабеленая крамка з высокім каменным ганкам. На ганку нібы пасланец лёсу стаіць Іван Петручок.

— Я да вас сабраўся,— гаворыць Іван.— Нядобра палучаецца. Чалавек прыехаў у госці, і ніхто яго да сябе ў хату не пазаве.

Васіль нават спалохаўся. Ні ў якія госці ён не збіраўся.

— На Далёкае Ляда хачу прайсці,— адказаў ён, за руку вітаючыся з Іванам.— Дзе быў раней наш двор...

— Што вы на тым лядзе ўбачыце? Роўнае поле, і ўсё. Як талерка. Лес высеклі, і саўгас адсюль відаць.

У гэты момант з крамы выйшла рослая, паўнаватая, з прадаўгаватым чарнявым тварам жанчына і, павітаўшыся з Петручком, безуважліва слізгануўшы позіркам па постаці Васіля, рушыла па вуліцы. Жанчына ішла, пакалыхваючы буйным станам, лёгка і ў той час упэўнена ступаючы, як бы выстаўляючы напаказ сваю расцвіўшую жаноцкасць, і было ў яе вобліку, паставе, паходцы штосьці да болю знаёмае. Васіль міжволі ўздрыгнуў.

— Зіна,— сказаў Іван.— Дачка Стражніка. Ад першай жонкі. За шафёрам замужам. Па-мойму, да бацькі не вельмі хіліцца.

— Пойдзем да мяне,— працягваў Іван.— Паглядзіце мой двор. Пчолак сваіх пакажу. Пойдзем агародамі, і можна адтуль усё ляда пабачыць...

Іван сагітаваў ці дачка Стражніка, падобная на сваю маці, перамяніла Васілёў намер, але ахвота вандраваць у адзіноце прапала. Васіль зайшоў у краму. Ён хацеў што-небудзь купіць, каб не ісці ў хату да Івана з пустымі рукамі. Але купіць няма чаго. За прылаўкам сядзіць разамлелая ад гарачыні маладзіца, ляніва перамаўляючыся з двума кабеткамі, што грэбліва падцяўшы губы, перамацваюць у кутку скруткі наваленых адзін на другі крамных матэрыялаў. На паліцы ляжыць стус ватовак, на падлозе куча нязграбных, агромністага памеру ботаў. З харчовых прадуктаў у наяўнасці хлеб, цукар і акамянелыя ад доўгага ляжання пернікі ў драўлянай скрынцы.

Васіль купіў бутэльку віна з выцвілай атыкеткай. Нічога лепшага не было, а гарэлкі браць не хацеў.

Яны з Іванам рушылі ўзмежкам былога Блізкага Ляда, і тое, што Васіль убачыў, цалкам яго расчаравала. Ніякага падабенства з карцінамі, якія памятаў Васіль. Некалі над абсягам Блізкага Ляда як бы панаваў дух спакою, задуменнай засяроджанасці. Спрыялі гэтаму разложыстыя волаты-дубы, якія атачалі, бадай, ледзь не кожную сядзібу, мысок алешніку, круглыя купы зялёных хмызоў, што, як кінуць вокам, цягнуліся ўскрай балота. Ні дубоў, ні алешніку, ні хмызоў няма. Нават бясконцыя дубовыя пні зніклі. Навокал сапраўды круглая, як талерка, раўніна, на якой сям-там узвышаюцца скірды саломы. Яшчэ больш саломы на гэтым неабсяжным полі параскіданай, непрыбранай: бясформеннымі валкамі як асталася пасля камбайнавага жніва, так і ляжыць, гніе пад дажджамі.

З тых памятных дубоў дзяцінства не засталося ніводнага. Ля разбітай ушчэнт, раз’езджанай трактарамі дарогі стаіць доўгая, прысадзістая будыніна на каменным падмурку — кароўнік ці канюшня. Зямля навокал разварочана, у бясконцых ямах-калдобінах вада. Хутчэй за ўсё тут саўгасны двор. У беспарадку пад адкрытым небам стаяць гусенічныя трактары, камбайны, каткі, якімі ўтрамбоўваюць балотную глебу, розныя навесныя прылады, прызначэння якіх Васіль не ведае.

— Агаляецца зямля,— сказаў Іван.— Памятаеш, колькі лесу паміж мястэчкам і саўгасам было. Цяпер саўгас адсюль відаць. Паглядзі...

Васіль зірнуў і ў канцы гладкай, аднастайнай раўніны — гэтак цяпер выглядала асушанае, пераўтворанае ў поле балота — убачыў між дзвюх грывак далёкага лесу хісткія, няпэўныя абрысы крытых шыферам ці чарапіцай будынкаў. У пару Васілёвага дзяцінства ў той мясціне, на лысым пясчаным востраве-пагорку, на тры чвэрці акружаным балотам, таксама размяшчаліся хутары. Хутароў было некалькі, пяць ці шэсць, раскіданых па ўскрайках лесу, балота, але мелі яны агульную назву — Прыстань. Бліжэй да Далёкага Ляда жылі ва ўрочышчы Астроўкі яшчэ хутаранцы і сярод іх бацька Стражніка.

— Як думаеш, учора праўду гаварылі пра Стражніка? — раптам спытаў Васіль.

Іван спыніўся, зірнуў на Васіля спакойнымі шэрымі вачамі.

— Хто яго ведае,— адказаў разважліва.— Сам бы я такога не зрабіў. Таму і паверыць цяжка. Як гэта — за хату звесці са свету чалавека. Няхай сабе старога...

 

V

Вечарам Васіль падаўся на пераезд.

