epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Усмешка Чэхава

Класікі прыходзяць да нас яшчэ ў дзяцінстве. Яны адкрываюць вочы на свет. Дзякуючы ім свет гэты становіцца незвычайна шырокім, ён ужо не канчаецца, а толькі пачынаецца з роднай хаты, пясчанай вуліцы, на якой ты ведаеш кожную драбніцу: зялёнай вясковай аколіцы, за якой і ляжаць тыя зваблівыя, неразгаданыя далі, што адкрывае перад тваім позіркам пісьменнік.

З дзяцінства прыходзяць да нас Пушкін, Гогаль, Чэхаў, Горкі, Янка Купала, Якуб Колас. Прыходзяць жывымі. Нельга паверыць у тое, што гэтых людзей няма на свеце, бо карціны, якія яны намалявалі, стаяць у вачах, словы, сказаныя імі, звіняць чароўнай неразгаданай музыкай. Праз год ці болей можна забыць змест кнігі, забыць імёны і прозвішчы герояў. Але не забудзеш таго пачуцця, якое валодала табой у той час, калі ты кнігу чытаў. Яно, гэта пачуццё, стала часткай тваёй душы, яно ўзбагаціла яе. Пісьменнік выхоўвае пачуцці, пашырае, калі можна так сказаць, дыяпазон душы, будзіць у ёй вялікае, сапраўды чалавечае. І чым большы перад намі мастак, тым разнастайнейшыя гамы пачуццяў ён выкліча сваімі творамі, выразней прымусіць адчуць сапраўдную прыгажосць жыцця.

Чэхаў прымусіў смяяцца, плакаць, напоўніў сэрца болем і гневам за пакуты чалавека на зямлі. Ён намаляваў столькі агіднасцей «расейскага» жыцця, столькі пачварнага і брыдкага зла, якое калечыць душу чалавека, што часамі яго апавяданні было цяжка чытаць. І ён жа, той самы Чэхаў, умеў расказваць з цёплай бацькоўскай усмешкай, ён, здаецца, нібы папярэджваў чытача: не палохайся, браце, тое, што я пішу, не такое ўжо страшнае, яно не самае галоўнае ў жыцці, яго можна вымесці, ачысціць. Такой здавалася ўсмешка Чэхава.

Знаёмства з Чэхавым пачалося з трэцяга класа, з «Каштанкі». Гэтае першае апавяданне, якое я прачытаў у школьнай чытанцы, проста ашаламіла. Трэці клас, адзінаццацігадовы ўзрост — якраз тая пара, калі душа наросхрыст адкрыта для ўсяго добрага, прыгожага, калі чалавек поўны спагады і цікавасці да жывёл і птушак. Рэдка ў якога вучня ў такім узросце няма найпершага сябра ў асобе кашлатага Бобіка або Рудзькі.

Быў і ў мяне свой Рудзька, разумны, крыху флегматычны сабака, які амаль ніколі не брахаў на чужых і незвычайна хутка ішоў на сяброўства з кожным, хто надзяляў яго ўвагай і ласкай. За гэта я Рудзьку трохі недалюбліваў. Я лічыў яго бесхарактарным і слабавольным. У маім уяўленні сапраўдны сабака павінен быў быць злосным.

Прачытаўшы «Каштанку», я рашуча змяніў свае адносіны да Рудзькі. Мне здавалася, што я мала яго раней паважаў, часта крыўдзіў, і болей за ўсё мяне палохала думка, што сабака да каго-небудзь уцячэ. Месяц, а можа, і больш, у час летніх канікулаў я не адпускаў ад сябе Рудзьку ні на крок, браў яго ўсюды, куды ішоў, і, зрэшты, дамогся свайго. Сабака перастаў лашчыцца з усімі, хоць па-ранейшаму ні на каго не брахаў, ён ужо сам не мог без мяне жыць. Ён праводзіў мяне да школы, а вечарамі прыбягаў сустракаць. Сябры дзівіліся і хвалілі яго за розум. Я ж, поўны наіўнага дзіцячага эгаізму, самазадаволена ўсміхаўся і ні за якія грошы не адкрыў бы ім сакрэту гэтай незвычайнай прыхільнасці Рудзькі да мяне. Сабака ўмеў плаціць за дабро дабром. Пра ўсё гэта я дазнаўся ў Чэхава, прачытаўшы яго «Каштанку».

