epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Сукенка Ларэлеі

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI


І

У вестыбюлі пад высокай, нібы ў акадэмічнай зале, столлю — шараваты паўзмрок, цішыня, якую парушае толькі мернае таканне старамоднага гадзінніка ў вялікай драўлянай каробцы. Гадзіннік вісіць на парудзелай, даўно не беленай сцяне над галавой бабулькі-вахцёршы. У вячэрнія гадзіны ў вестыбюлі заўсёды ціха: лабараторыі зачыняюцца і толькі на другім паверсе займаюцца студэнты-вячэрнікі.

Рыта спускалася па шырокіх прыступках крутой лесвіцы, і ўласныя крокі гулка аддаваліся ёй у вушах. Яна ведала, што Вігдароўскі яе чакае. Стаіць на ганку, падняўшы капюшон гумавага плашча, ці прахаджваецца перад уваходам па пасыпанай жарствой алейцы.

Палохае і вабіць настойлівая зацятасць гэтага зусім не маладога чалавека, з якой ён дамагаецца сустрэч, прыязджаючы з няблізкага горада, выстойвае, нібы школьнік, у скверы каля інстытуцкага корпуса, і, калі б яна нават хацела, ад яго нельга схавацца.

Рыта сказала «дабранач» вахцёршы і выйшла на ганак. На двары імжа, слата, і хоць не позна — палова дзесятай — уражанне такое, што глыбокая ноч. За скверам, на праспекце, бляклы ланцуг агнёў, прыглушаны гул тралейбусаў, шасценне таксі, а тут цішыня і чорныя, мокрыя галіны дрэў.

Калі Рыта спусцілася з ганка і пайшла па алейцы, Вігдароўскі вынырнуў са змроку і ўзяў яе пад руку.

— Добры вечар,— сказаў ён са стрыманым узбуджэннем у голасе.— Я думаў, цябе няма...

— Я зноў скараціла лекцыю. Чым гэта скончыцца?

— Не кажы так. Ты мяне крыўдзіш...

Яны мінулі скверык і выйшлі на брук вузкага, малаасветленага завулка. Нізкія домікі тут зносяць, капаюць экскаватарамі катлаваны, таму прыходзіцца ісці па дашчаным тратуары ўздоўж драўляных шчытоў, якімі агароджана будаўнічая пляцоўка.

Вігдароўскі выпусціў Рыціну руку, і яна пайшла першая. За завулкам яшчэ адзін сквер — прахадны і людны, потым трэба мінуць шырокую асветленую вуліцу, на якой магазіны і можна на кожным кроку сустрэць знаёмага. Рыта заўсёды хадзіла тут адна, Вігдароўскі ішоў назіркам. Калі яны дабіраліся да парку перад стадыёнам, ён зноў браў яе пад руку.

Рыта ведала, што любіць Вігдароўскага. Ён прынёс у яе жыццё нейкі агніста-радасны струмень, нібы вярнуў яе ў напаўзабыты свет маладосці, памог зірнуць на самую сябе і на ўсё навакольнае шырока раскрытымі, здзіўленымі вачамі.

Яны ішлі па алеі пустога, цёмнага парку і маўчалі. І тут мокра, няўтульна, пад нагамі шасціць апалае лісце, звініць трамвай за стадыёнам. Вігдароўскі акрыў яе плашчом і прытуліў да сябе. Яна адчувала яго пругкае, дужае цела, і на душы ў яе быў ціхі, прыемны спакой.

Тут, у маладым асеннім парку, у які далятаюць усе гукі вячэрняга горада, ёсць зялёная, са спінкай і масіўнымі жалезнымі ножкамі лавачка, што належыць ім. Яна стаіць нават не ў самім парку, а на яго ўзмежку з сядзібай, якая прымыкае да прыгожага, двухпавярховага асабняка, у густым зарасніку шыпшыны, і яе амаль ніхто ніколі не займае. Можа таму, што мала хто ведае.

— Люблю месячныя ночы,— сказаў Вігдароўскі.

— А я люблю цёмныя,— сказала Рыта.

— Чалавеку трэба святло, каб адчуваць сувязь з зямлёй і небам. Мой бацька гаварыў, што музыка ад святла.

— Я думала — яна ліецца з душы. Што і як чалавек адчувае.

— Каб адчуваць, трэба быць не аднаму...

Нехта ішоў ім насустрач, і Рыта шчыльней прытулілася да Вігдароўскага. Яна не любіла сустрэчных тут, у парку. У такія хвіліны заўсёды прыходзіла думка, што яна крадзе чужое шчасце, і ад гэтага было непрыемна.

Міма правандравала такая ж, як і яны, парачка.

— Твой цягнік у дванаццаць? — спытала Рыта.

— Як заўсёды.

— Ноччу другіх няма?

— Ёсць у пяць гадзін раніцы. Маскоўскі.

Ёй было шкада яго. Тады, калі яна пыталася пра цягнік, ён заўсёды здаваўся бездапаможным, пакрыўджаным. Гадзіна-паўтары, якія яны сядзелі на лавачцы ў шыпшыне, была платай за тры гадзіны язды ў цягніку, за доўгае чаканне ў скверы, ля інстытуцкага корпуса.

Рыце здавалася — і гэта радавала яе да ўзрушэння — што такіх, як Вігдароўскі, няма, што ён нібы прыйшоў да яе з далёкага, кніжнага свету.

Яна была ўсё-такі жорсткай з ім. Толькі аднойчы — увесь бясконца цудоўны летні дзень — яны прабылі разам, купаліся ў сонечным моры святла і ценяў, у музыцы, сатканай з лясных гукаў і пахаў, якімі адарыў іх бярозавы ўзлесак за горадам. Тады Вігдароўскі вырваў у яе гэты дзень — прыехаў на машыне, тройчы званіў на кватэру па тэлефоне, як бы прад’яўляючы сваё права на яе — і яна выйшла да яго, села ў машыну і забыла на ўсё. Ёй цяпер здавалася — гэта было даўно-даўно і дзень той быў самым шчаслівым у яе жыцці.

Пачаўся сапраўдны дождж. Кроплі былі буйныя і частыя. Яны білі па аблубянелым плашчы, як маленькія малаточкі. Рыта адчула, што ў яе прамакаюць ногі. Станавілася холадна і непрыемна. Зрэшты, гэта было смешна — блукаць у цемені пад дажджом сярод голых дрэў.

— Мне пара,— жорстка сказала Рыта.— Табе таксама.

На імгненне ён як бы ў нерашучасці спыніўся і, не выпускаючы яе з абдымкаў, выхапіў левай рукой з кішэні кіцеля ліхтарчык, слізгаючы яго кволым промнем па мокрым чорным асфальце, павёў па алеі. У палосцы святла круглыя кроплі дажджу мільгалі сярэбранымі кропкамі.