Стаяць, як і раней, дзве будкі — драўляная, пафарбаваная ў жоўты чыгуначны колер, і каменная, складзеная з гладкай чырвонай цэглы. Нехта ў чыгуначных памяшканнях жыве і цяпер, сядзібы агароджаны акуратна шчыкетнікам; у дворыку, ля драўлянай будкі, па-ранейшаму сцяной стаіць густы шыпшыннік.

Быў некалі пераезд месцам зборышча моладзі. Хлопцы прыходзілі сюды вечарам, сядзелі або стаялі, прыхінуўшыся да драўляных балясін, лузгаючы семечкі, дурэлі з дзяўчатамі, рагаталі, пацвельваліся адзін з другога. Іншы раз з’яўляўся гарманіст, і тады наладжваліся танцы. Пляцоўкай для танцаў служыў утоптаны пятачок на развілцы трох дарог адразу за пераездам.

Цяпер на пераездзе ціха і бязлюдна. Для вартаўніцы выбудавана маленькая, як цацачная, мураванка, пабеленая звонку. Не выходзячы з яе, вартаўніца можа падымаць і апускаць паласаты шлагбаум.

Ля пераезда прайшла другая палавіна Васілёва дзяцінства і наогул уся маладосць.

Крайняй ад пераезда была хата старога Пупка. Дамок Макаранкі, у якім стала жыць сям’я Васіля, стаяў якраз насупраць семафора. Васіль з цяжкасцю прывыкаў да мястэчка, але пакрысе прывыкаў.

На былым Пупковым агародзе расло чатыры бярозы і вялізная таполя. Адна з бяроз вымахала як дзе-небудзь на ўзлессі — магутная, з тоўстым, шурпатым камлём і раскідзістымі галінамі. Гаспадарлівы Пупок па бярозавік у лес не ездзіў, ставіў цабэркі пад уласнымі бярозамі.

Дрэвы на Пупковым агародзе напачатку замянялі Васілю лес. Пасвячы на адхоне чыгуначнага насыпу цялушку, ён шастаў каля бяроз. У дажджлівае лета нават падабабкі, сыраежкі пад імі знаходзіў. Ягоную ўвагу ўсё болей і болей пачынала займаць чыгунка. Тут была прывабнасць не меншая, чым у лесе. Па сталёвых рэйках у далёкі свет імчалі цягнікі, і кожны з іх меў нешта асаблівае, адметнае.

Семафор, падымаючы крыло, пускаў цягнікі на станцыю. Іншы раз ён стаяў з апушчаным крылом, і тады цягнікі, не даязджаючы да пераезда, спыняліся, агалошваючы наваколле нецярплівымі гудкамі.

У хуткім часе ў дадатак да семафора паставілі яшчэ адзін жалезны маяк. Ён размяшчаўся па другі бок пераезда, за дзве-тры сотні метраў ад семафора, называўся дыск і таксама падаваў сігналы паяздам. На самым версе маяка замест крыла быў прымацаваны круглы дыск. Калі дарога цягніку адкрывалася, дыск, кладучыся плашмя, як бы знікаў для позірку, калі ж станцыя не магла прыняць поезд, ён вісеў круглым, выразна бачным боханчыкам.

Семафор, дыск некалькі разоў пераносілі з месца на месца. То бліжэй, то далей ад станцыі.

У абедзвюх будках, размешчаных ля пераезда, жылі надзіва цікавыя людзі. Гаспадаром драўлянай быў пуцявы абходчык Дзяніс Драздовіч, мужчына надзвычай спакойны і ціхі. Здавалася, няма на свеце сілы, якая б вывела яго з душэўнай раўнавагі. Затое жонка ў Дзяніса была як агонь — рухавая, непаседлівая, якая і на чужых мужчын вельмі прыязным вокам кідала.

На першым часе Васілёву ўвагу прыцягвала каменная будка, у якой жыў вартаўнік пераезда Драгі-Мілеўскі. Ён быў бежанец, у час першай германскай вайны прыблукаў аднекуль з-пад Баранавіч. У мястэчку ажаніўся і асеў назаўсёды.

Падмяняючы Драгі-Мілеўскага, на пераездзе часцей за ўсё стаяла яго жонка, сухая, чорная кабеціна, а ён сядзеў на каменным ганку будкі, стукаў малатком, дыміў паяльнай лампай. Меў залатыя рукі Драгі-Мілеўскі, валодаў розным рамяством: паяў самавары, каструлі, лудзіў чыгуны, майстраваў вёдры, дайніцы, конаўкі.

Васіль кожнай раніцы прыбягаў на сметнік Драгі-Мілеўскага, знаходзячы там абрэзкі бліскучай, цынкавай бляхі, кавалкі меднага дроту і іншыя цікавыя рэчы.

Сыны Драгі-Мілеўскага, Янка і Альфрэд, прыручалі дзікіх галубоў. Адзін раз Васіль купіў у іх голуба, аддаўшы за яго алавяны пугач, які бацька прывёз з горада.

Пахаджваючы каля пераезда, Васіль з прыемнасцю аддаецца ўспамінам. Даўно мінулыя карціны, праявы прошлага жыцця нібы паўстаюць перад мысленным позіркам, выклікаючы радаснае хваляванне. Вялікую ўладу над чалавекам мае зямля, па якой рабіў ён свае першыя крокі.

Краявід моцна змяніўся. Паміж чыгункай і пачаткам вуліцы ўзнікла некалькі новых двароў. Яны ўсе тонуць у цёмнай перадасенняй зеляніне садоў. Нават на месцы кар’ера — частцы Пупковага агарода, з якога бралі пясок, калі сыпалі дарогу — знаходзіцца чыясьці сядзіба. Зацягнула кар’ер ілам, і зраўняўся ён з астатняй зямлёй. А калісьці Васіль з сябрамі-падлеткамі лавіў у ім баўтушай карасёў і плотак.

