epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Святло сэрца

Ліра Купалы, якая спела столькі песень аб народнай нядолі, якая ўмела быць баявой, узнёслай, рэвалюцыйнай, далёка не вычэрпваецца грамадскай тэмай. Гэтая ліра здольна не толькі «сэрца мільёнаў падслухаць біцця», а і вельмі пранікнёна паглыбіцца ў тайны кожнага асобна ўзятага сэрца, выявіць найінтымнейшыя душэўныя зрухі, пачуцці.

Песня Купалы — гэта крык абуджанай рэвалюцыйным парываннем народнай грамады і ў той жа час зачараваны шэпт закаханага, малітва чулай душы, уражанай прыгажосцю свету. Уся неабдымная гама чалавечых пачуццяў сумяшчаецца ў купалаўскай песні. І гэтак жа, як мы гаварылі пра грамадскі, сацыяльны змест паэзіі Купалы, можна гаварыць пра яе агульначалавечы змест, пра яе філасофскія, інтымна-лірычныя, любоўныя матывы.

Чалавек для Купалы — бясконцы сусвет, законы яго духу канчаткова не выяўлены, магчымасці розуму — бязмежныя.

 

Няма для духу вольнага граніцы, меры,

Дзе б ён сягнуць не смеў, дзе б ён не узлунаў;

У хаосе быцця, у цьме ўсясветных з’яў

Ён не ніштожыцця, у сябе не губіць веры.

Яму да тайнаў душ і сэрц адкрыты дзверы,

Ўсё тое спазнае, што бег сталеццяў не спазнаў;

Як фенікс з попелаў, узносіцца з канаў,

На дно якіх яго спіхаюць цемраў зверы.

                                                («Чаму?», 3. 296)

 

Санет гэты заканчваецца тыповай для купалаўскай творчасці думкай-праблемай: калі праявы розуму, духу ўсемагутныя, то чаму мірыцца чалавек з паднявольным жыццём, рабскім існаваннем:

 

Аднак, чаму ж ты там нішто, дух непрыгонны,

Дзе дружна звонячы ў кайданы ўсімі тоны,

Крывёй, пажарамі частуе раба раб? (3, 296)

 

Шэраг санетаў Купалы працягвае тэму знітаванасці асобы паэта з народнай «агульнасцю» («роднай нівы я мільённая часцінка»); перавага «агульнага» над асабістым — выразная адзнака купалаўскай канцэпцыі чалавека.

 

І калі здзекваецца нада мною хтосьці —

Над Бацькаўшчынай здзекваецца ён маёй,

Калі ж над ёй — мяне тым крыўдзіць найцяжэй.

                        («Бацькаўшчына», 3, 297)

 

Сярод купалаўскіх санетаў сустракаюцца і такія, дзе ўтрапёная думка паэта бяссільна б’ецца перад сцяной неразгаданасці сэнсу жыцця, дзе на балючае пытанне «дзеля чаго чалавек жыве?» паэт можа адказаць толькі ў тым сэнсе, што бег часу нішчыць, губіць самыя ўзнёслыя надзеі, парыванні («Ах, пражывеш ты, чалавеча, не напрасне: — яшчэ адна вясна ў душы навек загасне»).

Паэты-рамантыкі, бачачы неўладкаванасць жыцця на зямлі, вельмі часта апелявалі да неба. Купала не выключэнне з гэтай агульнай рамантычнай плыні. Паэтызацыя неба, зор, высі ў яго творах досыць адчувальная. У сувязі з гэтым трэба сказаць, што светаадчуванне, светаразуменне асобы ў купалаўскай паэзіі складанае, нават падчас супярэчлівае. З аднаго боку, гэту асобу (часцей асобу паэта) характарызуе вера ў магутнасць чалавечага розуму, духу, эпікурэйскае сцверджанне пачуццёвых уцех, радасцей «зямнога» жыцця. З другога — паэт бачыць нетрываласць, хуткаплыннасць пачуццёвай асалоды перад тварам смерці, якая з’яўляецца лагічным завяршэннем «зямной» дзейнасці кожнай, нават самай выдатнай, асобы.

Дзе ж выйсце з гэтай супярэчнасці?

Для Купалы яно ў сцверджанні пазаасабістых каштоўнасцей існавання чалавечай асобы.

