epub
 
падключыць
слоўнікі

Іван Навуменка

Валошкі ў жыце

Пясчаная, злёгку ўзгоркаватая даліна ўсцяж заслана зялёным абрусам чэрвеньскага жыта. Адзін клін пачынаецца ад чыгункі-аднапуткі і цягнецца аж да вёсачкі, якая віднеецца ўдалечыні зграмаджанымі хаткамі. Ні дрэўца ў той вёсачцы, ні адзінага кусціка. Пазнаць мясціну можна толькі па чыгунцы ды па вёсачцы на даляглядзе, якая і тады, у снежні сорак трэцяга года, стаяла сярод голага поля. Каля яе ўзвышаўся курганок могільніка з некалькімі хвоямі і старой рыпучай бярозай, на якой чарнела буслінае гняздо. Але ні бярозы, ні хвой не відаць.

Ахоплены смутна-радасным пачуццём пазнавання, успамінаў і яшчэ чагосьці, чаму не так лёгка знайсці назву, Валодзя Шпачок, карэспандэнт абласной газеты, злез з цягніка, трошкі адышоўся ад насыпу і паволі пабрыў па жыце. Ён быў тут толькі тады, у вайну,— тыдзень у снежні і тыдзень у студзені, пакуль яго не параніла, і ніколі не быў пасля, але ўсё адно ў агульным малюнку мясцовасці, у яе настроі ёсць штосьці вельмі знаёмае.

Зрэшты, гэта амаль радзіма. Вёрст за сорак на поўдзень ляжыць Валодзева мястэчка, дзе ён нарадзіўся, вучыўся ў школе, а пазней, калі прыйшлі немцы, удзельнічаў у сякіх-такіх партызанскіх справах.

Затым была армія.

Так здарылася, што першы Валодзеў фронт пралягаў непадалёк ад бацькавай хаты. Пасля прыходу нашых іх, васемнаццацігадовых местачковых хлопцаў, незалежна ад таго, быў хто ў партызанах ці не быў, мабілізавалі. Запасны полк размяшчаўся ў вялікім сяле Кабыляцічы, у якім жыла нават далёкая Валодзева радня. За два тыдні, пакуль ён поўзаў па-пластунску і дзёўб сапёрнай лапаткай замёрзлы груд, у Кабыляцічы два разы прыходзіла маці — прыносіла хлеба, сухароў і нават тытуню — ён ужо тады пачынаў курыць.

З Кабыляціч іх маршавую роту кінулі сюды — на Дамачоўскія пяскі і балоты, дзе немцы ўгрызліся ў зямлю і не толькі не хацелі адступаць, але амаль штодня прадпрымалі контратакі...

Валодзя пастаяў, паглядзеў і рушыў у напрамку да збітай з новых сасновых бярвенняў канторы МТС (ён ведаў, што яна каля чыгункі). Станцыя, на якой ён злез з цягніка, засталася ззаду. Дзіўна, але ў Валодзевых уражаннях, успамінах гэта станцыя не займала ніякага месца. Як бы і не было яе. Чыгунку ён памятаў, памятаў два рады тэлеграфных слупоў з абарванымі дратамі, але прыземістага цаглянага будыначка, які, мяркуючы па ўсім, захаваўся, відаць, проста тады не заўважыў.

Было гадзін адзінаццаць, сонца паднялося ўжо досыць высока. Два дні назад прайшлі добрыя дажджы, і ўсё навакол буяла, красавала, цвіло. У жыце, якое расло на звычайных пясках, мог ужо схавацца калі не конь з дугой, то хоць ладны лашачок. Леташні, другі па ліку, пасляваенны год быў ураджайны, некаторыя калгасы трохі падправіліся, сёе-тое далі на працадзень. Калі сёлетні год будзе такі самы, то справы пойдуць угору і, магчыма, гэты вынішчаны вайной куток зямлі крыху акрыяе.

Валодзя ўжо два гады працаваў карэспандэнтам абласной газеты, якая выходзіла ў невялікім прырэчным гарадку, любіў сваю газету і ганарыўся тым, што ён у ёй працуе. Ён лічыў, што ад газеты шмат што залежыць. Дастаткова падняць вострыя, нявырашаныя пытанні, знайсці належны кірунак іх развязвання, паставіць іх на суд грамадскасці, і справа пойдзе сама сабой.