— Я грэюся ля цябе, а ты мерзнеш,— сказаў ён.

Яны дайшлі да канца алеі і сталі спускацца ўніз па ступеньках — на ўзбочыну стадыёна, дзе летам размяшчаецца баскетбольная пляцоўка, Вігдароўскі вёў яе беражна і асцярожна. Унізе, абышоўшы абнесеную жалезнай сеткай пляцоўку, нырнулі пад шырокі, падпёрты белымі калонамі казырок будыніны, якая летам служыла раздзявалкай. Тут таксама стаялі лавачкі з жалезнымі ножкамі, было суха, і яны селі. Вігдароўскі расхінуў плашч, пасадзіў да сябе на калені Рыту і, зняўшы туфлі, узяў халодныя пальцы яе ног у свае далоні. Рыта цясней прыхінулася да яго і маўчала. З цёмнага неба сеяўся дождж, яго аднастайны шум як бы хіліў да сну, да забыцця. Цяпер у Рыты было такое пачуццё, нібы тут, пад казырком раздзявалкі, яны адгарадзіліся ад усяго свету, схаваліся ад усіх і належаць толькі самім сабе. Інстытут, горад, знаёмыя, муж — усё гэта было далёка-далёка і ўсё гэта вельмі мала значыла ў параўнанні з тым, што мела Рыта цяпер, седзячы на каленях Вігдароўскага і слухаючы шум дажджу. Тут было шчасце. Там, за межамі мокрага, чорнага парку — нічога такога, чым варта было даражыць.

І ўсё ж Рыта сказала:

— Доўга не будзем, Сяргей. Разумееш сам.

Ён не адказаў нічога і стаў цалаваць яе.

Яго губы былі сухія, гарачыя, увесь ён — дужы, моцны, нібы знутры напоўнены агнём — пахнуў яблыкамі, палёным вугалем і яшчэ нечым няўлоўным, мужчынскім, што насіў з сабой нязменна. Яна любіла ўсё ў ім — лёгкую, нібы павуцінка, сівізну ў русявых валасах, мужны твар з рэзкімі маршчынамі, якія ішлі ад куточкаў губ, шэрыя, суровыя на першы погляд, вочы. І яшчэ болей любіла далікатнасць, схаваную, стоеную за мужчынскім нешматслоўем. Рыта ведала — Вігдароўскі з пароды тых людзей, у душы якіх дзіўная зладжанасць розуму і пачуццяў. Наважыўшыся на што-небудзь, такія не адступаюць, як бы разумеючы, што зрабіць іначай, чым робяць, не могуць.

Дождж шастаў па жалезным даху навеса, як бы нараджаючы спакойную, мяккую музыку. Можа, вырастала яна не толькі з гэтага аднастайнага шуму, а з усяго, што можна было пачуць і разгледзець у імжыстай, шчыльнай цемені. Яны сядзелі ўнізе — агароджаная баскетбольная пляцоўка нагадвала катлавіну, а наверсе звінеў трамвай, праплываў далёкі, прыглушаны гудок цягніка, млявымі, бледна-жоўтымі агнямі свяціўся горад. Рыта чула роўныя, моцныя штуршкі сэрца мужчыны і чула, як б’ецца ўласнае. Недзе тут нараджалася музыка, а ўслед за ёю бяздумная, шчаслівая адданасць яму, жаданне быць з ім, адчуваць яго да бясконцасці.

— Мне хутка трэба ісці,— прашаптала Рыта.

— Ларэлея,— адказаў ён.— Пачакай, Ларэлея...

Яна любіла, калі ён яе так называў.

Гэтае слова яна пачула ад яго ў першы вечар іхняга знаёмства. Гэта было даўно, болей як год назад, калі Рыта сама жыла ў яго горадзе цэлы месяц, выкладаючы ў філіяле інстытута. Там у парку, поўным жаўталісця і незабыўнай прыгажосці ранняй восені, яны пазнаёміліся.

Пазней, у хвіліны тугі і самоты, Рыта не раз лавіла сябе на думцы, што яе знаёмства з Вігдароўскім увогуле магло не быць, што яны проста маглі не напаткаць адно другога, і тады ёй рабілася страшна. Яна не магла сабе ўявіць, як бы без яго жыла, без гэтых патайных і ў чымсьці абразлівых стрэч і — самае галоўнае — без пастаяннага думання аб ім. Сяргей прысутнічаў ва ўсім цяперашнім яе жыцці. Ён як бы нябачна быў з ёю побач: яна чула яго голас, бачыла яго ўсмешку, мілы бляск разумных, шэрых вачэй. Не, яна нават у думках ніколі не прасіла ў яго парады, адчуваючы, што ён адобрыць усё ёю зробленае ці сказанае. Яны ўваіх як бы складалі адну нераздзельную істоту, якая жыла адной і той жа радасцю і горам, давала аднолькавую ацэнку з’явам жыцця, на адной хвалі марыла і трызніла. Таму была проста жудаснай думка пра выпадковасць іх сустрэчы.

Цяпер, калі Сяргей быў з ёю, Рыта не гэтак востра адчувала патрэбу ў ім. Яна як бы аддавалася бяздумнай плыні, якая захліствала душу, поўнячы яе адчуваннем радасці і шчасця.

З ім, Сяргеем, было лёгка і хораша, не хацелася ні аб чым думаць, а толькі адчуваць яго побач з сабой, ведаць, што і ён повен шчасця ад блізкасці з ёю. Нават першыя гадзіны расстання не здаваліся Рыце пакутлівымі. Яна нібы наяве была з Сяргеем, і пачуццё гэтае было настолькі моцным, што Рыта амаль не ўспрымала адзіноты.

Пякучы боль расстання, прагнае чаканне наступнай сустрэчы прыходзілі да Рыты пазней, праз дзень ці два пасля спаткання з Сяргеем. Боль межаваў з радасцю: яна ўся была ў думках аб ім, у напружана-радасным чаканні наступнай сустрэчы. Яе душа была ў такія дні як імклівая рака: хвалі набягалі адна на другую, несліся некуды наперад, а рака заставалася той самай, ранейшай.

Дождж не спыняўся. Ён, здаецца, яшчэ болей узмацніўся, ліў суцэльнымі струменямі. Там, наверсе, адзін за адным гаслі млявыя, хісткія агні, радзей звінеў трамвай. Рыта адчувала, што наступае часіна, калі трэба развітвацца.

— Спознішся на цягнік,— сказала Рыта.

— Хачу спазніцца,— адказаў ён.