На тым месцы, дзе туліўся дамок Макаранкі, у якім жыў Васіль, высіцца каменная хароміна Стражніка. Дзіўна, семафор цяпер зноў стаіць насупраць былой Васілёвай сядзібы.

Балясіны шлагбаума нячутна апусціліся, і Васіль міжволі ўздрыгнуў. З заходняга боку данёсся ледзь чутны перастук колаў — прыбліжаўся цягнік. Усё як і тады, у даўнія гады...

Плыў адвячорак, сіне-шэрае летняе сутонне. Васіль стаяў ля пераезда і глядзеў на будку вартаўніцы. Пры прыбліжэнні цягніка з яе выйшла жанчына і, не зважаючы на Васіля, узняўшы ў руках ліхтар, стаяла насупраць сваёй будкі ўвесь той час, калі колы цягніка грукалі па пераездзе.

Вечар, як і дзень, дарыў неспадзяванкі. Па буйным, мажным стане, ганарлівай пасадцы галавы Васіль пазнаў у вартаўніцы дачку Стражніка — ад Івана Васіль ужо ведаў, што яе завуць Зіна. Правёўшы цягнік, вартаўніца рушыла ў будку. А для Васіля нібы цудадзейна сцёрліся межы часу. Нешта прыемнае, цёплае варухнулася ў душы. Вось гэтым пераездам, які некалі вельмі многа значыў у Васілёвым жыцці, нібы замыкаўся круг, звязаны з прыездам Васіля ў мястэчка.

Васіль дакладна не памятае, калі з усіх местачковых дзяўчат ён выдзеліў Кацю, дачку абходчыка Драздовіча і яго вясёлай, няўрымслівай жонкі. У Драздовіча было аж чатыры дачкі. Каця, другая ў сям’і, была мала падобна на старэйшую і маладзейшых сясцёр. Яны былі чорненькія, тоненькія, рухавыя, нібы яшчаркі, а яна бялявая, мажная, спакойная. Можа, сваім спакоем, ураўнаважанасцю і падабалася Васілю.

У апошні год перад вайной, скончыўшы сем класаў, Васіль, па прыкладу бацькі, падаўся на чыгунку. То быў час, калі ў мястэчку мала хто спыняўся на сямігодцы. Людзі, якім нават не давалася навука, імкнуліся, аднак, калі не ў інстытуты, тэхнікумы, то хоць бы на якія курсы. Якраз вызвалілі заходніх беларусаў і ўкраінцаў, у школы новых савецкіх абласцей патрабавалася шмат настаўнікаў. Некаторыя Васілёвы таварышы вельмі лёгка сталі педагогамі — пасля сямігодкі толькі месяц павучыліся на курсах. Васіля такі шлях не вабіў. Ён не бачыў нічога кепскага ў рабоце стрэлачніка, пуцявога абходчыка, рамонтніка, а пасадам машыніста і памочніка машыніста проста зайздросціў.

Пераезд у той час ахоўвалі па чарзе Драгі-Мілеўскія і Драздовічы. Папераменна на ім стаялі то сухая, выпетраная кабеціна бежанца, то Каціна маці. Каця адначасова з Васілём пакінула школу і ўсё часцей стала падмяняць маці.

Ідучы на работу ці вяртаючыся дадому, Васіль шукаў выпадку запыніцца на пераездзе. Яму прыемна было бачыць Кацю. На работу яна заўсёды выходзіла ў адной і той жа цеснаватай, але вымытай, белай у палоску сукенцы, якая шчыльна аблягала яе паўнаваты стан.

Наогул ён добра пражыў два апошнія перад вайной гады. Яму падабаліся парадкі ў пуцейскай брыгадзе. Ніхто ні на каго не крычаў, не падганяў, пуцейцы часта рабілі перакуры, летам у абедзены перапынак па гадзіне спалі пад кустом, але працавалі таксама зацята, на совесць. Васіль з задавальненнем вяртаўся пасля работы дамоў, ступаючы па шпалах стомленымі нагамі, ведаючы, што свой абавязак на гэты дзень ён выканаў. Наперадзе была радасць: дома яго чакаў цёплы боршч, адпачынак, спагадлівыя позіркі маці, бацькі, сястры. Праз усё жыццё пранёс Васіль гэтае, зведанае яшчэ ў ранняй маладосці пачуццё выкананага абавязку, якое трымае на свеце рабочага чалавека.

Васіль прахаджваецца па насыпе. Цёплы жнівеньскі вечар плыве над мястэчкам. Неба ў суцэльным засеве яркіх, нібы вымытых зорак. Даносяцца гукі радыёлы — мабыць, з танцавальнай пляцоўкі, якая ў цэнтры мястэчка. На станцыі раз-пораз азываецца манеўровы паравоз.

Ад пераезда да наступнай будкі з абодвух бакоў чыгункі паднялася шчыльная сцяна пасадак. Сапраўдны лес. Калі Васіль ад’язджаў у Данбас, клёнікі, бярозкі, асінкі тырчалі на паласе адчужэння тоненькімі дубчыкамі.

Дайшоўшы да разбуранай, нежылой будкі, якая стаіць ужо за межамі мястэчка, Васіль павярнуў назад. Нішто тут не нагадвае ранейшых мясцін. У прагалах між пасадкамі цёмнае поле, лес адступіў так далёка, што яго ў шэрані вечара зусім не відаць. Васіль павярнуў назад. Да яго слыху данёсся прыдаўлены смех, ціхія выгукі. Відаць, прагульвалася моладзь.

Васіль дайшоў да пераезда і ўжо збіраўся павярнуць на вуліцу Касманаўтаў, да дома сястры, калі ля беленькай будкі вартаўніцы заўважыў цёмную постаць. Стаяў мужчына. Рыпнулі дзверы, і да яго выйшла дачка Стражніка. Яна сказала мужчыне штосьці злоснае, абразлівае, і ён паспешліва падаўся прэч...