«Пазаасабістыя каштоўнасці,— піша даследчык лірычнай паэзіі Л. Гінзбург,— якія вызначылі каштоўнасць рамантычнай асобы ў адносінах да эмпірычнага быцця чалавека,— нейкая вышэйшая, ідэальная сфера. Такія асновы рамантычнага дуалізму, разрыву паміж ідэалам і рэчаіснасцю.

Для розных рамантызмаў існавалі розныя асяродкі высокага. У нямецкіх рамантыкаў гэта сфера звышпачуццёвага, бясконцасці, абсалюту. Для байранізму гэта стыхія магутнага чалавечага духу, метафізічная катэгорыя свабоды...

Для левага французскага рамантызму, які звязан з утапічным сацыялізмам, існуе ідэальная сфера хрысціянска-сацыяльнай справядлівасці, рэлігійна афарбаванага гуманізму і утапічнай гармоніі; ёй супрацьстаіць, у якасці нізкай рэчаіснасці, свет сацыяльнага зла і несправядлівасці»1.

Чалавек у купалаўскай паэзіі — перш за ўсё грамадзянін, сын сваёй бацькаўшчыны, носьбіт сацыяльных імкненняў народа, яго нацыянальнай самабытнасці. Пазаасабістыя каштоўнасці для паэта — змаганне за шчасце народа. Чалавек памрэ, загіне — народ, бацькаўшчына застануцца, будуць жыць.

У эстэтыцы Купалы сфера высокага, ідэальнага ў адрозненне ад «класічных» рамантыкаў аказваецца, такім чынам, сферай «зямной». А як жа быць з культам неба, паднябеснай высі, куды вельмі часта сягае думка паэта? У Купалы неба, сонца таксама выступаюць як сімвалы магутнасці, няскоранасці чалавека.

 

Зямлі і сонцу нізка пакланюся —

Я сын зямлі, і сонца вольны сын!

                        («Вечар», 3, 289)

 

Узлёт у паднябесныя высі — заклік да грамадзянскага, патрыятычнага подзвігу.

 

Не паніжай сам духу вольнага

І ў паніжэнне іншым не давай;

Над рабскаю таўпой аслепленай,

На злом зямлі увысь, да зор сягай!

                        ( «Нашто? », 3, 294)

 

Такой жа «высокай», ідэальнай катэгорыяй паўстае ў лірыцы Купалы каханне. Яно — як найвялікшае таінства жыцця, містэрыя, сведкамі якой «зоры і месяц», а яднанне сэрцаў закаханых — «на зайздрасць цэламу свету».

Каханне — нібы зліццё чалавечых істот з бясконцасцю свету, з яго невымерным багаццем, прыгажосцю.

 

Абнімі ты мяне, маладая,

Абніманнем гарачым, агністым,

Дый памчымся ад краю да краю

Вольнай думкай па свеце цярністым.

Ў дзень вясёлы мы сонцам пякучым

Заіскрымся ў нябесным прасторы,

З ветрам-сокалам душы заручым,

Ў пушчу-лес упляцём загаворы.

                        («Абнімі...», 3, 182)

 

Яна, каханая,— «царыца», «царэўна», «каралеўна», да яе ног Ён, закаханы, гатоў пакласці ўвесь свет — «з зорак усходніх, заходніх, з маланкі выткаў бы шаты», «з сонца і кветак-пралесак карону». Такога любоўна-рамантычнага жывапісу словам да Купалы беларуская паэзія не ведала.

Узвышана-рамантычны вобраз каханай у радзе вершаў набывае даволі «зямныя» абрысы, як, напрыклад, у наступных радках:

 

Не хачу я жонкі

Не з сваёй старонкі,

Як я — багацейшай

І як я — мудрэйшай.

           («Мая жонка», 3, 181)

 

Наогул, культ жанчыны ў паэзіі Купалы высокі, авеяны рамантычна-ўзнёслымі пачуццямі, і канфлікт у любоўнай сферы вынікае якраз тады, калі прадмет паэтызацыі, ухвалення аказваецца залішне «зямным», супярэчыць палёту ўяўлення, высокай мары («А яна», «Быў гэта сон»).

Асаблівае месца ў купалаўскай творчасці займае паэма «Яна і я» (1913) — светлы гімн чалавечай працы, каханню, прыгажосці навакольнага свету.

