epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Святло вялікіх ідэй

Першая руская буржуазная дэмакратычная рэвалюцыя ўскалыхнула і Беларусь. На хвалі аграрна-сялянскага і нацыянальна-вызваленчага руху пачала нараджацца якасна новая нацыянальная беларуская літаратура, у якой засвяцілі зоркі нязнанай раней велічыні — Янка Купала і Якуб Колас.

Творчасць Я. Купалы, Я. Коласа дэмакратычная, гуманістычная па духу. Дух гэты не быў страчаны і пасля паражэння рэвалюцыі, калі ў літаратуры мутнай паводкай разлілася дэкадэншчына, калі часовыя спадарожнікі рэвалюцыі пачалі аплёўваць яе ідэалы, калі нават некаторыя пісьменнікі-рэалісты ў пэўнай ступені страцілі рэалістычныя пазіцыі.

Зусім невыпадковы факт, што Максім Горкі заўважыў нараджэнне маладой беларускай літаратуры, падтрымаў Купалу і Коласа. Пралетарскі пісьменнік змагаўся за жыццёва-бадзёрую, сацыяльна-аптымістычную, рэалістычную літаратуру, якая кіравалася б высокімі гуманістычнымі ідэаламі. У асобе Я. Купалы, Я. Коласа ён бачыў саюзнікаў, бо творчасць беларускіх песняроў была цесна звязана з жыццём народа, выказвала яго надзеі і спадзяванні. Рэвалюцыйны, гуманістычны пафас творчасці А. М. Горкага меў вялікі ўплыў на беларускую літаратуру. Горкаўскія матывы буры выразна прасочваюцца ў лірыцы Коласа, Цёткі, Цішкі Гартнага. Але, бадай, найбольшае ідэйна-творчае ўздзеянне мелі творы А. М. Горкага на Я. Купалу.

Паэту маштабнага, рамантычна-ўзнёслага мыслення, якім быў Я. Купала, імпанавала гераічная, высокая тэма Чалавека ў творчасці А. М. Горкага. І справа тут не ў пераклічцы паасобных матываў. Уплыў А. М. Горкага, як у значнай ступені і на творчасць Я. Коласа,— глыбейшы, ён ідзе па лініі ідэйных, ідэалагічных катэгорый — гуманізму і дэмакратызму.

«Людзьмі звацца» — лейтматыў лірыкі Я. Купалы. Беларускі паэт высока ўзнімаў сцяг чалавека, «думнага цара зямлі», і пафасам сваім яго паэзія блізкая да горкаўскага, рамантычнага і велічнага ўяўлення аб чалавеку, да горкаўскага гуманізму і яго крытыкі «свінцовых мярзот» царска-памешчыцкай рэчаіснасці.

Чалавек, які за свае ідэйныя перакананні ідзе на смерць, на эшафот — сапраўдны герой для Купалы. Іменна такім паўстае народны герой ва ўсёй творчасці паэта: ён не адзіночка, не горды бунтар, які кідае выклік усяму свету, а перш за ўсё абаронца народных інтарэсаў, у імя вызвалення народа ён аддае самае дарагое, што ў яго ёсць,— уласнае жыццё.

Вобраз бунтара, змагара, сейбіта рэвалюцыйнай праўды вельмі часта паўстае ў лірыцы Я. Купалы ў рамантычным арэоле. Але з вышынь зіхатлівай рамантычнай мары паэт нязменна спускаецца ў мора зямной будзённасці, і толькі тут, набрынялая сокамі «людскога жыцця», яго песня набывае сапраўдную моц і загартоўку. Як бачым, рамантычныя і рэалістычныя тэндэнцыі ідуць у лірыцы Я. Купалы, як і ў творчасці А. М. Горкага, побач, ствараюць своеасаблівы сплаў.

Паэма Купалы «Адвечная песня», якую высока ацаніў А. М. Горкі і раіў перакласці на рускую мову, пісалася ў самы змрочны, «чарнасоценны» час, калі пасля падаўлення рэвалюцыі рэакцыя спраўляла перамогу, калі пад свіст і галёканне напалоханых размахам народнай нянавісці «гаспадароў жыцця» аплёўваліся, зневажаліся ідэалы рэвалюцыі, асмейваўся, затоптваўся ў гразь яе ўдзельнік, селянін-мужык, які захацеў чалавекам звацца.

Паэма пабудавана на выразным канфлікце неадпаведнасці высокай, па-горкаўску ўзнятай тэмы чалавека, які «пад уладай сваёй будзе меці як ёсць усё чыста на свеце», і панаваннем як у прыродзе, так і ў грамадстве злых, варожых чалавеку сіл, што зводзяць на нішто самыя гераічныя намаганні. У гэтым непасрэдны водгук паэта на падзеі падаўлення першай рускай рэвалюцыі.