Яна прыхінулася да яго шчыльней. Як і заўсёды, ён быў далікатны і не сказаў таго, пра што думаў. Яна ведала: ён проста не можа вось так, адну, адпусціць яе на дождж і макрэчу, а сам пайсці на вакзал. Яна ведала і тое, што калі не пойдзе цяпер, то застанецца з ім на ўсю ноч і не будзе такой сілы, якая адарве яе ад яго. Так ужо было. Але тады яе ніхто не чакаў. Цяпер чакаюць.

— Хіба не разумееш? — сказала яна напаўшэптам, кранаючыся губамі яго вуха.

— Дождж,— прамовіў ён ціха.— Хоць Ларэлея асоба вадзяная, але дажджу баіцца... Рыта, Маргарыта, каралева Марго...

Дождж па-ранейшаму ліў як з вядра. На імгненне яе працяў страх — калі яна не прыйдзе хоць у дванаццаць, там, дома, здарыцца незвычайнае. Але страх валодаў ёю толькі адно імгненне. Седзячы з Сяргеем, яна не магла чаго-небудзь страшыцца. Хваля лёгкай адчайнай бяздумнасці захліснула яе ўсю, яна абхапіла Сяргея рукамі за шыю і пра ўсё забыла...

 

ІІ

Дома была трагедыя. Рыта прыйшла позна, мокрая, разгубленая, і муж не спаў. Не гасячы святла, не распранаючыся, ён ляжаў на канапцы і пазіраў у столь.

— Дзе ты была? — спытаў ён, нібыта абыякава.

Яна, ідучы дамоў, зусім не думала, што скажа мужу, таму ў першую хвіліну не знайшлося, што адказаць.

— Быў дождж,— сказала яна.— Мы ішлі разам з Гурэвіч, і я да яе зайшла.

— Ты хлусіш,— сказаў ён, зморшчыўся, нібы ад зубнога болю.— Я званіў Гурэвіч. Званіў усім...

Яна прыкусіла губу, і чырвань заліла ёй твар. Яна ніколі не ўмела хлусіць. Не заўважаныя мужам яе сустрэчы з Вігдароўскім можна было вытлумачыць толькі тым, што сам ён ніколі не цікавіўся, дзе яна бавіць час. Не пытаўся, таму што верыў ёй? Яна мала пра гэта думала. Яна ведала, што не любіць мужа, і ёй было ўсё адно, куды ён ходзіць і з кім сустракаецца. Ён у яе думках займаў вельмі малое месца, і, мабыць, ахопленая да яго няўвагай, яна лічыла, што і ён да яе абыякавы.

— Дзе ты была? — спытаў ён, і яго голас задрыжаў.

Ён быў разгублены, бездапаможны, як дзіця. Выгляд у яго быў такі, нібы ён просіць у яе паратунку. Падсвядома, але выразна і востра яна адчула, што болей за ўсё ён баіцца, каб яна не сказала праўды...

Апушчаныя плечы мужа, яго спалатнелы твар, цяжкае, перарывістае дыханне — усё, усё нібы заклінала яе маўчаць або хлусіць. У душы варухнуўся жаль да мужа. Яна цяпер баялася за яго: ён зусім сабой не валодаў. «Хлусня дзеля выратавання — не грэх»,— мільганулі ў свядомасці недзе вычытаныя словы, і, неяк адразу ўзяўшы сябе ў рукі, пераламаўшы свой настрой, яна сказала амаль бадзёра:

— Ну чаго ты хвалюешся. Я схлусіла. Могуць жа і ў жонкі быць тайны...

— Якія тайны? — усклікнуў ён з надзеяй і радасцю ў голасе.

— Пастарэеш, калі будзеш ведаць.

У яе хапіла вытрымкі маўкліва зняць мокрыя туфлі, распрануцца і, накінуўшы на плечы пярэсты халацік, выйсці ў калідор. У іх была маленькая кватэрка — пакой з пакойчыкам, ванная, агульная з суседзямі, і, каб трапіць у яе, трэба было прайсці ў процілеглы бок калідора. Вымыўшы рукі і твар, яна вярнулася ў пакой, доўга прычэсвалася перад люстэркам. Муж хадзіў па пакоі, запытальна, здзіўлена на яе пазіраючы.

— Была ў краўчыхі,— нарэшце сказала яна.— Можа трыццацігадовай жанчыне прыйсці ў галаву такое?.. Лекцыю кончыла раней і паехала. Краўчыха ж жыве далёка, на ўскраіне. Дождж пайшоў. А як суняўся, трамваі не хадзілі. Пяць вёрст пехатою...

— Навошта табе краўчыха? — здзіўлена і ўсё яшчэ не верачы перапытаў муж.— Ноччу да краўчыхі?.. Ёсць жа атэлье... Таксі магла ўзяць.

— Не ноччу, а вечарам. Ды я матэрыял і не вазіла, ездзіла дамаўляцца. Калі ж, як не вечарам, паехаць? Таксі не знайшла. Як назло...

— Што ты хочаш шыць?.. Чаму не ў атэлье?..

— Падумай трохі. Можа, успомніш...

Ён адразу павесялеў, пажвавеў. Рушыў у пярэдні пакойчык, уключыў электрычную плітку і паставіў чайнік. Яна міжволі агледзела пакой, у якім стаяла настольная лямпа пад сінім абажурам, разліваючы сумнае, няпэўнае святло. Як усё ў пакоі запушчана, недагледжана. У яе апошні год не было ніякага жадання наводзіць утульнасць, чысціню, і таму на падаконніку, на прыёмніку, на шкле кніжнай шафы шызы пыл, чаравікі, туфлі навалам пад ложкам, скамечаныя сукенкі, сарочкі вісяць на спінках крэслаў. Яна нібы навобмацак адчувала гэты брыдкі, ліпкі пыл, якім, здаецца, усё было пакрыта ў пакоі. Успомніла пяцігадовую Ларысу, дачку, якая жыла ў яе маці за квартал ад іхняга дома, і яе ахапіў пакутліва-шчымлівы боль.

— Дык што ты хацела шыць? — спытаў муж бадзёрым голасам.— Не магу дадумацца.

— Сукенку,— адказала яна.— З парчы, якую прывёз Барыс.

— Вось яно што!

Ён радасна паціраў рукі, расхаджваючы па пакоі.

— Ніколі б сам не дадумаўся. Навошта табе такая сукенка?.. У ёй толькі ў оперы выступаюць...

Пра парчу, якую прывёз яе стрыечны брат з замежнай камандзіроўкі, яна сказала наўздагад, бо ніколі не збіралася шыць з яе сукенкі, але цяпер адчула, што адказала якраз так, як трэба было адказаць.

Ён прынёс ёй шклянку чаю, быў ласкава-ўзбуджаны, рухавы, відаць, стараючыся забыць тыя пакутлівыя, поўныя жаху хвіліны, якія перажылі яны абое, калі яна толькі прыйшла дамоў. Ён стараўся дагадзіць ёй, рабіў выгляд, што нічога не адбылося, а яна раптам адчула, што ў душу прыйшла нязваная раней пустата.