Як і «Адвечная песня», гэта паэма пабудавана, здавалася б, на «звычайным» матэрыяле — змест яе складае каляндарнае кола сялянскіх заняткаў, рэдкіх святаў, бясконцых будняў, клопатаў. Але будзённае, звычайнае як бы ўзнята тут (як і ў «Адвечнай песні») на п’едэстал вечнасці, пададзена буйна, «вялікасна».

Яна, Ён — нібы першыя людзі на зямлі, яны «вырваны» з тыповага сялянскага асяроддзя, іх адзіныя суседзі — вецер, сонца, зямля, дрэвы, птушкі, зоркі і г. д.

 

Раем на зямлі выглядваў нам сад,

Я ў ім — Адам, яна ў ім — Ева;

Ў раі гэтым вецер быў нам бог і сват,

Вяцьвямі шлюб давала дрэва. (5, 130)

 

Заручыны Яго і Яе — найвялікшы цуд жыцця, яго аснова, грунт. Іскрыстым пачуццём кахання, бляскам узаемнага шчасця гэтых двух як бы асветлены ўсе тыя прадметы, рэчы, да якіх дакранаюцца Ён і Яна, «мядовы месяц» заручаных расцягваецца ад ранняй вясны да лета, адсюль усе праявы іх сумеснага жыцця за гэты час, захады па гаспадарцы, змены ў прыродзе, якія спадарожнічаюць іх гаспадаранню, набываюць такое вялікае, бадай сімвалічнае, значэнне.

Рака кахання, нястрымнага пачуцця ўзаемнай пяшчотнасці, хвалямі якой падхоплены гэтыя «двое», як бы не дае ім заўважыць астатніх людзей: свет сышоўся ў Яго на Ёй, у Яе на Ім:

 

У ночнай цішы, ў любым упаенні,

У патаенні ад жыцця, людзей,

Агонь душу і сэрца распрамене,

Агонь гарачых, злучаных грудзей. (5, 118)

 

Культ каханай жанчыны, адзінай, «ненагляднай» авеяны ў купалаўскім творы паэзіяй «рыцарскага» высакародства. Ён перад Ёй «схіляецца», як перад багіняй, цудам жыцця, Ён для Яе абаронца, заступнік. Ад любасці да Яе такім шматфарбным, багатым на колеры, гукі, пахі паўстае перад Ім навакольны свет. Усё, што ні зробіць Яна, Яму здаецца поўным чараў, незвычайнага хараства. Яна ўпрыгожыла сабой увесь свет, яго бясконцыя праявы, бо Ён глядзіць на ўсё вачамі бязмежна закаханага.

 

Бліскучыя агністыя праменні,

Купаючыся ў сажалчыным версе,

К маёй галубцы ў мёдным уміленні

Туліліся і грэлі персі.

Так палаценца мілая бяліла

Вадзіцай, пранікам на кладцы... (5, 127)

 

Тонка даносіць Купала паэзію земляробчай працы, дзе чалавек застаецца адзін на адзін з прыродай, з зямлёй. У жыцці, запоўненым штодзённай працай, прылады працы, прадметы штодзённага побыту, ужытку набываюць надзвычай вялікае значэнне — гэтай атмасферай паэтызацыі утылітарнага Купалава паэма вельмі блізкая да «Новай зямлі» Якуба Коласа. Паэтызацыя «рэчавага» — адна з галоўных асаблівасцей мастацкага стылю паэмы.

Хоць героі паэмы «прыўзняты» над канкрэтным асяроддзем, з якога паходзяць, па спосабу жыцця, характару, звычаях, яны — сяляне. Не маюць яны раскошаў, залішняга дастатку: у хаце, дзе жывуць Ён і Яна, «не выбіты атласам сцены, лавы», «над печкай, што стаіць каля парога, не працавалі мудры разьбяры».

А. Фадзееў адзначыў, што паэма Купалы як бы мае паэтычнымі вытокамі «язычніцкае» захапленне чарамі, цудамі свету, буйствам сіл прыроды. З гэтай думкай нельга не пагадзіцца. Паэзія Купалы ўвогуле ўзнікла на амаль некранутай цаліне народнай моватворчасці, якую характарызуюць многія прошлыя вякі духоўнага жыцця народа. Народны паэтычны свет з яго міфалогіяй, антрапамарфізмам, «язычніцкім» здзіўленнем перад невымерным багаццем жыцця прыроды стаў светам паэзіі Купалы.

