epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Старэйшына роднай літаратуры

Кандрат Крапіва... Гэта шырока вядомае, акружанае народнай любоўю імя прыйшло ў літаратуру праз досціп смеху, які цэлай ракой хлынуў з баек, сатырычных вершаў, што ўбачылі свет у пачатку дваццатых гадоў. Стыхія камічнага, якая выбухнула ў крапівінскім таленце, была такой напорыстай, магутнай, што адразу забяспечыла паэту-сатырыку самую шырокую і ўдзячную аўдыторыю. Рагатала ўся Беларусь: байкі, вершы Кандрата Крапівы чыталі, атрымаўшы свежую газету і пасеўшы на прызбы, вясковыя дзядзькі, без іх не абыходзіліся самадзейныя спектаклі, сходкі, з крапівінскімі прыпеўкамі ішлі ў наступ за новы быт рашучыя камсамольцы дваццатых і трыццатых гадоў.

Паэт-гумарыст і сатырык размаўляў са сваім чытачом на вельмі зразумелай, на яго мове. Гэтая мова нібы ўвабрала, паяднала ў адно спрадвечную дасціпнасць вострых на язык людзей, якіх ва ўсе часы меў кожны сялянскі куток: усіх гэтых жартаўнікоў, перасмешнікаў, складальнікаў небывала дзіўных гісторый. Сапраўдны вялікі талент заўсёды ўсімі сваімі карэннямі ўваходзіць у родную глебу, жывіцца яе сокамі.

Калі акінуць мысленным позіркам ніву беларускай літаратуры — і дарэвалюцыйную і савецкую,— можна заўважыць адну цікавую асаблівасць. Амаль усе значныя пісьменнікі, якіх падняў са сваіх глыбінь наш народ, валодалі майстэрствам смеху. Камічнае арганічна ўваходзіць у светаадчуванне нашых класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, гумарыстамі і сатырыкамі ўмелі быць Дунін-Марцінкевіч і Багушэвіч, Багдановіч і Бядуля. Дый і літаратурная плеяда, якая сфарміравалася ў савецкі час, дастойна працягвае гэтую традыцыю — Броўка і Лынькоў, Танк і Брыль, Куляшоў і Панчанка. Новая беларуская літаратура пачыналася з твораў камічных, «смешных» — з ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Гумар, відаць, характэрны для мыслення беларуса, якога не песцілі ў мінулым зведаныя ім жыццёвыя шляхі-дарогі. Тую важную ролю, якую займае смех у творчасці Кандрата Крапівы, трэба перш за ўсё вытлумачваць сацыяльнымі прычынамі. Некалі Карл Маркс сказаў, што адна эпоха развітваецца з другой пры дапамозе смеху. Сатыра Крапівы — вынік вялікага гістарычнага раздарожжа. Кастрычніцкая рэвалюцыя нібы нарадзіла бачную, адчувальную мяжу паміж жыццём старым, што ішло ў нябыт, і жыццём новым, савецкім, якое тады, калі пісаліся крапівінскія вершы і байкі, толькі пачынала набіраць разгон. Агромністымі былі спадзяванні, якія прынесла рэвалюцыя ў жыццё, светлымі, велічнымі ідэалы, якія яна напісала на сваіх сцягах. Адсюль і сіла адмаўлення старога, аджываючага, што так уладна прабілася ў вершах, байках Кандрата Крапівы. Ён нібы стаў сатырычным упаўнаважаным Кастрычніка, па мандату новай рэвалюцыйнай праўды змятаючы з дарогі адсталае, непатрэбнае, ману, фальш, хцівасць, чалавечую мізэрнасць.

Многа адценняў і граняў смеху Кандрата Крапівы. Бязлітасны, здзеклівы, знішчальны гэты смех у адносінах да ворагаў рэвалюцыі, да ўсіх тых, у каго «ад пачосткі ныюць косткі», хто зноў шчэрыць зубы на заваёвы маладой Краіны Саветаў, супраць каго трэба напагатове «трымаць чырвоны штык». Вершы, байкі, паэмы Кандрата Крапівы дваццатых і пачатку трыццатых гадоў, нібы ў люстры, адбіваюць баявы, рэвалюцыйны запал пакалення, якое, як казаў Маякоўскі, выйшла «строить и месть в сплошной лихорадке буден», маючы нязгасную веру ў светлае заўтра, яго этычны максімалізм.

