epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Трывожнае шчасце пакалення

Хочацца пачаць размову пра новую кнігу Івана Шамякіна «Трывожнае шчасце», прыгадаўшы словы вядомага рускага паэта аб пакаленні, якое сёння «службу галоўную нясе».

У жыцці і, як трэба было чакаць, і ў літаратуры мы часта сустракаем новага героя, таго, чыя сапраўдная грамадзянская біяграфія пачалася з Айчыннай вайны. Ён, гэты герой, сёння на пярэднім краі, ён камандзір вытворчасці, старшыня калгаса, рабочы, інжынер, аграном, працаўнік цалінных зямель і будоўляў Сібіры, сакратар райкома. Кожнае пакаленне мае нешта непаўторнае ў сваім лёсе, яно нясе далей эстафету, перададзеную яму яго папярэднікамі.

Івана Шамякіна як пісьменніка нарадзіла Айчынная вайна, велічны пафас камуністычных ідэй, жыццёвасць і праўдзівасць якіх правяралася ў агні. І калі азірнуцца на ўсё напісанае празаікам, то вельмі лёгка пераканацца, што галоўным жыццёвым рубяжом амаль усіх яго герояў была вайна. З яе пачыналі яны свае далейшыя дарогі.

У кнізе, якая складаецца з чатырох аповесцей, звязаных галоўнымі героямі і асноўнай тэмай, пісьменнік вяртаецца да самага пачатку «дарог», хоча прасачыць тыя вытокі і крыніцы, з якіх некалі напіўся герой, адпраўляючыся ў жыццёвае падарожжа, у люстраной роўнядзі якіх упершыню ўбачыў свой твар. Новая кніга ў большай ступені, чым папярэднія, ставіць і вырашае пытанні маральныя, этычныя, і гэта зразумела. У «Трывожным шчасці» расказваецца аб станаўленні характару, духоўнага свету нашага сучасніка, таго героя, які сёння заступіў на галоўную жыццёвую вахту.

Тэму новых аповесцей Івана Шамякіна можна вызначыць вельмі коратка: вернасць. Вернасць светлым савецкім ідэалам, якімі з дзяцінства, з юнацтва герой ацэньвае асноўныя вартасці жыцця, свае і акаляючых людзей паводзіны і ўчынкі, свае ўласныя імкненні і жаданні. І гэтая, калі можна так сказаць, вернасць, сумленнасць «грамадская» жыве ў непарыўнай еднасці з вернасцю, скажам, каханай дзяўчыне, самай прыгожай, разумнай, чулай і, вядома, адзінай на свеце. Ёсць ва ўсім гэтым нейкая непаўторная праўда аб тым пакаленні, якое трываласць і цану свайго першага пачуцця выпрабоўвала ў акопах і зямлянках, у доўгіх расставаннях, калі было куды бліжэй трапіць у абдымкі смерці, чым каханай, дзе сустрэчы і спатканні з ёй, любімай, найчасцей, бадай, толькі сніліся. Вялікая любоў да Радзімы, шырокай, неабсяжнай, не засланяла, не сцірала ўспамінаў аб мілых вачах і той бярозцы, што расла ля роднай хаты, пад самым яе акном.

У прыдняпроўскім раёне, на пыльнай, голай дарозе ўпершыню мы сустракаемся з Пятром Шапятовічам, галоўным героем аповесці, студэнтам тэхнікума, які ідзе ў адведкі да любімай Сашы, і тут жа, у гэтым краі, яго пакідаем на руках у той жа Сашы — параненага, мужнага салдата, прыляцеўшага ў партызанскі тыл з заданнем Радзімы, зведаўшага выпрабаванні суровага паўночнага фронту. Сюжэтная калізія, пакладзеная ў аснову аповесці, на вайне не была дзівам, хоць канец яе ў аповесці і ўяўляецца некалькі прыўзнятым, «рамантызаваным ».