У гэтую ноч Васіль начаваў у хляве, на сене і зноў доўга не мог заснуць...

Драздовічы і Драгі-Мілеўскія, якія месціліся ў будках на пераездзе, жылі неяк похапкам, неахайна, неўладкавана. Адразу пасля палучкі два ці тры дні гулі спевы то ў будцы Драгі-Мілеўскага, то Драздовіча. Па гарэлку некалькі разоў на дзень, незалежна ад таго, будзень гэта ці свята, шыбаваў то прысадзісты, худы, з закручанымі рудымі вусамі Драгі-Мілеўскі, то шустрая жонка Драздовіча. Нарэшце пагулянка канчалася. Прыбітая, прыціхшая Драздовічыха, апусціўшы вочы, хадзіла ад хаты да хаты па суседках пазычаць грошы на хлеб. Драгі-Мілеўскі і ў гэтым выпадку форсу не губляў. Накінуўшы на шырокія касцістыя плечы запэцканы сіні халат, садзіўся на ганак, ляпаў малатком па блясе, ганарыста, з выглядам уласнай перавагі адказваючы на прывітанні прахожых.

Быў аднак мізэрны чалавек Драгі-Мілеўскі, што выявілася ў вайну. Калі ў мястэчка прыйшлі немцы, вартаўнік пераезда абодвух сваіх сыноў, Янку і Альфрэда, паслаў у паліцыю. Можа, на гарэлку пазарыўся: паліцэйскім новыя гаспадары выдавалі па літру спірту ў месяц.

Затое з найлепшага боку паказаў сябе Пупок. Помсціцца з прыходам немцаў не стаў, правоў на аднятую маёмасць не дамагаўся. Бацька Васіля эвакуіраваўся на ўсход разам з некаторымі чыгуначнікамі. Пупок ведаў, што Іван Галавенька прынят кандыдатам у члены партыі, аднак нікому не заявіў, што ў зяцевым доме жыве сям'я камуніста. Плаваў Пупок белым лебедзем па зарослым муравой двары, з-пад рукі праз тын кідаючы нядобразычлівыя, касыя позіркі на прышэльцаў...

Найбольш цяжка сям’я жыла ў першую восень і зіму акупацыі. Ні хлеба не было, ні солі, ні лішняй вопраткі, каб абмяняць яе на якія-небудзь прадукты. З наступленнем цяпла Васіль зноў пайшоў у рамонтную брыгаду. Не мог паступіць інакш: апроч таго, што сям’я галадала, яго запісалі для адпраўкі ў Германію. Работай на чыгунцы гэтай адпраўкі ён унікнуў.

На той час пачалі аб’яўляцца партызаны. Ды і ў самім мястэчку былі людзі, якія цішком шкодзілі немцам. Васіль спачуваў гэтым людзям, але знайсці іх, пазнаёміцца было не так проста. І ўсё ж ён трохі пасабляў партызанам. Разоў некалькі да іх у хату завітваў стрыечны матчын брат, які жыў у прымах у лясной вёсцы. Спачатку асцярожна распытваў, што робіцца ў мястэчку, затым, пераканаўшыся, што Васіль — чалавек свой, пачаў прыносіць заданні. Васіль, працуючы ў брыгадзе, здабываў для партызан пуцейскі інструмент. Гаечныя ключы, лапы, іншыя рэчы хаваў ва ўмоўленым месцы, а матчын брат іх адтуль забіраў.

З Кацяй Васіль таксама зблізіўся ў вайну. Хоць нічога асаблівага між імі не было: сядзелі на лавачцы, цалаваліся, хаваючыся ад патрулёў, якія расхаджвалі па пераездзе. Калі пасля вызвалення мястэчка Васіль ішоў у армію, Каця падаравала яму вышыты кісет. На фронт лісты прысылала.

Іх сувязь парвалася, калі наступіў мір. Васіль пасля вайны яшчэ чатыры гады служыў у арміі. Якраз перад яго дэмабілізацыяй Каця выйшла замуж за Стражніка. Як пазней даведаўся Васіль, непрывабную ролю ў гэтай гісторыі адыграла Каціна маці. Сілай выштурхнула дачку замуж.

 

VI

Прыбудоўку да хлява выводзілі цэлы тыдзень. Рабочай сілы паменшала, рабілі ўдвух — прымак Вольгі Транчаковай і Васіль. У Сцяпана гарачы час — прыёмка жывёлы, і нават не паснедаўшы, ён бяжыць на службу.

Нарэшце трысценак скончылі. Атрымаўся ніштаваты, надаўшы лепшы выгляд не толькі хляву, а і ўсяму двару. Узрадаваная Аляксандра нават грошы хацела даць Васілю нараўне з Мікалаем Мікалаевічам, але ён рашуча адмовіўся.

Тры дні яшчэ паходзіць Васіль па мястэчку, па яго ваколіцах, а там дадому трэба. Адпачынак канчаецца.

Нарэшце ён выбраўся на Далёкае Ляда. Ён, вядома, здагадваўся, гледзячы на перамены ў другіх мясцінах, што мала знойдзе знаёмага на сцежках дзяцінства, але тое, што ўбачыў, збянтэжыла ўшчэнт. Толькі чалавек, які вельмі добра ведае мясцовасць, стоячы на пагорку пасярод разлеглага, шэрага ржышча, мог разгадаць, дзе ўзвышаліся калісьці дубы з буслянкай, цягнуліся купы лазнякоў, града алешніку, дзе, нарэшце, стаялі хаты хутаранцаў. Краявід, пазбаўлены лесу, здаваўся аднастайным і панылым.