Надрукаваная ў газеце заметка пра выпадак крадзяжу, марнатраўства, «выдаткі» літаратурнага жыцця, праявы валакіты, бюракратызму ў савецкіх установах, факты забабоннасці, рэлігійнага дурману — усё гэта становіцца ў сатырычных вершах і байках прадметам шчырай, зацікаўленай размовы. Даўно забыліся канкрэтныя падзеі, паводле якіх узнік той ці іншы верш, байка, а творы жывуць, не гасне сіла іх эмацыянальнага, мастацкага ўздзеяння на чытача. Як надзённыя, баявыя і сёння ўспрымаюцца «Дзед і Баба», «Сука ў збане», «Мандат», «Далікатныя парасяты», «Дыпламаваны баран», «Махальнік Іваноў», «Жаба ў каляіне», сатырычныя вершы «Калі ў краме ёсць нястача», «Фіга на талерцы» і многія іншыя вершы. У чым сіла іх мастацкай трываласці?

Мабыць, перш за ўсё ў таленце аўтара, які ў падзеях хуткаплынных умеў адбіраць істотнае і тыповае. Але гэта толькі самы агульны адказ. Пытанне аб мастацкай даўгавечнасці такіх надзённых, баявых жанраў, як вершаваны фельетон, сатырычны верш, байка, куды больш складанае, чым на першы погляд здаецца.

Так, Кандрат Крапіва з’явіўся ў беларускай літаратуры як талент вельмі буйны, непаўторны. У савецкі час беларуская літаратура з не бачанай раней імклівасцю праходзіла працэс паскоранага развіцця; раўняючыся на больш развітыя літаратуры, падцягвала, калі можна сказаць так, свае жанравыя тылы, запаўняла пустоты. Ва ўсіх формах і відах струменіла лірыка, нараджаліся раман, аповесць, узніклі коласаўскія ліра-эпічныя паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка». Мусіла заняць сваё дастойнае месца ў літаратуры і сатыра. Гэта было нібы патрабаванне часу, яго аб’ектыўны закон.

Прыходзіцца здзіўляцца: першапраходцы беларускай літаратуры былі талентамі маштабнымі, шматграннымі, яны выяўлялі здольнасць працаваць адначасова ў розных жанрах літаратуры. Так, палымяны, рамантычна ўзвышаны лірык Янка Купала пісаў драмы і камедыі, дыяпазон узаемадачыненняў да мастацкага слова Якуба Коласа яшчэ шырэйшы — лірык, эпік, празаік, драматург. Празаікамі і паэтамі былі Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Міхась Чарот.

Кандрат Крапіва — таксама з ліку першапраходцаў. Па выхаванню, пройдзеных жыццёвых дарогах ён тыповы інтэлігент першага савецкага пакалення. Нарадзіўся Кандрат Кандратавіч Атраховіч у 1896 годзе ў вёсцы Нізок на Уздзеншчыне ў сялянскай сям’і. Скончыў гарадское вучылішча, экстэрнам здаў экзамен на званне настаўніка, працаваў у школе, пад час імперыялістычнай вайны быў мабілізаваны ў царскую армію. Скончыў школу прапаршчыкаў, ваяваў на Румынскім фронце. На вачах будучага пісьменніка адбываліся Лютаўская, затым Кастрычніцкая рэвалюцыі. Па дэкрэту Савецкай улады ў 1918 годзе ён быў звольнены з арміі як настаўнік. Вярнуўшыся на радзіму, працаваў на гаспадарцы, у школе.