— Калі панясеш шыць?

— Магу хоць заўтра.

— Я пайду з табой.

— Ідзі,— абыякава адказала яна.— Здолееш праверыць, ці хлусіць твая жонка...

 

ІІІ

Яна ўзяла ад маці Ларысу, у нейкім узбуджана-няўрымслівым настроі мілавала яе на вачах здзіўленага мужа. Некалькі дзён чысціла кватэру, наводзіла парадак у гардэробе і на кухні. Каструлі, скавародкі цяпер блішчалі, муж мог фарсіць у чыстых, адпрасаваных сарочках, у Ларысы былі новыя цацкі і лялькі. Яна нават напісала некалькі старонак безнадзейна закінутай дысертацыі. Але ўзбуджэння хапіла ненадоўга.

З кожным днём Рыту ўсё болей ахоплівала абыякавасць, безуважлівасць да ўсяго на свеце. Яна адчувала, што з Вігдароўскім сустрэнецца не хутка, магчыма, ніколі не сустрэнецца, і жыццё страціла для яе цікавасць і вастрыню.

На мужа зноў нахлынула насцярожаная падазронасць, ён, відаць, пакутаваў, сумняваўся, штодня па некалькі разоў перапытваючы, чаму яна так позна пайшла да краўчыхі. Яна адказвала, не задумваючыся, верагодна ці не тое, што яна гаворыць. Ён мог бы сам пайсці да гэтай выдуманай ёю швачкі, выкрыць яе хлусню, бо на той вуліцы, якую яна яму назвала, ніякай швачкі яна не ведала. Але ён чамусьці не ішоў, затое кожны вечар, калі ў яе былі заняткі на вячэрнім аддзяленні, чакаў яе ў вестыбюлі, дзе сядзела бабуля вахцёрша і аднастайна тахкаў старамодны гадзіннік.

Дажджы скончыліся, сухія паўночныя вятры прынеслі першы холад. У выбоінах асфальту зашэрхлі сінім ільдом лужынкі, на дрэвах інстытуцкага сквера трапятала на ветры ўцалелае жоўтае лісце.

Мінула два тыдні. Мусіў прыехаць Вігдароўскі, і Рыта адчувала сябе птушкай, якая трапіла ў сіло. Выйсця яна не бачыла ніякага.

У прызначаны для спаткання дзень яна думала, што не вытрымае. Яна нават не мела магчымасці папярэдзіць Вігдароўскага. Лістамі да запатрабавання яны не абменьваліся ніколі.

У абед прыйшоў з бібліятэкі муж, ад яго не схавалася, што яна ўзбуджана. Ён насупіўся, сказаў ёй штосьці непрыемнае, абразлівае, і яна — гэта здарылася за сем год іх жыцця ўпершыню — накінулася на яго з дзікай лаянкай. У тую хвіліну яна была вельмі блізкай да таго, каб сказаць яму праўду, якой ён болей за ўсё баяўся. Яна, бадай, і сказала яе, толькі не словамі, а шалёнай нянавісцю, якая была ў кожным сказаным ёю слове.

Муж здзівіў яе нязнанай у ім раней вытрымкай.

— Я бачу ўсё,— сказаў ён.— Можаш ісці куды хочаш. Назаўсёды. Каб апоўначы дамоў не вяртацца...

Яна кінулася на ложак, праплакала да вечара. Становішча яе агіднае. Яна здольна сеяць вакол сябе адно толькі няшчасце. З самага пачатку яна ведала, што яе адносіны з Вігдароўскім не маглі быць іншымі, чым былі. У яго двое дзяцей, і ў яе Ларыса. І ўсё адно ёй было страшна ад думкі, што яе патайным, непрывабным сустрэчам наступае канец.

Строгая і маўклівая, з падпудраным тварам, каб не відаць было слядоў слёз, яна пайшла на вячэрнюю лекцыю. Вечар быў сіні, ветраны. Пад нагамі, калі ішла па алейцы сквера, нібы звінела працятае марозам, з крупінкамі наледзі апалае лісце. Дрэвы стаялі голыя, чорныя.

Пасля лекцыі ў вестыбюлі яе чакаў муж. Ён узяў яе пад руку, як толькі яна спусцілася з лесвіцы. Калі яны выйшлі на ганак, Рыта ўбачыла Вігдароўскага. Ён быў у паліто, пушыстай зімовай шапцы, стаяў у паласе мігатлівага святла, якое падала ад лямпачкі, падвешанай ля ўваходу. У Рыты перахапіла дыханне, сэрца не калацілася — грукала, але яна не падавала ніякага знаку, што бачыць каханага. Яны з мужам прайшлі паўз яго, і ён нават крыху збочыў, каб даць ім дарогу.

Назаўтра ў Рыты падскочыла тэмпература. Да самага Новага года, болей месяца, яна праляжала хворая.

 

IV

Яе здароўе відавочна паляпшалася, і яна сама адчувала, што пачынае жыць нібы нанава. Год яе сувязі з Вігдароўскім паўставаў як дзіўны сон, хісткі і няпэўны; часамі ёй здавалася, што нічога не было — ні асенняга гарадка, дзе яна пазнаёмілася з Вігдароўскім, ні летняга сонечнага дня за горадам у лесе, ні прыездаў Сяргея.

Розумам яна ніяк не магла ацаніць таго, што за гэты год з ёю здарылася. Усё, што было, яна рабіла, нібы падпарадкоўваючыся волі другой істоты, далёкай і незразумелай, якая, аднак, жыла ў ёй самой як бы ў стане часовага вогненна-хмельнага вар’яцтва, якое нахлынула на яе, як насланнё.

Цяпер яна выбівалася на ранейшую дарогу, дзе ўсё было ясна, зразумела і дзе яна магла адказваць за кожны свой крок. Ёй было прыемна, што яна зноў валодае сабой, сваімі пачуццямі. Аб тым, што прамінула, яна думала з ціхім смуткам, ён звінеў у душы, як пяшчотная, напаўзабытая песня. Яна болей не хацела сустракацца з Вігдароўскім і не імкнулася да яго.

Яе жыццё з мужам увайшло ў прызвычаеную, зведаную каляіну, яно нічым не адрознівалася ад таго, якім было два і тры гады назад. Ёй цяпер самой не верылася, што яна, амаль не задумваючыся, знаходзіла словы, каб неяк вытлумачыць свае затрымкі па вечарах і, не хочучы лгаць — ілгала. Ёй было шкада мужа, і яна стала з ім прыкметна ласкавейшай. Жыццё, як і раней, ішло ціха і мірна. Зрэшты, яна даказала сабе самой, што можа быць дбайнай гаспадыняй: іх маленькая кватэрка стала, як ніколі, утульнай.