Іван Шамякін малюе нам сапраўды трывожнае шчасце сваіх герояў, шчасце, якое больш трымалася на расстаннях, чым стрэчах, якое не ведала цёплай дамашняй утульнасці, а заваёўвала права на існаванне цаною найвялікшых ахвяр і страт. Але героі аповесцей Саша і Пятро — не пакутнікі. Вайна, самая жорсткая і суровая з усіх, якія калі-небудзь былі на свеце, не абрэзала ім крылляў, не пахіснула іх веры ў светлыя ідэалы, за якія яны ішлі на смерць, не зламала іх духоўна. Наадварот. Яна была для іх экзаменам на сталасць і вернасць, пасля якога самі яны мелі поўнае маральнае права глядзець на сябе з павагай.

Падзеі ў аповесцях разгортваюцца ў двух планах. Пятро і Саша, людзі «рамантычныя», шчырыя, пабудавалі сваю маладую сям’ю якраз у той неспакойны час, калі яны найменш маглі належаць адно другому і самім сабе. Нават звычайнага месячнага адпачынку не было пад час гэтага шлюбу, а малады муж не падносіў сваёй жонцы падарункаў і сувеніраў: сам ён хадзіў тады ў студэнцкіх чаравіках, якім, па самых аптымістычных прагнозах, нядоўга было трываць і пасля капітальнага рамонту.

Малады бацька, Пятро Шапятовіч, не пачуўшы ад сваёй дачкі слова «тата», ідзе ў армію, пачынаецца вайна, Саша з дзіцем на руках застаецца дома, і ў дом гэты неўзабаве таксама прыходзіць вайна — стоеная, «падпольная» і, бадай, не менш зацятая, чым тая, на якой Пятро. На шляхах-дарогах герояў суровыя выпрабаванні, якія яны абодва мужна вытрымліваюць. Ёсць на гэтых шляхах і свае спакусы, якія, здаецца, лёгка апраўдаць, улічыўшы той цяжар, што ўскладзены на маладыя плечы Пятра і Сашы. Спакусы гэтыя старыя, як свет: «Лаві шчаслівае імгненне, час жа такі няпэўны, вайна, праз гадзіну ці праз дзень можа схавацца ад цябе сонца назаўсёды...»

Але ні Саша, ні Пятро не ловяць прыгожай жар-птушкі, і не могуць лавіць. Гэтага ім не дазваляе агіда да лёгкага і несур’ёзнага ў жыцці, тая ўнутраная чысціня і сумленнасць, якой яны абодва прысягнулі яшчэ на парозе юнацтва. І няхай іншы раз варушыцца звярок рэўнасці ў сэрцы Пятра, штурхае яго на неабдуманыя ўчынкі, але з гэтай бядой яму стае сілы справіцца. Прыгожыя людзі, героі аповесцей!..

Можна без асаблівага перабольшання сказаць, што шырокая папулярнасць кніг Івана Шамякіна менавіта тым і тлумачыцца, што пісьменнік умее знаходзіць прыгожае ў жыцці, што ён тонка адчувае сапраўды паэтычнае, высокае, рассыпанае, як дыяменты, у душы нашага сучасніка. Пісьменнік вельмі чулы да свайго часу і ў першую чаргу да тых маральна-этычных пытанняў, якія ён узнімае. Героі Івана Шамякіна прыгожыя ўзвышанымі парываннямі і справамі, чыстым, усхваляваным сэрцам і ясным поглядам на навакольны свет. У іх вялікім, чалавечым сэрцы нібы адбіваюцца ўсе ўзлёты і трагедыі веку, яго радасці і нягоды. Гэтыя якасці станоўчага героя блізкія і зразумелыя чытачу: ці ён настаўнік, ці студэнт, ці звычайны калгаснік. Вельмі чалавечны, «выхаваўчы» талент у Шамякіна!..

Пісьменнік малюе праўдзівую, суровую карціну вайны, асабліва першага яе перыяду. Апавяданне вядзецца сціпла, проста, з той добрай унутранай стрыманасцю, без якой, здаецца, нельга наогул пісаць пра вайну. Гэтую многімі сваімі момантамі новую для Шамякіна манеру асабліва хочацца вітаць, бо — навошта грэх таіць — у ранейшых сваіх творах, у «Глыбокай плыні» напрыклад, ён куды больш хварэў на рытарычную напышлівасць, любіў звонкую «лабавую» фразу, пагарджаў падтэкстам.