Пачынаючы з 1920 года Кандрат Кандратавіч у Чырвонай Арміі. Забягаючы наперад, варта сказаць, што на баявыя паходы пісьменніку пашанцавала аж занадта. Акрамя імперыялістычнай і грамадзянскай ён удзельнічаў у фінскай вайне, у вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі у Заходнюю Беларусь, у Вялікай Айчыннай вайне. Ён быў верным сынам свайго неспакойнага веку.

Будучы ўжо немаладым, трыццацігадовым чалавекам, Кандрат Кандратавіч у 1926 годзе паступае ў Беларускі дзяржаўны універсітэт, а ў 1930 годзе яго заканчвае.

Такія асноўныя жыццёвыя вехі, якія прывялі Кандрата Крапіву ў літаратуру. Яму выпала быць сведкам і ўдзельнікам сапраўды гістарычных падзей. На ўласныя вочы ён бачыў, у якіх пакутах, цаной якіх ахвяр нараджаецца новы свет. Добра, надзвычай добра ведаў пісьменнік і жабрацкае, заскарузлае жыццё старой вёскі з яго сямейнай і суседскай лаянкай, знявагай, калатнечай, узаемнымі падкопамі і падколамі, цемнатой і бескультур'ем. Вядома, не толькі дрэннае, але і добрае было ў старой вёсцы. Свой надзённы кавалак хлеба селянін зарабляў крывавым мазалём і потам, марнатраўцаў не любіў, простыя, відавочныя межы дабра і справядлівасці былі вызначаны ў яго свядомасці вельмі выразна.

Сялянскую, «мужыцкую» Беларусь выдатна ведалі Янка Купала і Якуб Колас. Наступнымі па глыбіні, сіле пранікнення ў псіхалогію сялянства, якое ва ўмовах дарэвалюцыйнай Беларусі было носьбітам народнасці, у шматвяковую філасофію яго бытавання, паэтычны свет, невычэрпныя скарбы мовы, фразеалогіі былі пісьменнікі, што сфарміраваліся ў савецкую пару,— Кузьма Чорны і Кандрат Крапіва.

Байкі і сатырычныя творы Крапівы адразу атрымалі ў літаратуры сталую «прапіску», сталі творамі хрэстаматыйнымі, па якіх вучыцца глядзець на жыццё ўжо каторае пакаленне моладзі. І вось чаму — у іх рэвалюцыйны, сацыялістычны ідэал сплаўлены з ідэалам народным. Самыя сучасныя ідэі паэт апрануў у народныя вопраткі, на падзеі сучаснасці глядзеў праз прызму народнага светабачання, светаадчування, і гэта забяспечыла яго творам зайздроснае даўгалецце. Як бачым, рэвалюцыйны ідэал зусім не супярэчыць ідэалу народнаму.

Пра тое, што Кандрат Крапіва ўзняў беларускую байку на вышыню мастацкай дасканаласці, зрабіў яе сапраўдным сатырычным і літаратурным жанрам, напісана шмат, і паўтарацца тут не варта. Варта толькі сказаць, што байка, сатырычны верш сталі для пісьменніка стартавай пляцоўкай у сэнсе далейшых літаратурных сяганняў.

Байкапісец Крапіва рана адчуў драматургічную, камедыйную прыроду байкі. Сапраўды, яна была камедыяй у мініяцюры дзякуючы «нарицательной», як бы загадзя запраграмаванай у свядомасці чытача ці слухача ролі Аслоў, Бараноў, Свіней, мела акрэсленыя характары, дыялог, дзеянне. Здавалася, адзін крок аддзяляў байкапісца Крапіву ад камедыёграфа і драматурга. Але рабіць гэты крок ён не спяшаўся.

Працуючы над сатырычнай пераніцоўкай «Бібліі», ствараючы фантастычна-казачную паэму «Хвядос — Чырвоны нос», Кандрат Крапіва, мабыць, прывучаў сябе да шматгалосся, выяўлення характараў праз сутычкі і дзеянне, якое так неабходна драме і камедыі.

