epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Святло чалавека

У маладосці свае правы, свой пагляд на свет. Ёй уласціва шукаць бездакорныя аўтарытэты. Для маёй маладосці — у перадваенныя, ваенныя і пасляваенныя гады — такім аўтарытэтам быў Максім Горкі.

Мне хочацца сказаць, што для пакалення юнакоў і дзяўчат, грамадзянская сталасць якога супала з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, былі ўвогуле ўласцівы рамантычныя адносіны да жыцця. Яно свядома шукала жыццёвых подзвігаў. Творчасць Максіма Горкага была духоўна блізкай гэтаму пакаленню, выхаванаму на высокіх ідэалах служэння грамадству.

Да вайны я чытаў вельмі многа, пазнаёміўшыся да шаснаццаці гадоў бадай з усімі асноўнымі творамі рускай, беларускай і зарубежнай класікі. У Васілевічах, дзе я нарадзіўся і вырас, было чатыры бібліятэкі — раённая, школьная, Лесбелаўская (была такая арганізацыя «Лесбел») і аўташкольная, якая дасталася курсам шафёраў лясной прамысловасці ад былога ляснога тэхнікума. Ва ўсіх гэтых бібліятэках я быў запісан, актыўна, па два-тры разы ў тыдзень браў у іх кнігі.

Апавяданні Горкага «Мальва», «Аднойчы восенню», «На Інгуле» зачаравалі яшчэ ў дзяцінстве. З іх старонак паўставаў шматфарбны, багаты пачуццямі, высокімі парываннямі свет, які вабіў, узрушваў. З захапленнем прачытаў я таксама аўтабіяграфічную трылогію Горкага — «Дзяцінства», «У людзях», «Мае універсітэты».

Перад вайной Беларускае дзяржаўнае выдавецтва выпусціла дваццацічатырохтомны збор твораў Максіма Горкага ў перакладах вядомых беларускіх пісьменнікаў. Калі ў сорак першым годзе ў мястэчка прыйшлі фашысты, мы, група хлопцаў-школьнікаў, кінуліся ратаваць бібліятэкі. Кнігі насілі мяшкамі, вазілі на тачках. У ліку другіх, на маю думку найбольш каштоўных кніг, я прынёс дамоў шматтомнік — беларускі збор твораў Горкага — і схаваў у хляве.

Можна сказаць, што «ратаванне» кніг было як бы пачаткам патрыятычнай работы. Пазней мы, дружбакі-шкаляры, удзельнічалі і ў больш небяспечных справах, выконвалі партызанскія заданні, але свяцілі нам не толькі гэтыя справы, а і кнігі, якія натхнялі на іх.

Сорак першы, сорак другі ў маім, тады яшчэ вельмі маладым жыцці былі надзвычай цяжкай парой. У Савецкую краіну, граніцы якой мы, моладзь, лічылі недатыкальнымі, непрыступнымі, прыйшлі фашысты, устанавілі свае парадкі, пляваць яны хацелі на тое, што мы выхоўваліся на Горкім, на яго высокім, вялікасным разуменні месца і ролі Чалавека ў жыцці.

У тыя акупацыйныя месяцы я чытаў мала і пераважна аднаго Горкага. Шукаў у яго адказу на балючае пытанне. «Гарадок Акураў», «Жыццё Кліма Самгіна», «Жыццё Мацвея Кажамякіна» — кнігі, якія я тады найбольш палюбіў. Горкі ўмеў паказваць не толькі высокія ўзлёты, але і падзенні чалавека, і гэта для мяне вытлумачвала многае з навакольнай рэчаіснасці, прынесенай фашыстамі. Горкі паказаў Расію, якая думала, шукала, пакутавала, спрачалася, якая ў рэвалюцыі знайшла адзінае выйсце са сваіх бядот і нягод, і гэта давала грунт веры ў нашу перамогу над фашызмам.

У Германіі, куды мне пазней давялося прыйсці салдатам, мяне асабіста зацікавіла пытанне: што чыталі самі немцы, што было іх духоўным хлебам? Калі надаралася магчымасць, я праглядваў у апусцелых ці разбітых дамах кнігі дамашніх бібліятэк. Амаль у кожнай з іх былі фаліянты фашысцкіх прарокаў, але побач з імі і кнігі, якія мы таксама чыталі,— Гётэ, Шылер, Лесінг. Якое ж было здзіўленне, калі ў адной з такіх бібліятэк я знайшоў «Уваскрэсенне» Талстога, у другой — томік вершаў Пушкіна і побач з ім кнігу Горкага. На першым часе я нават не паверыў вачам. Кніга называлася «Drei Männer», і я не адразу зразумеў, што гэта нямецкі пераклад горкаўскай аповесці «Трое».

Зацікаўлены такой акалічнасцю, я ў кожным новым горадзе працягваў свае вышукі. Часта трапляўся Дастаеўскі. Але вось зноў я знайшоў вялікі том Леніна з партрэтам правадыра на супервокладцы, кнігу артыкулаў аб сацыялістычных здзяйсненнях у нашай краіне, некалькі кніг Горкага. Гэта былі рэдкія — нібы астраўкі ў моры — кнігі, але яны ўсё-такі былі, наводзілі думку на пэўны роздум.

Ленін, Горкі жылі, такім чынам, і ва ўмовах фашысцкага тэрору ў Германіі і, відаць, падымалі на супраціўленне фашызму немцаў-падпольшчыкаў, байцоў інтэрнацыянальнага фронту.

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 98-99
Крыніца: скан