Найбольш мастацкі завершанымі, псіхалагічна паўнакроўнымі ўяўляюцца аповесці «Непаўторная вясна» і «Агонь і снег». У іх прысутнічаюць і цёплы лірызм, і тонкая, ледзь улоўная ўсмешка, і тое зайздроснае ўменне рэльефна і выпукла маляваць унутранае і навакольнае, што, здаецца, бачыш яго перад сабой жывым і адметным. Незабыўныя карціны схілу прыдняпроўскага лета з яго дзённай гарачынёй, пыльнай дарогай, задуменнай, начной таямнічасцю прысад і сенажацяў; кранаюць за сэрца велічныя, суровыя краявіды Поўначы: здаецца, чуеш, як рыпіць на марозе снег, як гуляюць на небе імклівыя сполахі, як рассцілаюцца неабсяжныя снежныя даліны з сінімі ценямі на іх, як застыла ў нямым маўчанні агромністая глыба камення. Многа такіх цудоўных карцін намаляваў пісьменнік.

Удала карыстаецца Іван Шамякін мастацкай дэталлю, і, дзякуючы гэтаму, надоўга запамінаеш праявы душэўнага стану герояў, ледзь прыкметныя рысачкі іх натуры; запамінаеш і тых герояў, якія прамільгнулі перад табой толькі на адной старонцы ці нават у адным-двух абзацах. Вось маленькая сцэнка, якая надзвычай трапна перадае няўрымслівасць Пятра, яго душэўныя пакуты ў сувязі з тым, што Саша, да якой ён прыйшоў у госці, пакінула яго, не сказаўшы, куды пайшла.

«Ён выскачыў, заглянуў у амбулаторыю — замок, у сад — пуста. Спытаў у дачкі гаспадыні, ці не ведае яна, куды пайшла цёця Саша.

— Цёця Шура? Відаць, да хворага паклікалі,— зусім па-даросламу заспакоіла малая. Але яго чамусьці ўзлавала, што ўсе завуць яе Шурай. Ён не любіў гэтага яе імя і злосна сказаў дзяўчынцы:

— Не Шура, а Саша. Запомні гэта.

— А ўсе завуць — Шура.

— Усе — дурні...»

На некалькі кароткіх імгненняў спаткаліся мы з маёрам Жураўлёвым, капітанам Купанавым, дзедам-лодачнікам на Дняпры, партызанскім камісарам Капытковым, цёткай Хадоскай і запомнілі іх непаўторныя абліччы, паставы, манеру гаварыць. А калі прыгадаць яшчэ цэлую галерэю не «асноўных», але і не эпізадычных вобразаў, якія жывуць у творы паўнакроўным жыццём,— то перад намі мастацкае палатно з шырокім ахопам падзей і чалавечых лёсаў. Ваенфельчар Антаніна, прадмет нешчаслівага кахання Сені Пясоцкага, сам Сеня, багаты душой і чысты, як горны крышталь, баявыя паплечнікі Пятра Чуб і Самародаў, падпольны «поп» Аляксей Сафронавіч, урач Марыя Сяргееўна, маці Сені — усе яны яркія асобы, шматгранныя іх натуры і лёс.

Станоўчыя героі аповесцей прамыя і шчырыя людзі, «рамантыкі» і ў той жа час цвярозыя рэалісты, якія прымаюць жыццё з усімі яго нягодамі і выпрабаваннямі. Яны далёкія ад раздвоенасці, рэфлексіі, у іх свядомасць і сэрца цвёрда і назаўсёды запала вялікая праўда аб тым, што грамадскае, звязанае з лёсам Радзімы, вышэй усяго асабістага.

І адначасова для іх не існуе выбару паміж «я хачу» і «я павінен», іх не назавеш людзьмі голага абавязку, якія глушаць намаганнем волі, нерваў парыванні душы, «наступаюць на горла ўласнай песні». Бо для Пятра Шапятовіча, Сашы — шчасце Радзімы і яе мірны спакой — «святая святых», тое глыбокае ўнутранае перакананне, дзе зліліся ў адно непарыўнае цэлае довады розуму і праўда сэрца. Нельга сабе нават уявіць, каб Пятро Шапятовіч, Саша стаялі ў баку ад барацьбы. Такія іх натуры. Такімі іх выхавала папярэдняе жыццё. Гэтае асноўнае, што стала ідэйным сэнсам, унутранай тэмай аповесцей, пісьменнік давёў да чытача ярка і пераканаўча.