Вігдароўскі не рабіў ніякіх захадаў, каб сустрэцца. Яна не крыўдавала на яго. Канец іх адносінам паклала яна сама. Тады, у канцы восені, прайшоўшы з мужам па алейцы і зрабіўшы выгляд, што не бачыць Сяргея, яна, вядома, яго абразіла.

Яна старанна рыхтавалася да лекцый і прыходзіла дамоў задаволенай, калі адчувала поспех. Так мінула зіма і вясна. Летам, у чэрвені, студэнты запрасілі яе на свой выпускны вечар. Ёй і раней здаралася быць на такіх вечарах, але гэты выклікаў у душы асаблівы, лагодна-шчымлівы настрой. Сабраліся на другім паверсе рэстарана, у някідкім бакавым зальчыку, вокны якога былі на ўзроўні макушак клёнаў і бяроз, што атулялі будынак. Заходзіла сонца. У вялікай рэстараннай зале іграў аркестр, а сюды даляталі толькі прыглушаныя, плаўныя гукі, якія танулі ў вясёлым гармідары. Яна патрошку піла віно, слухала тосты, размаўляла з суседзямі, але ўвесь час лавіла сябе на адчуванні, што як бы прыслухоўваецца да самой сябе. Спадыспаду душы падымалася штосьці няўрымслівае, трывожнае.

Яна паспрабавала непрыкметна выйсці. Студэнты яе намер заўважылі, вярнулі з лесвіцы і пасадзілі на месца. Каб заглушыць трывогу, якая невядома з-за чаго на яе нахлынула, яна стала піць усё, што ёй налівалі.

Хутка ёй стала весела, захацелася гаварыць тосты. Ніколі, нідзе яна не адчувала сябе такой дасціпнай, як у гэты вечар. Яе трапныя, вясёлыя словы выклікалі ўсеагульны смех і воплескі.

Да закрыцця рэстарана танцавалі ў вялікай зале. Рыту наперабой запрашалі студэнты, калегі-выкладчыкі, і яна ахвотна і хораша з усімі танцавала.

Ноччу ўсім гуртам рушылі на вакзал праводзіць студэнтаў, што ад’язджалі начнымі цягнікамі. На асветленым пероне яна ўбачыла Вігдароўскага. Ён ішоў праз увесь перон, задумлівы, крыху ссутулены, трымаючы ў правай руцэ невялікі партфель. Ён яе не бачыў, нават не павярнуў галавы ў бок тлумнай талакі, якая вываліла на перон з раскрытых насцеж вакзальных варот.

Яна ледзь не страціла прытомнасць. Ён ішоў на той самы начны цягнік, якім ад’язджаў заўсёды пасля сустрэч з ёю. Яна не ведала, што рабіць, у адзін міг зразумеўшы, што нічога паміж імі не скончана, што яна па-ранейшаму прагне сустрэчы з ім, а ўсё, што яна прыдумала за гэтыя паўгода, не больш як самападман, каб сцішыць боль і смутак.

Яна зрабіла некалькі таропкіх крокаў, каб дагнаць Вігдароўскага, выбілася на сярэдзіну перона. Дарогу ёй перагарадзіў доўгі ланцуг ваганетак, нагружаных паштовай паклажай. Пакуль яна стаяла, узіраючыся ў шараваты, падсвечаны ліхтарамі паўзмрок ночы, каб не згубіць сярод другіх пасажыраў Сяргея, да яе падышоў выкладчык з іхняй кафедры, ціха крануў за локаць.

— Мы сёння весяліліся, але летняя ноч кароткая,— сказаў ён як бы з сумам.— Прапаную сябе да вас у праважатыя.

Яна пайшла з ім да варот, нават не развітаўшыся са студэнтамі, несучы ў сэрцы востры, як цвік, боль...

Назаўтра яна думала толькі пра Сяргея, адчуваючы, што проста не зможа жыць, калі не сустрэнецца з ім, не адновіць таго, што паміж імі было. Іх расстаня як і не было, яна да дробязей памятала ўсё, што ён калі-небудзь сказаў, бачыла яго ўсмешку, крыху сарамлівую і стрыманую, яго прывычку рэзкім узмахам рукі адкідваць непаслухмяную пасму валасоў, якая, калі ён быў без шапкі, заўсёды навісала на лоб. Ён быў нервовы, парывісты і адначасна стрыманы, мог падоўгу маўчаць, думаючы сваё. Ён ніколі не расказваў пра сям’ю, не пытаючы аб гэтым і ў яе, але яна па-жаночы адчувала, што гэта ў яго балючае месца. Не, шчаслівы ў сваёй сям’і ён не быў, тая жанчына, яго жонка, якой Рыта ніколі не бачыла, але пра якую ўсё адно часта думала, даць яму шчасце не змагла. Бывалі хвіліны, калі яна ненавідзела гэтую незнаёмую жанчыну, старалася ўявіць яе твар, паставу, паходку, манеру апранацца. Яна ўяўляла яе асобай пустой, эгаістычнай, самазакаханай.

Насуперак цвярозай развазе, яна іншы раз бачыла сябе жонкай Сяргея. Яна ведала, што гэта немагчыма, ніколі гэтага не будзе, але нават летуценныя, уяўныя хвіліны поўнілі яе радасцю. Яна б клапацілася аб ім, як маці. Яна ведае, адчувае Сяргея лепш, чым ён сам. На заводзе, дзе ён працуе, ён галоўны інжынер, і яна нават не можа ўявіць, каб ён быў не галоўны, каб нехта над ім стаяў, камандаваў. Сустракаючыся з ёю, ён ніколі не гаварыў аб сваіх справах, але яна адчувала, што яна, яе каханне, яе поўны давер да яго — найбольшая яму падтрымка, і іменна такой падтрымкі ён у яе шукае.

Іншы раз у яе ўзнікала вострае, неадольнае жаданне ўсё кінуць, развязацца з мужам, пасяліцца з Ларысай у горадзе, дзе жыве ён, сустракацца з ім, не ведаючы згрызот сумлення. У той жа час яна адчувала, што ніколі так не зробіць. Усё-такі яна даражыць работай, любіць заходзіць у аўдыторыю, пісаць на дошцы доўгія, складаныя формулы — не зазіраючы ў канспект, адчуваючы за спіной насцярожаную, удзячную цішыню. Тое, што яна ведае, умее — частка яе самой, і аддаць усё гэта за няпэўнасць яна не можа.

Праз дзень ці два пасля таго, як яна ўбачыла Вігдароўскага на вакзале, яе сталі адольваць сумненні. Ці любіць ён яе? Ці меў права абразіцца, калі ўбачыў з мужам? Усё-такі яе становішча горшае, чым яго. Прыязджаў у горад, дзе яго ніхто не ведае, а рызыкавала яна, адна яна...

