epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Свяшчэнная вайна (Адказы на пытанні часопіса «Вопросы литературы»)

Да трыццацігоддзя Перамогі над фашысцкай Германіяй часопіс «Вопросы литературы» (1975, № 5) надрукаваў адказы пісьменнікаў-франтавікоў на наступныя пытанні рэдакцыйнай анкеты:

1. Які дзень ці эпізод вайны Вам запомніўся больш за ўсё і чаму?

2. У 1965 годзе, да дваццацігоддзя Перамогі над гітлераўскай Германіяй, часопіс правёў сярод пісьменнікаў-франтавікоў анкету, якая, як пасля неаднаразова адзначыла крытыка, давала ўяўленне аб стане нашай «ваеннай літаратуры», аб найбольш істотных праблемах, якія ставяць перад мастакамі, што прысвяцілі сваю творчасць гэтай тэме. Якія працэсы і з’явы наступных дзесяці год былі, на Вашу думку, у гэтай галіне літаратуры найбольш прыкметнымі?

3. Чаму, з Вашага пункту гледжання, хоць з Дня Перамогі прайшло трыццаць гадоў і ў пару творчай сталасці ўвайшло пакаленне людзей, якія наогул не бачылі вайны, тэма па-ранейшаму шырока распрацоўваецца літаратурай і выклікае неаслабную цікавасць чытачоў? Якія яе аспекты здаюцца Вам цяпер найбольш важнымі і актуальнымі?

4. Ці будзеце Вы працягваць працаваць над гэтай тэмай?

 

1. З вайны запомнілася: не адзін дзень і не адзін эпізод. Цяжка нават выбраць што-небудзь найбольш яскравае. Усе чатыры гады я жыў у нейкім асаблівым душэўным стане, і думка пра вайну сядзела ў свядомасці, як забіты цвік. І не толькі ў свядомасці — у пачуццях, адчуваннях. Магчыма, гэта вытлумачваецца тым, што быў малады — было шаснаццаць з нечым, калі пачалася вайна, і дваццаць, калі закончылася,— а ў маладосці душа расчынена наросхрыст да ўсяго, што бачыш і чуеш.

Як сёння, бачу першы дзень вайны (сустрэў яго ў сваім мястэчку на Палессі), апошні (для мяне ён наступіў у Сілезіі, на 1-м Украінскім фронце), выразна памятаю час, звязаны з вызваленнем Арла, Белгарада, з першымі салютамі (тады я быў прылучан да партызанскіх спраў). Гэта «агульнае», што жыло ў асабістым вопыце, злівалася з ім, але ёсць яшчэ асабістае, звязанае з выпрабаваннямі, небяспекай,— гэтага таксама было нямала.

2. У першае дзесяцігоддзе, як я лічу, наша літаратура пераважна паказвала гераічны бок вайны. Больш звяртала ўвагі на нашы перамогі. Мабыць, гэта было натуральна — толькі што адгрымелі пераможныя салюты і ўсе мы жылі Перамогай. У наступнае дзесяцігоддзе побач з адлюстраваннем героікі (а без гэтага немагчыма пісаць пра такую вайну, як наша, Айчынная) літаратура звярнулася і да драматычнага, трагічнага боку, да салдата ў акопе, да жонкі салдата, што атрымала «пахаронку» і г. д.

Гэтая тэндэнцыя працягваецца, як мне здаецца, і ў літаратуры трэцяга дзесяцігоддзя. Разам з тым як бы наступае час сінтэзу, панарамнасці ў адлюстраванні падзей Айчыннай вайны, яе «шматгалоснасці». Я не выключаю магчымасці дальнейшага з’яўлення вельмі «асабістых» твораў пра вайну. Мірнае жыццё, працэсы, якія ў ім ідуць, як бы «абвастраюць» пагляд, адчуванні ўдзельнікаў вайны, якія захаваліся з тых дзён, хоць людзі прыкметна пастарэлі.

3. Аб Айчыннай вайне будуць пісаць і пісаць. Яна вызначыла лёс нашай краіны дый усяго свету, магчыма, на стагоддзі. «Вайну і мір» напісаў Леў Талстой, які нават не нарадзіўся, калі ішла вайна 1812 года. Новая «Вайна і мір» можа паявіцца гэтаксама.

Яшчэ параўнальна мала ў нашай літаратуры твораў аб тым, як сустрэўся савецкі салдат і чалавек з людзьмі вызваленых нашай арміяй краін Еўропы, што туды прынёс, што там убачыў.

4. Буду працягваць, і тэмы гэтай хопіць надоўга. Пісьменнікам майго пакалення, відаць, аб вайне забываць не варта. Я яшчэ мала напісаў, абапіраючыся на франтавы вопыт, а ваяваць давялося пад Ленінградам, ва Усходняй Прусіі, у Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі. Так што нават асабістыя ўражанні далёка не растрачаны.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 210-212
Крыніца: скан