Уражанні ранніх год жыцця — самыя моцныя. З першага прачытанага апавядання Чэхаў паўстаў пісьменнікам, які горача любіць усё жывое. І ўражанне гэта не знікла, не сцёрлася, калі ўслед за «Каштанкай» чыталіся томікі чэхаўскіх апавяданняў з яго «Смерцю чыноўніка», «Тоўстым і тонкім», «Хірургіяй», «Хамелеонам», «Унтэрам Прышыбеевым», «Зламыснікам», «Ванькам», «Конскім прозвішчам», «Аннай на шыі» і многімі іншымі. Чэхаў быў «смешным» пісьменнікам. Героі яго твораў здаваліся трошкі дзівакаватымі, жорсткімі, тупагаловымі, скупымі, эгаістычнымі, прагнымі, цёмнымі, легкадумнымі, пустымі. Хацелася сказаць ім: перастаньце быць такімі, якімі вы ёсць, хіба вы не бачыце, якое прыгожае жыццё, колькі ў ім можа быць радасці, шчасця. Дык навошта вы топчаце гэтую радасць, навошта самі сабе псуяце жыццё?..

Усё сагравала ўсмешка пісьменніка. Яна была вельмі чалавечнай, ніколі не закрэслівала чалавека, не адмаўляла яго, самую прыгожую і разумную сілу на зямлі. У кожным радку чэхаўскіх апавяданняў прысутнічала адчуванне прыгажосці жыцця, радасці, разлітай у наваколлі. І калі пісьменнік гэтай радасці не паказваў, не мог паказаць, ён сумаваў па ёй або смяяўся. І чытач яшчэ больш прагнуў гэтай радасці, бо ён разам з пісьменнікам адчуваў, што чалавек варты яе.

Чэхаў умеў быць усякім: насмешлівым, вясёлым, узнёслым, абыякава-спакойным, сумным. «Палата № 6», «Мужыкі», «Іоныч» напісаны бязлітасна праўдзівым пяром мастака, які ўсім сэрцам ненавідзіць зло і бруд жыцця, яго жорсткасць і свінцовы цяжар.

І вось хлынула святло чэхаўскага «Стэпу» з яго да болю вострым адчуваннем шырыні і неабдымнасці жыцця, яго спрадвечнага імкнення наперад, яго радасці. Чэхаў верыў у чалавека, у народ, у тое, што людзі праб’юць сабе дарогу да шчасця. Чым больш чытаеш Чэхава, тым глыбей пачынаеш разумець, што ён — вялікі рускі пісьменнік, што ён ведаў і любіў свой народ, таму не мог быць песімістам. І яшчэ ўспамінаеш, што Чэхаў нарадзіўся ля мора, бачыў стэп, які ўпрытык падступаў да яго роднага горада, і, здаецца, нават гэтая акалічнасць не магла прайсці бясследна для пісьменніка з такім чулым сэрцам, як у яго. Ён клікаў з цесных сутарэнняў, з чыноўніцкіх канцылярый, з мяшчанскіх закуткаў на прастор, да святла, да сонца!..

Адчуванне прыгажосці жыцця, вера ў светлыя ідэалы будучыні, бадай, найбольш адчуваецца ў чэхаўскіх п’есах.

Філігранная дакладнасць чэхаўскага пісьма, праўда кожнага жэсту і руху, музыка самога слова, незвычайнае веданне мовы, усіх яе пластоў і жаргонаў, ёмістасць мастацкай дэталі — усё гэта на стагоддзі застанецца ўзорам літаратурнага майстэрства. І таксама незабыўна чэхаўская ўсмешка, якая можа ззяць тысячай сваіх адценняў, усмешка, якая ўсё сагрэе, усё асвеціць святлом вялікай веры ў чалавека.

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Літаратурная крытыка. - Мн.: Маст. літ., 1984. - с. 23-26
Крыніца: скан