Пісаў Валодзя пераважна пра калгасы, сяўбу, касавіцу, таму і на вакольны свет глядзеў вачамі аграрыя, прыкідваючы, наколькі той ці іншы факт падыходзіў для мэт сельскагаспадарчага аддзела рэдакцыі. Вось і цяпер, кіруючыся да канторы МТС, ён на хаду прыдумваў назву для будучага нарыса. «Жыта на былой франтавой паласе» — прыйшло на думку, але гэтую назву ён зараз жа адвёў, яна здавалася невыразнай. Загаловак мусіць быць кароткім, энергічным. «Там, дзе грымелі баі» — узнік другі варыянт, але не задаволіў і гэты.

Тым часам карэспандэнт падышоў да эмтээсаўскай канторы. Яе будынак быў яшчэ не скончаны — левае крыло зеўрала пустымі праёмамі акон, навакол валяліся стружкі і трэскі. Ля ганка вурчаў маторам заведзены «газік», на кучы неачэсаных бярвенняў курылі пажылыя трактарысты ў зашмальцаваных вопратках. У самой канторы, падзеленай дашчанымі перагародкамі на пакойчыкі-катушкі, нехта гучна крычаў у тэлефонную трубку, ляпалі дзверы, заходзілі і выходзілі людзі.

Валодзя тыцнуўся ў кабінет дырэктара, але там было поўна народу.

Болей пашанцавала яму ў галоўнага агранома. Той выслухаў карэспандэнта ўважліва, назваў некалькі лічбаў і, спаслаўшыся на неадкладную патрэбу зараз жа выехаць у калгас, перадаручыў яго ўчастковаму аграному, маладой, даволі прыгожай дзяўчыне.

Блакітнавокі аграном у канторы гаварыць не захацела...

І вось яны ідуць. Дзяўчына паперадзе, карэспандэнт ззаду. Сцяжынка віецца між жыта, якое ім па плечы. Добрае жыта, хоць і расце на пяску. Каласкі бухматыя, ледзь бачна трапечуць далікатна-кволымі паскамі квецені. Крані каласок — на пальцах застанецца жаўтаваты пылок. Хутка колас ахінецца срабрыста-белай павалокай, пачне налівацца. Жыта красуе...

Карэспандэнт дастаў з палявой вайсковай сумкі блакнот, сёе-тое запісвае. Ён ужо ведае, што дзяўчыну завуць Валя, прозвішча Шапавалава, яна скончыла — лёгка сказаць — Ціміразеўку і другі год працуе тут. Паўнаваты стан аблягае летняя, у сінюю паску сукенка, твар круглаваты, жывы, з мяккімі, прыемнымі рысамі. Тое, што дзяўчына сама падахвоцілася паказаць жытнёвае поле, для карэнспандэнта нечаканасць. Такое ў яго практыцы ўпершыню.

Сцежка вывела на палявую, пасечаную трактарнымі коламі дарогу. Сям-там на ўзбочыне жыта трохі прымята, збэрсана. Дзяўчына па-ранейшаму ідзе наперадзе, нібы наўмысна падбіваючы наскамі брызентавых на нізкім абцасіку туфляў камякі вывернутай, ссохлай зямлі.

— Колькі давалі норму высеву? — пытае карэспандэнт.

— Цэнтнер восемдзесят,— аграном на міг акінула Шпачка позіркам, прытаіўшы ў куточках губ усмешку.— Але гэта разліковая норма. Не мы ж сеялі — калгас. Мы толькі ўзаралі, забаранавалі. Але ўраджай будзе...

Зрэшты, яна гаваркая. І не стараецца выставіць заслугі МТС ці свае. Як бы выклікае яго, карэспандэнта, на даверлівасць. Валодзя адчувае, што трэба перамяніць тон размовы, выбіцца з каляіны афіцыйнасці. Але не можа. Ён усё-такі ва ўладзе таго, ранейшага. Чыгунку яны пераходзілі прыцемкам. У новенькіх шынялях, але ў вылінялых, мясцінамі нават падпаленых дэзінфекцыяй шапках. Рудыя плямы былі амаль на кожнай...

— Колькі клалі ўгнаенняў? — пытае зноў карэспандэнт.

«Мяшок ён, ці што? — думае дзяўчына.— Як заведзены. Не скажа слова па-чалавечы. А з выгляду, здаецца, нішто...»