Тады, у ахопленыя энтузіязмам тварэння новага сацыялістычнага мастацтва дваццатыя гады, розных п’ес пісалася багата. Працавалі БДТ-І (цяперашні акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), БДТ-ІІ (цяперашні тэатр імя Якуба Коласа), дзейнічаў перасоўны тэатр Галубка. Але значных творчых удач было няшмат. Персанажы большасці п’ес былі палымянымі, пафаснымі, але, на жаль, толькі рупарамі аўтарскіх ідэй, хадзячымі схемамі. Ім як бы бракавала жывой плоці, непаўторнага чалавечага аблічча. Тэатры адчувалі востры рэпертуарны голад. Маладое савецкае мастацтва драматургіі, як самае складанае мастацтва, нараджалася ў пакутах.

Кандрат Крапіва, аднак, не спяшаўся ў тэатр. Побач з байкамі, сатырычнымі вершамі і паэмамі ён піша апавяданні. Яго літаратурныя настаўнікі Купала і Колас, будучы прызнанымі народнымі паэтамі, рабілі бліскучыя выхады ў сумежныя літаратурныя жанры. Ён, выдатна асталяваўшыся ў сатыры, адзін за другім выпускае зборнікі гумарыстычных апавяданняў — «Апавяданні» (1926), «Людзі-суседзі» (1928), «Жывыя праявы» (1930), у 1931 годзе выступае з раманам «Мядзведзічы».

«Мядзведзічы» — шырокае эпічнае палатно, у якім пісьменнік у сацыяльна-псіхалагічным плане асэнсоўвае падзеі і зрухі, што адбываліся ў беларускай вёсцы напярэдадні калектывізацыі. У поўны рост паўстаюць у ім аб’ёмныя чалавечыя характары, кіпяць страсці, вабяць намаляваныя таленавітым празаікам карціны вясковага побыту.

Раман «Мядзведзічы» займае віднае месца ў беларускай прозе. Сям’я Верамейчыкаў, якая стаіць у цэнтры аўтарскага паказу, вобразы кулакоў Каржакевіча, Жагулы, Грамабоя, вясковых актывістаў Рыгора Варанца, Аўдолі выпісаны з зайздроснай псіхалагічнай паўнатой, мастацкай пераканаўчасцю. Сатырык Крапіва засведчыў сябе выдатным майстрам аналітычнай прозы. Аднак і гэты раман не быў сведчаннем таго, што пісьменнік наважыў развітацца з сатырай.

Раман «Мядзведзічы» быў якраз тым мастком, па якім Кандрат Крапіва канчаткова перайшоў у драматургію. Свядома ці падсвядома ён адчуваў, што сучаснай драматургіі не хапае чыста чалавечага зместу, псіхалагічнай аб’ёмнасці характараў, іх індывідуальнай непаўторнасці. Проза, у прыватнасці раман, давала магчымасць набыць, адшліфаваць такое майстэрства.

Пачынаючы з 1933 года, калі на тэатральнай сцэне была пастаўлена п’еса «Канец дружбы», наступае новы этап не толькі ў самой творчасці Кандрата Крапівы, але, бадай, і ў дзейнасці беларускага тэатра.

У Крапівы-драматурга многае застаецца ад сатырыка і байкапісца: драмы, камедыі будуюцца на выразна вострых канфліктах, узнікаюць па гарачых слядах жыццёвых падзей. І ўсё ж гэта не толькі якасна новы перыяд творчасці выдатнага беларускага пісьменніка, а і новая ступень развіцця ўсёй нацыянальнай драматургіі, яе бліскучы творчы ўзлёт. Шырыня, шматграннасць ахопу жыццёвых з’яў, незвычайнае багацце намаляваных характараў-тыпаў, разнастайнасць жанравага вырашэння праблем — вось тое галоўнае, што прынёс Кандрат Крапіва ў беларускую драматургію.

Як і ў вялікіх майстроў мінулага, смешнае суседнічае ў беларускага драматурга з трагічным, высокае, гераічнае з пачварным і агідным.