Горкаўскія традыцыі ў творчасці беларускіх пісьменнікаў праявіліся перш за ўсё ў паэтызацыі актыўных, рэвалюцыйных адносін да жыцця, у паказе гераічных намаганняў народа, у гуманістычным пафасе, у сцвярджэнні чалавека працы асноўным героем літаратуры. Гэтыя якасці дарэвалюцыйнай беларускай літаратуры намнога ўзмацніліся ў савецкі час.

Без творчага ўздзеяння горкаўскіх ідэй цяжка ўявіць нараджэнне беларускага рамана, які ўзнікаў як эпас рэвалюцыі, як абагульненне вопыту класава-сацыяльнага змагання працоўнага народа. «Сокі цаліны» Ц. Гартнага, «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся» Я. Коласа, «Сцежкі-дарожкі» М. Зарэцкага, «Сын» Р. Мурашкі — усе гэтыя буйныя творы беларускай прозы, у цэнтры якіх герой высокай грамадскай свядомасці, апладняліся горкаўскімі ідэямі чалавека, бальшавіка як носьбіта арганізаванай рэвалюцыйнай энергіі.

Маладнякоўская паэзія і проза з яе па-юнацку рамантычнымі імкненнямі апець новую рэвалюцыйную яву, з яе радасна-наіўным здзіўленнем перад шырынёй, багаццем навакольнага свету зноў жа непарыўна звязана з горкаўскімі рамантычнымі творамі, і ў першую чаргу з «Песнямі» аб Буравесніку і Сокале. Адзін з герояў Міхася Лынькова гаворыць: «Горкі... важнецкі, браце, пісьменнік. З ім, браце, дзялы можна ладзіць, наш ён... Жыццё наша бача наскрозь і аб ім стараецца. Яго чытаць можна і вучыцца можна. Ты гэта прачытай калі і падумай. І тады, браце, дарога перад табой — ш-ы-ро-кая, аж да самага таго сіняга мора... Па дарозе той сонца над табой, залатое, гаручае... І галоўнае, на цябе свеціць, на цябе, чалавеча...»

Надзвычай блізка, цесна стыкаецца з горкаўскімі ідэямі савецкая паэзія Купалы. Яна напоўнена роздумам аб рэвалюцыі, аб сусветна-інтэрнацыянальнай місіі рэвалюцыі, закліканай вынішчыць дарэшты след «крыўды векавечнай, вечнага цярпення». Паэт абгрунтоўвае гуманізм рэвалюцыі, яе ўсенародную справядлівасць, бо стары свет, дзе «гняздо звілі вызыск і распуста», не мае маральнага права на далейшае існаванне, свет гэты бесчалавечны, і рэвалюцыя справядліва заплаціла «помстай за знявагу ды за катаванне».

Я. Купалу, як і А. М. Горкага, востра цікавіць пытанне : што новае нясе ў сваім душэўным складзе, ідэалах, імкненнях савецкі чалавек. Беларускага паэта шчыра захапляе энтузіязм савецкага чалавека, адданасць агульнай справе, пачуццё асабістай адказнасці за ўсё тое, што робіцца на свеце. Усё гэта, адчутае і ўбачанае паэтам, знойдзе бліскучае ўвасабленне ў «ляўкоўскім» цыкле вершаў, напісаным у 1935 годзе.

У вобразе Алесі з аднайменнага верша Купала ўгадаў штосьці надзвычай істотнае, калі не сказаць эпахальнае, у жыцці сваёй рэспублікі, краіны, даў яму назву, вызначыў вытокі. За вясковай дзяўчынай, што «самалётавым крыллем воблакі калыша», як бы паўстае вобраз цэлага пакалення, мужнага, авеянага рамантычным парываннем, што стала наследнікам рэвалюцыйнай славы бацькоў і пазней, у Вялікую Айчынную вайну, усклала на свае плечы цяжар найвялікшых нягод і выпрабаванняў.

З такіх вершаў, як «Алеся», «Як у госці сын прыехаў», «Хлопчык і лётчык», «Лён», «Выпраўляла маці сына» пачынаецца новы герой беларускай паэзіі, сучаснік і ўдзельнік велічных, гераічных падзей, чалавек, якога А. М. Горкі назваў самым мяцежным з усіх герояў сучаснасці і мінулага. Дарэчы, А. М. Горкі заўважыў новыя купалаўскія вершы. На экземпляры перакладу верша «Лён» на рускую мову ён напісаў слова, якое азначала вышэйшую ацэнку,— «Слаўна!».

Усе пакаленні беларускіх савецкіх пісьменнікаў адчувалі дабратворнае святло горкаўскіх ідэй, святло Чалавека — гаспадара і пераўтваральніка свету.

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984
Крыніца: скан