Сонца вісіць над галавой. Але не горача. Па небе плывуць лёгкія, белыя хмурынкі. Твар абдало прыемным халадком, ледзь чутна зашасцела жыта. Там, на сярэдзіне зялёнага разліву, пад подыхам ветру жыта ўгінаецца ўсёй лаваю, і ўражанне такое, што па полі перакатваюцца вялікія хвалі.

— Тут вопытны ўчастак,— адказвае аграном.— Шэсцьдзесят гектараў. Мінеральных угнаенняў далі многа. Па пяць цэнтнераў суперфасфату, па тры — калійнай солі. У калгасах транспарту мала, і ўгнаенні ляжалі на станцыі з вясны пад акрытым небам... Нас нават у газеце крытыкавалі. У вашай... Дык мы іх сюды. На сваю адказнасць. Там, каля вёскі — самі ўбачыце — жыта горшае...

«Там, каля вёскі!..» Валодзя зірнуў на шэрую граду хатак, якія ўжо выразна выдзяляліся сярод суцэльнага зяленіва, і сэрца ў яго зашчымела. Вёска была пазней. Сюды яны адступілі. А спачатку ляжалі на балоце, у рудой вадзе. За вёску яшчэ вёрст пяць... Якраз пачалася адліга. Кашлялі амаль усе. Параненыя стагналі і кашлялі...

— Дык вы ж за натураплату ўвесь ураджай возьмеце,— сказаў карэспандэнт.— Аралі, рассявалі ўгнаенні, баранавалі...

«Ён нейкі казённы,— думала дзяўчына.— Божа, да чаго ёсць на свеце сумныя людзі. Відаць, ва ўсе часы быў прыкладным хлопчыкам. За партай сядзеў не варухнуўшыся, слухаў настаўніка. Вучыўся на чацвёркі, бо вечна зубрыў. Дома слухаў тату і маму. Ні разу не парваў штаноў... А твар у яго харошы. Якой памылкай можа быць знешнасць...»

— А што, па-вашаму, лепш, каб поле пуставала? МТС усё робіць у калгасах. Цяглавай сілы вельмі мала...

«Ля вёскі яны акапаліся на могільніку. Вунь той могільнік. Ні хвой, ні бяроз з буслянкай няма. Акопчыкі рабілі ў прамежках паміж крыжамі. Потым крыжы папалілі, каб сагрэцца. А хвоі і бярозу, відаць, спілавалі пазней. Пасля яго. Былі добрым арыенцірам для немцаў...»

— МТС часта гоніцца толькі за гектарамі ўмоўнага ворыва,— сказаў карэспандэнт.

«Навошта я з ім пайшла?.. Будзе нудзіць да сканчэння свету. Няўжо сам не ведае, што без трактара тут бы ўсё мохам парасло? Чалавек-цыркуляр. Гаворыць словамі з перадавіцы сваёй газеты...»

— Мы не паспяваем выканаць план і па ўмоўнаму ворыву. Трактары зношаныя, запчастак няма. Думаеце, што-небудзь дастанеш у гутапе. Па бабіт у Маскву пасылалі...

«Пецю Дзікуна забіла тут, на могільніку. Быў з дваццаць шостага года. Дваццаць шосты яшчэ не прызывалі, і Пеця лічыў, што яго адпусцяць. Некаторых адпусцілі. Але ён быў кулямётчыкам, яго, Валодзі, другім нумарам... Раслі на адной вуліцы. У дзяцінстве Пеця ўдарыў яго па галаве жалезным прэнтам. За кольца ад дзвярэй вагона. А на вайне быў ціхмяны, пакорлівы. Ад холаду і дрэннага харчу яго твар парос нейкім белым пухам.

Пецеў бацька і цяпер, дзе ні сустрэне, пытае: «Ён мо не доўга мучыўся?»

— Скажыце, севазварот тут уведзен?

«Што ты ведаеш пра агратэхніку? Навучыўся словам і дзяўбеш, як дзяцел. Які там севазварот, калі сеецца на пустой зямлі. Добра яшчэ, што прайшоў дождж. А то не сабралі б саломы, як у сорак шостым...»

— Уводзім,— адказала аграном.— Але, ведаеце, шмат цяжкасцей. Палі малыя, раскіданыя. Рады, што дамагліся трохполкі, бо яшчэ і двухполка ёсць...