Значыцца, вось так, нічога прывабнага. Казка пра райскі зялёны куток, які ёсць на зямлі, скончылася. А колькі Васіль думаў, успамінаў гэты куток! І надалей будзе думаць і ўспамінаць...

У памятнае лета пясчаны пагорак, як і ўсё навакольнае поле Далёкага Ляда, быў засеяны грэчкай. Калі грэчка зацвіла, вынік малюнак незвычайны, ніколі нікім не бачаны. Здавалася, разлягаецца кругом белае, малочнае мора. Звінела мора прыцішанай, зладжанай музыкай: мільёны пчол раптам зляцеліся на поле. На кожнай сцяблінцы, у кожнай развілцы белага суквецця па пчале! Ад густога мядзьвянага паху, які плыў з грачнёвага поля, кружылася галава...

Палявой дарогай Васіль пабрыў да саўгаснага пасёлка, які бачыцца з вышыні пагорка шэра-белымі шыфернымі дахамі. Памятаў пасёлак някідкім — звычайныя сялянскія хаткі, пачарнелыя ад вятроў і дажджоў, якія стаяць наўзбоч пясчанай вуліцы, у процілеглым канцы некалькі густа заселеных баракаў з каморкамі-сотамі.

Хаткі стаяць і цяпер, толькі весялейшыя з выгляду. Прыгажэйшы від ім, відаць, надаюць абшаляваныя, пафарбаваныя сцены, а таксама сады, палісаднікі, што зелянеюць ледзь не ў кожным двары. Толькі гэтая вулачка, якая стала ўскраінай, нагадвае штосьці даўнейшае. Уздоўж яе выцягнуліся яшчэ тры ці чатыры, застаўленыя дамамі новай забудовы, вялікімі і прасторнымі. Няўжо тыя даўнія саўгасаўцы, якія туліліся ў цесных барачных каморках, не надта кідка апраналіся, сталі ўладарамі гэтых — з шырокімі светлымі вокнамі, верандамі, тэлевізійнымі антэнамі над шыфернымі дахамі дамоў, у дварах якіх ацэментаваныя калодзежы, матацыклы, легкавыя машыны?

Так ці не так, але аблічча пасёлка гаворыць пра дастатак, нават зажытак тубыльцаў...

Міжволі думкі Васіля перанесліся на Стражніка — сядзіба яго бацькі стаяла недзе блізка ад гэтага месца. Узбоч балота цягнулася чарада разгалістых дубоў, ліп, а ніжэй, па дрыгвяністай нетры, густа сплялося чарналессе — лаза, альха, бяроза, асіна. Балота аж кішэла вужамі. Мясціна была глухая, дзікая. Бацька Стражніка іменна тут выбраў месца для хутара. Хутар быў звычайны — не вельмі кідкая хата, хлеў, гуменца. Але абгароджаны быў хутар не парканам ці плятнём, а суцэльнымі сценамі. Нібы лясная крэпасць.

Хутаранец быў вельмі ўпарты чалавек. Калі на пясчанай выспе паявіліся першыя баракі саўгасаўцаў і пачалася асушка балота, старога Стражніка раскулачылі. Але неяк лагодна, без высылкі. Яму дазволілі жыць ва ўласнай хаце і працаваць у саўгасе.

Стражнік, аднак, сваё котлішча пакінуў, перабраўся ў лес. На лясной паляне пабудаваў саламяную хату на высокіх палях. Маўляў, калі забралі маю зямлю, то мне зямля наогул непатрэбна. Вось так і буду вісець у паветры...

Саламяная хата на высокіх палях гады два мазоліла вочы саўгасаўцам, пакуль гаспадара яе, падабраўшы адпаведны артыкул, з гэтага месца не выслалі. Сын Стражніка ад высылкі ўвільнуў — трохі раней падаўся на заработкі.

Васіль рушыў у мястэчка тарфянікам, пакінуўшы збоку Далёкае і Блізкае Ляды. Думаў пра заможнасць саўгасаўцаў, і яго пры гэтых думках агортваў супярэчлівы настрой. Прыемна было бачыць дабротную, ахайную забудову былой няўдобіцы, адчуваць нават нешта магутнае ў размаху, з якім паўстаў перад вачамі новы пасёлак. Але да прыемных, нават узвышаных пачуццяў прымешвалася штосьці халаднаватае, насцярожанае. Можа, ішло яно ад асабістых пачуццяў. Васілю яшчэ ў тым, старым пасёлку прыйшлося перажыць некалькі непрыемных хвілін. Вярнуўшыся з арміі ў галаднаваты пасляваенны год, ён прыязджаў у саўгас купляць бульбу. Жылі саўгасаўцы ў цесных, барачных каморках, але за пуд бульбы, якой у іх хапала, лупілі па тры скуры...

Пра каго думаеш, таго напаткаеш. Выйшаўшы на местачковую вуліцу ля мураванай крамкі з высокім каменным ганкам, Васіль убачыў трох мужчын. Стаяць ледзь не ў абдымку, зычнымі галасамі нешта выгукваюць.

Не заўважыў Васіль своечасова, што сярод вясёлай кампаніі Церах Стражнік, таму не прыняў мер перасцярогі. Між тым Церах пазнаў Васіля адразу. Растапырыўшы рукі, стаў на дарозе.

— Іванавіч! Колькі лет, колькі зім!..

З трох п’янаватых мужчын адзін у шапцы лясной аховы з цэшкай і зялёнай каймой. Другі — хутчэй механізатар, у зашмальцаваным пінжаку, з цёмнымі, якія штодзённа маюць справу з мазутай і жалезам, рукамі. Сам Церах, нягледзячы на летні дзень, таксама апрануты ва ўсё цёмнае. Паблажэў ён, апусціўся — некалі вузкаваты, досыць прыемны твар расплыўся, валасы пасівелі, плечы ссутуліліся.