І яшчэ адну вялікую творчую задачу прыйшлося вырашыць Кандрату Крапіве. Сялянская Беларусь на вачах рабілася індустрыяльнай, у нацыянальнае жыццё паўнапраўным яго ўдзельнікам прыйшоў рабочы, інтэлігент, праблемы сацыяльныя, палітычныя станавіліся надзённымі праблемамі жыцця. Рамкі традыцыйнай сямейна-бытавой драмы ці камедыі, якія ведала беларуская драматургія, не маглі ўмясціць новага жыццёвага матэрыялу. Кандрату Крапіве прыходзіцца ісці па цаліку, быць першаадкрывальнікам, ствараць новыя жанры. Яны з’явіліся — сацыяльна-псіхалагічная і народна-гераічная драма, сатырычная, лірычная і нават фантастычная камедыя.

«Канец Дружбы», «Партызаны», «Хто смяецца апошнім», «Проба агнём», «Мілы чалавек», «З народам», «Пяюць жаваранкі», «Зацікаўленая асоба», «Людзі і д’яблы», нарэшце, «Брама неўміручасці» — іскрыстая, поўная народнага досціпу і глыбокай філасофскай развагі камедыя, напісаная не маладым, адсвяткаваўшым сямідзесяцігоддзе, пісьменнікам — большая палавіна гэтых рэчаў была падзеяй у савецкай драматургіі і жыцці тэатра.

Кандрат Крапіва заўсёды пісаў аб самым значным, істотным і важным, што наспела ў жыцці і як бы патрабавала грамадскай ацэнкі, суда. Міжволі прыгадваецца выказаная драматургам думка адносна камедыйнага канфлікту: ён павінен быць сур’ёзным, мець вялікі рэзананс (накшталт таго гуку, які вынікае, калі ўдарыць нават чым-небудзь маленькім па вялікай жалезіне).

Першая ўжо драма «Канец дружбы» мела сур'ёзны, грамадска значны канфлікт. У гадзіну нягоды адзін чалавек, настаўнік Лютынскі, рызыкуючы ўласным жыццём (падзеі адбываюцца пад час белапольскай акупацыі), выратоўвае жыццё другому — партызану Карнейчыку. Апошні дае абяцанне не забыць гэтай самаахвярнасці, прыйсці на дапамогу сябру ў цяжкую для яго часіну. І не прыходзіць, калі часіна такая надараецца, бо той здрадзіў чамусьці большаму — грамадскай справе, высокім рэвалюцыйным ідэалам, за якія абодва ў маладосці змагаліся, хоць разумелі, відаць, гэтыя ідэалы неаднолькава. Тыповы, суровы канфлікт далёкіх трыццатых гадоў.

Народна-гераічная драма «Партызаны», якая ўбачыла свет у 1937 годзе, з’явілася не толькі як вынік роздуму пісьменніка над прычынамі і вытокамі перамогі ў грамадзянскую вайну, а як бы і папярэджвала аб новай небяспецы і пагрозе, што навісала над Савецкай краінай. Выдатная, вялікая гэта драма. Нібы сам беларускі народ з яго адмысловым паглядам на свет, мяккім гумарам, паблажлівасцю ў жыцці, з нязломным характарам у гадзіну суровых выпрабаванняў прыйшоў на яе старонкі. Нездарма пасля прагляду «Партызан», стоячы, горача апладзіравалі артыстам абраннікі народа — дэлегаты Устаноўчага сходу ў Беластоку, якія прынялі памятнае рашэнне аб уваходзе ў Савецкую дзяржаву і ўз’яднанні Заходняй Беларусі з Беларуссю Савецкай.

Сатырычная камедыя «Хто смяецца апошнім», напісаная перад самай вайной, трыумфальна прайшла на сцэнах многіх дзесяткаў савецкіх і некаторых зарубежных тэатраў. З прынцыповых, партыйных пазіцый Кандрат Крапіва даваў у ёй бой нахабнікам, кар’ерыстам, палахлівым, прыніжаным душам, якія сваёй пакорлівасцю стваралі прыдатную глебу для разгулу гарлахвацкіх. Значэнне гэтай надзвычай смелай для свайго часу камедыі стала нам яшчэ больш зразумелым пазней, калі партыяй былі выкрыты злоўжыванні і парушэнні рэвалюцыйнай законнасці ў час культу асобы.