Упершыню яна зведала дзікія прыступы рэўнасці. Дзіўна — яна цяпер зусім не раўнавала яго да жонкі. Жонка адышла некуды ў хісткі туман, яе як бы не існавала, а побач з Сяргеем яна бачыла другую жанчыну, нахабную і здрадлівую, якую ён памяняў на яе, Рыту. Находзіла такое, што ёй хацелася зараз жа паехаць у яго горад, стаяць ля прахадной, сачыць, з кім пойдзе ён з работы і куды пойдзе... Цяпер яна б была шчаслівая, каб ён, нікуды, ні да каго не збочваючы, падаўся да сям’і, жонкі...

Скончылася сесія завочнікаў, і цяпер у Рыты былі два вольныя месяцы. Некалькі гадоў назад яна правяла месяц ля мора, на балтыйскім узбярэжжы, і цяпер рашыла паехаць туды зноў, завітаўшы па дарозе ў горад, дзе жыве Сяргей і дзе пачалося яе з ім знаёмства.

Яна села ў цягнік, якім заўсёды ад’язджаў Вігдароўскі. Ёй хацелася адчуць і перажыць тое, што адчуваў ён, вяртаючыся ад яе. Вагон быў напалавіну пусты, у купэ разам з ёй села адна толькі бабулька, маленькая, ціхая, з накінутай на вузенькія плечы вязанай чорнай хусткай. Цягнік ішоў доўга, спыняючыся ледзь не на кожнай станцыі. Рама была прыспушчана. У акно, халодзячы ёй твар, біў струмень крыху вільготнага начнога паветра. Яна стаяла ля акна, узіраючыся ў змрок летняй ночы. Праплывалі цёмныя пералескі, нягледзячы на позні час, сям-там у вёсках, паселішчах мільгалі агні. Яна думала аб тым, што вось так у акно глядзеў Сяргей, бачыў тое, што бачыць цяпер яна. Потым ёй прыйшла думка, што яны памяняліся месцамі, з такімі пачуццямі, як у яе цяпер, ён ехаў да яе, а дамоў ён мог везці толькі смутак па ёй і жаданне новай сустрэчы.

Вагон пагойдваўся, грукаў на стыках, на кожным прыпынку нудна, прарэзліва скрыпелі тармазы. Яе ахапіла няпэўнасць, якая межавала са страхам: болей як паўгода яны не сустракаліся, ён каб хацеў, падаў бы пра сябе якую-небудзь вестку. І ўсё ж яна не магла паверыць, што ён яе забыў, змяніў на другую.

Змрок паступова растайваў, ахутаныя сінім ранішнім туманам, прабягалі бярозавыя гаі, сасоннікі, праплывалі палі паспелай залацістай збажыны, скошаныя сенажаці з параскіданымі па іх стагамі, удалечыні выступалі цёмна-зялёныя астравы вёсак.

Яна не прысела, выстаяла ля акна ўсю дарогу, пад'язджаючы да яго горада, адчула, што ўся ў палоне трапяткой, няўрымслівай узбуджанасці. Чамусьці ёй здавалася, што ён стаіць на пероне і чакае яе. Гэтага не магло быць, але ілюзія аказалася такой моцнай, што яна амаль паверыла ў яе. І калі цягнік спыніўся, высунула галаву ў акно і стала разглядаць тых, хто сустракаў прыезджых. На пероне было нешматлюдна, некалькі чалавек рушыла да вагонаў. Сяргея сярод іх не было...

— Даўно дома не былі? — пачула Рыта голас бабулькі.

Яна ў знак згоды кіўнула галавой і паспешліва, каб не выходзіць разам са старой, падалася з купэ.

Сышоўшы на перон, Рыта разгубілася. Рашучасць пакінула яе. Зрэшты, так было заўсёды, калі ёй прыходзілася на што-небудзь адважыцца. Ад ранейшай узбуджанасці не засталося і следу. Яна не ведала, што рабіць. Горад, у якім жыў Сяргей, пра які яна столькі думала, цяпер здаваўся чужым, халодным, нават варожым. Яна нібы лавіла на сабе калючыя, пагардлівыя позіркі пасажыраў, якія высыпалі з вагонаў. Ёй здавалася, што ўсе яны ведаюць ці здагадваюцца аб тым, што ісці ёй няма куды, што яна заблыталася ў жыцці і не можа знайсці дарогі...

Рыце кінулася ў вочы вялікая зашклёная дошка з раскладам руху цягнікоў, і яна падышла да яе. Часу да бліжэйшага цягніка, якім яна магла даехаць да мора, заставалася няшмат — чатыры гадзіны, і Рыта супакоілася. Да яе вярнулася развага. Адзінае месца, дзе яна магла напаткаць Сяргея — прахадная завода. Але ён мог выйсці адтуль толькі вечарам. Цяпер ёй зусім не хацелася сачыць за ім. Самае лепшае ў яе становішчы паведаміць яму, дзе яна адпачывае.

Рыта зайшла ў пакойчык вакзальнай пошты, папрасіла аркушык паперы і канверт. Ніколі яна не пісала Сяргею лістоў. Толькі аднойчы, жадаючы паглядзець, які ў яе почырк, ён папрасіў напісаць яму ў блакноцік некалькі слоў. Яна напісала бяссэнсавую лухту, штосьці рыфмаванне, а ён сказаў, што, мяркуючы па почырку, у яе натуры развага бярэ відавочны верх над эмоцыямі.

Цяпер яна пісала Сяргею першы ліст. Яна доўга вагалася, не ведаючы, як яго назваць. На паперы зрабіць гэта было не так проста, тым болей што яны столькі не бачыліся.

Яна звярнулася да яго так, як звяртаюцца да добрых знаёмых, напісаўшы імя і імя па бацьку, потым коратка паведаміла, дзе і да якога часу будзе адпачываць. Ёй хацелася напісаць не так, а зусім па-другому, цёпла і шчыра, даць хоць маленькае выйсце таму, што сабралася на душы, але яна не была ўпэўнена, што ліст трапіць да Сяргея. Ёй рабілася страшна пры думцы, што яе ліст прачытае нехта другі.

Кінуўшы канверт у паштовую скрынку, яна раптам спахапілася. Яна столькі думала пра сустрэчу з Сяргеем і цяпер сама ад гэтай сустрэчы адмаўляецца. Ледзь не подбегам рушыла яна да тэлефоннай будкі, набрала нумар справачнай. Тэлефаністка спакойна назвала трохзначную лічбу камутатара завода.

— Галоўнага інжынера,— папрасіла Рыта, задыхаючыся, чужым, хрыплым голасам.

— Ён у камандзіроўцы,— як бы стрэліла дзявочая скорагаворка, і ў трубцы шчоўкнула.