— Іванавіч! Наколькі вядома, у нашым так называемым горадзе жылой плошчы ў вас не імеецца. Хата прададзена. Чым аб’ясніць ваш прыезд? Можа, патрэбна спраўка для пацвярджэння стажу? Напрыклад, парцізанская. Як устаноўлена, з партызанамі сувязь вы імелі...

— Спраўка непатрэбна,— адказаў Васіль.— На пенсіі я. Хоць яшчэ працую. Не ў шахце — наверсе. Нам дазваляюць.

— Трэба адмеціць ваш прыезд, Іванавіч. Рабочыя людзі заўсёды разумеюць адзін другога. Вот я бачу — вугальны пыл пранік ва ўсе поры вашага цела. Рукі вашы чорныя. Іх не адмыеш. І не трэба адмываць. Рабочы чалавек павінен ганарыцца сваімі рукамі. Мы з вамі ўсё-такі разам жылі, Іванавіч. У адным двары...

Другім разам Васіль нізавошта не згадзіўся б быць у адной кампаніі з трыма п’янымі мужчынамі, паставіць ім за свой кошт бутэльку дарагой сібірскай гарэлкі, выслухваць прызнанні Стражніка, які каяўся перад Васілём. Відаць, ён проста расслабіўся, пахадзіўшы па памятных ваколіцах мястэчка. А можа, зрабілі сваю справу сумныя, як бы прысыпаныя попелам вочы Стражніка і тое, што ён прызнаваў перад Васілём сваю віну.

— Жызнь ідзе, Іванавіч,— сказаў ён перад тым, як яны зайшлі ў краму.— Мы ўжо старыя. Таго, што прайшло, не вернеш. Я нарабіў у сваёй жызні памылак. Быў да вас несправядлівы. Прашу мяне прасціць. Усё ад несазнацельнасці. Я адно цвёрда зразумеў за сваю жызнь... Не трэба насіць у душы зло на другога чалавека. Асабліва блізкага чалавека не трэба крыўдзіць...

Яны паспелі выпіць па паўшклянкі, закусіўшы сухімі, як камень, пернікамі. Выбавіла Васіля з яго міжвольнага палону Аляксандра. Высокая, паўнацелая, яна нібы хмара паўстала ў дзвярах крамы.

— Алкашы няшчасныя! — разгневана выгукнула.— Чалавек адпачыць прыехаў, паглядзець на месца, дзе на свет нарадзіўся, а вы яму хутчэй зенкі заліваць. Марш да жонак!..

Па дарозе Аляксандра ўшчувала Васіля:

— Знайшоў з кім піць. Стражнік мокне ў гарэлцы не прасыхаючы. Дзень пры дні. Розум адпіў...

— Нядобра ў яго на душы. Вочы вельмі сумныя. Я нават сумеўся, убачыўшы яго...

— Знайшоў каго шкадаваць! Ды ён любога ў лыжцы вады ўтопіць. Паразіт і п’яніца. Забойца...

Рэшту дня, увесь вечар Васіль думаў пра Стражніка. Многа, вельмі многа значыў у ягоным жыцці гэты чалавек...

Калі, дэмабілізаваўшыся з арміі, Васіль вярнуўся дадому, Пупка і яго жонкі жывых не было. Хатай, дваром валодаў Стражнік, іхні далёкі родзіч.

Пра тое, што Каця выйшла замуж, Васіль ведаў. Але маці з сястрой не напісалі яму, што яна жыве ў Пупковым двары. Баяліся, відаць, што ведаючы гэта, Васіль у мястэчка не вернецца. Ён сапраўды не вярнуўся б...

Церах у той час быў на кані. Пад немцамі не быў, прайшоў фронт, быў паранены — ад левай рукі засталася кукса з двума пальцамі...

Стражнік ведаў, што Васіль пісаў з арміі Каці лісты, таму яго прыезд сустрэў з несхаванай варожасцю. У той жа вечар, напіўшыся, крычаў праз паркан:

— Думаеш, у арміі паслужыў, дык усё забыта. Не забыта, даражэнькі. Я кроў праліваў за родзіну, а ты немцам чыгунку ладзіў, зад ім лізаў. Бацька быў гарлапанам, на чужое зарыўся, і сын не лепшы...

Нават бацьку Васіля, які з эвакуацыі не вярнуўся, загінуў пад бомбамі на падмаскоўнай станцыі яшчэ восенню сорак першага года, не пашкадаваў Стражнік. Не забыў, значыць, што бацька памагаў трэсці хутар у Астроўках.

Каця бегала па двары, не падымаючы ад зямлі вачэй. Саромелася Васіля. Пры сустрэчах вінавата віталася, і твар яе пры гэтым густа пунсавеў.

Аднаго за другім Каця нарадзіла двух хлопчыкаў і ў сваім мацярынскім клопаце не ведала ўпынку. Ніхто ёй не памагаў няньчыць дзяцей, ды яна і патрэбы ў гэтым не мела. Паспявала ўсё рабіць сама: даіла і выганяла на пашу карову, карміла свіней, курэй, паласкала бялізну і яшчэ на службу бегала — як і раней, працавала на чыгуначным пераездзе вартаўніцай.

Сам Стражнік з пастаяннай службай не звязваўся. Валодаў рамяством муляра, клаў печы, ад кліентаў не было адбою. Вялікія грошы зарабляў. Ужо тады распачаў будоўлю першага мураванага дома, і Каця яму самаахвярна памагала: мясіла гліну, падавала наверх цэглу, нават вазіла на тачцы пясок з кар’ера.