У 1940 годзе, у час Дэкады беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскве, усесаюзны глядач, які ўбачыў «Партызан» і «Хто смяецца апошнім» на сцэне, па заслугах ацаніў дасягненні беларускай савецкай культуры. Наша літаратура і мастацтва дэманстравалі бліскучыя поспехі, яны сталі неад’емнай часткай савецкай, сацыялістычнай культуры. Першым вывеў беларускую драматургію да ўсесаюзнага гледача Кандрат Крапіва. Яшчэ тады, да вайны, ён у ліку першых беларускіх пісьменнікаў стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР.

Яркае, непаўторнае, рознабаковае асвятленне знайшлі ў драматургіі Кандрата Крапівы Вялікая Айчынная вайна і пасляваеннае жыццё. Героіка подзвігу савецкага чалавека яшчэ ў віхурныя дні вайны нарадзіла драму «Проба агнём», пазней, ужо ў мірны час, з'явіліся драмы такой жа высокай настроенасці — «З народам» і «Людзі і д’яблы». Цяжка пераацаніць зробленае драматургам. На старонкі п'ес, як і на сцэну тэатраў, як бы прыйшлі жывыя ўдзельнікі франтавых баёў, падпольнай і партызанскай барацьбы, якая ва ўмовах Беларусі ўцягнула ў сваё рэчышча людзей розных прафесій, узростаў, характараў, стала сапраўды ўсенароднай. Кіпенне страсцей, высокі напал сутыкненняў, канфліктаў, глыбокая псіхалагічная праўда вызначаюць названыя творы.

Як і заўсёды, у Кандрата Крапівы патэтыка, высокі пафас суседнічаюць з добрай усмешкай, поўным народнай дасціпнасці словам.

У пасляваенны час дыяпазон адлюстравання камічнага ў творчасці выдатнага драматурга яшчэ больш пашырыўся, набыў новыя колеры і адценні. Сатырычная камедыя «Мілы чалавек», лірычная камедыя «Пяюць жаваранкі», нарэшце, фантастычная камедыя «Брама неўміручасці», дзе стыхія смеху займае надзвычай прыкметнае месца,— усе гэтыя творы падымаюць вельмі значныя жыццёвыя і маральныя праблемы.

Як некалі ў камедыі «Хто смяецца апошнім», у «Браме неўміручасці» драматург падняўся на высокую ступень мастацкай умоўнасці. Але ад гэтага яго твор набывае яшчэ большую эмацыянальную і інтэлектуальную выразнасць. У «Браме наўміручасці» гутарка ідзе пра кардынальныя пытанні грамадскага і чалавечага жыцця, пра вытокі нашай камуністычнай этыкі і маралі.

Наскрозь пранізана новая п’еса Кандрата Крапівы глыбокай філасофскай развагай, «праклятыя», вечныя пытанні сэнсу чалавечага існавання вырашаюцца ў ёй па-народнаму мудра і дасціпна.

Другі раз у творчай практыцы камедыёграфа сфера навуковай дзейнасці дае выразны камедыйны канфлікт. Толькі ў новым творы рухальнікам гэтага канфлікту (у адрозненне ад прайдзісвета Гарлахвацкага з камедыі «Хто смяецца апошнім») з’яўляецца чалавек высакародны, разумны, гуманны — акадэмік-герантолаг Барыс Пятровіч Дабрыян. Праводзячы свае доследы над падвопытнымі пацукамі, ён нарэшце адкрыў сакрэт, які забяспечыць неўміручасць усяму, што мае гарачую кроў, дыхае, здольна рухацца ў прасторы і часе.

Дзіва — адкрыццё Дабрыяна ляжыць на мяжы фантастычнага,— але мы яго прымаем як бы нават без асаблівага ўзрушэння. Прычына, мабыць, у тым, што ў век навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, выдатных поспехаў савецкай навукі мы проста прызвычаіліся да любых адкрыццяў — заляцеў жа чалавек у космас, вучоныя сінтэзуюць новыя рэчывы, упрытык стаяць ля тайны жывога на зямлі.