«Яго параніла на трынаццаты дзень. Ён нават хацеў, каб параніла. Апошнія тры дні не было ніякай дастаўкі. Самае страшнае — голад. І яшчэ холад. Сцюдзёная, мокрая золь. Фецісаў, другі нумар, які замяніў Пецю, прывалок конскую нагу...»

— Можа, якія-небудзь перадавыя метады прымяняеце? Радковую сяўбу, прарэджванне пасеваў ці што іншае?..

— План не выканалі па звычайнай сяўбе,— як бы з выклікам сказала дзяўчына.— Вы што, з неба зваліліся? Раён даваеннай плошчы не асвоіў. Касавіца зрываецца. Палавіна насельніцтва знішчана. Мы на апошнім месцы замацаваліся трывала...

— Ды не крыўдуйце,— Валодзя крыху замяшаўся.— Я ўсё ведаю... Хачу пра ваш вопытны ўчастак напісаць. Усё-такі — новая справа. І пра вас напішу...

«Сімпатычны дурань,— нечакана для сябе падумала дзяўчына.— Няўжо ты яшчэ ні з кім не цалаваўся? Ты ж баішся мне глядзець у вочы. Значыць, я падабаюся табе. Я гэта ўбачыла яшчэ там, у канторы. Інакш не пайшла б з табою ні за якія грошы. Хочаш напісаць пра мяне — напішы. Толькі б ты лепш запытаў, як мне жывецца і ці прыязджаю я ў горад, дзе выходзіць твая газета. Я ж сама цэлы год жыла ў тваім горадзе...»

Яны выйшлі на лугавінку перад самай вёсачкай. Тут была высокая трава, на ўзмежку стаяла копка новага сена. Каля гэтай копкі яны спыніліся. Першай прысела, абцягнуўшы на каленях сукенку, дзяўчына, а за ёй і Валодзя. Абаім было прыемна перадыхнуць сярод зеляніны, цішыні, пад лагодным летнім небам.

— Тут летась трактар падарваўся на міне,— сказала дзяўчына.

— Я тут на фронце быў. Мяне параніла вунь на тых могілках...

Яна як бы спалохана зірнула на яго, і твар яе адразу зрабіўся строгім.

— Вы пасля таго першы раз тут?

— Першы.

— А чаму раней не прыязджалі?

— Ды так. Усё адкладваў...

Ёй адразу стала маркотна. Яна падумала аб тым, што ўсе яе згрызоты, душэўная разгубленасць, мітусня пачаліся з вайны. На трэцім курсе ў яе быў лётчык, кірпаты ветрагон, якога яна, здаецца, любіла па-сапраўднаму. А ён любіў пакрасавацца, пафарсіць і, можа, нават здраджваў ёй з яе ж сяброўкамі. Як бы прадчуваў, што жыцця яму адмерана толькі дваццаць адзін год, і спяшаўся хутчэй пакаштаваць яго салодкія і горкія падарункі...

Валодзя адчуў раптоўную перамену ў настроі дзяўчыны, але прыпісаў яе сваёй нясмеласці. З незнаёмымі дзяўчатамі ён заўсёды губляецца. У кампаніі, дзе ўсе свае, ён можа быць дасціпным, жартуе, нават любіць верхаводзіць, але варта астацца сам-насам з дзяўчынай, як усё гэта прападае. Але так далей нельга. Ён проста дурань...

— Па вас тут божая кароўка бегае,— сказаў ён і памкнуўся зняць з яе пляча казюрку.

Дзяўчына нечакана падхапілася.

— Пойдзем. На мне сёння яшчэ дэкадная зводка...

Яны вярталіся той жа дарогай. Дзяўчына была сумная, думала аб тым, што яе жыццё пайшло наперакос. У горадзе, адкуль прыехаў карэспандэнт, яна год працавала ва ўпраўленні, зблізілася з чалавекам з іх жа аддзела. Ён быў жанаты, выбухнуў скандал. Яе паслалі сюды...

Крочачы сцяжынкай услед за аграномам, Валодзя трошкі адстаў, сарваў у жыце некалькі валошак, даў у рукі дзяўчыне.

— Жыта ўсё-такі выдатнае. Я пра вас напішу...

— Нас за гэтыя кветачкі не хваліць, а крытыкаваць трэба. Самае звычайнае пустазелле...

Яна квола, але добра ўсміхнулася...

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Навуменка І. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 2. Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1982. - с. 453-459
Крыніца: скан