Васілёва рана пачала паступова загойвацца. Крыўды на Кацю не меў. Ведаў дакладна — піхнула дзяўчыну за Стражніка Каціна маці, пазырылася на Пупкоў двор.

Няшчасце здарылася летнім часам. У госці да замужняй сястры прыехала Любка, малодшая з дачок Драздовіча — працавала выхавацельніцай у яслях у бліжэйшым ад мястэчку гарадку. Любка — вылітая маці, такая ж шустрая, непаседлівая, смяшлівая, толькі цямнейшая з твару — бацькавага ўзяла. Відаць, някепска Любцы жылося ў яслях. У параўнанні са старэйшай сястрой, якая за пяць гадоў замужжа выпетрала, як цявіна, малодшая здавалася лялькай: распушчаныя валасы, гнуткі стан, адтапыраныя клубы.

Стражнік стаў прыставаць да Любкі, і яна яго не адштурхнула. Даведаўшыся пра гэта, Каця справіцца з сабой не здолела, кінулася пад цягнік...

Тым часам Стражнік жыў, ляпіў людзям печы, робячы выгляд, што нічога асаблівага не здарылася. Узяў за жонку Любку, і яна штосьці хутка, месяцаў праз пяць, нарадзіла яму сына.

У тое лета Васіль, які быў зноў у рамонтнай брыгадзе, з брыгады звольніўся і паехаў у Данбас. У Данбасе было да каго прыхінуцца: яшчэ раней за яго туда паехала сястра — працавала ў сталовай.

 

VII

З раніцы ў хату завітаў Іван Петручок.

— Жонцы аперацыю зрабілі,— паведаміў усхвалявана.— Слабая Насця. Баюся...

Аляксандра суцешыла:

— Будзе ўсё добра, Іван Паўлавіч. Не трэба лішне браць да сэрца. Дактары цяпер вучоныя...

— Каб жа даў бог. Вот іду ў бальніцу. Я і начаваў там. Дадому забег толькі карову выпусціць.

Васіль рушыў з хаты разам з Іванам. Дзесяць дзён прабыў ён у мястэчку, а ўражанне такое, што ніколі яго не пакідаў. Нібы не было трыццаці гадоў, якія жыў на чужыне, і нібы ўсё-ўсё ведае пра заасфальтаваную вуліцу, разлеглыя палі на балацянках і пнёўі, пра пераезд, будкі пры пераездзе, у якіх жывуць зусім іншыя людзі. Многа перамен у мястэчку...

Так, корні кожнага чалавека там, дзе ён нарадзіўся, пражыў маладыя гады. Гэтага нельга забыць, выкінуць з душы, памяці. Корні яго, Васіля, тут, у мястэчку, і, можа, таму ў кожны свой прыезд ён надзіва лёгка і хутка асвойваецца з тутэйшым жыццём.

Мінуўшы станцыю, гліняны кар’ер, Паштовую вуліцу, Васіль з Іванам падышлі да бальніцы.

Гарадок — так называецца шырокі пляц, на якім размясціліся бальнічныя будынкі,— самае прыгожае месца ў мястэчку. Пляц агароджаны шчыкетнікам, засаджаны таполямі. Дрэвам, відаць, столькі гадоў, колькі старым будынкам — некаторыя з іх аселі, пакрывіліся. Таполі тым часам у самым росквіце сілы. Высока, густа навісаюць іх шаты над дахамі, камінамі, над новымі мураванымі карпусамі. Бальнічны двор — нібы суцэльны зялёны шацёр.

Іван, які ведае ўсе хады-выхады, знік у дзвярах каменнага, падобнага на барак, будынка. У ім бальніца. Сцены звонку пабелены, на вокнах фіранкі, з дзвярэй раз-пораз выскакваюць санітаркі ці доктаркі ў белых халатах. Востра, непрыемна пахне хлоркай.

Ля наступнага каменнага будынка, у якім амбулаторыя, стаіць доўгая чарга. Частка людзей сягнула ў калідор, некаторыя сядзяць на прыступках высокага ганка, а яшчэ больш — доўгі хвост — стаяць, прыхінуўшыся да сцен.

Васіль прайшоў уздоўж чаргі. Многа ў ёй немаладых людзей — яго веку і старэйшых. Толькі два знаёмыя твары ўбачыў Васіль. Усіх астатніх людзей ён не ведае. Шмат што змянілася ў мястэчку за доўгія гады яго адсутнасці.

Падышоў узрадаваны Петручок.

— Насця спіць,— паведаміў.— Няхай спіць. Можа, лепей ёй стане. Я яшчэ пабуду тут...

Развітаўшыся з Петручком, Васіль выбраўся на вуліцу. Заўтра ці паслязаўтра трэба ад’язджаць. Ён яшчэ павандруе па мястэчку, паглядзіць, як яно выглядае, зойдзе на могілкі.

З ціхмяна-самотным настроем праходзіў Васіль міма каменнай двухпавярховай школы, у якой вучыўся з пятага па сёмы клас, і міма школьнага двара, куды ў пачатковыя класы прыбягаў аж з Далёкага Ляда. Высока падняліся, разрасліся дрэвы дзяцінства. У памяці яны — маладыя, шапаткія — цяпер, нібы хмары, навісаюць над дахамі школьных будынкаў.

З трапятаннем глядзеў некалі Васіль на доўгі, з шырокімі вокнамі, высокім ганкам, бляшаным дахам будынак, які здаваўся найбольш ахайным, гарадскім сярод астатніх, што нагадвалі звычайныя сялянскія хаты і на манер падковы замыкалі пяшчаны школьны двор.

Тых хат даўно няма, а памяшканне пад жалезным дахам яшчэ трывае. Урасло ў зямлю і ледзь праглядвае з густых зарасляў бэзу.