Камедыёграф у адпаведнасці з духам часу выбраў свой канфлікт. І ў той жа час здолеў бліскуча паказаць, колькі яшчэ коснага, адсталага ёсць у жыцці, колькі бруду, сапсутых нораваў, заганнай маралі тоіцца ў асяроддзі сучасных мяшчан-абывацеляў, якія апранаюцца ў капроны і нейлоны, ведаюць сэнс самых новых слоўцаў і тэрмінаў, але па-ранейшаму пакланяюцца абымшэламу богу асабістай выгоды і эгаістычнага разліку.

Шматгалосым, нахабным натоўпам праходзяць перад намі ўсе гэтыя людзі «ўчарашняга дня», хцівыя, хітрыя прыстасаванцы, якія не супраць таго, каб увайсці і ў камунізм. Сэнс жыцця ў тых, хто прэтэндуе на «вечны заслужаны адпачынак» — у зладзеяватага адстаўніка Дажывалава, хапугі Караўкіна, жуліка Торгалы, паклёпніцы Застрамілавай, кар’ерыста Скараспея — вельмі просты — карыстацца ўсімі дабротамі, якія дае ім грамадства, і нічога не аддаваць узамен.

З вострым, здзеклівым смехам камедыёграф адмаўляе ў будучыні марнатраўцам і захрыбетнікам, даставалам і прайдзісветам. Такі ідэйны сэнс камедыі. Але ёсць яшчэ адна думка ў гэтым выдатным творы, роўная мастацкаму адкрыццю: наша савецкае, сацыялістычнае жыццё нарадзілася як саюз роўных, вольных людзей, і гэтую вялікую заваёву трэба няўхільна абараняць ад прайдзісветаў і захоўваць у чысціні.

Нягледзячы на ўмоўнасць канфлікту, персанажы камедыі намаляваны ярка, з непаўторнымі індывідуальнымі рысамі. Вернасць традыцыям народнасці дае драматургу плён і ў гэтым, вельмі сучасным па праблематыцы і нават па слоўніку творы: ацэнка з’яў, праяў жыцця вядзецца з пазіцый народнай этыкі і маралі, з бескампрамісных партыйных пазіцый, і гэта забяспечвае твору высокае мастацкае гучанне. Драматург дае ў ім бой сучаснаму мяшчанству, прыстасавальніцтву, як і заўсёды, услаўляючы сціпласць, працавітасць, выключную адданасць высокім грамадскім ідэалам.

Неўміручасць, бяссмерце чалавека — не ў бясконцым фізічным існаванні, а ў вялікіх справах дзеля шчасця сучасных і наступных пакаленняў — такое філасофскае рэзюме гэтага выдатнага мастацкага твора.

Сапраўдная, непадробная народнасць у спалучэнні з актыўнай грамадзянскасцю, прынцыповай партыйнасцю, высокай камуністычнай ідэйнасцю — такія якасці характарызуюць усё створанае народным пісьменнікам Беларусі, акадэмікам Кандратам Крапівой. Вялікія яго заслугі перад роднай літаратурай і культурай.

Кандрат Крапіва — аўтар шматлікіх прац па мовазнаўству, стваральнік і рэдактар нашых фундаментальных слоўнікаў, на працягу многіх год ён узначальваў Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Яго пяру належаць шматлікія артыкулы па пытаннях беларускай літаратуры і асабліва драматургіі.

Многа часу і ўвагі аддае Кандрат Крапіва выхаванню творчай моладзі. Пры яго бацькоўскай падтрымцы вырас, узмужнеў не адзін сапраўдны талент.

Крапівінскія традыцыі ў сатырычным жанры, у драматургіі паспяхова працягвае наступная плеяда пісьменнікаў. Ды і сам ён у жывым страі сучаснай беларускай літаратуры і культуры, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук БССР, паплечнік Купалы і Коласа, заслужаны старэйшына роднай літаратуры.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 272-282
Крыніца: скан