«Трывожнае шчасце» напісана ў пэўным сэнсе на «рамантычным» дыханні. І справа не толькі ў некаторай прыўзнятасці стылю, які, скажам, дарэчы і да месца там, дзе выяўляюцца высокія, чыстыя парыванні герояў (успомнім, напрыклад, дзённікі Пятра). Пісьменнік, уяўляецца нам, залішне часта ставіць сваіх герояў у выключныя абставіны, захапляецца сітуацыямі, што стаяць на грані магчымага. На вайне хапала ўсялякага: салдатам і партызанам, якім быў Пятро Шапятовіч, падпольшчыкам, якой стала Саша, не раз прыходзілася глядзець у вочы смерці. Але ці не замнога, скажам, выпала на долю Пятра і Сашы, гэтых, па сутнасці, радавых, звычайных маладых людзей?

Тое, што яго героі людзі звычайныя, без ніякай дэманічнасці, пісьменнік падкрэслівае неаднаразова. Ён паказвае іх якраз у той перыяд жыцця, калі «незямныя» мары аб нечым выключным змяняюцца на жыццёвае, сталае «быць як усе». З гэтага пачынаецца сталасць герояў, якую гартуюць суровыя выпрабаванні. Але, зыходзячы з такога вернага і пераканаўчага погляду, пісьменнік не-не ды і сарвецца, захапіўшыся знешняй эфектнасцю падзеі. Менавіта ў гэтым асвятленні ўяўляецца нам бясстрашны «рэйд» Пятра, які забіў старасту і ў дадатак знішчыў ледзь не ўвесь афіцэрскі састаў местачковага нямецкага гарнізона. Дарэчы, дробязнымі здаюцца і матывы, якія штурхнулі Пятра на гэтыя «звышгераічныя» ўчынкі сярод белага дня: зняважаны ў сваіх лепшых пачуццях да Сашы, не пажадаўшы ні ў чым як след разабрацца, ён бег і ўсё граміў на сваім шляху...

Гэта тым больш недаравальна, што Пятро «ўцякае» ад Сашы двойчы. Першы раз, калі перад намі раўнівы юнак, у душы якога разгуляліся супярэчлівыя пачуцці, мы яму спачуваем, злёгку дакараючы. Другі раз проста трэба прымусіць сябе паверыць, што на такое здольны няхай сабе ахоплены прыступам знявагі, узрушэння, горычы, але ў той жа час разважлівы і сталы Пятро.

Другая і апошняя часткі — «Начныя зарніцы» і «Пошукі сустрэчы» — наогул напісаны прыкметна слабей за першую і трэцюю кнігі аповесцей. Ніжэйшы накал добрага, стрыманага пачуцця, які мы бачылі ў «перадваеннай» і «франтавой» кнігах, псіхалагічная ненапоўненасць паводзін некаторых герояў, пераважнае развіццё падзейнай лініі апавядання, а не характараў у абмалёўцы падпольнай і партызанскай барацьбы, сляды паспешлівасці і адсюль месцамі дэкларатыўнасць — усё гэта адчувальна ў жывой, рэальнай тканіне твора. Уяўляецца, напрыклад, «недацягнутым» добра задуманы вобраз Лялькевіча. Сціпламу, нерашучаму матэматыку, якім паўстае перад намі Лялькевіч у першай частцы, а пазней параненаму партызанскаму камісару проста не хапае «работы», калі пісьменнік спрабуе паказаць яго як кіраўніка і арганізатара падполля. Наогул падполле пісьменнік абмаляваў, як уяўляецца, некалькі аблегчана, спрошчана, без усёй псіхалагічнай складанасці, супярэчлівасці адносін, якія мелі месца ў жыцці. Калі з боку адлюстравання падзей, учынкаў, нават сувязей, што складваліся паміж людзьмі, якія пайшлі на вайну па мабілізацыі сумлення, асаблівага папроку ў адрас празаіка не кінеш, то па лініі псіхалогіі, драматычнай глыбіні перажыванняў і пачуццяў герояў некаторыя раздзелы маглі быць напісаны на вышэйшым мастацкім узроўні той, напрыклад, прозы, якую мы маем у «Непаўторнай вясне» і «Агні і снезе».

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 234-240
Крыніца: скан