Да адыходу цягніка яшчэ хапала часу, і Рыта вандравала па горадзе, найболей па старых, нават не забрукаваных вуліцах, на якіх стаялі прыземістыя драўляныя дамкі ў шчыльным акружэнні гародчыкаў і садоў. Яна ведала, што Сяргей жыве не ў цэнтры. Магчыма, ён жыў на адной з такіх вуліц, штодня хадзіў па дашчаным тратуары, па якім цяпер ідзе яна. Усё тут ёй падабалася, здавалася асаблівым, адметным. Яна зварочвала з адной зялёнай вуліцы на другую.

Калі вузкі завулак вывеў яе на людную плошчу, узбоч якой высіліся шматпавярховыя камяніцы, ёй стала сумна. У парк, дзе былі сустрэчы з Сяргеем, яна не пайшла...

 

V

Пасёлак быў рыбацкі, зялёны, засаджаны івамі і серабрыстымі таполямі. Домікі былі ўсе на адзін манер — вастраверхія, крытыя чырвонай чарапіцай. Пахла рыбай і водарасцямі. Мора шумела за сотню крокаў ад вуліцы.

Рыта зняла пакойчык у знаёмай яшчэ з мінулага прыезду ўдавы, якая служыла на лодачнай станцыі. Першыя дні яна вандравала па пясчаным, аблізаным хвалямі беразе і слухала аднастайны, бясконцы шум мора.

За кіламетр ад пасёлка размяшчаўся санаторый. Марскі бераг у тым месцы нагадваў засеяны кветкамі луг. Курортнікі ў рознакаляровых трусах, бюстгальтарах, шапачках загаралі, распластаўшыся на пляжы, ці купаліся ў моры. Найболей спрытныя заплывалі далёка за буйкі. Па беразе, даходзячы аж да рыбацкага пасёлка блукалі парачкі.

Рыта шукала адзіноты. Яна гадзінамі ляжала на беразе, на гарачым пяску, пазіраючы ў сіняе, з рэдкімі табункамі белых воблакаў неба. Мора ёй здавалася жывой істотай — вялікай і дужай. Дыханне мора было няроўным — урачыста-спакойным раніцай і нервовым, узбуджаным пад вечар. Зрэшты, усё тут было вельмі звычайнае ля мора — вада, вецер, сонца, пясок — усё тое, з чым сутыкаецца чалавек з дзён сваёй першабытнай простасці.

Рыта падоўгу думала, стараючыся разабрацца ў супярэчлівым клубку пачуццяў, які яна ніяк не магла разматаць. Яна адчувала, што да яе прыйшло каханне, магчыма, тое, якое бывае раз ў жыцці. Яна не магла яго абмінуць, не здолела б, каб нават захацела. І ў той жа час яе ўсё мацней адольвалі сумненні. Развеяць іх мог толькі Сяргей. З дня на дзень яна чакала яго прыезду...

Чыгуначная станцыя — некалькі драўляных, летняга тыпу будыначкаў пад адным дахам — размяшчалася побач з рыбацкім пасёлкам. Палавіну часу Рыта праводзіла на станцыі. Тут, у тлумным буфеце, яна снедала, купляла ў кіёску газету, потым ішла да мора. У абед прыходзіла зноў...

З зялёных дачных вагонаў вылазілі вясёлыя, бесклапотныя курортнікі. На месяц яны былі вольныя ад работы, службы, звычайных жыццёвых абавязкаў. Яны выходзілі на перон, з прагным бляскам у вачах азіраліся, поўныя жадання лёгкіх прыгод і ўцехі. Рыце гэтыя бесклапотныя людзі здаваліся ненавіснымі. Вігдароўскага сярод іх не было...

Мінула два тыдні, і ўсё часцей у Рыты з’яўлялася адчуванне, што яе чаканне безнадзейнае. Ноччу яна не спала, забываючыся толькі пад раніцу кароткім, нервовым сном. Нават да мора яна стала абыякавай. Яна спрабавала чытаць, але не магла адолець і дзвюх старонак, адразу забываючы прачытанае.

У адзін з такіх дзён Рыта паслала Сяргею тэлеграму. Назаўтра яна зусім не пайшла на станцыю, ляжала на беразе, купалася, але ўвесь час лавіла сябе на жаданні падняцца, зірнуць у канец вуліцы, на веснічкі двара...

Усе наступныя дні яна думала пра Вігдароўскага са злосцю, як бы развяваючы той ружовы туман, якім у сваім уяўленні ахутала яго. Цяпер ён здаваўся ёй халодным і фальшывым. Спакваля, не верачы на першым часе сабе самой, яна прыходзіла да думкі, што для яго сувязь з ёю была тым жа, чым вось для гэтых парачак, якія праходжваюцца па беразе. Хвілінамі ён рабіўся ёй ненавісны.

Яна намеціла сабе рубеж — чакаць яшчэ тры дні, а калі не прыедзе, перастаць пра яго думаць, выкінуць з душы, растаптаць ва ўяўленні яго вобраз.

Вігдароўскі не прыехаў. Безнадзейнае чаканне скончылася. Яна нібы прачыналася ад цяжкага, пакутлівага сну.

Болей Рыта не магла пераносіць адзіноты. Яна стала хадзіць на пляж, туды, дзе загаралі курортнікі, ляжала, купалася ў моры, слухала чужыя размовы. Тут было ўсё проста і ясна: людзі, адарваўшыся ад сваіх будзённых заняткаў, прагнулі спакою, адпачынку, вясёлых уражанняў.

Тыдзень назад, калі яна хадзіла на станцыю сустракаць Вігдароўскага, усе, хто толькі прыязджалі, здаваліся брыдкімі ёй, агіднымі. Цяпер яна больш паблажліва глядзела на ўсіх гэтых людзей, якія, не выдумляючы высокіх пачуццяў, весела, бесклапотна бавілі час.

Рыта зайздросціла курортнікам, асабліва тым з іх, якіх паспела выдзеліць з мітуслівага натоўпу і якія пахаджвалі па марскім беразе бесклапотнымі парачкамі.

Яна зайшла павячэраць у рэстаран, які размяшчаўся ў гарадку побач з санаторыем. Тут было цесна, душна, накурана, яна доўга чакала, пакуль вызваліцца столік. Заняўшы месца, слухала музыку, сачыла за мітуснёй танцаў.

На другі вечар Рыту запрасіў высокі смуглявы мужчына, па ўсіх прыкметах, вайсковец, на танга. З ім, адмовіўшы яшчэ дваім, якія таксама яе запрашалі, яна танцавала ўвесь час, аддаўшыся нервовай, неспакойнай плыні джазавай музыкі. Наступны раз кавалер ужо чакаў яе, заняўшы столік. Ён быў лётчык, назваў сябе Юрыем, і Рыта са зласліва-помслівым пачуццём думала пра Вігдароўскага. Яна свядома наважыла яму адпомсціць, малюючы ва ўяўленні момант, калі ў пары з гэтым лётчыкам напаткае Сяргея. Яна яму толькі кіўне, як звычайнаму знаёмаму...