Для пацвярджэння гэтай думкі прывядзём такі прыклад. Кожны, хто чытаў празаічны, а затым вершаваны пераклад «Слова аб палку Ігаравым», здзейсненыя паэтам, мог заўважыць унутранае падабенства паміж духам помніка старажытнай усходнеславянскай паэзіі і паэтычным светам самога Купалы. Гэта падабенства датычыць перш за ўсё той сферы знітаванасці чалавека з прыродай, той «маштабнасці» мыслення, калі чалавек, як да блізкіх істот, можа звяртацца да неба, сонца, зорак, рэчкі і г. д.

Вось радкі са «Слова» (пераклад Я. Купалы), дзе Яраслаўна ў «Пуціўлі на сцяне» наракае на долю:

 

«О светлае сонца,

Трысветлае! Ўсюды

Цяплом і красою

Яснееш, як цуды.

 

Чаму ж, уладару,

Свой промень пякучы

На мужняе войска

Нанесла, не ждучы?» (5, 275)

 

Гераіня паэмы «Яна і я» гэтак жа непасрэдна пасылае «заклінання слоўкі» да сіл прыроды:

 

«Ты, ясна сонца, месяц, ясен свет,

І вы, на небе чысценькія зоры,

Вы ўсе, што кропіце расою цвет

І асвятляеце сушу і моры,—

 

Зямлю агрэйце, вырасцце траву,

Не пашкадуйце есць і піць жывінам,

Шаўковую сцяліце мураву,

Абгарадзіце жалязяным тынам....» (5, 122)

 

Паэма «Яна і я», не падобная па духу ні на адзін твор у беларускай літаратуры і адметная нават у купалаўскай творчасці, вызначаецца высокай паэтызацыяй жанчыны. Нягледзячы на тое, што героі — простыя людзі, іх пачуцці вызначаюцца высакароднасцю, далікатнасцю.

Увогуле для купалаўскай паэзіі ўласціва ідэалізацыя жанчыны. Каханне ў Купалы — акт сур’ёзны, «вялікасны», нярэдка дзяўчына — носьбіт нацыянальнага хараства, нязломнасці народнага духу (Бандароўна, Паўлінка). Увасабленнем апашлення інтымнага жыцця амаль заўсёды выступаюць людзі, далёкія ад працоўнага асяроддзя (баярын з паэмы «Адплата кахання», паніч з «Раскіданага гнязда»).

Героі любоўнай лірыкі Купалы — маральна здаровыя, цэласныя людзі, каханне — тая сфера, у якой найлепш выяўляюцца іх чалавечыя якасці.

Дарэвалюцыйная творчасць Купалы — найвышэйшае дасягненне беларускай дэмакратычнай літаратуры. Яна як бы падсумавала ўсе папярэднія здабыткі. Ад шчырага спачування простаму чалавеку, зацікаўленасці яго лёсам паэзія Купалы, як і яго паплечніка Якуба Коласа, прыйшла да рэвалюцыйнага закліку паўставаць супроць прыгнятальнікаў, руйнаваць стары свет, помсціць крыўдзіцелям, віноўнікам народнай бяды.

У сувязі з гэтай рэвалюцыйнай па свайму зместу ідэяй фарміруецца і канцэпцыя чалавека ў творчасці Купалы, г. зн. філасофскі, гістарычны, сацыяльны, эстэтычны, этычны погляды на месца і ролю чалавека ў жыцці, на яго сувязь з грамадствам, з гісторыяй, нарэшце, на тыя эстэтычна-этычныя крытэрыі, якія дазваляюць нам вызначаць станоўчыя ці адмоўныя якасці літаратурнага героя.

Канцэпцыя чалавека ў літаратурнай творчасці — з’ява рухомая, як і сам літаратурна-гістарычны працэс. Гуманізм спачування ўжо ў дарэвалюцыйнай творчасці Купалы робіцца гуманізмам дзейсным, класавым, які не спыняецца перад знішчэннем варожых працоўнаму чалавеку сацыяльна-грамадскіх сіл.

Новыя грані, якасці прыйдуць у купалаўскую творчасць у савецкі час.

1967

1 Гинзбург Л. О лирике.— М.—Л., 1964, с. 131.


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 312-318
Крыніца: скан