Дабраўшыся да могілак, Васіль доўга вандраваў, пакуль натрапіў на магілу маці. Магілка агароджана, але крыж ад часу пахіліўся, і гурбачок насыпу зарастае травой...

Пасля могілак Васіль гадзіны тры ці чатыры абходзіў ваколіцы мястэчка, нібы развітваючыся са старымі вуліцамі, завулкамі, якія памятаў, і з новымі, што паўсталі за час яго адсутнасці. У новай сваёй частцы мястэчка сапраўды нагадвае горад. Большасць будынкаў і тут драўляныя, але яны не ідуць ні ў якое параўнанне з пахілымі, пакрытымі струхлелай дранкай, хаткамі, што нібы з-пад ілба пазіраюць на свет на старых вуліцах.

Даўшы вялікага круку, прытомлены, поўны ўражанняў, Васіль зноў апынуўся ля бальнічнага гарадка. Насупраць бальнічнага двара стаіць прамавугольны, нібы карабок запалак, павільён закусачнай. Ён наскрозь праглядваецца — сценкі з суцэльнага шкла. Здзіўлены незвычайным выглядам закусачнай, Васіль запыніўся, нават хацеў завітаць у яе, пакуль не ўбачыў за адным са столікаў Стражніка. Стражнік ужо паспеў падпіць — крычаў, размахваў рукамі, нешта даказваючы.

Васіль борзда падаўся прэч. Не хацелася яшчэ раз трапіць у п’яную кампанію. Але ў гэты дзень схавацца ад былога суседа не ўдалося.

Вечарам Аляксандра са Сцяпанам пайшлі ў госці, як заўсёды, рушыў на пагулянку пляменнік. Васіль адзін застаўся ў хаце, ляжаў на ложку, слухаў зыкі вячэрняй вуліцы і нечакана для сябе задрамаў. Прачнуўся ад тупату ў сенечках. У першую хвіліну было такое ўражанне, што туды ўбілася жывёліна: бразнула вядро, нешта ўпала на падлогу. Нехта незнаёмы нязграбна паварочваўся ў сенечках, шукаў клямку, але ў цемені не мог знайсці.

Васіль запаліў святло, адчыніў дзверы. У хату ўваліўся п’яны, як зямля, Стражнік. Васіль правёў яго ў чысты пакой, пасадзіў ля стала.

Стражнік нечакана схапіў Васілёву руку, пацалаваў.

— Даруй мне,— прамовіў вельмі выразна.— Перад табой вінават. Але найбольш перад Кацяй. Скруціў ёй жыццё. Лепшага, чым яна, чалавека не бачыў. Не магу забыць... Кожнай ночы бачу ў сне...

Выціраючы рукой слёзы, Стражнік плакаў. Яшчэ праз хвіліну ён падняўся і даволі цвёрдай паходкай рушыў за дзверы...

Назаўтра Васіль пайшоў па грыбы. У Макаўскую старану — куды хадзіў, пераехаўшы ў мястэчка. Лес стаіць у перадасенняй млявасці, ціхі і спакойны. У шатах бяроз прабіваецца жоўты ліст, асіна як бы пачынае прымяраць залаціста-вогненны ўбор, яркія чырвоныя занізкі навесіла на сябе арабіна. Але перамяніўся дашчэнту лес дзяцінства. Крочачы пясчаным шляхам, з вялізнымі, выбітымі коламі машын калдобінамі, Васіль амаль нічога не пазнае.

Там, дзе на вёрсты цягнуліся сасновыя пасадкі, маладнякі з пясчаным, пакрытым верасам долам, цяпер падняліся сапраўдныя бары. Васіля найбольш і ўразілі гэтыя бясконцыя бары з іх урачыстай цішынёй, спакоем, сіняватымі палосамі святла, якія вісяць між медных ствалоў. На няўдобіцы, жаўтапёсах выраслі стромкія сосны, спляліся наверсе шатамі, дол у прагалках між дрэвамі зарос срэбнымі імхамі.

Вандруючы па імхах, Васіль пачаў натрапляць на баравікі. Яны былі відаць здалёк, выгляд мелі адменны: з бурымі каптурыкамі, моцнымі, цвёрдымі ножкамі. На ножках таксама быў бураваты налёт. У дзяцінстве на гэтых мясцінах такіх грыбоў Васіль не знаходзіў. Дый прыгажэйшага бору, чым гэты, родны, які вырас за час яго адсутнасці, Васіль не бачыў...

Дамоў Васіль вяртаўся чыгункай. Яшчэ ў межах лесу, адразу за разваленай будкай убачыў чалавека, які скурчыўшыся, падцягнуўшы ногі пад жывот, спіць на адхоне насыпу. Каля яго ляжыць пуцейскі інструмент: звязка гаечных ключоў, грабок, рыдлёўка.

Васіль пазнаў пуцейца — спіць, выкарыстоўваючы свой абедзены перапынак, Пятро Скарынкін,— разам з ім Васіль пачынаў сваю работу ў рамонтнай брыгадзе. І раней было, калі брыгадзір пасылаў на які-небудзь участак толькі аднаго чалавека.

Васіль не захацеў будзіць Пятра. Няхай паспіць, шуруе рыдлёўкай, грабком з сямі раніцы. Тым болей што няма паблізу начальніцкага вока.

Яшчэ раз мільгнула ў Васіля думка, што мог ён не выязджаць з мястэчка. Мог працаваць у рамонтнай брыгадзе, хадзіць зведанымі, знаёмымі сцежкамі, бываць калі захоча ў прыгожым бары, дол якога зарос мяккімі, срэбранымі імхамі.

1981


1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Сорак трэці: Раман ; Птушкі між маланак : Драма у трох актах ; Апавяданні. - Мн.: Маст. Літ., 1983. - с. 480-512
Крыніца: скан