Юрый — вясёлы, абыходлівы, яго размова лілася лёгка, на першы погляд, без ніякага намагання з яго боку. Рыта не ўслухоўвалася ў словы субяседніка. Ёй было лёгка і добра. Ад віна шумела ў галаве, згрызоты, неспакой сплылі. Яны танцавалі, яшчэ выпілі віна, і лётчык напрасіўся праводзіць Рыту.

Ішлі берагам мора. Яно было спакойнае, цёмнае, з серабрыстымі палосамі адбітага месячнага святла, якія, здавалася, некуды плылі. Калі яны павярнулі ў пасёлак, выбіўшыся на засаджаную акацыямі калідор-алею, Юрый прыхінуў Рыту да сябе, стаў цалаваць. Ад яго пахла потам, вінным перагарам, у адно імгненне ён стаў непрыемным да агіднасці. Рыта паспрабавала вырвацца з яго абдымкаў, але ён, сашчапіўшы рукі за яе плячамі, моцна трымаў. Яна рванулася што было сілы і, вызваліўшыся, ударыла праважатага па твары...

Назаўтра Рыта паехала. Яна тут болей не магла аставацца. Яна здавалася брыдкай самой сабе і старалася не думаць пра дні, калі ёй хацелася стаць вясёлай і бесклапотнай. У горад, дзе жыў Вігдароўскі, прыехала апоўдня. Лёгка, за тры хвіліны, у кіёску справачнага бюро здабыла Сяргеяў адрас.

Надвячоркам Рыта пайшла па адрасу. Вуліца аказалася зусім не ў тым месцы, дзе яна вандравала месяц назад. Яна называлася Залінейнай, знаходзілася на другі бок чыгункі і складалася з белых, цагляных катэджаў, пабудаваных нядаўна.

Знайшоўшы патрэбны нумар катэджа, Рыта спытала ў хлапчукоў, якія ўсё яшчэ бавіліся на вуліцы, у якой кватэры жыве Вігдароўскі. Яны правялі яе і паказалі. Яго вокны выходзілі на цёмны двор і былі цёмныя. Рыта прысела на лавачцы пад купкай маладых, нізкарослых дрэў і, не зводзячы вачэй з вакон, чакала. Тое, што Сяргей не прыехаў да яе і нават не падаў пра сябе весткі, можна было вытлумачыць вельмі проста — яго не было ў горадзе. Яна ўхапілася за гэтую здагадку, адчуваючы, як радасна б’ецца сэрца, як шчыміць прыемным, салодкім болем у грудзях. Цяпер ён зноў здаваўся тым самым, якім яна прывыкла яго ўяўляць, усё ў яе з ім магло быць наперадзе. Можна было ўстаць, спытаць у каго-небудзь з суседзяў, ці дома Вігдароўскія, але штосьці не дазваляла.

Нарэшце за спіной у Рыты спынілася легкавая машына, і яна, несвядома для сябе, адчула, што прыехаў ён. Яна пачула яго голас — ён высаджваў жонку і дзяцей, штосьці гаварыў пра кольцы, якія заўтра трэба змяніць у машыне. Сям’я прайшла ў кватэру за некалькі крокаў ад месца, дзе сядзела Рыта, і яна не зводзячы вачэй глядзела на хлопчыка і дзяўчынку, якія неслі ў руках кошыкі. «Былі ў лесе, збіралі грыбы»,— мільганула ў яе здагадка, але яна зараз жа яе адкінула, бо ў вокнах запалілася святло і было відаць, як усе чацвёра выкладваюць на кухонны стол гуркі, памідоры і невялікія качанчыкі капусты. Рыта зразумела, што недзе за горадам у Вігдароўскага агарод і ён ездзіў туды з сям’ёй.

Яна магла ўстаць і пайсці, але сядзела, баючыся, што ён выйдзе, каб адагнаць у гараж машыну, яны могуць стрэцца, і ён зразумее, што яна сядзела ў яго пад вокнамі. Яна дачакалася, пакуль ён выйшаў, завёў машыну і выехаў з двара. Машына, здаецца, была тая самая, на якой ён прыязджаў да яе і на якой яны ездзілі на бярозавае ўзлессе.

Адагнаўшы машыну, ён мусіў хутка вярнуцца, і Рыта магла напаткаць яго на вуліцы. Сустракацца ёй не хацелася. Яна пайшла на станцыю...

 

VI

Мінула тры гады.

Ларыса пайшла ў школу, у першы клас. Рыта нарадзіла сына, ён ужо хадзіў, перавальваючыся на тоўстых, запраўленых у чырвоныя штаны, ножках. Сын быў падобны на мужа, і яна была рада гэтаму, як і той згодзе, якая панавала ў доме. Яна па-ранейшаму выкладала ў інстытуце, чытала лекцыі, ёй падабалася насцярожаная цішыня, якая наступала заўсёды, калі, не зазіраючы ў паперку, яна выводзіла на дошцы доўгія, складаныя формулы.

Пра Вігдароўскага яна ўспамінала з лёгкім, ціхім смуткам. Яна нічога не чула і не ведала пра яго. Ёй хацелася з ім пабачыцца, але зусім інакш, чым раней. Яна магла знайсці спосаб паслаць яму білет, папрасіць прыехаць на спектакль у оперу. Яна сама будзе на гэтым спектаклі, будзе слухаць музыку і зводдаля глядзець на яго. Надзене ў тэатр сукенку з парчы, якую прывёз стрыечны брат з замежнай камандзіроўкі. Ён называў яе Ларэлеяй і няхай хоць раз у жыцці ўбачыць у сукенцы Ларэлеі, пры бляску тэатральных люстраў...

Але сукенкі з парчы яна не пашыла. Усё адкладвала. Штосьці як бы замінала...

Восенню, у Кастрычніцкія святы, у іх гасцявала пляменніца мужа, жвавая, вясёлая дзяўчынка, якая канчала дзесяцігодку і збіралася паступаць у інстытут. Калі Рыта вымала з шафы бялізну, каб паслаць ёй пасцель, дзяўчына ўбачыла кавалак ірдзіста-залатой парчы, і вочы ў яе загарэліся. Яна распусціла доўгую, русявую касу, уключыла ўсе лямпачкі, якія былі ў кватэры, і, ахінуўшыся кавалкам бліскучай матэрыі, кінулася да люстра...

Рыта падаравала матэрыю пляменніцы...

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 460-480
Крыніца: скан