epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Сустрэча з маршалам

Як толькі Алёшка прыйшоў у свой трэці клас, ён адразу адчуў незвычайнае. Вучні гучна размаўлялі, і ніхто не вымаў з сумкі кніг.

Галіна Андрэеўна абвясціла, што школа сёння пойдзе на плошчу: там будзе выступаць Маршал Савецкага Саюза — кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета. Алёшка аж задрыжаў ад узбуджэння. Ён ведае гэтага маршала — чытаў у кнігах пра грамадзянскую вайну, дый партрэт ягоны змешчан у падручніку па гісторыі. І якое шчасце, што ён, Алёшка, убачыць на ўласныя вочы такога выдатнага чалавека!

Пасля другога ўрока Галіна Андрэеўна загадала выходзіць на двор — там вучняў ужо ставілі ў калону.

— Дзяжурны астанецца ў класе,— сказала Галіна Андрэеўна, і Алёшка ў першую хвіліну проста анямеў. Ён зусім забыў, што сёння дзяжурыць і што перад пачаткам урокаў сам памыў анучку і выцер дошку.

Бачачы замяшанне хлопчыка, настаўніца хацела яму памагчы. Галіна Андрэеўна паважала Алёшку, бо ён добра паводзіў сябе і старанна вучыўся.

— Можа, ты, Каця, астанешся? — звярнулася яна да бялявай дзяўчынкі, якая сядзела побач з Алёшкам.— Ты прастудзілася, кашляеш, і доўга на вуліцы табе быць нельга. Алёшка заўтра за цябе падзяжурыць.

Каця ўткнулася тварам у парту і адразу заплакала. Алёшку зрабілася няёмка.

— Раз мая чарга, буду дзяжурыць,— сказаў ён і адышоўся да акна.

Ён стаяў, стараючыся не глядзець на шумлівую, галасістую калону, якая са сцягамі, транспарантамі ў хуткім часе выбралася са школьнага двара. Двор быў пусты і нязвычна ціхі. Доўгімі радамі стаялі голыя таполі, каля якіх кружкамі ляжала апалае жоўтае лісце.

Алёшка хутка супакоіўся. Яму нават стала прыемна ад думкі, што ён як бы служыць усяму класу. У партах ляжаць сумкі, партфелі, ранцы, і некаму трэба за іх адказваць.

Выцягнуўшы з парты кніжку і прымасціўшыся ля цёплай грубкі, Алёшка пачаў чытаць. Так прайшло з паўгадзіны ці, можа, трошкі болей.

Раптам у калідоры пачуліся крокі, дзверы адчыніліся, і ў пакой зайшло некалькі чалавек. Наперадзе стаяў каржакаваты, немалады ўжо вайсковец. Яго твар падаўся Алёшку трохі знаёмым.

Вайсковец агледзеў клас, рудыя падцёкі на сценах над столлю, пабітую на дзіркі падлогу.

— Трэба новую школу будаваць,— сказаў ён, павярнуўшыся да старшыні сельсавета.

Яшчэ праз хвіліну вайсковец звярнуўся да Алёшкі:

— Чаму сядзіш адзін?

— Я дзяжурны. Школа пайшла маршала сустракаць.

— Я, брат, маршал і ёсць. Вось зайшоў паглядзець, якая ў вас школа. Сам некалі ў такой вучыўся.

У Алёшкі ад радасці перахапіла дыханне — будзе што расказаць хлопцам.

— Вучышся як? — спытаўся маршал.

— Чацвёркі толькі па пісьму і маляванню. А так пяцёркі.

— Малайчына. Старайся і надалей трымаць такі курс. Кніжкі любіш чытаць?

— Люблю. І яшчэ птушак умею лавіць. У мяне кожны дзень новая сініца.

Маршал зноў усміхнуўся.

— Вось гэта, брат, дарэмна. Птушкі любяць волю. Абяцай мне, што кінеш гэты занятак.

— Я іх і так выпускаю. Магу зусім не лавіць.

— Значыць, дамовіліся.

Маршал працягнуў Алёшку руку. Далонь у яго цвёрдая, пастава дужая, а твар звычайны, добразычлівы. Нават не верыцца, што маршалы могуць быць такія простыя.


1977?

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 524-526
Крыніца: скан